КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Стапеліі [Віктар Жыбуль] (epub) читать онлайн

Книга в формате epub! Изображения и текст могут не отображаться!


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Стапеліі
Cover Page
Стапеліі
Юрась Барысевіч. Эксгуматар паэтычнага слова
РАЗДЗЕЛ 1. УНУТРЫ МАНЕКЕНА НЯМА ШКіЛЕТА
'А вы бачылі калі-небудзь вочы...'
'Таму, хто народжаны лётаць...'
Ледавіковы перыяд
Сэнс
Манекен і шкілет
Лямант лялькі
Дрыжыкі
Помарака
Асінавы кол
Суіцыдная кветка
Гадзіннік сыходзіць з рэек
'Я хачу паварушыць тваім хвастом...'
Элегія
Апакаліптычная восень
Каханне з апошняга позірку
Ісціна ў труне
'Аскепак сківіцы калматае пачвары...'
За мной га
'Паўзці па невядомасці...'
'Памяняйце ёй фотаздымак у пашпарце...'
Чатыры электрычныя крэслы
Герань
Канкан-балет
Туга
Курганок
Цкаванне
Сувязь
'Каго на крылах носяць музы...'
Тапіла мама кацянят…
Экстрасэнс
У бяздонне
'Я пазяхну на вас гумовым клеем...'
'Мы самі ўем з сябе вяроўкі...'
'З вакна разліваецца спеў канарэек...'
'Падала іскра ў каністру з салетрай...'
'Таму, хто народжаны лётаць...'
РАЗДЗЕЛ 2. РАСПІЛАВАНЫЯ ДОШКІ ПАЧЫНАЮЦЬ ЗРАСТАЦЦА
Цацка
'Я хацеў бы...'
Крываслеп
Калі спыняецца гадзіннік
Пудзель
Штопар
Душа
Сумленне
'Я хацеў забіць унутры сябе...'
Пастка
Фенолфталеінавы шлях
'Перамажы час...'
Шашаль
Быццам рыбы
'Калі мы шукаем палку...'
Бадзягі
У чаканні эксгуматара
Ёлкі зялёныя
'Валасатыя зубатыя рукі...'
'Людзі, сплеценыя з прамянёў...'
Seasons
'падскокну...'
'Адлятаюць думкі матылькамі...'
'Лёс падараваў мне дзень...'
Чарнакніжнік
Лесвіца
"Апантай сябе гэткай спакусай...
'Каб зразумець абсурднасць рэчаў...'
Гуру
Прасвятленне
'Усё, што адбывалася...'
Падчас маёй адсутнасці...
Самазахаванне
Вавёркі
'паэты чытайце болей...'
Выпадак з жыцця
Кардон мацнейшы за паперу
'Пакахаць...'
РАЗДЗЕЛ 3. ПАСІВЕЛІ СІНІЯ САНДАЛІ
Хованкі
'Пад прыціхлыя крокі...'
Не сёмае неба
Рэаніматар смецця
Кастрычнік
Глючны гарадскі паўзмрок
'Пустыя вокны палохаюць здзічэласцю...'
'На гнуткіх вулках пануе ноч...'
'Адпакутавала глеба пад кропельніцай...'
Abiens, abi!
'не збегчы...'
Зачыстка
Ці ёсць хто жывы...
Паранаідальная ўсмешка восені
'...І я даслаў свой ліст бязадрасны...'
Кана-ліза
Засохлая кветка на скразняку
'З накатанай дарогі сну...'
Верш, напісаны пасля лекцыі Казіміра Малевіча, пачутай у сне
Гострым прадметам
Чорныя паравозы
Фігурнае ванітаванне з хмарачоса
Мёртвыя вушы
'Я ўляпаўся ў бетонную сцяну...'
'Калі адарвуцца крылы...'
'У якую ты сёння змену?..'
'Я распух да неба брухам...'
'На двары забрахаў сабака...'
'Сноў далёкіх адгалоскі...'
'Мая душа пацела і ліняла...'
'У кожным полі я дарожка...'
'Пажоўклы звялы светлацень...'
'Ідуць кіслотныя дажджы...'
Выходжу
Жалезабетон
'Я – стваральнік зарослых быллём дэканструкцый...'
Праменад
Прачнуцца
РАЗДЗЕЛ 4. ЯК ВЫХЛАПНАЯ ТРУБА ЗНУТРЫ
У выведку – з песняю
Парасяты недарэзаныя
'Зачыніце дзверы ў нікуды...'
На сваёй тэрыторыі
Сусветная вулканізацыя
У доме без вокнаў
Сігнальная ракета
Лясная быль
'Твой тэлефон ізноў не адказвае...'
'Мы – ветэраны вайны...'
'Сусвет — вялізнае Гестапа...'
Калі я быў маленькім
Фаршыраваныя мурашы
Пасечаныя
Завуголле экзістэнцыі
'Няма нагодаў для прыгодаў...'
'Давайце забаронім правілы...'
Голуб Дронт
Лямпа
Тамагочы
'Мяне зняволіў Цар Кашчэй...'
'Звалілася столь на падлогу...'
Маё ўварванне
Цюльпан
Жырафы ў клетках для хамячкоў
Свабода
'Заводы бастуюць...'
Сон аб Беларусі
Хвост анаконды
Зорка № 40
Петарда
'На правай маёй далоні...'
Навошта мне лётаць у космас?
Гэты светлы чорны дзень
Пад пісталетам
Верш

Стапеліі. Віктар Жыбуль. Иллюстрация 1

Другі фронт мастацтваў

ЖЫБУЛЬ Віктар Вячаслававіч

СТАПЕЛІІ

Вершы

У аўтарскай рэдакцыі

На вокладцы выкарыстана фота Віктара Жыбуля.


ЭКСГУМАТАР ПАЭТЫЧНАГА СЛОВА*

…Цябе, мой труп, я ў сне і ў явы барацьбе

Не кіну, як не кінеш ты мяне ў жальбе...

Янка Купала, “Таварыш мой”

Доля класікаў незайздросная: іх не любяць дзеці. Школьнікі мусяць вучыць класічныя творы на памяць, пісаць паводле тых самых твораў дыктоўкі й шпаргалкі перад іспытамі. Таму, дарэчы, мала хто ў дарослым узросце перачытвае някепскія, у прынцыпе, класічныя творы. Класікаў любяць настаўнікі, чыноўнікі і наагул усе, хто мае якую-кольвек уладу.

Віктар Жыбуль, прыхільнік “забароны ўсіх правілаў”, паводле якіх “мурашы маршыруюць марш мурашыны”, уяўляе з сябе поўную супрацьлегласць таму тыпу аўтараў, якія бачаць сябе будучымі літаратурнымі “волатамі”. Інакш не пісаў бы ён вершаў кшталту “паэты чытайце болей / каб ведаць як не трэба пісаць…” альбо “Незнарок наступіў я на папараць-кветку…” Творы Жыбуля належаць да той элітнай жывой літаратуры, якую падлеткі будуць чытаць (і нават перапісваць) без ніякага прымусу: на карысць гэтага сведчыць шчырае захапленне, з якім нават двоечнікі слухаюць дэкламацыі Віктара ў дзіцячых бібліятэках і школах.

Прыгадваюцца сустрэчы з аматарамі паэзіі ў менскім клубе “Альтэрнатыва” і гомельскім Доме культуры глухіх, у якіх браў удзел і аўтар гэтых радкоў. Віктар агучыў там цыкл “тыпова беларускіх замагільных вершаў” і ў вобразе Падручніка Беларускай Літаратуры доўга выбачаўся за тое, што “любіць прытварацца жывым”. Ніякага гратэску ў гэтым, вядома, няма. Я сам выступаў там з перформансам “Эксгумацыя Янкі Купалы” — чытаў на розных мовах некрафілічны санет песняра “Таварыш мой” (адзін з першых у беларускай літаратуры). Газета Саюза пісьменнікаў “Літаратура і мастацтва” напісала ў рэцэнзіі на вечарыну, што гэты верш не вытрымлівае ніякай крытыкі, але толькі таму, што карэспандэнт не дачуў імя аўтара: у школе гэты твор не вывучаюць. Вечная доля класікаў — ляжаць высахлаю муміяй між старонак “гербарыя” школьных падручнікаў ды энцыклапедыяў:

…Мы пахавалі сябе з музыкай

Яна гучыць і дагэтуль

Патанае ў завялых вушах

(В. Жыбуль, “У чаканні эксгуматара”)

Сёння, каб зацікавіць паэтычным словам шырокую аўдыторыю, недастаткова напалохаць чытача ўжо звыклымi вiдовiшчамi нацыянальнай цi экалагiчнай катастрофы, трэба альбо распрацоўваць уласныя сцэнары апакалiпсісу, як, скажам, у вершы В. Жыбуля “Ледавіковы перыяд”, альбо клiкаць Беларусь да сякеры. Напрыклад, неакансерватары з кола аўтараў “Нашай Нівы” бачаць паратунак для чалавечай душы ў бескампрамiсным нацыяналiзме: маўляў, чалавек усё адно нараджаецца на пакуты, дык хай жа яны хоць будуць апраўданыя спрадвечным высокiм сэнсам.

В. Жыбуль — адно з найлепшых пёраў другога крыла нашай новай літаратуры.

Разам з іншымі спадкаемцамі сюррэалізму ён схiляецца да высновы, што нiякiя пакуты нiколi не маюць сэнсу i, адпаведна, не могуць быць апраўданыя. У рэчышчы будысцкай традыцыi неамадэрнiсты шукаюць выйсце з зачараванага кола рэінкарнацыі, у якiм нас трымае чаплянне за жыццё i, найперш, за ўласнае “я”: “...Мы толькi Тамагочы ў руках Вялiзнага Дзiцяцi” — піша В. Жыбуль у вершы “Тамагочы”. У вечнасцi, у якой мы нараджаемся і паміраем бясконцую колькасць разоў, няма мяне, няма нават нас, а ёсць толькi ўсе разам. Нiхто не вечны апрача нашага агульнага жыцця.

Лiтаратараў новай генерацыi, якiя не спяшаюцца апяваць “вайну культураў”, Сяргей Дубавец даволi трапна называе “ненароджанымi”: “Iх нiхто не нараджаў, яны не паклiканыя анi папярэдняй лiтаратурай, анi нацыянальнай традыцыяй, ані нават шырокімі літаратурнымі стэрэатыпамі”. Сітуацыя ненароджанага азначае вызваленне ад Эдыпавага комплексу, уласцівага тым, хто хацеў бы прыдушыць у “ружовым тумане” літаратуру савецкай эпохi. Між іншым, Жыбуль абараніў дысертацыю пра беларускіх футурыстаў, знішчаных сталінскім рэжымам: усялякая моцная ўлада дазваляе эксперыментаваць (у тым ліку са словамі) толькі сабе самой. Папярэднікі бумбамлітаўцаў, футурысты былі не надта дасканалымі версіфікатарамі, але іх творчай энергіі — і запатрабаванасці ў сучаснікаў — сёння можна толькі пазайздросціць. На думку Віктара, з мінуўшчынаю можна і варта змагацца, але нішчыць яе няма ніякага сэнсу: труп забітай (забытай) эпохі атруціць смуродам саміх забойцаў.

Найноўшая лiтаратура грунтуецца не на неўрозах (мiфах), а на псіхозах (трызненнi). Калi чытаеш тэксты Жыбуля, Сiна, Морт, Сiдарука, — складваецца ўражанне, што аўтар нiчога не выцiскае ў падсвядомасць, нават наадварот — прызнаецца ў такiх сваiх крыважэрных фантазiях, якiх у яго насамрэч нiколi й не было. Iхняя псіхiка (прынамсi, падчас пiсьма) унiкае падзелу на “Я” і “Яно”, а таксама на “Я” і “Іншы”. Аўтары трансгрэсіўнай лiтаратуры й самi не ведаюць, чые трызненнi яны занатоўваюць, — свае цi чужыя. Свабодныя ад спрадвечных “комплексаў”, постсюррэалiсты не бачаць вялiкай рознiцы памiж “Я” i “Яно”, мысленнем i трызненнем, чалавекам i iншымi формамi бязмежнага жыцця:

...сягну туды

дзе грукат агрэгатаў

навекi змоўк чакаючы кагосьцi

хто разбярэ памiж Нiчым i Нечым

мяжу са свежавыламаных костак –

свiных сабачых воўчых

чалавечых

(В. Жыбуль, “Маё ўварванне”)

У Віктара няма бадай ніводнага камічнага верша. Ён цалкам сур’ёзны нават калі смяецца. Вядома, ягоныя вершы багатыя на чорны гумар, але было б недаравальным спрашчэннем уважаць іх за рыфмаваныя анекдоты. Усмешка чытача патрэбная аўтару толькі дзеля таго, каб ажывіць наш твар – саскубсці з яго той наіўны, а часцей — скептычны выраз, з якім мы яшчэ ў школе прызвычаіліся прыслухоўвацца да ўсялякага паэтычнага слова.

Юрась Барысевіч



* Гэтую кнігу паэзіі Віктар Жыбуль рыхтаваў да друку некалькі разоў: упершыню – яшчэ ў 1998 г. пад назвай “Finita la tragedia”, потым – у 2000 г. пад назвай “Магіла гарбатага”, але тады яна з розных прычынаў не змагла ўбачыць свет. Такім чынам, да чытача дайшла ўжо трэцяя версія зборніка – удасканаленая і дапоўненая новымі вершамі. Прадмова Юрася Барысевіча пісалася да версіі 2000 г. і захаваная тут амаль без зменаў, за выняткам аднаго факта, які датычыць біяграфіі аўтара кнігі.

Раздзел I.



Унутры манекена

няма шкілета

* * *

А вы бачылі калі-небудзь вочы

чалавека, якога ўдарыла токам?

Яны блішчаць, нібыта дзве поўні ўночы,

небатвар заліваючы гарачым сокам.

А вы бачылі калі-небудзь вусны

чалавека, якому перакрылі дыханне?

Яны варушацца, быццам чырвоныя вусені

на зялёным лісце. Яны просяць кахання.

А вы бачылі калі-небудзь пяткі

чалавека, які хацеў заскочыць на неба,

але яго змылі ўніз моцныя ападкі?

Не бачылі?

І не трэба.

Не трэба.

1998

* * *

Таму, хто народжаны лётаць,

поўзаць не заўсёды дадзена.

Няхай жыве й квітнее балота

ды поўзаюць там розныя гáдзіны!

А паэтаў вабіць прастора.

Паэты бягуць за пегасамі.

Яны мараць, каб нехта іхнія творы

прачытаў і сказаў: “Не фіга сабе!”

Але часта замест летуценняў

у мазгах ціха боўтаецца рэчыва шэрае.

І здаецца тады, што натхненне –

гэта толькі расколіна ў чэрапе.

1998

ЛЕДАВІКОВЫ ПЕРЫЯД

Гэты бліскучы лёд не пабачыць ніхто,

адлюстраваннем яснага неба ў ім

аслеплены не будзе ніхто,

зачараваны не будзе ніхто,

здзіўлены не будзе ніхто.

Гэты маўклівы лёд не абліжа ніхто,

не ўкусіць ніхто,

не пацалуе ніхто,

ад яго на ангіну не захварэе ніхто,

ніхто,

ніхто.

Гэты цнатлівы лёд каньком не кране ніхто,

не пасыпле пяском ніхто,

лунку для ловаў рыбы ў ім

не прасвідруе ніхто,

не праламае ніхто.

Бо ўсе, хто б мог сузіраць яго,

палеглі пад гэтым ільдом.

Бо ўсе, хто хацеў бы праехаць па ім,

пахаваныя пад гэтым ільдом.

Яны цяпер глыбока-глыбока,

і лёд — гэта іх новы дом.

Зямля засталася пад таўшчэзным пластом,

зрабіўшыся ледзяным камяком.

Зямля ператварылася ў Сусветны Каток,

калі замарозіўся Сусветны Патоп.

1998

СЭНС

Чалавек паваліўся з ног.

У яго баліць галава.

Чалавек закапаўся ў стог,

не ў стане падлічыць 2+2.

Каб паслухаць людскіх дум унісон,

ён вухам прыпаў да зямлі...

І пабачыў дзівосны сон.

Не дасніў…

Там яго і знайшлі.

1998

МАНЕКЕН І ШКІЛЕТ

(ФЕТЫШЫСТАМ І НЕКРАФІЛАМ)

Манекен стаіць на вітрыне.

Ён апрануты нават улетку.

Манекен сам сябе не ўскрые.

Унутры манекена няма шкілета.

