КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Мантажнікі [Уладзімір Шыцік] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]




Уладзімір ШЫЦІК


МАНТАЖНІКІ


Аповесць


Мал. Ф. Бараноўскага.


I

Здарылася так, што Косця Клубовіч раптам пачаў увесь час думаць пра Марынку. Пэўна ён сустракаў яе і раней не аднойчы, ды чамусьці не звяртаў увагі. А вось тады... Косця добра помніць, што адбылося тады. У кіно побач з ім сядзелі незнаёмыя хлопцы. Спачатку ён не прыслухоўваўся да іх размовы: мала аб чым могуць гаварыпь людзі! Але, пачуўшы слова «прыгажуня», міжволі павёў вачыма па радах. Крыху лявей сядзелі дзве дзяўчыны. Тая, у якой на мочках вушэй цямнелі вішнёвыя кліпсы, нешта сказала сяброўцы і засмяялася. На яе шчоках з’явіліся дзве ямачкі і адразу ж надалі, здавалася, раўнадушнаму твару незвычайную жывасць і мяккую прывабнасць.

Косця наважыўся быў падысці да дзяўчат пасля кіно, але яго паклікалі таварышы. Ён з жалем паглядзеў услед дзяўчатам, якія хутка зніклі з вачэй.

Міналі дні. Спачатку дзяўчына ўспаміналася проста, як нешта светлае і прыгожае, потым пры ўспамінах пачала з’яўляцца незнаёмая туга. А яшчэ праз колькі часу Косця з хваляваннем і нейкай бояззю чакаў, што, можа, выпадкова ўбачыць яе на будоўлі.

Вось і сёння з такой патаемнай надзеяй Косця выйшаў з інтэрната. Яшчэ не паспела сцямнець, але вуліцы гарадка ўжо ззялі электрычнымі агнямі. Энергапоезд нарэшце пачаў працаваць на поўную магутнасць, і ў гонар гэтай падзеі на першы раз святло запалілі раней, чым трэба. На вуліцах было шмат народу, больш за ўсё моладзі. Добрае надвор’е, што ўсталявалася ўпершыню за апошні тыдзень, электрычныя ліхтары,— усё гэта вабіла людзей. На вузенькіх тратуарах хутка не хапіла месца. Пабраўшыся за рукі, юнакі і дзяўчаты запоўнілі вуліцы на ўсю шырыню. Спявалі, жартавалі, і толькі Косця, засяроджаны і заклапочаны, паволі прабіраўся скрозь натоўп. Час ад часу лянівым рухам, узнімаючы ўверх руку, вітаўся са знаёмымі. Яго запрашалі да кампаніі, ён адмахваўся:

— Хочацца пабыць аднаму.

Ну, вядома, у яго пошуках сябры маглі толькі перашкодзіць. Задумаўшыся, Косця ледзь не прамінуў тых, каго шукаў. Дзяўчаты стаялі ля новага ўнівермага і разглядалі вітрыну. Косця адчуў, як адразу ж прапала яго смеласць.

— Фасончыкі аблюбоўваеце? — толькі і знайшоўся ён.

Марынка нават не зварухнулася. Азірнулася яе сяброўка, змерала Косцю пагардлівым позіркам і, перш чым адвярнуцца, адказала:

— Аброць для вас...

— Ды не крыўдуйце,— Косця ўжо крыху авалодаў сабой,— я проста пазнаёміцца з вамі хацеў.

Цяпер ужо і Марынка з цікавасцю паглядзела на яго, потым на сяброўку. Тая паціснула плячыма, і дзяўчаты пайшлі ад вітрыны, нібы Косці тут зусім і не было. Але Косця не адступіў. Дагнаўшы дзяўчат, ён пакрочыў побач з Марынчынай сяброўкай. Так яны прайшлі адзін квартал, другі, павярнулі назад. Марынка нарэшце не вытрымала.

— Калі ўжо навязаліся, то хаця б размовай забавілі.

— Давайце лепш пазнаёмімся спачатку. Я — Косця. Як вас завуць — ведаю, можаце не называцца, калі не хочаце. Вы — Марына, вы — Вера.

— Ого! Відаць, перш-наперш вы разведку правялі,— іранічна сказала Вера.— Ну, то нам прасцей. А дзе працуем, таксама дазналіся?

— Не паспеў, — Косця развёў рукамі.

Дзяўчаты засмяяліся.

— То хоць раскажыце, што вы за чалавек.

— Мантажнік.

— Ого! Гучыць,— усміхнулася Вера.

— Удакладняю. Новы мантажнік. Гэта што там вышку якую паставіць — пройдзены этап у нашым жыцці. Мы выцясняем муляроў. Зборны жалезабетон. Чулі?

— А то як жа,— падхапіла Марынка.— Зусім як у той песні,— між іншым, таксама пра мантажнікаў: «Не качагары мы, не плотнікі». Засталося толькі дабавіць: і не мантажнікі, і не будаўнікі.

— Вы сур’ёзна? — Косця пакрыўдзіўся, забыўшыся, што ўвесь час толькі і чакаў, пакуль Марынка загаворыць.

— А не? Комін хто ўзводзіў? Можа вы? Сапраўдныя вышыннікі, з Урала прыязджалі.

Так яно было на самай справе, і Косця, каб апраўдацца, бесклапотна засмяяўся:

— Падумаеш, комін! Прымітыў... Пабачыце, хто электрастанцыю будаваць будзе.

— Пабачым,— зірнуўшы на гадзіннік, таропка згадзілася Вера і напомніла Марынцы: — Хутка канцэрт Рахманінава для фартэпіяна з аркестрам будуць перадаваць з Калоннай залы. Кажуць, выканаўца цудоўны аб’явіўся. Паслухаем?

— Ну вядома. Бывайце, малады чалавек,— памахала чырвонай сумачкай Марынка.— Жадаем поспеху.

Косця сумеўся: яго яшчэ ніколі так бесцырымонна не пакідалі. Было і няёмка і ў той жа час радасна. Усё ж ён пазнаёміўся з Марынкай. А новая сустрэча? Яна будзе, бо як не сустрэцца, калі працуеш з чалавекам хоць і на вялікай, але на адной будоўлі.


II

Вада ціха плёскала ў борт дэбаркадэра. Косця любіў слухаць гэты плёск, які адганяў стому, супакойваў, даваў прастору фантазіі. Часам прачнецца на досвітку, хлопцы яшчэ спяць, а ён выйдзе да борта, схіліцца над вадой... Колькі ўспамінаў ажыве ў памяці ў такія хвіліны.

Вакол гарадка — лес, балоты... Здалёк здаецца, што лес густы-густы і няма яму канца-краю, як той тайзе, пра якую так многа і цікава расказваў некалі іх сусед. Косця зайздросціў яму. Вось гэта біяграфія ў чалавека. Адным з першых прыехаць на будаўніцтва Камсамольска, у час вайны скокнуць з парашутам у тылу ворага... Што яшчэ мог пажадаць сабе хлапчук у дванаццаць гадоў? Мінаў час, Косця сталеў. Многае з расказаў суседа забывалася. А як некалі будавалі Камсамольск — помнілася. Нібы сам быў там, жыў у палатках, карчаваў тайгу, узводзіў заводы. Дзіцячая мара пасталела разам з ім. Адно засмучала — думалася, што на яго долю ўжо не засталося ніякай рамантыкі. Гэтая думка асабліва не давала спакою, калі ўжо на яго вачах камсамольцы — яго аднагодкі — паехалі асвойваць цаліну, Усходнюю Сібір. А ён, студэнт Магілёўскага машынабудаўнічага тэхнікума, не мог быць разам з імі. Яго проста не пусцілі, сказалі, што трэба канчаць вучобу.

Косця спадзяваўся, што пасля заканчэння тэхнікума яго пашлюць на Усход, дзе з’явіліся Брацк і Ангарск, дзе неўзабаве запаляцца домны Тайшэта і Сарбая. Назначэнне на будаўніцтва Палескай ДРЭС ён прыняў як удар па сваіх надзеях. Гэта ж тут, побач... Не адразу ён змірыўся са сваім лёсам. Не цешылі ні палаткі, якіх у пачатку і тут хапала, ні адчуванне, што ты ў ліку першых пачынаеш будаўніцтва. Пачуццё задавальнення, адчуванне, што і ты тут гаспадар, прыйшло пазней, калі давялося сустрэцца з сапраўднымі цяжкасцямі, часам недасыпаць, мерзнуць, працаваць з усіх сіл.

На будоўлі Косцю прызначылі брыгадзірам. Ён сустрэў прызначэнне як заканамерную з’яву: у яго ёсць веды, якіх няма ў многіх ягоных аднагодкаў, што прыйшлі сюды са школ і калгасаў. Ён зрабіў вывад, што можа і павінен даць будаўніцтву больш. Заўсёды, прачынаючыся, Косця абдумваў планы на сённяшні і на будучыя дні. Гэта стала яго звычкай, патрэбай. I раптам усё парушылася.

Рака, як і раней, плёскалася за бортам дэбаркадэра, нешта сваё шапталі хвалі. Толькі на душы ў Косці не было ранейшай раўнавагі і спакою. Думалася ўжо не пра работу ў брыгадзе, а пра ўчарашняе спатканне. Косця быў лёг, але ні сон, ні спакой не прыходзілі. Промень сонца крануўся твару. Косця з асалодай пацягнуўся з ложка і выйшаў з пакоя. Рака вабіла свежасцю, абяцала вярнуць бадзёрасць. Ён зірнуў уніз. У вадзе, як у люстэрку, адбіўся яго заклапочаны твар, калматая галава.

Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяному люстэрку рабацінне. Косцеў твар у вадзе здзекліва перасмыкнуўся і знік.

Недзе на чыгунцы загуў паравоз.

— Эге-ге!.. — уторачы яму, шчасліва закрычаў Косця і даў глыбокага нырца.

— Лунацік, далібог, лунацік! Косця, шыбуй сюды, час палубу драіць, — пачуў ён, выплыўшы, голас з дэбаркадэра.

— Зараз, Сяргей, зараз...

Дэбаркадэр яшчэ ў мінулым годзе рабочыя мясцовай суднаверфі падаравалі будаўнікам электрастанцыі для інтэрната. Моладзь сустрэла гэта з радасцю. Не трывожыла, што адсюль далей да месца работы, што ўзімку тут халадней, а летам гарачэй, чым у другіх інтэрнатах, што няма тут асаблівых выгод. Хоць і стаіць дэбаркадэр на прыколе, але ўсё-такі судна. А калі разам з усімі пасяліўся дэмабілізаваны балтыец-марак Сяргей Шаранкоў, тут пачалі ўсталёўвацца сапраўдныя флоцкія парадкі. Пакой пачаў звацца кубрыкам, вонкавы калідор — палубай, лесвіца — трапам. Каменданта называлі не іначай, як боцманам, і шкадавалі, што няма ў яго свістка або дудкі. Але адсутнасць боцманаўскай дудкі зусім не адбівалася на чысціні. За парадкам на дэбаркадэры сачыў не столькі камендант, колькі Сяргей. Хлопцы нават жартам называлі яго за гэта мічманам.

III

Рыгор Карпавіч шпарка прайшоў міма сакратаркі, на хаду загадаў нікога не пускаць і шчыльна зачыніў за сабой дзверы. Толькі тады даў волю бяссільнай злосці, якая душыла яго ўсю дарогу да работы. Дома зноў адбыўся скандал. Жонка крычала, што яна ўжо не такая маладая, каб дазволіць сабе раскошу сядзець у гэтакай глухамані, што ў іх у Мінску добрая кватэра з гарнітурнай мэбляй і газам і што яна паедзе адсюль адна, а ён як сабе хоча. Можа нават на старасці год шукаць сабе новую жонку.

Рыгор Карпавіч, проста сказаць, уцёк з дому. Самае страшнае, аднак, было не гэта. Колькі б ён ні даказваў, што цяпер ён павінен працаваць тут, недзе глыбока-глыбока таілася думка, што можа жонка і мае рацыю. Хіба ён сядзеў бы на такой нязначнай пасадзе, каб... Але што зробіш? Рэпутацыю трэба ўзнавіць, а гэта не так лёгка. Яму патрэбен спакой, прынамсі ва ўласнай кватэры, каб адпачыць ад тых многіх турбот і клопатаў, якія прыбаўляюцца штодня. Ён кіраўнік, інжынер і павінен думаць, многа думаць, каб апраўдаць сваё званне, а разам з тым і вярнуць былое. А жонка гэтага не разумее, не хоча разумець. Вечныя скаргі, лаянкі. Яны перашкаджаюць, нервуюць, а спыніць іх няма сілы.

Год за годам Рыгор Карпавіч пераконваўся, што, відаць, раней трэба было праявіць непахіснасць у нечым галоўным, не дазволіць мяшчанству абплесці сябе. Можа нават з усёй сілы грымнуць кулаком па стале, а не віхляць паміж той праўдай, што была яшчэ ў яго душы, і той, на якую малілася жонка. Ён гэтага не зрабіў і цяпер павінен быў расплачвацца.

Рыгор Карпавіч сумна ўсміхнуўся. Хіба толькі цяпер? Ён жа расплачваецца ўсё жыццё. Колькі смелых думак, парыванняў было пахавана толькі ад таго, што на іх клала вета няўмольная палавіна. Час ад часу ён паўставаў супраць гэтага, паўставаў шалёна, Тады на нейкі час перамога заставалася за ім. Менавіта так ён пабываў на некаторых новабудоўлях, зрабіўся спецыялістам з пэўнымі ведамі і вопытам. I калі ён таго-сяго дасягнуў, калі ў ім не памёр яшчэ інжынер, то абавязаны ён толькі свайму гэтаму бунтарству. Але хапала яго не надоўга. Страчаны час нагнаць было нялёгка. Заняты сваімі хатнімі нягодамі, ён часта адчуваў, што яму не стае маладосці, таго задору, які вунь як памагае рашаць цяжкія задачы.

Задумаўшыся, Рыгор Карпавіч не адразу пачуў стук у дзверы. Цераз сілу ён падняўся з канапы, сеў да стала і тады ўжо дазволіў:

— Прашу!

Увайшоў Банжын.

Рыгор Карпавіч апусціў галаву. Менш за ўсё яму хацелася сустракацца ў гэтую хвіліну з Банжыным, бо ў таго заўсёды была ў галаве процьма новых ідэй: так і чакай, што ён табе адну з іх возьме ды выкладзе. Будзеш потым ламаць галаву: ажыццяўляць яе, ці як-небудзь адчапіцца пакуль.

— Сядайце, Алесь Антонавіч,— запрасіў ён інжынера, стараючыся быць ветлівым. Банжын сеў, доўга намацваў на крэсле падлакотнікі і зірнуў на галоўнага інжынера.

— Непакоіцеся?,— счакаўшы, спытаўся Рыгор Карпавіч.

— Але,— кіўнуў Банжын.

— Магу паведаміць прыемную навіну.— Рыгор Карпавіч папоркаўся ў паперах і выцягнуў аднекуль знізу тэлеграму,— кран нам высылаюць.

— Нарэшце,— адказаў Банжын, але Рыгор Карпавіч не адчуў задавальнення ў ягоным голасе і здзівіўся:

— Вы не рады?

— Як вам сказаць, тэрміны мы ўпусцілі. Паводле плана праз тыдзень-другі мы павінны пачаць узводзіць галоўны корпус. А вы мне толькі праз тыдзень-другі кран абяцаеце.

— То хіба наша з вамі тут віна? Усе ведаюць, у тым ліку і ў Мінску, што без крана мы не можам і кроку зрабіць. На маіх ці на вашых плячах блокі не паднімеш,— пажартаваў Рыгор Карпавіч.

Банжын разумеў, што асабіста іх ніхто, бадай, не папракне за гэту затрымку. Яна была не па іх віне. Але ён не мог згадзіцца з той пакорнасцю перад абставінамі, якую адчуваў у настроі галоўнага інжынера.

— Няўжо так і пагодзімся?

— Малады чалавек...— Рыгор Карпавіч добразычліва ўсміхнуўся.— Вы, гэта вядома, нястомны вынаходца ўсякіх там удасканаленняў. Але тут мы з вамі бездапаможныя. Будзем чакаць, бо ці ўдасца вам перахітрыць канструктараў. А пакуль, каб усё-такі не сядзець, склаўшы рукі, прыкіньце графік зборкі, не будзем марудзіць пасля. Тэхналагічная карта ў мяне ёсць. Заадно раскажу вам пра сякія-такія мае меркаванні. Вось слухайце... Кран прыбудзе дзён праз дзесяць. Паводле інструкцыі на яго зборку вызначаецца яшчэ дзевяноста дзён. Думаю, крыху, ну дзесяць дзён якіх на сім-тым сэканомім. Такім чынам, пачнем праз тры месяцы.

Кіеня мог гэтага не гаварыць. Банжын таксама ведаў і краны, і графікі іх зборкі. Але хоць у словах галоўнага інжынера было ўсё правільна, яны чамусьці выклікалі глухое раздражненне. Надта ўжо разважліва гаварыў Кіеня.

Каб выпадкова не выказаць свайго незадавальнення, Банжын пачаў хадзіць па кабінеце. Потым рэзка павярнуўся, спыніўся насупраць Рыгора Карпавіча, сказаў:

— Мяне яшчэ трывожыць, якую работу людзям даваць.

— Думаю, яны не крыўдзяцца на заработкі, — паціснуў плячыма Кіеня.

— За дзяржаўны кошт мы можам быць добрыя. Але рабочаму чалавеку нашы прыпіскі не патрэбны. Яму работу давай, каб ён ведаў, за што іменна грошы атрымлівае. Бо калі ён не працуе, то і на душы ў яго неспакойнаі пуста.

— I то праўда, — раптам згадзіўся Кіеня. — Прыгледзеўся я ўчора да мантажнікаў. Агонь хлопцы. Многіх не першы дзень ведаю. А куды іх запал падзеўся? Аднаго ўчора п’янага сустрэў у нашым рэстаране.

— 3 якой брыгады?

— Клубовіча. Займіце вы сапраўды іх чым-небудзь. Ну, хаця б расчысткай пляцоўкі пад кран хай зоймуцца. Там, здаецца, вельмі засмечаны ўчастак.


IV

Хлопцы па прывычцы сабраліся ля катлавана галоўнага корпуса. Ужо так у іх павялося: тут прыдзецца некалі пачынаць мантаж — тут і збірацца. Седзячы на каменнях, на цэгле, яны чакалі свайго брыгадзіра. Раптам з’явіўся Міхась Кацуба.

— Чулі навіну? — здалёк закрычаў ён.

— Хіба можа кран прывезлі? — адразу ажывіўся Сяргей.

— На валах вязуць наш кран, вось што. Гэтыя каменні цягаць будзеце.

— Каменні? А што? 3 вялікай ахвотай. — Сяргей ускочыў на ногі і, імкліва схапіўшы дзве цагліны, пачаў падкідваць іх, нібы цыркавы жанглёр.

— Як жа,— здзекаваўся Кацуба,— мантажнік, кваліфікаваны. А табе тачку ў рукі.

