КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Мера часу [Лідзія Арабей] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]




1

Ліпы, што раслі на вуліцах горада, пачыналі жаўцець. Вецер паволі хадзіў вакол кожнага дрэва, нібы абмацваючы яго, спрабуючы, ці моцна трымаюцца медзякі-лісты, ці не пара скідаць іх на дол. Ды пакуль не вельмі багатай была яго здабыча. Сонца, хоць ужо і не так пякло, як у жніўні, яшчэ ярка свяціла ў чыстым сінім небе.

Зоя ішла па вуліцы, з прыемнасцю падстаўляючы пад цёплыя праменні свой твар, свае загарэлыя рукі. На ёй была стракатая сукенка, падперазаная шырокім чырвоным поясам. Светлыя валасы, неяк адмыслова зачэсаныя ўгору, ззаду трымала вялікая шпілька — такая прычоска цяпер была модная. Невялічкая, быстрая, з нясмелым позіркам крыху коса пастаўленых вачэй, Зоя нагадвала зайчыка. Можа таму і звалі яе сяброўкі ў школе Зайчыкам. А можа гэта мянушка пайшла ад імя — Зоя, Зоечка, Зайчык. Яна не крыўдзілася на мянушку і нават адгукалася, калі яе так звалі.

Але школа, сяброўкі — усё гэта мінулае. 3 сённяшняга дня ў яе пачынаецца новае жыццё. Яна будзе працаваць на гадзіннікавым заводзе ў зборачным цэху. 3 сённяшняга дня яна — самастойны, дарослы чалавек. Антаніна Іванаўна, Зоіна маці, сказала, што пакуль ім на жыццё хапае і бацькавай пенсіі. Але ўсё роўна палову заробку яна будзе аддаваць маці, а на астатнія — нашые сабе сукенак, справіць новае паліто.

Зоя ўвайшла ў тралейбус, села ля акна. Насустрач ёй пабегла вуліца. На прыпынках стаялі доўгія чэргі. Зоі здавалася, што ўсе людзі, якіх яна бачыць, спяшаюцца да нейкай сваёй работы. I ёй было радасна, што яна, разам з усімі, едзе працаваць. Але ва ўсіх такія спакойныя, упэўненыя твары. Усе недзе ведаюць сваю работу. А што ёй загадаюць? I ці здолее яна працаваць, ці навучыцца?

…Нясмела зайшла Зоя ў прасторны светлы цэх. У ім было, як у вялікай лабараторыі. Агромністыя, на ўсе сцены, чыста памытыя вокны, бліскучы лінолеум пад нагамі. I кругом на ўсіх — белыя халаты.

Начальнік цэха коратка зірнуў на яе і скіраваў свой позірк некуды ўглыб цэха. У белым халаце, крыху паўнаваты, з невялікімі залысінамі, ён здаўся Зоі падобны на доктара, якога выклікалі з паліклінікі, калі Зоя прастуджвалася. I калі ён палез у вялікую кішэню белага халата, ёй здалося, што зараз ён дастане адтуль трубку, якою слухаюць хворых. Але начальнік цэха дастаў нейкі жалезны інструмент, падобны на пласкагубцы. Ён зноў паглядзеў на Зою і ўжо даўжэй затрымаў на ёй позірк, нібы прыкідваючы, чаго яна варта.

— На якую ж аперацыю вас паставіць? — спытаўся ён, ляпаючы незнаёмым Зоі інструментам на цвёрдай шырокай далоні. Пасля павярнуўся і пайшоў наперад, аглядаючы доўгія стужкі канвеера.

Зоя не ведала, ці ёй трэба стаяць на месцы і чакаць, ці ісці за ім. Але начальнік цэха азірнуўся і рукою паклікаў яе.

— Вы хоць што-небудзь пра зборку ведаеце? — спытаўся ён, калі Зоя дагнала яго.

— Не,— адказала Зоя.

Начальнік цэха зноў спыніўся, пастаяў, падумаў, усё ляпаючы па далоні інструментам, пасля сказаў:

— Пастаўлю вас на праўку валаска і баланса, на гэтую аперацыю нам патрэбны людзі, — і паклаў інструмент у кішэню, нібы той памог яму вырашыць пытанне і цяпер ужо быў непатрэбен.— Рэня! — паклікаў ён, паварочваючыся да канвеера.

Зоя зусім не ведала, што такое праўка валаска, праўка баланса. Да таго ж вельмі строга хмурыў бровы начальнік цэха. I яна адчула, што радасны настрой, з якім нядаўна ехала сюды, пачынае спадаць, а трывога ўсё больш расце ў яе сэрцы.

А начальнік цэха падводзіў ужо яе да нейкай дзяўчыны.

— Вось, знаёмцеся,— сказаў ён.— Рэня Валожына. Яна будзе вас вучыць.

— Сядайце, калі ласка,— паказала Рэня на круглае, як у цырульні, крэсла, што стаяла з другога боку канвеера.

Калі начальнік цэха пайшоў, Зоя села на крэсла, адчуваючы на сабе цікаўныя позіркі дзяўчат.

— Паглядзіце пакуль, як мы працуем,— сказала Рэня, не адрываючыся ад работы.

Уздоўж стужкі канвеера, нізка нахіліўшыся да яе, сядзелі дзяўчаты ў белых халатах і аднолькава завязаных белых марлевых касынках. Пасля таго, як у планачцы, прымацаванай да канвеера, загаралася чырвоная лямпачка, стужка пачынала павольна рухацца. Праз некаторы час яна спынялася, а потым зноў загараўся чырвоны агеньчык, і стужка зноў рухалася. Дзяўчаты пінцэтамі бралі нейкія малюсенечкія дэталі і прымацоўвалі іх да металічнай пласцінкі. Час ад часу яны перадавалі нешта адна адной і гаварылі незразумелыя для Зоі словы — «на другі ход», «на ангрэнаж». Часам гаварылі звычайнае: «Учора новы кінафільм глядзела…», «А Вера замуж выйшла, ведаеш?».

Зоя непрыкметна разглядала Рэню. «Прыгожая»,— падумала яна. У Рэні былі тонкія цёмныя бровы, якія, нібы птушыныя крылы, разляталіся на яе гладкім белым ілбе. I ўвесь твар у яе быў нейкі гладкі, чысты. Каля вуснаў ляжала ледзь прыкметная рысачка, якая рабіла выраз твару мяккім і добрым. Рэня сядзела, нізка нахіліўшыся да канвеера, прыставіўшы да вока лупу, якая на драцяным абручыку трымалася ў яе на галаве. Часам яна паднімала лупу на лоб і тады рабілася падобнаю на шахцёра.

Злева ад Рэні сядзела дзяўчына з быстрымі, вясёлымі вачыма. Часам яны паблісквалі так гарэзліва, што, здавалася, дзяўчыне трэба было стрымлівацца, каб не зарагатаць альбо не выкінуць якую штуку.

Справа ад Рэні працавала, не паднімаючы галавы і нават ні разу не глянуўшы на Зою, дзяўчына з круглым ружовым тварам. У яе былі светлыя вейкі і залацістыя, густыя бровы, якія амаль збягаліся ў пераноссі кожны раз, калі яна нахілялася да канвеера.

Нечакана ў цэху пачулася музыка. Ігралі знаёмую мелодыю з кінафільма.

— Мусіць Жэня ліст ад жонкі атрымаў і настрой у яго добры, што вясёлую музыку паставіў,— сказала дзяўчына з гарэзлівымі вачыма. Яна бліснула імі на Рэню, чакаючы, што тая ёй адкажа.

— Калі так, хай часцей палучае,— падтрымала жарт Рэня.— Ну, цяпер мы з вамі крышку зоймемся, я наперад нарыхтавала дэталей,— сказала яна Зоі. Потым акуратна дастала з шуфлядкі нейкія інструменты, паклала іх перад сабою.

— Дык вось,— паказала яна рукою на доўгую стужку,— перад вамі канвеер. Першая аперацыя на ім — рэмантуар. Устаўляецца ключ гадзінніка, акунднае кола, пераводныя рычагі. Робіцца завод гадзінніка. Ставіцца рэмантуарны мост. У нас ідзе першы ангрэнаж, потым другі ангрэнаж — барабан, барабанны мост і барабаннае кола. Пасля другі ход — анкерны мост і анкерная вілачка. Поруч — перавес баланса. Наша аперацыя — праўка валаска і баланса. Далей — змазка. Пасля змазкі — стрэлкі…

Зоя старалася зразумець і запомніць, што гаварыла Рэня, аднак, словы, якія яна чула першы раз, здавалася, не толькі запомніць, але і выгаварыць было цяжка. Рэня, напэўна, заўважыла збянтэжанасць на Зоіным твары, бо ўсміхнулася.

— Спачатку гэта ўсім здаецца вельмі складаным,— спагадліва сказала яна,— але пасля вы ўсё зразумееце. Будзеце тэхмінімум праходзіць. А цяпер я вас з нашай аперацыяй пазнаёмлю. Вось гэты пінцэт для праўкі валаска. Гэты — для праўкі баланса. А гэта — ляўцыркуль,— адзін за адным брала яна ў рукі інструменты, якія нядаўна дастала з шуфлядкі.— А вось баланс,— паказала Рэня на жоўтае колца.— А гэта сам валасок. Ад таго, ці правільна пастаўлены валасок з балансам, залежыць ход гадзінніка. Разумееце?

Гэта было зразумела. Што такое пінцэт — Зоя ведала, а ляўцыркуль — хоць і смешнае слова, а запомніць яго лёгка. Варта толькі да знаёмага слова цыркуль дабавіць «ляў».

— Баланс з валаском правіцца ў ляўцыркулі,— тлумачыла Рэня,— так што спачатку вы будзеце трэніравацца, як устаўляць баланс у ляўцыркуль.

Спрытна падчапіўшы баланс з прымацаваным да яго валаском і на сваім ляўцыркулі паказаўшы, як трэба ўстаўляць яго, Рэня паклала жоўтае колца перад Зояй.

Рэня ўсё рабіла вельмі лёгка і проста, і Зоя вырашыла, што паўтарыць усё гэта ёй будзе зусім не цяжка. Але калі ўзяла яна ў рукі пінцэт і ляўцыркуль, то збянтэжылася. Рукі былі нейкія няўклюдныя, няспрытныя, як граблі. Пінцэт у руцэ дрыжаў, і нават падняць баланс было не вельмі проста. А калі яна нарэшце падняла яго і пачала ўстаўляць у ляўцыркуль, акуратненькая чорная спружынка валаска ператварылася ў заблытаны, пакамечаны скрутачак.

Зоя разгубілася.

— Нічога, нічога,— супакойвала яе Рэня.— Вось вам другі баланс.

Але і другі баланс Зоя сапсавала.

Увесь першы дзень яна толькі і рабіла, што спрабавала ўстаўляць баланс у ляўцыркуль, але ў канцы дня не ўмела гэтага рабіць, як і ў пачатку.

Дахаты Зоя пайшла невясёлая.


2

Ішоў час. Скончыўся яшчэ адзін рабочы дзень, і дзяўчаты шумнаю гурбою пакідалі цэх. У белых халатах, у белых марлевых касынках, яны, неяк падобныя адна на адну, нагадвалі чараду белых лебедзяў. Але вось паскідалі халаты і касынкі, апранулі якая паліто, якая плашчык і адразу зрабіліся зусім розныя. Дзяўчаты разыходзіліся, спяшаліся дахаты.

Рэня ішла адна. Сяброўкі Валя і Люба засталіся выпускаць насценную газету, а ў яе сёння былі заняткі ў інстытуце.

Наперадзе Рэня ўбачыла сваю новую вучаніцу Зою. Яе абміналі шумныя групкі дзяўчат, а яна ішла, як здалося Рэні, самотная, невясёлая.

Рэня разумела, што Зоі цяжка на рабоце. Кожную раніцу яна садзіцца на сваё крэсла за канвеерам такая свежая, акуратная, а пад канец дня шчокі яе бляднеюць, касынка спаўзае набок, з-пад яе выбіваюцца валасы. А цяпер, здалёк, Зоя здалася Рэні зусім дзяўчынкаю, дзіцем. Можа такою рабіла яе вельмі кароценькае блакітнае паліто, а можа і ўся постаць, самотная і разгубленая. I хоць сама Рэня была ўсяго на тры гады старэйшая за Зою, яна адчула сябе раптам дарослым чалавекам, ёй захацелася дагнаць Зою і сказаць дзяўчыне нешта добрае, спагадлівае. I наогул Рэня не разумее, чаму ў яе да гэтай дзяўчыны ўзнікла нейкае асаблівае пачуццё. Зоя — трэцяя яе вучаніца. Ранейшыя таксама прыходзілі на завод пасля дзесяцігодкі. I ў іх на першым часе нічога не атрымлівалася, і тыя пакутавалі, але да іх Рэня ставілаея звычайна. А гэта…

Рэня паскорыла крок, але тут падышоў тралейбус, Зоя падбегла і ўскочыла ў яго. Рэні не трэба было ехаць на тралейбусе, яна жыла недалёка, у інтэрнаце. «Скажу Валі і Любе, калі будуць браць білеты ў кіно, хай возьмуць і на Зою»,— падумала яна.

Чым бліжэй падыходзіла Рэня да інтэрната, тым менш думала пра завод, пра Зою. Перад вачыма ўсплываў столік — маленькі жоўты падрапаны столік, які стаіць пры ўваходзе ў інтэрнат і ля якога заўсёды сядзіць цётка Феня.

Рэні так і ўяўляўся белы канверт на гэтым століку — ліст ад Юры. Можа, ліст ужо ляжыць там, і на яго ўсе абыякава пазіраюць. I толькі Рэня аж засвеціцца з радасці, убачыўшы гэты канверт і адразу пазнаўшы яго, нават не разгледзеўшы яшчэ на ім свайго прозвішча.

Рэня зноў паскарае хаду, адным рыўком адчыняе дзверы.

Ляжыць… Вядома, ляжыць! Ах, Юра, як добра… Каб ты ведаў, якая гзта радасць — атрымаць ад цябе ліст! Схапіць яго і бегчы па лесвіцы ў пакой, прымасціцца ў куточку, нецярпліва распячатаць, дастаць некалькі лісткоў, спісаных тваім прыгожым, дробным почыркам, і чытаць іх. Прачытаць раз — скарэй, скарэй, каб хутчэй ведаць усё, пра што ты напісаў, а пасля перачытаць другі раз, ужо больш спакойна, думаючы над кожным словам. А потым перачытаць і трэці раз і, нарэшце, позна вечарам зноў дастаць твой ліст і яшчэ перачытаць яго, каб заснуць, ужо на памяць ведаючы кожны радок.

«Родная мая, любая,— пісаў Юра.— Лічу дні да нашай сустрэчы, хоць іх яшчэ вельмі і вельмі многа. Аж да зімовых канікул. Каб хутчэй ішоў час, імкнуся запоўніць яго з раніцы да вечара. А гэта мне няцяжка, бо работы багата. 3 самага пачатку года, як і казаў табе, узяўся за дыплом. Матэр’ялу ў мяне ўжо вельмі многа, так што хлопцы жартуюць, што я адразу хачу кандыдацкую дысертацыю напісаць.

Каб ты ведала, як хочацца хутчэй скончыць інстытут і паехаць працаваць. Калі я паступаў у інстытут, то тады яшчэ не разумеў, якая гэта паважаная, высакародная спецыяльнасць — быць інжынерам-мостабудаўніком. Я нават не ведаю, як табе растлумачыць, чаму я лічу гэту спецыяльнасць такою высакароднаю. Скарачаць адлегласць… падаваць руку людзям… не, не тое, не тое я адчуваю, калі думаю аб сваёй будучай спецыяльнасці, нейкія асаблівыя пачуцці поўнілі мяне, калі я сёлета быў на практыцы і ўжо нечым памагаў на будаўніцтве.

Але я ўсё пра сябе пішу. А як там твае справы? Ці думаеш ты так пра мяне, як я пра цябе? Я, ведаеш, цяпер гляджу на ўсе жаночыя гадзіннікі. А можа каторы — мінскі? Нядаўна ў нас тут, у інтэрнаце, збіралася кампанія і ў адной дзяўчыны я ўбачыў ваш гадзіннік. Паверыш, нібы прывітанне ад цябе атрымаў.

Часта думаю, як нялёгка табе і працаваць і вучыцца. Але ты вучобы не кідай. Час ідзе хутка. Я вось і не агледзеўся, як інстытут канчаю. Хоць ты і вельмі занятая, я буду прасіць, каб ты пісала мне і больш, і часцей. А пакуль усяго табе найлепшага, самы блізкі мой, самы дарагі чалавек. Цалую цябе моцна-моцна.

Твой Юра».

Рэня некалькі разоў перачытала ліст і толькі тады пачала распранацца. Паволі скідала паліто, берэт, вешала ўсё ў шафу, а сама ўсміхалася. «Ці думаю я пра яго так, як ён пра мяне… Дурненькі… Ды ці бывае хвіліна, каб я пра цябе не думала… Пачую па радыё песню, якую ты так любіш —

Пока я ходить умею,

Пока глядеть я умею,

Пока я дышать умею —

Я буду идти вперед…—

і мне здаецца, што гэта ты спяваеш. А каб ты ведаў, як часта гляджу я на каляндар, лічу дні, колькі іх да студзеня… Бо і ты ж для мяне самы блізкі, самы дарагі на свеце чалавек».

Яна пачала рыхтаваць вячэру, напяваючы:

И снег, и ветер,

И звезд ночной полет

Меня мое сердце

В тревожную даль зовет.

Пасля памешвала ў каструльцы кашу і гартала старонкі кнігі — праглядала заданне сённяшняга семінара.


3

Рэня вырасла ў дзіцячым доме. Бацька яе загінуў на фронце. Маці забілі паліцэйскія. Бацька, спешна адыходзячы на вайну, забыўся дома пашпарт. Пайшоў толькі з вайсковым білетам. I маці вельмі берагла гэты пашпарт, хавала яго, а калі куды хадзіла, дык брала яго з сабою. Аднойчы яна пайшла ў вёску мяняць на харчы запалкі, соль і мыла. Бацькаў пашпарт узяла з сабою. Яна вярталася ўжо назад, калі ў лесе яе затрымалі паліцэйскія. Пачалі абшукваць і знайшлі пашпарт. Вырашылі, што жанчына несла яго партызанам. Тут жа, пры дарозе, і застрэлілі яе, забраўшы дзесятак яек і кавалачак сала, якія маці несла пяцігадовай Рэні.

Гэта было ўжо ў 1944 годзе. Скора Савецкая Армія выгнала захопнікаў, і дзяўчынку ўзялі ў дзіцячы дом.

Там былі дзеці, якіх вайна зрабіла сіротамі. Але час ішоў, і ў некаторых з іх аб’яўляліся бацькі. У Мані Ражковай, худзенькай дзяўчынкі з тонкімі белымі коскамі, бацька, як выявілася, не загіцуў. Праз пяць год пасля вайны ён знайшоў дачку і забраў яе з дзіцячага дома. Рэня сябравала з Маняю, і калі сяброўку забіралі, яна з зайздрасцю пазірала, як ішла Маня, трымаючыся за бацькаву руку. У Валодзі Кажухова знайшлася маці. Гэта была не маладая, бедна апранутая жанчына. Адзін рукаў яе паношанай світкі быў запіхнуты ў кішэню — у жанчыны не было рукі. Яна ўвесь час плакала, выціраючы вочы рогам вялікай чорнай хусткі. Плакала і ўсміхалася, і пакуль збіраўся Валодзя, хадзіла за ім следам, як прывязаная. А Рэня пазірала на яе і думала: «Ну, хай бы і мая мама была жывая… Хай бы знайшла мяне тут…»

Многа год самым гарачым жаданнем было ў Рэні — каб у яе аб’явіліся бацькі. Яна не верыла ў смерць маці, не верыла, што бацька загінуў. Яна чакала, што нехта знойдзе яе, забярэ з Калінаўкі. Не таму, што дрэнна было ёй у дзіцячым доме. Не. Тут былі сябры. Тут была Разалія Сямёнаўна, да якой бегла Рэня, калі хто крыўдзіў яе. Але ўсё-такі Рэня чакала. Чакала і спадзявалася.

Аднак ніхто не прыязджаў па Рэню, і дзяўчынка, падрастаючы, пачынала разумець, што каб быў у яе хто з блізкіх, то ўжо знайшоў бы яе. А калі за трынаццаць год так ніхто і не з’явіўся, то чакаць больш і не варта. Наперадзе было жыццё. Яно клікала на свой шырокі, нязведаны прастор, і мары дзяўчыны беглі туды.

Калі з гадзіннікавага завода ў дзіцячы дом прыйшла адносіна з просьбай прыслаць трох дзяўчынак, Разалія Сямёнаўна першай назвала Рэню.

— У дзяўчынкі залатыя рукі,— гаварыла яна дырэктару дзіцячага дома Івану Гаўрылавічу.— I ў вышывальным гуртку яна лепшая рукадзельніца, і ў сталярнай майстэрні не горш за хлопчыкаў працуе. Вунь, пудэлачак, што яна зрабіла, на выстаўцы стаіць, — паказала Разалія Сямёнаўна ў бок залы, дзе размяшчалася выстаўка работ выхаванцаў.

— Усё гэта я ведаю, Разалія Сямёнаўна,— гаварыў Іван Гаўрылавіч, дастаючы з шафы папку з дакументамі Рэні Валожынай.— Толькі можа яна захоча ў інстытут паступаць.

Разалія Сямёнаўна таксама задумалася. Хіба не хацела яна Рэні самага лепшага. Ды і не толькі Рэні, а ўсім дзецям, якія вось тут, на яе вачах падрасталі. Хіба не хацела б яна, каб Рэня вучылася, але ж конкурсы цяпер вялікія: ці паступіць!..

— Давайце спытаемся ў яе,— паклаў на стол папку Іван Гаўрылавіч.— А наогул, яна дзяўчынка здольная, старанная. Захоча, будзе працаваць і вучыцца. На завочным аддзяленні, на вячэрнім.

Як толькі Рэня даведалася, што ў яе ёсць магчымасць паехаць працаваць на гадзіннікавы завод, у думках, у марах яна ўжо была там — хадзіла па цэху, сядзела за канвеерам, рабіла нейкую сваю, яшчэ невядома якую, але важную работу. У марах яна ўжо жыла ў вялікім горадзе, гуляла па яго прыгожых вуліцах. «А вучыцца я абавязкова пайду. На вячэрні… У політэхнічны»,— думала Рэня.

Прыходзіў у марах да яе і юнак, якога яна сустрэне ў Мінску. Можа, ён на заводзе працуе і не ведае, што скора прыедзе Рэня, і яны сустрэнуцца? А можа ён вучыцца ў інстытуце, куды паступіць і яна? Ён абавязкова вельмі разумны, прыгожы, дужы, адважны. Яны разам будуць працаваць і вучыцца, хадзіць у кіно, тэатры.

Юнак не прымаў у Рэніным уяўленні рэальнага аблічча. Яна не магла ўявіць сабе яго вачэй, твару. Тым больш не магла яна дапасаваць героя сваіх патаемных мараў да каго-небудзь са знаёмых хлопцаў і асабліва да тых, з якімі расла, гадавалася ў дзіцячым доме. «Той» юнак быў з іншага жыцця, якога яшчэ не ведала Рэня, але якое прыйдзе да яе, скора наступіць.

Калі цяпер Рэня ўспамінае ўсё гэта, ёй робіцца смешна. Яна думала, што той адзіны, якога мусіць сустрэць яна ў жыцці, недзе далёка. А ён, выходзіць, увесь час быў побач. Рэня і падумаць не магла, што ім мог аказацца Юра, той самы Юра, які гадаваўся і рос разам з ёю, часам, цягаў нават за косы. Праўда, яшчэ даўно, калі яны былі зусім малыя, Рэня неяк раз падумала, што Юра незвычайны хлопчык. Яна добра памятае той выпадак.

Аднойчы ў дзіцячы дом прыехала прыгожа апранутая жанчына. На ёй было доўгае паліто, вузкае ў стане і шырокае ўнізе, чорныя туфлі на высокіх абцасах, у руках чорная бліскучая сумачка. Аказалася, што гэта Юрава маці, якая доўга шукала яго і толькі цяпер знайшла. Яна паехала з Юрам у мястэчка і адразу купіла яму прыгожы шарсцяны гарнітур, паліто, не такое, як насілі ўсе ў дзіцячым доме, жоўтыя чаравікі. 3 дзецьмі яна гаварыла ласкава, частавала цукеркамі. Але калі пагладзіла сваёю белаю рукою з пафарбаванымі пазногцямі Рэню па шчацэ, рука гэта здалася Рэні халоднай. Ад яе не было так хораша, як ад рукі Разаліі Сямёнаўны.

Юра паехаў з дзіцячага дома на блакітнай «Пабедзе», і хлопчыкі доўга беглі за машынаю.

А праз год Юра вярнуўся ў дзіцячы дом. Прыйшоў абадраны, брудны, з вялікаю драпінаю праз усю шчаку. Ён хаваўся ад міліцыі, зайцам ехаў на цягніку і на аўтобусе. Юра сказаў, што жыць там, «у іх», не хоча, бо гэта не яго бацькі. Яны хацелі ўсынавіць яго, а ён не хоча ўсынаўляцца. Юра нічога не расказваў, як там яму жылося і чаму не палюбіў ён сваіх прыёмных бацькоў.

Праз некаторы час тая самая жанчына зноў прыязджала ў дзіцячы дом. Феня Буракова, якая заўсёды ведала вельмі многа сакрэтаў, прыбегла да Рэні і пачала расказваць, што яна падслухала, аб чым гаворыць «тая цётка», як яна яе называла, з Іванам Гаўрылавічам.

— Яна так сварыцца на Юру, так сварыцца,— шаптала Феня.— Кажа, што ён няўдзячны хлопчык. Каб застаўся ў іх, дык яму б на ўсё жыццё было вельмі добра… А так і сабе нашкодзіў і іх зняславіў, уцёк, нібы яны яго крыўдзілі… Яна прасіла, каб Іван Гаўрылавіч паклікаў Юру і спытаўся, ці дакранулася яна да яго калі хоць пальцам… А Іван Гаўрылавіч супакойвае яе. Кажа, што і сам шкадуе, што так атрымалася, але прымусіць Юру, каб ён вярнуўся, не можа. Дык ведаеш, што яна сказала? Яна сказала, што і не хоча, каб Юра вяртаўся, а толькі хоча сказаць, што яны дрэнна тут дзяцей выхоўваюць. А далей я не чула, што яны гаварылі…

Рэня хоць і не вельмі любіла Феніны сакрэты, на гэты раз слухала з цікавасцю. Пасля яны разам з Феняю пабеглі, каб дачакацца, пакуль выйдзе тая жанчына ад Івана Гаўрылавіча. А калі жанчына садзілася ў сваю «Пабеду», Рэня паказала ёй язык. Яна была рада, што Юра ўцёк.

Так і застаўся Юра ў дзіцячым доме. Тут скончыў дзесяцігодку, адсюль паехаў у Ленінград паступаць у інстытут.

Юра быў на год старэйшы за Рэню і калі ад’язджаў, Рэня, разам з іншымі дзецьмі, праводзіла яго. Яны гурбою пайшлі на станцыю, па чарзе падносячы Юраў чамадан. Тады Рэня зайздросціла Юру, што вось ён ужо скончыў дзесяць класаў і едзе ў вялікі, слаўны горад, а ёй яшчэ трэба чакаць цэлы год. I не вельмі думала Рэня, ці сустрэнуцца яны з Юрам яшчэ калі-небудзь.

Сёлета Рэня ў час адпачынку ездзіла дадому, у Калінаўку. Паехала да Разаліі Сямёнаўны, да Івана Гаўрылавіча. Многія выхаванцы і выхаванкі, пакуль не жаніліся, не выходзілі замуж, прыязджалі ў адпачынак, на канікулы «дадому», як яны гаварылі. У гэта лета сабралася асабліва многа былых выхаванцаў. Разалія Сямёнаўна выцягнула ўвесь запас раскладушак, каб як размясціць гасцей.

Прыехаў на свае канікулы і Юра. Вось тут усё і здарылася. За гэты месяц, поўны красак і сонца, птушынага шчэбету і пахучых суніц, Юра зрабіўся для Рэні самым дарагім чалавекам на свеце. Цяпер яна вельмі любіць успамінаць тыя сонечныя ліпеньскія дні. Успамінаць да драбніц усе сустрэчы, усе словы, якія гаварыў Юра.

У дзень прыезду пайшла Рэня ў сад паглядзець, як падраслі тыя дрэвы, якія яна некалі пасадзіла. Падыходзіць да чарэшні, а на ёй сядзіць хлопец у белай кашулі, рве спелыя чырвоныя ягады і па адной, асцярожна, кладзе ў кошык. Рве, кладзе і спявае: «Пока я ходить умею, пока глядеть я умею…»

— Хто гэта на маю чарэшню ўзлез? — грозна спыталася Рэня, прыглядаючыся і не пазнаючы, хто зрабіў напад на яе гадаванку.

Хлопец перастаў спяваць, павярнуўся, леваю рукою рассунуў галіны, і на Рэню глянулі два смяшлівыя кавалачкі неба.

— Гэта ты, Юра?! — хутчэй ужо здзіўлена, чым грозна, сказала Рэня.

А Юра пазіраў на яе зверху ўніз і ўсміхаўся. Неяк вельмі хораша ўсміхаўся.

— Дык чаму гэта вы, паважаны грамадзянін, на маё дрэва ўзлезлі? — адразу ўзяла жартаўлівы тон Рэня.

— Справа ў тым, паважаная грамадзяначка, што дрэва гэта не ваша, а маё,— адказаў Юра.

— Як гэта ваша? Дрэва належыць таму, хто яго садзіў…

— Зусім правільна… А паколькі я яго садзіў, дык і чарэшні абіраю.

— Як гэта? — збілася з жартаўлівага тону Рэня.— Пяты рад ад плоту — мае дрэвы, я добра запомніла.

Юра яшчэ зручней прымасціўся, нібы збіраючыся сядзець на дрэве вельмі доўга, і загаварыў:

— У наш век, у век космасу, радзіме патрэбны адукаваныя людзі. I як дрэнна, што адна з яе дачок, дажыўшы да дваццаці пяці гадоў, не навучылася лічыць нават да пяці.— Ён гаварыў наўмысна сур’ёзна, з робленым дакорам.— У якім радзе стаіць гэта дрэва? Давай, дзяўчынка, будзем лічыць па пальцах…

Рэня, не даслухаўшы да канца Юравай павучальнай тырады, павярнулася спіною да чарэшні, на якой ён сядзеў, і пачала лічыць рады.

— I праўда,— цераз плячо глянула яна на Юру.— Прашу прабачэння,— зрабіла Рэня рэверанс і зноў перайшла на жартаўлівы тон: — Але мне можна дараваць, што я да пяці лічыць не ўмею, бо я ж — рабочы клас. А ты хоць і ў навуку падаўся, а лічыць таксама не навучыўся. Мне не дваццаць пяць гадоў, а дваццаць адзін!

Рэня стаяла пад дрэвам, а Юра сядзеў на ім, і яны перакідваліся жартамі.

— Хоць я і недавучка, але затое рыцар. Я магу падараваць табе гэта дрэва. На, бяры яго, — сказаў Юра і раптам скочыў з чарэшні проста да Рэні. Яна аж войкнула — спалохалася, што хлопец скочыў з такой ладнай вышыні. Але Юра прызямліўся вельмі ўдала, нават не рассыпаўшы чарэшняў, што былі ў кошыку.

Пасля яны хадзілі па садзе і ўспаміналі, якое дрэва, які куст тут хто пасадзіў. Кусты агрэсту разрасліся густа-густа. Усе яны былі ўсыпаны дробнымі зялёнымі ягадкамі. Юра сарваў адну, пажаваў і скрывіўся.

— Кіслая… аж Ленінград відаць — пажартаваў ён, а пасля пачаў расказваць пра горад, у якім вучыцца, пра сваё студэнцкае жыццё, пра сяброў. А Рэня расказвала пра Мінск, пра гадзіннікавы завод. I было ім абодвум лёгка і радасна.

Назаўтра яны разам з іншымі выхаванцамі пайшлі на прысядзібны ўчастак дзіцячага дома палоць кукурузу. Атрымалася так, што Рэня працавала побач з Юрам. Яны зноў жартавалі, палолі навыперадкі — хто лепш і хто хутчэй.

Шпарка пабеглі гарачыя дні. Праходзілі яны ў рабоце на гародзе, на сенакосе. А вечарамі і госці, і старэйшыя гаспадары збіраліся ў альтанцы, што, увітая дзікім вінаградам, стаяла ў садзе. Пад столлю ў альтанцы цьмяна гарэла электрычная лямпачка. Садзіліся — хто на лавачкі, хто проста на падлогу, хто на парэнчы. Ішлі цікавыя размовы. Гаварылі пра кнігі, пра новыя кінафільмы, спрачаліся аб тым, якое жыццё можа быць на Марсе і калі паляціць на Месяц чалавек. Спрачаліся аб дружбе, аб каханні. I Рэня заўсёды была разам з Юрам. Яна думала аб тым, як добра праходзіць сёлета яе адпачынак і прызнавалася сама сабе, што не быў бы ён такі шчаслшы, каб не прыехаў сюды Юра.

Аднойчы ў час работы на гародзе ў мяккай цёплай зямлі сустрэліся іх рукі. Чорныя ад зямлі маленькія Рэніны трапілі ў вялікія і дужыя Юравы. Ён некалькі хвілін пазіраў у твар Рэні, а тая чырванела і не ведала, што сказаць.

Яна адчувала, як цяплела ў яе далоні шурпатае каліва свірэпкі, якое яна толькі што вырвала з градкі, і дотык гэтай травіцы разам з поціскам Юравай рукі вельмі хораша аддаваўся ў яе сэрцы.

3 таго дня яны стараліся як мага раней адысці ад грамады, што збіралася ў альтанцы. Яны блукалі па садзе і пасля ўжо не чулі, як разыходзіліся ўсе астатнія. Аблітыя белым святлом, дрэвы не варушылі ніводным лістком. Яны адпачывалі. Спалі іх цені, улёгшыся на густой высокай траве, як на пярыне. Спалі ўсе гукі. I Юра з Рэняю, нібы баючысй парушыць гэты сон, гаварылі шэптам альбо зусім маўчалі.

