КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Ад гоману бароў. Аповесць пра Якуба Коласа [Сцяпан Александровіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



ТРЫВОЖНАЕ ЛЕТА

Калі б хто з дамашніх запытаўся ў Кастуся, чаму яму гэтае лета не сядзіцца ў Альбуці, ён нічога пэўнага не мог бы сказаць. Вядома, ні маці, ні бацька, ні дзядзька Антось пра гэта не пыталіся. Можа, таму што ён, Кастусь, быў тут, у глухой леснічоўцы, ужо толькі госць, ці мо проста яны дагадваліся, чаму трывога і неспакой апанавалі яго душу.

Бацькі не загружалі будучага настаўніка працай, але Кастусь сам браў касу і ішоў, не адстаючы, пракос у пракос, з дзядзькам Антосем і Уладзікам.

Сам былы семінарыст адчуваў, што нешта дзіўнае робіцца з ім: прапала звычайная весялосць і бадзёрасць, не чыталася і не пісалася. Калі не было каля хаты ці ў полі пільнай работы, Кастусь браў кош у рукі і на ўвесь дзень сыходзіў з дому.

Лета выдалася сухаватае, ночы былі халодныя, таму грыбы пракідаліся рэдка. Бывалі дні, што Кастусь вяртаўся дахаты з пустым кошыкам, а ён жа ведаў у наваколлі ўсе грыбныя мясціны! Нарэшце, высыпалі лісічкі, сям-там пачалі трапляцца баравічкі. Гэта цяпер у нейкай меры апраўдвала перад старэйшымі сямейнікамі яго лясныя вылазкі. Хоць дома добра разумелі, што Кастуся цягнуць у лес не грыбы. Проста хлопцу трэба пабыць аднаму, яму хочацца сабрацца з думкамі.

Потым Кастусь зачасціў у Мікалаеўшчыну. Ён і раней хадзіў у сяло, звычайна пасля полудня ў суботу, і вяртаўся дахаты назаўтра позна ўвечары ці ў панядзелак ранічкаю. А цяпер ішоў ледзь не кожны дзень.

У сяле сабралася чалавек дваццаць настаўнікаў. Была ў іх свая штаб-кватэра — хата, дзе жылі бацькі колішняга дырэктара Яські Базылёвага. Іван Васільевіч Міцкевіч ужо некалькі гадоў настаўнічаў у Беларучах, за Мінскам, і кожны год прыязджаў у родную Мікалаеўшчыну. Как было менш тлуму ў хаце, калі да яго прыходзілі сябры, ён займаў на ўсё лета камору. Там была прахалода, цішыня і паўзмрок. У буднія дні пад вечар, а ў нядзелю і днём у каморку да Птушачкі (так празвалі сябры Яську за маленькі рост і меладычны голас) збіраліся настаўнікі-мікалаеўцы Антон Мароз, Цімафей Камароўскі, Ігнат Міцкевіч, Міхал Дземідовіч, наведваўся Аляксандр Фурсевіч з Галавенчыц. Прыходзілі і семінарысты Алесь Сянкевіч і Сымон Самахвал, якія сёлета выкіроўваліся ў настаўнікі і чакалі прызначэння на пасаду. Частым і жаданым госцем бываў тут і Кастусь.

— А, Стары, здароў!

— Не кісні, браток! Нос угору, — радасна віталі Кастуся настаўнікі.

У Яськавай каморцы, як заўсёды, ішла задушэўная размова. Абмяркоўвалася ўсё, пачынаючы ад мясцовых навін і канчаючы падзеямі ў краіне. У кожнага быў свой погляд, свая думка. Настаўнікі ўмелі і любілі спрачацца, даказваць і настойваць на сваім.

— Міністр унутраных спраў Плеве — моцная рука,— пачынаў Цімафей Камароўскі.— Ён навядзе парадак.

— Вось каб ты сказаў, што галава разумная,— адказваў Антон Мароз.— У гэтых чынадралаў, якога б рангу яны ні былі, усё зводзіцца толькі да таго, каб душыць і цугляць народ...

— Дзяржаўныя інтарэсы гэтага патрабуюць,— даводзіў Камароўскі.

— А ці патрабуюць дзяржаўныя інтарэсы, каб селянін атрымаў зямлю і асвету? — умешваўся ў спрэчку Кастусь.— Забываюць усе гэтыя міністры, што пачаўся дваццаты век, што народ рана ці позна скажа сваё слова. Так вечна быць не можа, народ абуджаецца, і мы, настаўнікі, павінны яму ў гэтым дапамагчы.

— Эйш ты! — ківаў галавою Цімафей.— Паглядзімо, братко, як ты будзеш абуджаць. Усе спачатку трапечуцца і гавораць высокія словы, а потым сядзяць цішком, як мыш пад венікам. Ці гуляюць у карты і спяваюць у царкоўным хоры.

— Не, я не ўседжу! I ў карты не буду гуляць,— не здаваўся Кастусь.

— Дай божа!

Каб пагасіць спрэчку, якая магла зайсці далёка, гаспадар каморкі зачынаў песню:

Гэй, ды ляцелі шэрыя гускі,

Ды лецячы гаманілі.

Гэй, ды лецячы гаманілі:

«Дзе ж мы будзем начаваці?

Што ж мы будзем вячэраці?»

Песня была з падтэкстам, усе яго разумелі. Таму пускалі па кругу шапку, браліся за качаргу, і той, хто быў апошнім, ішоў у Моўшаву карчму па сітніцу і тараны. Яська прыносіў гладыш кіслага малака і міску маласольных агуркоў. Ад семінарскага часу была завядзёнка — ніякага пітва не ўжываць. Адступалі ад гэтага ўгавору толькі двойчы за ўсё лета: пры першай сустрэчы і на развітанні.

Аднойчы прыйшоў Кастусь у Яськаву каморку. Сядзіць там Алесь Сянкевіч, падае Кастусю руку і пытаецца:

— Ты ведаеш, хто я?

— Бас, Садавы,— пачаў пералічваць Кастусь Алесевы мянушкі.

— Не, не ведаеш! Я — настаўнік Старадарожскага народнага вучылішча. Вось хто!

Сянкевіч дастаў у пацвярджэнне сказанага з кішэні сіненькі канверт, у якім ляжала паведамленне мінскай дырэкцыі народных вучылішчаў за подпісам інспектара калежскага саветніка Лаўрова, што Аляксандр Антонавіч Сянкевіч лічыцца на службе з 1 верасня 1902 года настаўнікам Старадарожскага народнага вучылішча.

— Задаволены прызначэннем? — запытаўся Кастусь.

— Сам яшчэ не ведаю,— адказаў Алесь.— Далекавата крыху тыя Старыя Дарогі ад дому.

Назаўтра Кастусь з Алесем заглянулі ў Негертава. Сымона Самахвала дома не было, ён недзе гасцяваў у мацерынай радні пад Мірам. Бацька сказаў, што Сымон ніякага пісьма з Мінска яшчэ не атрымліваў, хіба як ішоў у госці, то мо заходзіў у воласць і там яму ўручылі...

Хлопцы рушылі ў Новы Свержань. Магчыма, у воласці Кастуся чакае піеьмо, якое вызначыць яго далейшы лёс на некалькі гадоў, а мо і на ўсё жыццё. Але ў воласці пісьма не было. Пісар паабяцаў пераслаць яго адразу ж у Мікалаеўшчыну.

Прайшло дзён тры ці чатыры. Кастусь не раз парываўся схадзіць у сяло, але не пускаў дождж — дробненькі і цёплы грыбасей. Ішоў ён некалькі дзён, перастаючы толькі на якую гадзіну-паўтары. Пад яго аднастайнае шамаценне па саламянай страсе (Кастусь усё лета спаў у гумне) хлопец уставаў і клаўся спаць.

— Цяпер, брат, грыбы рвануць, яны даўно былі на падыходзе,— гаварыў дзядзька Антось.

Кастусю некалькі разоў снілася, што ён атрымаў сіні канверт. Толькі пачне яго разрываць — і ад хвалявання прачынаецца. Сёння ён надумаў абавязкова пайсці ў Мікалаеўшчыну, няхай толькі крыху сцішыцца дождж. Кастусь прысеў перакусіць на дарогу, як раптам у хату ўбег малы Юзік:

— Сымон ідзе!

Значыцца, нейкія навіны нясе, калі дажджу не пабаяўся! Кастусь выйшаў на ганак. На галаве ў Самахвала мяшок, порткі падкасаны да каленяў, ногі босыя: смела джгаў цераз лужыны і гразь. Убачыўшы Кастуся, Сымон дастаў з кішэні нейкую паперку. Пісьмо! Няйначай, прызначэнне. Кастусь як быў з лыжкай у руках, кінуўся насустрач сябру, з хваляваннем схапіў канверт.

Не! Не яму. Гэта было прызначэнне Сымона Самахвала настаўнікам Аталезскага народнага вучылішча. Сымон прыйшоў падзяліцца сваёй радасцю: школа паблізу, можна нават схадзіць у агледзіны.

— Не падай духам, Стары! — суцяшаў Сымон Кастуся.— Скора і ты будзеш ведаць, дзе прыйдзецца зімаваць. Збірай манаткі!


ПА ДАРОЗЕ Ў СМАЛЬГАВОК

Але словы Сымона не спраўдзіліся. Пісьма з Мінска не было і не было. Прайшоў тыдзень, настаў другі, як Самахвал наведваўся ў Альбуць, а Кастусь усё яшчэ чакаў прызначэння. Хадзіў ён у воласць кожны дзень, потым цераз дзень, пакуль не абрыдла...

Настаўнікі спачатку пацвельваліся і жартавалі, што дырэкцыя народных вучылішчаў ніяк не падбярэ Кастусю такую вёску, дзе ён не змог бы крамолу разводзіць, дзе ёсць прыгожыя пападзянкі, манаполька і блізка чыгунка, каб было зручна ездзіць да сяброў у госці. Неўзабаве жарты змяніліся асцярожнымі меркаваннямі, што, магчыма, нехта забыўся выслаць паведамленне аб прызначэнні ці проста здарылася якая памылка з адрасам. Адначасова ўсе суцяшалі: да першага верасня яшчэ далёка, ды сапраўдная вучоба пачнецца толькі з кастрычніка і нават пазней: школы працавалі звычайна ад першага снегу да першай ластаўкі. Інакш кажучы, набярыся цярпення і чакай, чакай... Усе збіраюцца ў дарогу, збірайся і ты. Крыўдна адно толькі, што ўсе ведаюць, куды паедуць, а ты — не...

Каб неяк развеяцца і хутчэй прайшоў час, Кастусь на некалькі дзён пусціўся ў іншую дарогу — разам з бацькам і дзядзькам Антосем паехаў аглядаць зямлю пад Слуцк.

У Смальгавок збіраліся даўно, але ўсё неяк не выпадала мужчынам адхіліцца ад дому: толькі адсеяліся, як падышла касьба, а там жніво...

Спачатку толькі Міхал жыў думкаю пра той райскі куточак Случчыны. Ён першы распачынаў звычайна гаворку пра зямлю, калі ўсе сямейнікі збіраліся за сталом палуднаваць, уголас разважаў і планаваў, што там выгадней сеяць — жыта ці пшаніцу, які садзіць сад, больш яблынь ці груш. Памалу ў гэтыя развагі і мары пра зямлю ўцягнуўся і дзядзька Антось. У буднія дні мужчыны бачыліся рэдка: Міхал увесь час у абыходзе, дзядзька Антось у полі. Затое у нядзельку браты маглі нагаварыцца ўволю. У сваіх размовах яны заходзілі часам так далёка, што нават абмяркоўвалі, у які вугал ставіць на новым месцы хату — у нямецкі ці ў звычайны. Аднойчы маці не ўцярпела і накінулася на мужчын:

— Лепш паехалі б ды паглядзелі тую зямлю, чым па-пустому толькі малоць, не раўнуючы, як Петрусёва Альбіна каля калодзежа.

— Паедзем! — адказаў Міхал.—Дай толькі ўхадзіцца са жнівом.

Міхалаў цесць — Юрка Лёсік згадзіўся не толькі пазычыць свае драбінкі на жалезным хаду, але падахвоціўся нават сам разам паехаць паглядзець тую хвалёную зямліцу. Як толькі ўкінулі апошні сноп з поля ў гумно, дзядзька Антось падаўся ў Мікалаеўшчыну да Юркі дамовіцца, калі ехаць у Смальгавок. Міхал з Антосем збіраліся ў сераду, каб у чацвер трапіць на кірмаш у Капыль. У іх быў свой інтэрас: хацелі прыцаніцца да добрага маладога каня. Сівак быў цягавіты і не такі стары, але дробненькі конік. На новым месцы, дзе, кажуць, цяжкая зямля, ён мо і плуга не пацягне. Там жа і будавацца прыйдзецца, дзерава вазіць на хату, хлеў і гумно. Увогуле, як ні вазьмі, з якога боку ні падступіся,— выходзіла, што трэба мець, калі не важнецкага, то многа лепшага каня, чым Сівак.

Дзядзька Антось у той жа дзень прыехаў з вёскі ў хвацкіх драбінках, але без Юркі. Прывёз толькі Кастуся, які хадзіў праводзіць Яську Базылёвага. Той паехаў зноў настаўнічаць у свае Бяларучы. Старому Лёсіку выпала нейкая пільная справа, і ён не мог ехаць разам ні ў гэтую, ні ў другую сераду. Браты так нарэхціліся, што не сталі чакаць Лёсіка: хутка сеяць збажыну, а там дажджы пачнуцца. Трэба — не іначай — ехаць цяпер!

Да вечара агледзелі драбінкі, змазалі колы, узялі торбу аўса, укінулі ў палукашак мурожнага сена і канюшыны. Ехаць будзе ямчэй, і для каня папаска: дарога немалая, лічы, вёрст пад сотню ў адзін канец набяцэцца.

— Кастусь, можа, і ты маеш ахвоту праехацца з намі? — запытаўся бацька.

— Магу,— падумаўшы, адказаў ён.— Можа, якраз за гэтыя дні і прызначэнне прыйдзе... Цікава і на Случчыну глянуць. Я ж далей Нясвіжа нідзе і не быў.

Выехалі ў сераду пасля сняданку. Маці напякла грэцкіх бліноў, паклала ў торбу бохан хлеба, кусок сала і вэнджанай шынкі — дарога вялікая і справа не абы-якая! Мужчыны апрануліся ў крамнае, дзядзька Антось, які звычайна хадзіў у лапцях, абуў боты — як-ніяк ехалі яны ў людзі.

Бацька з дзядзькам Антосем уселіся ззаду, Кастусь, узяўшы лейцы, спераду — і рушылі з двара.

— У добры час! 3 богам! — прамовіў дзядзька Антось.

Раптам маці закрычала:

— Чакайце, чакайце! Ледзь не забылася.

Кастусь прытрымаў каня. Маці хуценька збегала на ганак, схапіла вядро, зачарпнула вады ў крынічцы і, як заведзена ў добрых людзей, з «поўным» перайшла дарогу. Няхай жа будзе спор і шчасце!

Па дарозе Кастусь зноў убачыў чырвоную мураванку семінарыі. Ехалі праз Нясвіж: бацька і дзядзька Антось хацелі заглянуць у замак і перадаць знаёмым падпанкам сякі-такі гасцінец — мяшочак арэхаў, вязку сушаных грыбоў, свежай рыбы. Кінеш за сабою—знойдзеш перад сабою! Былы семінарыст у думках паслаў развітальны паклон той будыніне, якая была яму чатыры гады роднай хатай, дзе жыла дружная і вясёлая сям’я вясковых хлопцаў. Настаўнікі, як хацелі, муштравалі і здзекаваліся з семінарыстаў, папаціснулі з іх алею, калі з сырой мужыцкай гліны ляпілі апору цара, «ацечаства» і царквы. Не кожны хлапец даваўся, каб з яго зрабілі казённага і сухога чыноўніка. Вядома, часам прыходзілася нялёгка, калі нашпігоўвалі абрыдлівай і мудрагелістай непатрэбшчынай, але — што ні кажы — і шмат добрага і разумнага трапіла ў тваю галаву.

Кастусь успомніў Лычкоўскага і ўсміхнуўся: крыху дзівак ён, але ўсё ж някепскі чалавек і настаўнік. А дзе цяпер Фядот Андрэевіч Кудрынскі? Выжылі яго дырэктар Меліяранскі і поп Бонч-Багданоўскі. А можа, і сам ён кінуў-рынуў службу ў семінарыі? Кажуць, працуе ў Віленскім музеі, піша і выдае кнігі.

Начавалі ў Кукавіцкай карчме, якая амаль на паўдарозе з Нясвіжа ў Капыль. Назаўтра рана рушылі далей. Дарогі пытацца ў Капыль ужо не трэба: трымаліся падвод, якія цягнуліся бясконцаю чарадою на кірмаш. Былі тут звычайныя сялянскія вазы, трапляліся фарбаваныя брычкі засцянковай шляхты, цягнулася некалькі падвод з высокімі цыганскімі будамі, а за Пацейкамі іх абагнала нават старасвецкая панская карэта, запрэжаная тройкай пярэстых, як на падбор, коней. Бліжэй да Капыля стала больш пешых цётак і дзядзькоў. У кашах яйкі і маладыя пеўнікі, хто валок на продаж венікі і плеценыя карзіны.

Яшчэ здалёку паказаліся дзве белыя спічастыя касцельныя вежы, пасля між зеляніны дрэў бліснуў купал царквы, а потым выглянулі і местачковыя хаты. Дзядзька Антось ведаў тутэйшыя мясціны: ён некалькі разоў прыязджаў у Цімкавічы (мястэчка калісьці належала Радзівілам, і цяпер Нясвіжская ардынацыя мела тут свой бровар), траплялася бываць яму ў Капылі і аднойчы нават у Слуцку. Куды толькі ні пашлюць цябе, калі твой брат служыць лесніком, а ўся сям’я вымушана дагаджаць той скулячцы, якая называецца панам ляснічым!

Дзядзька хваліў капыльскую зямлю і яшчэ больш капыльскі кірмаш, дзе прадаюць коней і кароў з усяе ваколіцы. На тым кірмашы ён некалі купіў аўчыны і выцяжкі вырабу капыльскіх татар-гарбароў.

— Не аўчыны, а цуд! — гаварыў Антось.— Мяккія, хоць у вуха кладзі. А выцяжкі во! — выставіў ён бот, густа змазаны дзёгцем,— — зносу ім няма і вады не баяцца. Не ўступяць гамбургскім, што нашы плытнікі з Прусаў прывозяць...

Гаворачы пра аўчыны і хром тутэйшага вырабу, не заўважылі, як уехалі ў мястэчка. Паабапал шырокай вуліцы стаялі звычайныя вясковыя хаткі, невялічкія, крытыя саломай. Як толькі пераехалі мосцік, дзядзька Антось забраў у Кастуся лейцы:

— Тут недзе стромая гара была...

Рыначны пляц знаходзіўся на пагорку, у самым цэнтры мястэчка. Адным краем ён упіраўся ў царкву і цвінтарную агароджу, другім — у касцельныя сцены, а далей плошчу абступалі крамы і крамкі, за якімі бялелі муры сінагог.

Мужчыны кірмашаваць доўга не збіраліся, таму каня не распрагалі, а звярнулі ўбок і сталі ля сцяны чырвонай мураванкі з надпісам «Клейнборгъ. Промышленные товары». Міхал з Антосем пайшлі паглядзець і прыцаніцца да коней, а Кастусь застаўся пры возе, адпусціў пасак і кінуў Сіваку канюшыны.

3 розных канцоў цягнуліся фурманкі, людзі ўсё прыбывалі і прыбывалі, хто на возе, хто пешкі, хто верхам на кані. На вазах везлі парасят, авечак, індыкоў, гусей, за падводамі ішлі каровы, цялушкі, пярэзімкі. Кастусь тупаў ля воза і пазіраў на кірмашовы вэрхал. Увагу яго прыцягнула кучка капылян. Спачатку яны размаўлялі па-беларуску, а потым перайшлі на нейкую дзіўную гаворку, дзе нібыта і былі беларускія словы, але яшчэ больш нейкіх незразумелых: ловат, рыкуха, вакля, крэса, супік... Адзін з іх, пажылы ўжо чалавек з сур’ёзным выглядам, сыпаў, як з мяха, такімі слоўцамі і некуды цягнуў сваіх сяброў. Калі вярнуўся дзядзька Антось, гаваркія капыляне зусім блізенька стаялі ля воза, на якім сядзеў Кастусь.

— Чуеце, дзядзька? — запытаўся Кастусь.— Па-якому гэта яны шпараць?

— Па-кравецку! — усміхнуўся дзядзька.— У капыльскіх краўцоў, якія ходзяць па ўсёй ваколіцы зімою шыць кажухі, ёсць такая свая гаворка. Старэйшыя капыляне ўсе яе ведаюць. Вось цяпер дамаўляюцца цану збіваць на карову і, калі ўдасца, то зробяць барыш разам...

Неўзабаве прыйшоў бацька:

— Ну і коні! Агонь, а не коні! Асабліва тая жарабіца!

— Але і цана на яе дай божа,— сказаў дзядзька Антось.— А капыляне, як тыя цыганы, так і тупаюць каля добрага каня, нікога не падпускаюць прыцаніцца.

Распыталі дарогу на Слуцк і адразу рушылі. Дарога з торжышча каля канцылярыі станавога прыстава крута спускалася ўніз. Спакойны Сівак спуджана застрыг вушамі і спыніўся. З’ехалі з гары толькі тады, калі засунулі ў задняе кола тоўсты кол, а Кастусь узяў Сівака за аброць.

Адразу за Капылем краявід перамяніўся. Пачалася Случчына: лес адступіў і сінеў толькі далёка на небасхіле, вакол прасціралася, як кінуць вокам, раўніна, на якой віднеліся вёскі і вёсачкі з ветракамі...

Падарожнікі вярнуліся дамоў у панядзелак. Ехалі назад прамейшай дарогай, з Капыля звярнулі на Рымашы, Пагарэлае. Сямейнікі садзіліся за стол палуднаваць, калі Кастусь спыніў каня на панадворку. Маці выйшла на ганак:

— Ну, як з’ездзілася?

— Добра,— адказаў Міхал.— Трэба везці задатак. Зямля — не раўня нашай...

— Дзякуй богу,— прамовіла маці,— але мне, прызнацца, ехаць у чужыя людзі не хочацца. Ой, як не хочацца!

— Мама, а мне нічога няма? — запытаў Кастусь.

— Не, няма...

Да той весткі Кастусь сябе за дарогу падрыхтаваў. Ён нават надумаўся пачакаць яшчэ з які тыдзень і, калі не будзе пісьма з дырэкцыі, паслаць туды запытанне.


ДОЎГАЧАКАНАЕ ПРЫЗНАЧЭННЕ

Папалуднаваўшы, Кастусь выпусціў Сівака з хлява, напаіў яго і, вывеўшы за крынічку, спутаў у кустах. Няхай сабе пасецца пасля дарогі. А сам як быў з аброццю ў руках, пайшоў прылегчы ў будане, які зрабілі ўлетку дзеці.

Толькі Кастусь адхіліў дзяружку, якой завешваўся ўваход, як на хвіліну сумеўся, а потым злосць працяла ўсю яго істоту: у будане вісеў партрэт Крылова, вырваны з яго любімай кнігі. 3 тае кнігі, якую Кастусь так шанаваў і якую паклаў у куфэрак, каб узяць з сабою туды, дзе прыйдзецца яму працаваць. Гэта, відаць, пакуль ён ездзіў у Смальгавок, малы Юзік пагаспадарыў у яго куфэрку.

— Юзік! Юзік, ідзі сюды! — пазваў Кастусь.

Хлапец аціраўся на падворку і адразу кінуўся подбегам на кліч брата. Юзік быў ужо ля будана і толькі тады здагадаўся, што Кастусь кліча яго на расправу. Хацеў хлапчына крута рвануць назад. Але было позна: яго правае вуха апынулася ў Косцікавых пальцах.

— Твая работа? — пацягнуў брат малога ў будан і тыцнуў носам у партрэт: — Прызнавайся, хто вырваў з кнігі? Хто?

— Не, не я! — хныкаў Юзік.— Гэта Міхаліна вырвала. Гэта яна павесіла...

— Ідзі пазаві мне Міхаліну,— пусціў Кастусь братава вуха.

Але той, пачуўшы волю, залемантаваў на ўсё горла:

— Міхаліна, уцякай! Уцякай, кажу!

Дзеці, як спуджаныя вераб’і, шуснулі хто куды. Пачуўшы крык, выйшла з хаты маці:

— Што вы тут лемантуеце? На ўвесь лес нарабілі галасу. У Акінчыцах чуваць, пэўна.

— Мамачка, гэта Рысь аброццю б’ецца,— выскачыў Юзік з агарода і прытуліўся да маці.

— Які Рысь? — дапытвалася маці.— За што б’ецца? Дзе ён?

— Наш Кастусь,— хныкаючы, тлумачыў малы.— Нейкую кнігу яго парвалі.

Кастусь сапраўды гнаў перад сабой Міхаліну і крычаў:

— Кажы, хто парваў кнігу? Хто!

— Я толькі з куфэрка дастала,— гаварыла сястра.— А Юзік вырваў партрэт.

— Мы разам рвалі! — апраўдваўся малы і схаваўся за спіну маці.— Гэта Міхаліна мяне падвучыла.

— Дык разам рвалі,— дапытваўся Кастусь,— ці ты адзін рваў, а цябе толькі падвучылі? Гэта ж трэба такую кнігу папсаваць!

Невядома, чым бы скончыўся гэты вэрхал, але на мосціку затарахцела падвода.

— Ціха, сараматнікі! Нехта чужы вунь едзе,— прамовіла маці.

Кастусь па гнядым кані адразу пазнаў, што ехаў сам Антон Сянкевіч — бацька Алеся. Сярэдняга росту, апрануты ў крамнае, Сянкевіч лёгка саскочыў з воза, падаў руку маці і Кастусю. Папытаўшы, як здароўе пані гаспадыні, дзе Міхал і дзядзька Антось, госць пазмоўніцку падміргнуў Кастусю:

— Ну, браце, з цябе магарыч!

«Няўжо, нарэшце, прыйшло доўгачаканае прызначэнне? — мільганула радасная думка.— Куды ж там хаця? Далёка ці блізка? У добрую мясціну ці туды, дзе і Макар з цялятамі не быў?»

Куды ўжо там ёсць, але зараз ён будзе ведаць...

— Пісьмо? — з трывогай і радасцю запытаў Кастусь.

Нічога не кажучы, Сянкевіч падышоў да свайго воза, дастаў з-пад сядзення зашмальцаваную скураную сумку, расшпіліў яе, пакапаўся ў паперах і працягнуў сіні канверт. Кастусю, які даўно знябыўся ў чаканні, на нейкую хвілю здалося, што гэта толькі сон. Зараз ён возьме ў рукі канверт, пачне яго разрываць — і прачнецца.

Мінская дырэкцыя народных вучылішчаў паведамляла, што Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч прызначаецца з 1 верасня 1902 года настаўнікам у Люсінскае народнае вучылішча Хатыніцкай воласці Пінскага павета. Унізе была прыпіска аб тым, што на службу трэба з’явіцца не пазней 20 кастрычніка.

— Ну, сынку, куды? — не ўцярпела, запытала маці.

— У Люсіна Пінскага павета.

— А дзе гэта? — дапытвалася маці.-— Далёка ад нас?

— Не так далёка, але не так і блізка,— сказаў Сянкевіч.— А вёрст сто пяцьдзесят добрых будзе...

— Каб жа я ведаў, што пападу ў Люсіна, то хаця б распытаў у Алеся Фурсевіча пра ўсё. Ён там два гады настаўнічаў, а цяпер яго перавялі ў Любашава. Я, значыцца, на яго месца еду. Ніколі не думаў і не гадаў, што туды пашлюць.

У той дзень пасля вячэры ў леснічоўцы доўга абмяркоўвалі Кастусёва прызначэнне ў Люсіна. Маці наракала, што сына пасылаюць далёка ад дому, у чужыя людзі: на святы не прыедзе і свежаніны не паспытае. А колькі тых грошай атрымае? Трэба ж нейкую вопратку на зімку купіць, боты справіць. Міхал і дзядзька Антось, якія не адзін раз ездзілі з панам ляснічым і яго гасцямі на паляванне за Ганцавічы, у Дзяніскавічы, хвалілі палешукоў за іх працавітасць, гасціннасць і прыхільныя адносіны да незнаёмага чалавека. Кастусь там не прападзе і ў крыўдзе не будзе. А што настаўніку мала грошай плацяць, дык нічога не зробіш. Усё ж такі гэта, калі не зусім панская служба, то не тое, што быць нейкім лесніком.

Кастусь пайшоў, як заўсёды, спаць у гумно. Толькі ён павысцепваў посцілкі, як зарыпелі дзверы.

— Хто там?

— Гэта я, сынку,— пачуўся матчын голас.— Хачу пагаварыць з табою. Ты там, Косцічак, не крыўдзі дзяцей. Калі і ўзяў за вуха Юзіка, то нічога, гэта свой, ён не будзе доўга насіць злосці ў сэрцы. А чужое дзіцятка нельга крыўдзіць, бо яно да цябе горнецца ўсёй душою, а калі што не так зробіць, то, вядома, без злога намеру. Будзь з імі ласкавы і добры. Трэба, каб яны цябе любілі і паважалі, а не баяліся... Чуеш, сынку?

— Чую, мама!

— Помні, што ласкаю ты ўвойдзеш ў любое сэрца, а злосцю напалохаеш дзіця, коса на цябе будуць пазіраць і іх бацькі... А табе жыць сярод іх. Лепш чалавеку сто разоў зрабіць добрае, чым адзін раз злое. Няхай, сынку, пра цябе людзі там гавораць добрым словам. Не гарачыся, не злуйся...

Кастусю падалося, што маці заплакала, бо голас яе захліпнуўся, і ў яго самога набеглі слёзы. Бедная мама: ёй да ўсяго клопат, усё яе абыходзіць!

Доўга не спалася ў тую ноч маладому настаўніку, ніяк не выходзіла з галавы размова з маці, яе наказ. Думаў пра сваё прызначэнне, пра тое, як сустрэнуць яго незнаёмыя людзі, як ён будзе жыць з імі...

Ад’язджаў Кастусь на станцыю ў Стоўбцы 16 кастрычніка адразу пасля снедання. Бацька з Уладзікам не чакалі, пакуль збярэцца Кастусь у дарогу, а перахапілі трохі блінцоў і падаліся ў абход. Служба — не дружба.

Дзядзька Антось запрог Сівака, Кастусь вынес з хаты свой куфэрак, высыпалі на падворак дзеці. Можна было рушыць, але маці, як заўсёды, нешта ўспомніла. Нарэшце яна паказался з самаварам і торбачкаю ў руках. Былі там сушаны чабор, мацярдушка, мята, ліпавы цвет, яшчэ нейкія зёлкі. Кастусь замахаў рукамі: на што той самавар?!

— Хоць гарбаты вып’еш,— пусціла слязу маці.— Хто табе там вельмі што зварыць...

Каб не крыўдзіць маці, прыйшлося ўзяць самавар, а ў прыдачу да яго кусок сушанай вяндліны і гарнушак мёду.

— Ну, з богам! — перахрысціла сына маці.


ПРАФЕСАР ВЯЛІКІХ ЛІТАР

У дарозе прыйшла неяк сама сабою думка заехаць у Любашава, да Алеся Фурсевіча. Цікава з ім пагаварыць, параіцца наконт школьнай працы. Ён ужо чацвёрты год настаўнічае, мае вопыт, ведае, як трэба паводзіць сябе з вучнямі і іх бацькамі, а таксама з валасным начальствам. Аднак самае галоўнае іншае: сябар два гады адслужыў там, у тым невядомым Люсіне, і можа пазнаёміць яго з тутэйшым жыццём-быццём, школаю і людзьмі, з якімі Кастусю прыйдзецца мець справу.

Пасажырскі цягнік памалу праставаў на поўдзень. За акном плылі між пагоркаў хаты з пачарнелымі саламянымі стрэхамі, сярод іх часам блісне белая мураванка ці бляшаны купал драўлянай цэркаўкі або пакажуцца крылы працавітага ветрака. Справа і злева бязлесныя прасторы, толькі далёка сінеюць бары ды зрэдку прабяжыць купка пажоўклых бярозак. Пуста і сумна ў полі. Вунь пляцецца адзінокая фурманка, а яшчэ далей на ржышчы чарнее статак кароў і авечак. Пастушка нідзе не відаць, мабыць, бядак прытаіўся ля мяжы і сапе носам у дзіравы каўнер.

Кастусь адышоў ад акна, прысеў на лаўку. А што, як ён не застане Фурсевіча дома ці школа яго далёка ад станцыі? 3 куфэркам і гэтым вось самаварам (на якое ліха ён толькі згадзіўся ўзяць яго з сабой?!) не пацягнешся шукаць сябра і яго школу. А нашто рэчы цягнуць з сабой? Хіба нельга пакінуць іх на станцыі? Тады ўлегцы можна сігануць далёка.

Пасля Баранавічаў хмары зацягнулі неба, сыпануў спорны дожджык. Але хутка хмару перагнала, і нават на якую гадзіну выглянула халоднае асенняе сонца. Кастусь зноў утаропіўся ў акно. За Ляхавічамі пацягнулася, як кінуць вокам, раўніна. Спачатку відаць былі доўгія палоскі, потым іх засланілі лясы і лясочкі. Затым пералескі і кусты перайшлі ў бясконцыя і аднастайныя балоты. Здавалася, не будзе ім ні канца, ні краю. Неўзабаве цягнік выкіраваўся на пясчаны грудок, дзе стаяў станцыйны будынак і прытуліліся сялянскія хаткі.

Гэта і быў раз’езд Любашава. Кастусь з куфэркам і самаварам саскочыў з падножкі. Пакінуўшы рэчы на станцыі і распытаўшы дарогу ў школу, настаўнік борздзенька рушыў да свайго сябра. Падганяў вечар і дробненькі халодны дождж. Добра, што ісці было не так далёка: з якую вярсту па шпалах, а там звярнуць на стары гасцінец з прысадамі, пакуль не пакажацца пры дарозе сялянская хата на дзве палавіны. У адной жыве ляснік, другую — здае пад школу. Там кватаруе і настаўнік.

— Во каго не чакаў у госці! — кінуўся Фурсевіч абдымаць сябра.— Якім ветрам і куды?

— Да цябе ў падсуседзі, ці проста сказаць — на тваё месца.

— Няўжо ў Люсіна?

— Паглядзі, калі не верыш,— падаў Кастусь сваё прызначэнне.

— Што я магу сказаць? Не зайздрошчу табе! Але і нічога страшнага. Два гады я там адбухаў. Вядома, глуш, але і там людзі жывуць, і, скажу па сакрэту, дзяўчаты там ёсць і прыгожыя і разумныя. Сам пабачыш, і, можа, каторая запалоніць тваё сэрца... Глуш то глуш, а вось збіралася ў школу дзяцей больш, чым тут. Школа там ужо даўно, а тут нядаўна, нават свайго будынка, як бачыш, яшчэ няма... Ну, а пра школьныя справы досыць, цяпер ты ў мяне госць. Нечаканы і дарагі госць.

Пакуль Алесь апавядаў сябру пра першыя ўражанні ад працы на новым месцы і ўспамінаў люсінскіх знаёмых, на стале з’явілася міска гарачай бульбы, талерка баравікоў, гладыш кіслага малака і яшчэ сёе-тое. Асеннія вечары доўгія, але сяброўская бяседа ў хлопцаў зацягнулася далёка за поўнач...

Назаўтра зранку, як і было дамоўлена, Кастусь пайшоў на ўрокі да Фурсевіча. Сеў на апошняй парце і пільным вокам зорыў за Алесем. Той вёў урокі ў добра наладжаным тэмпе: адны вучні пісалі, другія — рашалі задачкі, трэція — чыталі. Сам Фурсевіч засяродзіў усю ўвагу на першакласніках. Іх настаўнік яшчэ не столькі вучыў, як толькі прывучаў да школы і кнігі. Кожнага навічка Алесь ведаў па імені, размаўляў з імі ласкава. Калі што ў малога не выходзіла ці адказваў ён няправільна, Фурсевіч не павышаў голасу, а падыходзіў да хлапчука, клаў яму руку на плячо і падбадзёрваў:

— А ты падумай, не спяшайся, не бойся...

У час размовы з адным вучнем Алесь не спускаў вока з астатніх: аднаму сцвярджальна кіўне галавою («Малайчына, і сёння першы рашыў задачку!»), на другога паківае пальцам:

— Сяргей, шануй вочы, а то як у зайца будуць. У цябе ёсць свой сшытак.

Асабліва спадабалася Кастусю, як Алесь правёў урок чытання. Фурсевіч стаў каля стала, узяў у руку падручнік і пачаў чытаць ціха, але з уздымам і нейкай асаблівай шчырасцю. Кастусь быў сведкам таго, як Фурсевіч чараваў, браў у палон дзіцячыя сэрцы. Спачатку ў класе не ўсе слухалі, як чытае настаўнік: хто рашаў задачкі, хто пісаў. Неўзабаве ціша запанавала ў класе, нават старэйшыя вучні, якія самі чыталі гэты твор і ведалі яго амаль на памяць, уважліва ўслухоўваліся ў кожнае слова настаўніка. I дзіўная рэч, сам Фурсевіч так захапіўся чытаннем, што на яго твары заззяла радасная ўсмешка, і сам ён нібыта папрыгажэў.

«Малайчына!» — з зайздрасцю падумаў Кастусь, любуючыся сябрам.

На развітанне Кастусь узяў з Алеся слова, што той у скорым часе наведаецца да яго ў госці, пройдзецца па знаёмых сцежках.

— Няўжо, браце, цябе не цягне глянуць на якую знаёмую? — дапытваўся Кастусь.— Паслухаеш, як я ўрокі даю. Ты ж мой самы блізкі сусед.

— Не бойся, сумаваць не будзеш, як упражэшся ў школьны хамут... Быў я люсінскім мядзведзем, цяпер ты ім станеш,— загадкава прамовіў Алесь.