— Хоць буду ведаць, за што грошы атрымліваю,— спакойна адказаў Сяргей. Потым раптам узлаваўся: —Ты не грэбуй тачкай, яе трэба ўмець цягаць.

— Счапіліся ўжо? — незаўважна падышоўшы, запытаўся Косця. Хлопцы павярнуліся да яго.

— Як яно будзе, брыгадзір?

— Бадай так, як Міхась кажа. Будзем тут прыбіраць.

— Ну, чыя праўда? — насеў Кацуба на Сяргея.

— Не твая, — адрэзаў Косця і, звяртаючыся да астатніх, сказаў:— Пакуль кран прывязуць, пляцоўку загадана расчысціць. Зараз рыдлёўкі прынясуць. — I, зірнуўшы ў бок Міхася і Сяргея, якія ўсё яшчэ скоса пазіралі адзін на аднаго, дадаў: — А надвячоркам, пасля работы, пагутарым. Алесь Антонавіч абяцаў зайсці.

— Паддобрыцца хоча, — Кацуба не мог, каб апошняе слова належала каму іншаму.— Ведаю яго, яшчэ якое ліха на нашу галаву прыдумае.

— Эх і буркатун ты, — аж сплюнуў Косця. — Паглядзець збоку — інтэлігент, асабліва калі свой стракаты гальштук начэпіш. А на рабоце — нахабнік і гультай.

Косця ведаў, як дапячы Міхасю. Той адразу агрызнуўся:

— Не ўсім тэхнікумы канчаць.

Косця ўсміхнуўся, змоўчаў і пачаў абводзіць участак, які трэба было сёння ачысціць.

Пасля работы, калі пачало ўжо брацца на вечар, брыгада сабралася на лужку ля вадакачкі. Косця не выпадкова выбраў гэта месца. I яму і Сяргею добра далася ў знакі гэтая вадакачка. Ды не толькі ім двум. Таму пра яе будаўніцтва ён меў намер расказаць хлопцам, бо ўсе яны, за выключэннем Сяргея, былі тут навічкі і многага не ведалі з гісторыі будоўлі.

За дзень усе добра стаміліся з непрывычкі: у апошні час ад цяжкай працы адвыклі. Гарэлі далоні. Балелі спіны. Ні варушыцца, ні нават гаварыць нікому не хацелася. Адзін Міхась, які не надта надрываўся сёння, расцягнуўся на траве і, упёршы ногі ў сцяну вадакачкі, выказаў сваю незадаволенасць.

— От было б месца, каб не гэта будыніна. 3 берага нырца можна было б даваць. Такі куток сапсавалі. Дык мала, пульпаправод яшчэ нейкі працягнулі. Вось брыдота, — Міхась моцна выцяў нагой па сцяне. На пабелцы адбіўся брудны след падэшвы.

— Ну, ты, асцярожней,— папярэдзіў Сяргей,— я табе за вадакачку галаву адарву.

— Можа і ты яе будаваў? — Кацуба паглядзеў па баках, запрашаючы хлопцаў пасмяяцца з Сяргея разам з ім.

— Уяві сабе,— замест Сяргея адказаў Косця.— Вось пра гэта я і хацеў вам трохі расказаць. Сядзьце бліжэй.

Хлопцы падпаўзлі да Косці. Толькі Міхась застаўся на месцы, нават яшчэ дэманстратыўна адвярнуўся. Косця не звярнуў увагі на яго.

— Праўда, некалі тут лужок быў нядрэнны. Пясочак ля берага жоўты-жоўты і дробны, як мука. Вылезеш з вады і ў пясок, а ён гарачы. Цяпер сюды і смецця нацягалі, і шкла. Не паляжыш. А мне ўсё роўна не шкада.

— Вядома,— уставіў Міхась, кусаючы травінку,— можа нам нарад заўтра сюды выпішуць. Навядзем чысціню.

Косця павярнуўся ў яго бок.

— Табе вадакачка перашкаджае. А ці ведаеш ты, як яе будавалі? Мы тады з Сяргеем яшчэ не мантажнікамі былі.

— Хэ, такую каробку ў нашым калгасе за тыдзень выведуць.

— Думаеш? Сяргей, колькі мы правазіліся тут?

— Ды ўжо хапіла.

— Чуеш, Кацуба? Будыначак гэты з выгляду так сабе. А пад ім, у зямлі яшчэ на трынаццаць метраў катлаван выкапаць трэба было для помпаў. Ураз нас заліло. Ды што дзівіцца, рака побач, лістапад на вуліцы, дождж лье, не перастаючы. Сяргей вунь трое сутак, лічы, не вылазіў з катлавана.

— Ну-у,— здзівіўся Сеня Варывончык,— а як справіліся?

— Ігольчатыя фільтры забівалі, больш за паўсотню забілі, кожны мае па васемнаццаць метраў у даўжыню. А ваду перамаглі. Помню, Сяргей вылез з катлавана і пытаецца: «Хлопцы, сталовая адчынена?» Есці, значыць, так захацеў, пражора,— закончыў смехам Косця.

— Ты лепш пра сябе ўспомні. Уваліўся ў інтэрнат мокры, брудны. Дзяўчаты паднеслі конаўку з вадой, каб памыўся, а ён ухапіў і ўсю ваду выпіў, потым нешта прамармытаў і проста на табурэтцы заснуў. Ледзь завалаклі на ложак...

— Можа ты валок? — перабіў Косця і пад рогат хлопцаў растлумачыў: — Сам толькі на трэція суткі прачнуўся.

Калі крыху пацішэла, Косця загаварыў зноў:

— Так працавалі тады многія. Будаўніцтва ж толькі пачыналася, умовы былі цяжкія, нават не падумаеш, дзе цябе аварыя падсцерагае. Але ніхто не адмаўляўся, хаця бадай многія з нас не былі землякопамі.

— У мой гарод каменьчык? — ляніва павярнуўся на другі бок Кацуба.— Я таксама мазалі сёння нажыў.

— У твой гарод цэлую скалу трэба. Мазалі гэта адзінае, што ты карыснага зрабіў,— засмяяўся Сяргей.

— Ат, работнік! Абрыдала слухаць,— Кацуба ўсхапіўся і пакрочыў сцежкай да пасёлка.

— Не забудзь у бухгалтэрыю зайсці! — крыкнуў наўздагон Сеня.

— Пакрыўдзіўся,— сказаў Сяргей.

— Можа і добра, калі пакрыўдзіўся,— раздумліва адказаў Косця.— Неяк у нас ён на аднаасобніка ў брыгадзе падобны. Раўнадушны нейкі.

— То можа ты нас за гэтым і запрасіў? — іранічна зірнуў на сябра Сяргей. — Пагаварылі пра Кацубу і пойдзем.

— I за гэтым і за тым,— не зважаючы на іронію, адказаў Косця.— Хочацца мне размовы шчырай, таварыскай. Нас такія справы неўзабаве чакаюць! Восем чалавек у брыгадзе — гэта сіла, калі дружна ўзяцца.

— Лічы сем,— не супакойваўся Сяргей,— Кацуба табе не падтрымка. У нас на флоце...

— Абодва вы аднолькавыя,— узлаваўся Косця,— адзін аднаго, каб маглі, то з’елі б.

— Варты...

— Ды пачакай ты! — пачуліся галасы. Сяргей змоўк.

— Вось я і кажу,— прадоўжыў Косця.— 3 такімі хлопцамі мы можам для будоўлі многа зрабіць карыснага. А не робім. Надоечы давялося мне з Алесем Антонавічам гутарыць. Дарэчы, ён заняты цяпер, таму не прыйшоў. Колькі папрокаў наслухаўся! А чаму? Бо на рабоце, калі мы яшчэ разам, то трымаемся. А разышліся — хто куды. Нават у рэстаране пашумець можам. Параіў ён памазгаваць з вамі, як нам далей жыць, як працаваць, каб і сабе і людзям карысць была. Адно ясна, трэба неяк іначай, па-новаму ставіцца да жыцця.

— А ў чым яно, тое новае? — быццам думаючы ўголас, прамовіў Сеня.

Можа сам-насам не адзін раз задумваліся яны над тым новым, што немінуча павінна было ўвайсці ў іх жыццё, бо кожны хацеў гэтага. Але думкі былі пакуль неакрэсленыя, невыразныя для іх саміх. Хлопцы задумаліся, задумаўся і Косця.

Сонца ўдалечыні нібы апускалася ў ваду, і ад гэтага грабеньчыкі хваль рабіліся амаль чырвоныя. Паярчэла неба, і адразу рака дыхнула холадам і вільгаццю.

— Хараство якое ў нас! Га, хлопцы? — не вытрымаў Косця.

— А то не? — быццам хто спрачаўся з ім, падняў ад зямлі галаву Сяргей і, раптам кульнуўшыся, шпарка прабег некалькі метраў на руках, ледзь не сарваўшыся з крутога берага,— куды тая і стома дзелася.

— Асцярожна, марак...— папярэдзіў, жартуючы, Косця,— каб часам ратаваць не давялося.

— Косця, чуеш? — раптам дакрануўся да яго рукі Сеня Варывончык.— Як думаеш, каб нам больш патрабаваць ад сябе.

— Чаго? — не адразу зразумеў Косця.

Сеня быў хлопец не надта рашучы і адразу сумеўся:

— Ну, ведаеш, каб мы... усе, канешне, як бы гэта лепш сказаць... усе не адмаўляліся ні ад якой работы, калі для будоўлі, канешне, патрэбна.

— Адмаўляцца можа і не будзеш, а ці многа ты ўмееш? — запытаўся Сяргей. Заўважыўшы крыўду на Сеневым твары, супакоіў: — Я і сябе маю на ўвазе. Сёння, напрыклад, трэба было смецце выкінуць. Ну, гэта мы можам. А раптам пасля, як корпус паставім, мантаж катла даручаць?

— Вось, вось, я пра гэта таксама думаў, — падхапіўся Косця. — Вучыцца мы павінны, вучыцца. Каб з чацвёртымі разрадамі не заседжваліся. Каб у бутэльку не заглядалі. Быў я ўчора на камітэце камсамола. Актыў збіралі. Выступаў там Банжын. Спадабалася мне ягоная думка, калі ён сказаў: «Абмяркуйце, хлопцы, што вы можаце зрабіць. Вазьміце сацыялістычныя абавязацельствы. Ды не толькі пра план, працэнты. Пра людзей не забывайце».

— А ведаеш, Косця, — прапанаваў Сяргей, — што з гэтым спяшацца нельга. Тут думаць і думаць трэба. Давай зробім так. Хто што з нас прыдумае — табе скажа, а ты запісвай. А ўжо тады зноў збяромся: Згодны? — звярнуўся ён да хлопцаў.


V

Па дарозе на работу Марынка забегла да Веры.

— Вера мыецца, — сустрэў дзяўчыну Рыгор Карпавіч. — А вы заходзьце, заходзьце. Я зараз пайду. Ніна Паўлаўна яшчэ спіць.

Марынка ў прысутнасці Верыных бацькоў заўсёды адчувала сябе ніякавата. Рыгор Карпавіч заўважыў гэта і стараўся быць як мага ветлівым. Вось і цяпер, пасадзіўшы Марынку ля стала і наліўшы ёй чаю, хоць тая і аднеквалася, сеў сам і пачаў распытваць:

— Ну, то як, чулі, што нашы мантажнікі надумалі?

— Н-не...

— От я вам раскажу. Малайцы, адным словам, малайцы хлопцы! Шукаюць новыя формы спаборніцтва.

— Так ужо і новыя? — здзівілася Вера, ружовая, свежая пасля купання. — Есці хочацца-а...

— Вечна не па-вашаму...

Вера абняла бацьку за шыю, пацалавала ў шчаку:

— Не крыўдуй... Мы з табой з пароды малавераў. Ты лепш скажы, іх новая форма спаборніцтва паможа хутчэй паставіць кран?

— Пры чым тут кран? — крыху памякчэў Рыгор Карпавіч.— Кран — гэта тэхніка, правераная. А задума мантажнікаў — так званы маральны бок справы. Яна сама па сабе знойдзе водгук. — Ён нецярпліва паглядзеў на гадзіннік. — А ўвогуле мяне радуе, што такія абавязацельствы возьмуць упершыню на нашай будоўлі... Ну, але мне час.

— Заўсёды так, — сумна сказала Вера, калі за бацькам зачыніліся дзверы.— Галоўнае, каб шуму больш.

— Ты несправядлівая, Вера, — запярэчыла Марынка. — Рыгор Карпавіч добры, ён любіць будоўлю.

— Гэта праўда,— згадзілася Вера.

— Галоўнае, каб ён падтрымаў хлопцаў, — прадаўжала Марынка. — На першым часе гэта вельмі важна.

— Глядзі ты, як загаварыла!.. — усміхнулася Вера і запыталася: — Ты не сустракала больш Косцю?

Як заўсёды, Марынка не магла здагадацца пра кірунак Верыных думак. Але нешта большае за звычайную цікаўнасць да сяброўчыных спраў пачулася ёй у гэтым пытанні. Яна падазрона зірнула на Веру і абыякава запыталася:

— Падабаецца табе?

Вера не адказала.

Няшчырасць Веры, а Марынка цяпер была пераканана ў гэтым, закранула за жывое, і яна дзёрзка кінула:

— Можаш забраць сабе, у мяне без яго паклоннікаў хопіць.

— Пракідаешся...

Марынка хацела сказаць штосьці крыўднае, але прамаўчала, толькі ў думках працягвала спрачацца з ёю. Ад сябе яна не ўтойвала, што, не ўспомні Вера пра Косцю, наўрад ці ўспомніла б і яна. Такіх знаёмстваў-аднадзёнак у яе было нямала. Трапляліся нават хлопцы лепшыя за Косцю. А ён тады ёй зусім не спадабаўся. Але ж адно, калі хлопец табе сімпатызуе і ты можаш лічыць яго сваім, хоць ён табе і абыякавы, і зусім другое, калі яго можа хто-небудзь перацягнуць на свой бок, асабліва сяброўка. Марынка захацела даказаць Веры, што Косця належыць толькі ёй. Безумоўна, яна на шыю яму не кінецца, а павядзе сябе так, што Вера не здагадаецца пра яе захады.

Сустрэча адбылася нечакана. Косцеву брыгаду паставілі ў той дзень працаваць побач з комплекснай брыгадай, у якой былі Вера з Марынкай.

Косця не адразу пазнаў Марынку. У сіняй кофтачцы з закасанымі на поўных руках рукавамі, у шараварах, у беленькай хустачцы, насунутай на самыя вочы, каб не загараў на сонцы лоб, яна выглядала крыху таўставатай і зусім не падобнай на колішнюю прыгожую дзяўчыну. Косця быў расчараваўся. Але калі Марынка, убачыўшы яго, шчыра засмяялася і на яе шчоках зноў з’явіліся тыя самыя ямачкі, Косця ўзрадаваўся і падбег прывітацца.

— А-а, наземны вышыннік?.. — жартавала Марынка.— Калі мы вас убачым побач з комінам?

— Хутка ўжо, вось толькі крылы з Мінска прывязуць. Прычаплю і буду лятаць там,— паказаў Косця рукой на стодваццацімятровы комін.

— А не зваліцеся?

— Хіба калі вы пажадаеце...

Усё адбывалася так, як і прадбачыла Марынка. Косця быў рады яе ўвазе. I раптам Вера... Яна скінула брызентавую рукавіцу і працягнула Косцю руку:

— Рада вас бачыць. Мы сёння з Марынкай у пасёлак рачнікоў ідзём. Вы з намі?

Косцю вельмі хацелся пайсці, але ён не ведаў, ці будзе гэта прыемна Марынцы. А без Марынкі прагулка — не прагулка.

— Вядома, — зразумела яго нерашучасць Марынка.

Косця аж заззяў. Вера падабрала губы. А пасля работы, калі ўжо чакалі Косцю, папракнула:

— Марынка, так нельга.

Марынчыны вочы зрабіліся круглымі і нявіннымі.

— Не прыкідвайся... Навошта Косцю баламуціш? Ён добры хлопец.

— Верачка, няўжо ты думаеш, мне ніхто падабацца не можа?

— Ой, глядзі, дзеўка...

Марынка, як многія прыгожыя дзяўчаты, не пазбаўленыя хлапечай увагі, не надта цаніла чужое пачуццё. Яна любіла кружыць галовы, любіла, каб ля яе ўвіваліся хлопцы, аднак ніводнаму з іх перавагі не аддавала. Вера паспела ўжо добра вывучыць характар сяброўкі. Таму яе

крыху супакоіла, што Косця быў першы, каго Марынка нейкім чынам вылучыла з астатніх. Ён і ёй падабаўся, бо з ім было цікава. У ім угадвалася сур’ёзнасць, удумлівасць — якраз тыя якасці, якія Вера цаніла ў людзях больш за ўсё. I яна непакоілася, што Марынка зробіць з яго сабе чарговую забаву...

У пасёлак пайшлі не напрасткі, як хадзілі звычайна рабочыя з будоўлі, а праз лес. Нядаўна прайшоў дождж, які паспеў прыбіць толькі пыл на дарозе. У бярэзніку, што пачынаўся адразу за прыгарадным полем, пахла прэлым леташнім лісцем. Сцяжынка была вузенькая, якраз стаць дваім. Вера пакінула Марынку з Косцем, а сама пайшла наперадзе. Марынка адразу здагадалася, што яна не ў гуморы і таму ўвесь час маўчыць, нават не азірнецца. А Косця не звяртаў на яе ўвагі, ён, бадай, не заўважыў бы наогул, калі б Вера зараз куды-небудзь знікла.

Перад тым, як зрабіць апошні паварот, за якім ужо відаць будзе гарадок, Косця прыпыніўся. Ён часта глядзеў на будоўлю і з гэтага, і з іншых месц: здавалася, закрыўшы вочы, можа расказаць, дзе што знаходзіцца. Але сёння на фоне цёмнага сасонніку, што сцяной стаяў далей, на тым баку, гарадок здаўся як ніколі прыгожым. Адсюль добра можна было разгледзець правільныя квадраты кварталаў, прамыя скрыжаванні вуліц, светла-зялёныя двухпавярховыя домікі з чырвонымі чарапічнымі дахамі. Над усім гэтым нібы панаваў высачэзны комін, вакол якога ўнізе — катлаваны, карпусы, склады.

— Чакайце... — крануў Косця за руку Марынку.

Яна таксама азірнулася, спытала:

— Хіба пажар там?

— Давайце палюбуемся.

Як на карціну выдатнага мастака, Косця мог доўгія гадзіны глядзець на свой гарадок, штохвіліну адкрываючы ў ім новае і радуючыся гэтаму новаму. Вунь там, на будаўніцтве школы, узвялі трэці паверх, а там, ля бетоннага завода, з’явіўся яшчэ адзін штабель гатовых блокаў, а там вуліцу забрукавалі... А вунь іх участак, маленькі-маленькі на гэтай агромністай панараме. «Свае» аб’екты Косця пазнаваў беспамылкова.

Марынка раптам напомніла:

— Вера чакае.

Гэта было цудоўна: і лес, і гарадок, як на далоні, і яна, Марынка, побач. Косця пашкадаваў, што недзе там, за паваротам, чакае Вера.