Манекен не можа распрануцца да костак

і даць каму-небудзь пагрызці

іх.

Быць манекенам так проста,

проста так.

Манекен спакойны, манекен не псіх.

А вось шкілет — ён заўсёды максімальна

аголены,

на апошнім імгненні застыглы стрыптыз.

Ён элегантны, хоць і непрацаздольны.

Шкілет

лепей разглядаць зверху ўніз.

1999

ЛЯМАНТ ЛЯЛЬКІ

Праз завесу зялёнай калькі

іншасвет праступае зіхотка.

Там стаіць фарфоравая лялька

з адбітаю насаглоткай.

Адбітыя нос, падбародак.

Адбітыя шчокі й язык.

І здаецца, што з гэтага стварэння

без перагародак

зараз вылеціць

выдзернуты з коранем крык.

Ён грымне, заглушаючы ўсе на свеце сірэны

і сто дваццаць узятых разам труб Ерыхона,

і аглухлыя людзі ператворацца ў манекены,

і ўсе цягнікі паляцяць пад адхоны…

Але ў лялькі была гаспадыня

(яна не любіла шпрыцы ды кропельніцы).

Яна паставіла ляльку на табурэткі вяршыню,

зрабіўшы з яе элеватар-попельніцу.

1999

ДРЫЖЫКІ

Ой, ды на курганках параскінуліся крыжы,

крыжы,

крыжы

(зблізу – крыжы, а здалёк – крыжыкі,

крыжыкі).

Ідзі, ідзі паўз іх і дрыжы, дрыжы, дрыжы,

дрыжы:

няхай, няхай цябе прабіраюць дрыжыкі,

дрыжыкі,

дрыжыкі, дрыжыкі…

Ты пачуеш, пачуеш з раскапаных магіл

галасы,

галасы, галасы, галасы.

Яны запяюць сваю журботную песню,

песню, песню, песню.

Зашумяць, загудуць, заспружыняцца твае

валасы,

валасы, валасы, валасы.

Ты спынішся, спынішся на сцяжынцы

й ад жаху

змерзнеш, змерзнеш.

Зляціць, зляціць з галінкі таполі сухі

лісток,

лісток, лісток, лісток

і лагодна-лагодна табе на галаву ляжа-

ляжа.

Прарасце, прарасце праз яго кожнага

нерва твайго

расток, расток.

І чэзлы-чэзлы кволенькі лісток цябе

раздушыць

і распляжыць, распляжыць, распляжыць.

1998

ПОМАРАКА

Душа паныла

гіенай стогне.

У кракадзіла

сляза не сохне.

Хто мае горла –

таго задушаць.

Глухая прорва

твой плач асушыць.

Твой смех патоне

ў дарожным пыле.

Спазнай улонне

салодкай гнілі.

Адчуй бяссонне

ў сваёй магіле.

Адчуй бяздонне

ў сваёй магіле.

2002

АСІНАВЫ КОЛ

Цемра, цемра вакол і бясконцыя нетры,

нетры.

Паміж рэбраў асінавы кол, не хапае

паветра.

Недзе музыка грае раскатам далёка там,

за дымавой заслонай.

Адчуваеш сябе экспанатам, навокал якога

зашклёна-замглёна.

Пад сваіх галасоў хаатычна-хаўтурна-

ўнутраных спеў элегічны

за сцяной засынаюць сам-насам

самнамбулы сном летаргічным.

Морак, морак вакол і бясконцыя нары,

нары,

і нашыя думкі, і дзеі, і мары па чужым

праплываюць сцэнары.

З таямнічаю вадкасцю пляшка планы

распляжыць прыкра.

Пераважыць бязважкасць цяжка, як цяжка

бывае, напрыклад,

не думаць, што жыццё пачынаецца

з эўтаназіі,

разлічваць траекторыю палёту фантазіі,

упісвацца ў прастору паміж бессэнсоўнасцю

і кюветам

і лунаць паралельна зямлі, захапляцца

ружовым кветам.

Дзе мы, дзяры нас дэман туды й сюды,

і ўвогуле хто мы?

Ці тытаны, якія працуюць без стомы,

ці проста фантомы?

Нам бы ў ветра спытаць, ды нічога не кажа

вецер.

На якім жа мы свеце жывем,

на якім жа мы свеце?..

2009

СУІЦЫДНАЯ КВЕТКА

…А там на даху расце суіцыдная кветка.

Паспрабуй дацягнуцца –

яна дастанецца табе.

Так лёгка там паслізнуцца,

хоць лёду й няма ўлетку.

Немаўляткам

на папяровы ўзыдзеш ты карабель.

Ён размокне пасля трэцяга павароту,

зачарпнуўшы гаркавай вадзіцы ў віры,

бо ўверх маслам не падаюць бутэрброды,

і так хочацца, хочацца стаць празры-ы-

-ы-ыстым і мацаць на спіне скурчанай

лапай

зацэментаваныя сляды ад зубоў.

З захапленнем штодня пад тваёю канапай

рэпетуе хаўтурны аркестр клапоў.

На танюткіх нітках

скачуць марыянеткі.

Ніткі рэжа разагрэты нож.

Суіцыдная кветка

звяла ў гэтую ноч.

1999

ГАДЗІННІК СЫХОДЗІЦЬ З РЭЕК

Некаторыя кінастужкі

прыхоўваюць у кожнай секундзе 25-ы кадр.

Гэта – кропка перасячэння

з перпендыкулярным светам.

Некаторыя суткі

маюць 25-ую гадзіну.

Акурат на зыходзе 24-й

недзе паміж яваю і сном

трапляем у кардынальна іншую роўніцу.

Новыя суткі, гады й дзесяцігоддзі

хаваюцца ў гэтай гадзіне.

Прачнешся – забудзеш,

падумаеш: “Нічога не адбылося”.

А насамрэч усё наадварот:

гэта астатнія 24 гадзіны

нічога не адбываецца.

Лесвіца ў старой вежы. 24 прыступкі.

Замест 25-й – правал. Пашча чорнай

бязважкасці.

Аступіўся – і ты ўжо адною нагою

ў Царстве Продкаў.

25-я белая клавіша старога піяніна

(рэ 1-й актавы)

западае,

маніфестуючы парушэнне

ўсіх эстэтычных канонаў.

Праз гэтую дзіўную музыку

гадзіннік сыходзіць з рэек,

стрэлкі прадзёўбваюцца праз шкло,

як зялёныя парасткі праз асфальт.

Пазбаўленыя абмежаванняў,

будуць расці перпендыкулярна

цыферблату,

будуць цягнуцца да неба,

будуць круціцца ва ўсіх напрамках –

ім надакучыла быць

сухім здранцвелым гербарыем за шклом.

Пачуй гэтую бязладную музыку.

Паспрабуй зліцца вухам

з клавішай, якая западае.

2007

* * *

Я хачу паварушыць тваім хвастом,

я мару падыхаць тваімі жабрамі,

і каб шырэй наглядзецца тваім хараством,

з вачэй сваіх сцерці водарасці швабраю.

Па вадзе ад цябе расплываюцца кругі

з-за цяністага куста эладэі.

Ты лямпавыя промні збіраеш у стагі.

Навучы мяне так. Я не ўмею.

Мы сядзім і чакаем, што ж будзе далей,

не хаваючы закаханыя твары.

Я хачу да цябе дакрануцца, але

мы жывем у розных акварыумах.

1998

ЭЛЕГІЯ

Дзяўчынка ў круглых тоўстых акулярах

і куртачцы смарагдавага колеру

без рухаў на зямлі ляжала,

а нейкія бабулькі

(здаецца, іх было чатыры)

дзяўчынку спрабавалі ставіць

дарозе перпендыкулярна.

Але дзяўчынку не трымалі ногі,

і падала яна ізноў, прычым на спіну

(каб не пабіць, напэўна, акуляры).

Тады бабулькі лаялі дзяўчынку

(якая не рэагавала) і штурхалі

яе сваімі бруднымі нагамі

(адна была ў валёнках і ў ватоўцы

бабулька, а астатнія таксама не князёўны,

а прадстаўніцы ніжэйшага саслоўя), бралі

дзяўчынку за нагу ды за другую

ды валаклі праз двор, аднак

дзяўчынцы той было ўсё роўна.

А мы якраз шпацыравалі міма

паўз кветнік на старую вуліцу

(двухпавярховымі драўлянымі дамамі

забудаваную); спачатку

хацелі заступіцца за дзяўчынку,

ды раптам зразумелі, што яна –

ахвяра юная

таемнага містычнага абраду,

якога мы не маем права парушаць.

Дзяўчынка – проста зомбі,

і страшнага нічога тут няма.

Ну праўда, ну навошта ж нам пляваць

у жыватворную крыніцу

эзатэрычных ведаў?

І мы пайшлі сабе далей.

А злосныя бабулькі

дзяўчынку ў круглых акулярах

працягвалі штурхаць і біць

(стаяла восень залатая) нагамі

тлустымі, хапалі за каўнер

і пачарнелымі рукамі

па лужыне

за валасы яе цягалі.

А мы ішлі катацца на кульгавых

арэлях, што стаялі ў парку

ды зморана парыпвалі:

тырын-дырын,

тырын-дырын,

ты-рын... ды-рын...

2002

АПАКАЛІПТЫЧНАЯ ВОСЕНЬ

Мы цалуемся ў ліфце,

які сарваўся ды падае.

Зелянеюць ігрушы на эўкаліпце.

Далягляд зацягнуўся павуцінай апатыі.

Зямля можа здацца ватай,

калі ступаць па ёй асцярожна.

Які там паверх? Дваццаць пяты.

Значыць, жыць яшчэ можна.

Кажановыя чорныя крылы

слізгацяць па соннай артэрыі.

На сабе адчуваць міла

звышфатальнасць падзення імперыі.

А мы абдымаемся ў ліфце,

прарастаючы ў неба калоссем.

Чырванеюць ігрушы на эўкаліпце.

Апакаліптычная восень.

2000

КАХАННЕ З АПОШНЯГА ПОЗІРКУ

Яна стаяла ля героя нянашага часу,

які сарамліва прыкрываў сваё мяса.

Яна глядзела на яго, як на агонь,

і ейны позірк стукнуў яму каменем

у скронь.

На белым прасцірадле задрыжэла рука

і ўсё астатняе, што здолелі дастаць

з-пад ветрака,

у які ўсё жыццё ён кідаў

вастрадзюбыя тонкія дзіды.

Гайдалася сэрца на спарахнелых арэлях.

А вочы яшчэ гарэлі…

“Я цябе ка…” — сказаць ён паспеў,

а “…хаю”

ўжо імкліва ляцела між дрэў

да небакраю.

Абарочваецца вакном у тартар

кожная чорная дзірка ў часе й прасторы.

Усё наша жыццё — анатамічны тэатр,

а людзі — акторы.

1998

ІСЦІНА Ў ТРУНЕ

Хто сказаў, што Ісціна ў віне?

Яна ў труне

ляжыць за печкаю

са свечкаю,

склаўшы белыя лапкі.

Над ёй мітусяцца бабкі —

старыя вядзьмаркі

кладуць прыпаркі,

шэпчуць замовы кніжныя:

у кожнай сківіца ніжняя

матляецца нізка-нізка.

Ісціна таксама баялася атмасфернага ціску,

хоць на выгляд здавалася яна маладой

(на вуснах не абсох сырадой).

А цяпер ёй жыцця нестае...

Бачна, што ў апошнія моманты свае

была яна схуднелая, кволая.

І вось ляжыць ні апранутая, ні голая

(на ёй блішчыць драцяная сетка).

Пад труной захісталася трохногая

табурэтка.

За вокнамі тоўпяцца людзі:

— Дзе яна? Што з ёй будзе?

Не ведаюць, што прыйшлі позна.

На вуліцы шумна, светла, марозна.

На ўсіх — кажухі, вушанкі.

Убачыўшы з-за фіранкі

напоўнены людам абшар,

святар

(невядома якой веры)

адчыняе дзверы,

крычыць:

— Хай радуецца кожны, хто вакол гэтай

хаты тырчыць!

Хутка, хутка яна ўстане!

Раю пачакаць да світання.

Народ у адказ:

— А ці не падманваеш нас?

— Э, не!

Хоць у труне

Ісціна ваша ляжыць,

яна будзе жыць...

А сам назад у хату бяжыць,

дзвярыма — грук!..

А ў хаце дзве пары магутных рук

пудовым малатком

да дамавіны прыбівалі века.

Чакаць за вакном —

доля кожнага чалавека.

1998

* * *

Аскепак сківіцы калматае пачвары

раскалупаны крывазадым канібалам

з засохлымі кавалкамі вантробаў

паміж даўгіх парабалічных іклаў

паволі поўзаў слізкі шчытаморднік

матляючы зялёным язычыскам

шукаючы ад спёкі паратунку

ў асіметрыі прагнілага шкілета

праходзіць лета…

1997

ЗА МНОЙ ГА

За мной ганяўся п’яны ліліпут

і кідаўся салёнымі гуркамі.

Я ледзьве адбіваў іх кулакамі

і думаў: “Блін! Напэўна, мне капут!”

Вакол зялёны прывідны гушчар

бяскрайняй прасціною рассцілаўся.

Цень дрэваў на мяне злавесна клаўся,

і я знямеў ад гэткіх змрочных чар.

Я чуў зубоў ваўчыных скрыгатанне

над вухам абяскроўленым сваім...

Зляцеў у вырай срэбны херувім.

Я думаў: “Не сустрэць мне ўжо світання!”

За мной ганяўся мурын-альбінос,

паветра заграбаючы рукою.

А недзе ТАМ жыццё цякло ракою,

лядашчае, як авітаміноз.

2000

* * *

Паўзці па невядомасці

ад краю і да краю

хацеў бы я, але паўсюль

вядомасць вызірае.

Яна прыходзіць злосная

і днямі, і начамі,

каб свідраваць мяне ва ўпор

сваімі зіркачамі.

Рагоча, выскаляецца

падступная вядомасць,

свядомасць хоча захапіць

і нават падсвядомасць.

Ды мне ўжо надакучылі

яе сухія мошчы.

І з воклічам: “Вядомасць, прэч!”

выходжу я на плошчу.

2007

* * *

Памяняйце ёй

фотаздымак у пашпарце

прайшло чатыры гады

яна так змянілася

не пазнаюць родныя блізкія

яна прыйдзе да іх

не пабачаць

будзе клікаць іх

не пачуюць

яшчэ б

мінула чатыры гады

з дня ейнага пахавання

памяняйце ёй

фотаздымак у пашпарце!

2000

ЧАТЫРЫ ЭЛЕКТРЫЧНЫЯ КРЭСЛЫ

Чатыры электрычныя крэслы

пазіраюць у электрычную столь.

Паміж імі ў пакойчыку цесным

стуліўся электрычны стол.

На стале – электрычны ножык.

Пад сталом – электрычны таз.

Ля стала – электрычны ложак,

а на ім – электрычны матрас.

На электрычнай паліцы –

стос электрычных кніг.

Праўда ці небыліцы –

не ведаю. Не чытаў іх.

А на электрычнай падлозе,

пазабыўшыся на ўсякія меры,

у наэлектрызаванай позе

спачывае гаспадар кватэры.

1998

ГЕРАНЬ

Акно, адчыненае ў рань…

На падваконні стаіць герань.

Пялёсткаў чырвань п’яніць, як віно.

О, як любіў я тваё акно!

Я падыходзіў пад твой балкон

гукнуць, адвесіць табе паклон,

і ты з’яўлялася ў акне

і зверху рукой махала мне.

Фіранак помню кожны рух.

Ляцеў бы на шары, як Віні-Пух.

Глядзеў бы, як на экран кіно,

я цэлы дзень на тваё акно!

Аднойчы такі быў туман і смог,

што ўбачыць ніхто нікога не мог.

Каб згледзець мяне сярод іншых персон,

ты перагнулася праз балкон…

Некалькі вулічных разявак

хутка збяруцца засведчыць, як

шчасце разбілася рыбай аб лёд –

нішто не спыніла б твой палёт.

Я ў тумане стаяў, як слупок,

і не паспеў адскочыць убок.

Апошняе, што ўзгадалася мне, –

гэта герань на тваім акне.

Крыкі. Сірэны. Сабачы брэх.

З фанендаскопам доктар прыбег.

Дзе я, а дзе ты – разабраць не мог.

Так і павезлі абодвух у морг.

…Нікне ў сутонні бетонны мост.

Ціха скуголіць, падціснуўшы хвост,

чатырохногі малодшы брат.

