КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Вайсковае евангелле [Язэп Палубятка] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Язэп ПАЛУБЯТКА


ВАЙСКОВАЕ ЕВАНГЕЛЛЕ


ГОРКАЕ ДАБРАВЕСЦЕ РАДАВОГА МІХАСЯ ЛАБУТЫ


РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ


НАПЯРЭДАДНІ

1.1/ Міхась Лабута сын Антона ў той дзень, калі ў раённым камісарыяце атрымаў цыдулку, дзе чорным па белым было надрукавана ды ад рукі дапісана, што ён прызываецца на тэрміновую вайсковую службу, напіўся.

1.2/ Сябры прывялі яго дахаты ды кінулі пад плотам, а самі ўцяклі.

1.3/ Бацька палічыў сына дарослым і не лупцаваў, як некалі, папругаю з дзвюх рук, а завалок саматугам у хату, разуў, раздзеў ды паклаў у ложак.

1.4/ Назаўтра, як у нейкай цудоўнай казцы па загадзе нябачнага чараўніка, забегалі, замітусіліся людзі, закалолі парсюка, парэзалі кур, купілі ў краме напою ды хлеба — болей там нічога не было. Жанчыны пачалі кухарыць, варыць, парыць, смажыць. Адкапалі на агародзе два бітоны самагонкі, запрасілі сваякоў, суседзяў, знаёмых. Чужынцы прыйшлі самі, бо надта хацелі выпіць. Зазвалі дзяўчат ды музыкаў. Людзей было быццам на вяселлі.

1.5/ Тры дні пілі і гулялі госці. Потым яшчэ тыдзень прыходзілі апахмяляцца.

1.6/ У час бяседы казаў п'яны бацька п'янаму сыну: “Служы, сынку, добра. Не ганьбі наш род. Слухайся камандзіраў сваіх ды выконвай іх загады, як я некалі. У самаволку без патрэбы не бегай. Памятай, што войска выхоўвае з такіх, як ты, недарэкаў, сапраўдных мужчынаў”. Маці плакала і гаварыла: “Беражы там, сынок, сябе ды вяртайся да нас жывы-здаровы. Дзякуй Богу, што вайна ў тым Афганістане скончылася”. I госці казалі свае пажаданні, толькі мала што запомніў з таго Міхась, бо выпіў шмат гарэлкі.

1.7/ Урэшце госці пачалі дарыць грошы, на дарогу, як казалі яны. Шмат здарылі. Напачатку на вачах у людзей бацька аддаў грошы сыну, а калі госці разышліся — адабраў. Міхась узбунтаваўся, але калі Антон Лабута даў яму некалькі пляшак гарэлкі з сабою на забаву, супакоіўся

1.8/ У той вечар, як кажуць, “усе дзяўчаты былі яго”, танцавалі з ім, цалавалі яго, абяцалі кахаць і пісаць штодня.

1 9/ Ён верыў ім, хаваў іх адрасы ў вайсковы білет і тым быў бязмежна рады.


“КУПЦЫ”

2.1/ У прызначаны дзень сабраліся прызыўнікі ў ваенкамаце. Праводзіць іх прыйшлі бацькі, сябры ды сяброўкі.

2.2/ І стаялі яны на пляцы лысыя, як жабракі ў лахманы апранутыя, з поўнымі пляцакамі, і ўсе, як адзін, падпітыя. Раззлаваўся ваенны камісар, што навабранцы такую ганьбу ўчынілі, выкінуў рэчы з пляцакоў у хлопцаў з першай шарэнгі, забраў адтуль пляшкі з гарэлкаю і выліў яе проста на зямлю пад ногі ім.

2.3/ Перапужаліся астатнія, прыціхлі, баяліся, што ў іх таксама адбяруць ды гвалт нейкі над імі ўчыняць, бо цяпер яны людзі не вольныя. Міхась Лабута дзякаваў Богу, што стаіць пасярэдзіне другой шарэнгі, але ўсё роўна калаціўся, бы ў ліхаманцы.

2.4/ Стаялі на тым пляцы і прадстаўнікі вайсковых часцей, якія прыехалі набіраць салдацкае папаўненне, “купцамі” усе іх звалі. “Купцы” таксама занепакоіліся ўчынкам ваеннага камісара, паклікалі яго да сябе, аб нечым пашапталіся. Той адразу супакоіўся ды перастаў чыніць гвалт.