Вера акінула іх уважлівым позіркам і нічога не сказала, быццам яны яе зусім не цікавілі.

— Косця гарадком захапіўся,— растлумачыла Марынка.

— Нават не верыцца, што гэта наш, — дадаў Косця.

— А што тут цікавага? — махнула рукой Марынка,— і так кожны дзень бачым. Каб што незвычайнае...

— Хіба вунь той падасінавік? — засмяялася Вера і нагнулася да куста, дзе з-пад лісця выбілася чырвоная шапка грыба.

— Дзе ён? — аж закрычала Марынка.

— Ды вунь, глядзіце як многа!

— Набяром, Вера? Дай тваю сумку.

— Спознімся, — коратка адказала Вера, зноў выходзячы ўперад.

На гэты раз Косця зразумеў, што паміж дзяўчатамі напэўна працягваецца нейкая старая спрэчка.

— Раскажы што-небудзь пра сябе, — нечакана звярнулася на «ты» Марынка да Косці, — толькі сур’ёзна, не так, як мінулы раз.

Каб не нагаварыць лішняга, Косця рашыў зноў пажартаваць:

— Нарадзіўся дваццаць гадоў таму назад. Подзвігаў яшчэ няма, але будуць абавязкова. Абяцаю. Тады на радзіме героя, гэта значыць маёй, у Магілёве, удзячныя землякі паставяць помнік...

— Толькі не з бронзы, як гэта звычайна робіцца, а са зборнага жалезабетону,— Вера, аказваецца, хоць і была наперадзе, уважліва слухала іх размову.

— А я думаў, што вы не чуеце.

— А я думала, — спынілася Вера, — што вы пра свае планы, брыгадныя, вядома, раскажаце. Інакш не падслухоўвала б.

— Пра іх вось так, на хаду, не раскажаш.

— Нават калі Марынка папросіць? — прыжмурылася Вера.

— Ох і злючка вы, — Косця губляўся перад тымі дзяўчатамі, якія падабаліся яму. Веры ж ён мог адказваць як хацеў, не задумваючыся.

Яна зразумела гэта.

— Я пажартавала.

— І я таксама.

— Ну, то можа, калі мір усталяваўся, раскажаце, — папрасіла Вера.

— Майго тут мала, — нехаця сказаў Косця. — Тут справа ўсёй брыгады. У суботу нашы хлопцы збяруцца, каб канчаткова вызначыць, што і як.

— А нам можна паслухаць? — не адставала Вера.

— Вам? Сакрэтаў тут, канешне, няма...

— Але...

Косця крыху падумаў і прапанаваў:

— Толькі пераходзьце да нас у брыгаду. Нас усё роўна папаўняць будуць.

— Марынка, чуеш?

— Чую.

— То як?

— Згодна.

— Праўда? — узрадаваўся Косця. — Я пагавару з Банжыным.

— Пасля некаторай дружалюбнай дыскусіі, — заключыла Вера, — бакі прыйшлі да згоды. Але што мы будзем рабіць у вашай брыгадзе?

— Заваёўваць вышыню,— Косця сказаў гэта так сур’ёзна, што дзяўчаты дружна засмяяліся.

— Ай, — спахапілася Вера, — вышыня — вышынёй, а мы спазняемся, краўчыха прачакалася напэўна.

Косцю гэта ўжо непакоіла мала. Ён быў у такім стане, што мог блукаць хоць да раніцы, абы разам з Марынкай. Ягоны настрой не пагоршыўся і тады, калі дзяўчаты зайшлі ў хату да краўчыхі, пакінуўшы яго аднаго чакаць на лавачцы ля плота. Косця цярпліва сядзеў, забываючы на час: Марынка сама папрасіла чакаць. Яго радавала ўсё — і тое, што дзяўчаты, відаць, затрымліваюцца, і тое, што гаспадыня хаты з цікавасцю пазірае праз акно на яго. Ён чакаў дзяўчыну ўпершыню так адкрыта. I калі вярталіся назад, ён у поцемках назбіраў кветак і падараваў іх Марынцы і Веры.


VI

Шырокая, крыху радасная і крыху сарамлівая ўсмешка выдала Косцю. Хлопцы адразу здагадаліся, што здарылася нешта незвычайнае і напэўна прыемнае. Аднак ён не ўдзельнічаў сёння ў агульнай рабоце, і Сяргей, хаваючы весялосць, пачаў выгаварваць яму.

— Мічман, — стаў прасіць Косця, — выслухай спачатку. Ну, вінаваты я, вінаваты... Заўтра на досвітку ўстану і зраблю сваю долю, а сёння не мог. Ну, вось так, — правёў ён далонню па шыі.

— Ну, добра, — злітаваўся Сяргей. — Можаш спаць... Бот гатовы, засталося толькі парус зрабіць.

Любоў да мора Сяргей прынёс з сабой сюды, на будаўніцтва. Яго не задавальняла тая гульня ў маракоў, што вялася ў іх інтэрнаце. Яму трэба было нешта большае. Так нарадзілася ў яго думка пабудаваць маленькі бот, накшталт таго, які некалі зрабіў сабе Пётр Першы. Недзе ў старым часопісе Сеня раскапаў чарцяжы. Пачаліся пошукі лесу — выручылі камсамольцы з суднаверфі. Яны прапаноўвалі сваю дапамогу і ў пабудове бота. Сяргей адмовіўся. Яму, балтыйскаму матросу, вучыцца марской справе ў людзей, якія ніколі не бачылі мора! Можа таму бот будаваўся вельмі доўга. Прынамсі на верфі за гэты час ледзь не цэлы флот рачных барак спусцілі на ваду. Нарэшце і іхні бот, што пахне ворванню і свежай сасной, таксама гойдаецца ў бухце пад самым дэбаркадэрам, выклікаючы зайздрасць у астатніх хлопцаў.

— Ну, то можа я цяпер парусам займуся? — прапанаваў Косця. Яму было-такі няёмка, што ён сёння забыўся пра свой абавязак.

— Спі ўжо лепш. Пакуль на вёслах паходзім. А за тое, што прагуляў, — цябе першага пасадзім.

Такое пакаранне Косця прыняў з ахвотай. Усе з нецярпеннем чакалі, калі ўжо можна будзе зрабіць першы выхад на прастору ракі.

— Паедзем далёка-далёка...— радаваўся Сеня.

— Хіба заўтра ў парадку выключэння, — паменшыў яго радасць Сяргей. — Спачатку будзеце вучыцца: і веславанню, і парусам кіраваць, пакуль сапраўднымі маракамі не станеце.

— Каб знаў, што ты такі тэрарыст, нізавошта не ўвязаўся б у гэтую выдумку, — абурыўся Міхась.

— Па-першае, — засмяяўся Сяргей, — не тэрарыст. Ты нешта блытаеш. Мусіць, тыран. А па-другое, яшчэ дзякуй скажаш. Я з цябе сапраўднага марака зраблю.

— Ну, канешне, і тут мяне вучыць будуць.

— Затое, уяві сабе, Міхась,— Сяргей задумаўся.—Недзе, дапусцім у Гомелі, на лодачнай станцыі ты бярэш двухвёславую шлюпку і так праходзіш міма пляжа, апускаючы вёслы, нібы нож у масла, што ўсе дзяўчаты ад захаплення нямеюць. Га? I табе ўслед ляціць: «Хто гэта? Які мастак! Ах! Ох!» А ты сядзіш і нібы не чуеш, корпус прамы, рукі гэтак рытмічна і лёгка: раз — два, раз — два. А ты кажаш, «вучыць»...

— Калі дзяўчаты, — палагаднеў, аднак, Міхась, — то гэта, відаць, больш Клубовічу трэба.

Але яго ніхто не падтрымаў. Хлопцы паважалі інтымныя справы адзін аднаго.

Назаўтра быў выхадны. Яшчэ з раніцы ў інтэрнат зайшоў Алесь Антонавіч Банжын. Дома былі толькі Косця з Сяргеем. Пераводзячы дыханне, Банжын сеў на крэсла.

— От ужо гэтыя вашы трапы!.. Ледзь узлез...

— Пачакайце, мы і з вас хутка марака зробім, — паабяцаў Сяргей.

— Каб мог, дык усіх зрабіў бы маракамі, — растлумачыў Косця Банжыну. — Спіць і мора сніць.

— Мора — такая любоў, што праз усё жыццё не забываецца, — падтрымаў Банжын Сяргея. — Мора і варта гэтага. Я толькі ў адпачынак ездзіў туды, а і то часта заплюшчу вочы і нібы чую шум прыбою, бачу, як чайкі кружаць над хвалямі. Можа і вабіць чалавека гэта магутная і незразумелая сіла хваль?

Сяргея ўсцешылі словы Банжына, і ён адчуў, што няма нічога такога, чаго б ён не зрабіў, папрасі яго інжынер.

Банжын між тым з цікавасцю азіраўся навокал. Проста і чыста было ў пакоі, ніводнай непатрэбнай рэчы. «Як на сапраўдным караблі», — усміхнуўся ён сам сабе і ўголас сказаў:

— Мне падабаецца ваш парадак.

— 3 такім мічманам, як наш Сяргей, — пажартаваў Косця, — апошні салажонак матросам стане.

— А абавязацельствы — чыя ініцыятыва?

— То ўжо Косцева. У нас абавязкі падзелены.

— Своечасова вы іх берыцё! Вельмі своечасова. Заўтра кран пачнем збіраць. А вы ведаеце, якое напружанае становішча склалася на будаўніцтве? Усе тэрміны праходзяць. Толькі калі кожны рабочы адчуе сваю адказнасць за ход будаўніцтва, мы зможам нагнаць страчаны час. Вось чаму я зацікавіўся вашымі абавязацельствамі. Пакажы, Косця, што вы там яшчэ напісалі.

Косця дастаў з тумбачкі сіні вучнёўскі сшытак, падаў Банжыну.

Алесь Антонавіч уважліва прачытаў запісы, задаволена сказаў:

— Дамоўлюся, каб у шматтыражцы надрукавалі.

— Што вы, — збянтэжыўся Косця. — Гэта асабіста нашы планы, нават ніводнай лічбы няма.

— А яны і не патрэбны. Справа не ў лічбах, а ў тым. як вы ставіцеся да свайго рабочага абавязку.

Банжын чытаў абавязацельствы і час ад часу паўтараў:

— Малайцы! Малайцы!

Шчыраму чалавеку заўсёды робіцца ніякавата, калі яго занадта хваляць, таму Косця паспрабаваў адвесці ад сябе ўвагу Банжына:

— Алес Антонавіч, дзяўчаты нашы яшчэ гаварылі, што мы павінны і за вучобу ўзяцца.

— Дзяўчаты?

— Вера Кіеня, — удакладніў Сяргей. — Што з Марынай Акунец да нас перайшла.

— А-а, з комплекснай брыгады Саковіча. Помню, помню. Можа і дарэмна вы іх сарвалі адтуль, асабліва Веру. Яна там на месцы была. Але калі зроблена, няхай. Аднак слушна гаварылі, слушна. Абмазгуйце, раю...

— Да вас можна? — на парозе стаялі Вера з Марынкай.

— Прывёў, — высунуўся з-за іх Сеня.

— Правільна зрабіў, — узрадаваўся Косця. — Разам пагаворым.

— Калі гаспадар забыўся, — усміхнуўся Банжын, — я вазьму яго ролю. Хлопцы, садзіцеся на ложкі, дзяўчаты — да стала. Мэблі ў вас не надта...

— На гасцей мы раней неяк не разлічвалі, — праставата заўважыў Сяргей.

Вера прыйшла сюды ўпершыню, але адчувала сябе вольна. Марынка ж, на якую ў гэты момант пільна паглядзеў Банжын, сумелася:

— Мы вам перашкодзілі?

— Наадварот, — Банжыну спадабалася Верына рашучасць. — Мы тут пра вашу работу гаварылі. Думаю, што выдатныя абавязацельствы, але аднаго пункта не хапае. А раптам хто парушыць дагавор? Як тады?

— У нас такіх... — рашуча пачаў быў Сяргей.

— Ведаем, ведаем, — замахала рукамі Вера, — у вас такіх у маленстве з рагатак забівалі.

— Не, з брыгады выганялі! — сярдзіта сказаў Сяргей, бо Вера, як здалося яму, недарэчы ўспомніла яго любімую прымаўку.

— А ты, брыгадзір, што думаеш? — выслухаўшы гэту кароткую перапалку, звярнуўся да Косці Банжын.

— Сяргей гарачы ў нас, — Косця яўна не спяшаўся, узважваючы словы перш, чым адказаць. — Але тут хто ведае... Толькі думаю — дружную брыгаду не разваліш. Але задача брыгады не толькі ў тым, каб не разваліцца. Брыгада павінна справіцца і з тым, хто ёй не падпарадкоўваецца...

— Напэўна так, як мы з Кацубам? — спытаўся Сеня.

Вера з Марынкай засмяяліся.

— Кацуба таксама не прапашчы. Вунь з вамі лодку будаваў. Яго зацікавіць трэба, памагчы. Аб гэтым я і хацеў параіць. Хай жа дэвізам вашай брыгады будзе: «Адзін за ўсіх — усе за аднаго!».

— Як прыгожа! — першай адазвался Марынка.

Вера зірнула на яе строга:

— Прыгожа — не тое слова, нават несур’ёзнае...

— Навошта так, Вера, — Косця ўзяў пад абарону Марынку. — Хіба сапраўднае сяброўства не прыгожае?

Банжын зразумеў, што без яго цяпер можа атрымацца ў моладзі цікавая размова, і са шкадаваннем развітаўся.

Калі ён пайшоў, Марынка накінулася на сяброўку:

— Чаго ты прычапілася да маіх слоў?

— Таму, што толькі адну прыгажосць шукаеш, а сама сутнасць для цябе не мае значэння.

— Завялася. Мне дык ужо нельга быць, як усе.

— Заўсёды вы так, — перапыніў іх Сяргей. — У нас...

— Што ў вас, зноў з рагаткі? — не астыла яшчэ Вера.

— У нас былі дзве такія: вучылі адна адну заўсёды.

— Чым гэта скончылася? — падхапіў Сеня.

— Перасталі, як замуж павыходзілі.

— Ды ну цябе, — пачырванела Вера.

— Мастак ты, Сяргей, зубы скаліць,— заўважыў Косця,— а тут справа сур’ёзная.

— Хіба я што кажу? Канешне, сур’ёзная. Але ўсё гэта пацерпіць да заўтра. Няўжо сёння, у выхадны дзень, мы не можам даць сабе адпачынак?

— А сапраўды, — умяшалася Марынка, — пойдзем куды-небудзь.

class="book">— Пойдзем, пазней толькі, — згадзіўся Косця. — Пачакаем Міхася. Сёння ў нас паездка на лодцы. А ён яе таксама будаваў.

— Паездка — паездкай, а я не хачу дзяліць свае думкі на службовыя і святочныя,— сказала Вера.— Чытаю я пра людзей моцных, адданых Радзіме. Ну, пра такіх, для каторых ідэя перш за ўсё, і зайздрошчу ім. Хочацца мне хоць кропельку на іх быць падобнай.

— Але ты ў брыгадзе будаўнікоў вельмі добра працавала, значыць нечым таксама на іх падобная, — заўважыў Сяргей.

— Многа ты ведаеш, — нечакана раззлавалася Вера. — Працаваць добра — адно. А адчуваць у сабе патрэбу працаваць яшчэ лепш — другое.

— Можна падумаць, што ты за доўгім рублём пагналася, — сказаў Сяргей.

— Грошы што! За бацькавай спіной мне іх не трэба, — паківала галавой Вера. — А ці ведаеш, чаму я сюды прыехала? Думаеш, будаўніцтва захапіла? У інстытут не ўдалося паступіць. Рашыла, папрацую разам з бацькам два гады, тады па-за конкурсам прымуць.

— Гэта ўсё роўна, — загаварыў Косця, — кожнага з нас сюды прывялі свае дарогі. Важна тое, што і як мы тут робім. У краіне нашай хутка ціхага месца не застанецца. У Сібіры, на Далёкім Усходзе, на Поўначы — толькі і чуеш, што нешта новае пабудавалі, нешта новае адкрылі. Каб вы ведалі, як не хочацца адстаць ад усяго гэтага! Каб мог, здаецца, усюды пабываў бы, не экскурсантам, а рабочым. Нам яшчэ і пры камунізме пажыць прыдзецца. Якімі мы туды прыйдзем? Вось у чым справа...

— Ой, як правільна кажаш, Косця, — у Марынкі аж вочы загарэліся.— Мы ўсе павінны быць добрым-добрымі. Праўда?

Косця непрыкметна крануўся яе рукі. Марынка павяла галавой. ці не бачыць хто, і на момант прыхінулася галавою да Косцевай шчакі. Упершыню за колькі часу мацней застукала сэрца ў Марынкі. «Што гэта са мной, — падумала яна, — яшчэ закахаюся». Каб Косця раптам не падумаў чаго лішняга, яна адвярнулася, адчыніла акно.

— Мух напусціш, задрай ілюмінатар! — закрычаў Сеня.

— Што, што? — здзівілася Вера і раптам, зразумеўшы, зарагатала. — Ой, насмяшыў! Ой, выдумшчыкі!

Яна смяялася доўга і не магла суняцца, нават калі Марынка папрасіла Косцю:

— Раскажы, навошта нам такі вялізны кран патрэбны. Няўжо з гэтым, што ёсць на будоўлі, не можна пачынаць мантаж.

Хлопцы загулі, нехта зарагатаў:

— А яшчэ мантажніца...

— Які ж гэта кран!..

Калі шум сціх, Косця сказаў, пазіраючы на Марынку:

— Нічога дзіўнага тут няма, Марынка ўпершыню на будоўлі, — і, ужо звяртаючыся толькі да адной Марынкі, растлумачыў: — Нам давядзецца падымаць вялікія жалезабетонныя канструкцыі. А ўстанавіць іх можна толькі з дапамогай нашага крана: яны цяжкія і падымаць іх трэба аж да дзесятага паверха.

— Ведаем, паважаны прафесар, — падхапілася Вера, — дзякуем. Апладысменты будуць пасля, праўда, Марынка?

— За мной не прападзе, Вера, не сумнявайся...

Калі выходзілі, Косця паспеў шапнуць Марынцы:

— А ты не саромейся. Мы і самі яшчэ не вялікія спецыялісты.

Дзяўчына моўчкі ўзяла яго пад руку.


VII

Пакуль не пачнеш працаваць над чым-небудзь, усё здаецца лёгкім і простым. Так было і з мантажом вялізнага вежавага крана. Кіеня ўдакладніў складзены Банжыным паводле заводскай схемы дэталёвы графік зборкі асобных вузлоў, нават сёе-тое рашыў паскорыць. Мантаж павінен быў закончыцца не за дзевяноста, а за восемдзесят дзён. Так было на паперы. А на справе аказалася крыху інакш, не так дакладна, як думалася напярэдадні. У першы ж дзень высветлілася, што рэйкі, па якіх павінен будзе рухацца кран, укладзены не надта моцна. Пакуль гэта не мела істотнага значэння, але з часам магло прывесці да аварыі.

