КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Ад роднае зямлі... Аповесць пра маленства і юнацтва Якуба Коласа [Сцяпан Александровіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]




НЕДАБОЕЧАК


Бразнула клямка, і на ганак выбег босы хлапчук гадоў шасці.

На яго шчуплым твары з вострым носікам — шрамы. Русая галава астрыжана нажніцамі, з-пад няроўных радоў валасоў выглядае сіняваты гуз. У шэрых, яшчэ заспаных вачах — цікаўнасць і насцярожанасць. Хлапчук хвіліну-другую пастаяў, неяк смешна жмурачы вачаняты ад сонца, а потым з усіх ног памчаў роснай сцяжынкай у лес.

— Ты куды, Недабоечак? — выйшла з хлява маці.— Вярніся, Кастусёк! Вярніся! Куды цябе нясе ў такую рань?

Але хлапчук ужо не чуў матчынага голасу. Жвава скочыўшы цераз пералаз, ён схаваўся ў хмызняку.

— От, ранняя птушка… — паківала галавою маці.— Спаць ды спаць бы яшчэ, а ён успорацца ні свет ні зара…

На ўзлессі Косцік спыніўся. Тут ранішні халадок, на траве і жоўтых кветках пералётніку блішчаць кроплі расы. Лясныя жыхары поўняць абшар сваімі звонкімі песнямі.

«Птушаняткі…» — успомніў хлопчык і падаўся ў гушчар, дзе ў ядлоўцавым кусціку было гняздо берасцянкі.

Расхінуўшы калючыя галінкі, Косцік убачыў двух птушанятак. Яны сядзелі ў гняздзечку, разяўлялі жоўтыя дзюбы і ціўкалі.

— Ціха, ціха, скора будзеце снедаць… — сказаў малы і апусціў галінкі. Пасля выйшаў з хвойніку і завярнуў на ўзмежак. Ішоў асцярожна: на мяжы растуць крапіва з асотам, скрозь вострыя каменні. Не паспеў Косцік падысці да старога пня, як з-пад ног пырхнула птушачка.

— Цэк! Цэк! — трывожна закрычала яна.

— Не бойся, жаваранак, не бойся…

Пры самай мяжы навіслі сухія цымбуры пырніку, а пад імі, у ямачцы, ляжаць тры маленькія рабенькія яечкі…

Косцік стаў на пянёк. 3 коміна ідзе дым. Уладзіка і Алеся на двары яшчэ не відаць — яны, мабыць, спяць… Значыць, сняданак яшчэ не скора! I хлопчык зноў пабег у лес.

— Цюр-цюр-цюрлю-цюрлю-лю-лю! — пачулася недзе блізка.

Гэта шпачок. Ён жыве ў дупле старадрэвіны-хвоі.

Падышоў Косцік да высокага разгалістага дрэва, якое расло амаль у самым канцы поля, і спыніўся. Чорная кара на хвоі парэпана, са смаловымі нарасцямі, толькі ўверсе, дзе пачынаюцца тоўстыя галіны, яна мае мядзяны колер. Вось там угары недзе і шпачкова хата…

Хлапчук патупаў ля хвоі. Старэйшы брат Уладзік узбіраецца на гэтае дрэва, а чаму ён, Косцік, не зможа? Праўда, дабрацца да таго сучка нялёгка, але паспрабаваць можна…

Косцік абхапіў рукамі і нагамі камель і пачаў узбірацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. Але на шчасце трапілася смаловая нарасць, ён ухапіўся за яе і пацягнуўся ўгару. Да сучка ўжо блізка…

На першым суку хлопчык рашыў адпачыць, бо балюча шчымелі ўмазаныя ў смалу рукі. Пасля, забыўшыся пра шпачкова дупло, ён лез і лез далей, аж на самую макаўку…

О, як усё адсюль выглядае хораша! Хлопчык не раз лазіў па дрэвах, але так высока не забіраўся яшчэ ні разу.

Леснічоўка здаецца доўгай і нізенькай, а акенцы маленькімі-маленькімі. Гумно таксама нізкае, а вярба, што ля калодзежа, проста кусцік. Глянуў Косцік у бок лесу і дзіву даўся… Няма канца яму і краю!

А вунь хата. На ганку стаіць маці, вось паказаліся Уладзік з Алесем. Бягуць сюды! Не, спыніліся і махаюць рукамі. Відаць, клічуць снедаць. Косцік пачаў хуценька злазіць з дрэва. Глянуў уніз. Страшна!

Калі ён прыбег у хату, маці адцэджвала бульбу, а Уладзік з Алесем сядзелі за сталом.

— Ты дзе гэта гойсаеш? — накінулася на яго маці.— Крычала, крычала, а ён паджгаў, толькі пяткі забліскалі.

Бульба сопкая, разломіш напалам, памочыш у соль — пальчыкі абліжаш!

— Ты, Недабоечак, не хапай вельмі! — штурхнуў пад бок брата Уладзік.— Маці яшчэ блінцы пякла і сала смажыла. Пакінь месца…


ДАЖЫНКІ


У канцы жніва Міхал сказаў жонцы:

— Маці, трэба, відаць, сёлета дажынкі справіць. Людзі нам памагалі, цурацца іх нельга… Дый урэшце яно цалюткі год гаруеш, гаруеш, а продыху няма. Хоць разгавецца крыху… Як ты, Антось, думаеш?

Дзеці вестку пра дажынкі сустрэлі па-свойму.

— Ну, увесь дзень не буду нічога есці,— гаварыў Уладзік.— Тады цэлы пірог з’ем…

— А я сыру з мёдам наемся… — цмокнуў задаволена Алесь.

— Госці цукерак прывязуць. Цукерак! Цукерак! — радасна падскочыў Косцік.

I вось у бліжэйшую нядзелю пачалі з’язджацца сваякі. Першы прыкаціў у размаляваным вазку дзед Юрка з бабаю Крысяю. Ушчэ ля лесу госць весела заспяваў:

Засцілайце сталы, лавы,

Едуць госці небывалы…

Дзед Юрка Лёсік — матчын бацька — выглядаў малайцом: твар чыста паголены, сівыя вусы і бародка падстрыжаны. Апрануты ён ва ўсё крамнае: белая вышываная сарочка з чорнай камізэлькай, картовыя штаны, увабраныя ў юхтавыя боты. Нават сам пан ляснічы Канстанты Сянкевіч ставіць яго высока як паляўнічага і рыбака.

Не паспеў дзед распрэгчы каня, як у варотах паказалася яшчэ падвода. Гэта прыехалі Міхалавы старэйшыя браты Пятрусь і Яўхім са сваімі жонкамі Альбінай і Антоляй.

Гасцей сустракалі гаспадары. Яны таксама сёння ўбраліся па-святочнаму. Ганна ў жоўтай кофтачцы, у доўгай спадніцы з фальбонамі, у белым фартушку, на нагах дзявочыя чаравікі. Высокі і мажны Міхал у новай леснікоўскай вопратцы, у дабротных ботах. Твар у яго загарэлы. На галаве трасецца чорная густая чупрына. Ён радасна цалуецца з дзедам, памагае злазіць з воза бабцы Крысі.

Уладзік з Алесем аціраліся тут жа ля вазоў. Дзед Юрка даў ім па цукерцы і насыпаў у кішэні семак.

— А дзе ж Кастэн? — пытаў дзед.

Косцік стаяў ля вярбы і ваўчком пазіраў на гасцей.

— Хадзі, унучак, хадзі! — клікала бабка Крыся.

Падышла маці, узяла малога за руку:

— Ідзі, сынок, прывітайся з дзедам і бабусяй… Гэта ж у нас тут чужыя людзі рэдка бываюць,— тлумачыла яна.— А так ён рухавы і непаседлівы. Увесь дзень прападае ў лесе. Прыбяжыць у хату, схопіць лусту — і толькі яго бачылі. Паабдзіраецца, лазячы па дрэвах, аж страх! Летась, здаецца, я расказвала вам, забраўся на страху гумна і шуснуў уніз. Добра, што там салома ляжала… Мы тады празвалі яго Недабоечкам. Ну, ідзі, ідзі, Косцік, падай руку дзеду…

Неўзабаве на сверанаўскай дарозе паказаўся Амброжык Дземідовіч. Калі падвода выехала з-за гумна, дзед Юрка крыкнуў так, каб і Амброжык пачуў:

— Ша, кіндэр, губернатар едзе!

Невысокі і тоўсты ляснік Дземідовіч, па мянушцы Кубел, быў сапраўды нечым падобны на губернатара. Яго жонка Тарэся — малодшая Міхалава сястра — на хаду саскочыла з воза і кінулася цалавацца з жанкамі.

Пасля прыехалі леснікі Ясь Пальчык і Міхась Радкевіч. Прыгнаў каровы дзядзька Антось. Апошнім прыплёўся на сваім дэрашы Карусь Дзівак з Магдаю.

— Што ж гэта вы позніцеся?— запытаў Міхал.

— Хіба ты не ведаеш майго нязгрэбу,— адказала сястра Магда.— Часамі як з прывязі сарваўся, першы прыпрэцца, а сёння хоць аглобляй падважвай…

— Ну, калі ласка, госцейкі, у хату! Проша, тата, проша, кумка Магда, — пачала запрашаць гасцей Ганна.

За сталом рэй вёў дзед Юрка:

— Дай божа, гаспадару і гаспадыні шчасце, долю і хлеба ўволю!

Падпіўшы, жанкі заспявалі дажынкавую песню:

Здароў будзь, пане, жыта зжаўшы,

У снапочкі звязаўшы

I ў копачкі паскладаўшы.

Табе, пане-гаспадару, дажыначкі,

А нам яшчэ па чарцы мядовачкі…

У мужчын за сталом свае справы: гаворка пра цэны на збожжа, пра зямлю і леснікову службу.

— Добра вам, службовым людзям,— казаў Яўхім, звяртаючыся да Міхала, Амброжыка і Яся Пальчыка. — Праца, яно, вядома, нялёгкая, але заробак ёсць, а мы, мікалаеўцы, душымся на пяску.

— Зайздросціць таксама вельмі няма чаго,— адказаў гаспадар.— Не ўнаровіш якому чорту — пішы прапала, загоняць у якое балота ці зусім з торбай пусцяць… Іншая рэч сваё: хоць пясок, хоць якая зямелька, але ты сам гаспадар. А тут?..

— Ну, швагер, не прыбядняйся,— прамовіў Карусь Дзівак,— кавалак хлеба і да хлеба ты маеш.

— Памятай, Карусь, — уставіў слова дзед Юрка. — Хто сядзіць на гліне, той нігды не загіне, а хто на пяску — той есць па малым куску… Пастой, браток! У цябе яшчэ поўная чарка. Пускай да Антося…

Ой, у полі ліпачка, пад ею вада.

Бедна мая галованька, што долі няма.

А дзе ж доля падзелася, ці ў агні згарэла?

Калі ў агні згарэла — ляці папельцам,

Калі ў вадзе патанула — ляжы каменцам…

— Ну, што вы, кабеткі, зацягнулі, як на хаўтурах? — запытала гаспадыня.— Яська! Давай хоць сваю музыку.

Ганна, не дачакаўшыся, пакуль Ясь Пальчык і дзядзька Антось зайграюць на грэбнях, заспявала:

Зайграйце, музыкі,

Каб я паскакала;

Купіў бацька чаравікі,

Каб я патаптала!

Не паспела Ганна скончыць, як з-за стала выбег дзядзька Яўхім і, прыпяваючы, пусціўся ў скокі з гаспадыняй:

Ой, ляцеў авадзень,

А насупраць мушка.

Прыхіліся, кумка:

Пашапчу на вушка!

Хата пайшла ходарам. Амброжык Кубел запрасіў Магду. Міхась Радкевіч — Альбіну, з Антоляй танцаваў гаспадар. Антось і Ясь, стараючыся з усіх сіл, выціналі на грэбнях.

За сталом стала прасторна. Гэтага даўно чакалі хлопцы і забраліся на покуць.

— Давайце, давайце сюды! Наллю вам кроплю,— пачаў завіхацца каля дзяцей дзед Юрка.

У хаце стаяў гармідар: хто танцаваў, хто спяваў. Ніхто не бачыў, як Костусь лыкнуў чарачку салодкай медавухі і, пусціўшыся ў скокі на ўслоне, паляцеў на дол. Падаючы, ён выцяўся галавою аб зэдлік і моцна загаласіў, заглушаючы музыкаў.

— А мой ты хлопчык, а мой даражэнькі Недабоечак… — кінуліся цёткі Магда і Тарэся падымаць Косціка.

— Зноў гузяка сядзе, ах ты маё гора. Гэта ж так расквасіць лоб… — узяла Ганна сына на рукі.


ШАПКА


Як толькі выйшлі з лесу на сцежачку, што вядзе ў Ласток, дзядзька Антось здзіўлена запытаў:

— Кастусёк, а дзе ж твая шапка?

Малы спалохана лапнуў рукою за галаву. Няма! Паставіў кошык з грыбамі і хапіўся за галаву яшчэ раз… Згубіў! Згубіў шапку! I якую! Новую! 3 гузікам! Пазаўчора толькі бацька купіў яе ў Нясвіжы. У хлопчыка пакаціліся слёзы…

— Нічога, знойдзем,— прамовіў дзядзька і павёў хлопцаў назад у лес. — Шапка — не іголка, знойдзем…

Але колькі ні шнырылі па лесе — шапкі не было. Яна нібы скрозь зямлю правалілася. Абышлі, здаецца, усе мясціны, дзе сёння збіралі грыбы,— дарэмна. Дзеці змарыліся, а тут яшчэ пачаў церусіць дождж. Антось нагледзеў густую елку, і яны прыселі на сухой ігліцы.

— Ну, хто хоча зайцавага хлебца? — хітра ўсміхнуўся дзядзька.

— Я! Я! — закрычалі пляменнікі.

— Тады сядзіце ціха! Я зараз,— дзядзька Антось падхапіў свой кош з грыбамі і адышоў убок.

Праз хвілю ён вярнуўся з торбачкаю ў руках.

— Цяпер паглядзім, што тут у зайчыка ёсць, — са змоўніцкім выглядам развязваў Антось торбачку.— Ого, хлеб, сала! Якраз тры скрылёчкі.

Падмацаваўшыся, грыбнікі рушылі дамоў.

— Што гэта вы так доўга бавіліся? — спытала маці.

— Няўдача,— адказаў дзядзька.— Косцік новую шапку пасеяў. Прыйшлося вярнуцца.

— Вось табе і маеш!— пляснула рукамі Ганна і глянула на сына.

Той стаяў ля парога, апусціўшы галаву.

— Гэта я вінаваты,— тлумачыў Антось.— Косцік не хацеў надзяваць… Я настояў.

Праз дзень дзядзька Антось з Косцікам хадзілі зноў шукаць шапку. Ды хіба яе ў лесе знойдзеш? Бацька сярдзіта паківаў пальцам, але неўзабаве купіў другую.

Усе ўжо забыліся пра згубленую шапку, толькі Косцік ніяк не мог перажыць прапажу. Пойдзе дождж, дык малы са смуткам кажа:

— Мокне недзе мая шапка...

Выпаў першы снег. Хлапчук ізноў сваё:

— Холадна маёй шапцы…

Аднойчы ўвечары сядзелі дзеці на печы. За акном лютавала завея, выў вецер.

— Дзе цяпер мая шапка?— раптам спытаўся Косцік.

— Шапка? — перапытаў дзядзька Антось.— Слухайце, раскажу вам казку пра тую шапку… Жылі сабе ў лесе дзед ды баба. Быў у іх конік, бычок-трацячок, пеўнік рабенькі і ўнучак маленькі. Пайшоў той унучак у грыбы і згубіў сваю шапку. Ляжыць шапка пад кустом дзень, другі, а на трэці ляцела мушка, убачыла шапку і пытаецца: «Бз-бз! Хто ў гэтай шапцы жыве? Бз-бз». Ніхто не адклікаецца. Муха залезла ў шапку і стала ў ёй жыць-пажываць. Праз дзень — прыг-скок — бяжыць зайчык, убачыў шапку: «Хто тут жыве?» «Муха-залатое бруха, а ты хто?»

«Я зайчык-пабягайчык. Пусці, муха, і мяне». Залез у шапку і касавокі. Пад вечар — тэм-латадэм — бяжыць ліса, заглядвае пад кусты, угледзела шапку і пытаецца: «Хто тут жыве?» «Муха-залатое бруха, зайчык-пабягайчык, а ты хто?» «Я лісіца — добрая маладзіца. Пусціце і мяне», Праз дзень — цуп-луп — прысунуўся і воўк — з-за куста хапун. Пусцілі і яго….

— А як жа ён улез у шапку? — пытае Уладзік.

— Не перабівай! — кажа дзядзька. — Трапіць вунь каліва, як макава зерне, у зямлю — і якое дрэва вырасце… Паляжала шапка і вырасла, стала, як хата… Прайшоў дзень і — сарп-сарп носам — валачэцца мядзведзь. Падышоў ён да шапкі і пытае: «Хто тут жывы ёсць?» «Муха — залатое бруха, зайчык-пабягайчык, лісіца — добрая маладзіца ды воўк — з-за куста хапун. А ты хто?» «Я зверху прыціскун, — адказаў мядзведзь. — Пусціце і мяне!» «Няма ўжо куды!» «Ну, то я зверху сяду!» — кажа мядзведзь. Ну, ну, хто будзе мядзведзем? — перапыняе казку Антось і кладзе сваю шапку, пашытую з зайцавай шкуры.

— Я! Я!

— Не-е, мядзведзем будзе Міхаліна, — кажа дзядзька і працягвае далей: — Узлез мядзведзь на шапку, прыціснуў, а тыя ходу, хто куды…

Маленькая Міхаліна кідаецца на дзядзькаву шапку, топча яе нагамі і заліваецца вясёлым смехам. Хлопцы таксама хочуць прыціснуць шапку і робяць кучку-невялічку… Уздымаецца такі смех і крык, што маці вымушана супакойваць:

— Эй, вы там, мядзведзі, печ уломіце!..


ДЗЯДУЛЯ-МАРОЗ


Так у забаўках і рабоце праходзілі доўгія асеннія і зімовыя вечарьь

Дзядзька Антось прыносіў з варывенькі вязку лыка, парыў у ночвах, садзіўся на калодцы і плёў лапці. Хлопцы церліся пад рукамі. Уладзік спрабаваў сам плесці, але ў яго нічога не выходзіла.

Шумна і весела рабілася ў хаце, калі дзядзька, сплёўшы некалькі пар вялікіх лапцей, браўся рабіць хлопцам.

— Ну, каму першаму зробім шаўровыя чаравікі? — пытаўся дзядзька і пыхкаў самасадам.

— Мне, дзядзечка, мне! — стараліся перакрычаць адзін аднаго дзеці.

Спакваля дзядзька выбіраў з начовак танчэйшае лыка, пазіраў на хлопцаў і пачынаў з Косціка.

— Давай, хлопча, здымем мерку.

Косцік некалькі разоў ставіў нагу на калодку, а дзядзька прыкідваў вокам, каб лапцікі выйшлі якраз па назе. Калі ж адзін лапцік быў гатовы, Косцік храбра маршыраваў у ім па хаце…

Пасля круцілі валокі — вяровачкі да лапцей. Маці ж прала кудзелю і ціхенька напявала:

Каля млына, каля броду

П’юць галубы сізы воду,

П’юць галубы сізы воду,

Пілі, пілі, скаланулі,

На край свету заглянулі,

На край свету заглянулі…

Часам мужчыны памагалі Ганне зматваць ручайкі. Тады ў хаце стаяў ціхі і аднастайны трэск вірка. Хлопцы пазіралі з печы, як увачавідкі растуць клубкі і танчэюць верацёны.

Днём у хаце рабілася цішэй. Хлопцы яшчэ спалі, калі, закінуўшы за плечы стрэльбу, ішоў у абход бацька.

На небе дрыжалі зоркі, суха рыпеў снег пад нагамі, мароз шчыпаў за твар, аж слязіліся вочы. Міхал хвіліну-другую гаварыў з Антосем, які тупаў ля хлява, і хваліў мароз:

— О, бярэ крапчак!

— Нічога, днём адпадзе, — казаў Антось. — Гэта перад усходам сонца ён так…

Пасля снедання Уладзік з Алесем ішлі коўзацца. Толькі Косцік сядзеў у хаце і пазіраў, як забаўляюцца на двары браты. Хлопчык прастудзіўся і моцна кашляў. «Свой бондар завёўся, глядзі, як кадушку набівае», — казаў дзядзька Антось, чуючы сухі і басавіты кашаль Косціка.

Косцік прымасціўся на лаве пры акне, адкуль відаць край лесу і ўвесь надворак. Елкі, зацярушаныя снегам і падобныя ў сваім зімовым уборы на нейкіх казачных істот, здаецца, бліжэй падступіліся да хаты. Нейкім дзівосным страшыдлам з разяўленай зяпай уяўляецца Косціку расчыненае насцеж гумно, занесенае снегам па самую страху. Маладзенькія хвойкі на ўзлессі здаваліся хлапчукамі ў кажушках, якія ішлі ў лес і завязлі ў снезе. Туды далей, над лугам, дзе рос алешнік, віселі хмары. Яны падобны на вялікую аўчынную шапку аб’ездчыка Абрыцкага. А вунь і яго сіваватыя заліхвацкія вусы, насуплёныя бровы і нават выгінастая люлька. Хлопчык доўга ўзіраецца на хмары, і на яго вачах прападае Абрыцкі, а замест яго паказваецца сівы конь з распушчанай грывай і доўгім хвастом…

— Кра-кра! Кра-а! — закрычала варона, сеўшы на маленькай вярбе ля студні.

Косціку здаецца, што птушка скардзіцца на люты мароз:

— Бяда! Бяда! Холад!

Неўзабаве маці прагнала яго на печ. Там Косцік ляжаў у цяпле, і яму здавалася, што вось ён асядлаў хмару, падобную на аб’ездчыка Абрыцкага, і паплыў над застылым ад марозу лесам, замерзлым Нёманам, над замеценымі снегам Акінчыцамі і трапіў да дзядулі-Мароза. Той ляжаў на хмарах у доўгім і цёплым, як у ляснічага, кажуху, курыў люльку, з якое замест дыму вярнуў холад. Заўважыў Косціка дзядуля і пытае:

— Што табе, дзеткі, трэба?

— Сонца, — смела адказвае хлопчык.

— Вясны захацеў, — ласкава ўсміхаецца дзядуля. — Надакучыла ў хаце сядзець… Добра, няхай будзе па-твойму…

Дзед-Мароз падымаецца, дастае з кішэні ключ, падыходзіць да вялікай ледзяной брамы, адчыняе вароты — тоўстыя зеленаватыя крыгі — і на небе адразу весела засвяціла яснае сонца…


АБ ЧЫМ СПЯВАЮЦЬ ЖАВАРАНКІ…


Праз некалькі дзён мароз адлёг, прыгрэла сонейка, і дружна закапала са стрэх.

— Ну, здаецца, нарэшце, заплакала зіма, — сказаў дзядзька Антось. — Вунь і жаваранкі паказаліся ўжо…

Косцік цішком выбег з хаты і забраўся на сваё ўлюбёнае месца на дрывотні, дзе быў зацішак і ласкава прыгравала сонца. Прысеў на старую сукаватую калоду, што ляжала пры самай сцяне, і прыслухаўся.

У ясным, бяздонным блакіце звінелі песні жаваранкаў, але саміх птушачак не было відаць. Засланіўшыся рукою ад сонца, Косцік пачаў узірацца ўгару, выглядаючы жаваранкаў. Вунь адзін… Другі!

Нібы падвешаныя на нітачцы, трымаліся на адным месцы ў паветры ледзь бачныя птушачкі. Вось адзін жаваранак перастаў варушыць крылцамі, упаў уніз, потым узняўся ўвысь, і з новай сілай разлілася ў прасторы яго песня. Здавалася, песню гэтую слухае ўся прырода: і лес, і пакрытыя снегам палеткі, і будынкі; нават кроплі падаюць са стрэх ціхутка, каб не парушыць дзівосную мелодыю.

Хлопчыку здавалася, ён разумее, пра што спяваюць жаваранкі. Тая птушачка, якая была над самай дрывотняй, спявала:

— О, сонца, сонейка яснае! Як цёпла ты грэеш і ласкава песціш нас, бедных птушак, якія ў холадзе і голадзе чакаюць вясны… Ратуй нас, дарагое сонейка, праганяй хутчэй снег і холад з палеткаў і лесу… Тады мы запяем яшчэ весялей…

Другі жаваранак скардзіўся:

— У мяне сёння і расінкі ў роце яшчэ не было. Мне так хочацца клюнуць зарнятак, а іх нідзе няма… Усё прыкрыў снег! Як я ненавіджу гэты снег, які схаваў травіцу, маё гняздзечка і зярняткі на ўзлессі!..

Чым больш хлопчык услухоўваўся ў песні жаваранкаў, тым больш яму здавалася, што першая птушачка пяе весела і радасна, а другая выказвае сваю жальбу і непакой. Косцік быў так узрушан, што пабег у камору, узяў прыгаршчы ячменю і пасыпаў каля хлява. Няхай кормяцца бедныя птушачкі!


ГРЭХ


Навакольны свет, абмежаваны сценамі леснічоўкі і полем, што ўпіралася з аднаго боку ў лес, а з другога ў княжацкую сенажаць, паволі расступаўся.

Косцік ужо ведаў, як мяняюцца поры году, мог пералічыць нават дні тыдня. Але ў яго свядомасці ўсё ўкладвалася неяк па-свойму. Нядзеля ўяўлялася яму не проста святочным днём тыдня, а шпулькай белых нітак, аўторак — фабрычным кляймом, якое хлопчык бачыў на донцы кубка, субота — смачнай мяккай булкай, што прыносіў бацька з карчмы цёткі Хрумы…

Ведаў ён і тое, што, апрача іхняй леснічоўкі, Сверанава, Акінчыц і Мікалаеўшчыны, ёсць яшчэ Нясвіж, Слуцак, а дзесьці далёка — чуць не на самым краі свету — Вільня і Мінск. У Мікалаеўшчыне ён ужо некалькі разоў быў з бацькамі. Там на пясчаным беразе вялікай ракі туліцца безліч такіх хат, як іхняя леснічоўка, а то і яшчэ горшых…

А Нясвіж здаваўся яму велізарным горадам. Уладзік, які двойчы ездзіў у Нясвіж з дзядзькам Антосем, расказваў, што мураваныя будынкі там высокія і вялікія, а адзін дык падпірае неба — вышынёй з бярозу, што расце ля іхняга гумна. Косцік не раз пасля, паглядаючы на дрэва, дапытваўся ў дзядзькі Антося:

— Няўжо бываюць такія высокія дамы?

Дзядзька паглядаў на бярозу і адказваў:

— А ліха яго ведае, можа замак і вышэйшы будзе… Вядома, вышэйшы… Вежа вунь над усім паркам уздымаецца…

Косцік паступова прывыкаў да таго, што там, у Нясвіжы, такія вялікія будынкі. Нічога дзіўнага ў гэтым няма! Там жа жыве князь, які валодае ўсімі абшарамі. Усе лясы, як кінуць вокам, княжацкія. Палеткі, што пачынаюцца ля Сверанава і цягнуцца пад Свержань, Засулле і Коласава, — княжацкія. Сенажаці таксама. Леснічоўка, у якой яны жывуць, княжацкая. Усё, усё навокал княжацкае!.. .

Адно неба, мабыць, не ягонае. I то толькі таму, што там жыве бог — самы сярдзіты, самы багаты і самы пранырлівы чалавек. Можа бог — і не чалавек, але ён, як расказваюць старыя, ходзіць усюды, усё бачыць і ўсё, калі захоча, зробіць. Паспрабуй толькі ўгнявіць ці ашукаць яго! Тады бяды не абярэшся…

Так думаў Косцік пра бога, якому штодня прымушалі маліцца і бацька, і маці, і дзядзька Антось. Садзішся за стол — маліся богу, кладзешся спаць — таксама маліся. У пост не еш скаромнага — грэх! Дзеці баяліся бога, што сярдзіта пазіраў з абразоў. Пабойваўся яго і Косцік.

Інакш часам паводзіў сябе Уладзік. Да каляд ён вучыўся ў Мікалаеўшчыне і, як казаў дзядзька Антось, пабыў у людзях. Неяк раніцай, калі перад снеданнем хлопцы за дзядзькам паўтаралі «Отча наш», Уладзік упаўголаса зацягваў:

У імя ойца, духа,

Ёсць на печы саладуха,

Трэба на печ узлезці,

Саладуху з’есці…

— Ты што гэта, грэшнік? Бач ты яго, чаму ў школе вывучыўся! — стала хвастаць маці венікам Уладзіка.

А праз некалькі дзён, у самы перадвялікодны пост, Уладзік выбег з каморы і ціхенька шапнуў:

— Дзе мама?

— Пайшла ў сверанаўскую краму…

— То хадзі сюды. Нешта дам, — прамовіў Уладзік і сунуў брату ў руку кавалак сухой каўбасы.

— Уладзя, цяпер пост, — спалохана адказаў Косцік. — Нас бог пакарае.

— Не бойся, еж, — жуючы, павучаў Уладзік. — У каморы цёмна, бог не ўбачыць… Толькі маме не кажы нічога.

Косцік адышоў у цёмны кут і пачаў есці…

У той дзень і назаўтра хлопчык хадзіў у вялікай трывозе. Што, калі сівенькі дзядок бачыў яго грэх? Ён жа сыдзе з абразоў, возьме за вуха і запытае:

— Ты чаму, нячысты дух, ясі ў пост каўбасу?

Аднак праходзіў дзень, другі, пяты — дзядок спакойна пазіраў з абразоў і не пасылаў ніякай кары. Праўда, неяк маці выйшла з каморы здзіўленая:

— Праява нейкая: вешала тры колцы каўбасы, а засталося толькі два…

Косцік зірнуў на Уладзіка, але той зрабіў выгляд, нібы і не чуў, пра што сказала маці.

Неўзабаве на Косцікаву галаву зваліўся яшчэ адзін грэх. Прыбег хлопец неяк у кусты, дзе Уладзік з Алесем пасвілі карову і авечак. Хлопцы назбіралі сухога ламачча, але не мелі чым яго распаліць.

— Збегай прынясі пару вугалькоў, — папрасіў Уладзік Косціка. — Дам табе за гэта дудачку… Во, глядзі…

— Давай! — ухапіў Косцік свісцёлку з братавых рук і пабег дадому.

Там ён выграб з пячуркі два чырвоныя вугалі, угарнуў іх у закарэлую анучу, схапіў смалякі і бяросту, што ляжалі пад прыпечкам, і падаўся з хаты. Пакуль ён бег цераз агарод, вуголле толькі прыгравала праз анучу ў рукі, але ў полі, дзе веяў вецярок, агонь ажыў. Прыйшлося ўзяць анучу за рагі. Тады вугалі сталі тухнуць. Косцік прысеў на кукішкі, палажыў на вуголле бяросту. Агеньчык засвяціўся весялей, загарэлася бяроста. Тады Косцік пусціўся бегчы з усіх сіл. Па дарозе разгарэлася ануча, і агонь стаў прыпякаць рукі. «Калі добра папрасіць бога, ён заўсёды паможа», — успомніліся Косціку матчыны словы. — Памажы, божа, данесці! Памажы, век буду цябе слухацца! — стаў прасіць бога хлопчык.

Але тут здарылася неспадзяванае: ануча ўспыхнула полымем і балюча апякла руку. Хлопчык кінуў вуголле на зямлю і са злосцю вылаяўся:

— Каб цябе трасца ўзяла, бог, як ты мне памог!

Крыкнуў і сам спужаўся. Ну, цяпер бог не даруе такое абразы! Трахне пярун, і канцы! Хлопчык стаяў і, чакаючы божай кары, паглядаў, як сіратліва затухалі вугалькі…

Але ўсё навокал было па-ранейшаму: глуха шумеў лес, нізка над зямлёю плылі хмары, недзе ля хаты брахаў Галас. Страх памалу праходзіў, і Косцік пачаў зграбаць у адно месца вугалі і бяросту. Калі зноў зацепліўся агеньчык, Косцік гукнуў:

— Уладзя! Нясі хутчэй сюды ламачча!

Праз хвілю ў лесе гарэла вогнішча, хлопцы пяклі сала, толькі ў Косціка на сэрцы было яшчэ неспакойна…


ЧОРТАЎ КАМЕНЬ


Дзядзька Антось у нядзелю з самага ранку быў у добрым настроі. Ён пагаліўся, надзеў чыстую сарочку і, разбіраючы сваё рыбацкае прыладдзе, сядзеў на калодзе ля ганка, ціхенька заводзіў любімую песню:

По синим волнам океана,

Лишь звезды блеснут в небесах,

Корабль одинокий несется,

Несется на всех парусах…

Хлопцы ўжо ведалі, што калі дзядзька заспяваў, то можна ў яго прасіць, што хочаш, ён будзе на ўсё згодны: апавядаць казкі, чытаць кнігу, нават гуляць з пляменнікамі ў пікара.