*

Кастусь адпусціў сваіх вучняў у гэты вечар крыху раней. Каб нагнаць прапушчаныя дні, ён, па парадзе Фурсевіча, займаўся з дзецьмі зранку і яшчэ па абедзе. Сходзяць вучні дахаты, паабедаюць і зноў за парту. Заняткі працягваюцца, аж пакуль не змеркне. Былі дні, калі настаўнік нават прыносіў лямпу, але сёння ён не стаў гэтага рабіць. Няхай дзеці адпачнуць, ды і сабе трэба зрабіць перадышку: якраз ужо чатыры тыдні, як ён пачаў заняткі ў школе.

Здаецца, учора люсінскі дзядзька прывёз яго з раз’езда ў вёску. Было гэта перад самым вечарам, ужо сям-там у хатах паблісквалі агеньчыкі. Кастусь узіраўся ў ваколіцы. Перш за ўсё кінулася ў вока, што вёску з усіх бакоў абступаў лес. Палявая дарога вывела на шырокую і досыць роўную, але вельмі гразкую вуліцу, абапал якой без пэўнага ладу туліліся паляшуцкія хаты з буслянкамі. Месцамі калёсы па самыя калодкі правальваліся ў гразь, і тады худы нізенькі конік пяўся з усяе сілы, выцягваючы воз на грудок. Так паўтаралася некалькі разоў, пакуль настаўнік не запытаўся:

— Можа, я злезу?

— Го! Чаго злазіць? Конь пацягне,— адказаў фурман.— Дый школа вунь!

На скрыжаванні вуліцы, якой яньі ехалі, і вулачкі, што вяла ў поле, стаяў высачэзны пахілены драўляны крыж, а за ім збоку ад дарогі школьная будыніна. Кастусь крытычным вокам акінуў яе і застаўся задаволены. Школу пабудавалі, відаць, нядаўна, бо сцены, складзеныя з тоўстых бярвенняў, не паспелі яшчэ пачарнець ад дажджу і сонца. Прасторны ганак, вялікія вокны, два коміны на страсе.

На школьным падворку тузаліся хлапчукі. Убачыўшы Кастуся з самаварам у руцэ (куфэрак ззаду нёс фурман), яны кінуліся наўцёкі, а адзін крыкнуў:

— Новы вучыцель прыехаў!

На ганку настаўніка сустрэла старая, але даволі рухавая кабеціна.

— Цётка Мар’я, прымай госця! — прамовіў фурман.

— А мой паночку, а мой залаценькі! Калі ласка, калі ласка, просім! — прыветліва расчыніла старая дзверы кухні.— А вунь далей ваш пакой. Я ўжо вочы прагледзела, чакаючы вас, а яго няма і няма. Думала сабе, ці не занядужаў ён, галубок, бо прапаў недзе дый годзе!

Пакуль старожка завіхалася ля печы, збіраючы вячэру, Кастусь агледзеў школу і таксама застаўся задаволены. Большую палову памяшкання займаў класны пакой, у якім было ажно пяць вакон. Маленькай, але ўтульнай была і яго каморка: пры сцяне драўляны ложак, ля акна, стол, збоку кніжная паліца.

Праз дарогу стаяў прыгожы прасторны дом з белымі аканіцамі. Кастусь ужо ведаў ад старожкі Мар’і, што там жыве пан падлоўчы — ляснічы Ігнат Баранцэвіч. Пакуль настаўнік тупаў на школьным падворку, за ім з-за фіранкі ўважлівым вокам цікавала дзяўчо. Калі ён выйшаў на вуліцу, з хаты ляснічага выбегла чарнявая стройная дзяўчына. Схапіўшы пару паленаў на дрывотні, яна подбегам кінулася назад. На нейкую хвілю іх позіркі скрыжаваліся, і Кастусь у вялікіх прыгожых вачах суседкі прачытаў насмешлівую гарэзлівасць. «Эйш ты, якая хітрая!» — падумаў настаўнік і хацеў прывітацца, але не асмеліўся. Потым ён увесь дзень сябе ўпікаў: «Мядзведзь, форменны ты мядзведзь. Такая была магчымасць пазнаёміцца...»

Кастусь, асцярожна мінаючы лужыны, рушыў цераз вёску. Люсінцы, асабліва пажылыя мужчыны, прыветліва кланяліся, з ахвотаю адказвалі на пытанні, а вучні насцярожаным вокам азіралі настаўніка і стараліся не сустракацца з ім, зварочвалі на другі бок вуліцы ці ў двор. Як старэйшыя, так і дзеці, былі апрануты ў чорныя ці карычневыя суконныя світкі. Ад шапкі-кучомкі да лапцей — усё было на палешуках свайго хатняга вырабу і аднаго колеру. Крыху больш разнастайныя жаноцкія ўборы.

Адразу кідаліся ў вока буслянкі. Цераз дзве-тры хаты на гумне ці на дрэве красавалася буслінае гняздо. Самі паляшуцкія хаты стаялі абапал шырокай вуліцы без пэўнага ладу, але былі пераважна новыя, фундаментам для іх служылі тоўстыя дубовыя калоды, укапаныя ў зямлю.

Ішоў настаўнік па дарозе, якая, як ён потым даведаўся, вяла ў тыя самыя Дзяніскавічы, куды не раз ездзіў бацька на паляванне з нясвіжскімі панамі і падпанкамі. Прайшоўшы вярсты тры-чатыры, Кастусь пастаяў на мосціку. За невялічкаю рэчкаю канчаўся лес, пачыналіся хмызнякі, парыжэлае куп’ё, блішчала вада.

Пару дзён Кастусь знаёміўся з вёскаю і яе ваколіцамі, а потым заказаў фурманку і паехаў у Хатынічы, дзе знаходзілася валасное праўленне. Там ён пазнаёміўся з мясцовым настаўнікам Уладзімірам Дылеўскім, які павёў свайго калегу да валаснога начальства і тутэйшага панства. Валасны пісар Пётр Васінскі спачатку пачаў выгаворваць:

— Што гэта вы, малады чалавек, позніцеся на службу?

— Не мая віна,— адказаў Кастусь і паказаў пісару прызначэнне дырэкцыі народных вучылішчаў.

Стары служака ўважліва перачытаў паперку, зверыў яе з адносінай, што паступіла ў воласць. Усё было чын чынам, і Васінскі сказаў свайму памочніку:

— Маладому чалавеку належыць атрымаць плату за два месяцы. Дайце яму распісацца ў ведамасці.

Сорак рублёў (настаўніку плацілі па дваццаць рублёў у месяц) — не вельмі вялікія грошы. Але гэта быў яго першы заробак. Паклаўшы чатыры чырвонцы ў кішэню, Кастусь адчуў сябе весялей і больш упэўнена: столькі грошай ён яшчэ ніколі не меў пры сабе. Неяк няёмка было выказваць сваю радасць перад незнаёмымі людзьмі, а так ён адразу паслаў бы пятнаццаць рублёў дахаты: пяць дзядзьку Антосю, які даў пазычку яму на дарогу, і дзесяць гасцінца мацеры, каб купіла сабе і дзяўчатам што на ўборы. Цяпер, калі надумаліся купляць зямлю, кожная капейка будзе ў бацькі на ўліку...

Неяк у пятніцу заглянуў у Люсіна Фурсевіч. Сябар стрымаў слова: прыехаў пагасцяваць і наведаць сваіх знаёмых. У суботу Алесь сядзеў на ўроках. Радаснае ажыўленне, з якім сустрэлі вучні свайго былога настаўніка, яскрава сведчыла, што яго тут паважалі і не забылі. Потым хлопцы разбіралі кожны ўрок, трохі нават паспрачаліся, і бабка Мар’я іх мірыла. Настаўнікі яшчэ, можа, доўга вялі б спрэчку, але прыйшоў Ігнат Баранцэвіч і паклікаў іх на вячэру:

— Ну, прафесары вялікіх літар, прашу да мяне!

Па тым, як Фурсевіч паводзіў сябе ў доме пана падлоўчага, як ён далікатна цмокнуў гаспадыні ручку, Кастусь зразумеў, што сябар у свой час быў тут часты госць. Фурсевіч умеў пагаварыць, патрапіць у тон гаспадару, сказаць дасціпную прымаўку, каб весялей было за сталом і лепш кулялася чарка. Гэта чамусьці ніяк не выходзіла ў Кастуся: то яму здавалася, што ён не так трымае відэлец, то не знаходзілася ў яго таго слова, каб падтрымаць вясёлую гаворку. Маладому настаўніку думалася, што кожны яго промах адбіваецца смяшынкаю ў гарэзлівых вачанятах чарнявай прыгожай дзяўчыны ў чырвонай кофтачцы. «Мядзведзь, люсінскі мядзведзь»,— дакараў сябе Кастусь.

Але на развітанне Ядвіся весела гаварыла з сябрамі, аднаго прасіла не мінаць іхняй глушы, а другога заходзіць да іх вечарамі. Кастусь паабяцаў, але ніяк не мог адважыцца ступіць за веснічкі суседскага двара.


СМЕРЦЬ БАЦЬКІ

На каляды Кастусь ездзіў дахаты. У Альбуці ніякіх асаблівых навін не было, жыццё там ішло сваёй каляінай. Адно толькі трывожыла ўсю сямейку: у лясніцтве хадзілі чуткі, што Рачкоўскі збіраецца перакінуць Міхала ў Цёмныя Ляды. Мясціна там някепская, ёсць добрая леснічоўка, у ёй некалі жылі смалакуры. Таму ўрочышча называецца Смалярня. Але нікому не хацелася пакідаць наседжаны і даўно абжыты кут, дзе ўсё стала такім знаёмым, блізкім і дарагім. Нездарма кажуць, што, лежачы на адным месцы, і камень абрастае. А што гаварыць пра гаспадарку лесніка, які так прывязаны да свайго кавалачка зямлі, што корміць сям’ю. Як ні кажы, а ў Альбуці многа выгод: зямліцы шмат і яе ўрабілі за колькі гадоў, сена карове ўволю, рыбы колькі хочаш, грыбоў і ягад хоць заваліся. Тут склаўся ўжо нейкі прызвычаены лад жыцця. Там, у Цёмных Лядах, можа, будзе і не горш, але ўсё трэба пачынаць спачатку.

3 другога боку пярэбары мо дапамогуць хутчэй пераехаць на новае месца, туды, у Смальгавок, дзе чакае іх купленая зямля. Цешыла толькі тое, што як насядуць ляснічы з Абрыцкім, то вясной Уладзік і маці з дзецьмі пададуцца ў Цёмныя Ляды. Міхал жа з Антосем дапамогуць ім там уладкавацца, а самі паедуць засяваць новую зямлю. Трэба ж там, у Смальгаўку, абжывацца і пускаць карэнне: перш засеяць поле, агораць якое гумно, каб было куды скласці збажыну, і брацца за хату. Вядома, нялёгка і нават трохі страшнавата пакідаць родны кут, знаёмых людзей, усю радню і выбірацца ў не вельмі блізкі свет. Але там чакае іх свая зямелька, урадлівая зямелька, якая не раўня наднямонскім пяскам. Зроблены па той зямлі ўжо і першы крок: дзядзька Антось паспеў восенню ўкінуць жыта. Цяпер толькі служы ёй, і зямля аддзячыць...

Вярнуўшыся з Юзяй у Люсіна, Кастусь яшчэ доўга жыў дамашнімі ўражаннямі. Не магла іх развеяць і сустрэча з Ядвісяй. Бабка Мар’я адразу заўважыла.

— Што гэта, панічку, нейкі заклапочаны прыехаў з дому? Нешта хіба не ладзіцца там?

— I ладзіцца і не ладзіцца,— ухіліўся ад адказу настаўнік.— Цяжка, бабка, жыць на гэтым свеце...

— Нічога, панічку, усё добрае ваша яшчэ наперадзе... Я ведаю, што вас чакае шчасце, і вы будзеце вялікім чалавекам.

— Адкуль вы, бабка, гэта ведаеце?

— Ведаю! Некалі ўспомніш, галубок, што праўду казала знахарка Мар’я. Ого-го! — заплюшчыла старая вочы і паківала галавою.— Вялікім будзеш чалавекам. Чуе маё сэрца! Калі б я дажыла да таго часу, то прыйшла б і напомніла б панічыку, што я цяпер кажу...

Кастусь усміхаўся.

— Смейцеся, смейцеся сабе, але не раз успомніце некалі люсінскую старожку...

У настаўніка з’явіўся яшчэ адзін клопат. Дванаццацігадовая сястра Юзя, якая вырасла ў Альбуці і ніколі яшчэ не адлучалася ад мамы, сумавала па доме, прасілася, каб Кастусь завёз яе назад. Горш за ўсё было тое, што яна саромелася ісці ў клас, а сядзела і румзала ля акна. Бабка Мар’я з ёю і так спрабавала і гэтак: то гарбузікаў прынясе, то арэхаў, а вечарам забярэ да сябе, на цёплую печ, і расказвае казкі. Неўзабаве Юзя знайшла сабе занятак: абірала бульбу, пякла грэцкія бліны-пампушкі. Потым Кастусь пачаў даваць ёй рашаць задачкі і спісваць практыкаванні (чытала сястра добра), але яшчэ доўга Юзя не хадзіла ў школу, а займалася дома.

Зіма ў той год выдалася не вельмі халодная, але дужа снежная. Мяло і мяло, удзень і ўночы, замятала ўсе сцежкі і дарожкі. Трэба было настаўніку ў воласць па справах, але ён пабаяўся ехаць. Няхай трохі аціхне завея і людзі пратопчуць дарогу.

У адзін такі дзень, калі страшэнна лютавала завіруха, у такі дзень, пра які кажуць, што добры гаспадар і сабаку на двор не выжане, на ганку школы нехта моцна загрукаў ботамі, аббіваючы снег. Кастусь, які вёў урокі, падумаў, што нехта прыехаў з воласці, бо неўзабаве Юзя прачыніла дзверы і паклікала яго.

— Хто там? — запытаў настаўнік.

— Не ведаю,— паціснула плячыма Юзя.

На кухні весела скакаў на адной назе і расціраў правае вуха — Кастусь спачатку аж не даў веры — семінарскі прыяцель Косця Болтуць. Хлопцы радасна абняліся і пацалаваліся.

— Ты ведаеш, Стары, што твой госць галодны, як воўк, і змёрз, як цюцька?

Ужо седзячы за сталом, Болтуць расказаў, што сумаваў-сумаваў адзін, у сваім Пагосце-Загародскім, а потым надумаўся скочыць у госці. У якім Пагосце? А ў тым, што між Лагішынам і Лунінцом, па прамой не так далёка ад Люсіна, вёрст пяцьдзесят, не больш. Знаёмы фельчар падвёз на станцыю ў Лунін, а там цягніком дабіраўся, і нават на раз’ездзе ў Люсіна паравоз спыніўся. Вось пакуль у вёску трапіў, дык ледзь богу душу не аддаў...

Калі Фурсевіч быў заўсёды сур’ёзны і стрыманы ў выказванні сваіх пачуццяў, то Болтуць меў іншую натуру. Гэта весялун і рагатун, заядлы танцор і добры спявак. 3 ім не будзеш сумаваць ні ў мужчынскай, ні тым болей у дзявочай кампаніі,— ён усюды завадатар — ці пульку скінуць, цізастолле арганізаваць. Хват быў ён на анекдоты пра цара і царыцу. А калі да ўсяго гэтага дадаць, што быў ён рослы і прыгожы, умеў з густам апранацца, дык стане зразумела, што гэтага вясковага настаўніка цяжка было ўтрымаць на школьнай прывязі.

Болтуць многа чытаў, цікавіўся літаратурай, уважліва сачыў у семінарыі за першымі творчымі крокамі Кастуся Міцкевіча. Гэта яму семінарскі паэт падараваў на памяць цэлы сшытак сваіх рускіх і беларускіх вершаў. Таму нічога няма дзіўнага, што, трохі абагрэўшыся і перакусіўшы, госць папрасіў гаспадара прачытаць новыя вершы:

— Давай, Стары, прачытай, што ты выседзеў у палескай глушы.

— Мала напісаў,— прызнаўся Кастусь.— То школа шмат часу займае, то настрою няма.

— Ну, ну! Давай не прыбядняйся.

Кастусь ведаў, што ад Болтуця не адчэпішся, дастаў з шуфлядкі сшытак з чарнавымі накідамі паэмы «Яшукова гара» і пачаў чытаць:

Паны жывуць, не знаюць гора.

Мужык, як кінуты на мора

У стары човен і разбіты,

А вецер моцны і сярдзіты

Шуміць, бушуе і раве...

— Можа, варта сацыяльны момант праясніць і ўзмацніць,— выказаў сваё меркаванне Болтуць, калі Кастусь кончыў чытаць.— Ісці толькі ўслед за легендай мала. Табе як паэту трэба пазнаёміцца з такой вось літаратурай,— і госць паклаў на стол некалькі зачытаных тоненькіх брашурак.

Кастусь узяў верхнюю кніжачку ў сіняй вокладцы. «Правдивый рассказ, откуда и куда идут мужицкие денежки», «Лютня» — сборник революционных песен», «Лиса-патрикеевна». Гэта былі нелегальныя, пераважна жэнеўскія выданні рускіх нарадавольцаў. Была і адна беларуская кніга «Пра багацтва ды беднасць», таксама выдадзеная ў Жэневе ў 1881 годзе. Не, такіх брашурак люсінскі настаўнік не бачыў і не чытаў.

— Я думаю, цябе не трэба вучыць, каму можна, а каму нельга паказваць гэта,— сказаў Болтуць і дадаў: — А прачытаеш, дык завязі гэтыя кнігі ў Пінск. Я табе дам адрас сталяра Янкеля. Ён, дарэчы, твой зямляк, родам са Стоўбцаў... Скажаш, я прыслаў. Янкель узычыць новую літаратуру.

Пасля ад’езду семінарскага сябра Кастусь вечарамі праседжваў над нелегальнымі кнігамі. Уважліва чытаў, думаў над прачытаным, рабіў выпіскі. Гэта было для яго адкрыццём новага свету. Нібы ён хадзіў дагэтуль упоцемку, а цяпер, нарэшце, прабілася святло, і ён выкіраваўся на сцежку, асветленую сонцам. Праўда, да многага ён даходзіў яшчэ раней саматугам, пра шмат што разважаў так, як пісалася ў гэтых кнігах. Цвярозы чалавечы розум падказваў, а жыццёвыя абставіны прымушалі крытычна глядзець на праявы грамадскага ладу. Але тут ён упершыню сустрэўся, каб пра гэта гаварылася ўголас, без аглядак. 3 гэтых кніг вынікала, што цар і ўся царская хеўра — гэта крывасмокі, якія п’яўкамі ўпіліся ў жывое народнае цела.

Люсінскі настаўнік так захапіўся нелегальшчынай, што праседжваў далёка за поўнач. Найбольш цікавыя кнігі чытаў па некалькі разоў, у іншых перачытваў яркія і вострыя мясціны.

— Што гэта, панічку,— не раз пыталаея старая Мар’я,— сушыце ды сушыце мазгі? Вунь суседскія паненкі скардзяцца, што зусім перасталі адведваць іх. Ці ж можна так?

— Можна, бабка, можна! — жартаваў Кастусь.— Не толькі можна, а нават і трэба, каб дзяўчаты вельмі нос высока не задзіралі... Каб ты, бабуля, ведала, якія ёсць кнігі цікавыя, што нават пра дзяўчат забудзешся...

— Не ведаю, сынку,— адказвала старожка.— Не ўмею чытаць.

— Давайце будзем вучыцца.

— Не, галубок! Вочы ўжо не тыя. Дый у яму без граматы пусцяць...

У адзін прыгожы і ласкавы вясновы дзень раптам нечакана-негадана звалілася на Кастусёвы плечы трагічная вестка. Ён быў на ўроку, калі стараста Раман Круглы пад’ехаў на санках і асцярожна пастукаў пугаўём у шыбу. Кастусь падняў галаву і ўбачыў у руцэ старасты канверт. Пісьмо! 3 хваляваннем, нібы сэрцам адчуваючы нядобрае, ён выбег на ганак, разарваў канверт, прабег вачыма першыя радкі. У вачах пацямнела і павяло раптам убок. Каб не ўпасці, настаўнік прыхіліўся да вушака. Цяжка было даць веры таму, што паведамляў дзядзька Антось: «...тыдзень таму, як пахавалі бацьку...»

Кастусь не памятае, як ён прыйшоў у клас, адпусціў вучняў дахаты і зноў дастаў з кішэні канверт. Дзядзька Антось пісаў, што бацька хварэў тыдні два і памёр 23 лютага. Уладзік ездзіў у Стоўбцы да знаёмага тэлеграфіста, каб той даў тэлеграму на раз’езд Люсіна. Тэлеграма тая, відаць, не дайшла, бо іх, Кастуся і Юзі, на пахаванне не дачакаліся...

Настаўнік заплакаў — падняў галаву і толькі цяпер ўбачыў, што ў класе сядзіць сястра Юзя і спалохана пазірае на яго.

— Няма, Юзя, нашага таты,— ціха прамовіў Кастусь.

Пачуўшы плач Юзі, прыйшла з кухні бабка Мар’я. Яна таксама заплакала і тут жа пачала суцяшаць:

— Шкада бацькі, але сваім плачам, даражэнькія, вы яму ўжо не паможаце... Такая боская воля, панічыку мілы. Вы неяк пыталіся, чаго мы на свеце жывем. Дык я сёння вам скажу. Жывем на свеце мы, каб гараваць, пакутаваць і памерці. Найчасцей тады, калі яшчэ дзеці не сталі на свае ногі... Колькі ж гадоў вашаму тату?

— Пяцьдзесят тры ўсяго.

У той жа вечар, як толькі трохі адлегла ад сэрца, Кастусь сеў за пісьмо. Пачаў з суцяшэння, а закончыў пытаннямі. Чаму не напісалі раней, што бацька пры смерці? Ці слухаў яго доктар? Якую ён прызнаў хваробу? Што надумалі рабіць з купленаю зямлёю?

Доўга не было адказу. Устрывожаны маўчаннем, настаўнік баяўся, каб там, у Альбуці, не здарылася яшчэ якой бяды, і збіраўся ўжо хоць на дзень паехаць дадому, калі, нарэшце, атрымаў доўгачаканае пісьмо. Дзядзька Антось пісаў коратка, ён скардзіўся, што трэба пераязджаць у Смалярню, цяпер у леснічоўцы сама што збіраюць клункі і на днях пярэбары на новае месца...


ПЕТЫЦЫЯ СКІРМУНТУ

Дні, тыдні і нават гады бягуць так хутка... Мільгаюць, не раўнуючы, нібы тыя тэлеграфныя слупы за акном цягніка, калі паравоз імчыць састаў на поўную хуткасць.

Кастусь сядзіць пры акне ў вагоне трэцяга класа і пазірае, як нясуцца насустрач лясы і пералескі, балоты з нізкарослымі хвойкамі. Здаецца, нядаўна ён з трывогаю ў сэрцы ехаў у далёкае і незнаёмае Люсіна і вось так, як цяпер, узіраўся ў сумныя асеннія краявіды Палесся. Тады яго бянтэжыла, што едзе ў школу са спазненнем, едзе першы раз і не ведае, як там прыжывецца, які з яго атрымаецца настаўнік. Самому цяпер не верыцца, што з таго часу мінула ўжо тры гады і ён чацвёрты раз едзе пачынаць новы навучальны год у школе.

За гэты час колішні семінарыст Кастусь Міцкевіч, які тады з нейкай бояззю і сарамлівасцю ўнёс у вагон свой драўляны куфэрак і самавар і не ведаў, дзе з імі прыткнуцца, стаў іншым чалавекам. Ён пасталеў, памажнеў, даўно змяніў люсінскі лапсардак на просценькі, але прыстойны і ладна падагнаны да яго фігуры касцюм. Ва ўсёй яго паставе адчувалася энергія, бадзёрасць і стрыманая радасць.

3 Кастусём у вагоне сядзелі браты: дзесяцігадовы Юзік і васьмігадовы Міхась. Браў іх настаўнік з сабою без асаблівай ахвоты, бо хлопцы былі ў такім узросце, што не спускай з іх вока. Але ў Смалярні блізка школы не было, і малыя раслі на лес гледзячы. Трэба было неяк дапамагчы маці, і Кастусь узяў братоў з тым разлікам, што яны будуць хадзіць у яго школу.

Малады настаўнік ехаў у Пінкавіцкую школу, што знаходзілася недалёка ад павятовага Пінска. Там ён будзе працаваць ужо трэці год. У Пінкавічах і самім Пінску ёсць у яго шмат добрых знаёмых і шчырых сяброў. Усе думкі цяпер у Кастуся былі скіраваны на тое, каб хутчэй сустрэцца з імі, падзяліцца навінамі. Заўтра ці не пазней паслязаўтра трэба схадзіць у Пінск, узяць у Янкеля нелегальную літаратуру і даведацца, калі будзе чарговая сходка. Трэба пагаварыць і з Сымонам Крышчуком, трэба ж ведаць, чым жыве вёска, якія настроі ў сялян тут, на Палессі.

Вунь і Люсіна. Перш паказаўся будынак раз’езда, а пасля і канцавыя хаткі самой вёскі. Усё так выглядае, як і тады, калі ён хадзіў па гэтых сцежках-дарожках. Цяпер Кастусь спакойна пазіраў на знаёмыя яму мясціны, а раней, як тыя разы ехаў ён у Пінкавічы і мінаў раз’езд, нейкі смутак і жаль агортваў яго сэрца. Пазіраў тады настаўнік на раз’езд і вёску і адчуваў сябе нібыта вінаватым перад імі, што адцураўся іх, з’ехаў у другое месца.

Павэдлуг Пінкавіч Люсіна — глухая мясціна, нічога не скажаш, але надоўга застанецца яна ў Кастусёвым сэрцы. Там ён рабіў першы крок на настаўніцкай дарозе, там сустрэў Ядвісю. Ці было гэта сапраўднае каханне? Кастусь і сам не ведае. Можа, тады ён і пагарачыўся, што так хутка пакінуў Люсіна.

Вясною 1903 года, на другім тыдні пасля вялікадня, Кастусь паехаў з трыма люсінскімі вучнямі, якія трымалі экзамен за пачатковую школу, у Лунінец. Усе хлопцы адказвалі бойка і ўпэўнена, задачкі рашылі і дыктоўку напісалі добра. Лунінецкі настаўнік Карыцька круціў галавою, а інспектар народных вучылішчаў Кедраў, які прысутнічаў на экзаменах, нават пахваліў і сказаў:

— Магу прапанаваць вам, Міцкевіч, лепшае месца. 3 Пінкавіч пераводжу Мархеля, а вас хачу паставіць на яго месца. Падумайце і напішыце прашэнне на маё імя.

Вярнуўся тады ён з Лунінца, пачуў, што Ядвіся, не развітаўшыся з ім, выехала з Люсіна, сеў і напісаў прашэнне. Пасля таго ні разу не давялося бачыцца з ёю. Колькі разоў парываўся наведаць Люсіна, але ні разу не сабраўся. Чаго ехаць, калі там няма Ядвісі. Відаць, не суджана ім сустрэцца — і годзе! Можа, калі і бывае яна ўлетку, але ж і Кастуся тут няма гэтай парою...

*

Другая палова лістапада ў тым годзе выдалася марозлівая, але сонечная. Кожную ноч трымаўся невялічкі марозік. Днём было на дзіва ціха і па-асенняму прыгожа. Уся прырода нібы адпачывала пасля працавітай восені і рыхтавалася сустрэць зіму, якая была недзе блізка на падыходзе. Потым прыціснуў сапраўдны мароз і скаваў усё навокал: палескія балоты, Піну, азёры, прыпяцкія затокі і самую Прыпяць.

Палешукі з дня на дзень чакалі снегу, чакалі саннай дарогі, каб можна было ехаць на балота па сена. Чакалі яны яшчэ і адказу на сваю петыцыю. Спадзяваліся на тое, што цяпер, у час агульнага ўздыму працоўнага народа, удасца вырваць у Скірмунта сервітутныя землі. 3 трывогаю ў сэрцы чакаў далейшага разгортвання падзей і Кастусь. Ён ведаў, што ад далейшага развіцця падзей у краіне залежыць поспех справы, за якую ён узяўся, залежыць і яго ўласны лёс. Калі хваля народнага гневу будзе нарастаць, то Скірмунт стане больш згаворлівы. Калі ж паліцыя і казакі зацугляюць народ, тады і яму не даруюць. Настаўнік ведаў, што земскі начальнік двойчы выклікаў у Пінск валаснога старшыню Аляксандра Лоя, паклікалі на допыт Сымона Крышчука і іншых сялян. Самога ж яго ніхто не трывожыў. Гэта насцярожвала і яшчэ больш непакоіла.

У той дзень, 26 лістапада, Кастусь, як заўсёды, устаў рана, глянуў у акно і ахнуў ад здзіўлення: усё белае — ноччу выпаў снег. Ішоў ён і раніцай, калі настаўнік пачаў заняткі ў школе. У час урокаў Кастусь не раз лавіў сябе на тым, што ў нейкім роздуме ўглядаецца ў акно і забывае, што з ім і дзе ён. За акном кружыліся і, падхопленыя подыхам ветру, здавалася, не падалі на зямлю, а, наадварот, уздымаліся ўгору лёгкія сняжынкі. Настаўнік любаваўся павольным лётам сняжынак і не чуў, як вучні пачыналі шумець. Калі гоман у класе перавышаў дазволеную мяжу, Кастусь вяртаўся да рэальнасці і зноў вёў урок.

Адпусціўшы вучняў дахаты, настаўнік на хаду перакусіў і сабраўся ісці ў Пінск. Ён апрануўся, выйшаў на ганак і тут убачыў, што да школы пад’ехаў і спыніўся гарадскі рамізнік. 3 рысорнай брычкі вылез высокі стройны мужчына ў рыжай футравай шапцы і ў чорным зімовым паліто з такім жа рыжым каўняром. Хто б гэта мог быць? Аднак Кастусь сумеўся толькі спачатку, а потым не так пазнаў, як проста здагадаўся, што ў школу прыехаў сам павятовы інспектар народных вучылішчаў Антон Рыгоравіч Русецкі.

Інспектар падаў настаўніку руку (яго папярэднік Кедраў да такога дэмакратызму не даходзіў!) і папрасіў паказаць школу.

— Калі ласка, Рыгор Антонавіч, заходзьце, распранайцеся,— запрасіў нечаканага госця Кастусь.

— Вы, Канстанцін Міхайлавіч, некуды сабраліся? Не ў Пінск?

— У Пінск.

— Ну, дык я гляну на вашу школу, а потым разам паедзем у горад, а па дарозе і пагаворым.

Госць паводзіў сябе афіцыйна, але без пыхі: зайшоў у класны пакой, паглядзеў запісы ў журнале, запытаў, колькі вучняў па спісу і колькі з іх ходзіць у школу. Потым яны селі ў брычку і паехалі. Русецкі некалькі хвілін маўчаў, а потым загаварыў:

— Што вас прымусіла, Канстанцін Міхайлавіч, напісаць гэтую няшчаскую петыцыю? Ці думалі вы, што вам пагражае? Дый наогул, якая вам справа да таго, што мужыкам нечага не хапае... Ваша задача — вучыць грамаце дзяцей і ўсё. Астатняе вас не датычыць!

— Паважаны Рыгор Антонавіч, але ж я народны настаўнік,— спакойна адказаў інспектару Кастусь, робячы націск на слове «народны».— Народ папрасіў мяне напісаць петыцыю і прынёс межавы план, згодна якога сервітутная зямля належыць сялянам, а не пану Скірмунту. Ці мог я адмовіць? Хто ж ім напіша? Валасны пісар, дзяк ці ляснічы?

— А што было б, калі б вы не напісалі петыцыю?

— Хто яго ведае. Магчыма, сяляне ў гневе спалілі б панскі маёнтак у Альбрэхтове.

— Спыніцеся! — загадаў Русецкі рамізніку і вылез з брычкі.— Мы пройдзем крыху пехатою.

Злез і Кастусь. Ён не разумеў пакуль што, куды хіліць пан інспектар. Калі рамізнік ад’ехаўся, Русецкі загаварыў зноў:

— Паўтарыце, што было б, калі б вы не напісалі петыцыю.

— Сяляне маглі б пусціць пану Скірмунту пеўня. Гневу і крыўды ў іх было цераз край.

— Значыцца, петыцыя ваша выратавала маёнтак Альбрэхтова! — узрушана прамовіў Русецкі.— Гэта ваш выратавальны круг! Вы разумееце гэта ці не?! Хапайцеся за гэтую ідэю, і яна, толькі яна адна можа дапамагчы вам у гэтай сітуацыі. Чуеце, Канстанцін Міхайлавіч.

Настаўнік не чакаў такога павароту справу. Хто мог падумаць, што школьны інспектар падкажа яму такую дасціпную і сапраўды выратавальную ідэю? Цяпер і ён прыкінуў так і гэтак, і выходзіла, што можна было ўчапіцца за гэтую саломінку.

— А зараз раскажыце, Канстанцін Міхайлавіч, як гэта ўсё было,— звярнуўся Русецкі да настаўніка.— Я не раблю допыту і не праводжу дазнання, але хачу ведаць усе абставіны, каб памагчы вам.

Калі інспектар з настаўнікам міналі Вішавічы, ім трапіліся насустрач тры пінкавіцкія фурманкі. Сяляне ветліва прывіталіся. Русецкі ўсміхнуўся:

— Відаць, мясцовыя жыхары вас любяць, а вось з начальствам не вельмі ладзіце. А ці вядома вам, Канстанцін Міхайлавіч, што ў павет паступілі ўжо дзве заявы, каб вас перавялі ў другое месца?

— А каму гэта я замінаю?

— Тутэйшаму панству. Яны баяцца, што вы кепска ўплываеце на сялян. Я, са свайго боку, пастараюся вам дапамагчы, наколькі мне гэта ўдасца...

А снег усё сыпаў і сыпаў.

*

Русецкі сваё слова стрымаў. 3 снежня 1905 года ён напісаў на імя дырэктара народных вучылішчаў Мінскай губерні Мікалая Фёдаравіча Акаронкі адносіну, у якой адмятаў усе абвінавачванні ў адрас пінкавіцкага настаўніка Міцкевіча ў падбухторванні сялян супраць памешчыка Скірмунта. Школьны інспектар настойліва даводзіў, што настаўнік не толькі не вінаваты, а, наадварот, сваімі дзеяннямі зрабіў добрую справу і выратаваў панскі маёнтак Альбрэхтова ад разгрому. Гэтае сцверджанне праводзілася з асцярогаю, каб губернскае начальства — барані, божа! — не падумала, што інспектар Русецкі абараняе нейкага там Міцкевіча. У адносіне было некалькі папрокаў у адрас настаўніка, што рабіла ўражанне аб’ектыўнага падыходу да справы:

«25 лістапада да мяне з’явіўся земскі начальнік 4-га ўчастка Пінскага павета граф дэ Шамбарант і заявіў, што сяляне вёскі Пінкавічы падалі петыцыю суседняму памешчыку Сігізмунду Сігізмундавічу Скірмунту, патрабуючы права свабодна лавіць рыбу ў двух азёрах, бясплатна карыстацца чаротам, які расце на беразе гэтых азёр, і ўступкі сервітутнага ўчастка зямлі. Петыцыя была складзена, паводле слоў графа, мясцовым настаўнікам народнай школы Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам. У сувязі з такой заявай пана земскага начальніка я на наступны дзень накіраваўся ў Пінкавічы, каб на месцы расследаваць гэтую справу...

Паводле слоў Міцкевіча, усё пачалося ў вёсцы Пінкавічы наступным чынам. У святочны дзень 21 лістапада амаль усе дарослыя вёскі Пінкавічы сабраліся ў канцы вёскі, пачалі гаварыць пра тое, што памешчык Скірмунт незаконна карыстаецца азёрамі, чаротам і ўчасткам зямлі ў 77 дзесяцін — усё гэта калісьці належала сялянам. Па той прычыне, што сяляне сышліся недалёка ад школы, то Міцкевіч, пачуўшы шум, падышоў да сялян з мэтаю даведацца, што яны задумалі. Даведаўшыся, што сяляне збіраюцца ісці грамадою да памешчыка, Міцкевіч параіў ім гэтага не рабіць, а паслаць сялянскіх дэпутатаў, якія выкажуць пану свае патрабаванні. Сяляне паслухаліся парады настаўніка і накіравалі да Скірмунта дэпутатаў, але той не стаў іх слухаць і папрасіў пакінуць яго ў спакоі. Дэпутаты вярнуліся ад памешчыка, расказалі пра вынікі сваіх перагавораў з панам, пасля чаго сяляне пачалі хвалявацца яшчэ больш. Многія з іх крычалі:

— Пайшлі граміць маёнтак Скірмунта!

Настаўнік, бачачы такое ўзбуджэнне сялян, параіў ім напісаць петыцыю памешчыку, у якой яны могуць выказаць свае патрабаванні. Сяляне паслухаліся разважлівай парады Міцкевіча і папрасілі яго напісаць петыцыю, якая і была складзена ў школе і падпісана сялянамі ў ліку 69 чалавек. Петыцыя гэта напісана ў самым міралюбівым тоне, і ў ёй няма намёку на пагрозы.

Грунтоўна пагаварыўшы з настаўнікам, я зрабіў яму строгі наказ і напамінак пра недарэчнасць выступаць у ролі кіраўніка аграрнага руху таму, хто па самой ідэі свайго абавязку павінен сеяць «разумнае, добрае, вечнае», а не ўзбуджаць страсці народныя.

У заключэнне лічу абавязкам паведаміць, што да мясцовага маршалка паступіла некалькі заяў з боку бліжэйшых да Пінкавіч памешчыкаў, якія просяць перавесці Міцкевіча ў іншае месца, бо баяцца, што ён будзе кепска ўплываць на тутэйшых сялян. Я, са свайго боку, не прыйшоў да канчатковага рашэння па гэтаму пытанню, таму што баюся, каб перамяшчэнне Міцкевіча не выклікала яшчэ большага хвалявання сярод сялян, вельмі прыхільных да яго, а таксама не павяло б на якое-небудзь злачыннае дзеянне і іншых настаўнікаў Пінскага павета, якія наўрад ці застануцца пасіўнымі да лёсу аднаго са сваіх таварышаў».