Мантажнікі запатрабавалі пераробкі. Так графік быў парушаны з самага пачатку.

Кіраўнікі будаўніцтва выклікалі Кіеню.

— Справа новая, пачатак заўсёды цяжкі, — апраўдваўся ён.

— Вашы словы і паведамім ураду? — іранічна запытаўся ў Кіені сакратар парткома Лядкоў.

— Уладзімір Лявонцевіч, — абурыўся Кіеня, — зборны жалезабетон — гэта ж першы эксперымент на нашай станцыі.

— Наколькі мне вядома, — спакойна заўважыў Лядкоў, — наша станцыя — другая ўжо такога тыпу. А па-другое, кран — гэта не зборны жалезабетон. Яго манціруюць на любой будоўлі.

Апошнюю рэпліку Кіеня прапусціў міма вушэй.

— Так, але да нас прыедуць вывучаць вопыт, — вёў ён сваё, — навуковыя супрацоўнікі саюзнага інстытута. Да нас, заўважце, а не на тую, як вы кажаце, першую станцыю.

— Таму не можам мы, не маем права працаваць дрэнна, Рыгор Карпавіч.

— Але ні я, ні вы, Уладзімір Лявонцевіч, ні тым больш нашы мантажнікі, хлопцы ўвогуле бывалыя, ніколі мантажом падобных кранаў не займаліся.

— Не крыўдуйце, Рыгор Карпавіч... — пачаў быў Лядкоў. Але Кіеня, зразумеўшы гэтыя словы па-свойму, запэўніў:

— Хто крыўдуе на шчырую размову...

— Я не пра тое, — усміхнуўся Лядкоў. — Тэрміны, як вы любіце гаварыць, ёсць тэрміны, і парушаць іх нікому не дазволена. У тым ліку і нам з вамі. Таму прасіў бы вас заняцца графікам яшчэ раз.

— Воля ваша, — па прывычцы ўвабраў галаву ў плечы Кіеня. Увесь яго выгляд нібы гаварыў: дарэмна вы лаеце мяне, непаладкі яшчэ будуць, тут мы з вамі бяссільныя.

Рыгор Карпавіч пасля гэтай непрыемнай размовы адразу накіраваўся на мантажную пляцоўку. Некаторы час пастаяў там, паглядзеў на работу мантажнікаў. Думкі яго, аднак, былі далёкія і ад гэтай пляцоўкі, і ад гэтага крана, што стаў прадметам клопатаў ледзь не ўсяго вялікага калектыва будаўнікоў.

Што ў такім выпадку рабіць? 3 аднаго боку, патрабаванне кіраўніцтва, з другога — уласнае перакананне вопытнага інжынера. Ён не быў з тых спецыялістаў, што абыякавыя да сваіх абавязкаў, што працуюць абы дзень адбыць. Рыгор Карпавіч любіў вытворчасць, дыханне працоўнага рытму. Любіў так, як любіць дырыжор зладжаны аркестр, што падпарадкоўваецца кожнаму ўзмаху яго палачкі. Ён вельмі даражыў гэтай зладжанасцю, бо патраціў многа сіл і ўмення, каб дабіцца яе. Але да пачуцця пэўнага задавальнення прымешвалася адчуванне прыкрасці: ён бачыў, што ім незадаволены, што ад яго чакаюць большага.

Чаго? Адказаць на гэта яму было цяжэй за ўсё. Кіеня не быў спецыялістам з фантазіяй. Амаль усе гады працы інжынерам яму даводзілася ажыццяўляць чужыя задумы. Сваё ўдавалася рэдка. Але ўжо калі ён даводзіў што-кольвек да ладу, то рабіў гэта бадай віртуозна. Таму яго і цанілі і павышалі па службе.

Кіеня падбіраў сабе здольных, часта таленавітых памочнікаў. Урэшце так і трэба. Аднак з цягам часу, баючыся за свой аўтарытэт, ён пачаў асцерагацца, каб выпадкова які памочнік не замяніў яго. Кіеня не заціраў сваіх памочнікаў. Ён дабіваўся пераводу іх на які-небудзь іншы аб’ект, прычым матывы заўсёды былі самыя грунтоўныя: моладзь трэба вылучаць.

Калі ў Мінску, у трэсце, Кіеню прапанавалі ўзяць інжынерам па мантажу Банжына, ён перш-наперш захацеў пагутарыць з ім.

Алесь Банжын, нядаўні выпускнік Беларускага політэхнічнага інстытута, за некалькі год набыў немалы вопыт на розных будоўлях краіны. Ён узводзіў электрастанцыі пад Масквой і на Урале, пад Ленінградам і на Паволжжы. Потым, калі пачалася ўзмоцненая электрыфікацыя Беларусі, яго пацягнула ў родныя мясціны. Да Палескай станцыі ён будаваў Смалявіцкую. На ўсіх іх быў радавым інжынерам-мантажнікам, што і прывабіла Кіеню.

Паступова ён перакладаў на Банжына ўсё, што датычыла мантажу.

I толькі, калі стала вядома, што кран безнадзейна позніцца, узяўся за справу сам. Тады з’явіўся гэты самы графік.

Кіеня рашыў пагаварыць з Банжыным. Але знайсці яго было не так проста. Не было Банжына ні на асноўнай пляцоўцы, ні на падсобных, дзе ляжалі канструкцыі, што былі падрыхтаваны да зборкі. Кіеня ўзлаваўся. Такі адказны момант, а інжынер, якому даручана важнейшая справа, знаходзіцца нямаведама дзе. Нехта з рабочых, пазнаўшы галоўнага інжынера, падказаў:

— Алесь Антонавіч у канторы.

— Дзе? — не паверыў сваім вушам Кіеня, адчуваючы, што ягонае залатое правіла быць гранічна ветлівым з падначаленымі пачынала здраджваць яму.

Да невысокага барака, які стаяў за агарожай тэрыторыі электрастанцыі і ў якім размяшчалася мантажнае ўпраўленне, было недалёка. Але Кіеня, пакуль дайшоў туды, паспеў добра задыхацца. Стрымліваючы злосць, тузануў клямку дзвярэй пакойчыка, у якім звычайна працаваў Банжын. Дзверы не паддаваліся. Кіеня бездапаможна азірнуўся.

— Ёсць, ёсць, — сказала дзяўчына-чарцёжніца, што сядзела ў суседнім пакоі.

Кіеня замалаціў кулаком.

— Хто там?..— пачуўся нездаволены голас Банжына.

— Я!..

Дзверы адчыніліся.

— Гэта чорт ведае што!.. — вылаяўся Кіеня.

— Не разумею, Рыгор Карпавіч.

Кіеня зірнуў у спакойныя, стомленыя

вочы Банжына і прабурчаў:

— Сапраўды не разумееце або прыкідваецеся — дапытвацца не буду. Але чаму вы, Алесь Антонавіч, знаходзіцеся тут, у кабінеце. Хіба мантаж ідзе па графіку?

— Таму і сяджу. Бо ні я, ні нават вы не паможам графіку, колькі б ні таўкліся ля крана.

— Аднак...

— Я прывык давяраць брыгадзірам, тэхнікам.

— Аднак, што вы тут робіце?

— Думаю.

— М-так... — Кіеня плюхнуўся ў крэсла і выцер хусткай успацелы лоб. — Дык што будзем рабіць?

— Думаць і яшчэ раз думаць.

Упартая самастойнасць, што раптам з’явілася ў Банжына, вельмі здзівіла Кіеню.

— Думаць не забараняю, нават раю. Аднак папрашу помніць: вы асабіста адказваеце за мантаж.

— Добра, — усміхнуўся Банжын, і Кіеня зноў адчуў сябе чамусьці няўпэўнена.


VIII

У кніжным магазіне адкрылася падпіска на збор твораў Фадзеева. Пасля работы Косця на хвіліну забег дадому, пераапрануўся і паспяшаўся ў магазін. Ля прылаўка ён сутыкнуўся з Верай.

— О, добра...— узрадавалася дзяўчына.

Косця азірнуўся па баках і расчаравана спытаў:

— Ты адна?

Лёгкі цень прабег па Верыным твары, але Косця не заўважыў яго. Ужо спакойна Вера адказала:

— Адна. Ты паможаш мне сёе-тое купіць?

«От ужо гэтая Вера, — падумалася Косцю, — здагадалася, няйначай, што я Марынку хацеў сустрэць». Трэба было неяк апраўдацца і ён сказаў:

— Пытаешся яшчэ...— Урэшце Вера ж Марынчына сяброўка і напэўна потым раскажа ёй, што бачыла яго, перадасць, пра што гаварылі.

Пачалі выбіраць кнігі. Вера захацела набыць «Разгром» і «Маладую гвардыю».

— Ты лепш бы падпісалася, — параіў Косця.— Поўны збор твораў мела б.

— У нас дома так павялося, што падпіскай бацька займаецца. У Мінску ў нас многа кніг. А тут ён не хоча падпісвацца, бо адсюль жа не перавядзеш падпіску, вунь бачыш, аб’ява папярэджвае аб гэтым.

— Навошта пераводзіць, паспееш усе тамы атрымаць, — прыкінуў Косця, колькі часу ім засталося тут працаваць.

Вера адказала не адразу. Яны выйшлі на вуліцу, пайшлі ў бок яе дома. Гуляючы каменьчыкам, што выпадкова трапіўся пад ногі, Вера сказала:

— Бацька лічыць, што мы тут часова. У нас у Мінску кватэра.

— Як гэта часова? — шчыра здзівіўся Косця. — Як так можна працаваць?

— Некалі ж будоўля скончыцца, бацьку перавядуць на новае месца. Так было ўжо не адзін раз. А пакуль дадуць новую работу, маці кажа, што трэба мець недзе пастаяннае прыстанішча. Мінск ёй падыходзіць больш за ўсё. Горад вялікі, чаму не застацца там і назаўсёды.

Вера сказала гэта нібы знарок абыякава. Косця так і не зразумеў, ухваляе яна намеры сваёй маці, ці не.

— А ты? — спытаўся ён. — Таксама чакаеш, калі вернешся ў Мінск?

Вера зноў адказала не адразу, потым, шпурнуўшы каменьчык з усёй сілы, шчыра загаварыла:

— Не крыўдзі мяне, Косця. Я яшчэ і сама не ведаю, што хачу. Вось, здаецца, працую і нічога мне больш не трэба. А іншы раз як падумаю, што магу тут застацца адна, пачынаю баяцца. Раптам захочацца следам за бацькамі паехаць. Ты не думай, я не такая ўжо самастойная, як можа каму ўяўляецца. Я прывыкла да ванны і не прывыкла пра вячэру ці абед клапаціцца. Табе гэта можа і смешна...

— Прыдзецца застацца адной — пражывеш, як мы.— Для Косці самастойнае жыццё ўжо не было праблемай і ён не верыў, што яно можа быць праблемай для каго іншага.

Вера збоку зірнула на хлопца і весела засмяялася:

— Эх ты, суцяшальнік! Я колькі начэй не спала і нічога не магла рашыць. А ты раз і разматаў гэты вузел.

— Гледзячы, што для каго вузлом лічыць, — пакрыўдзіўся Косця.

— Ну, не злуйся... Можа і твая праўда. — Косця ў гэты момант нагадаў Веры пакрыўджанае дзіцё, і ёй захацелася зрабіць яму што-небудзь прыемнае. Яна не ўтрымалася і пагладзіла яго па галаве. Збоку гэта было, бадай, смешна, але калі яны зірнулі адно на аднаго, то раптам сумеліся.

— Дзе ж гэта Марынка? — першы схамянуўся Косця.

— Павінна была зайсці да мяне, — нельга сказаць, што Вера была задаволена яго пытаннем, але Косця зноў нічога не заўважыў. Ён зноў успомніў пра Марынку, і астатняе ўжо для яго перастала існаваць.

А Марынка ў гэты час сапраўды была ад іх недалёка. Яна ішла да Веры і прыкмеціла, як тая з Косцем выйшлі з магазіна. Гэта яе зацікавіла, і яна пайшла следам, стараючыся, аднак, каб яе не заўважылі. Але хутка ёй не спадабалася іх ажыўленая размова. Надта ўжо Косця захапіўся. Марынка занервавалася. Вера была дзяўчына разумная і ўмела пагаварыць, нездарма ж у любой сур’ёзнай кампаніі Марынка была пры ёй, як бедная сваячка: яе цярпелі, але за парадай не звярталіся. I яна рашыла ўмяшацца:

— Вось дзе вы.— Інтанацыя, з якой было гэта сказана, і ўсмешка, стрыманая, зняважлівая, сведчылі, што Марынка злуецца. Косця адчуў сябе вінаватым.

— Марыначка, пойдзем з намі, — прапанаваў ён.

Адразу дараваць? Не, гэтага рабіць Марынка не хацела. Трэба было даць адчуць Косцю, трэба паказаць, што ён не цікавіць яе ні кропелькі.

— Мне, відаць, з вамі не па дарозе. Вы гуляеце, а я ў клуб. Там сёння спеўка ў хоры.

— Але ж ты... — пачала была Вера.

— Рашыла спяваць, не турбуйся.

Косця зжахнуўся: там столькі хлопцаў будзе і, не зважаючы на Веру, рашуча сказаў:

— Пайду з табой.

— Як хочаш,— Марынка ласкава звярнулася да сяброўкі.— Даруй, Верачка, мы ж не праводзім цябе.

— А мне і не трэба!

— Вось мы і ўдвох...

Ад гэтых Марынчыных слоў Косця нібы ажыў. Марынка ўжо не злавалася, яна гдядзела на яго па-ранейшаму цёпла і прыязна. Яна даравала. Яны зноў удвох.

У клубе, як заўсёды ўвечары, было многа моладзі. Косця з некім гаварыў, некаму нешта адказваў. Жартавала, смяялася, размаўляючы са знаёмымі, і Марынка, але ён, бадай, нікога і нічога навокал не заўважаў. Ён бачыў толькі Марынку, прыгожую, вясёлую, і адчуваў, што яны і тут, сярод людзей, знаходзяцца ўдвох. Нават калі Марынка адна зайшла да кіраўніка хору, пачуццё, што Марынка побач, у Косці не прапала. 3-за дзвярэй ён чуў яе голас не надта моцны, але мілагучны, і здзіўляўся, як гэта ніхто з прысутных у калідоры не звяртае ўвагі на яе спеў.

Марынка затрымалася. Занепакоены, Косця пачаў хадзіць сюды-туды. Яго таксама ледзь не завербавалі ў самадзейнасць. Сустрэліся знаёмыя дзяўчаты, якія ведалі, што ён любіць і добра чытае вершы, і прапанавалі яму далучыцца да іх драматычнага гуртка. Але як ён мог згадзіцца, калі Марынка будзе ў харавым? Ён у гэты час шчыра бедаваў, што не мае голасу.

Нарэшце вярнулася Марынка. Радасная, узрушаная. Яна паведаміла:

— Буду спяваць. Сола. Песню «Куды бяжыш, сцяжынка мілая». Ведаеш такую?

— Вельмі люблю.

— Праўда? А то можа наўмысля кажаш? Не? То прыходзь паслухаць, як я спяваю. Канцэрт праз месяц.

Косцю непрыемна ўразіла гэта «прыходзь паслухаць». Ён жа спадзяваўся, што Марынка будзе сюды хадзіць кожны раз з ім.

— Толькі акампаніраваць няма каму. Пад баян я не хачу,— раптам сказала Марынка.

— Ну, не бяда,— абнадзеіў Косця.— Адзін мой знаёмы на піяніна ўмее іграць.

Гаворачы так, Косця меў на ўвазе Банжына. Ён не вадзіў з ім блізкага знаёмства. Аднак цяпер здавалася, што гэта не мае істотнага значэння. Бо хіба можа хто адмовіць Марынцы.

— Будзе ў цябе акампаніятар!

— Я так любіла некалі выступаць,— усё не магла супакоіцца Марынка,— яшчэ ў школе. Стаіш на сцэне на віду ўсёй залы. I ўся ўвага толькі табе. I ведаеш, што самае страшнае? Той момант, калі ты скончыла песню і табе вось-вось пачнуць апладзіраваць. Так хвалюешся. А раптам апладысментаў не будзе?

— Ну, іх у цябе, відаць, хапала...

— Канешне. А табе што, не падабаецца гэта?

— Чаму... — схлусіў Косця.

— Бачу,— засмяялася Марынка.— А пра што гэта вы з Верай размаўлялі з такім захапленнем?

— Мы і пагаварыць не паспелі,— прызнаўся Косця.

— Перашкодзіла? Шкадуеш?

— Навошта ты? Ты ж ведаеш, што я з табой пайшоў...

Марынка спалохалася. Раптам ён вось цяпер адважыцца і скажа што-небудзь такое, пра што яна здагадвалася ўжо даўно сама і чаго, урэшце, баялася.

— Я пайду, Косця,— сказала Марынка.— Мой дом побач.

— Не,— запярэчыў Косця.— А я думаў, мы пагуляем...

Марынцы стала шкада хлопца. Яна падала яму руку на развітанне.

— Не магу, Косцечка, стамілася,— і раптам пацалавала яго ў лоб.

Пакуль Косця зразумеў, што здарылася, яна была ўжо за брамай. Косця доўга стаяў, чакаючы, што Марынка яшчэ вернецца. Але яна не вярнулася.


IX

Іх было дзве сястры: Марынка і малодшая — Ніна. Неяк ужо так павялося, што, як Марынка памятае сябе, заўсёды вылучалі з іх дзвюх яе адну. Што гэтаму было прычынай, яна не задумвалася. Можа так здарылася таму, што яна раней пайшла ў школу і раней падрасла. А можа таму, што была прыгажэйшая, байчэйшая і лепш вучылася? Толькі новыя сукенкі куплялі Марынцы, а Ніна хадзіла ў абносках. Марынку бралі ў кіно, Ніну пакідалі дома. Нават падручнікі і кнігі даставаліся Ніне пасля Марынкі.

Марынка хутка заўважыла сваё асаблівае становішча ў доме і навучылася ім карыстацца. Неўзабаве кожнаму яе жаданню павінны былі падпарадкоўвацца і Ніна, і маці, і бабулька. Перакананне, што яна лепшая, мацнела ў ёй усё больш і больш. Гэта перакананне яна прынесла з сабой і ў школу.

Вучылася Марынка добра. Не таму, што вучоба яе надта цікавіла. Яна і тут хацела быць першай. Спачатку так і было. Але паступова, у старэйшых класах, гэта першынство пахіснулася, а потым зусім было ўпушчана. Марынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. У той час, калі яе аднагодкі на камсамольскіх сходах, літаратурных дыспутах спрачаліся, шукаючы сваё месца ў жыцці, яна, седзячы побач з імі, слухаючы, заставалася абыякавай. У душы была надзея на нейкі іншы лёс. Які? Хто ведае, але не такі — не завод, не цяжкая праца. Жыццё павінна быць святам. Гэта не была канчатковая ўпэўненасць. Але такое перакананне пусціла ўжо свае карэньчыкі.