Уладзік даўно ўжо цікаваў за дзядзькам і нарэшце стаў прасіцца:

— Дзядзечка, вазьміце і мяне на рэчку…

…Не гнутся высокие мачты,

На них флюгера не шумят… —

нічога не адказваючы, спяваў сабе пад нос дзядзька, а ў яго прыветлівых вачах і на твары была такая ласка і пяшчота, што Уладзік яшчэ раз папрасіў:

— Дзядзечка, вазьміце!.

— Дзядзечка, і мяне, — азваўся Косцік.

Тады дзядзька Антось зрабіў паўзу, пасадзіў Уладзіка на адно калена, Косціка на другое і зноў заспяваў:

и молча в открытые люки

Чугунные пушки глядят…

Потым змоўк, разгладзіў вусы, усміхнуўся і сказаў:

— Не, браткі, на рэчку я не збіраюся… А вось, калі маці не супраць, можам сёння схадзіць да цёткі Тарэсі…

Лугаватая — леснічоўка Аброжыка Дземідовіча — знаходзілася пры самай дарозе са Сверанава ў Мікалаеўшчыну. 3 Ластка туды можна трапіць праз Сверанава. Перайсці ў вёсцы балотны ручаёк, падняцца на ўзгорак, і ў хмызняку пакажацца комін хаты, дзе жывуць дзядзька Амброжык і цётка Тарэся.

Мінуўшы балотца, падарожнікі прайшлі драбналессе, дзе хвойкі і елкі раслі ўперамешку з бярозкамі і асінкамі, і апынуліся ў старым сасновым бары.

Неўзабаве дзядзька Антось даў каманду адпачыць, а сам прысеў на пяньчук і закурыў казіную ножку.

На палянцы было ціха і халаднавата: лясныя гукі і спевы птушак сюды ледзь-ледзь даходзілі, чэрвеньскае сонца не прабівалася праз густы шацёр. Стаяў духмяны пах прэлай ігліцы, багуну і разагрэтай жывіцы. Там, дзе гонкія ствалы хвой уздымаліся ўгару, лес прасвечваўся далёка-далёка…

— Ну, пайшлі, — падняўся дзядзька і паклікаў пляменнікаў, якія разбегліся па лесе. — Звернем улева ці выйдзем каля Чортава каменя?

Хлопцы не раз чулі пра Чортаў камень, і ім хацелася сваімі вачыма ўбачыць яго.

— Дзядзечка, а чаму камень так называюць? — дапытваліся дзеці.

— Чаму так называюць — цяжка сказаць, — пачаў дзядзька Антось. — Адны кажуць, што некалі даўным-даўно Нёман нечым угнявіў нячысцікаў. I чэрці задумалі перапыніць раку, не даць ёй ходу. Кожны чорт днём нагледзеў сабе камень, а ноччу ўсе яны павалаклі каменні, каб загаціць Нёман. Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка. Змарыўся адзін чорт, спыніўся ля дарогі адпачыць… А тут стала займацца на золак, у Сверанаве заспяваў певень, дык нячысцік спужаўся, кінуў камень ды ходу наўцёкі. Так расказваў мне стаўбцоўскі рыбак Янчур… А іншыя другое гавораць.

Дзядзька Антось спыніўся, дастаў капшук з самасадам, скруціў папяросу, выкрасаў агонь і працягваў:

— Кажуць, нібыта колісь у князя быў паляўнічы, спраўны хлопец. Без яго князь ніколі ў лес і кроку не ступаў. Падстрэліць той хлопец якога звера ці птушку, а князь выхваляецца перад панамі, што гэта ён забіў. Не ўцярпеў панскі паляўнічы і расказаў, што князь толькі на стаенніку гарцуе, а стралок з яго кепскі. Дайшла гэта пагалоска да князя, заскрыгатаў ён зубамі і загадаў хлопцу збірацца на ловы. Прыйшлі яны ў лес, князь і кажа хлопцу: «Лезь на дрэва і паглядзі, ці не відаць адсюль твая хата». Залез той на хвою і крычыць: «Не, не відаць, ясны пане!» «Ну і не пабачыць табе яе больш», — прамовіў князь і трах са стрэльбы. Хлопец зваліўся на зямлю. Пахавалі яго ў лесе, на магіле курган насыпалі. Неўзабаве ён стаў каменем, які і цяпер ляжыць пры дарозе…

Хлопцы наперагонкі кінуліся туды, дзе між кустоў ляжаў валун чырванаватага колеру. Зверху цямнела ўвагнутая бакавіна, сям-там парослая мохам, але нават па ёй можна было меркаваць, які гэты велізарны камень. Дзеці ўзлезлі на камень, пачалі коўзацца з яго.

— Бач, асядае камень, — прамовіў дзядзька Антось, аглядаючы валун. — Старыя людзі кажуць, што за іх памяццю ён быў у рост чалавека, а цяпер… Глядзі, што дзеецца ў прыродзе!

…— А мае вы госцейкі! Вось малайцы! — радасна прывітала цётка Тарэся дзяцей. — Заходзьце, заходзьце!

Гаспадыня са старэйшай дачкой Аміляй кінуліся адчыняць весніцы, якім не мог даць рады Уладзік:

— А мае вы небажаткі, а мае саколікі… Замарыліся, нябось.

Цётка Тарэся ўсаджвала дзяцей на ўслончык у цяньку пад вішнямі, калі падышоў Антось, якога дзеці пакінулі далёка ззаду.

Пачуўшы гоман на двары, выйшаў з гумна гаспадар — дзядзька Амброжык. Ён падаў руку Антосю, пасля Уладзіку і Алесю. Калі ж надышла чарга вітацца з Косцікам, зрабіў выгляд, што не ведае яго:

— А чый жа гэта хлапчына?

— Вось ішлі па лесе, — стаў хітраваць Антось, — бачым, сядзіць, як баравік, нейкі жэўжык, мы за яго — і пайшлі…

— Як жа хоць цябе зваць?

— Косцік, — нясмела адказаў малы.

— А чый жа ты ўсё-такі? Дзе ты жывеш?

— У Ластку.

— Дык гэта ты Міхала Міцкевіча сын?

— Ага.

— Ну, то здароў, чалавеча! Здароў! — падаў Амброжык Дземідовіч руку госцю.

— Здароў! — з усяе сілы ляснуў Косцік па вялікай мазолістай далоні гаспадара.

— Давай, браток, пагаворым з табою, — прысеў побач Амброжык.— Скажы ты мне, хлопча, колькі ж табе год?

— Сем скора…

— О, то малайчына! — з сур’ёзным выглядам пахваліў малога Дземідовіч. — Цяпер скажы мне, браце, як гэта ты апалонікаў лавіў у яме?

Косцік апусціў вочы і моўчкі махаў нагамі.

— Быў такі грэх, — сказаў дзядзька Антось. — У яму, дзе зімавала бульба, набегла вада. Косцік ішоў, паслізнуўся на гліне і — шабулдых у ваду. Шчасце, што дзядзька Пятрусь якраз быў блізка, пачуў крык малога і выцягнуў…

— Няхай вучыцца плаваць, матросам будзе, — сказаў Амброжык і пагладзіў Косціка па галаве.

— Матросам не матросам, а плытнікам будзе, — зрабіў вывад дзядзька Антось. — Гэта ўжо напэўна! Той не мікалаевец, хто не паспрабуе плытніцкага хлеба…

— Што вы прывязаліся да хлопца? — накінулася цётка Тарэся на Амброжыка і Антося. — Пайшлі, мае дзеткі, у хату, чым-небудзь смачным вас пачастую.


ДЗЕДАВЫ КАЗКІ


Не забыліся людзі яшчэ пра неўраджайны пазалеташні год, як неўзабаве зноў выдалася сухое і спякотлівае лета.

Сухмень 1889 года асабліва надоўга засталася ў памяці жыхароў Наднямоння. Як прайшоў пасля Юр’я спорны веснавы дождж, дык пасля амаль усё лета не ўпала з неба ні кропелькі. На ясным блакіце зрэдку паказваліся белыя хмурынкі, але да паўдня рассейваліся, і сонца проста скварыла ўсё жывое. Увечары на даляглядзе з’яўлялася нібыта смуга, ноччу цьмяныя зарніцы раз-пораз праразалі неба.

— Можа, нарэшце, збярэцца на дождж, — гаварыў тады дзядзька Антось, хоць сам добра ведаў, што далёкія зарніцы паказваюць на пагоду.

Без дажджу ўсё прападала ў полі і ў агародзе. Праўда, жыта сяк-так уцалела, але на ўмалот ніхто вельмі не спадзяваўся. Ярыну зусім запякло, і яна без пары пажоўкла. У той год бульбу не абганялі: кволы бульбоўнік пусціў некалькі лісточкаў, і тыя пачалі жаўцець…

У агародзе ўсё ляжала аблогаю: агурочнік, мак, цыбуля. Спачатку дзядзька з хлопцамі палівалі грады, але пасля махнулі на ўсё рукой…

На пагорках і сонечных палянках засыхалі кусты ядлоўцу, сталі жаўцець бярозы.

Жаўцелі і сенажаці. Павысыхала вада ў канавах, патрэскалася зямля. Там, дзе былі калісьці топкія месцы, трава была добрая, а на мурожных прудах чарнеў пасохлы дзяцельнік, малачайнік і шчацініўся рэдкі сівец. Штодня дзьмуў цёплы густы вецер. У паветры стаяў пах разагрэтай зямлі і сухой травы.

— Ратуйце! Майце літасць! — клікала на ратунак усё жывое і нежывое ў прыродзе. Але неба было няўмольнае і бязлітаснае.

Пясок за дзень так награваўся, што нельга ступіць босымі нагамі. Прахалоды ў самую спёку не адчувалася нават у лясным гушчары, і хлопцы часта хаваліся ў варывеньку.

Бацька ў тое лета зусім не прыпыняўся ў хаце. Пануры і сярдзіты, ён моўчкі абедаў і зноў на цэлы дзень ішоў у лес. Трэба было пільна сачыць, каб ніхто ў такую засуш не закінуў агню. Не давядзі бог пажару!

— Адпачыў бы хоць крыху, — прасіла Ганна, гледзячы на худы няголены твар мужа.

— Эт, маўчы, калі хочаш, каб скарынка хлеба не зводзілася са стала, — нявесела адказваў Міхал.

Неўзабаве пайшла пагалоска, што на Палессі, дзесьці за Ганцавічамі і Вызнай, гараць лясы і лютуе нейкі памор. Гінуць, як мухі, казалі, не толькі авечкі і каровы, але нібыта і людзі… Нейкая трывога і непакой апанавалі ўсіх.

Часцей сталі наведвацца ў леснічоўку старцы і галодныя людзі. Аднойчы на хутар зайшла кабета з двума маленькімі дзяўчынкамі.

— Я ўдава, жывем у Залешанах каля Клецка, — гаварыла жанчына. — Вясною карова прапала, не паспелі абсеяцца, кабылу ваўкі зарэзалі, у хаце жыта ні зернятка, мукі ні пылінкі… Прыйшлося ісці ў свет… Можа вы ведаеце, мая кумка-галубка, каму пастушкі патрэбны, — звярнулася яна да Ганны, — няхай бы дзяўчаткі дзе перакідаліся лета на ласкавым хлебе…

Маці наліла беднай удаве і яе дзецям міску крупніку і адрэзала па добрай лусце хлеба. Дзяўчаткі, якія моўчкі і палахліва стаялі ў парозе, бачачы пачастунак, адразу павесялелі, вачаняты іх засвяціліся.

— Кара гасподня прыйшла на людскія галовы. Оё-ёй! — казала Ганна і цяжка ўздыхала, пазіраючы, як завіхаюцца дзяўчаткі каля міскі.


***

— Вечар добры! Хлеб ды соль! — пачулася назаўтра, калі сям’я лесніка вячэрала.

У сенцах стаяў, абапёршыся на сукаватую палку, шчупленькі старац, абвешаны накрыж торбамі. На яго загарэлым маршчыністым твары выдзялялася сівенькая нібы наклееная бародка і гарэлі не па-старэчаму ясныя вочы, у якіх свяціўся роздум і смутак.

— Ці нельга ў вас, пане гаспадару, пераначаваць падарожнаму чалавеку? — запытаў жабрак і дадаў: — Вечар блізка, а вёскі нідзе не відаць…

Пасля вячэры мужчыны і падарожны госць выйшлі з хаты і прыселі на ганку пакурыць і пагутарыць.

Ціхі цёплы вечар паволі апускаўся на зямлю. Гублялі свае абрысы дрэвы ў лесе і зліваліся ў суцэльную сцяну, белаваты туман засцілаў сенажаць, кусты алешніку, граду маладога хвойніку. На двары і ў агародзе трашчалі конікі, недзе каля сверанаўскіх хутароў крумкалі жабы і прарэзліва крычаў драч.

— Што, чалавеча, чуваць на свеце добрага? — запытаў дзядзька Антось у старца.

— Самі ведаеце, якая сёлета жытка, — адказаў жабрак. — Бяда на бядзе едзе ды бядою паганяе… I што гэта дзеецца?.. Але нічога, дождж скора будзе…

— Будзе то будзе, але калі? — прамовіў Міхал. — 3 жыта вялікага наедку не чакай. Ярына прапала, бульба закажанела… Не пройдзе праз які тыдзень дождж, — і бульба, лічы, змарнуецца, тады ёй ужо нішто не паможа… Значыць — голад!

Пасля гаворка пайшла пра цэны на хлеб, якія раслі з кожным кірмашом, пра гандляроў збажыною, што нажываюцца на людской бядзе.

— Эх! Няма такога зла, каб з яго ды камусь не выйшла дабра, — з развагаю сказаў дзядзька Антось. — Так ужо водзіцца на свеце.

Хлопцы слухалі размову, і хоць не ўсё разумелі, але трывога старэйшых перадавалася і ім.

— Ну, малыя, спаць, спаць! — сказаў нарэшце бацька.

— Пайшлі, пайшлі, хлопцы! — стаў клікаць і старац.— У мяне поўная торба казак.

Калі ж дзядзька Антось з пляменнікамі і старац улегліся ў гумне, Косцік не вытрымаў і запытаў:

— Дзеду, а дзеду, калі казкі?

— Казкі? Што ж табе, унучак, расказаць такое? У мяне, хлопча, у торбах шмат усялякіх казак: і кароткіх, і доўгіх, пра паноў і мужыкоў, пра людзей і чарцей. Якую ж табе выбраць, каб ты памятаў дзёдаву торбу?

Дзед маўчаў хвіліну, збіраючыся з думкамі, а пасля стаў расказваць:

— Жыў-быў на свеце сярдзіты і хітры пан Беразоўскі. Меў ён багаты двор, вялікую дворню і вёску Мазалі, дзе жылі яго парабкі. Ехаў неяк праз Мазалі цар, спыніў каня і пытаецца ў мужыка Сальвеся: «Хто тут у вас самы разумны і дасціпны?» Пачухаў мужык патыліцу ды кажа: «Хто? Ну, вядома, наш пан Беразоўскі». Тады цар загадаў: «Паклікаць мне сюды таго пана Беразоўскага!» Прыбег пан, калоціцца са страху. «Адгадай, пане, тры загадкі, — звярнуўся да яго цар. — Як можна за адзін дзень аб’ехаць увесь свет? Колькі я варты? I, нарэшце, чаго я не ведаю? Заўтра я буду ехаць гэтай дарогаю назад, прыпыню коней, каб пачуць твой адказ». Цар паехаў, а пан стаіць ды божкае. Падыходзіць да яго Сальвесь і кажа: «Калі дасі мне мяшок бульбы і торбачку мукі на зацірку, дык адкажу за цябе цару на яго пытанні». «Дам усяго даволі — і хлеба, і солі», — узрадаваўся пан. «Не, паночку, вязі спачатку абяцанае, а тады будзем гаварыць», — секануў мужык. Нічога не парадзіш, прыйшлося Беразоўскаму прывезці бульбу і муку. «А цяпер пакінь мне сваю адзежу», — сказаў Сальвесь пану. Назаўтра адзеў мужык панскую апранаху, выйшаў на дарогу, сустрэў цара ды кажа: «Аб’ехаць можна так: сядай на сонца і за дзень аб’едзеш увесь свет». Цар кіўнуў галавою. «Вядома, што Юда прадаў Хрыста за 30 грошаў, — працягваў мужык. — То цар, я думаю, на грош таннейшы, значыць, варты 29 грошаў». «Ну, а трэцяе!» — у злосці закрычаў цар. Сальвесь пакланіўся і сказаў: «Цар не ведае таго, што адказвае яму не пан Беразоўскі, а мужык Сальвесь», — закончыў жабрак і змоўк.

— А што далей было? — запыталі ў адзін голас Косцік з Уладзікам.

— Далей казцы канец, — адказаў старац. — А ці ведаеце, хлопцы, якім чынам паны з’явіліся на свеце? Не? Дык слухайце!

I стары пачаў расказваць казку пра чорта, які зляпіў пана і паставіў сушыцца пад дрэвам, але якраз бег сабака і з’еў чортаву работу.

— Тады чорт узлаваўся на сабаку, схапіў яго за хвост і давай круціць. Давай круціць… Сыплюцца паны з сабакі… Хто трапіў пад бярозу, стаў панам Беразоўскім, хто пад дуб — Дубоўскім, хто за рэчку — Зарэцкім, хто пад гару — Падгорскім…

— Ну, будзем спаць, — прамовіў нарэшце дзед. — У маіх торбах казак многа, усіх не перакажаш… Не!

Назаўтра раненька прахапіўся Косцік, глянуў — дзеда ўжо няма, толькі побач з цапамі вісяць яго палатняныя торбы.

«Няўжо ў дзедавых торбах ёсць казкі?» — падумаў хлопчык і борздзенька ўсхапіўся на ногі, глянуў у адну, другую торбу, а там чэрствыя лусты хлеба, бліны… Ніякіх казак!

Тут якраз за дзвярыма пачуўся дзедаў голас, і Косцік шуснуў назад пад дзяружку.

— Ну, гаспадынька, дзякуй вам за хлеб, за соль, за бульбу і кашу ды з дабрату вашу! — развітваўся стары з Ганнай.

Пасля расчыніліся дзверы, і ў гумно ўвайшоў дзед з дзядзькам Антосем.

— Папомніш, чалавеча, маё слова, — гаварыў старац. — Папомніш, збярэцца навальніца… Усе прыкметы на гэта паказваюць: раса сёння была малая, сярэдзіна ные…

Калі стары пачаў чапляць на сябе свае торбы, Косцік высунуў галаву з-пад дзяружкі і запытаў:

— Дзеду, а чаму ў торбе няма казак?


НАВАЛЬНІЦА


У той жа дзень перад вечарам раптам грозна загуў лес. Неба стала хмурыцца, схавалася сонца, у прыродзе змоўкла ўсё жывое, толькі сярдзіта шумелі і шумелі дрэвы. На падворку ледзь-ледзь адчуваўся подых ветру, а ў лесе хісталіся верхавіны хвой.

Вярнуўся раней, чым звычайна, з абходу Міхал, наказаў хлопцам прыгнаць карову і авечак з пашы. Дзядзька Антось наліў два цабэркі вады, выкаціў з-пад паветкі бочку, паставіў пад страху некалькі ражак.

Хмара была яшчэ далёка, бліскавіцы не было відаць, але частыя раскаты грому калацілі зямлю і лес. Раптам усхадзіўся вецер, узняў на дарозе віхор пылу, некалькі спуджаных вераб’ёў шуганула пад страху гумна.

— А вы, падшывальцы, што тут аціраецеся? — крыкнуў бацька на хлопцаў. — Вячэраць і класціся спаць! Толькі не ў гумне, а ў хаце!

Пакуль дзеці вячэралі, на дварэ пачало цямнець. Бліскавіца раз-пораз пісягавала неба і асвятляла хату, а далёкія грымоты зліваліся ў суцэльны грукат, які нарастаў і набліжаўся з кожнай хвілінай.

Косцік з Уладзікам і Алесем улягліся на палацях, укрыліся. Але хіба можна было заснуць, калі дзесьці блізка ў лесе бушавала навальніца? Пярун ляскаў усё бліжэй і бліжэй, і нарэшце першыя буйныя кроплідажджу забарабанілі па вокнах. Пасля недзе блізка зялёная страла маланкі ўпілася ў лес, і грымоты скаланулі хату, аж зазвінелі шыбы. Хлопцы са страху прытуліліся адзін да аднаго.

Калі Косцік высунуў зноў галаву, то пачуў, што за акном ліло, як з вядра, а недзе недалёка грукатаў гром. Праз паўгадзіны грымоты аціхлі. Пад аднастайны шум дажджу хлопцы пачалі засынаць. I раптам дзесьці зусім блізка так моцна ляснуў гром, што задрыжэлі сцены ў хаце і бразнуліся вобземлю вілкі ў мыцельніку.

Міхал накінуў на галаву дзяружку, выйшаў на двор.

— Ой, страшна! — загаласілі дзеці.

— Ціха! Не бойцеся! — прысеў на край палацей дзядзька Антось.— Пройдзе дожджык, усё ажыве і закрасуе на полі і ў лесе. Праз некалькі дзён мы сходзім на Воўчы грудок, а там пад елачкай, мой пане, сядзяць баравічкі…

Не паспеў дзядзька вымавіць апошняе слова, як яркая маланка асляпіла вочы, у хаце стала відна, хоць іголкі збірай, і амаль адначасова страшэнны грукат скалануў хату, аж зазвінела ў вушах. Антось хуценька ўсхапіўся і выйшаў з хаты, маці пакінула калыхаць Юзю і стала ўзірацца ў акно.

— Што там, мама? — спалохана падняў галаву Косцік.

— Нічога, сынку! Спі, не бойся, — адказала маці. — Скора хмара пяройдзе…

Неўзабаве ўвайшлі ў хату Міхал з Антосем.

— Ну, што там? — запытала маці.

— Недзе ў лесе джвагнула, — адказаў Міхал. — У тым баку, за гумном, дзе старыя бярозы…

Дождж ліў усю ноч і раніцу і сціх толькі каля паўдня.


БАБКА БАЛАНДЗІХА


…Пасля той навальнічнай ночы Косцік раптоўна захварэў. Твар яго гарэў, нібы ў агні, ноччу хлопчык трызніў, усхопліваўся з пасцелі, клікаў да сябе старэйшых.

— Ціха, мой саколік, ціха, родненькі! — супакойвала сына Ганна.— Дай памяняю кампрэсік… А можа ты зёлак вып’еш? Выпі, мой галубок!..

— Калі ж бо яны, мамачка, надта горкія…

— А дзе ж ты бачыў, мой сынок, каб зёлкі былі смачныя? Яны заўсёды горкія…

Раненька, яшчэ на досвітку, дзядзька Антось запрог каня і прывёз з Мікалаеўшчыны шаптуху бабку Баландзіху, якая славілася на ўсю ваколіцу.

Гэта была худзенькая, згорбленая бабуля, якой, казалі, пераваліла ўжо за сотню. Жыла яна адна ў маленькай і старэнькай, як і сама, хаце, збірала ў полі і лесе розныя травы… Баландзіха ніколі не разлучалася з вялікім мехам, унутры якога былі нашыты асобныя кішэнькі для кожнай зёлкі. Гэтым мехам мікалаеўшчынскія мацяркі страшылі сваіх непаслухмяных дзяцей.

Калі шаптуха ўвайшла ў хату, Ганна завіхалася ля печы, а Кастусь піў чай, настоены на ліпавых кветках і сухіх малінах.

Убачыўшы згорбленую постаць старой, хлопчык хуценька схаваўся пад посцілку: ён не так спалохаўся Баландзіхі, як яе мяшка…

Пасля бабка сядзела на зэдліку ля Кастуся, гладзіла шурпатай далонню яго па галаве і шаптала бяззубым ротам:

— Далёка-далёка, недзе за марамі, за гарамі, за лясамі і лугамі, куды воран і костачкі не занясе, расце дрэва, а з-пад таго дрэва выцякаюць тры ручаёчкі. У адным вада жывучая, у другім гаючая, у трэцім — бессілачая… На гэтым свеце нічога няма маццей вады, бо яна патушыць хоць які агонь і абмые хоць якую мурзатую морду, адно толькі нё можа абмыць грэшнае душы…

Баландзіха дастала са свайго меха маленькую бутэлечку з вадою і тройчы пырснула хлопчыку на твар і грудзі:

— Вада гаючая, вада жывучая! Ганіце хвор на сухі бор!

Потым Баландзіха «выганяла» перапуд, ліла над галавою хлопчыка растопленае волава ў місачку з халоднай вадой, давала нюхаць нейкія духмяныя краскі.

На развітанне шаптуха дастала са, свайго меха тры пучкі зёлак і, палажыўшы на стале, сказала Ганне:

— Вось вам, дачушка, рамонак, верасок і пералётнік. Запарце ўсё разам і давайце па лыжачцы. Верасок і пералётнік можна і асобна піць…

Старая стала збіраць свае манаткі ў мяшок і, адыходзячы, наказвала Кастусю:

— Ну, папраўляйся, гарбузянятка маё!

— Пачакайце, бабуля. Вось вам за фатыгу, — сказала Ганна, падаючы ёй скрутак. — Антось зараз каня запражэ.

— Не, мае дзеткі, я пайду сама… Па дарозё розную траўку і краскі буду збіраць. У лесе адпачну, пасяджу дзе на імху, паслухаю, як птушачкі шчабечуць, як ветрык лісцё калыша…

Праз некалькі дзён Кастусь, як нічога не бывала, бегаў па двары, памагаў Уладзіку і Алесю пасвіць каровы і авечкі.

— Бач, а ўсё ж такі Баландзіха памагла, — сказала Ганна.

— Хто яго ведае, — уставіў слова дзядзька Антось. — Можа і Баландзіха вылечыла, а можа прыйшла пара ачуняць хлопцу…


БЯРЭЗІНКА


Восень у той год выдалася халодная і дажджлівая. Як пачаліся дажджы ў жніво, дык цягнуліся да самых прымаразкаў. Жыта папрарастала ў снапах, атава пагніла ў пракосах…

Сонца зрэдку прабівалася між цёмных хмар, якія хутка плылі па небе. Халодны дождж спачатку ліў, а пасля імжыў і імжыў бясконца… Не было яму ўпынку ні днём, ні ноччу.

— Нешта насланое пайшло па свеце, — казала часам Ганна. — Улетку пякло і сушыла неміласэрна, а цяпер лье і такі халодны вецер…

Найгорш такой парой пастуху. Калі толькі холадна, дык паўбяды: адзеў стары бацькаў кажух, заваліўся ў разору ці пад куст і ляжы. Яшчэ лепш раскласці агеньчык дзе-небудзь у зацішку, засыпаць у прысак бульбу — і не згледзіш, як праходзіць дзень. Калі ж дождж, дык няма нідзе ратунку: ні сесці, ні легчы, і агонь мала памагае.

У дождж хлопцы пасвілі каровы, мяняючыся: зранку Уладзік, пасля абеду Косцік з Алесем.

Неяк Алесь штосьці занядужаў, і Косціку прыйшлося аднаму калець у полі. Ён прамок і змёрз, як цюцька.

— Скідай лахманы і на катову горку! — распарадзіўся дзядзька Антось, як толькі пляменнік увайшоў у хату.

На катовай горцы, як называў дзядзька печ, Кастусь укрыўся коўдрай, сагрэўся і адразу павесялеў. «Вось каб гэта можна было, седзячы на печы, пасвіць каровы», — падумаў ён.

— Дзядзечка, колькі дзён яшчэ трэба пасвіць? — запытаўся пасля Косцік.

— Колькі дзён? Цяжка сказаць, мо месяц, а можа і больш…

— А ўсё ж? — дапытваўся пляменнік.

Дзядзька пакінуў нізаць тытунь, глянуў у акно і адказаў:

— Бачыш, вунь каля хлява стаіць бярэзінка. Дык вось, калі на ёй не будзе ні аднаго лісточка, тады канец — можна будзе закідаць пугу да вясны…

Косцік бачыў з печы дрэўца, пра якое гаварыў дзядзька. Бярэзінка была жоўтая, але сям-там пракідаліся і зялёныя лісточкі. О, яшчэ доўга прыйдзецца мерзнуць у полі! Хлапчук задумаўся, прытаіўся ў цяпле і задрамаў. Прыснілася яму, што з бярэзінкі асыпаліся ўсе лісточкі і стаіць яна такая сумная-сумная…

Пасля размовы з дзядзькам Косцік кожны дзень паглядаў на дрэўца. Лісточкі асыпаліся мала, хоць з кожным днём жаўцелі ўсё больш і больш. Надвор’е таксама рабілася ўсё халаднейшае.

— Недзе, мабыць, снег выпаў, — казала маці.

Аднойчы Косцік загнаў каровы ў хлеў, глянуў — нікога няма на двары і падаўся да бярэзінкі…

— Падымайся! Падымайся! — стукаў назаўтра скаварадою аб прыпек дзядзька Антось. — Пара выганяць каровы.

— Не, дзядзечка, канец ужо! — высунуўся з-пад коўдры Косцік. — Можна пугі закідаць… Усе лісты з бярэзінкі асыпаліся. Усе!

— Што, што? — здзівіўся дзядзька і, не верачы сваім вачам, падышоў бліжэй да акна, паглядзеў на бярэзінку, засмяяўся і сказаў: — Эйш, жэўжык, як ацерабіў. Але не, браце, усё роўна прыйдзецца яшчэ пасвіць каровы. Хітрыкі твае не памогуць!


ПЕРШАЯ КНІГА


Мужчыны прыехалі з кірмашу прыцемкам.

У леснічоўцы іх даўно чакалі. Хлопцы ведалі, што бацька і дзядзька Антось прывязуць з Нясвіжа гасцінцы, і каторы раз выбягалі на ганак паслухаць, ці не грукочуць калёсы. Але ў лесе было ціха, і дзеці зноў лезлі на катову горку.

Кастусю не цярпелася. Бацька абяцаў яму сёння прывезці кнігу з вялікімі літарамі і малюнкамі.

Як толькі на падворку заляскацелі драбіны, хлопцы мігам скаціліся з печы і рынуліся ў дзверы. Неўзабаве Уладзік тарабаніў у хату вясла абаранкаў, Алесь вязку тараноў, а Косцік нёс, прыціскаючы да грудзей,. буквар.

У той вечар для Косціка, апрача кнігі, нічога не існавала на свеце, Уладзік з Алесем і малая Міхаліна завіхаліся ля абаранкаў, а ён сеў на камінку, дзе гарэла газоўка, і разглядаў кнігу. Якія прыгожыя малюнкі! Тут і конікі, і зайчыкі, і птушачка ў клетцы, і дзеці катаюцца на саначках з гары… «Эх, каб навучыцца хутчэй чытаць, што тут напісана», — думаў хлапчук, гартаючы буквар.

— Ты там памалу, чытака, — газоўку патушыш! — перасцерагала маці.

— Паглядзім, на колькі часу ў яго ахвоты хопіць, — прамовіў бацька. — Можа і ён, як Уладзік, хутка нацешыцца…

— А што я? — запытаў Уладзік.

— Нічога, аплятаеш абаранкі добра,— умяшаўся дзядзька Антось, — аж нос упрысядкі скача… Паўзімы прасядзеў у школе, а чытаць, шэльма, не навучыўся.

Нясі, Косцік, кнігу, будзем вучыць літары…

Хлопчык прысеў на лаве ля дзядзькі.

Антось перанёс газоўку на стол і пачаў чытаць:

Буря мглою небо кроет,

Вихри снежные крутя;

То, как зверь, она завоет,

То заплачет, как дитя…

Усе слухалі, як дзядзька Антось чытаў верш. Нават маці перастала мыць міскі і прыслухалася. А дзядзька, загарнуўшы кнігу, працягваў далей па памяці:

Встает заря во мгле холодной;

На нивах шум работ умолк;

С своей волчихою голодной

Выходит на дорогу волк…

За акном сярдзіта завываў асенні вецер, і, здавалася, што ў яго шуме і посвісце сапраўды чуваць далёкія воўчыя галасы…

— Ну, а цяпер, хлопча, давай мы з табою ўдвух пачытаем, — звярнуўся Антось да Косціка.— Глядзі, вось гэты кружок, выцягнуты ўгару, будзе «О». Паўтарай за мною: О!

— О!

— Добра! А цяпер глядзі сюды, — паказваў дзядзька, — тут напісана «А. С. Пушкин». Гэта значыць, Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. Так звалі вялікага рускага паэта, які напісаў гэты верш, што мы чыталі… Дзве палачкі, якія падпіраюць адна адну, з папярэчкай пасярэдзіне — гэта літара «А». Паўтарай! А!

— А!

— А вось гэты сярпок без ручкі — Эс!

— Эс!

— Памятаеш, якія вароты ў дзядзькі Амброжыка? Адно шула справа, другое — злева, а наверсе бервяно. Ну, дык гэтая літара, падобная на такія вароты, будзе — пэ!

— Пэ! — старанна паўтараў Косцік.