Калі ў Мінск прыйшоў ліст інспектара Русецкага па справе пінкавіцкага настаўніка, дырэктар народных вучылішчаў Акаронка распарадзіўся перавесці Канстанціна Міцкевіча ў Верхменскую школу Ігуменскага павета. Гэта і выратавала Кастуся. Бо праз які тыдзень у канцылярыю дырэктара паступіла грозная адносіна самога губернатара, у якой Міцкевіча лічылі падбухторшчыкам сялян і ініцыятарам напісання петыцыі. Аднак Акаронка не стаў праводзіць дазнання. Вінаваты настаўнік ці не вінаваты, а аднаго пакарання — пераводу на новае месца — даволі.

Аднойчы вярнуўся ўвечары Кастусь з Пінска і сказаў старожцы:

— Ну, цётка Ганна, не памінайце ліхам.

— Пакідаеце ўсё ж нае, панічыку?

— Прыходзіцца. Паслязаўтра зранку еду на новае месца.

Кастусь спачатку меркаваў заехаць дахаты, каб пакінуць братоў у Цёмных Лядах, а самому падацца ў новую школу. Потым перадумаў. Нашто трывожыць маці! Яна адразу здагадаецца, што нешта ў сына здарылася нядобрае, калі яго сярод зімы пераводзяць на новае месца службы. Вось прыедзе ён у Верхмень, уладкуецца ў школе і адразу напіша, дзе працуе і што з ім. У маці сваіх клопатаў хапае, каб яна яшчэ перажывала і за сына.

У аўторак зранку ля школы спыніўся з канём Сямён Крышчук. Настаўнік вынес свой куфэрак і клунак з кнігамі, пасадзіў Юзіка і Міхася на сані, прыкрыў ім ногі дзяружкаю, а сам вярнуўся апошні раз глянуць на свой любімы пакойчык. У школьнай будыніне было ціха: яшчэ не скончыліся калядныя канікулы. Гэта добра, што ніхто з вучняў не будзе бачыць, як ён пакідае школу. Праз некалькі дзён прыедзе сюды новы настаўнік, і школа зноў ажыве...

Цяжка расставацца з тым месцам, дзе праседжваў над кнігамі вечары, а часам і ночы, пісаў вершы, рабіў запісы ў дзённіку. Любіў яшчэ і проста сядзець пры акне і пазіраць на зарэчча, дзе зімою стылі на марозе, а ўлетку квітнелі зелянінаю вербы. Колькі ў гэтым утульным пакойчыку дум перадумана, колькі здзейснілася і не здзейснілася яго мар. Колькі старонак напісана, колькі кніг перачытана! Таму і шкада пакідаць гэты блізкі і дарагі яму кут. За два з паловай гады зжыўся з гэтымі сценамі, упадабаў цёплую грубку, пры якой так добра чыталася і думалася. Тут не раз ён перажыў радасны творчы ўздым. Былі тут дні трывог і пакут, асабліва за апошнія дні, калі пасля петыцыі хмары збіраліся над яго галавой. Што ні кажы, а часцінка душы назаўсёды засталася ў гэтай школьнай бакавушцы.

Кастусь яшчэ раз акінуў вокам сцены, пусты стол і выйшаў на ганак. Выйшаў і ўбачыў, што каля саней стаяць вучні. Сабралася іх чалавек дваццаць... Былі тут Алесь Грылюк, Пятрусь Лемеш і нават Сяргей Папок, якога ніяк не чакаў убачыць Кастусь. Сяргея ён некалькі разоў восенню ставіў у кут.

— Бывайце, дзеці! Вучыцеся грамаце, вучыцеся дабівацца праўды. Без яе цяжка жыць на свеце.

Наперад ступіў Сяргей, скінуў шапку і сказаў:

— Дзякуй вам, панічыку, за ўсё добрае, што вы рабілі нам і нашым бацькам. Мы вас ніколі не забудзем. Шчаслівай вам дарогі!

Неяк балюча зашчымела на сэрцы ў настаўніка, набегла нават сляза. Ён памахаў рукою вучням і скочыў у сані.

— Но-но! — махнуў пугай Сямён Крышчук.

— Шчасліва! Добрай дарогі! — закрычалі вучні.


З’ЕЗД I ПАСЛЯ З’ЕЗДА

Міцкевіч хутка і параўнаўча лёгка прыжыўся ў Верхмені: гэта было ўжо трэцяе месца яго настаўніцкай службы, а ва ўсіх школах губерні склалася амаль аднолькавая завядзёнка, нават будынкі іх былі ўсюды падобныя. Бярыся і адрабляй свае дваццаць рублёў, якія адмервае табе не вельмі шчодрая казна. У новай школе была толькі тая асаблівасць, што тут працавала ажно два настаўнікі. Калі ў Люсінскай і Пінкавіцкай школах прыходзілася весці ўсе чатыры класы, то ў Верхмені выпала вучыць трэці і чацвёрты.

Кастусь шкадаваў, што далёка засталіся настаўніца Ганцова, пінскія знаёмыя. Не было з кім пагаварыць адкрыта, выказаць свае думкі і меркаванні. Не трапляла больш у яго рукі нелегальная літаратура. Тут, на новым месцы службы, Кастусь адчуваў сябе нібы на востраве, адрэзаным ад усяго, што дзеецца на свеце. 3 калегам настаўнікам Анцыповічам не пагаворыш: той, як чорт крыжа, баяўся нават пачынаць гаворку пра палітыку.

Праўда, ён некалькі разоў з мясцовымі дзядзькамі ездзіў у Мінск. 3 Верхменя да губернскага горада было не так далёка — вёрст сорак. Але што асабліва пачуеш ці даведаешся ў Мінску, калі няма ў ім добрых знаёмых і блізкіх? Тым болей, што на горад, як і на ўсю губерню, распаўсюджвалася палажэнне пра незвычайную ахову, што было раўназначна ўвядзенню ваеннага становішча. Паліцыя арыштоўвала падазроных асоб, мінскі турэмны замак быў бітком набіты, акруговы суд працаваў дзень пры дні. У такі час з людзьмі не вельмі пагаворыш, кожны трымае язык за зубамі.

У час адной з такіх вылазак у губернскі Мінск — было гэта напрадвесні — верхменскі настаўнік заглянуў у адну кнігарню, другую, накупляў сталічных і мінскіх газет, а на рагу Захараўскай і Серпухоўскай, каля чырвонай мураванкі з прыгожаю шыльдай «Минское отдѣление крестьянского поземельного банка», убачыў, што нейкі хлапчына прадае старыя кнігі. Падышоў, пачаў перабіраць кнігі, і раптам на вока трапіла беларуская брашура ў зялёнай вокладцы «Аб чым у нас цяпер гаманяць».

Вечарам узяўся Кастусь чытаць тую беларускую кнігу. Не, не тое! Нейкі пісака ўсяляк расхвальваў царскі маніфест 17 кастрычніка. Многа пораху трацілася на тое, каб даказаць, што трэба слухацца не злых людзей, якія падкідваюць лістоўкі, а начальства. У канцы брашуры невядомы аўтар даваў парады сялянам: не секчы панскі лес і не квапіцца на чужое дабро. Для настаўніка было зразумела, для чаго выдавалася гэтая кніга. Не зусім ясна было толькі, чаму царскія ўлады выкарыстоўвалі для свае прапаганды беларускую мову, якую самі не прызнавалі і тапталі ў гразь. Ці не выдалі тыя «ашуканцы», тыя «злыя людзі», якія тлумачаць народу царскі маніфест па-іншаму, нейкія беларускія кнігі?

Усю зімачку Кастусь ні разу не браўся за пяро. То трывожнае чаканне нейкіх перамен, то клопат з той петыцыяй, а пасля пераезд на новае месца выбівалі з творчага настрою. Цяпер зноў Кастусь сядзеў позна начамі: ціхенька тупаў у сваім пакойчыку, каб не пабудзіць братоў, якія спалі за дашчанай перагародкай, і пісаў, пісаў.

Нібы прарвалася нейкая застаўка, што стрымлівала яго душэўныя парыванні. Словы клаліся ў радкі лёгка і проста, іх не трэба было шукаць, яны даўно былі вынашаны ў сэрцы і прасіліся на паперу:

Край наш бедны, край наш родны!

Лес, балоты і пясок...

Чуць дзе крыху луг прыгодны...

Хвойнік, мох ды верасок...

Вясна, што ўладна стукалася ў школьнае акенца, надавала яшчэ больш энергіі і творчага запалу. Радасць, бадзёрасць і ўздым поўнілі ўсю істоту маладога паэта. Усё ўспрымалася больш абвострана, глыбока і ярка. Тыя няясныя і няпэўныя пачуцці і ўражанні, якімі ён жыў штодня, тыя грамадскія трывогі, што не давалі спакою кожнаму сумленнаму чалавеку, цяпер выліваліся на паперу, набывалі акрэслены змест і напрамак. Гэта быў самааналіз, пагляд на сябе і свае думкі як бы збоку:

Чым успомніць цябе, моладасць,

Жыцця светлага ты раніца?

Прылятае вясна мілая,

Ды вясна мая туманіцца.

Не было таго дня, каб у маладога паэта не нарадзілася новай задумы, не з’явілася новага верша. Шырокай нястрымнай плынню ішла па зямлі вясна, звінелі срэбнымі званочкамі жаваранкі, абуджалі палеткі і ўсё наваколле ад зімовага сну, прыносілі ў сэрца надзею на вялікія перамены.

Кастусь адчуваў, што вясна павінна абудзіць не толькі прыроду, але і людзей. Леташняя вясна была яскравым доказам гэтага. Думалася, што цяпер на шырокі прастор выльецца хваля народнага гневу, пачнецца барацьба за зямлю і волю з новай сілай. Пра гэта настаўнік думаў не раз, да гэтага рыхтаваўся і пра гэта пісаў у сваіх вершах. Хацелася сказаць пра многае. I ў першую чаргу пра сялянскую нядолю, перажытую ім, добра вядомую яму, мужыцкаму сыну. Ведаў ён і тых, хто трымаў у ярме селяніна, не даваў яму разгарнення:

Багачы і панства,

Нашы «дабрадзеі»!

Мы на суд вас клічам,

Каты вы, зладзеі!

*

Перад самым вялікаднем прыйшоў у Верхмень ліст ад Сянкевіча. Алесь запрашаў семінарскага сябра прыехаць на свята ў Мікалаеўшчыну. Унізе была прыпіска з клічнікам: «Стары, трэба абавязкова сустрэцца!» Калі Бас, які не любіў пісаць пісьмаў, напісаў з такой прыпіскай, то сапраўды нейкая важная і пільная справа патрабавала, каб Кастусь наведаў родныя мясціны. Праўда, вельмі запрашаць яго не трэба было. Ён жа ад самай восені не быў дома. Юзік з Міхасём таксама рваліся дахаты. Там недзе і маці сумавала па хлопцах.

Сам Сянкевіч вось ужо другі год, як асталяваўся ў роднай вёсцы. Ці закінуў дзе слова бацька — царкоўны стараста, ці проста яму пашэнціла, але Алесь атрымаў прызначэнне ў Мікалаеўскую школу. Цяпер ён раскашаваў дома: жыў на бацькавым стале, а свае грошы пускаў на кнігі, бо збіраўся падацца далей у навуку — здаць экзамен за гімназію і паступіць на медыцынскі факультэт.

У першы дзень вялікадня Кастусь пайшоў у Мікалаеўшчыну і адразу заглянуў да Сянкевіча. Маці сказала, што Алесь з Нічыпарам Янкоўскім некуды пайшлі, можа, у школу. Кастусь падаўся туды — на дзвярах замок, завярнуў да Яські Базылёвага — і там няма. Хацеў ужо ісці да Петруся, які не раз дакараў пляменніка, што мінае дзядзькаву хату, ажно бачыць — валіць з-пад карчмы цэлая кампанія настаўнікаў і тутэйшых хлопцаў, а сярод іх і Алесь і Нічыпар. Віталіся шумна і радасна.

— Як ты там, Стары, пінскае балота адваёўваў у Скірмунта? — з іроніяй запытаўся Цімафей Камароўскі.

— Адваёўваў патрошку і пакуль што выйшаў з вады сухім,— адказаў Кастусь. I, прыпамінаючы даўнюю гаворку, весела дадаў: — А ў карты не гуляў і ў царкоўным хоры не спяваў. Далей таксама не думаю сядзець цішком, як некаторыя...

— Паглядзімо, ці надоўга ў цябе хопіць пораху.

— Хлопцы, прашу ка мне ў школу! — падаў кліч Алесь.

Школа, як і некалі, калі ўпершыню ступіў на гэты ганак Кастусь, выглядала сумна і бедна. Сцяна справа ад ганка асунулася, хоць даўно была ўзята ў лісіцы, ганак спарахнеў, і замест яго ляжала сукаватая калода. Не лепшы выгляд мела будыніна ўнутры: дзіравая падлога, сцены абшарпаны, столь у чорных плямах падцёкаў.

Алесь адамкнуў дзверы ў свой пакойчык, а потым збегаў дахаты і прынёс пірог, кусок шынкі і яшчэ сёе-тое. Хлопцы павесялелі і смела зацягнулі:

Разбурым крэпасці і троны,

3 астрогаў мы саб’ём замкі,

3 парфіры царскай залачонай

Пашыем мы сабе парткі!..

Спявалі «Слезамн залит мир безбрежный» і «Замучен тяжелой неволей», потым Сянкевіч прапанаваў:

— А цяпер папросім Косціка Міцкевіча, каб прачытаў нам свае вершы. Давай, Стары!

Кастусь падняўся, глянуў на мікалаеўцаў, усміхнуўся і пачаў:

Льецца Нёман паміж гораў,

Поўны сілы і красы,

У далёкія прасторы

Гоніць воду праз лясы.

Верш пра Нёман вельмі спадабаўся, усе пачалі прасіць:

— Яшчэ што-небудзь, Стары!

Прыйшлося прачытаць яшчэ некалькі вершаў і кончыць радкамі, якія склаліся ўчора ў дарозе:

Устаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!

Устань ты, наша старана!

Ужо глядзіць к нам на палаткі

Жыцця новага вясна.

Пасля гаворка пайшла пра тое, што трэба сабрацца ўлетку ўсім настаўнікам і заснаваць рэвалюцыйны настаўніцкі саюз. Было сказана многа слоў пра ролю і месца настаўніка — чорнага вала на ніве народнай асветы — у цяперашнім жыцці вёскі. У многіх рускіх губернях настаўнікі арганізоўвалі прафесійныя саюзы, думалі пра грамадскую дзейнасць.

— Вядома, мы павінны далучыцца да Усерасійскага настаўніцкага Саюза,— гаварыў Нічыпар Янкоўскі са Стаўбцоўскай школы.— Трэба думаць, што мы не абмяжуемся толькі чыста прафесійнымі задачамі.

— Надышла такая пара,— падтрымаў сваіх калегаў Кастусь,— што настаўніку проста нельга заставацца ў баку ад вясковага жыцця, калі ён не хоча страціць сувязі з народам. Што сказалі б сяляне, ка-

лі б я не напісаў ім петыцыі? Як я глядзеў бы ў вочы сваім вучням, калі б яны ведалі: «Наш настаўнік пабаяўся, спужаўся начальства»?

Сяброўская бяседа зацягнулася далёка за поўнач. Засталіся ў школе толькі Алесь, Нічыпар і Кастусь. Яны гаварылі адкрыта і смела. Ніхто з іх не мог прадбачыць таго, што адбудзецца тут, у гэтым самым пакойчыку, праз тры месяцы і так многа неспадзяванага прынясе кожнаму...

Коратка гісторыя ўсяго, што здарылася тут, такая.

Сябры-настаўнікі дамовіліся сабрацца ў Мікалаеўшчыне на сходку 25 чэрвеня (потым збор перанеслі на 9 ліпеня). Канспіратыўнага вопыту ні ў кога не было. Ехалі настаўнікі цэлымі групамі, хто восьмага ўвечары, а большасць дзевятага раніцай. Іван Фёдараў прыкаціў на веласіпедзе. Пра чалавека, які ехаў на двух дзіўных колах, было гаворкі па ўсёй ваколіцы на цэлы тыдзень! Калі б гэта збіраліся толькі настаўнікі-мікалаеўцы, то нічога дзіўнага — едуць хлопцы на лета да сваіх бацькоў. А то ішлі і ехалі незнаёмыя настаўнікі. Аб тым, што гэта іменна настаўнікі, можна было лёгка здагадацца па іх вопратцы, якая сведчыла, што гэта не сяляне і не сапраўдныя паны. Чаго яны едуць, куды? Свержанскі валасны старшыня Восіп Сянько адразу змікіціў, што настаўнікі задумалі нейкую крамолу, і данёс земскаму. Той даў загад мясцоваму станавому прыставу «накрыць» настаўнікаў. Загад спазніўся: настаўнікі паспелі правесці на беразе Нёмана сходку і вярнуліся назад у Мікалаеўскую школу. Пакуль сакратар сходкі Аляксандр Райскі напісаў пратакол, а настаўнікі падпісалі яго, было ўжо за поўнач. Выстаўленыя настаўнікамі для аховы пасты разышліся. Вось тады і прымчаліся конныя стражнікі на чале са станавым прыставам Гаўрылавым і ўраднікам Кабяком і акружылі школу.

Настаўнікі былі ў гэтым самым пакойчыку, калі сюды ўварваўся ўраднік і схапіў са стала падпісаны пратакол і іншыя паперы. Здарылася ўсё гэта так неспадзявана, што хлопцы на нейкую хвіліну разгубіліся.

Але раптам у начной цішы пачулася трывожнае:

— Бом-бом! Бом-бом!

Нехта здагадаўся забрацца на царкоўную званіцу і падняў на ногі людзей. Мікалаеўцы, як на пажар, прымчаліся з вёдрамі і бусакамі к школе і акружылі стражнікаў. Натоўп ваяўніча шумеў:

— Хто вас прасіў сюды, архангелы?

— Прэч адсюль, а не дык рэбры палічым!

Варожыя адносіны людзей да стражнікаў выратавалі настаўнікаў ад арышту. Станавы прыстаў са сваімі ваякамі даў драла з вёскі. Час быў неспакойны, з народам лепш не задзірайся.

Раніцою ў не вельмі вясёлым гуморы пакінулі настаўнікі Мікалаеўшчыну і раз’ехаліся па сваіх школах. Кожны разумеў, што перад начальствам за такія рэчы прыйдзецца трымаць адказ. У дырэкцыі народных вучылішчаў цырымонія кароткая: дадуць воўчы білет у зубы — і не знайся! Аднак, несучы трывогу і неспакой у сэрцы, сябры суцяшалі адзін другога і наказвалі:

— Галоўнае — не падаць духам!

— А ты, Стары, напішы пра тое, як настаўнікі на з’езд сабраліся і што з гэтага выйшла!

Кастусь адкрыў у сваім характары адну немалаважную рысу. Калі навісае пагроза расправы, калі над ім збіраюцца цёмныя хмары, дык напінаецца нейкая струна, што звычайна дрэмле ў душы, расце энергія і прага да барацьбы. Тады нічога не страшна, тады ён можа брацца загрудкі з любой злыбядою, з любым праціўнікам, што становіцца ўпоперак дарогі. Такі настрой быў у Пінкавічах. Такое адчуванне з’явілася цяпер, калі зноў навісла пагроза, што начальства на гэты раз не даруе ўдзелу ў настаўніцкім з’ездзе. Няхай! Нічога не страшна, ніякія вятры і буры не сагнуць яго. Толькі ў барацьбе чалавек набіраецца сілы, моцы і гарту. Жыццё — гэта бясконцае змаганне за сваё чалавечае права, за вялікую чалавечую праўду. Па зямлі трэба крочыць смела, ісці наперад, не зважаючы на перашкоды. Толькі тады ты даб’ешся перамогі, прыйдзеш да свае мэты, убачыш жаданыя далягляды.

Аднак цешыць сябе надзеяй доўга не прыйшлося: у скорым часе ён атрымаў цераз воласць паведамленне, што дырэкцыя народных вучылішчаў Мінскай губерні звальняе яго з пасады. Матывіроўкі ніякай. Усё і так зразумела. Гэтую вестку Кастусь сустрэў даволі спакойна. Што ж, іншага чакаць было нельга! Хоць вестка невясёлая, але кончылася няпэўнасць. Цяпер ясна, што рабіць: трэба збіраць манаткі, здаваць школу — і ў дарогу. Куды? Пакуль што дамоў, у Смалярню, а там будзе відаць.


ДОМА

У самае жніво Кастусь вярнуўся ў Смалярню. Сядзець у Верхмені не выпадала: пачыналася самая гарачая пара ў гаспадарцы, а ён тут б’е лынды. Трэба ехаць зарабляць сабе на хлеб, бо калі настаўніцкай пасады не дадуць, дык дзе ты інакш на зіму прыткнешся, як не ля сваіх?

Шчыра кажучы, Кастусь адчуваў сябе перад маці вінаватым. Што ні кажы, апраўдання яму няма. Маці, усе дамашнія чакалі ад яго падмогі. Быў бы на службе, то і тут, у леснічоўцы, лягчэй. Вось мінулую зімку жылі з ім Юзік і Міхась. Не так цесна было за сталом у леснічоўцы. Сямейка, дзякаваць богу, вялікая — хлеба і да хлеба толькі давай. Вопратку яшчэ трэба справіць, нейкі абутак. Вунь і дзяўчаты падымаюцца на ногі, ім уборы трэба. А дзе гэта ўсё возьме бедная ўдава? Калі і ёсць якая за душою капейка за тую прададзеную зямлю, то на яе дзірак многа. А ён, сараматнік, замест таго, каб дапамагчы маці, сам прыехаў на сіроцкі хлеб.

Каб неяк апраўдацца перад маці, братамі і сёстрамі, мець маральнае права на кавалак хлеба і лыжку поліўкі ў леснічоўцы, Кастусь палажыў на стол дваццаць пяць рублёў.

— Сынок, ты ж цяпер без службы,— ціха прамовіла маці.— Можа, табе самому грошы спатрэбяцца? Мы ў цябе нічога не просім.

— Не, мама! Няхай будзе мая доля, мой узнос у хату. Відаць, прыйдзецца зімаваць з вамі, калі не трапіцца якая служба.

Атрымалася неяк само сабою так, што адпала патрэба тлумачыць маці, чаму ён прыехаў дахаты і не трымаўся настаўніцкай службы. Яму спачатку думалася, што маці заплача і тады прыйдзецца перад ёю апраўдвацца і даказваць, што ён не мог інакш зрабіць, бо яго душа рвецца да справы і змагання за лепшую долю. Хіба ён мог застацца збоку, калі ўсе яго сябры-настаўнікі сабраліся, каб сказаць слова ў абарону свае чалавечае годнасці? Як-ніяк ён чатыры гады адслужыў, паспытаў не вельмі салодкага настаўніцкага хлеба, пабываў ажно ў трох школах, гэта значыць, жыў у трох вёсках. I ўсюды адна бяда, адны балячкі, усюды пануе беззямелле, адсюль беднасць, зарабіць якую капейчыну селяніну ў Люсіне ці Верхмені няма дзе. Хлапчукі горнуцца да школы, ідуць вучыцца грамаце і дзяўчаткі, але ў хаце няма лішняй капейкі, каб справіць шкаляру боты ці світку. Вучні восенню і зімою апранаюцца ў бацькавы неданоскі, душацца нішчымніцай, часта хварэюць, прапускаюць урокі.

Пасля чатырохгадовай працы ў школе Кастусь пераканаўся, што вёска абуджаецца. Гэта асабліва паказалі падзеі з петыцыяй Скірмунту. Ніхто не падбухторваў пінкавіцкіх сялян, яны самі надумалі вярнуць сваё права на сервітутныя землі і балотныя азёры і рушылі грамадою ў Альбрэхтава. Можа, і памылку зрабіў Кастусь, што прапанаваў ім не ісці ўсім разам, а паслаць сваіх прадстаўнікоў, а потым напісаць петыцыю. Калі б сяляне грамадою рушылі на панскі маёнтак, то, магчыма, Скірмунт спужаўся б і задаволіў патрабаванні сялян. Хто яго ведае, як яно лепш...

Пад вечар прыйшоў з абходу Уладзік.

— Бяры ў памочнікі,— і жартам і ўсур’ёз сказаў Кастусь.— Іншай службы, відаць, мне цяпер не дадуць.

— Нічога, хлеба і бульбы хопіць. А да хлеба і бульбы во ёсць! — Уладзік высыпаў з леснікоўскай торбы кучу чорнагаловых баравікоў.

Тыя грыбы звялі Кастуся. У нядзелю ён не пайшоў у Мікалаеўшчыну, каб сустрэцца са знаёмымі хлопцамі, а разам з Юзікам і Міхасём зрабіў паход па грыбных баравінах. Утрох кошык набралі, было ясна, што па-сапраўднаму грыбы яшчэ не высыпалі. Дый у Смалярні не было такіх хвацкіх мясцін, як у Альбуці. Потым набеглі дамашнія справы. I толькі ў наступную нядзелю Кастусь пабачыўся з Сымонам Самахвалам.

Пайшоў Кастусь у Стоўбцы на пошту. Можа, хто прыслаў пісьмо? Няма! Выйшаў на ганак і задумаўся: ісці ў Мікалаеўшчыну ці адкласці на другі дзень? Ажно бачыць: ссутуліўшы плечы, ідзе Самахвал.

— Гэй, Імбрычак, пачакай! — гукнуў Кастусь.

Сымон спыніўся, азірнуўся і радасна прывітаў сябра. Хлопцы завярнулі да Шварца ў шынок.

— Прыехаў і не паказваешся,— ушчуваў Кастуся па дарозе Сымон.— Расказвай, як жывеш, што думаеш рабіць і дзе зімаваць? Я свой імбрычак апусціў долу. Сумна аднаму.

Самахвал паведаміў навіны. Сянкевіч уцёк не адзін, а з Нічыпарам Янкоўскім. 3 Германіі было ад іх пісьмо, абяцалі напісаць на імя следчага, што ўсю віну бяруць на сябе.

Яшчэ Сымон сказаў, што стражнік са Свержані Восіп Клімовіч, які прыязджаў разганяць з’езд, 10 ліпеня ўтапіўся ў Нёмане, а станавога прыстава Гаўрылава звольнілі са службы за тое, што спужаўся мікалаеўцаў і не арыштаваў настаўнікаў.

— Ты ж, відаць, не ведаеш яшчэ, які трафей трапіў Сянкевічу ў тую памятную ноч? Знайшоў Алесь каля школы нагайку. Згубіў яе нейкі стражнік, гарцуючы пад вокнамі школы. Казаў Сянкевіч, шта возьме з сабою тую нагайку, каб паказаць усяму свету, чым адукоўваюць настаўніка ў Расіі,— закончыў навіны Сымон.


ШКОЛА

Сябры сустракаліся часта: калі не кожны дзень бачыліся, то праз дзень — два. Не прыйдзе Сымон у Смалярню, дык Кастусь шпарыць у Негертава. Часам сустрэнуцца ў Шварцавым шынку, закажуць піва з тараном і праседзяць паўдня. Самахвал нават некалькі разоў заставаўся начаваць у леснічоўцы: асенні дзень кароткі, а хлюпаць па гразі ў дзіравых ботах няма ахвоты. Зрэдку і Кастусь заставаўся нанач у Негертаве. Часцей ён гэта рабіў тады, калі былі нейкія навіны, якія трэба было абмеркаваць разам.

Палягуць хлопцы ўдвух і ўспамінаюць семінарскае жыццё і настаўніцкую службу. Нагаворацца і нарагочуцца ўволю.

— Помніш, як я Міхайлоўскага ўгнявіў? — пачынаў Кастусь.— Хоць раз ды засердаваў Павел.

— Са сталёвай вытрымкай быў хлапчына,— згаджаўся Сымон.— Дзе ён працуе, у школе?

— Не ведаю. Можа, у чыноўнікі якія падаўся. За адзін почырк яго ў любую канцылярыю возьмуць. А дзе Зяневіч? Неяк я яму свой верш прачытаў і сказаў, што напісаў яго Лермантаў. Як Зяневіч хваліў той верш! I глыбіня думкі, і музыка радка... А другі раз верш Лермантава выдаў за свой. Спраўна ён паклаў Лермантава на абедзве лапаткі: і тое кепска, і думка не зусім ясная...

Сябры жылі ўспамінамі і гаварылі пра былое, бо сённяшняе не радавала і не магло радавць іх. Праўда, Якаў Бязмен прысылаў з Карэліч бадзёрыя пісьмы і абнадзейваў іх, што дырэкцыя народных вучылішчаў нібыта хутка пакліча і іх на службу, як нядаўна запрасіла звольненых настаўнікаў Івана Лапцэвіча і Аляксандра Райскага. Чакалі хлопцы, калі не свята на сваёй вуліцы, дык хоць нейкай прасветлінкі, якая ажывіла б іх збалелыя душы, але не маглі дачакацца.

Ніякіх навін не прыносіла і газета «Голос провинции»: не чуваць было, каб хто з настаўнікаў адмовіўся ад прызначэння на месца, аб’яўленае пад байкотам. Заставалася адно: чакаць, калі паклічуць на следства, чакаць, як вол доўбні... Гэтае абрыдлівае і няпэўнае чаканне было горш і цяжэй, можа, за тую кару, якая была ім наканавана.

Аднойчы Кастусь прыбег у Негертававельмі ўсхваляваны і ўзрадаваны. Сымон з бацькам якраз малацілі ў гумне. Такім вясёлым і ўзбуджаным Самахвал не бачыў свайго сябра даўно.

— Ты, Стары, можа, прызначэнне атрымаў? — выйшаў Сымон з цэпам у руках.— Дый, відаць, не абы-куды, бо ўвесь ззяеш...

— Прызначэнне не прызначэнне, але глядзі,— паказаў Кастусь сябру вялікі канверт і дастаў з яго лісткі з друкаваным тэкстам і малюнкамі.

— Беларуская газета? — здзіўлена прамовіў Сымон, прабегшы вачыма першую старонку.

Гэта былі два нумары беларускай газеты «Наша доля». Кастусь атрымаў іх учора з Вільні. Рэдакцыя прыслала яму свае першыя два нумары: адзін выйшаў 1 верасня, другі 15 верасня 1906 года.

Нарэшце, значыцца, пачала выдавацца доўгачаканая беларуская газета. На яе Кастусь ускладаў многа надзей. Радаснае хваляванне ахапіла настаўніка. Чытаў, не спяшаючыся, уважліва ўдумваўся і ўзважваў кожнае слова, некаторыя месцы чытаў уголас: «Што будзе далей?.. Так пытаюцца мужыкі ў сваіх курных хатах, так пытаецца працавітая бедната, і з трывогай і надзеяй паглядаючы ў заўтрашні дзень, чакае таго вялікага моманту, калі сонца свабоды засвеціць і над нашым абяздоленым краем... Цяпер бунтаўшчык — увесь стомільённы цёмны галодны народ». Усё ў газеце было цікавае і новае.

Беларускае слова ў газеце, беларускае перыядычнае выданне было само па сабе радаснай неспадзяванкай. А для Міцкевіча гэта было двайное свята: на сёмай старонцы першага нумара «Нашай долі» ён раптам убачыў свой верш «Наш родны край». А пад ім, як і было дамоўлена, стаяў подпіс «Якуб Колас». Гэты і некаторыя іншыя творы ён пакінуў у Мінску, калі ездзіў туды ў жніўні на настаўніцкую сходку. Значыцца, дайшлі яго вершы да віленскай рэдакцыі!

Кастусь углядаўся ў газету, ніяк не мог даць веры, што гэта яго верш. Надрукаваны, ён, здаецца, цяпер гучыць неяк інакш, больш складна і прыгожа. Нібыта і не сам пісаў! Стаў чытаць далей і ў другім нумары натрапіў на свой верш — «Асенні вечар» і апавяданне «Слабода».

Прызнацца, даўно ўжо Кастусь не перажываў такога радаснага адчування. Праца яго не прапала марна, а пайшла ў шырокі свет.

— 3 цябе, браток, магарыч! — радаваўся і Самахвал.

— Чакай, чакай, калі пашанцуе, дык і Карусь у лапцях затанцуе,— загадкава прамовіў Кастусь.— Адгадай, якія ў мяне яшчэ навіны? Ніколі не ўгадаеш. У Смалярні школа будзе! Не верыш? Праўда, вучняў збярэцца не так многа. Але на хлеб зараблю, зіма хутчэй пройдзе, а там бог-бацька...

*

Пачалося ўсё з таго, што неяк сустрэў дзядзьку Антося старшы чыгуначны рабочы Рэвут і пытаецца:

— Ці не ўзяўся б ваш Кастусь вучыць маіх Яся і Зосю? Вядома, не толькі маіх дзяцей. Абходчык Качановіч таксама сваіх дзяўчатак пашле і яшчэ хто-небудзь...

У той жа дзень дзядзька сказаў пляменніку пра сваю гаворку з Рэвутам. Тады і Уладзік успомніў:

— А ў мяне Пракаповіч пытаўся.

Праз які тыдзень пасля гэтай гаворкі прыйшлі ў леснічоўку Рэвут з Качановічам, закурылі дзядзькавага мультану, пагаварылі пра надвор’е: хапіліся раннія замаразкі, учора ўжо вучыліся лятаць белыя мухі. Пасля Качановіч і кажа:

— Мы хацелі з панам настаўнікам пагаварыць. У нас такі інтэрас... Пасылаць дзяцей у Стоўбцы, наймаць там ім кватэру не выпадае. Хадзіць жа зімою за блізкі свет...

Пагадзіліся на тым, што Кастусь бярэцца займацца з вучнямі ўсю зіму, гэта значыць пяць месяцаў. У школу будуць хадзіць шэсць хлопцаў і тры дзяўчынкі, усе яны з бліжэйшых вёсак. За фатыгу настаўніку з кожнага вучня бацькі будуць плаціць па тры рублі ў месяц. Ну, а каб кожны са шкаляроў не дарэмна еў хлеб і марна не пераводзіў бацькавы грошы, няхай пане настаўнік мае добрую лінейку, а калі што — накажа дадому...

— Нічога, я думаю, і без гэтага абыдземся,— усміхнуўся Кастусь.

Прайшло яшчэ колькі дзён. Дзядзька Антось з Пракаповічам агледзелі печ і дубэльты на другой палавіне леснічоўкі, павыносілі бочкі з гуркамі і капустай. Потым пабялілі святліцу. Маці з дзяўчатамі добра вышаравалі падлогу. Засталося паставіць доўгі стол і дзве лавы. Тут пастараўся дзядзька Антось, памагаў яму сталярыць сам настаўнік. Выштукавалі сталярку дай божа! Можа, іх мэбля выйшла крыху грувасткая, але затое была трывалая і моцная.

У той дзень, калі меліся першы раз прыйсці ў новую школу вучні, Кастусь апрануўся па-святочнаму. 3 самага ранку ён думаў пра тое, як прывітае сваіх вучняў, што скажа ім на пачатку вучобы. Цяпер жа не ў казённай школе, бацюшка не будзе перад заняткамі служыць малебен, інспектар не прыедзе правяраць, як ён вучыць. Тут ён сам — поўны і поўнаўладны гаспадар. Сёння ўрачысты дзень і для вучняў і, можа, яшчэ больш для настаўніка. Кастусь палюбіў настаўніцкую службу, не мог уявіць свайго жыцця без школы, вучняў і кніг.

Вось і надышла тая радасная і ўрачыстая хвіля, калі настаўнік увайшоў у святліцу, дзе яго чакалі дзеці. Яшчэ на хаду Кастусь вачыма падлічыў, колькі іх сабралася. Чатыры на адной лаве, пяць на другой.

Кастусь прайшоў на сваё месца, прывітаўся з дзецьмі і ўважліва акінуў іх позіркам. Трое дзябёлых хлапцоў, ім ужо гадоў па пятнаццаць-шаснаццаць, а двое зусім малеча, не больш васьмі-дзевяці год. Усе пазіраюць насцярожана.

Кастусь загаварыў спакойна і ласкава:

— Дарагія дзеці, вы прыйшлі вучыцца. Школа наша, як вы бачыце самі, невялікая, і вучняў у ёй будзе не так многа. Вы павінны навучыцца чытаць і пісаць, а таксама навучыцца думаць. Не бойцеся задаваць мне пытанні. Агульнымі сіламі мы будзем старацца адказаць на іх. Пытайцеся ў старэйшых, пабольш чытайце. Гэта пашырыць вашыя веды, вы будзеце ведаць, што робіцца на свеце.

Усе слухалі ўважліва. Рыжаваты дзяцюк нешта хацеў сказаць суседу, але той штурхнуў яго локцем пад бок: «Ціха!»

— Жыў у Францыі некалі адзін разумны чалавек. Ён сказаў: «Пасля хлеба самае важнае для народа — школа». Вашыя дзяды і нават многія бацькі не хадзілі ў школу, не навучыліся грамаце. А непісьменны чалавек, як сляпы. Бацькі вашыя хочуць, каб вы знайшлі сабе лепшую дарогу ў жыцці, а для гэтага трэба авалодаць навукай. Тады вам лягчэй будзе ваяваць са злом і несправядлівасцю, якая яшчэ пануе на свеце. Прыйшоў, нарэшце, такі час, калі людзі ў Расіі не хочуць па-ранейшаму цягнуць ярмо прыгнёту. Рабочыя патрабуюць новага жыцця, бунтуюцца салдаты і матросы, вёска дабіваецца зямлі і волі. Пакуль што штык і нагайка мацней народнай волі. Але гэта толькі да пары, да часу. Пакуль народ цёмны, яго лягчэй трымаць у пакоры... Дарагія дзеці! Любіце кнігу, яна навучыць вас разумець жыццё, яна дасць вам сілу і розум. Няхай засвеціць у вашае акенца сонца асветы, няхай вашая жыццёвая дарога не зарасце дзірваном... Смела ідзіце ў жыццё, дабівайцеся справядлівасці, не схіляйце галавы перад злом і нядоляю. Кніга, асвета дапамогуць вам жыць шчасліва і радасна...