З грукатам сыплюцца дождж і град

на дома кубічнага шэрую грань.

На падваконні вяне герань.

А пад балконам віруе плынь

іншых герояў і гераінь.

2011

КАНКАН-БАЛЕТ

я хачу стаць самагубцам

дайце дайце дайце мне

малаток і пласкагубцы

дайце дайце дайце мне

трэба толькі дацягнуцца

да разеткі на сцяне

дайце дайце дайце мне

малаток і пласкагубцы

я хачу стаць самагубцам

дайце дайце дайце мне

трэск у тэлефоннай трубцы

не спакусіць больш мяне

я хачу займацца глупствам

дайце дайце дайце мне

ДАЙЦЕ ДАЙЦЕ ДАЙЦЕ МНЕ

бумеранг і два трызубцы

я хачу стаць самагубцам

самагубцам самагубцам

дайце дайце дайце мне

малаток і пласкагубцы

пласкагубцы пласкагубцы

дайце дайце дайце мне

дайце дайце дайце мне

2000

ТУГА

Мушак і мошак

развеяўся дым.

Коціцца вожык

па сэрцы маім.

Коціцца шэры

калючы камяк.

Ляпае ў дзверы

сонны скразняк.

Хныкае дожджык

песню без слоў.

Коціцца вожык,

пускаючы кроў.

Зорныя блікі

ў рэчцы са шкла.

Я цябе клікаў.

Ты не прыйшла.

1998

КУРГАНОК

Дзяўчынка ў пясочніцы ямку капала,

і слёзы сцякалі па кволай руцэ.

“Бывай, мой таварыш, мой Янка Купала,

я вырасла ўся на тваім малацэ.

Праз віннага шкельца зялёны крышталік

апошні разочак зірну на цябе.

Так бегла сюды, што згубіла сандалік

і банцік парвала аб сук на вярбе.

Ты поўзаў калісь пад маёю канапай,

не браў цябе нават дурман-дыхлафос.

Цяпер ты ляжыш з перабітаю лапай,

задраўшы ўгару знепрытомлены нос.

Даруй мне, жывёла, што я без дазволу

ўначы адрывала тваю галаву.

Мяне тата з мамай адправілі ў школу,

запёрлі, забылі – вось так і жыву...”

І жменьку за жменькай дзявочыя

ручкі наклалі з пясочку прыгожы курган.

І плакалі Муркі, і плакалі Жучкі,

і плакала неба, і выў гураган...

2003

ЦКАВАННЕ

Двое гналіся за адным

на машыне, а ён уцякаў пехатой.

Адзін з бакенбардам быў накладным,

другі – са сківіцаю ўстаўной.

– Вылазь з машыны, – кажа адзін

другому, – нагамі яго дагані.

І той за ім бег адзінаццаць гадзін

запар, пакуль на каравыя пні

не натыркнуўся. А ягоны сябрук

у машыне працягваў цкаваць уцекача,

пакуль не застаўся па локаць без рук,

калі быў падмяты коламі цягача.

А ўцякач не спыніўся, і яшчэ хутчэй,

падскокваючы й азіраючыся, кінуўся

праз кусты,

бо за ім ляцеў, разразаючы фарамі

цемру начэй,

пажаванай машыны корпус пусты.

2002

СУВЯЗЬ

Таямнічая сіла вяртае

маньяка на месца злачынства:

з ахвяраю замардаванай

ён прагне знайсці адзінства.

Толькі дождж пазмываў пляміны

крывавыя з лісця акацыі

і пясок абсыпаўся ў яміну –

нібы здзейсніў хтось правакацыю.

За кустамі здані не тояцца,

а бярозы маўчаць, як заклятыя…

Ён шукае траву прымятую

і не можа ніяк супакоіцца.

2008

* * *

Каго на крылах носяць музы

ў нябёсы, дзе жывуць багі,

а хтосьці ходзіць з цяжкім грузам,

які прыкуты да нагі.

Абудзіць нехта звонкай лірай

заснулых моцна і даўно.

А што рабіць з пудовай гірай?

Да рэчкі – й шабулдых на дно!

Дзе ў вечнасць тоіцца акно?

На дне, на дне яно!

2011

ТАПІЛА МАМА КАЦЯНЯТ…

(З народнага)

Нясе матуля кацянят

на рэчаньку тапіць.

За ёй бяжыць малы Ігнат

і жаласна гудзіць.

А следам пхнецца грамада

заплаканых дзяцей.

Усе равуць, усім шкада,

усіх жуда гняце.

І з крыкам тупае Ігнат

нагамі аб зямлю:

– Аддай, матуля, кацянят!

Я сам іх патаплю!

Аддай нам коцікаў забіць! –

хлапчук ад слёз размок. –

Дай самастойнымі пабыць т

ы нам хаця б разок!

Ды позна: бедных кацянят

вадзіца ўжо ўзяла…

І дзетак у дзіцячы сад

матуля павяла.

2000

ЭКСТРАСЭНС

Хлопчык без ног і без рук

рухае позіркам рэчы.

Калісьці трактар знявечыў

хлопца без ног і без рук.

О, хлопчык без рук і без ног!

Аднымі вачыма, скрозь слёзы,

ты падпальваеш трактары,

ссоўваеш іх з дарог,

пад адхон пускаеш з гары.

У бойцы з бязлітасным лёсам

ты выжыў і перамог!

2004

У БЯЗДОННЕ

Уяві:

ты стаіш

нагамі на падваконні.

Саскокваеш…

Ляціш…

А ўнізе – бяздонне.

Заблукаўшы ў замкнёным коле,

ты мяркуеш выправіць гэтую недарэчнасць.

Але ты не разаб’ешся ніколі,

бо падаць будзеш цэлую вечнасць.

1999

* * *

Я пазяхну на вас гумовым клеем,

перамяшаным з бруднаю імглой,

і свежаю дзягцярнаю смалой

са страўніка майго на вас павее.

А вы, сябры, мне дайце закурыць,

і не паспееце і моргнуць вокам,

як я дыхну – і ўшчэнт усё згарыць:

і я, і вы, і ўсё, што ёсць навокал

А потым

прыйдуць

людзі

будуць

шукаць

не знойдуць

пойдуць

здзіўлена паціснуўшы плячыма

1998

* * *

Мы самі ўем з сябе вяроўкі.

Вяроўкі рвуцца – трэскат чуецца.

У гэтым свеце мы – кароўкі,

якія ялавічынай харчуюцца.

У гэтым свеце мы – крапіўка,

пячэ сама сябе якая.

Мы – птушкі, што ад нараджэння ціўкалі,

але цяпер на ціўканне мы алергію маем.

Мяшаючы атруту з супрацьяддзем,

мы келіх не дацягваем да рота.

А шчасце тонамі гніе на складзе

у сейфах за калючым дротам.

2010

* * *

З вакна разліваецца спеў канарэек,

а я тут ляжу, прывязаны да рэек.

А сябар ляжыць, прывязаны да шпалаў, –

яму, гультаю, увесь час шанцавала…

Разносіцца грукат па стомленых нервах.

Мы ведаем: хутка з нас зробяць кансервы.

Вакол – толькі промняў зялёныя джалы

ды спеў канарэек пра рэйкі ды шпалы.

1997

* * *

Падала іскра ў каністру з салетрай –

там яна марыла смагу спатоліць.

Гэтую смачную чвэрць кубаметра

хутка – як хукнуць – змагла б яна здолець.

Іскру каністра таксама чакала,

каб праглынуць, – бо марыў яе голад, –

горлам адкрытым паветра глытала.

Поўнач ахутвала стомлены горад…

Проста ў адтуліну падала іскра,

ды на адлегласці трох сантыметраў

раптам спынілася ўраз і… павісла.

Іскру лагодна люляла паветра…

1996

* * *

Сярод высокай травы

нехта ляжыць. Жывы

ці нежывы?

Не бачыць людства шматвокае:

трава навокал такая высокая!

Сярод гушчэзнай травы

нехта ляжыць. Жывы

ці нежывы?

Невядома. Яму ўтульна тут, ён – як дома.

Сярод вільготнай травы

нехта ляжыць. Жывы

ці нежывы?

Можа, сонца промнямі грае

на ім, як на фартэпіяне?

Можа, зваліўся па п’яні

і загарае?

Ходзяць чуткі, што ў гэтым краі

ніхто ніколі не памірае.

Таму жывы там ці нежывы –

неістотна.

Нават калі ён без галавы –

гэта яшчэ не смяротна.

Нехта сярод травы

ляжыць. Пэўна, быў нежывы,

але цяпер ажывае.

Трава высокая ўсё схавае,

ад нашых вачэй схавае!

2007

Раздзел II.



Распілаваныя

дошкі пачынаюць

зрастацца

ЦАЦКА

Калі ўсе заснуць

я падымуся

адчыню шафу

дацягнуся да верхняй паліцы

там ляжыць Сусвет

старэйшыя хаваюць яго ад мяне

не дазваляюць чапаць

баяцца

каб я не сапсаваў яго

а ён мяне

А я ціхусенька здыму яго

перакулю дагары нагамі

вазьму адвёртачку

павыкручваю маленькія болцікі

адкрыю яго для сябе

зірну

цікава што там унутры

як яно ўсё пабудавана

з захапленнем пакалупаюся

Толькі не бойцеся

я асцярожна

я нават рукі памыў

я трошачкі пагуляюся

а потым зраблю ўсё як было

і пакладу на месца

1998

* * *

Я хацеў бы,

каб у цэнтральным гарадскім парку

культуры й адпачынку

дрэвы раслі ў тры разы гусцей.

А лепей – у чатыры.

Каб гэта быў не парк,

а дрымучы лес.

Глухі-глухі.

Багністы.

З непралазнаю дрыгвою

ў самай гушчэчы,

дзе не ступала й не ступіць нага чалавека.

Ніколі-ніколі.

2004

КРЫВАСЛЕП

Крывы

глядзеўся ў люстэрка крывое

і бачыў сябе прамым.

Сляпы

таксама глядзеўся туды

й не бачыў сябе сляпым.

І толькі зграбны й здаровы

глядзеўся ў люстэрка

ды бачыў сябе і крывым, і сляпым,

і таму быў вельмі засмучаны.

Вось у тым бяда чалавецтва,

што ўсе мы занадта

прамыя й відушчыя,

а гэта несумяшчальна

з вечным жыццём ля крывога люстэрка.

1999

КАЛІ СПЫНЯЕЦЦА ГАДЗІННІК

Калі спыняецца пясочны гадзіннік,

на ягоным дне

застаецца маленькі курганок,

пад якім пахаваныя хвіліны.

Калі спыныецца сонечны гадзіннік,

навакольны краявід

ахінае магільная цемра.

Калі спыняецца механічны гадзіннік,

стрэлкі застыгаюць, нібы ногі

ці рукі мерцвяка.

Але гэта не спалохае,

не засмуціць

і ўвогуле не ўсхвалюе

тых,

для каго спыніўся не гадзіннік,

а час.

1997

ПУДЗЕЛЬ

Меркурый, Венера, Марс,

Зямля, Юпітэр, Сатурн,

Уран, Нептун, Плутон... –

усё гэта толькі дзядоўнік

у поўсці аблезлага шалёнага пудзеля,

які вось ужо колькі эраў

ганяецца вакол Сонца

за ўласным хвастом.

1998

ШТОПАР

Балюча насіць у сэрцы стралу.

Але яшчэ больш балюча

спрабаваць дастаць яе адтуль,

асабліва калі яна закручаная штопарам

ды суздром уторканая кручкаватымі

завусеніцамі.

(Ну на якія толькі хітрыкі

не пойдзе сучасны Амур,

народжаны ў тэхнакратычную эпоху!)

Калі нават і вырвеш гэткую стралу,

дык толькі разам з сэрцам.

1998

ДУША

Калі Вялікі Канструктар

майстраваў маю душу,

яму не хапіла некаторых дэталяў,

таму ён панапхаў унутр мяне

мокрых камякоў гарэлай шклаваты

ўперамешку з праржавелымі

матраснымі спружынамі

і адыходамі гнілых піламатэрыялаў…

Людзі! Куды ж вы?

Я ж да вас з усёй душой!..

1997

СУМЛЕННЕ

Мяне грызла сумленне.

Яно хацела прагрызці ўва мне

вялікую дзірку,

праз якую можна

вырвацца з мяне і ўцячы,

бо сумленню ўжо зусім абрыдла

жыць унутры такога

гадкага чалавека, як я.

І яно дасягнула сваёй мэты:

выскачыла, пабегла

й прагрызла дзірку ў іншым чалавеку,

каб пасяліцца ў ім.

На гэты раз – назаўсёды.

Вось так ён стаў

самым сумленным чалавекам на Зямлі,

а я –

самым несумленным.

1997

* * *

Я хацеў забіць унутры сябе

вялікага грэшніка.

Але схібіў,

бо не здолеў разгледзець яго.

Надта ж цёмна

там,

унутры мяне...

2001

ПАСТКА

Кажуць, што бясплатны сыр

бывае толькі ў пастцы.

Таму многія

не адважваюцца сунуць у яе

свой нос.

Другія рызыкуюць

і, ціхенька падкрадаючыся,

хапаюць жаданы кавалак.

А трэцім няма неабходнасці

ні пазбягаць пасткі,

ні красціся да яе,

бо пастка – гэта іхны родны дом,

і яны жывуць,

не вылазячы з яго.

1997

ФЕНОЛФТАЛЕІНАВЫ ШЛЯХ

Я паўзу іскрай полымя па

вузкай палосцы фенолфталеіну,

канец якой апушчаны

ў невядомую вадкасць.

Сутнасць гэтага рэчыва

я вызначу па колеры,

які пачне набываць палоска, і

такім чынам даведаюся,

што чакае мяне наперадзе.

Але што б мяне там ні чакала,

мне давядзецца ў любым выпадку

паўзці наперад, бо калі павярну назад,

то задыхнуся ад уласнага дыму.

1997

* * *

Перамажы час,

пакуль ён

не перамог цябе.

Перамажы,

але не забівай,

бо забіты час

небяспечнейшы

за ўсялякі жывы.

Труп забітага часу

дужа моцна смярдзіць

і гэтым смуродам

атручвае свайго забойцу.

Мне моташна,

бо я зусім заблукаў

у змрочных калідорах

трупярні.

1997

ШАШАЛЬ

Бамжыха з гліняным тварам

падперла нагамі хмару

Яе замшэлыя косткі

растварыліся ў зялёнай слоце

Нуда кульгае падбітай варонаю

Заквітнела асенняю кронаю

артэрыяльна-венозная гурба

а нітрацэлюлозная торба

памятала прысутнасць

драўлянага кілбаснага муляжа

які не згрызлі старыя зубы

Цяпер ён ляжыць

пазабыты на дарозе ў бясчассе

яго точыць

буры шашаль

Наша жыццё таксама

кілбасны муляж

Мы ўсе яго маем

мацаем

ліжам

але каб спасцігнуць глыбей

трэба быць бурым шашалем

1998

БЫЦЦАМ РЫБЫ

Мы – быццам рыбы,

выкінутыя з вады на бераг –

звіваемся тулавамі ў сутаргах,

б’емся хвастамі аб каменне,

разяўліваем прагна раты,

і паветра, такое бязмежнае,

здаецца чужынскім.

Напэўна, гэта проста час адліву…

Калісьці ж будзе й прыліў.

Калісьці будзе…

Калісьці…

Калі…

Верым, што тут мора-акіян,

а не штучнае вадасховішча,

з якога спусцілі ваду.

Паволі засынаем

і цешым сябе тым,

што мы – рыбы,

выкінутыя з вады на бераг,

а не на патэльню.

2008

* * *

Калі мы шукаем палку,

якую трэба засунуць

каму-небудзь у кола,

нам у першую чаргу

трапляецца той сук,

на якім мы сядзім.

Тады мы пачынаем шукаць сякеру,

ды хутка забываемся, навошта.