— Малайчына! — пахваліў дзядзька.

Так у Кастуся з’явіліся свае клопаты — што б там ні стала навучыцца чытаць! Ён увесь дзень не разлучаўся з кнігай. Клаўся спаць, — кніга была пад падушкай. Знайшоў кавалачак грыфельнай дошкі, пісаў на ёй літары, маляваў чалавечкаў і леснічоўку з комінам, з якога валіць дым…

— Мама, а як гэта літара называецца? — пытаўся ён у маці. — Тры палачкі і перакладзіна ў самым нізе?

— Мой сынку, я табе ўжо не раз казала, што не ведаю. Не хадзіла я ў школу і чытаць не ўмею…

Тады Косцік бег у гумно, дзе малаціў дзядзька Антось, і пытаўся:

— Як называецца пузатая літара, падобная на самавар?

— Пакажы, пакажы ў кнізе… Гэта? Эф!

— Эф! Эф! — паўтараў, каб не забыцца, хлопчык, і зноў пытаў: — А гэта, як чарачка на адной назе?

— У! — адказваў дзядзька.


ПАСАДЗІЛІ ЛІСТОЎНІЦУ


Аднойчы Міхал прынёс з Акінчыц маленькую прыгожую елачку. Была яна не зялёная, як звычайныя елачкі, што раслі ў лесе, а нейкая іншая, нібы асыпаная інеем.

— Якая дзіўная елачка! — захапляліся дзеці.

— Гэта не елачка, а лістоўніца, — растлумачыў бацька. — Трэба яе дзе ў добрым месцы пасадзіць…

— Давайце пасадзім на нашым полі, наўзмежку, — сказаў Косцік.— Я буду яе даглядаць.

— Правільна! — падтрымаў пляменніка Антось. — Месца там прыдатнае.

У той жа дзень лістоўніцу пасадзілі за агародам, на мяжы, дзе была крушня і вялікі струхлелы пень старадрэвіны-хвоі. Якраз між крушняй і пнём дзядзька Антось выкапаў ямку, хлопцы прынеслі з канавы тарфяніку, і елачка засталася зімаваць на новым месцы.

— Глядзі, Косцік, за елачкай, — асцярожна прытопваючы зямлю, сказаў дзядзька Антось. — Гэта будзе тваё дрэўца…

— Елачка мая, мая! — скакаў з радасці на адной назе Косцік.

— Вялікае шчасце елка, — шморгнуў носам Уладзік. — У мяне ёсць дзічка…

— А ў мяне сліва, — хваліўся Алесь. — А што елка? Шышкі есці не будзеш…

— А есці я буду суніцы і чарніцы, якія растуць на маім грудку, — адказаў Косцік.

У хлопцаў усё было «сваё»: не толькі дрэвы ў агародзе, але і маліннік у лесе, пагоркі, дзе раслі суніцы, кусты арэшніку…

— Нічога няма свайго ні ў вас, ні ў вашага бацькі, — са смуткам сказаў Міхал.— Усё тут княжацкае — і хата, і зямля, і мы з вамі… Але елачка няхай расце!

Кожную раніцу хлопчык прыбягаў адведваць елачку, аглядаў яе кволыя лапкі. Неяк раз прачнуўся Косцік, глянуў у акно, а там усё ў бялюткім убранні.

— Снег! Снег! — радасна закрычаў ён.

Прыбег на ўзмежак. Стаіць там лістоўніца, зацярушаная снегам, і, здаецца, дрыжыць ад холаду. Косцік атрос лапкі, адгроб снег. Убачыў дзядзька Антось, як хлопчык завіхаецца, падышоў ды кажа:

— Елачка не баіцца снегу, ён, як коўдрай, прыкрывае дрэўца ад марозу.

Сняжок з кожным днём церушыў усе больш і больш, а лістоўніца хавалася і хавалася пад белую посцілку і зусім знікла.

Сядзеў Косцік на печы, чытаў буквар і пытаўся ў дзядзькі Антося:

— Можа нашаму дрэўцу цяжка пад снегам?

Адшумелі зімовыя завеі, прайшлі траскучыя маразы, часцей стала паказвацца сонца.

Ішла вясна. Выглянула з-пад снегу елачка. Зноў Косцік кожную раніцу бегаў глядзець дрэўца…

Не ведаў яшчэ ён, што хутка прыйдзецца развітацца з елачкай і ехаць на новае месца.


АЛЬБУЦЬ


— А божачка міленькі! А матачкі родненькія! — галасіла Ганна і выцірала слёзы фартухом. — А чаму ж на нашу няшчасную галаву звалілася такая бяда? За які грэх такія пакуты? Чаму гэта доля нас мінае? Чула штось нядобрае маё сэрца…

На парог леснічоўкі прыйшла бяда: трэба было перабірацца на новае месца… Кінуць-рынуць гаспадарку, наседжаны кут, дзе было ўкладзена гэтулькі працы, і пачынаць зноў усё спачатку. Трэба ехаць… Але куды? У Альбуць, у балота, дзе зямлі, як старой бабе сесці, а леснічоўка, як іхні хлевушок…

— Чаму гэта іншыя людзі звякуюць на адным месцы? — плакала Ганна. — Глядзі, вунь леснікі Калкоўскі ці той, скажам, Астахновіч ужо другі дзесятак на тым самым месцы… А тут ганяюць чалавека, як Марку па пекле. Ох! Ох! Няма горшай ямы, як Ласток, але ж мы тут крыху абабіліся… На адным месцы і камень мохам абрастае. Колькі мы тут не даспалі, не даелі, адзін бог ведае!..

— Пакінь, Ганна, — супакойваў Антось. — Думаеш, Міхалу соладка ад гэтых пярэбараў? Што ён, сам набіваўся? Альбо правініўся ў чым, што яго гоняць на новае месца? Служыў верай і праўдай, дагаджаў, а што з гэтага мае? Гулю асмаленую! Яго і ў Падзеру глушцоў высочваць, яго і ў Дзяніскавічы паляваць на мядзведзя, яго і рыбу лавіць, яго і качак страляць… Што ж, такая доля наша… Калі б мелі свой кавалачак зямлі, то трасцу ніхто не пароў бы, з месца не гнаў бы. А так… няшчаснаму Івану няма нідзе талану! Нічога не парадзіш — будзем збірацца ў Альбуць…

Міхал сядзеў на лаве, курыў самасад і маўчаў.

— Ну, кончыла споведзь? — звярнуўся нарэшце ён да жонкі.— Цяпер я скажу. Плач, не плач, — усё роўна нічога не паможа. Амброжык Дземідовіч едзе на наша месца ў Ласток, а на яго месца ў Лугаватую Гілярык Скварчэўскі… Трэба збірацца, я ўжо наказаў у Мікалаеўшчыну сваякам, каб прыехалі…

…I вось прыйшоў дзень, калі зноў у Ласток з’ехаліся фурманкі, сабраліся сваякі: дзед Юрка, Карусь Дзівак, дзядзькі Пятрусь і Яўхім.

На двары стаяў гармідар, як на кірмашы. Мужчыны ўвязвалі вазы, жанкі складалі розную дробязь. Калі зайшлі ў хату прысесці апошні раз за стол і выпіць на шчасце па чарцы, Ганна залілася слязьмі.

— Годзе, Ганна! От кабета! — накінуліся ўсе на гаспадыню.— На новым месцы не будзе горш!..

Кастусь у гэты час пайшоў развітацца з дрэўцам, што расло на мяжы:

— Будзь здарова, елачка! Расці вялікая… Хацеў я цябе забраць з сабою, але дзядзька Антось не дае… А мне цябе шкада… Бывай!


***

Новая мясціна адразу прыйшлася хлопцам да спадобы. Такое вакол раздолле, столькі ўсяго новага і цікавага. Вунь там, за вербалозавымі кустамі, плыве Нёман. Раздольна коціць рака сваю плынь, сям-там выйшла з берагоў, разлілася па лугавінах. Ля самай лесніковай сядзібы ў кустах бруіцца невялічкі ручаёк. Ён плыткі — берагі яго зараслі аерам і алешнікам, але пабоўтацца з кашом можна будзе. Рыбка тут водзіцца: хлопцы самі бачылі печкуроў…

Аднак самае прывабнае і цікавае ў Альбуці — гэта стары гасцінец, які выходзіў на мінскі тракт. Тут для хлопцаў, якія ў Ластку рэдка бачылі чужога чалавека, адкрываўся нябачаны дагэтуль свет. Ад раніцы да вечара па дарозе цягнуліся сялянскія падводы і вазы балаголаў. Часам імкліва нёсся панскі фаэтон ці ехалі конна салдаты або цыганы стаўлялі ў лесе свае буданы.

Аднойчы жандары гналі пехам арыштантаў, сялян-палешукоў. Аброслыя, худыя мужчыны і дзецюкі з торбамі за плячыма прыселі адпачыць каля дубоў і папрасілі напіцца. Уладзік мігам прымчаў вядро вады. Пасля сяляне закурылі, а адзін плячысты паляшук з сінім шрамам на твары, пазіраючы на Косціка, сумна прамовіў:

— Як там мой Ігнатка маецца…

Доўга потым гаварылі ў лесніковай хаце пра арыштаваных.

— Няйнакш, як пану пеўня пусцілі… — гаварыў Міхал.

Праз некалькі дзён хлопцы хадзілі на рум, дзе завіхаліся плытнікі каля высокіх ярусаў бярвенняў.

— Р-р-разам! — крычалі мужчыны, падважваючы бомамі цяжкія калоды.

Хлопцы аж падскоквалі ад захаплення, калі вялікае бервяно падала ў Нёман, уздымаючы ўгару пырскі.

Вясна ішла дружным ходам, і хлопцы не прыпыняліся ў хаце. Яны ўвесь дзень прападалі на двары, хадзілі ў лес, пускалі караблікі.

У Косціка была яшчэ і свая забаўка: ён цалюткімі днямі выседжваў дзе-небудзь у зацішку, прыслухоўваючыся да спеваў лясных жаваранкаў. 3 першага разу, калі толькі ён пачуў іх песню ў Альбуці, хлопчыку здалося, што тут гэтыя птушачкі спяваюць неяк крыху інакш, як у Ластку. У чым гэта розніца, Косцік спачатку не мог улавіць. Але чым больш услухоўваўся ён у іх песні, тым больш выразна чуліся яму напевы ручаінак, звон пчолак і конікаў, шолах траў, ціхая скарга елачкі, што засталася ў Ластку…

Косцік углядаўся ў ясны блакіт, і яму здавалася, што ў песнях гучыць заклік:

Вясна! Вясна! Вясна!

Ідзі малы! Ідзі стары!

Віншуй вясну! Віншуй вясну!

Песня гэта разрасталася, напаўняла ўсё наваколле: лес, поле, паплавы. Водгулле яе адбівалася ў дзіцячым сэрцы, будзіла няясныя парыванні і мары…


***

Жыццё на новым месцы паволі ўваходзіла ў сваю каляіну.

Міхал дома прыпыняўся мала. Раней, калі ў Альбуці лесніком быў Скварчэўкі, мікалаеўшчынцы секлі дровы, травілі сенажаці, як самі хацелі. Спрабавалі яны гаспадарыць у лесе і пры новым лесніку, але ў Міхала не вельмі разгуляешся. Як прыпаялі двум гаспадарам з Мікалаеўшчыны штраф, адразу цішэй стала ў лесе. Праўда, неўзабаве сустрэў дзядзька Антось аднавяскоўца Петруся Стому, які пачаў выгаворваць:

— Што гэта твой браценік так выдыгае перад начальствам? Не глядзіць ні вока, ні бока, няма яму ні землякоў, ні сваякоў…

Антосю таксама хапала працы. Пакуль зямля падсыхала, ён тупаў каля хаты, парадкаваў у хляве і гумне, а пасля браўся за плуг і сявеньку.

Не было канца-ўпынку і матчынай рабоце. Трэба каля печы ўправіцца, жывёлу дагледзець, пара і гарод сеяць…

— Алесік, мой галубок, збегай, сынку, у Свержань, — папрасіла маці. — Купі солі і запалак.

— І я пайду, мамачка, — пачаў прасіцца Косцік.

— Добра, ідзіце ўдвух… Знаеце як ісці? Ідзіце цераз Свержанскую Граду, потым выходзьце на гасцінец, а там і Свержань блізка.

Хлопцы ўзялі акраец хлеба і з радасцю рушылі ў дарогу. Прайшлі яны з паўвярсты, а потым Алесь кажа:

— Хадзі, Косцік, я табе гняздзечка пакажу.

Звярнулі браты на лясную сцежачку, мінулі дуб з сухой макаўкай. Тады Алесь падышоў да густога ядлоўцавага куста, разгарнуў калючыя лапкі, а там гняздзечка з пер’я і моху.

— Цім! Цім! — крычала на дубе нейкая птушачка з доўгім хвастом.

— Пайшлі, — сказаў Косцік, — гэта, мабыць, яе гняздо…

Хлопцы пратупалі па лесе яшчэ крыху, а як ісці на Свержань, не ведалі. Добра, што здалёку відаць быў дуб з буслянкай, што рос ля іхняй хаты. Павярнулі яны да дуба.

— Мама казала граду нейкую перайсці, — успомніў Косцік.

— Ну, то я ведаю, — адказаў Алесь. — Гэта тую, што дзядзька на капусту ўзараў.

Перайшлі хлопцы адзін раз, другі раз цераз граду, дзе ляжалі чорныя, як сажа, скібы, і вярнуліся дахаты.

— Дзе ж вашы запалкі і соль? — запытала маці.

— А мы ў Свержань не папалі, — прызнаўся Косцік. — Перайшлі граду два разы, але Свержаня нідзе не бачылі…

Тут якраз увайшоў у хату дзядзька Антось.

— Што гэта вы, жэўжыкі, капусную граду мясілі?

Маці дагадалася, у чым справа і расказала са смехам дзядзьку, як хлопцы «хадзілі» ў Свержань. Дзядзька весела рагатаў, махаў рукою, а потым стаў тлумачыць:

— Эх вы!.. Свержанская Града — гэта малады лясок вунь там, за дубамі. А яны палезлі на грады! Каб вы здаровы былі!


ТУТ НЕДЗЕ СТРУК ХОДЗІЦЬ


Пасля таго здарэння са Свержанскаю Градою старэйшыя не пускалі хлопцаў у грыбы. Месца незнаёмае — яшчэ заблудзяцца ў лесе.

Затое ў нядзелю ішлі ў лес чуць не ўсёй сям’ёю. Перад тым, у суботу толькі і гаворкі ў іх было пра гэта. Зборы ў грыбы пачыналіся зранку: Кастусь клаў у свой маленькі кошык лусту хлеба, бліны, самаробны ножык-сцізорык з драўлянымі тронкамі. У каторы раз хлопцы, якія спалі ў гумне, напаміналі дзядзьку Антосю:

– Дзядзька, вы ж не забудзьце разбудзіць нас. Толькі стукніце ў дзверы, і мы мігам…

— Добра, добра, — суцяшаў пляменнікаў дзядзька Антось і казаў: — Вось нясіце лапці, можа трэба падплесці, бо ў лесе ламачча, ногі паколеце…

Увечары за сталом зноў пачыналася размова пра грыбы. Уладзік, даведаўшыся, што без яго ўжо вырашана, каму ісці заўтра ў лес, пачынаў хныкаць:

— Усё мне ды мне пасвіць… Нават і ў нядзелю продыху няма… Не паганю ды ўсё, няхай яны паздыхаюць…

— Будзеш, бальшун, далей енчыць, па лабаціне лыжкай трэсну, — сярдзіта адчытваў сына бацька.

Уладзік клаў лыжку і хацеў ісці з-за стала, але бацька кідаў такі позірк, што нехаця будзеш сядзець і сёрбаць зацірку… Убачыўшы, што сын пакрыўдзіўся, маці прамовіла:

— Няхай і Уладзік ідзе… Я папасу каровы.

Назаўтра, чуць толькі паказалася сонца, хлопцы шыбавалі ў лес. Ішлі яны ўтрох наперадзе, пакінуўшы далёка ззаду бацьку з дзядзькам Антосем. Тыя былі яшчэ ля Кліна. Звярнуўшы з дарогі на лясную сцяжынку, хлопцы рассыпаліся па лесе, пачалі крычаць. Уладзік свіснуў у два пальцы, аж рэха азвалася недзе за Бервянцом.

— Вы што так галёкаеце?— крыкнуў бацька, які не проста ішоў у грыбы, а на службу — у абход.

У яго была свая звычка: як увойдзе ў лес — пастаіць, пільна ўслухаецца. Мо дзе глуха стукае сякера, ціха шастае пілка, дробненька ляскаюць драбіны? Калі хлопцы супакоіліся, Міхал прыслухаўся да лясных гукаў. Нічога падазронага не чуваць, толькі недзе раз-пораз дзяўбе дзяцел.

Прайшоўшы крыху глухой сцяжынай, звярнулі направа, на пакрыты мохам і верасам грудок. Хлопцы першыя шуснулі ў гушчар, дзе пад старымі елкамі быў паўзмрок.

— Баравік! — весела крыкнуў Косцік, убачыўшы карычневую шапачку, што прытаілася пад галінай елкі.

Неўзабаве ў Кастуся былі свае ўлюбёныя мясціны, куды ён часта бегаў адзін. Бывае, усхопіцца на досвітку, адрэжа лусту хлеба, кошык у рукі, і — толькі яго бачылі! Садзяцца дзеці за стол снедаць, а Косціка няма.

— Дзе ж Кастусь? Ідзі, Міхалінка, пакліч,— кажа маці.

Дзядзька Антось толькі ўсміхнецца ў вус:

— Ды ён ужо колькі гадзін, як па лесе гойсае… Зараз поўны кошык баравікоў прытарабаніць…

А Косцік лёгкі на ўспамін. Кошык амаль даверху напоўнены. Адны баравікі і падасінавікі.

Неяк раз пайшоў ён раненька і прапаў. Сям’я паснедала ўжо, маці ўхадзілася каля печы, Уладзік каровы з поля прыгнаў, а Косціка няма і цяма.

— Можа заблудзіўся дзе хлопец у лесе? — пачала непакоіцца маці.

Косцік у той дзень напаў на вельмі грыбное месца. Куды ні ступі — баравікі! Ды якія! Адзін у адзін! Нагнешся падымаць, а пад кустом цэлая сямейка. Чык, чык!.. Толькі шастае ножыкам. Вось яшчэ два, а вунь трэці! За якую гадзіну назбіраў поўны кошык, а грыбоў на гэтай мясцінцы было яшчэ многа. Прыйшлося вывернуць кошык, паадразаць ножкі і пакінуць толькі шапачкі. Праз хвілін дваццаць — зноў поўна ў кошыку! Пусціўся Косцік дамоў. Ідзе нацянькі, хочацца заглянуць яшчэ ў адну мясціну. Там на тым тыдні ён пакінуў падрастаць маленькія баравічкі… Разгарнуў кошыкам калючыя лапкі, зірнуў і за галаву схапіўся. Матачкі! Уся зямля ўкрыта, хоць касою касі! Што рабіць? Другі раз прыйсці? Не! Косцік скінуў сарочку, звязаў каля шыі — атрымалася торба. Давай ладаваць… Вось было дома здзіўлення, калі ён прывалок столькі грыбоў!

Праз які тыдзень Косцік зноў прыйшоў на тыя мясціны. Але грыбоў не было. Кінуўся ён туды-сюды, — прапалі баравікі! Трапілася колькі штук старых, чарвівых — і ўсё! Трэба ісці блукаць па лесе. Сорамна ісці дамоў з пустым кошыкам. Хоць лісічак набраць, ці што… Доўга хадзіў ён па лесе, але толку не было. Збіраў бы можа яшчэ, але сустрэліся нейкія тры жанкі з кашамі і спалохана запыталі:

— У цябе, хлопча, білет ёсць?

— Не, няма, — адказаў Кастусь.

— Ну, дык уцякай! Тут недзе Струк ходзіць. Пападзешся — грыбы забярэ і вушы паабрывае! Бяжы, пакуль не позна!

Спалоханыя кабеты павярнулі ў гушчар і падаліся ў бок Мікалаеўшчыны…

Косцік ведаў, што гэта бацькаў абход, і хадзіў смела, аднак на гэты раз і ён спалохаўся. Можа які аб’ездчык ці ляснічы паказаўся ў лесе і напалохаў цётак? Пахадзіў ён трохі па лесе і пайшоў дахаты.

За сталом бацька завіхаўся ля чыгунка з бульбаю.

— Ну, пакажы, грыбнік, што ты сёння назбіраў? — запытаў ён сына.

— Нешта ж скора ты вярнуўся, — уставіў слова і дзядзька Антось.

— Скора… Мікалаеўшчынскія цёткі сказалі, што нейкі Струк па лесе ходзіць, грыбы забірае і вушы абрывае, дык я ходу… — адказаў Кастусь.

Пачуўшы сынаў адказ, бацька папярхнуўся, а дзядзька гучна зарагатаў.

Калі бацька выйшаў з хаты, дзядзька Антось, смеючыся, сказаў Кастусю:

— Хіба ж ты не ведаеш, што гэта твайго бацьку мікалаеўцы Струкам празвалі?..


ЗВЯРЫНЕЦ


Як ні быў дзядзька Антось заняты на гаспадарцы, ён усё ж такі знаходзіў час і для рыбацкіх спраў. Раз, а то і некалькі разоў на тыдзень Антось з хлопцамі шыбаваў на Нёман.

Наперадзе важна ішоў Алесь з вудамі, Косцік нёс бляшанку з чарвякамі, а ў торбачцы для прынады рыбы — бульбу і гарох. Дзядзька Антось з Уладзікам валаклі сетку.

— Хоць адна выгода ў Альбуці — Нёман блізка, — часта гаварыў Антось.

Дзядзька быў рыбак адмысловы. На рыбу ен меў нейкі асаблівы спрыт. Антось ведаў усе бухты, віры і азярыны на Нёмане, як свае пяць пальцаў. Ён добра разбіраўся, дзе трэба паставіць пострыжні на шчупакоў, дзе бучык на плотак, дзе венцер на лінёў, а дзе і вудай можна выцягнуць язя фунты на тры-чатыры.

Часам дзядзька адкладваў убок рыбацкую снасць і вёў хлопцаў у грыбы, чарніцы або парэчкі. Праўда, у парэчкі хлопцы самі ведалі дарогу. У Альбуці было столькі парэчак, што збірай усё лета — не пазбіраеш усе. Вакол крынічкі рос густы зараснік, дзе скрозь блішчэлі празрыстыя і ружовыя ягадкі.

Пойдзеш з Антосем у лес — пачуеш і даведаешся многа цікавага. Ён не толькі завядзе на мясцінку, дзе чарніцы адна ў адну, але па дарозе шмат чаго і пакажа. Толькі ўвойдуць хлопцы ў гушчар, як адразу сыплюцца пытанні:

— Дзядзечка, глядзеце, глядзеце! Вунь на каліне птушачка туркоча… — пачынае Косцік.

— Жоўтая, з валляком? — перапытвае дзядзька. — Гэта, браток, жаўна-разбойніца. Яна вулей можа распатрашыць…

— Піць! Піць! — кораценька свістала жаўна, а пасля, убачыўшы людзей, узмахнула крыламі і закрычала: — Лык! Лык!

Ступілі яшчэ некалькі крокаў, дзядзька спыніўся і падаў каманду:

— Ціха! Не шапчыцеся! Слухайце!..

Хлопцы замерлі. Улетку лясны гушчар повен усялякіх дзіўных гукаў. Да Косцікавага вуха далятае блізкі звон чмяля, які кружыцца над кустом дзядоўніку, стук дзятла і пералівісты свіст:

— Цюх! Ці-мох! Кі-я-ям! Кі-я-ям!

— Слухайце добра-добра! — гаварыў Антось. — Чуеце, як выцінае дрозд? Цімох схаваўся ў мох ды не схаваў ног! Ото ж дам кіем, кіем. Мах! мах! па нагах! па нагах!

— Ха-ха! Ну і праўда ж, здорава выціліньгвае пра Цімоха!.. — смяяліся хлопцы, прыслухоўваючыся да песні дразда.

— Дзядзечка, што гэта за трава расце на купіне ў моху? — пытаецца Алесь.

— Гэта, нябож, расічка, ці мацярдушка, — адказвае Антось. — Бачыце, усюды раса высахла, а на расічцы і цяпер блішчыць… А вунь тая каля папаратніку, з жоўтымі і чырванаватымі кветачкамі — пералётнік. Ім Баландзіха лячыла ў Ластку нашага Кастуся…


***

У першае ж лета ў Альбуці Антось з хлопцамі заклалі свой звярынец.

Пачалося ўсё гэта так.

Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. Адышоў лясной сцяжынкай не так далёка ад леснічоўкі, як раптам Такса забрахала і кінулася ў кусты. Дзядзька скінуў стрэльбу з пляча і падаўся ў гушчар. Выбег ён на палянку і ўбачыў, што Такса пагнала лася.

Дзядзька ступіў пару крокаў і сумеўся. Побач стаяла ласяня і пазірала спалоханымі вачыма. Антось асцярожна падышоў бліжэй і пагладзіў яго. Ласяня падняло мызу, лізнула руку,

— Эх ты, блазнота дурненькая!..

Дзядзька закінуў ласяняці на нагу папругу, а другі канец яе прывязаў да маладога дубка. Пасля адышоўся і прыслухаўся. Такса яхкала недзе зусім блізка. Ласіха, відаць, кружыла каля таго месца, дзе пакінула ласяня. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. Дзядзька борздзенька ўзабраўся на дрэва.

Ласяня тупала каля дубка, наравіла сарвацца з прывязі, трывожна пазірала па баках, шукаючы сваю маць. Голас Таксы пачаў аддаляцца…

Антось злез з дрэва, адвязаў ласяня і павёў яго дадому.

А праз дзён колькі Уладзік прынёс маленькую сарначку — дзікую козачку.

— Трэба зрабіць нам звярынец, — сказаў дзядзька Антось, — Наш будзе не такі вялікі, як у Ёлаве, але ж — няхай дзеці цешацца.

Антось зрабіў за ручайком загарадку з жэрдак, скідаў маленькі хлевушок, каб можна было заганяць звяроў нанач.

Не толькі дзеці, але і старэйшыя не маглі нацешыцца ласянём і сарначкай. Яны хутка прызвычаіліся да жыцця ў няволі, сталі рахманыя. Смела бралі з рук траву і галінкі лазы, пілі пойла, забеленае малаком. Наеўшыся, ласяня весела падбрыквала, спрабавала борацца з сарначкай, якая неяк смешна адскоквала ўбок.

Часам ласяня трывожна тупала ў загарадзі, падымала галаву, спрабавала рыкаць…

— Просіцца, беднае, на волю, — заклапочана і неяк вінавата гаварыў дзядзька Антось. — Каб ведаў, што яно знойдзе сваю матку, адпусціў бы ў лес…

Прайшлі тыдні тры. Аднойчы заглянуў у Альбуць аб’ездчык Абрыцкі. Пыхкаючы люлькай, ён конна праехаўся вакол сядзібы, заглянуў у звярынец, нічога не сказаў пра ласяня, толькі загадаў прывезці рыбы ў замак…

А назаўтра раптам прыехаў Кандрат Пальчык з пісулькай ад ляснічага, каб Міхал аддаў ласяня ў Ёлава.

Дзеці паднялі крык і плач.

— Татачка, татачка міленькі, не аддавайце ласяняці, — выціраючы слёзы, прасіў Косцік.

Бацька нічога не адказаў і павёў Кандрата ў звярынец. Памчаліся туды і хлопцы. Косцік прыбег першы, абняў ласяня за шыю і з плачам закрычаў:

— Не аддам, не аддам!

Бедная жывёліна шурпатым языком лізала Косціку руку, нібыта адчувала штосьці нядобрае.

— Косцік, перастань! — крыкнуў Міхал. — Думаеце, мне хочацца аддаваць… Але на тое панская воля. Супраць яе не пойдзеш!

Кандрат звязаў ласяняці ногі і палажыў яго ў палукашак з сенам…

— Годзе плакаць! — падышоў да дзяцей дзядзька Антось. — Мы калі-небудзь сходзім адведаць ласяня… А ты, Кандрат, не давай у крыўду нашага гадаванца.

Вечарам, кладучыся спаць, Косцік запытаў у дзядзькі Антося:

— Дзядзечка, а жаваранкі, што спяваюць у лесе, таксама княжацкія?

— Ты к чаму гэта, хлопча?

— Лес княжацкі, поле княжацкае, ласяня княжацкае… Усё, выходзіць, княжацкае. А як жаваранкі?

— Эйш, куды завярнуў, — усміхнуўся дзядзька і, памаўчаўшы, дадаў: — Калі б з іх песень можна было рабіць чырвонцы, то былі б, напэўна, княжацкія, а так яны — вольныя птушкі…


СТО ГУСЕЙ


Косцік, нахіліўшы галаву набок і высалапіўшы язык, выводзіць пяром літары.

Побач за сталом сядзіць Алесь. Ён штосьці чытае, водзіць пальцам па кнізе, шэпча сабё пад нос, круціцца на ўслоне і штурхае Косціка.

3 другога боку стала прымасціўся Уладзік з грыфельнай дошкай. Як заўсёды, задачка ў яго не выходзіць, ён шморгае носам і кідае грыфель.

— Не выходзіць!

— Чаму не выходзіць? — падсоўваецца да яго бліжэй дарэктар Яська.

Вось ужо амаль месяц, як Яська — сын Базыля Міцкевіча — прыехаў з Мікалаеўшчыны ў Альбуць. Гэта невысокі русагаловы хлапчук з шэрымі вочкамі і кірпатым носам. Ён быў нейкім далёкім сваяком сваім вучням, а Уладзік дык з ім нават знаўся.

Гады тры таму назад, калі яшчэ жылі ў Ластку, Уладзік паўзімы хадзіў у Мікалаеўшчынскую школу і там пазнаёміўся з Яськам. Хата дзядзькі Яўхіма, дзе жыў Уладзік, стаяла недалёка ад сядзібы Базыля Міцкевіча, і Яська часта прыбягаў у Яўхімаву хату рабіць урокі: дома яму перашкаджала цэлая чарада братоў і сясцёр. Яська не толькі вучыў свае ўрокі, але памагаў і Уладзіку, які ленаваўся і неахвотна браўся за навуку. Падганяць хлопца не было вельмі каму: дзядзьку Яўхіму і цётцы Антолі не ў галаве, чым Уладзік займаецца, а Міхал і Ганна рэдка наведваліся ў вёску. Таму Уладзікава вучоба абарвалася без пары, а Яська — малайчына, вучыўся добра і сёлета вясною закончыў народную школу. Мікалаеўшчынскі настаўнік Корзун раіў Яськаваму бацьку рыхтаваць хлопца ў Нясвіжскую семінарыю, але Базыль згадзіў улетку сына ў пастухі, а зімою — у дарэктары. Усё адным едаком менш у хаце!

— Паглядзі, як ты, Уладзя, памножыў, — тлумачыць Яська. — Колькі будзе чатыры на восем? Успомні табліцу множання…

— Колькі? Сорак восем!

— Добра падумай!

— А-ай! — чухаў Уладзік патыліцу і пазіраў у акно. — Мне ўжо надакучыла гэта задача… Хадзем лепш пакоўзаемся і пакормім коз у звярынцы.

— От дзе звадыяш! Май ты цярпенне! — умешвалася маці. — Пасядзі хоць да абеду над задачкамі, а то Косцік хоць малы, але скора цябе дагоніць…

Уладзік нешта мармытаў сабе пад нос, сціраў рукавом грыфельную дошку і зноў браўся рашаць задачу.

Яська падыходзіў да Косціка, уважліва разглядаў яго сшытак і казаў:

— Напісаў добра… Цяпер пачытай вось тут.

Косцік спачатку разглядаў малюнак: са снежнай гары з’язджаюць на саначках дзеці. Адзін хлапчук, што мчаў наперадзе, вываліўся з санак і трапіў у гурбу снегу.

Вот моя деревня;

вот мой дом родной;

вот качусь я в санках

по горе крутой, —

чытае Кастусь.

Пасля абеду хлопцы разам з дарэктарам бягуць коўзацца.

На двары снегу яшчэ мала. На лузе і ў лесе ён нібыта і прыкрыў зямлю белай пялёнкай, але на дарозе і ў полі чарнеюць мёрзлыя груды. Мароз моцна патрэсквае ў лесе, шчыпле за вушы. Але хлопцы джгаюць у алешнік, дзе ручаёк моцна скуты лёдам. Якая любата, які разгон! Пусцішся — і можаш імчацца па гладкім ільду аж да самага мосціка.

Хлопцы коўзаліся, дужаліся. Уладзік паваліў дарэктара.

— На лёдзе слізка, — апраўдваўся Яська. — Вось калі-небудзь у хаце мы з табою пабораемся… Паглядзім тады, хто каго…

Увечары зноў садзіліся за стол і гадзіны дзве-тры займаліся старанна. У хаце тупаў бацька. Паспрабуй толькі пікнуць, ён тады спуску не дасць: падыдзе і скубяне за валасы ці балюча пакруціць за вуха.