Сам Кастусь застаўся задаволены сваёй уступнай размовай, бо не крывіў душой, гаварыў без аглядкі на тое, што нехта данясе інспектару ці ў дырэкцыю народных вучылішчаў.

Потым ён гаварыў з кожным вучнем, даваў яму чытаць ці рашыць вусна невялічкую задачку. Перш чым запісаць вучня ў свой журнал, хацелася хоць збольшага ведаць яго падрыхтоўку. Хлопцы бянтэжыліся, чыталі кепска, задачкі рашалі яшчэ горш...

Мінуў тыдзень, другі, і Кастусь як мае быць уцягнуўся ў работу школы. 3 вялікай радасцю і нават захапленнем аддаваўся працы. Ён толькі цяпер зразумеў, што без школы і дзяцей яму было б сумна і цяжка зімаваць тут, у глухім кутку Наднямоння. Сябры даўно раз’ехаліся, хто ў школу, хто падаўся на іншыя заработкі.

Што ён цяпер рабіў бы адзін, каб не школа? А так, братачка мой, і душы задаваленне і сякую-такую капейчыну прынясе ў хату. Зіма пройдзе ў клопатах пра школу, а там, глядзіш, следства пра з’езд закончыцца, і, можа, нікога ў суд не пацягнуць. 3 усіх толькі ўзята падпіска аб нявыездзе. Кастусь таксама падпісаўся, што нікуды не паедзе са Смалярні. А куды паедзеш, куды? Праўда, за кожным настаўнікам — удзельнікам з’езда ўстаноўлены яшчэ тайны нагляд. Пра гэта яму ніхто не казаў, але гэта было і так добра відаць: не праходзіла ніводнага тыдня, каб ураднік ці які стражнік не заглянуў у леснічоўку.

Настаўнік на гэтыя «візіты» не звяртаў асаблівай увагі. Усё крамольнае — нелегальная літаратура, лістоўкі, якія друкаваў на гектографе Бязмен у Карэлічах, пісьмы сяброў — было прыхавана надзейна ў лесе пад вываратнем.

Трывожыла іншае. Не так даўно Міцкевіч атрымаў пісьмо ад Белазерчыка. Цяперашні настаўнік Верхменскага народнага вучылішча прасіў, каб Кастусь адмовіўся ад байкоту свайго месца, а не, дык ён, Белазерчык, будзе скардзіцца самому мінскаму губернатару.

Заняты школьнымі справамі, Кастусь некалькі тыдняў не быў у Стоўбцах. Дарога пасля дажджоў раскісла так, што ні праехаць было, ні прайсці... А калі настаўнік нарэшце зайшоў на пошту, Цвілы неяк загадкава падміргнуў яму і сказаў:

— Пачытай, пане педагог! Вунь на апошняй старонцы.

Кастусь узяў газету «Голос провинции» ад 28 кастрычніка. Белазерчык пісаў у рэдакцыю, што яго прымушалі пакінуць месца, але ён не думае гэтага рабіць. Прозвішча Міцкевіча ўпаміналася толькі адзін раз. Тон даволі стрыманы. Але ў дырэкцыі народных вучылішчаў і, вядома, у губернскім праўленні ўзялі яшчэ раз на заметку Міцкевіча. Добра, што не сваёй рукой ён запаўняў тую адносіну Часовага бюро, адрасаваную Белазерчыку...

Асенні дзень кароткі, не аглянешся — ужо вечарэе. Увесь час, ад відна і да змяркання, Кастусь аддаваў вучням, а вечарамі пісаў. Пісаў многа. 3 Вільні прасілі прысылаць вершы, апавяданні, гумарэскі.

Кастуся радавала яго школа, бо за якія два месяцы яму многае ўдалося зрабіць. Цяпер у школе дзесяць платных вучняў. Гэта ў асноўным дзеці чыгуначнікаў, але некалькі чалавек ходзіць з Яблонаўкі і Задвор’я. Трое сваіх: сястра Алена, браты Юзік і Міхась. Усяго набралася трынаццаць — якраз як сесці на адной і другой лаве.

Ужо цяпер настаўніку было ясна: двух-трох хлопцаў можна смела рыхтаваць да экзаменаў за народнае вучылішча. Быў прыемна задаволены ён і сваімі «першакамі». Многія з іх усіх літар не ведалі, а цяпер чыталі, як рэпу грызлі. Асабліва Гэля Качановіч. Вось што значыць трымаць пад сваёй увагай кожнага вучня кожны дзень. Дый на дзяцей нельга крыўдаваць: той добры працавіты настрой, якім жыў настаўнік, перадаваўся ім.

Яшчэ лепш ішлі літаратурныя справы. Цяпер у Вільні выдавалася беларуская газета «Наша ніва». На яе старонках ахвотна друкавалі Якуба Коласа, Дзядзьку Каруся, Тамаша Булаву, К. Альбуцкага. 3 рэдакцыі чамусьці патрабавалі, каб Міцкевіч вершы падпісваў адным псеўданімам, прозу — другім, а артыкулы і допісы — трэцім. Толькі пазней даведаўся Кастусь, чым дыктавалася гэтая невялічкая рэдакцыйная хітрасць: няхай чытач думае, што ў газету пішуць не адзін, а некалькі аўтараў.

3 вялікай ахвотай, з нейкім унутраным гарэннем, як некалі ў Пінкавічах і Верхмені, праседжваў ён вечары, а часам і ночы. Пісалася лёгка, пісалася многа. Вершы свае ён даўно вынасіў, над імі не трэба было доўга сядзець, яны ліліся ракою з яго сэрца. Бывалі такія нумары газеты, дзе змяшчаліся па два, а то нават і па тры яго матэрыялы. Гэта бадзёрыла маладога паэта і надавала яшчэ больш жадання пісаць. Праўда, некаторыя найбольш смелыя і вострыя вершы траплялі не ў газету, а ў рэдакцыйны кош. Ды нічога! Гэта не бянтэжыла Кастуся, ён перапісваў іх у асобны сшытак. А можа, калі спатрэбяцца і гэтыя творы.

Дзядзька Антось часам увечары даставаў з-пад бэлькі газеты, садзіўся бліжэй да газоўкі і чытаў:

На камінку корч пылае;

Каля печы дзед сядзіць,

Бацька лапці папраўляе,

Маці ніткі села віць...

Дзядзьку абступалі дзеці, падсоўвалася з кудзеляю маці. Чыталі не толькі Кастусёвы вершы, але ўсё цікавае, што было ў газеце...


ЗНОЎ ПЯРЭБАРЫ

Панове з Нясвіжскай княжацкай ардынацыі і падпанкі, што аціраліся каля начальства ў Акінчыцкім лясніцтве, коса і падазрона паглядалі на Кастуся і яго школу ў Смалярні.

Зрэдку заглядаў у леснічоўку ўраднік. Часцей, чым звычайна, пачаў наведвацца аб’ездчык Абрыцкі. Ён невысокага росту, таўсматы, у вялікай заечай шапцы і хвацкім кажушку. У яго вялікія рыжаватыя вусы, у роце заўсёды дыміць крывая люлька. Прыязджае Абрыцкі верхам у сядле, а ў самыя маразы на важнецкім вазку.

Аб’ездчык лёгка злазіў з сядла, прывязваў да шула свайго каня, заходзіў на кухню, кашляў у кулак і пытаўся, дзе настаўнік, хоць сам чуў Кастусёў голас: у святліцы ішлі заняткі. Убачыўшы аб’ездчыка ці яго каня, настаўнік адпускаў дзяцей на перапынак, а сам выходзіў пагаварыць з Абрыцкім.

Аб’ездчык паводзіў сябе не па-людску: стаяў у парозе, не хацеў садзіцца, хоць дзядзька выдыгаў перад ім, як толькі мог:

— Проша, пане Абрыцкі, проша! Такі дарагі і жаданы госць...

Калі заходзіў Кастусь, аб’ездчык кожны раз пачынаў гаворку адным і тым жа запытаннем:

— Ну, як жывеш? Што робіш?

Відавочна, Абрыцкі атрымаў даручэнне сачыць, чым займаецца звольнены з пасады настаўнік. Гэтая місія была аб’ездчыку не вельмі па душы, але той, хто даваў даручэнне, не лічыўся з яго воляй. Крыўдзіла Абрыцкага і тое, што яму, пажылому ўжо чалавеку, даводзіцца пасвіць жаўтадзюбае птушанё, якое не баялася царскіх улад і не вельмі шанавала панства, што давала прытулак і хлеб яго сям’і. Кажуць, яблыка ад яблыні далёка не адкоціцца, а бач яно як... Міхал быў ляснік добры, служака хоць куды, а яго сын што думае. Вось і вучы мужыка на сваю галаву.

Напрадвесні адбылася ў Кастуся сутычка з аб’ездчыкам. Прымчаў Абрыцкі конна на падворак, накінуў повад на шула і, не прывітаўшыся, пачаў яшчэ з парога лаяць і бэсціць Уладзіка апошнімі словамі: той нешта не ўнаравіў, не так зрабіў, як яму загадаў аб’ездчык. Малыя са страху схаваліся на печ, за камінак. Кастусь, які займаўся з вучнямі ў святліцы, не вытрымаў, выйшаў і сказаў:

— Пасаромеліся б, пане аб’ездчык, так распускаць пры дзецях язык!

— Што?! Як ты сказаў? — вызверыўся Абрыцкі на Кастуся.

Настаўнік смела ступіў крок наперад і спакойна, але рашуча прамовіў:

— Зачыніце, калі ласка, пане аб’ездчык, дзверы з таго боку!

Абрыцкі не чакаў такога павароту, ён падаўся назад, спатыкнуўся аб парог і, як ачмурэлы, выскачыў з хаты...

Пасля гэтага здарэння аб’ездчык пачаў нагаворваць ляснічаму Рачкоўскаму, што ў Смалярні знайшоў прытулак «бунтаўшчык» і «забастоўшчык», і чакаў толькі выпадку, каб прычапіцца да Уладзіка і выгнаць яго са службы. Надыходзіў зручны момант для гэтага: вясною ў лясніцтве ішла ператасоўка леснікоў, іх пераводзілі з месца на месца. Калі ж пастарацца не проста перавесці Уладзіка Міцкевіча, а вытурыць яго з княжацкіх леснікоў, то адпадзе сам сабою абавязак дакладваць жандармскаму падпалкоўніку Солату пра настаўніка.

Доўга меркаваць, як гэта зрабіць, Абрыцкаму не трэба было. 3 восені ў лесе каля Цёмных Лядаў і Арцюхоў хадзіў паранены кімсьці ў нагу лось. Уладзіка цягалі да ляснічага на допыт, але ўсё абышлося: гэта была не яго віна.

Усю зіму кульгавага лося не было відаць, а нядаўна Абрыцкі ўбачыў яго каля Сверанава. На чарговай сесіі аб’ездчык накінуўся на Уладзю:

— Падбіты лось твая работа?

— Дальбог, паночку, не!

— Чакайце, чакайце! — прыгразіў Абрыцкі.— Ты і твой вельмі разумны браценік мяне папомніце...

Расказаў Уладзік дома пра гэту размову.

— Не зважай от,— махнуў рукой дзядзька Антось.— Дрэнчыць яго нейкая трасца...

Восенню ў лясніцтве не прыйшлі да пэўнага скутку адносна лася. Цяпер Абрыцкі зноў падварушыў гэтую справу, заявіў Рачкоўскаму, што ў яго ёсць дакладныя звесткі, чыіх рук гэта работа. Праўда, прозвішча вінаватага ён не назваў, але леснікі ўжо здагадваліся, каго ён мае на ўвазе.

Стары панскі служака Уладзіслаў Абрыцкі цвёрда вырашыў прагнаць Уладзю. Да гэтага ён рыхтаваўся старанна і ўмела. Многае залежала ад обер-аб’ездчыка Юзіка Арцюшэўскага. Трэба было яму ўбіць у галаву, што Міцкевіч кепска выконвае свае абавязкі, не даражыць службаю. Нібыта ён не аднаго лася ўлажыў, а што да сарнаў, то тым і ліку няма...

Хітраму старому воўку Абрыцкаму лёгка ўдалося настроіць Арцюшэўскага супраць Уладзіка. Праўда, той і сам быў крыху вінаваты. Неяк пайшоў Уладзя ў абход і, як на тое вяло, не ўзяў з сабою трубы. А тут адкуль ні вазьміся тройчы затрубіў у рог старшы, выклікае да сябе. У такім выпадку лесніку трэба падаць голас сваёй трубой і спяшацца на панскі кліч. Уладзіку нічога не заставалася рабіць, як загалёкаць на ўвесь лес:

— Чую! Чую! Іду, паночку!

Кінуўся ён напярэсцігі, а снег глыбокі ў кустах, правальваешся па пояс. Пакуль выйшаў на дарогу, рог чуваць ужо з другога боку, недзе каля Задвор’я. Кінуўся туды, упрэла спіна, твар заліло потам. За хвойнікам, каля вёскі, чакаюць яго конна Арцюшэўскі з Абрыцкім.

— Ты чаму, галгане, не адказваеш на мой сігнал? — накінуўся обер.

— Труба сапсавалася, паночку! — не знайшоў што іншае сказаць Уладзік.— Бляхару аддаў паправіць.

Нічога яны не адказалі, адразу пагарцавалі ў леснічоўку. Уладзік, змораны і збянтэжаны, паплёўся за імі ззаду.

Абрыцкі ўскочыў у хату і закрычаў:

— Дзе труба?!

У хаце ляжаў на палку хворы дзядзька Антось. Ён спрасонку адказаў:

— Вунь, на сцяне, паночку...

Абрыцкі схапіў трубу, кінуўся да Уладзіка і пачаў тыцкаць той трубою яму ў грудзі:

— Хлусіш, хаме. Ты ніколі, галгане, праўды не кажаш!..

Цяпер Абрыцкаму заставалася ўламаць бліжэйшага Уладзікавага суседа — лесніка Ігната Лёсіка, які меў пасаду ў Арцюхах. Разлік аб’ездчыка быў і просты, і хітры.

Ігнат Лёсік даводзіцца Уладзіку Міцкевічу дзядзькам, ён малодшы брат яго маці. Трэба прымусіць Ігната пасведчыць, што Уладзік падстрэліў лася. Толькі тады ляснічы паверыць. Ігнат спачатку нават і не даваўся гаварыць. Тады аб’ездчык змяніў тактыку і пайшоў на такі крок:

— А ці ведаеш ты, чалавеча, што твой пляменнічак сказаў мне, што гэта дзядзька Ігнась параніў лася?

— Што? Што Уладзік сказаў? — затрапятаўся збянтэжаны ляснік.— Не, няпраўда! Я не страляў!

Але па тым, як Ігнат Лёсік аднекваўся, хваляваўся і паводзіў сябе ў тую хвіліну, Абрыцкаму стала ясна, што гэта ён спрабаваў забіць лася. Цяпер аб’ездчык насядаў на арцюхоўскага лесніка смела і настойліва. Той быў у яго руках.

— Выбірай адно з двух: або ты пасведчыш, што гэта Міцкевіч вінаваты, або я сам скажу ляснічаму, хто гаспадарыць у княжацкім лесе... Выбірай!

Праз дні тры ў Акінчыцы паклікалі Уладзіка. У сенцах лясніцтва стаялі ўжо леснікі Лёсік і Ліхтаровіч. Уладзік здагадаўся, што рыхтуецца расправа над ім, але якая кара чакае яго, ён яшчэ не ведаў.

Паклікалі Ігната, а праз хвілін дзесяць — Уладзю. За сталом блішчала лысіна ляснічага, тут жа тупаў яго намеснік пан Гедрыновіч. Справа ад стала ляснічага пераступалі з нагі на нагу Арцюшэўскі з Абрыцкім, каля іх, панурыўшы галаву, стаяў Ігнат.

— Хто падстрэліў лася? — падняў лысіну Рачкоўскі.

— Не ведаю! — зрабіў крок да стала Уладзік.— Я не страляў...

— А што ты скажаш? — звярнуўся Гедрыновіч да Ігната.

Лёсік маўчаў, апусціўшы галаву.

— Гавары, не бойся! — насядаў на Ігната Абрыцкі.— Гавары тое, што ты нам нядаўна казаў...

— Ну! — падняўся за-за стала Рачкоўскі.

— Ён! — ціха прамовіў Ігнат і паказаў пальцам на Уладзіка.

— Дзядзька Ігнась, што вы гаворыце? — закрычаў Уладзік.— Як вы можаце браць такі грэх на сваю душу? Перад богам клянуся!..

Але ніхто яго не слухаў. Стаяў Уладзік, як аглушаны, і ніяк не мог прыйсці да памяці. Гэта ж падумаць толькі! Свой чалавек, а якую напасць узводзіць. Божа літасцівы!

Так дзядзька Ігнась дапамог Абрыцкаму выжыць Уладзіка са службы. Прызначэнне ў Смалярню атрымаў Ліхтаровіч, а Міцкевічам хоць з моста ў рэчку. Асабліва перажываў Кастусь. Яму думалася, што гэта бяда прыйшла ў хату толькі праз яго.

Усе старэйшыя ў леснічоўцы хадзілі, як прыбітыя. Адзін толькі дзядзька Антось не разгубіўся, запрог каня і паехаў у Нясвіж. Вярнуўся ён толькі назаўтра пад вечар. Цераз знаёмых падпанкаў, што служылі пры замку, яму ўдалося выстарацца ўзяць у арэнду княжацкую карчму ў Мікалаеўшчыне, а таксама зямлю і сенажаці пры ёй.

— Ну, то і добра! — сказала маці.— Няхай бог крые і бароніць выслухоўваць больш крыкі Абрыцкага ці якога іншага чорта.

Неўзабаве Ліхтаровіч заняў тую палавіну, дзе была Кастусёва школа. Самі ж Міцкевічы не маглі яшчэ перабрацца на новае месца: Моўша сядзеў у карчме. Праўда, ён абяцаў праз які тыдзень рушыць у дарогу.

Неспадзяваныя падзеі прыскорылі заканчэнне навучальнага года ў Смалярні. Але праца Кастуся не прапала марна: тры вучні тым летам здалі ў Стоўбцах настаўніку Бормату экзамен за народнае вучылішча...


КАРЧМА

— У каторы раз пярэбары,— наракала маці.— Вось каб быў кавалачак свае зямліцы, то не ганялі б, як Марку па пекле... Можа, і кепска зрабілі, што тады не аселі ў Смальгаўку. Ужо даўно і хату агоралі б там, абжыліся, прывыклі неяк і жылі... А цяпер?

— От, Ганна, на плач вельмі,— суцяшаў кабету дзядзька Антось.— Нам яшчэ пашэнціла. Што мы рабілі б, ты мне скажы, калі б не выязджаў Моўша? А так мы жывем! Абрыцкаму кланяцца не трэба. Зямля добрая. Праўда, раскідана там і сям. Не забывайся і на тое, што можна кусок зямлі выкупіць. Толькі перш нагледзім, дзе лепш, і пачнем з восені ўносіць задатак, а там лесу купім, хату паставім...

— Ты як выведзеш, Антоська, дык выходзіць — добра, што нас выгналі са Смалярні і мы пераязджаем у Мікалаеўшчыну?

— Вядома, добра! — не здаваўся дзядзька.— Рана ці позна, а прыйшлося б кідаць Уладзіку сабачую службу... Крыўдна, што свой чалавек не памагае табе, а топіць цябе. Не чакаў я такога ад Ігнася, але няхай бог будзе яму суддзя... Можа, гэта якраз на шчасце выкіроўваецца... Пажывем гадоў колькі ў карчме, а там за сваю хату возьмемся.

Пераязджалі ў самае разводдзе. Шчасце, што лясная дарога праз Арцюхі не была раз’езджана. Прыехала мікалаеўская радня, падахвоціўся і будучы сусед Юзік Белы, але ўсё роўна за адзін раз на пяці падводах усё не забралі. Здаецца, не так і многа таго скарбу ў хаце, але як пачынаеш укладваць на воз, дык збіраецца ўсякага ламачча. Салома і сена ў гумне, бульба ў варывеньцы, сані пад паветкаю, пустыя кадушкі, бочкі і дзежачкі, варштат у сенцах — усё гэтае і многае іншае начынне засталося ў Смалярні.

У самым пачатку Казённай вуліцы, пры Нёмане, на высокім каменным падмурку здавён-даўна стаяла карчма. Была гэта вялікая будыніна: тры акны пазіралі на вуліцу, тры ўглядаліся ў Нёман, тры выходзілі на шырокі падворак, адкуль быў заезд у стадолу, дзе падарожныя людзі ставілі коней.

Пры карчме здаваліся ў арэнду княжацкія пусткі — зямля і сенажаці ў Русаковічах, Смольні, Пажарніцы, Будах. Моўша наймаў парабка, які абрабляў зямлю, а сенажаці прадаваў мікалаеўцам. За зямлю і сенажаці ён і наскрабаў сотню рублёў, якія плаціў за арэнду. Ён лічыў гэта нявыгадным заработкам і вясною 1907 года кінуў наседжаны кут і падаўся да сыноў, за акіян.

Карчма даўно была без догляду і рамонту. Сцены пакрывіліся, падаконнікі павыгнівалі, столь закурана. У пярэдняй земляная падлога з ямінамі; у пакоях, дзе жыў Моўша з сям’ёю, нібыта паслана падлога. Дошкі пассыхаліся, дзе пагнілі — усюды дзіркі і гразь...

Цэлы тыдзень дзень у дзень кіпела ў карчме работа. Усё мылі, шаравалі, бялілі — добра, што вада блізка: Нёман падыходзіў ледзь не да самага парога. Вокны насцеж — няхай выветрываецца хата, выходзіць кіслы дух. Дома завіхаліся маці і дзяўчаты. Дзядзька Антось, Уладзік і Кастусь таксама не сядзелі склаўшы рукі. Мужчыны перавезлі са Смалярні рэшту свайго дабра, а потым узяліся за плуг і сявеньку.

Пераезд са Смалярні ў карчму, хатнія клопаты выбілі Кастуся на нейкі час з творчай каляіны. Можа, з месяц ці нават больш не браўся ён за пяро: то настрою няма, то часу, то прыйдзе Уладзік Сальвэсяў — таксама звольнены настаўнік — і цягне да знаёмых хлопцаў.

У вёсцы па-ранейшаму была свая «панская» зборня. Пакуль не прыехалі на летнія канікулы мясцовыя настаўнікі, верхаводзіў там дзяк Жыжэйка. Высокага росту, хударлявы з твару, зімою і ўлетку ён хадзіў у нейкай чорнай апранасе з доўгімі фалдамі. Добры піяка і забіяка, востры на слова, дзяк вычвараў такое, што ніяк не стасавалася з яго духоўным званнем.

У Жыжэйкі нічога не было святога. Мікалаеўцы доўга расказвалі, як ён аднойчы ноччу пайшоў трэсці чужыя кашы-бучы, расстаўленыя ў Пастаўніковай луцэ. Дзяк натрос рыбы, але ўрэшце праваліўся ў палонку і ледзь-ледзь выбраўся з яе. Пакуль ускочыў у хату, увесь абледзянеў. Назаўтра — было гэта ў нядзелю зранку — прыходзіць да яго царкоўны стараста і пытаецца, ці не пара званіць.

— Ані дзвэнк! — падняў галаву з падушкі Жыжэйка.— Як бог да мяне — так і я да бога!

Дзяк меў свой гармонік і хвацка іграў на ім. У нядзелю ці якое свята ён гармонік у рукі — і пайшоў па вуліцы. Схіліць галаву набок, рэжа наўдалую, аж мяхі трашчаць, сам падпявае, а часам яшчэ і прытанцоўвае. За ім з крыкам і смехам валіць цэлая чарада дзяцей, але дзяк-гарманіст не зважае на іх.

Быў у яго грамавы бас. Як пачне чытаць «Апостала», дык, здаецца, царква разваліцца. Бывала, збяруцца дамоў настаўнікі перад вялікаднем, сядзяць дзе-небудзь на ганку на дзесятым двары, а дзяку наказваюць:

— Ты ж, братко, чытай на ўсяночнай так, каб і мы чулі...

За яго паводзіны, выгляд, голас і дзікі рогат поп Красоўскі празваў Жыжэйку Мефістофелем.

Як толькі Міцкевічы пераехалі ў карчму, на трэці дзень прыцягнуўся да іх «пад мухай» дзяк. Ён прыйшоў знаёміцца з Кастусём і прасіцца на кватэру. Пад сакрэтам сказаў настаўніку, што таксама піша вершы, але не мае часу пасылаць іх у газеты. Каб пераканаць Кастуся, дастаў з кішэні лісток і прачытаў:

Самовар на столе кипит,

Пришел Скоробогатый чай пить...

Ні ладу, ні складу не было ў дзяковым «вершы». Прыйшлося далікатна выправадзіць яго з хаты. На развітанне Жыжэйка з крыўдай сказаў:

— Я да вас з добрым сэрцам. Думаў, на кватэру возьмеце, а потым, можа, і сваяком стану. Вунь да той,— паказаў дзяк на Міхаліну,— мог бы хоць заўтра сватоў паслаць...

Пачуўшы гэта, дзяўчына пырснула са смеху і выбегла ў бакоўку. Ну і было ў той вечар жартаў і смеху! Дасталося беднай Міхаліне, дый Жыжэйку, відаць, не адзін раз ікнулася...


ГІБКАЯ КЛАДКА

Даўно ў карчме не шынкарылі, сам Моўша з жонкай недзе ў Лібаве чакаў свае чаргі, каб сесці на параход, а мікалаеўцы па даўняй звычцы ў суботу ці нядзелю збіраліся на лаўцы каля хаты, дзе пасяліліся Міцкевічы-Альбуцкія.

Так называлі ў вёсцы Кастусёвых бацькоў у адрозненне ад іншых Міцкевічаў — Геравых, Чыжыкавых, Сотнікавых. Трэба сказаць, што ў Мікалаеўшчыне многа было Міцкевічаў, траха не чвэрць сяла...

Так ужо здаўна павялося, што карчма ў вёсцы — гэта месца ўсіх зборышчаў, ігрышчаў і сходак. Тут заўсёды ў святы дзень, а часам і ў будні збіраліся мужчыны пакурыць, пагаманіць, абмеркаваць навіны. Тут канторшчыкі наймалі мікалаеўскіх плытнікаў гнаць плыты, тут пілі барыш, сюды ішлі жанкі шукаць сваіх гаспадароў-пустадомкаў. Хочаш ведаць вясковыя навіны ці знаць, што дзеецца на свеце,— ідзі ў карчму. Там усё пачуеш, усё пабачыш...

Спачатку, як толькі перабраліся ў карчму, дзядзька Антось хацеў раскідаць лаўку. Рагочуць, галёкаюць пад вокнамі, не даюць спаць, а потым махнуў рукою.

Збяруцца мужчыны, кураць, гамоняць пра тое ды сёе, успамінаюць, як ашуквалі Моўшу і выцыганьвалі ў яго кватэрку гарэлкі.

Як хто, а Кастусь быў рады, што каля карчмы па-ранейшаму збіраюцца мікалаеўцы. Па-першае, разам з дзядзькамі ідуць у карчму і мясцовыя настаўнікі, якія з’ехаліся ў родную вёску на лета. I нікому гэта вельмі не кідаецца ў вока. Па-другое, настаўнікам не трэба збіраць людзей, каб пагаварыць з імі. Хіба Сымон Самахвал, які ідзе праведаць сябра, можа прайсці міма мікалаеўцаў? Ён раскажа, чаму цар другую Думу разагнаў, што было ў вёсцы Сетча Ігуменскага павета, куды вядзе Расію Сталыпін, хто такія чарнасоценцы...

Сымон умее гаварыць: дзе жартам, дзе ўсур’ёз. I анекдот раскажа. Гаворыць так, што да яго не вельмі прычэпішся, калі б тут апынуўся і той, каго настаўнікам трэба асцерагацца. Кастусь падыдзе, і гаворка ідзе весялей і жвавей. Карусю Семяняку ці Андроцкаму Казіміру або каму іншаму цікава паслухаць настаўнікаў. У іх можна смела пытацца, хто такія сацыялісты і чаго яны дабіваюцца, што такое канстытуцыя. Калі людзі тут свае, то Кастусь і верш свой прачытае:

Канстытуцыю далі,

Адчынілі дзверы,

I... ў астрог нас павялі,

I таўкуць без меры...

Настаўнікам тады, летам 1907 года, здавалася, што вось-вось зноў падымецца на ногі ўся Расія, толькі трэба адкрыць народу вочы, расказаць праўду... Энергіі і смеласці ў іх хапала. Днём пісалі пад капірку лістоўкі і звароты, а ноччу разносілі па бліжэйшых вёсках. Кастусь з Сымонам складалі лістоўкі самі, заклікалі сялян не плаціць падаткі, а плытнікаў і рабочых-лесарубаў не выходзіць на працу, пакуль ім не павялічаць плату. Пракламацыі, якія траплялі ў Мікалаеўшчыну з Мінска і іншых гарадоў, настаўнікі старанна перапісвалі і пускалі ў людзі бунтаваць Наднямонне.

Ураднік і два стражнікі цікавалі за настаўнікамі, сачылі за іх кожным крокам, вынюхвалі, што тыя гавораць і робяць. Яны здагадваліся, што настаўнікі не толькі падбухторваюць сялян сваімі гаворкамі, але і лістоўкі супраць цара і начальства — справа іхніх рук. Але паспрабуй дакажы, калі ні аднаго не ўдалося злавіць, як ён іх расклейваў, пісаў або нёс пры сабе. У той жа час віна іх была відавочная: зімою лістовак не было і повідам, з’яўляліся яны ў чэрвені, калі з’ехаліся ў вёску настаўнікі. Супадзенне невыпадковае! Але даносы мясцовай варажбіткі Магдалены Варэйчыхі, якая тайком перапрадае гарэлку, да справы не падшыеш.

Стражнікі пачалі асабліва ўважліва сачыць за былой карчмою. Хлопцы тады перабраліся ў гумно да Уладзіка Сальвэсевага, ажно на Стаўлецкую вуліцу.

Гумно стаяла далёка ад хаты і ўпіралася ў палеткі, а за палеткамі крыху збоку — Канцывалокі, а далей Залесее. Хлопцы зрабілі патайны выхад-падкоп пад сцяной гумна і засыпалі яго сечкаю. Калі што якое, дзверы не трэба адчыняць, а проста шусь у яму, разгроб сечку і пасмаліў на Залессе. Сальвэсь паставіў у гумне бочку бураковага квасу. Хлопцам добра смагу прагнаць, і ёсць прычына хадзіць у гумно.

Стражнікі заўважылі, што настаўнікі перасталі збірацца ў карчме. Адзін з іх неяк перапыніў малую Маню і пытаецца:

— Дзе ваш Косцік падзеўся?

— Паехаў з дзядзькам Антосем сена касіць,— адказала дзяўчына так, як яе навучылі старэйшыя.

Вечарам Маня расказала брату пра стражніка.

— Эх, каб падпільнаваў каторага ў лесе і дзеўбануў дручком між вушэй,— сказаў ні то жартам, ні то ўсур’ёз Кастусь.

Праз тыдзень той самы стражнік зноў тыц нос у карчму.

— Ты чаго да нас ходзіш? — строга падступіла да яго Маня.— Брат казаў, што падпільнуе цябе ў лесе і калом рэбры палічыць...

— Хе-хе-хе! — засмяяўся стражнік.— Я табе цукерак прынёс... Скажы ты мне, якія песні ведаеш?

— «Марсільянку» ведаю...

— А як яна пачынаецца?

— Як? Я зараз успомню,— адказала малая і зацягнула:

Раве ды стогне Днепр шырокі...

— А яшчэ?

— Яшчэ ведаю такую песню:

Развялося стражнікаў,

Як якой жывёлы,

Ад іх плёшак і шнуроў

Чырванеюць сёлы...

Ну і было крыку і смеху ў хаце, калі Маня пахвалілася, як яна другі раз гаварыла са стражнікам! Малая ў плач, а Кастусь прытуліў яе і пацалаваў у лоб:

— Мая тыя сястрычка! Малайчына! Так ім, сабакам, і трэба. Добра секанула!.. А больш хаця нічога не казала? Не? Ну, то і добра!..

Аднак стражнікі высачылі месца, дзе збіраюцца настаўнікі. Неяк хлопцы прыйшлі ў хату паснедаць, толькі селі за стол, як убягае Сальвэсь:

— Стражнікі каля Замка ўжо! Ідуць сюды.

Настаўнікі шуснулі хуценька на агарод, а адтуль заламалі ў каноплі, і толькі іх бачылі... Стражнікі доўга трэслі ў гумне салому, перакідвалі з месца на месца дзяружкі, забралі з сабою некалькі кніг. Але Уладзіка Сальвэсевага неўзабаве ўсё ж такі арыштавалі і павезлі ў Мінск.

Кастусь з Сымонам яшчэ доўга хаваліся то ў склепе Скарабагатых на Дворнай вуліцы, то ў Паласенскім лесе, то на сенажаці. Потым Сымон атрымаў прызначэнне і паехаў на службу. Сталі раз’язджацца і астатнія настаўнікі. Неўзабаве давялося і Кастусю збірацца ў дарогу: прыйшло прадпісанне 12 жніўня 1907 года з’явіцца ў Мінск на следства па справе настаўніцкага з’езда. Хацеў спачатку не ехаць, хоць у позве і была прыпіска: «У выпадку няяўкі вы будзеце арыштаваны і дастаўлены па этапу». Маці разважыла па-свойму:

— Сыночак, гордага і непакорнага нават бог з неба спіхае... А хавацца — кладка гібкая... Калі б хацелі арыштаваць, то падпільнавалі б і забралі б, як Уладзіка. А калі самі клічуць, то трэба ехаць...


«АСАДЗІ НАЗАД!»

— Каб адкрыць рэдакцыю, многа не трэба. Калі маеш дванаццаць унцый маладога энтузіязму, а яшчэ кватэру ў горадзе, свой прымус, чайнік, дзве шклянкі і адміністратара, дык гэта лёгка зрабіць. Праўда, забыўся яшчэ сказаць, што адміністратар павінен быць сакратаром, сторажам і кухарам. А ў дадатак трэба, каб яго кармілі і адзявалі бацькі ці жонка, бо ў нас няма грошай яму плаціць,— весела рагатаў, тлумачачы некаму ўмовы працы ў беларускай газеце, яе рэдактар Аляксандр Мікітавіч Уласаў.

Перагародка дашчаная, толькі заклеена аблезлымі шпалерамі, і Кастусю ўсё добра чуваць.

Пайшоў вось ужо трэці месяц, як ён цягне цяжкае рэдакцыйнае ярмо. На яго плячах многа клопату, уся асноўная чарнавая работа. Ён габлюе шурпатыя і сукаватыя вершы, ператрасае і правіць артыкулы і апавяданні, скарачае іх, калі трэба, перакладае. У яго абавязкі ўваходзяць яшчэ і пісьмы: найбольш цікавыя выбраць для газеты, а на астатнія даць адказ. Усяе платы за гэта — абед у таннай сталоўцы, гарбата, што ўвесь дзень грэецца на прымусе, і надзея трапіць на вучобу ў Кракаўскі ўніверсітэт. У рэдакцыі Кастусь не толькі днюе, але і начуе. У прамым і пераносным сэнсе. Праўда, увечары ён яшчэ ходзіць даваць прыватныя ўрокі, каб зарабіць якую капейку. Але на сваю долю не наракае: цераз нумар-другі ў газеце друкуюцца яго вершы і апавяданні. Цяпер ён сам прыдумляе новыя псеўданімы — Лесавік, Ганна Груд, Агарак, Пятрусь Дзягіль, каб не так кідалася ў вочы, што часта друкуецца Якуб Колас...

Ён тады добра зрабіў, што паслухаўся маці, не стаў хавацца, а паехаў у Мінск на допыт. Жандарскі ротмістр больш цікавіўся Кастусёвым почыркам, чым настаўніцкім з’ездам. Напрошвалася пытанне: «Ці не трапілі яму ў рукі якія самаробныя лістоўкі?» Праўда, адна акалічнасць усцешыла настаўніка: у павятовым паліцэйскім упраўленні яму выдалі афіцыйны дазвол на права жыхарства ў Вільні і іншых мясцінах Паўночна-Заходняга краю. Значыцца, яго не лічаць вялікім злачынцам, калі дазваляюць жыць і працаваць нават у горадзе, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя самога генерал-губернатара. З’явілася надзея, што ўвогуле ўся судовая справа са з’ездам у Мікалаеўшчыне будзе спынена. Тады ўра! Цяжкая гара зваліцца з Кастусёвых плеч.

Вясною прыязджаў у Вільню, але доўга не заседзеўся ў рэдакцыі. Ноччу прыйшлі гарадавыя, ператрэслі яго манаткі і загадалі, каб праз тры дні і духу яго тут не было. Цяпер жа Кастусь можа быць смелы, ніякі чорт не прычэпіцца. Ліха яго бяры, што з грашыма скупа, але затое на сэрцы весялей...

За перагародкай чуваць жаночыя галасы і вясёлы смех рэдактара. Кастусь ніяк не можа зразумець, ці гэта такі характар у чалавека, ці ён так умее трымаць сябе на людзях. Потым дзверы адчыняюцца, і на парозе паказваецца сам Аляксандр Мікітавіч. Ён высокага росту, у паношаным бастонавым касцюме, з-пад камізэлькі выглядае модны гальштук. На прыгожым твары з заліхвацкімі вусамі радасная ўсмешка:

— Прашу, прашу, Елізавета Андрэеўна, і вы, Аляксандра Георгіеўна, заходзьце... Тут у нас сядзіць сам Якуб Колас. Ён не толькі свае вершы піша, але і чужыя падгладжвае...

У пакой увайшлі мілавідныя дзяўчаты, з выгляду настаўніцы ці курсісткі. Кастусь хуценька ўстаў, прынёс з рэдактарскага кабінета крэслы, пасадзіў дзяўчат.

