КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Гэй бэн гіном [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

тэлескопа, які ён хацеў бы мець, у каталогу не знайшлося, але дырэктарка секцыі ўспомніла: "Па-мойму, у нашай краме антыкварыяту я нешта такое бачыла. Гэта не тут, у ГУМе… - Патэлефанавала і трубкай бразнула. - Ёсць! І ведаеце, што… Кажуць, што ён быў сярод асабістых рэчаў Сталіна. Нават карціна напісаная, на якой Сталін у той тэлескоп глядзіць. Можаце і карціну купіць, яна таксама там. Звычайна такія рэчы, - зірнула яна на Ганну, - мы толькі сваім прадаем, але калі запрашэнне з подпісам Смерці…"

- Дык мы і ёсць свае! - дагаварыла за яе Ганна і павезла Віктара ў ГУМ, дзе ў антыкварнай краме 300-й секцыі ім не прадалі, а падаравалі тэлескоп разам з карцінай.

Дырэктар крамы, які зрабіў ім гэтыя падарункі, быў, пэўна, гіпнатызёрам. Інакш немагчыма патлумачыць тую фантасмагарычную дзею, якую ён для іх наладзіў. Яе проста не магло быць у звыклым свеце, але яна была. Больш за тое: яны ў ёй удзельнічалі, пра што сведчылі шмат якія рэальныя рэчы - найперш карціна і тэлескоп.

Тэлескоп напраўду быў марай ягонага дзяцінства. Мястэчка, дзе ён нарадзіўся, стаяла на ўзвышшы, там трохі бліжэй было, чым у іншых месцах Беларусі, да неба, і там яно было яснейшае, чым у іншых месцах. А ўночы такое зорнае, як болей нідзе.

Летам ён спаў на сене ў пуні, саламяная страха якой была ўся ў дзірках. Гледзячы ў іх, ён падарожнічаў ад дзіркі да дзіркі, ад галактыкі да галактыкі, уяўляючы, якія дзіўныя на планетах у тых галактыках лясы і сады, звяры і птушкі, рыбы і людзі, і калі засынаў пад раніцу, дык лятаў у тыя галактыкі на тыя планеты і бачыў тых дзіўных рыб і птушак, звяроў і людзей, сярод якіх амаль заўсёды з’яўлялася паненка ў белай сукні з чырвоным поясам, якая кожны раз пытала, як яго зваць, а ён быў у такім захапленні ад палёту, ад дзівосаў, якія бачыў, што забываў, не памятаў свайго імя - і ніяк яны не маглі пазнаёміцца. Таму ён проста кінуўся, рынуўся знаёміцца з Ганнай, калі ўбачыў яе ў белай сукенцы з чырвоным поясам.

Ганна была падобная да той паненкі. Да іншапланецянкі. Пасля аказалася, што яна насамрэч жыла на іншай планеце, жыхары якой карысталіся паслугамі не толькі 300-й секцыі, у антыкварнай краме якой можна займець у падарунак музейны тэлескоп. І Віктар здагадваўся, што падарунак яму зрабілі зусім не таму, што ён меў запрашэнне ў тую секцыю, "дзе ёсць такое, пра што ён нават не ведаў, што яно ў свеце ёсць", а таму, што прывезла яго туды іншапланецянка. Свая.

Ён зацягнуў іншапланецянку ў двор літаратурнага інстытута, у якім тады вучыўся, у падвал дома ў двары, дзе начаваў, падрабляючы качагарам, і дзе яны пілі з бутэлькі, на якой была наклееная самаробная этыкетка "Calvados", таннае, якое піць было немагчыма, яблычнае віно, а пасля ён да раніцы чытаў ёй, бо яна раптам папрасіла, беларускія вершы, і калі прачытаў Купалаў, яна сказала: "Мая маці была з ім блізкая. Настолькі блізкая, што… магчыма…" - "Што?.. Што магчыма?.." - паспрабаваў ён яе, сонную, расштурхаць, а яна з тапчана, на якім спаў ён у качагарцы, слізнула на чорную, усю ў вугальным пыле, падлогу. Ён падумаў, што ёй проста цесна з ім на тапчане, падняўся: "Кладзіся, я на падлозе лягу", - але яна ўжо заснула. На баку, імгненна, падабраўшы ногі да жывата.

З гэтага ўсё й пачалося. І паднялося з падвала качагаркі да нумара ў гатэлі "Масква". А там, тады, прачнуўшыся апоўдні на падлозе ў качагарцы, Ганна дагаварыла тое, з чым апоўначы заснула: "Я, магчыма, ягоная дачка."

- Ну-ну, - дапіў ён недапіты ўчора, бо яго немагчыма было дапіць, самаробны, куплены на Рагожскім рынку "Calvados", які з’явіўся і на Рагожскім, і на іншых рынках з кніг Хэмінгуэя, фотапартрэты якога віселі нават на кухнях гандляроў. - А чаму "магчыма"?

- Бо ў той час маці блізкая была.

Яна запнулася, ён спытаў:

- Не з ім адным?

Ганна ўскочыла.

- Дзе тут памыцца? Вада ў тваіх апартаментах ёсць?

- За печчу кран.

Яна пайшла за печ і адтуль, плёхаючы вадой, што цякла з крана ў пра-іржавелую балейку, сказала: "Са Сталіным, з Берыем."

Ён нават не падумаў, што яна кажа пра тых, з кім блізкая была яе маці.

- Што са Сталіным з Берыем?

- Тое, пра што ты спытаў.

Ганна выйшла мокрая, кроплі вады між палоскамі не дарэшты змытага вугальнага пылу дыяментамі бліснулі ў сонечных, што раптам коса ўпалі з вакенца пад столлю, промнях - такая дыяментавая зебра.

Яна была трохі старэйшая за яго, але выглядала, як толькі што створаная Ліліт.

- Ты думаеш, што я прыпыленая?

Што ж, калі нават. У літінстытуце ён да такіх ужо звык, нармальныя на аддзяленні паэзіі амаль не сустракаліся. Адна імпульсіўная паэтка, якая, убачыўшы яго з вакна на чацвёртым паверсе літінстытуцкага інтэрната, раптам закрычала: "Хочаш, каб у імя нашага высокага кахання я ўніз скочыла?" - і калі ён абыякава, бо ніякага кахання, ні высокага, ні нізкага не было, кіўнуў: "Скачы, калі хочаш..." - рынулася сторч галавой і жывая