— Ты глядзі мне, дубіна, а то табакерку расквашу!

Аднак бацька не заўсёды быў такі сярдзіты. Ён часам садзіўся за стол, павольна пагладжваў вусы, пяшчотна ўсміхаўся і казаў:

— Ну, дарэктар, прыймай яшчэ аднаго пісаку…

Бацька нязграбна, неяк усёй пяцярнёй, браў ручку і выводзіў: «Михаилъ» Мицкевичъ». Напісаўшы, хацеў яшчэ па-заліхвацку крутануць завітушку, як гэта робіць пан ляснічы ў подпісу на асігнаце, але заскрыпела пяро, і на паперы засталася пляма.

— О, якую тата булку пасадзіў! — засмяяўся Уладзік.

— Што ж ты хацеў ад свайго таты!.. У яго ўжо не гнуцца пальцы для такой работы, — адказаў Міхал. — Вось пакажы, хлопча, лепш, як у цябе задачкі выходзяць…

Падыходзіў бліжэй дзядзька Антось, і мужчыны наладжвалі вучням і дарэктару «экзамінт». Пыталіся, як пішацца тое ці іншае слова, правяралі, ці ведаюць Алесь з Уладзікам табліцу множання, як чытае Косцік.

— Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. — Цяпер задачка для ўсіх… Вёз чалавек дровы. Запыніў яго пан і пытаецца: «Куды вязеш, чалавеча?» «Вязу прадаваць», «А колькі ты за іх хочаш?» «20 грошаў», — адказвае чалавек. «На што яны табе?» «Трэба пяць грошаў доўг аддаць, пяць пазычу, пяць у гаршчок пакладу, а пяць у ваду ўкіну». Што гэта значыць? Хто скажа?

Усе маўчалі. Хлопцы пазіралі адзін на аднаго, на Яську, але і той нічога не мог прыдумаць.

— Дзядзечка, а што той чалавек хацеў сказаць? — разбірала цікавасць дарэктара.

— Антось-то ведае, але вы вось памазгуйце, — гаварыў Міхал. — Ну? Ніхто не скажа?.. Слухайце. Доўг аддаць — гэта значыць бацькам даць, пазычыць — дзецям даць, у гаршчок пакласці — на свой пажытак трэба, у ваду ўкінуць — падатак заплаціць…

— О, хітра нехта прыдумаў, — выказаў сваю думку Яська.

— А цяпер хто скажа, для чаго бог стварыў бульбу? — спытаў Міхал.

— Для таго, каб было што людзям есці! — выскачыў дарэктар.

— Так то так! — зорыў вокам бацька.— Але гэта не ўсё!.. Усе дзяруць скуру з мужыка, дык няхай ён хоць з бульбы здзярэ! Вось для чаго на свеце бульба!

Маці дастала лямпу, якую запальвалі на свята, павесіла над сталом. За акном завывала завіруха, а ў леснічоўцы было цёпла і ўтульна.

— Цяпер я дам вам задачку, — сказаў дзядзька Антось. — Ну, Яська і Уладзік… Ляцелі гусі, убачыў іх пастушок і кажа: «Здаровы, сто гусей!» «Нас не сто, — адказваюць гусі. — Калі б было яшчэ столькі, ды яшчэ палавіна гэтага ліку, ды яшчэ чвэртка і ты з намі, то тады б нас было сто»… Колькі ляцела гусей?

Яська адразу ўзяў грыфельную дошку і пачаў вылічваць. Трэба неяк ратаваць сваё дарэктарскае званне! Што падумаюць старэйшыя і вучні? Хлапчук хваляваўся, чырванеў, цёр лоб, прыкідваў так і гэтак.

Задумаўся і Міхал.

— Не, не з маёй граматай, — прызнаўся, нарэшце, ён.

Яська ўздыхнуў весялей: значыць, ніхто не вылічыў!

— Што скажа нам дарэктар? — у вачах Антося скакалі агеньчыкі.— Маўчыць нешта… А ты, Уладзя? I не браўся нават? Эйш, які хітры... Давайце талакою вылічым… Нясі, Ганна, фасолю сюды.

Хлопцы прынялі са стала кнігі, дзядзька сеў на лаву.

— Пачнем рахаваць так. Усе памятаеце ўмову задачкі? Усе! Добра... Вылічым, колькі было чвэртак. Адна чвэртка, у палавіне — дзве… Так ці не, Яська? Значыць, тры. У цэлым статку гусей — чатыры, яшчэ столькі — яшчэ чатыры… Усяго выходзіць адзінаццаць чвэртак…

Дзядзька адлічыў сто фасолін, разлажыў на адзінаццаць кучак. Выйшла па дзевяць штук у кучцы і адна фасоліна лішняя.

— Гэта той пастух… Цяпер адкінем адну чвэртку, палавіну і тое, што складала «яшчэ столькі»… Колькі засталося?

— Было трыццаць шэсць гусей! — радасна крыкнуў Яська.

— Во-во! — адказаў дзядзька.


ПАЖАР


Не паспелі абжыцца на новым месцы, як праз год прыйшла бяда.

Чалавек хутка прывыкае і да добрага і да благога. Здавалася, ужо і леснічоўка не такая маленькая і цёмная, і хлеў не такі стары, і зямлі не так мала, і Альбуць — не зусім балота…

Прывыкалі, абжываліся, надумалі перасыпаць леснічоўку. На два-ры ляжала з дзесятак бярвенняў — зімою прывезлі з лесу. Наважыліся змяніць ніжнія вянцы, паправіць вокны, перакрыць страху. Але неспадзявана ў сярэдзіне мая здарылася няшчасце.

Бацька з Уладзікам у той дзень пайшлі ў лес: адзін да адбору, дзе чакаў аб’ездчык Абрыцкі, а другі — у абход. Неўзабаве і дзядзька Антось паехаў уздзіраць стары папар на грэчку. У хаце толькі маці завіхалася каля печы і наглядала за малымі дзяўчаткамі.

Алесь і Косцік пасвілі каровы ў кустах каля Халаімаўскіх сенажацей. Вецер гнаў па небе нізкія хмары. У лесе не чуваць было птушак, толькі глуха шумелі верхавіны хвой ды дзесьці на дубах крычалі вароны,

Каровы скублі мурожную траву, а хлопцы сядзелі каля агню. Пяклі сала на ражэнчыку, бегалі па чарзе дамоў піць бярозавы сок, потым Алесь рабіў «стойку». Кастусь, падкурчыўшы ногі, сядзеў на купіне і падкідаў у агонь сухія галінкі.

Раптам Алесь усхапіўся і закрычаў:

— Глядзі! Глядзі! Што там?..

class="book">Слуп дыму ўзняўся над лесам якраз у тым баку, дзе была іхняя сядзіба.

Хлопцы з усіх ног кінуліся туды, дзе над лесам стаяў дым. Выскачыўшы з кустоў, убачылі, што гарыць іхняя хата. Кастусю перашкаджаў бегчы доўгі матчын сачак. Ён на хаду скінуў яго сярод поля і ля дубоў дагнаў брата.

На падворку, нема галосячы, мітусілася маці з малымі дзецьмі.

Убачыўшы хлопцаў, маці, нарэшце, прыйшла да памяці і пачала выцягваць з хаты дамашні набытак. За маткай смела кінуліся ў хату і хлопцы. Алесь выбіў нагою акно і пачаў выкідаць на агарод пасцель і вопратку. Кастусю ж чамусьці прыйшло ў галаву ратаваць гарохавінне, пасланае ў ложку. Схапіўшы поўнае бярэмя, ён бегаў па хаце і ніяк не мог патрапіць у дзверы.

— Кінь, сынку, гэтую пацяруху! — клікнула Кастуся маці. — Памажы скрыню выцягнуць.

Кастусь кінуўся памагаць маці. Але хіба пад сілу было адной кабеціне і дзіцяці зрушыць з месца цяжкі старасвецкі куфар? Ад роспачы і бяссілля маці з плачам адчыніла акаванае вечка і пачала выкідаць праз акно палатно і дзяружкі, якія Кастусь адносіў далей.

А тым часам на страсе бушавала полымя, трашчалі кроквы, у сенцах падалі талавешкі і абгарэлая салома. Маці з усіх сіл завіхалася ля скрыні, ратуючы дабро. Выбегла яна з сянец толькі тады, калі пачала ўвальвацца страха.

— А божачка мой, божа! Людцы даражэнькія, за што на нас такая кара? — зноў залемантавала яна.

Пачуўшы матчын плач, загаласілі Юзя з Аленай. Яны дагэтуль ціхенька стаялі ў агародзе і спалоханымі вачанятамі пазіралі, як вецер нёс агонь далёка ў поле.

Бачачы, што хату ўжо не ўратуеш, Косцік з Алесем кінуліся на страху хлява. Адтуль зверху хлопцам было добра відаць, як агонь ахапіў сенцы, пасля перакінуўся на варывеньку. Вецер, на шчасце. дзьмуў у поле, на Свержанскую Граду…

Калі дагараў зруб, верхам на кані, трымаючы ў руках пастронкц прымчаў дзядзька Антось. Але ратаваць ужо не было чаго…


МІКОДЫМ КУХАРЧЫК


Вясновыя халады і прымаразкі скончыліся. Усюды ў Альбуці буяла зеляніна, толькі лесніковая сядзіба выглядала нявесела. Сумна тырчэла печ на пажарышчы, валяліся абгарэлыя бярвенні, вецер раздзьмухваў попел на падворку…

Пасля пажару маці з малодшымі дзецьмі — Міхалінай, Юзяй і Аленай — з месяц жыла ў Мікалаеўшчыне.

Тут жа, у Альбуці, на агародзе ля хлява вырасла невялічкая зямлянка. У ёй гаспадарыў дзядзька Антось. Новая будыніна падабалася хлопцам лепш нават, чым хата.

Асабліва прыгожа было каля зямлянкі ўвечары, калі дзядзька Антось раскладаў агонь і яркае полымя асвятляла твары дзяцей. Тады ўсё навокал было нейкім іншым, цудоўным, незвычайным. Сцяна лесу, дубы каля крынічкі, кусты, дзічка-груша ў садзе, нават хлеў і гумно здаваліся Косціку прывідамі, якія абступілі іх зямлянку і пазіраюць на іх аганёк, што трапеча, пераліваецца і адганяе страхі. У паветры ціш, і толькі на грэблі тарахцяць вазы, а недзе каля Нёмана падае голас бякас:

— Бэ-э-эц! Бэ-э-эц!

— Эк, эк, эк! — крычыць з перапынкамі глушэц і мяняе тон: — Эк, эк! Чшы! Ч-ш-шы! Чш-шы!

Косцік услухоўваецца ў таемныя гукі, і цішыня знікае. Дзесьці ў дубах гудзе сава, каля Караліны высвіствае салавей.

— Цюр-р! Цюр-р-р! Цю-ю-х! Цю-ю-х! — даносяцца яго трэлі.

Дзядзька Антось папраўляе агонь, здымае скавараду з чыгунка, у якім варыцца бульба, і звяртаецца да хлопцаў:

— Што прытаіліся цішком? Чуеце, як салавейка шчабеча? Чуеце? Цыган, цыган, цыган сала пёк, пёк, пёк, а яно кап, кап, кап. Цюр!

…Неўзабаве каля зямлянкі стала шумна і весела. Увесь дзень стукалі сякеры, шастала піла, а вечарам стаяў мужчынскі гоман: у Альбуці ставілі новую леснічоўку…

Калі ляснічы даведаўся пра пажар, ён злосна вылаяў Міхала, пагражаў нават выгнаць са службы, але ўсё абышлося добра.

3 кожным днём рос зруб… Працы ўсім хапала. Не толькі старэйшым, але і дзецям. Кастусь пасвіў кароў і авечак, даглядаў сястрычак. Маці вярнулася з Мікалаеўшчыны: трэба было варыць яду цеслярам, палоць грады.

Вечарком усе збіраліся каля агню, дзе весела клекатала вада ў чыгунках. Хлопцы звычайна прымошчваліся побач з цесляром Мікодымам Кухарчыкам, які, паклаўшы пад бок світку, ляжаў на смалістых трэсках, курыў і думаў нейкую сваю думу.

Мікодыму гадоў пад пяцьдзесят. На шырокім васпаватым ягоным твары красаваліся заліхвацкія рыжыя вусы, а ў крыху прыхмураных вачах заўсёды свяціліся хітрыя агеньчыкі і смех. Мажная прысадзістая постаць, нізка пасаджаная на плячах галава з кудлатымі валасамі вогненнага колеру, дужыя загарэлыя рукі рабілі яго нейкім мядзведзяватым і непаваротлівым. Але Мікодым Кухарчык быў самы жвавы і вясёлы цесляр: яго жарты, смех і песні гучалі ўвесь дзень.

Мікодым нарадзіўся дзесьці на Палессі, каля Рэчыцы, многа бадзяўся па свеце, ведаў шмат розных гісторый, здарэнняў, паданняў, казак і песень. Ва ўсіх яго казках і незвычайных прыгодах нязменнымі героямі былі чэрці, ведзьмы, папы, ксяндзы і рабіны.

— У адной вёсцы слабы быў заработак у папа і карчмара, — пачынаў Мікодым. — Карчма стаяла непадалёк ад царквы. Надзеў карчмар ярмолку, прыходзіць да папа і кажа: «Так і так, бацюшка, кепска красуе наша пшаніца… Давай нешта прыдумаем, каб у цябе грошы былі і да мяне свежая капейка ішла. Зрабі, каб абразы абнавіліся. Да цябе будуць людзі валіць на імшу, а да мяне частавацца заходзіць…» «Мудрая ў цябе галава, — адказвае поп. — Так і зробім». I пайшла пагалоска па свеце, што абнавіўся абраз маткі боскай. Пацягнуліся людзі з усяе ваколіцы, пачалі збірацца калекі. I ў царкве паўнютка народу, і ў карчме завозна. Прыйшоў здалёку хворы мужык, царква яшчэ на замку, заглянуў у карчму і пытаецца: «Ці чуваць, каб памагала каму-небудзь матка боская?» «Ото дзіва! — адказвае карчмар. — Двум памагло, дык памагло! Гэта я добра ведаю…»

— Што ты, дзядзька Мікодым, грэшыш богу? — гаварыла Ганна, дастаючы чыгунчык з агню.

— Які тут грэх, калі я праўду кажу.

— Дзядзечка, яшчэ што-небудзь раскажыце, — прасілі хлопцы.

Яны маглі ўсю ноч не спаць і слухаць казкі.

— Ехаў Трахім дамоў з кірмашу. Купіў абразы маткі боскай і святога ўгодніка Мікалая-цудатворца, — расказваў Кухарчык далей. — Ад’ехаў крыху, захацелася яму папалуднаваць, зірк ён туды-сюды — няма кайстры. Спыніў каня, падкінуў травы, сказаў угодніку Мікалаю: «Ты паглядзі тут, браток, каб воўк каня не спудзіў…» Адышоўся мужык вярсты са дзве, — ляжыць сярод дарогі торбачка. Трахім за яе ды назад, к возу, а там воўк каня задушыў. Мужык плюнуў у жменю, выламаў добрую палку, падышоў да ўгодніка Мікалая ды кажа: «Я аддаў за цябе столькі грошай, што ты са сваімі вантробамі таго не варты… Прасіў жа, як чалавека, наглядай за канём, а ён, падла, бач, губы развесіў, вочы вылупіў ды глядзіць, абармоціна, як воўк каня душыць. Ах ты»… I Трахім стукнуў па ўгодніку, аж шчэпкі з абраза паляцелі…

Дзеці зарагаталі.

— Годзе выскаляцца! — крыкнула маці. — Ідзіце лепш вячэраць.

За сталом Кухарчык звярнуўся да Косціка:

— Казкі ты любіш слухаць, а чытаць, браце, умееш?

— Умею, але кнігі пагарэлі.

— О, ён у нас самы ахвотнік да кнігі! — прамовіў дзядзька Антось.— Нічога, я куплю яму новыя…


ВЕРШ ПРА БУСЛА


Дзядзька Антось сваё слова стрымаў.

У нядзелю ён быў у Нясвіжы, ездзіў купляць цвікі, шкло для вокнаў, яшчэ розную дробязь і прывёз Косціку дзве кнігі: «Родное слово» Ушынскага і «Басни» Крылова.

Хлопчык цэлымі днямі праседжваў над кнігамі, браў іх з сабою ў пастушкову торбачку. Ходзяць каровы па палянцы ці на ўзлессі, дзе добрая трава, а Косцік, забраўшыся ў цянёк, чытае:

У лукоморья дуб зеленый;

Златая цепь на дубе том;

И днем и ночью кот ученый

Все ходит по цепи кругом…

Чытае ён, і яму здаецца, што тут апісваецца іхняя Альбуць. Вунь аж да Нёмана раскінуўся бяскрайні луг, на ім стаяць велічныя зялёныя дубы. Ці не там гэта ходзіць той кот-казачнік?

Перад вачыма старая бяроза, голле яе апусцілася ледзь не да зямлі. Можа гэта не голле, а русалка расчэсвае свае доўгія валасы?

А вунь у вішняку відна і хатка без акон і дзвярэй… Гэта цесляры канчаюць зруб іхняй леснічоўкі. Там недзе тупае дзядзька Мікодым — жартаўнік і гаварун.

Вось каб запомніць усе казкі, якія расказаў Мікодым. Адкуль ён іх столькі ведае? Мабыць, сам прыдумвае. Як гэта навучыцца іх самому складаць? Казкі, відаць, няцяжка прыдумаць, калі іх столькі ведаюць Мікодым і дзядзька Антось. Скласці ж вершык, напэўна, цяжэй. Трэба запытацца ў Мікодыма і Антося, ці ўмеюць яны складаць вершыкі.

Хлопчык утаропіўся ў далечыню. Там, у блакіце, плывуць белаватыя хмаркі. Плывуць чарадою і Косцікавы думкі…

Косцік любіць, прыслухоўваючыся да ляснога шуму і птушыных спеваў, марыць у адзіноце. Тады неяк лёгка і раздольна думаецца і разумееш стогн лесу, песню жаваранка, адчуваеш, як расце трава і звініць сонечны прамень, што прабіўся праз густое голле дрэў на зямлю…

…А што было б, каб ён, Кастусь, навучыўся складаць вершы? Пра што ён напісаў бы? Ну, вядома, пра лясных жаваранкаў. Яны ў Альбуці спяваюць вельмі прыгожа. Напісаў бы пра вясновы лес, калі распускаюцца першыя кволыя лісточкі. Пра Нёман і квяцістыя лугі, калі на іх выходзіць раць дужых касцоў. Пра казачнае ўбранне дрэў узімку…

Трэба было б напісаць таксама і пра тое, як дзядзька Антось варыў клёцкі з бярозавага соку, як хлопцы хадзілі ноччу паляваць на барсука, як Алесь расправіўся з задачнікам… Але ўсе кажуць, што па-беларускуу на той мове, на якой гавораць простыя сяляне, верша не напішаш. Няўжо сапраўды гэта так? Людзі на гэтай мове гавораць, казкі складаюць, песні спяваюць, а чаму ж вершы нельга напісаць?

Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду.

— Гэй, Косцік! — пачуўся недзе блізка Алесеў голас.

Пасля браты пасвілі ўдвух, гулялі ў ножыка, перад захадам сонца пагналі паіць кароў у Нёман.

Тут, непадалёк ад берага, расла старадрэвіна-хвоя з бусліным гняздом на макаўцы. Бусел стаяў на адной назе і аглядаў прасторы.

— Слухай, Алесь, скажу табе верш пра бусла, — прамовіў Косцік і, крыху падумаўшы, дадаў:

Стаіць бусел на сасне,

Пазірае на мяне…

Не паспеў Косцік сказаць пачатак свайго верша, як бусел узмахнуў крыллем, павольна паплыў над лугам і апусціўся на верхавіну дуба.

— Бусел жа на дубе, а не на сасне, — прыдзіраўся Алесь да Косцікавага верша.

— Чакай, зараз прыдумаю інакш, — адказаў Косцік. — А цяпер слухай:

Стаіць бусел на дубе

I пытае, дзе Якубе…

— Э, — не здаваўся Алесь, — ніякага тут Якуба Мацюты няма, ён недзе ў Мікалаеўшчыне печы робіць…

— Я зусім не пра муляра хацеў сказаць. А так для складнасці…

— Тады сам ты Якуб, — вывеў Алесь і, скачучы на адной назе, стаў пацвельвацца і дражніцца з братам: — Якуб! Якуб!


ПЯЛЕСТАК ПАПАРАЦЬ-КВЕТКІ


Вечарэла. Над лугамі і ручайком падымаўся туман, засланяў сваёю наміткаю кусты алешніку. Ціхая летняя ноч апускалася на зямлю. Толькі неўгамонныя конікі аднастайяа трашчалі ў траве, ды недзе за ручайком у балоце кракталі жабы.

Міхал з Мікодымам цішком сядзелі ля зруба на бервяне і курылі. Тут аціраўся і Косцік. Маці клікала яго спаць, але хлопчыку хацелася дачакацца дзядзькі Антося і старэйшых братоў. Яны пайшлі правяраць бучы і пострыжні на Нёман. У Косціка быў намер: бацька зараз пойдзе спаць, а тады можна будзе папрасіць у дзядзькі Мікодыма, каб расказаў казку…

Раптам на другім беразе Нёмана на высокім пагорку ля Караліны забліскалі агеньчыкі, потым выбухнула вялікае полымя, Начную цішыню абудзіла песня:

Там, у лесе, стаяла хаціна,

Над хацінай шумела ляшчына,

Над ляшчынай чорны воран крача,

Над магілай сіраціна плача.

— Купалле ж сёння, ідуць каралінскія дзяўчаты на раку вянкі пускаць… — прамовіў бацька і дадаў: — Ну, Косцік, пайшлі спаць.

— Я, татачка, крышку пасяджу…

Калі Міхал пайшоў у зямлянку, Мікодым устаў, згроб у кучу сухі мох, лёг і сказаў:

— Лажыся і ты, хлопча!

Косцік умасціўся на мяккі мох і прытуліўся да цёплага плечука цесляра. Той колькі хвілін ляжаў і задуменна пазіраў у неба, дзе мігацелі зоркі.

— Косця, спаць не хочаш?

— Не, дзядзечка!.. Хоць адну казачку…

Мікодым паварушыўся, палажыў рукі пад галаву і пачаў:

— Жыў-быў у адной вёсцы дзяцюк, звалі яго Яська. Спачатку ён пасвіў свіней, пасля ганяў скаціну ў поле. А як падрос, пайшоў парабкам у двор. Дык вось неяк прапала пара панскіх валоў. Паслаў аканом Яську шукаць тых валоў. Хадзіў хлопец гадзіну па лесе, хадзіў другую. Нідзе няма валоў. «Можа, ваўкі іх ужо зарэзалі?..» — падумаў Яська, але пабаяўся ні з чым варочацца ў двор: аканом скуру здзярэ. Хоць сонца ўжо было на захадзе, але ён смела пайшоў у гушчар. Кожная сцяжынка яму была знаёма: калісь ён тут пасвіў каровы. Ідзе ды ідзе хлопец, стане, прыслухаецца. Ціха, толькі сосны шумяць. Пачало змяркацца. Хацеў Яська павярнуць назад, але пачуў, як нешта затупацела і затрашчала ў кустах. «Валы», — узрадаваўся ён і кінуўся туды. Бяжыць Яська ды бяжыць, але ніяк не можа дагнаць валоў: яны таксама бягуць, толькі кусты шамацяць і трашчаць галінкі. Бег так Яська, бег, ажно дух заняло. Прысеў ён на пяньчук і тады толькі агледзеўся, што зусім сцямнела. Адпачыў крыху хлопец, сабраўся з думамі і пайшоў у той бок, дзе павінна быць іх вёска. Ідзе ды ідзе ён, а лесу няма канца-краю. Крычаць, аж заходзяцца нейкім немым голасам совы; кусты і вываратні здаюцца страшыдламі; бліскаюць агеньчыкі, нібы воўчыя вочы; у лесе — глухі тупат і шум. Яську нават здавалася, што нібыта нехта час ад часу хапае яго за палу, не пускае ісці далей. Нарэшце хлопец зусім змарыўся, прысеў на мяккую купіну і прыслухаўся. Недзе далёка-далёка, як пад зямлёю, спявалі дзяўчаты. «Гэта ж сёння Купалле», — успомніў Яська і азірнуўся. Кругом стаялі не сосны, а вялікія папараці. «Можа гэта толькі здаецца?» — працёр хлопец вочы. Не! Папараці, але не кусты, а вялізныя дрэвы. Падняўся Яська, ступіў некалькі крокаў, але ад стомы закружылася галава, і ён паваліўся ля камля высокага папаратніка. Спаў Яська і не дагадваўся, што папараць, пад якой ён прылёг, сёння апоўначы зацвіце агністай кветкай. Аб гэтым ведалі ўсе нячыстыя сілы. Яны пільнавалі кветку папараці — кветку шчасця — ад зайздроснага чалавечага вока. Нячысцікам сёння быў вялікі пярэпалах: пад папараццю, што вось-вось зацвіце, спаў бедны парабак Яська. Што будзе, як ён прачнецца і сарве кветку шчасця? Нячысцікі наказалі галоўнаму ведзьмару, які ўмеў пасылаць моцны сон на чалавека. Прыляцеў той вядзьмар і стаў шаптаць Яську на вуха: «Спі! Прэсная душа, спі…»

Мікодым змоўк. За Нёманам чуваць быў звонкі дзявочы голас:

Сёння Кулала, а заўтра Ян.

Ой, будзе, хлопцы, ліха вам,

Ой, будзе ліха ліхое:

Пажанеце свінні ў поле…

— Змораны парабак спаў і не бачыў, як апоўначы бліснуў агеньчык на дрэве і асвяціў увесь лес, — працягваў цясляр. — Гэта зацвіла цудоўная папараць-кветка: заззяла пяць залатых пялёсткаў і пасярэдзіне вялікае агністае вочка. Калі ж заспяваў першы певень, кветка бліснула вочкам, і пялёсткі пачалі згортвацца. I тут здарылася неспадзяванае: адзін пялёстак сарваўся з агністай кветкі, упаў Яську ў правы лапаць і заваліўся за анучу. Узняўся старшэнны гармідар у лесе, загаласіў на ўсе лады галоўны вядзьмар, аж рэха пайшло ва ўсе канцы, і чэрці сталі разбягацца… Прачнуўся Яська, працёр вочы, агледзеўся. Успомніў, што трэба ісці шукаць валоў. Ступіў ён некальчі крокаў — і на табе! Стаяць валы пад старой асінай і спакойна жуюць жвачку. Выламаў хлопец добрую арэшыну і пагнаў валоў у двор. Гоніць гэта парабак валы і думае: «Эх, каб хаця пару бліноў цяпер!..» Не паспеў Яська падумаць, як бачыць — на суку торбачка вісіць, а ў ёй яшчэ цёпленькія бліны. «Вось каб і грошы так знайсці!» — прамовіў парабак і зірк — а пад нагамі скураны кашалёк. Глянуў ён, а там золата… «Не ведае аканом, — скула яму ў бок, — як мне пашанцавала», — сказаў сам сабе Яська. А ў гэты час два чарты перакінуліся ў панічоў і выскачылі на дарогу. «Гэй, чалавеча!» — гукнулі яны Яську. Бачыць хлопец, стаяць два панічы і трымаюць у руках боты. «Давай, хлопча, мяняцца!» — кажуць яны. Глянуў парабак на свае падраныя лапці: «Што ж, давайце!» Прысеў Яська на зямлю, стаў раскручваць аборы і не заўважыў, як кашалёк вываліўся з кішэні. Толькі ён паспеў разуцца, адзік паніч схапіў лапці, другі — кашалёк… Раптам гучны рогат пакаціўся па лесе, аж пасыпалася лісце з дрэў. Яська спалохана азірнуўся. Панічы зніклі, нібы скрозь зямлю праваліліся. Глянуў ён на боты, аж гэта два асмаленыя карчы… Хапіўся за кішэню — няма і кашалька… Прыгнаў ён валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села таму скула на баку…

Цясляр закончыў казку і ціхенька запытаў:

— Не спіш? Вунь нашы рыбакі ўжо ідуць…

— Не! — адказаў Косцік і ў роздуме дадаў: — Калі б я знайшоў той пялёстак, дык папрасіў бы кніг… Яшчэ папрасіў бы, каб навучыцца разумець, аб чым пяюць жаваранкі, салаўі, шпакі…

— Бач, чаго захацеў!..


ШКОЛА


У вёсцы Мікалаеўшчына на Стаўпецкай вуліцы, недалёка ад царквы, стаяла вялікая прысадзістая хата на два канцы. Падобна была гэта будыніна на карчму ці, лепш сказаць, на стадолу, якія будуюцца звычайна пры карчме. Хата, відаць, некалі была пакрыта гонтамі. Пасля гонты згнілі, страха пацякла, і адзін бок прыйшлося перакрыць саломай, а другі — толькі залатаць. Мала таго, пры хаце з боку агарода вырасла прыбудоўка. Яна зрабіла будыніну яшчэ больш нязграбнай.

— Бачыце хату з трыма комінамі? Гэта школа… У прыбудоўцы настаўнік жыве, а там класы, — з выглядам знаўцы і бывалага чалавека тлумачыў малодшым братам Уладзік.

Неяк вярнуўся бацька з Мікалаеўшчыны крыху пад мухай і кажа хлопцам:

— Вучыў вас Яська, але яму з вамі, шэльмамі, цяжка было даць рады… Цяпер няхай трохі памуштруе Корзун. Там вы паскачаце дроздзіка… Дагаварыўся я, што ўтрох пойдзеце ў школу:..

— I я? — адразу насупіўся Уладзік.

— А што ты, цаца вялікая?.. На ўсіх лесніковых пасад, браток, не хопіць. Можа, і бацьку вашага яшчэ выганяць… Трэба, каб грамату зналі, дык тады ў горад ці на чыгунку можна будзе падацца…

У суботу Антось прывёз хлопцаў з усімі манаткамі ў Яўхімаву хату, а сёння яны першы раз ішлі ў школу. Праўда, першы раз ішлі толькі Алесь з Косцікам, а Уладзік ведаў тут усе хады і выхады.

Косцік крыху хваляваўся. Яго даўно ўжо вабіла школа, але бянтэжыла вёска. Ён за свой кароткі век прывык да цішыні і адзіноты, а тут, у Мікалаеўшчыне, гоман, крык, людзі таўкуцца, як у ступе. Няма табе ні таго прастору, ні раздолля, лес далёка. Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў. Часта прыходзіла думка: «Як там дзядзька Антось? Што ён цяпер робіць? Ці прыйшоў з абходу бацька? А маці, мабыць, сястрычак корміць…» I сумна было яшчэ без ляснога гоману і крыку шпачкоў, якія чародамі лёталі над палеткамі…

Ноччу снілася маці, маленькая Аленка, а дзядзька Антось нібыта ўсё чытаў байкі з той кніжачкі, што купіў Кастусю ў Нясвіжы:

Старик-Крестьянин с Батраком

Шёл под вечер леском

Домой, в деревню, с сенокосу,

И повстречали вдруг медведя носом к носу.

— Глядзіце, вунь Мікалай Феафілавіч пайшоў, — перабіў Косцікавы думкі Уладзік.

— А хто гэта? Настаўнік? — у адзін голас запыталі браты.

— Ага, Корзун. У школе так яго трэба называць, — навучаў Уладзік. Калі хлопцы ўвайшлі ў браму, школа ўжо шумела, як устрывожаны пчаліны вулей. Некалькі хлапчукоў у новых кужэльных кашульках і зрэбных портках нясмела стаялі з торбачкамі цераз плячо каля разбуранага ганка.

— Пайшлі! — храбра адчыніў Уладзік дзверы ў клас.

Першае, што кінулася ў вочы Косціку, гэта доўгія нефарбаваныя парты, якія стаялі ў два рады. Між парт гойсалі вучні, кідаліся шапкамі, ля класнай дошкі, як пеўнікі-асеньчукі, падскоквалі адзін да аднаго два дзецюкі.

— Кучка-невялічка, яшчэ аднаго чалавечка! — пераступіўшы парог, адразу рынуўся Уладзік, падмінаючы пад сябе двух навічкоў.

3 многімі вучнямі ён быў ужо знаёмы раней, яго таксама ведалі.

— Гэй, Струк! Стручок! — кінуліся на Уладзіка нейкія хлапчукі. Рослы і дужы Уладзік зваліў у кучку-невялічку яшчэ трох вучняў, асядлаў іх і свіснуў у пальцы. 3 сянец рынуліся сюды дзеці, сцягнулі Уладзіка на падлогу, павалаклі ў кучку нясмелых навічкоў. Падняўся страшэнны крык, плач, нехта балюча выцяў Косціка па галаве торбачкай з кнігамі.

— Настаўнік! Настаўнік! — пачуліся галасы.


***

Косцік памаленьку прывыкаў да школы і жыцця ў вёсцы.