— Я хросны бацька Якуба Коласа,— хваліўся рэдактар.— Знайшоў яго не праз абвестку ў газеце, а цераз плытнікаў з Мікалаеўшчыны. Ёсць такая вёска на Нёмане. Яна пастаўляе не толькі рачных ваўкоў-плытнікаў, але і народных настаўнікаў ды яшчэ і, як бачыце, паэтаў... Сеў я аднойчы ў Коўні ў вагон трэцяга класа, а там едуць плытнікі. Разгаварыўся з адным хлопцам, стаў яму вершы Мацея Бурачка чытаць, а ён мне кажа: «У нас адзін настаўнік сам вершы складае і смешна чытае па-нашаму: «Льецца Нёман паміж гораў, поўны сілы і красы...»

Дзяўчаты пачалі прасіць Кастуся, каб ён прачытаў ім што-небудзь з новых вершаў. Пажадана з тых вершаў, якія не трапілі яшчэ ў друк ці ўвогуле не трапяць.

— Што ж вам такое прачытаць? — задумаўся паэт і сказаў: — Верш называецца «Асадзі назад!»:

Дрэнна маё жыцце,

Усё ідзе не ў лад,

I крычаць мне ўсюды:

«Асадзі назад!»

Верш новым Кастусёвым знаёмым спадабаўся. Трэба сказаць, што і аўтар прачытаў яго на дзіва артыстычна. Пачаў чытаць ціха, глухаватым голасам, але ўнутраны драматызм, гумар і іронія, якімі быў прасякнуты верш, яркі дыялог дазволілі Кастусю мяняць інтанацыю.

— Ну, Саша, вось табе яшчэ адзін доказ,— узрадавалася Ліза,— якая прыгожая і мілагучная беларуская мова... Калі аўтар нічога не мае супраць, то я запісала б гэты верш.

— Нашто запісваць? — умяшаўся рэдактар.— Мы верш неўзабаве надрукуем у нашай газеце.

Так Кастусь Міцкевіч пазнаёміўся з настаўніцамі Алесяй Зотавай і Лізай Карніловіч.

Знаёмства з Алесяй Зотавай многае дало Кастусю. Малады паэт, які звыкся з адзінотай і няўтульнай рэдакцыйнай бакоўкай, раптам трапіў у віленскі дом, дзе збіралася перадавое мясцовае настаўніцтва двух пакаленняў. Алесін бацька працаваў настаўнікам у рэальным вучылішчы, і да яго вечарамі сыходзіліся калегі — розныя калежскія сакратары і надворныя саветнікі. У дачкі была свая кампанія. Праўда, сярод настаўнікаў у форменных віцмундзірах, зашпіленых на ўсе бліскучыя гузікі, Кастусь адчуваў сябе няёмка. Больш па душы яму была шумлівая і гаваркая моладзь.

Паміж двума пакаленнямі віленскага настаўніцтва ўсчыналіся частыя спрэчкі адносна грамадска-палітычнага жыцця краіны. Толькі ў адным пытанні абодва пакаленні былі амаль салідарныя: яны з цікавасцю слухалі Кастусёвы вершы і... у той жа час выступалі супраць беларускай мовы. Адчувалася казённая афіцыйная закваска. Дый усе яны былі гарадскія жыхары, чулі беларускае слова толькі на віленскім рынку. Кожны раз Кастусь вытрымліваў нялёгкі бой, на яго баку былі звычайна толькі студэнты Віленскага настаўніцкага інстытута Лукаш Гарбацэвіч і Сямён Анішчук, беларускія хлопцы, адзін з Дукоры, а другі з-пад Слоніма.

Можа, па гэтай прычыне, а мо таму, што Кастусь увогуле не любіў вялікіх і шумных зборышчаў, ён з большай ахвотаю ішоў з Алесяй, а часам і з Лізай (яна працавала настаўніцай недзе каля Маладзечна і бывала ў Вільні наездамі) у кінематограф ці тэатр.

Як падмарозіла і выпаў першы скупаваты сняжок, усёй кампаніяй хадзілі па горадзе, узбіраліся на Замкавую гару. Аднойчы Лукаш, любуючыся з гары віленскімі купаламі і гатычнымі вежамі, падаў прапанову:

— Давайце ўсе разам паедзем у Пецярбург. Якраз каляды ідуць... На дні два-тры. Паглядзім горад... Няўжо мы не можам дазволіць сабе гэтага?

Яго прапанову падтрымалі ўсе, але на дамоўленым месцы каля касы вакзала 23 снежня Зотава застала толькі аднаго Кастуся Міцкевіча.

— Аляксандра Георгіеўна, едзем? — радасна прывітаўся Кастусь.

— Едзем! Няхай астатнім будзе сорамна, што не стрымалі слова.

Кастусь упершыню трапіў у Пецярбург. Прайшоўся па шумлівым святочным Неўскім, палюбаваўся Ісакіем, пабачыў славутага Меднага Конніка, Зімні палац, страшную Петрапаўлаўскую крэпасць. Закаваная лёдам, стыла на марозе дзяржаўная Нява.

Паездка гэтая і для Алесі і для Кастуся не была поўнасцю ўдалай. Усе чатыры дні, якія яны былі ў Пецярбурзе, стаялі суровыя калядныя маразы. Добра, што Кастусь не пашкадаваў і ўзяў у дарогу сваё новае зімовае паліто з шэрым баранковым каўняром і такую ж баранковую шапку. Зотава — сакратар нелегальнага віленскага саюза настаўнікаў ехала з надзеяй пабачыць прадстаўнікоў Усерасійскага саюза і пагаварыць з імі па Кастусёвай справе. Тройчы хадзілі яны, але ні разу не засталі патрэбнага ім чалавека: настаўнік той выехаў з горада, яго шукала паліцыя... Урэшце, у дзень ад’езду са сталіцы Кастусь занядужаў, і яму ўсю дарогу было кепска.

Вярнуліся ў Вільню перад вечарам у суботу, 29 снежня. Мароз і тут узяўся не на жарты. Як ні ўпіраўся і ні аднекваўся Кастусь, Алеся сілком пацягнула яго дамоў:

— Канстанцін Міхайлавіч, я вас не пушчу ісці цяпер у рэдакцыю... Мама знойдзе якіх лекаў, вып’еце гарачай гарбаты... Вы ж хворы!

— Мілая і дарагая Аляксандра Георгіеўна, адпусціце грэшную душу маю на пакаянне... Лепш я прыйду да вас заўтра... Трэба вам адпачыць пасля дарогі, і мне таксама. Ніякі я не хворы, проста змарыўся трохі...

Кастусь не хацеў ісці да Зотавых, нібы сэрцам адчуваў, што яму прыйдзецца там трымаць цяжкі бой за роднае слова. Цэлае застолле праферансістаў радасна прывітала падарожнікаў. Не паспеў Кастусь абагрэцца, як прыйшлося садзіцца і выпіць «штрафную». Потым слова за слова і пайшла, як звычайна,гаворка пра беларусаў, іх гісторыю і мову. Асноўны і найбольш заядлы Кастусёў апанент па гэтым пытанні калежскі сакратар Есін сёння наступаў асабліва заўзята: беларускі народ адстаў у сваім гістарычным развіцці, свае школы не мае, а значыцца, не можа быць гаворкі пра яго культуру; адраджэнне можа толькі адбыцца на грунце больш развітай і дасканалай культуры. Стомлены і хворы Кастусь пярэчыў слаба.

— Таму беларусы прыгнечаныя, што адсталыя,— нарэшце, вывеў бойкі і гаваркі калежскі сакратар, якому здавалася, што ён ушчэнт скасаваў Кастуся.

— Не! 3 гэтым і я катэгарычна не згаджаюся,— пастукаў відэльцам гаспадар.— Адстаў у сваім развіцці і беларускі, і рускі, і маларасійскі працоўны чалавек, бо шматвяковае ярмо паншчыны не давала прастору для развіцця яго інтэлектуальных сіл. Цяпер беларусы абуджаюцца, задача перадавой рускай інтэлігенцыі дапамагчы ім, а не таптаць свайго малодшага славянскага брата ў гразь. Давайце мы папросім нашага госця Канстанціна Міхайлавіча, каб ён нам што-небудзь прачытаў са сваіх вершаў...

Кастусь моўчкі падняўся з-за стала, падышоў да піяніна, што етаяла пры сцяне, ціхенька прабег пальцамі па клавішах, а потым заспяваў:

А ў ляску, ляску,

На жоўтым пяску,

Стаіць святліца

3 трыма акнамі.

Спявайце, братцы, спявайце!..

Закончыў адну песню, пачаў другую:

А на небе месячык узышоў,

А ў дзяжы каравай падышоў:

— Ка мне, малодкі маладыя,

Ды памыйце рукі бяленька,

Мясіце каравай харашэнька,

Каб наш каравай красен быў,

Каб наш Іван весел быў,

Каб ён весел быў, як вясна,

Каб ен багат быў, як зямля,

Каб ён здароў быў, як вада!

Праспяваў ён яшчэ дзве песні, а потым прачытаў свае вершы «Не бядуй!» і «Асадзі назад!»

Першым кінуўся да Кастуся Есін, усхвалявана паціснуў яму руку:

— Усё, што я гаварыў за сталом, бяру назад. Ёсць беларуская мова! Толькі цяпер я адчуў і зразумеў, што беларускі народ мае свае песні, сваю культуру, сваю мову...

*

Роўна праз дзесяць дзён пасля таго вечара ў Зотавых Кастусь выехаў з Вільні.

Перад гэтым доктар доўга і заклапочана слухаў і выстукваў грудзі, пасля выпісаў парашкі і сказаў:

— Малады чалавек, мая вам парада такая: адпачыць у вёсцы, есці паболей масла і піць свежае малако. Працэс яшчэ не пачаўся, але можа пачацца...

Ехаць у Мікалаеўшчыну Кастусю не хацелася: знаёмыя настаўнікі ўсе раз’ехаліся, а як весці кампанію з Жыжэйкам ці Сатыгам, то лепш на печы сядзець. Рэдактар абяцаў знайсці цераз сваіх знаёмых службу канторшчыка ў якім-небудзь маёнтку каля Радашковіч, але гэта толькі абяцанкі-цацанкі...

Кастусь быў на раздарожжы, калі, парадкуючы рэдакцыйныя навагоднія пісьмы і віншаванні, натрапіў на ліст нейкага Канстанціна Гардзялкоўскага, які збіраўся ў сваім маёнтку Папоўка Сенненскага павета адкрыць беларускую школу. Гардзялкоўскі звяртаўся ў рэдакцыю газеты з просьбаю параіць яму вопытнага настаўніка. Ліст канчаўся прыпіскаю: «Настаўнік мне патрэбен, які добра ведае беларускую мову. Плата 25 рублёў у месяц, плюс кватэра і сталаванне. Адрас для тэлеграмы: станцыя Слаўнае. К. Гардзялкоўскаму».

Сам лёс пасылаў яму тую станцыю Слаўнае. I назва якая мілая! Доўга не думаючы, Кастусь паказаў ліст рэдактару і сказаў:

— Еду!

Сказаў такім тонам, што Аляксандр Мікітавіч не стаў яму пярэчыць, бо ведаў настойлівы характар Міцкевіча. Шкада было такога ды яшчэ, лічы, дармовага работніка, але затрымліваць Кастуся ён не меў ніякага маральнага права. Рэдактар прасіў толькі аднаго:

— Не забывай нашу газету. Абяцаю даваць у кожным нумары Якуба Коласа, толькі прысылай пабольш вершаў і апавяданняў...

Яшчэ паблісквалі цьмяныя агеньчыкі ў хатах, замеценых па самыя вокны снегам, калі раніцою 8 студзеня 1908 года Кастусь выйшаў з вагона і з сакваяжам у руцэ накіраваўся ў станцыйную мураванку. У вочы бязлітасна сек вецер са снегам, прыйшлося наставіць каўнер. Таму ён, мабыць, не адразу заўважыў лёгкі вазок.

— Ці не вы, паночку, Міцкевіч? — падбег да Кастуся дзядзька ў кажушку з пугаю ў руках.

Фурман павёў Кастуся да свайго вазка, даў апрануць вялікі цёплы кажух, у якім нястрашна было ехаць хоць на паўночны полюс. «Нічога не скажаш, слаўна ўсё пачынаецца»,— падумаў настаўнік.

У полі шалёна сваволіў вецер, кідаў снег то ў вочы, то ў спіну, перамятаў дарогу. Жвавы дагледжаны конік весела імчаў вазок. Мінулі адзін лясок, падняліся на ўзгорак, праехалі вярсты дзве борам і зноў выскачылі ў поле. Неўзабаве звярнулі ў кляновыя і ліпавыя прысады. Кастусь убачыў, што прысады вядуць да невялікага драўлянага дома з двума белымі слупамі пры ўваходзе.

На ганку Кастуся сустрэў гаспадар. Гэта быў на гадоў чатырыпяць старэйшы за настаўніка высокі русявы мужчына ў чорным суконным касцюме і простых ботах.

Як пасля даведаўся Кастусь, памешчык Гардзялкоўскі вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, але навуку не кончыў, асеў дома і пачаў весці гаспадарку на новы лад. Цяпер у яго была шкляная гута, цагельня, свой паравы млын. Маці яго Тарэза Гардзялкоўская, хваравітая ўдава, гаспадаркай не займалася, жыла зімою ў Ніццы і толькі ўлетку прыязджала ў Слаўнае, дзе быў у яе свой маёнтак. Яна любіла літаратуру, займалася нават перакладамі на беларускую мову твораў польскіх пісьменніц Ажэшкі і Канапніцкай, з якімі яна была асабіста знаёмая...

Пасля снедання ўвесь дзень прайшоў у клопатах. Гардзялкоўскі паказаў Кастусю будынак, дзе ён меркаваў размясціць школу. У суседнім доме, побач з маёнткам, настаўніку было падрыхтавана жыллё. Два цёплыя пакойчыкі: у адным кабінет, у другім — спальня. Калі ж Кастусь даведаўся, што з шаснаццаці вучняў дзесяць будзе хадзіць з вёсак Сані і Плоскае, ён прапанаваў свой варыянт размяшчэння школы. Лепш за ўсё зрабіць, каб дзеці вучыліся ў Санях, тады нікому не будзе далёка хадзіць. А настаўніку прабегчы якія кіламетры тры — дык гэта толькі добрая размінка.

— Няхай будзе па-вашаму, Канстанцін Міхайлавіч,— згадзіўся Гардзялкоўскі.— Можна і ў Санях. Але зробім па-гаспадарску. Мой фурман Аляксей будзе падвозіць з Папоўкі ў школу і забіраць назад і вас і вучняў, пакуль зіма. Згода? Вось вам на кнігі і іншыя школьныя прылады,— палажыў ён чатыры залатыя пяцёркі.

Назаўтра Аляксей перавёз з Папоўкі ў Сані, у новую хату Ларыёна Жураўлёва парты і стол. Сам настаўнік паехаў у Абчугу і купіў грыфельныя дошкі, сшыткі і ручкі на ўсіх вучняў. Горш было з падручнікамі. Прыйшлося паслаць пераводам грошы ў Вільню, каб рэдакцыя паклапацілася прыслаць «Беларускі лемантар», «Першае чытанне» і іншыя беларускія кнігі.

Праз некалькі дзён адбылося свята на Кастусёвай вуліцы: ён прыйшоў на першы ўрок у беларускую школу.

У штодзённых клопатах пра школьныя справы хутка беглі тыдні. Не азірнешся, як зноў субота. Усе вучні (іх цяпер было васемнаццаць чалавек) займаліся добра.

Настаўнік сам складаў задачкі на матэрыяле беларускага народнага побыту. Заняткі вёў, як і было дамоўлена з Гардзялкоўскім, на роднай мове ва ўсіх групах. Вучні хутка і лёгка навучыліся чытаць па-беларуску, шкада толькі, што кніг з цікавымі апавяданнямі, гістарычнымі і геаграфічнымі звесткамі не было.

Жывое слова настаўніка расчыняла перад вучнямі дзверы ў навакольны свет, вяло іх у глыбокае мінулае і далёкія краіны. Праводзіў ён асобныя гутаркі пра грамадскае жыццё і навіны ў краіне. Шырока выкарыстоўваў Кастусь рукапіс свае кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», вывяраў на практыцы, як даходзяць да разумення вучняў яго апавяданні і пейзажныя замалёўкі. 3 задавальненнем прыходзіў да думкі, што кніга ўдалася, толькі сёе-тое трэба скараціць, а таксама дапісаць некалькі вершаў і казак. Не раз настаўнік шкадаваў, што яго кніга толькі ў адным экземпляры, што не дасі яе вучням дадому. Таму дамашнія заданні задаваў па «Нашай ніве», а таксама па кнізе «Гутаркі аб небе і зямлі». Гэтая папулярная брашура выйшла летась у Пецярбурзе, і Кастусь выпісаў адтуль для свае школы дзесяць экземпляраў.

Прайшло тыдняў тры, як Кастусь пачаў займацца з вучнямі. Аднойчы запыніў яго Гардзялкоўскі і пытаецца:

— Канстанцін Міхайлавіч, хачу з вамі пагаварыць па такой далікатнай справе. Тутэйшы бацюшка пытаўся ў мяне, чаму ў нашай школе няма закону божага. Што яму сказаць?

— Я і сам не ведаю. Гледзячы, што гэта за поп. Можна сказаць, што няма закону божага толькі па той прычыне, што позна пачаліся заняткі ў школе. А калі так сказаць яму нельга і напэўна вядома, што ён сам не захоча ездзіць да нас, то запрасіць самога. Сам я тлуміць дзецям галовы не буду...

На гэтым гутарка закончылася. Што сказаў Гардзялкоўскі папу з Плоскага, Кастусь не ведаў. Даходзілі пасля чуткі, што бацюшка ўсяляк высмейвае настаўніка-мужыка і яго мужыцкую школу, дзе заняткі ідуць «па-простаму». Сам Кастусь лічыў, што ў няласку ён трапіў па другой прычыне. Сярод яго вучняў былі чатыры перабежчыкі з Плоскага народнага вучылішча, дзе працавала настаўніцай пападзянка...

Пасля рэдакцыйнай неўладкаванасці, пасля посных віленскіх абедаў і вячэры ўсухамятку для Кастуся ў Папоўцы насталі святочныя дні. Аднак раскашаваць тут на добрай кватэры і на добрых харчах яму доўга не давялося.

Настаўнік у Папоўцы не так часта сустракаў прадстаўнікоў улады, але здагадваўся, што знаходзіцца пад нядрэмным жандарскім вокам. Зімою толькі адзін раз наведаўся ў школу ўраднік і то пытаўся нібыта самога Гардзялкоўскага. Але як толькі прыйшла вясна, заспявалі першыя жаваранкі, Кастусю не стала спакою: амаль кожны тыдзень яго выклікалі ў Мінскае губернскае жандарскае ўпраўленне на дазнанне. Фурман замест таго, каб везці настаўніка ў школу, вёз яго ў Слаўнае, на станцыю.

Усё як быццам сведчыла, што вось-вось паклічуць на суд. 18 красавіка 1908 года з Віленскай судовай палаты прыйшло запытанне, на які адрас прыслаць яму копію абвінаваўчага акта. Кастусь адказаў, каб прысылалі на Мікалаеўшчыну, і пачаў збірацца дахаты.

— Вашая Папоўка — слаўная мясціна,— сказаў Кастусь Гардзялкоўскаму,— але бачыце, якія варункі. Трэба ехаць шукаць добрага адваката.


МАЦІ

На сэрцы ў маці было неспакойна. Выпаліўшы ў печы, яна выйшла ў агарод і пачала церабіць буракі. Але праца не спорылася, усё валілася з рук. Не давалі спакою трывожныя думкі: «Гэта ж сёння суд... Як там Кастусь? Ці пусцяць яго дахаты?»

Раптам маці ўздумалася схадзіць да Варэйчыхі, каб тая кінула на карты, што суджана Кастусю. Яна паднялася і пайшла ў хату памыць рукі.

Старая карчма, у якую летась перабралася іх сямейка, здалася прасторнай і няўтульнай стадолай. Гэта адчуванне было асабліва моцным таму, што ў хаце нікога не было: дзядзька Антось з Уладзікам касілі атаву, Юзя з Ленай пайшлі жаць бульбоўнік у Пажарніцу, Юзік пасвіў каровы, а малодшыя дзеці недзе гулялі на суседнім двары.

Маці глянула на пустыя сцены, і позірк яе спыніўся на Кастусёвых кнігах, якія сіратліва ляжалі высока на палічцы. Сэрца ў Ганньі балюча сціснулася. Яна выцерла рукавом слязу і пайшла ў святліцу, дзе на камодзе стаяла новая сынава картачка.

Кастусь спакойна і ўважліва глядзеў на маці. У яго вачах была задума і заклапочанасць, нават прыгожыя чорныя вусікі, закручаныя ўгору, стасаваліся да ўсяго сур’ёзнага выразу твару. Ганна ўзіралася ў Кастусёвы вочы, у высокі лоб з прыкметнымі заездамі і падумала: «У Лёсікаў удаўся, будзе, як мой тата, лысы...»

— Як ты там, сынку? — уголас запыталася маці.

Яна доўга размаўляла з сынам, удосталь паплакала, успомніла сон, які сніўся ноччу.

Здаецца, прыйшоў гэта з абходу нябожчык Міхал, павесіў стрэльбу ў кут і кажа: «Ты чула, маці, што задумаў наш Костусь? Просіць сватоў слаць да Алесі Вераб’ёвай. А вянец хоча не ў Мікалаеўскай царкве, а ў Свержані браць». I тады Ганна нібыта адказала: «Не знаю, як ты, бацька, думаеш, а я не супраць. Алеся — добрая дзяўчына, руплівая...» — «Эт, нічога ты не разумееш,— кажа Міхал,— хлопцу, як і паміраць, жаніцца няма чаго спяшацца... Гэта ўсё Варэйчыха, трасца яе галаве, навядзьмарыла, гэта яе работа...»

— Ці не хочуць цябе, галубок, абвянчаць з казённым домам? — зноў уголас запытала Ганна.— Чуе маё сэрца штось нядобрае...

I ў маці адразу прапала жаданне ісці варажыць на карты да Варэйчыхі. Нашто выстаўляць на вочы ёй, праклятай ведзьме, сваё гора і неспакой? Нашто?

Назаўтра дзень прайшоў у трывозе. Ганна некалькі разоў заходзіла да Сальвэся Міцкевіча, сына якога, Уладзіка, судзілі разам з Кастусём. Але і Сальвэсь нічога не ведаў, толькі і сказаў:

— Не вернуцца нашы хлопцы сёння вячэрнім цягніком, значыць, усё — упяклі ім тыя гіцлі па якой пяцёрцы. Але ты, Ганна, не падай духам! Яны хлопцы маладыя, вучаныя, не прападуць, неяк будуць жыць, знойдуць нейкую раду...

У той вечар маці доўга не спала: чакала Косціка. Яе вуха чуйна прыслухоўвалася, ці не пачуюцца пад акном сынавы крокі, ці не заскрыпяць весніцы, ці не забарабаніць ён дробненька ў шыбу. За акном тупацелі нейчыя крокі, ад подыху ветру скрыпелі весніцы, недзе на кухні пазвоньвала шыба, а Кастуся не было і не было. Заснула Ганна позна, спала кепска і прачнулася яшчэ на цямочку. Адразу ж накінула хустку на плечы і памкнулася ісці да Сальвэся. Выйшла на вуліцу і спынілася: вёска яшчэ спала, толькі ў некага на Свіной вуліцы курыўся дымок з коміна.

Ганна вярнулася ў хату і пачала ўходжвацца ля печы.

Садзіліся ўжо снедаць, калі парог пераступіў Сальвэсь.

— Мой жа ты суседка, што ж хаця чуваць? — з плачам кінулася да яго маці.— Гавары, не муч мяне! Гавары, што ўжо ёсць...

— Не трэба слёз, яны нічога не памогуць...— спакойна адказаў Сальвэсь.— Нашым хлопцам укацілі па траячцы — вось і ўсё! Гэтага і трэба было чакаць...

Маці хацела заплакаць, але сэрца ў яе неяк закамянела, яна толькі сказала:

— Сальвэська, дзе гэта праўда на свеце? Дзе? Калі яна прыйдзе на зямлю? Скажы, мне, Сальвэська, ці ёсць той бог на небе? Ці бачыць ён нашы пакуты і слёзы?

Праз некалькі дзён Сальвэсеву вестку пацвердзіла кароценькае Кастусёва пісьмо. Наваспечаны арыштант, як называў сябе аўтар пісьма, паведаміў, што прывыкае да турэмнай жыткі і падбрыквае, як цяля на вяроўцы. Усё пісьмо было ў жартаўлівым тоне. Відаць, Кастусь хацеў паказаць, што настрой у яго добры і турэмныя краты яму не ў страх, і гэтым самым супакоіць маці, якая, вядома, перажывае за яго.

Цяпер усе думкі ў Ганны былі аб тым, каб пабачыцца з сынам, пагаварыць з ім, падбадзёрыць яго. Матчына сэрца адчувала, што Кастусь больш за ўсё непакоіцца пра сваіх сямейнікаў, пра тое, як яны ўспрынялі вестку пра яго турэмнае зняволенне. Маці ведала, што сам Кастусь даўно падрыхтаваўся да горшага, але каб супакоіць маці, увесь час пацяшаў яе, што ўсё абыдзецца добра... I раптам — горшае збылося.

Ганна думала аб тым, што яе сын, відаць, не здагадваецца, а калі здагадваецца, то не перакананы ў тым, што і маці і дзядзька Антось таксама падрыхтавалі сябе да таго, што Кастусю не даруюць, і цяжкая вестка пра тры гады — для іх не навіна і не неспадзяванка. Чым больш разважала маці сама з сабою і дзядзькам Антосем, тым больш прыходзіла да думкі, што ёй трэба абавязкова сустрэцца з сынам і пагаварыць з ім. Пагаварыць, каб супакоіць яго, сказаць: няхай шануе сябе і не турбуецца ні пра маці, ні пра дзядзьку, ні пра братоў і сясцёр.

I маці пачала рыхтавацца ў дарогу. Але стрымлівалі Кастусёвы пісьмы. Ён пісаў, што жыў, здароў, і кожны раз рабіў прыпіску: «Спатканняў з родзічамі нам пакуль яшчэ не дазваляюць». Чакала, чакала маці, калі нарэшце з’явіцца вестка, што можна ехаць у адведзіны да сына, не дачакалася і неяк пасля пакроў сказала Уладзіку:

— Скоч, мой хлопча, у Мінск. Можа, Кастусь не хоча нас турбаваць і выдаткаў нам рабіць, таму і піша, што не пускаюць на спатканні. Завязеш яму перадачу, глянеш, як там нашай Міхаліне ў цёткі Аксені паводзіцца ў наймічках...

Маці напякла блінцоў, адварыла каўбасу. Напакавалі поўны куфэрак: там былі слоік марынаваных грыбоў, торбачка арэхаў, яблыкі-антонаўкі, кусок сала, галоўка цукру.

Вярнуўся Уладзік з Мінска роўна праз суткі.

— Як там Кастусь?

— Ці бачыў ты яго?

— Што ён гаварыў? — накінуліся ўсе з пытаннямі.

— Кастуся я не бачыў,— адказаў Уладзік.— У астрозе бунтуюцца зняволеныя, таму начальства не дазваляе спатканні. Цётка Аксеня ўжо некалькі разоў хадзіла да начальніка турмы прасіць дазволу на сустрэчу, але нічога не выхадзіла...

Калі суседка Наталля Скарабагатая дачулася пра Уладзікаву паездку, яна сказала Ганне:

— Паеду я ў Мінск... У мяне ёсць знаёмая з Кнотаўшчыны Стома Яўгеня, яна служыць пакаёўкай у сакратара акруговага суда. Яўгеня не раз казала, што да іх сыходзяцца гуляць у карты ўсе мінскія тузы... Быць не можа, каб мне не ўдалося дабіцца сустрэчы з Кастусём...

— Тады, можа, мая дачушка, і я паеду з табой? — запыталася Ганна.

— А як не ўдасца? Не! Лепш пакуль што я адна з’езджу, працераблю сцежку, а там і вы...

Зноў маці наладкавала куфэрак. Дзядзька Антось падвёз Наталлю ў Стоўбцы — і пацягнуліся пакутлівыя дні чакання. Мінуў дзень, другі, трэці. Толькі на пяты дзень увечары вярнулася Наталля ў Мікалаеўшчыну. Адразу, не заходзячы дамоў, прыйшла яна, радасная, у карчму і, ледзь пераступіўшы парог, пачала расказваць.

— Дабілася гэта я дазволу, узяла тую цыдульку ў жменю і пайшла да турэмных варот. Чакаю, калі адкрыецца дзюрка ў варотах. Потым бразь нешта, адчыняецца маленькае акенца, і нейкі вусаты вартаўнік пытае: «Што зволіце?» Я яму цыдульку тыц у нос. Праз некалькі хвілін адчыняе ён брамку і кажа: «Звольце праходзіць, мадам!» Я іду, а калені дрыжаць. Дальбог, страшна. Высокія мураваныя сцены, а ў іх малюпасенькія акенцы. Прывёў мяне вусаты ў нейкую халодную бакоўку, а сам недзе прапаў. Няма яго, няма, мне ўжо абрыдла чакаць, аж потым адчыняюцца дзверы і той самы вусаты кліча: «Заходзьце сюды! Міцкевіч чакае вас». Заходжу, а там — матачкі мае! — ніякага Міцкевіча няма. Стаіць нейкі барадаты дзядзька, пазвоньвае кайданамі і смяецца. Калі ж прыгледзелася добра я да таго барадатага, аж гэта Кастусь...

— Такі страшны ён, што ты, Наталля, не пазнала? — заплакала маці.

— Не, цётачка, не тое зусім, не страшны ён! — адказала Скарабагатая.— Проста нязвыкла было ўбачыць Кастуся барадатым... «Не пазнаеш, Наталля?» — запытаў ён і смяецца, а я ў плач... Не хачу плакаць, а слёзы, як боб, так і коцяцца, так і сыплюцца... Селі мы на лаўку, а вартавы зорыць за намі, не спускае вока. Мне неяк страшна, не знаю, што і гаварыць, а Кастусю хоць бы што. Стаў мяне распытваць пра ўсіх вас, пра мікалаеўскія навіны. Я адказваю і плачу. Тады Косцік пачаў мяне суцяшаць і расказваць розныя смешныя гісторыі з турэмнага жыцця. А перад развітаннем кажа: «Перадай там нашым і Сальвэсевым бацькам, няхай не гаруюць па нас, усё будзе па-нашаму ў скорым часе. Царская ўлада стаіць толькі на адной назе, другую ёй падпілавалі ўжо. Так што доўга яна не накрасуецца...» Дальбог, так і сказаў...

— Скажы мне, любка, як ён сябе адчувае? — цікавілася маці.

— Цётачка, Кастусь адчувае сябе добра... Ён жартаваў і смяяўся...

Наталля заседзелася доўга: жанкі выпілі чарнічнай настойкі за здароўе Кастуся, паплакалі, пагаварылі ад душы...

Ганна ў тую ноч не магла заснуць. Успамінала і ўзважвала кожнае Наталліна слова. Можа, Кастусю не так і весела — адкуль тая весялосць у турме! — але ён паказаў сябе перад Наталляй бадзёрым, бо ведаў, што маці будзе лягчэй. «Эх, сыночак, пакутнік, галубок мой! Ты, я знаю, стараўся для мяне, думаў пра нас...»

*

Камеры ад ранішняй да вячэрняй паверкі не замыкаліся, і астрожнікі пасля снедання разбрыліся хто куды. У восьмай засталіся двое: Кастусь і Уладзік Сальвэсеў.

Уладзік ляжаў на нарах і чытаў нейкі старасвецкі падручнік логікі: ён збіраўся пасля выхаду з турмы паступіць ва ўніверсітэт і з вялікай стараннасцю ўзяўся за навуку.

Кастусь зранку звычайна браўся за свой патайны сшытак з вершамі або садзіўся пісаць лісты знаёмым настаўнікам ці ў родныя палясціны, як ён жартам называў Мікалаеўшчыну. Сёння ён адразу адгарнуў тую старонку свайго сшытка, дзе ўверсе было напісана: «3 песень астрожніка», а далей дробненькім уборыстым почыркам выведзены даўно ўжо вынашаныя радкі:

Ліпы старыя шумяць за сцяною,

  Жаласна, глуха шумяць,

Смутна ківаюць, трасуць галавою,

  Толькі галіны рыпяць.

Кастусь глянуў на закратаванае акенца, што свяцілася ўгары, прайшоўся некалькі разоў па камеры, прабег вачыма яшчэ раз пачатак верша і напісаў:

Плачуць гаротныя ліпы старыя,

  Плачуць на долю сваю...

«А чаго яны плачуць? — пайшлі чарадою думкі,— хіба ім не лепш было б красавацца ў лесе, чым марнець на турэмным двары? Колькі там прастору, раздолля... Эх ты, нешта ў іх долі ёсць агульнае з астрожнікамі...»

Кастусь задумаўся. На памяць прыйшлі чамусьці ўспаміны пра блакітную елачку, пасаджаную некалі ў Ластку. Ці вялікая яна вырасла? Эх, заглянуць цяпер бы ў Ласток, а яшчэ лепш у Альбуць. Ён утаропіўся позіркам у шэрую сцяну, і перад ім з’явілася леснічоўка, старадрэвіна-хвоя з буслянкай, уроскідку дубы, а далей лес, што агінаў падковаю ўсю сядзібу. Родная, мілая сэрцу мясцінка! Колькі там светлых надзей і парыванняў нарадзілася, колькі маркотных дум перадумана! Божачкі, як хутка ідзе час! Нядаўна, здаецца, яны пераехалі з Ластка ў Альбуць. Ён хлапчуком коўзаўся там на замерзлай рачулцы, хадзіў з дзядзькам Антосем на грыбныя баравіны, карміў ласяня... Колькі прайшло з таго часу? Пятнаццаць год! Як хутка! Так у вечных клопатах і барацьбе, горы і радасці жыццё пройдзе...

— Кінсцінцін Міцкевіч! — перарваў Кастусёвы думкі гучны вокліч на калідоры.

— Кінсцінцін! — гукнуў, увайшоўшы ў камеру, наглядчык Пікулік.— Да цябе прыйшлі! Жыва!

Кастусь борздзенька ўсхапіўся, згроб свае паперы ў кішэню і кінуўся ўслед за Пікулікам.

У пакоі, дзе ён нядаўна сустракаўся з Наталляй Скарабагатай, стаяла некалькі наглядчыкаў. А вунь сядзіць, ссутуліўшыся, нейкая кабета, твару не відаць. Знаёмая ваўняная хустка ў клетку!

— Мама! — радасна закалацілася сэрца.

— Кастусёк, даражэнькі! — абняла Ганна сына.— Як ты тут, галубок?

Пяшчотныя ласкавыя матчыны словы балюча расчулілі Кастуся, і ён нічога не мог сказаць, бо баяўся, што заплача.

— Нічога, сынку, не гаруй! — сказала маці.— Усяляк бывае ў жыцці...

Разважлівыя матчыны словы неяк адразу супакоілі Кастуся, і ён сказаў:

— Вы не крыўдуйце, мама, што так выйшла...

— А што тут крыўдаваць? Ганьбы на табе няма... Не абабраў ты каго, не забіваў, а толькі праўды шукаў. А хто цябе за гэта асудзіць, няхай таго гром лясне на гладкай дарозе...

— Як там дома? Як дзядзька Антось, Уладзік, дзеці?

— Уладзік са мною прыехаў... Ля варот чакае. Дзядзька Антось паклон перадаваў... А пра нас не турбуйся. Бульба ўрадзіла добрая, атаву за пагодай скасілі. За арэнду без малога расплаціліся ўжо... Чырвонец вось і табе прывезлі...

— Не, не, мама! — закруціў галавой Кастусь.— Грошай я не вазьму. Мне знаёмыя настаўнікі нядаўна прыслалі.

— Ну, як сабе хочаш! Толькі гавары праўду. У нас грошы будуць. Вось цялушку прадамо, пару авечак зарэжам на продаж... Калі ўсё будзе добра, то яшчэ адну рату ўвесну ўнясем за зямлю ў Смольні.

Ганна расказвала пра вясковыя справы, а Кастусь пазіраў на маці, якая гэтак проста, па-хатняму склаўшы рукі на грудзях, сядзела тут, у турэмнай пачакальні, слухаў вясковыя навіны, і неяк лёгка і спакойна рабілася ў яго на душы.

Калі прыйшла пара расставацца, Ганна перажагнала сына і тройчы пацалавала ў лоб:

— Бывай, сынок! Калі што якое, пішы, не таіся... Мы паможам...

...Праз некалькі дзён прыйшло ад Кастуся пісьмо.

— Чытай, Уладзя, уголас, і я паслухаю,— папрасіла Петрусёва Альбіна, якая была якраз у іхняй хаце.

Кастусь дзякаваў маці за спакойныя і бадзёрыя словы пры сустрэчы, пісаў пра сваё турэмнае жыццё-быццё.

— «Пасля сустрэчы з мамай,— чытаў Уладзік,— я атрымаў добрую зарадку на ўсе тры гады. Мне цяпер нічога не страшна! Я не ведаў, што мама можа так паводзіць сябе, што і слязінкі не бачна было...»

— Няўжо ж ты, мая любка, і праўда не заплакала? — са здзіўленнем запытала Альбіна.— Не веру!..

— Не заплакала...— цяжка ўздыхнула Ганна.— Прыйшла да турэмных варот, сэрца скамянела, і я кажу Уладзіку: «Чакай мяне тут», а сама рушыла ў брамку... Калі ж вярнулася, пытае мяне Уладзік, як там Кастусь, а я слова не магу вымавіць, толькі плачу, аж сэрца разрываецца...


ПЕРШАЯ ВЯСНА

Ішла вясна. Першая вясна, якую Кастусь сустракаў за турэмнымі кратамі.

За сценамі астрога ласкава прыгравала вясновае сонца, весела булькалі ручаіны, радасна выспеўвалі жаваранкі, а тут, у камеры, вясна яшчэ зусім не адчувалася, яе повідам не было відаць. Мужчыны з ранку да вечара таўкліся ля акна, але што ты там выгледзіш, калі вочы мазоліць аблезлы мур, а пад ім учарнелы снег, які і не думае раставаць.