А калі Юра асцярожна браў Рэню за плечы і нясмела туліў яе да сябе, калі яго вусны дакраналіся да яе твару, тады і дрэвы, і цені, і трава прачыналіся і пачыналі кружыцца. I Рэня кружылася разам з імі. I ёй трэба было прыхінацца да шырокіх Юравых грудзей, каб утрымацца на зямлі.

Хутка Рэня зразумела, што калі раней свет і жыццё маглі існаваць для яе і без Юры, то цяпер Юра і жыццё — гэта было ўжо адно цэлае, аддзяліць адно ад другога было немагчыма.

Канчаўся Рэнін адпачынак. Трэба было ехаць і Юру, бо з пятнаццатага ліпеня ў яго пачыналася практыка. Яны разам збіраліся на станцыю, разам пакавалі чамаданы. Разалія Сямёнаўна напрыносіла ім розных скруткаў і пакуначкаў, якія, казала яна, вельмі спатрэбяцца ў дарозе.

— Вось тут вараная курыца. Тут каўбаса. Тут хлеб,— паказвала яна Рэні.— А гэта табе, Юрачка,— паклала яна ў Юраў чамадан даволі ладны пакунак, загорнуты ў газету.

Калі чамаданы былі ўпакаваны і ўсе прыселі перад дарогаю, Разалія Сямёнаўна раптам неяк асабліва паглядзела на Рэню, пасля на Юру.

— Харошая вы пара,—нечакана сказала яна.

— Праўда? — ажывіўся Юра.

Рэня ўсміхнулася. У прыжмураных вачах Разаліі Сямёнаўны таксама заіскрылася ўсмешка.

— Канечне праўда. Хіба я вам калі няпраўду гаварыла. Але вось паедзеце вы ад нас, і можа ўжо не скора я вас абоіх убачу…

Адплываў перон, пакідаючы на маленькай чыгуначнай станцыі Юру, Разалію Сямёнаўну, хлопцаў і дзяўчат, якія таксама іх праводзілі. Рэня махала ім рукою. А Юра стаяў наперадзе ўсіх, шыракаплечы, у белай кашулі з расшпіленым каўняром, і вецер раскідаў яго светлыя валасы.

Але вось знік і перон. Насустрач цягніку ўжо бегла жытняе поле.

А Рэня ўсё старалася яшчэ хоць раз глянуць туды, дзе відаць былі кроны высокіх таполяў, што раслі каля маленькай чыгуначнай станцыі.


4

Зоя прыйшла з работы, кінула капялюш на канапу, паліто на крэсла. Спынілася пасярод пакоя, не ведаючы, што рабіць далей.

Пачуўшы, што прыйшла дачка, Антаніна Іванаўна выйшла з кухні. На твары гэтай жанчыны нібы навечна застыў нейкі клопат. Ён хаваўся ў яе шэрых вачах, у зморшчынках, што разбягаліся ад іх на скроні, у тонкіх рысках, якія ляжалі і пад вачыма і каля вуснаў.

— Стамілася, дачушка? — спыталася яна ў Зоі, падбіраючы і вешаючы яе паліто, капялюш. Прыбраўшы ўсё, яна зноў таропка пайшла на кухню.

— Садзіся, дзіцятка. Міша, кідай газету, абедаць будзем, — на хаду сказала яна.

Міхал Паўлавіч адклаў газету, падышоў да буфета, застукаў талеркамі. Ён быў у вайсковай гімнасцёрцы без пагонаў і без пояса, у шараварах ад піжамы і ў хатніх пантофлях. Хоць зусім розныя былі яны — гэты пажылы чалавек і маладая, свежая Зоя, калі ўважліва прыгледзецца да іх, можна было ўбачыць, як падобны яны адно на аднаго.

Зоя памыла рукі, прычасалася, села за стол.

— Ну, як там твае «балансы»? — ставячы перад Зояй талерку, спытаўся Міхал Паўлавіч.

— Ат,— махнула рукою Зоя, узяла кавалак хлеба, адкусіла.

— Не выходзіць? — з кухні спыталася Антаніна Іванаўна, пачуўшы, аб чым загаварыў бацька.

— Проста немагчыма,— ледзь не са слязьмі адказала Зоя.

— Нічога, дачка, вывучышся. Не адразу, вядома,— тонам, якім гавораць з зусім малымі дзецьмі, сказаў Міхал Паўлавіч.

— I наогул работка…— гаварыла Зоя.— Сем гадзін, не разгінаючы спіны… А вочы баляць як… Аслепнуць можна.

— Дык, можа, кідай, дачушка,— нерашуча сказала Антаніна Іванаўна, спыняючыся ля дачкі.— Калі цяжка, дык кідай. Што ж ты будзеш надрывацца… Яшчэ, праўда, вочы сапсуеш…— крыху памаўчаўшы, да-дала яна.

Зоя моўчкі нахілілася над талеркаю. Моўчкі еў і бацька. Антаніна Іванаўна таксама села за стол.

— Не сышоўся клінам свет на гэтым заводзе. Іншую работу знойдзем,— сказала яна.

— Але працаваць усюды трэба,— заўважыў бацька.— Рабочы дзень усюды сямігадзінны.

— Мішачка, але ж ці трэба ёй сляпіцца на гэтым, на гадзіннікавым? — умольна паглядзела Антаніна Іванаўна на мужа.

— А іншыя ж працуюць і нічога… Самі казалі, што гэты завод для Зоі самы лепшы… Не вельмі лёгка было мне і ўладзіць яе туды. А на іншым заводзе яшчэ цяжэй будзе.

— Дык не абавязкова ж на завод… Можа, сакратаркаю куды…

— Не вельмі ходкая цяпер гэта спецыяльнасць,— адставіў талерку Міхал Паўлавіч.— Ды што ты хочаш, каб яна ўсё жыццё паперкі перакладала? Нічога, Зойка,— павярнуўся ён да дачкі.— Не вешай носа. Навучышся. Не святыя гаршкі лепяць. А працаваць, брат, нідзе не лёгка — і ён нахіліўся, паляпаў яе па плячы.

Пасля абеду Зоя ляжала на канапе, глядзела ў столь і думала: «Няўжо ж цяпер так будзе ўсё жыццё… Кожны дзень на работу, кожны дзень гэтыя «валаскі» ды «балансы». Ці навучуся я калі так спрытна ўсё рабіць, як Рэня… А калі і навучуся… Усё роўна кожны дзень адно і тое ж, і так усё жыццё».

Зоя глянула на свой маленькі, у пазалочаным корпусе гадзіннік, каб ведаць, колькі часу, але сам выгляд гадзінніка не прынёс, як звычайна, ёй радасці. Яна ўбачыла не прыгожы цыферблат з тонкімі пазалочанымі стрэлкамі, а, здаецца, праз шкло і ўвесь корпус ківаўся перад ёю ў сваім вечным руху баланс, наводзячы сум і дакуку. Калісьці, яшчэ школьніцай, Зоя марыла аб уласным гадзінніку. Калі захочаш, можна падняць пальчыкам рукаў сукенкі і глянуць — колькі часу. На ўроках можна заўсёды даведацца, колькі засталося да перапынку. I ці думала калі Зоя, што яна будзе працаваць на гадзіннікавым заводзе, сама будзе рабіць іх і так няўзлюбіць гадзіннікі. I проста дзіўна, што Рэня можа захапляцца такой работаю. I зусім не стамляецца яна. I вочы ў яе не баляць… Можа, у Рэні талент, а ў Зоі няма? Але ж не адна Рэня працуе ў цэху. Там больш за трыста дзяўчат, што ж, і ў іх ва ўсіх талент, і толькі ў Зоі няма?

Не, мусіць, няма таленту і ў Іны Горбач, на якую сёння сварыліся дзяўчаты, што стрэлкі неахайна паставіла. Калі начальства сварыцца, то гэта хоць і непрыемна, але яшчэ так-сяк. Але калі пачынаюць сварыцца самі дзяўчаты… Мусіць, нічога няма горш. Дык, можа, і праўда — кінуць завод, як мама кажа. Зоя і сама ўжо крадком думала пра гэта, але ёй рабілася чамусьці сорамна. Сорамна было кідаць завод, так мала папрацаваўшы, ды яшчэ, уласна, і не працаваўшы. Яна ж пакуль вучаніца. Ды і тата, мусіць, не вельмі рады будзе. Пачне кпіць, а можа і сварыцца…

Настрой у Зоі быў дрэнны. Ёй нават не хацелася ўставаць і ісці да дзяўчат. А сёння ж Рэня, Валя і Люба запрасілі яе ў кіно…

I ўсё ж Зоя паднялася, падышла да шафы. I як толькі ўзяла ў рукі новую шарсцяную сукенку, адразу павесялела. Яна доўга стаяла перад люстэркам, аглядаючы сябе, папраўляючы то каўнер, то паясок. Зоя падабалася сама сабе. Яна бачыла, што яна прыгожая, а гэта, зрэшты, для дзяўчыны самае галоўнае,— думала яна.

— Куды ж ты, дачушка? —убачыўшы, што Зоя збіраецца, спыталася Антаніна Іванаўна.

— Да дзяўчат пайду… У кіно, можа, сходзім,— адказала Зоя.

— Схадзі, схадзі, дачушка,— падахвоціла яе маці. Яна прыйшла ў пакой з кухні з талеркаю ў руцэ. Ручніком, які быў перакінуты цераз плячо, яна выцірала талерку і пазірала на Зою, як на хворую, гатовая патураць кожнаму яе жаданню.— Толькі позна не гуляй,— кінула яна ўжо наўздагон Зоі.

Міхал Паўлавіч стаяў ля пісьмовага стала і перабіраў у шуфлядцы паперы. Ён пісаў успаміны аб сваім баявым жыцці. Гэта было нешта накшталт запісак. Міхал Паўлавіч удзельнічаў у баях на возеры Хасан, быў на Фінляндскім фронце. 3 другім Беларускім фронтам дайшоў да Берліна. Цяпер Міхал Паўлавіч лічыў сваім абавязкам расказаць пра гэтыя баявыя паходы моладзі, расказаць, як заваёўваўся для яе сённяшні дзень.

Антаніна Іванаўна падышла да мужа, ружоваю ад гарачай вады, яшчэ крыху вільготнаю рукою ўзяла яго за локаць.

— Што ж нам рабіць з ёю? —паказала яна на дзверы.

Міхал Паўлавіч яшчэ з хвіліну не адрываўся ад папер, пасля паглядзеў на жонку. Яго вочы былі спакойныя, нават вясёлыя, і Антаніна Іванаўна сама адразу паспакайнела. I ўсё ж яна хацела пераканаць мужа, што мае права непакоіцца.

— Вось ты ўсміхаешся, Міша,— сказала яна,— а дзіця ж пакутуе. Так ёй, беднай, цяжка. Ты глядзі, як пахудзела за гэты месяц.

Міхал Паўлавіч склаў паперы, зачыніў шуфлядку.

— Не паднімай ты трывогі там, дзе яе няма. I не кажы ты ёй, каб яна кінула работу. Спесціла ты дзяўчыну. Не прывыкла працаваць, вось ёй і цяжка.

Антаніна Іванаўна пакрыўдзілася.

— Як гэта я яе спесціла?

— Ты не крыўдзіся, Тоня, — мякка сказаў Міхал Паўлавіч, — але вось сама падумай, ці памыла Зоя калі падлогу, ці згатавала есці.

— Антаніна Іванаўна сашчапіла рукі.

— Мішачка, а што ж я буду рабіць, калі Зоя пачне падлогу мыць ды есці гатаваць… Нашто ж я вам тады?.. Яна ж вучылася, а цяпер, вунь, працуе… Дык чаму ж я павінна была яшчэ дома прымушаць яе нешта рабіць? А сама хіба вылежвалася б?

— Вось у тым і бяда, што з самага пачатку ў нас пайшло не так, як трэба было.

— А божа мой,— села на канапу Антаніна Іванаўна.— Ці не збіраешся ты мяне ўпікаць, што я ўсё жыццё была толькі хатняю гаспадыняю…

— Што ты, Тоня,— падышоў Міхал Паўлавіч да жонкі.— Ну няўжо мы на старасці будзем крыўдзіць адно другога ды ўпікаць.

— Хіба не старалася я ўсё жыццё, каб было ў нас хораша,— гаварыла Антаніна Іванаўна праз слёзы.— Ці я вораг свайму дзіцяці. Я хацела, каб Зоечка шчаслівая расла. Хопіць таго, што адно дзіця загінула… Ці магла ж я не аддаць усяго, што мела, адзінай дачцэ?

Міхал Паўлавіч схамянуўся. Каб ён ведаў, што так павернецца гаворка, то і не пачынаў бы яе. Успамін пра дзіця, якое забрала ў іх вайна, быў цяжкі ўспамін. Цяпер Міхал Паўлавіч ведаў, што жонка не скора супакоіцца. А яна ўжо сядзела, закрыўшы твар далонямі, і Міхал Паўлавіч бачыў, як пацяклі ў яе па пальцах слёзы.

Міхал Паўлавіч абняў жонку за плечы, а яна прыхінула галаву да мужавай рукі і гаварыла, жалілася:

— Божа мой, колькі гадоў прайшло, а як успомню я тое дзіця, так і пачынае разрывацца сэрца.

— Супакойся, Тоня, — гладзіў жончыны плечы Міхал Паўлавіч. — Ты ж ведаеш, што слязьмі Шурыка не вернеш.

Ён пазіраў на партрэт у жоўтай рамцы, які вісеў на сцяне над паліцай з кнігамі. Адтуль глядзеў вачыма, поўнымі дзіцячай радасці, іх першынец-сын.


5

Стол у інтэрнаце быў накрыты для гасцей. Пасярод стаяла глыбокая талерка з традыцыйным для ўсіх інтэрнацкіх вечарынак вінегрэтам. На маленькіх талерках ляжала пакрышанае на тонкія скрылікі ружовае сала і хатняга вырабу каўбаса. Вельмі дарэчы прыслалі сёння Любе з вёскі пасылку.

За бутэлькі з нарзанам і ліманадам сарамліва хавалася, нібы адчуваючы, што не месца ёй тут, у жаночым інтэрнаце, пляшка з гарэлкаю.

Сёння Рэні споўнілася дваццаць два гады.

— Гэта ж падумаць, дзяўчаткі,— гаварыла сваім сяброўкам Рэня,— так многа!

— Многа,— згадзілася строгая Люба, якой было дваццаць адзін.

— Многа,— згадзілася і Валя, якой нядаўна споўнілася двадцадь.

Валя на гадзіннікавым заводзе апынулася выпадкова. Яна прыехала з Гродна ў Мінск паступаць у інстытут. Хацелася ў медыцынскі. Чаму — сама не ведала. Можа таму, што школьная сяброўка паступала ў медыцынскі. Але Валя не прайшла па конкурсу. Не доўга думаючы, вырашыла паступіць працаваць на гадзіннікавы завод.

— Хоць не доктар, а ў белым халаце хаджу,— жартавала яна цяпер.

Люба прыехала ў Мінск з Дуброўны пасля дзесяцігодкі. Яна не любіла расказваць пра сябе, але Любіна маці, маленькая жанчына з цвёрдымі вузлаватымі пальцамі, якая часам прыязджала да Любы, вечарамі, седзячы з дзяўчатамі ў інтэрнаце, гаварыла:

— Вось ужо любіць мая Любачка гэтыя гадзіннікі. Яшчэ як у школу хадзіла, дык, бывала, сама рамантавала іх, хоць, дальбог жа, ніхто яе не вучыў. Былі ў нас старыя ходзікі, ды часта спыняліся. Дык Люба, бывала, сама іх разбярэ ды і паправіць. Не кожны і хлопец на такое здатны,— з замілаваннем пазірала матка на дачку, якая спакойна слухала, што тая расказвала.— А як скончыла школу — у Мінск, кажа, паеду, на гадзіннікавы завод.

Трэці год працуюць Рэня, Люба і Валя ў адной брыгадзе, а сёлета папрасіліся, каб іх пасялілі ў інтэрнаце ў адным пакоі. I цяпер дзяўчаты яшчэ больш пасябравалі.

У дзверы пастукалі.

— Пошта, тэлеграма,— аб’явіла Валя, якая першая падбегла да дзвярэй.— Табе, Рэня.

— Ад Юры,— засвяцілася Рэня.

— «Віншую днём нараджэння. Жадаю шчасця, радасці, здароўя, поспехаў рабоце і вучобе. Чакаю сустрэчы. Юра»,— чытала яна.

У дзверы зноў пастукалі. Прыйшлі Жэня і Валодзя. Жэня — высокі, светлавалосы, у чорным гарнітуры і бялюткай, як снег, кашулі, выглядаў такім франтам, што дзяўчаты ахнулі.

— Жэнечка, які ж ты прыгожы, ну проста жаніх,— смяялася Валя.

Валодзя таксама быў у новым гарнітуры — шэрым з сіняю іскрынкаю, але што б ён ні апрануў, заўсёды выглядаў нейкім мешкаватым, медзведзяватым. А ў новай адзежыне адчуваў сябе тым больш няёмка. Ён быў рады, што дзяўчаты не вельмі звяртаюць увагу на яго, але ўсё роўна чырванеў — ужо таму, што быў у гасцях у дзявочым інтэрнаце.

Неўзабаве прыйшла Зоя.

— Маладзец, што не спазнілася,— пахваліла яе Рэня. Не, яна ніяк не можа зразумець, чаму ёй так прыемна бачыць Зою.

— Пазнаёмся, Зоя,— падвяла яе Рэня да хлопцаў. — Гэта наш электратэхнік Жэня. Той самы Жэня, які нас музыкай цешыць.

— Сёння ён цэлы дзень сумныя пласцінкі ставіў, мусіць, даўно ліста ад жонкі не меў,— уставіла Валя.

— А вось гэта — Валодзя. Ты яго кожы дзень бачыш у другой брыгадзе, але, напэўна, не ведаеш, што ён у нас гуртком турыстаў кіруе. Зараз ён трошкі асмеліцца і пачне цябе ў гурток агітаваць.

Прыйшлі яшчэ хлопцы і дзяўчаты. Тоненькая, чарнявая Каця Белякова, як толькі ўвайшла, адразу заспявала. У гэтай Каці заўсёды нейкі ясны, натхнёны твар. Можа ад песень, з якімі яна неразлучная. Ці ідзе яна, ці стаіць, ці сядзіць — заўсёды спявае. То лірычную, душэўную песню завядзе, то пачне вясёлую, жартаўлівую. Вось і цяпер — распранаецца, а сама спявае:

Вечарынка у калгасе, у «Чырвоным аратаі»…

— Не ў «Чырвоным аратаі», а ў «Чырвоным гадзінніку»,— смяецца Валя.

Каці памагаў распранацца Алег — невысокі, шырокі ў плячах, і ад гэтага нібы квадратны.

— Гэта наша канструктарскае бюро. Ён новыя мадэлі гадзіннікаў прыдумвае,— рэкамендавала яго Зоі Рэня.

Гаспадыня запрасіла ўсіх за стол. Зоя апынулася паміж імянінніцай і Жэнем. Налілі чаркі.

— За здароўе імянінніцы!

— За тваё здароўе!

— За тваё шчасце, Рэня!

Пасля, калі крыху перакусілі, для другога тоста ўзяў слова Алег. Яго ведалі як дасціпнага на слова, жартаўніка, і калі ён устаў за сталом,— квадратны, з чорнымі вусікамі і непрывычна сур’ёзнымі вачыма, усе заўсміхаліся, чакаючы ад яго нейкага жарту. Валя страляла ў яго вачыма, ужо гатовая зарагатаць. Алег зрабіўся яшчэ больш сур’ёзны.

— Вось вы ўсе ўсміхаецеся, а я буду гаварыць зусім не смешнае.— сказаў ён, абвёўшы ўсіх вачыма.— Рэня,— павярнуўся ён да гаспадыні і лёгка пакланіўся ёй.— Другі тост, наколькі мне вядома, трэба ўзнімаць за бацькоў, якія выгадавалі імянінніцу. Але ўсе мы ведаем, што бацькоў у цябе няма, што вырасла ты ў дзіцячымдоме.— Алег крышку запнуўся, пераступіў з нагі на нагу. Усе перасталі ўсміхацца і ўжо сур’ёзна, уважліва слухалі, што будзе далей гаварыць Алег.— Але ты вырасла вельмі харошым чалавекам. На заводзе працуеш і ў інстытуце вучышся, таварыш цудоўны. Дык давай вып’ем за здароўе тых, хто выхаваў цябе такую. Назаві нам каго ты хочаш з тых цудоўных людзей, і мы вып’ем за яго здароўе! — I Алег высока падняў чарку.

Усе весела павярнуліся да Рэні. А яна сядзела крышку разгубленая, не ведаючы, што сказаць.

— Нагаварыў,— паціснула яна нарэшце плячыма.— Такая ўжо я харошая. Ды і задачу даў — назваць каго-небудзь з цудоўных людзей… Іх вельмі многа было… Але калі так,— нарэшце вырашыла яна,— давайце вып’ем за Разалію Сямёнаўну!

Ніхто з тых, што сядзелі за сталом, не ведалі, хто такая Разалія Сямёнаўна, але ўсе дружна прынялі тост.

Зоя ўпершыню пачула, што Рэня расла ў дзіцячым доме, і цяпер з цікавасцю і павагай зірнула на яе. Зоі здавалася, што чалавек, які вырас у дзіцячым доме, павінен быць не такі, як іншыя людзі. Яна ўяўляла сабе такіх людзей зморанымі, сумнымі, худымі, няшчаснымі. А Рэня зусім не такая. I ўжо зусім не падобна яна на няшчасную. Прыгожая, вясёлая, яна выглядала зусім шчаслівым чалавекам. Няшчаснаю на нейкую хвіліну адчула сябе Зоя. «Як добра ім усім,— падумала яна. — Нікому з іх не цяжка працаваць, і жыць у інтэрнаце весела. А я… Ці мела я права прыходзіць сюды?..» Зоя апусціла вочы. Гэта адразу заўважыў Жэня.

— Вам што, сумна?— спытаўся ён.— Ну, я не дазволю, каб мая суседка ды сумавала,— весела сказаў ён, даліваючы ў Зоіну чарку віна. Жэня пачаў гаварыць з Зояй, жартаваць, і яна павесялела. За сталом аб нечым гаварылі, спрачаліся, і Зоя пачала прыслухоўвацца.

— Камунізм для нас не нехта будуе, а мы самі,— гаварыў Валодзя. Твар у яго быў ружовы, ружовая была шыя пад расшпіленым каўняром.

— Правільна, Валодзечка, правільна, і я будую камунізм,— весела адазвалася Валя.— Але ўжо як пабудую, то кожны дзень буду ў новай сукенцы хадзіць. Вельмі ў мяне на сукенкі патрэбнасць вялікая!

— Да таго часу, пакуль камунізм пабудуюць, у цябе, Валечка, патрэбнасць на сукенкі зменшыцца,— крыкнуў ёй цераз стол Алег.

— У жанчыны на сукенкі патрэбнасць не меншае ніколі,— адказала яму Валя.

— Вось вы жартуеце,— адазвалася Каця.— А колькі ёсць людзей, якія не хочуць будаваць камунізм для ўсіх, а робяць яго самі для сябе. Задавальняюць свае высокія патрэбы, як толькі могуць.

— Такія людзі, вядома, ёсць,— згадзіўся Валодзя.— I я думаю, што лягчэй пабудаваць матэрыяльную базу камунізма, чым выхаваць чалавека сапраўднага камуністычнага грамадства. Але і гэта павінны рабіць мы самі. Трэба акружаць пагардаю людзей, якія жывуць толькі для сябе…

— Хопіць спрачацца!—жартаўліва-строга сказаў Жэня.— Сярод нас няма такіх людзей. А ў доказ таго, што ўсе мы не для сябе асабіста жывём, хай кожны напоўніць чарку і талерку не свае, а суседавы,— і ён пацягнуўся да Зоінай чаркі.

Усе дружна засмяяліся.

— Ой, мне больш ужо не трэба,— засланяла Зоя рукамі сваю чарку.

Пасля адсунулі стол, уключылі радыёлу і пачалі танцаваць. Жэня адразу запрасіў Зою. Танцаваў ён вельмі добра. Калі пасля Зою запрасіў Валодзя і, танцуючы, збіваўся з такту, наступаў на ногі і чырванеў, Зоя падумала, што Жэня танцуе куды лепш. А далей атрымалася так, што яна амаль увесь час танцавала толькі з Жэнем. Ён стаяў побач і, як толькі ігралі новую пласцінку, запрашаў на танец. I Зоі гэта вельмі падабалася. Падабалася, што такі прыгожы, зусім дарослы, нават жанаты хлопец вылучыў яе з іншых. А што вылучыў, гэта Зоя адчувала не толькі па тым, што ён яе адну запрашаў танцаваць. Вельмі многа гаварылі Жэневы вочы, якія ўвесь час глядзелі на яе.

Пасля зноў селі за стол. Зноў пілі віно, елі вінаград, яблыкі. Каця, якой даўно хацелася спяваць, прыплюшчыла вочы, адхінулася на спінку крэсла і пачала мяккім, прыемным голасам:

Ой, бярозы ды сосны,

Партызанскія сёстры…

Валя выскачыла з-за стала, узяла гітару. Песню адразу падхапілі. Спявалі добра, зладжана. Было відаць, што не першы раз збіраюцца яны вось так разам, не першы раз спяваюць гэтую песню. Толькі Зоя не ведала слоў. Крыху лепш пайшло ў яе, калі заспявалі «Падмаскоўныя вечары». Зоя пазірала на Алега, які сядзеў насупраць і дырыжыраваў хорам.

Раптам Зоя адчула, як на плечы ёй лягла рука. Гэта была Жэнева рука, Зоя адразу здагадалася, хоць і не павярнула да хлопца галавы. Стол і ўсе госці на імгненне некуды зніклі. Нават песні не стала чуваць. Пасля ўсё зноў заняло сваё месца. Нібы здалёк, вярталася песня. А Жэнева рука ляжала на плячах — цяжкая, цёплая, прыемная. «Ці не бачыць хто? Трэба скінуць яго руку, нядобра так»,— нарэшце вырашыла Зоя і лёгка павяла плечуком. Але Жэня не прыняў руку, а, здавалася, яшчэ мацней прыціснуў яе. I Зоя больш не спрабавалэ яе скінуць. Яна пачала спяваць мацней, хочучы паказаць, што нічога такога з ёю цяпер не адбываецца.

«Але ж ён жанаты»,— на нейкую хвіліну зблытала словы песні думка. Аднак слова «жанаты» зусім не пасавала да Жэні — такога маладога, прыгожага, харошага, і Зоя пакінула пра гэта думаць. Ёй хораша, і няхай. Яна не збіраецца адбіваць яго ў жонкі.


6

Хоць было ўжо вельмі позна, Антаніна Іванаўна не спала. Яна адчыніла дзверы, спыталася, ці не хоча Зоя есці.

— Што ты, мамачка, я ж у гасцях была,— засмяялася тая.

Лежачы ў сваёй чыстай, мяккай пасцелі, Зоя ўспамінала ўвесь сённяшні вечар. У вушах яшчэ звінела музыка. Зоя бачыла вясёлыя твары Валі, Любы, Рэні, Валодзі. Але больш за ўсё ўспаміналіся Жэневы вочы, якія ўвесь вечар сачылі за ёю.

Жэня папрасіў дазволу праводзіць яе дахаты. Яны ішлі па прыціхлым праспекце. Зрэдку іх пераганялі амаль пустыя тралейбусы. Часам мільгаў зялёны агеньчык таксі. Але скора яны збочылі з праспекта, пайшлі па мала асветленай вуліцы.

— Вы такая прыгожая, Зоечка,— гаварыў Жэня, нахіляючыся да яе і стараючыся глянуць ёй у вочы.— Я сёння, як убачыў вас, дык спалохаўся, каб не закахацца…

Зоя маўчала. Жэневы словы прыемна аддаваліся ў грудзях, але і трывожна рабілася ад іх.

— Я намнога старэйшы за вас, мне ўжо дваццаць пяць гадоў, і, паверце мне, я ведаю, што такое здараецца не часта. Я ўжо вельмі даўно не адчуваў таго, што цяпер адчуваю,— і ён узяў Зоіну руку. Зоя асцярожна выслабаніла свае пальцы.

— Але ж у вас жонка ёсць,— сказала Зоя, нясмела выгаварваючы слова «жонка».

— Так, ёсць, я гэта ні ад каго не хаваю,— сказаў Жэня глухаватым голасам. Зоі здалося, што ён нечага не дагаварвае, і яна паглядзела на яго. У зеленаватым святле вітрыны Жэнеў твар здаўся Зоі бледным і сумным, і ёй стала шкада яго.— Вось бачыце,— уздыхнуў Жэня.— Кажаце, жонка ёсць. А жонка не хоча ехаць да мяне, пакуль мне не дадуць кватэры. Жыве ў сваіх бацькоў у Полацку…

Жэня гаварыў такім тонам, што Зоі ўсё больш і больш рабілася яго шкада.

— Але хопіць гаварыць пра сумнае,— усміхнуўся ён.— Мне з вамі так хораша, так радасна, што я забыўся сёння на ўсе свае жыццёвыя непрыемнасці,— і ён зноў узяў Зоіну руку. Зоя і цяпер хацела выслабаніць яе, але Жэня крышку мацней заціснуў яе пальцы, і яна засталася ў вялікай мяккай Жэневай руцэ.

— Мне вельмі хацелася б сустрэцца з вамі яшчэ калі-небудзь,— сказаў ён.

— Што вы, хіба можна?— нясмела адазвалася Зоя.

— О, ды вы, аказваецца, не Зоечка, а Зайчык, такі нясмелы, труслівы зайчык,— трымаў ужо абедзве Зоіны рукі Жэня.

Зоі спадабалася, што Жэня назваў яе так, як некалі звалі сяброўкі ў школе.

— Адкуль вы ведаеце, што мяне Зайчыкам завуць? —засмяялася яна.

— Я ўсё ведаю,— мнагазначна сказаў Жэня.— I ведаю, што нам з вамі абавязкова трэба сустрэцца. Ну, няўжо вы не захочаце са мною сустракацца толькі таму, што я жанаты? Я ж прапаную вам сябраваць, а ад сяброўства нельга адмаўляцца. Ну, дык згода?

Зоя маўчала. Яна не ведала, што адказаць. Так хораша, так сур’ёзна з ёю яшчэ ніхто не гаварыў. Зоя ўспомніла Віцю Кудрэвіча, які вучцўся з ёю ў адным класе і быў закаханы ў яе. Зоя ведала гэта і часта прасіла, каб Віця даў спісаць ёй цяжкую задачу, якой у яе не хапіла цярпення рашыць. Віця бурчэў: «I сама б магла рашыць, каб пасядзела»,— але выцягваў з сумкі сшытак і кідаў ёй на парту.

Бывала, вечарамі Віктар прыходзіў да яе, але як сядзе да прыёмніка, дык цэлы вечар і галавы не падніме. «Ці гэты хлопец гаварыць умее?» — пыталася Антаніна Іванаўна, калі Віця, прасядзеўшы цэлы вечар і не сказаўшы ніводнага слова, ішоў дахаты.

Стоячы з ёю каля пад’езда, Віця толькі тое і рабіў, што выварочваў наском чаравіка каменні з бруку. А хіба хоць калі-небудзь сказаў ён што-небудзь пяшчотнае? Калі былі з ім удваіх, падоўгу расказваў аб спартыўных спаборніцтвах, называў імёны і прозвішчы нейкіх левых і правых абаронцаў, нейкіх баксёраў, нібы ўсё гэта было вельмі цікава Зоі. А Жэня… 3 ім так хораша, так незвычайна. Ён нейкі таямнічы — як герой рамана. I ад кожнага дотыку яго рукі сэрца пачынае стукаць часцей.

— Ну, дык згода?— зноў спытаўся Жэня.

«Ну і што тут дрэннага, калі я згадзілася», — лежачы ў ложку, спрачаецца з некім Зоя. Хіба і сапраўды нельга сябраваць з хлопцам толькі таму, што ён жанаты? Бедны Жэня»,— уздыхнула яна, успомніўшы, які сумны твар быў у яго, калі ён гаварыў пра жонку.

Цікава, а што б сказалі ўсе тыя, хто быў сёння на вечары, каб даведаліся, што яны з Жэнем дамовіліся сустрэцца? Перад Зояй усплыў твар Валодзі — чырвоны, разгарачаны. «Які ён сур’ёзны,— з павагаю падумала Зоя.— I які разумны».

А Рэня… Што б сказала Рэня? Гэта ж падумаць, яна, аказваецца, ў дзіцячым доме жыла… А я і не ведала»..

— Мама,— ціха паклікала Зоя Антаніну Іванаўну, глянуўшы на дзверы спальні.— А гэтая Рэня, ведаеш, у дзіцячым доме гадавалася… У яе няма ні бацькі, ні маці.

Але Антаніна Іванаўна нічога не адказала. Відаць, яна ўжо спала. Ды і Зоі раптам вельмі захацелася спаць. Яна паднялася на ложку — у доўгай белай, з тонкімі карункамі каля шыі, начной кашулі, пацягнулася да выключальніка, націснула на невялічкую чорную кнопку. Адразу зніклі і зубчаты цень на сцяне ад люстры, і сама люстра, і сцены. Усё паглынула чарната. Зоя апусціла галаву на падушку і, як толькі дакранулася да яе, нібы зноў падхапіў, закруціў яе танец, адрываючы ад зямлі. Яшчэ раз глянулі на яе Жэневы вочы, і пасля ўсё — і музыка, і танец, і дзяўчаты, і Жэня — усё змяшалася разам і знікла.

Зоя моцна заснула.


7

— Паглядзі, Рэня, ці добра я зрабіла,— падала Зоя пінцэтам баланс з валаском.

Рэня скончыла правіць свой баланс, дастала яго з ляўцыркуля, паклала пад празрысты пластмасавы каўпачок, узяла Зоін. Яна штурхнула пальцам баланс, уважліва праз лупу прыглядаючыся, як ён круціцца.

— Яшчэ крышку б’е,— сказала Рэня. Яна прывычным рухам узяла пінцэт, паправіла ў адным месцы, у другім, вызваліла баланс з ляўцыркуля, перадала пінцэтам Зоі.— Вось так будзе добра. Ты не спяшайся, рабі памалу,— параіла яна Зоі.