Чытаў ён бегла, пісаў і задачкі рашаў няблага, і настаўнік пасадзіў яго ў другі клас, разам са старэйшымі братамі.

Уладзіку было сорамна і крыўдна сядзець у адным класе з малымі, і ён праз тыдні два ўцёк дахаты ў Альбуць. Там яго бацька адлупцаваў і сказаў:

— Не хочаш, дубіна, вучыцца, сядзі дома! Будзеш свінні пасвіць…

Косцік з Алесем засталіся ўдвух.

Косцік вучыўся добра: ціхенька сядзеў на ўроку, уважліва слухаў настаўніка. Корзун нават некалькі разоў пахваліў хлопчыка.

Аднойчы настаўнік выклікаў да дошкі Петруся Дзямешку і, звяртаючыся да вучняў, сказаў:

— Вы, дзеці, не пішыце пакуль што ў сшыткі. А ты, Пятрусь, слухай…

«В деревне волки церковь съели»,— вывеў крэйдай на дошцы вучань.

Косцік ужо ведаў, што настаўнік любіць задаваць мудрагелістыя пытанні.

— Хто паправіць дзве памылкі? — спытаў настаўнік.

Косцік падышоў да дошкі:

— Слова «волки» трэба напісаць з вялікай літары, а «съели» раздзельна, бо тут ідзе гаворка пра елку…

— Малайчына, Міцкевіч! — пахваліў Корзун.

Аднак настаўнік не толькі хваліў Кастуся, ён хутка і высмеяў яго.

Пісалі апавяданне па малюнку. На дошцы была карціна: змучаныя, абарваныя мужыкі цягнуць баржу. Косцік кідаў вокам на малюнак і старанна пісаў. Мікалай Феафілавіч тупаў па класе, пазіраў, каб вучні не спісвалі адзін у аднаго.

— Што гэта за слова? — сярдзіта тыцнуў ён пальцам у Кастусёў сшытак.

— Валэ…

— А што гэта, пане мой, такое? — аж затросся ад злосці і гневу настаўнік.— 3 чым яго ядуць?

Корзун быў сынам засцянковага фальваркоўца з-пад Капыля. Бацькі яго стараліся гаварыць па-польску, усяляк зневажалі мужыка і мужыцкую мову. Дамашняя шляхецкая закваска выстаялася і ў сценах Нясвіжскай семінарыі, дзе выкладчык рускай славеснасці на кожным кроку высмейваў і здзіраў мясцовае шалупінне, як ён казаў, з мовы будучых настаўнікаў. Прыехаў Корзун у Мікалаеўшчыну заядлым праціўнікам беларускай мовы, асабліва рэзала яго вушы тутэйшая гаворка:

— Што гэта за валэ, снапэ, панэ? Хіба нельга навучыцца па-людску гаварыць — валы, снапы, паны? Або гавечка, гавёс, галадка… Эх, цемната!


ХТО ВІНАВАТЫ?


Над урокамі Алесь сядзеў мала: трохі павернецца ў хаце — ходу на вуліцу.

Косцік яшчэ чытае кнігу ці рашае задачкі, а брат ужо стукае ў акно:

— Хадзі хутчэй сюды!.. Каля Моўшы Карусь Дзівак ляжыць.

Хлопцы пабеглі да Нёмана, дзе пры дарозе ў Свержань стаяла Моўшава карчма. Там ужо збіраўся натоўп, снавалі дзеці, без якіх не магло абысціся ні адно здарэнне. Карусь ляжаў ніцма сярод вуліцы і нешта спяваў сабе пад нос.

— Давай, Карусь, мацней, а то не чуваць твае песні! — крыкнуў нехта з натоўпу.

П’яны заварушыўся, паспрабаваў устаць, але ногі не слухаліся яго, галава цягнула ўніз, і ён зноў асунуўся ў пясок. Пасля сеў, асалавелымі вачыма глянуў на людзей і сіпла зацягнуў:

Ой, па рэ-э-чцы, па бы-ы-стра-а-й

Станавы-ы ехаў пры-ы-стаў…

Потым перадыхнуў і працягваў:

А за ім пісьмавадзіцель —

Страшэнны грабіцель…

Раптам ён заспяваў на другі лад:

Ішоў Тодар з Тадораю,

Знайшлі лапаць з абораю,

Ой, ты — Тадор, я — Тадора,

Табе — лапаць, мне —абора,

спяваў Карусь і ў такт песні прытопваў нагой.

Невядома, дакуль цягнулася б гэтае прадстаўленне, але прыйшла цётка Магда — Карусёва жонка.

— Ах ты, абармоціна ліхая! — схапіла яна мужа за каўнер. — Латруга ты няшчасны… Даўбешка ты дурная!.. Ужо зусім з глузду з’ехаў, пустадомак!

Натоўп рагатаў, пацяшаўся з Каруся і цёткі Магды.

У вёсцы мелася яшчэ адно месца забавак, куды часта збіраліся людзі і дзе ўжо колькі разоў былі Косцік з Алесем. Месца гэта было на Свіной вуліцы, каля хаты, у якой жылі браты Сцяпан і Янка Андроцкія. Былі яны нізенькія ростам, абодва злыя і задзірыстыя, як чэрці. Толькі адна розніда: Сцяпан глухаваты, а Янка слепаваты, Сцяпана дражнілі Шолам, а Янку — Рысь.

— Малыя, як гарбузэ, а злосці поўныя косці, — гаварылі пра іх суседзі.

Андроцкія пацяшалі сваіх аднавяскоўцаў вельмі часта: жанкі пасварацца — Сцяпан з Янкам за грудкі бяруцца, дзеці не паладзяць — зноў патасоўка.

Смех і грэх было глядзець, як браты ні пра што ні праз якое качаліся па зямлі, спускалі адзін аднаму кроў ці нават мерыліся ўзяцца за калы.

Косцік прыходзіў дамоў, лажыўся спаць і доўга думаў: «Чаму так напіваецца Карусь? Ды ці адзін толькі Карусь? Хто вінаваты ў гэтым?»

Часам Косцік з Уладзікам у нядзелю ці ў святочны дзень ішлі на вечарынку. Праўда, у хату, дзе пілікала скрыпка і грукаў бубен, іх яшчэ не пускалі. Яны, як і іншыя хлапчукі, аціраліся на двары, пад вокнамі.

Кастусь некалькі разоў заглядаў праз акно ў хату, дзе танцавалі хлопцы і дзяўчаты. Яго цікавілі музыкі. Высокі і худы дзядзька ў камізэльцы з лысай галавою і сівымі кароткімі вусамі стаяў ля печы. Косцік не зводзіў з яго вачэй, сачыў за кожным рухам: у руках лысага была скрыпка, ад голасу якой разлівалася па сэрцы то іскрыстая весялосць і раздолле, то смутак і неспакой… Слухаючы скрыпку, Кастусь успамінаў Альбуць, спевы жаваранкаў, шум лесу, бульканне ручаёчка, чмяліны звон…

— Эй, хлопцы, пайшлі паглядзім, што Баландзіха робіць, — прапанаваў нехта.

Загуменнем рушылі туды, дзе ў цемры блішчэў, як воўчае вока, агеньчык. Па дарозе хлопцы ўбіліся ў сухі дзядоўнік, пералазячы праз нейчы плот, зламалі жэрдку.

— Ціха вы, чэрці, — прамовіў Пятрусь Дзямешка. — Вунь хтосьці ідзе…

Наперадзе віднеліся дзве постаці, чуваць былі ціхія жаночыя галасы. Жанчыны звярнулі на сцежку да хаты старой Баландзіхі. Хлопцы цішком пасядзелі на мяжы, а калі бразнула клямка ў дзвярах, падышлі пад акно Баландзішынай хаты.

На прыпеку гарэлі смалякі, бабка Баландзіха мяшала лыжкай у чыгунку і шамкала бяззубым ротам:

— …А ці не ён гэта, каб яму сяк ды так, ды каб яго тое ды сёе, казаў, што я ведзьма?

У парозе стаялі дзве маладзіцы: адна ў кажуху, другая ў доўгім, відаць, мужавым суконным пільчаку.

— Што вы, цётачка? — апраўдвалася тая, што ў кажуху. — Мой жа Парфіль такі цямця-лямця. Ён ніколі так не скажа на вас… Можа гэта другі які Парфіль так казаў.

Дзверы з хаты ў сенцы былі не зачынены, і хлопцы праз хвілю пачулі голас Баландзіхі:

— Наслінь палец, абвядзі кругом балючага месца і кажы: «Добры дзень, лішай, ідзі свінням памяшай!» Кладучыся спаць, рабі тое самае, але кажы: «Дабранач, лішай, ідзі свінням памяшай!»… А ты чыя, мая саколка? Што табе баліць?

— Душа баліць, — адказала другая маладзіца і заплакала.

— Яна дачка дзядзькі Марціна, што ў суд за сведку насіў дубовае палена… — тлумачыла маладзіца ў кажуху. — Дык вось у Наталлі два сынкі ў адзін год памерлі… Ёй лягчэй было б, калі б яна галасіла ці плакала, а то паціхеньку душою ные..

— На ўсё божая воля, — суцяшала старая. — Годзе табе, мая галубка, ныць… Яшчэ невядома, якая доля іх чакала б на гэтым свеце. Можа, яны шчаслівейшыя за нас, грэшных…

— Я ведаю, цётачка, што проціў божай волі не пойдзеш, але чаму ён такі несправядлівы? У мяне цяпер на душы такі цяжкі камень.

Позна ўвечары вярнуўся Косцік дамоў. У Яўхімавай хаце сядзелі Пятрусь Грыхінін і Базыль Міцкевіч — бацька дарэктара Яські.

— Якое тут можа быць жыццё нашаму брату-мужыку? — гаварыў Базыль. — Колькі тае зямлі ў кожнага з нас? Вузенькі шнурок, як барану пацягнуць… А што за зямля? Адзін пясок… А плыты пагоніш — таксама заробак мізэрны. Дзе ні кінь, дык клін!

Слухаў Косцік гаворку мужчын, і ў яго вушах гучалі словы няшчаснай маці: «Душа баліць…»

«Чаму? Хто вінаваты ў гэтым? Хто?» — не давалі спакою думкі.

«ЯКІ ТЫ КАЛЮЧЫ, НЯБОЖ!»


Косціку з Алесем пашанцавала. Толькі ўзышлі яны на Сярэднюю гару, як з вёскі хтосьці выехаў і накіраваўся на свержанскі гаецінец.

— Ну, Костусь, мы, здаецца, сёння пад’едзем,— павесялеў Алесь.

3 Мікалаеўшчыны да Альбуці добры кавалак дарогі — вёрст пяць.

Усю раніцу мяло, каляіна не працёрта, і пешшу ісці па снегавой цаліне цяжка.

Хлопцы спыніліся.

Кастусь, які ішоў наперадзе, азірнуўся. У лагчыне між снежных гурбаў выгіналася і знікала за дрэвамі вуліца. Маленькія хаткі з падслепаватымі акенцамі і саламянымі стрэхамі, прысыпаныя снегам, выглядалі яшчэ меншымі і мізарнейшымі. Збоку вуліцы ўроскідку, як грыбы, стаялі пакрыўленыя гумны. Сям-там чарнелі вербы і клёны. Толькі на пагорку, у цэнтры вёскі, узвышалася царква, а над ёй вежа званіцы з зялёным бляшаным дахам. Злева блішчэла пакрытая лёдам рака. Мясцінамі рэчышча замецена снегам, і Нёман там можна пазнаць толькі па лазовых кустах, што раслі паўз берагі.

Буланы конік жвава бег па дарозе. Вось сані мінулі Церабяжы — невялічкі ўзгорак з пахілымі драўлянымі крыжамі.

— Дык гэта ж Карусь Дзівак! — радасна крыкнуў Алесь. — Ён дамчыць нас да самай хаты…

Конь запырхаў і спыніўся. 3-за каўняра кажуха выглядаў сіняваты нос дзядзькі Каруся.

Хлопцы хуценька ўмасціліся на саломе, і Карусь сцебануў каня.

— Ну, Алесь, «гасцінчыка» ў лапу табе Корзун не дае? — пытаў дзядзька Карусь. — А ты, Косцік, як вучышся?

— Яго настаўнік хваліць, — сказаў Алесь.

Косцік пазіраў на дзядзькаву спіну, на яго стары дзіравы кажушок, шарачковыя порткі з латкамі на каленях, і яму хацелася запытацца ў Каруся, чаму ён так бедна жыве. «Відаць, таму, што многа п’е гарэлкі», — падумаў хлопчык.

Неўзабаве ўехалі ў лес. Паабапал дарогі стаялі дрэвы ў зімовым убранні. Яловыя лапкі стомлена сагнуліся пад цяжарам снегу. Нават асіны і бярозы выглядалі незвычайна прыгожа: нейчая старанная рука шчодра ўкрыла кожную галінку белым пухам. Часам з галінкі зрываўся камячок снегу і рассыпаўся ў паветры іскрыстымі парушынкамі.

У лесе было зацішна, браўся марозік, і хлопцы цесна туліліся да дзядзькавай спіны.

Раптам з кустоў ядлоўцу выбегла ліса. Павярнула вострую мордачку на каня і, махнуўшы хвастом, схавалася між маладых елак.

— Лі-са, лі-са! — заварушыўся дзядзька Карусь, паганяючы каня.

Сані лёгка пакаціліся з узгорка, і Кастусь яшчэ раз убачыў лісу, якая бегла пералескам.

— Нешта рана вы сёння прыйшлі, — прывітаў пляменнікаў дзядзька Антось.

Ён ішоў з прыгумення, несучы куль саломы.

— Дзядзька, а мы бачылі лісу,— пахваліўся Алесь.— Бегла з Раймусавай горкі на Бервянец. Эх, каб стрэльба!

Назаўтра, у нядзелю, пасля снедання, калі ўсе разышліся з хаты і толькі маці калыхала маленькага Юзіка, Кастусь прысеў ля стала. Сядзеў ён доўга, штосьці пісаў, крэсліў, думаў і толькі перад самым абедам выбег пакоўзацна на рэчку.

Неўзабаве ў хату прыйшлі дзядзька Антось з Уладзікам. Яны хадзілі на Нёман правяраць бучы і прынеслі некалькі акунькоў.

Патупаўшы каля парога, дзядзька падышоў да паліцы. Там ляжалі кнігі і збоку на цвічку віселі вучнёўскія торбачкі.

— Давай паглядзім, як нашы хлопцы пішуць…

Дзядзька любіў заглянуць у сумкі пляменнікаў. Узяў ён адзін сшытак, потым другі. Раптам з сшытка вываліўся нейкі лісток. Уладзік падняў яго і падаў дзядзьку.

— О, дык гэта нейкі вершык, — Антось падышоў бліжэй да акна: — О-о, пра лісу з пушыстым хвастом… Давай, давай, пачытаем…

Але тут у хату ўвайшоў Кастусь. Убачыўшы свае сшыткі ў руках дзядзькі Антося, ён аж затросся, падбег да яго і выхапіў лісток з вершам.

— Ого, які ты калючы, нябож! Як Рысь! Янка Андроцкі! — пагладзіў вус дзядзька. — А саромецца няма чаго. Мы толькі хацелі пачытаць, як ты напісаў…

Кастусь хуценька схаваў лісток у кішэню, выбег з хаты і пашыбаваў да крынічкі.


«ПАНОЧКУ, ДАРАЖЭНЬКІ, ДАЙі ПОРАХУ КРЫШКУ…»


Кастусь чытаў многа. Перачытаў усе кнігі, што былі ў знаёмых вучняў. Забраў у дзядзькі Базыля два Яськавы падручнікі без пачатку і канца. Самога дарэктара не было дома: ён вучыўся ў Нясвіжскай семінарыі.

У адной Яськавай кнізе Кастусь натрапіў на ўрывак з аповесці Гогаля «Тарас Бульба».

Вялікае ўражанне зрабілі на Косціка байкі Крылова. Вывучыў напамяць ён і вершы Пушкіна, Някрасава, Кальцова.

Прачытае верш — і неяк маркотна стане ў хлопца на сэрцы, хочацца дамоў: перад вачыма з’яўляецца леснічоўка, занесеная снегам; чуецца матчын голас, яе песня:

Ой, гаю мой, гаю,

Гаю зеляненькі!

Чаму на табе, гаю,

Лісцікі драбненькі?

Косцік сам спрабаваў пісаць вершы пра Альбуць, але ў яго атрымлівалася неяк нецікава…

Іншая справа байкі. Напісаў ён па-руску байку «Варона і Лісіца». Там былі яшчэ крылоўскія героі, але дзеянне разгортвалася па-іншаму: за дабро плоцяць дабром. Прачытаў яе Кастусь брату.

— Э-э, хіба ў Крылова так? — накінуўся Алесь. — А лісіца добранькай можа быць? Недарма кажуць: лісіца-хітрыца… I словы тутэйшыя ёсць! Мала цябе Корзун на смех падымаў!..

— Ну і што, калі ёсць беларускія словы? Вунь у Гогаля казакі па-ўкраінску гавораць…

— Прыраўняўся!..

«Чаму ж украінскае слова можна ўставіць, а беларускае не? — не давалі спакою Косціку думкі. — Кажуць, нават паэт Тарас Шаўчэнка пісаў украінскія вершы…»

Прыходзіў Косцік у школу і чуў, як Корзун крычаў, папраўляючы якога-небудзь вучня:

— Калі ты навучышся гаварыць па-людску? Не «птушка», а «птица», «аист», а не «бусел»! Калі я выб’ю з вас мужыцкі дух?!

Слухаў Косцік настаўніка і часам думаў:

«А мо сапраўды наша гаворка самая горшая на свеце? Усё ж такі Корзун — вучаны чалавек, семінарыю кончыў».

Але хлопчык успамінаў казкі дзядзькі Антося і цесляра Мікодыма. Не, не такая ўжо благая наша мова! Казкі цікавыя, простыя, а колькі ў іх мудрасці! А чым кепскія песні?

Косцік многа думаў пра гэта, нават хацеў пагаварыць з настаўнікам, але пабаяўся: зноў высмяе. На вялікдзень прыедуць дамоў семінарысты. Цікава ў іх запытаць, што яны скажуць?

Адказ у хуткім часе прыйшоў сам сабою.

Неяк вучань Сямён Самахвал прынёс у школу часопіс «Природа и люди». На перапынку Косцік узяў у Сямёна часопіс і стаў разглядаць малюнкі.

Адзін малюнак прыцягнуў яго ўвагу. Скрыжаванне дарог. Пад высокай бярэзінай пахілены крыж, у далечы — сцяна лесу. На пярэднім плане карчма, ля дзвярэй стаіць тоўсты карчмар у ярмолцы і пазірае на селяніна, які пусціўся ў скокі на дарозе. Аж пыл з-пад лапцей узняўся клубам… Пад малюнкам вершаваны надпіс. I які?! Па-беларуску:

Без музыкі, без дуды

Ходзяць ногі не туды.

Косцік чытаў і не верыў сваім вачам. Просценькія і не раз чутыя радкі гучалі са старонак часопіса, здаецца, неяк інакш — больш смела і напорыста. Ён углядаўся ў малюнак і знаходзіў у ім штосьці вельмі знаёмае і блізкае. Тут жа быў змешчаны і невялічкі артыкул пра Беларусь. Значыць, беларуса не забылі, пра яго пісалі ў рускім часопісе, пісалі яго роднай мовай!

Ад радасці і хвалявання хлопчык не заўважыў нават, як у клас увайшоў настаўнік.

А праз некалькі дзён Кастусь трымаў у руках лісток з вершам «Стары ляснік». Хто яго аўтар — было невядома, ды, прызнацца, Кастуся гэта мала абыходзіла. Галоўнае было ў тым, што верш быў напісаны па-беларуску! А героем яго быў — ляснік!

Перапісаў Кастусь верш у свой сшытак, а ў суботу, прыйшоўшы дамоў, прачытаў бацьку і дзядзьку Антосю:

Паночку, даражэнькі, дай пораху крышку,

Калі маеш увагу на старога Грышку!..

От ліха наляцела! Прышло на астатак:

Найлепшае заўчора з нашых жарабятак

Мядзведзь — падла… Ды й каб жа ваўкі яго з’елі!

Задушыўшы ў лесе, кінуў каля елі!..

— Глядзі ты, і пра нашага брата, лесніка, нехта сачыніў! — здзівіўся Міхал.


БАЦЬКАЎ ГАСЦІНЕЦ


Вясна ўсталёўвалася памалу.

Уночы марозік яшчэ зацягваў лужы тоненькім лёдам, але ўжо сям-там прабіваліся з-пад снегу праталіны, Сонца ласкава заглядала ў вокны сялянскіх хат і клікала дзетвару на двор. Учора разбушаваўся і рушыў Нёман, увесь луг заліло вадою, і крыгі паплылі каля самых гумнаў. Над вёскай паказаўся жураўліны ключ.

«Кур-лы, кур-лы!» — ляцелі нізка над зямлёю птушкі.

— Жураўлі ляцяць нізка — значыць, вясна блізка, — сказаў дзядзька Яўхім.

Вучні з бліжэйшых вёсак не прыйшлі ў школу, і Корзун распусціў дзяцей на тыдзень.

Кастусь з Алесем і малодшымі сястрычкамі з самага ранку забаўляліся каля леснічоўкі. Прыгравала сонца, па двары беглі ручаінкі, увачавідкі асядалі гурбы. У паветры стаяў несціханы гоман вясны: спявалі жацаранкі, шумеў Нёман, звонка булькала крынічка.

— Глядзі, на дубе ўжо шпакі! — сказаў Алесь.

Сапраўды, на высокім тоўстым дрэве, між галін з леташнім лісцем, сядзелі птушкі і выводзілі свае песні.

— Дзіва ўбачыў — шпакі! Вунь ужо і бусел кружыць, — паказаў Кастусь у бок старадрэвіны-хвоі.

Хлопцы пускалі караблікі, бегалі па беразе крынічкі. Дамоў ніхто не хацеў ісці. Маці ледзь даклікалася абедаць.

Увечары з Нясвіжа вярнуліся бацька і дзядзька Антось. Міхал, відаць, заглянуў па дарозе да цёткі Хрумы і быў у добрым гуморы.

— Ну, дзеці, вясна! Хутка канец вучобе, — сказаў ён. — Паглядзім, чым вы пахваліцеся бацьку… А ты, Костусь, што задумаўся?

— Ён, татка, напісаў вершык пра вясну! — адрапартаваў Алесь.

— Вершык? Ну, прачытай, прачытай, сынку, а мы паслухаем.

Кастусь адчуваў сябе няёмка, але выйшаў на сярэдзіну хаты.

Маці, падпёршы рукой галаву, стаяла ля печы і ўважліва пазірала на сына. Дзядзька курыў цыгарку. У яго прыжмураных вачах была лагоднасць і ўвага. Гэта падбадзёрыла Кастуся, і ён пачаў:

Сонда грэе, прыпякае,

Лёд на рэчцы затрашчаў,

Цёплы вецер павявае,

Хмар дажджлівых нам прыгнаў.

Вось і бусел паказаўся,

Гусі дзікія гудуць,

Шпак на дубе расспяваўся,

Жураўлі ужо лятуць…

Глянуў Кастусь на бацьку. Той задаволена слухаў і ківаў у знак згоды галавою.

I зіма, як дым, прапала!

Зелянее луг, ралля…

Як ад болю, ачуняла

Наша родная зямля, —

смела закончыў сын.

— Наша родная зямля… Хэ, бачыш, як складна выходзіць, — не змоўчаў Міхал. — Сам напісаў, не хлусіш? Ну і малайчына! Хадзі, сынок, бліжэй…

Бацька прытуліў Кастуся, цмокнуў у шчаку і палез у кішэню.

— Ну, адным словам, на гасцінец табе за гэта, — даў ён Косціку рубель.


ПРЫЕХАЛІ СЕМІНАРЫСТЫ


На беразе Нёмана вучні гулялі ў пікара, калі прыбег Сямён Самахвал і паведаміў:

— Семінарысты едуць!.. Семінарысты!

Хлопцы кінуліся напрасткі праз ляшчэўнік і выбеглі на вуліцу.

Насустрач ім ехала фурманка. Побач з возам ішлі семінарысты ў чырвоных сарочках, у шырокіх чорных шапках. На аглабіцы сядзеў нясвіжскі балагол, у драбінках ляжалі торбачкі, звязкі кніг, вопратка.

Каля Базылёвай хаты падвода спынілася, прысадзісты, плячысты семінарыст, узяўшы з воза свой клунак, рушыў у двор.

— Гэта ж Яська! — узрадавана крыкнуў Косцік.

Хлопцы ўбеглі ў Базылёву хату тады, калі Яська ўжо вітаўся з маткаю. Ён падрос, памужнеў, толькі з твару змяніўся мала: такі ж русявы, лабаты, такія ж тоўстыя губы і крыху натапыраныя маленькія вушы.

— О, альбуцкія шкаляры! Здаровы! — падаў семінарыст руку Косціку і Алесю.

Пасля Яська расказваў, як жывецца ў семінарыі, пра сваіх настаўнікаў, іх звычкі і дзівацтвы.

— Вучыцца цяжка ці не? — цікавіўся Косцік.

— У падрыхтоўчым і першым класах ціснуць добра… Прыходзіцца многа зубрыць, асабліва па царкоўнаславянскай мове. Але нічога, яшчэ год засталося пагараваць, а там я буду практыкантам…

— А цікавых кніг у семінарыі многа? — дапытваўся Косцік.

— Як табе сказаць? I многа і мала! Не ўсе кнігі выдаюць… Папросіш, скажам, Тургенева, а табе кажуць: «Будзеш у трэцім класе, тады пачытаеш, а цяпер бяры Загоскіна ці Данілеўскага…» Ды і чытаць няма вельмі калі… А так кніг многа. Цэлы клас, як наша хата, застаўлены паліцамі.

— Няўжо? — загарэліся вочы ў хлопчыка.

Яська змоўк, вылез з-за стала і дастаў з паліцы чорны футлярык.

— У цябе скрыпка ёсць? — здзівіўся Косцік.

— Не мая, далі толькі пайграць, — адказаў семінарыст і дадаў: — Хадзем на прызбу!..

Вечарэла. Павяваў цёплы ветрык. Каля царквы на бярозах і клёнах крычалі вароны. Дзесьці на другім краі вёскі спявалі дзяўчаты. Іх маладыя, звонкія галасы абуджалі вячэрнюю ціш. На вуліцы затарахцелі драбіны: відаць, у полі запазніўся нейкі гаспадар…

Яська ціхенька павёў смычком. Сумная мелодыя паплыла над соннай вёскай, водгулле яе пакацілася далёка-далёка, напоўніўшы гукамі ўсё наваколле. У ёй чутны былі шэлест лісцяў пад подыхам ветру, гоман нёманскіх хваль, птушыныя галасы і нейкія няясныя парываннісэрца, якія не выкажаш словамі…

Над Церабяжамі ўзышоў месяц, асвяціў хаты, праклаў срэбную дарожку на рацэ.

Скрыпка замоўкла. Як заварожаныя, пазіралі хлопцы на Яську. У іх вачах цяпер быў не колішні баязлівы дарэктар, а вялікі музыка-чараўнік.

— Навучы, Яська, мяне іграць, — парушыў маўчанне Косцік.

— Я і сам яшчэ добра не ўмею, — адказаў семінарыст. — Алё нічога, прыходзь пасля ўрокаў…

Раптам зусім блізка пачулася песня:

Реве та стогне Дніпр широкий,

Сердитий вітер завива.

— Ідудь нашы хлопцы!.. — усхапіўся Яська.

3 таго дня Яська ў Косцікавых вачах стаў іншым чалавекам.

Неўзабаве ўсе семінарысты выраслі ў вачах сваіх аднавяскоўцаў. Пра іх загаварыла ўся Мікалаеўшчына.

Было гэта так.

Семінарыст трэцяга класа Адам Мілюк сабраўся ісці ў Негертава да сваякоў. Выйшаў ён на вуліцу і бачыць — каля хаты ўдавы Сынклеты сабраўся натоўп. Адам падышоў бліжэй. На двары галасіла жанчына і некага кляла апошнімі словамі:

— А каб вы выхварэлі ды выстагналі! А каб вы па гары хадзілі ды сонца не бачылі!.. Людцы добрыя, ратуйце!

— Што тут такое? — запытаў семінарыст.

— Што? У цёткі Сынклеты забіраюць карову за падаткі, — адказаў нехта з натоўпу.

Адам Мілюк смела ўзышоў на падворак, дзе ўраднік з соцкім спрабавалі закінуць вяроўку карове. на рогі.

— Пане начальнік, — звярнуўся семінарыст да ўрадніка. — Ці нельга пачакаць? Нашто сірот крыўдзіць?

— Звольце не ўмешвацца не ў сваё дзела! — злосна забурчэў ураднік.

— Адаська, сынок, памажы! — кінулася да яго з плачам Сынклета. — Гэта ж я дзесяць рублёў у казну не заплаціла… Прасіла-маліла — заўтра апошняе палатно прадам і разлічуся…

— Пан ураднік! — сказаў Мілюк..— Пачакайце паўгадзіны, і мы сабярэм грошы.

Семінарыст скінуў шапку, паклаў у яе свой сярэбраны рубель і абышоў натоўп:

— Хто паможа ўдаве і бедным сіротам?

У шапку ўпала некалькі грыўняў і медзякоў. Адам паклікаў астатніх трох семінарыстаў. Тыя таксама далі па рублю. Мала!

Прыйшлося абысці хаты вясковых багацеяў, заглянуць да Корзуна і карчмара Моўшы.

— Ну, расплачвайцеся, цётка Сынклета, — высыпаў Мілюк грошы з шапкі.


РЫСЬ


Неўзаметку прабег яшчэ адзін год, і хлопцы закончылі народнае вучылішча.

У Косціка ўжо даўно была свая запаветная мара — паступіць у Нясвіжскую семінарыю. Ён многа наслухаўся гаворак пра семінарыю: там ёсць вялікая бібліятэка, там вучаць нотнай грамаце, іграць на скрыпцы, семінарысты ладзяць пастаноўкі, выступаюць у хоры. У вачах хлопца семінарыя ўяўлялася нейкай святыняй, адкуль выходзяць людзі з паходняю ў руках і нясуць яе ў цёмную вёску непісьменнаму селяніну. Даходзілі да Кастуся чуткі і пра тое, што ў семінарыі вучыцца нялёгка, выкладчыкі муштруюць вучняў, але ён на гэта зважаў мала. Навука яму давалася лёгка, і страшыла толькі тое, ці ўхваліць гэты намер бацька…

Аднойчы прыехаў у вёску дзядзька Антось. Косцік з Алесем вынеслі свой куфэрак з кнігамі і пажыткамі.

— Бывай, школа! Бывай, Корзун! Бывайце, дзядзька Яўхім і цётка Антоля!

Дома хлопцаў радасна сустрэлі. Усміхаліся маці, Уладзік і сястрычкі, толькі бацька заклапочана сказаў:

— Школу кончылі, а што далей мне з вамі рабіць?.. Адзін дзяцюк ужо аціраецца каля хаты, — паказаў ён на Уладзю. — Добра, з яго будзе мой памочнік. А куды вас прыстроіць?

— Вось памаўчаў бы лепш, — умяшалася маці, ставячы мачанку на стол. — Няхай хлопцы перакусяць з дарогі…

— Вялікая дарога — адказаў Міхал. — За дзень па лесе я ў пяць разоў больш перамераю… Трэба парахаваць, як далей быць… Можа каторага ў пісарчукі, а другога на чыгунку… Вунь Агей Мілюк, пане мой, служыць на станцыі Красноўка ў Данбасе і гора не ведае. Казаў, што на пакровы зноў будзе ў Мікалаеўшчыне і можа ўзяць аднаго хлопца з сабою…

— Я хачу на чыгунку, — прамовіў Алесь, завіхаючыся ля скаварады.

— А ты, Косцік, куды? — дапытваўся бацька.

— Не, у пісары я не пайду!

— А куды ж ты пойдзеш? Свінні пасвіць? — накінуўся Міхал.

— Лепш свінні пасвіць, чым быць пісарам!.. — адказаў сын.— Вунь Пятрусь Грыхінін расказваў. Пайшоў ён у воласць, каб нейкую даведку ўзяць. Так і так, кажа ён пісару. А той гаворыць: «Не магу напісаць, мне зубы ныюць». Дагадаўся Пятрусь і прынёс паўкватэркі. Пісар тады ўзяў ручку ды кажа: «Мужык мужыком,.. Чаму б табе не здагадацца і не ўзяць хвост селядца?» Прыйшлося Петрусю ісці яшчэ і па селядзец.

— Што ж ты думаеш? Валасны пісар — гэта, брат, ого! Начальства!.. Да двух не гавары! — тлумачыў бацька. — А што ж ты ўпадабаў?