Тры дні таму назад на вячэрнюю паверку ў дванаццатую камеру, куды к гэтаму часу перавялі Міцкевіча, зайшоў сам начальнік астрога Пётр Славінскі са старшым наглядчыкам Дожджыкам. Пікулік таксама быў з імі, ён застаўся ў дзвярах і высока падняў ліхтар: у камеры было ўжо цемнавата. Усе арыштанты шуснулі на нары: было дамоўлена сустрэць турэмную адміністрацыю лежачы.

Начальнік астрога ступіў некалькі крокаў і пачаў, не спяшаючыся, здымаць пальчатку з левай рукі, потым сярдзіта сіплым голасам крыкнуў:

— Устаць!

Ніхто на нарах не паварушыўся. У гэты момант у камеру ўвайшоў стараста Кролік і спакваля на вачах у начальства выцягнуўся на сенніку.

— Уста-а-аць! — зароў Дожджык.

Мірман, які ляжаў побач з Косцікам, са страху аж падскочыў, але сусед паклаў яму руку на грудзі — ляжы! Пасля падняўся Кролік і, не злазячы з сенніка, абхапіў рукамі калені і спакойна пачаў:

— Мы пратэстуем супраць таго, што нам перасталі даваць газу і зменшылі норму дроў. Мы, хоць і арыштанты, але людзі... I патрабуем да сябе людскіх адносін!

— Пасвяці! Пасвяці! — крыкнуў Славінскі Пікуліку.— Паглядзім, што там за мудрэц аб’явіўся.

Кролік выйшаў наперад:

— Стараста камеры.

— Тыдзень карцару,— павярнуўся да дзвярэй начальнік турмы.

— Пратэстуем! — загудзела камера.

— На столькі ж дзён пад замок астатніх,— кінуў Славінскі ўжо за парогам.

Першы дзень Дожджык адчыняў «вочка» ў дзвярах і пацвельваўся:

— Якое сёння сонца слаўнае! Любата!

Паспрабаваў ён дражніцца і назаўтра, але маскоўскі студэнт Дурмашкін не вытрымаў здзеку, схапіў дзяркач, якім падмяталі камеру, і шпурнуў у «вочка». Дожджыка як вадой змыла, больш ён не паказваўся.

Кролік сядзеў у смярдзючым каменным мяшку, а жыхары дванаццатай сноўдаліся па камеры. Сонца і вясну бачыў толькі той, хто выносіў парашу...

Кастусь зранку да вечара вылежваўся на нарах. Кожную вясну ён перажываў чамусьці вельмі хваравіта. Нейкія няясныя трывогі і парыванні апаноўвалі сэрца, думкі імкнуліся далёка-далёка ад будзённых клопатаў. Рэзка мяняўся настрой. То з’яўлялася адчуванне бадзёрасці, радасці і ўпэўненасці ў свае творчыя сілы, і тады нібыта вырасталі крылы. Пасля раптам без дай прычыны, здаецца, агортвала цяжкая беспрасветная туга. Не пісалася, не чыталася, ноччу не спалася. Калісьці ў такіх выпадках, нідзе не знаходзячы сабе месца, ён ішоў у лес. Доўга хадзіў там у бяздум’і, сядзеў дзе ў зацішку на пеньчуку ці на зямлі, слухаў птушыныя галасы і лясны пошум. Так прыходзіў у лес дзень у дзень, блукаў у адзіноце,— і паволі вяртаўся душэўны спакой.

Зараз было горш. Смутак падкрадваўся даўно, а потым туга запаланіла ўсю істоту. Спачатку Кастусь не паддаваўся, расказваў вясёлыя здарэнні і анекдоты, разам з усёй дванаццатай чвэрыў што-небудзь смешнае. Але надышоў такі дзень, што не толькі расказваць, але і слухаць нічога не хацелася, ляжаць — не ляжалася, думаць — не думалася, прапаў сон,— усё вярэдзіла душу, хоць рукі на сябе налажы. Калі ж ён не ўстаў аднойчы папалуднаваць, Шпакоўскі, які быў за кухара, сказаў:

— Расклеіўся наш Стары.

— Ты што, браток, захварэў? — устрывожыўся Дурмашкін.

Жыхары дванаццатай камеры абступілі Кастуся, кожны даваў парады, прапаноўваў лекі. Падышоў нават нясмелы селянін Мацей Цярэшка з-пад Маладзечна, які яшчэ не асвойтаўся на новым месцы: яго нядаўна перавялі з дзевятай камеры. Ён дастаў са свае торбачкі пляскатую бутэлечку:

— Во, хлопча, загавораная вада... Памагае ад захалоду, падвяроду і кепскіх вачэй...

Усе дружна накінуліся на дзядзьку Цярэшку, паднялі на смех яго ваду і яго веру ў бабскія забабоны. Гэтае здарэнне адразу скіравала гаворку на розныя прымхі, замовы і чарадзействы. Хто расказваў, як памагло некаму; хто даводзіў, што ўсё гэта выдумкі і шарлатанства.

Кастусь слухаў гэты гармідар, і яму раптам захацелася адзіноты... Вось каб цяпер у Альбуць, выпіць конаўку бярозавіку і на цэлы дзень высці ў лес. Усю хворасць як рукой зняло б. Але... На сэрцы ў яго стала горка, крыўдна і балюча, аж набеглі слёзы.

Ноч прайшла неспакойна. Бачыў у сне Алесю Зотаву. Стаіць яна ў царкве, уся ў белым, і пытаецца ў Кастуся: «Няўжо ты не ведаеш, дзе забіты Вальдзерозе?» Ён нібыта адказаў: «Ведаю. Каля Блоні, што пад Ігуменам».

Дзіўна было тое, што сон добра застаўся ў памяці, нават прозвішча нейкага Вальдзерозе запомнілася. «Хаця б Алеся не захварэла»,— падумаў ён і запытаўся ў Дурмашкіна:

— Хто такі Вальдзерозе?

— А ліха яго ведае. Не чуў такога...

Уставаць не хацелася, і паслужлівы Цярэшка падаў Кастусю кубак чаю. Дзень абяцаў быць такі ж сумны, доўгі і нецікавы, як учарашні.

Выручыў наглядчык Пікулік. Адразу пасля снедання ён адчыніў камеру і весела аб’явіў:

— Хто пойдзе снег раскідаць?

Ахвотнікаў было многа: кожнаму хацелася вырвацца на прастор, каб палюбавацца сонцам і вясною, падыхаць свежым паветрам. Але Пікулік падышоў да нараў, на якіх ляжаў Кастусь, і запытаўся:

— А ты, Кінстанцін, чаму не ўстаеш? Падымайся! Каяцца не будзеш...

Пасля змрочнай камеры на дварэ быў рай. На высокім сінім небе ні хмурынкі, сонца прыгравала так, што па турэмным двары ўжо зранку было не прайсці: на самай сярэдзіне яго красавалася вялікая лужына. Арыштанты дружна завіхаліся з рыдлёўкамі, прабілі дарогу вадзе, а потым узяліся за гурбу снегу. Кастусь раскідаў снег каля ўваходнай брамы.

У абед, седзячы побач за сталом, Шпакоўскі запытаўся ў Кастуся:

— Ну, як, Стары, ажыў?

— Дзіва што. Паўдня грэў зубы на сонцы,— весела прамовіў Кастуеь.

— То атрымлівай яшчэ адну порцыю поліўкі,— сказаў кухар.

Назаўтра Кастусь зноў грэўся на сонцы: рыдлёўка ў яго была на двух з Дурмашкіным.

Яшчэ праз пару дзён вярнуўся з карцара Кролік. Зямлісты твар яго цяпер стаў белы, як палатно, і нібы прасвечваўся. Дванаццатая наладзіла свайму старасту ўрачыстую сустрэчу. Цераз Пікуліка дасталі хлопцы нават «божых» кропель і бохан свежай сітніцы. Было ў той вечар гамонкі, смеху і жартаў!

Здавалася, турэмная жытка ўвайшла ў сваю звычайную каляіну, як раптам новая бяда навалілася на дванаццатую камеру. На трэці ці чацвёрты дзень, як вярнуўся стараста, захварэў Іван Сарока. Гарэў агнём, ноччу трызніў. Раніцою забралі яго ў турэмны лазарэт, дзе прызналі тыфус.

Прыйшоў фельчар; не пераступаючы парог, пакруціў носам — і наклаў каранцін. Цяпер зноў нікога не выпускалі з камеры. Хлопцы нібыта духам не падалі, спявалі песні, жартавалі, але гэта былі невясёлыя жарты: кожны чакаў з дня на дзень, што і яго падкосіць хвароба.

Вось у гэтыя трывожныя дні абрыдлівага чакання Кастусь атрымаў пісьмо ад Алесі Зотавай. Пісьмо кароценькае, але з важнымі навінамі. Алеся пісала, што выйшла замуж за настаўніка Рамановіча з Блоні. Кастусь успомніў сон пра Вальдзерозе і ўсміхнуўся: глядзі, што можна прысніць. Але вестку гэтую ён успрыняў даволі спакойна. Алеся, вядома, дзяўчына разумная, прыгожая, але не для яго. Ён гэта даўно ведаў і ніколі не цешыў сябе надзеяй. Больш таго, Кастусь заўсёды стараўся сябе паводзіць з Алесяй стрымана, халаднавата нават, хоць і далікатна. Сур’ёзную гаворку заўсёды пераводзіў на жарт.

У той дзень ён узяўся пісаць Алесі адказ. Але штосьці не пісалася. Спачатку здалося, што напісаў вельмі суха і казённа. Другі раз падалося, што Алеся (а можа не так Алеся, як яе муж) пакрыўдзіцца,— і зноў парваў. Няхай, іншым разам напішацца, можа, лепш.

Але атрымалася так, што Кастусь забавіўся з адказам. Не па сваёй, вядома, віне; была другая прычына.

Назаўтра на ранішнюю паверку ў дванаццатую нячысцік прынёс Славінскага. Ніхто яго не чакаў, усе спадзяваліся, што, пакуль існуе пагроза тыфусу, у камеру ён і носа не пакажа. Ажно бравы служака, відаць, задумаў у гэтыя трывожныя дні, калі над астрогам навісла цёмнай хмарай хвароба, зламаць арыштантаў, паставіць іх на калені. Калі Дожджык забразгаў ключамі, ніхто не падумаў, што ідзе начальнік турмы. Таму і не дамовіліся, як яго сустрэць.

— Устаць! — падаў каманду Дожджык.

Хто валяўся яшчэ ў пасцелі, некаторыя тупалі па камеры і, памятаючы ранейшы ўгавор, шуснулі на нары, сёй-той спасаваў і выцягнуўся перад начальствам.

— У карцар! — коршунам наляцеў Славінскі на Дурмашкіна.

— I ты!

— I ты! — тыцкаў ён пальцам.

— Пойдзеш і ты! — палец нацэліўся ў Кастуся.

Пра карцар Кастусь наслухаўся многа, але ў каменны мяшок сам трапіў упершыню. Нічога тут не відаць, і вочы тут не патрэбны. Кажуць, цемра дрэнна ўплывае на зрачок, таму вочы трэба завязваць. Увайшоўшы, ён пастаяў ля дзвярэй, якія з бразгам за ім зачыніліся, і пачаў пакрысе асвойвацца. Нагой намацаў цабэрак-парашу. Рукою асцярожна правёў па сценах. Шырыня заканурка — крыху больш як на адзін крок, удаўжкі — чатыры, пальцы дастаюць столь. Ні нараў табе, ні табурэткі; падлога драўляная, уся ў закарэлай гразі.

Знаёміўся Кастусь са сваім новым месцам спакойна і стрымана. Што ж, у турме ўсяго трэба паспытаць, усё перанесці. Ён патупаў крыху, пасля паслаў бушлат і прылёг. Думкі паплылі чарадою. Як там дома, як маці? Хаця б не прыехаў хто ў адведзіны, пакуль ён тут адседжвае кару. Будзе тады гаворкі...

Неўзабаве ў мінскім турэмным замку здарыліся такія падзеі, што пра іх загаварыў увесь горад і нават уся губерня.

Тыя памятныя дні пачаліся з таго, што начальнік турмы атрымаў па пошце на свой дамашні адрас смяротны прыгавор, аформлены па ўсіх судовых правілах. Каб паказаць, што яго не запалохаеш, Славінскі ў той жа дзень абабегаў усе камеры, тыцкаў «прыгавор» старастам пад нос і дапытваўся:

— Хочаце мяне шантажыраваць? Не выйдзе! Не баюся!

А праз два дні, на змярканні, загрымела ўся турма:

— Начальніка забілі!

— Славінскага ўходалі!

Яшчэ ніхто дакладна не ведаў, як гэта здарылася і ці наогул здарылася, аде ўся турма хадзіла ходырам. Арыштанты крычалі, грукалі ў дзверы, свісталі,— кожны выказваў як толькі мог сваю радасць і задавальненне.

Толькі раніцой стала вядома, што Славінскага сапраўды забілі. Увечары ён выйшаў за браму, ступіў колькі крокаў, як нехта двойчы стрэліў у яго з рэвальвера: адна куля трапіла ў грудзі, другая прабіла галаву.

Увесь дзень у дванаццатай служылі «малебен» па рабу божаму Пятру. «Адпявалі» кожны на сваёй мове: па-беларуску слова сказаў Міцкевіч, па-руску — Дурмашкін, па-польску — Шпакоўскі, па-яўрэйску — Лейвік Гальперын. Пасля Славінскага хавалі «поп», «ксёндз» і «рабін». 3 коўдраў былі зроблены адпаведныя апранахі, з паперы — шапкі і іншыя прычындалы, «папу» за кадзіла была турэмная медная конаўка, падвязаная на шнуркі.

— Так яму і трэба!

— Туды яму і дарога! — цягнуў басам «поп».

Хор падхопліваў:

Хлопцы, спявайце!

Недавяркі, спявайце!

Ох-хо-хо-хо!

Яшчэ праз дзень у астрозе быў вялікі «шмон» — праверка. Трэслі куфэркі астрожнікаў, іх сеннікі, абмацвалі кожны рубец вопраткі, прымушалі распранацца. Забіралі ўсе недазволеныя рэчы. Кастусёвы вершы былі ў надзейным спраце: дома ў Пікуліка. Але пры ім былі грошы. Ажно пятнаццаць рублёў, а трымаць пры сабе можна было не больш рубля. Крыўдна будзе, калі забяруць. А дзе дзець?

У Кастуся за зіму вырасла густая і доўгая барада. Хіба паспрабаваць? Ён схаваў у барадзе свае грошы і Дурмашкіна, маленькі сцізорык Лейвіка.

Калі праверка кончылася, стараста камеры сказаў:

— Цяпер, Міцкевіч, ведай — твая барада будзе нашай!


СУМНАЯ ГАДАВІНА

Што ні поп, то свая малітва, Што ні начальнік астрога, то свае здзекі над людзьмі.

Пасля забойства начальніка Мінскага турэмнага замка арыштантаў пачалі тасаваць і перакідваць каго куды. Адных пераводзілі з камеры ў камеру, другіх у іншае месца. Міцкевіч і яшчэ сем «крапаснікоў» (так называлі засуджаных да зняволення ў крэпасці) трапілі ў жаночы астрог на Дабрамысленскім завулку, што каля Брэсцкага вакзала.

У астрозе як у астрозе, чалавек заўсёды на прывязі. Але на новым месцы былі свае невыгоды: па-першае, зусім перасталі даходзіць пісьмы, па-другое, чамусьці нікога не пускалі на спатканне, нават самую блізкую радню. У Пішчалінскім замку гаспадарыў Дожджык, тут старшы наглядчык Алейчык. У гэтага астрожнага «бацькі» свае законы, свая завядзёнка, свае больш строгія парадкі.

Там, у турэмным замку, ад ранішняй да вячэрняй паверкі камеры адчынены, можаш на сваім паверсе і ў сваім адсеку хадзіць у госці да суседзяў. Тут жа — клетка на замку ўвесь дзень. Там для крапаснікоў існавалі пэўныя прывілеі: можаш хадзіць у сваёй апранасе, дазвалялася самім кухарыць і купляць прадукты, на якія адпускалася па дзесяць капеек на чалавека, кожная камера мела свой самавар. Усё гэта Алейчык скасаваў...

Кастуся, калі ён сядзеў у замку, усю зімачку, амаль кожны тыдзень, наведвала сястра Міхаліна. Прыносіла перадачы, навіны пра тое, што чуваць дома і ў вёсцы. Гэта яна першая прынесла вестку пра Уладзікава вяселле. Узяў той замуж Любу Пракаповіч з Кучкуноў. Гэта яе малодшы брат Алесь вучыўся ў Смалярні.

Некалькі разоў за зіму прыходзіла разам з Міхалінай адведаць Кастуся яго хрышчоная маці — Аксеня Сянкевіч. Яна жыла ў зяця Галонскага па Каломенскай вуліцы, дапамагала дачцы Вікці гадаваць дзяцей.

На новым месцы ні Міхаліна, ні хрышчоная ніяк не маглі дабіцца сустрэчы. Не дазваляецца — і баста! Праўда, Міхаліна нядаўна перадала Кастусю пару чыстай бялізны і — самае важнае — два нумары «Нашай нівы»: за 20 лютага і 7 мая 1909 года. Чаму гэтыя нумары? Відаць, таму, што ў іх былі змешчаны яго вершы «Панас гуляе» і «Сон у астрозе», а таксама лірычная замалёўка Пётры Простага «Абразкі», прысвечаная яму, Якубу Коласу.

Нейкі невядомы аўтар, схаваўшыся за псеўданімам Просты, пісаў прачула, ярка і ўзнёсла: «Люблю цябе, мая родная старонка, мая матка — Беларусь! Ты выгадавала мяне, ты мне паказала нядолю і слёзы маіх братоў... Веру — устане сонца, пашле яно нам свой свет, разгоне туман, што спавіў цябе, Беларусь. Прыйдуць для цябе лепшыя часы... Для сыноў тваіх зачнецца новае жыццё — вольнае, светлае!» Гэтымі думкамі і спадзяваннямі жыў і Кастусь, таму так узрушыла і ўсхвалявала прысвячэнне замалёўкі менавіта яму. Невядомы аўтар нібы чытаў яго настрой і пачуцці...

Але найбольш узрадаваў верш Янкі Купалы «Вучыцелям людскім», змешчаны ў газеце за 20 лютага. Здзіўляла незвычайная глыбіня думкі, мужная настраёвасць, вялікая вера ў сілы і будучыню свайго шматпакутнага народа:

Гулка нясецца стогн лесу ў начныя пацёмкі,

Плача-галосіць ў коміне вецер глухі...

Спіце вы, слаўныя гора і працы патомкі,

Хутка над вамі распалім памінкаў агні!..


Свежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,

Жвір толькі свеціцца, змыты сцюдзёным дажджом...

Спіце! Мы вашых вавек не забудзем магілаў;

Збуджаны вамі, мы ўскрэслі, мы больш не заснём!

Некалькі разоў чытаў і перачытваў Кастусь гэты верш і нейкія новыя грані адкрываў у ім. Гэта было развітанне з ахвярамі нядаўняй барацьбы, але не слёзны плач над іх свежымі магіламі, а клятва ісці іхняй дарогай і працягваць іх справы, заклік да новага пакалення змагароў смела і мужна крочыць наперад. У купалаўскім творы быў унутраны падтэкст, такі зарад, які акрыляў, бадзёрыў, прымушаў падымаць галаву, напаўняў сілай і энергіяй.

Вечарам, як усе крапаснікі сабраліся ў камеры, Кастусь прачытаў ім купалаўскі верш на памяць.

— Сёння напісаў?

— Не! Гэта верш Янкі Купалы,— паказаў ён газету.

— Здорава напісана!

— А хто гэта такі? — запытаўся Лейвік Гальперын, малады яўрэйскі паэт.

Гальперын трапіў у астрог нядаўна. Сын ігуменскага настаўніка, ён вучыўся ў мінскім ешыбоце — яўрэйскай духоўнай семінарыі, адтуль яго выгналі за вальнадумства. Тады былы ешыботнік пайшоў на завод. Пасля ўдзелу ў забастоўцы знаходзіўся на нелегальным становішчы, друкаваў вершы пад псеўданімам Лейвік. Вясною 1909 года мінская жандармерыя высачыла яго, і вось у чаканні судовага працэсу дваццацігадовы паэт адлежваўся на мулкіх нарах.

— Янка Купала — гэта беларускі паэт,— тлумачыў Кастусь.— Паэт з божай ласкі, талент незвычайны.

— Ты, Міцкевіч, бачыў яго? — запытаўся Сарока.— Цікава, як гэта выглядаюць незвычайныя людзі?

— Не, Янку Купалу я не бачыў,— адказаў Кастусь.— Але творы яго вельмі люблю... Памятаю першы яго верш «Касцу», які ён прыслаў у рэдакцыю «Нашай нівы». Было гэта ў маі 1907 года. Рэдактар прачытаў верш сам, потым кажа: «Па-мойму, тут нешта ёсць...» Узяў я той лісток, почырк не вельмі, ды, прызнацца, і верш не зрабіў на мяне вялікага ўражання. Праўда, калі цяпер разабрацца, дык песенька тая была вострая, як каса. Мы тады не вельмі разабраліся і цэнзура не прыдралася, хоць там быў выразны заклік брацца за зброю...

Кастусь падышоў да акна, моўчкі ўтаропіўся позіркам у адчыненую фортачку, цяжка ўздыхнуў і працягваў:

— Ёсць у Янкі Купалы верш «Ворагам беларушчыны». Тады я толькі-толькі вярнуўся з Магілёўшчыны. Прыносяць мне газету, прачытаў я той верш, і ажно мурашкі прабеглі па спіне. Чытаў і радаваўся, аж слязу выцер, бо сам не раз пра гэта думаў. Так яшчэ ніхто не выступаў у абарону беларускага слова:

Чаго вам хочацца, панове?

Які вас выклікаў прымус

Забіць трывогу аб той мове,

Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзіка яго мова?

Паверце, вашай ён не ўкраў,

Сваё ён толькі ўспомніў слова,

3 якім радзіўся, падрастаў...

Не верш, а святая праўда... Шкада, што мне не давялося сустрэцца з Купалам. Выйду на волю — абавязкова пабачуся...

*

Каля брамы турэмнага замка заўсёды тоўпіцца многа народу. Найбольш кабеты. Яны з цяжкімі клункамі за плячыма. Вечна нешта не ладзіцца, таму ў варотах стаіць крык і плач.

Прысадзісты, мажны хлапчына ў акулярах выстаяў чаргу і падышоў да закратаванага акенца:

— Мне трэба сустрэцца з Канстанцінам Міцкевічам.

Пісарчук пагартаў тоўстую канторскую кнігу:

— Яго перавялі ў жаночы астрог.

— А дзе гэта?

— Каля Брэсцкага вакзала.

Хлапец у акулярах хуценька пабег на Дабрамысленскую да Алейчыка. Бравы служака адказаў:

— Трэба дазвол начальніка. А яго няма, паехаў у Пінск.

— Даражэнькі дзядзечка, пусціце... Я стрыечны браценік Міцкевіча. Еду ў Маскву, мой цягнік хутка адыходзіць. Калі я з Кастусём не пабачуся, то адзін бог ведае, калі і ці сустрэнемся мы з ім... Майце літасць!

Чалавек так прасіў, што Алейчык пачухаў за вухам, моўчкі ўзяў з паліцы звязак ключоў і паклыпаў да вялікай драўлянай будыніны з кратамі на вокнах, Хлопец пайшоў за ім і трапіў у брудную бакоўку. «Старшой» загадаў тут чакаць, а сам пайшоў па калідоры.

Кастусь гуляў з Якавам Бязменам у шахматы, калі расчыніліся дзверы і наглядчык сказаў:

— Міцкевіч, хадзі сюды... Брат да цябе прыйшоў.

Але замест Уладзіка ці Алеся ля дзвярэй стаяў незнаёмы плячысты хлопец у белай кашулі і цёмных портках. Прывіталіся. Кастусь узрадавана прамовіў:

— Ведаю, ведаю Цішку Гартнага. Чытаў у газеце. Ну, што там чутно на свеце? Расказвайце...

Капыльскі гарбар Зміцер Жылуновіч прыехаў з Вільні на працу ў Мінск і першым чынам задумаў сустрэцца з Якубам Коласам. У Вільні ён часта заходзіў у рэдакцыю «Нашай нівы». Там пазнаёміўся з кіеўскім студэнтам Сяргеем Палуянам і шчыра пасябраваў з ім. Яны шмат гаварылі пра народную долю і царскую Думу, пра сялянскую галечу і забастоўкі рабочых, але найбольш пра маладую беларускую паэзію, Янку Купалу і Якуба Коласа. Першы недзе вучыцца ў Пецярбурзе, а другі, бедалага, сядзіць у мінскім турэмным замку.

— Рэакцыя цісне вольную думку жалезным абцасам,— гаварыў Жылуновіч.— Але ёсць свае законы развіцця грамадства. Сонца ўзыдзе незалежна ад таго, ці заспявае певень...

Пасля размова пайшла пра новыя беларускія кнігі, вершы Максіма Багдановіча. Кастусь расказаў нейкае смяхотнае здарэнне з турэмнага побыту, Зміцер — новы анекдот пра Вітэ. Здаравенны наглядчык з рэвальверам на шырокім поясе нервова круціў вус, чуючы, як весела і задаволена рагочуць хлопцы. На развітанне Кастусь і Зміцер тройчы пацалаваліся.

3 турэмнай брамы Жылуновіч выйшаў узрадаваны і ўсхваляваны сустрэчай. Вось ён які, Якуб Колас! Звычайны, крыху лысаваты, з вялікай чорнай барадой чалавек. Але малайчына, мужна і бадзёра трымаецца, турма не зламала яго.

Задаволены сустрэчай з капыльскім гарбаром быў і Кастусь. Які настырлівы! Нават самога Алейчыка ўламаў, каб пусціў. Не тое, што Фурсевіч. Той напісаў паштоўку, што быў у Мінску, але наведаць сябра не знайшоў часу. Дык чаго ж ты вярэдзіш душу, напамінаеш пра сваю персону?! А гэты, бач, чужы і незнаёмы, а прыйшоў адведаць, каб выказаць сваё спачуванне і спагаду.

3 лёгкай рукі Цішкі Гартнага лета 1909 года выдалася для Кастуся Міцкевіча багатае на сустрэчы. Блізкая радня, сябры-настаўнікі, добрыя знаёмыя і нават тыя, каго ён не чакаў, прыходзілі адведаць няшчаснага астрожніка.

Праз некалькі дзён пасля таго, як Кастуся наведаў капыльскі гарбар, у астрог на Дабрамысленскай прабілася Ліза. Ліза Андрэеўна Карніловіч закончыла Бястужаўскія вышэйшыя жаночыя курсы, вярнулася на радзіму і працавала ў вёсцы Хожава, каля Маладзечна. Аднойчы яна разгаварылася са сваім вучнем Пятром Цярэшкам. Пятро сказаў, што яго бацька сядзіць у мінскай турме. У адной камеры з ім былы настаўнік Канстанцін Міцкевіч.

Як дачулася пра гэта Карніловіч, дык рашыла абавязкова адведаць свайго віленскага знаёмага. Ліза выпісвала беларускую газету і часта сустракала там вершы Якуба Коласа. У бурлівым 1905 годзе яна сама сядзела ў «Крыжах» — вядомай пецярбургскай турме для палітычных — і ведала па чым фунт астрожнага ліха, разумела, якую неспадзяваную радасць прынясе Міцкевічу.

Аднойчы бразнула засаўка ў дзвярах:

— Міцкевіч, нарачоная прыйшла!

Толькі Кастусь пераступіў парог пачакальні, Ліза падбегла да яго, цмокнула ў адну шчаку, у другую, весела засмяялася:

— А якая ж страшная барада! Мой жа ты Каласок!

Кастусь не чакаў такой сустрэчы і крыху разгубіўся. Ён не ведаў, што Ліза, каб дабіцца сустрэчы, назвала яго сваім жаніхом, з якім яна быццам бы заручоная. Бястужаўка і далей паводзіла сябе з добрым веданнем нораву турэмных служак: яна сунула рубля ў лапу, і наглядчык адышоў у кут.

На другім тыдні пасля Пятра камеру, дзе сядзелі «крапаснікі», сярод ночы паднялі на ногі, усім адзелі кайданы і пагналі назад у Пішчалінскі замак. Узмоцнены канвой ішоў з шаблямі нагала. Размясцілі на другім паверсе, у кутнай камеры, пад самай вежай. Адразу для крапаснікоў вярнуліся ранейшыя правы. Уладзік Салвэсяў стаў загадваць арцельнай гаспадаркай і фінансамі, даваў грошы на крупы і хлеб Пікуліку, а той купляў, што трэба, на Віленскім рынку. Кастусю ж прыйшлося ўзяцца кухарыць.

Пасля нясмачнай і рэдкай баланды, якой кармілі на Дабрамысленскай, Кастусёвы абеды ўсім прыйшліся да спадобы: і крупнік густы, скалкі плаваюць, і дабаўка ёсць. Хлопцы часам пыталіся:

— Ці не дакладаеш ты, Стары, са свае кішэні?

— Я прыняў у нашую арцель новага начальніка астрога,— пасміхоўваўся Кастусь.— Ён пабойваецца, каб і яго не ўходалі, дык па рублю дакладае.

Неяк спраўны кухар абіраў бульбу. Прыбягае Уладзік Сальвэсяў і кажа:

— Ідзі, браце! Да цябе дзядзька Антось прыджгаў. Я пакухавару...

Толькі глянуў Кастусь на госця — і зразумеў: нейкая бяда здарылася дома. Дзядзька ссутуліўся, даўно не голены твар учарнеў. У жывых і прыветных вачах смутак і разгубленасць, кашуля без падпяразкі.

Пляменнік і дзядзька Антось абняліся, моцна пацалаваліся.

— Што? — запытаў Кастусь, і яму чамусьці падумалася, што нешта з маці.

— Пагарэлі,— ціха прамовіў дзядзька і выцер слязу.— Карчму як языком злізала. Увесь наш бок выкаціла. Толькі гумно ацалела. Там, у гумне, пажывем да халадоў. За гэты час, можа, якую хатку агораем. Бач, нябож, як яно выходзіць: не куецца, а плешчацца...

Навіна, якую прынёс дзядзька Антось, растрывожыла Кастуся. Самае крыўднае было, што ён нічым не можа дапамагчы дамашнім у гэтую нялёгкую для іх часіну. Іншая справа, каб быў на волі. Паехаў бы зноў у Папоўку, зарабіў бы за зіму сотні паўтары. Дый што казаць! На волі ён знайшоў бы нейкую раду, каб падсабіць маці. А так сядзі тут, трубі ў кулак, кусай локці са злосці...

На другім тыдні, нарэшце, паказаўся доўгачаканы Сымон Самахвал. Хацеў спачатку Кастусь даць яму добрую праборку, але як убачыў знаёмы нос-імбрычак, дык адразу ўся крыўда на яго прапала. Сымон расказаў пра сваё жыццё-быццё, даў адрас настаўніка Жука, які напісаў пракламацыю, за якую трапіў Кастусь на казённыя харчы. Якаў Бязмен ведаў таго Жука і паслаў яму пісьмо-карыкатуру: вялікі чорны жук выводзіць пяром «Дарагія таварышы!» (так пачыналася тая лістоўка), а побач чалавек нясе тры вялізныя крыжы, на верхнім з іх напісана: «Тот грехи наша понесет и язвою его мы исцелехом».

Праз колькі дзён заглянуў і Антон Лявіцкі, які выступаў на старонках «Нашай нівы» пад псеўданімам Ядвігін Ш. Вясёлыя былі яго апавяданні, весялун быў і ён сам — сярэдняга росту, гадоў пад сорак чалавек у просценькім вынашаным касцюме. Прывёз ён Кастусю паклон ад Янкі Купалы...

Так у трывозе, клопатах і сустрэчах са знаёмымі і сябрамі прайшло лета. На турэмным двары вецер змятаў першыя жоўтыя лісты, калі Кастусь зноў дастаў з сенніка свой патайны сшытак, куды запісваў свае астрожныя думы.

Прайшоўся Кастусь па камеры раз, другі. Усе разбрыліся, хто куды. На нарах ляжаў толькі Цярэшка: яму штосьці нездаровілася. Ды ў суседняй камеры галёкалі арыштанты-крымінальнікі: у іх заўсёды нейкія забаўкі.

— Сёння ж гадавіна! — раптам успомніў Міцкевіч.

Каб упэўніцца, што сёння 15 верасня 1909 года, Кастусь глянуў на сцяну, дзе вёўся каляндар. Правільна, сёння якраз роўна год, як яго запякалі ў каталажку! Значыцца, адну трэць адбухаў. Зіма пройдзе — будзе палавіна тэрміну, а там і другі верасень.

Вечарам, лежачы на сенніку, Кастусь успамінаў, як год таму назад вырашаўся яго лёс у судзе. Усё быццам вяло на тое, што ўдасца выйсці «сухім». Пра настаўніцкі з’езд гаворкі адносна было мала, следства круцілася вакол надрукаваных на гектографе лістовак, але вывады экспертаў адносна таго, хто іх пісаў, разыходзіліся. Кастусь вінаватым сябе не прызнаваў, адвакат Петрусевіч выступіў таксама добра. Таму ў Кастуся была надзея на апраўданне. Ён у часе перапынку пасля пасяджэння схадзіў на Захараўскую, перакусіў у харчэўні, а ідучы назад у суд, купіў новыя чаравікі. Цяпер смешна нават, які быў наіўны. Спадзяваўся на адно, а выйшла зусім другое. Успомніў яшчэ, як акалодачны, пачуўшы, што і Кастуся трэба браць пад варту, падбег і цап за руку.

— Ты чаго, пеўнік, хапаешся? — агрызнуўся тады Міцкевіч.— Не бойся, не ўцяку!..

Думаў пра сумную гадавіну, а ў галаве ўжо складаліся радкі:

Нешчаслівы дзень прыдаўся:

Волю я ў той дзень хаваў...

*

У суседняй вялікай, як казарма, камеры сярод лета 1910 года з’явіўся гарбаты дзядзька ў суконнай світцы і юхтовых ботах з высокімі халявамі.

Новы астрожнік прывалок два цяжкія, як падняць, самаробныя куфэркі з начыннем, запэцканы фарбай пляскаты чамаданчык і мех нейкіх сукаватых дзеравяк. Паводзіў ён сябе ў камеры смела, асвойтвацца яму не трэба было. Ціхенька насвістваючы нейкую вясёлую мелодыю, ён у першы ж дзень абсталяваў святлейшы кут камеры пад рабочае месца. Адзін куфэрак, раскрыты і падвешаны на сцяну, стаў зручнаю палічкаю з наборам рознага прыладдзя. Там былі фігурныя і кантовыя стамескі і стамесачкі, долаты і долатцы, малюпасенькія напільнікі і нейкія іншыя штуковіны. Другі куфэрак служыў гаспадару сядзеннем.

Гарбаты ўмела майстраваў, і на вачах здзіўленых астрожнікаў увачавідкі з’явіліся пацешныя драўляныя фігуркі хлопчыка, сабакі і ката. Паглядзець, як выразае цацкі навічок, сабраліся ўсе цікаўныя, прыйшлі таксама Кастусь, Якаў Бязмен і шавец Іцка Мардуховіч. Глядзелі яны, глядзелі, а потым Якаў і кажа:

— Якія малайцы гэтыя астрожнікі! Адзін умее майстраваць шылам, другі стамескай, а трэці пяром.

— А хто гэта пяром? — падняў галаву гарбаты.

— Вось настаўнік Міцкевіч,— адказаў Якаў і дадаў, паказваючы на Кастуся: — Ён жа яшчэ Якуб Колас, Тарас Гушча, Тамаш Булава — усіх яго псеўданімаў не злічыць...

— Якуб Колас? — усхапіўся на ногі навічок.— А я Казімір Кастравіцкі або інакш Карусь Каганец...

Новыя знаёмыя моцна абняліся і пацалаваліся.

— Раз такая выйшла справа, то на сёння хопіць,— Каганец развязаў фартух.— Во, браце, дзе нам давялося ўпершыню пабачыцца. Але і малайчына ты, хлопча! Хвацкія вершы пішаш! Ой, хва-а-ацкія!

— Дый у вас, дзядзька Карусь, ёсць добрыя. «Кабзар» напрыклад.

— Няма часу мне вершы пісаць,— махнуў рукою Каганец.— Дый, скажу я табе, не пішуцца вершы, калі дзеці галодныя плачуць.

3 самага пачатку Каганец устанавіў свой рытм турэмнага жыцця. Уставаў ён раненька, перш карміў галубоў, потым снедаў сам і садзіўся за варштат. Маляваў карціны і майстраваў цацкі на продаж. Пасля кожнай гадзіны рабіў размінку, падыходзіў да «тэлефона» — так называлі акенца паміж камерамі, праз якое можна было пазычыць махоркі на папяросу, шклянку гарбаты ці лусту хлеба — і пазіраў, што робіць Кастусь. Каганец не любіў, калі яму перашкаджалі працаваць, і сам не хацеў нікога адрываць ад занятку.

Ва ўсёй постаці і абліччы Каганца адчувалася моцная сіла волі. Глыбокае перакананне было ў яго любімых словах:

— Беларусь трэба падымаць!.. Трэба вучыць селяніна грамаце. Гэта наша задача — задача свядомых беларусаў.

Каганец змалку захапіўся беларускім нацыянальным рухам. 3 усімі, нават з панамі і падпанкамі, гаварыў толькі на роднай мове. Нацыянальныя праблемы, характар і ўчынкі беларускіх дзеячаў былі ўлюбёнай тэмай яго размоў. 3 асаблівай замілаванасцю ён расказваў пра Янку Купалу:

— Мы, Кастусь, з табою лапцяватыя мужыкі як сваім выглядам, так і творамі. У Купалы прыроджанае шляхецтва ва ўсім. Блакітныя задуменныя вочы, невялікія светла-русыя вусікі. Спраўна сядзіць на ім светлы шчыгульны касцюм, бялюткая манішка. Неяк пры мне зайшла гаворка пра беларускую паэзію. Адзін з супрацоўнікаў «Нашай нівы» сказаў: «Многа паэтаў нам і не трэба, тым болей, каб некаторыя перараслі нас». Янка Купала яму запярэчыў: «Я рады буду, калі новае пакаленне паэтаў перарасце нас...»