1995

БАДЗЯГІ

Мы беспрытульна валэндаемся па пяску

кожны заняты асабістымі справамі

сноўдаем узад і ўпоперад

камянеючы на кожным кроку

хутка нашыя твары

стануць каштоўнымі а

рхеалагічнымі знаходкамі

хутка нашыя пальцы

намацаюць ядро якое ў цэнтры планеты

яно чырвонае

як тая славутая кнопка

пра якую ўсе кажуць

якую кожны хоць раз у жыцці

марыў націснуць каб потым

усе сноўдалі па пяску

камянеючы на кожным кроку

1998

У ЧАКАННІ ЭКСГУМАТАРА

мы пахавалі сябе з музыкай

яна гучыць і дагэтуль

патанае ў завялых вушах

мы разумеем што яшчэ жывыя

думаем як бы нам раскапацца

ды не можам

усім лянота

чакаем калі прыйдзе эксгуматар

1998

ЁЛКІ ЗЯЛЁНЫЯ

пакуль ёлка елка

яна вабіць

вавёрачак птушачак зайчанятачак

сякеру п’янага дрывасека

ён яе шарах яна хрась бух

і стане елка ёлкай

і павесяць на яе шкляных

вавёрачак птушачак зайчанятачак

народ збярэцца вакол

ёлкі

вось так яна будзе гільяцінаваная

каб самой стаць каляднай шыбеніцай

калі елка ёлка

1998

* * *

Валасатыя зубатыя рукі

разяваюць пашчы свае

дзіка смяюцца й плачуць

акунаючыся ў рэчыва рэчаў

хапаюць усё навокал ды

ўсё мала ім мала

калматыя іклатыя рукі

галодныя ненажэрныя

бедныя

бо дзіравыя

1998

* * *

Людзі, сплеценыя з прамянёў,

вучацца быць нябачнымі.

Людзі, склееныя з бразгату,

вучацца быць нячутнымі.

Людзі, якіх не бывае,

вучацца быць.

2000

SEASONS

– Да пабачэння, каханая,

я еду да вялікага начальніка,

які жыве на тым канцы вуліцы, –

сказаў я пасярод спякотнага лета.

Пакуль даехаў – надышла зіма.

Захрас ровар у сумёце

і снег абсыпаўся з дрэва пад майку.

Здароў, вялікі начальнік, я да цябе,

але ненадоўга:

мая каханая засталася ў леце,

яна чакае там мяне.

2002

* * *

падскокну

вышэй за неба

прызямлюся

глыбей за мора

пералічу

ўсе хмары й хвалі

здзіўлюся

чаму іх так мала?

з ротам

адкрытым

для крыку

жыць я прывыкну

2000

* * *

Адлятаюць думкі матылькамі,

адлятаюць з галавы маёй.

Я лаўлю іх голымі рукамі,

каб запхаць назад у галаву.

Толькі я дарэмна трачу сілы

на такую дробную лухту.

Матылькі, якім памялі крылцы,

усё роўна доўга не жывуць.

2002

* * *

Лёс падараваў мне дзень

выкраслены з жыцця

Лёс ахвяраваў мне год

выдрапаны з быцця

Лёс прэзентаваў мне век

высмактаны з рэальнасці

Лёс паслаў мне жыццё

выкінутае з рэчаіснасці

Цяпер жыццё маё там

дзе мяне няма

Яно жыве без мяне

я існую без яго

Яно цячэ без мяне

я плыву не па ім

Але яно імкне да мяне

а я да яго

1997

ЧАРНАКНІЖНІК

Ноччу, калі горад абязлюдзеў,

абезмашынеў, абессабачаў, абезваронеў,

я адгортваю вокладку чорнай кнігі

і адразу ж некуды правальваюся,

раптам здагадваючыся,

што гэта была зусім не вокладка,

а дзверы ў цёмную бездань,

з якой немагчыма выбрацца

ўжо ніколі.

І тады – усё.

І тады я знікну,

растварыўшыся ў нетрах спапяляльнай

цемры,

а кніга так і застанецца ляжаць,

разварот старонак –

тварам да твару з небам.

Кожны, хто потым будзе праглядаць кнігу,

напэўна, задумаецца.

Можа, пачне мяне шукаць.

А можа, і проста загарне яе

і размахнецца,

каб прыхлопнуць

моль.

1996

ЛЕСВІЦА

Адзін чалавек

ступіў на лесвіцу

свайго развіцця,

але спыніўся

на першай жа прыступцы.

Другі чалавек

падняўся трошкі вышэй,

але аступіўся

і кулём паляцеў уніз.

Трэці чалавек,

які трымаўся

за парэнчы мэтанакіраванасці,

амаль дасягнуў жаданай вышыні,

хоць да найвышэйшай прыступкі

заставалася яшчэ шмат крокаў.

Так яно і працягвалася:

адзін стаяў унізе,

разгублена азіраючыся вакол,

другі непадалёку войкаў ад болю,

трымаючыся за пабіты бок,

трэці горда й велічна

глядзеў зверху.

І ніхто з іх не ведаў,

што ў гэтым дзівосным велічным будынку

ёсць ліфт.

1997

* * *

Апантай сябе гэткай спакусай:

перажыві самога сябе тры разы,

стань эпіцэнтрам для ўсіх землятрусаў,

з усіх рухавікоў паздымай тармазы.

Калі на душы тваёй рана,

ды не адна, а цэлыя тры,

прыстасуй да іх вадаправодныя краны,

а потым на ўсю моц іх адкрый.

І ты пабачыш, як з адтулін

з цябе пальецца выбухнуты шлак,

павыцякаюць ручаі расплаўленых куляў,

зацюкае сэрца, заціснутае ў кулак.

Хай глядзяць на цябе дыназаўры,

адзін адному прыкусваючы хвасты.

А ты нацягвай на сябе новую аўру –

ты станеш чыстым, бязважкім і пустым.

1999

* * *

Каб зразумець абсурднасць рэчаў,

спакмеціць, дзе ж схавана соль,

патрэбна ў ціхі зімні вечар

знячэўку сесці на мазоль.

Мазоль запэцканы, набраклы,

што атрымаў за працу ты –

гібрыд Сізіфа ды Геракла

і Ахілесавай пяты.

Які б выпадак ні адбыўся –

яго ўспрымай як супершоў:

прыйшоў, пабачыў і… забыўся,

дзеля чаго сюды прыйшоў.

Схаваўшы твару хцівы выраз,

ліхі махляр скрадзе твой плён,

што, як ні дзіўна, неяк вырас

на неўзаранай глебе дзён.

1999

ГУРУ

Я паскачу па батутах вашых барабанных

перапонак,

вырабляючы сальта й розныя іншыя трукі.

Я зраблю вашыя вочы

мішэнямі ў маім позіркавым ціры.

Будуўваходзіць у пячоры вашых ратоў

і выходзіць адтуль пранізлівым рэхам

(адчуйце яго на смак!).

Я праімчуся на матацыкле

па шляхох вашых мазгавых звілінаў

і весела паз’язджаю

з усіх вашых глуздоў.

І вы скажаце:

“Вось той, каго мы так доўга чакалі!

Вось той, хто прарабляе ў дзвярах вокны!

Вось той, праз каго мы выходзім вонкі!

Дзякуй табе вялікі!

Дзякуй табе, Вялікі!!”

І пойдзеце кудысьці далёка,

схаваўшы ў тумане задаволеныя твары.

1998

ПРАСВЯТЛЕННЕ

Сатурніянская народная легенда

Пасланец

з-за мора-акіяна

прывёз у Краіну Сляпых

вялікае шкляное вока,

сказаўшы:

“Хто ўставіць яго

сабе ў вачніцу,

той набудзе зрок”, –

і з’ехаў на белым кані –

толькі хвост калматы

над азадкам прыгожа віхляў.

І сляпыя пачалі разважаць,

хто ж з іх варты таго,

каб хадзіць па свеце відушчым.

Пакуль спрачаліся –

мышка бегла,

хвосцікам махнула,

шкляное вока ўпала

і разбілася ўшчэнт

на малюпасенькія друзачкі

аб падлогу няроўную

палаца крывога,

збудаванага сляпымі майстрамі.

І пачалі няшчасныя

біць сябе кулакамі па лбах,

і рвалі на грудзях сваіх

валасы,

ды знайшоўся мудрэц

сярод сляпых,

з сівой барадою амаль да пупа.

Ён прамовіў:

“Годзе лямантаваць!

Кожны драбочак вока шклянога

можна скарыстаць

замест цэлага вока.

Быць з маленькай

часцінкай зроку

лепш, чым зусім сляпым.

Дый хопіць на цэлы натоўп”.

І людзі ліхаманкава кінуліся

падбіраць аскепкі,

і ўтыркалі іх

у вочы свае невідушчыя,

пускаючы кроў ахвярную,

і рукамі дрыготкімі

ўціралі шкляную пацяруху

ў скуру твараў сваіх.

А аскепкі

ўпіваліся ў пальцы –

пачыналі былыя сляпыя

бачыць пальцамі,

наступалі пяткамі –

вырасталі на пятках вочы,

а хто сядаў на чароўныя друзачкі –

бачыць пачынаў ягадзіцамі.

А адзін спатыкнуўся,

паваліўся на шкло пабітае,

а падняўся

ўвесь у вачах.

І насельнікі невідушчай краіны

пры гэтым жудасна моршчыліся,

курчыліся й стагналі

галасамі дзікунскімі.

А мудрэц стаяў побач

і, трасучы барадой да пупа,

па-бацькоўску паўтараў:

“Цярпіце, дзеці мае,

цярпіце.

Прасвятленне –

яно заўсёды праз боль,

амаль што заўсёды...”

2002

* * *

Усё, што адбывалася,

усё, што адбываецца,

Як-небудзь называлася,

як-небудзь называецца.

А скура рэчаіснасці,

усыпаная назвамі,

нібы пакрыта язвамі,

пазбытымі празрыстасці.

Ніколі не адмыемся

ад вычварнай каросты,

бо ўсе мы развучыліся

глядзець на рэчы проста.

Нічога не зачыніцца,

пакуль планета круціцца.

Калі планета спыніцца –

нічога не адбудзецца.

2000

ПАДЧАС МАЁЙ АДСУТНАСЦІ...

Некалькі дзён не пабыўшы дома,

я адчыніў паштовую скрынку

і павыцягваў адтуль

(тры) лісты ад сяброў (+ 1 “ліст шчасця”),

дзве газеты, часопіс

(чамусьці леташні),

недапалкаў штук 5 (+ 1 невядома адкуль),

два квіткі на тралейбус

(шкада, што прабітыя),

гузік, пакунак ад жуйкі,

скарыстаны прэзерватыў,

здохлага пацука

(які ўжо пачаў смярдзець),

кавалак цацачнага Пакемона

(добра, што не сапраўднага),

улёткі з заклікамі на марш пратэсту,

недаедзены гамбургер,

бруд з ботаў вайсковых

(+ гной з калгасных палёў),

3 (тры) слоікі слёз дзіцячых

(+ 4 дарослых), кавалак

ад ядзернага рэактара

(верагодна, чарнобыльскага

ды яшчэ 100 грамаў нейкай брыдоты.

Я сабраў усё гэта ў жменю,

падняў над сабой

і падумаў:

вось што значыць пакінуць свой дом!

Колькі часу не быў я ў ім:

некалькі дзён,

а можа,

некалькі вечнасцяў?

2003

САМАЗАХАВАННЕ

У саМАЗАХаванні

ёсць нешта ад МАЗАХізму.

Змардаваны працай Сізіф,

разгублена пазіраючы з гары,

шторазу вяртаецца да каменя –

пад страхам

яшчэ больш жорсткага пакарання.

“Надзея памірае апошняй”, –

кажа Тантал

і чарговы раз

цягнецца засмяглымі вуснамі

да вады.

Праметэй

не шкадуе сваёй пячонкі арлу,

як раней

не шкадаваў для людзей агню:

– Смачна есці, дзюбатая пачварына!

Табе – радасць,

мне – гора.

Ты – загінеш,

я – выжыву.

“Смерць адбылася ў выніку

няшчаснага выпадку:

пацярпелы ішоў, паслізнуўся

і ўпаў на нож.

І гэтак шаснаццаць разоў”, –

адхіляючыся ад антычнасці,

працытуем сучасны пратакол

крымінальнае экспертызы.

І многія зловяць сябе на думцы,

што не жадалі б даводзіць

сябе да летальнага зыходу,

а аддалі б перавагу

магчымасці застацца

дзесьці паміж разамі 14-м і 15-м...

2007

ВАВЁРКІ

Вавёрка ў коле.

І не адна, а сотні дзве ці тры.

Ляжаць штабялямі,

бы тыя селядцы ў бочцы,

дыхаць адна адной не даюць.

А ці здольныя яны

зазірнуць за межы кола,

за яго абрыдлы калючы дрот –

і пабачыць бязмежны сусвет,

пабачыць навокал вабныя мёртвыя сузор’і

пустых, нерухомых колаў?

2007

* * *

паэты чытайце болей

каб ведаць як не трэба пісаць

чытайце шмат і не толькі сваё

чытайце адзін аднаго

чытайце брата сябра суседа к

аб ведаць як не трэба пісаць

чужое

не хвалюйцеся

усё што вы хацелі

яны напішуць за вас

чытайце ўсё

чытайце паўсюль

чытайце лежачы за ежай у цягніку

чытайце

што толькі патрапіць

каб ведаць

не трэба пісаць

1998

ВЫПАДАК З ЖЫЦЦЯ

Я выпаў з жыцця,

але не разбіўся,

бо жыў на першым паверсе.

Мне было амаль не балюча, а

дзіная праблема –

адпаўзці куды-небудзь убок,

бо на мяне працягваюць падаць

людзі з іншых паверхаў:

трэцяга, чацвёртага,

дзявятага, сямнаццатага...

2003

КАРДОН МАЦНЕЙШЫ ЗА ПАПЕРУ

Маё жыццё –

рулон прыбіральнай паперы.

Здавалася б, доўгае, роўнае й чыстае.

Але нехта перыядычна

адрывае ад яго кавалкі,

смачна падціраецца

і бесцырымонна выкідвае іх

у сметніцу нябыту.

Але я спакойны –

бо адчуваю сябе камусьці патрэбным.

Яны – заплямленыя, але адарваныя –

ляжаць там – на дне сметніцы –

не са мною – і добра – я ўсцешаны –

я задаволены – уздымаюся, акрылены

гэтымі маленькімі пяшчотнымі

шматочкамі –

я лячуууууууууу!

А галоўнае – ад мяне застанецца

вялікая кардонная шпулька,

кардонная падзорная труба

для назірання за таямнічым рухам

шляхаводных знічак.

2007

* * *

Пакахаць,

а потым наставіць рожкі;

сустрэцца,

а потым расстацца...

Уяўляеце:

распілаваныя дошкі

пачынаюць зрастацца.

Не толькі зрастацца,

але прарастаць і

нават пускаць галінкі.

Лістота вырасце –

яе прагартаць

не хопіць дробнай хвілінкі.

Хто ведае, чаго жадае душа

ў кожным асобна ўзятым целе?

Дошкі пусцілі на камоду й шафу,

а дошкі гэтага не хацелі.

У дошках яшчэ засталася смала,

якая завіраваць гатовая.

Смала ад нараджэння ў дошках была.

Яна – тысячагадовая.

Яна прымусіць зазелянець

і шафу, і стол, і канапу.

У кожным чалавеку жыве мядзведзь

і смокча нябачную лапу.

Прачнецца мядзведзь,

затрасецца бярлог,

засвеціцца карма, адкрыюцца чакры...

Мядзведзь, у межах бярлогу ты – бог.

А можа й не бог,

а можа, наадварот,

ты – іржавая баржа на якары.

Баржа, магчыма, дашчэнту згніе

гадоў праз пятнаццаць, а можа,

лопне ланцуг –

і чакае яе

сусветнае падарожжа.

2006

Раздзел III.



Пасівелі сінія

сандалі

ХОВАНКІ

На могілках, дзе помнікі,

гуляюць дзеці ў хованкі –

жывыя ды здаровыя

за пліты мармуровыя,

сагнуўшыся, хаваюцца,

і так ім падабаецца,

што больш нічога ў свеце

не трэба гэтым дзецям.

Магілкі – бы пясочніцы.

Па іх праехаць хочацца

пластмасаваму гоншчыку

на цацачным фургончыку.

З рыдлёўкамі, званочкамі д

ы радаснымі вочкамі

бяжыць сюды малеча ж

учкоў і мух калечыць.

А ўночы з дзецьмі ў хованкі

гуляюць мерцвякі.

Будуюцца на могілках

дзіцячыя садкі.

На могілках будуюцца

палацы, плошчы, вуліцы

і нават гарады.

Ды той, кім рэкі муцяцца,

таксама не адкруціцца,

бо праз гады

патрапіць назаўжды

туды,

дзе могілкі ды помнікі,

якіх не зберагуць,

бо зноў гуляць у хованкі

нашчадкі прыбягуць.

2002

* * *

Пад прыціхлыя крокі

мінакоў пад балконам,

пад пустыя папрокі,

пад нямыя праклёны,

пад ахрыплыя тосты,

пад званы новай эры

вечар ціхі, як помста,

уваліўся ў кватэру.