— Хачу ў семінарыю…

— Знайшоў шчасце! — махнуў рукою Міхал. — А што добрага ў жыцці настаўніка? Ні табе поля, ні агарода! Загоняць у якую-небудзь глуш, дадуць сотню дзяцей, — дзяўбі ім у галаву. А колькі тае платы? Рублёў дзесяць, ад сілы шаснаццаць! Ці зраўняцца яму з валасным пісарам? Ніколі! Не раўня ён нават тэлеграфісту! Ты бачыў Бараноўскага, што служыць на станцыі ў Стаўбцах? Бліскучыя гузікі, шапка з цэшкай, форма…

Але Косцік не здаваўся:

— Настаўнік ніколі не пакрыўдзіць селяніна. Што ні запытай, усё ведае, усё раскажа… Ліст да сына ў салдаты напіша і прашэнне, калі трэба…

— Браток ты мой|! Усялякія і настаўнікі бываюць. У Свержані некалі быў Кандраценка… Ён век у карчме кіс і пад плотам валяўся, як сабака… А трэба што да яго — без кручка не патыкайся…

— А я ўсё роўна хачу ў семінарыю! — са злосцю і чуць не з плачам крычаў Кастусь.

— Мала што ты хочаш… — сказала маці. — Там высокія парогі — не на нашыя ногі… А дзе мы табе грошай возьмем? I так ледзь канцы з канцамі сточваем.

— У семінарыі казна корміць і адзяе, — уставіў сваё слова дзядзька Антось. — Калі Косцік так надумаўся, дык хай ідзе…

3 таго дня дзядзька Антось і Уладзік жартам клікалі хлопцаў не па імені, а па будучай прафесіі:

— Эй, кандуктар, прынясі вядро вады!

— Калі ласка, пане настаўнік, есці блінцы!

Алесь ганарыўся, што яго так называюць, а Косця злаваў і агрызаўся. Яшчэ больш ён узлаваўся, калі аднойчы Алесь размаляваў яго ў чырвонай сарочцы, у шырокай шапцы, са скрьшкай і кнігамі пад пахай і зрабіў надпіс: «Семінарыст Рысь».

Косцік накінуўся з кулакамі на брата, парваў малюнак на шматкі і стаў таптаць яго нагамі.

— Што гэта ты развар’яваўся? — супакойвала маці. — Як жа ты будзеш настаўнікам такі злы? Рысь! Сапраўды Рысь!

Мімаходам кінутае калісьці дзядзькам Антосем слова падхапілі браты і мянушка Рысь надоўга прыстала да Кастуся. Яна можа не трымалася б, калі б хлопец не так злаваўся. Уладзіку і Алесю гэта падабалася, яны дражніліся, пацвельваліся на кожным кроку з братам. Колькі было смеху, калі аднойчы падышла маленькая Алена і, учапіўшыся за Кастусёву калашыну, пачала прасіць:

— Лысь, збай казку…

Косцік закрычаў на сястрычку, тая с плачам кінулася да маці.

— Што ж гэта ты, настаўнік, дзіця крыўдзіш? — смяяўся Антось.

«Гэта ліха з дзядзькі загарэлася», — успомніў Кастусь. Успомніў і стаў думаць, як яму аддзякаваць…

Магчымасць такая надарыласяг толькі восенню.

Зайшоў да іх у леснічоўку па нейкай справе Рысь — Янка Андроцкі. Патупаў у хаце ды пытаецца:

— Дзе гэта дзядзька Антось?

— Малоціць жыта, — адказаў Косцік і павёў Андроцкага ў гумно.

Мужчыны закурылі, разгаварыліся. Антось распытваў пра вясковыя навіны. А Косцік аціраўся пад рукамі, варочаў пасад, малаціў, а потым стаў на снапах куляцца цераз галаву. Дзядзька Антось не ўцерпеў і крыкнуў на пляменніка:

— Пайшоў вон, Рысь!

Крыкнуў дзядзька і сумеўся: побач сядзеў сапраўдны Рысь.

— Не злуйся, браток! — апраўдваўся Антось Перад Янкам.— Гэта мы так нашага Косціка дражнім…

Пасля таго, як дзядзька трапіў у няёмкае становішча, ён больш не называў пляменніка Рысем. I мянушка стала памалу забывацца.


«ЯШЧЭ АДЗІН МІЦКЕВІЧ…»


Два гады рыхтаваўся Кастусь да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Праўда, калі гаварыць больш дакладна, то не два гады, а дзве зімы. Толькі сыдзе снег — і да позняй восені не было часу займацца падрыхтоўкай: хапала іншай, больш пільнай работы!

Бацька вечна заняты: то ў абходзе, то высочвае для паноў глушцоў ці лася, то вязе ў замак рыбу або качак. Мала гэтага, у апошні час ён нешта часта хварэў. У яго балела галава, ён скардзіўся, што рэжа нешта ў жываце, піў соду і нейкія лекі. Міхал ужо не заглядаў у карчму да цёткі Хрумы, хадзіў хмуры і сумны. Ссутуліўся, у чорнай густой чупрыне раптам прабілася сівізна. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу, цяжка ўздыхаў і казаў Ганне:

— Маці, нешта мне нездаровіцца. Сэрца штось нядобрае прадчувае…

— От не бяры нямаведама што ў галаву…

На службе бацьку замяшчаў Уладзік. Алеся дома ўжо не было: ён паехаў у Данбас, на станцыю Красноўка. А Косцік памагаў дзядзьку Антосю ўпраўляцца з гаспадаркаю. Абсяваў поле, касіў, вазіў дровы, ездзіў у млын — хіба мала знойдзецца работы. Прылаўчыўся нават так жаць, што мала адставаў ад маці і дзядзькі. А надарыцца вольная часіна, чытаў кнігі ці ішоў збіраць грыбы.

Затое зімою Косцік цалюткі дзень праседжваў за сталом. Рыхтаваўся ўдумліва і без прынукі. Перарашаў усе задачы не толькі з задачніка Еўтушэўскага, але і Малініна і Бурэніна. Старанна вучыў граматыку К. Говарава, у якой сумныя правілы ілюстраваліся цудоўнымі прыкладамі з вершаў Пушкіна, Лермантава, Някрасава, Кальцова, Нікіціна і многіх іншых рускіх паэтаў. Гэта былі дзівосныя радкі:

Поздняя осень. Грачи улетели,

Лес обнажился, поля опустели,

Только не сжата полоска одна…

Грустную думу наводит она.

Косцік выпісваў іх у свой сшытак і завучваў напамяць. Шкада толькі, што гэтыя вершы ў граматыцы надрукаваны не поўнасцю і абрываліся на самым цікавым месцы.


***

Усе ўжо спяць, а Кастусь сядзіць над кнігай…

Заглядае ў акно месяц, кідае на падлогу зеленаваты водбліск. Час ад часу разлягаецца на двары гучны трэск. Гэта страляе мароз.. Косцік узіраецца ў замерзлую шыбу. Пад ззяннем месяца хлеў і гумно, што схаваліся ў гурбах, нават сосны, зацярушаныя снегам, здаюцца нейкімі іншымі — маленькімі, прысадзістымі. Дрыжаць зоркі, пабліскваюць, пераліваюцца рознымі колерамі сняжынкі…

У роздуме Косцік доўга любуецца хараством зімняй ночы, і самі сабою нараджаюцца, плывуць радкі… А назаўтра перачытае ён свой верш. Не, не тое! I лісток трапляе ў печ. Так здараецца амаль кожны дзень…

А прыязджалі на зімовыя канікулы семінарысты — Косцік на два-тры дні ішоў у вёску. Цікава паслухаць навіны, можна ўзяць у хлопцаў пачытаць кнігу.

Бяда з кнігамі. Часам кажа ён бацьку:

— Папрасі, татачка, кніжак у пані Аксені… Бяры з вершамі.

Міхал то забудзецца на сынаву просьбу, то няма настрою ісці ў хату да пана ляснічага, лішні раз пападацца яму на вочы. Аднойчы пані Аксеня сама запытала, як маецца яе хрэснік.

— У семінарыю рыхтуецца. Прасіў ён у вас, дарагая панечка, кніг з вершамі… А я не адважыўся вас турбаваць…

— 3 вершамі? — здзівілася жонка ляснічага.

— Ведаеце, блазнота… Сам нешта такое сачыняе, — тлумачыў ляснік.

— Няхай, няхай піша… Можа яшчэ адзін Міцкевіч паэтам стане… Быў такі польскі паэт Адам Міцкевіч. Родам з-пад Навагрўдка, хораша апісваў нашыя мясціны, асабліва возера Свіцязь…

Прынёс у той дзень бацька Кастусю два томікі вершаў Лермантава, а таксама балады Міцкевіча на польскай мове і расказаў сыну пра размову з жонкай ляснічага.

Аднак карыстацца бібліятэкай ляснічага Кастусю доўга не давялося.

Неяк сярод лета яшчэ зусім на досвітку конна прымчаўся аб’ездчык Ксавэры і сказаў:

— Ну, Міхале, пан ляснічы наказаў нам доўга жыць…

— Няўжо?.. А божачкі! — пляснула рукамі маці.


ПАН РАКОЎСКІ


Хутка пасля смерці мужа пані Аксеня з дзецьмі выехала да нейкай радні ў Малева пад Нясвіж, а ў доме з ласіным рогам пасяліўся новы ляснічы — пан Ракоўскі.

Новы ляснічы пачаў заводзіць новыя парадкі. Цэлы дзень ён гойсаў па лесе, лаяў і бэсціў кожнага, хто пападзе пад руку. Усё было не пад яго густ і нораў: то пні высокія, то дровы не так складзены, то малады лес не так пасаджаны. Зорыў вокам усюды: заглядаў у гумны, мераў поле і сенажаць, лічыў кароў і авечак.

— Цягнеце княжацкае ў сваю кішэню, бога не нашага вы чэрці! — злосна крычаў ён.

У Альбуць пан Ракоўскі заехаў першы раз у самую касьбу. Бацька быў у лесе, а дзядзька Антось з Уладзікам і Косцікам касілі лужок каля крынічкі.

— Хадзіце ўсе, новы ляснічы кліча, — прыбегла Юзя.

За шула быў прывязаны чорны жарабок, запрэжаны ў размаляваны возік з мяккім высокім сядзеннем. Сам Ракоўскі сядзеў на ўслончыку ў цяньку і выціраў хустачкай твар.

— Што загадаеце, паночку? — пакорна схіліўся дзядзька Антось.

— Налавіце рыбы! Прэндзэй! На ёднэй нодзэ! Бо я не мам часу!..

Хлопцы здалёку разглядалі пана ў белым касцюме. У яго вялікі, як начоўкі, жывот, круглая лысая галава з адвіслым валляком і маленькім гузічкам-носам, пад якім тырчэлі доўгія, але рэдкія (можа пяць валасоў) вусы.

Дзядзька Антось дастаў рыбацкую снасць, і праз некалькі хвілін нашы рыбакі боўталіся ў Нёмане. А тут, як на тое, рыба не лавілася! Прайшла добрая гадзіна, а ў торбе мо з фунт акунькоў і маленькі шчупачок. На шчасце, трапіўся свержанскі рыбак Янчур. Ён з самага ранку быў на рацэ і нёс ладных язёў і плотак.

— Браток, выручы! — папрасіў яго Антось. — Прадай рыбу, прывязу воз сухога беразняку… Гэта ж ляснічы загадаў налавіць яму рыбы. Трэба ж дагадзіць ліхой скуле…

— О, добра, о, бардзо слаўна рыба! — павесялеў пан Ракоўскі, калі дзядзька Антось падаў яму торбачку. — Пшыносьце мі кожды чвартэк такон рыбэ!..

Калі ляснічы адвязаў жарабка і яго возік затарахцеў па мосціку, дзядзька плюнуў і пачаў клясці пана:

— А каб ты бокам ездзіў, Рачок! Кажды чвартэк захацеў рыбы?! А смалы з дзёгцем! А ражна табе!

Цяпер толькі ўсе леснікі зразумелі, які добры і памяркоўны чалавек быў нябожчык Канстанты Сянкевіч. Праўда, калі ўдадуць аб’ездчыкі Арцюшэўскі ці Абрыцкі, то не без таго — ён пакрычыць, але без дай прычыны леснікоў не крыўдзіў ніколі.

Новы ляснічы зрабіў Фабіяна Арцюшэўскага обер-аб’ездчыкам, той са скуры вылазіў, падкусваў кожнага, абы толькі дагадзіць Ракоўскаму.

— Вось настала жытка, каб на іх немач! — цяжка ўздыхаў Міхал. — Трэба шукаць нейкай рады… Кінуў бы, рынуў бы ўсё!..

— А дзе ты дзенешся? — пытаў Антось.

— Вось уся бяда, што свет шырокі, а дзецца няма куды… Неяк трэба думаць, каб прыдбаць кавалак зямлі, паставіць сваю хату. Інакш век будзеш гібець…

Аднойчы першымі замаразкамі па дарозе ў Мікалаеўшчыну заглянулі ў Альбуць леснікі Ясь Пальчык і Амброжык Дземідовіч. Міхал якраз быў дома.

Слова за слова, мужчыны разгаварыліся пра тое, што ім набалела, і пра таго, хто насаліў.

Косцік уважліва слухаў размову леснікоў. Ён добра ведаў сумную гісторыю, якая здарылася з лесніком Станкевічам. Пра гэта ўжо не раз расказваў бацька.

У абходзе Станкевіча нехта ссек дубок. Убачыў ляснік пень, вакол якога ляжалі верхавіна і голле, паківаў галавою… Прыйшлося самому замятаць сляды. Зрабіў ён усё чын чынам і пайшоў сцежачкай дамоў. Прайшоў з паўвярсты, аж тут насустрач обер-аб’ездчык на кані. «Ха-дзем, я табе нешта пакажу!» — злосна крыкнуў ён Юзіку, на якога даўно тачыў зуб. Ляснік адразу здагадаўся, што Арцюшок бачыў ду-бовы пень. На тым месцы, дзе калісьці стаяў малады дубок, аб’ездчык забегаў, як ганчак. Нідзе ніякага следу, пень як скрозь зямлю права-ліўся… Каді ж ён знайшоў нарэшце пень пад зялёным мохам, дык накінуўся з кулакамі на лесніка. А той не змоўчаў і так даў здачы, што Арцюшэўскі тры дні не паказваўся на людзі…

— Што Арцюшку папала па самую завязку — добра, не шкодзіць, — сказаў Амброжык. — Але Юзіку бяды не абярэшся… Дзё ты цяпер, на зіму гледзячы, якую працу знойдзеш? Ляснічы загадаў, каб праз тры дні і духу яго не было ў Давідовічах… Вось дык задача! А дзе дзецца? Паскачаш дроздзіка…

— Трэба сваю зямлю купляць, — выказаў Міхал думку, якая даўно ўжо не давала яму спакою. — Тады ніякі лысы чорт з-пад цёмнай гвязды не будзе страшны.

— Так то яно так, але дзе, браце, таго купіла ўзяць? — спытаў, памаўчаўшы, Амброжык.


ПАДРЫХТОЎЧЫ КЛАС


За дзень перад пачаткам заняткаў бацька прывёз Косціка ў семінарыю.

Каля вялікай двухпавярховай камяніцы з высокімі вокнамі ўжо стаяла некалькі фурманак. Вясковыя хлапчукі, такія ж навічкі, як і Кастусь, тупалі каля вазоў і баязліва паглядалі на будынак, дзе ім прыйдзецца вучыцца чатыры гады. На падворку важна расхаджвалі семінарысты старэйшых класаў, праз расчыненыя вокны чуваць было, як нехта іграў на раялі.

Бацька пайшоў у канцылярыю, а Кастусь застаўся на возе і ад хвалявання грыз саломінку. На сэрцы ў яго былі радасць і неспакой. Мара яго збылася: ён — семінарыст! Яму скора дадуць чырвоную кашулю, шырокую чорную шапку, кнігі, скрыпку… Пакажацца ён летам у Мікалаеўшчыне — ніхто не пазнае! Будзе ісці вуліцаю, а якая-небудзь кабета запытае ў суседкі: «Чый гэта такі спраўны хлопец?»

«Вунь той семінарыст?» — перапытае Еўка ці Ульяна ды скажа: «Сын Міхала Міцкевіча…» Ад такіх думак станавілася весела.

Але радасць змянялася страхам. А што, калі ён не справіцца з вучобаю? Ці па дыктоўцы схопіць «кол»? Тады яго выганяць з семінарыі, ён вернецца дамоў, а бацька скажа: «Ну што ж, бяры прыс і пагоніш плыты ў Коўну — будзе больш карысці…»

Каб прагнаць такія думкі, Кастусь стаў углядацца, ці не ідзё бацька. Не, нешта доўга няма!

Побач, каля свайго воза, стаяў даўганосенькі шчуплы хлапчук, відаць, Кастусёў аднагодак. Семінарысты разгаварыліся.

Пакуль вярнуўся бацька, Кастусь ужо ведаў, што шчупленькага дзецюка завуць Канстанцін Болтуць, родам ён з Крывошына — вёскі дзесьці за Ляхавічамі.

— Усё ў парадку! Пайшлі ў бурсу.

Бацька ўзяў куфэрак, Кастусь астатнія клункі. Мінуўшы чысценькі падворак, яны завярнулі за рог семінарыі, дзе пад клёнамі і ліпамі стаяла старая цагляная будыніна, падобная на манастыр. На ганку іх сустрэў вартаўнік — сівенькі стары на кавяле. Міхал на хаду ў цемнаватым калідоры шапнуў вартаўніку на вуха пару слоў і сунуў у руку саракоўку.

— Калі ласка, вось сюды! — стары адчыніў дзверы.

У вялікім пакоі стаяў доўгі пафарбаваны стол, а па абодва бакі яго выстраіліся жалезныя ложкі розных колераў і фасонаў. Справа і злева ля стала красаваліся дзве круглыя грубкі, абабітыя чорнай бляхай, а ў кутку пад пустой вешалкай узвышалася гара табурэтак. У пакоі было ўбога і няўтульна, але досыць чыста.

— Ідзі, хлопча, сюды… — загрукаў па падлозе драўлянаю нагою вартаўнік. — Каля акна бывае холадна, а вось тут самы раз. Печка блізка і сяннік добры…

Не паспеў хлопец добра агледзецца, як у пакой увайшлі яшчэ два семінарысты: той цёзка, з якім Кастусь пазнаёміўся ля воза, і нейкі здаравенны хлапчына.

— Здарова, браты! — весела прывітаўся здаравяка і пачаў скідаць з плячэй торбу. — Пакуль пешкі прыджгаў з-за Слуцка, трохі змарыўся. Піліп Аляшкевіч! — падаў ён руку Міхалу і маладым семінарыстам.

Абодва Кастусі з цікавасцю і здзіўленнем пазіралі на Аляшкевіча. Перад імі стаяў сапраўдны асілак: высокі рост, шырачэзныя плечы, каркавіна, як у вала, доўгія рукі. 3 твару падобны на цыганчука: загарэлы, чорная капа валасоў на галаве, толькі вочы блакітныя…

Кастусь правёў бацьку і толькі сабраўся ісці назад, як пад’ехалі землякі Сямён Самахвал і Алесь Сянкевіч, з якімі ён два гады назад вучыўся ў школе. Адразу стала весялей: са сваімі хлопцамі не прападзеш!

Землякі размясціліся ў адным пакоі з Кастусём. Нагаварыўшыся, яны развязалі свае торбачкі і прыселі ля стала. Кастусь запрасіў палуднаваць Аляшкевіча і Болтуця.

— Не, дзякую, хлопцы! Я перад самым Нясвіжам рабіў папаску,— адказаў Піліп, а Болтуць дастаў слоік мёду і сеў разам з новымі знаёмымі.

Але раптам у пакой уваліліся тры старэйшыя семінарысты. Убачыўшы на стале мёд, адзін з іх, нейкі рыжы дзяцюк, грозна крыкнуў:

— Эй, вельзевулавы дзеці, вытрасай торбачкі! Усё салодкае і смачнае давай сюды!..

Хлопцы спалохана пераглянуліся і не ведалі, што рабіць: аддаваць шкада, і пярэчыць старшакласнікам боязна… Рыжы ўжо працягнуў руку да слоіка, і тут здарылася неспадзяванае: спакойна падышоў Аляшкевіч і выставіў няпрошанаму госцю пад нос пудовы кулак.

— Толькі зачапі, дык я з цябе дух вытрасу!..

Рыжы збянтэжана пачаў адступаць, а потым борздзенька шуснуў у дзверы…


***

У клас, дзе насцярожана сядзелі навічкі, увайшлі дырэктар семінарыі — стацкі саветнік Павел Дзмітрыевіч Меліяранскі і два настаўнікі: адзін нізенькі, лысаваты, а другі — худы і высокі.

Кастусь упершыню так блізка бачыў дырэктара. Гэта даволі прыгожы мужчына гадоў пад сорак пяць, у меру таўставаты, высокі і стройны. Апрануты ён у чорны касцюм з матыльком, на грудзях зіхацелі ордэны Уладзіміра, Станіслава і Ганны. Меліяранскі ўважлівым позіркам акінуў вучняў і сказаў:

— Панове семінарысты! Вы ўступілі ў храм навукі… Храм гэты з’яўляецца верным аплотам праваслаўнай веры на шматпакутных спрадвечна рускіх землях, дзе падымае галаву гідра лацінянства, непаслушэнства і смуты…

Дырэктар гаварыў доўга, узнёсла, прыгожа, але незразумела. У яго прамове былі словы аб патрэбе адукацыі, аб грамадскім прызванні і абавязку настаўніка, аб польскіх інтрыгах сярод народа Паўночна-Заходняга краю…

— Дыплом, які дасць вам наша семінарыя, адкрывае перад вамі шчаслівую магчымасць ісці сцязёю ваяўнічага, сапраўднага хрысціянства, вернага служэння бацюшку-цару і нашай дарагой айчыне…

Кастусь з вялікай увагай слухаў прамову дырэктара, але красамоўныя і гучныя словы ўляталі ў адно вуха і выляталі праз другое, а ў галаве заставаўся нейкі тлум…

На шчасце, афіцыйная частка закончылася, і Меліяранскі пачаў знаёміць вучняў з выкладчыкамі:

— Ваш класны настаўнік калежскі саветнік Леў Кляменцьевіч Лычкоўскі, ён жа выкладчык фізікі, арыфметыкі, землямерыі і лінейнага чарчэння… Прашу любіць і шанаваць…

Нізенькі, кругленькі настаўнік у форменным віц-мундзіры з шырокімі пагонамі і ордэнамі Станіслава і Ганны ў пятліцы неяк смешна падняўся на пальчыкі і крутнуў лысай галавой.

— Выкладчык рускай славеснасці і царкоўнаславянскай мовы Мікалай Сямёнавіч Багаяўленскі…

Высокі па-ваеннаму стукнуў абцасамі і сагнуў у паклоне спіну.

…Пасля перапынку Багаяўленскі ізноў прыйшоў у клас. Разваліўся на крэсле і з нейкай лянотай, не спяшаючыся, пачаў выклікаць па спіску. Кожны падымаўся з-за парты, настаўнік яго разглядаў хвіліну-другую, а потым рабіў узмах рукою, што азначала: «Сядай!»

Скончыўшы гэту цырымонію, ён прайшоўся па класе з глыбакадумным выглядам, трымаючы рукі за спіною. Потым падышоў да стала, павярнуў крэсла, асядлаў яго, палажыў худыя, доўгія рукі на спінку, пагладзіў рукою твар і сярдзіта сказаў:

— Устаньце, хто з вас быў дарэктарам…

Падняўся амаль увесь клас.

— Добра! Сядайце! Вось ты скажы мне, калі ласка, колькі гадоў быў дарэктарам…

— Тры зімы, — бойка адказаў хлапчук, да якога звярнуўся Багаяўленскі.

— Раскажы, браток, як ты вучыў…

— Ну, як? — хлапчук разгублена пачухаў галаву, няроўна астрыжаную нажніцамі. — Вучыў чытаць, пісаць, складаць і адымаць. Вучыў малітвам…

— А як ты вучыў складаць?

— А так: два ды два — чатыры, чатыры ды два — шэсць, шэсць ды два — восем… — наіўна тлумачыў вучань.

— Хі-хі! — пырснуў смехам настаўнік.— Цяпер раскажы ты мне, ці ведаеш верш Лермантава «Барадзіно»? Ведаеш? Добра. Там стары салдат гаворыць:

Да, были люди в наше время,

Не то, что нынешнее племя,

Богатыри — не вы!

Настаўнік задаволена пагладзіў рукою твар і запытаў:

— А як ты разумееш слова «богатырь»?

— Ну, гэта той, што мае многа зямлі, многа кароў і добрую хату, — смела секануў вучань.

Багаяўленскі зайшоўся ад рогату, але вучні маўчалі: яны, сыны беларускай вёскі, па-свойму разумелі гэтае рускае слова. Тады настаўнік тыцнуў пальцам у бок Аляшкевіча:

— Хадзі к сталу!

Піліп нясмела выйшаў і стаў перамінацца з нагі на нагу.

— Глядзі! Вось багатыр!

— Які я багатыр! — здзівіўся здаравяка. — У майго бацькі толькі дзве дзесяціны, адна карова, а конь вясною здох…

— Што?! Сядай, дубіна! — вызверыўся настаўнік і грукнуў кулаком па стале. — Я выб’ю з вас хамскую, мужыцкую мову! Паступіў у семінарыю, хочаш стаць настаўнікам, — забудзь, як гавораць у тваёй вёсцы, як гавораць маці і бацька! Яны ў школу не хадзілі, кніг не чыталі… А вы прыйшлі сюды, каб навучыцца культурнай мове, якую панясеце пад сялянскія стрэхі…

Багаяўленскі з вялікай злосцю крычаў на семінарыстаў, здзекліва высмейваў беларускія словы і выразы. Косцік слухаў яго і думаў: «I тут ёсць свой Корзун…»

А з якой зласлівасцю настаўнік нашпіляў па першай дыктоўцы амаль палавіне вучняў калоў і двоек! Навічкі-семінарысты не былі асаблівымі грамацеямі, а тут яшчэ выкладчык падабраў цяжкі і мудрагелісты тэкст…

— Аляшкевіч! — раздаваў Багаяўленскі сшыткі. — Бяры… Чатыры!

Піліп задаволена ўсміхнуўся і адгарнуў сшытак. Двойка!

— О, пакажы, пакажы! — з зайздрасцю кінуліся хлопцы глядзець Аляшкевічаў сшытак.

— Цва-ай! — прамовіў Піліп і паказаў два пальцы.

— Філіповіч! Пяць…

— Самахвал! Два!

— Міцкевіч!..

У Кастуся замерла сэрца… Настаўнік гартаў сшытак:

— Два…

Кастусь не сваімі рукамі ўзяў разгорнуты сшытак. Чатыры!..

Неўзабаве вучні дагадаліся, як трэба разумець балы: у Багаяўленскага ўсё было навыварат.

Вучні неяк адразу не залюбілі Багаяўленскага, не паважаў яго і Кастусь. Асабліва ўзрасла непрыязнасць пасля аднаго здарэння.

У Нясвіжскай семінарыі было заведзена, што на выкладчыка рускай славеснасці ўскладаліся абавязкі бібліятэкара. Ён выкладае літаратуру, то няхай і выдае кнігі семінарыстам. Яму гэта з рукі!

Кастусь і іншыя ахвотнікі пачытаць ужо на першым тыдні вучобы не раз падыходзілі да дзвярэй, на якіх вісела таблічка з надпісам «Бібліятэка». Пацягнуць за ручку — на замку! Толькі ў кастрычніку, нарэшце, адчыніліся дзверы бібліятэкі.

Глянуў Кастусь — і вочы яго загарэліся. Гэтулькі кніг! Яська гаварыў праўду: цэлы пакой быў застаўлены паліцамі з кнігамі.

— Ну, што пазіраеш? Гэтую кнігу чытаў? — працягнуў Багаяўленскі тоненькую кніжачку Івана Даніліна «Перад святам».

— Не, не чытаў… А каб што іншае…

— Вось бяры ды ідзі! Чытака такі знайшоўся!

Малады семінарыст за вечар прачытаў кнігу, якая яму не вельмі спадабалася, і прынёс назаўтра здаваць.

— Мікалай Сямёнавіч, дайце мне вершы… Цютчава ці Майкава.

— Гм, пііт знайшоўся… — незадаволена замармытаў бібліятэкар.— А ты ўрокі вывучыў? Няма чаго глупствам займацца! На лепш гэтую чытай! — кінуў настаўнік «Гістарычныя аповесці» Чысцякова.

Аднак Кастусь настаяў на сваім і выпрасіў у прыдачу яшчэ кнігу вершаў Кальцова.

На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы. Пакуль настаўнік задаваў пытанні па фанетыцы і марфалогіі, хлапец адказваў добра: выручала кніга Говарава, якую Кастусь ведаў на зубок. Калі ж перайшоў на сінтаксіс, справа пагоршала.

— Што, Міцкевіч, не ведаеш? А кнігі розныя чытаеш… Падавай яму па-а-эзію! Вось я табе зараз вымалюю гусака…

Праўда, настаўнік не паставіў гусака-двойку, але ў Кастуся на сэрцы залягла крыўда: што ж тут кепскага, калі ён любіць чытаць кнігі! Што?!

Затое прамой працілегласцю Багаяўленскаму быў класны настаўнік Лычкоўскі — чалавек мяккага і лагоднага характару. Ён неяк асцярожна ўваходзіў у клас, ласкава ўсміхаўся і, пагладжваючы лысіну, пытаўся:

— Ёсць да мяне якія прэтэнзіі?

Справа ў тым, што класны настаўнік не толькі адказваў за паспяховасць і паводзіны семінарыстаў, але і распараджаўся іх стыпендыяй. Казна кожнаму вучню выплачвала ў год 95 рублёў, якія атрымліваў настаўнік роўнымі часткамі — у пачатку кожнай вучэбнай чвэрці. Атрымаўшы 23 рублі з капейкамі на чалавека, класны палову сумы адразу ўносіў у семінарскую арцель, якая займалася сталаваннем… За астатнюю суму трэба абмундзіраваць вучня, адзець і абуць, ды некалькі рублёў пакінуць у запас — на непрадбачаныя выдаткі. Для правільнага ўліку ў кожнага семінарыста мелася на руках асобная прыходна-расходная кніга, куды класны ўносіў свае запісы і па іх рабіў справаздачу ў канцы года перад дырэктарам. Увогуле гэта быў нялёгкі і даволі турботны абавязак…

У першы ж дзень вучобы Лычкоўскі павёў сваіх выхаванцаў на прымерку да краўца Хаўкіна і шапачніка Гольдвасара. Праз некалькі тыдняў цяжка было пазнаць навічкоў. Замест зрэб’я і шарачку на іх красаваліся чырвоныя сацінавыя касавароткі, сінія суконныя штаны, чорныя шапкі з круглым верхам, а на шырокім клямары пояса зіхацелі літары «НС» — «Нясвіжская семінарыя».

— Ну, дык няма ка мне ніякіх спраў? — дапытваўся Лычкоускі. — Добра, пачнем урок…

Семінарысты кепска вучылі арыфметыку, геаметрыю і фізіку, якія выкладаў Лычкоўскі ў падрыхтоўчым класе, і каб адцягнуць апытанне Пятрусь Жук ці Васіль Хмялеўскі падымалі руку:

— Леў Кляменцьевіч, а што гэта ў вас за медалі?

Вучні ведалі ад старшакласнікаў, што іх класны не можа нацешыцца ордэнамі Станіслава і Ганны трэцяй ступені, якія атрымаў за шматгадовую службу, і любіць пахваліцца сваім чыноўніцкім рангам. I Лычкоўскі з вялікім запалам і гонарам расказваў, за што ён удастоіўся ўзнагароды, вылічваў па пальцах, калі атрымае ордэн Уладзіміра і стацкага саветніка…

Так праходзіла хвілін пятнаццаць. Тады настаўнік спыняў размову і глядзеў у журнал:

— Аляшкевіч! Ідзі раскажы нам тэарэму.

Слуцкі здаравяка выходзіў да дошкі, неяк смешна моршчыўся, лыпаў вачыма і… маўчаў.

— Ну, што ты згорбіўся, як свіны тата? Бяры крэйду і дакажы тэарэму… Не вывучыў?

— Я-я… спужаўся,— адказваў Піліп пад гучны рогат семінарыстаў, якія добра ведалі прычыну «пярэпалаху» Аляшкевіча: яго выклікалі ўчора, і да сённяшняга ўрока ён не рыхтаваўся.


НЯСВІЖСКАЯ БУРСА


Беглі дні, ішлі месяцы, і вось — экзамены. Вучні падрыхтоўчага класа займаліся без продыху: па 6—8 урокаў, пасля абеду восенню і вясною — практычныя заняткі па садоўніцтву і агародніцтву; узімку — гімнастыка, музыка і сталярнае рамяство… Кастусь увесь год чакаў нечага незвычайнага, урачыстага, цікавага і загадкавага, што звязвалася ў яго ўяўленні з семінарыяй. А тут на кожным кроку панавала шэрая будзёншчына, моцна адчуваўся суровы дух і бурсы, і манастыра, і салдацкай казармы. Манастырскаму рэжыму малады семінарыст Міцкевіч знаходзіў апраўданне: дысцыпліна, вядома, патрэбна, інакш у семінарыі не будзе ніякага ладу і парадку… Аднак ён не мог зразумець, чаму так груба і зняважліва адносяцца педагогі да сваіх выхаванцаў — будучых настаўнікаў. Быдла, ёлапень, балбес, лапатнік, турак, фармазон — якія толькі мянушкі не сыпаліся на галовы бедных семінарыстаў!