Маці з бабулькай не шкадавалі грошай, і Марынка заўсёды апраналася так, як патрабавала апошняя мода. Гэта вылучала яе сярод сябровак, рабіла сталейшай. Калі аднакласніцы яшчэ толькі ўпотай марылі аб каханні, яна ўжо назначала спатканні.

Адчуваючы сябе зусім сталай, Марынка ў дзесятым класе многа хадзіла на танцы, у кіно, гуляла позна па вечарах. Яна не задумвалася, што неўзабаве яе чакаюць экзамены, а за імі — самастойнасць.

На медаль Марынка не выцягнула. Без медаля паступіць у інстытут цяжка. Гэта Марынка ведала. Трэба было рыхтавацца, сядзець усё лета, паўтараць тое, да чаго, здавалася, ужо ніколі не прыдзецца вяртацца. Чым больш праходзіла дзён, тым часцей непакой халадзіў душу. У такія мінуты Марынка старалася весяліцца яшчэ больш, смяялася з тых, хто сядзеў над падручнікамі.

Паступаць у інстытут у Мінску Марынка не хацела. Яна вырашыла ехаць у Ленінград.

Провады былі ўрачыстыя. Дома зрабілі вечарынку. Упершыню, не тоячыся, пілі віно, гаварылі тосты, жадалі ўдачы. Гэткай жа шумнай кампаніяй адправіліся на вакзал. Стоячы ля вагона ленінградскага поезда, Марынка бачыла ўжо сябе студэнткай універсітэта і з адчуваннем гэтай новай сваёй годнасці лавіла позіркі сяброў, то поўныя прызнання яе незвычайнасці, то — зайздрасці. На развітанне яна нават не ўтрымалася і сказала: «У наступнае лета не чакайце мяне, у нас будзе замежная практыка».

Экзамены Марынка праваліла. Гэта быў неспадзяваны і моцны ўдар — першы на яе жыццёвым шляху.

Па-ранейшаму свяціла сонца, поўніліся натоўпам вуліцы Ленінграда, велічна несла свае воды прыгажуня Нява...

Марынка блукала па вуліцах, ездзіла да Фінскага заліва, купалася, а сама думала, што гэта цяжкі сон, які хутка павінен скончыцца. Ён сапраўды скончыўся: трэба было вызваляць месца ў інтэрнаце.

У Мінск Марынка вярнулася ў адчаі. Што было рабіць? Аднакласнікі, хто таксама не паступіў у інстытут, пайшлі на заводы, падаліся на курсы. Паследаваць іх прыкладу? На гэта не магла адважыцца Марынка. Яна ўсё яшчэ лічыла, што ёй проста не пашанцавала. Некалькі месяцаў яна праседзела дома, баючыся, што калі выйдзе, то сустрэне каго знаёмага. Пачнуць распытваць, спачуваць. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Ні маці, ні бабулька яе не папракалі. Толькі Ніна з кожным днём усё смялела. Гэта было, бадай, самым невыносным.

Невядома, колькі працягвалася б такое становішча, калі б аднойчы Марынка не ўскіпела:

— Замінаю табе?

— Мне? — засмяялася Ніна. — Эх ты, дармаедка!

— Мама! — азірнулася Марынка на маці. — Што гэта?

Маці адвяла вочы, а бабулька толькі ўздыхнула.

Глытаючы слёзы, Марынка сказала:

— Паеду, паеду, куды вочы глядзяць!

Яна рашыла, што будзе жыць у суседнім раёне. Там, прынамсі, не будзе знаёмых. Але знаёмыя аказаліся і там — яе аднакласніца Вера Кіеня, якая прыязджала ў госці да цёткі. Даведаўшыся аб Марынчыных нягодах, Вера запрасіла сяброўку на будаўніцтва Палескай электрастанцыі, дзе працавалі ўжо яе бацькі і куды яна збіралася неўзабаве сама. Марынка згадзілася.

Яны з Верай па-рознаму глядзелі на жыццё. Калі Вера, не раздумваючы, пачала вучыцца на муляра, Марынка выбрала сабе іншае: месца ўчотчыцы.

3 часам многае забылася. Яна стала амаль такой, як і была. Прыгажосць яе нават зрабілася больш строгай. Па-ранейшаму хлопцы заглядваліся на яе пры сустрэчы. Але яна вырашыла ні з кім нічога не мець. Толькі вось з Косцем атрымлівалася нешта не так. Марынка часам шкадавала яго. Можа Косця быў не падобны на яе даўніх знаёмых?


X

Кажуць, пачатак часта бывае нялёгкі. 3 гэтым можна згадзіцца. Але гэта мала суцяшае, калі пачатак менавіта тваёй справы акажацца цяжкі. Пачуўшы, што брыгада Клубовіча не выканала заданне, Банжын не на жарты занепакоіўся. Дзе гарантыя, што і астатнія брыгады не пачнуць выбівацца з графіка?

Косця, сустрэўшы Банжына пасля работы, не ведаў, куды схаваць вочы. Чакаў вымовы, якую, думалася, заслужыў. Аднак яму не стала лягчэй, калі Банжын, нават не папракнуўшы, проста запытаўся, чаму гэта здарылася.

— Кацуба ўчора недзе напіўся надвячоркам. Мы параіліся і вырашылі не дапусціць яго сёння да работы...

— Правільна зрабілі.

— Відаць, не зусім. Разлічвалі, што без яго ўправімся. А яно вунь як выйшла.

— Вось што, Клубовіч, ідзі адпачні. А потым заходзь да мяне, падумаем разам.

Злосны прыйшоў Косця ў інтэрнат. Ні Сяргей, ні Сеня яшчэ не клаліся спаць. Адзін Міхась валяўся на ложку: пэўна галава балела.

Косця наліў у шклянку халоднай вады, падаў Міхасю:

— Пахмяліся! Гаварыць будзем.

Міхась прагна выпіў, задаволена спытаў:

— Не справіліся без мяне?

— Учора — не,— пастараўся стрымацца Косця,— сёння — справімся.

— Слухай, брыгадзір, — прапанаваў Сяргей, — давай вывезем яго на тачцы з нашай брыгады. Я ўжо і тачку нагледзеў — шык, як у карэце пракоцім...

— Чуеш, Міхась?

— Не вывезеш. Вы ў абавязацельствах што запісалі? Выхоўваць.

— Ага, — Сяргей перасеў да Кацубы на ложак, паклаў сваю моцную руку яму на плячо. — Слухай! Прасіцца будзеш, каб выгналі — не выганім. Я вазьмуся за тваё выхаванне. Я! — і так сціснуў плячо Кацу- бў, што той заенчыў:

— Пусці! Не маеш права, буду скардзіцца.

— Скардзіцца? — грымеў Сяргей. — 3 гэтай хвіліны, лічы, я табе за бацьку буду, за начальства. Я з цябе чалавека рабіць буду!

Косця пачаў прасіцца:

— Дайце хоць крышку паспаць. А з табой, Кацуба, я таксама яшчэ пагавару. Рыхтуйся.

Косця лёг, заплюшчыў вочы. Па стомленым целе разліўся спакой, навакольнае адсунулася некуды далёка-далёка. Яшчэ размаўлялі хлопцы, пра нешта, здаецца, спрачаліся, а яму ўжо не было да гэтага ніякай справы. У галаве мроілася сваё. Яно не мела непасрэднага дачынення да сённяшняй падзеі і разам з тым не давала заснуць. Чаму? Хіба можа быць лепш у жыцці? У яго цікавая работа і на свеце ёсць цудоўная, адзіная Марынка, такая ласкавая, уважлівая. Побач з ёй ён адчувае сябе здольным зрабіць што-небудзь выдатнае. Але нібы хто трымае за тыя крылы, што выраслі ў яго за апошні час, не дае ўзняць іх. Узялі абавязацельствы, расшумеліся, нахваліліся. А як было, так і засталося. Нават часам горш. Як сёння, напрыклад. Нечага недагледзеў ён, не прадумаў — і вось вынік. А можа гэта Марынка адбірае ў яго ўсю ўвагу, і тую, што яшчэ нядаўна ён аддаваў толькі брыгадзе, толькі рабоцеі? Не прынесла яму спакою гэта сяброўства. Ніколі не ўведаеш, як яна паглядзіць на цябе ў наступную хвіліну: прыязна або холадна. Але не, не можа быць вінаватай яна. Хіба Кацуба раней не піў, не прагульваў, не біў лынды? А можа гэта ён, Косця, сабе апраўданне шукае? Што было раней, не можа быць цяпер. Да якога часу можна таптацца на месцы? Няўжо праз аднаго Кацубу на цэлую брыгаду нападуць нягоды? Ён адзін, а ёсць брыгада, брыгадзір...

Малады, здаровы сон прыйшоў сам сабой, заглушыў непрыемны роздум.

Прачнуўся Косця апоўдні. Не пабудзіўшы хлопцаў, хуценька сабраўся і накіраваўся да Банжына. А там ужо ішла нарада. Сядзелі брыгадзіры, майстры, многія з тых, хто, як і ён, меў за плячыма вопыт другіх будоўляў.

Самы малады сярод брыгадзіраў, Косця сціпла прысеў у кутку і пачаў слухаць.

— Скарочанага графіка нам, відаць, не вытрымаць, — працягваў размову Банжын.— Такую махіну з ходу не збярэш. Адна пад’ёмная страла, ліха на яе, мае сорак метраў. Патрэбен час, і мы павінны знайсці яго...

— Па дзве змены працаваць, — прапанаваў нехта.

— Адзін аднаму перашкаджаць будзем... — пачуліся галасы.

— Так, гэта не выхад, — адхіліў прапанову Банжын, і Косця, уявіўшы сабе, як выглядае пляцоўка, вымушан быў згадзіцца з ім.

Брыгадзіры задумаліся, успаміналі розныя прыклады, падобныя выпадкі, але прыдумаць нічога не маглі.

— Адным словам, вышыня... — задумаўся Косця.

— Вышыня? — перапытаў Банжын, і раптам яго схуднелы, пахмуры твар ажывіўся. — Вышыня, кажаш?

— Алесь Антонавіч, але ж ад вышыні мы і плачам.

— Плакалі, дарагі, а цяпер не будзем. 3 вышынёй на зямлі змагацца будзем, брыгадзіры! А як — пазней скажу, калі сам абдумаю ўсё да рэшты.

Пасля нарады Косця затрымаўся ў Банжына. Больш зручнага выпадку выканаць Марынчыну просьбу не можна было і чакаць.

— I ўсяе просьбы? — на дзіва хутка згадзіўся Банжын.— Гэта якая? Тая шэравокая, што з дачкой Кіені сябруе?

— Яна, яна.

— Кахаеш?

Косця спачатку хацеў быў казаць праўду, бо вельмі любіў і паважаў Банжына. Але засаромеўся. Ды з кім у дваццаць год падобнага не бывае?

— Не, — сказаў ён, пачырванеўшы.

— Хлусіш, мабыць, — не паверыў Банжын, — дзяўчына яна прыгожая, закахацца можна.

— Вера таксама нішто сабе, — зноў не знайшоў сілы прызнацца Косця.

— Ну, як ведаеш, — чамусьці ўздыхнуў Банжын, — а мне яна падабаецца.

Незадаволенасць сабой доўгі час не пакідала Косцю пасля гэтых слоў Банжына. Ён, як толькі трапілася мінута, адразу пабег шукаць Марынку. У інтэрнаце сказалі, што яна напэўна пайшла да Веры. Косця ні разу не быў на кватэры галоўнага інжынера. Ды і адносіны з Верай пасля той сустрэчы ў кніжным магазіне зрабіліся халоднымі. Дзяўчына нечага крыўдзілася. Але не ў такім стане быў Косця, каб заўважыць і зразумець чужую крыўду.

Дзверы адчыніў сам Кіеня. Ён, відаць, не ўспомніў Косцю, з якім гутарыў на будоўлі толькі разы са два.

— Вам каго?

— Веру.

— Вера, да цябе, — сказаў некуды ў бакоўку Кіеня і прапусціў хлопца наперад.

— Тата, гэта ж Клубовіч, — сустрэла Косцю дзяўчына.

— Не пазнаў я... Прабачце, малады чалавек. Вочы мае ўжо дрэнныя.

— Нічога, Рыгор Карпавіч, — збянтэжыўся Косця ад увагі, якую праявіў раптам галоўны інжынер да яго.

А той не адставаў:

— У такім разе, дачка, і я да цябе зайду.

Рыгор Карпавіч прымусіў, нарэшце, Косцю зайсці ў Верын пакой.

Марынка была там. Яна сядзела ў мяккім крэсле з выглядам чалавека, які прывык бываць у гэтым пакоі. Яе не здзівіў прыход Косці з гаспадаром дома. Не звяртаючы на іх увагі, яна забаўлялася з плюшавым мядзведзем. Косця якое імгненне глядзеў на яе, чакаючы сустрэчнага позірку. Не дачакаўшыся, пачаў глядзець па баках. Мноства кніг — гэта было адзінае, што нечакана ўразіла яго. Кнігі ляжалі на стале, на тумбачцы, на канапе. Відаць, да іх звярталіся тут часта. Косця нават пазайздросціў такой магчымасці. У бібліятэцы клуба будаўнікоў на цікавую кнігу трэба было перачакаць чаргу. Аднак доўга стаяць моўчкі было няёмка. Добра, што выручыў сам гаспадар.

— Няўдача, малады чалавек? — загаварыў ён, зусім не цікавячыся, чаго Косця з’явіўся тут.

У голасе галоўнага інжынера не чулася строгасці, як гэта звычайна было на рабоце. Тут ён быў зусім свойскі, крыху састарэлы, лагодны дзядзька. Косця асмялеў, расказаў, чаму не выканалі план уначы.

— Вы павінны дабіцца, каб гэтага... як, Вера, яго?.. перавялі куды-небудзь.

— Кацубу, — падсказала Марынка.

— Яго выхоўваць трэба, — загарачылася Вера. Ёй вельмі было няёмка перад Косцем за тое, што бацька так абыякава сказаў пра члена іх брыгады.

— Не тое, дачка, гаворыш. Сама, мабыць, інакш думаеш. Якія з вас педагогі, кашы мала з’елі. Выхоўваць Кацубу трэба было значна раней. Так, брыгадзір?

Прыкладна такі самы сэнс быў у нядаўнім пытанні Банжына. Тады Косця адказаў ад сэрца, бо верыў: Банжына хвалюе, шго ўрэшце адбудзецца з Кацубам. Тон Кіені яму не спадабаўся, і ён наўмысля запярэчыў:

— Дрэнныя мы былі б камсамольцы, каб пакінулі чалавека ў бядзе. Нам шкада яго, шкада, што ён не разумее, па якой дарозе ідзе.

Кіеня ўважліва паглядзеў на Косцю, усміхнуўся:

— Значыць, план пакінем пад пагрозай?

— Пакуль паднаціснем самі, а там і Кацубу прымусім.

— Упэўнены?

— Канешне! Акрамя таго, Банжын таксама нешта прыдумаў.

— Банжын?

Косця расказаў пра нараду. Рыгор Карпавіч аж ускочыў:

— Няўжо?

— Вось і вы нешта ведаеце,— спахмурнеў Косця,— а я дык нічога не зразумеў.

— Эх, малады чалавек, тут і разумець няма чаго. Проста Банжын, відаць, рашыў вузлы крана збіраць на зямлі і ў гатовым выглядзе падымаць.

— Хіба можна?

— Задумана смела, я сказаў бы, занадта смела,— Кіеня гаварыў нібы сам з сабой, — але і рызыка вялікая.

Косця больш яго не цікавіў, намеры Банжына ўсхвалявалі яго так моцна, што ён забыўся развітацца.

— Косця, куды гэта варта,— скрывіла губы Марынка,— як толькі ты з’явішся, абавязкова любую размову на кран перавядзеш.

— Гэта ж мая праца,— хлопец вінавата пачаў апраўдвацца.— Няўжо табе ўсё роўна: добра мы працуем, ці не?

— Сама не ведаю. Але бывае часам, калі хочацца нечага больш узнёслага і, безумоўна, хоць кропельку ўвагі.

— Скажы прама — кахання! — Вера паклала кнігу, якую да гэтага трымала ў руках, і павярнулася да Марынкі.

— Глядзі, Верачка, ці не кранула яно цябе?

— 3 хворай галавы — на здаровую,— чамусьці раззлавалася Вера. — То можа, калі табе хочацца ўвагі, пойдзем на танцы. Музыка, позіркі паклоннікаў. Ад меланхоліі не застанецца і знаку.

Ні музыкі, ні паклоннікаў, як прадказвала Вера, на вуліцы не было. Толькі вецер ганяў калючы пясок па дарозе. Марынка папрасіла, каб яе праводзілі дадому. Косця павярнуў да яе інтэрната, але стаў маўклівы, панылы. Ён так спадзяваўся на сённяшні вечар, а тут Марынка зноў аказался няўлоўнай. 3 Косцем засталася яе сяброўка. Ну, што ж, часам закаханага і гэта цешыць.

Вяртацца назад было недалёка. Не паспелі і двух слоў сказаць, як апынуліся ля Верынай кватэры. Было яшчэ не позна, і Вера запрасіла па чай. Косця пачаў быў аднеквацца.

— Чаго там, — махнула рукой Вера, — вячэры табе ж ніхто не падрыхтаваў.

Яны зноў сядзелі ў Верыным пакоі. Усё тут было, як паўгадзіны назад, не было толькі Марынкі. Гэта засмучала Косцю і разам з тым рабіла яго больш упэўненым, гаваркім. Вера больш, відаць, не крыўдзілася, і Косця адчуваў сябе з ёй на дзіва лёгка, як, скажам, з Сяргеем або з Сенем. 3 Верай можна было гаварыць пра што хочаш, хоць пра той самы кран, і яна ўважліва слухала, рабіла заўвагі. Не выпадкова, што Косця загаварыў пра справы ў брыгадзе. Косцю непакоіла сённяшняя няўдача. Вера лічыла, што ў здарэнні з Кацубам вінавата ўся брыгада.

— Ты, Косця, глыбей глядзі,— гаварыла Вера.— Час ідзе, а што мы паспелі ажыццявіць з задуманага? Нічога. Няма моцнай дружбы ў нас.

— Адразу нічога не зробіш.

— Само таксама не зробіцца. За дружбу трэба змагацца. А ў нас? Гаварылі, гаварылі, а па-ранейшаму, як змену скончылі, хто куды: адзін у клуб, другі ў буфет. Нешта такое трэба прыдумаць, каб у нас агульныя інтарэсы былі і пасля работы. Скажам, вучоба.

— Хлопцы пойдуць у вячэрнюю школу, але гэта восенню.

— То можа цяпер ужо рыхтавацца час? Я пра Сеню думаю. 3 ім, напэўна, трэба пазаймацца, каб мог у сёмы клас пайсці. Усё год выйграе.

— А праўда, Сяргей усё роўна ў тэхнікум рыхтуецца, папросім памагчы заадно.