2011

НЕ СЁМАЕ НЕБА

За гарамі сонейка схавалася

да вадзічкі ў лужынку спусцілася.

Ззяла, ззяла зранку, і – наззялася!

Вох, як ужо сонейка стамілася!

І вяроўкай перацыраванае

тоўстай рэактыўна-самалётнаю

гнецца над зямлёю ўтрамбаванаю

неба прэлае,

потнае.

Нейкае аранжава-пунсовае

месіва да сонейка прыбілася

і разліла поліўку свінцовую...

З гора ў лужы сонейка ўтапілася!

З дзіркамі залатанымі, п’янае,

бруднае, як кудла беспародная,

трэцца аб зямлю атынкаваную

неба цяжкае,

потнае.

1995

РЭАНІМАТАР СМЕЦЦЯ

Рэаніматар смецця

ты хадзіў па руінах неба

кіем намацваў забытыя сцежкі

забінтаваўшы твар усмешкай

Рэаніматар смецця

ты таксама быў паразітам

таксама быў партызанам

абліваў сябе ацэтонам

і сыходзіў у багну агню

захінаючыся парасонам

каб думкі не звальваліся ў галаву

так нечакана

Захад сонца азарыў далягляд

над шкілетамі сабак і машын

І чырвоныя нібыта мармелад

шлях табе перапаўзаюць мурашы

Рэаніматар смецця

ты правальваўся ў разваліны лета

зачараваны счаўрэласцю чарвівага яблыка

падстаўляў драбіны каб закінуць агрызак

на воблака

запіўшы джын-тонікам каля макдональдса

сентыментальнасць знікне

калі ты пройдзеш

утаптаўшы ботамі ў зямлю

ГІД-РА-Э-ЛЕК-ТРА-СТАН-ЦЫЮ

рэаніматар смецця

о дэгустатар расплаўленага волава

а калісьці быў паразітам

Захад сонца далягляд азарыў

над шкілетамі машын і сабак

А над горадам стомлена плыў

надакучлівы газ аміяк

2000

КАСТРЫЧНІК

Праскокаў час, і восень паласнула

мяне па горле ледзяным лязом.

Што не памерла – тое зноў паснула.

Пазычыць дыгер мне камбінезон.

Лятуць у вырай ластаўкі й фугасы,

пазнаўшы па паходцы шум снягоў.

У крамах і гатэлях пахне мясам,

сякеры пахнуць потам мяснікоў.

Спавіты горад шызам каматозам,

што туманом павіс, як прасціна.

І дзеўчына, апранутая ў слёзы,

выкідваецца з чорнага акна.

Здаецца, сэрца сточаць нематоды.

Здаецца, ад маркоты мозг згніе.

І чалавек змагаецца з прыродай –

яна яго дастала, ён – яе.

Каб дум святло прарвалася скрозь аркі,

перакуліўшы свет на іншы лад,

агмень маёй электрагазазваркі

ускалыхне ваш нафтабензасклад.

2002

ГЛЮЧНЫ ГАРАДСКІ ПАЎЗМРОК

Цэнзурны варыянт

Над барыкадай шэрых лесвіц,

над кратамі мікрараёна

заспіртаваны голы месяц

застыў у позе эмбрыёна.

За квадратураю панэляў –

ручай, што быў калісь празрыстым,

сады, што некалі квітнелі –

раздолле для бульдазерыста!

Тут адгрымела нойз-імпрэза

за агароджай паламанай –

дрыжаў напружаны кампрэсар,

прамочваў вушы меламанам.

А зараз ціха, але неяк

не па сабе, калі навокал

лясы вялізарных лінеек

не ў неба цэляцца, а ў вока.

Тут кожны дом з касмічных вокнаў

на дол святла панапускаў.

Хацеў бы я, каб дапатопным

мой горад зноў калісьці стаў.

2002

* * *

В глухом лесу стоял двухэтажный

пустой дом.

Са школьнага сачынення Галі С.

Пустыя вокны палохаюць здзічэласцю

асабліва калі выглядаць з іх на вуліцу

Гэтыя нізкія падваконні

нагадваюць пра расплату за нечыя памылкі

Гэтыя раскіданыя па падлозе лісты

спазніліся назаўсёды

Таямнічыя гіерогліфы алхімічных

манускрыптаў

не сустрэнеш ні ў якім слэнгу

Іх прачытае толькі ноч

толькі цемра падорыць ім зіхоткі подых

Чуеш?

Вось нехта прасоўвае ў вокны

доўгія махнатыя рукі

яны цягнуцца да цябе ў кут

і ласкава абдымаючы

павольна заплюшчваюць твае вочы

А ты ўсё мроіш

не разумеючы хто прыйшоў

клічаш кагосьці

называеш імёны знаёмых і незнаёмцаў

усё роўна не здагадаешся

бо гэта яна

цемра

1998

* * *

На гнуткіх вулках пануе ноч

пазбаўляючы людзей індывідуальных

асаблівасцяў

яна пракрадаецца ў іхнія душы

праводзячы ідэалагічную апрацоўку

укліньваецца экскаватарным каўшом

у мазгі

зачэрпваючы рэчыва ў якім

кожная кропля нясе ў сабе пэўную

часцінку інфармацыі

У мностве лужын пад нагамі

адлюстраванні ліхтароў і комінаў

няпэўных колераў

сярод якіх

так лёгка згубіцца

1998

* * *

Адпакутавала глеба пад кропельніцай

дажджоў,

і вецер — сляпы бязногі санітар —

пад ускрытымі венамі сонечных прамянёў

калупае карослівыя пролежні хмар.

Паразявіўшы зяпы прастакутных вачніц,

абуджаецца абвуголены горада труп,

у прамежкі між воблачных ягадзіц

устаўляючы клізмы заводскіх труб.

1998

ABIENS, ABI!

Адзін малады паэт

выкінуўся з дзявятага паверха,

спаліўшы перад гэтым

усе свае творы.

Суседзі, сваякі, аднакурснікі

не разумелі: ну як гэта так,

такі прыстойны хлопец,

з інтэлігентнай сям’і –

і ўчыніў з сабою вось такое.

Хто ж цяпер патлумачыць ім,

што ў чалавека даўно быў

разлад з рэчаіснасцю

і татальны крызіс асобы.

“Напісанае застанецца”, –

скажаце вы.

Ну, гэта пасля каго як.

Гэты паэт зрабіў усё магчымае

(крызіс жа!), каб пасля яго

не засталося нічога.

Ну, ці амаль нічога.

Адна юная мастачка

была таемна закаханая

ў свайго выкладчыка жывапісу,

але ён не ведаў гэтага

і cпачатку паставіў ёй дрэнную адзнаку,

а потым увогуле з’ехаў за мяжу

на пастаяннае месца жыхарства.

Праз два тыдні дзяўчына ў роспачы

парвала на дробныя шматкі

й спусціла ў смеццеправод

усе свае мастацкія творы

і прыняла смяротную дозу

антыдэпрэсантаў.

У прыватных калекцыях сябровак

захавалася штук пяць яе малюнкаў.

Аднойчы яны нават выстаўляліся.

Але што яны былі

ў параўнаньні з тымі шматкамі шэдэўраў,

якія гнілі й раскладаліся на звалцы

сярод раскіслых недаедкаў

і напаўняльнікаў для кашэчых

прыбіральняў?

Адзін рок-музыка,

таксама зусім яшчэ не стары,

прачнуўся аднойчы з бадуна

і, вырашыўшы, што жыццё – дзярмо,

перарэзаў сабе вены.

Ягоныя таварышы па black-metal-бандзе

нават не ўяўлялі, што ён ведаў ноты

і паміж рэпетыцыямі

пісаў оперы й сімфоніі.

І не даведаліся,

бо пазнішчаў музыка ўсе партытуры —

як, зрэшты, і балванку

з дэбютным альбомам гурта,

што меўся выйсці праз тры месяцы.

Адзін малады скульптар…

Я хачу вам сказаць, што скульптары

ўвогуле народ даволі своеасаблівы:

яны ж хочуць,

каб плёны іхняга мастацтва стаялі

не дзе-небудзь у скляпеннях майстэрняў,

а на гарадскіх вуліцах і плошчах,

і пажадана бліжэй да цэнтру.

Ну дык вось, адзін скульптар,

ледзьве-ледзьве дасягнуўшы вядомасці,

вырашыў застрахаваць

сваю самую дарагую скульптуру.

Калі ў яго скончыліся грошы,

ён не знайшоў нічога лепшага,

як разбіць уласную скульптуру кувалдай.

Следчыя хутка дапялі, што да чаго,

і страхоўку скульптар не атрымаў.

У адчаі ён перакалаціў кувалдай

усе свае астатнія скульптуры,

а потым павесіўся на гарышчы.

Рэстаўратар,

які блізка ведаў скульптара,

хацеў аднавіць некаторыя статуэткі,

але не паспеў:

кавалкі бітага гіпсу

былі нахабна расцягнутыя

прыхільнікамі творчасці майстра.

Адзін архітэктар,

ужо не малады й даволі заслужаны,

аднойчы ўранку паглядзеў у акно

і схапіўся за галаву: “

Што ж я нарабіў!

Я ж сапсаваў горад!

Не, я жыць так далей не магу!” –

і ўспомніў пра пісталет,

што дастаўся ў спадчыну

ад бацькі-спецслужбоўца

і ляжаў зараджаны

ў шуфлядзе стала, –

Стрэл у скронь,

мазгі наскрозь –

вось мой лёс!”

Але перад гэтым ён таксама вырашыў

пазнішчаць усе свае творы.

Архітэктар заклаў у падвалы будынкаў

па некалькі тонаў тратылу,

правёў цэлую сістэму бікфордавых шнуроў

і гатовы ў любы момант падпаліць іх,

каб усе гэтыя пантовыя банкі

(шкло + бетон),

офісы, гандлёвыя цэнтры, а таксама

кварталы бязлікіх аднатыповых

хмарачосаў

з прыгнётнай геаметрыяй прастакутных

панэляў

узляцелі ў паветра.

Праверце ўважліва:

а ці не ў вашага дому падвале

поўзае, злавесна чыркаючы запальнічкай,

стары маразматык-архітэктар?

2008

* * *

не збегчы

не выйсці

пралазу няма н

а вуліцы восень

а можа вясна

калідор

дзе крапае вада

замест святла

1999

ЗАЧЫСТКА

Доктар сказаў:

– У морг! – Значыцца, у морг.

Ці ты добры чалавек,

ці старасвецкі горад,

ты маеш гонар,

але табе паведамілі:

– У морг! – Значыцца, у морг.

Ты можаш адбівацца, колькі ўлезе,

дарогамі рук тваіх

(калі ты чалавек),

абрубкамі вуліц тваіх

(калі ты горад),

кожны крык душы тваёй

яны прымуць за перадсмяротны,

развядуць у паветры рукамі

й скажуць:

– У морг – значыцца, у морг!

– Знос – значыцца, знос!

(Калі ты горад –

быў магутны волат,

але цябе ўвесь час вадзілі за нос.)

Над табою згусціўся морак.

У морг – значыцца, у морг...

Злы, злы доктар.

Монстр. Маньяк.

А схавацца няма як –

усюды знойдзе,

усюды павяжа

жгутамі, вяроўкамі,

а часам калючым дротам

прыдзярэ да насілак,

да каўшоў экскаватараў

і кузаваў самазвалаў.

Не паспееш і войкнуць,

як страшны доктар

пакажа пальчыкам,

скажа голасна:

– У морг!

– ...значыцца, у морг! –

падхопяць санітары.

У іх рукі дужыя,

у іх ногі цвёрдыя,

галовы раазууумныя –

ведаюць, дзе морг.

І там, у моргу, ты крыкнеш: “ПАД’ЁМ!!!” –

так, што ўсе прачнуцца там, у моргу,

паўстануць і пойдуць –

“ПАД’ЁМ!!!” – і пачнуць паляваць

на доктара,

злога доктара.

2003

* * *

Ці ёсць хто жывы

ў гэтым доме,

які мы абмінулі,

едучы ў аўтобусе

на ўрачыстасць сямейную,

наконт якой сумняваліся:

– А ці адбудзецца?

(Там, наперадзе, –

парк, зарослы

дзікімі хвоямі

й бар, дзе робяць

зніжку на піва,

калі назбіраеш

пяць этыкетак.)

Але мы туды яшчэ

не прыехалі – мы

толькі што абмінулі

дом, той самы дом,

занядбаны, але прасторны,

з дошак гнілых,

але з мноствам вокнаў,

быццам бы ўрослы ў зямлю, але

з дзіўнай пірамідай на даху.

У гэтым тагабочным доме-андрагіне

ці ёсць хто жывы?

2003

ПАРАНАІДАЛЬНАЯ ЎСМЕШКА ВОСЕНІ

Астматычны подых

хрыпатага ветру

заблытаўся ў дрыготкіх канвульсіях

знямелых халодных правадоў

на шэрым атраманце неба

крэмзаецца чорны арнамент птушак

які стомлена растае

ў пазамежнасці далягляду

пералітага праз край

мы сустракаемся

бярэмся за рукі ідзем

у расчыненую старую браму

з аблезлай тынкоўкай

нам услед глядзіць восень

лянотна расплываючыся

ў сваёй гнілавата-залатазубай

паранаідальнай усмешцы

1998

* * *

...І я даслаў свой ліст бязадрасны.

Каго дастаў мой ліст бязрадасны?

Мой доўгі ліст, мой цмок паветраны,

мой жоўты гліст, парослы кветкамі,

панёсся срэбнаю гірляндаю.

Яго лавіце – вось вам план даю.

Ляціць сняжынкаю астральнаю,

сухой паперай прыбіральнаю,

бы Арыяднінаю ніткаю

пад сонечнай электрапліткаю.

Мой ліст надзьмецца лёгкім ветразем

і абляціць зямныя нетры ўсе.

Мой ліст сарвецца лістападамі,

мой снег змяцецца снегападамі,

каб збеглі тыя, хто за кратамі,

за кратамі ў суседнім атаме

яшчэ ў адной пакуль малекуле,

пакуль яе не пераехалі

цяжкія колы артылерыі,

крывыя ногі кавалерыі.

Увысь ляці, мой ліст бязадрасны,

мой ліст бязрадасны, бязградусны,

мой гостры цвік, мой крык абураны,

мой смык прапалены-пракураны,

па-над струною заржавелаю

плыві начною каравелаю,

плыві ў трубу каналізацыі

да іншае цывілізацыі!

2005

КАНА-ЛІЗА

Мона Ліза ў каналіза-

цыйным люку

бачыць свет бяздонны скрозь

бензінавую лупу,

бачыць сон, і сніцца ёй:

яна ў музеі,

а на яве – пацукі адны ды змеі.

Мона Ліза Мона Ліза Мона Ліза

заманалі заманалі заманалі

Кана Ліза Кана Ліза Кана Ліза

заканалі заканалі заканалі

калі ласка калі ласка калі ласка

паскакалі паскакалі паскакалі

палі раска палі рака палі раска

раскапалі раскапалі раскапалі

папапаралілілізавававалі

Сука ў каляіне, жаба ў збане...

Разышліся швы на барабане,

разгуляўся хрэн у чыстым полі,

толькі долу прыціскала доля.

Націскала доля на педалі,

зубкі скаліла, а зубкі выпадалі.

Сінія дзіцячыя сандалі

беглі самі па старым падвале.

Мона Ліза ў каналіза-

цыйным люку,

ты аглухла,

ты майго не чуеш стуку,

у цябе не засталося нават нюху.

Кот памыйны. Брудная свінюха.

Мона Ліза Мона Ліза Мона Ліза

заманалі заманалі заманалі

Кана Ліза Кана Ліза Кана Ліза

заканалі заканалі заканалі

скаланалі скаланалі скаланалі

кал аналіз кал аналіз кал аналіз

бралі хабар бралі хабар бралі хабар

абарвалі абарвалі абарвалі

параралілізазазавававалі

Ашуканствы наляцелі хваляй,

вочы патапіліся ў фінгале.

Пасівелі сінія сандалі –

белымі, блін, тапачкамі сталі.

Свінні, свінні, ну чаму вы людзі?

Як даўно вас не купалі ў брудзе!

Як даўно ў брыдоце не качалі!

Мы б на вас глядзелі і тырчалі!

Мона Ліза ў каналіза-

цыйным люку –

вочы з дубу,

вушы з буку,

лоб з бамбуку.

Ты скульптура,

а калісь была карціна.