Добранькім лічыўся той, хто быў пакорлівы і ліслівы, умеў добра трымаць рукі па швах, здалёку скідаць шапку, не толькі гаварыць за кожным словам «соизвольте», «покорнейше благодарю», «честь имею кланяться», але і шапнуць на вуха…

Аднойчы Кастусь нават чуў, як дырэктар спавядаў Лычкоўскага:

— А што гэта вы, баценька, за панібрата з мужыкамі? Трэба іх, парасят, трымаць во тут! — сціснуў Меліяранскі кулак.

Аднак Кастусь яшчэ не зусім расчараваўся ў семінарыі. Ён цешыў сябе тым, што так зневажаюць прапаранду — вучняў падрыхтоўчага класа, а далей будуць іншыя адносіны. Была яшчэ надзея, што ў старэйшых класах і вучэбныя прадметы пойдуць цікавейшыя: педагогіка, дыдактыка, псіхалогія, логіка, батаніка, заалогія, анатомія, гігіена, мінералогія. Але прыйшоў у першым класе Меліяранскі на ўрок псіхалогіі і пачаў сыпаць замежныя словы:

— Імкненне да цывілізацыі, жывы і ясны інтэлект, імпульсіўная воля, здаровы рацыяналізм, а з другога боку, іронія побач з экзальтацыяй, скептыцызм і легкавер’е, індыферэнтызм і рэвалюцыйны дух, які апошні час, як эрозія, раз’ядае маральныя ўстоі грамадства, прагрэс індустрыі і фізіялогіі — усё гэта вядзе да крызісу псіхічнага адзінства нацыі…

Семінарысты цішком сядзелі, слухалі, паразяўляўшы раты і наставіўшы вушы, але да іх свядомасці нічога не даходзіла…

Яшчэ горш з законам божым. Урокі папа Бонч-Багданоўскага былі кожны дзень. У настаўніцкай семінарыі дэталёва вывучаліся гісторыя ветхага і новага заветаў, катэхізіс, царкоўны статут, руская царкоўная гісторыя і кароткая гісторыя хрысціянскай царквы. Асноўным падручнікам па закону божаму быў «Праваслаўны катэхізіс», складзены мітрапалітам Філарэтам у пачатку XIX стагоддзя.

Кастусь і іншыя семінарысты дома і ў пачатковай школе зубрылі кнігу Філарэта «Начаткі хрысціянскага праваслаўнага вучэння». «Начаткі» не аднаму сядзелі ў вантробах: перш чым адолець іх, давялося шмат праліць слёз, не раз паспытаць бярозавай «кашы», папастаяць на каленях у куце на гароху ці грэчцы…

Аднак посныя і чэрствыя «Начаткі», біблейскай мудрасцю якіх настойліва дурманілі настаўнікі дзіцячы розум, здаваліся ў параўнанні з «Праваслаўным катэхізісам» просценькай і лёгкай кнігай. Катэхізіс жа Філарэта — гэта цёмны і дрымучы лес з карчамі-вываратнямі і глыбокімі ямінамі, кудою гналі семінарыстаў з завязанымі вачыма. Для чаго іх гналі праз гэты лес — ніхто не ведаў. Ведалі ўсе толькі адно: трэба зубрыць гэтую бессэнсавую і незразумелую пісаніну — інакш не атрымаеш стыпендыі, а ў канцы навучання — дыплома настаўніка. Прабіцца праз гушчар архаізмаў і цяжкіх незразумелых царкоўнаславянскіх выразаў, бясконцых цытат з бібліі не памагалі семінарыстам ні два таўшчэзныя тамы Салярцінскага (яго ў семінарыі называлі Сарцірскі), ні падручнік Рудакова…

Прасядзеўшы дзень на ўроках, а ўвечары начытаўшыся філарэтаўскага мудрагельства, семінарысты сланяліся па пакоі, асабліва ў часе падрыхтоўкі да экзаменаў, як тручаныя тараканы; іх галовы, нашпігаваныя папоўскай цвіллю, памалу тупелі.

Некаторыя з вучняў не вытрымлівалі такога жыцця і кідалі навуку, другія, набраўшыся цярпення, пакорна неслі цяжкі крыж, і толькі маленькая жменька найбольш здольных і моцных духам хлопцаў ішла сваёй дарогай…

Кастусю вучоба давалася лёгка, ён шмат чытаў, многія вершы рускіх паэтаў ведаў напамяць. Гэта часта памагала і выручала. Ён нават знаходзіў час забрацца дзе-небудзь у пусты клас і пісаць вершы. Праўда, з-пад пяра нараджаліся невясёлыя, як і само семінарскае жыццё-быццё, радкі:

Душно, мрачно за стенами,

Утомили они взор.

Надоело за скамьями;

Душа рвется на простор.

Не абыходзілася без юначага сваволля. Аднойчы Кастусь, яго цёзка Болтуць, Сямён Самахвал, Алесь Сянкевіч і Піліп Аляшкевіч згаварыліся зрабіць ноччу вылазку ў горад. Як толькі ў іхнім пакоі ўсе заснулі, хлопцы вылезлі праз акно (ля дзвярэй сядзеў бязногі Мінька) і ціхенька падаліся цераз сад на вуліцу.

Цёплая майская ноч п’яніла галовы духмяным пахам квецені — сама што цвілі сады. На цьмяным блакіце неба ззялі зоркі, чарпак Вялікай Мядзведзіцы вісеў над княжацкім паркам і касцельнымі вежамі.

Гарадок спаў. Семінарысты перасеклі плошчу, дзе побач з камяніцай колішняй ратушы выстраіліся ў шарэнгу яўрэйскія крамы, і рушылі да замка. На нясвіжскіх вулічках было ціха і бязлюдна, толькі дзе-нідзе чуўся шэпт закаханых.

Вясна! Вясна!

Хлопцаў ахапіў нейкі ўзбуджаны і радасны настрой, хацелася спяваць і жартаваць. Подых вясны акрыляў, клікаў кудысьці ў нязведаныя і прывабныя далі. Можа радаснае адчуванне прыйшло таму, што яны сарваліся з семінарскай прывязі на прастор і ніхто з настаўнікаў не бачыць, як разгульваюць перад самым экзаменам пяць нікчэмных «фармазонаў»? А можа проста гэта рвалася і прасілася на волю маладосць, якая знебылася ў душных сценах семінарыі…

Хлопцы, мінуўшы касцельны мур, звярнулі прысадамі направа, прайшлі крыху, а потым прыселі ля дарогі.

3-за шпіля замкавай вежы паказваўся акраец месяца, і ўсё наваколле залілося серабрыстым святлом. Асвяцілася люстраная гладзь возера, грозныя і велічныя сцены замка, векавыя дубы і клёны, што маляўніча абступілі помнік сівой мінуўшчыны.

Недзе блізка закрычала сава, потым на замкавай вежы празваніў гадзіннік.

— Бо-о-ом! Бо-о-ом! — далёка панеслася водгулле ў начной цішыні.

Семінарысты моўчкі любаваліся цудоўным краявідам. Яны без слоў разумелі адзін аднаго, разумелі тую песню, што гучала ў іх сэрцах.

— Глядзіце! Світае! — паказаў Кастусь на ўсход, дзе радзела цемра і тухлі зоркі.

Калі першыя праменні сонца пазалацілі замкавыя вежы і вяршыні дрэў, хлопцы рушылі назад у бурсу.


ПРОСЬБА КУДРЫНСКАГА


Забаўляліся часам семінарысты і ў бурсе.

— Поеліку-паколіку… Цьфу! Так можна ачмурэць! — Аляшкевіч шпурляў пад ложак ненавісны катэхізіс, садзіўся на падаконнік, падставіўшы калені пад бараду, і з нейкім асаблівым пачуццём заводзіў:

Каб то мне зранку-у

Гарэліцы шклянку-у

I тытуню люльку-у,

Дзяўчыну Ганульку…

Перадыхнуўшы, Аляшкевіч працягваў песню на ўсю моц свайго голасу:

Гарэліцу піў бы,

А люльку курыў бы,

Ганульку маладзеньку

Да сябе туліў бы…

Гэта быў сігнал кідаць урокі. Семінарысты падыходзілі да акна, дзе сядзеў Піліп, і спявалі хорам:

Ды ты цешча, ты цешча мая,

Ды не солена капуста твая,

Не солена ды не квашана,

Нічым яна не закрашана…

Потым хлопцы праспявалі бессэнсоўную, але вельмі папулярную семінарскую песню:

А ў млынара дзве дачкі…

Герцум, берцум, цудра дрэйцум,

Цумбар, бумбар, дзве дачкі…

— Ну, зацягнулі ўжо мужыцкія прыпеўкі, — закруціў носам Стась Бароўскі.

— Мы ўсе мужыкі. А ты, Стах, хто такі? — пытаўся Кастусь у цыбатага семінарыста з доўгімі вушамі і адвіслай губою.

— Я? Я — шляхціц, дваранін!

— Ты дваранін? — тыцкаў Кастусь пальцам у худыя грудзі Бароўскага. — Каб адкапаў з магілы твайго дзеда, то ў яго яшчэ і лапці не згнілі…

Хлопцы ведалі, што Стасяў бацька — бедны хутаранец з-пад Сваяціч — быў заядлы католік, а маці праваслаўная. Каб паступіць у семінарыю, іх сыну прыйшлося ацурацца касцёла і пайсці з маткай да споведзі ў царкву. Аднак у Стахавым куфэрку па-ранейшаму ляжалі кантычкі: ён стараўся дагадзіць Ісусу і пану Езусу.

— Давайце «Доміна», — прапаноўваў Самахвал, і семінарысты зацягвалі песню, якую вельмі не любіў Бароўскі:

Д-омі-на! До-омі-на! —

цягнуў басам Аляшкевіч.

Усе хорам весела падхоплівалі:

Скок баба з коміна,

А дзядок за касу:

«Дай, баба, каўбасу!»

— Ціха, блюзняры! — стукаў у дзверы вартаўнік Мінька.

Але хлопцаў было цяжка стрымаць. Яны пераходзілі да другога нумару праграмы: расказвалі анекдоты, жарты, смешныя гісторыі.

— Пачынай, Стары,— уступаў Аляшкевіч месца на падаконніку Кастусю Міцкевічу, якога ў семінарыі так празвалі за тое, што ён любіў са старэчаю развагаю гутарыць пра народнае жыццё і сялянскую долю. — Давай што-небудзь такое, каб ажно пуп развязаўся…

— Жыў у Мікалаеўшчыне Сёмка Дземідовіч… — пачынаў Кастусь.— Было з ім такое здарэнне. Зжаў ён ярыну. Ячмень звязаў у снапы, а авёс разлажыў на прост. Пайшоў дождж, змачыў увесь прост і снапы. Назаўтра выглянула сонейка, Сёмка павярнуў прост і развязаў снапы, Адкуль ні вазьміся — дождж! Зноў намачыў прост і яшчэ ў прыдачу снапы. Узяла Сёмку злосць: «Эх, каб злавіў таго бога, ды каб адшалёстаў пугаю пяты і спісягаваў яшчэ нешта, каб сесці не мог, то знаў бы, валацуга, як псаваць людзям збожжа…»

Хлопцы зарагаталі.

— Ну, Стары, яшчэ што-небудзь!

— Пытаецца поп у вучня: «Колькі ёсць багоў?» А той добра не расшалопаў, пра што ідзе гаворка, яму здалося бабоў, дык ён кажа: «Была поўна каробка, але Пракопава свіння, трасца яе галаве, з’ела!..»

— Вось Стары, дык Стары! — засмяяўся і багамольны Стах. — Гэ-та ж трэба прыдумаць… Пракопава свіння з’ела!..

— Цяпер слухайце яшчэ адну гісторыю, — увайшоў у сваю ролю Кастусь. — Чуў я яе ад цесляра Мікодыма Кухарчыка… О, браткі, ведаў чалавек розныя казкі, не раўня мне! А яшчэ старац адзін заходзіў у нашу леснічоўку… Дык у яго казках заўсёды мужык наверсе, заўсёды перахітруе пана… Чакай, чакай, не падганяй, цёзка, зараз успомню… Ага!

Хлопцы сядзелі хто на стале, хто на ложку; у дзвярах стаялі семінарысты з суседніх пакояў.

— Было гэта на Палессі. У лесе сярод балота прытулілася сабе вёска. Паставілі ў гэтай глухой вёсачцы царкву. Прыехаў поп служыць першую абедню, сабраў людзей ды кажа: «Глядзіце ж, браткі, як стану правіць службу, каб вы толькі тое рабілі, што я буду рабіць…» От поп моліцца, а дзяк раздувае кадзільніцу і неяк укінуў вугаль папу за халяву. Прыпёк вугаль, дык поп туп нагою! I ўсе тупнулі. Поп другі раз тупнуў — і людзі за ім. Потым бацюшка бурдэнц на падлогу — і ўсе мужыкі паселі… Поп задраў нагу ўгару і давай дрыгаць, і ўсе дрыгаюць… А вугаль, на яголіханька, і не думае выпадаць. Пачаў поп разувацца, а за ім і людзі. «Годзе, дурні!» — крыкнуў бацюшка. «Годзе, дурні!» — паўтарылі мужыкі. Калі сяк-так кончылася служба, дзяк шапнуў папу на вуха: «От, бацюшка, мы з вамі сёння спартачылі абедню». Прайшоў з таго часу без малога год, і сяляне дапытваюцца: «А калі гэта, айцец, будзе тое свята, што нагамі дрыгаюць — у пятніцу ці суботу?..»


***

Паступова стала звычкай, што семінарысты ў суботу пад вечар збіраліся ў пакой, дзе жыў Кастусь, і чакалі, калі ён пачне расказваць жарты і казкі з народнага жыцця.

Нехта з хлопцаў дастаў парык, Болтуць зрабіў з аўчыны вусы і бараду, Аляшкевіч прывёз з дому старасвецкую магерку. Семінарыст Міцкевіч надзяваў усе гэтыя прычандалы, накідаў на плечы Мінькаў кажух, распальваў люльку, якую недзе выпараў Самахвал, і ў пакоі паяўляўся фацэтны гаваркі дзядок. Ён станавіўся на лаве і, мяняючы голас, перадаваў размову з глухім кумам:

— Здароў, кум!

— Барана, бач, прадаў…

— А дома як маюцца?

— Тры рублі ўзяў.

— Ну, бывай здароў!

— А што зрабіць, калі больш не даюць…

Прастарэкаваў так аднойчы Кастусь і не заўважыў, як увайшоў у пакой Лычкоўскі, схаваўся ціхенька за спіны семінарыстаў, стаіць і слухае. Першы ўбачыў класнага настаўніка Алесь Сянкевіч і хацеў ужо крыкнуць Кастусю, але Леў Кляменцьевіч даў яму знак: «Маўчы!» Паслухаў Лычкоўскі казку пра мужыка, які разгадаў царскія загадкі, і сказаў:

— Хто ж гэта так вычварае? Няўжо Міцкевіч?

Збянтэжаны фацэтны дзядок хуценька саскочыў з лавы і стаў скідаць парык і бараду.

Неўзабаве ўсе настаўнікі семінарыі ведалі, што Канстанцін Міцкевіч пацяшае семінарыстаў беларускімі казкамі. Неяк у скорым часе пасля таго, як наведаўся ў бурсу Лычкоўскі, затрымаў Кастуся на калідоры выкладчык рускай літаратуры Фядот Андрэевіч Кудрынскі і павёў у бібліятэку. Новы настаўнік — малады чарнявы мужчына гадоў трыццаці з вусікамі і ў пазалочаным пенснэ — толькі нядаўна, вясною 1900 года, прыехаў з Ніжняга Ноўгарада ў семінарыю: Багаяўленскаму далі павышэнне і перавялі ў Ломжу.

— Ад каго вы чулі, Міцкевіч, казкі, што расказваеце хлопцам? — дапытваўся настаўнік.

Кастусь з недавер’ем пазіраў на Кудрынскага. Невядома, з якім намерам ён гэта выпытвае. Можа яму Бароўскі нагаварыў, што Кастусь не раз высмейваў бога і папоў?

— Не бойцеся! — Фядот Андрэевіч па-сяброўску палажыў руку семінарысту на плячо. — У мяне, братка, чыста навуковы інтарэс… Я сам крыху пісаў пра народную славеснасць у «Киевской старине» і ў «Ру-ском архиве»… Хочацца бліжэй пазнаёміцца з жыццём беларусаў, іх звычаямі, мовай і вуснай творчасцю…

Кастусь глянуў на Кудрынскага. Ён упершыню бачыў чалавека, які цікавіўся жыццём і мовай блізкіх і дарагіх Кастусю людзей. Ці не збіраецца і ён высмейваць беларускую мову, як гэта рабілі Корзун і Багаяўленскі.

Фядот Андрэевіч скінуў пенснэ і шчырымі, ласкавымі вачыма пазіраў на семінарыста. «Не, такому можна верыць!» — падумаў Кастусь.

— Мой дзядзька Антось умее расказваць… Чуў яшчэ я шмат казак ад леснікоў, ад цесляра Мікодыма Кухарчыка…

— Ёсць у мяне да вас, Міцкевіч, вялікая-вялікая просьба… Запішыце вы мне, калі ласка, у час летніх канікул найбольш цікавыя казкі, прыметы, прыказкі, якія расказваюць у вашым сяле… Згода?

— Добра, Фядот Андрэевіч, зраблю, — кіўнуў Кастусь галавою. — Але як вам запісваць — па-руску ці так, як у нас гавораць?

— Вядома, толькі так, як у вас гавораць… Пастарайцеся ўсе фанетычныя асаблівасці захаваць… Гэта вельмі важна… Я яшчэ некаторым хлопцам дам такое заданне. Цікава будзе параўнаць…


«ВОСЬ ВАША САПРАЎДНАЕ ПРЫЗВАННЕ»


Перад ад’ездам з Нясвіжа на канікулы Кастусь зайшоў у краму да Тэвеля і купіў на тры капейкі добрай паперы. Дома, у Альбуці, парэзаў паперу, зрабіў тры сшыткі. На вокладцы аднаго сшытка ён старанна, як вучыў іх на ўроку чыстапісання настаўнік Костка, вывеў загаловак: «3 беларускага жыцця», а з правага боку ўнізе напісаў: «Запісы вучня II класа Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі К. Міцкевіча».

Адгарнуў Кастусь вокладку і задумаўся: «3 чаго пачаць?»

За акном ліў дождж, ціхі і цёплы грыбасей. У хаце нікога не было, толькі дзядзька Антось на парозе ў сенцах стукаў малатком — падбіваў абручы на дзежцы.

— Дзядзька, — звярнуўся пляменнік да Антося, — назавіце прыметы на дождж… Мне трэба запісаць.

— Што ты, хлопча, павучыўся два гады ў семінарыі і забыўся? Слухай!..

«Пчолы рана садзяцца — на пагоду; рана вылятаюць — на дождж. Кусаюцца — ізноў на дождж, — запісваў Кастусь. — Калі карова закіне на спіну хвост — будзе дождж. Парыць — на навальніцу. Рэха па лесе ідзе — на пагоду. Жаўна крычыць — на дождж і вецер».

— Увогуле запішы так, — перастаў стукаць Антось. — Дождж заўсёды кажа: «Не пайду туды, дзе просяць, а туды, дзе косяць; не пайду, дзе ждуць, а туды, дзе жнуць».

— А цяпер якую-небудзь казачку раскажыце, — узяў Кастусь другі сшытак,

— Казку, кажаш? Усякія бываюць казкі: адны выдумка, а другія — быль… Раскажу я табе казку-праўду… Згубіўся ў чалавека вол. Шукаў ён яго, шукаў, строс увесь лес — нідзе няма! Бяда чалавеку. Дома работы па вушы: трэба араць, сеяць, дый час праходзіць. Кепска! «Калі знойдзецца вол, то дам у цэркаў саракоўку», — кажа сам сабе чалавек. Аж тут бачыць — стаіць вол! «А каб цябе ваўкі задушылі! Гэта ж трэба! Чуць саракоўкі, як у печ, не ўкінуў!» Узяў ён паплеціну ды калі пацягне ёю вала: «А дадому, каб ты здох, каб ты!»

Малады семінарыст не толькі запісваў тое, што стварала вякамі народная мудрасць. Ён складаў і ўласныя творы. Пісаў на беларускай мове і па-руску. Аднак усё больш схіляўся да думкі, што роднае слова хутчэй дойдзе да сэрца і душы непісьменнага селяніна, да свядомасці яго дзетак.

Кастусь добра пераканаўся ў гэтым, калі чытаў які-небудзь твор з хрэстаматыі Філонава сваім сястрычкам Міхаліне, Юзі і Аленцы. Дзяўчаткі з цікавасцю слухалі апавяданні Гогаля ці вершы Някрасава, але многія-многія словы і выразы ім былі незразумелыя. Іншая справа, калі прачытаеш дзецям запісы беларускіх казак і жартаў. Якім жывым аганьком і весялосцю загараліся тады іх вачаняты!

Пераконвалі і надавалі веры ў сілу і моц роднага слова дзве маленькія кніжачкі, якія падараваў семінарысту Іван Міцкевіч — колішні дарэктар Яська, а цяпер настаўнік народнай школы дзесьці за Мінскам.

Іван наведаўся ў Альбуць, каб разам са сваім былым вучнем схадзіць у грыбы. Кастусь узяў кош і з радасцю павёў Яську на знаёмыя грыбныя баравіны. Хлопцы перайшлі лагчынкаю на Доўгі Лужок, потым праз ельнік зрэзалі на Млыновішча, заглянулі ў бярэзнік, дзе некалькі год таму назад дзядзька Антось трапіў на неруш і нарэзаў сявеньку баравікоў. Але грыбоў было мала, і Кастусь з Іванам павярнулі на Ліпава. Неўзабаве яны выйшлі на дарогу, што вяла ў Ласток.

— Давай заглянем да Амброжыка-Кубла, — прапанаваў Кастусь.

Амброжык Дземідовіч, які цяпер гаспадарыў у Ластку, з радасцю сустрэў гасцей, пачаставаў іх медавухай, павёў на ўзмежак, дзе расла лістоўніца. Дрэўца цяжка было пазнаць: яно паднялося ўгару, распусціла густое голле...

Вяртаючыся дамоў, хлопцы прыселі ў цяньку адпачыць. Разгаварыліся пра вучобу ў семінарыі, пра настаўніцкія справы.

— Помню, убачыў я цябе, Іване, у семінарскай форме, — зайздросна стала… А як выручылі вы ўдаву Сынклету, дык, браток ты мой, я тады сказаў сабе: «Пайду вучыцца на настаўніка»… А вось правучыўся два гады ў семінарыі і знаеш… пічкаюць галаву ўсялякай філарэтаўскай дрэнню, ад якой моташна робіцца…

— Так то яно так, Косця, але без навукі таксама нельга. Трэба вучыцца і не падаць духам… Праўда, Сянкевіч гаварыў мне, што ты нос не вешаеш, а весяліш хлопцаў мікалаеўшчынскімі казкамі і здарэннямі… Прыходзь ка мне, дам пачытаць беларускую кніжачку, «Тарас на Парнасе» яна называецца… Па-беларуску напісана. Так смешна — жывот падарвеш.

Кастусь у той жа дзень пайшоў з Іванам у Мікалаеўшчыну і прынёс дзве кніжачкі: паэму «Тарас на Парнасе» і зборнік вершаў нейкага Сымона Рэўкі з-пад Барысава «Смык беларускі», надрукаваны лацінкай у Пазнані.

— Павячэрай, сынку, — запрашала маці. — Няма чаго сушыць мазгі кнігаю… Вунь паблажэў нават…

— Мамачка, такая кніга, каб ты ведала... Паслухай толькі:

Узяўшы хустачку, Венера

Пайшла мяцеліцу скакаць,

Прыгожа, стройна цераз меру,

Пяром не можна апісаць.

Чырвона, тоўста, круглаліца

I вочы, як на калясе;

Як жар, гарыць яе спадніца,

І стужкі ўплецены ў касе…

Многа цікавага было і ў зборніку «Смык беларускі». Праўда, Кастусь горш разбіраў лацінку, але скора прызвычаіўся. Усю ноч прасядзеў ён над кнігай, па некалькі разоў перачытваў вершы Сымона Рэўкі. Хто ён такі, гэты Рэўка, што асмеліўся пісаць па-беларуску? Дзе ён жыве, калі друкуе вершы аж у Пазнані? Відаць, недалёка, недзе тут, на Беларусі, бо добра ведае жыццё тутэйшага селяніна…

Чаму цёмны, мужычок?

— Бо пад цёмным сяджу.

Чаму бяздомны, мужычок?

— Бо чужога гляджу.

Чаму хіцёр, мужычок?

— Бо дурны, як варона.

Чаму ўмёр, мужычок?

— Уцякаў ад «закона»!

Чытаў Кастусь гэтыя простыя і праўдзівыя радкі, і яму самому хацелася напісаць пра сялянскае жыццё, пра цяжкую леснікову службу…


***

Пасля летніх канікул на першым жа ўроку рускай літаратуры Фядот Андрэевіч Кудрынскі сабраў у вучняў другога класа сшыткі з запісамі народных песень і казак. Здаў настаўніку свае запісы і Кастусь.

Прыйшоў ён назаўтра ў бібліятэку, а Фядот Андрэевіч кажа:

— Чытаў, чытаў, Міцкевіч, я вашы сшыткі… Цудоўна! Такія жамчужыны народнай мудрасці! I запіс добры… Рука ў вас набітая. Ці не пішаце вы самі што-небудзь — вершы або апавяданні? Прызнайцеся… Я па стылю бачу, што пяром валодаеце. Пішаце трохі? Ну, я так і думаў. Давайце, Канстанцін, бярыце свае вершы і сёння ж прыходзьце да мяне на кватэру. Дамовіліся?

Кастусь не пайшоў бы да Кудрынскага: няёмка ісці на кватэру і боязна паказваць сваю пісаніну, але настаўнік прыслаў пасланца — Уладзіміра Міцкевіча, які вучыўся ў першым класе.

— Ідзі, Кастусь, цябе Фядот Андрэевіч чакае. Ён сказаў, каб ты не забыў узяць сшыткі.

Кудрынскі жыў недалёка ад семінарыі, на Клецкай вуліцы. Маленькі драўляны домік, які здымаў настаўнік, стаяў на водшыбе ад вуліцы, у садзе, між яблынь і бэзавых кустоў.

— Вось мая келля, — адчыніў Фядот Андрэевіч дзверы ў пакой, дзе было паўнютка кніг. — Давайце пачытайце, ці не, лепш я сам…

Кастусь сеў на краёчак крэсла і з хваляваннем чакаў, што скажа Кудрынскі.

— Ну, Міцкевіч, прачытаў я вашы байкі… Някепска, ёсць у вас божая іскра, але вельмі ж моцна адчуваецца Крылоў… Ён задае вам тон, вы часам пераймаеце яго… Трэба шукаць сваю дарогу, свой голас… А ці няма ў вас беларускіх вершаў?

— Ёсць… Адзін называецца «Вясна», а другі «Бедната», — падняўся Кастусь з крэсла. — Я іх сам прачытаю…

Ідзе вясна ўжо, дзякуй богу,

Згінуў снег з сырой зямлі.

Парсавала гразь дарогу,

Перавалы загулі.

Усё расце, ўсё ажывае:

Вярба, кветкі, трава, дуб….

Адзін мужык ані не мае:

Няма нічога ані ў зуб.

У гумне ні каплі сена,

У засеку — ні снапка,

На дрывотні — ні палена,

Няма хлеба ні куска.

— Добра, добра! — ківаў галавою Фядот Андрэевіч.

У пакой зайшла паслухаць Кастусёвы вершы жонка Кудрынскага — ветлівая маладая жанчына з русымі косамі. Семінарыст трохі збянтэжыўся, але працягваў чытаць:

Дзе ты, праўда, запрапала?

Куды заляцела?

Ці ты ў воду камнем пала,

Ці ў агні згарэла?

Ў грошах праўда прападае,

Ў грошах запрапала.

I хто грошай многа мае

Ў таго праўды мала.

— Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! Тут ёсць жывасць, шчырасць і — калі хочаце ведаць — вастрыня, нават смеласць! Можа радок яшчэ не зусім гладкі, але важкі — думка ёсць… Працуйце! Я з радасцю паслухаю беларускае слова...


СЕЛЯНІН 3-ПАД ГЛУСКА


Восенню ў Нясвіжы збіраюцца вялікія кірмашы. На плошчы, непадалёк ад настаўніцкай семінарыі, выстройваюцца сялянскія падводы, купецкія фуры, рэсорныя каламажкі засцянковай шляхты. З’язджаюцца сюды людзі з усяе ваколіцы: з-пад Снова і Паланечкі, Бабоўні і Цімкавіч, Гарадзеі і Сваяціч. Калі глянуць у такі дзень з акна другога паверха семінарыі на рыначную плошчу, дык здаецца, што гэта нейкі мурашнік.

Шум, гоман. Пішчаць парасяты, крычаць гусі. Расстаўляюць свой тавар ганчары, крыху далей расхвальваюць цабэркі, дзежкі і кадушкі бондары. Тут тупаюць больш жанчыны. Мужчыны таўкуцца з таго краю, дзе навязана жывёла. Важна расходжваюць афіцэры артылерыйскай брыгады, раскватараванай у Нясвіжы. Ля коней, кароў і вазоў, дзе задаволена рохкаюць гладкія «ягамосьці», аціраюцца рухавыя нясвіжскія мешчанчукі. Яны не купляюць і не прадаюць, але памагаюць людзям збываць тавар з надзеяй, што і ім перападзе сякі-такі магарыч.

Усюды на вазах паўнютка садавіны, але гандаль ідзе слаба. Нейкі жартаўнік раз-пораз крычыць:

— Грушы, яблыкі садавыя, хто ўкусіць, той завые!

Семінарысты любяць хадзіць між вазоў. Цікава паглядзець на людзей, паслухаць размовы, пачуць навіны. А часам сустрэнеш земляка, які прывёз паклон ад бацькоў і торбачку-падмацунак да поснага семінарскага харчу.

Кастусь любіў яшчэ заглянуць на той край кірмашу, дзе збіраюцца старцы-лірнікі, жабракі, калекі. Тут рыпаў гармонік, пілікала скрыпка, хто-небудзь напяваў псалмы ці сумныя песні аб сялянскай нядолі. Убачыўшы семінарыстаў, сівенькі дзядок-лірнік пасоўваўся ўбок і, круцячы корбу, пачынаў напяваць:

Ой, я граю на леру,

Ой, я ў бога не веру…

Потым ён смешна падміргваў хлопцам і зацягваў:

У імя ойца, сына…

Ехаў дзед з Кнышына,

Ішла баба з Альшанкі,

Узяў дзед бабу на санкі…

Хлопцы рагаталі, кідалі дзеду пару капеек і ішлі далей.

Сёння іх увагу прыцягнуў малады селянін-паляшук. Ён, відаць, прыехаў здалёку. На ім запыленая світка з саматканага сукна, падпяразаная каляровым поясам, спраўныя лапці з аборамі да каленяў, на галаве — магерка.

— Вось бы табе, Кастусь, такую апранаху на сённяшні вечар… Га? Нічога сабе было б? — цмокаў Алесь Сянкевіч.

Кастусь сёлета другі раз будзе ўжо выступаць на семінарскім вечары.

Першы раз ён, апрануўшы вартаўнікоў кажух і прычапіўшы бараду, дэкламаваў урывак з паэмы «Тарас на Парнасе» і прачытаў некалькі жартоўных сцэнак. Асабліва добра перадаў Кастусь размову сялян:

— Чалавеча!

— Эге!

— У цябе люлька е?

— У каго?

— У цябе.

— У мяне?

— Але.

— Е! — выняў ён з кішэні люльку і так задыміў, што настаўнікі, якія сядзелі на пярэднім радзе, закашляліся, а дырэктар крыкнуў:

— Ты, Міцкевіч, не дымі вельмі, а то семінарыю спаліш!

Сёння ў Кастуся новая праграма, — хацелася б і вопратку іншую мець.

На шарай гадзіне, калі Мінька, стукаючы кавялой, хадзіў па пустым калідоры і запальваў лямпы, прыбег Алесь Сянкевіч.

— Хадзем хутчэй! Дастанем вопратку селяніна з-пад Глуска. Той паляшук, што мы бачылі на кірмашы, нейкі далёкі родзіч маёй цётцы Макрыдзе. Ён пазычыць на вечар табе сваю адзежу.

…У зале было паўнютка. На пярэдніх радах сядзелі гарадскія тузы, афіцэры з жонкамі, настаўнікі, а далей семінарысты, вучні прагімназіі, гарадская моладзь.

