КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Ты не адзін [Алесь Пальчэўскі] (fb2) читать постранично, страница - 2


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

class="book">— Так, на рост малец ладны, толькі дзікаваты надта, у вочы зірнуць нават не хоча, — заўважыў Вайтовіч.

— Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына Ганна, якая сядзела на палку каля меншых дзяцей. — Сарамяжлівы надта... А так — паслушны.

— Ну, калі ён такі, як хваліце, то можна і пра цану гаварыць, — устаў Вайтовіч з табурэткі і зірнуў у акно, за якім віднеліся заднія колы брычкі. — Дык колькі пан думае прасіць?

Мітрафан зірнуў на сына, на жонку і спытаў у Вайтовіча сам:

— А на якую, проша пана, працу думаеце гадзіць? I на які час?

— Пасвіць кароў. Сорак штук. Два бычкі будуць. Па жніве цяляты далучацца — дзесяць-дванаццаць. Падпаска будзе мець — парабкавага сына. Пасвіць да снегу.

— Цяжкаватая, проша пана, служба. Па дваццаць кароў на аднаго выходзіць. Улетку, як загізуюць... — пакруціў галавою Мітрафан і, не сказаўшы да канца, змоўк.

— Кхе, кхе,— засмяяўся Вайтовіч, сядаючы зноў на табурэтку.— А на адну карову, няхай пану будзе вядома, мне няма рахубы наймаць пастушка. Паша ў мяне на полі і на выгане. Праўда, выган каля самай граніцы з бальшавікамі... Але ж вы кажаце, што ён паслушны. А калі чалавек паслушны, то і пільны.

— Ды ўжо ж, проша пана, будзеш пільны. Беднасць тая, дзеці... — хацеў разжалабіць Васілец Вайтовічава сэрца, але той перапыніў і скіраваў гаворку ў другі бок.

— Такіх шмат цяпер не толькі тут, на ўсходніх крэсах, але і ў самой Польшчы... Дык якую плату хочаце мець за свайго пастушка?

— А чым, проша пана, думаеце плаціць? Хлебам ці грашыма?

— Можна хлебам, можна і грашыма, як пан захоча.

— Нам лепей хлебам, бо ўсё роўна купляць трэба. Грошы туды-сюды разыйдуцца, а іх вунь колькі ў мяне, нахлебнікаў,— кіўнуў Мітрафан галавою ў запек. — Я думаю, проша пана, не будзе крыўдна — трыста кіло жыта і... новыя боты справіце ўвосень. Юхтовыя, проша пана. Для вас танней, а яму абыдзецца яшчэ такому...

Вайтовіч задумаўся.

Пазіраючы ў акно, ён стукаў наском левага бота па падлозе, ад чаго правая нага, закінутая на левую, гайдалася. Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску, і думаў: «Ніколі такіх у мяне не будзе». Мітрафан пераглянуўся з жонкай і моўчкі чакаў адказу пана.

Падлічыўшы ў думках, колькі выйдзе на грошы Мітрафанава цана, Вайтовіч адвёў свой погляд ад акна і зірнуў у вочы Васільцу.

— Зашмат просіш, пане... Войцік плаціў сто пяцьдзесят кілё і халацік з рызмана пашыў...

— Пан ведае і такую дробязь,— усміхнуўся Мітрафан.

— О так, сёе-тое знаю.

— Дык жа, проша пана, майце на ўвазе, работа была не тая. У Войціка — авечкі, а ў вас — каровы.

— Выходзіць, калі б я наймаў да коней, дык пан Мітрафан яшчэ большую цану загарадзіў бы...

— Само сабою зразумела, проша пана, коні — не авечкі...

— А гусі — не куры, так ці што? — зарагатаў з Мітрафанавых довадаў Вайтовіч. — Сто пяцьдзесят кілё і боты — мая цана.

— Мала, проша пана. Калі б дзвесце пяцьдзесят, то можна яшчэ гаварыць...

— Хо-хо, пан Мітрафан дарагі...

— Хлапчук варты такой цаны, проша пана.

Зноў застукаў наском левага бота Вайтовіч, зноў пачаў рахаваць у галаве.

— Дзвесце кілё і боты,— ён рашуча ўстаў з табурэткі.

— Нявыгадна, проша...

— Як хочаш, Мітрафане, — перапыніў Вайтовіч, — нявыгадна — шукай лепшага пана, а я пашукаю таннейшага пастушка. Іх цяпер у кожнай вёсцы знайсці можна.

Васілец замітусіўся, занепакоіўся, каб хаця Вайтовіч сапраўды не кінуў яго сына. I поўнымі жалю і просьбы вачыма паглядзеў на пана.

— На беднасць, на дзяцей, проша панскае ласкі, накіньце яшчэ кіло дваццаць.

— Ні грама больш: дзвесце і боты.

— Няхай будзе па-вашаму, калі пан такі цвёрды, як крэмень, — і, павярнуўшыся да Грышы, Мітрафан сказаў: — Чуў, сынок? Пойдзеш да пана на падвышэнне. Хопіць табе з авечкамі важдацца.

Грыша чмыхнуў носам, пажаваў ніжнюю губу і скрозь слёзы спытаў у бацькі:

— А школу я і сёлета не скончу?

— Скончыш на той год. Школа не воўк — у лес на ўцячэ...

— I пазалетась казалі гэтак, і летась, і цяпер, — не стрымаўся ад крыўды Грыша і заплакаў.

Ганна падышла да сына, заступіла яго ад пана, палажыла сваю ласкавую руку на русую галаву і паціху, спагадліва пачала суцяшаць:

— Не плач, дзіцятка, супакойся. Што падумае пан пра цябе...

— Дарэчы, проша пана, са школаю як жа будзе? — спытаў Мітрафан. Хлапчук ходзіць у чацвёрты клас.

Вайтовіч махнуў рукою;

— Уладкуем як-небудзь...

— Дзякую пану. Войцік летась таксама, як і вы, уладкоўваў справу сам.

— Ну, калі ў нас усё дамоўлена, то няхай хлапчук збіраецца, а я пайду гляну, як там конь.

— Хочаце, проша пана, адразу забраць?