Мона Ліза,

ты, напэўна, Бураціна!

Мона Ліза Мона Ліза Мона Ліза

заманалі заманалі заманалі

Кана Ліза Кана Ліза Кана Ліза

заканалі заканалі заканалі

парарараралілілілізазазазавававалі

параралілілілізазазазавававававалі

папапапаралілілілізазазазазазавалі

папарарарараралілілілізазазазазазаза...

2005

ЗАСОХЛАЯ КВЕТКА НА СКРАЗНЯКУ

Засохлая кветка на скразняку –

палонніца рухаў у атмасферы

ў доме, дзе не зачыняюцца дзверы,

дзе нумар вісіць на адным цвіку.

Засохлая кветка на скразняку г

лядзіцца жывейшай за ўсе астатнія –

адзінае, што аспрэчвае статыку

ў гэтым забытым прыціхлым кутку.

Засохлая кветка на скразняку

тонкая, лёгкая, як летуценне,

заўсёды ў танцы, заўсёды ў трымценні,

як бляклы агеньчык на маяку.

У кожным горадзе ёсць такія

дамы, падуладныя скразнякам,

і той, хто заходзіў туды, – знікаў

нячутна й вусцішна, як летаргія.

Блукае зранку чыйсці цень

за кожным кінутым такім будынкам

з зарослым ганкам, з абсыпаным тынкам –

цень бадзяецца кожны дзень.

Вецер падзьме – і камусьці ў руку

ляжа кветка, засохлая на скразняку.

2011

* * *

З накатанай дарогі сну

я правальваўся ў яміны явы.

Сустракаць не сваю вясну

мне штораз было нецікава.

Але нават калі і сваю –

мне б такое таксама абрыдла.

Каб расціснуць у сэрцы змяю,

запускаю ў сябе статак быдла.

Нібы ў сне па вясне паласне

алебардай паранены ранак.

Гэта ж кайф, што не хочацца мне

наглытацца бледных паганак!

Я на восем вузлоў завязаў

тую гнуткую алебарду

і пабачыў на ўскрайку ляза

квінтэсэнцыю авангарду.

2011

ВЕРШ, НАПІСАНЫ ПАСЛЯ ЛЕКЦЫІ

КАЗІМІРА МАЛЕВІЧА, ПАЧУТАЙ У СНЕ

ішла па вуліцы бабулька

і распадалася на ромбікі

а дзеці беглі ды здзіўляліся

чаму на ромбікі а не на кубікі

ды неўзабаве зразумелі

яна ад нараджэння плоская

калі б вайна распачалася

яе б не мабілізавалі ў войска

бабулька тая аднамерная

і ёй дазволена бываць у роўніцы

толькі ў адной такая вось

супрэматычная жанчына

ішла па вуліцы бабулька

з ампутаванай воссю z

а дзеці беглі ды здзіўляліся

і распадаліся на шарыкі

чаму на шарыкі а не на кубікі

бо атупелі з нечаканасці

усе куты парасплываліся

а што тырчала пацякло

а дзеці беглі ногі плавіліся

і рухаліся дзеці над зямлёй без ног

вагу гублялі дзеці ў неба&

ляцелі бурбалкамі мыльнымі

і раствараліся за даляглядамі

не кубікі а шарыкі

і даганяў іх змей паветраны

былы бабульчын ромбік

2003

ГОСТРЫМ ПРАДМЕТАМ

Павесіцца і не жыць

Сесці й не ўстаць

Пашчу зашыць

Да зор не дастаць

У стракатым строкаце

небяспечна гуляць

Пакусаныя локці

баляць

Дайшлі да кандыцыі

Акалелі вынось

Разбурыць традыцыі

Праваліцца наскрозь

У рыклівым рокаце

2 х 2 = 5

Пакусаныя локці

рыпяць

Разбівацца аб скалы

Цягнуць ката за хвост

а пчалу за джала

Заваяваць фарпост

У бляклым блёкаце

хто застаўся – спяць

Пакусаныя локці

свярбяць

2001

ЧОРНЫЯ ПАРАВОЗЫ

Сядзіць кашчэй

крывы безвалосы

з ягоных вушэй

выпаўзаюць восы

з ягоных вушэй

выпаўзаюць пузатыя восы

Думкі аб каўбасе

мазгі працінаюць востра

баяцца ўсе

глядзець яму ў ноздры

баяцца ўсе

слязой абмываць яму ноздры

Сядзіць кашчэй

худы безвалосы

з ягоных вачэй

вылятаюць зграямі

альбатросы

і выпаўзаюць вусатыя восы

Адкуль? З вушэй?

Не, напэўна, усё ж такі з носа.

Сядзіць кашчэй

на шлангу насоса

Вісяць разрэзаныя стракозы

ім не балюча яны пад наркозам

У яме ляжыць

разламаны бульдозер

У ім можна жыць

але лепей вісець на бярозе

лепей вісець

на зарослай грыбамі бярозе

Сядзіць наркаман

пасінелы ад дозы

з ягоных ран

выпаўзаюць шэрыя козы

з ягоных колатых ран

выпаўзаюць сталёвыя шэрыя козы

З-пад маёй шчытападобнай залозы

выязджаюць чорныя паравозы

За лес адплываюць чорныя паравозы

За мутным шклом

вісяць разрэзаныя стракозы

Калі ласка прашу вас

прыбярыце гэтых пачварных стракозаў

яны пужаюць мяне

я страчваю розум

я страчваю розум

2001

ФІГУРНАЕ ВАНІТАВАННЕ

З ХМАРАЧОСА

Новы дзень настае

я сядаю на сталёвае крэсла

Мне ніхто не спяе

бо ўва ўсіх у горле захрасла

Нада мной праляцела мятла

і сусвет пад нагамі трэснуў

Я дастану кубікі з-пад стала

сам сабе пабудую яслі

Я штодня цыркулярку ўтыркаю ў жывот

я сябе рамантую

Пад дажджамі саляных і серных кіслот

я сябе рамантую

Я памкненні свае ў мясарэзцы кручу

бо мне не пашчасціла

Я раву я крычу

я ўзарвацца хачу

Разбярыце мяне на запчасткі!!!

Мяне вабіла даль

Ціскануў на педаль

але не на тую

Праглынуў я асфальт

разбягайцеся

зараз я званітую

З вышыні хмарачоса не бачыце вы

як на мне вырастаюць сцяблінкі травы

З вышыні хмарачоса абкураных вас

абгарэлых бязносых не сустрэне матрас

Па траве што на мне

размахнуся касой

Мяне на сасне

абгрызуць з каўбасой

Маё цела статуя

Мой розум бруду канава

Я сядаю сябе рамантую

Я нягеглы іржавы

Я сядаю на ўкапанае крэсла

2001

МЁРТВЫЯ ВУШЫ

Паласаты паралізаваны янот

параскінуў вуглаватыя паралонавыя вушы

ягоны хвост пузаты кнот

мясцовыя месяцовыя промні

пранікнёна падпальваюць

Сківіца прысохла адна да другой

забыўшыся на правілы моўнай

артыкуляцыі

ляжыць паласаты змяшаўся з крапівой

і толькі летаргічна ўздрыгвае

зацыраванымі вачыма

1998

* * *

Я ўляпаўся ў бетонную сцяну,

размазаўся па ёй у стане сну

і сцёк паволі ў кубак з кавай.

А сон той аказаўся явай…

1999

* * *

Калі адарвуцца крылы

будзе цяжка іх прысабачыць назад

бо спатрэбіцца клею

дафіга і болей

а прылепіш

усё роўна адваляцца

тады будзеш прывязваць вяроўкамі

на гэта пойдзе шмат часу

вяроўкі паспеюць згніць

тады застанецца прыбіць цвікамі

ад тваёй невычэрпнай крыві

яны заржавеюць

віхура

засыпле соллю раны твае

ужо нішто не загоіць іх

і ўсё роўна не здолееш лётаць

і будзеш ты не анёлам

а пачвараю дэкаратыўнаю

2001

* * *

– У якую ты сёння змену? –

запытаўся мой сябар,

скідваючы мяне з даху.

І я ляцеў і думаў,

якія ж смачныя клубніцы

выраслі ў маім начным гаршку

ўчора апоўначы.

2003

* * *

Я распух да неба брухам

і заплыў увесь тлушчом.

Я раздзьмуўся Віні-Пухам,

вуха зліплася з плячом.

Сярод гулу дэтанацый

правісеў я на круку.

Прагнуў смачна пачасацца,

ды звіхнуў сабе руку.

Я азызлы, бы рапуха.

Я – мяшок гнілых грахоў.

Запушчу старую муху

ў развароты трыбухоў.

1999

* * *

На двары забрахаў сабака

(не разбяру: ці кабéль, ці сука).

У маё вуха звалілася кака-

фонія някліканых гукаў.

Я рэжу сябе на кавалкі

і кладу на жыццёвы стод.

Маё сэрца – бетонамяшалка.

Маё вуха – смеццеправод.

1998

* * *

Сноў далёкіх адгалоскі

ранак рэжа на палоскі.

Булькаюць вірлівыя верлібры.

У адно вуха ўлятае,

а ў другое вылятае

куля дваццаць пятага калібру.

Ціха ў вырай адплываюць мроі…

Дым калыша колбу з камфарою…

Заўтра прыйдуць новыя героі…

1995

* * *

Мая душа пацела і ліняла,

з’язджаючы ў нару бяздонных пят,

і афарбоўку там сваю мяняла,

здзяйсняючы пачуццяў маскарад.

Мая душа пачухалася трохі –

з яе аблезла ўсіх памылак поўсць.

Калі ж апошнія пабеглі блохі –

сабе ўпляла ружовы бант у хвост.

1998

* * *

У кожным полі я дарожка,

у кожным лесе я пянёк.

Я вырваў у сараканожкі

пінцэтам трыццаць дзевяць ног.

У кожнай бочцы я затычка,

на кожнай дупе я трусы.

Напэўна, трэба кінуць звычку

у статуй адбіваць насы.

2000

* * *

Пажоўклы звялы светлацень

зварочваецца ў аблавухі камяк

Саштурхніся з мёртвае кропкі

на золку тлуму растаптанага самотай

З прабітага штыком барабана

выцякае крывавы каньяк

Птушка падбітая аэрапланам

развучылася лётаць

1998

* * *

Ідуць кіслотныя дажджы.

Цякуць пургенавыя рэкі.

Звісаюць з дахаў бандажы.

Па іх спаўзаюць чалавекі.

З чалавякоў ільецца пот

глуханямымі ручаямі.

Раве канём дзіравы бот.

Квітнее важна куча ў яме.

Рудая цвіль – куды ні кроч.

Згубіла панцыр чарапаха.

Вісіць наткнутая на корч

чыясьці брудная папаха.

1999

ВЫХОДЖУ

Выходжу

спатыкаючыся ў цемры аб халоднае

каменне

Выходжу

цюкаючыся лбом аб нябачныя празрыстыя

сцены

шукаючы навобмацак святло Выходжу

пахіла сунуся цёмнымі калідорамі

скрыўленымі на ўзор спружынаў лесвіцамі

рухаюся адчыняючы й зачыняючы

ўсё новыя й новыя дзверы Выходжу

прабіваюся праз завалы заклапянелага

ламачча ціснуся пхаючыся ў вузкія

адтуліны

паўзу раздзіраючы ў кроў апошні нос але

Выходжу бягу змятаючы ўсё навокал

Выходжу разрываючы на шматкі

шызую завесу Выходжу Выходжу Выходжу

Выходжу

зззззз

трансу

1998

ЖАЛЕЗАБЕТОН

Са мною нешта не тое,

ды толькі не ведаю, што.

Пад жалезабетоннай сцяною

я не адзін – мяне сто.

Мы – песцікі і тычынкі.

Наш дом – срабрысты бутон,

што ўпарта, без перапынку,

прабівае жалезабетон.

Іржавыя стрыжні каркасаў

гнуцца ў крывую дугу.

Я стаміўся ад часу,

які з мяне робіць рагу.

Павіс над дубовым гаем

паўзучы энцэфаліт,

а ўперадзе нас чакаюць

тысячы новых пліт.

2001

* * *

Я – стваральнік зарослых быллём

дэканструкцый,

растваральнік самотных і светлых ілюзій,

затыкальнік вушэй ад сухіх інтрадукцый,

забівальнік мышэй у гнілой кукурузе.

Я выношваю ў торбе уран ды плутоній,

назіраючы бляск ланцуговых рэакцый.

Я – спрадвечны шукальнік інакшых

гармоній

у кутах слізгацення праменных

дыфракцый.

Незнарок наступіў я на папараць-кветку,

заблукаўшы ў сутонні тэхнічных рэалій.

Я выцягваю палец з абрыдлай разеткі.

На душы асядае цыяністы калій.

1998

ПРАМЕНАД

Я адбітак свой пабачыў у шкле,

усміхнуўся: так, я ўсё яшчэ той.

Па вільготнай напаўсоннай імгле

я іду, як і раней, пехатой.

І нікога больш у гэтым паўсне,

нібы ў свеце я застаўся адзін,

ды загадкава вітаюць мяне

амбасады невядомых краін.

Мне з вітрыны падміргне манекен

і прыўзніме над ілбом капялюш.

Ува мне звышабаяльнасці ген:

спакушаю нават целы без душ.

Пазаўчора запрашалі мяне

на падводную выставу карцін.

Хто пайшоў туды – дагэтуль на дне.

Я адмовіўся – застаўся адзін.

Кіне блікі на глухую сцяну

заблукалае начное аўто.

Прыпынюся, пагляджу, пазяхну…

Хто кіруе ім? Напэўна, ніхто.

Нешта белае ляціць на зямлю –

ці то снег з дажджом, ці то какаін.

Сустракаю вас і вельмі люблю,

амбасады невядомых краін!

2009

ПРАЧНУЦЦА

прачнуцца

прачнуцца перад світаннем

прачнуцца перад світаннем на даху

прачнуцца перад світаннем на даху

высокага дома

прачнуцца на даху высокага дома ў іншым

горадзе

ў зусім незнаёмым горадзе

чароўным зваблівым горадзе

прачнуцца

2011

Раздзел IV.



Як выхлапная

труба знутры

У ВЫВЕДКУ – З ПЕСНЯЮ

Мы йдзем у выведку з песняю,

і пляваць, што ворагі нас пачуюць.

Мы заспяваем яшчэ гучней,

заравем пра ваенную таямніцу,

загарланім на ўсю моц,

дзьмухнем у трубы,

грымнем у барабаны.

Ворагі спалохаюцца,

усё пераблытаюць –

і заваююць не тую краіну.

2007

ПАРАСЯТЫ НЕДАРЭЗАНЫЯ

Ёсць людзі, якія маршыруюць нагамі,

а ёсць, якія скрыпяць пратэзамі.

Ёсць людзі, якія кіруюць багамі,

а ёсць, якія… парасятамі недарэзанымі.

Мы павыдзіраем з сябе правады,

па якіх унутр нас закладаюць праграму.

Нам ратавацца няма куды,

дый няма ад чаго таксама.

Няхай за намі з тварам біблійнага мудраца

назірае з пекла Маркіз дэ Сад –

не трэба лічыць пачаткам канца

пачатак вяртання назад.

Я

іду

не па краі абрыву,

а па лініі адрыву

я

іду.

Я сябе адчую

самым

шчаслівым,

нават калі шчасця не знайду.

2000

* * *

Зачыніце дзверы ў нікуды:

за імі – дрэннае надвор’е,

вятры пранізлівыя хворыя

і перарэзаныя правады.

Зачыніце дзверы на замок,

на дванаццаць абаротаў,

сплецены з калючак дроту

павесьце там вянок.

Вы зачынілі дзверы, так?

Гул сціхнуў, знікла прахалода…

Вам не хапае кіслароду?

Тады падайце знак –

і вам адчыняць дзверы зноў,

каб не даць вам захлынуцца.

Прашэпча нехта: “Рэвалюцыя...” —

і падатрэ анучкай кроў.

2000

НА СВАЁЙ ТЭРЫТОРЫІ

На сваёй тэрыторыі

маю поўнае права

галавою ў канаву

жыватом у траву

На сваёй тэрыторыі

ў самых розных праявах

ні туды ні сюды

я жыву

На сваёй тэрыторыі

сам сабе за кубачкам кавы

ненапісаныя

дасылаю лісты

На сваёй тэрыторыі

маю поўнае

поўнае права

права быць

быць пустым

пустым

Каб змясціць у сабе нешта

трэба пакінуць шмат месца

але зноўку нейкая трасца

ўсё перашкодзіць здзейсніць

1999

СУСВЕТНАЯ ВУЛКАНІЗАЦЫЯ

Сёння ранкам у акно

паглядзець не думай:

закурылася яно

паленаю гумай.

