КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Зямля не раскажа [Алесь Савіцкі] (fb2) читать постранично, страница - 175


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

тая палоса, па якой бяжыць і бяжыць Данік. Няроўна неяк бяжыць, то сігане некуды ўбок, за шаты дрэў, то зноў заявіцца, падскоквае, бы лучыцца схапіць рукою тую крывульку-аблачынку, якая, як і дрэвы, увесь час дугаецца і нейкая чорная труха сыплецца з-за той крывулькі-аблачынкі.

«Няможна, дзетачкі! Няможна па той палосе бегчы! Фашысты там!»

Рэната круціла галавой, трэсла, каб лепей бачыць, каб скінуць з веяў попельнае шумавінне, што ўвесь час зыбалася, мільгацела, то ападаючы долу, то імкліва ўзлятаючы ўверх; яна ўсё крычала дзецям, маліла, каб спыніліся, не беглі сюды, і ўжо не разумела, што гэта цяпер крычыць яе розум, крычыць сэрца, а губы толькі марудна і непадатліва варушацца, і з іх злятае ціхі, сіпаты стогн.

Працягнуўшы Рэнату па падлозе пякарні, эсэсаўцы ўзнялі яе, піхалі нагамі ў агнявое чэрава печы. Рэнаціна галава матнулася, гупнула аб цагляны прыпечак, і Рэнаце здалося, што не з чэрава печы, а з гэтых чорных цаглін шырокім клінам ударыла ёй у вочы жоўта-барвовая віхура; клін гэты быў гарачы, але не каляны, нейкі гнуткі і як бы здзіраў з ног скуру, скручваў яе кольцамі, быццам бяросту, і Рэната чула, як трашчаць, дзяруцца гэтыя кольцы, і сілілася адхіснуцца ад таго гарачага кліна, адпіхнуць нагамі і плячом; нечакана ёй быццам і ўдалося гэта зрабіць, і клін дугнуўся, пачаў разломвацца, і ў той жа міг яна адчула, як нешта за вушамі хруснула, зламалася, зламалася з дзіўным і рэзкім трэскам.

Жоўта-барвовая віхура, як узарваўшыся знутры, збялела, зрабілася па краях празрыстай, і Рэнаце адкрыўся шырокі поплаў з мяккай атавай, жоўты пясчаны прыбераг, па ім, ля саменькай вады, што зіхацела ад яркага сонечнага рабаціння, спяшаліся да лазнякоў яе дзеці. Наперадзе бег Данічак, гнаў жалезнай чорнай пакацілачкай блакітнае кольца, і кольца павольна кацілася па атаве, блішчастай і зыркай, у густыя попельныя лазнякі.

«Цяпер яны схаваюцца... Схаваюцца ад бяды дзеткі...»

Хрыпаты ўздых выдраўся з Рэнацінага горла, і ў той жа міг гарачы клін выгнуўся дугою, зламаўся з пранізлівым гудам, і адтуль, дзе ён зламаўся, з рудога разлому, пасыпалася дробнае чырвонае зерне, балюча сцебанула па скронях і, разануўшы рот агністым белым сяйвом, усё загасіла.