У буднія дні Каганец старанна працаваў, зарабляў сям’і на хлеб. Пра яго ўмельства дачулася турэмнае начальства, і заказаў было ўволю. Перш-наперш ён адштукаваў Пікуліку з фотакартак партрэты яго дзяцей. Той паказаў Каганцову работу Дожджыку, «старшой» яшчэ некаму, і пасыпаліся заказы. Праўда, хто плаціў, а каму прыходзілася маляваць і бясплатна. Аднак і ў горшым выпадку збіралася за месяц чырвонцы два.

Кастусь, бачачы, што ў дзядзькі Каруся час дарэмна не марнуецца, устанавіў і для сябе распарадак дня. Ад снядання да абеду ён кожны дзень пісаў. Кончыў паляшуцкую гісторыю «Батрак», пачаў «Паўлюкову бяду». У суботу падвечар збіраліся хлопцы з іншых камер, прыходзіў Каганец, і Кастусь чытаў тое, што напісаў за тыдзень. Толькі пасля гэтага Пікулік нёс пакет на пошту.

Трэба сказаць, што летам і восенню 1910 года сувязь з воляю неяк пачала абрывацца. Чамусьці ніхто з настаўнікаў за ўсё лета не адведаў Кастуся, рэдка трапляла яму і беларуская газета. Адна толькі Міхаліна прыносіла перадачы. Праўда, неяк на пачатку лета заглянуў Ядвігін Ш., узяў у Кастуся згоду на складанне і выданне рэдакцыяй «Нашай нівы» зборніка яго вершаў. Пасля гэтага прайшло шмат часу, а з рэдакцыі больш ні слова.

А ў пачатку кастрычніка прыбягае ў камеру дзядзька Карусь і паказвае Кастусю «Нашу ніву» за 30 верасня 1910 года. На першай старонцы ў рамцы з віньетак надрукавана аб’ява:

Выйшла з друку новая кніжка Якуба Коласа

«Песні жальбы».

Зборнік вершаў; 128 старонак.

Цана 30 кап.

Была ў гэтым нумары і рэцэнзія нейкага Бульбы на «Песні жальбы». Кастусю хацелася хоць адным вокам як найхутчэй глянуць на сваю кнігу. А яе не было і не было. Прыйшлося напісаць у рэдакцыю адно пісьмо, потым другое — усё дарэмна! Толькі пазней ён даведаўся, што абвестка ў газеце была «анонсам», а рэцэнзія пісалася па карэктуры з надзеяй, што зборнік на падыходзе. Кніга ж, як на тое, пазнілася ў віленскай друкарні Ендрасевіча і з’явілася ў продажы толькі ў пачатку снежня.

Сам аўтар не мог бы толкам адказаць, чаму ўсхвалявалі і ўзрадавалі «Песні жальбы» непараўнальна больш, чым першая кніга. Можа, таму, што «Другое чытанне» ён атрымаў нечакана і негадана, а другую кнігу чакаў даўно і ніяк не мог дачакацца. А можа таму, што змест «Другога чытання» ён ведаў наперад, бо сам пісаў і складаў кніжку. Тут жа ён прапанаваў толькі назву зборніка ды параіў змясціць вершы асобнымі цыкламі. А што ўвайшло ў «Песні жальбы», ён да гэтага дня не знаў.

Родныя беларускія краявіды, ад якіх ён быў вось каторы ўжо год аддзелены жалезнымі кратамі, зноў паўставалі перад яго вачыма. У небе сумна курлычуць жураўлі, адлятаючы ў вырай; сыплюцца чыстыя і дробныя кроплі асенняга дажджу; потым за акном вецер шуфляе снег; нарэшце вясна, вясна, жаданая! I за кожным малюнкам прыроды стаяла перад вачыма альбуцкае прыволле.

Чытаў Кастусь сваю кнігу, і замурзаныя сцены камеры ў тую ноч быццам бы рассоўваліся перад ім. Свежы подых наднёманскага ветрыку ўрываўся ў смярдзючы турэмны пакой і нёс яго думку далёка-далёка. Успомніліся семінарскія сябры, настаўніцкі з’езд, тая ноч, калі стражнікі паказаліся пад вокнамі школы. 3 таго часу пачаліся пакуты, якім няма канца. Дзе сябры-настаўнікі, куды закінула іх доля? Чаму ніхто з іх не падаў за ўсё лета голасу?

Гартаў Кастусь старонку за старонкай, пакуль не дайшоў да радкоў:

Уздыхнула цяжка маці,

  Аб сынку гадае,

Што ў астрозе, ў паняверцы

  Кару адбывае...

Адразу стала цяжка на сэрцы, набегла няпрошаная сляза. Кастусь прайшоўся па камеры з кута ў кут. Брудная турэмная клетка, асветленая цьмянай газнічкай, выглядала панурай ямай-магілай. Цішыня. Толькі хто-небудзь загаворыць праз сон, варочаючыся пад бушлатам — арыштанцкай курткай.

Нялёгка яму тут, за жалезнымі кратамі, але ён абабіўся, прызвычаіўся ўжо. Чалавек прывыкае да ўсяго: і добрага, і кепскага. А як там мама жыве? Як маюцца дзядзька Антось, браты і сёстры?

Кастусь ведае, што вось роўна год, як перабраліся яго дамашнія з карчомнага гумна ў Смольню. Так называюць у Мікалаеўшчыне невялічкі грудок за Церабяжамі, пры самым Нёмане. Дзядзька Антось з Уладзікам у тое яі лета, як згарэла карчма, купілі ў Яршах зруб, збілі з яго плыт і прыгналі ў Смольню. Нарэшце збылася даўняя мара Міцкевічаў: яны маюць сваю сядзібу! Няхай жа прыйдзе шчасце ў іхнюю хату. Яны, здаецца, выпакутавалі яго сваёй цяжкай працай.


«МОЙ РОДНЫ КУТ, ЯК ТЫ МНЕ МІЛЫ...»

Зіма з 1910 на 1911 год здалася Кастусю вельмі доўгай, а таму і цяжкай. Душа яго ўжо знебылася ў чатырох сценах і рвалася на волю, а да яе, доўгачаканай, было яшчэ так далёка.

Калі разважыць спакойна і цвяроза, то не так ужо і многа яму засталося тут кукаваць, лічаныя месяцы ўжо. Хутка вясна, а там лета — і збірай бэбахі, як кажа шавец Мардуховіч, што спіць з Кастусём побач на нарах. Бяда толькі, што ўсё гэта так і не так. Ён і раней лічыў кожны дзень, з радасцю выкрэсліваў яго з календара, напісанага вуглем над дзвярыма камеры. Цяпер жа дні неймаверна здоўжыліся. Хацелася падганяць іх, каб яны беглі скарэй.

Кастусь хадзіў з кута ў кут, сноўдаўся з адной камеры ў другую, але нідзе не знаходзіў прыпынку. Не вабілі яго ні розныя выдумкі краўца Ёселя, ні штукарствы шаўца Свінкіна. Што толькі ні выдумлялі яны, каб пацешыць арыштантаў!

Смяротная кара за ўдзел у пінскай арганізацыі бамбістаў Ёселю была заменена пажыццёвай катаргай. Чакаючы адпраўкі ў Сібір, ён адкрыў крамку і гандляваў папяросамі, абаранкамі і іншымі таварамі, якія знаходзілі збыт у турме. I не проста прадаваў, а з рознымі выдумкамі.

— Хто з’есць вязку абаранкаў, той атрымае бясплатна яшчэ адну...

— Даю пяць пачак папярос таму, хто з’есць зараз два фунты сала,— аб’яўляў Ёсель.

Мінскі злодзей Свінкін меў свой «рэпертуар». Часты госць у замку, ён быў дока наконт таго, як змарнаваць час і пасмяяцца з навічка. «Пілаванне дуба», «банькі» і іншыя здзеклівыя забаўкі Свінкін умеў наладзіць лепш, як хто.

Раней Кастусь часам зойдзе ў суседнюю камеру паглядзець, што чвэраць арыштанты, а цяпер ні кроку туды: было яму балюча і крыўдна за чалавека. Мала здзекуецца турэмная адміністрацыя, дык яшчэ і самі арыштанты памагаюць таптаць і пляжыць людскую годнасць!

Аднак нудзіўся сёлета ён не так доўга. Як толькі зірнула па-вясноваму на турэмны двор сонца, яго неспакой і ўтрапенне як рукой зняло. Мабыць, дапамагло тое, што ён пачаў пісаць вершаванае апавяданне «Як дзядзька ездзіў у Вільню і што ён там бачыў». У аснову яго была ўзята гісторыя Антосевых паездак, звязаных з афармленнем продажу зямлі, на якую пры куплі бралі пазычку ў Віленскім зямельным банку. Кастусь расказаў гэтыя падзеі дзядзьку Карусю, а той насеў:

— Вазьмі напішы. Такі цікавы твор атрымаецца, а я зраблю да яго малюнкі.

Узяўся Кастусь і так уцягнуўся ў работу, што зноў, як апантаныя, пабеглі дні. Гэта цешыла аўтара, і ён не здаваў тэмпу. Даўно Кастусь заўважыў: калі творча працуецца, то і на сэрцы весялей, і час ідзе хутчэй.

Перастане пісаць — і нэндза агортвае душу. Таму, яшчэ водзячы Антося з Грышкам Верасам па Вільні, ён задумаў паказаць любімага дзядзьку не толькі ў гарадскіх, нязвыклых для яго абставінах, а павесці ў Ласток і Альбуць, каб і самому прайсціся незабыўнымі сцежкамі маленства.

Лежачы на турэмным сенніку, ён у думках пераносіўся ў далёкае мінулае, і ўсё перажытае паўставала перад яго вачыма нанова, у паэтычным святле і прыгажосці. Было тады ўсё: і голад, і холад, але цяпер успаміналіся толькі радасныя і вясёлыя падзеі. Памяць быццам адсейвала ўсё кепскае і захоўвала толькі добрае і прыемнае. Што ён даў бы, каб хоць на адзін дзянёк вырвацца з турэмнай задухі і з дзядзькам Антосем заглянуць на Нёман, пасядзець за хатнім сталом, паслухаць песні лясных жаваранкаў...

Яшчэ ў самым разгары была работа над вершаваным апавяданнем, яшчэ дзядзька Антось падыходзіў толькі к банку, а Кастусю не давалі спакою, прасіліся на паперу радкі:

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Не раз, утомлены дарогай,

Жыццём вясны мае убогай,

К табе я ў думках залятаю

I там душою спачываю...

Былі ў яго паасобныя сцэнкі дамашняга побыту, складзеныя ім даўно і не раз чытаныя зімовымі вечарамі яшчэ ў Альбуці:

Хадзіў па лесе зранку бацька,

У Нёмне рыбу вудзіў дзядзька,

А старшы хлопец пасвіў статка,—

Адна у хаце з дзецьмі матка...

А ззаду, узяўшысь за спадніцу,

За ёй ішоў Юзік-шаляніца,

Ахвотнік рэпай пажывіцца

Або ў садок у вішні ўбіцца...

Даўно напісаны былі і іншыя замалёўкі, асабліва шмат іх прысвячалася дзядзьку Антосю. Інакш і быць не магло: дзядзька ўмеў ладзіць з пляменнікамі, заўсёды знаходзіў для іх цікавую гульню ці забаўку.

Закончыўшы вершаванае апавяданне пра дзядзькавы прыгоды ў Вільні, Кастусь пераключыўся на альбуцкія ўспаміны. Памалу ажывалі даўно знаёмыя мясціны: ціха шумелі асіны, што разам з хвоямі абступалі леснічоўку, булькала ў алешніку крынічка, а на старых пахіленых вербах прабіваліся першыя кволыя лісточкі... Цудадзейную сілу мае паэтычнае слова! Дзякуючы яму не толькі ўзнаўляліся ў памяці мілыя сэрцу драбніцы даўняга клопату і радасці, але і лячыліся балючыя турэмныя раны.

Зноў вярнуўся колішні творчы настрой, бадзёрасць і сіла. Увесь час паміж ранішняй і вячэрняй прагулкай на астрожным двары ён сядзеў над новым творам. Былі ўжо амаль цалкам закончаны раздзелы «Раніца ў нядзельку» і «Леснікова пасада», «Смерць ляснічага», але пэўнага плана паэмы ў Кастуся яшчэ не было. Ён увесь час думаў над тым, каб неяк скампанаваць, аб’яднаць у адзінае цэлае вершаванае апавяданне пра дзядзькавы прыгоды і новыя раздзелы. Трэба было знайсці нешта такое, што звязала б разрозненыя раздзелы. Але што?

Рашэнне з’явілася нечакана. Кастусю прыйшла чарга кухарыць, у памочнікі да яго напрасіўся Цярэшка. Сядзелі яны ўдвух, абіралі бульбу, гаварылі пра волю: у ліпені 1911 года Мацей адбываў свой трохгадовы тэрмін.

— Абрыдла тут мэнчыцца,— казаў Цярэшка.— Рукі даўно сумуюць па плузе і касе... Зямля для селяніна — родная маці. Яна мілая і дарагая карміцелька...

«Зямля — вось што аснова»,— прыйшлі раптам на памяць бацькавы словы. Бедны, не дачакаўся ён свае зямлі. Праз цяжкія выпрабаванні і пакуты набылі сваю палоску маці з дзядзькам Антосем і Уладзікам. Аддалі зямлі яны многа сіл і яшчэ аддадуць, але ці знойдуць шчасце, якое шукаюць?..

Вядома, зямля — найпершая ўмова сялянскага шчасця, яна аснова яго дастатку і дабрабыту. Так думаў бацька, так думае маці, так здаецца і яму, Кастусю. Аднак маскоўскі рабочы Аляксандр Голуб, якога нядаўна пасадзілі ў іхнюю камеру, кажа, што селяніну мала свае зямлі, каб па-людску жыць на свеце. Трэба яму перш за ўсё свабода.

Як бы там ні было, а зямля ёсць зямля. Яна пакуль што аснова сялянскага жыцця. Таму хай зямля будзе ў цэнтры ўвагі паэмы. Можа, і назваць паэму «Зямля»? Бацька збіраўся на сваёй зямлі пачынаць жыццё нанова, на новы лад... Дык няхай і паэма называецца «Новая зямля». Яму яшчэ самому няясна, як выкіруецца сюжэт, але хочацца паказаць дзядзьку Антося, бацьку і маці так, каб усе пабачылі працавітага беларуса, зразумелі яго душу і сэрца. Зачын, здаецца, зроблены някепскі. Дзядзька Карусь хваліць. Дый яму і самому падабаюцца некаторыя мясціны.

Сярод лета ў камеры адбылося многа перамен. Старыя астрожнікі раз’ехаліся хто куды, на іх месца прыйшлі новыя. Студэнта Дурмашкіна яшчэ з вясны павезлі судзіць у Маскву. Дожджык неяк адамкнуў уранку камеру і гукнуў:

— Цярэшка, з вяшчой!

Радасны Мацей кінуўся развітвацца. Пацалаваўся з усімі, а з Кастуся ўзяў слова, што той прыедзе пагасцяваць у Хожава:

— I я рады буду, і яшчэ нехта цябе там чакае...

Цярэшка меў на ўвазе Лізу. Яна нядаўна зноў прыязджала адведаць Кастуся.

Праз некалькі дзён забразгаў ключамі Дожджык і ў суседзяў:

— Кастравіцкі! Збірай манаткі.

Кастусь дапамог дзядзьку Карусю сабраць начынне і фарбы, занёс яго чамаданы ў пачакальню.

— Ну, братко Якуб,— праслязіўся Каганец,— жадаю хутчэй і табе гэтага.

Яшчэ раней паехаў Ёсель на пасяленне ў Сібір, Уладзіка Сальвэсевага і Якава Бязмена перавялі на ніжні паверх. У камеры са старых знаёмых засталіся толькі Мардуховіч і Шпакоўскі. Людзей паменшала, у камеры стала цішэй, і Кастусь увесь жнівень 1911 года цэлымі днямі праседжваў над паэмай.

Акрыляла яго адчуванне набліжэння волі. Засталіся лічаныя дні, а там, браце, загуляем. Толькі б удалося ўладкавацца на настаўніцкую службу! Тады днём займаўся б з вучнямі, а вечарамі пісаў бы «Новую зямлю». Калі б удалося на вясну кончыць паэму, то ўзяўся б за другую. Планы ў Кастуся вялікія. Выспелі, вынасіліся думкі пра Сымона-музыку. Хацелася расказаць пра свае пакуты, нялёгкія жыццёвыя вандроўкі. Хутчэй бы воля, а ён яшчэ пакажа свету, што можа напісаць! Ого-го! Хіба зноў схопяць за руку ці загоняць у салдацкую казарму. Ёсць такая пагроза...

25 жніўня 1911 года нарэшце падаў пасля вялікага перапынку голас Самахвал. Сымонава пісьмо было невясёлае. Праз дзень Кастусь сеў пісаць яму адказ, як мог суцяшаў сябра: «Пасаваць перад жыццём нельга. Ты ж знаходзішся на волі, табе ёсць магчымасць адстаяць сваё права на шчасце і долю. Я яшчэ ў турме, але думкамі даўно на волі...»

— Калі сам шавец ходзіць у падраных ботах, то паўбяды,— сказаў у той дзень Мардуховіч, збіраючыся пасля абеду ў майстэрню.— Але калі ў суседа развальваюцца камашы, то гэта ўжо зусім кепска.

Кастусь абуў новыя чаравікі, купленыя перад судом, і хадзіў у іх, пакуль Мардуховіч падбіў у старых падноскі. А праз некалькі дзён глянуў пад нары — няма новых чаравікаў, адчыніў чамадан — і там няма. Што за праява?

— Хлопцы, хто прыставіў ногі маім чаравікам? — запытаўся Кастусь.

— Абрыдла тваім камашам у турме,— адказаў Шпакоўскі.— Падаліся яны на волю, не дачакаўшыся гаспадара...

Жарты жартамі, а кінуліся шукаць прапажу ўсёй камерай. Перарылі куткі і закуткі, ператрэслі ўсе куфэркі і бэбахі, але Кастусёвых чаравікаў і след прастыў. Клікнулі ў «тэлефон» Івана-верхавода камеры крымінальнікаў. 3 «палітычнымі» Іван жыў у згодзе, а Кастусь нават аднойчы пісаў па яго просьбе пісьмо. Некалькі хвілін у суседняй камеры стаяў страшэнны гармідар: Іван вёў допыт у сваёй «парафіі». Потым гукнуў Кастуся:

— Чаму ж ты, хлопча, раней не агледзеў? Свіння той Свінкін! Гэта яго работа... Я яму, сабаку, галаву адкруціў бы. Ён толькі ўчора выйшаў на волю... Цяпер лаві ветру ў полі...

Кастусь па новых чаравіках вельмі не бедаваў. Ліха іх бяры! Ці гэткае прападала. I колькі яшчэ прападзе... Вунь тры гады змарнаваліся. Радавала адно: скора на волю. Можна тыя дзянёчкі па руках палічыць. Нават цяжка даць веры...

11 верасня Кастусь прачнуўся, як заўсёды, рана, глянуў на каляндар. Заставалася яшчэ чатыры ночы перажыць, а там, там... Ён радасна ўсміхнуўся. У гэты час нехта загрукаў замком, дзверы расчыніліся, і Дожджык нечакана закрычаў:

— Міцкевіч! 3 вяшчой!

Кастусь даўно чакаў гэтай каманды, але не думаў, што пачуе яе на некалькі дзён раней. Саскочыўшы з нараў, ён у адных сподніках пайшоў упрысядкі...


НА ВОЛІ

Апынуўшыся за астрожнай брамай, Кастусь з Уладзікам Сальвэсевым у той жа дзень пайшлі на паклон да Райскага.

Пакуль абодва Міцкевічы сядзелі ў астрозе, іх прыяцель і калега Аляксандр Райскі выйшаў у людзі. Колішні сакратар настаўніцкага з’езда, за ўдзел у якім Кастусь з Уладзікам трапілі на казённы харч, быў цяпер памочнікам начальніка канцылярыі самога Эрдэлі — мінскага губернатара. Вось што значыць мець шчасце і ажаніцца з разлікам!

Як ні ўпіраліся сябры, але губеранскі чыноўнік зацягнуў іх у рэстаранчык, прапанаваў па чырвонцу на дарогу, ды нядаўнія астрожнікі грошай не ўзялі. Ім патрэбна было іншае: даведка пра добранадзейнасць. Без гэтай паперыны дырэкцыя народных вучылішчаў на пасаду іх не прызначыць. А дзе ты якую другую службу знойдзеш? Уся цяжкасць была ў тым, што даведку павінен падпісаць губернатар. Паспрабуй да яго даступіцца і даказаць, што ты стаў добранадзейны! Таму ўсе спадзяванні на Райскага. Ён, як-ніяк, аціраецца каля высокага начальства дый паручыцца можа за няшчасных «агаркаў».

Даведка патрэбна для таго, каб атрымаць настаўніцкую пасаду. Аднак была яшчэ адна прычына, якая прымушала настойліва дабівацца даведкі. Будзеш настаўнікам — не возьмуць у салдаты. Пасля астрожнага жыцця трапіць у салдацкую казарму пад уладу фельдфебеля — перспектыва не вельмі прывабная.

У той жа дзень Уладзік падаўся ў Мікалаеўшчыну, а Кастусь позна ўвечары сеў у Мінску на віленскі цягнік. Вёз у рэдакцыю «Нашай нівы» тры сшыткі вершаў і пачатак «Новай зямлі». Была надзея, пакуль удасца выстарацца даведку ў губернатара, прыляпіцца на працу, як не ў рэдакцыі, то наогул дзе-небудзь у Вільні.

Імжыў халодны асенні дождж, калі а шостай гадзіне цягнік спыніўся на віленскім вакзале. Кастусь наставіў каўнер і тунелем выйшаў на перон. Гадзіны паўтары ён чакаў, пакуль развіднее і трохі сціхне дождж.

Перш-наперш заглянуў на Завальную вуліцу. У рэдакцыі «Нашай нівы» сядзеў толькі справавод. Ад яго Кастусь даведаўся, што наступны нумар газеты выйдзе здвоены, ажно 22 верасня, таму рэдактар паехаў у Радашковічы. Калі ён будзе, невядома...

Прыйшлося завярнуць да Зотавых. Там выпіў шклянку гарбаты і падаўся ў Ландварова — віленскую дачную мясціну, дзе жыў знаёмы настаўнік Іван Касяк.

Праз дзень з Іванам трапілі ў Вільні на настаўніцкую вечарынку. Кастусь у паношаным касцюмчыку і латаных чаравіках адчуваў сябе няёмка сярод кампаніі маладых выфранчаных людзей. Рэй на вечарынцы вяла прыгожая дзяўчына, маладая беларуская паэтэса Канстанцыя Буйлянка. Калі яна запытала, чаму ён такі сумны, а позірк яго халодны, Кастусь адказаў экспромтам:

Мой зрок, як лёд халодны,

Гарыць тады ён толькі,

Калі накормлены галодны

I гояцца людскія болькі...

Усе віленскія знаёмыя хвалілі яго вершы, спачувалі, але ніхто не мог ці не хацеў дапамагчы з уладкаваннем на працу. Прыйшлося ні з чым ехаць у вёску.

Радасна і шчыра сустрэлі яго толькі ў хаце, што стаяла непадалёку ад Нёмана. Было тут усё разам: смех, слёзы, пацалункі. Кастуся адразу ўсадзілі за стол, дзядзька прынёс бутэльку, якая даўно чакала госця. Дзяўчаты паставілі на стол марынаваных баравікоў, маласольных агуркоў, палажылі кус вяндліны. Пасля пачастунку дзядзька Антось вылез з-за стала і павёў пляменніка аглядаць сялібу.

— Во, бачыш, які маем, пане мой, палац! — паказваў задаволены дзядзька.— Тут мы жывем, а ў той палавіне Уладзік з Любаю... Каб ведаў твой бацька, як тут гаспадарым, то яму і паляжанне было б лягчэйшае...

Праз некалькі дзён Кастусь пайшоў у лес, выкапаў некалькі стройных ліпак і бярэзінак, пару груш-дзічак і пасадзіў іх у двары. Няхай растуць! Весялей будзе выглядаць увесь гэты куточак, калі тут зазелянеюць дрэўцы.

Потым схадзіў у грыбы ажно ў Паласенскі лес. Не сядзелася без работы. Перш напісаў пісьмо Русецкаму ў Пінск, пасля Гардзялкоўскаму ў Папоўку. Пінскі інспектар адказаў хутка: узяў бы з вялікаю ахвотаю, але без згоды губернатара не можа гэтага зрабіць. Гардзялкоўскі таксама баяўся, што запярэчаць улады. Адказы прыхільныя, але карысці з іх мала. Вось тут і жыві!

Пад ляжачы камень вада не цячэ. Кастусь паехаў у Мінск: трэба паспрабаваць трапіць да губернатара. А можа і пашанцуе. Але Эрдэлі быў у адпачынку недзе на водах. Прашэнне прыйшлося пакінуць у Райскага.

На душы нявесела. Што рабіць, куды падацца? Зрэдку браўся пісаць «Сымона-музыку». Але такіх дзён было мала. Часцей нападала беспрасветная туга. Лезлі ў галаву розныя недарэчныя думкі. Было страшна, ці вытрымаюць нервы.

Вось у такую хвілю нэндзы і адчаю раптам прыходзіць неспадзяванае пісьмо з Лунінца. Вікенці Філіповіч, з якім Кастусь некалі сядзеў у семінарыі на адной парце, клікаў да сябе ў госці. I не проста ў госці, а прапаноўваў вучняў. Дзеці чыгуначнікаў збіраліся паступаць у Пінскае рэальнае вучылішча, ім патрэбны настаўнік-рэпетытар. Плата не вельмі, але рублёў трыццаць збярэцца...

Аднак у Лунінцы, на ціхай невялічкай станцыі, закінутай сярод палескіх лясоў і балот, доўга пажыць не давялося. Ды Райскі ў пачатку студзеня 1912 года паведаміў, што губернатар на Кастусёвым прашэнні напісаў рэзалюцыю: «Отказать». I гэта было б яшчэ паўбяды, але праз які месяц позва павятовага воінскага начальніка знайшла яго і ў Лунінцы... Куды дзецца? Што рабіць?

Восенню споўніцца трыццаць, а ён жа яшчэ па-людску не жыў. Пайсці ў салдаты — значыцца, выкрасліць яшчэ тры гады. «Не!» — разважыў Кастусь. Кінуў рэпетытарства, сабраў лісткі з паэмай «Сымон-музыка» і апавяданнямі «Нёманаў дар» і «Недаступны», заехаў дамоў сказаць, што паспрабуе адседзецца ў Бяларучах, у Яські Базылёвага. Пісьмы каб пісалі на Астрашыцкі Гарадок, на Яськаў адрас. Па дарозе да земляка заглянуў у губеранскую канцылярыю.

— Пішы новае прашэнне,— параіў Райскі.— Можа, другое шчаслівейшае будзе...

Красавік прайшоў спакойна, а ў маі зноў кліча воінскі начальнік. Сабраў Кастусь манаткі і зноў да Райскага. Той загадкава ўсміхнуўся, пайшоў з нейкімі паперамі на даклад да губернатара. Доўга яго не было, а потым прыходзіць, разгортвае папку і кладзе перад Кастусём даведку:

— Можаш ехаць да Русецкага!

Кастусь схапіў доўгачаканую паперку і адразу ж падаўся ў Пінск. Рыгор Антонавіч сустрэў Міцкевіча як добрага даўняга знаёмага.

— Службу знойдзем у Пінску,— сказаў Русецкі.— Толькі трэба пачакаць да восені... Чуў я і пра вашыя літаратурныя справы. Віншую і жадаю поспеху!

— Да восені чакаць не магу,— паказаў Кастусь позву.— Згодзен на любое месца.

Інспектар паклікаў справавода Федзюка:

— Дзе ў нас ёсць вакансіі, каб можна было прызначыць Міцкевіча?

— У Лапаціне, у Бярозцах...

— Глядзі, што бліжэй.

— У Купяцічах.

Кастусь даў згоду на Купяцічы. Блізка павятовы горад — усяго якія-небудзь дзесяць вёрст, дый школьны будынак там нядрэнны. Некалі, як у Купяціцкім народным вучылішчы працавала Ганцова, ён хадзіў у госці да суседкі, браў у яе нелегальную літаратуру. Дзе цяпер Вольга?

Заняткі ў народных вучылішчах ужо скончыліся, але Кастусь пераначаваў на новым месцы, агледзеў школу. Назаўтра прыйшоў у Пінск, сустрэў Федзюка, а той кажа:

— Як добра, што цябе ўбачыў. Русецкі хоча з табою пагаварыць.

Інспектар прапанаваў месца ў трэцім Пінскім прыходскім двухкласным вучылішчы. Плата дваццаць восем рублёў у месяц, плюс адзінаццаць кватэрных. Кастусь падумаў і згадзіўся.

Цяпер можна было ехаць да воінскага начальніка і са спакойным сэрцам адпачываць лета, каб першага верасня ўключыцца ў школьную працу.


СУСТРЭЧА Ў СМОЛЬНІ

Летнім адвячоркам з мінскага цягніка на станцыі Стоўбцы сышоў сярэдняга росту русявы мужчына гадоў трыццаці. Блакітнавокі, з невялікімі светла-русымі вусікамі. Апрануты ён быў не багата, але досыць прыстойна і з густам: сівенькі гарнітур у палоску, белая кашуля, новыя чорныя чаравікі. У адной руцэ ён трымаў невялікі сакваяж, у другой — светлую накідку і саламяны капялюш.

Пасажыра ніхто не сустракаў. Ён некалькі разоў павольна прайшоўся па пероне, паглядаючы на дарогу, дзе стаялі фурманкі балаголаў. Потым у роздуме паставіў на лаўку сакваяж, палажыў накідку і капялюш, дастаў з кішэні гадзіннік.

На яго прыгожым твары з мяккімі, крыху насмешлівымі вачыма з’явілася заклапочанасць. Ён яшчэ раз зірнуў на дарогу, потым на сонца, якое садзілася за лес, выцер хусцінкай лоб, прыгладзіў валасы і звыклым рухам падкруціў рыжаватыя вусікі.

Цягнік пагрукатаў у бок Замір’я. На пероне стала ціха і бязлюдна. Пасажыр закурыў папяросу.

Вечарэла. Цёплы жнівеньскі дзень адыходзіў на спачынак. Ружовыя водбліскі пазалацілі верхавіны дрэў. 3-за драўлянай прыбудоўкі, што прытулілася да станцыйнай мураванкі, выйшаў нейкі дзядзька ў форменнай адзежы з ліхтарыкам у руках.

— Скажыце, калі ласка, ці далёка Мікалаеўшчына? — падышоў да яго пасажыр.

— Не так далёка, вёрст восем будзе,— адказаў чыгуначнік.— Але ісці на ноч гледзячы...

— Нічога, пакуль змеркне, вёрст пяць прайду... А як мне, скажыце, будзьце ласкавы, на мікалаеўскую дарогу трапіць?

— Вунь бачыце агеньчык? Гэта пераезд. Там звернеце налева. Мінуўшы вадзяны млын, трымайцеся дарогі, што вядзе ў Акінчыцы. За Акінчыцамі трэба звярнуць направа цераз Альбуць. Увогуле, трымайцеся так, каб з правай рукі ў вас быў Нёман... А, можа, лепш было б завярнуць у маю хатку — вуньдзека ля самага пераезда — і пераначаваць? А заўтра раненька фурманка надарыцца... Мікалаеўскія настаўнікі заўсёды ў Доніса Дракі, гэта значыцца ў мяне, свае куфэркі пакідаюць, калі ідуць пехатою дамоў... Вы, відаць, таксама настаўнік?

— Не, не настаўнік, але да аднаго знаёмага настаўніка еду,— адказаў пасажыр і, падзякаваўшы гаваркому дзядзьку Донісу за запрашэнне пераначаваць, падаўся ўздоўж чыгуначнай каляі туды, дзе на пераездзе віднелася будка стрэлачніка і блішчаў ліхтар.

За невялічкім азярцом, на беразе якога стаяў вадзяны млын, дарога павярнула на пясчаны ўзгорак, у малады хвойнік. Мужчына з сакваяжам у руцэ і накідкай цераз плячо ішоў хутка і лёгка: відаць было, што ён прывык хадзіць пехатою.

Вечар быў ціхі. У хвойніку пахла смалою і грыбамі. Падарожны чалавек на хвілю спыніўся і азірнуўся назад, дзе між дрэў свяціліся прывакзальныя агеньчыкі. Над возерам слаўся рэдкі туман. Нейкая незвычайная цішыня панавала навокал.

Неўзабаве хвойнік перайшоў у густы бор. Ужо надыходзіў змрок, калі сярод лесу паказаліся няясныя абрысы хат і гумнаў. Вось бліснуў адзін агеньчык, другі. Недзе рыкала карова і бляялі авечкі...

3 паўвярсты за вёскай лес справа кончыўся. Пачаўся луг, зарослы кустамі вербалозу і алешніку.

«Тут недзе павінна быць паваротка»,— прыпамінаючы размову з Донісам Дракам, падумаў падарожны. Вось яна! Вытаптаная сцяжынка збочвала ў кусты. Чалавек спыніўся, а потым смела рушыў на сцежку... Праз якую вярсту ён адчуў, што з правага боку павеяла прахалодай: там недзе Нёман! Значыцца, ідзе правільна: Мікалаеўшчына на беразе ракі. Неўзаметку кусты перайшлі ў дробналессе, а потым сцяжынку абступілі бярозы і старыя дубы.

Мужчына ішоў, высвістваючы нейкую мелодыю, пакуль сцяжынка не прывяла да балотнага ручайка. Берагі ручайка, які пабліскваў між кустоў, былі багністыя, ногі правальваліся ў гразь. Чалавек паспрабаваў абысці ручаёк, але набраў у чаравікі вады і пачаў разувацца. Вада была сцюдзёная, і прыемны халадок асвяжыў ногі.

«3 крынічкі цячэ»,— падумаў падарожны і пайшоў далей басанож. Мяккая вільготная сцяжынка вывела на грудок, укрыты верасам. Пад ногі пачалі трапляць сухое голле, хваёвыя шышкі. Чалавек прысеў на пянёк і абуўся.

Далёка ў лесе крычала, аж заходзілася сава. Пошчак ад яе крыку доўга разлягаўся ў паветры.

Чалавек закурыў, глянуў на гадзіннік і рушыў далей. На скрыжаванні дарог пастаяў у роздуме і звярнуў направа. Ішоў доўга, пакуль не скончылася сцежка. Куды ж цяпер? Чалавек спыніўся і прыслухаўся. Спакойна і аднастайна шумелі дрэвы, недзе справа крычалі качкі, падаваўголас бекас. 3 таго боку пацягнула вільгаццю. Відаць, блізка Нёман. Раптам у вячэрняй цішы пачулася песня, звонкія дзявочыя галасы выводзілі:

Маладая дзеванька свае мамачкі просіць:

— Мамачка мая родная, едзь у лужочак,

Па калінку ды па калінавы цвяточак,

Мне, маладзенькай, на вяночак!..

Чалавек радасна рушыў напрасткі ў той бок, дзе гучала песня. Прайшоў крыху, і дарогу яму перагарадзіла балота. Ён спыніўся і прыслухаўся. Да дзявочых галасоў далучаліся хлапечыя:

Мамачка пад’язджае —

Каліначка адцвітае.

Мамачка бліжай, бліжай —

Каліначка вышай, вышай.

Прыйшлося ўзяць улева. Раптам хвоі спынілі сваю гамонку над галавой. Лес скончыўся і перайшоў у ядлоўцавы пералесак. Праз некалькі хвілін чалавек выйшаў на пясчаны ўзгорак і ўбачыў на шырокім лузе вогнішча начлежнікаў. Далёка наперадзе бліснулі рэдкія цьмяныя агеньчыкі. Вёска!

Чалавек прыбавіў кроку і пайшоў пагоркам туды, дзе на зорным небасхіле вырысоўваліся сілуэты будынкаў. Калі ж спусціўся з узгорка, дык зусім блізенька ўбачыў Нёман і непадалёку адзінокі хутар — прысадзістую хату на дзве палавіны, хляўчук і гумно.

*

У сенцах гарэла газоўка. Цьмяны водбліск праз расчыненыя дзверы падаў на ганак і падворак. Ганна перамывала ў ночвах бульбу, а дзядзька Антось збіраўся класціся спаць, калі на ганку пачуліся крокі і нехта прамовіў:

— Добры вечар у хату!

— Добры вечар!

— Ці не тут часам жыве Міцкевіч?

— А які, паночак, вам трэба? — запытаўся дзядзька Антось.— У нас у сяле Міцкевічаў многа...

— Канстанцін Міцкевіч мне трэба. Якуб Колас,— з усмешкай дадаў падарожны чалавек.

— Тут, тут,— адказаў дзядзька, здагадваючыся, што прыехаў нейкі Кастусёў знаёмы.

— Тады мне пашанцавала,— зноў усміхнуўся чалавек і, паставіўшы сакваяж, падаў дзядзьку руку.— Будзем знаёмы, Іван Луцэвіч — Янка Купала...

— Янка Купала?! — радасна ўсклікнуў дзядзька Антось.— Няўжо? О, які дарагі госць!

— Як Косцік узрадуецца! — прамовіла маці.— Заходзьце, калі ласка, у хату! Косціка якраз няма дома, пайшоў у сяло. Зараз мы яго паклічам...

Антось запаліў на кухні лямпу і запрасіў госця:

— Праходзьце далей! Будзьце як дома...

Ганна ў гэты чае наказвала дачцы:

— Маня, схадзі пазаві Кастуся. Ён недзе ў Мілюка або Яські Базылёвага, скажы, што прыехаў Янка Купала. Толькі хуценька, мая галубка!..