Не глядзі ты скрозь смурод

на натоўп народу:

пазавэндзіўся народ

дымам і смуродам.

Чорны град і чорны снег.

Крумкачы над звалкай.

Чалавек – не чалавек –

гумавая палка.

І сама зямная вось,

і на ёй паўшар’і

пракурыліся наскрозь

гумавым нагарам.

Пракаціліся каткі

па асфальце свежым.

Гушкаюць тугу гудкі.

Рыжы ружу рэжа.

Не пабачыш небакрай,

не пачуеш мовы,

толькі дорыць нам адчай

курадым гумовы.

1997

У ДОМЕ БЕЗ ВОКНАЎ

Мяне захапляе жаданне

ўваткнуць палку ў Кола Гісторыі,

каб далей кацілася не па інерцыі,

а сваім натуральным ходам.

Мяне апантана бянтэжыць

бязвоблачная перспектыва

імпэтна патрапіць пад танк,

ратуючыся ад камара.

Мяне спусташае фатальнасць

нявінных дзіцячых гульняў,

бо калі спараваць крыжык з нулікам –

атрымаецца прыцэл снайпера.

Мяне палохае боль,

які я адчую,

калі засну жывым,

а прачнуся забітым.

2000

СІГНАЛЬНАЯ РАКЕТА

Я партызан. Навокал людзі

ў варожай форме ходзяць дрэнныя.

І што са мною будзе?

Напэўна, пусцяць на варэнне.

Я кепска разумею, дзе я

(мяне, відаць, кантузіла).

Ды ёсць апошняя надзея:

да далягляду дапаўзці на пузе.

А там, за даляглядам, –

гармата са ствалом-калейдаскопам.

Адпомшчу каляровай кананадай

усім, хто пагражае мне захопам.

Ракета паплыве па небе батэрфляем

і абляціць паўсвету.

І ў Космасе адкрытым закружляе

мая Сігнальная Ракета.

2004

ЛЯСНАЯ БЫЛЬ

Званіў у лесе тэлефон

на кінутым лесапавале.

Па лесе бегаў салдафон.

Гэта яму патэлефанавалі.

Каб меў абрэз – дрыжаў бы лес!

Няма – тады б адпомсціў клюшкай

за калектыўны энурэз

на акрываўленых пялюшках.

Бяжыць па лесе ён – “Аллё! Аллё!” –

скрозь векапомную эпоху.

Бяжыць, а ў нос яму галлё,

а ў рот – карэнне з мохам...

Крычаў у трубку салдафон,

а з трубкі — — —

— — — кулі выляталі.

!№;;%%?%№;%№*(*)__((?:;№%:!

Падказваю: лес – гэта фон,

а ўсё астатняе – дэталі.

2003

* * *

Твой тэлефон ізноў не адказвае.

Ну што паробіш... Атака газавая...

У трызну ператвараецца оргія.

Твой тэлеграф захапілі ворагі.

Замест мудрацоў папрыходзілі боўдзілы.

Твой тэлефакс раскруцілі на болцікі

і размаўляюць азбукай Морзе:

кропка, працяжнік, удар па мордзе.

Струменіцца далечыня бірузовая.

За плотам валяюцца аднаразовыя.

Я б іх падняў і яшчэ скарыстаў.

Гнуўся, цягнуўся... Шкада, не дастаў.

Неба спавіта парванымі кабелямі.

Твой тэлевізар пасеклі шаблямі.

І цяпер ён па ўсіх каналах паказвае

шаблі, свінец і атакі газавыя.

2005

* * *

Мы – ветэраны вайны,

якой не было.

Нацягнулі па вушы штаны.

У балоце закапана пабітае шкло.

Заўтра нас пачнуць вывучаць

спажыўцы картатэк,

а сёння мы крочым туды, дзе дрэвы

тырчаць

і не можа прайсці чалавек.

Не хадзі, не хадзі па траве,

яна ўджаліць, уджаліць цябе!

Дрэвы ўтыркаюць свае кіпцюры

ў нашыя лбы –

хочуць, каб вокі было ў нас па тры.

Пад нагамі... растуць... грыбы...

Не, не грыбы – гэта бітае шкло

ашчэрыла зубы на нас.

Затуманіла... Завалакло... Газ...

Звісае з дрэваў металалом,

там крумкачам – надзейны схоў.

Пад нагамі – перамяшаныя з патрушчаным

шклом

кіламетры чалавечых мазгоў.

Не хадзі, не хадзі па траве,

яна ўкусіць, укусіць цябе!

Пакуль ніхто з нас не здох –

не спыніцца наша хада.

І нам ісці па глуздох,

пакуль у саміх не паедзе дах.

Калі б вырасла перад намі сцяна –

мы палезлі б усе на сцяну.

Па крывава-шкляным балоце без дна

нас гоняць з вайны на вайну.

Не хадзі, не хадзі па траве –

яна з’есць, яна з’есць цябе!

2003

* * *

Сусвет — вялізнае Гестапа,

дзе абуджаюць крыкам “Schnell!”,

дзе ў сэрца лезуць бруднай лапай,

запіхваюць цябе ў шынель

ды штохвіліны патрабуюць:

устаў, пабег, прысеў, устаў!

А потым ордэн прышрубуюць

ці прыгразяць скруціць сустаў.

Ці існаванне ператвораць

тваё ў судовы звышпрацэс,

а ты схлусі — прыкінься хворым

перад агентамі SS.

Жыві, калі Жыццё сустрэнеш:

працуй, спявай, сумуй, кахай,

пакуль у скронь сабе не стрэліш,

шапнуўшы стомлена: “Sieg Heil”...

2002

КАЛІ Я БЫЎ МАЛЕНЬКІМ

Калі я быў яшчэ маленькім сперматазоідам,

я ўжо адчуваў унутраны супраціў.

Я ўяўляў сябе імклівым астэроідам

і лёгка прарываўся скрозь любы

прэзерватыў.

І вось, апынуўшыся ў адной з яйцаклетак,

я пераходзіў мяжу, а мяне там засёк радар.

Але я поўз далей, хаваючыся сярод дрэваў

і кветак,

нягледзячы на прыцэльны агонь і ракетны

ўдар.

І раптам я, запоўзшы ў самы цэнтр

мікрасусвету,

нечакана наткнуўся на электрызаваны

калючы дрот.

І тады я задумаўся: “А ўвогуле, ці варта

ўсё гэта?

Можа, лепей зрабіць назад паварот?”

Толькі нейкая невядомага паходжання сіла

напірала ззаду на плечы мае гарой,

і я поўз далей – туды, куды мяне не насіла,

і суцяшаў сябе тым, што я – апошні герой.

Калі я быў сперматазоідам,

маленькім белым сперматазоідам...

І ў выніку я нарадзіўся, вырас і стаў

чалавекам,

але мае сённяшнія ўмовы

нагадваюць мне часы, калі я быў амаль

што малекулай,

бо зноў адчуваю вакол сябе цэлы космас

гумовы.

Я ведаю – гэта таксама гіганцкі

прэзерватыў,

які неабходна прарваць на самых цікавых

месцах.

І я да гэтых месцаў цягну правады,

узводжу масты й падстаўляю пажарныя

лесвіцы.

А адтуль нам, закінутым у вакуумны

смурод,

свецяць далёкія незнаёмыя яйцаклеткі.

Я ў промнях кожнай з іх прачытаю

таемны код.

Я – агент контрвыведкі!

А што было б, калі б я так і застаўся

сперматазоідам,

маленькім бляклым сперматазоідам,

нікчэмным гнюсным сперматазоідам,

худым смаркатым сперматазоідам?..

2005

ФАРШЫРАВАНЫЯ МУРАШЫ

Заблуканыя ў ашуканстве віравання яроў,

ашуканыя ў заблуканстве яравання віроў

ракі, у якой замест вады – кроў,

ракі, у якой чутны лямант і роў,

мурашы маршыруюць марш мурашыны,

маршуны мурашуюць пад шыну машыны.

Мурашоў фаршыруюць снарады ды міны,

мурашыстаў свідруюць штыкі й карабіны.

Мурашы штурмуюць.

Мурашоў муштруюць.

Мурашы мудруюць.

Мурашоў мардуюць.

Усё роўна

яны пазнішчаюцца дарэшты.

Усё роўна

ўсіх накрые адна падэшва.

Усё роўна

з усіх атрымаецца

адна яешня.

Ім таксама ўсё роўна.

І кожны з іх – грэшны.

1998

ПАСЕЧАНЫЯ

Пасечаныя шаблямі

ляжалі штабялямі,

ляжалі за шлагбаўмамі,

падраныя граблямі.

Падрапаныя гэблямі ляжалі,

быццам цацы.

Ім спадабалася быць мэбляю.

Цяпер з іх можна будаваць палацы.

2000

ЗАВУГОЛЛЕ ЭКЗІСТЭНЦЫІ

жыў-быў панк

не змываючы за сабой

падстаўляючы падножкі цягнікам

яго заўсёды цягнула

альбо спяваць альбо ванітаваць

але найчасцей

першае з другім

удала сумяшчалася

ён злучыўся ў адно

са сваёй заспанай бруднай вуліцай

і цяпер іх не разліць

ні вадой ні сернай кіслатой

падыходзілі ў камуфляжы

пыталіся

што тут здарылася і колькі табе гадоў

мне мінус-бясконцасць

адказваў панк

і твар ягоны рабіўся змрочным

як выхлапная труба знутры

я спрабаваў быць аптымістам

песімістам таксама

і тое й другое хранова

навошта пераліванне крыві

з пустога ў парожняе

навошта змаганні

хай за нешта змагаюцца тыя

каму ўсё роўна за што

ці за радзіму ці за

пляшку гарэлкі

так ці інакш закускай

атрымаецца чалавек

над станцыяй метро маладзёжная

павісла недаедзеная кімсьці хмара

прыгадваецца хтосьці калісьці спяваў

мілая моладзь слаўная моладзь

нашай бязмежнай краіны

а ці ведаеце вы

вось вы

ці ведаеце дзе ў Менску станцыя метро

маладзёжная

паміж турмой і пратэзным заводам

2002

* * *

Няма нагодаў для прыгодаў.

Сяджу, палю... У сэрцы — нож.

Згубіўшы боты-скараходы,

выходжу басанож пад дождж.

Мне абсалютна нецікава

ўвесь дзень бадзяцца пад дажджом.

Калі б не дождж ішоў, а кава,

ці піва,ці хаця б баржом!

Мяне дастала ўсё на свеце,

што бачу й чую я вакол:

і гэты дождж, і гэты вецер,

і гэты двор, і гэты кол.

Усё, усё мяне дастала!

О, дзе ты, мой дзявяты вал?

Здаецца, што людзей на сала

трымае страшны канібал.

Я сам яго аднойчы бачыў

ля дома, у якім жыву:

ён падбіваў, нібыта мячык,

чыюсь пустую галаву.

А галава міргала вокам,

а ў воку гніла бервяно...

Наперад, людцы, смелым крокам!

Наперад, людцы, на гаўно!

О, як усе мяне дасталі!

Што застаецца? Нюхаць клей...

Як гаварыў таварыш Сталін,

жыць стала лепей, весялей.

І ад такой вось весялосці

хоць стой, хоць пáдай, хоць падáй

руку таму, хто кліча ў госці,

а потым кажа: “You must die!”

Нясуць вампіры на талерцы

ізноў чыюсьці галаву.

А я стаю з нажом у сэрцы.

У сэрцы – нож. А я – жыву.

2005

* * *

Давайце забаронім правілы

скасуем нормы

і разбурым формы

закаламуцім зместы

жыццё яно аморфнае як цеста

павыціраем межы

о дайце нам метафізічнай ежы

мы прагнем камбікорму

перамяшаем дэфініцыі

і станем дафеністамі

Давайце забаронім правілы

Давайце забаронім

1999

ГОЛУБ ДРОНТ

Я Голуб Дронт.

Я ўчора вымер.

А пазаўчора слухаў спеў кікімар.

Сядзеў, глядзеў, як зорны лось

праходзіў скрозь

зямную вось

і апынаўся недзе ў Крыме.

Ідзе ў паход нябачны фронт,

а неба засцілаюць хмары.

Вясна. Хто разбіваецца на пары,

а хто распачынае капрамонт.

Што я скажу на гэты конт?

Я Голуб Дронт.

І ўсё тут!

Цягаюць пчолы мёд у соты,

ужо абуўся кот у боты,

і Тата Карла бервяно сячэ,

і штось адбудзецца яшчэ,

а мне пляваць

на вашыя турботы –

пайшоў я крылы здабываць,

а ўсё астатняе я адкладу на потым.

Акеанічным потам

пакрыўся шар зямны,

з разяўленым бяздонным ротам

адзеўся ў Піфагоравы штаны.

Я ўчора ўладкаваўся на работу

чытаць чужыя сны.

Я, Голуб Дронт!

У бой ідзе нябачны фронт…

2010

ЛЯМПА

лямпа на сонечных батарэйках

яна не гарыць ярчэй за сонца

яна толькі лямпа але яна

лямпа на сонечных батарэйках

хто і навошта яе прыдумаў

няма нікому да гэтага справы

яна без сонца нічога не вартая

лямпа на сонечных батарэйках

мы цягнем рукі да промняў лямпы

забыўшы што недзе вышэй ёсць сонца

бо замест сонца для нас яна

лямпа на сонечных батарэйках

а нехта крычыць што сонца не трэба

што трэба яго сцерці з неба

навошта яно калі ёсць у нас

лямпа на сонечных батарэйках

яна сагравае цяплом святла

яна асвятляе святлом цяпла

няхай жыве і ратуе нас

лямпа на сонечных батарэйках

1997

ТАМАГОЧЫ

Яшчэ нядаўна нашы вочы

ляжалі ядрамі ў гармаце.

Цяпер мы – толькі Тамагочы

ў руках Вялізнага Дзіцяці.

У цемры ёмістай кішэннай –

агнёў акамянелых россып.

Сусвет праколаты антэнай,

якая ловіць хвалі лёсаў.

Кампрэс на цела чалавецтва

не атрымаецца ўзгрувасціць.

А з інкубатара ўсміхнецца

мёртванароджанае шчасце.

1998

* * *

Мяне зняволіў Цар Кашчэй,

калі я йшоў у партызаны.

Сямнаццаць дзён і пяць начэй

я гніў, да дрэва прывязаны.

Ды поўня выплыла з-за хмар

і зазіхцела над балотам.

І знік кудысьці грозны цар,

нібы яго і не было там.

Цяпер ля вогнішча сяджу,

п’ю квас і мірна смажу сала,

і больш не ныю, не тужу.

…Мне поўня рукі развязала.

2011

* * *

Звалілася столь на падлогу.

Палезла сцяна на сцяну.

Вёска ўзмахнула хвастом дарогі,

паскідаўшы машыны ў кювета труну.

Недзе знайшоўшы цэглы з растворам,

замуравала цемра акно.

Гнецца спружына.

Дрыжыць рысора.

Падае помнік.

Ляціць бервяно.

Павыходзіла з кантролю

ўсё наваколле.

Пажар успыхнуў на нябёсным тапчане.

І надоўга прыляпілася падлога да столі,

і працягвае караскацца сцяна па сцяне.

1997

МАЁ ЎВАРВАННЕ

Маё ўварванне ў гэтую прастору

Маё ўварванне ў гэтую пустэчу

наткнуцца на нябачную апору

і паляцець у мокрую сінечу

рукой правесці па дыяганалі

заснежанага чорнага квадрата

сягну туды

куды мяне не гналі

сягну туды

дзе грукат агрэгатаў

навекі змоўк чакаючы кагосьці

хто разбярэ паміж Нічым і Нечым

мяжу са свежавыламаных костак

свіных сабачых воўчых

чалавечых

І я з’яўлюся. Гучна й нешматслоўна

я абвяшчу: “Нам не патрэбны межы!”

І агрэГАД уключыцца раптоўна,

і я ўпаду. Бо ён мяне зарэжа.

1999

ЦЮЛЬПАН

Заімшэлыя трэскі панабіваліся мне

ў вушы і ў рот.

Бруд і чарот – маё ўладанне.

Мурашы ў маім носе збіраюцца будаваць

хімзавод.

Крыж нада мной не паўстане.

Замест яго толькі тоўсты павук-крыжавік

адпачывае ў гамаку,

паміж маіх рэбраў нацягнутым.