Зоі было і прыкра, і крыху сорамна. Сорамна, што Рэня папраўляла работу, на якую яна патраціла пятнаццаць мінут. Добра гаварыць Рэні — не спяшайся. Калі яна не будзе спяшацца, то ёй паўгадзіны прыйдзецца сядзець над кожным балансам. А стужка ж канвеера рухаецца цераз кожныя дзве мінуты. Калі ж яна сядзе працаваць самастойна? Яе нават за канвеер для вучняў, які рухаецца цераз кожныя пяць мінут, невядома калі пасадзяць. Не, нічога, мусіць, з яе не выйдзе.

Зоя штурхае і штурхае баланс, папраўлены Рэняю, і не хочацца ёй вымаць яго і ўстаўляць новы. Як гэта, аказваецца, марудна і нудна ўсё. Каб можна было скоранька навучыцца ды сесці працаваць самой — зусім бы іншае было. А так — не, у яе няма ніякага цярпення. Век не навучыцца яна так спрытна ўсё рабіць, як Рэня. Але некалі ж і ёй здавалася, што век не навучыцца яна ўстаўляць баланс у ляўцыркуль, што век не паправіць яна ніводнага валаска. Ды вось жа навучылася. I як нечакана… Яшчэ за дзень да гэтага не магла зладзіць з балансам. То ён вывальваўся з ляўцыркуля, то так заціскаўся, што і пакруціць было немагчыма, то ламаліся цапфы. А назаўтра раніцаю яна ўзяла пінцэт у рукі, падхапіла баланс, і ён нібы сам ўскочыў у ляўцыркуль. Той дзень так лёгка было працаваць. I час хутчэй пайшоў, і спіна не балела. Аднак скора аказалася, што гэта была толькі адна перамога, і Зоя зноў засумавала. А цяпер — ні канца не відаць, ні краю.

Нядаўна яна спяшалася папраўляць баланс, каб патраціць на яго праўку як мага менш часу, а цяпер сядзіць і толькі штурхае і штурхае жоўтае колца, заціснутае ў ляўцыркулі, і не шкада ёй мінут, што праходзяць дарэмна.

Сэрца пачынае працінаць сум, а за сумам прыходзіць стомленасць, хоць рабочы дзень яшчэ толькі пачаўся. Калі сумна рабілася сядзець на ўроку, можна было пашаптацца з сяброўкаю, перакінуць якую запіску альбо проста ўзяць цікавую кніжку і пачытаць. А тут жа ні з кім не пашэпчашся. Усе заняты, усе працуюць.

3 нейкаю абыякавасцю дастала яна свой баланс з ляўцыркуля, умацавала другі, няпраўлены. Падставіла лінеечку, узяла пінцэт. Доўга круціла, прымервала, правіла пінцэтам, зноў круціла. Зноў брала пінцэт, зноў правіла. Раптам здалося, што яна сама цяпер усё сапсавала. Сама скрывіла дэталь. А стужка канвеера ідзе, ідзе. Ужо некалькі разоў загараўся чырвоны агеньчык. Ужо некалькі балансаў паправіла Рэня, і яны паплылі, паехалі па стужцы канвеера. А ў Зоі зусім апусціліся рукі. 3 сумам пазірае яна на вялікі электрычны гадзіннік, што вісіць у цэху. «Хоць бы гімнастыка хутчэй, ці што», — думае яна. Але да гімнастыкі яшчэ больш чым паўгадзіны.

— Глядзіце, ды яна, здаецца, спіць, — пачула Зоя прыглушаны шэпт Любы. Зоя схамянулася. Ёй здалося, што гэта пра яе сказалі. Яна глянула на Любу, але тая пазірала не на яе, а некуды ў канец канвеера, за Рэню. I Рэня, і Зоя паглядзелі туды і зразумелі, пра каго гаворыць Люба. Іна Горбач сядзела, нізка схіліўшыся над канвеерам у нейкай нязручнай позе. Рот у яе быў крыху адкрыты, твар нібы не жывы, як у чалавека, які спіць.

— Разбудзіць Горбач, — сказала Люба Рэні такім тонам, якім звычайна перадаюць па канвееры якую-небудзь просьбу або загад. Рэня перадала тое самае Валі.

— Разбудзіць Горбач, — перадала далей і Валя.

Але Іна, аказваецца, не спала. Яна пачула, што сказала Валя, і, не паварочваючы галавы, скасіла ў бок Валі светлыя, крыху на выкаце вочы.

— А мы думалі, што ты спіш, — засмяялася Валя.

— Гэта яна працуе так — як сонная муха,— не пакідаючы работы, нібы сама сабе, сказала Люба. — А пасля зноў гадзіннікі будуць вяртацца на дэкатаж.

Зоя раз-пораз пазірала на Іну. Тая перамяніла позу, але твар у яе быў, як і раней, сонны, абыякавы. Ён не ажывіўся нават тады, калі па радыё пачуўся спартыўны марш. Усе спынілі работу, пасталі каля сваіх канвеераў.

Зоі зрабілася весялей. Яна слухала каманду, якая перадавалася па радыё, і паглядала на Іну, якая стаяла перад ёю. Рэня і Валя таксама пазіралі на яе, моргалі адна адной і ўсміхаліся. Скамандуюць рукі ўгору — усе паднялі рукі, а Іна яшчэ стаіць, дакранаючыся кончыкамі пальцаў да наскоў чаравік. Даюць каманду — рукі апусціць, — а яна іх яшчэ толькі ўгору паднімае. А як пачалі бег на месцы, ніяк не магла патрапіць у нагу.

Некаторы час пасля зарадкі Зоя працуе весялей, а пасля пачынае пазіраць на гадзіннік — чакаючы абеду. Пасля абеду час пойдзе хутчэй, — думае яна. А там — знаёмы прыпынак аўтобуса са шчытом, на якім наклеены рэкламы кінафільмаў. Вечарам на гэтым прыпынку яе будзе чакаць Жэня. У яго ўжо ёсць білеты ў кіно.

Спачатку Зоі было нялоўка, што яна ходзіць на спатканні да хлопца, у якога ёсць жонка. А пасля неяк перастала пра гэта думаць. 3 кожным днём Жэня рабіўся ўсё больш блізкі. Ёй падабалася, калі ён гаварыў, што яна прыгожая, што яму вельмі патрэбна яе дружба. Пры гэтым Жэня ўздыхаў, і ёй здавалася, што ён нечага не дагаварвае.

I Зоя думала, што Жэнева жонка непрыгожая, злосная жанчына. Яна не любіць Жэню, не хоча да яго прыязджаць, не разумее, што яму сумна і цяжка тут аднаму.

Зоя ўяўляла, як будуць сядзець яны з Жэнем сёння ў кіно, як будзе трымаць ён яе руку ў сваёй, пасля праводзіць дахаты і гаварыць пяшчотныя словы.

У канцы рабочага дня засіпеў рэпрадуктар, рыхтуючыся пачаць перадачу.

— Няхай бы маю любімую пласцінку паставілі, — уздыхнула Валя.

Але па радыё пачулася не музыка. Сакратар камсамольскага бюро Сцяпан Шугалаў перадаваў аб’яву.

— Увага, увага, — чуўся Сцяпанаў голас, — сёння пасля работы аб’яўляецца суботнік па пасадцы дрэў на тэрыторыі завода. На суботнік выходзіць першы зборачны цэх. Збірацца ля першага корпуса.

Сцяпан прачытаў аб’яву другі раз, пасля зайграла музыка. Загарэлася лямпачка канвеера, і стужка паплыла, падносячы работніцам новыя камплекты. Яна плыла паволі, нібы пад музыку вальса, якая чулася цяпер. Пасля стужка спынілася, а Зоі здалося, што канвеер усё яшчэ рухаецца.

«Суботнік… А як жа кіно?.. У Жэні сёння выхадны, ён будзе чакаць мяне…»

— А ведаеш, Рэня, у двары гадзіннікавага завода нельга садзіць таполяў,— чуе Зоя Валін голас.

— Ведаю, — адказвае ёй Рэня. — Калі таполі пачынаюць цвісці, з іх такі пух ляціць. Дык каб ён не трапляў у цэхі завода, іх тут і не садзяць.

Зоя чуе галасы сябровак, але не разумее, аб чым яны гавораць.

«Што ж рабіць, можа не ісці на спатканне, ці на суботнік не пайсці?» — думае яна.

Зоя адчувае, што далоні ў яе зрабіліся вільготныя. Гэта ад хвалявання. А вільготнымі рукамі, яна ведае, нельга дакранацца да дэталей.

«Ат, мае ж дэталі ўсё роўна не ідуць у работу, — абыякава думае яна.— Дык якая розніца — вільготныя ці невільготныя рукі…»


8

— Слухай, Рэня, ці не пасадзіць мне тваю вучаніцу на іншую аперацыю? — спытаўся начальнік цэха Ігар Барысавіч. Ён стаяў у Зоі за спіною і цераз яе галаву гаварыў з Рэняю. Ён ужо даўно падышоў да іх канвеера, доўга стаяў ля Зоі, пазіраў, як яна працуе. Зоя хоць і не глядзела на Ігара Барысавіча, адчувала, што ён пазірае на яе рукі, бо яны зусім не слухаліся.

Яна чамусьці баялася начальніка цэха. Баялася позірку яго строгіх шэрых вачэй, яго нахмураных броваў. I варта было ёй убачыць, што начальнік цэха кіруецца да іх канвеера, як сэрца яе пачынала біцца мацней. А цяпер, пачуўшы, што сказаў Ігар Барысавіч, Зоя і зусім паклала ляўцыркуль.

— А чаму, Ігар Барысавіч? — апусціла руку з пінцэтам і Рэня.

— Ну, аперацыя гэта складаная, і, я бачу, не вельмі ў тваёй вучаніцы атрымліваецца. Можа, лепш яе на лягчэйшую пасадзіць.

— Ай, Ігар Барысавіч, — зноў узялася за работу Рэня, бо пайшоў канвеер.— Шкада кідаць, калі ўжо столькі зроблена. Ёй цяпер галоўнае — скорасць набраць. Ды вы ж самі казалі, што на праўку валаска і баланса нам патрэбны людзі… Нічога, навучыцца.

Ігар Барысавіч пастаяў, падумаў, увесь час ляпаючы па шырокай далоні ляўцыркулем, які заўсёды насіў з сабою ў кішэні халата.

— Ну, глядзі, — сказаў ён нарэшце Рэні. — На тваю адказнасць гэта паненка.

— Хі… паненка, — засмяялася Валя. — А яна ў нас і праўда трошкі паненка. Скажы, ты чаму ўчора на суботніку не была? — грозна спыталася Валя.

Цяпер Зоя не чакала такога пытання. Яна чакала зусім іншага. Яна думала, што пасля таго, як пойдзе Ігар Барысавіч, сяброўкі пачнуць супакойваць яе, спачуваць. Можа, будуць гаварыць, які злосны і несправядлівы Ігар Барысавіч, што няма ў яго «індывідуальнага падыходу». А замест гэтага — кплівае Валіна пытанне.

— Маўчыш, думаеш, я не ведаю, чаму, — хітра ўсміхнулася Валя. Яна нахілілася да Любы і ціха, каб не чуў на канвееры ніхто, акрамя Любы і Рэні, амаль прашаптала. — Яна ў кіно хадзіла… Ды не абы з кім, а з нашым Жэнечкам… А я павінна цябе папярэдзіць, — нечакана сур’ёзным тонам загаварыла Валя, пазіраючы Зоі проста ў вочы, — што з Жэнькам табе няма чаго хадзіць у кіно і наогул сустракацца. Разумееш?

Валя зноў узялася за работу.

— Ой, глядзі, Зойка, — строга глянула на яе Люба. — Прыедзе Жэнева жонка, мала чаго застанецца ад тваёй моднай прычоскі.

— А што… што тут такога?.. — заікнулася Зоя. — Што ж тут такога, калі ў кіно хадзілі?

— Калі ўсе ідуць на суботнік, няма чаго ў кіно ісці,— адрэзала Люба.

Усе змоўклі, занятыя работаю. Зоі вельмі хацелася, каб нешта сказала Рэня. Ёй было важна ведаць, што цяпер думае Рэня пра яе. Яна ўвесь час чакала, што Рэня зараз заступіцца. Заступілася ж яна за яе перад Ігарам Барысавічам. Але тая маўчала. Зоя паглядзела на яе. Рэня сядзела, нізка схіліўшыся над работаю. Толькі дзве невялічкія зморшчынкі збегліся ў яе на пераноссі, Цяпер Зоя не памятае — ці заўсёды ў Рэні, калі яна працуе, гэтыя зморшчынкі, ці толькі цяпер.

— Пасля работы сход брыгады, — прайшло па канвееры.

— Накачка будзе, — шапнула Валя.

— Табе больш за ўсіх, бо ты гаворыш вельмі многа, — адрэзала Рэня.

— А што,— паціснула плячыма Валя. — Я сваю работу рабіць паспяваю. Магу яшчэ іншаму канвееру памагаць.

Сходы брыгады звычайна адбываліся тут жа ля канвеера, і цяпер дзяўчаты шчыльней ссоўвалі свае крэслы, масціліся перад стужкай канвеера, каб сядзець усім разам. У цзнтры стаяла майстар брыгады Вольга Мікалаеўна, жанчына гадоў сарака, сярэдняга росту, паўнаватая, з мяккім, дабрадушным тварам.

Прыйшоў Ігар Барысавіч. Спачатку ён стаяў крыху воддаль, паклаўшы рукі ў кішэні халата і чакаючы, калі пачнецца сход. Пасля Люба ўстала са свайго крэсла і запрасіла яго сесці. Ён падзякаваў, сеў, а Люба прымасцілася на адным крэсле з Рэняю.

— Гаварыць мы сёння будзем пра якасць нашай работы, — пачала Вольга Мікалаеўна.— У апошні час нам з кантроля вяртаюць больш гадзіннікаў — і на дэкатаж, і з кантрольна-выпрабавальнай станцыі. I праверка паказала, што вінаваты тут не дэталі, на якія вы часта наракаеце, а зборка. Асноўны брак ідзе па ангрэнажу і па стрэлках.

Дзяўчаты сядзелі сцішаныя, з апушчанымі галовамі.

— Усе вы не першы дзень тут працуеце, і не пачынаць вам тлумачыць, — гаварыла далей Вольга Мікалаеўна, — што на зборцы, як нідзе ў іншым месцы, усё залежыць ад зладжанасці калектыву. Работа аднаго чалавека ўліваецца ў работу ўсіх астатніх, і калі адзін працуе дрэнна, дрэннаю будзе і работа ўсяго канвеера. Дык няўжо ж не сорамна табе, Ніна, — павярнулася яна да светлавалосай дзяўчыны, — падводзіць сваіх сябровак. А раней жа ангрэнаж у нас заўсёды быў у парадку. Неахайнасць я за табою заўважыла першы раз, няхай гэта будзе і астатні… Яшчэ часта ідуць у нас недастаткова чыстыя гадзіннікі, — гаварыла ўжо Вольга Мікалаеўна не адной Ніне, а ўсім. — Значынь, недастаткова мы змагаемся за чысціню. А бруд — галоўны наш вораг.

Вольга Мікалаеўна пачала гаварыць аб неабходнасці вельмі ўважліва і шчыра адносіцца да работы на сваім участку. Яна называла імёны і прозвішчы дзяўчат, за якімі заўважана неахайнасць у рабоце, і строга іх распякала.

— I яшчэ адно пытанне, — цяжка ўздыхнула Вольга Мікалаеўна, — гэта пытанне пра Горбач. Я таму і вас, Ігар Барысавіч, запрасіла, што сама ўжо проста рады не дам.

— Дык чаго ж тут больш думаць, — прагучаў у цішыні строгі голас Ігара Барысавіча. — Трэба прымаць адміністрацыйныя меры.

— Думала ўжо і я так, — махнула рукою Вольга Мікалаеўна. — Мы то без яе абыдземся. Але куды яна ад нас пойдзе? Недзе ж ёй трэба працаваць. Дык збыць яе куды-небудзь, ды яшчэ характарыстыку ёй добрую напісаць, каб скарэй ад нас узялі… I такое часам робіцца. Не падзякуюць нам тыя, да каго яна ад нас трапіць. — Вольга Мікалаеўна глянула на Іну Горбач. А тая пазірала некуды за акно. Нібы так прывыкла яна да таго, каб на яе сварыліся, што прымае ўсё гэта як нешта звычайнае. — Проста не ведаю, як з яе зрабіць чалавека!.. — паціснула плячыма Вольга Мікалаеўна. — I каб жа зусім не ўмела яна працаваць. Дык не! Калі захоча, працуе акуратна. А пасля зноў… Сядзіць за канвеерам сонная, працуе абы-як. I якія меры да яе прымаць — проста не ведаю. Пераставіць на іншую аперацыю? Дык ужо ж перастаўлялі. На стрэлках яна сядзіць пасля ангрэнажу.

Са свайго месца падняўся Ігар Барысавіч.

— Вельмі вы мякка гаварылі тут са сваёй брыгадаю, — сказаў ён і зрабіў доўгую паўзу, нібы даючы дзяўчатам падрыхтавацца да тых строгіх і патрабавальных слоў, якія ён скажа. — Працэнт браку, які пайшоў цяпер у вас, патрабуе не размовы, а канкрэтных мер. Людзі сямігодку ў чатыры гады выконваюць, а мы з такою работаю з сямігодкі дзесяцігодку зробім. Ліберальнічаеце вы, Вольга Мікалаеўна. Ужо і па ангрэнажу брак пайшоў. Бачаць усе, што з дрэннымі работнікамі цацкаюцца, і самі горш працаваць пачынаюць. Вы як сабе хочаце, а я перад дырэкцыяй пастаўлю пытанне аб звальненні Горбач з работы. Хопіць. Не маленькая. Не дзіця. Я ёй у нянькі не наймаўся. I з дысцыплінай у вас нікуды не варта. Работніцы за канвеерамі гавораць цэлы дзень. Баранава вечна сядзіць, як на іголках.

Баранава — гэта Валя. Пачуўшы, што сказаў Ігар Барысавіч, яна падняла на яго нявінныя вочы, паглядзела, нібы не разумеючы, за што на яе сварацца.

— Чаму, напрыклад, ваша вучаніца… — як яе прозвішча? — што з Валожынай працуе…—пашукаў вачыма Зою Ігар Барысавіч.

— Булат, — падказаў нехта.

— Так, Булат. Чаму яна ўчора не была на суботніку? Толькі ж на завод прыйшла, а ўжо дысцыпліну зрывае.

Калі Зоя пачула сваё прозвішча, яна ўся неяк сціснулася, — нібы ўдарыў яе хто. Адразу нейкім глухім і далёкім здаўся ёй голас Ігара Барысавіча.

— I наогул гэта вучаніца пакуль мне не падабаецца. Нешта работа ў яе руках не гарыць і не гасне. Яна больш на свой гадзіннік паглядае, чым на інструмент. А Рэня ад вас, Вольга Мікалаеўна, ліберальнічаць вучыцца. Хацеў Булат на іншую аперацыю паставіць, — не трэба, кажа, я яе навучу. Я, вядома, мог у Валожынай і не пытацца, а пераставіць Булат, і кончана. Я ж яшчэ, можа, начальнік цэха… Але пачакаю, пагляджу, што з гэтай Булат будзе. Каб не атрымалася толькі яшчэ адна Горбач.

Зоя не ведала, куды дзецца ад сораму. Яе параўноўвалі з Інай Горбач, з якой яна сама ў душы насміхалася. Дык няўжо і яна такая самая? Няўжо і ёй прыйдзецца прывыкаць да сораму, да якога мусіць, ужо прывыкла Іна. Не, калі на тое пайшло, дык і без гэтай работы можна абысціся. Сляпіся цэлы дзень, а на цябе яшчэ сварацца. I Зоіны вочы робяцца падобныя на два поўныя азяркі. Яна хавае іх, каб не ўбачылі дзяўчаты, каб не ўбачыў Ігар Барысавіч…


9

Назаўтра Зоя не прыйшла на работу.

— Можа, захварэла, — у голас падумала Рэня.

— Трэба будзе схадзіць да яе, — сказала Валя.

А Зоя ў гэты час сядзела ў прыёмнай дырэктара завода з заявай, напісанай на лістку белай у клетачку паперы. Яна цвёрда парашыла пайсці з завода.

…Учора пасля сходу яна прыйшла з работы сумная. Распранулася і адразу лягла на канапу тварам да сцяны. Антаніна Іванаўна перапалохалася.

— Што з табою, дачушка? Што здарылася?

Зоя расплакалася.

Маці супакойвала яе, як малую дзяўчынку.

— Ну, што такое, раскажы, — ледзь і сама не плакала Антаніна Іванаўна.

Выціраючы далонямі слёзы, Зоя пачала расказваць, як чапляецца да яе начальнік цэха, як абазваў яе паненкаю, а сёння на сходзе пры ўсіх сказаў, што работніцы з яе не выйдзе.

— I што гэта за начальнік там у вас такі! — абурылася Антаніна Іванаўна. — Як гэта ён можа так гаварыць на работніц. У газету б пра яго напісаць.

— Вельмі ён спалохаецца тваёй газеты! Ён жа ўпэўнены, што праўда на яго баку.

Антаніна Іванаўна задумалася, уздыхнула.

— Дык тады, дачушка, кідай работу. Няма чаго табе здароўе псаваць,— цвёрда сказала яна.

— Дык тата ж не хоча, каб я кідала…

— Ну, цяпер я сама з ім пагавару,— супакойвала дачку Антаніна Іванаўна.

Зоя памылася, прычасалася. Антаніна Іванаўна шпарка расстаўляла перад ёю талеркі.

— А тата дзе?

— Пайшоў ў бібліятэку, скора прыйдзе,— адказала Антаніна Іванаўна. — А ты заўтра ж нясі заяву аб звальненні. Другую работу знойдзем. Не хачу я больш тваіх слёз бачыць.

«Канечне, самае лепшае, гэта кінуць завод,— думала Зоя.— Няма чаго дарэмна траціць час. Каб ведала, што гэта будзе так цяжка, даўно б ужо з завода пайшла, яшчэ тады, як мама першы раз сказала. Ды ўсё спадзявалася, што прывыкну… Каб жа хоць трохі выходзіла нешта, а то круціш гэтыя балансы, а яны не слухаюцца. I яшчэ гэты Ігар Барысавіч… А ён калі ўжо чапляцца пачаў, то не пакіне ў спакоі…»

I хоць усё, здаецца, гаварыла за тое, каб кінуць работу, цвёрдай пэўнасці ў Зоі не было. Вось каб не дзяўчаты — Валя, Люба і асабліва Рэня… Нібы яна зробіць ім нешта нядобрае, абразіць іх, пакінуўшы работу.

«А што я ім і што яны мне?— апраўдваецца сама перад сабою Зоя.— Кожны шукае, дзе яму лепш. Калі яны сапраўдныя сяброўкі, то хай парадуюцца за мяне, калі я знайду лепшую работу».

I ўсё ж поўнай яснасці ў думках не было.

— Параюся з Жэнем, — уздыхнула яна і глянула на гадзіннік.

Стрэлкі паказвалі сем, а спатканне з Жэнем было назначана на восем.

— Яшчэ цэлая гадзіна,— з сумам падумала Зоя і, каб чым заняцца, узяла з паліцы, што стаяла каля канапы, свой альбом. Успомніла, што Жэня ў мінулы раз падарыў ёй сваю фотакартку. Дастала яе з кішэні паліто, спачатку хацела паставіць у канцы альбома, пасля перадумала, адгарнула першую старонку. Тут стаялі дзве фатаграфіі — Зоіна і Міхала Паўлавіча, калі ён быў яшчэ малады. Зоя была сфатаграфавана ў профіль, з крыху паднятаю галавой, з ледзь прыкметнай усмешкаю на вуснах. А Міхал Паўлавіч тут зусім не быў падобны да таго, якім бачыла яго Зоя кожны дзень. 3 фатаграфіі на яе пазіраў юнак у белай кашулі з расшпіленым каўняром, з капою кучаравых валасоў.

Зоя дастала фатаграфію бацькі, не гледзячы, паклала яе ў сярэдзіну альбома, а на яе месца асцярожна, каб не пакамечыць ніводнага ражка, пачала ўстаўляць фатаграфію Жэні.

Калі Зоя выйшла на вуліцу, было без дзесяці хвілін восем. Сыпаў дробны асенні дождж. Наляцеў вецер, і дрэва, што стаяла каля дома, пагрозліва заківала голымі галінамі.

«Бр…» — скаланулася Зоя.

Жэня чакаў яе на прыпынку аўтобуса. Без шапкі, з паднятым каўняром паліто, ён стаяў, прыхінуўшыся спіною да шчыта з рэкламамі кінафільмаў і паціху нешта насвістваў. Убачыўшы Зою, пайшоў ёй насустрач.

— Добры вечар, Зайчык, — узяў ён Зою пад руку.

Яны павярнулі ў мала асветлены завулак. Цяпер Жэня чамусьці не запрашаў Зою ў кіно, не гулялі яны па праспекце.

— Ну і пагодка…— глянуўшы на неба, з якога церусіў густы дробны дождж, сказаў Жэня.

— Я кідаю работу… Не буду больш на заводзе працаваць,— пазіраючы сабе пад ногі, прагаварыла Зоя.

— Праўда? Чаму?

— Не падабаецца мне працаваць у вас,— не захацела расказваць пра ўсё Зоя.

Жэня некалькі хвілін ішоў, ціха насвістваючы.

— Я іншую работу знайду… Не адзін ваш завод на свеце.

— Ты ведаеш,— сказаў нарэшце Жэня.— А гэта нават добра, што ты будзеш працаваць у іншым месцы… Разумееш?

Зоя зразумела. Жэня лічыць, што гэта лепш для іх. На заводзе ведаюць, што ён жанаты… Яно і праўда. Ужо кпілі з яе дзяўчаты, што з Жэнем у кіно хадзіла. I ўбачыў жа іх там нехта! Можа, і Жэню ўжо казалі што-небудзь такое хлопцы…

Дождж сыпануў яшчэ мацней — нібы жменяю хто кінуў Зоі ў твар калючую морась. Зоя шчыльней захінула на грудзях паліто.

— Пагодка…— зноў сказаў Жэня і, азірнуўшыся, ці не бачыць хто, абняў Зою, прытуліў да сябе.

— Куды мы пойдзем?

— Сёння не будзем мерзнуць і мокнуць… Адзін мой сябар паехаў у камандзіроўку і мне ключ пакінуў. Бачыш, як нам пашанцавала… Зараз пойдзем да яго на кватэру.

— Ой, што ты, — адхіснулася Зоя.

— Чаму?.. Ты што, баішся? Вось дзе сапраўдны заяц.

— Што ты, Жэнечка…

— Ну, хіба лепш мокнуць на вуліцы?.. А ў яго кватэра асобная, ніхто нас не ўбачыць.

Зоя маўчала. Ёй і хацелася пабыць разам з Жэнем, пасядзець у цёплай, чыстай кватэры, і разам з тым нейкі страх агортваў яе.

А Жэня ўзяў яе пад руку і павёў. Куды — Зоя не ведала, але паслухмяна пайшла за ім.

Яе сэрца вельмі моцна стукала, калі Жэня тонкім доўгім ключом адмыкаў нейкія незнаёмыя дзверы. Ён памог ёй распрануць мокрае паліто, кінуў яго на крэсла, узяў Зою за плечы. Доўга глядзеў ёй у вочы, а пасля нечакана моцна прытуліў да сябе:

— Каб ты ведала, якая ты мне дарагая…

Люстра асвятляла незнаёмы, чужы пакой. А Жэня цалаваў яе рукі, твар, вусны. I Зоі здалося, што нічога не існавала больш, акрамя Жэневых гарачых вуснаў. Яна забылася пра ўсё — пра завод, пра сябровак. А калі позна вечарам, перад самым расстаннем, зноў усё ўспомніла, ёй здалося, што ўсё ўжо вырашана. Так, яна кіне завод. Жэня ж сказаў, што так лепш будзе.

…I вось сядзіць яна з заяваю ў прыёмнай дырэктара.

Нарэшце, дырэктар застаўся ў кабінеце адзін. Зоя паднялася, нерашуча падышла да дзвярэй.

— Можна зайсці? — нясмела спыталася яна, спыніўшыся на парозе,

Дырэктар сядзеў за сталом і нешта пісаў.

— Калі ласка,— сказаў ён, адкладваючы ўбок ручку і ўважліва пазіраючы на Зою.

Зоя зрабіла некалькі крокаў да стала, падала заяву. Але не паспеў дырэктар прабегчы яе вачыма, як дзверы адчыніліся, і ў кабінет увайшоў Ігар Барысавіч.

— Добры дзень,— сказаў ён дырэктару і глянуў на Зою, нібы пытаючыся: «А ты тут чаго?» — Я да вас, Іван Іванавіч, наконт адной работніцы,— сказаў ён дырэктару.

— Пасядзіце хвілінку,— паказаў дырэктар Зоі на крэсла, што стаяла ля акна, і паклаў заяву на стол.

— Гэта з чацвёртай брыгады, Горбач, яна на стрэлках працуе,— гаварыў Ігар Барысавіч, апускаючыся на крэсла ля дырэктаравага стала.

— У Вольгі Мікалаеўны? — спытаўся дырэктар.

— Ага. Дык па віне гэтай работніцы вечна брак у брыгадзе. Учора сход быў. Сама Вольга Мікалаеўна не ведае, што з гэтай Горбач рабіць. А я думаю, што няма чаго з ёю цацкацца. Трэба звольніць. Вось і прыйшоў да вас.

Ігар Барысавіч гарачыўся. На яго высокім з залысінамі ілбе ад хвалявання выступілі ружовыя плямы. Пры слове «звольніць» ён зрабіў рэзкі жэст рукою.

Іван Іванавіч слухаў начальніка зборачнага цэха і стукаў пальцамі па Зоінай заяве.

— А яна што — аперацыі не асвоіла? Чаму брак у яе? — спытаўся ён спакойна, роўна.

— А ліха яе ведае,— падняўся з крэсла Ігар Барысавіч: яму, мусіць, цяжка было гаварыць седзячы.— Аперацыю то, мусіць, ведае, бо часам і акуратна працуе, але пасля зноў брак ідзе…

— А што Вольга Мікалаеўна кажа?

— Вольга Мікалаеўна, Вольга Мікалаеўна…— махнуў рукою начальнік цэха.— Не ведаеце вы яе? Ліберальнічае. Разводзіць рукамі, не ведае, што рабіць, а звальняць не хоча. «Шкада», кажа.

— Вы так пра Вольгу Мікалаеўну не гаварыце,— устаў з-за стала Іван Іванавіч.— Яна вельмі харошы і работнік, і чалавек. Мы разам з ёю тут начыналі ўсё,— паказаў рукою вакол сябе дырэктар. Ён прайшоў у куток кабінета да макета завода. На макеце завод выглядаў такім, якім будзе ён у канцы сямігодкі і нагадваў невялікі гарадок. Узвышаліся карпусы і пабудовы, якіх цяпер яшчэ не было. Рады невялічкіх зялёных дрэў паказвалі, дзе будуць праходзіць вуліцы. На макеце раскінуліся скверы, спартыўныя пляцоўкі. Тэрыторыю завода ўпрыгожвалі два фантаны.

Іван Іванавіч некалькі хвілін глядзеў на макет, пасля зноў павярнуўся да Ігара Барысавіча.

— 3 Вольгаю Мікалаеўнай мы пачыналі ўсё гэта,— кіўнуў ён на макет.— Мы з ёю прыехалі сюды, калі тут яшчэ нічога не было. Адзін пустыр… Мы з ёю вагоны з абсталяваннем разгружалі, на сабе скрынкі цягалі…

Іван Іванавіч адышоў ад макета, прайшоўся па кабінеце, стаў каля Ігара Барысавіча.

— Гэта я вам расказваю не для таго, каб пахваліцца — вось якія мы харошыя,— а для таго, каб вы, новы тут чалавек, ведалі: тое, што мы цяпер маем — вялікае для нас дасягненне. Альбо ўзяць кадры, — усміхнуўся дырэктар і зноў пачаў хадзіць па кабінеце.— У нас жа рабочыя — адна моладзь. I што вы думаеце, мы ж з іх вунь якіх спецыялістаў выхавалі! А што было раней? Ды ці ведаеце вы, што я тут бацькоўскія сходы склікаў, як у школе. Трэба было выхоўваць, гадаваць людзей, а людзі гэтыя яшчэ — што дзеці. Вось і выклікаў матак ды бацькоў, каб разам выхоўваць іх ды працаваць вучыць. 3 таго часу і павялося, што я сам, асабіста, кадрамі займаюся. Вы сядайце, сядайце,— паказаў ён Ігару Барысавічу на крэсла.

Іван Іванавіч гаварыў спакойна, роўна. Нібы паддаючыся яго ўраўнаважанасці, паспакайнеў і начальнік. Чырвоныя плямы сышлі з яго ілба. Ён паслухмяна сеў на крэсла, склаў на каленях рукі.

— Што я вам хачу сказаць, Ігар Барысавіч,— сеў і дырэктар.— Мы выпускаем гадзіннікі і за план, вядома, адказваем перад дзяржавай. Браку нам таксама ніхто не даруе і змагацца з ім мы павінны ўсімі сіламі. Але справа ў тым, што мы не толькі за гадзіннікі адказваем. Мы адказваем і за людзей, якія да нас прыходзяць. А на нас з вамі, Ігар Барысавіч, асаблівая адказнасць. Паколькі працуе ў нас адна моладдь, дык мы з вамі павінны быць і настаўнікамі… 3 гэтых юнакоў і дзяўчат,— дырэктар кіўнуў на Зою, якая сядзела, апусціўшы галаву,— як з воску, усё, што хочаш, выляпіць можна. 3 кожнага з іх можна зрабіць сумленнага, сапраўднага чалавека. А можна і недагледзець, не дапамагчы ў час і чалавек зусім сапсуецца.

Іван Іванавіч дастаў з пачка, які ляжаў на стале, папяросу. Прыкурыў. Патушыў запалку. Кінуў у попельніцу.

— Ці такая ўжо безнадзейная гэта Горбач? Вы перакананы? — спытаўся Іван Іванавіч. I, не дачакаўшыся адказу, сказаў: — Калі Вольга Мікалаеўна не хоча звальняць — пачакаем. Ведаеце, самае простае — выкінуць чалавека з калектыву. А ці зробіцца ён ад гэтага лепшы?..

Ігар Барысавіч паціснуў плячыма, развёў рукамі, нібы кажучы: як сабе хочаце, вы — дырэктар, вам відней.

— Але майце на ўвазе, што план я ў вас патрабаваць буду, і брак вы павінны ліквідаваць,— сказаў дырэктар тонам, які павінен быў азначаць, што размова скончана.

