КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Гэй бэн гіном [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать постранично, страница - 216


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

і жанчына пыталася ў хлопчыка, на ягоны адбітак паказваючы: "Хто гэта?.. Ну, скажы, хто?.." - а ён кідаў у ваду каменьчыкі і глядзеў, як разыходзіцца кругамі вада.

У падножжы гары ляжаў крыж. Вялікі, больш чым у чалавечы рост. "Мне не падняць." - сказаў ціха, нібы здалёку, хлопчык, але Віктар яго пачуў. Узваліў крыж на спіну, панёс на гару. Чым вышэй узыходзіў, тым несці было цяжэй. І раптам трохі, але палягчэла. Віктар азірнуўся: канец крыжа, што цягнуўся па зямлі, то прадзіраючыся скрозь кустоўе, то захрасаючы між камянямі, прыпадымаў, наколькі мог, хлопчык. Той самы, які стаяў на кладцы над ракой, кідаў у ваду каменьчыкі - і вада разыходзілася кругамі да берагоў, як неба да даляглядаў над Юр’евай гарой.


ЭПІЛОГ

Праз чвэрць стагоддзя, калі гатэль "Масква" руйнавалі, каб пабудаваць на ягоным месцы гэткі самы гатэль "Масква", за падваконнем 414-га нумару знайшлі нататнік. У нататніку быў верш на першай старонцы.


ГЭЙ БЭН ИНОМ


Цела на захад, а кроў выцякае на ўсход.

Мёртвы народ сам сябе ўжо не помніць жывога.

Гэта такая трагедыя - мёртвы народ.

Гэта такая камедыя мёртвага Бога.


Ён у царквах, у касцёлах - у храмах памёр.

Думалі - храмы, а выйшла, што склепы і труны.

І ні пры чым ні чума, ні халера, ні мор,

І ні пры чым ні варагі, ні скіфы, ні гуны.


Час і манюк, і прарокаў да кучы грабе,

Перамяшаліся ў пыле свае і чужыя,

Мёртвы народ ажыўляе самога сябе -

І аніяк ён самога сябе не ажывіць.


Бог беларускі! Я чую тваё: "Папрасі!.."

Можа, абрынешся градам, пяском з камянямі,

Громам ударыш ці вогненны знак падасі,

Страшны свой суд, ажывіўшы, учыніш над намі?


Можа, запаліш у нас пад нагамі зямлю,

Каб мы суда пабаяліся болей, чым смерці…


Бог беларускі!

Цябе я і ў смерці люблю!

Б'ецца і б'ецца ўва мне тваё мёртвае сэрца!


Ні чый гэта верш, ні чый гэта нататнік, ніхто сказаць не мог. Пад вершам было напісана: "Ніколі Ён не паміраў..." - і больш ніякіх запісаў у нататніку не было.


Чэрвень 2016 - лістапад 2020,


Мінск, Смаргонь, Крэва, Масква, Вільня, Нью-Ёрк, Лунд.


1. З верша К. Бальмонта.

2. Тэкст, пазначаны курсівам, А. Бахарэвіча і Я. Максімюка.

3. Верш Мікалая Глазкова.

4. "Хлопчык і лётчык", верш Янкі Купалы.

5. Верш Ю. Улодава.

6. Свамі - гуру, святы (санскрыт).

7. Саці - абрад спальвання жонкі па смерці мужа.

8. Ян Хрысціцель, іўр. ( ליבטמה ןנחויтой, хто ачышчае вадой); белар. Купала.

што ты ўратуеш нас ад чорнай смерці,

на часткі край наш разарвеш, на чвэрці

і вернеш да халопства, да ярма!..