Спыніся, спыніся, падарожніка глухі

чаравік!

Не хадзі за раку!

Багна там!

Васямсот гадоў таму скрыжаваліся

над гэтай багнай

мячы,

калі секчы чужынцаў адважылася наша

раць.

Васямсот гадоў ляжым, здзіўляючыся

й гніючы,

і час не стамляецца нашымі косткамі глебу

араць.

Раз на дзень прылятае сюды

прыбіральшчык-груган

ды спяшаецца прэч, бо даўно ўжо няма

тут мяснога.

А з-пад панцыра майго вырастае чырвоны

цюльпан.

Па ім кроў цячэ ўсіх, хто палёг за Нічога.

1999

ЖЫРАФЫ Ў КЛЕТКАХ ДЛЯ ХАМЯЧКОЎ

Звярамі, выстаўленымі ў клетках дзён,

мы сузіраем гэты свет,

і мы расцем, а клеткі робяцца малымі,

і ўжо галовы нашыя кранаюцца

не столі, а падлогі,

а шыі цягнуцца ўздоўж кратаў зверху ўніз

і робяць рэзкі паварот, а рот угрызаецца ў стрыжні жалеза.

І контуры нашых целаў выходзяць за

геаметрыю клетак, у якіх зацесна нават

аднаму,

ды нехта вырашаў нас расфасаваць

па два — па тры —

зручней так везці нас на мясакамбінат,

відаць.

Двое – у клетку на аднаго,

трое – у клетку на аднаго

з перспектывай

чацвёртага й пятага!

Даўно не бегалі на ўсіх чатырох

па далінах мы і не елі траўку.

Прадае на рынку бабуля пірог,

які яшчэ ўчора мяўкаў.

2011

СВАБОДА

Мой лёс хацеў мяне з’есці,

ды папярхнуўся мною.

Цяпер будзе знаць, куды лезці,

пакіне мяне ў спакоі.

Няхай будзе сам сабе ўдзячны

вялікі ды ўсемагутны.

Відаць, я не надта смачны,

а можа, нават, атрутны.

Ён выплюнуў, недажаваўшы,

і ў расчараванні збочыў.

А я абтросся, устаўшы,

і вольным далей пакрочыў.

Не буду маланкаадводам,

не буду і пыласосам.

Гэта ж такая свабода,

калі жывеш па-за лёсам!

1996

* * *

Заводы бастуюць

іду на хадулях

туляцца дулі

шыхтуюцца туі

гараць гартэнзіі

ў парадку парадным

гэй людзі-мішэні

раскласці прэтэнзіі

свае па кішэнях

раю вам акуратна

1999

СОН АБ БЕЛАРУСІ

Я сніў учора сон аб Беларусі...

І закрычаў у сне.

– А ты сур’ёзна? Ты не хлусіш? –

Спыталі ЎСЕ ў мяне. –

Пра Беларусь!?! – ТАКО-О-ОЕ?! –

Напэўна, шчэ ніхто не сніў!!!

І пхнулі ЎСЕ мяне нагою

Ад родных хат, ад родных ніў.

І я апісваць не бяруся

Маштаб сваёй віны:

Цяпер на Беларусі

Забаранілі бачыць сны.

1999

ХВОСТ АНАКОНДЫ

Мымры, мямлі,

румзы, жмінды,

цямці-лямці,

цюхці!

Цюхці,

цямці-лямці,

румзы, жмінды,

мымры, мямлі

вылазяць з халоднай нары.

Шмат шляхоў розных

на свеце ёсць, і яны

перакрыжоўваюцца, падаюць з гор,

альбо, наадварот, паўзуць на гару,

за якой – іншы бок разумення сусвету

таго самага, што сцяў у халоднай руцэ

сваёй нашу планету, якая куляй ляціць

праз зялёную цемру няпэўнасці,

што над ракою эпохі павісла,

як космас над небам,

як над космасам нешта яшчэ такое

невычэрпнае, вечнае, наймудрэйшае.

А мымры, мямлі,

румзы, жмінды,

цямці-лямці,

цюхці,

а цюхці,

цямці-лямці,

румзы, жмінды,

мымры, мямлі

вылазяць з халоднай нары.

Шмат шляхоў розных

на свеце ёсць, і адзін

з іх выгінаецца, быццам доўгі

хвост анаконды, якая плыве

па трапічным моры між хваляў

салёных і цёплых, пужаючы рыбу;

альбо быццам кáбель, які цёмнай ноччу

ў люку глыбокім бандзюгі абрэзалі

нейкія, каб за мяжою прадаць

за даляры; альбо быццам белы

шнурок ад красовак, на вузел завязаны,

ці на два; альбо проста быццам

шарсцінка катá ляснога

сярэднееўрапейскага –

няма розніцы, бо шлях гэты

нам даражэй за астатнія ўсе…

А тут –

мымры, мямлі,

румзы, жмінды,

цямці-лямці,

цюхці…

Цюхці,

цямці-лямці,

румзы, жмінды,

мымры, мямлі

вылазяць з халоднай нары.

Шмат шляхоў розных

на свеце ёсць, і адзін

з іх даражэй за астатнія ўсе нам,

але ён выгінаецца, уецца, закручваецца

занадта і шпарка-шпарка мільгае

перад вачыма, як чырвоная стужка, якую

вецер гайдае, закручваючы вакол галінкі

прыдарожнага куста, да якога яна

прывязана і на які з зайздрасцю

пазіраюць дрэвы і шкадуюць аб тым,

што яны не кусты, а слупы

шкадуюць, што яны не дрэвы, а дамы

шкадуюць, што яны не слупы,

а ў дамах жывем мы й бачым толькі

чырвоную стужку на прыдарожным кусце,

а ў супрацьлеглым баку –

мымры, мямлі,

румзы, жмінды

цямці-лямці,

цюхці!..

Цюхці,

цямці-лямці,

румзы, жмінды,

мымры, мямлі

вылазяць з халоднай нары!

1995

ЗОРКА № 40

Абапіраючыся на вясёлкавыя парэнчы,

трымаю падхватнік для лоўлі зорак.

– Скіньце мне, калі ласка, ярчэйшую –

тую, якая пад нумарам сорак.

Я ўбачыў свой паласаты адбітак

на канцы кожнага яе праменьчыка.

Зямля – пакінуты стары абутак

для кожнага вывіхнутага экскаватарам

карэньчыка.

Маё цела нагадвала раскапаную траншэю,

з якой зручна абстрэльваць гусенічныя

танкі.

А душа высоўвалася прыкладна па шыю

і хавалася назад, просячы паратунку.

Я лупцаваў пугаўём вош,

якая поўзала па маёй шчацэ.

І вада мітусліва сцякала па руцэ:

ішоў дождж.

1998

ПЕТАРДА

Ну што з таго, што сто стагоддзяў

прамільгнула,

што сто штандараў над зямлёю пралунала,

што стос талмудаў напісалі мудрацы,

што сто штуршкоў збівалі долу нас

за тое, што мы беглі ад стандартаў?..

А порах шматвяковых дум людскіх

запханы ў каляровую петарду,

што хутка выбухне.

2000

* * *

Н. У.

На правай маёй далоні

адсутнічае лінія лёсу –

ёсць нешта так, для адмазкі.

Я іду, зрываючы маскі

адну за другой

левай нагой.

Як бы час падмануць,

як адгарнуць

кнігу жыцця ў канцы, к

аб прагледзець змест

і выказаць згоду альбо пратэст?

Збянтэжаных дум ашмоцце

пакінула галаву маю.

Стаю я на эшафоце

і мух ад нудоты б’ю.

2001

НАВОШТА МНЕ ЛЁТАЦЬ У КОСМАС?

Я падымаю з зямлі зоркі,

што пазляталі з неба.

Навошта мне лётаць у космас,

калі мая хата з краю?

Нехта свой рай страціў,

а я знайшоў – пасяліўся

ў гэтым закінутым раі.

Цяпер мая хата з краю.

А нехта знайшоў сабе пекла.

Я паглядзеў – пасмяяўся.

Навошта мне лётаць у космас,

калі ёсць Краіна Сноў?

Навокал валяюцца схемы

сакрэтных падземных тунэляў,

і бусел

з адламанаю дзюбай

істэрычна б’ецца

ў маё вакно.

2000

ГЭТЫ СВЕТЛЫ ЧОРНЫ ДЗЕНЬ

Няхай

гэты

пусты

гук

напоўніць

песняю

чорны

дзень

каб

чорны

дзень

стаў

радасным

святам

для ўсіх

і кожнага

каб

мы

ўсе

нарэшце

адчулі

сябе

самімі

сабой

хай

усміхнецца

квяцістаю

знічкай

чорны

дзень

нараджэння

новага!

1998

ПАД ПІСТАЛЕТАМ

Рабочы з пісталетам, прыстаўленым

да патыліцы,

выточвае дасканалыя дэталі.

Піяніст з пісталетам, прыстаўленым

да патыліцы,

грае віртуозныя варыяцыі.

Паэт з пісталетам, прыстаўленым

да патыліцы,

стварае геніяльныя вершы.

А той, хто прыстаўляе пісталет да патыліцы,

хвалюецца больш за рабочага, піяніста

і паэта,

бо і сам дакладна не ведае,

ці зараджаны пісталет,

ці не зараджаны.

2011

ВЕРШ

Хто сказаў, што мой радок кульгавы?

Гэта ўсё трызненні ды лухта!

Мой радок наогул нерухавы,

паўжывы ад носа да хваста.

Верш мой страшны, брыдкі, непрыгожы.

Пэўна, ён усіх ужо дастаў.

Ні кульгаць, ні крочыць ён не можа,

бо яго паралюш распластаў.

Ад ангіны, тыфусу й халеры

мучыцца лірычны мой герой.

Не сяджу я доўга ля паперы,

бо інакш падхопіш гемарой.

Верш мой – барадаты і агідны,

без зубоў, без вуха, без рукі.

Едуць у калясцы інваліднай

паралізаваныя радкі.

1997


Стапеліі
Cover Page
Стапеліі
Юрась Барысевіч. Эксгуматар паэтычнага слова
РАЗДЗЕЛ 1. УНУТРЫ МАНЕКЕНА НЯМА ШКіЛЕТА
'А вы бачылі калі-небудзь вочы...'
'Таму, хто народжаны лётаць...'
Ледавіковы перыяд
Сэнс
Манекен і шкілет
Лямант лялькі
Дрыжыкі
Помарака
Асінавы кол
Суіцыдная кветка
Гадзіннік сыходзіць з рэек
'Я хачу паварушыць тваім хвастом...'
Элегія
Апакаліптычная восень
Каханне з апошняга позірку
Ісціна ў труне
'Аскепак сківіцы калматае пачвары...'
За мной га
'Паўзці па невядомасці...'
'Памяняйце ёй фотаздымак у пашпарце...'
Чатыры электрычныя крэслы
Герань
Канкан-балет
Туга
Курганок
Цкаванне
Сувязь
'Каго на крылах носяць музы...'
Тапіла мама кацянят…
Экстрасэнс
У бяздонне
'Я пазяхну на вас гумовым клеем...'
'Мы самі ўем з сябе вяроўкі...'
'З вакна разліваецца спеў канарэек...'
'Падала іскра ў каністру з салетрай...'
'Таму, хто народжаны лётаць...'
РАЗДЗЕЛ 2. РАСПІЛАВАНЫЯ ДОШКІ ПАЧЫНАЮЦЬ ЗРАСТАЦЦА
Цацка
'Я хацеў бы...'
Крываслеп
Калі спыняецца гадзіннік
Пудзель
Штопар
Душа
Сумленне
'Я хацеў забіць унутры сябе...'
Пастка
Фенолфталеінавы шлях
'Перамажы час...'
Шашаль
Быццам рыбы
'Калі мы шукаем палку...'
Бадзягі
У чаканні эксгуматара
Ёлкі зялёныя
'Валасатыя зубатыя рукі...'
'Людзі, сплеценыя з прамянёў...'
Seasons
'падскокну...'
'Адлятаюць думкі матылькамі...'
'Лёс падараваў мне дзень...'
Чарнакніжнік
Лесвіца
"Апантай сябе гэткай спакусай...
'Каб зразумець абсурднасць рэчаў...'
Гуру
Прасвятленне
'Усё, што адбывалася...'
Падчас маёй адсутнасці...
Самазахаванне
Вавёркі
'паэты чытайце болей...'
Выпадак з жыцця
Кардон мацнейшы за паперу
'Пакахаць...'
РАЗДЗЕЛ 3. ПАСІВЕЛІ СІНІЯ САНДАЛІ
Хованкі
'Пад прыціхлыя крокі...'
Не сёмае неба
Рэаніматар смецця
Кастрычнік
Глючны гарадскі паўзмрок
'Пустыя вокны палохаюць здзічэласцю...'
'На гнуткіх вулках пануе ноч...'
'Адпакутавала глеба пад кропельніцай...'
Abiens, abi!
'не збегчы...'
Зачыстка
Ці ёсць хто жывы...
Паранаідальная ўсмешка восені
'...І я даслаў свой ліст бязадрасны...'
Кана-ліза
Засохлая кветка на скразняку
'З накатанай дарогі сну...'
Верш, напісаны пасля лекцыі Казіміра Малевіча, пачутай у сне
Гострым прадметам
Чорныя паравозы
Фігурнае ванітаванне з хмарачоса
Мёртвыя вушы
'Я ўляпаўся ў бетонную сцяну...'
'Калі адарвуцца крылы...'
'У якую ты сёння змену?..'
'Я распух да неба брухам...'
'На двары забрахаў сабака...'
'Сноў далёкіх адгалоскі...'
'Мая душа пацела і ліняла...'
'У кожным полі я дарожка...'
'Пажоўклы звялы светлацень...'
'Ідуць кіслотныя дажджы...'
Выходжу
Жалезабетон
'Я – стваральнік зарослых быллём дэканструкцый...'
Праменад
Прачнуцца
РАЗДЗЕЛ 4. ЯК ВЫХЛАПНАЯ ТРУБА ЗНУТРЫ
У выведку – з песняю
Парасяты недарэзаныя
'Зачыніце дзверы ў нікуды...'
На сваёй тэрыторыі
Сусветная вулканізацыя
У доме без вокнаў
Сігнальная ракета
Лясная быль
'Твой тэлефон ізноў не адказвае...'
'Мы – ветэраны вайны...'
'Сусвет — вялізнае Гестапа...'
Калі я быў маленькім
Фаршыраваныя мурашы
Пасечаныя
Завуголле экзістэнцыі
'Няма нагодаў для прыгодаў...'
'Давайце забаронім правілы...'
Голуб Дронт
Лямпа
Тамагочы
'Мяне зняволіў Цар Кашчэй...'
'Звалілася столь на падлогу...'
Маё ўварванне
Цюльпан
Жырафы ў клетках для хамячкоў
Свабода
'Заводы бастуюць...'
Сон аб Беларусі
Хвост анаконды
Зорка № 40
Петарда
'На правай маёй далоні...'
Навошта мне лётаць у космас?
Гэты светлы чорны дзень
Пад пісталетам
Верш

Серыя заснаваная ў 2000 годзе

Рэдакцыйная калегія серыі:

Зміцер Вішнёў (галоўны рэдактар), Міхась Башура, Валянцін Акудовіч, Ілля Сін

Жыбуль, В.

Стапеліі: вершы / Віктар Жыбуль — Мінск: Галіяфы, 2012. — 220 с. — (Другі фронт мастацтваў).

ISBN 978-985-6906-61-2.

Усе правы абаронены.

Любое капіяванне, публічнае размяшчэнне і тыражаванне ў камерцыйных мэтах забаронена.

У параўнанні з іншымі зборнікамі Віктара Жыбуля (“Прыкры крык”, “Дыяфрагма”) гэтая кніга вылучаецца большай філасафічнасцю і змрачнаватай, хоць месцамі і іранічнай, танальнасцю, са зваротам да вострых праблемаў свету рэальнага і свету ірэальнага. Паэт вымалёўвае своеасаблівую галерэю грабляў, на якія можна наступіць у пошуках адказаў на спрадвечныя пытанні. Напэўна, схільнасць аўтара да парадоксаў паўплывала і на выбар назвы зборніка: стапеліі — паўднёваафрыканскія кветкі, “вельмі эстэтычныя” з выгляду, але са спецыфічным малапрыемным пахам, які нагадвае гнілое мяса.

© Жыбуль В. В., 2012

© Афармленне. ПВУП “Галіяфы”, 2012