Начальнік цэха ўстаў, прамармытаў «я разумею» і пайшоў да дзвярэй. Але ўся постаць яго гаварыла, што ён не разумее, не ведае, як зрабіць, каб і дрэнную работніцу пакінуць і брак знішчыць.

— А гэтую вашу Горбач прышліце сёння ў абед, калі ласка, да мяне,— сказаў Іван Іванавіч, калі начальнік цэха быў ужо каля дзвярэй.

Калі Ігар Барысавіч пайшоў, дырэктар зрабіў некалькі зацяжак, пасля паклаў папяросу, узяў у рукі Зоіну заяву.

— «Прашу звольніць з работы»,— пачаў уголас чытаць ён. Прачытаў заяву, паклаў яе перад сабою, уважліва паглядзеў на Зою. Зоя, як перад настаўнікам, калі яе выклікалі, устала. Яна то паднімала вочы, то апускала ўніз.

— Дык чаму ж гэта вы хочаце звольніцца? — пачула Зоя пытанне.

I яна сказала першае, што прыйшло ў галаву:

— Я звальняюся, бо мы едзем адсюль. Едзем у другі горад…

— Вось як,— зноў узяў папяросу дырэктар. Яна патухла, і ён зноў прыкурыў яе, кінуў у попельніцу запалку.— Што ж, шкада.— I, выцягнуўшы з вазачкі, што стаяла на стале, тоўсты чырвоны аловак, напісаў на ражку Зоінай заявы: «Задаволіць».


10

А ў белым, сонечным цэху, як заўсёды, рухаліся, пульсавалі стужкі канвеераў, падносячы дзяўчатам плаціны. Як заўсёды, ажывалі ў канцы канвеера маленькія механізмы, пачыналі біцца іх сэрцы, чотка адмяраючы час: цік-так, цік-так, цік-так…

Скора гэтыя гадзіннікі апынуцца на прылаўках магазінаў, а пасля трапяць і да пакупнікоў. Іх будуць купляць маладыя дзяўчаты, у якіх усё жыццё наперадзе. Магчыма, гадзіннік будзе дапамагаць ім лічыць мінуты, каб ніводная з іх не прапала дарэмна.

Будуць купляць гадзіннікі і пажылыя жанчыны. Магчыма, паглядаючы на іх і думаючы аб шпаркім бегу часу, некаторыя з іх будуць шкадаваць, што не на тое яго патрацілі, не на тое, на што трэба было патраціць.

I хоць для ўсіх аднолькаваю будзе мера часу, але, напэўна, не ўсе аднолькава будуць яго адчуваць. Тым, у каго дзень з раніцы да вечара ў клопатах, у справе, будзе здавацца, што гадзіннік спяшаецца. I будуць марудна паўзці стрэлкі для тых, хто не будзе ведаць, куды дзець гэтае вялікае багацце — час, які табе адпушчаны на жыццё.

Ціха ў цэху, а за гэтыя ж некалькі мінут прыбавілася яшчэ некалькі гадзіннікаў. I ўсе яны дружна выстукваюць: цік-так, цік-так, цік-так. Пабеглі, пераганяючы адна другую, стрэлкі. Гадзіннікі ўжо жывуць, яны пачалі ўжо сваю работу.

Пасля нядаўняга сходу асабліва стараюцца дзяўчаты з брыгады Вольгі Мікалаеўны. Не чуваць лішніх размоў за канвеерам. Нават на твары Іны Горбач ажыўленне і зацікаўленасць. Учора за змену дзяўчаты выпусцілі сто семдзесят гадзіннікаў. Пасля ста пяцідзесяці, якія яны звычайна давалі, гэта ўжо добры паказчык. Вольга Мікалаеўна часта падыходзіла да Каці Беляковай, якая сядзіць на кантролі, сочыць за якасцю. Здаецца, усё ідзе добра.

Раптам Рэня адчула, што ў цэху нешта адбываецца. Яна азірнулася. Па цэху праходзіла нейкая дэлегацыя. Некалькі мужчын і адна жанчына. I хоць былі яны ўсе ў белых халатах і ўжо таму не маглі вылучацца адзеннем, адразу было відаць, што гэта госці замежныя. Нешта ў рысах твару, у прычосках, у манеры трымацца было не наша. Спераду дэлегацыі ішоў Іван Іванавіч.

Рэня паглядзела на гасцей і вярнулася да работы. Скора яна нават забылася пра іх. Замежныя госці на заводзе — не дзіва. Яны ў апошні чае даволі часта з’яўляліся тут. Але для замежных гасцей завод быў, напэўна, дзівам. Яны хадзілі па цэху, з вялікай цікавасцю пазіраючы, як працуюць дзяўчаты, нешта паказвалі адзін аднаму, круцілі галовамі. Сярод англійскіх слоў вельмі часта гучала: «конфейер, конфейер».

Турысты прайшлі праз увесь цэх, спыняючыся каля кожнага канвеера. Рэня не заўважыла, як двое з іх — немаладая жанчына з прыгожа прычасанымі валасамі і лысаваты поўны мужчына з акулярамі ў залатой аправе — спыніліся блізка ля яе. Яны глядзелі, як старанна працавала Рэня, не заўважаючы іх прысутнасці, іх цікаўных позіркаў.

— Гэта прыгожая строгая дзяўчына, напэўна,ударніца. Ці як тут у іх кажуць?..—сказала жанчына па-англійску свайму спадарожніку.

— У яе арыстакратычныя рукі,— ва ўпор разглядаючы Рэню, сказаў мужчына.

Пачуўшы размову, Рэня падняла вочы і сустрэла позіркі жанчыны і мужчыны. Мусіць, у Рэніных вачах нешта такое было, бо цікавасць гасцей раптам змянілася нялоўкасцю. А Рэня ва ўпор пазірала на іх і ледзь стрымлівалася, каб не заемяяцца. Яна зразумела, што яны сказалі.

— О, вы разумееце па-англійску? — спыталася жанчына, і гэтае «о» сказалі не толькі яе вусны, а і вочы, якія зрабіліся раптам круглыя.

— Так, я разумею па-англійску,— адказала Рэня тонам, за якім гучала: а вы што думалі, можаце тут гаварыць абы-што і вас ніхто не зразумее?

— О, вельмі добра, вельмі добра,— старалася ўсміхацца як мага больш ветліва замежная госця, але з твару яе не сыходзіла нялоўкасць. Яна скоранька ўзяла свайго спадарожніка пад руку і павяла яго ад Рэні.

— Ой, Рэнечка, якая ты маладзец,— з захапленнем пазірала на сяброўку Валя.— Па-англійску гаварыць умееш… А я, дурная, не пайшла з табою ў інстытут… А што яны табе сказалі?

— Нічога не сказалі, працуй вось,— хавала радасную ўсмешку Рэня.

Падышоў Ігар Барысавіч. Твар у яго быў урачысты.

— Бачылі, як канвеер разглядаюць? Дзіва! У іх жа ні ў кога няма. Ні ў Англіі, ні ў Францыі, ні нават у Амерыцы. У нас упершыню гадзіннікі на канвеерах збіраць пачалі.

Звычайна строгі твар Ігара Барысавіча свяціўся, як у дзіцяці. Рэня не вельмі любіла начальніка цэха. Ён здаваўся ёй злосным чалавекам. Але цяпер ён нават падабаўся ёй.

— А чаго яны тут стаялі? Пыталіся што-небудзь?

— Мы з імі па-англійску гаварылі,— глянула Валя на начальніка цэха сваімі гарэзлівымі вачыма.

— Ну-ну,— адразу зрабіўся сур’ёзны Ігар Барысавіч. Ён вырашыў, што Валя жартуе, не жадаючы адказваць на жарт, нахмурыў бровы і пайшоў уздоўж канвеера.

А Рэня не-не ды ўспомніць збянтэжаныя вочы замежнай турысткі, і ёй робіцца весела. Сэрца поўніцца гонарам за свой завод, за свой цэх, за свой канвеер, які заўсёды робіць такое ўражанне на турыстаў.

Яна ўспомніла Любіну бабку, якая нядаўна прыязджала ў Мінск і некалыкі дзён пражыла ў іх інтэрнаце. Маленькая, сухая, крыху згорбленая, яна першы раз была ў Мінску. «Баюся, дзеткі, што памру скора, а перад смерцю захацелася Мінск пабачыць, на Любачку яшчэ раз паглядзець,— казала бабка дзяўчатам.— Не пускала мяне дачка, ды я ўпрасіла». Зусім старая, але жвавая, бабка ўсім цікавілася. Яна аглядала газавую пліту на кухні ў інтэрнаце, сама спрабавала запаліць яе. Хадзіла па калідорах, заглядала ў іншыя пакоі і ўсё круціла галавою, цмокала языком.

Дзяўчаты павазілі бабку па Мінску на таксі. Яна, няўмела спяшаючыся, садзілася ў машыну, а сеўшы каля шафёра, паважна склала рукі і старалася зрабіць сур’ёзным твар. Але вельмі скора ўся важнасць зляцела з бабкі. Яна жыва азіралася, вохкала ад захаплення, і вочы яе блішчалі зусім молада.

— Во пакаталася сёння!..— казала яна вечарам.— Сам пан наш некалі так не ездзіў. Ды што пан! Каня запражэ ў брычку і рады, і глядзіць на ўвесь свет так, што крукам носа не дастанеш. Каб ён бачыў, як яго батрачка на гэтым, як яго, «зіле» ездзіла, дык бы ў зямлі перавярнуўся.

Бабка з дзяўчатамі піла чай, частавала іх варэннем, прывезеным з Дуброўны.

— Ешце, дзеткі, ешце,— вымала яна ўсё новыя шклянкі і шкляначкі.— Надта ж вы харошыя і надта ж мне ўгадзілі. Цяпер і паміраць можна, хоць і не хочацца, дзеткі. Ой як не хочацца.

— Ды вы, бабка, яшчэ доўга будзеце жыць,— супакойвала яе Валя.— Яшчэ Любу замуж аддасцё, праўнукаў дачакаецеся.

— Дай бог, дай бог, — ківала галавою бабка.— А якія ж гэта вы гадзіннікі тут робіце? — пыталася яна пасля, як ужо быў выпіты цэлы чайнік чаю і прыбрана са стала пасуда. — Ці будзільнікі ці такія, што на сценках вісяць?

— Хіба ж ты, бабка, дагэтуль не ведаеш, што мы тут робім ручныя гадзіннікі, жаночыя, — з дакорам сказала Люба.

— А хто яго ведае, якія… Ведаю, што гадзіннікі, — апраўдвалася бабка.

— Вось такія гадзіннікі, во, — паказала ёй Валя свой маленькі пазалочаны гадзіннік.

— Ах, які ж прыгожы, — аглядала яго бабка, асцярожна трымаючы ў тоўстых, крыху скручаных раматусам пальцах. — I многа ж вы іх робіце? — цікавілася бабка.

— Многа, вельмі многа. У дзень чатыры тысячы!

— Аёячкі!..— войкнула бабка. Яна аддала Валі гадзіннік, паглядзела на Любіну руку, на Рэніну, у якіх паблісквалі такія самыя гадзіннікі. — Не дзіва, што цяпер у кожнай дзяўчыны гадзіннік. Наша Стэфка Самахвалава на ферму да кароў ідзе і рукою з залатым гадзіннікам памахвае. Але што ёй! Ці ёй у гнаі там трэба калупацца? Панасоўвае каровам на вымя дудкі з правадамі і песні спявае. А кароў электрычнасць доіць. I некалі ж, бывала, — падперла бабка шчаку рукою,— на ўсю Дуброўну ў аднаго Пархвена быў гадзіннік, ды і той стаяў. На гэты гадзіннік уся вёска хадзіла глядзець, як на дзіва. Гэта да той вайны было, я тады яшчэ ў дзеўках хадзіла. Дык збяромся да Пархвена, і ён нам расказвае, як расказваў яму яго дзед, а яго дзеду яшчэ яго дзед расказваў, што некалі ў нас у Дуброўне гадзіннікі рабілі. Цэлая фабрыка была. Рабілі гадзіннікі і цару адпраўлялі. А пасля цару не спадабалася, што вельмі далёка ад яго фабрыка тая ды што не можа ён сам камандаваць, каб больш гадзіннікаў рабілі. Пагналі яго служкі тады фабрыку бліжэй да цара, а па дарозе яна згубілася.

— Ну, гэта, бабка, ваш Пархвен ужо казкі казаў, — засмяялася Валя. — Не магло тады, так даўно, як вы гаворыце, быць фабрыкі недзе ў Дуброўне.

— Хто яго ведае, дзеткі, можа і казкі. Але нашто было чалавеку хлусіць. I той гадзіннік, такі круглы, з тоўстым шклом, што ў яго ў скрыні ляжаў, ён казаў, што з той фабрыкі. А ці так гэта было — хто ж яго ведае. Цяпер ні Пархвена няма, ні таго гадзінніка. Пархвена яшчэ ў тую вайну забілі, а гадзіннік — хто яго ведае, дзе дзеўся. Можа, дзеці растрэслі.

— Гэта вельмі цікава, тое, што вы расказваеце, — сказала Рэня. Яна вельмі ўважліва слухала бабку. — Калі тут і не ўсё праўда, то што-небудзь ды ёсць. Такія легенды так сабе не нараджаюцца.

Рэні бабчын расказ запаў у памяць, і праз некаторы час, седзячы ў бібліятэцы, яна заказала кнігі па гадзіннікавай справе. У іх было вельмі многа цікавага, такога, чаго яна не ведала дагэтуль, пра што не гаварылі на тэхмінімуме, і Рэня з цікавасцю ўсё гэта чытала. У адным вельмі старым даведніку яна знайшла вельмі цікавыя звесткі. Аказваецца, не казку расказваў сваім аднавяскоўцам дзядзька Пархвен. Сапраўды, у 1784 годзе ў Дуброўне была адкрыта першая ў свеце фабрыка гадзіннікаў і першая ў свеце школа гадзіннікавых майстроў. Рэня з цікавасцю ўчытвалася ў скупыя радкі даведніка. Чаму так мала тут напісана? Чаму так мала падрабязнасцей?

Яшчэ ў васемнаццатым стагоддзі ў Дуброўне рабілі гадзіннікі не горшыя, чым рабіў іх славуты французскі майстар Брэгет. Імя Брэгета захавалася. Яго ўпамінае нават Пушкін у «Яўгені Анегіне». А вось пра той факт, што не ў Германіі і не ў Швейцарыі, не ў Францыі і не ў Англіі, а на Беларусі, у вёсцы Дуброўне, яшчэ ў 1784 годзе была адкрыта першая ў свеце фабрыка гадзіннікаў і першая ў свеце школа майстроў гадзіннікавай справы, — чаму пра гэта можна даведацца толькі са скупых радкоў даведніка?

Чаму ў Беларусі, у глухім кутку Расіі, куды амаль зусім не даходзілі здабыткі тэхнікі, адкрылася такая фабрыка? А чаму Швейцарыя, краіна зялёных лугоў, па якіх ходзяць статкі пародзістых кароў, і якая, здаецца, павінна была займацца толькі вырабам масла ды сыру, чаму Швейцарыя адзін час займала першае месца ў свеце па вырабу гадзіннікаў?

Відаць, і ў Беларусі былі ўмовы, бо калі б не было іх, не прыйшла б у заняпад фабрыка пасля таго, як перавялі яе ў іншае месца.

Усе гадзіннікі, якія рабіліся ў Дуброўне, адпраўляліся ў Пецярбург, у імператарскі двор. Там імі і распараджаліся. Але распараджаліся там не толькі гадзіннікамі, але і чалавечымі душамі. Некаму з яснавяльможных асоб прыйшло ў галаву перавесці фабрыку і школу ў адну з падмаскоўных вёсак.

Цяжкім быў шлях майстроў пешшу праз многія сотні кіламетраў. Толькі на адных калёсах везлі яны з сабою хлеб ды галоўны інструмент фабрыкі. Прыйшлі ў чужую вёску, а там нават і страхі над галавою няма. У нейкім хлеве, што стаяў на ўскраі сяла, асталяваліся на жытло майстры. Нечага чакалі. Даядалі тое, што прывезлі з сабою. Цешыліся чуткамі, што сам цар клапоціцца аб іх фабрыцы, што ідзе ўжо да іх абоз з хлебам, з інструментам новым, у Маскве нарыхтаваным.

Не прыйшоў абоз. З’елі людзі хлеб ды пачалі разбрыдацца. Хто назад у сваю вёску падаўся, хто да мясцовых паноў у прыгонныя трапіў, а некаторыя зніклі немаведама дзе.

Так і распалася фабрыка, і не было з таго часу ў Расіі гадзіннікаў сваёй вытворчасці. Ды і не вельмі непакоіла гэта яснавяльможных асоб. Айчынная вытворчасць, думалі яны, вельмі няпэўная гэта справа. Куды прасцей карыстацца работаю замежных умельцаў.

Перад Рэняю раскрывалася ўся гісторыя гадзіннікавай справы ў нашай краіне. Да самага Кастрычніка не было ў Расіі гадзіннікаў сваёй вытворчасці. Нават тыя «гарбузы», на якіх было напісана па-руску «Павел Бурэ» і якія на тоўстых залатых ланцугах насілі купцы ды кулакі, нават тыя самыя «гарбузы» рабілі замежныя капіталісты, якія мелі ў Расіі свае фабрыкі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі ладзіць сваю гаспадарку ўзяліся сапраўдныя гаспадары, з’явіўся і першы айчынны гадзіннік. За масавы выпуск гадзіннікаў у нас узяліся толькі пасля Айчыннай вайны, а ўжо ззаду засталіся і Швейцарыя, і Францыя, і Англія. Яшчэ зусім нядаўна які-небудзь аматар замежных бэбахаў тыцкаў пальцам у чорны цыферблат нячыста здабытага гадзінніка і хваліўся: «Швейцарскі!», што павінна было азначаць: гадзіннік у яго найлепшай маркі.

А цяпер замежная пані-турыстка пальчыкам паказвае на невялічкі гадзіннік, што блішчыць на яе далікатным запясці, і з акцэнтам, ледзь выгаварваючы па-рускі, кажа: «соф’ецкі». I гэта значыць, што гадзіннік у яе найлепшай маркі.

Дык не дзіва, што з такою цікавасцю хадзілі замежныя турысты па заводзе, круцілі галовамі, аглядаючы канвеер, з цікавасцю пазіралі, як працуюць дзяўчаты. Можа хацелі яны разгледзець, дзе схавана тое цуда, якое падпарадкавалі сабе камуністы? Можа хацелі разабрацца, у чым сакрэт іх поспехаў?

Рэня ўспомніла замежную госцю з прыгожа прычасанымі валасамі. У вачах гэтай жанчыны былі збянтэжанасць і нялоўкасць.

Цэх жыве сваім звычайным рабочым жыццём. Вось уздоўж канвеера ідзе Ігар Барысавіч. На хвілінку спыніўся каля Рэні, хацеў нешта сказаць, але яго паклікалі, і ён пайшоў далей.

Каця Белякова, якая сядзіць на кантролі, не вяртае сёння гадзіннікаў на дэкатаж. Значыць, усе яны зроблены добра. А як радасна, калі спорыцца работа! Тады ты здаешся сабе такім значным і адчуваеш, што не дарэмна жывеш на свеце, ты — патрэбны чалавек.


11

Калі і на другі дзень Зоя не прыйшла на работу, Рэня вырашыла схадзіць да яе, хоць раней гэты вечар меркавала аддаць заняткам — трэба было рабіць практыкаванне па англійскай мове, рыхтаваццз да заліку. «Я ненадоўга,— думала Рэня.— На гадзінку. Можа, яна сапраўды хворая…»

Дзверы адчыніла Антаніна Іванаўна. Яна ведала Рэню, бо тая ўжо некалькі разоў прыходзіла да Зоі, і цяпер абрадавалася ёй.

— Ой, што вы, што вы!..— сумелася Рэня, калі Антаніна Іванаўна пачала ёй памагаць распранацца. — Я сама, сама… Ды не бярыце вы паліто, яно такое мокрае.

— Трэці дзень дождж сыпле, — вешаючы Рэніна паліто, скардзілася Антаніна Іванаўна.— Ды нічога не зробіш. Восень. Добра яшчэ, што кастрычнік быў цёплы.

Выціраючы насоўкай мокрыя рукі, Рэня ўвайшла ў пакой. Міхал Паўлавіч сядзеў за сталом і нешта пісаў. Перад ім ляжаў цэлы стус тонкіх і тоўстых кніжак. Міхал Паўлавіч паўзверх акуляраў паглядзеў на Рэню, усміхнуўся.

— А дзе ж Зоя?— спытала Рэня.

— Зараз, Рэнечка, прыйдзе. Ты пасядзі, яна да краўчыхі пабегла. Гэта тут, недалёка,— разгладжваючы рукамі фартух, гаварыла Антаніна Іванаўна.

— Да краўчыхі? — здзівілася Рэня. Яна была ўпэўнена, што Зоя захварэла.— Дык хіба яна не хворая?

— Дзякуй богу, здаровая. А што? — перастала разгладжваць фартух Антаніна Іванаўна.

— Дык чаму ж яна не ходзіць на работу?

Антаніна Іванаўна села, склала рукі.

— А хіба яна вам нічога не сказала? — здзівілася Антаніна Іванаўна і неяк адразу запнулася, не ведаючы, ці гаварыць пра тое, пра што сама дачка не сказала сваёй сяброўцы.

— Я нічога не ведаю,— паціснула плячыма Рэня.— А што здарылася? — спыталася яна ў Антаніны Іванаўны, але, не дачакаўшыся адказу, павярнулася да Міхала Паўлавіча.

Міхал Паўлавіч зняў акуляры, сабраў спісаныя лісткі, паклаў іх у тонкую зялёную папку.

— Я сам, Рэнечка, толькі сёння пра ўсё даведаўся,— сказаў ён.— Гэта ж яна работу кінула, звольнілася. Цяжка, бачыце, ёй там, — апошнія словы ён сказаў з’едліва.

— А і цяжка, Мішачка, каб не было цяжка, не кінула б,— павярнулася да мужа Антаніна Іванаўна. Мяккая і лагодная за хвіліну да гэтага, яна ўся неяк натапырылася, як квактуха, убачыўшы, што нехта хоча схапіць яе кураня.

Міхал Паўлавіч нібы не чуў, што сказала жонка.

— Вось,— падняў ён тонкую зялёную папку.— Успаміны пішу. Узрадаваўся, што на пенсію выйшаў… палкоўнік. А мне, мусіць, не ўспамінамі трэба займацца, а сённяшнім днём,— і ён з горыччу кінуў папку на стол.— У сваёй хаце парадку не навяду.

— Як жа гэта так… Нікому нічога не сказаўшы, не параіўшыся… Мы ўсе цумалі, што яна хворая,— гаварыла Рэня.

— Разумееце… — хадзіў Міхал Паўлавіч па пакоі. — За ўсё жыццё ніколі пальцам да яе не дакрануўся, а тут, паверыце, захацелася зняць папружку.

— Ах, Мішачка,— успляснула рукамі Антаніна Іванаўна.— Ну, хіба можна так нават гаварыць… Вось яна і адчувае, што ты такі злосны, таму і бегае недзе. У хаце сядзець не хоча.

— Як жа гэта так,— паварочвалася Рэня то да Антаніны Іванаўны, то до Міхала Паўлавіча. — Яна ж ужо асвойваць работу пачала… Яшчэ крыху, і самастойна працавала б…

— А яна кажа, што не выходзіла ў яе нічога,— сказала Антаніна Іванаўна.— А што цяжка ёй, дык гэта я веру. Вунь, на трэску высахла за гэтыя тры месяцы. Ды яшчэ начальнік там нечага на яе ўз’еўся. Сварыўся на сходзе.

— Вось дурніца, —закіпяцілася Рэня. — Сварыўся… А на каго ён не сварыцца… Гэта ў яго характар такі. А што цяжка ёй, дык усім спачатку, з непрывычкі, цяжка. Яна ў вас проста да работы не прывучаная.

— Во, во, — спыніўся пасярод пакоя Міхал Паўлавіч. — I я тое самае кажу. Раздурыла дачушку, — кінуў ён жонцы.

— Я ведаю, што я ва ўсім вінавата, ты ўжо казаў мне гэта, — і куточкі губ у Антаніны Іванаўны задрыжэлі.— Адно дзіця страціла, другое раздурыла…

— Не трэба, не трэба,— захвалявалася Рэня. Яна зразумела, на што намякала Антаніна Іванаўна, бо Зоя расказвала ёй пра няшчасце, якое здарылася ў іх сям’і. Цяпер Рэня спалохалася, каб размова не перайшла на тое, пра што, яна ведае, вельмі цяжка гаварыць і бацьку, і маці. I яна загаварыла пра Зою.— Я проста не ведаю, што цяпер і параіць ёй. Адно скажу, што зрабіла яна вялікае глупства. Гэта трэба неяк паправіць. Але як?

— Пагаварыце вы з ёй, Рэня,— пазіраючы некуды ўбок, сказаў Міхал Паўлавіч. — Цяпер такі свет пайшоў, што дзеці больш сяброў слухаюць, чым бацькоў.— Яму, відаць, было няёмка, што Антаніна Іванаўна пры чужым чалавеку пачала гаварыць пра тое, пра што яны і між сабою не заўсёды адважваліся гаварыць.

Антаніна Іванаўна ўздыхнула і выцерла далонямі вочы. Яна і сама, відаць, не ведала, што цяпер рабіць — ці да канца абараняць дачку, ці згадзіцца з мужам.

— Божа, божа,— прашаптала яна.— Малыя дзеці — малое гора, вялікія дзеці — вялікае гора.

— Я з Зояй абавязкова пагавару. Як так можна,— сказала Рэня. Ёй было крыўдна і за Міхала Паўлавіча, і за Антаніну Іванаўну, і за сябе. I нават нейкая злосць разбірала яе на Зою.

— Дык ты пасядзі, Рэнечка, пачакай,— паднялася з крэсла Антаніна Іванаўна. Яшчэ некалькі хвілін назад рухавая, быстрая, яна раптам нібы абвяла і цяпер, цяжка ступаючы, пайшла ў кухню. Міхал Паўлавіч стаў ля акна, заклаўшы рукі за спіну, і пазіраў у цёмныя шыбы, па якіх стукаў дробны дождж.

Рэня пасядзела некалькі хвілін. На вочы ёй трапіў тоўсты чырвоны альбом, які ляжаў на паліцы. Рэня падышла, узяла яго, разгарнула і адразу ўбачыла дзве фатаграфіі. На адной была Зоя ў даволі эфектнай позе, з другой фатаграфіі, крышку нахабна, як здалося Рэні, на яе глядзеў Жэня. Не думаючы аб тым, ці добра гэта, ці не, яна выцягнула Жэневу фатаграфію з альбома і зірнула на надпіс. «Любаму Зайчыку ад злоснага Воўка» — прыгожым почыркам было выведзена на ражку.

Пад подпісам стаяла вельмі свежая дата. «Дык вось як далёка зайшло ў іх… «Любаму Зайчыку»… Што ж яны сабе думаюць, і яна і ён… Не, трэба будзе і пра гэта адкрыта з ёю пагаварыць. Вось табе і малая, і бедненькая,— злавалася Рэня. «Я яе дзіцем лічу, хачу памагчы ёй, а яна, бач, з жанатым хлопцам каханне завяла!»

Рэня зусім раззлавалася. Яна на хвіліну нават сумелася — ці трэба ёй тут сядзець і чакаць Зою? Можа, яна лепш за яе ведае, што рабіць… Але адразу яшчэ большы жаль да Зоі і нават страх за яе ахапілі Рэню. «Не, так не будзе… Я схаплю яе за плечы і буду трэсці, пакуль яна не прачнецца, пакуль не ўбачыць, што з усяго гэтага можа атрымацца».

Рэня паставіла фатаграфію на месца. Пачала далей праглядаць альбом. Якіх толькі Зоіных здымкаў тут не было! I зімою, і летам, і ў горадзе, і за горадам. У купальніках і ў сукенках, у паліто і ў світары. 3 мамаю і з бацькам, адна, з сяброўкамі. Уся невялікая біяграфія Зоі ляжала тут, як на далоні, і жыццё яе здавалася суцэльным святам.

Адна фатаграфія ляжала здымкам уніз, не ўстаўленая ў сваё гняздзечка. Рэня ўзяла яе, перавярнула і адхіснулася.

— Юра,— не прашаптала, а выдыхнула яна. Нейкую хвіліну яна сядзела, як скамянелая, а пасля рэзка нахілілася да фатаграфіі, упілася ў яе вачыма. Не, гэта быў не Юра. Але як падобны… Такія ж вочы, такія ж рысы твару, такія ж кучаравыя валасы над высокім ілбом. Хто ж гэта? Ды гэта ж, здаецца, Міхал Паўлавіч… малады… Божа мой, і бывае ж такое…

— Вось і чай скора гатовы будзе, а Зоі ўсе няма… Забавілася,— увайшла Антаніна Іванаўна.— Альбом разглядаеце? — нахілілася яна да Рэні.— Вось бачыце, які Міхал Паўлавіч быў малады… Гэта ў той год, як мы пажаніліся. Яму было тады дваццаць тры гады…

А Рэня глядзела на фатаграфію і не магла супакоіцца. «Трэба ж, так падобны на Юру»,— думала яна. У той дзень, калі Юра праводзіў яе з Калінаўкі ў Мінск, ён быў у такой самай белай кашулі з расшпіленым каўняром. I такі самы высокі лоб, такія самыя вочы, вусны, выраз твару…

Рэня пачула, як адчыніліся дзверы. Дробна застукалі абцасы. Прыйшла Зоя. Рэня закрыла альбом. Усярэдзіне ў яе нешта дрыжала, але яна ўзяла сябе ў рукі. Трэба было падрыхтавацца да непрыемнай гаворкі. I як пачаць? 3 чаго?

Убачыўшы сяброўку, Зоя збянтэжылася.

— Даўно ты прыйшла? — прывітаўшыся, спытала Зоя.

— Ды ўжо… даўнавата.

— А я да краўчыхі бегала,— старалася спакойна, нават абыякава гаварыць Зоя. Твар у яе быў ружовы ад холаду, на валасах блішчэлі кропелькі дажджу. Яна хадзіла па пакоі, нібы не ведаючы, як схаваць збянтэжанасць, нялоўкасць. Антаніна Іванаўна стаяла ля дзвярэй. Яна ўсё разгладжвала рукамі свой цыратавы фартух, чакаючы, што пачне гаварыць дачцэ Рэня. Але Рэні не хацелася, каб Антаніна Іванаўна слухала іх размову. Ёй здавалася, што лепш застацца з Зояй з вока на вока. I Антаніна Іванаўна зразумела Рэню, яна паклікала Міхала Паўлавіча і пакінула іх адных.


12

Дождж сыпаў і сыпаў. Здавалася, усё расплылося ад яго — доўгага, цягучага, несупыннага.

Рэня чакала тралейбуса. Вось ён падплыў,— з вялікімі вокнамі, нечым падобны на акварыум. Рэня ўскочыла ў яго, села ля акна, адхінулася на мяккую спінку сядзення. За шклом, па якім цяклі тонкія струменьчыкі дажджу, плыла вуліца. Але Рэня, хоць і глядзела ў акно, не бачыла, што за ім робіцца. Яна ўспамінала Зоіны вочы — збянтэжаныя і разам упартыя, калючыя. «Як кепска ўсё ахрымалася,— думала Рэня.— Я ж зусім не хацела з ёю сварыцца. А нагаварылі адна адной непрыемнага, крыўднага». I над усім, што сама сказала Зоі, што пачула нядаўна ад яе, звінелі словы: «Не твая справа».

«А можа і праўда не мая справа,— думала Рэня.— У яе ёсць бацька і маці. Хай яны за яе адказваюць. Кінула завод — хай цяпер робіць, што хоча. Пагляджу, дзе яна знойдзе сабе лёгкую работу. Ці яна хоча там працаваць, дзе рабіць нічога не трэба, і грошы нізавошта атрымліваць?» Яна так і сказала Зоі…

— Менш за ўсё я думаю пра грошы, яны мне наогул непатрэбныя,— зняважліва кінула ёй на гэта Зоя.

— Ты грашыма не раскідайся, бо цаны ім не ведаеш,— загарэлася тады Рэня.— Не зарабіла яшчэ. Дасюль на татавай пенсіі жыла і, мусіць, век за нейчаю спіною жыць збіраешся…

— Не твая справа,— зноў чуе Рэня Зоін голас і бачыць яе халодныя, як ільдзінкі, вочы.

— Альбо, можа, за Жэню замуж збіраешся? Ад жонкі яго адбіць хочаш? — не выбірала ўжо далікатных слоў Рэня. Цяпер яна ўспомніла, як успыхнула Зоя, як пачырванеў яе твар, як расталі раптам вочы-ільдзінкі і слёзы, ці то сораму, ці злосці, затуманілі іх.

— Не твая справа, не твая справа! — амаль шэптам паўтарала яна адно і тое ж.

«Дык, можа, і праўда не мая справа? — горка думае Рэня.— Навошта мне лезці ў чужое жыццё?» «А чаму яно чужое,— нехта іншы спрачаецца з ёю.— Хіба Зоя была табе чужая ўвесь гэты час? Ты ж яе вучыла, сябравала з ёю. I пасля, ты ж — камсамолка. А хіба можа быць камсамолка абыякаваю да свайго сябра, калі бачыць, што гэты сябар робіць нешта не так, як трэба? А можа ты вінавата ў тым, што Зоя кінула завод? Ты ж была яе настаўніцаю… Ах, каб можна было вярнуць Зою ў цэх! Я з яе вачэй не спускала б! Але Зоя і слухаць не хоча пра тое, каб вярнуцца назад, на завод!.. А ўся гэта гісторыя з Жэнем… Антаніна Іванаўна, мусіць, і не ведае нічога. Няўжо і тут не мая справа? Няўжо не павінна я ўмяшацца?..»

Рэня выйшла з тралейбуса. Абмінаючы лужыны, спяшаючыся, убегла ў пад’езд інтэрната. Цётка Феня ў вялікай шарсцяной хустцы, у ватоўцы драмала ля свайго століка. Калі стукнулі дзверы, яна расплюшчыла вочы, крыху няўцямна глянула на Рэню, але хутка пазнала яе і, шырока пазяхнуўшы, зноў прыплюшчыла вочы.