— Бачыш? Але гэта не ўсё. Я вось што думаю. Многа ў нас вольнага часу. Давайце разам у кіно хадзіць, на лекцыі, на спектаклі, калі артысты прыязджаюць. Вось паглядзі.— Вера выцягнула з шуфлядкі стала ліст паперы, падала Косцю.— Растлумачыць? Я прыкінула, што мы свой культфонд можам стварыць. 3 палучкі па колькі там рублёў... Галоўнае, што разам хадзіць будзем. Пасля і абмеркаваць, што ўбачым, можна і паспрачацца.

— Разумніца ты, Вера, — не ўтрымаўся, каб не пахваліць Косця.

Ён ішоў па пасёлку, дзе хадзіў не аднойчы, і думаў: чаму Марынка не падобна на Веру, такую моцную, сур’ёзную. Але як бы здзівіўся Косця, калі б хто яму сказаў, што ў гэты самы час Вера стаіць ля акна і кончыкамі косаў стараецца выцерці слёзы.

Так, моцная, сур’ёзная Вера, якой звычайна зайздросцілі сяброўкі, думала пра сваё жыццё і плакала. Што ж, сэрца застаецца сэрцам нават у моцных дзяўчат. I калі не ўдаецца каханне, яны плачуць гэтак жа, як і тыя, каго лічаць слабымі...

...Бадай кожная школа — сельская ці гарадская, малая або вялікая, узорная ці непрыкметная — тым не менш з’яўляецца родным домам для падлетка. Там — настаўнікі, важатыя, таварышы. Там — кнігі з героямі, якія палюбіліся, на якіх хочацца быць падобным. Там — цікавыя зборы, гульні, паходы.

Для Веры школа стала домам, прынамсі з таго часу, калі яна навучылася крытычна ставіцца і да свайго жыцця і да жыцця іншых. Маці з яе абмежаванымі інтарэсамі, якія не ішлі далей зарплаты мужа, мэблі ў хаце і модных сукенак, перастала раптам быць для яе аўтарытэтам. Яна ўжо не раілася з ёю, не дзялілася думкамі, таямніцамі. Заставаўся бацька, якога Вера любіла, да якога цягнулася. Бацька быў будаўніком, адным з тых, хто ўзводзіў фабрыкі, заводы, гарады, і гэта выклікала ў Веры гонар. Будаўніцтва — гэта ж нешта вунь якое вялікае!.. Так паступова ўмацавалася думка аб яе прызванні. Быць толькі будаўніком. Дзе? Ці мае гэта значэнне? Уперадзе яшчэ школа, інстытут...

Школа была скончана, з інстытутам не атрымалася. Але Вера гаварыла няпраўду, калі тлумачыла, што прыехала на Палессе за бацькамі. Для яе гэта быў проста шчаслівы выпадак.

На летнія канікулы група вучняў іх дзевятага класа пайшла ў турысцкі паход па рэках Палесся, па месцах колішніх партызанскіх лагераў. Юнакам і дзяўчатам, якія ведалі пра вайну толькі з кніг або расказаў старэйшых, хацелася пабачыць легендарныя мясціны, пахадзіць па партызанскіх сцежках і можа хоць на хвіліну адчуць суровы подых таго часу.

Вера таксама была ў паходзе. Яна бачыла акопы, зямлянкі і сцежку, па якой у дні блакады выслізнулі з вогненнага кола партызаны, што стаялі лагерам у Забярозаўскай пушчы. Вера крыху адстала ад таварышаў, хадзіла адна. Здавалася, што так ёй не будуць перашкаджаць глядзець, думаць. Яна ледзь не прагледзела галоўнае — сціплы слупок з чырвонай зорачкай. Вера пачула, як праваднік расказваў:

— Праз гэтае балота адыходзіў апошні атрад. Але немцы здагадаліся, што недзе, відаць, ёсць выхад і зрабілі спробу апярэдзіць нас. Нешматлікія нашы заслоны былі змяты. Заставаўся адзін толькі кулямёт, вось якраз на гэтым месцы. Пазіцыя зручная, бачыце, лагер, у які ўварваліся тады немцы, увесь перад вамі. I раптам кулямёт сціх. Паранены кулямётчык спрабаваў быў падняць галаву, дацягнуцца да гашэткі, але новая куля абарвала яго жыццё. Мы разгубіліся, і тады з калоны кінулася да кулямёта наша санітарка. Як яе прозвішча, пэўна ведалі ў штабе. Мы ж называлі яе проста Вера. Атрад быў выратаваны.

— А Вера?

— Вера загінула... Вось тут.

Доўга пасля сніла Вера Кіеня тую палескую палянку з магілай.

Сніла палянку і бярозку, якую яна пасадзіла пасля цішком побач з магілай. I ніхто не ведаў, што тады Вера дала клятву і сабе і той партызанцы: быць падобнай на яе.


XI

Выпадковая рэпліка Клубовіча падала Банжыну дікавую ідэю. Магутны саракатонны вежавы кран мае вышыню добрых сорак метраў. Але, як і кожны кран такога тыпу, ён разборны. Гэта значыць, што пры ўстаноўцы на новым месцы яго трэба кожны раз зноў збіраць. I вось гэта аказваецца самым складаным. Бо чым вышэй узнімаецца кран, тым больш цяжка прыходзіцца мантажнікам. Тое, што на зямлі можа зрабіць больш-менш кваліфікаваны слесар, на вышыні пятага ці шостага паверха пад сілу толькі віртуозу-мантажніку.

Ледзь не да світання прасядзеў Банжын ля свайго рабочага стала, прыкідваючы, як найлепш арганізаваць мантаж. Яму было ясна, што толькі зборка вузлоў і буйных дэталей на зямлі паможа выйграць час. Але як падняць іх пасля наверх? Якая дапусцімая мяжа вагі такой узбуйненай канструкцыі? На гэта ніхто яму пакуль не мог даць адказу: такім спосабам кранаў яшчэ не збіралі, трэба было самому думаць, рыхтавацца да адказнасці, бо без рызыкі тут абысціся нельга.

За сценкай у суседзяў заплакала дзіцё. Банжын схамянуўся, зірнуў на гадзіннік. Тры гадзіны. На ўсходзе пабялела неба. Пачынаўся дзень, поўны і ранейшых клопатаў, і новых, якія ён, Банжын, возьме на сябе пасля сённяшняй бяссоннай ночы.

Ад доўгага сядзення цела зрабілася чужое, непаслухмянае. Банжын выйшаў на балкон. Гарадок яшчэ спаў, аднак жыццё на будаўнічых пляцоўках не спынялася і ўначы. Ярка свяцілі ліхтары, мігалі зялёныя маланкі электразваркі, недзе ля склада крычаў манеўровы паравоз. Усё навокал было прывычнае, роднае.

А зара разгаралася. Дзень уваходзіў у свае правы. Што прынясе ён? Як сустрэне праект Кіеня? Пакуль у Банжына не было падстаў скардзіцца на галоўнага інжынера. Адносіны паміж імі былі дзелавыя, у сур’ёзных выпадках Кіеня заўсёды яго падтрымліваў. Але разам з тым сумесная работа не здружыла іх, не надала іх адносінам неабходнай у такіх выпадках цеплыні і прыязнасці. Таму Банжын і непакоіўся, хваляваўся.

Нечая постаць мільганула ўнізе, на тратуары. Банжыну здалося, што гэта Клубовіч. Падумалася, вяртаецца хлопец са спаткання. Ад каго? Ці не ад той шэравокай, пра якую яны ўчора гаварылі? Дзівак, чаго саромецца свайго кахання? Банжын пастараўся ўявіць сабе Марынку і, калі гэта ўдалося, адчуў на сэрцы лёгкі смутак. А можа те быў смутак толькі ад неўладкаванасці яго асабістага жыцця?..

На работу Банжын з’явіўся рана. Кіеня, аднак, прыйшоў яшчэ раней. Банжын далажыў, што было зроблена напярэдадні, расказаў планы на бягучы дзень. Кіеня слухаў, але, здавалася, яго думкі былі далёка. Ён так і не дачакаўся канца даклада, перабіў:

— Нешта вы не хваліцеся самым галоўным?

Пытанне здзівіла Банжына: адкуль Кіеня ўжо ведае? Але ён разгарнуў папку, што прынёс з дому, і падаў яе галоўнаму інжынеру. Той таропка прагледзеў разлікі, неспадзявана чмыхнуў:

— Вам не падабаецца? — насцярожыўся Банжын.

— Падабацца ці не падабацца можа дзяўчына. А гэта — інжынерныя разлікі. Іх можна або адобрыць або забракаваць.

— I...

— Ні першае, ні другое. Рашэнне арыгінальнае, паверце майму вопыту. Гэта не камплімент.

— Значыць, прыменім?..

— Пазнаю моладзь... — Кіеня, не спяшаючыся, зняў акуляры, працёр шкельцы хустачкай і толькі тады растлумачыў: — Мы павінны дэталёва вывучаць усе «за» і «супраць», правесці зксперыменты і толькі тады, паўтараю, толькі тады даваць заданні мантажнікам. Мы не маем права рызыкаваць адзіным кранам. Нарэшце, і для людзей эксперыменты небяспечныя. Што мы будзем рабіць, калі некалькі тон жалеза абарвецца і зваліцца нам на галовы?

— Рыгор Карпавіч, але нас падпіраюць тэрміны. Электрастанцыю ж трэба будаваць, — сказаў Банжын, забыўшыся, што амаль гэтак жа сама нядаўна гаварыў ім Лядкоў.

Але Кіеня не забыўся, чые гэта словы.

— Вы таксама інжынер і таксама ведаеце, што тэрміны складаюцца не толькі з нашага крана. Можна будзе нагнаць некаторы час, калі пачнем ставіцькорпус, агрэгаты. У нас наперадзе, да пуску станцыі на поўную магутнасць, тры гады. Тры гады!

— А колькі да пуску першай турбіны? Восем месяцаў!

— Што-небудзь прыдумаем. Я ніколі загадзя не задумваўся, а заўсёды, калі пачыналася работа, знаходзіў рашэнне, Спадзяюся, што мае мазгі яшчэ не высахлі.

— Рыгор Карпавіч, вы ведаеце, што такое чартапышча? — нечакана спытаўся Банжын.

— У нас сур’ёзная размова, Алесь Антонавіч,— здзівіўся Кіеня.

— А я сур’ёзна пытаюся. Чартапышча — гэта тое месца, дзе мы з вамі электрастанцыю будуем. Так яго называлі раней: тут былі непраходныя лес ды балота. Уяўляеце, якую перамену мы прынеслі сюды, як людзі чакаюць нашай станцыі. Нядаўна мне давялося пабываць у суседніх вёсках. Толькі і гаворкі, што хутка электрычнасць будзе. Маторы ўжо людзі купілі, праводку зрабілі. Уяўляеце, Рыгор Карпавіч, пройдзе восем месяцаў, усяго восем месяцаў, і гэты некалі глухі багністы куток...

— Вы — інжынер, які займаецца канкрэтнымі, вытворчымі пытаннямі. Розныя там паэтычныя параўнанні патрэбны вам, прабачце, як рыбе парасон.

Кіеня не мог дараваць «чартапышча».

— Рыгор Карпавіч! — ускочыў Банжын.— Лічыце, што разлікі я падаў вам афіцыйна. Калі ласка, паклапаціцеся даць мне афіцыйны адказ. I не праз два тыдні, а сёння. Інакш я пайду ў партком.

— Вось яна, ваша ўдзячнасць,— апусціў вочы за акулярамі Кіеня.— Ледзь тэхнічная спрэчка пачала складвацца не ў вашу карысць — адразу пагрозы. Дзякуй, малады чалавек, дзякуй...

Кіеня абмяк, апатычна пацягнуўся за папкай. Схаваўшы яе ў шуфляду, паабяцаў хутка даць адказ. Ён не затрымліваў Банжына. Яму аднаму хацелася падумаць, асэнсаваць, што ўсё-такі здарылася, чаму ён нечакана для самога сябе хваравіта сустрэў гэту ўрэшце можа і добрую навіну.

Пры ўсіх сваіх недахопах Рыгор Карпавіч меў адну станоўчую рысу: ніколі не хлусіў самому сабе, заўсёды дашукваўся прычыны сваіх паводзін. Так было раней, калі ён толькі пачынаў свой працоўны шлях. Так вялося і цяпер. Толькі цяпер ён мог часам і пакрывіць душой перад кім-небудзь, калі лічыў, што такім чынам для сябе будзе лягчэй. Што выклікала такую перамену?

Малады Рыгор Карпавіч не ўмеў зайздросціць людзям. Ён быў дужы, поўны надзей, верыў у сваё. Тады ён радаваўся і кожнай удачы сваіх таварышаў. Міналі гады. Сталеў Рыгор Карпавіч, адчуваючы, што многія мары маладосді так ніколі і не здзейсняцца. Ён кіраваў, вырашаў, падпраўляў. Чужая слава амаль заўсёды закранала яго аўтарытэт. Гэта было не тое, да чаго ён імкнуўся, але гэта ў нейкай меры задавальняла яго. Ён яшчэ часам любіў пры выпадку сказаць: мы таксама маглі б вынаходніцтвам займацца, шматзначна намякаючы на сваю занятасць. Але сам ён добра разумеў, што ўжо ніякага вынаходніцтва не зробіць.

Колькі разоў Банжын прыходзіў да яго!.. Варта было падтрымаць тады Банжына, хоць на словах выказаць жаданне шукаць новае, як усё было б інакш. Банжын не змог бы весці разлікі без яго.

Рыгор Карпавіч выцягнуў папку Банжына, зноў перагарнуў паперы, сям-там панаставіў чырвоным алоўкам птушак. Не, відаць, добра, што не падтрымаў. Банжын думае раму партала, на якой будуць стаяць і вежа, і электраматоры-рухавікі, падняць наверх у гатовым выглядзе. А пад’ёмнік абавязкова перакуліцца. Рама цяжэйшая — перацягне. Тады аварыя, тады адказнасць. Не! Праз гэтую ж чортаву адказнасць і апынуўся ён тут, былы галоўны інжынер трэста. А за кран могуць так даць па шапцы, што не ачуняеш ужо...


XII

Без дазволу Кіені змяненні ў парадак мантажа крана ўносіць было нельга. А на яго дазвол Банжын перастаў спадзявацца. Каб хутчэй бег час, ён застаўся на рабочай пляцоўцы, памагаў мантажнікам, баючыся, што неўзабаве рабочы дзень скончыцца і ён застанецца сам-насам са сваімі думкамі.

Але змена скончыла працу, апусцела на некаторы час пляцоўка. Банжын выйшаў за рабочымі, прайшоў па гарадку, завярнуў да Косці ў інтэрнат. Там было пуста. I тут Банжыну ўспомнілася Косцева просьба.

У клубе Банжын бываў рэдка, толькі хіба на ўрачыстасцях, калі мог сустрэць сяброў і знаёмых свайго ўзросту. У іншыя дні, пабыўшы там гадзіну-другую, абавязкова пачынаў сумаваць. Карцела весяліцца разам з моладдзю і не ставала адвагі на гэта. Ён ужо не лічыў сябе маладым. У свае дваццаць сем год ён быў, безумоўна, старэй ад большасці юнакоў і дзяўчат, якія працавалі разам з ім на будоўлі. Ягоная маладосць, здавалася яму, засталася ў інстытуце, а ў самастойнае жыццё ўступіў не па гадах сталым. Усё гэта высветлілася ў самы апошні момант, калі яму ўручылі дыплом інжынера-энергетыка.

Пяцікурснікі энергафака былі ўпэўнены, што раней чым атрымаюць дыпломы, згуляюць вяселле Алеся Банжына: такое доўгае сяброўства было ў яго з дзяўчынай, якая вучылася на курс ніжэй. Дзяўчына была харошая, не адзін уздыхаў, гледзячы на яе. Але і Банжын быў не кепскі. Праўда, не такі прыгожы, затое жартаўнік, весялун, які не дасць сумаваць у кампаніі нікому. А як ён іграў на піяніна! Дзяўчатам Банжын падабаўся. Здавалася, дзяўчына кахае Банжына. Прынамсі, так лічылі ўсе знаёмыя. Не лічыў толькі так сам Алесь.

Ён ніколі не гаварыў дзяўчыне пра свае пачуцці, нават не пацалаваў яе. Нейкае прадчуванне не дазваляла адважыцца на гэта. Думалася, што нарэшце прыйдзе той дзень, калі ён зможа сказаць усё патрэбнае.

Той дзень, аднак, на прыходзіў. Алесь чакаў бы яшчэ, каб не дыплом і накіраванне на работу на Урал. Ён адважыўся на размову. Яна была кароткая і зусім недарэчная. Яны рассталіся, а праз год дзяўчына выйшла замуж.

Незнаёмыя мясціны, цікавая работа прыцішылі пачуцці. Аддаючы ўсю ўвагу адной рабоце, ён нібы абмінаў сваю маладосць, не здагадваючыся, што яна яшчэ возьме некалі сваё.

Каб у Алеся хто спытаў, чаму ён сёння прыйшоў у клуб, ён, бадай, не здолеў бы растлумачыць. Сказаў бы, напэўна, што не сядзіцца дома, бо рабіць няма чаго і няма сілы ў адзіноце чакаць рашэння Кіені. Гэта была праўда, аднак няпоўная. Сёння яму раптам захацелася выканаць Косцеву просьбу. А захацелася пасля таго, як выпадкова сустрэў тую самую спявачку. Але пра гэта Банжын стараўся не думаць.

Ён прыйшоў рана і быў нават задаволены, што яшчэ нікога ў клубе няма. Загадчык адчыніў яму дзверы на сцэну, дзе стаяла піяніна. Банжын захваляваўся, міжволі паскорыў крокі і крыху супакоіўся толькі тады, калі, сеўшы, паклаў рукі на клавішы, калі першыя гукі парушылі цішыню пустой залы.

Банжын любіў музыку. Праз хвіліну ён ужо забыўся на ўсе нягоды. Музыка перанесла яго ў нейкі фантастычны свет, далёкі ад усяго таго, што трывожыла хвіліну назад. Яму раптам успомнілася першае каханне, дзяўчына, якая ўмела быць, калі хацела, чулай і ласкавай, успомніліся да дробязей няўдачы, прыезд сюды. I раптам ён адчуў, што ў душы нібыта зноў нараджаецца жыццё. Што гэта магло б значыць?

— Алесь Антонавіч!

Банжын уздрыгнуў. Хто б то мог быць? Ён павярнуўся і нават устаў ад нечаканасці. Перад ім стаяла Марынка.

— Я перашкодзіла вам?

— Ды не. Я ж прыйшоў дзеля вас.

— Дзякую,— Марынка апусціла вочы.

Банжыну зрабілася няёмка.

— Што вам сыграпь?

— Калі можна, не трэба сёння, я не змагу спяваць.

— А ў мяне вольны вечар.

— Тады, прашу вас, іграйце. Мне так падабалася.

— Праўда?

Марынка не хлусіла.

Музыка сапраўды нечым уразіла яе, і Банжын зразумеў гэта. Ён зноў павярнуўся да піяніна. Узяў адзін акорд, другі. Хацелася сыграць нешта незвычайнае, узнёслае і радаснае, але ў залу сталі заходзіць людзі.