Пасля аднаактоўкі аб’явілі:

— Цяпер выступіць селянін з-пад Глуска, які прыйшоў да нас у семінарыю. Ён раскажа некалькі беларускіх жартаў і свой верш.

3-за заслоны паказаўся заклапочаны селянін-паляшук сярэдніх год. Світка расхлістана, валасы ўскудлачаны, у руках вуздзечка. Чухаючы патыліцу, прайшоўся сюды-туды, потым спыніўся і звярнуўся да гледачоў:

— Людцы добрыя, вы ведаеце, куды я іду? Не? Дык я скажу. Іду я ў панскі двор… А ведаеце, чаго? Э, адкуль вам ведаць! Гэта ж я сёння павёў пасвіць каня на ўзмежак, на той самы, дзе расце старадрэвіна-хвоя, у якую летась ляснуў пярун. Спутаў гэта я каня, а сам прылёг і, не пры вас кажучы, трохі даў храпака. Прачнуўся, а каня няма! Мяне страх апанаваў: што, як ваўкі напалі? Іду і клічу: «Кось, кось, воўчае мяса!» Аж ідзе насустрач сусед Ляксей і кажа: «Твой дэраш у панскі авёс быў убіўся. Убачыў пан і сказаў парабкам злавіць каня і ў хлеў запёрці». Што ж мне цяпер рабіць? Скажыце, родненькія!.. Не хочаце памагчы беднаму чалавеку? Тады я сам сабе памагу! Пайду ў двор!..

Тут расчынілася заслона. На сцэне высокі ганак, а на ганку ў мяккім крэсле сядзіць Алесь Сянкевіч і заўзята дыміць люлькай. Селянін ідзе і, быццам не бачачы «пана», размаўляе сам з сабою:

— Калі наш пан з вялікіх паноў, то так аддасць каня, а калі з шарачковай шляхты ці мужыкоў, то злупіць рубля… А, ясны пане! Дзень добры, паночку! — пакланіўся Кастусь пану ў ногі. — Аддайце, будзьце ласкавы, майго коніка…

— Забірай сваю падлу, — адказаў пан. — Ідзь, пся крэў, да д’ябла!..

Дружныя воплескі ўскалыхнулі залу.

— Брава! Брава! Біс! — крычаў нейкі вусаты штабс-капітан.

Праз хвіліну хлопцы зноў былі на сцэне. Алесь — заможны селянін, у юхтавых ботах, у камізэльцы, на грудзях ланцужок ад гадзінніка. Кастусь — падарожны хлопец-паляшук, на галаве ссунутая набакір магерка, за плячыма торбачка на кійку.

— Адкуль ты, хлопча? — пытаецца селянін.

— 3-за Гомля.

— I там людзі е?

— Е, але дробненькія, як цвічкі…

— А куды ты ідзеш?

— У Сякерычы.

— Што ты там робіш?

— У папа служу.

— А ці перакусіў бы ты?

— Дай адно.

— А ці еў бы ты капусту?

— Аёй! Абы тлусту! — затупаў папоў слуга.

— А гарох?

— Ох, ох! — падскочыў парабак і хапіўся за жывот.

— А ці піў бы піва?

— Ото дзіва!

— А ці знаеш пацеры?

— Не лезь, смала, у вочы, — пачаў адступаць падарожны.

Калі хлопцы закончылі жартоўную сцэнку, нехта з семінарыстаў крыкнуў:

— Стары, прачытай вершык!

Задумаўся «папоў парабак», паправіў торбачку за плячыма, узмахнуў рукою:

Годзе плакаць, надаела,

Слёз не набяруся.

Каб жа, доля, ты згарэла —

Ось жа засмяюся.

У зале запанавала цішыня. Толькі на першых радах нехта нездаволена закашляў у кулак.

— Хвацка, хвацка гаварылі вы пра нашага брата, мужыка, — моцна паціскаў Кастусёву руку селянін з-пад Глуска, які таксама трапіў на семінарскі вечар. — Вось каб нам кніжачку з такімі вершамі.

— Будуць і кнігі, — упэўнена адказаў Кастусь.


РУДЫ ПАНЬКО I КАРУСЬ ЛАПАЦЬ


Перад зімовымі канікуламі ў другім класе семінарысту Міцкевічу не пашанцавала. Захварэў як на тое Іцка Хаўкін і не кончыў шыць Кастусёва паліто. Але гэта, думалася, паўбяды: можна надзець старое. Горш з абуткам: боты разваліліся ўшчэнт, а шавец Каплан пацяшаў-пацяшаў, што к ад’езду пашые новыя, але не паспеў.

А тут — заўсёды так бывае, — дзе коратка — там і рвецца! Перад самымі калядамі раптам стукнуў такі мароз, што ў старым, кароценькім паліто і падраных ботах боязна было высоўвацца на двор, не то што выбірацца ў дарогу. Каб ведаў, што так атрымаецца, то можна было б наказаць дамоў, каб прыслалі кажух і валёнкі, але цяпер позна. Хочаш не хочаш — прыйшлося Косціку застацца ў бурсе. Добра, што дамоў на канікулы не ехалі Болтуць, Аляшкевіч і Самахвал.

— Затое кніг папачытаю! — пацяшаў сябе Кастусь.

Ён прымасціўся ля цёплай грубкі і ўзяў у рукі «Вечары на хутары паблізу Дзіканькі» Гогаля. Чытаў Кастусь кнігу і ніяк не мог адарвацца: усміхаўся, рагатаў, перачытваў смешныя мясціны і ў захапленні гаварыў:

— Эх, і добра пісаў Гогаль! От хіба была галава! Як скажа што, усё роўна, як наш муляр Мацюта глінаю ў сцяну ўлепіць! Паслухайце толькі!

I Кастусь чытаў хлопцам урыўкі, поўныя іскрыстага гумару і весялосці, напісаныя яркай мовай. Перад вачыма, як жывыя, стаялі прыгажуня Параска, лагодны Салопі Чаравік, крыклівая і злосная Хіўра.

У той вечар Кастусь позна лёг спаць: не мог расстацца з кнігаю. Назаўтра ўзяўся чытаць спачатку; чытаў, не спяшаючыся, нібы ўзважваючы кожнае слова, прыслухоўваючыся да яго звону.

За што б ні браўся Кастусь, пасля кнігі Гогаля ўсё здавалася яму шэрым, нуднім і нецікавым…

«А калі і мне паспрабаваць напісаць што-небудзь такое смешнае і вясёлае пра людзей і падзеі, якія я ведаю? — думаў ён. — Але ці будзе гэта цікава?.. Можна яшчэ выкарыстаць казкі, якія апавядалі дзядзька Антось, старац, Мікодым Кухарчык. розныя смешныя мікалаеўшчынскія здарэнні… А чаму толькі смешныя? Чаму не апісаць сялянскае жыццё, скажам, Мікалаеўшчыны? Праўдзіва, так, як яно на самай справе ёсць… Ну, прозвішчы сялян можна памяняць…»

Думкі не давалі Кастусю спакою. Сон не браў яго… 3 галавы ніяк не выходзіла думка паспрабаваць напісаць пра сялянскую нядолю, пра жыццё-быццё беларуса.,

Як жа назваць кнігу? «Наша сяло»? Не, лепш няхай будзе так: «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». Хоць доўгая назва, але адразу відаць, пра што і пра каго ідзе гаворка… Гогаль пісаў ад імя пчаляра Рудога Панька, а ад чыйго імя мне пісаць? Таксама трэба прыдумаць нейкае смешнае імя і прозвішча. Напрыклад, Карусь. А прозвішча? Гарох? Чапяла? Дзяркач? Не, не тое! Абора? Лапаць? Во, во! Карусь Лапаць! Добра! Дальбог, добра гучыць!

Кастусь усхапіўся з пасцелі, апрануўся, падсунуў бліжэй лямпу.

3 чаго ж пачаць, каб было праўдзіва, смешна і цікава? Задумаўся і глянуў у акно, распісанае мастаком-марозам. Што ж, было ні было, пачнем у добры час!

«Можа хто прачытае, што я напісаў, і няхай паглядзіць, што быў за пісака Карусь Лапаць. А ўрэшце, што тут дзівіцца? Ёсць жа гэтакія людзі і з нашага брата, што пішуць кнігі, і ў мяне на карку не капуста, а галава…»

На двары страляе мароз. У акне дрыжаць зоркі. Асцярожна пахаджвае па калідоры вартаўнік Мінька, стукаючы сваёй дзеравяшкай. Спяць хлопцы, толькі Аляшкевіч размаўляе з некім у сне…

«Наша зямля ўся пустая, толькі дзе-нідзе пападаецца кусок добрага поля, а то ўсё горы, каменні ды пясок… А хлеба рэдка ў каго хватае на год. Можа знойдзецца ў сяле не болей як пяць гаспадароў, што не купляюць хлеба. Ох, бедна наша Мікалаеўшчына, і бедныя нашы людзі, і кепска ім жывецца!»

Далей Кастусь напісаў пра жыццё братоў Андроцкіх, іх бесперапынныя бойкі, успомніў, як адсудзіў багаты Яўхім зямлю ў беднага Мацея. «Здзекуюцца багатыя з бедных. Нявесела робіцца на душы, слухаючы гора і няшчасце», — закончыў Кастусь.

Назаўтра ён перачытаў свае запісы. Нішто, здаецца, але вельмі ж сумна! Трэба ўставіць нешта вясёлае. Што? Расказаць пра якое смешнае здарэнне ці казку… Ну, хаця б тую, што расказваў Пятрусь Грыхінін.

«Вот хіба мы з дзедам сваім добра жылі. Мне было дзесяць гадоў, як дзед мой нарадзіўся, а бацькі майго на свеце шчэ не было. Пасеялі мы з дзедам гарох. Як зарадзіў той гарох, божа ты мой мілы! Пайшлі мы касіць. Скасілі, высушылі, злажылі ў стог. Адкуль ні ўзялася мыш. Як дасць яна па стагу хвастом, абярнула наш стог. А каб цябе воўк з’еў! Ну, мы злажылі ізноў, хоць складвалі тры дні. Увосень прывезлі ў гумно. За шэсць нядзель мы змалацілі. Ого! дай божа ўсякаму гэтак — ажно тры гарцы!»

Цягнуліся сумныя семінарскія будні… Кастусь кожны дзень сядзеў над сваім першым празаічным творам… Пісаў начамі, пісаў у нядзелю,— калі толькі выпадзе вольная часіна… Часам чытаў хлопцам некаторыя мясціны…

Вясною, як на дрэвах паказаліся жаўтлявыя кволыя лісточкі, а ў паветры запахла цяплом і квеценню, Кастуся пацягнула дамоў. Вучоба ў галаву не лезла, пісаць таксама не хацелася, ён сноўдаўся з кута ў кут, не знаходзячы супакою…

— Нешта наш Карусь Лапаць зажурыўся, — гаварылі сябры.

У суботу Кастусь Міцкевіч узяў пад паху скрыпку і пешкі пайшоў у Альбуць. Хоць да Гавезны ўдалося пад’ехаць, але прыйшоў ён у Новы Свержань позна ўвечары. Мінуўшы Свержанскую Граду, ён прысеў на пенчуку ў знаёмым лесе…

Ноч была цёмная, толькі дзесьці над Мірам раз-пораз бліскала маланка. Глуха шумеў лес. Ля Нёмана, на Русакоўскіх сенажацях, крычалі дзікія гусі, бухаў бугай, а недзе зусім блізка падаваў голас кулічок… Кастусь услухоўваўся ў начныя гукі, адчуваў знаёмы духмяны водар лесу, зямлі, першых вясновых красак… Сядзеў ён, зачараваны блізкімі і знаёмымі з маленства гукамі. Усё тут такое роднае і дарагое: кожная сцяжынка, кожнае дрэва, кожны пянёк… А праз год прыйдзецца развітацца з гэтымі мясцінамі і ехаць на новае месца, дзе яго сустрэне шумлівая дзетвара…

Спачатку па грэблі, а потым па мосце гулка затарахцела фурманка… Кастусь падняўся і рушыў на дарожку, што вяла цераз пералаз у леснічоўку.

Дома спалі. За хлявом забрахала, а пасля, пазнаўшы Кастуся, кінулася лашчыцца Такса. Кастусь падышоў да акна, хацеў пастукаць, але перадумаў. Сеў на жэрдку-перакладзіну, дастаў з футляра скрыпку…

Іграў доўга, пакуль у сенцах не грукнула засаўка і не пачуўся голас дзядзькі Антося:

— Гэта ты, Кастусь, тут пілікаеш?

У адказ Кастусь рэзнуў марш.

— А то думаю, — выйшаў на ганак дзядзька, — чаму Такса забрахала і сціхла… Не іначай свой сямейнік ідзе, цюкнула мне…


***

На летніх канікулах Кастусь усё пісаў пра Мікалаеўшчыну і яе людзей, па-ранейшаму запісваў народныя казкі і песні…

Дома глядзелі на семінарыста, які праз год стане настаўнікам, як на госця і паніча. Яму нібы ўжо і не выпадае займацца гаспадарчымі справамі. Калі ён браў касу ці сякеру, маці гаварыла:

— Адпачыў бы, сынку! Мы і без цябе ўправімся…

Але Кастусь не зважаў на матчыны ўгаворы: з ахвотаю завіхаўся на дрывотні, абганяў сошкаю бульбу, ездзіў на начлег, часта падмяняў пастушак — сясцёр Юзю і Алену. Калі надыходзіла касьба, ён разам з дзядзькам Антосем і Уладзікам ішоў з касою на луг…

Кастусь з маленства любіў прыпар — час пільнай і гарачай сялянскай працы. Люба і весела было глядзець на Халаімаўскія і Русакоўскія сенажаці, на Доўгі Лужок, дзе мільгалі белыя кашулі касцоў, бліскалі на сонцы косы. Тады ажывалі ціхія наднёманскія абшары, гучэлі галасы жанок і дзяўчат, якія сушылі сена і складалі стагі. А ўвечары на беразе Нёмана ля кастроў адпачывалі пасля цяжкай працы касцы. Збіраліся гуртам, курылі, апавядалі розныя прыгоды, спявалі:

Як мы любіліся,

Зялёныя дубы схіліліся;

Як мы перасталі,

Зялёныя паўсыхалі…

Водгулле звонкіх дзявочых галасоў неслася тады далёка над лугамі, рэхам аддавалася ў лясных абшарах і Кастусёвым сэрцы. Ён садзіўся на калодзе, што ляжала ля плоту, услухоўваўся, як адыходзіў на спачынак працавіты летні дзень. Ля крынічкі аднастайнае «піць-палоць!» заводзіла перапёлка, стракаталі конікі ў траве, гулі мыцкі над вухам, у паветры стаяў духмяны пах сена і сырадою.

…Неяк у самы разгар касавіцы прыехаў на бераг Нёмана пан Ракоўскі з усім сваім вывадкам і нейкім сваяком-чыноўнікам. 3 пугаю ў руках прыйшоў у леснічоўку панскі фурман Рыгор.

— Ну, Міхале, уставай! Цябе, чалавеча, Рачок кліча…

Але бацьку нездаровілася, дзядзька Антось паехаў у млын, Уладзік быў у абходзе, і прыйшлося — хочаш не хочаш — ісці Кастусю ўслугоўваць ляснічаму.

Пад дубам, у цяньку, на каляровай коўдры ляжаў у трусіках пан Ракоўскі, побач сядзела яго жонка — таўшчэзная рыжая кабеціна з залепленым паперай носам, каб не загарэў. На мураве бегалі дзве дзяўчынкі ў матросках, за альховым кустом плюхаўся ў рацэ сваячок ляснічага. Тут жа, пад дубам, стаяў вялікі кошык і пузаты самавар.

Кастусю загадалі рабіць будан з алешніку, а Рыгор узяўся распальваць самавар. Кастусь сек кусты і зырыў вокам на паноў. А тыя даставалі з кошыка талеркі, відэльцы, чаркі, бутэлькі. Неўзабаве вылез з вады паніч, і пачалося баляванне.

У гэты час на другім беразе Нёмана з-за алешніку паказалася чалавек дзесяць касцоў. Роўным шнурам раць працавітых людзей набліжалася да таго месца, дзе баляваў пан ляснічы. Роўныя пракосы слаліся ім услед. Падышоўшы да берага ракі, касцы прыселі закурыць, некалькі чалавек пачалі купацца…

— А мужычкам і нядрэнна жывецца на свеце, — сказаў сваяк пана ляснічага, пазіраючы на сялян. — Папрацуюць уволю, паабедаюць з апетытам, заўсёды на чыстым паветры… I клопатаў ніякіх не ведаюць…

Кастусь, пачуўшы гэтыя словы, ледзь утрымаўся, каб не кінуцца ў спрэчку з панічом. У сэрцы яго бурлілі гнеў, нянавісць і крыўда… Сядзяць самі ў цяньку, п’юць віно, ды яшчэ і насміхаюцца з селяніна. Эх ты, панскае адроддзе! Няма на цябе паморку!

Многа вынес народ гора,

Многа горкіх слёз праліў,

Каб сабраць іх, было б мора,

Усіх паноў бы патапіў, —

самі нараджаліся гнеўныя радкі…

А ўвечары Кастусь ад імя Каруся Лапця зрабіў такі запіс у сшытку:

«Калі хочаш ты знаць жыцця сялян, то яшчэ мала таго, што будзеш пазіраць ты на іх работу…

Не! Калі хочаш якраз ты знаць мужыка, адзенься ў мужыцкую адзежу, еж мужыцкую яду, рабі яго работу, вазьмі ўсе яго думкі, прымі мужыцкую душу, як ёсць, зрабіся мужыком. Калі ўсё гэта ты возьмеш, як мае быць, блізка к свайму сэрцу, то пашкадуеш ты беднага мужыка… Мужык, можа, дзесяць раз лепш за якога-небудзь важнага пана. Пажыві з мужыком бліжэй, то ты будзеш знаць, чаму ён цёнгле ўсё нешта думае і болей маўчыць; будзеш знаць, чаму ў іншых старых песнях гэтак многа невясёлага, што можа заплакаць усякі, у каго ёсць чалавечае сэрца…

Ласне не пекла мужыцкае жыццё на зямлі? Усё якраз, як пекла. Агонь — сонца; смала — гарачы, змешаны з гразёю і пылам пот. А чарцей, то і ў пекле не ўгледзіць гэтулькі мужык, колькі іх ёсць на зямлі. Усякі багаты, усякі пан нашаму брату — найлепшы чорт»…


БЫВАЙ, СЕМІНАРЫЯ!


Неяк у канцы жніўня Кастусь пайшоў у Мікалаеўшчыну да Алеся Сянкевіча, каб дамовіцца пра дзень ад’езду ў Нясвіж. Алесь нічога пэўнага не мог сказаць, і сябры наведаліся ў Негертава, дзе жыў Сямён Самахвал.

Стомлены Кастусь надвячоркам, не спяшаючыся, вяртаўся дамоў.

У лесе было цёпла, звінелі птушыныя галасы, але нейкі няўлоўны подых блізкай восені ўжо адчуваўся ў прыродзе. Не па-летняму выглядала неба, па-іншаму шумелі дрэвы. На пясчаных пагорках сумна тырчэла сухая мятліца, сям-там цвіў верас…

Восень! Яшчэ адзін год вучобы ў семінарыі, а там жыццёвыя пуцявіны павядуць на новыя незнаёмыя сцежкі. Куды закіне яго доля — у блізкія ці далёкія мясціны — яшчэ невядома, але адно толькі ведае ён — усім сэрцам і душою будзе заўсёды служыць прыгнечанаму селяніну, роднай Беларусі. Гэта было глыбокае і непахіснае перакананне…

У трэцім, выпускным, класе семінарысты адчувалі сябе больш незалежна і вольна. Годы абрыдлівага зубрэння бібліі і філарэтаўскага катэхізіса, калі не было часу ні самастойна думаць, ні пачытаць цікавую кнігу, нарэшце, скончыліся. Цяпер у цэнтры ўвагі былі методыка і практычныя заняткі.

Хлопцы ўжо не проста сядзелі на ўроках у Пятра Сямёнавіча Косткі — настаўніка пачатковай школы, якая была пры семінарыі, а спрабавалі свае сілы і здольнасці.

Колькі перахваляваўся семінарыст Кастусь Міцкевіч, калі ішоў на свой першы ўрок! Як на тое, выпала яму даваць урок не па рускай мове і чытанню, а па арыфметыцы. Праўда, усё абышлося добра, нават вельмі добра.

Практыка акрыліла семінарыстаў, падбадзёрыла іх, вярнула весялосць. «Фармазоны», чалавечую годнасць якіх доўга прыніжалі настаўнікі, ізноў адчулі сябе людзьмі. Хлопцы пачалі часцей наведвацца ў Нясвіжскі гарадскі клуб, знаёміцца з дзяўчатамі…

За практычныя заняткі семінарысты браліся без прынукі, з вялікай ахвотай і жаданнем. Гэта давала свае добрыя вынікі…

Ва ўсіх трэцякласнікаў з’явілася раптам шмат часу. Адны з іх накінуліся на кнігі і чыталі Тургенева, Льва Талстога; іншыя сталі часцей галіцца і глядзелі, каб цішком шмыгануць з бурсы ў горад.

Некаторыя пачалі вытвараць розныя штукі. Піліп Аляшкевіч адгадаваў заліхвацкія закручастыя вусікі, як у майскага жука. За гэтыя вусы яго ў семінарыі празвалі «Дзед Хрушч». Адам Вайцяхоўскі адпусціў шырокую рыжую бараду-лапату, выстрыжаную пасярэдзіне…

У Кастуся былі свае турботы. Ён многа пісаў, яшчэ больш чытаў. Браў кнігі не толькі з семінарскай бібліятэкі, але і ў Фядота Андрэевіча. Семінарыст Міцкевіч даўно ўжо стаў сваім чалавекам у сям'і Кудрынскага.

Паліна Іванаўна — настаўнікава жонка — заўсёды радасна сустракала Кастуся, частавала чаем, жартам скардзілася на Фядота Андрэевіча, што ён за сваёй пісанінай свету не бачыць. Сапраўды, Кудрынскі ў апошні час змясціў шмат артыкулаў у часопісах «Жизнь», «Русская школа», «Вестник воспитания», «Русский архив», пісаў карэспандэнцыі пра гарадское жыццё ў віленскія і мінскія газеты. Семінарскае начальства коса паглядала на журналісцкую дзейнасць настаўніка, які быў повен творчай энергіі і планаў. Ён выступаў з лекцыямі ў клубе, падаў у гарадскую ўправу праект арганізацыі нядзельнай школы для рамеснікаў і наладжвання народных чытанняў у чайной…

— Міцкевіч, зайдзіце ка мне, — сказаў аднойчы Фядот Андрэевіч. — Ёсць у мяне для вас цікавая кніга…

Кастусь схадзіў да Кудрынскага і прынёс «Кабзара» Тараса Шаўчэнкі — кнігу, якую ён даўно ўжо марыў пачытаць. Некалькі дзён ён чытаў творы вялікага ўкраінскага паэта і хадзіў, як у сне, зачараваны дзіўнай музыкай кабзаровай песні.

Сонце заходить, гори чорніють.

Пташечка тихне, поле німіэ,

Радіють люди, шо одпочинуть.

А я дивлюся… і серцем лину

В темний садочек на Украіну.

Простыя, задушэўныя і шчырыя радкі, поўныя смутку і жальбы, змяняліся мужнымі і гнеўнымі словамі, у якіх бурліла нянавісць да прыгнятальнікаў, адчувалася вялікая вера ў сілы працоўнага чалавека:

Поховайте та вставайте,

Кайдани порвіте

I вражою злою кров’ю

Волю окропіте.

Усё тут было блізкае Кастусю: і любоў да простага чалавека, і скарга на яго цяжкую долю, і пачуццё замілаванасці да роднага краю…

У тыя дні, калі Канстанцін Міцкевіч знаходзіўся пад уражаннем паэзіі Тараса Шаўчэнкі, Фядот Андрэевіч даў трэцекласнікам дамашняе заданне — напісаць сачыненне «Чаму я паступіў у настаўніцкую семінарыю і што яна мне дала».

Некалькі вечароў у пакоі, дзе жыў Кастусь, бушавалі спрэчкі наконт таго, што дала вучоба ў семінарыі. Погляды рэзка разыходзіліся. Селівон Пыж — адзін з самых старанных вучняў трэцяга класа — з запалам даводзіў:

— Семінарыя зрабіла нас людзьмі… Праз год кожны з нас, пане мой, атрымае пасаду…

— I сурдут з бліскучымі гузікамі, а захочаш, можаш надзець і шапку з какардай, — перабіваў Селівона семінарыст Пятрусь Жук. — А скажы ты мне, чалавеча, што яна дала для тваёй галавы?! Я тут вучыўся, вучыўся і нічому не навучыўся!

— Ну, ну, ты, Пятрок, перагінаеш палку, — умяшаўся ў спрэчку Аляшкевіч. — Давай лічыць па-парадку… Навучыўся ты тут, у семінарыі, курыць і выпіваць? Навучыўся! Раз! Навучылі цябе ленавацца? Навучылі! Значыць, два! Вучылі пакоры і ліслівасці? Вучылі! Праўда, падлізнікам ты не стаў…

— Успомні, Пятрусь, як ты прыехаў у семінарыю,— не здаваўся Селівон. — Хадзіў у шарачку, нават чытаць добра не ўмеў… А цяпер паглядзі на сябе… I не прыбядняйся, за чатыры гады крыху набраўся нечага… Як, па-твойму, Стары?

— Скажу па шчырасці, — прамовіў Кастусь, — я ішоў у семінарыю з вялікімі надзеямі, а канчаю з расчараваннем… Праўда, чатыры гады вучобы для мяне не прайшлі без следу… Яны, вядома, садзейнічалі майму развіццю… Сёе-тое дала і семінарыя, навучыла дысцыпліне, прывяла ў сістэму веды, але яшчэ больш далі сябры, семінарская бібліятэка і сам час… Прыйшоў сюды кожны з нас хлапчуком, а пакідае дарослым чалавекам, — гэта многае значыць! Сядзеў бы я нават у сваёй леснічоўцы, дык і то бясследна чатыры гады не прайшлі б, а тут тым больш… А ўвогуле семінарыя дала такія-сякія веды, а жыць не навучыла…

— Стары праўду кажа, — падтрымаў Кастуся Алесь Сянкевіч. — Хутка закончым семінарыю, атрымаем прызначэнне, нібыта сталымі людзьмі робімся, а неяк часам страшна становіцца… А як жа жыць, што рабіць, якой дарогаю ісці? Як хто, а я цяпер ужо магу сказаць, што не ўседжу ў сваёй школе, не здолею толькі заляцацца да пападзянак, гуляць у карты, пакланяцца зялёнаму змію… Мая душа рвецца да нечага больш высокага і патрэбнага… А чаго — я і сам добра не ведаю…

Семінарысты доўга, відаць, яшчэ спрачаліся б, але разважлівы Сямён Самахвал сказаў:

— Даволі, віціі, пераліваць з пустога ў парожняе. Пара брацца за сачыненне!.. Паслязаўтра здаваць Фядоту Андрэевічу, а ў нас нічога яшчэ не напісана.

Праз гадзіну ў пакоі стала ціха — хлопцы селі за сачыненне. Пад столлю толькі гулі мухі, ды скрыпелі пёры…

«…Бацька прапанаваў мне паступіць на службу на чыгунку, — пісаў Кастусь.—Аднак запаветнай маёй мараю было імкненне трапіць у семінарыю… Я бачыў ветлівыя адносіны семінарыстаў да свайго брата, селяніна, зайздросціў ім, як людзям адукаваным: што ні запытай, яны скажуць, растлумачаць. Мноства кніг, скрыпка, канькі, камертон, — усё гэта спакушала мяне. Я стаў ахвотна рыхтавацца, і справа закончылася ў карысць майго жадання… і к абману маіх надзей».

Кастусь задумаўся. Напісаць ці не, што яшчэ вабіла стаць настаўнікам? Што будзе, то будзе, а выкажу ўсю праўду! I ён працягваў:

«Мяне крыўдзілі да глыбіні душы пагарда, з якой адносіліся да сялянскага саслоўя вышэйшыя слаі грамадства, адносіны да сялян іх непасрэдных начальнікаў: станавых, пісараў, ураднікаў, а таксама сельскай інтэлігенцыі і г. д. Думка, што сяляне ніколькі не горшыя, а яшчэ ў многіх адносінах і лепшыя за іншых, і што яны знаходзяцца ў такім стане па прычыне сваёй неадукаванасці і няведанню свайго «я», заўсёды прыгнятала мяне. Жаданне праліць, так сказаць, святло на іх становішча, даць адчуць ім сваё значэнне — было прычынаю майго паступлення».


***

I вось надышоў той дзень. 13 чэрвеня 1902 года. У актавай зале адбылося ўрачыстае ўручэнне настаўніцкіх дыпломаў выпускнікам Нясвіжскай семінарыі.

Меліяранскі на гэты раз раскашэліўся і наняў вайсковы духавы аркестр. Хлопцы яшчэ сабралі па саракоўцы, і капельмайстар паабяцаў іграць усю ноч.

Выпускнікі прыадзеліся і з нейкім асабліва радасным пачуццём на сэрцы сядзелі на пярэднім радзе. У зале было людна: прыйшлі бацькі некаторых выпускнікоў, семінарысты малодшых класаў, вучаніцы прагімназіі.

На сцэне за сталом, устаўленым букетамі кветак, чынна размясціліся выкладчыкі ў бліскучых віц-мундзірах і ганаровыя госці: камандзір артбрыгады генерал-маёр Слёзкін, гарадскі галава Сідаровіч, чыноўнік асобых даручэнняў Віленскай вучэбнай акругі Кулагін.

Пасля ўступнага слова дырэктар семінарыі ўзяў у рукі кнігу загадаў — вялікі журнал у чорным пераплёце і пачаў чытаць:

— На аснове артыкула № 2406 зводу законаў Расійскай імперыі, том XI, частка другая, выдання 1893 года прысвоіць званне настаўніка пачатковага вучылішча наступным семінарыстам:

— Міхалоўскаму Паўлу…

Аркестр грымнуў туш.

— Пыжу Селівону…

— Міцкевічу Канстанціну…

Кастусь ад хвалявання не чуў, як іграў аркестр. Ён толькі бачыў, што надзімаюцца шчокі ў вусатага салдата-трубача. Бачыў яшчэ, як, усміхаючыся, апладзіраваў Фядот Андрэевіч.

— Сянкевічу Аляксандру…

— Філіповічу Вікенцію…

— Самахвалу Сямёну…

— Болтуцю Канстанціну… — чытаў Меліяранскі. — Параграф другі. За выдатныя поспехі ўзнагародзіць Міхалоўскага і Пыжа кнігамі Гогаля і Тургенева… Міцкевіча Канстанціна — поўным зборам твораў Мікалая Васільевіча Гогаля…

Ізноў грымнуў аркестр.

— Ідзі, цябе клічуць!.. — штурхнуў Кастуся локцем Філіповіч, які сядзеў побач…

— Шаноўныя панове госці і выпускнікі! — распараджаўся дырэктар. — Прашу на ўрачыстую вячэру!..

У суседнім пакоі былі па-святочнаму прыбраныя сталы, ярка гарэлі лямпы…

Далёка за поўнач звінелі бакалы, гучалі прамовы і тосты, іграла музыка. Захмялеўшы, Лычкоўскі цалаваўся на развітанне са сваімі выхаванцамі…

Кастусь некалькі разоў піў за паспяховае заканчэнне вучобы, за поспехі на літаратурнай ніве. Аднак на сэрцы было нявесела. Яго бянтэжылі крык і шум, нястройныя галасы песень, музыка. Неяк цяжка было даць веры, што вучоба ў семінарыі скончана і наперадзе яго чакаюць невядомыя сцежкі, якія павядуць у жыццё… Хацелася хутчэй у Альбуць, каб там у адзіноце, пад аднастайны гоман елак і хвой сабрацца з думкамі.

— Што, Стары, павесіў нос? — падышлі да Кастуся Алесь Сянкевіч і Сямён Самахвал.

— Хадзем, хлопцы, паходзім! — прапанаваў Кастусь.

Землякі спыніліся ў канцы калідора ля расчыненага акна.

Павяваў свежы ветрык. На небе ярка гарэлі зоры. Недзе ў цемры глуха шумелі дрэвы.

— Косцік і Сямён! Паклянёмся заўсёды быць сябрамі! — парушыў маўчанне Алесь, які быў крыху пад хмяльком і ў радасным настроі. — Паклянёмся, што будзем даражыць дружбай, дзяліцца сваім шчасцем і горам. Клянёмся яшчэ служыць народу, змагацца за яго лепшую долю.

— Клянёмся! Клянёмся! — паўтаралі семінарысты.

На ўсходзе, за Слуцкай брамай, палавела неба, недзе ў бок Клецка бліскалі далёкія зарніцы…

Нараджаўся новы дзень…