Валя і Люба ўжо спалі. Асцярожка, каб не нарабіць груку, Рэня распранулася, лягла ў ложак. Пасля халоднай, мокрай вуліцы было прыемна апынуцца ў цёплай, чыстай пасцелі, і Рэня скора адчула, як яе пачала агортваць дрымота. Яшчэ мільгалі ў думках абрыўкі размовы, чуўся Зоін голас, усплываў твар. Пасля Рэня заснула.

Прачнулася ноччу, нібы штурхнуў яе хто. Нешта ёй прыснілася, але яна не магла ўспомніць, што. Пасля ёй здалося, нібы яна ўсё яшчэ трымае ў руках Зоін альбом. Ага, успомніла! Ёй прыснілася, што яна зноў гартае Зоін альбом, пераглядае фатаграфіі… Нібы зноў узяла яна ў рукі здымак і выдыхнула: «Юра!» А можа ўсё гэта і не прыснілася. Можа так запала ў памяць тая фатаграфія, што Рэня спала і думала пра яе… Юра… так падобны на Міхала Паўлавіча…

Нібы электрычным токам, працяло ўсё цела дзяўчыны. Яна ўраз паднялася, села. Думкі кругам пайшлі ў галаве, аж зрабілася неяк нядобра. Рэня сціснула далонямі скроні.

«У вайну ў нас згубіўся хлопчык»,— успомніліся ёй Зоіны словы.— Яму было тады тры гады». У якім жа годзе гэта здарылася? Ага, у сорак першым… Значыцца, цяпер яму павінна быць… Рэня ніяк не магла палічыць, колькі год павінна быць яму цяпер. Нарэшце, палічыла. Цяпер яму павінна быць дваццаць два. Ну вось, Юру скора будзе дваццаць тры…

Рэня сядзела, моцна сціснуўшы рукамі скроні. «Не можа быць, каб такое моцнае падабенства было выпадковае. А Зоя… Яна ж таксама падобна на Юру… Ці гэта мне ўжо цяпер здаецца?…»

Ёй захацелася зараз жа, цяпер, ноччу знайсці фатаграфію Юры і паглядзець на яе.

Яна ўстала, упоцемках адчыніла чамадан, які стаяў пад ложкам, вобмацкам пачала шукаць пачак з фатаграфіямі. Ніяк не магла знайсці яго і выкідала на падлогу бялізну, абрус, новыя туфлі. Карабок упаў на падлогу, стукнуў. Прачнулася і павярнулася на ложку Валя.

— Што там такое? — спыталася яна сонным голасам.

— Нічога, нічога, гэта я,— прашаптала Рэня.

Нарэшце, пачак у руках, але ў пакоі цёмна, Рэня не хоча паліць святла, каб не прачнуліся сяброўкі. Асцярожна, на пальчыках ідзе яна да дзвярэй, адчыняе іх. У калідоры вельмі ціха і цьмяна гарыць лямпачка. Рэня спачатку, як была, у адной кашулі, выбегла ў калідор, пасля схамянулася. Яшчэ выйдзе хто… Вярнулася, вобмацкам знайшла халат, накінула на плечы. Фатаграфіі паклала на падаконнік і пачала перабіраць, шукаючы толькі тыя, дзе Юра. Вось апошняя, ён нядаўна прыслаў. У касцюме, з гальштукам, старанна прычасаны. Ой, здаецца, не падобны,— аж пахаладзела Рэня. Але так здалося ў першае імгненне. Збянтэжыў касцюм і гладка прычасаныя валасы. Канешне, Юра вельмі падобны на маладога Міхала Паўлавіча.

Яна разглядае другія фатаграфіі. Вось Юра ў гурце дзяцей з дзіцячага дома. Тут недзе і Рэня, але сябе яна цяпер не шукае. Фатаграфія невыразная. На гэтым здымку Юра зусім хлопчык, і Рэні здаецца, што ён тут вельмі падобны на Зою. Рэня ўсё ўглядаецца і ўглядаецца ў фатаграфіі — у адну, у другую, у трэцюю. Нарэшце, сабрала ўсё і вярнулася ў пакой. Вакол цемень і цішыня. Колькі ж гэта часу? Тры гадзіны… Зноў лягла ў ложак. Яна ўся калацілася. I ад холаду, і ад хвалявання. Захацелася зноў устаць, апрануцца і зараз жа пабегчы да Булатаў. Нічога, што ноч. Гэта ж так важна… Тое, што сёння яна пасварылася з Зояю, здалося такім дробязным, нязначным. Яна нават зноў была паднялася і села на ложку, але стрымала сябе. «А што, калі ўсё гэта — мае выдумкі… Расхваляваць Антаніну Іванаўну, Міхала Паўлавіча, а пасля акажацца, што ён зусім не іх сын…».

I Рэня зноў лягла, укрылася, стараючыся сагрэцца, супакоіцца. «Трэба заўтра пайсці да іх і пагаварыць пра ўсё. Пакуль з адным толькі Міхалам Паўлавічам. Цікава, а як звалі іх сына? Я нават не ведаю, не пыталася. Трэба напісаць Юру. Толькі асцярожна. Ён не паверыць. Скажа — аднойчы ў мяне ўжо знайшлася маці… Але гэта не тое, гэта зусім іншае…

I раптам Рэніна сэрца ледзь не захлынулася з радасці. Няхай няма ў яе ніякіх доказаў, што Юра — сын Антаніны Іванаўны і Міхала Паўлавіча, у душы яна адчувала, што гэта так, што не можа быць, каб такое падабенства было выпадковае…

«Ціха, ціха,— супакойвае сама сябе Рэня.— Можа гэта яшчэ ўсё яе так…» I яна зноў пачынае лічыць гады, стараецца ўспомніць, ці не расказваў ёй Юра што-небудзь пра сваё дзяцінства. Але нічога ўспомніць не можа. Ды і сам Юра, напэўна, нічога не памятае.


13

Рэня не спала ўсю ноч. Толькі пад раніцу крыху задрамала, але назаўтра не адчувала стомленасці. I хоць дзень быў такі, як усе, звычайны, яна ўвесь час адчувала, што адбылося нешта асаблівае. Яна вырашыла пакуль нічога не гаварыць дзяўчатам. Здавалася, калі хоць каму-небудзь раскажа пра гэта, дык усё акажацца няпраўдаю. «А вось пра тое, што Зоя кінула работу, трэба расказаць Валі і Любе. Яны ж яшчэ нічога не ведаюць. Раскажу ім у час абеду».

Рэня нават не чакала, што так раззлуюцца на Зою дзяўчаты.

— Яе за такое з камсамола выключыць трэба, а што вымову ўляпіць, дык абавязкова,— заявіла Валя.

— Ці ж так можна? Не сказаўшы нікому нічога? — падтрымала Валю Люба.

— Па-першае, за тое, што чалавеку работа не падабаецца, з камсамола яго не выключаюць. А па-другое, калі яе з камсамола выключыць, дык лепшай ад гэтага яна не зробіцца,— супакойвала дзяўчат Рэня.

— Не, ты падумай, яе вучылі, ёй грошы плацілі, а яна плюнула на ўсіх і пайшла,— размахвала рукамі над сталом з талеркамі Валя.— Хоць мяне многія лічаць і легкадумнай, але я б так не зрабіла.

— Маладая, дурная,— з горыччу сказала Рэня.

— Ты за яе вельмі заступаешся,— адсунула сваю талерку Люба.— А табе больш за ўсіх на яе крыўдзіцца трэба, бо ты яе вучыла.

— Маладая,— з’едліва ўсміхнулася Валя.— Як з жанатым хлопцам гуляць, дык не маладая.

— Кінь, Валя, гаварыць абы-што,— махнула рукою Люба. Яна хоць і ведала, што Зоя і Жэня ў кіно разам хадзілі, але лічыла, што нічога асаблівага ў іх адносінах няма, што дзяўчаты проста разносяць плёткі.

— Паслухайце, што я вам скажу,— і Рэня нахілілася да Валі і Любы.— Я выпадкова даведалася, што ў іх ужо сапраўды нешта большае, чым сяброўства.

— Во, бачыш,— павярнулася да Любы Валя.— А ты яшчэ не верыла…

— Ды калі гзта праўда, то я проста не ведаю, што яму трэба зрабіць,— аж пачырванела Люба.

— Мы павінны пайсці да Жэні і пагаварыць з ім як мае быць, — сказала Рэня.

Як толькі скончыўся рабочы дзень, сяброўкі накіраваліся ў радыёвузел. 3 Жэнем яны сутыкнуліся ля самых дзвярэй. Ён ужо збіраўся ісці.

— Вярніся, кавалер,— узяла яго пад руку Валя.— Пагаварыць трэба.

— Чаго гэта вы? — убачыўшы строгія твары дзяўчат, сумеўся ён.

— Чаго ты круціш галаву нашай Зоі? — сказала Валя.— Яна дзіця зусім, а ў цябе жонка ёсць.

— А-а, дык вось чаго вы… — бесклапотна засмяяўся Жэня.— А я думаю — што за дэлегацыя такая.

— Паслухай, усе мы лічым, што ты паводзіш сябе амаральна,— спакойна, але сурова сказала Люба.

— А якая нарэшце, ваша справа? — пачаў злавацца Жэня.— I наколькі мне вядома, Зоя ўжо не працуе ў вашай брыгадзе, так што ваша апека тут зусім лішняя.

— Не працуе ў нашай брыгадзе! — развяла рукамі Люба.— Калі не працуе ў нас, дык нам павінна быць усё роўна, што з ёю будзе? Так, па-твойму? — пыталася яна ў Жэні.

— I што за АБС такое ў нас на заводзе? — паціснуў плячыма Жэня.— Ведаеце, што такое АБС? Агенцтва «Адна баба сказала»… Па вуліцы прайсці з чалавекам нельга —адразу нагавораць сорак бочак арыштантаў.

— Нам пра ўсё не АБС сказала, а сам ты сказаў. Я бачыла тваю фатаграфію ў Зоі,— спыніла яго Рэня.

— Яшчэ адмаўляецца! — з абурэннем гаварыла Валя.— I не сорамна табе? Круціш дзяўчыне галаву…

— Я ў камітэт камсамола заяву на цябе напішу, няхай камсамольскі сход абмяркуе твае паводзіны,— гразілася Люба.

Жэня адчуў, што дзяўчаты не жартуюць, і прымірэнча загаварыў:

— Ну, чаго вы напалі, як сарокі, нібы ў нас з Зояй было нешта такое, што парушае правілы маралі. Мы проста сябруем з ёю. А што фатаграфію падарыў, то так… Хацеў прыемнае зрабіць дзяўчынцы.

— Прыемнае…— скрывілася Валя.— Падумаеш, шчасце якое. Золатца такое ненагляднае!

— Яна ведае, што ў мяне жонка ёсць, я яе не ашукваў,—зноў пачаў злавацца Жэня.— Ды і не рабіце вы з мухі слана, нічога ў нас, акрамя сяброўства, не было!

Разгарачаныя, усхваляваныя, ішлі дзяўчаты дахаты. Лаялі Жэню, лаялі Зою, лаялі сябе, што раней не ўмяшаліся ў іхнюю «дружбу».

— I як ён у нас тады апынуўся,— недаўменна спытала Люба.— Тады, калі быў дзень твайго нараджэння.

— Ды я Валодзю запрашала, а Жэню ўжо таму, што з ім у адным пакоі жыве,— апраўдвалася Рэня.

— А думаеце, так ён нас і паслухае… Трэба жонцы ліст напісаць, каб прыязджала,— сказала Валя.

— Не, гэта нядобра, ліст жонцы пісаць,— паморшчылася Люба.

Рэня ішла моўчкі. Яна ўспомніла, як учора гаварыла з Зояй, якія ўпартыя і халодныя былі ў Зоі вочы. А Рэні ж сёння трэба ісці да Міхала Паўлавіча. Зоя падумае, што яна прыйшла мірыцца… «Ну і няхай… Хіба гэта цяпер можа мець значэнне?»


14

Вечарам Рэня загарнула ў лісток усе Юравы фатаграфіі, паклала іх у сумачку. Яна вельмі хвалявалася. Ёй суджана было прынесці ў хату людзям ці вялікую радасць, ці горкае расчараванне. I разам з тым Рэня лічыла, што не расказаць аб сваіх здагадках яна не можа. Таму і вырашыла гаварыць пакуль-толькі з Міхалам Паўлавічам. Ён — мужчына. Яму лягчэй будзе ва ўсім разабрацца. Але як застацца з ім удваіх?.. Хіба паклікаць на вуліцу і там усё растлумачыць?

Яшчэ не ведаючы, як пачне гаворку, Рэня націснула чырвоную кнопку званка. Дзверы адчыніў Міхал Паўлавіч. Ён быў у светлай паласатай піжаме, у пантофлях на босую нагу, у руках трымаў разгорнутую кніжку. Рэня вырашыла тут, адразу, ля дзвярэй, пакуль ніхто іх не чуе, сказаць, што ёй неабходна пагаварыць з ім.

— Са мною асабіста? — перапытаў Міхал Паўлавіч.— Можа з Зояй што здарылася? — затрывожыўся ён.

— Не, не з Зояй. Я пра другое,— спяшалася гаварыць Рэня. — Але трэба толькі з вамі.

— Дык заходзьце, заходзьце. Зоі няма дома. А Антаніне Іванаўне нездаровіцца, яна ў спальні. Здаецца, спіць нават.

Міхал Паўлавіч пачакаў, пакуль Рэня распранулася, і яны абое паціху ўвайшлі ў пакой. У пакоі гарэла адна толькі настольная лямпа пад зялёным абажурам. Яна ярка асвятляла стол, а ўсе астатнія рэчы нібы туліліся ў цёмных кутках і каля сцен. На падлозе ляжалі акуратна пасцеленыя палавікі. Тут было чыста, цёпла, утульна, толькі, як здалося Рэні, крышку самотна. Можа гэта ад цішыні, якая, здаецца, прытулілася тут недзе.

Міхал Паўлавіч асцярожна заглянуў у спальню і ціха зачыніў дзверы.

— Спіць,— сказаў ён Рэні.— Дык што ўвас такое? — амаль шэптам спытаўся ён.

Рэня сядзела на крэсле ля стала і пазірала на партрэт, які ледзь вырысоўваўся на сцяне. Міхал Паўлавіч сеў ля Рэні. Яна, усё яшчз пазіраючы на партрэт, спыталася:

— Скажыце, Міхал Паўлавіч, як звалі вашага сына?

— Аляксандр,— адказаў ён, толькі цяпер заўважыўшы, куды скіраваны позірк госці.

Надзеі ў Рэні адразу зрабілася менш. Аляксандр і Юра — зусім розныя імёны. Але трэба было расказаць усё.

Не спяшаючыся, Рэня выняла з сумачкі пачак, разгарнула.

— Вось, паглядзіце,— падала яна Юравў фатаграфію.

Міхал Паўлавіч узяў акуляры, якія ляжалі на стале ля настольнай лямпы, адзеў іх, паглядзеў спачатку на Рэню, пасля ўважліва пачаў разглядаць здымак.

— Прыгожы хлопец, але я яго не ведаю,— сказаў ён.

— А знаёмых вашых, каго-небудзь, не нагадвае ён вам?

Міхал Паўлавіч уважліва глядзеў на фатаграфію.

— Не… Здаецца, не,— няўпэўнена пакруціў ён галавою.

— Дзе Зоін альбом? — устала Рэня, Яна ўключыла святло і адразу ўбачыла альбом. Ён ляжаў на паліцы ля канапы. Рэня ўзяла яго, пачала таропка гартаць.

— Вось, паглядзіце,— паклала яна поруч фатаграфіі маладога Міхала Паўлавіча і Юры.— На гэтым здымку ён яшчэ не так падобны на вас, маладога, як у жыцці. Тут ён у касцюме, у гальштуку, валасы прылізаныя, а сёлета, калі ён быў у такой самай белай кашулі з расшпіленым каўняром… разумееце, я як убачыла гэту фатаграфію, дык адразу была падумала, што Юра…

— Хто ён… дзе ён… — хрыплаватым голасам спытаў Міхал Паўлавіч; яго пальцы, калі ён хацеў узяць са стала фатаграфію Юры, задрыжалі.

— Гэта Юра… Юра Наватораў. Я разам з ім была ў дзіцячым доме… У Калінаўцы… Цяпер ён у Ленінградзе вучыцца ў інстытуце.

Міхал Паўлавіч адхіліўся на спінку крэсла. Рэня ўбачыла, як заблішчэлі кропелькі поту ў яго на высокім ілбе і над верхняй губою.

— Вам нядобра? — спалохалася Рэня і дакранулася рукой до яго пляча.

— Не, не,— Міхал Паўлавіч адвёў Рэніну руку. 3 кішэні піжамы ён выняў насоўку і пачаў выціраць ёю лоб, нос, шчокі.

— Акрамя гэтых фатаграфій у мяне ніякіх доказаў… Бачыце, нават імя і прозвішча не тыя. Можа ўсё гэта выпадкова. Але, ведаеце, трэба праверыць. Я таму і вырашыла гаварыць толькі з вамі, не трывожыць пакуль Антаніну Іванаўну…

— Так, так,— падтакваў Міхал Паўлавіч.— У яе хворае сэрца… Дык у якім, вы кажаце, дзіцячым доме, у Калінаўцы? Дзе гэта?

— Гэта пад Гомелем. А дзе ён у вас згубіўся?

— Дзе згубіўся? — перапытаў Міхал Паўлавіч.— Згубіўся не тут. Але ўсяляк бывае… Дык як, кажаце, яго завуць? Юра Наватораў? Не, імя і прозвішча зусім не тыя, але, сапраўды, ён падобны,— і Міхал Паўлавіч зноў пачаў углядацца ў фатаграфію. — Мне трэба паехаць у Ленінград… Трэба абавязкова яго ўбачыць…

— Не хвалюйцеся,—супакойвала яго Рэня.— Юра сам павінен скора сюды прыехаць. На зімовыя канікулы. А вы раскажыце лепш мне, як усё здарылася. Магчыма, гэта дапаможа высветліць што-небудзь.

Міхал Паўлавіч устаў, няроўнаю хадою пайшоў да дзвярэй, якія вялі ў кухню. Рэня чула, як стукаў ён там шклянкаю — піў ваду. Пасля ў люстэрку, якое вісела на сцяне ў пакоі, яна бачыла, як стаяў ён некаторы час, паціраючы рукою грудзі.

Вярнуўшыся ў пакой, ён зноў доўга разглядаў здымак.

— Ён сапраўды падобны на мяне… Няўжо можа быць?!.

Высокі сівы чалавек, які зведаў на сваім жыцці нямала гора і радасці, які не раз глядзеў у вочы смерці, мусіць, ніколі так не хваляваўся, як у гэтую хвіліну. Са смерцю можна было змагацца. Яе можна было перамагчы. А што зрабіць тут, каб надзея не засвяціла зманлівым промнем, які пасля патухне, пакінуўшы яшчэ большую цемру. Міхал Паўлавіч глянуў на Рэню, і ў яго позірку былі страх і радасць, надзея і боль.

Ён зноў устаў, падышоў да дзвярэй, якія вялі ў спальню. Паглядзеў, ці не прачнулася Антаніна Іванаўна. Адно імгненне ён нібы вагаўся — ці не разбудзіць яе і не расказаць ёй пра ўсё. Але ўздыхнуў, шчыльна прычыніў дзверы і вярнуўся да Рэні.

— Я тады з імі не быў і нічога не бачыў, але Антаніна Іванаўна колькі разоў расказвала, так што я, лічыце, ведаю ўсе падрабязнасці,— пачаў Міхал Паўлавіч. Ён, відаць, стараўся супакоіцца, і, хоць голас яго час ад часу дрыжаў, твар паспакайнеў, толькі вочы суха блішчэлі.— Да вайны мы жылі ў Гродна. А як пачалася вайна, вы ж ведаеце, што рабілася першыя дні. Хаця вы, магчыма, нічога і не ведаеце, не памятаеце. Вы ж тады яшчэ былі дзіцем… як мой Шурык, мусіць…

Дык вось, наша вайсковая часць заняла абарону. Мы стаялі цвёрда. Біліся да апошняга патрона. Не адна сотня фашыстаў навекі засталася ў нашай зямлі, толькі на яе ступіўшы. Але і нашых многа лягло. Гінулі, як героі, а пра іх подзвігі мала хто ведае. Вось таму я і пішу свае запіскі. Хачу расказаць пра герояў, якія загінулі ў першых баях.

Самі разумееце, што ў тыя дні я не мог забегчы дахаты нават на хвіліну, каб хоць сказаць ім — ад’язджайце. Ды Антаніна Іванаўна і сама здагадалася, што трэба рабіць. Звязала нейкі клунак, Шурыка на рукі і разам з суседкамі — на станцыю. У вагон неяк убіліся. Даехалі так-сяк да Мінска. А ў Мінску немец у той час вакзал бамбіў. Яны акурат трапілі пад бамбёжку. Пачалі гарэць вагоны, цэлыя саставы. Людзі бегаюць, крычаць, выцягваюць з агню параненых, забітых, абгарэлых. Жанчыны ўзнялі паніку. У адзін голас пачалі крычаць, што цягніком далей ехаць нельга — усе станцыі бамбіць немец, цягнікі абстрэльвае. Вырашылі, што трэба ісці на шашу, на машынах выбірацца. Наіўныя, думалі, што так і ходзяць там машыны, як да вайны, так і выглядаюць шафёры, каго б гэта падвезці.

Пайшлі яны, групка жанчын з дзецьмі, цераз увесь горад на Маскоўскую шашу. А Мінск гарэў. На вуліцах валяліся груды чамаданаў, скруткаў з розным дабром. На тратуарах стаялі швейныя машыны. Вецер ганяў фіранкі ў пустых кватэрах, а да іх ужо дабіраўся агонь. Пасля аказалася, што ў той дзень і я праходзіў праз Мінск. Можа, і блізка дзе каля іх быў, ды ў вайсковых свая дарога…

Ледзь яны выбраліся на шашу. А машыны, што праязджалі па ёй, і не думалі іх падбіраць. На адных было поўна сваіх бежанцаў, а вайсковыя машыны не бралі цывільных.

Пайшлі яны пешкі. Я ўяўляю, як цяжка было ёй,— паказаў вачыма Міхал Паўлавіч на дзверы спальні, дзе адпачывала Антаніна Іванаўна,— Яна ж тады была ўжо цяжарная… Як падумаю пра ўсё гэта, дык і цяпер дарую ёй многае… Дык вось, неяк дайшлі яны да Барысава, а далей не хапіла сілы ісці. Ды і пераканаліся, што не ўцячы ад немца пешкі. Зноў пабрылі на станцыю. А ў Барысаве на цягнік сесці яшчэ цяжэй аказалася. Тут яна згубіла сваіх спадарожніц, з якімі аж з Гродна ехала. Тыя неяк раней уціснуліся ў таварны вагон. Убілася пасля і яна. Дапамог нейкі лейтэнант, расказвала.

— Міша,— пачуўся з другога пакоя слабы голас Антаніны Іванаўны.

Міхал Паўлавіч перастаў гаварыць, выразна паглядзеў на Рэню і прыклаў далонь да вуснаў, даючы знак, каб яна маўчала. Пасля ўстаў, паціху адставіў крэсла, падышоў да дзвярэй, адчыніў іх.

— Зоя прыйшла? — спыталася Антаніна Іванаўна.

— Не, Зоі няма, ты ляжы, ляжы, паспі яшчэ крыху.

— А з кім ты там гаворыш?

— Гэта Рэня… Мы… Я чытаю ёй свае запіскі,— стараючыся гаварыць абыякава, адказаў Міхал Паўлавіч.

Пад Антанінай Іванаўнай зарыпеў ложак. Міхал Паўлавіч увайшоў у спальню. Некалькі хвілін ён аб нечым гаварыў з Антанінай Іванаўнай, пасля выйшаў, зноў зачыніў за сабою дзверы. 3 шуфлядкі стала выняў знаёмую Рэні зялёную папку, паклаў перад ёю на стол, скоранька развязаў, дастаў адтуль густа спісаныя чарнілам старонкі, расклаў на стале.

— Угаварыў не ўставаць яшчэ. А гэта няхай ляжыць,— паказаў ён на старонкі.— Калі і Зоя прыйдзе, скажам, што запіскі мае чыталі. Дык вось,— пазіраючы на дзверы, якія вялі ў спальню і паніжаючы голас амаль да шэпту, пачаў расказваць далей Міхал Паўлавіч. — Пад’язджалі яны ўжо да Оршы, ды спыніліся на раз’ездзе — быў закрыты семафор. I ў гэты час у небе з’явіліся самалёты з чорнымі крыжамі. Убачылі іх людзі, пачалі выскокваць з цягніка, пабеглі пад адхоны, у поле, да лесу. А немец па іх секануў з кулямётаў.

Антаніна Іванаўна з Шурыкам выскачыла з вагона, кінулася з ім пад елачкі, што раслі ўсцяж чыгункі. Хавала дзіця, туліла да сябе. А ён не плакаў і толькі пазіраў спужанымі вачанятамі. Антаніна Іванаўна часам і цяпер прачынаецца ноччу са слязьмі. Шурыка, кажа, сніла, як беглі з ім ад самалётаў…

Ды не дабегла яна да елачак. Ці яе параніла, як толькі выскачыла яна з вагона, ці пасля, як бегла, не памятае. Помніць толькі, як перакуліліся ў яе вачах тыя елачкі, як, падаючы, яна старалася не прыдушыць сваім целам Шурыка. А калі падбіралі яе жыхары пасёлка, што недалёка ад раз’езда быў, дык ні цягніка, ні дзіцяці ўжо не было. Сярод забітых Шурыка не знайшлі. Можа, калі адыходзіў цягнік, забраў хто Шурыка.Падумалі, што маці мёртвая. Ды хто ўгадае, як там было…

— А што вы думаеце, можа так і было,— прашаптала Рэня.— Можа, як паляцелі самалёты, ды як пачалі людзі зноў у цягнік садзіцца, можа і ўзяў хто…

— Можа і так… Але Антаніна Іванаўна не ведала нікога з тых, што ехалі з ёю ў цягніку.

— А як жа Антаніна Іванаўна? Як з ёю далей было? — спыталася Рэня.

— Два месяцы яна ляжала ў чужых людзей хворая. Даглядалі яе. Лячылі. Цяпер нам гэтыя людзі, як родныя. Так Антаніна Іванаўна і засталася на акупіраванай тэрыторыі. Там і Зоя нарадзілася. Я іх толькі ў тысяча дзевяцьсот сорак пятым годзе знайшоў. I пра ўсё, што з імі здарылася, даведаўся толькі пасля. А Шурыка, як ні шукалі ўсе гэтыя гады, не знайшлі.

— Я напішу Юру ліст… Усё можа быць… А раптам гэта ён,— горача шаптала Рэня.

— А вы яго даўно ведаеце? Ён вам нічога не расказваў? — дапытваўся Міхал Паўлавіч.

Рэня нейкую хвіліну нібы нешта ўспамінала.

— Міхал Паўлавіч! — схапіла яна яго раптам за руку.— Ведаеце, можа так і было, як вы думаеце. Наш дзіцячы дом у час вайны быў эвакуіраваны ў Варонежскую вобласць. Толькі ў сорак пятым усе вярнуліся ў Калінаўку… Можа Шурык трапіў у дзіцячы дом у сорак першым, а пасля пераехаў сюды.

Міхал Паўлавіч устаў, пачаў хадзіць па пакоі і ўсё цёр, цёр далонямі твар.

— Але імя.,. Імя зусім не тое, і прозвішча… А ён ужо гаварыў. Ведаў, як завуць яго. I прозвішча ведаў.

— Нічога не магу вам сказаць,— уздыхнула Рэня.

Яны б, мусіць, яшчэ доўга гаварылі, ды ўстала Антаніна Іванаўна, выйшла да іх. Выгляд у яе быў сапраўды нездаровы.

— А Зоі ўсё няма, — уздыхала яна, ходзячы па пакоі. — Кожны вечар позна дахаты прыходзіць. Ты, Рэнечка, не ведаеш, з кім яна там гуляе? Хай бы вось з табою сябравала.

Рэні не хацелася трывожыць Антаніну Іванаўну, расказваць ёй пра Жэню.

Міхал Паўлавіч праводзіў Рэню да дзвярэй.

— Дзякуй вам, — сказаў ён ціха. — Цяпер я не супакоюся, пакуль усё не высветлю.

— Няма за што пакуль дзякаваць,— усміхнулася Рэня.— Бывайце здаровы. Зоі прывітанне перадайце. Скажыце ёй, што я мірыцца прыходзіла і не дачакалася.


15

Дождж, які сыпаў ледзь не тыдзень, прайшоў. Часам з-за нізкіх хмар, што плылі над горадам, выблісквала сонца. Яно на нейкі міг асвятляла вуліцы і зноў тухла, не паспяваючы сагрэць халоднае, сырое паветра.

Зоі было крыху непрывычна хадзіць па вуліцах у рабочы дзень. Раней, калі была на рабоце, яна прывыкла ўжо да горада, якім бывае ён пасля пяці гадзін, у выхадныя дні. А ўдзень ён нейкі іншы. Па вуліцах ходзяць гаспадыні з сумкамі, нянькі сядзяць у скверыках з дзецьмі, праходзяць вучні з ранцамі, з партфелямі. Некуды спяшаюцца хлопцы і дзяўчаты з папкамі. Мусіць, студэнты.

А Зоя не спяшаецца нікуды. Аглядае вітрыны, заходзіць у магазіны. Але хутка надакучыла адной блукаць па вуліцах. «Да каго б схадзіць?— думае яна.— Можа да Соні Шымановіч?» 3 таго часу, як Соня паступіла ў інстытут, а Зоя на завод, яны не сустракаліся. А некалі ж у школе сябравалі.

Зоя паглядзела на гадзіннік. Было тры гадзіны. «Ну вось, а заняткі ў яе ў два канчаюцца».

Зоя ішла да сяброўкі і ўяўляла, як тая ўзрадуецца, убачыўшы яе. Ды і сама яна была рада ўбачыць Соню. Гэта ж падумаць, так даўно не сустракаліся! Соня пачне расказваць ёй, як вучыцца, з кім сябруе. «Ці расказаць ёй пра Жэню?» Не, пра Жэню Зоя вырашыла не расказваць.

… Спачатку ёй здалося, што Соня не пазнала яе. Інакш хіба глянула б сяброўка на яе такімі дзіўнымі вачыма — нібы бачыць Зою ўпершыню? Соня ледзь была відаць з-за гары кніжак, сшыткаў і нейкіх папер, якімі быў завалены ўвесь стол. Разам з ёю за сталом сядзелі худы хлопец з тонкім доўгім носам і кучаравая дзяўчына з каротка падстрыжанымі валасамі. I ўсе яны пазіралі на Зою так, нібы яна звалілася з неба. Соня прашаптала: «Зойка…» Але ні ў вачах яе, ні ў голасе не было вялікай радасці. А хлопец і дзяўчына зусім не хавалі сваёй нездаволенасці.

— Гэта ты? — нібы ўсё яшчэ не верыла Соня.— А мы, бачыш, зубрым.

Зоя распранулася, села.

— Вось, знаёмся,— без асаблівага энтузіязму паказала на сваіх сяброў Соня.

— Барыс,— буркнуў даўганосы худы хлопец, страсянуўшы Зоіну руку, і тут жа ўзяў з груды на стале кнігу, пачаў таропка гартаць яе. Больш ад яго Зоя не пачула ніводнага слова.

— Света,— сказала каротка падстрыжаная кучаравая дзяўчына, падаўшы мяккую, вялую руку. Яна нахілілася да Барыса, і яны разам пачалі глядзець у кнігу.

— Ну, як ты маешся? — крыху збянтэжаная такім прыёмам, спыталася Зоя.

— Ой, Зоечка,— уздыхнула Соня,— ты ж бачыш,— паказала яна абедзвума рукамі на стол, завалены кнігамі.— Паслязаўтра залік, а выкладчык у нас такі строгі, такі строгі… На адно пытанне не адкажаш — адпраўляе. А мы яшчэ нічога-нічога не ведаем. Вось сядзім, зубрым, зубрым…

— А я гуляла… Даўно цябе не бачыла… Дай, думаю, зайду, — нібы апраўдвалася Зоя.

— Маладзец, што зайшла,— не вельмі шчыра сказала Соня,— Каб вось не залік…

— А многа ў вас залікаў?

— Ой, не кажы! — узялася рукамі за галаву Соня.— Спачатку залікі, пасля экзамены. Пяць залікаў, пяць экзаменаў.

Барыс кашлянуў. Света сядзела, як на іголках.

— А як твае справы?—відаць, толькі з далікатнасці спыталася Соня.

— Мае — нічога, так сабе,— невыразна адказала Зоя. Не пачне ж яна пры чужых людзях што-небудзь расказваць Соні.— А нашых каго-небудзь бачыла?

— Надзю Біцяй нядаўна бачыла. Ты ж ведаеш, яна на медсястру вучыцца. Колю Сіліцкага неяк спаткала. 3 завода ішоў.

Барыс кашлянуў мацней. Света дэманстрацыйна ўздыхнула. Соня кінула на іх позірк, поўны адчаю.

— Ну, добра,— пачырванела Зоя,— Я бачу, што перашкаджаю вам. Пайду.

Акурат у гэты момант у Барыса з рук выпала кніжка, і Соня нахілілася, каб падняць яе. Можа таму яна нічога не адказала Зоі.

Зоя ўстала, пачала апранацца. Развітваліся з ёю Барыс і Света куды з большай прыязнасцю, чым віталіся і знаёміліся.

«Да Соні няма чаго прыходзіць, пакуль не здасць сесіі,— думала Зоя, ідучы дахаты.— У Надзі таксама, мусіць, якія-небудзь залікі».

Назаўтра вечарам Зоя вырашыла схадзіць да Колі Сіліцкага.

— О! Зойка! — узрадаваўся ён.— Не забываеш старых сяброў, маладзец! А я, ведаеш, апошні час нікога з нашых не бачыў… Але не, хлушу. Соню Шымановіч нядаўна сустракаў.

— Яна мне расказвала.

Коля, відаць, толькі што памыўся. Яго чорныя, гладка прычасаныя валасы, былі вільготныя. На свежай блакітнай кашулі яшчэ былі відаць складкі ад праса. Ён сядзеў за сталом і пілаваў, чысціў пазногці.