Выправіўшы дзяўчыну, маці пачала завіхацца ля печы.

— Цётачка, а нашто такая турбацыя? — запытаў Купала.

— Гэта ж такі неспадзяваны і жаданы госць,— весела адказала Ганна.— Скажыце мне, Яначка, як гэта вы патрапілі так позна? Падвёз вас хто?

— Мне Кастусь пісаў, што Мікалаеўшчына стаіць на Нёмане, а ваша хата з краю вёскі. Ну, я і пайшоў пехатою,— пачаў Янка расказваць, як ён ішоў адзін незнаёмай дарогай, пераходзіў ручаёк, блукаў у лесе.— Некалі мы жылі ў Прудзішчы і Селішчы, гэта за Лагойскам. Там наўкол лясы і лясы...

Слова за слова, і гаворка пайшла пра тутэйшыя радзівілаўскія лясы, пра Нёман, пра жыццё-быццё мікалаеўцаў.

— Жывецца ў нас нялёгка,— гаварыў дзядзька Антось.— Зямля — пясок ды каменне, ды і мала яе. Калі б не лясы і Нёман, даўно трэба было б кінуць-рынуць гэтае месца і ўцякаць куды вочы глядзяць... Лясы даюць сякі-такі кавалак хлеба нашаму брату. Скрозь цяпер купцы завіхаюцца і без усякай літасці пляжаць лес. Зімою нашы мікалаеўцы возяць калоды на рум, а вясною гоняць плыты... Нёман нам добра служыць, цягне ў наш мужыцкі бок. Гады два назад ён змяніў рэчышча і прырэзаў мікалаеўцам ад княжацкай сенажаці добрую лукавіну.

За акном пачуўся тупат. Янка Купала ўсхапіўся з тапчана.

— Дай жа я, браце, пагляджу на цябе добра,— весела прамовіў Янка Купала, акідваючы позіркам Кастуся з галавы да ног.— Даўно вершы чытаю, некалькі лістоў нават атрымаў ад таго Якуба Коласа, а як ён выглядае — упершыню бачу... Глядзі, які малайчына! Відаць, як і мне, трыццаць стукнула? Восенню? А вершы добрыя пішаш... Як гэта там у цябе:

Рэдкае збожжа, травы палавіна,

Колас не гнецца зярном да зямлі.

Знаць, нешчасліва была та часіна,

Як кідалі зерне сяўцы па раллі...

Кастусь уяўляў сабе Янку Купалу паводле яго вершаў, ціхім і задумлівым сялянскім хлопцам, а перад ім быў гаваркі і вясёлы чалавек, апрануты ў гарадскі шчыгульны гарнітур.

— Які там малайчына,— прамовіў Кастусь, глянуўшы на свае латаныя картовыя порткі і стаптаныя сандалі.— Бяздомны арыштант без сталага прыстанішча і службы — вось хто я! Паспытаў казённага хлеба, дык у школу не хацелі браць. Ледзь-ледзь уладкаваўся ў Пінску.

— Вядома, цяжкі крыж табе выпала несці. Наперадзе яшчэ многа спраў і клопату, затое служба ў нас з табой ганаровая: мы народу служым.

За сталом гаворка пайшла жвавей. Госць расказваў пра жыццё ў Пецярбурзе, пра свайго добрага апекуна — Браніслава Эпімах-Шыпілу.

— Прыехаў у ліпені да маці ў Акопы, што каля Заслаўля,— працягваў Янка.— Адпачыў крыху. Тут неўзабаве твой ліст атрымліваю... Я сам сабе і падумаў: «Сапраўды трэба нам сустрэцца, пагутарыць...» Сабраўся і прыехаў у Стоўбцы. Не такі я багацей, каб наймаць балагола...

— А чаму табе, браце, не напісаць было? Так і так, у суботу прыязджаю. Дык мы цябе на станцыі сустрэлі б цэлым настаўніцкім хаўрусам. Цябе ж тут добра ведаюць...

— Дарагі госцейка, бярыце, ешце! — запрашала маці.— Бульба ў нас смачная, на пясочку расце, баравікі таксама ўдаліся... Гэта Кастусь збіраў.

Калі чарка абышла яшчэ адзін круг, дзядзька Антось сказаў:

— Цяпер, панове паэты, вы, можа, нам што-небудзь прачыталі б.

— Тады хіба я раскажу,— устаў з-за стала Янка Купала і роўным спакойным голасам пачаў:

Можна хатку убраць тынкаваннямі з плесні,

Можа віхар нядоляй заенчыць над ей,

Можна пець салаўіныя шумныя песні,

Што шчаслівы ўвесь свет, няма гора ў людзей...

Янка Купала перадыхнуў, глянуў на Кастуся, і яго голас загучаў бадзёра і звонка:

Але ёсць жа вялікая праўда на свеце,—

Праўда, сілаю роўная сонца агням,—

Цялер спіць, але ўстане і бляск свой расквеціць,

За сваё паніжэнне адплаціць людзям.

— Так-то яно так,— вывеў з развагаю дзядзька Антось,— праўда ёсць на свеце, але бяда ў тым, што да яе, як да цара, далёка і, як да бога, высока...

— Нічога, дзядзька Антось, народ верне праўду на зямлю,— прамовіў Янка.-— Толькі трэба дружна ўзяцца...

— Цяжка!.. Вось Костусь спрабаваў яе знайсці, дык адразу ў казённы дом трапіў.

— Ат, годзе вам пра палітыку,— умяшалася маці.— Чым хата багата — тым рада. Бярыце, Яначка, бярыце!

— «Хлеб на стале — рукі свае»,— сказаў бы Сцяпан Крыніцкі,— засмяяўся госць і дадаў: — Гэта я напісаў нядаўна невялічкую камедыю «Паўлінка», дык там ёсць такі засцянковы шляхціч... Ну, цяпер ты, Каласок, што-небудзь прачытай. Давай, давай!

— Добра, прачытаю і я,— сказаў Кастусь і кінуў вокам у бок дзядзькі Антося:

Яшчэ машына не спынілась,

Як усе вакруг заметушылісь.

Стаяць у праходах пасажыры.

Пад рукі б’юць зайцы-праныры...

Срэдзь люду рознага і панства

I між усякага ўбранства

Відна і дзядзькава апратка

I шапка, збітая ў аладку...

— Глядзі ты, нібыта і ён там быў са мною,— засмяяўся дзядзька Антось.

— А гэтыя радкі ты, Кастусь, помніш? — запытаўся Янка:

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясенняй збожжа на раллі.

Вось сімвал твой, забыты краю родны!..

— Максім Багдановіч,— адказаў Кастусь.— Тонка разумее і адчувае ён верш... Пара яму ўжо зборнік выдаваць.

— Будзе зборнік,— адказаў Янка.— Паэзія ў нас ідзе паперадзе... Горш з драматургіяй і прозай. Няхай бы ты які вадэвіль напісаў. Не! Лепш напішы, Каласок, раман. Сапраўдны беларускі раман. Во будзе здорава!

Шчырая сяброўская размова зацягнулася. Кастусь з Янкам выйшлі з хаты і селі на лаўцы пад ліпамі.

На высокім небе ярка свяціліся зоры.


МАРЫЯ ДЗМІТРАЎНА

Двухпавярховая мураванка трэцяга прыходскага вучылішча ў Пінску знаходзілася недалёка ад вакзала, на Чыгуначнай вуліцы. Тут недзе паблізу трэба было шукаць і кватэру. Кастусь цэлы дзень выхадзіў, але нічога людскага не траплялася: то вельмі дорага, то кватэра кепская. Прыйшлося пераначаваць у гасцініцы. Затое назаўтра яму мясцовыя настаўнікі параілі схадзіць на Вадаправодную вуліцу, да фельчара Арсеня Балевіча. Яго прыгожы і ўтульны домік быў не так блізка, але і не так далёка ад вучылішча. Тут Кастусь і наняў невялічкі пакойчык з кухняй. Вуліца ціхая, пры доміку садок. Любата!

Навічку, як усюды і заўсёды вядзецца, выпала найцяжэйшая работа. Кастуся прызначылі працаваць са старэйшым аддзяленнем. Адных сшыткаў правяраць колькі! Уставаў раненька, гатаваў сабе сняданак, а палове дзевятай пачынаў урокі. У дзве гадзіны заняткі канчаліся, і настаўнік ішоў абедаць у сталовую. Пасля рыхтаваўся да заўтрашніх урокаў, правяраў сшыткі. Пісаць сваё садзіўся позна ўвечары і то не кожны дзень. Але ў першы ж месяц работы ў Пінску ён паслаў у «Нашу ніву» апавяданне «Дзеравеншчына».

Калісьці ў Пінкавічах Кастусь атрымліваў дваццаць рублёў у месяц — і нібыта хапала. Цяпер амаль у два разы больш — і мала.

Выдаткі ў горадзе непараўнальна большыя. А тут яшчэ трэба форменны касцюм і паліто справіць. Прыйшлося зноў ісці ў заробкі: даваць прыватныя ўрокі.

Пакуль абабегаеш усіх вучняў — ужо і вечар. Папасядзіш над урокамі, паправяраеш сшыткі, аж у вачах зелянее. Пара спаць. А здараліся дні, што так хацелася засесці за «Сымона-музыку»! У галаве самі сабой складваліся радкі, прасіліся на пяро. Эх, каб прымеў ды не пайшоў на тое рэпетытарства. Засеў і пісаў, пісаў...

Так круціўся Кастусь, як вавёрка ў коле, усю восень. Школа, прыватныя ўрокі — з дня ў дзень. Затое ехаў на каляды дамоў у новай апранасе з бліскучымі гузікамі, вёз гасцінцы сёстрам і братам, а мацеры некалькі чырвонцаў на гаспадарку.

— Як паблажэў, сынок! — паківала галавою маці.— Няма каму цябе даглядаць. Няхай бы ты жаніўся, Косцічак. Было б табе весялей і лепей жыць...

— Добра, мама! Летам прыеду з жонкай,— жартам паабяцаў Кастусь.

Ён нават каяўся, што не застаўся працаваць у Купяцічах. У вёсцы было б куды больш часу займацца любімай працай. Да паўдня ў школе, а пасля сядай за стол і пішы сабе. А тут гойсаеш ад аднаго да другога чыноўніка, вучыш іх тупаватых і гультаяватых сынкоў, а карысці з гэтага ніякай.

3 рэдакцыі «Нашай нівы» прасілі новыя вершы і апавяданні. А дзе ты іх возьмеш, калі няма часу пісаць? Трэба перш зарабіць кавалак хлеба...

Аднойчы вясною 1913 года атрымаў ён газету, а ў ёй у раздзеле «Паштовая скрынка» надрукавана:

«Тарасу Гушчу: Шмат ужо нашых чытачоў замаркоцілася па вашых вясёлых апавяданнях і пішуць да нас, даведваючыся, як вы жывы-здаровы. Адгукніцеся».

«Шаноўныя, каб вас воўк паеў! — падумаў сабе Кастусь.— Надрукуйце хаця б тыя мае вершы, што даўно адлежваюцца ў рэдакцыйнай шуфлядзе».

Доўга ў той вечар хадзіў настаўнік па пакоі, думаў, пасміхаўся сам сабе. А можа сапраўды напісаць нешта вясёлае? На памяць прыйшла па-свойму смешная гісторыя пра мікалаеўскага плытніка Лукаша, які, стоячы ў царкве, заснуў, а калі яго разбудзілі, спрасонку крыкнуў свайму памочніку: «Піліп! Кідай шырыгу!»

Вось як! I назва добрая кладзецца: «Адгукнуўся». Няхай ведаюць у рэдакцыі, што ён чытаў іхнюю «Паштовую скрынку».

Кастусь сеў за стол і пачаў пісаць: «Ноч была цёмная, ціхая, цёллая. Ні месяца, ні зорак зусім не было відаць. Праўда, у гэтую ноч месяц і не падымаўся; можа і ён пёк сабе дзе-небудзь пірагі і бабкі на вялікдзень, павярнуўшыся спіною да зямлі. А што належыць да зорак, то яны хоць і былі на небе, але пазакрываліся хмарамі. Можа, яны там мыліся ды прычэсваліся — іх дзявочая справа...» Так на адным дыханні, у жартаўліва-гумарыстычным плане за адзін вечар 13 красавіка 1913 года напісаў Кастусь апавяданне «Адгукнуўся»...

*

У канцы мая Кастусь прыслаў з Пінска пісьмо, якое дома ўзбударажыла ўсіх. У ім была нечаканая вестка: Кастусь збіраўся ажаніцца з настаўніцай Марыяй Дзмітраўнай Каменскай і прасіў матчынага благаславення.

Маці заплакала ад радасці і папрасіла дзядзьку Антося яшчэ раз прачытаць пісьмо. Сын пісаў коратка. Ён пазнаёміўся з Марыяй восенню. Яна родам з Вільні, але працуе ў Пінску, у чыгуначнай школе.

— Адпішы, Антоська,— сказала маці.— Мы вельмі рады, што нарэшце Кастусёк знайшоў сабе жонку. Няхай яна прынясе яму шчасце, няхай усё ідзе ў іх на лад і дабро!

Дзядзька Антось напісаў доўгае пасланне з благаславеннем ад імя маці і самога сябе.

Неўзабаве Кастусь паведаміў, што 3 чэрвеня 1913 года ўзяў шлюб, а праз тыдзень, у суботу, прыедзе з жонкай у вёску.

Маці з дзяўчатамі ўзяліся парадкаваць і прыбіраць у хаце, а потым завіхацца каля печы. Варылі, пяклі, смажылі. Трэба было добра сустрэць гасцей. Чым дагадзіць Кастусю, ведалі, а вось што любіць яго жонка, ніхто не знаў.

Пасля паўдня дзядзька Антось запрог маленькую, але даволі жвавую кабылку Порах і паехаў на станцыю. Маці расставіла на сталах пачастункі і задумалася, як яна сустрэне нявестку і сына.

Дзядзька Антось прыехаў позна, ужо на дварэ цямнела.

— Прыехалі! Прыехалі! — закрычала Маня.

Усе выбеглі на ганак. Побач з Кастусём сядзела прыгожая круглатварая маладзіца з вялікімі задуменнымі вачыма і русявымі валасамі. Кастусь першы саскочыў з драбінак, падаў жонцы руку. Марыя Дзмітраўна падышла да маці. Жанкі доўга цалаваліся, выціралі слёзы, радасна пазіралі адна на другую. Хвіліна была ўрачыстая і важная, у маці ад хвалявання вылецелі з галавы ўсе словы, якімі яна хацела сустрэць нявестку. Таму замест благаславення яна сказала проста і шчыра:

— Жывіце, мае дзеткі, дружна і хораша, у радасці і шчасці. Паважайце і шануйце адно аднаго...

Неўзабаве Марыя Дзмітраўна стала сваім чалавекам у Смольні: дапамагала маці ўходжвацца каля печы, даіла карову, ішла разам з усімі сушыць сена. Суседкі часам пыталіся ў маці:

— Дык як, Ганна, спадабалася нявестка?

— А мае вы даражэнькія, ні ў кога няма такой працавітай і добрай, як мая Марыля...

Калі падышло жніво, Марыя Дзмітраўна паехала жаць жыта на Русакоўскія пусткі. Нікому не прызналася, што жаць не ўмее. Узяла серп у рукі. Чах-чах! — і па руцэ. Юзя пачала яе вучыць. На трэці дзень Марыя жала не горш астатніх. А як спраўлялі дажынкі, пацягнула кроплю медавухі і сустрэла Кастуся песняй:

Ах ты, мілы мой,

Адчыні мне двор.

Ідзе твая міленькая

Ды весяленькая...

Ці рады ты ёй?!


ВАЙНА

Зіма прайшла ў штодзённых клопатах пра кавалак хлеба. Кастусь з жонкай па-ранейшаму кватаравалі ў фельчара Балевіча, займалі цяпер ужо дзве бакоўкі. Плаціць трэба было больш. Па-другое, як людзі сямейныя, яны абзаводзіліся сваёй гаспадаркай. Таму грошай, як заўсёды, не хапала, і Кастусь вымушаны быў падзарабляць рэпетытарствам. Горкі і цяжкі гэта быў хлеб! Але якую ты знойдзеш іншую раду?

Цешыла яго толькі тое, што, нягледзячы на загружанасць у школе і прыватнымі ўрокамі, ён умудраўся знаходзіць час працаваць творча. У «Нашай ніве» друкаваліся яго новыя вершы і апавяданні з задуманага цыкла «Казкі жыцця». У пачатку года выйшлі ў пецярбургскім выдавецтве Антона Грыневіча тры тоненькія кнігі: «Нёманаў дар», «Тоўстае палена» і «Прапаў чалавек». Апрача таго, была дамоўленасць, што ў наступным годзе ў Вільні выйдзе вялікі зборнік «Родныя з’явы».

Сустракаючьі 1914 год, Кастусь пісаў у вершы «На новы год»:

Атупелі мы ў нашай нягодзе,—

Холад, голад, гарэлка, суды...

Чым пацешыш ты нас, Новы годзе?

Што нясеш ты нам, год малады?

Ні паэт, які пісаў гэтыя радкі, ні вялікія палітыкі, ні нават тыя, у чыіх руках былі дзяржаўныя лейцы,— ніхто на пачатку года не ведаў, што 1914 год нясе ў дадатак да ўсіх нягод вайну — найгоршую бяду, якая бывае на свеце.

Цёмныя хмары на небасхіле збіраліся даўно, у паветры пахла порахам. А сярод лета 1914 года наспела кульмінацыя: 14 ліпеня пачалася ўсеагульная мабілізацыя, а 19 ліпеня немцы аб’явілі вайну Расіі.

Гэтая вестка як абухом па галаве стукнула Кастуся. Што яго возьмуць у армію, ён не баяўся. Бянтэжыла іншае: пойдзе ў салдаты, не развітаўшыся з жонкаю, і невядома, ці давядзецца ім больш пабачыцца. Кастусь сядзеў у Смольні і чакаў позвы, а Марыя Дзмітраўна была ў далёкай дарозе. Як настаўніца чыгуначнай школы, яна мела бясплатны білет і за некалькі дзён да мабілізацыі паехала ў Крым. Кастусь ніяк не мог дараваць сабе, што адпусціў жонку ў такое падарожжа. Намучыцца яна і накараецца ў дарозе: уся ж чыгунка забіта вайсковымі эшалонамі.

Кастусю не сядзелася дома, ён кожны дзень хадзіў у Стоўбцы. А можа, сустрэне Марыю. А яе не было і не было. 3 Масквы на Варшаву ў цяплушках ехалі салдаты, гарлапанячы п’яныя песні; на адкрытых платформах стаялі гарматы.

Аднойчы Кастусь вярнуўся са станцыі, сеў за стол і сумна апусціў галаву. Трывога і неспакой нарасталі ў яго сэрцы. Хаця б чаго не здарылася?

— А што было б, каб раптам паказалася твая Марыя? — увайшоў у хату Уладзік.— Што ты рабіў бы?

— Хоць не ўмеючы, а пусціўся б у скокі.

— То, хлопча, танцуй!

Назаўтра Кастусь з жонкай паехалі ў Пінск. Там яго неўзабаве мабілізавалі і адправілі ў Мінск, у казармы Серпухоўскага палка. Меліся залічыць у 240-ю рабочую каманду, але выратаваў цыркуляр міністра асветы. Вярнуўся ў Пінск. Афіцыйна было аб’яўлена, што заняткі ў школах пачнуцца 1 кастрычніка. Вырашылі паехаць да Марыінай маці, якая жыла ў ваколіцах Вільні. Ды доўга не пагасцявалі: Кастуся там прызвалі ў войска, але ў скорым часе зноў адпусцілі. Пашанцавала і на гэты раз: у сувязі з набліжэннем навучальнага года ваенны міністр загадаў адпусціць настаўнікаў, якія яшчэ не былі прыпісаны да палкоў дзеючай арміі.

Таму атрымалася так, што яшчэ адзін год зімавалі ў Пінску. Год быў цяжкі і трывожны. Руская армія адступала, стаўка галоўнакамандуючага з Баранавіч пераехала ў Магілёў. Кастусь адчуваў сябе няёмка: усе мужчыны цягнуць акопнае ярмо, а ён сядзіць дома.

Летам 1915 года, калі рускія войскі вымушаны былі пакінуць Варшаву, Коўна і баі разгарэліся пад самым Брэстам, пачалася эвакуацыя Пінска. Кастусь з Марусяй і маленькім Данілам рушылі ў бежанскай хвалі на ўсход і трапілі ажно ў Маскоўскую губерню. Толькі прыняў настаўнік Старыкаўскую земскую школу Дзмітраўскага павета, як зноў паклікалі ў армію. Развітаўся ён з жонкаю і сынам, узяў з сабою «Песні жальбы» і «Родныя з’явы» і трэці раз падаўся на прызыўны пункт.

Цяпер забрылі ўсур’ёз. Становішча на Заходнім фронце было цяжкае. За жнівень-верасень 1915 года руская армія адкацілася далёка на ўсход. Немцы захапілі Вільню, Ліду, Баранавічы, Пінск. Полымя вайны бушавала на беларускай зямлі, набліжалася да тых мясцін, дзе жылі блізкія Кастуся.

Радавы 55-га запаснога пяхотнага батальёна спачатку маршыраваў па Замаскварэччы, а потым трапіў на чатыры месяцы ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча. Знаходзілаея вучылішча прапаршчыкаў тут жа, у Маскве, на Хамоўніцкім пляцы. 1 мая 1916 года Кастусь атрымаў афіцэрскае абмундзіраванне, скрыпучую партупею і прызначэнне ўзводным у 162-гі запасны пяхотны полк, раскватараваны ў Пермі.

Прапаршчык Міцкевіч добра зрабіў, што ўзяў з сабою ў далёкі ўральскі горад Марусю і малога Даніка. Разам весялей і на сэрцы спакайней. Жылі недалёка ад ваеннага гарадка на Манастырскай вуліцы, у папоўскім муры. Чуць развіднее, Кастусь бяжыць у казарму, і да вечара абрыдлівыя палявыя заняткі, вучэнне штыкавому бою, поўзанне па-пластунску, капанне акопаў. Сумна і цяжка. Але такая ўжо салдацкая доля.

Лета 1916 года, калі руская армія пад камандаваннем Брусілава прарвала фронт у Галіцыі і захапіла Львоў, прайшло ў трывожным чаканні, што запасны полк вось-вось рушыць у дарогу. Але абышлося. Адправілі на фронт толькі дзве маршавыя роты.

Восенню Кастусь займаўся з салдатамі, якія прыбылі ў полк пасля шпіталя. Прыйшоў ён аднойчы ў каманду, а яму насустрач пажылы салдат:

— Ваша благароддзе!

Салдаты ў форме ўсе на адзін твар, але прапаршчык адразу пазнаў:

— Пікулік?!

Колішні турэмны наглядчык расказаў, што летам 1912 года пакінуў службу, працаваў на заводзе, а ў пачатку 1915 года трапіў у армію і перажыў пекла пры абароне крэпасці Асавец.

Дні цягнуліся марудна і сумна. Пісьмы з Мікалаеўшчыны даходзілі рэдка. Хаця б маці з дзецьмі не пагналі ў бежанцы. Кастусь усё часцей успамінаў родныя мясціны, маці, дзядзьку Антося. Як яны там гаруюць, дарагія? Чаму не пішуць?

У афіцэрскім асяроддзі прапаршчык Канстанцін Міцкевіч па-ранейшаму адчуваў сябе чужаком, мужыцкім сынам. Нездарма кажуць: «Курыца — не птушка, а прапаршчык — не афіцэр». Любіў пагаварыць з салдатамі, асабліва, калі трапляўся зямляк. Па акцэнце, прозвішчы і іншых прыкметах ён мог беспамылкова пазнаць братку-беларуса.

Армейскія будні не вельмі спрыялі творчаму настрою. Аднак у канцы 1916 года Кастусь зноў узяўся за пяро. Ён зразумеў, што не можа жыць, каб не пісаць. Пайшоў ён неяк на бераг Камы, успомніў Нёман — і растрывожылася сэрца. Усё тут інакшае, больш суровае і дзікае. На Беларусі зараз стаіць залатая восень, сама грыбная пара, а тут ужо гаспадарыць зіма, шуфлюе і сыпле снегам. На душы нявесела:

Прайшлі незваротна дзянькі залатыя,

Адспеваны песні вясны маладыя,

  I краскі пажоўклі, павялі.

I толькі ўспаміны, як зоркі ў тумане,

Мігнуцца, засвецяць... I сумна так стане,—

  Дзе моладасць? Мары? — Прапалі!

Надзеі на тое, што нешта зменіцца ў лепшы бок, не было. Таму так часта ў думках вяртаўся ён у далёкі і мілы край маленства.

Эх, што ёсць мілей вас, дзяціныя годы?

I чым, як не вамі, ў часіну нягоды

Ты смутак развееш, душой ажывеш!..

14 лютага 1917 года Канстанцін Міцкевіч атрымаў чын падпаручніка і прызначэнне ротным камандзірам. Не паспеў ён прыняць роту, як Расію скаланула вестка, што цар адрокся ад трона і ў Петраградзе створаны Часовы ўрад. Праз некалькі дзён прыйшлі першыя новыя загады: адмянялася тытулаванне афіцэраў, прапанавана было выбраць палкавы камітэт. Аднак усё астатняе заставалася па-ранейшаму: Часовы ўрад заклікаў працягваць вайну да пераможнага канца.

Аднойчы падпаручнік Міцкевіч бачыў на вуліцах Пермі дэманстрацыю рабочых. Яны неслі лозунгі: «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!», «Хлеба!».

Тады ўпершыню ён пачуў пра Леніна — правадыра бальшавікоў.


НА ШЫРОКІ ПРАСТОР

Кастусю давялося сербануць горкага і салёнага франтавога поту на румынскім фронце. Рускія карпусы стаялі ў гарах — румынскіх Карпатах, адрэзаныя ад рэвалюцыйнай Расіі адлегласцю, бездаражжу і намаганнямі галоўнакамандуючага фронтам. Верны царскі служака генерал Шчарбачоў баяўся, што падуладныя яму войскі набяруцца «бальшавіцкай заразы». Таму салдат трымалі ў гарах, куды газеты з Расіі амаль не траплялі. Кармілі кепска, у палках лютавала малярыя і крываўка. На ўсе нараканні і скаргі вышэйшыя афіцэры адказвалі:

— Быў цар — быў парадак; няма цара — няма і парадку.

Вось сюды, у Румынію, падпаручнік Міцкевіч вёз падмацаванне — эшалон злоўленых дэзерціраў і тых, хто адлежаў свой тэрмін у пермскіх шпіталях. 25 ліпеня 1917 года яго прызначылі начальнікам эшалона, далі ў падмогу двух прапаршчыкаў — вязі сваіх ваякаў на пазіцыю, не давязеш каго — адказваеш галавой па законах ваеннага часу.

Пакідаць Марыю Дзмітраўну з сынамі на Урале не было сэнсу. Таму Кастусь узяў іх з сабою ў эшалон і па дарозе высадзіў у павятовым гарадку Абаяні, што на Куршчыне, дзе ў гэты час жылі Марыіна маці і брат. А сам пасунуўся памалу са сваімі цяплушкамі ў напрамку румынскага горада Ваксо. Там недзе непадалёку размяшчалася 70-я дывізія.

Накараўся Кастусь у дарозе. У вагонах душна, на прадуктовых пунктах пуста, не заўсёды і хлеба дастанеш, салдатам гарачага прыварку не даюць. Ваякі крычаць, лаюцца, мяняюць салдацкае абмундзіраванне на харчы і віно. Жытка такая, што толькі глядзі, каб не разбегліся.

Не лепшае чакала яго наперадзе. Сяк-так здаў сваю каманду, аформіў усе дакументы і прыняў роту ў 282-м палку. Салдаты накінуліся з пытаннямі да новага камандзіра:

— Ці хутка канец вайне?

— Чаму кормяць толькі сачыўкай?

— Ці будуць раздаваць сялянам панскую зямлю?

— Хто такія сацыял-дэмакраты?

Жылі ў паўразбуранай немцамі вёсцы Карадул. Да лініі фронту было недалёка, снарады часам рваліся ля канцавых хат. Салдаты варылі мамалыгу, жывіліся ў мясцовых садах, але, наеўшыся сырызны, качаліся жыватамі, хварэлі на крываўку. Ідучы на абед, яны спявалі:

Если сварят чечевицу,

Отдадим и Черновицу.

Если будет каша,

Ватра-Дорне станет наша.

Кастусь адчуваў сябе кепска. У гарах часта ішлі цёплыя дажджы, ночы стаялі парныя і душныя. Днём не было ратунку ад гарачыні, таму ён не хадзіў на палявыя заняткі. Думалася, што проста арганізм не прызвычаіўся да рэзкай перамены клімату. У Пермі выкіроўвалася ўжо на восень, а тут, у Румыніі, такая спякота, у самым разгары лета...

Прайшоў адзін тыдзень, настаў другі. А ў галаве па-ранейшаму лёгкі чад, трымаецца тэмпература, слабасць ва ўсім целе, твар зрабіўся жоўты. Палкавы доктар знайшоў не адну, а некалькі хвароб: малярыю, жаўтачку і пачатак працэсу ў лёгкіх.

Афармляць адпускны білет прыйшлося ехаць у штаб дывізіі. Увайшоў Кастусь да намесніка начальніка штаба, адрапартаваў, хто ён і што яму трэба. 3-за стала падняўся падпалкоўнік. У яго твары штосьці знаёмае. Русецкі! Ён пастарэў, ссутуліўся, скроні пасівелі.

— Такой рэвалюцыі вы чакалі? — запытаўся Русецкі.— Дэмакратыі, за якой стаіць анархія? Свабоды, якая разваліла армію?

— Не, не такой! Што цара скінулі — добра! Але трэба з вайной канчаць. Народ чакае зямлі, міру, хлеба.

— Значыцца, рэвалюцыя толькі пачынаецца?

— Я не прарок!

— Не, дарагі! Кожны сапраўдны паэт заўсёды прарок. Кастамараў некалі казаў, што паэзія ідзе наперадзе жыцця, а па яе слядах — гісторыя і навука...

Франтавыя ўражанні засталіся ў памяці Кастуся, як страшны і недарэчны сон.

У канцы верасня 1917 года ён дабраўся ў маленькі і ціхі Абаянь да свае сям’і. На хатнім харчу трохі акрыяў і целам і душой і тады толькі ўзяўся парадкаваць бачанае і перажытае, пачаў пісаць франтавыя нататкі:

«На бяздонным небе мігацелі далёкія ясныя зоры, і нейкі спакой сходзіў ад іх на зямлю, на тую зямлю, каторая ўжо чацвёрты год не ведае супакою... То там, то сям з тых даляў, на каторыя апіралася гэта прыветнае і спакойнае неба, вынікалі дрыготныя бляскі ракет. Бледны іх свет дрыжаў, калыхаўся, трапятаў, бы матылёк, садзячыся на краску. I здавалася, што нейкаму богу вайны заляцела ў вока мошка, і ён моргаў сваімі агнявістымі зрэнкамі. Вось замігацела зарніца. Ноч скалыхнула сваімі чорнымі крыллямі і заспакоілася, а следам за гэтым бухнула гармата, цяжка і злосна...

Чуць толькі ўзышло сонца, пайшлі другія малюнкі, другія з’явы. Падымаем вочы ўгору — невысока ў паветры плаўна нясецца аэраплан, шыбуючы ў бок нямецкіх пазіцый. Праз некаторы час з нямецкага боку забухалі гарматы... А пазіцыі тым часам ажываюць, там пачынаецца штодзённая работа зніштажэння адных другімі. Загулі гарматы на розныя галасы...»

Перачытаў Кастусь напісанае раз, другі. Карціна атрымалася праўдзівая, але вельмі сумная. А што каб крыху ажывіць малюнак? На кожную падзею можна і трэба глянуць з гумарам... Ён зноў узяў ручку:

«Адны грукалі сярдзіта, адрывіста і глуха, бы той упарты баран у сценку загарадкі, а другія бумкалі з нейкім здушаным звонам; трэція бахалі, як у кадзь, абернутую дном у ваду, а некаторыя грымелі доўга і працяжна, як далёкі гром. Усе ж разам рабілі яны нейкае дзікае ігрышча, даўшы поўную волю сваёй прагавітасці да людской крыві».

Кастусь глянуў у акно. Злосны восеньскі вецер з дажджом злосна гаспадарыў на дварэ, зрываў апошнія лісточкі, кідаў іх у гразь і лужыны. Успомнілася яму іншае, жнівеньскія дні на фронце:

«А неба такое пагоднае, прыветнае, яснае! Сонейка шчыра залівае гарачымі стрэламі гэтыя неспакойныя далі. У паветры пыл, духата, ад каторых некуды схавацца. За горадам, у бок пазіцый, высока ў небе нерухома вісіць прывязаны шар. Здалёк ён выглядае так, як бы які-небудзь святы (даруй, божа, грэх) вывесіў сушыць на сонцы свае порткі. 3 гэтага шара наглядаюць за тым, што робіцца ў ворагаў...»

За сцяною заплакаў малы Юрка. Заплакаў і сціх. Кастусь ціхенька адчыніў дзверы. Юрка спіць. Няхай спіць, пакуль Марыя прыйдзе з рынка.

Цяжка жонцы з двума малымі. Добра, што маці памагае. Клопату прынёс і ён, Кастусь, сваёй хваробай. Лёгкі чад, які дурманіў гадаву, прайшоў ужо, але тэмпература трымаецца. Трэба яму малако, мяса, мёд. А дзе ты ўсяго гэтага накупляешся, калі на рынку такая дарагавізна.

Раз-пораз Кастусь пазірае ў акно, ці не ідзе Марыя Дзмітраўна. Ён сёння чакае яе, не дачакаецца. Яна абяцала зайсці на вакзал, каб купіць свежых газет.

У ціхі правінцыяльны гарадок навіны прыходзяць з вялікім спазненнем. Учора ў Абаяні стала вядома, што 25 кастрычніка 1917 года бальшавікі ўзялі ўладу ў свае рукі і ў Петраградзе пачаўся Другі Усерасійскі з’езд Саветаў, які прыняў дэкрэты аб зямлі і міры. Вось цяпер будуць доўгачаканыя перамены... Гэта адчувае Кастусь сэрцам.

Вунь, у канцы вуліцы, паказалася Марыя Дзмітраўна. У адной руцэ сумка, у другой — парасон. Накінуўшы наапашкі шынель, Кастусь выбег насустрач жонцы, узяў ношку:

— Газеты, Марусечка, купіла?

— Купіла... Людзі толькі і гавораць пра новую ўладу і Леніна.

— Вядома, будуць гаварыць, бо ўсе чакаюць міру.

У дзвярах бацькоў сустрэў трохгадовы Данік:

— Юрка плача... Я яго калышу, а ён усё роўна плача.

Маці карміла малога Юрку, а Кастусь узяўся за газеты. У іх былі змешчаны важнейшыя дакументы Савецкага ўрада. Газета «Известия» ў нумары ад 27 кастрычніка 1917 года друкавала «Дэкрэт аб міры», а ў наступным «Дэкрэт аб зямлі», падпісаны Старшынёй Савета Народных Камісараў Уладзімірам Ульянавым-Леніным.

— Жывем, дарагая! — радасна прамовіў Кастусь да Марусі.— Паслухай, што тут напісана: «Рабочее и крестьянское правительство, созданное революцией 24—25 октября и опирающееся на Советы Рабочих, Солдатских и Крестьянских депутатов, предлагает всем воюющим народам и их правительствам начать немедленно переговоры о справедливом и демократическом мире...» Значыць, салдаты вернуцца з акопаў дамоў і зоймуцца мірнымі справамі...

Кастусь ужо складаў планы жыцця іхняй сямейкі ў мірны час:

— Вернемся мы настаўнічаць у Пінск ці падамося бліжай да Мікалаеўшчыны. Мая мама будзе рада, калі мы прыедзем з нашымі качанчыкамі-сыночкамі.

— А чаму не пад Вільню? Там жа ў мае мамы свая хата,— уставіла слова Марыя Дзмітраўна.

— Можна і пад Вільню ці нават у Мінск. Настаўнікі ўсюды будуць патрэбны. Беларускі народ і наш край, як і ўся краіна, выйдуць на шырокі прастор новага жыцця. Я верыў у гэта і рад, што дачакаўся вялікіх перамен. Цяпер у кожнага адукаванага чалавека будзе шмат працы. Многае нам, беларусам, трэба будзе зрабіць. Сваю школу развіваць, падручнікі складаць... Мне трэба «Новую зямлю» кончыць, «Сымона-музыку» напісаць. Можа, і раман які напішацца. Некалі я абяцаў Янку Купалу зрабіць гэта...

— Цара скінулі, прыйшоў Керанскі, а ўсё ў Расіі засталося па-старому,— выказала сваю думку Марыя Дзмітраўна.— Ці не тое будзе і цяпер?

— Не, па-старому ўжо цяпер не будзе,— упэўнена разважыў Кастусь.— Калі савецкая ўлада пачынае з дэкрэтаў аб міры і зямлі, з дэкрэтаў пра самае важнае ў жыцці народа, то адразу відно, што Ленін ведае, з чаго пачынаць. Ты думаеш, толькі мы з табою хочам міру? Мільёны салдат і іхніх сем’яў даўно чакаюць міру. Ты думаеш, толькі мая маці, якой яшчэ столькі выплачваць грошай за княжацкія загончыкі, узрадуецца Дэкрэту аб зямлі? Яго чакаюць мільёны сялян Расіі... Спадзяюся, што бальшавікі вырашаць справядліва і нацыянальнае пытанне. Інакш не можа быць сапраўднай дружбы і роўнасці між народамі...

У той жа вечар Кастусь, узрушаны і ўсхваляваны, зноў узяўся за пяро. Пісалася з небывалым уздымам:

Браты! Вялікая дарога

Чакае нас і родны край —

Жніво настала, працы многа,—

Навукі семя засявай!

Святло нясіце,— ў мроку дрэмле

Наш мілы край, наш родны кут.

Хай уваскрэснуць нашы землі,

Няхай асветліцца наш люд...