КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Ад роднае зямлі... Аповесць пра маленства і юнацтва Якуба Коласа [Сцяпан Александровіч] (fb2) читать постранично, страница - 43


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

начальнікаў: станавых, пісараў, ураднікаў, а таксама сельскай інтэлігенцыі і г. д. Думка, што сяляне ніколькі не горшыя, а яшчэ ў многіх адносінах і лепшыя за іншых, і што яны знаходзяцца ў такім стане па прычыне сваёй неадукаванасці і няведанню свайго «я», заўсёды прыгнятала мяне. Жаданне праліць, так сказаць, святло на іх становішча, даць адчуць ім сваё значэнне — было прычынаю майго паступлення».


***

I вось надышоў той дзень. 13 чэрвеня 1902 года. У актавай зале адбылося ўрачыстае ўручэнне настаўніцкіх дыпломаў выпускнікам Нясвіжскай семінарыі.

Меліяранскі на гэты раз раскашэліўся і наняў вайсковы духавы аркестр. Хлопцы яшчэ сабралі па саракоўцы, і капельмайстар паабяцаў іграць усю ноч.

Выпускнікі прыадзеліся і з нейкім асабліва радасным пачуццём на сэрцы сядзелі на пярэднім радзе. У зале было людна: прыйшлі бацькі некаторых выпускнікоў, семінарысты малодшых класаў, вучаніцы прагімназіі.

На сцэне за сталом, устаўленым букетамі кветак, чынна размясціліся выкладчыкі ў бліскучых віц-мундзірах і ганаровыя госці: камандзір артбрыгады генерал-маёр Слёзкін, гарадскі галава Сідаровіч, чыноўнік асобых даручэнняў Віленскай вучэбнай акругі Кулагін.

Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў — вялікі журнал у чорным пераплёце і пачаў чытаць:

— На аснове артыкула № 2406 зводу законаў Расійскай імперыі, том XI, частка другая, выдання 1893 года прысвоіць званне настаўніка пачатковага вучылішча наступным семінарыстам:

— Міхалоўскаму Паўлу…

Аркестр грымнуў туш.

— Пыжу Селівону…

— Міцкевічу Канстанціну…

Кастусь ад хвалявання не чуў, як іграў аркестр. Ён толькі бачыў, што надзімаюцца шчокі ў вусатага салдата-трубача. Бачыў яшчэ, як, усміхаючыся, апладзіраваў Фядот Андрэевіч.

— Сянкевічу Аляксандру…

— Філіповічу Вікенцію…

— Самахвалу Сямёну…

— Болтуцю Канстанціну… — чытаў Меліяранскі. — Параграф другі. За выдатныя поспехі ўзнагародзіць Міхалоўскага і Пыжа кнігамі Гогаля і Тургенева… Міцкевіча Канстанціна — поўным зборам твораў Мікалая Васільевіча Гогаля…

Ізноў грымнуў аркестр.

— Ідзі, цябе клічуць!.. — штурхнуў Кастуся локцем Філіповіч, які сядзеў побач…

— Шаноўныя панове госці і выпускнікі! — распараджаўся дырэктар. — Прашу на ўрачыстую вячэру!..

У суседнім пакоі былі па-святочнаму прыбраныя сталы, ярка гарэлі лямпы…

Далёка за поўнач звінелі бакалы, гучалі прамовы і тосты, іграла музыка. Захмялеўшы, Лычкоўскі цалаваўся на развітанне са сваімі выхаванцамі…

Кастусь некалькі разоў піў за паспяховае заканчэнне вучобы, за поспехі на літаратурнай ніве. Аднак на сэрцы было нявесела. Яго бянтэжылі крык і шум, нястройныя галасы песень, музыка. Неяк цяжка было даць веры, што вучоба ў семінарыі скончана і наперадзе яго чакаюць невядомыя сцежкі, якія павядуць у жыццё… Хацелася хутчэй у Альбуць, каб там у адзіноце, пад аднастайны гоман елак і хвой сабрацца з думкамі.

— Што, Стары, павесіў нос? — падышлі да Кастуся Алесь Сянкевіч і Сямён Самахвал.

— Хадзем, хлопцы, паходзім! — прапанаваў Кастусь.

Землякі спыніліся ў канцы калідора ля расчыненага акна.

Павяваў свежы ветрык. На небе ярка гарэлі зоры. Недзе ў цемры глуха шумелі дрэвы.

— Косцік і Сямён! Паклянёмся заўсёды быць сябрамі! — парушыў маўчанне Алесь, які быў крыху пад хмяльком і ў радасным настроі. — Паклянёмся, што будзем даражыць дружбай, дзяліцца сваім шчасцем і горам. Клянёмся яшчэ служыць народу, змагацца за яго лепшую долю.

— Клянёмся! Клянёмся! — паўтаралі семінарысты.

На ўсходзе, за Слуцкай брамай, палавела неба, недзе ў бок Клецка бліскалі далёкія зарніцы…

Нараджаўся новы дзень…