— Разумееш,— сур’ёзна растлумачыў ён,— работа шліфоўшчыка такая брудная… Мазут уядаецца ў рукі — ні адскрэбсці іх, ні адмыць, і пад пазногцямі заўсёды чорна. А мне далі ролю Рамэа ў спектаклі. А які ж можа быць Рамэа з бруднымі пазногцямі…

— А, вось што… — усміхнулася Зоя.

— Пачакай,— пільна паглядзеў ён на Зою,— а з цябе атрымалася б цудоўная Джульета! Ты на гадзіннікавым працуеш? Пераходзь да нас, на станкабудаўнічы… Але не, — махнуў ён рукою, успомніўшы, што ў школе Зоя зусім не цікавілася драматычным гуртком.— У цябе няма драматычнага таленту. А каб да тваёй знешнасці ды яшчэ талент, ты б выконвала толькі ролі гераінь.

— Ты лепш скажы, як жывеш, як працуеш,— спыталася Зоя.

— Як жыву? Вось сёння ў нас генеральная рэпетыцыя. I каб ты ведала, як здорава атрымліваецца! У нас кіраўнік — артыст з тэатра. Раней мы ставілі «Выбачайце, калі ласка», дык наш спектакль па радыё перадавалі. Можа, слухала?

— Не, не слухала… Ну, а работа? Падабаецца табе?

— Ды работа добрая. Я ўжо даўно самастойна працую. Зарабляіо не менш, чым восемдзесят рублёў у месяц. Толькі вось рукі… А які ж гэта Рамэа, калі ў яго рукі мазут уеўся. А ў нас у гуртку ўсё павінна быць, як у сапраўдным тэатры.

Не, акрамя як пра свой драматычны гурток, ні пра што іншае не мог гаварыць Коля.

Раптам ён глянуў на гадзіннік і пачаў збіраць пілачкі і нажніцы.

— Ой, на генеральную рэпетыцыю пазнюся… Ты выбачай, калі ласка.

— Што ж,— няпэўна сказала Зоя.

— Маладзец, што прыйшла,— свяціўся радасцю Колеў твар.

Але Зоя не ведала, ці сапраўды гэта ёй быў так рады Коля, ці таму, што сёння ў яго генеральная рэпетыцыя і ён будзе іграць Рамэа. Ён махнуў Зоі рукою на развітанне.

— Паслухай! — крыкнуў ужо здалёк.— Прыходзь да нас у клуб глядзець спектакль! У нядзелю яго паказваем! — і пабег, не а’зіраючыся.


16

Зоя прачнулася позна.

У кватэры было ціха, маці, мусіць, пайшла ў магазін, бацька таксама некуды выйшаў. Ніхто не перашкаджаў Зоі ляжаць і думаць. І Зоя думала. Думала, што цяпер ёй вельмі добра. Не трэба ўставаць упоцемку, калі так хочацца спаць, калі самым вялікім шчасцем здаецца паляжаць у ложку яшчэ хвілінку. Не трэба ехаць у перапоўненым тралейбусе, сядзець цэлы дзень сагнуўшыся, сляпіццца над валаскамі ды балансамі.

Зоя думала пра ўсё гэта, каб пераканаць сябе, што яна павінна ляжаць і радавацца. Але проста дзіўна — радасць ніяк не прыходзіла. Наадварот, нейкае непрыемнае пачуццё, падобнае на трывогу, вось ужо каторы дзень з самай раніцы апаноўвае Зою.

Атрымалася неяк так, што Зоя апынулася адна. Усе нейкія занятыя, некуды бягуць, спяшаюцца, і нікому няма ніякай справы да Зоі, нікому яна не патрэбна. Раней ёй здавалася, што ў яе не хапала часу, каб пагуляць, схадзіць да сябровак, каб пачытаць, адпачыць. Цяпер у яе быў час, але яна не ведала, што рабіць, з кім гэты час бавіць.

Яна ўстала, апранула цёплы халацік. У кухні на століку пад сурвэткаю стаяла снеданне, падрыхтаванае Антанінай Іванаўнай — зваранае ўсмятку яйка, катлета. На пліце стаяў гарачы чайнік. Зоя паснедала, закрыла сурвэткаю брудную талерку, кубак. Пачала хадзіць па кватэры, не ведаючы, чым заняцца.

«Трэба іншую работу шукаць,— падумала яна.— Але якую? Што я ўмею рабіць?»

Узяла кніжку, што не так даўно прынёс ёй Жэня. Новы раман Рэмарка. Нядаўна яна прачытала «Трыумфальную арку». Цікава, як жывуць людзі, як кахаюць. Ніякія там не муж і не жонка… Нават і не гавораць, і не пытаюцца пра гэта. Праўду кажа Жэня, што для сапраўднага кахання гэта нічога не значыць.

Зоя села на канапу, укрыла ногі крысом халата, пачала чытаць. кле хутка і чытаць ёй надакучыла.

Прыйшла Антаніна Іванаўна. Паставіла на падлогу сумку з прадуктамі, нават не распранаючыся, села на крэсла, доўга аддыхвалася.

— Паверхі гэтыя зусім адбяруць у мяне здароўе,— паскардзілася яна.— А ты, дачушка, што рабіла?

— Чытала.

— А я табе клубнічкі марожанай прынесла. Кампоцік звару. Ты ж любіш клубнічны кампот, праўда?

Прыйшоў і Міхал Паўлавіч. Толькі распрануўся і адразу за папяросу. А ён жа быў кінуў курыць. У апошні час ён нейкі не такі, як заўсёды. Устрывожаны, заклапочаны. Не так даўно Зоя падгледзела, што ён напісаў аж тры лісты і крадком ад мамы панёс на пошту. Што гэта за лісты такія? Раней жа ў яго ад мамы сакрэтаў, здаецца, не было. Можа, у выдавецтвы лісты? Але чаму крадком ад мамы? На Зою нібы і не злуецца, што работу кінула.

Марудна цягнецца дзень. А Зоя сёння, каб магла, то падагнала б яго. На восем гадзін назначана спатканне з Жэнем. I сёння гэтага спаткання Зоя чакае, як ніколі. Нешта ўжо вельмі сумна было ёй. Яна нават злавіла сябе на адчуванні, нібы зноў сядзіць за канвеерам, трымае ў ляўцыркулі баланс з валаском і яны не такія ўжо і праціўныя. Зоя вельмі здзівілася сама сабе і нават раззлавалася. Яна знарок пачала ўспамінаць, як блыталіся тыя валаскі, як нельга было ўставіць баланс у ляўцыркуль, як балелі ад напружання вочы, ныла спіна. Яна хацела заглушыць ледзь прыкметнае пачуццё жалю, якое заварушылася ў ёй.

«Усё роўна пра тое, каб вярнуцца на завод, і думаць няма чаго. Ніхто мяне назад не возьме»,— сказала яна сама сабе.

Але з Жэнем сёння асабліва хацелася сустрэцца. Хай бы расказаў што — пра завод, пра дзяўчат. Мусіць, на яе месцы ўжо сядзіць новая вучаніца. Думаць пра гэта было непрыемна.

Зоя, можа, выбегла б з хаты на якую гадзіну раней, чым было назначана спатканне, але стрымала сябе. Прыйсці на спатканне раней за Жэню ёй не дазваляў дзявочы гонар. I яна цярпліва чакала.

Апусціўшы рукі ў кішэні паліто, звонка стукаючы абцасамі чаравікаў па тратуары, ішла Зоя па вуліцы. Падзьмуў вецер і сыпануў у твар жменьку дробненькіх сняжынак. Першы нясмелы снег. Ад яго Зоі зрабілася весялей. Скора зіма… канькі, лыжы… А зараз яна паверне за рог і ўбачыць знаёмую постаць Жэні. Ён будзе стаяць з паднятым каўняром, без шапкі. Хоць і холадна ўжо, мароз бярэцца, а Жэня ўсё ходзіць без шапкі. Смешны… Харошы… Ад тугі, якая тачыла Зою цэлы дзень, не засталося і следу.

Зоя звычайна здалёк пазнавала Жэню. I ён здалёк пазнаваў яе і кіраваўся насустрач. Але сёння на ўмоўленым месцы Жэні не было. Зоя ішла да прыпынку аўтобуса, да шчыта з рэкламамі, каля якога звычайна стаяў ён, чакаючы яе, і азіралася, ці не пакажацца зараз і ён. А яго не было. «Ох, і дам жа, як з’явіцца,— злавалася Зоя.— Як гэта ён можа пазніцца, прымушаць мяне чакаць…»

Стаяць на адным месцы было нязручна. Ёй здавалася, што ўсе людзі ведаюць, чаго яна стаіць тут, і яна пайшла ў той бок, адкуль мог паказацца Жэня. Час ад часу яна азіралася на шчыт з рэкламамі, ці не чакае ўжо ён там.

Яна прайшла да канца вуліцы. Вярнулася назад. Думала, што цяпер-то ён ужо напэўна там. Аднак яшчэ здалёк убачыла, што каля шчыта, як і раней, нікога няма.

Снег пасыпаў спарней, тоненькім пластом пакрываючы тратуар, і прахожыя пакідалі на ім, бялюткім і свежым, чорныя сляды. Павольна кружачыся, апускаліся сняжынкі на Зоіна паліто, збіраліся ля манжэтаў, на каўняры, на плячах.

Мінула ўжо больш паўгадзіны. У яе змерзлі рукі, пачалі стыць ногі. Але пайсці адсюль яна не магла, бо гэта значыла б згадзіцца з тым, што Жэні яна сёння не ўбачыць. I Зоя зноў хадзіла па адным баку вуліцы, па другім. Вось ужо і дзевяць. Надзеі, што Жэня яшчэ з’явіцца, у яе ўжо амаль няма. Ёй вельмі горка. Яна ўжо не саромеецца і стаіць на адным месцы ля прыпынку аўтобуса. У яе стаміліся вочы ўзірацца ў слаба асветленую вуліцу. Нават кружыцца галава. Самае вялікае жаданне ў яе цяпер — убачыць Жэню. Яна ўжо не злуецца на яго, яна гатова ўсё дараваць яму, абы ўбачыць. Але дзе ён? Чаму яго няма? Можа, ён дома, у інтэрнаце?

Яна і не заўважыла, як ногі самі прывялі яе сюды. Вось ён, новы чатырохпавярховы будынак. Ярка свецяцца вокны.

Зоя вельмі баіцца, каб не сустрэць тут каго знаёмага. Яны ж адразу здагадаюцца, чаго яна тут. I Зоя шпарка ідзе па тратуары паўз будынак. Амаль дабегла да канца вуліцы. Ну, што ж рабіць далей? Вярнуцца дахаты? Але інтэрнат, як магніт, цягне яе да сябе. «Ну, яшчэ раз… яшчэ раз прайду»,— думае Зоя. Яна ўжо нібы забылася, чаго тут. Надзеі сустрэць Жэню амаль няма.

I раптам убачыла яго. Жэня шпарка крочыў ён насустрач. У руках у яго былі нейкія пакункі, кішэні паліто адтапыраны. Ён не бачыў Зоі, а яна яшчэ здалёк пазнала яго і застыла. Сэрца ў яе калацілася моцна-моцна. Ногі зрабіліся нейкія зусім бяссільныя.

Жэня нешта насвістваў ідучы. У яго быў бесклапотны і нават вясёлы твар. Але калі ён убачыў Зою, нешта падобнае на спалох мільганула ў яго вачах.

— Зойка? — прашаптаў ён і азірнуўся.— Ты чаго тут? Хадзі сюды,— і ён узяў яе за локаць, адвёў далей ад святла.

— Я… я чакала цябе… Чаму ты не прыйшоў? — шаптала, нібы апраўдваючыся, Зоя.

— Ты разумееш,— Жэня вёў усё далей ад святла Зою.— Жонка прыехала. Я ніяк не мог… Не мог нават выбегчы папярэдзіць…

Усё перадумала Зоя, чаму не мог прыйсці Жэня, а пра жонку нават і не ўспомніла. А яно вось што! 3 нейкаю крыўдаю разглядала Зоя пакункі, якія нёс Жэня. 3 кішэняў тырчалі рылцы бутэлек. У руках з паперы вытыркалася колца каўбасы, у нязграбна загорнутым пакунку быў відаць бохан хлеба.

— Ты прабач,— шаптаў Жэня.— але я не магу тут стаяць… Яшчэ ўбачыць тут нас хто ды ёй даложыць. — Ён паімкнуўся ісці, але раптам спыніўся, нібы вагаўся, думаў нешта, пасля зноў вярнуўся да яе. — А калі хочаш, то пачакай крыху, — зашаптаў ён. — Ці лепш мы сустрэнемся на тым самым месцы… Толькі пазней… гадзін у адзінаццаць. Я завяду жонку да знаёмых… Не будзе ж яна ў інтэрнаце начаваць… Завяду яе, а тады мы сустрэнемся.

Зоя адмоўна пакруціла галавою.

— Ну, не хочаш, не трэба. Як яна паедзе, тады сустрэнемся,— зноў азірнуўся Жэня.— А цяпер я павінен ісці. Ну, бывай,— і ён пабег.

Зоя засталася адна на тратуары. Яна раптам адчула, як ёй холадна, як змерзла яна за гэты доўгі вечар. Усярэдзіне ў яе ўсё проста трымцела. Не спяшаючыся, яна павярнулася і пайшла. Ішла, як ашаломленая. Так, яна ведала, што ў Жэні ёсць жонка, але была ўпэўнена, што Жэня кахае яе, Зою. Яна менш за ўсё думала пра тое, да чаго могуць прывесці яе адносіны з Жэнем. I зусім не збіралася яна «адбіваць» яго ад жонкі. I тым не менш, ёй здавалася, што калі Жэня сапраўды пакахаў яе, то ён не павінен хаваць гэтага ад той, невядомай ёй жанчыны. Што ж рабіць, калі так здарылася. Яны абое мусяць павініцца перад ёю. А тут — гэты Жэнеў спалоханы твар, гэта жаданне ўцячы ад яе… Нешта незнаёмае, чужое ўбычала яна ў ім. I словы «жонка», «жанаты» пачалі набываць для Зоі ўжо іншы сэнс. Раней здавалася, што Жэнева жонка існуе толькі ў размовах, у пісьмах, ну, часам, у кпінах. А яна раптам аказалася жывым чалавекам, прыехала ў Мінск, і да яе пабег Жэня. Яе ён можа адкрыта прывесці ў інтэрнат, а Зоя павінна туляцца пазавуголлю, каб убачыць яго, каб з ім сустрэцца. Перад тою ён адчувае сябе абавязаным, а Зоя — так сабе. Вось чакала, мерзла ўвесь вечар, а ён не прыйшоў і віны сваёй перад ёю не адчувае.

Думаць так было крыўдна, і Зоя пачала шукаць апраўдання Жэню. «А можа ён таксама перажывае,— думала яна.— Можа, ён і не рады, што яна прыехала. Ён жа сказаў, каб я пачакала, ён завядзе жонку начаваць да знаёмых, і мы з ім сёння ж сустрэнемся…»

Але Зоя не магла ўявіць сабе, як гэта яна сустрэлася б з Жэнем, ведаючы, што тут, недзе блізка, яго жонка…

I раптам ёй вельмі захацелася паглядзець на Жэневу жонку. Што яна за жанчына? Як выглядае? Якая яна, тая, што мае поўнае права быць з Жэнем, мае права ненавідзець Зою і нават ёю пагарджаць?

Зоя шпарка ідзе па вуліцы, а думкі круцяцца толькі вакол аднаго — як яе ўбачыць. Жэня павядзе жонку на кватэру. Пачакаць, пакуль яны выйдуць з інтэрната? Але яна і так змерзла. Аднак неадольнае жаданне паглядзець на саперніцу прымусіла яе вярнуцца.

Насупраць інтэрната невялікі скверык, і Зоя ідзе туды, каб там стаяць і чакаць, пакуль яны не з’явяцца ў дзвярах.

Снег ужо даволі густа ўслаў тратуар, галіны дрэў, агарожу сквера. Ад снегу зрабілася намнога святлей. Перад Зоінымі вачыма калышацца адзінокі засохлы лісток, які чамусьці не зляцеў з дрэва. Лісток дрыжыць на ветры, адганяе сняжынкі. I Зоіна сэрца дрыжыць, як гэты лісток.

«А што, калі зайсці ў двор інтэрната і паглядзець у акно… Яго ж пакой на першым паверсе»… 3 хвіліну вагаецца Зоя і ідзе цераз вуліцу.

Першае, другое, трэцяе,— лічыць Зоя вокны.— Якое ж тут іхняе? Ды вось.. Нават не завешана фіранкаю. Зоя раптам спужалася, што з акна яе могуць убачыць, хоць і ведала, што са светлага покоя не відаць нічога на цёмнай вуліцы. I ўсё ж яна адбеглася ўглыб двара, прыхінулася да невысокага дрэўца. Дрэўца ўздрыгнула, сыпанула на Зою снегам, але яна нават не заўважыла гэтага. Уся яе ўвага была прыкавана да ярка асветленага акна. Там, у пакоі, за сталом, сядзелі, Жэня, Валодзя і яна. Жэня наліваў чаркі, нешта гаварыў, смяяўся. Смяялася і яна. Зоя нібы глядзела нямы кінафільм. Яна нічога не чула, толькі бачыла, што за акном нешта гаварылі, смяяліся. Жэнева жонка была ў белай блузцы, валасы гладка зачасаныя назад. «Мусіць, у яе каса» — падумала Зоя. Але адсюль яна не магла добра разгледзець твару. I Зоя, азірнуўшыся, ці не глядзіць хто, зрабіла некалькі крокаў да акна.

Калі Зоя часам старалася ўявіць сабе Жэневу жонку, тая паўставала перад ёю непрыгожаю, злоснаю жанчынаю. Нездарма Жэня пакахаў яе, Зою. А з тою ён ажаніўся проста выпадкова і цяпер каецца. Так разважала Зоя. I як здзівілася яна, калі ўбачыла вельмі мілы, вельмі харошы твар. Крыху кірпаты невялічкі нос і круглыя шчокі рабілі гэты твар амаль што дзіцячым. I ўвесь ён свяціўся нейкай шчырасцю, быў поўны нейкага бязмежнага давер’я. Вялікія вочы з наіўнай радасцю пазіралі на Жэню. Вось там, за сталом, паднялі чаркі. Жэня выпіў і пачаў накладаць закуску ў сваю талерку, у жончыну. Яна смяялася, спыняла яго руку сваёю. Валодзя нахіліўся да іх і нешта расказваў. I ўсе зноў смяяліся, а Зоя, як загіпнатызаваная, не магла адарваць вачэй ад твару маладой жанчыны. А тая нешта пачала расказвань Жэню, а пасля ўстала з-за стала і пайшла да дзвярэй, дзе стаяў яе чамаданчык і чырвоная сумачка. Калі яна павярнулася спіною да акна, Зоя ўбачыла доўгую светлую касу. Але чаму Жэнева жонка такая тоўстая? — падумала Зоя, глянуўшы на фігуру жанчыны, калі тая стала бокам да акна. І раптам здагадка, як агнём, апаліла яе. «Ды яна ж… Яна... У яе дзіця скора будзе…» — ледзь не крыкнула Зоя. А тая стаяла ў шырокай белай блузцы, адзетай навыпуск на спадніцу, і нешта шукала ў чырвонай сумачцы. Час ад часу яна паварочвалася да Жэні, нешта гаварыла яму і весела смяялася. Нарэшце, яна знайшла канверт, дастала з яго ліст, разгарнула і, на хаду чытаючы, зноў пайшла да стала. Валодзя ўскочыў і падставіў ей крэсла. А жанчына чытала ліст, пазірала на Жэню і смяялася, ён слухаў яе, таксама смяяўся, а пасля нахіліўся да яе і некалькі разоў пацалаваў у шчаку.

Зоі захацелася сесці або прыхіліцца да чаго-небудзь. Яна адышла ад акна і пабегла з двара.

Ён пацалаваў яе, значыцца, ён яе кахае… I яна кахае яго, бо вунь якімі вачыма на яго пазірала… I цяжарная… У яе скора будзе дзіця… I як жа мог ён, Жэня, гаварыць Зоі, каб яна яго пачакала… Яна, Зоя, не ведала, што яго жонка цяжарная, а ён жа ведаў!

I раптам Зоя адчула агіду да сябе. Нібы ўвесь час яна рабіла нешта вельмі брыдкае.

Змучаная, разбітая прыйшла яна дахаты. Антаніна Іванаўна ўжо спала. Міхал Паўлавіч хадзіў узад-уперад па пакоі і курыў. Ён нічога не сказаў Зоі, і яна хутчэй прайшла ў другі пакой, распранулася, кінула адзежу абы-дзе і лягла ў ложак. Толькі тут дала яна волю свайму жалю. Плакала ціха, каб не пачуў бацька, каб не прачнулася маці.


17

— Дачушка, ну што ж ты ўсё ў хаце сядзіш, ты ж бы хоць на вуліцу пайшла пагуляла,—угаварвала Антаніна Іванаўна Зою, якая ляжала на канапе і, паклаўшы рукі пад галаву, пазірала некуды перад сабою. Антаніна Іванаўна села ля яе. Зоя глянула на маці, і сэрца Антаніны Іванаўны сціснулася — столькі суму ўбачыла яна ў доччыных вачах.

Зоя нічога не адказала.

— I што гэта робіцца ў хаце? — сашчапіла рукі Антаніна Іванаўна.— I бацька нейкі сам не свой. Вунь, зноў пайшоў недзе. I цябе нешта точыць. Ні з яго, ні з цябе слова не выцягнеш. Ці я вам чужая, што вы мне нічога не гаворыце? Не шкадуеце вы мяне зусім,— уздыхнула Антаніна Іванаўна.

— Мамачка, я не ведаю, што ў таты, а ў мяне нічога не здарылася,— адказала Зоя.

— Ну як жа нічога не здарылася, калі ты вунь як змізарнела… Я думала, кінеш работу, дык адразу паправішся, папаўнееш, а ты яшчэ больш высахла.

— Гэта табе здаецца, мамачка, я такая, як і была.

— Ох, дачушка, не абманеш ты матку. Але не хочаш гаварыць, не трэба,— і Антаніна Іванаўна цяжка паднялася, пайшла ў кухню. Зоя чула, як застукала яна там пасудаю.

Зоя заплюшчыла вочы. Яна гнала ад сябе думкі пра Жэню. Хацела выкрэсліць яго з свайго сэрца назаўсёды. Старалася больш нават не ўспамінаць яго. Але гэта было не так проста. Туга тачыла яе, і часам Зоі здавалася, што яна нават хоча сустрэцца з Жэнем, каб усё сказаць яму, каб хоць чым аблегчыць душу. Яна сказала б яму, што ён нядобры чалавек, сказала б, што і яна была дурная. Ды Жэня знік, і Зоя цяпер зусім адна. Каму раскажаш пра ўсё гэта? 3 кім параішся? 3 мамаю? Толькі расхвалюеш яе, напалохаеш.

Няхай бы дзяўчаты прыйшлі. Пабыць з кім-небудзь, пагаварыць абы пра што, каб толькі ўвесь час не думаць пра адно і тое ж. Ды ніхто да яе не прыходзіць. I Рэня больш не паказваецца. Праўда, у Рэні скора сесія, Рэні няма часу. А Валя з Любаю?

Зоя ўстала, пахадзіла па кватэры, падышла да акна. Ёй раптам захацелася на вуліцу, на сонца, на мароз. Яна апранула паліто, завязала пуховую шэрую хустку і выйшла на двор.

У двары гулялі дзеці. Бегалі, крычалі, даганялі адно аднаго. Па прымерзлай зямлі, мала дзе прысыпанай снегам, хлопчык цягаў санкі. Двое другіх валтузіліся пасярод двара, адбіраючы адзін у другога ржавае кола. Каля іх стаяла дзяўчынка ў белым футры, падвязанай чырвоным паскам. Пад футрам у дзяўчынкі, мусіць, было апранута яшчэ многа адзежын, бо яна была тоўстая, як кулёк.

— Ідзі, пагуляй з імі, — пачула раптам за сабою крыху насмешлівы голас Зоя. Яна азірнулася. На лавачцы ля пад’езда ў паліто з чорным коцікавым каўняром сядзела цётка Маша, нянька з чацвёртай кватэры. Цётка Маша трымала на руках дзіця, загорнутае ў ватовую коўдру, і з насмешкаю пазірала на Зою. Каля цёткі Машы сядзела жанчына ў ватоўцы і чырвонай невялікай хустачцы, завязанай пад бараду.

Зоя адвярнулася, нічога не адказаўшы на кпіны. I тут яна пачула за сабою шэпт. Цётка Маша гаварыла жанчыне, якая сядзела з ёю: «Такая дзяўчына, а не працуе, не вучыцца… На гадзіннікавым заводзе працавала, дык звольнілі…»

Як варам абдало Зою. Яна павярнулася і пабегла дамоў. Распранулася, кінула паліто і хустку.

— Чаго ж так скора? — здзівілася Антаніна Іванаўна. Яна стаяла перад Зояю з закасанымі рукавамі, рукі яе былі ў муцэ. I на твары ў яе была мука, але Зоя нават не сказала, каб яна выцерла твар.

Зоя зноў лягла на канапу, але хутка паднялася, узяла газету і пачала чытаць аб’явы.

«Патрабуюцца: бухгалтары… старшыя бухгалтары… інжынеры-электрыкі… тэхнікі па ацяпленню», — чытала Зоя.— «Завод імя Кірава набірае вучняў па спецыяльнасцях… токары, слесары, шліфоўшчыкі».

Яна апусціла газету на стол. Успомніла, як яшчэ ў дзесятым класе хадзілі яны на экскурсію на завод імя Кірава. Стук і грукат тады напалохалі Зою. Яна баялася падысці блізка да станка. Ёй здавалася, што зараз нешта зваліцца на яе і заб’е. Дык як жа яна пойдзе вучыцца на токара, слесара або шліфоўшчыка, калі баіцца станкоў, баіцца вялізнага цэха?

Вечарам Зоя не знаходзіла месца і зусім нечакана для сябе вырашыла схадзіць да дзяўчат у інтэрнат.

Калі яна адчыніла дзверы іхняга пакоя, ёй спачатку здалося, што не туды трапіла. Каб не Валя, якая, убачыўшы Зою, як на спружынах, падскочыла з канапы, Зоя павярнулася б і пайшла.

— Зойка! — кінулася да яе Валя.— Якім цябе ветрам сюды занесла? Хадзі, хадзі,— цягнула яна Зою за руку.

— Што гэта ў вас, перамены нейкія? — аглядаючы пакой, спыталася Зоя.— Яшчэ адзін ложак. I шафа раней, здаецца, не тут стаяла.

— I не кажы,— махнула рукою Валя.— Перамена дэкарацыі. Ведаеш, хто цяпер з намі жыве? Інка Горбач.

Гэта сапраўды было дзіўна.

— Чаму так? У яе ж бацькі ў Мінску.

— Распранайся, распранайся,— тузала Валя Зою за рукаў.— Ну, у нас тут такія перамены… ты ж нічога не ведаеш… Дурніца, чаму ты раптам кінула завод?

Яны селі на канапе. Зоя азіралася. Хоць цяпер стаяў тут чацвёрты ложак, у пакоі, як і раней, было ўтульна, чыста. Прыемна пахла антонаўкамі. Валя падкурчыла пад сябе ногі, зручней умасцілася і пачала расказваць Зоі пра навіны.

— Гэта ўсё з таго сходу пачалося, яшчэ як ты была. Помніш? Тады Інку Горбач і Вольга Мікалаеўна лаяла, і Ігар Барысавіч. Дык вось з таго сходу за яе і ўзяліся. Сам дырэктар выклікаў да сябе. I што ты думаеш, тут, аказваецца, і мы ўсе былі вінаватыя. Не ведалі, як яна жыве. А ў яе айчым — п’яніца. I маці не лепшая… Айчым з маткаю ў Інкі грошы ўсе адбіралі, нават білі. Цэлыя ночы гарэлку п’юць ды гуляюць. Інка спаць не магла. Яны і яе гарэлку піць прымушалі… Адным словам, пастанавіў камітэт камсамола перавесці Інку ў інтэрнат. А мы вырашылі ўзяць яе ў свой пакой. Яна так узрадавалася. I цяпер, ведаеш, зусім другая дзяўчына. Праўда, бывае яшчэ і ложак не прыбярэ, і пасуду не памые… Дык мы так далікатна, ала сурова,— і Валя сціснула свой маленькі кулачок, — напамінаем ёй… I на рабоце яна цяпер зусім іншая. Не спіць ужо за канвеерам. Ой, а ты не ведаеш, што ў нас на канвееры робіцца! — пляснула рукамі Валя.— Пензенцы нас на спаборніцтва выклікалі змагацца за званне брыгады камуністычнай працы. Ігар Барысавіч смяецца: «Куды вам, хоць брак перастаньце выпускаць». Але дарэмна ён так пра нас гаворыць, бо ў апошні час мы брак звялі да мінімуму, — з крыўдаю на Ігара Барысавіча сказала Валя.— Дык вось, ён кажа «куды вам», а Вольга Мікалаеўна — сваё: «Нам туды, куды і ўсім… Да камунізма…» I што ты думаеш? Прынялі мы выклік, і цяпер ужо так стараемся, так стараемся… I ведаеш, колькі мы даем гадзіннікаў? Сто дзевяноста за змену! Во! I яшчэ ў нас устанаўліваюць аўтаматыку. Гэта так цікава! Ты ж ведаеш, ва ўсім свеце зборка гадзіннікаў ідзе ўручную. Такіх аўтаматаў яшчэ не прыдумалі, а ў нас пачынаюць устанаўліваць. Але табе, можа, усё гэта не цікава? — насцярожылася раптам Валя.

— Не, не, цікава, расказвай,— адказала Зоя.

Ёй сапраўды было цікава. Яна нават зайздросціла Валі. У тае няма ніякага гора. Ёй весела. I жыць ёй так цікава. Ды не адной Валі, а ўсім дзяўчатам. Зоя цяпер зайздросціла нават Іне Горбач. Вунь, яна разам з дзяўчатамі жыве, працуе. Няўжо ж яна, Зоя, горшая за ўсіх?

— Чакай, я цябе яблыкамі пачастую,— ускочыла з канапы Валя. Яна падбегла да Любінага ложка, выцягнула з-пад яго скрынку. Там у тонкіх белых стружках ляжалі вялікія жоўтыя антоны. Валя дастала некалькі яблык, паклала на стол.

— Бяры, частуйся,— сказала яна. Гэта Любе бацькі з калгаса прыслалі, але ў нас тут усё агульнае. Еш.

Зоя ўзяла яблык, выцерла далоняй, адкусіла.

— А дзе Рэня?— спыталася яна.

— Рэня сёння ў інстытуце,— засоўваючы скрынку з яблыкамі пад ложак, адказала Валя.— Ты падумай, вось ужо на другім курсе! Летам пяройдзе на трэці. А я такая дурніца. У медыцынскі не папала і на вячэрняе аддзяленне паступаць не захацела. А час так ляціць. Вось і я ўжо на трэці курс пераходзіла б.— Яна зноў села на канапу, з хрустам адкусіла яблык. — На лета і я паступаць буду. I Люба таксама. Абавязкова, вось убачыш,— з поўным ротам гаварыла яна.— Ну, а ты як жывеш? Нешта пахудзела. — I, не чакаючы адказу, зноў загаварыла:— А ведаеш, да Жэні жонка прыязджала. Цяжарная. Пабыла тут дзён пяць і паехала. I Жэня з ёю. Узяў адпачынак і паехаў.

Валя-гаварыла пра гэта нібы між іншым, нібы і не думала яна, што гэта цікавіць Зою. Яна прыкінулася, што не заўважыла і таго, як пачырванела Зоя. А тая таксама старалася зрабіць выгляд, што гэта яе зусім не цікавіць.

— Ну, дык як ты?.. Працуеш ужо дзе? — перавяла на іншае гаворку Валя.

— Не, нідзе не працую, — не гледзячы Валі ў вочы, адказала Зоя.

— Дурніца, ну, нашто ты кінула наш завод? — зноў паціснула плячыма Валя.


18

Каля дома Зою сустрэў Міхал Паўлавіч.

— Дзе ты ходзіш, Зоечка, я ўжо даўно чакаю цябе.

— Чакаеш? Чаму? Што-небудзь здарылася?

— Мама захварэла. Прыязджала хуткая дапамога.

— Мамачка,— кінулася ў пад’езд Зоя.

— Чакай, — узяў яе за руку Міхал Паўлавіч, і па тым, як моцна сціснуў ён яе, Зоя зразумела, што бацька хвалюецца.— Не ідзі пакуль дахаты. Там каля мамы цётка Маша, а мне з табою трэба пагаварыць.

— А што, што з мамаю? — чырвонаю шарсцяною рукавічкаю Зоя выцірала спёзы, што паплылі ў яе з вачэй.

Міхал Паўлавіч абняў дачку за плечы.

— Не плач, Зоечка, з мамаю нічога страшнага. Ты ж ведаеш яе сэрца. Яно ў яе яшчэ з вайны хворае. Доктар сказаў, што трэба, каб яна з тыдзень паляжала ў бальніцы, трэба розныя аналізы зрабіць, кардыёграму… А тут… разумееш…

Зоя не разумела. Яна не верыла, што ў хваробе маці няма нічога сур’ёзнага. Чаму ж тады бацька такі ўсхваляваны, чаму чакаў яе на вуліцы?