Пачаліся заняткі спевакоў. Акампаніраваў ім баяніст. Юнакоў і дзяўчат было многа, кожны займаўся сваім і ніхто не звяртаў увагі на Банжына. А таму гэта і трэба было. Аглядваючы залу, ён міжволі спыняў позірк на Марынцы. Яна, здавалася, не заўважала яго, стаяла строгая, задумлівая, час ад часу шэпчучы нешта сваёй суседцы. I толькі адзін раз паглядзела ў яго бок — пільным, доўгім позіркам.

Банжын непрыкметна выйшаў.

Цёплы ліпеньскі вечар вабіў кудысьці далёка-далёка, нашэптваў нешта таямнічае. Банжын спыніўся ля выхаду. Злева чулася гаманлівае жыццё галоўнай вуліцы. Звычайна ён любіў пахадзіць там увечары, палюбавацца на яркія агні ліхтароў. Яго заўсёды трохі здзіўляла, што моладзь, якая ў большасці гуляла тут, амаль перастала ўжо заўважаць гэта незвычайнае, што зусім нядаўна ўпісалася ў будаўнічы пейзаж.

Але сёння яму ўпершыню не захацелася на людзі. Ён збочыў за клуб, дзе ледзь угадваліся ў цемры абрысы будучага стадыёна. Ён і тут ведаў кожную сцяжынку сярод наваленай цэглы, штабялёў цёсу і выкапаных ям.

У левым сектары ўжо былі гатовы трыбуны. Банжын дабраўся да іх, узлез на самы верх і сеў на белую не пафарбаваную яшчэ лаўку. Адгэтуль панарама гарадка здавалася нібы шырэйшай. Недзе там, ля Беразіны, што адбівалася агеньчыкамі пасёлка, быў яго дом. Халасцяцкі пакой, пусты, па-роднаму прывычны, цяпер здаўся яму чужым. Банжын ужо не мог зразумець, як гэта ён цэлы год не заўважаў свайго адзіноцтва.


XIII

Косця хутчэй адчуў, чым заўважыў нешта новае ў паводзінах Марынкі. Раніцай на мантажную пляцоўку заглянуў Банжын. Ён вітаўся з рабочымі, гутарыў. Прывітаўся і з Марынкай, відаць, пры гэтым пажартаваўшы, бо дзяўчына ўсміхнулася ў адказ. Яна смяялася часта, ніхто на гэта нават увагі не звярнуў. Ніхто, акрамя Косці. Ён адзін прыкмеціў, як раптам імгненна запалымнелі яе шчокі, як засвяціліся вочы.

Неўзабаве Банжын падышоў і да Косці. I тут інжынер, які заўсёды быў з ім шчыры, ветлівы, раптам адвёў позірк. Што магло здарыцца?

— Клубовіч, зайдзіце да мяне.

Такі зварот яшчэ больш збянтэжыў Косцю. Аднак размова, што неўзабаве адбылася паміж імі, на некаторы час развеяла яго падазронасць. Банжын падрабязна расказаў, як думае манціраваць кран узбуйненымі вузламі.

Слухаючы Банжына, Косця ківаў галавой, паказваючы, што ўсё разумее. Ён толькі яшчэ не ўяўляў сабе, чаму Банжын расказвае гэта яму аднаму, а не ўсім брыгадзірам.

— Бачыш, якая справа,— нібы згадаўшы Косцевы думкі, сказаў Банжын,— раптам можа аварыя здарыцца, Таму, бадай, лепш за ўсё буйныя вузлы ў нядзелю падымаць. Вось я і спадзяюся на тваю брыгаду.

— А калі Кіеня не зацвердзіць?

— То мы, мажліва,— Банжын усміхнуўся,— яму на практыцы дакажам, калі што якое.

Такі кірунак справы Косцю спадабаўся. Тут табе і таямнічасць, і рызыка, і ні з чым непараўнанае пачуццё першай сур’ёзнай адказнасці, якая раптам ляжа на твае плечы.

— Будзе зроблена!

— Але каб не перашкаджала планавай рабоце, — папярэдзіў Банжын.

— Вядома,— Косцю здавалася, што цяпер хопіць сіл зрабіць нешта самае цяжкае, самае вялікае.

...Сяргей выканаў абяцанне: узяў шэфства над Кацубам. Міхась з таго часу стаў яго падручным. Але гэта мала што змяніла. На работу Кацуба выходзіў, а працаваў як хацеў: калі работа аж кіпела ў ягоных руках, а калі ён соваўся з месца на месца, як сонны. Так было і сёння.

Гэта засмуціла Косцю. Ён быў упэўнены, што ніхто з яго брыгады не адмовіцца ад прапанаванай Банжыным работы. Вось толькі Кацуба... Ён адзін можа падвесці брыгаду. Каб гэтага не здарылася, з ім трэба нешта рабіць. А што?

Гэтае пытанне Косця задаваў сабе не адзін раз да канца змены, але адказу знайсці не мог. Сам тут рады не дасі. Трэба будзе параіцца з Сяргеем. I з Верай. Дзяўчына, здаецца, з паўслова разумее. Добрыя ж у яго сябры. I Сяргей, і Вера і... Марынка. Так, Марынка, любая, каханая. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Яна, седзячы на перакладзіне, прыкручвала вялікім ключом мацавальную гайку, зусім не зважаючы на вышыню. Косця хацеў быў крыкнуць, каб асцерагалася, але залюбаваўся і доўга потым не мог адвесці ад яе вачэй. Нейкая была яна цяпер не падобная на звычайную Марынку, скаваную, асцярожную. Яна, мусіць, не здагадваецца, колькі ягоных думак прызначана ёй. А сказаць аб гэтым — боязна, раптам пакрыўдзіцца і не будзе нават тых рэдкіх хвілін, калі Марынка па-сапраўднаму здаецца родным і блізкім чалавекам. Як хораша ў яго тады на душы! У такія хвіліны адлятаюць прэч усе сумненні, уяўляецца, што і яна, Марынка, любіць яго. Не, не можа быць, каб ён быў для яе абыякавы. Калі не каханне, то ва ўсякім выпадку прыязнасць ёсць.

Пасля работы Косця падышоў да Марынкі.

— I не надакучыў табе Кацуба? — занятая чымсьці сваім, спытала раптам Марынка.

— Як ты не разумееш!..— голас у Косці раптам задрыжаў: ён жа так спадзяваўся на яе.

Затое і Сяргей і Вера падтрымалі Косцю. Разам яны прыйшлі да думкі, што Кацубу нечым трэба зацікавіць.

— А што з паруснікам? — запыталася Вера.— Няўжо Міхась не захапіўся?

— Цягаў яго разы са два,— адказаў Сяргей,— а цікавасці не праяўляе. Не марская душа ў яго.

— Акрамя мора, ты хоць пра што-небудзь думаеш? — папракнула Марынка.— Кацуба далёка не да ўсяго абыякавы. Франт ён, во хто!

— Нічога,— абняў дзяўчат Сяргей.— Будзе і на крапіву мароз. Адолеем Кацубу.

— Даўно абяцаеш, час адолець,— выслізнула з-пад яго рук Марынка,— а ў мяне сваіх клопатаў нямала.

— Але ж з тваёй прыгажосцю... — Сяргей аж прыцмокнуў.

— Мая прыгажосць другому прызначана, — гулліва адказала Марынка і ўжо да Косці: — Правядзі мяне да клуба.

— Круціць хлопцу галаву,— раздумліва сказаў Сяргей, калі яны з Верай засталіся ўдваіх. Вера нічога не адказала. Так яны пастаялі некалькі хвілін моўчкі, не ведаючы, як прадаўжаць размову і не рашаючыся разысціся.

— Глядзі,— раптам ажывілася Вера.— Кацуба бяжыць.

— Нішто, — усміхнуўся Сяргей.

— Не, ты толькі паглядзі, як бяжыць!

Нічога незвычайнага ў тым, што два хлопцы беглі навыперадкі, не было. Але спрактыкаванае Верына вока заўважыла незвычайную лёгкасць, з якой Кацуба апярэдзіў другога хлопца.

— Вось каму бегаць,— шчыра пазайздросціла Вера,— давай яго на стадыён зацягнем!

Сяргей з сумненнем паківаў галавой. У свой час ён думаў Міхася спакусіць лодкай. А ці атрымалася?

Пазней уся брыгада, акрамя Марынкі, сабралася разам. Сяргей з Верай паспелі шапнуць Косцю пра сваю ідэю, і той ухваліў. Але збор быў па іншай прычыне. Косця хацеў расказаць пра просьбу Банжына. Пярэчанняў не было. Толькі Кацуба недаверліва пацікавіўся:

— Няўжо можа ўпасці?

— Можа,— коратка пацвердзіў Косця, паказваючы гэтым, што тут не да жартаў.

— Тады пойдзем,— гэтак жа сур’ёзна згадзіўся Міхась.

Косця ўзяў ліст чыстай паперы і алоўкам накідаў просты чарцёж крана, разбіўшы яго на асобныя вузлы.

— Бачыце, што атрымліваецца? Як па тэхналогіі, то трэба манціраваць вежу, а потым ужо ўстанаўліваць верхнюю раму партала. Чаму? Ды таму, што вежа, якая спачатку стаіць на зямлі, памагае манціраваць пляцоўку партала. Алесь жа Антонавіч мяркуе і раму, і ніжнюю частку вежы манціраваць недзе побач. А тады ўжо ў гатовым выглядзе падымаць і ўстанаўліваць наверсе.

— Зусім проста,— расчаравана прамовіў Сеня Варывончык.

— Гэтак і я падумаў быў,— паківаў галавой Косця.— На справе інакш. Проста, ды не зусім. Проста збіраць вузел на зямлі, а як яго падняць на вышыню? Уяўляеце, калі такая цацка зваліцца? I яшчэ. Замацоўваць такія буйныя вузлы — таксама справа складаная... Спрыт трэба мець.

— То ўжо табе з Сяргеем прыдзецца мацаваць,— зноў перабіў Косцю Сеня.

— Многа мы ўдваіх наробім...— Сяргей узяў з Косцевых рук паперу і аловак.— Трэба, каб большасць з нас магла ў любых умовах працаваць. Я вось што думаю.— Ён абвёў вачьша хлопцаў і пачаў пісаць:— 3 заўтрашняга дня прэч усё пабочнае: лодку — раз, кіно — два, танцулькі — тры. Так, так, і нават кніжкі,— заўважыўшы грымасу на Верыным твары, дадаў Сяргей.— Часова, вядома. Будзем вучыцца мантажу ўсе.

Косця быў падумаў, што цяпер зусім не будзе часу пабыць з Марынкай, але пярэчыць Сяргею не адважыўся.

— А як з Кацубам? — тузанула Вера Косцю за рукаў, калі хлопцы пачалі разыходзіцца. — Заўтра не будзе часу.

— Ой, забыўся,— схамянуўся Косця і закрычаў Кацубу наўздагон:— Міхась, ты куды?

— Сам не ведаю,— пазяхнуў той.

— Можа з намі на стадыён? — паказаў Косця на Веру і Сяргея.

— А што мне там рабіць?

— Бачыла, як ты бегаеш,— сказала Вера.

— Ну...

— А я цябе пераганю.

— Ты-ы? Падумаеш, рэкардсменка. Я ўсё-ткі хлопец.— Міхась змераў яе позіркам. Дзяўчына была на галаву ніжэй за доўгага Міхася. I яна пагражае абагнаць? — Ану пойдзем. Гэта табе не на спаборніцтвы ў Гомель ездзіць.

Самаўпэўненасць Веры закранула Міхася за жывое. Адно было непрыемна, што сведкамі іх незвычайнага спаборніцтва будуць усе, хто цяпер знаходзіцца на стадыёне.

Ім пашанцавала. Лёгкаатлеты ўжо скончылі заняткі, і бегавыя дарожкі былі пустыя. Затое ў сектарах было многа юнакоў і дзяўчат.

— Ты будзеш за суддзю на фінішы,— скамандавала Вера Косцю,— а Сяргей — на старце. Бяжым стомятроўку. Згодзен?

— Хоць кіламетр.

— Спартсмен скажа: «тысячу метраў», цемната! — паправіла Вера.

Іх падрыхтоўку заўважылі. Моладзь перастала займацца і чакала, што ўрэшце адбудзецца. Уголас выказвала свае меркаванні і сімпатыі. Веры гэта падабалася, Кацубу — злавала.

— Бяжым, ці што? — не вытрымаў ён.

— Давай,— Вера клікнула Сяргея: — Пачнем.

— Раз, два... — пачаў лічыць Сяргей.

Вера прыгнулася, гатовая імкліва сарвацца з месца. Міхась стаяў роўна, таксама з нецярпеннем чакаючы сігналу.

— Тры!

Пад крыкі і свіст Вера адразу вырвалася наперад. Для яе цяпер не існавала тут нічога, акрамя Косці з узнятай рукой і тупату ззаду. Міхась жа, убачыўшы Верыну спіну, узлаваўся не на жарты. Ён не мог дазволіць сабе аскандаліцца перад столькімі гледачамі. Тады людзі гаварылі б: гэта не той Кацуба, у якога малпа на гальштуку, а той, якога перагнала Вера Кіеня.

Міхась напружыў усе сілы. На якоесьці імгненне яму ўдалося зраўняцца з дзяўчынай, але яна матнула галавой і апынулася зноў наперадзе. Так першай яна і прыйшла да фінішу. Пануры Міхась вяртаўся да таго месца, дзе пакінуў пінжак. Таму недаўменна ўзняў галаву, калі нехта затрымаў яго за руку.

— А ты будзеш бегаць, — сказаў незнаёмы.

— А вы хто такі? — груба спытаўся Міхась.

— Трэнер. Хочаш займацца?

Міхась пачакаў для выгляду некаторы час і згадзіўся.

— Прыходзь да нас у секцыю. Задаткі ў цябе добрыя, — прапанаваў трэнер.


XIV

Бацька ад’язджаў у камандзіроўку. Вера прыслухоўвалася да ягоных збораў і пачуццё, што яна нечага важнага не зрабіла, што вінавата перад бацькам, мацнела з кожнай хвілінай. Ці ведае ён, што Банжын рашыў усё-ткі манціраваць кран па-свойму? Ці ведае, што і яна, яго дачка, будзе памагаць Банжыну?

Вера з маленства прывыкла верыць бацьку. Дык што здарылася цяпер, чаму раптам пахіснулася ўпэўненасць у бацькавай праўдзе? А раптам памыляецца не ён, а Банжын? I Вера пайшла да бацькі.

Выслухаўшы дачку, Рыгор Карпавіч задумаўся. Яго не трывожыў Банжын. Ён чалавек дысцыплінаваны і без дазволу наўрад ці пачне мантаж па-свойму. Хутчэй за ўсё Банжын падрыхтуецца як след і паспрабуе яшчэ раз атакаваць і яго, і кіраўнікоў будаўніцтва. Але расказ дачкі тым не менш занепакоіў Рыгора Карпавіча. Як хутка Банжыну ўдалося знайсці прыхільнікаў. Нават Вера, радавая мантажніца, і тая ўпэўнена, што задума Банжына — адзіны правільны выхад. Моладзь, моладзь... Няўжо і ён быў некалі такім гарачым, няўрымслівым, якому ўсё здаецца простым і ясным?

— Дачка мая, — сумна прамовіў Рыгор Карпавіч, — ты заўсёды разумела мяне. Дык выслухай, што скажу. Мне далёка не семнаццаць. Я не толькі не маю права рызыкаваць, я ведаю, што гэта неажыццявіма. Так мне падказвае мой шматгадовы вопыт.

— Тата... А ты паспрабуй памажы. Ты ж ведаеш, якая будзе выгада.

— Вера! Зразумей толькі правільна. Банжыну яшчэ няма чаго траціць. А я ўжо рызыкнуў раз.

— Ты баішся?

— Так, баюся, — схіліў галаву Рыгор Карпавіч і ў гэты момант успомніў, як некалі даўно ён вучыў малую Веру, што чалавек павінен быць смелы, не баяцца цяжкасцей, калі толькі гэта можа прынесці карысць людзям.

I Веры таксама прыйшло тое на ўспамін. Яна глядзела і дзівілася, як гэта бацька стаў нібы другім чалавекам. Яшчэ не трацячы надзеі, яна спытала:

— Але ў прынцыпе Банжын правільна задумаў? Ты мне скажы, тата.

— Усяму сваё месца. У пэўных умовах, вядома, можна было б зрабіць так, як ён хоча. Але ў нас няма такіх умоў. Чым вы будзеце падымаць, напрыклад, раму?

— У нас ёсць малы кран.

— Які важыць амаль столькі, колькі і ўся рама? Ён не вытрымае цяжару і ці перакуліцца, ці наогул не зрушыць з' месца канструкцыю.

— Рызыка толькі ў гэтым?

— Табе мала?

— Але, — Вера падышла да бацькі, ласкава дакранулася да яго пляча, — каб ты, ты нам памог...

— I не прасі, не, не!

— Тады мы зробім самі!

— Пакуль я галоўны інжынер...

— Ты можаш ім не быць, — не магла стрымацца Вера.

...Бацька паехаў. Вера засталася са сваімі думкамі адна. Было прыкра і крыўдна, што не змагла ўгаварыць бацьку. А як было б добра, каб ён падтрымаў іх. 3 такім вопытам, ведамі ён знайшоў бы спосаб падняць раму, абы толькі захацеў. Але ён якраз, відаць, гэтага не хацеў, больш таго — забараняў. Вельмі цяжка бачыць, што твой бацька зусім не такі, якім уяўляўся табе.

А Рыгор Карпавіч таксама думаў пра сваю размову з дачкой. У думках ён спрачаўся, даказваў сваё, у каторы раз прыкідваў па памяці ход мантажу крана, вагу вузлоў і не мог адважыцца на рызыку. Але ўсё ж перад ад’ездам зайшоў да Банжына.

— Ні вы, ні я адзін аднаго не пераканаем. Давайце зробім так: пакуль я не вярнуся з Мінска, ніякіх самастойных дзеянняў. А то даручылі блазнюкам...

Банжын вымушаны быў з ім згадзіцца. Адно чаго ён дабіўся — гэта дазволу Косцевай брыгадзе рыхтаваць узбуйненыя вузлы.

— А калі ў Мінску не адобраць, — папярэдзіў Кіеня, — такім жа чынам, у нерабочы час паставіце ўсё на сваё месца.

Банжын згадзіўся, упэўнены, што праўда на яго баку.


XV

Аб рашэнні Кіені Банжын паведаміў Косцевай брыгадзе.

— Паспяшайцеся, — папрасіў ён, — каб мы маглі, калі спатрэбіцца, адразу пачаць работу. Так, Вера Рыгораўна? — нечакана звярнуўся Банжын да Веры. У яго быў добры настрой, яму падабалася, што дачка Кіені разам з імі.

— Гэта мне падабаецца, — замест Веры сказаў Кацуба. — Або будзе, або не, як пугаю па вадзе. А мы працуй, вучыся.

— Баішся, што на танцах без цябе не абыдуцца? — запыталася Марынка. Ёй хацелася, каб і на яе звярнуў увагу Банжын.