— Паслухай, дачушка, што я табе скажу,— яшчэ мацней абняў Міхал Паўлавіч Зою, павёў у скверык, што быў каля іхняга дома. — Хацеў я ўсё гэта зрабіць сам. Хацеў да часу не гаварыць вам, але не магу трываць больш, ды і дапамога мне твая цяпер патрэбна… Вось, бачыш? — і Міхал Паўлавіч дастаў з кішэні паліто сіні канверт. — Бачыш? Хадзі сюды, на лавачку.— Яны селі проста на снег, які даволі тоўстым пластам ляжаў на лаўцы.— Паслухай, што я табе пачытаю.— Ён дастаў з канверта ліст, разгарнуў яго.— Вось слухай. «У дакументах значыцца, што Юра Наватораў паступіў у наш дзіцячы дом 30 чэрвеня 1941 года. Прынёс яго малодшы лейтэнант Наватораў Барыс Сцяпанавіч, 1920 года нараджэння, беларус. Малодшы лейтэнант Наватораў заявіў, што маці хлопчыка загінула ў час налёту нямецкіх самалётаў на эшалон. Наваторавым мы і запісалі Юру, бо свайго прозвішча ён не сказаў. 3 Вашага ліста відаць, што хлопчык, якора прынёс малодшы лейтэнант Наватораў, згубіўся пры абставінах, падобных да тых, у якіх згубіўся ваш сын. Аднак пацвердзіць, што Юра — Ваш сын, я пакуль што не магу. У той час да нас такім чынам трапляла многа дзяцей. Многіх з іх мы пераводзілі ў іншыя дзіцячыя дамы. Магчыма, наступіла б большая яснасць, каб мне ўдалося знайсці лісты, якія пісаў да нас малодшы лейтэнант Наватораў. А што ён пісаў, я добра памятаю. Памятаю нават, што ён хацеў усынавіць Юру… А потым прыйшло паведамленне, што лейтэнант Наватораў загінуў на Волзе. Калі лісты Наваторава захаваліся, то яны недзе ў нашым архіве. Я абяцаю вам пры першай магчымасці заняцца пошукамі. Не ведаю, ці скора прышлю адказ, бо архіў у нас вялікі. Але галоўнае знайсці лісты. Прайшло шмат часу…»

— Разумееш, Зоечка, — хрыплым голасам гаварыў Міхал Паўлавіч. Парыў ветру падхапіў лісток і ледзь не вырваў у яго з рук. Міхал Паўлавіч прыціснуў лісток рукою да калена, пасля пачаў таропка складваць, ратуючы ад ветру і ад дробных сняжынак, якія пасыпаліся з дрэва.— А калі яшчэ мець на ўвазе Рэніны фатаграфіі, то я думаю…

— Якія фатаграфіі? — не разумела бацьку Зоя.

— Ах, ты ж нічога не ведаеш, — пацёр бацька далоняй няголеную сёння шчаку.

I Міхал Паўлавіч расказаў Зоі ўсё. Пра тое, як прыходзіла да яго Рэня і прыносіла фатаграфіі, пра яе здагадку і як пасля гэтага ён зноў пачаў шукаць Шурыка… I вось…

Зоя сядзела, баючыся паварухнуцца.

— Дык вось, я хацеў паехаць у дзіцячы дом… Сёння, заўтра… Трэба памагчы гэтай добрай жанчыне шукаць лісты. А тут мама захварэла, і яе трэба ў бальніцу класці. Можна, вядома, пачакаць, пакуль мама ачуняе, але дзе ўзяць цярпення, сілы?

— А яна нічога не ведае?

— Не,— пакруціў галавою бацька.

— Правільна, правільна,— згадзілася Зоя.

I раптам яна адчула вялікую ўдзячнасць да бацькі. Ён гаварыў ёй пра тое, чаго не сказаў нават маме. Значыцца, ёй можна давяраць, з ёю можна гаварыць, як з чалавекам, і нават раіцца. Рашэнне прыйшло адразу.

— Татачка,— схапіла яна бацьку за руку.— Дазволь мне паехаць. Я ўсё зраблю, што трэба. Я памагу шукаць лісты. Вось убачыш…— На Зоіны вочы зноў набеглі слёзы. Яна то выцірала іх, то хапала бацьку за руку.

— Думаў я, Зоечка, ці не паслаць цябе, ды баюся. Баюся адну пускаць…

Па тым, як сказаў гэта бацька, Зоя зразумела, што ён хацеў бы, каб яна паехала. Ён сапраўды думаў, ці не паслаць яе. Таму і чакаў яе на вуліцы, таму і хацеў пагаварыць, параіцца.

— Пусці, татачка, пусці,— яшчэ гарачэй пачала прасіцца Зоя.— Нічога са мною не здарыцца. А ты будзеш кожны дзень да мамы хадзіць.

— Ды, мусіць, прыйдзецца,— згадзіўся нарэшце бацька.— А цяпер пайшлі дахаты. Ох, як дрэнна, што мама захварэла,— уздыхнуў Міхал Паўлавіч.


19

Зоя сядзела ў купэ, узлакаціўшыся на столік, прымацаваны ля акна. Сонца кацілася на захад, а цягнік, здавалася, бег і бег за ім. Часта мільгалі слупы, а правады то перасякалі сонца, то паднімаліся вышэй за яго, то падалі некуды ўніз. Зоя, не адрываючыся, глядзела ў акно, на прастор, які за ім кружыўся. I думкі таксама кружыліся ў яе галаве. Як добра, думала яна, што тата дазволіў ёй паехаць. Яна будзе вельмі старацца, каб хоць чым-небудзь дапамагчы. I няўжо сапраўды можна знайсці брата? Пра гэта Зоя раней не думала. У яе жыццё слова «брат» увайшло як водгук нейкай трагедыі, як водгук таго страшнага, што называецца вайною. Яна не раз чула сумны расказ маці, і калі думала пра брата, дык уяўляла яго маленькім хлопчыкам, такім, як на партрэце, што вісіць у іх на сцяне. Дык няўжо іх Шурык — той прыгожы юнак, якога яна бачыла на фотаздымку ў Рэні?

Перад ад’ездам Зоя хадзіла да яе. Расказала, што едзе ў Калінаўку. Распытвала пра Юру.

Рэня і Міхал Паўлавіч праводзілі Зою на станцыю. Рэня падрабязна, каторы раз, растлумачвала Зоі, як дабрацца да Калінаўкі са станцыі. На развітанне яна абняла, пацалавала Зою.

Сонца апускалася ўсё ніжэй. Вось ужо дакранулася да зубцоў далёкага лесу. На хвіліну застыла над ім, нібы накалолася на верхавіны елак, пасля пакацілася ўніз.

«Значыцца, Рэня таксама кахае,— думала Зоя, пазіраючы на чырвоны акрайчык, які хутка, амаль на вачах, знікаў за лесам.— Кахае Юру, які, магчыма, акажацца маім братам. Вось у іх, напэўна, сапраўднае каханне. Не тое, што было ў мяне. Нездарма Рэня ні з адным хлопцам тут не гуляе. I ён, бачыш, з Ленінграда на канікулы да яе прыедзе. А хіба не магло і ў мяне быць такога кахання? Чыстага, харошага…»

Нарэшце зусім сцямнела. У купэ запалілася святло. Зоя адвярнулася ад акна.


20

— Гэта добра, што вы прыехалі. Дапаможаце мне. Бачыце, колькі нам з вамі прыйдзецца лістоў перагледзець,— гаварыла Зоі Разалія Сямёнаўна.

Яны стаялі ў невялічкім кабінеце перад канцылярскаю шафаю, забітай рознымі папкамі — жоўтымі, ружовымі, зялёнымі. Папкі былі тоўстыя і тонкія, новыя і старыя, з абадранымі, пакамечанымі ражкамі.

— Гэта наш архіў. Сюды я складаю лісты, якія да нас прыходзяць. Сёння ж і пачнем, Зоечка, а зараз пойдзем паснедаем. Калі прыехалі да нас, то ўжо будзеце нашым госцем.

I вось Зоя трэці дзень у Калінаўцы. Адразу пасля снедання яна ідзе ў невялічкі кабінецік на другім паверсе і адкрывае шафу, у якой захоўваюцца лісты. Як многа папак перагледзела ўжо яна, як многа перагартала лістоў… У канвертах і без канвертаў, напісаных чарнілам і алоўкам. Пісьмаў, напісаных прыгожым почыркам і надрапаных няўмелаю рукою, сярод якіх многа і дзіцячых. Пісьмаў яшчэ свежых, на чыстай белай паперы і пісьмаў, напісаных вельмі даўно. Лісткі пажоўклі, чарніла расплылося, аловак сцёрся, і часта вельмі цяжка разабраць, што ў іх напісана. I адкуль толькі не ішлі гэтыя лісты. 3 Масквы і Вільнюса, з Дарагабужа і Алма-Аты, з Полацка і Мазыра, з Гродна і Вілейкі, з Ялты і з Варонежа.

Разалія Сямёнаўна сказала Зоі, каб яна вельмі ўважліва чытала подпісы — пад лістамі і на канвертах. Трэба было знайсці прозвішча Наватораў. I Зоя шукала. Але часам нейкае слова альбо сказ прыцягвалі яе ўвагу, і Зоя пачынала чытаць увесь ліст — адзін, другі. Лісты былі адрасаваны больш за ўсё Разаліі Сямёнаўне і Івану Гаўрылавічу. Некаторыя пачыналіся проста: «Дарагія таварышы!».

Пісалі бацькі, якія шукалі сваіх дзяцей, бацькі, якія дзяцей сваіх знайшлі. Пісалі самі дзеці, калі ад’язджалі куды, альбо назаўсёды пакідалі Калінаўку.

«Дарагая Разалія Сямёнаўна! — чытала Зоя ў адным лісце.— Хачу напісаць вам аб сваёй вялікай радасці. У мяне нарадзілася дачка. Яна цудоўная дзяўчынка. Вельмі прыгожая і здаровенькая, вялікая. Ёй тры месяцы, а ў кансультацыі кажуць, што яна, як пяцімесячная. Дачку сваю мы з мужам назвалі Розачкаю, у ваш гонар. Я свайму мужу многа пра вас расказвала, і ён вас ужо ведае. Калі будзе ў вас час, прыязджайце да нас у госці. Муж у мяне вельмі харошы, і мы будзем вам вельмі рады.

Каця Верамейчык».

Зоя ведала, што перачытваць лісты ёй няма часу. У яе і так пачынала ўжо круціцца ў галаве. Часам ёй здавалася, што нічога яна тут не знойдзе, што не могуць захавацца лісты, якія пісаліся дзевятнаццаць гадоу таму назад, і рукі ў Зоі апускаліся. Але яна ўспамінала хворую маму, уяўляла брата і зноў пачынала шукаць.

«Дарагі Іван Гаўрылавіч! — чытала яна праз некаторы час нейчы ліст.— Гэта пісьмо я пішу вам сваімі ўласнымі рукамі. Навучыўся. Сёлета я нават паступіў у педагагічны інстытут. Ёсць у мяне і дзяўчына. Завуць яе Валя. Яна мне сапраўдны сябар і верны таварыш. Так што жыццё ў мяне толькі пачынаецца, а я вам некалі казаў, што яно ў мяне скончылася. Дзякуй вам за ўсё, што вы для мяне зрабілі. На ўсё жыццё буду лічыць вас сваім бацькам.

Эраст Гардэладзе».

I зноў лісты. «Дарагая Разалія Сямёнаўна!» «Дарагі Іван Гаўрылавіч!» «Дарагія таварышы!»… I подпісы, подпісы. У Зоі ўжо ёсць знаёмыя сярод тых, хто тут жыў. Яна ўжо некаторых пазнае па почырку. Вось роўненькія, як пад лінейку напісаныя, радкі. Круглыя літары. Пад лістом будзе подпіс — «Оля Свірыдава». Ну, так і ёсць. А вось гэты — дробненькі і густы-густы — Таіра Сатыбалдзіна з Алма-Аты.

А тых, патрэбных лістоў, усё няма. I як пераблыталіся тут яны! Вось ліст, датаваны 1952 годам, а разам з ім ляжыць ліст, напісаны ў 1946 годзе. А ёй трэба тыя, што пісаліся ў 1942. Яна яшчэ ніводнага не знайшла такога старога. Хаця, вось ужо блізка. Пад пісьмом дата — 12 студзеня 1944 года.

«Дарагія таварышы!

Я даведаўся, што мой сын Уладзімір Тарасавіч Патапенка знаходзіцца ў вашым дзіцячым доме. Перадайце майму сыну, што бацька яго пакуль што яшчэ жывы, што ён помсціць фашысцкаму зверу за кроў і слёзы нашага народа. Перадайце яму, што як толькі задушым фашысцкага ката, я адразу прыеду па яго і забяру яго. А таксама перадайце майму сыну, што яго бацька мае ўзнагароды — ордэн Айчыннай вайны другой ступені і медаль «За адвагу». А вам усім я нізка кланяюся за тое, што вы гадуеце майго сына. Няхай жыве наша вялікая савецкая Радзіма! Смерць фашысцкім акупантам!

Радавы Тарас Патапенка».

I зноў пошукі. Дзе ж яны, тыя лісты, вельміі вельмі патрэбныя? Няўжо няма… Няўжо згубіліся…

I раптам нібы нешта ўдарыла Зою па вачах. Нейкае знаёмае прозвішча. «Наватораў». Ну, так, Наватораў… Складзены трохвугольнікам лісток, з палявою поштаю замест адраса. Пажоўклы, пакамечаны трохвугольнік.

— Разалія Сямёнаўна,— ледзь выгаварыла Зоя.— Вось ён… Вось…


21

Каторы раз перачытваюць яны гэтыя лісты. Хімічны аловак дзе сцёрся, дзе расплыўся, і спачатку былоі вельмі цяжка прачытаць, што ў іх напісана. Але цяпер Зоя і Разалія Сямёнаўна ўжо на памяць ведаюць іх.

Зоя знайшла два лісты ад лейтэнанта Наваторава. I каб не трапіўся ёй другі ліст, то першы, напэўна, вельмі мала і сказаў бы ім. У першым лісце малодшы лейтэнант Наватораў пісаў, што ён адчувае сябе абавязаным перад хлопчыкам, якога прынёс у дзіцячы дом і якому далі яго прозвішча. Ён пісаў, што калі скончыцца вайна і ён застанецца жыць, то прыедзе і забярэ Юру, усынавіць яго. «Скажыце Юру, што ў яго ёсць бацька, каб ён не лічыў сябе круглым сіратою»,— пісаў малодшы лейтэнант Наватораў.

Прачытаўшы гэты ліст, Разалія Сямёнаўна засумавала. «Высакародны ты быў чалавек, малодшы лейтэнант Наватораў,— думала яна.— Добрае сэрца прабіла варожая куля. I чаму я не распытала ў цябе тады ўсё падрабязна, не запісала ўсё як след. Вайна… Час быў страшэнны. Немец ірваўся да нас. Мы толькі прыехалі на новае месца, у эвакуацыю. Усё гэта так. Але чаму я не кінула ўсе іншыя справы і не пагаварыла з табою…»

I нібы ў адказ на горкія думкі Разаліі Сямёнаўны, Зоя падала ёй другі ліст Наваторава. Яны, значыцца, ляжалі блізка адзін ад аднаго.

«Дарагія таварышы!

Я пісаў ужо вам, што згодны ўсынавіць Юру, няхай толькі скончыцца вайна і каб толькі скарэй мы разбілі ненавіснага ворага. Але можа Юраў бацька жывы. Можа ён, як і я, цяпер ваюе з праклятымі фашыстамі.

Калі Юраў бацька застанецца жывы, трэба абавязкова дапамагчы яму знайсці сына. Але як гэта зрабіць? Як адшукаць чалавека, калі мы і прозвішча яго не ведаем.

А магчыма, ён быў нават мой зямляк, бо жанчына з хлопчыкам садзілася ў цягнік ў Барысаве, а я там пражыў усё сваё жыццё.

Гітлераўскія захопнікі прынеслі нашым людзям вельмі многа пакут.

Толькі яны маглі зрабіць такое.

Колькі забітых жанчын, дзяцей я бачыў на дарогах. I Юрава маці, як я разумею, была цяжарная.

Цяпер вечар, і мы сядзім ў акопах…»

— Стойце, чакайце,— перабіла Разалію Сямёнаўну Зоя.— Ён там напісаў… Гэта я…

— Што ты? — не адразу зразумела Разалія Сямёнаўна.

— Жанчына цяжарная… Гэта мама мной хадзіла…

Зоя была бледная, як ліст паперы.

— Табе нядобра? — спалохалася Разалія Сямёнаўна.

— Не, не,— шаптала Зоя, а сама апускалася на стул.

Разалія Сямёнаўна перачытвала ліст.

— Значыцца, Юра твой брат,— з цяжкасцю выгаварыла яна нарэшце.

Разалія Сямёнаўна абняла Зою. Тая прыпала галавою да яе пляча. Абедзве плакалі.

Пасля яны смяяліся. Смяяліся і плакалі. Зноў і зноў перачытвалі ліст.


22

— Мама, ну чаго ты ўсё плачаш? — гаварыў Юра Антаніне Іванаўне, абдымаючы яе.— Ці ты не рада, што я знайшоўся?

— Божа мой, тайком ад мяне, хаваючыся…— выцірала далонямі слёзы Антаніна Іванаўна.— Ды трэба ж было паказаць вам яго мне, ды я ж адразу пазнала б яго… Дзіця ты маё роднае, пакутнік ты мой вялікі…— прыгаварвае Антаніна Іванаўна і зноў заліваецца слязьмі.

— Ну, на пакутніка ён не вельмі падобны. Паглядзі, які высокі, здаровы, прыгожы,— глухаватым ад хвалявання голасам гаворыць бацька.

Міхал Паўлавіч стаіць каля Юры, і абодва яны, аднолькавага росту, плячыстыя, цяпер добра відаць, як падобны адзін на аднаго.

Антаніна Іванаўна нагадвае цяпер Рэні маці Валодзі Кажухова, якая некалі знайшла свайго сына і прыехала за ім у Калінаўку. Яна таксама ўвесь час плакала і, як прывязаная, хадзіла за Валодзем. Так цяпер ходзіць за Юрам Антаніна Іванаўна. 3 пакоя ў пакой, з кухні ў калідор і назад у кухню.

А Юра неўпрыкмет з цікавасцю аглядае кватэру, пазірае на канапу, на паліцу з кнігамі, на драўляныя ложкі ў спальні з гарою вялікіх і малых падушак. Гэта дом яго бацькоў, значыцца, і яго дом.

Антаніна Іванаўна стаіць ля Юры і дзвюма рукамі трымае яго за локаць. Юра адчувае мяккія матчыны пальцы, і сэрца яго агортвае нязнаная дагэтуль радасць. Ля яго стаіць яго маці!..

Ён пазірае на матчыны рукі. Ружовыя, у маршчынках рукі. Але якія яны мяккія, ласкавыя. Ды і ўся маці такая ж мяккая, ласкавая,— і шчака яе, і хада, і голас. Іменна такою яе ўяўляў сабе Юра.

А бацька… Іменна такога бацьку і хацеў мець Юра. Бацьку, якім можна ганарыцца. Вось стаіць ён, з сівымі скронямі, былы камандзір, некалькі разоў паранены, шмат разоў узнагароджаны…

— Дык хто ж ты ў нас — Шура ці Юра? — пытаецца Міхал Паўлавіч.

— Канечне, Шура, Шурачка,— адказвае за сына Антаніна Іванаўна.

— Але ж ён прывык ужо… і ў дакументах у яго — Юра,— не згаджаецца бацька.

— Як хочаце, так і завіце,— смяецца Юра.

Вечарамі да іх збіраюцца суседзі, знаёмыя. Павіншаваць Булатаў з такой радасцю, паглядзець на Юру. Міхал Паўлавіч каторы раз паказвае лісты, расказвае, як, нарэшце, пацвердзілася, што Юра Наватораў — гэта той самы хлопчык Шура Булат, якога некалі вайна разлучыла з бацькамі.

— А чаму ж яго Юрам назвалі? — пытаецца цётка Маша, якая таксама прыйшла да Булатаў паглядзець на знойдзенага сына.

— А мне расказвалі,—тлумачыць Юра,— што калі спыталіся ў мяне, як мяне завуць, дык я сказаў «Урык». Гэта, мусіць, азначала Шурык, а ў дзіцячым доме падумалі, што Юрык, ды так і запісалі.

— Так, так, сынок, ты ніяк не мог літару «ш» вымавіць,—усцешылася Антаніна Іванаўна, пачуўшы новую падрабязнасць.— Памятаеш, Мішачка? — павярнулася яна да мужа.

Міхал Паўлавіч заківаў галавою.

— А ведаеш, мама,— узяў Юра руку Антаніны Іванаўны,— я вось цяпер, калі пачынаю ўспамінаць, то неяк смутна-смутна, нібы кінафільм, які глядзеў даўно-даўно, бачу доўгую белую дарогу, якая бяжыць некуды далёка-далёка. А па гэтай дарозе ідуць людзі. Многа людзей. Мяне нясуць на руках, а я пазіраю на гэтую дарогу, на дзяўчынку, якую вядзе за руку жанчына… Пасля яшчэ ўспамінаю, як нешта трашчала і грукатала і як беглі, крычалі людзі…

— Было ўсё гэта, Шурачка, было,— ківае галавою Антаніна Іванаўна і зноў выцірае далонямі памакрэлыя вочы.

— Ну, досыць, досыць,— паціскае Юра мяккую матчыну руку.— Не будзем больш пра гэта гаварыць.

— Ты яшчэ пасля хваробы добра не ачуняла,— непакоіцца і Міхал Паўлавіч.

— Што ты, што ты!..— замахала на яго рукамі Антаніна Іванаўна.— Я цяпер ад усіх хвароб назаўсёды вылечылася.

…Ужо некалькі дзён, як Юра дома, а Антаніна Іванаўна не можа паверыць свайму шчасцю. Тую ноч, калі Юра ўпершыню начаваў у роднай хаце, яна амаль зусім не спала. Толькі пад раніцу крыху звяла вочы. Прачнулася, уся мокрая ад халоднага поту. На нейкую хвіліну здалося, што ўсё гэта прыснілася, што ўсё гэта толькі сон, зноў сон, які так часта за доўгія дзевятнаццаць год бачыла Антаніна Іванаўна — нібы сын яе знайшоўся, нібы ён зноў з імі. Яна падхапілася, босая пайшла ў другі пакой, стала ля канапы, на якой спаў Юра.

Не, гэта не прыснілася Антаніне Іванаўне, яе сын быў тут. У акно падала святло ліхтара, які гарэў на вуліцы, і ў пакоі было не зусім цёмна. Антаніна Іванаўна доўга глядзела на сына, слухала, як ён роўна, спакойна дыхаў. Яна больш не лягла ў ложак. Калі на вуліцы пачало шарэць, яна пайшла ў кухню. Ціхенька, каб не стукнуць ніводнай талеркаю, пачала рыхтаваць снеданне.

«Як толькі прачнецца, хай усё будзе гатова,— думала яна.— Бедны хлопчык, усё жыццё не ведаў матчынай ласкі, ніхто ніколі не пашкадаваў яго, не папесціў. Хоць цяпер, хоць гэтыя кароткія дні хай будзе яму добра. А там жа зноў інстытут, інтэрнат, сталоўкі!» Маці зрабілася страшна ад думкі, што дні канікул скончацца і ён паедзе зноў, яго зноў не будзе з імі. «Хай бы ўзяў адпачынак на які год у інстытуце,— думае Антаніна Іванаўна.— Там жа таксама людзі сядзяць, павінны зразумець, што значыць праз дзевятнаццаць год бацькоў сваіх знайсці».

Як толькі Юра расплюшчыў вочы, Антаніна Іванаўна прыбегла да яго з талеркаю, на якой стаяў вялікі белы кубак, поўны пахучай свежай кавы, і ляжала нядаўна спечаная ружовая булачка.

— На, сыночак, выпі. Раніцою гэта добра. Ды не ўставай яшчэ.

Для Юры гэта было нечакана. Ён сеў на ложку, нялоўка ўсміхнуўся.

— Мамачка, нашто гэта ты? — сказаў ён.— Я да такога не прывык.

— А ты прывыкай, прывыкай, сынок,— ставячы талерку на крэсла, што стаяла ля ложка, гаварыла Антаніна Іванаўна.— Гэта толькі на здароўе. Выпі, выпі,— узяла яна яго за плечы.

— Ну, добра,— сказаў Юра.— Вып’ю, але болей ты так не рабі. Мне нават сорамна.

Калі ўсе паснедалі і Антаніна Іванаўна ўзялася прыбіраць са стала, Юра спыніў яе.

— Мы з Зояй пасуду прыбяром. А ты адпачні ідзі. Ты сёння ўстала рана.

— Што ты, сынок,— пляснула рукамі Антаніна Іванаўна.— Хіба я табе дазволю з пасудай займацца? Ды і не стамілася я. А што ўстала рана, то ці магу я спаць, калі радасць у нас такая.

Але Юра ўжо збіраў талеркі. Зоя кінулася яму памагаць.

— А што ж я буду рабіць, дзеткі,— пляскала рукамі Антаніна Іванаўна.

Міхал Паўлавіч весела пазіраў на дзяцей.

— Што, маці? Выходзіць, дзеці работу адабралі? Нічога, не бядуй.

Калі пасля Антаніна Іванаўна ўзялася прыбіраць у хаце і, сабраўшы палавікі, паклала іх ля дзвярэй, каб вынесці на двор і выбіць, Юра схапіў іх і знік за дзвярыма. Не паспела Антаніна Іванаўна агледзецца, як ён ужо што сілы трос іх на двары.

I зноў Антаніна Іванаўна, склаўшы рукі, пазірала на сына.

А Юра бачыў, як тупае маці па кватэры, гатуе, мые, прыбірае, і яму рабілася шкада яе. Яму было нават няёмка, што яна для яго так стараецца, і ён усё шукаў, чым бы памагчы ёй. Калі назаўтра Антаніна Іванаўна, надумалася мыць падлогу, ён не даў ёй гэтага рабіць.

У Антаніны Іванаўны ўжо не было сілы спрачацца, а Міхал Паўлавіч ціхенька кпіў:

— Во, можа Юра навучыць нашу Зою падлогу мыць, бо яна ж не ўмее.

Яшчэ зусім нядаўна Зоя любіла падоўгу прастойваць перад люстэркам, і так і гэтак зачэсваць валасы, мераць новыя сукенкі. Зоя лічыла, што яна прыгожая, а гэта — галоўнае, гэта — важней за ўсё.

Але ў апошні час яна пачала абмінаць люстэрка. Ужо каторы раз спрабавала яна зірнуць на сябе не звонку, а знутры, паглядзець на сябе вачыма старонняга чалавека. I яна пачынала адчуваць, што страціла ў жыцці нешта вельмі важнае. Зоя больш не падабалася сама сабе.

Яна вельмі баялася, каб не даведаўся Юра пра тое, што было ў яе з Жэнем. Яна вельмі прасіла Рэню, каб тая нічога не гаварыла Юру пра яе. Рэня абяцала. Але ці стрымае яна слова? У іх жа з Юрам вунь якія адносіны. Яны, мусіць, усё-ўсё адзін аднаму расказваюць.

I Зоі зноў зрабілася крыўдна…

Рэня цяпер амаль кожны вечар бывала ў Булатаў. 3 работы адразу ішла да іх. Тут чакалі Рэнінага прыходу і без яе не садзіліся абедаць. А пасля абеду ўсе збіраліся разам. Антаніна Іванаўна садзілася ў крэсла, складвала на каленях рукі і глядзела на Юру. Рэня і Зоя ўмошчваліся на канапе, прыхіляліся адна да адкой і слухалі, пра што гаварылі Юра і Міхал Паўлавіч. А Міхал Паўлавіч заводзіў з Юрам доўгія размовы пра міжнародныя падзеі, пра Юраву прафесію. Юра расказваў яму пра масты. Аб іх ён гаварыў з захапленнем.

— Ты разумееш, што такое мост? Гэта твор мастацтва. Як і кожны твор мастацтва, ён мае свой нацыянальны характар_ з’яўляецца як бы комплексам, неад’емнай часткаю архітэктуры, уласцівай той альбо другой краіне. Адзін выгляд маюць масты Італіі — яны лёгкія і далікатныя. Ну, як лірычныя вершы. I зусім іншыя масты сярэдневяковай Іспаніі. Гэта ўжо эпічная паэма. Альбо масты Францыі, Парыжа. Колькі ў іх элегантнасці! А ёсць масты-вуліцы, масты-базары…

Міхал Паўлавіч слухаў сына, не зводзячы з яго позірку. Усё, што расказваў сын, было цікава, але самае галоўнае было тое, што гэта расказваў яго сын, што яго сын — дарослы чалавек і такі разумны, харошы.

«Масты, масты»_ — уздыхае Міхал Паўлавіч. Для яго масты часцей за ўсё былі сродкамі камунікацыі. Ён узрываў тыя масты, па якіх мог прайсці вораг, і спешна наладжваў масты-пераправы для сваіх часцей. Колькі іх, мастоў, прыйшлося ўзарваць за час Айчыннай вайны! Ён тады не думаў, што масты, якія ён узрываў, былі творамі мастацтва. Проста іх было вельмі шкада ўзрываць.

— А масты старой Расіі? — гаварыў Юра. — Яны, як і ўся старая Русь, былі драўляныя. А якія геніяльныя праекты мастоў стваралі рускія вучоныя! Узяць хаця б мост Кулібіна, спраектаваны яшчэ ў васемнаццатым стагоддзі. Праектам Кулібіна захапляліся вучоныя ўсяго свету. Яны называлі Кулібіна вялікім артыстам. Дарэчы, Рэнечка, — павярнуўся ён да Рэні. — Кулібін мае дачыненне і да тваёй спецыяльнасці.

— Ведаю, — хітра прыжмурыла вочы Рэня. — Кулібін зрабіў і цуда-гадзіннік, велічынёю з качынае яйка. Кожную гадзіну ён званіў, у ім адчыняліся дзверцы, і маленькія артысты паказвалі прадстаўленне, — як вучаніца ўрок, адказала Рэня.

Юра і Рэня не хавалі сваіх адносін ад Антаніны Іванаўны і Міхала Паўлавіча, ад Зоі. Юра заўсёды з нецярпеннем чакаў, калі прыйдзе з работы Рэня. А Рэня, як толькі ўбягала ў хату, адразу пыталася: «А Юра дзе?»

Аднойчы Антаніна Іванаўна завяла Юру ў спальню, зачыніла за ім дзверы, пасадзіла ў крэсла. Юра зразумеў, што маці хоча нешта сказаць яму.

Антаніна Іванаўна падышла да Юры, пагладзіла яго светлыя валасы, пацалавала ў шчаку.

— Шурачка, — загаварыла яна. — А як у вас з Рэняю? Што вы думаеце рабіць… Вы ўжо аб усім дамовіліся ці яшчэ не?

— А яна табе падабаецца, мама? — спытаўся Юра.

— Ды яна мне ўжо як дачка.

— Праўда? — усміхнуўся Юра. — Ну, тады я вельмі рады.

Антаніна Іванаўна расчулілася, у вачах яе бліснулі слёзы.

— Дык, сыночак, — сказала яна, — узялі б вы тады ды зарэгістраваліся… Пакуль твае канікулы, і вяселле згулялі б.

Юра хвіліну сядзеў, збянтэжаны. Пасля падняўся, падышоў да акна. Стаў ля яго і некаторы час пазіраў, заклаўшы за спіну рукі, пасля павярнуўся да маці.

— Дзякуй табе, мамачка, за тое, што ты сказала. Але, ведаеш, — усміхнуўся ён. — Вось скончу інстытут — яшчэ ж усяго паўгода засталося і тады… Тады мы з Рэняй і пажэнімся.

— Што ж, табе відней, сынок,— уздыхнула Антаніна Іванаўна. — Толькі вось паедзеш жа ты зноў. Хай бы Рэня ўжо ў нас жыла. Гэта ж так добра, калі сям’я вялікая.

— Дык яна ў нас і будзе, мама.


23

Зіма прыбрала горад на свой лад. Дахі дамоў былі белыя. Галіны дрэў страсалі іней на плечы і на капелюшы прахожых. Звонка гучалі галасы і смех дзяцей, што гулялі ў скверыку. Хлапчукі, выкачаныя ў снезе, на каньках з’язджалі з горкі. Падалі, збіваліся ў кучу і зноў карабкаліся на гару. Юра з Зояй пастаялі, паглядзелі на дзяцей.

— Ведаеш што, давай пойдзем сустракаць Рэню, — сказаў Юра.

— Давай, — згадзілася Зоя.

Калі яны пад’ехалі да завода, з прахадной пачалі выходзіць работніцы. Замільгалі сінія, зялёныя, чырвоныя капелюшы і хусткі. На белым снезе, які прасціраўся вакол, усе колеры здаваліся асабліва яркімі.

У Зоі раптам моцна забілася сэрца. Яна і не думала, што так расхвалюецца тут. 3 нейкім жалем пазірала на дзверы прахадной. Гэта ж нядаўна вось так канчала рабочы дзень і яна. А цяпер яна тут чужая: стаіць збоку і пазірае, як разыходзяцца дзяўчаты, рассыпаюцца, як пацеркі з ніткі. А заўтра зноў збяруцца разам…

Праходзілі знаёмыя дзяўчаты. Многіх з іх Зоя ведала толькі ў твар. Але кожную хвіліну маглі паказацца з іх цэха, з іх брыгады. I хацелася Зоі ўбачыць каго, і было боязна, і яна то адыходзіла ад Юры, то бліжэй падступала да яго, нібы нават хавалася за яго спіну. А Юра пільна сачыў за дзяўчатамі, выглядваючы Рэню.

— Мы тут яе, чаго добрага, прапусцім, — сказаў ён нарэшце і ўзяў Зою за руку. — Хадзем бліжэй да прахадной.

А вось і Рэня. Русыя кудзеркі выбіліся з-пад невялічкай футравай шапачкі. Густыя бровы на белым ілбе, як крылы чорнай птушкі. I сама Рэня, як птушка — лёгкая, шчаслівая. Вось ўбачыла Юру з Зояй, падбегла да іх.

— Ты не стамілася? — пазірае ў Рэніны вочы Юра і страсае з яе пляча сняжынкі. — Калі не, то давайце пагуляем.

— Давайце, — ахвотна згадзілася Рэня.

— Але можа ты есці хочаш? Ты ж з работы, — схамянуўся Юра.

— Пакуль што не, — усміхаецца яна, — а вось як пагуляем, то і апетыт разгуляецца.

— Дык ведаеце што, давайце паедзем у горад, пакажыце мне ваш славуты пуцеправод, што каля Дома ўрада.

Былі так званыя «гадзіны пік». На прыпынку тралейбуса стаяла доўгая чарга, але яны неяк селі. Юра з Рэняю пасля прасунуліся наперад, а Зою скора адціснулі на заднюю пляцоўку, у самы канец тралейбуса. Але Зоя не адчувала цеснаты, не звяртала ўвагі на штуршкі і на тое, што стаяць нязручна.

Ёй раптам вельмі захацелася, каб і яна ехала цяпер з работы. Хай бы кожны дзень была вось такая цесната. Гэта ж такое шчасце — быць разам з усімі. Ты, як і ўсе, едзеш з работы, як і ўсе, заўтра пойдзеш зноў. I паслязаўтра…

На прыпынку каля Дома ўрада выходзіла вельмі многа пасажыраў.

— Фу, ледзь даехалі, — папраўляў паліто, шапку Юра. — Як цябе там, сястрычка, не задушылі? — падаў ён руку Зоі, якая апошняй паказалася ў дзвярах.