— Адстала ад жыцця, — зняважліва адвярнуўся Кацуба. — Вера, чым я займаюся? Скажы ёй...

— Бегаць вучыцца, — пацвердзіў Сяргей, — можа на ногі стане.

— I піць меней будзе Міхасёк,— сказала Вера.

Нечакана загаварыў Банжын:

— Маё заданне трэба выконваць так, каб гэта не шкодзіла вашым асноўным планам.

— Для нас кран самае асноўнае, — запярэчыў Косця.

— Ну, калі вы не здолееце арганізаваць работу так, каб яна не шкодзіла адпачынку, прыдзецца даручыць каму іншаму.

— Алесь Антонавіч! — занепакоіліся хлопцы.

— Вось вам і Алесь Антонавіч... Я сказаў праўду. Выбірайце, але каб і на стадыён і на клуб часу хапала.

— Давайце так зробім, — прапанавала Марынка, — кожны дзень пасля работы збярэмся гадзіны на дзве і будзем манціраваць.

Усім спадабалася прапанова, толькі Кацуба нешта чмыхнуў сабе пад нос, ды Вера з цікавасцю зірнула на Марынку.

— Давайце на стадыён, — сказаў Косця.

— Чаго? — здзівілася Марынка.

— Як хочаш, а мы на стадыён...

Рушылі ўсе. Затрымаўся адзін Косця. Ён пакрыўдзіўся. Любое яе жаданне было для яго законам, а ён сёння ўпершыню папрасіў пайсці разам на стадыён, і яна адмовілася.

— Ну, а ты чаму застаўся? Ідзі.

— Расхацелася. Пайду ў клуб.

— Як хочаш...

Такая ж нецярплівая, нервовая была Марынка і ў клубе. 3 Косцем размаўляла рэдка і ўсё азіралася на дзверы, быццам чакала каго. Нарэшце яна выбегла з пакоя. Косця выйшаў следам.

Сумная была іх прагулка. Косця спрабаваў быў загаварыць з Марынкай, развесяліць. Яна або не адказвала, або прасіла адчапіцца. Косця вымушаны быў змоўкнуць.

Толькі ля свайго дома Марынка на хвіліну зрабілася ласкавай і папрасіла:

— Даруй, Косця, я такая нягодная.

Хіба мог ён крыўдзіцца?

Марынка счакала, пакуль схаваўся з вачэй Косця, і зайшла ў кветнік. Села на лавачку. Адкуль яно, гэтае хваляванне? Чаму раптам так хочацца заплакаць? Было сорамна за свае сённяшнія паводзіны, за крыўду на Косцю. Хіба можна вінаваціць чалавека за каханне? Сама вінаватая: хадзіла з ім, усміхалася.

Марынка асцярожна выглянула за агарожу. На вуліцы не было нікога. Яна выбегла за брамку і хутка апынулася ля дома Веры, зазірнула ў акно. Вера, лежачы на ложку, чытала. Марынка асдярожна пастукала ў шыбіну.

Пазнаўшы сяброўку, Вера адчыніла акно. Праз хвіліну Марынка апынулася побач з Верай пад коўдрай.

— Вера, ён любіць мяне?

— Хто? — недаўменна зірнула на Марынку Вера.

Не адказваючы, Марынка гаварыла:

— Іншы раз здаецца, што вось ён той, якому я даражэй за ўсё. Тады мне хочацца нават можа пайсці за яго замуж. А іншы раз не магу бачыць яго.

— Зразумей, калі ты яго не кахаеш...

— Я не ведаю, можа і не кахаю.

— А я ведала б нават, калі б ён маўчаў або ўвесь вечар пра кран расказваў. Усё роўна ведала б.

— Ты іншая справа, — сказала Марынка. — У цябе ўсё ясна ў жыцці.

— Нічога ты, Марыначка, не ведаеш... А яго ты не кахаеш. У сябровак пра гэта не пытаюць.

— Дык што мне рабіць?

Што магла адказаць Вера?


XVI

Недзе ўнізе грукнулі дзверы, зарыпела лесвіца. Косця, адарваўшыся ад чарцяжа, прыслухаўся, спыніўшы тлумачэнні на паўслове. Хлопцы пераглянуліся. Косця апамятаўся, падазрона зірнуў на таварышаў і, перадыхнуўшы, зноў пачаў вадзіць алоўкам:

— Калі вось гэтыя апорныя калоны ўстаноўлены, можна адразу ставіць на іх раму...

Нехта зноў падымаўся па лесвіцы, і Косця зноў прыслухаўся.

— Марынка не прыйдзе, — нібы між іншым сказала Вера, — нагу вывіхнула.

— I ты маўчала? — захваляваўся Косця.

— Ат, нічога сур’ёзнага, няма чаго гаварыць .

— Як гэта няма? — абурыўся Косця. — Яна ж член нашай брыгады.

— Міхася таксама няма ўжо другі дзень, — папракнула Вера.

— Дадому паехаў, — кінуў Сяргей, — маці захварэла.

— Ну, хопіць, прадоўжым. Значыць, на чым мы спыніліся? Ага, раму можна падымаць без папярэдняй зборкі ствала.

— Косця, а мы ж можам ужо зрабіць гэта. Калоны ўстаноўлены.

— Пакінь, Сеня, дазволу яшчэ няма. А гэта ж небяспечна, бацька гаварыў.

— Дык ён, Вера, наогул пярэчыць.

— Але слушнае мы павінны ўлічваць, так і Алесь Антонавіч думае.

У гэты час увайшоў Кацуба.

— Ты? — спытаў Косця.

— Я. — Міхась прабраўся да кутка, дзе стаяў ягоны ложак. Яму менш за ўсё хацелася трапляць цяпер на вочы хлопцам. Але да яго падышоў Сяргей.

— Як маці?

— Што? — Міхась недаўменна зірнуў на Сяргея. — А-а!.. Нішто, лепш.

— А цяпер давайце ўсё-ткі займацца, а то мы цэлы вечар страцім, — каторы раз схіляўся Косця над чарцяжом.— Міхась, ідзі сюды.

Міхась падсеў да стала, але, задумаўшыся, слухаў няўважліва.

За свае невялікія гады Міхась паспеў ужо і ў калгасе папрацаваць, і ў дэпо, і цяпер вось на будоўлі. Ён не быў з пароды «летуноў», якія ўвесь час шукаюць, дзе даўжэйшы рубель. Проста яго заўсёды вабіла новае, здавалася, што менавіта тут, нарэшце, ён знойдзе самога сябе. Перакананне, што ён яшчэ павінен паказаць сябе, і вадзіла яго з месца на месца.

Дадому ён паехаў з думкай, што не вернецца больш на будоўлю. Ён так расказваў пра сваю брыгаду, што старшыня падумаў і пра яго, як пра аднаго з найлепшых, і прапанаваў пераходзіць у калгас, дзе вельмі патрэбны спецыялісты, якія ведаюць і любяць тэхніку. Не вытрымала сэрца ў Міхася. На будоўлі яго лаялі, а тут, нарэшце, ацанілі. Ён згадзіўся, з крыўдай думаючы: хай цяпер брыгада папрацуе без яго...

Два дні прабыў Міхась у калгасе, прыглядаючыся да работы механізатараў. I вось тады ўзнікла першае сумненне: ці зможа ён стаць тым, каго тут чакаюць? Як спатрэбіліся б калгасу такія спецыялісты, як Косця, Сяргей, Сеня! А ён?..

I ўсё ж не гэта было галоўнае. Кладучыся ўвечары спаць, Міхась раптам адчуў нейкую непрывычную пустэчу. Думкі міжволі перанесліся ў інтэрнат. Хлопцы цяпер, напэўна, усе дома, дзеляцца ўражаннямі, спрачаюцца. Так захацелася зноў у інтэрнат, што Міхась аж заскрыгатаў зубамі. Маці спалохана нахілілася над ім:

— Баліць, сынку?

— Не... — Міхась адвярнуўся да сцяны.

Ён не спаў усю ноч. Чуў, як на досвітку ўстала маці і запаліла ў печы. Чуў, як па вуліцы прайшлі людзі да брыгаднага двара. Трэба было ўставаць. Ён успомніў, што не хапае Сяргеевай каманды, Сяргея ў цяльняшцы, Косці і Сені з вядром і швабрай. «Сёння мая чарга прыбіраць кубрык», — падумаў Міхась, і ўпершыню ў яго варухнулася прыкрае пачуццё.

Ён застаўся яшчэ на дзень. I калі надвячоркам выпадкова апынуўся на калгасным стадыёне, дзе займаліся фізкультурнікі, то зразумеў, што абавязкова вернецца на будоўлю, што ўжо не зможа забыць ні Косцю, які, можа, часам залішне надакучліва стараўся перавыхаваць яго, ні Сяргея з яго любоўю да мінулай марской службы, ні свайго трэнера...

I вось ён зноў сярод сваіх. Яны нават не ведаюць, што адбылося ў ягоным сэрцы за гэтыя два дні. I няхай не ведаюць. Ён нікуды не паедзе адсюль, нікуды. Міхась правёў позіркам па тварах таварышаў, засяроджаных, уважлівых, і нечакана прамовіў:

— Нікуды не паеду...

У другіх абставінах Косця, напэўна, аднёсся б да Міхасёвых слоў інакш, ва ўсякім выпадку пагутарыў бы з хлопцам. Але цяпер яму было не да Кацубы. Цалюткі вечар, праводзячы заняткі з брыгадай, ён думаў толькі пра Марынку. I калі заняткі скончыліся, ён падумаў, што можна праведаць Марынку і, калі трэба, памагчы нечым, яна ж ляжыць з хворай нагой у сваім інтэрнацкім пакоі.

— Няма дома,— сказалі Косцю дзяўчаты, што жылі разам з ёю.

— У бальніцы?— захваляваўся Косця.

— На танцах,— сказала адна з дзяўчат, з жалем пазіраючы на Косцю. Косця паімчаўся на танцавальную пляцоўку. Не адразу ён заўважыў Марынку. Яна была... з Банжыным. Радасная, узбуджаная. «Гэта ўсё»,— зразумеў Косця. Хацелася плакаць, зрабіць нешта такое, каб Марынка пашкадавала, што пакінула яго, Косцю.

Але што? Што? I раптам, як маланка, прамільгнула думка: заўтра нядзеля. Кіеня, калі дазволіць збіраць кран, то толькі ў панядзелак. А заўтра на будаўніцтве нікога не будзе. Нават Банжына. Яны без Банжына і Кіені паспрабуюць самі ўстанавіць раму. Адны хлопцы. Веры і Марынцы — ні слова. Аднак ці згодзяцца хлопцы? Асабліва Сяргей... А ці трэба ім гаварыць праўду? Можна спаслацца на Банжына. А пераможцаў не строга судзяць. Затое слава будзе Косцю.


XVII

«Ля гэтай сасны»... Ён сказаў: «ля гэтай сасны а дзевятай гадзіне раніцы». I вось яна тут. А яго яшчэ няма. Заспаў. Яны ж так позна гулялі. Алесь... Саша... Неяк не прывычна яго так зваць. Падумаць толькі, яшчэ ўчора раніцай для яе ён быў «Алесь Антонавіч», а сёння ўжо Алесь, Саша... Ці асмеліцца яна назваць яго так? Калі нават не асмеліцца, то ў думках усё роўна будзе зваць так. Але чаму ён не ідзе? Ужо дзесятая гадзіна. А раптам не прыйдзе? Не. Ён сам сказаў: «Ля гэтай сасны». Яны так доўга ўчора стаялі тут. «Мне чамусьці сумна ля гэтай сасны,— сказаў ён,— Ведаеш чаму? Адшумелі сосны ў нашым горадзе, саступілі месца ліпам, бярозам. Сосны капрызныя, яны не могуць жыць у горадзе». I ёй таксама ад гэтага стала крыху сумна. А потым, дзівак, спытаў: «Ты не будзеш капрызная?» Яна засмяялася. Як можна быць з ім капрызнай... А ён не ідзе...

Банжын спяшаўся на спатканне і не яго віна, што спазніўся. Яго сустрэў разгневаны Кіеня.

— Гэта самаўпраўства! —закрычаў ён адразу.

Банжын разгублена спыніўся.

— Хто вам дазволіў? Хто? — насядаў Кіеня.

— Не разумею, Рыгор Карпавіч...

— Ах, вы не разумееце? Ну, то хадзем, я вам пакажу, што вы нарабілі... — сказаўшы гэта амаль спакойна, Кіеня зноў не вытрымаў і закрычаў: — Кран! Вы кран ледзь не загубілі!..

А здарылася вось што. Хлопцы згадзіліся выйсці на работу, не зважаючы на выхадны. Працавалі хутка і зладжана. Сеня стаў за кранаўшчыка. Да гатовай рамы падагналі дапаможны кран, падчапілі, павярнулі яе і пачалі падымаць, каб паставіць на калоны.

Косця, бы спрактыкаваны мантажнік-вышыннік, камандаваў: «майна», «віра»...

Рама ішла ўверх. Ужо Сяргей працягнуў рукі, каб ухапіць яе, ужо Косця паставіў нагу на лесвіцу, каб лезці яму на дапамогу, як раптам пачуўся роспачлівы крык Міхася:

— Куляецца!..

Каромысла з рамай парушыла раўнавагу, і пляцоўка цялежкі маленькага крана пачала намервацца стаць на дыбкі. Хвіліна і... катастрофа... Сяргей, не раздумваючы, скочыў з чатырохмятровай вышыні, замахаў Сеню:

— Стой!

Рама спынілася, хістаючыся, быццам у роздуме: вісець ці ляцець уніз.

— Брыгадзір! — тузануў Косцю за нагу Сяргей. — Злазь!

Косця апамятаўся, кінуўся да крана, узлез на цялежку, стараючыся сваёй вагой перавесіць раму. Але гэтага было мала. Кран пагрозліва хістаўся.

— Давайце сюды! — клікаў Косця. — Перацягнем.

Падбеглі хлопцы. Кран хіснуўся раз, другі і замёр. Трэба было нешта рабіць, але яны баяліся паварушыцца, тым больш пакінуць цялежку: хто ведае, колькі грузу трэба для раўнавагі. Так і стаялі, разгублена пазіраючы на раму.

Выручыў Міхась. Крыкнуўшы: «Я зараз», ён кінуўся да гарадка шукаць Банжына, але сутыкнуўся з Кіенем.

Кіеня прыбег напалоханы, трымаючы руку ля сэрца. I толькі ўбачыўшы хлопцаў, якія згрудзіліся на самым крайку пляцоўкі, перавёў дыханне:

— Скульптурная група. Аўтар... Банжын.

Кіеня быў упэўнены, што гэта работа Банжына. Ён бачыў, што ідэя ўзбуйненых канструкцый апраўдалася, але каб хлопцы здагадаліся раней пакласці з дзесятак добрых камянёў, то рама ўжо была б на месцы.

...Калі Кіеня прывёў Банжына да крана, той адразу зразумеў, што адбылося.

— Што за свавольства? — накінуўся ён на хлопцаў.

— А хіба вы...— здзіўлены Сяргей не змог нават дагаварыць.

— Я? Дазволіў? Клубовіч!

Косця маўчаў. Не мог жа ён вось так проста ўзяць і расказаць, чым кіраваўся, калі наважыўся падымаць раму.

— Ну, добра... Пасля пагаворым. Я зараз вярнуся. А работу — спыніць!

— Справы! — сказаў яму ўслед Сяргей і зірнуў на Косцю.

Вера даведалася пра здарэнне ад бацькі.

— Значыць, атрымалася? — спачатку ўзрадавалася яна. Пасля спахмурнела. — Кажаш, Банжын не дазволіў? Што ж з Косцем?

— Не ведаю. А ўсё таму, што не слухалі мяне, калі папярэджваў. Добра, што яшчэ аварыі не было.

— Папярэджваў... — пакрыўдзілася Вера. — Каго? Каб ты хацеў нам памагчы, гэтага не здарылася б. Ты ж ведаў, дзе галоўная небяспека? Ведаў? Што ж цяпер будзе?

— Зноў нагарыць, мабыць знімуць...

Вера пра гзта не думала. Былі ў бацькі няўдачы і раней, але яны неяк абыходзілі Веру. Ды і бацька ніколі не дзяліўся дома сваімі нягодамі. Сёння — упершыню. Ён нібы паставіў Веру побач, як дарослую. Ёй неяк стала шкада яго. Яна на імгненне ўявіла яго не сярод машын і рыштаванняў, як звычайна, а ў іх садзіку ля кветак, дзе ён часам любіў у вольны час пакорпацца, і жахнулася. Адарві бацьку ад прывычнай справы, — змарнее ён, бо і так ужо стаў зусім старэнькі і нейкі бездапаможны.

— Тата, — пачала супакойваць яго Вера. — Ты яшчэ папрацуеш...

— Не заўважыў, як ты вырасла ў мяне, — усміхнуўся Рыгор Карпавіч. — Не шкадуй мяне, я на пенсію пакуль не думаю.

...Косця шмат перажыў за якую гадзіну. Але нават сабе не змог бы цяпер растлумачыць, як гэта ўсё здарылася, як ён надумаўся пайсці на падман таварышаў. I разам з тым яму хацелася некаму адкрыцца, каб аблегчыць душу. Ён не чакаў спачування, бо прывык адказваць за свае ўчынкі.

— Размазня... — толькі і сказала Вера, калі знайшла яго і выслухала споведзь. — Я таксама кахаю аднаго дурня. Ён, між іншым, не здагадваецца. Што, і мне тады краны ламаць?

— Пойдзем у інтэрнат... — памаўчаўшы, сказаў Косця, — нарабіў — буду трымаць адказ перад кім хочаш.

Зноў, зусім як у той нядаўні дзень, амаль уся брыгада сабралася ў іх пакойчыку.

Косця адчыніў дзверы і спыніўся на парозе. Сеня кіўнуў яму галавой, маўляў, хадзі сюды, і прадаўжаў гаварыць:

— У дэпо станцыі Масква-Сартыровачная, дзе некалі адбываліся першыя суботнікі, перадавыя рабочыя дабіваюцца права называцца калектывам камуністычнай працы. Мы таксама маглі паследаваць іх прыкладу. А цяпер?

Косця падняў руку, суцішваючы хлопцаў:

— Я вінаваты. Здымайце мяне з брыгадзіра.

Сяргей спахмурнеў:

— Напалохаўся? У каго ёсць якія меркаванні?

— Хай скажа, чаму пайшоў на падман... — загаманілі хлопцы. Косця, які быў гатовы шчыра павініцца, запнуўся. Не мог ён яшчэ раз схлусіць таварышам. Але і не мог сказаць праўду.

— Маўчыш? — спытаўся Сеня.

— Прычына ёсць, я аб ёй ведаю. Глупства, а не прычына. Але дазвольце Косцю не гаварыць... — ціха сказала Вера.

3 Верыным словам у брыгадзе лічыліся.

— Можаш не гаварыць... — адказаў Сяргей. — А вось наконт брыгадзірства — гэта, як кажуць, у кусты збегчы. Не, ты, Косця, папрацуй, ды так, каб добрае імя вярнуць. Так, таварышы?

За гэта прагаласавала ўся брыгада.