Яны хадзілі па мосце, любаваліся горадам.

— Чакай, я ніяк не магу сарыентавацца,— брала Рэня Юру за руку.— Гэта якая вуліца? Маскоўская? Ой, не, гэта Бабруйская,— пазнавала яна.— Маскоўская там, у канцы моста. Глядзі, Юра, як хораша тут.

— Вядома, хораша. I горад ваш харошы. Прыгожы горад.

— Дзіва! — радавалася Рэня.

Яны зноў хадзілі па мосце, глядзелі на праспект, абрысаваны лініямі агнёў. Злева велічна ўзвышаўся будынак Дома ўрада. Шэры змрок апускаўся на горад. Успыхвалі неонавыя надпісы. Загараліся фары аўтамашын. I безліч аганькоў — зялёных, чырвоных, сініх пачынала мільгаць на вуліцах. Прыбывала пешаходаў.

Рэня з Юрам жартавалі, смяяліся. А Зоя ішла сцішаная і ўвесь час маўчала. Юра заўважыў гэта.

— А ты, сястрычка, чаму сёння такая невясёлая?

— Ат, нічога. Не звяртайце на мяне ўвагі.

Антаніна Іванаўна не магла дачакацца дзяцей. Яна прыслухоўвалася да кожнага стуку на лесвіцы, пазірала праз акно на асветленую ліхтарамі вуліцу.

— Нарэшце,— з палёгкаю ўздыхнула яна, калі дзеці з’явіліся.— I дзе гэта вы так позна галодныя ходзіце?

Яна адразу кінулася падаваць абед, забегала, замітусілася.

За сталом Рэня і Юра расказвалі, як яны гулялі па горадзе.

Антаніна Іванаўна з трывогаю пазірала на Зою. Не падабалася ёй дачка — нейкая бледная і сумная.

Калі прыбралі са стала і Зоя з Рэняй пайшлі ў кухню мыць пасуду, Антаніна Іванаўна ўздыхнула.

— Бачыце, якая яна… Што гэта з ёй робіцца?

Міхал Паўлавіч кашлянуў, устаў, прайшоўся па хаце.

— Я ведаю, чаму яна такая,— сказаў ён.— Але нічога, уладзім як-небудзь.

— Я, тата, таксама ўсё ведаю,— сказаў Юра.— I думаю, што нам трэба з ёю пагаварыць.

— Я якраз сёння і збіраўся гэта зрабіць.— заявіў Міхал Паўлавіч.

— Толькі не крыўдзіце вы яе,— затрывожылася Антаніна Іванаўна.

— Ну што ты, маці!..— усміхнуўся Міхал Паўлавіч.— Хіба адна ты яе шкадуеш?

Калі дзяўчаты скончылі работу, Міхал Паўлавіч паклікаў Зою:

— Хадзі сюды, дачка. Садзіся. Трэба нам з табою пагаварыць.

Зоіна сэрца ёкнула. Яна адразу здагадалася, пра што будзе гаварыць з ёю бацька. Ну, няўжо ён не мог пагаварыць як-небудзь так, каб не чуў Юра? I разам з тым нейкая надзея засвяцілася ў яе душы. Ёй так нядобра было ўвесь апошні час, так сорамна за сябе, так хацелася адчуць сябе іншым чалавекам… Дык можа зараз,.. цяпер што-небудзь вырашыцца…

Паслухмяна села яна на крэсла, склала на каленях рукі, апусціла вочы.

Гладзіла, распраўляла рукою абрус Рэня.

Антаніна Іванаўна ўся падалася да Зоі, нібы гатовая кожную хвіліну кінуцца дачцэ на дапамогу.

— Зацягнуліся, дачка, твае канікулы,— стараючыся глянуць Зоі ў твар, сказаў Міхал Паўлавіч.

Зоя яшчэ ніжэй апусціла галаву.

— Трэба ж, мусіць, некуды ісці табе працаваць. Як ты думаеш? — гаварыў бацька.

Зоя нічога не адказала.

— Паднімі вочы, дачка,— падышоў да яе Міхал Паўлавіч.— Тут жа ўсе свае. Усе мы любім цябе і дабра табе жадаем. Памагчы хочам. Ну, скажы, куды ты хочаш?

Зоя маўчала.

— Ох, якая ж ты ў мяне,— уздыхнуў бацька.— Бачу я, што зноў ты без мяне не абыдзешся. Але памятай, — бацька цяжка паклаў на стол руку,— гэта апошні раз. Больш я за цябе чырванець не буду. Больш каб ты мне работы не кідала.

Міхал Паўлавіч крыху перачакаў, пасля строга і ласкава, як гавораць з малым дзіцем, якое насваволіла, працягваў:

— Сёння я сустрэў аднаго свайго знаёмага. Ён на заводзе медпрэпаратаў працуе. Ім там у лабараторыю патрэбна вучаніца. Я спытаўся, ці не маглі б узяць цябе. Дык ён сказаў, што можна. Работа цікавая. I зарабляць там будзеш добра. Так што дамовіліся?

Зоя зноў не сказала ні слова.

— Ты нарэшце скажаш што-небудзь? — пачаў злавацца бацька.— Хочаш ты ў лабараторыю ці не?

— Не,— адказала нарэшце Зоя.

— Дык чаго ж ты хочаш? — з недаўменнем уставіўся на яе Міхал Паўлавіч.

— Я б хацела вярнуцца на завод, але…— запнулаея Зоя.

— А божачкі, — пляснула рукамі Антаніна Іванаўна. — Ты ж казала, што там табе было цяжка…

— Я б хацела вярнуцца,— падняла нарэшце вочы Зоя. Гэта былі Зоіны і не Зоіны вочы. Нешта новае было ў іх.

Зоя і сама здзівілася таму, што сказала. Яна даўно ўжо шкадавала, што кінула завод, але сама не ведала, што ёй так хацелася туды вярнуцца. Толькі калі бацька прапанаваў ісці на іншую работу, зразумела яна, што болып за ўсё ёй хацелася б у цэх, за канвеер.

Некаторы час у пакоі было зусім ціха.

— Як гэта добра, Зоечка,— радасна сказала Рэня. Яна падскочыла да Зоі, абняла яе,— Як добра, што ты хочаш вярнуцца на завод!

— Але не возьмуць мяне, не возьмуць,— з адчаем паглядзела на яе Зоя.

— Хай Міхал Паўлавіч сходзіць да дырэктара, пагаворыць. Вы ж сходзіце, праўда? — паглядзела на яго Рэня.

— А па-мойму, не трэба, каб тата хадзіў, — загаварыў Юра, які дагэтуль маўчаў і толькі прыслухоўваўся да таго, аб чым гаварылі. Цяпер ён неяк выпрастаўся, падцягнуўся і, здавалася, зрабіўся яшчэ вышэй ростам.— Не трэба, каб хадзіў тата,— паўтарыў ён.— Зоя — дарослы чалавек. Яна павінна ўжо адказваць за свае ўчынкі. Сама звольнілася з завода, хай сама цяпер пастараецца і вярнуцца. Другі раз будзе добра думаць, перш чым нешта зрабіць. А то прывыкне ўсё жыццё за нечую спіну хавацца. Ты не крыўдзіся на мяне, Зоя, за мае словы. Але зрабіла ты нядобра, калі пайшла з завода. Цябе вучылі, табе грошы плацілі за тое, што вучылі, дзяржава на цябе спадзявалася… Дык вось, ты сама павінна паправіць памылку.

Юра скончыў гаварыць, прайшоўся па пакоі, спыніўся, чакаючы, што скажа на гэта Зоя, што скажуць астатнія.

— Але не возьмуць мяне на завод, не возьмуць,— прыклала далонь да грудзей Зоя.

— Не возьмуць, тады будзеш думаць, што рабіць далей, а паспрабаваць вярнуцца трэба. Так я гавару, Рэня?

— Дырэктар вельмі добры чалавек, ён прыме цябе,—угаварвала Зою і Рэня.

— Не, ты скажы, ці правільна я кажу, што Зоя павінна сама выправіць памылку?

— Вядома, Юрачка, правільна,— згадзілася Рэня.

— А вы, мама, тата…

— Што ж, няхай паспрабуе,— кінуў недаверлівы позірк на дачку Міхал Паўлавіч.

— Ой, не ведаю, не ведаю,— уздыхнула Антаніна Іванаўна.

Ноччу Зоя доўга не магла заснуць, усё думала, што ёй рабіць.

Уяўлялася, як скажа ёй дырэктар: не, мы не можам прыняць вас на завод,— і ёй рабілася сорамна. Але калі ўяўлялася, як і заўтра, і паслязаўтра яна будзе пакутаваць ад думкі, што зрабіла вялікую памылку,— ёй станавілася яшчэ горш. Успамінаўся цэх, дзяўчаты ў белых халатах. Зоі вельмі хацелася зноў туды, да іх. Цяпер яна прыгадвала не тыя хвіліны, калі было цяжка, а тыя, калі ў яе нешта атрымлівалася. Зноў хацелася ўзяць у рукі інструмент. Цяпер бы яна так старалася…


24

Назаўтра яна ўстала рана і пачала збірацца на завод. Паглядзела на адну сукенку, на другую, але чамусьці не захацелася апранацца вельмі прыгожа. Дастала чорную спаднічку і сінюю шарсцяную кофтачку, у якой ездзіла ў Калінаўку. Проста зачасала валасы.

Нясмела адчыніла яна дзверы дырэктаравага кабінета.

Іван Іванавіч, нізка схіліўшыся да стала, гартаў нейкія паперы. Калі Зоя падышла да яго, ён падняў галаву і, нібы нешта ўспамінаючы, паглядзеў на яе.

Зоя трымала ў руках заяву, не адважваючыся падаць яе.

— Ну, давайце, што там у вас,— працягнуў Іван Іванавіч руку да лістка. Ён шпарка прабег вачыма напісанае, паклаў лісток на стол, а сам зноў уважліва паглядзеў на Зою.

— Гэта вы мне некалі сказалі няпраўду? — прагаварыў ён нарэшце.— Гэта вы прасілі звольніць у сувязі з пераездам?.. Цікава, цікава,— хмурыў бровы дырэктар.— То вы падавалі заяву аб звальненні з работы і так хацелі пайсці з завода, што нават ашукалі мяне, то зноў прыйшлі з заяваю, каб вас прынялі. Як я павінен разумець гэта?

«Адкуль ён даведаўся, што я сказала яму няпраўду? Мусіць, спытаўся ў Ігара Барысавіча, а той у дзяўчат»,— прыйшла думка.

— Чаго ж вы маўчыцё? —строга пазіраў на яе дырэктар.— У вас былі якія-небудзь сур’ёзныя прычыны для звальнення?

— Не,— адказала Зоя.

— Чаму ж цяпер вы хочаце вярнуцца на завод?

«Цяпер не варта і прасіцца, не даруе ён мне, што схлусіла»,— падумала Зоя і ледзь не заплакала ад крыўды і злосці на самую сябе.

— Маўчыцё. Вазьміце вашу заяву,— падаў ён Зоі лісток.— Я не магу то звальняць людзей, то зноў вяртаць іх. У мяне няма гарантыі, што праз тыдзень вы зноў не прыйдзеце да мяне з заяваю аб звальненні.

Зоя, не пазіраючы на дырэктара, узяла паперку, пайшла.

А Іван Іванавіч глядзеў, як павольна, апусціўшы рукі і плечы і неяк адразу абвяўшы, ішла Зоя да дзвярэй. Яна раптам здалася яму дзіцем, якога вось толькі што пакаралі, і яно, разумеючы, што зрабіла нядобра, паслухмяна ідзе, каб стаць у кут і адбываць там сваё пакаранне.

— Пачакайце!..

Зоя аж спалохалася, так нечакана спыніў яе дырэктар. Яна нясмела азірнулася.

— Ідзіце сюды,— паклікаў ён сурова.— Дайце вашу заяву.

Зоя падала яму лісток.

— Перадам вашу заяву ў камітэт камсамола. Хай абмяркуюць яе на сходзе,— паклаў ён лісток на край стала.— Калі вашы таварышы вырашаць прыняць вас назад у свой калектыў, тады і я згаджуся. А не захочуць яны, то і я не залічу вас. Усё… Ідзіце,— важка паклаў ён руку на Зоіну заяву.

Гэтыя дні Зоя жыла, як у сне. Яна ела, апраналася, хадзіла гуляць з Рэняй і Юрам, але рабіла ўсё гэта механічна. Яна ведала, што кожны дзень яе могуць выклікаць на камсамольскі сход. Усе будуць пазіраць на яе, шаптацца паміж сабою. Наўрад ці хто-небудзь заступіцца за яе.

— Не хвалюйся ты так, усё будзе добра,— супакойвала яе Рэня.— Дзяўчаты абяцалі падтрымаць.

Але Зоя ўсё роўна не знаходзіла сабе месца.

I вось гэты дзень прыйшоў. У пакоі адпачынку, дзе звычайна адбываліся ўсе сходы, сабраліся камсамольцы зборачнага цэха. Усе ў белых халатах, толькі Зоя ў чорнай спадніцы і ў сіняй шарсцяной кофтачцы. I ёй здаецца, што ад гэтага яна асабліва прыкметная тут, што на яе ўсе пазіраюць.

Да Зоі цьмяна даходзіць, што адбываецца навакол. Абыякава слухае яна, як расказваюць свае біяграфіі дзяўчаты, якіх сёння прымаюць у камсамол. I толькі калі да стала, дзе сядзеў прэзідыум сходу, падышла Іна Горбач, Зоя крыху здзівілася. «Няўжо Інку Горбач у камсамол прымаюць»,— падумала яна.

Сцяпан Шугалаў, сакратар бюро, вёў сход. ён стаяў за сталом, невысокі, плячысты. Усе ў прэзідыуме строгія, сур’ёзныя, і Зоіна сэрца ледзянела, як толькі думала яна, што скора, вось зараз, яны пачнуць гаварыць пра яе. Яна бліжэй падсоўвалася да Рэні, тулілася да яе пляча.

— Дык хто за тое, каб Горбач прыняць у камсамол? — спытаўся Сцяпан Шугалаў.— Аднагалосна. Віншуем вас, таварыш Горбач,— падышоў ён да Іны. Іна неяк нялоўка падала яму руку і скоранька пайшла на месца. Яна села каля Любы, і Валя з Рэняю павярнуліся да яе, павіншавалі.

— Наступнае пытанне нашага сходу — заява камсамолкі Зоі Булат.

Зоіна сэрца страпянулася. Сцяпан Шугалаў чытаў яе заяву, і словы, якія пачула Зоя, здаліся ёй чужымі, незнаёмымі. Проста не верылася, што гэта яна іх напісала.

— Якія будуць меркаванні? — абвёў вачыма залу Сцяпан Шугалаў.

Усе маўчалі. Ніхто не прасіў слова.

— Ну, таварышы, прашу. Справа сур’ёзная.

— Дайце мне слова,— узнялася нарэшце рука.

— Галя Слесарэнка? Калі ласка.

Да стала падышла высокая тонкая дзяўчынка. У яе былі доўгія ногі, доўгія рукі, доўгі, нібы крыху выцянуты, твар.

— Хацела б я зразумець,— строга пачала Галя Слесарэнка,— што прымусіла Булат напісаць вось гэту заяву,— яна паказала тонкім доўгім пальцам на лісток, які ляжаў перад Сцяпанам Шугалавым. — Ці яна адчула, што без завода не можа жыць, ці адчула, што зрабіла памылку, кінуўшы яго, ці проста так — іншай, лягчэйшай работы не знайшла? Можа яна зноў кіне завод, як толькі з’явіцца на яе гарызонце нешта лепшае, больш выгаднае, — пыталася Галя Слесарэнка, і яе доўгі твар, здавалася, выцягваўся яшчэ больш.— Але, выбачайце, заводу не выгадна браць такую вучаніцу. Заводу патрэбны кадры. Вучаць людзей для таго, каб яны пасля працавалі, а браць вучаніцу, якая праз некалькі месяцаў кіне завод, гэта значыць кідаць дзяржаўныя грошы на вецер,— узмахнула сваімі доўгімі рукамі Галя Слесарэнка.— Завод не можа быць прытулкам для асоб, якія не ведаюць, чым заняцца і пырхаюць з месца на месца. У нас не яслі, не дзіцячы сад, у нас вытворчасць, — строга сказала яна.— Але можа Булат многа думала, перш чым напісаць гэту заяву, — яна зноў паказала на лісток, які ляжаў перад Сцяпанам Шугалавым,— і яе рашэнне ўжо не такое безадказнае, як ранейшае… Тут трэба падумаць,— нечакана закончыла яна і пайшла на месца.

— Та-ак,— устаў Сцяпан Шугалаў,—Хто наступны?

Зноў узнялася рука. Хлопца, які прасіў слова, Зоя бачыла першы раз, але побач з ім сядзеў Жэня. «Значыцца, ён ужо вярнуўся з адпачынку», — пранеслася думка.

Зоя нават не пачула, як прозвішча хлопца, што прасіў слова. А той хутка ішоў да трыбуны, упэўнена, важка ступаючы.

— Вось тут таварыш Слесарэнка правільна сказала, што ў нас вытворчасць, складаная, адказная вытворчасць, — сказаў ён і зрабіў паўзу.— Наш завод лічыцца адным з лепшых у Савецкім Саюзе, а мы павінны дабівацца, каб ён яшчэ лепшы быў. А што самае галоўнае на заводзе? Самае галоўнае гэта людзі, кадры. Для таго, каб завод наш выйшаў на першае месца, нам трэба мець вельмі зладжаны, моцны калектыў. I я лічу, што мы павінны павесці барацьбу за такі калектыў. Не шкадуючы, нам трэба адсяваць дрэнных работнікаў, каб заставаліся ў нас толькі моцныя, выпрабаваныя людзі. А ці будзем мы мець у асобе Булат такога работніка? Я вельмі сумняваюся, бо ўчынкі Булат гавораць не ў яе карысць. Дык ці варта нам прымаць назад у калектыў чалавека, які хутчэй за ўсё будзе перашкаджаць нам ісці наперад, да камунізма? Я думаю, што не,— рашуча страсянуў ён галавою і пайшоў на месца.

— А ты ў нас для камунізма ўжо гатовы? — прагучэў раптам нейчы голас.

Хлопец спыніўся, як укапаны, і павярнуўся ў той бок, адкуль крыкнулі.

Нехта засмяяўся.

— Ды больш гатовы, чым ты,— пагардліва адказаў ён на выкрык і сеў на месца.

Зоя бачыла, як Жэня нахіліўся да яго, нешта пачаў яму гаварыць усміхаючыся.

— Я прашу слова! — пачулася з апошніх радоў.

Зоя пазнала гэты голас — той самы, які нядаўна кінуў рэпліку.

— Гэта ж Валодзя! — сціснула Зоіну руку Рэня.

А Валодзя ўжо ішоў да прэзідыума. Халат расшпілены, і белае крыссе адлятае назад. Здаецца, што Валодзя не ідзе, а ляціць.

— Таварыш, які выступаў, — пачаў Валодзя, — гаварыў аб тым, што мы ідзём да камунізма. I гэта так. Тут ён сказаў правільна. Але, па-ягонаму, мы павінны адбіраць лепшых людзей і з імі, так сказаць, крочыць наперад, а іншых некуды «адсяваць». А што, хачу спытаць я, у нашай краіне будуць з тымі «высеўкамі» рабіць? Іх куды, на іншую планету адправіць? Не, я думаю, не ў тым заслуга, каб нейкіх выбраных, лепшых людзей у камунізм прывесці. Весці туды трэба ўсіх… Усёй краінаю ісці наперад.— Валодзя на хвіліну спыніўся, уздыхнуў на поўныя грудзі і ўжо крыху спакайней гаварыў: — Правільна, нам трэба змагацца за калектыў, за дружны, працаздольны калектыў, але трэба самім яго і ствараць. Я не хачу апраўдваць Зою Булат. Яна змаладушнічала. Спужалася цяжкасцей і ўцякла з завода. Гэта ганебны ўчынак, не варты камсамолкі. Але цяпер жа яна ведае, на якую работу ідзе. Ведае, што ёй зноў будзе цяжка. Яна хоча паправіць памылку, і мы павінны ёй дапамагчы. Я за тое, каб падтрымаць яе просьбу, каб вярнуць яе вучаніцаю ў зборачны цэх, — заключыў хлопец.

Пасля выступлення Валодзі адразу некалькі рук паднялося ўгору, але да стала, не дачакаўшыся, пакуль дадуць ёй слова, выбегла Валя. Твар у яе гарэў. Вочы сыпалі іскры.

— Я хачу сказаць, — пачала яна, паварочваючыся то да прэзідыума, то да ўсіх прысутных, — хачу сказаць,—яшчэ раз паўтарыла Валя,— што цалкам і поўнасцю далучаюся да Валодзевай думкі. Сёння мы даведаліся, што Зою Булат хацелі ўладзіць на новую работу. Лабаранткай на завод медпрэпаратаў. А яна адмовілася. Захацела вярнуцца да нас. Хіба гэта нічога не азначае? А ён кажа, што трэба адсяваць, — паказала яна пальцам на хлопца.— Можа цябе адсяваць трэба, бо ты толькі што на наш завод прыйшоў, а ўжо камандуеш. Мы яшчэ цябе не ведаем, які ты і ці вельмі ты для камунізма ўжо гатовы. А Валодзя правільна сказаў. Мы павінны памагчы Зоі. Вось вазьміце Горбач. Здаецца, чалавек зусім не падаваў надзеі. Звальняць з работы хацелі. А сёння мы яе ў камсамол прынялі. Нават Ігар Барысавіч цяпер на яе благога слова не скажа. Я прашу… Уся наша брыгада просіць падтрымаць Булат… Мы за яе адказваць будзем, усёй брыгадаю,— скончыла Валя і ледзь не бягом кінулася назад у залу.

Па гоману, па шуму цяпер адчувалася, што сход на баку Зоі. Усім не спадабалася выступленне навічка, а Валодзю ведалі на заводзе даўно, яго паважалі. Спадабалася і гарачае Валіна выступленне. Калі пачалі лічыць галасы, убачылі, што пераважная большасць была за тое, каб вярнуць Зою ў цэх.

— Вось бачыш, я ж казала, што ўсё будзе добра, — гаварыла Зоі Рэня.

А Зоя сядзела з чырвонымі плямамі на шчоках ад нядаўна перажытага хвалявання. Ёй радасна было, што сход так нечакана выступіў у яе абарону. Адразу знікла пачуццё самоты, якое яшчэ нядаўна гняло яе. I ўпершыню за ўвесь апошні час Зоя ўздыхнула свабодна.


25

Зоя вярнулася ў цэх з адчуваннем, з якім выходзяць пасля доўгай хваробы на вуліцу людзі. Усё здаецца тады незвычайна свежым, харошым, радасным.

Калі яна зноў падышла да свайго месца, то спачатку сумелася. Насупраць Рэні сядзела ўжо другая вучаніца, з маленькім, як гузічак, носам. Зоя вырашыла, што Рэня больш не будзе яе вучыць, што яе пасадзяць да каго-небудзь другога. Але Рэня папрасіла Ігара Барысавіча, каб ён дазволіў ёй вучыць і Зою.

— 3 Зояй мне цяпер будзе мала работы,— прасіла Рэня.

Ігар Барысавіч згадзіўся. I калі Зоя зноў села на сваё месца насупраць Рэні, ёй здалося, што ніколі і не пакідала яна завода.

Ніхто не ўпікаў Зою, ніхто не кідаў насмешлівых позіркаў, і яна была вельмі ўдзячна ўсім дзяўчатам. Ёй хацелася зрабіць для іх нешта добрае, паказаць, што не такая ўжо яна і благая, што не дарэмна яны заступіліся за яе і што не прыйдзецца ім пасля шкадаваць. Але Зоя не ведала, як выказаць гэтыя свае пачуцці, і толькі пільней прыглядалася да баланса, каб нарэшце добра зрабіць яго.

— На рэмантуар, — чуе яна, як перадае па канвееры Люба, і гэтыя словы, такія звычайныя, якія так часта чула Зоя і раней, здаюцца ёй цяпер вельмі харошымі.

— Ну, як ідуць справы? — пытаецца ў яе Валя.

— Нішто, — адказвае Зоя і яшчэ ніжэй нахіляецца да работы.

— У тваёй лупе край адбіўся, яна, мусіць, табе муляе, — кажа Люба. — Трэба папрасіць, каб далі цэлую. У час абеду папросім у Вольгі Мікалаеўны.

— Не, нічога, — кажа Зоя, хоць сама цяпер заўважае, што лупа сапраўды даволі балюча ўядаецца ў пераноссе.

Зоя прыстаўляе і прыстаўляе лінейку да баланса. Нарэшце здаецца, што ўсё зроблена як трэба.

— На, паглядзі, — падае яна работу Рэні.

Рэня закрыла пластмасавым каўпачком падстаўку з камплектам, узяла ў Зоі з рук ляўцыркуль, нахілілася да яго і пачала правяраць баланс.

— Добра. Правільна. Не б’е, — гаворыць яна і кладзе папраўлены Зояй баланс пад пластмасавы каўпачок, да тых, якія сама паправіла.

Толькі цяпер успомніла Зоя, што на гэты баланс яна патраціла не так і многа часу.

«Дурніца, — думае яна пра сябе. — Каб не пайшла тады з завода, ужо на канвееры самастойна працавала б»…

У час абеду да іх брыгады падышоў Валодзя. У руках у яго лісток паперы і аўтаручка.

— Дзяўчаткі, хто прыме ўдзел у паходзе на лыжах?

— Пішы мяне,— адразу просіць Валя.

— Які паход, куды? — пытаецца разважлівая Люба.

— У наш падшэфны калгас. Павязём ім бібліятэчку ў падарунак. Выедзем у суботу пасля работы, там пераначуем і ў нядзелю вечарам вернемся.

— Пішы, пішы мяне,— насядае на яго Валя.

Валодзя паклаў лісток на край канвеера, пачаў запісваць.

— I мяне запішы,— вырашыла тым часам Люба.

— I мяне,— налягае на Любіны плечы Каця.

— А можна, Валодзя,— спыталася Рэня, і твар яе злёгку паружавеў,— можна каб з намі пайшоў адзін чалавек… Ён не з нашага завода. Ён сюды, у Мінск, у госці прыехаў.

— Юра? — радасна глянула на Рэню Зоя.

— Але,— кіўнула яна.

— А што там за чалавек такі? — падняў Валодзя ад лістка хітраватыя вочы. — Ці дужы ён?.. Паможа нам бібліятэчку несці?

— А як мы яе панясём? — спыталася Валя.

— Як панясём? Падумаеш! У рукзакі пакладзем кнігі і — парадак…

— Дык той чалавек, павінна я табе сказаць,— весела гаворыць Рэня,— поўны збор твораў Льва Талстога адзін у Маскву занясе!

Усе засмяяліся.

— Ну, калі так, бяром яго з сабою.

— Тады пішы… Пішы мяне, яго, Зою. Ты ж пойдзеш таксама, праўда?

— А далёка гэта?

— Не прыстанеш, не такая ўжо ты і слабенькая, — сказала Валя. — Ой, дзяўчаткі, — войкнула яна, зірнуўшы на гадзіннік. — Пайшлі абедаць, бо не паспеем, і так ужо аж пятнаццаць мінут прайшло!

— Дык пішыце і мяне, — папрасілася Зоя.

— Абе-едаць, абе-едаць,— заспявала Каця, і ўсе рушылі ў шырокі калідор, які вёў з цэха да выхаду.


26

Лыжня выбягала з лесу і роўнай паласою перасякала поле. 3-пад старой вялікай елкі, якая шырока раскінула свае цёмна-зялёныя галіны, паказаўся лыжнік. Ён нібы вынырнуў з-пад яе і, выехаўшы на поле, пайшоў шырокім крокам. За першым лыжнікам паказаўся другі, за другім — трэці, чацвёрты, пяты. I здавалася, што не будзе ім канца…

Снег чырвонымі, сінімі, зялёнымі іскрамі блішчыць на сонцы, слепіць вочы, хрумсціць, скрыпіць пад лыжамі, як крухмал. Здаецца, ад яго ідзе пах — пах нечага свежага, чыстага, халоднага.

Лыжня ідзе то роўнаю лясною прасекаю, то паварочвае ўглыб лесу, і тады пачынае вывівацца, абганяць узгоркі, абыходзіць вялікія старыя дрэвы. Вось падбегла яна да маладога ляску, і ажылі стройныя елачкі. А лыжнікі — хто шапкаю зачэпіць галіну, хто рукавіцаю страсе з яе снег, а хто знарок так зачэпіць елку, каб яна густа сыпанула снегам. Вакол вясёлыя галасы, смех.

За лесам — зноў прастор. Нібы вялізныя мядзведзі, укрытыя белымі пярынамі, спяць узгоркі. Іх не разбудзяць вясёлыя галасы лыжнікаў.

Наперадзе Зоі ўвесь час матляецца чырвоны кутас Рэнінай вязанай шапачкі. То аддаляецца, то набліжаецца яе спіна з сінім рукзаком.

Наперадзе Рэні ідзе Юра. Ён у карычневым лыжным касцюме, на галаве — чорная коцікавая шапка са скураным верхам. Гэта шапка Міхала Паўлавіча. Ён прымусіў Юру надзець яе, каб не змерзлі вушы, бо ў Юры быў з сабою толькі берэт. Рукзак у Юры большы, чым у Рэні, большы, чым у Зоі, але ідзе Юра лёгка, нібы зусім ніякай ношы няма ў яго за спіною. А ў Зоі рукзак крыху адцягвае плечы.

— Пераганя-яю! — чуе за сабою голас Зоя і ў той жа міг бачыць поруч з сабою Валю. Валя некалькі разоў шырока ўзмахнула палкамі, і вось ужо яе спіна наперадзе.

Праз некаторы час Зоя чуе за сабою Кацін голас:

«Добры дзень, задорны вецер,

Добрай раніцы, зямля!

Ходзіць песенька па свеце:

Тра-ля-ля-ля!» —

спявае Каця. Вось і яна ўжо наперадзе. А хутка і песні яе не стала чуваць.

Зою пераганялі і пераганялі. Усё карацей і карацей рабіўся за ёю хвост калоны.

«Ах, такой бяды,— думала Зоя.— Якая розніца, дзе ісці,— наперадзе калоны, у сярэдзіне ці ззаду. Усё роўна ж разам прыйдзем. Не спаборніцтва ж гэта».

I раптам яна пачула блізка за сабою дыханне. Ці пазнала яна гэта дыханне, ці іншым якім пачуццём угадала, але адразу зразумела, што за ёю ідзе Жэня. Аб тым, што і ён прымае ўдзел у паходзе, Зоя даведалася толькі тады, калі ўсе, ужо гатовыя ў дарогу, сабраліся каля корпуса завода. Спачатку яна сумелася. На нейкі міг ей нават расхацелася ісці з усімі. Пасля нейкая злосць ахапіла яе. «А чаму гэта я не павінна ісці? Ён для мяне цяпер — пустое месца»,— сказала яна сабе.

I вось яна чуе яго дыханне за сабою. Зоя пайшла шпарчэй, аднак пярэдні лыжнік быў ужо далекавата, і ёй нялёгка было нетолькі перагнаць, але і дагнаць яго. А Жэня не адставаў. Вось ён збочыў з лыжні і пайшоў поруч з Зояй.

«Што яму трэба!..— злавалася Зоя.— Ці не хоча ён прабачэння прасіць. Можа, яму сорамна, што да гэтага часу ні разу не падышоў да мяне, не загаварыў, што не заступіўся за мяне на сходзе… Але хіба ён не бачыць, не разумее, што цяпер я зусім не тая, што мне не патрэбны ні ён, ні яго прабачэнні…» I Зоя стараецца як-небудзь адарвацца ад Жэні, каб не ісці з ім поруч. Хутчэй ішла Зоя, паскараў хаду і ён.

— Не стамілася? — спытаў ён нарэшце.

Зоя павярнула да яго галаву. 3 ружовага ад марозу і ветру твару на яе глянулі прыжмураныя Жэневы вочы. Не, збянтэжанасці ці сораму ў іх не было. Жэня пазіраў на яе так, быццам нічога паміж імі не здарылася, быццам яшчэ ўчора яны сустракаліся. Ён хітравата і шматзначна ўсміхаўся ёй. I гэта ўсмешка, гэты прыжмураны позірк Жэневых вачэй здаліся такімі агіднымі Зоі, што яна аж скаланулася. Нічога не сказаўшы Жэню, яна з усяе сілы націснула на палкі і рванулася наперад. Жэня, не чакаючы такога рыўка, адразу застаўся ззаду.

А Зоя бегла і бегла наперад. Адкуль толькі і ўзялася ў яе сіла. Вось перагнала ўжо дзяўчыну, якая нядаўна ішла перад ёю. Вось дагнала другую. Вось ужо бачыць наперадзе чырвоную Рэніну шапачку. А Зоя ўсё бяжыць, бяжыць.

— Што гэта ты так разагналася? — раптам пачула яна.

Зоя падняла галаву, сцішыла хаду, перавяла дыханне. Поруч з ёю, па цаліне, ішоў Валодзя. Пушыстая яго шапка спераду была ўся белая ад інею. Белыя былі бровы, пабялелі ніткі на шарсцяным шаліку.

Зоі неяк адразу зрабілася спакойна. Нібы яна толькі што ўцякла ад небяспекі.

— Не спяшайся так, бо стомішся, а яшчэ далёка ісці,— сказаў В алодзя.

— Я нічога… гэта я так… трошкі прабегла,— адказала Зоя.

Неяк смела і адкрыта, не баючыся, што можа падумаць Жэня, азірнулася яна назад. Але ён застаўся далёка. Яго нельга было нават разгледзець сярод іншых лыжнікаў.

Валодзя яшчэ некаторы час ішоў поруч, пасля адстаў: яму трэба было паглядзець, як ішла ўся калона.

А Зоя пачала даганяць сваіх. I скора зноў заківаўся перад ёю чырвоны кутас Рэнінай вязанай шапачкі. Зноў убачыла яна дужую Юраву спіну.

I раптам радасць ахапіла Зою. Ёй было радасна ад таго, што перад сабою яна бачыла гэты чырвоны кутас, што наперадзе ішоў Юра ў татавай шапцы, што ў Валодзі зусім белыя ад інею бровы і шалік. А за спіною Зоя чула Кацін голас. Каця, як заўсёды, спявала.