2.5/ Затым пайшлі “купцы” са стосамі папераў у руках да стрыжаных і сталі называць іх прозвішчы.

2.6/ Лабуту выклікаў нейкі старшы лейтэнант з чырвонымі вачыма і сінім носам ды цвёрда зазначыў: “Будзеш дэсантнікам”. I гучна рассмяяўся. Назбіраў афіцэр ля сябе чалавек трыццаць. Сярод іх не было ні аднаго Міхасёвага знаёмага.

2.7/ Урэшце пасадзілі ўсіх хлопцаў у аўтобусы і павезлі на чыгуначны вакзал. Маці галасілі, дзяўчаты кідалі пад колы кветкі. Было сумна, некаторыя стрыжаныя плакалі, як дзеці. Міхась таксама шморгаў носам і не мог адарваць позірк ад маці.


У ДАРОЗЕ

3.1/ Як толькі аўтобусы спыніліся на чыгуначным вакзале, сяржант, які быў з “купцамі”, загадаў усім навабранцам шыхтавацца. Прызыўнікі рабілі гэта паволі і няўпэўнена. Вайсковец распачаў брыдка лаяцца, ужываў спрэс непрыгожыя словы, і толькі калі дамогся свайго, павёў хлопцаў да вагона. Адзін з афіцэраў чытаў прозвішчы навабранцаў, другі лічыў іх. Усе вайскоўцы лаяліся і пагражалі.

3.2/ У вагоне людзей было, што селядцоў у бочцы, нават на трэцяй полцы месціліся па два чалавекі. Афіцэры занялі першае купэ і выгналі адтуль стрыжаных. Салдаты і сяржанты, што суправаджалі іх, занялі апошняе купэ. I таксама не ласкава папрасілі адтуль усіх.

3.3/ Старшы лейтэнант з сінім носам ды чырвонымі вачыма выклікаў да сябе аднаго з салдатаў і загадаў, каб той тэрмінова знайшоў гарэлку. Салдат у сваю чаргу выклікаў некалькі прызыўнікоў і запатрабаваў, каб тыя самі аддалі яе. Напачатку хлопцы аднекваліся, казалі, што ў іх няма, але пад пагрозамі вымушаныя былі саступіць. Салдат аддаў некалькі пляшак гарэлкі афіцэрам, астатнія забраў сабе.

3.4/ Афіцэры выпілі гарэлку і запатрабавалі яшчэ. Салдаты ўжо ўдвух пайшлі да навабранцаў і самавольна распачалі пошук у іх пляцаках. Гарэлку, вядома, знайшлі, бо яна была ва ўсіх.

3.5/ Стрыжаныя таксама пілі. Пілі ўпотай, хаваючыся. Спяшаліся, каб салдаты і афіцэры не адабралі. Пілі, бо ведалі, што невядома калі вып'юць зноў.

3.6/ Міхасю Лабуце зноў пашчасціла. Ён знайшоў вольную трэцюю полку і, натомлены сумяціцаю апошніх дзён, адразу заснуў.

3.7/ Лабуту пабудзіў нейкі лапавухі Сяржук, у якога адабралі гарэлку, і яны выпілі на дваіх Міхасёву пляшку. Міхась зноў залез на полку. Лапавухі сядзеў і ўвесь час пляваў на падлогу. Потым яго званітавала. Тое ж сталася і з іншымі.

3.8/ Вагон нагадваў Ноеў Каўчэг і Аўгіевы канюшні адначасова. Непрыемны пах гарэлкі і страўнікавых вяртанняў рэзаў нос. Быў сапраўдны вэрхал: нехта горача спрачаўся, нехта журботна спяваў, а хтосьці тужліва плакаў. Кожнаму было сваё. Ва ўсім адчувалася туга і самота, якая была абвострана гарэлкаю.

3.9/ Ноччу аднаму з афіцэраў здалося, што бракуе гарэлкі, і ён ужо ўласнаручна распачаў правяраць рэчы навабранцаў ды лаяцца. Залез ён і на трэцюю полку ды выцягнуўу Міхася з-пад галавы пляцак. Гарэлкі, вядома, там не знайшоў і кінуў яго проста ў твар Лабуце . Шукаў у іншых, пакуль не знайшоў.

3.10/ Даехалі да месца прызначэння толькі раніцаю наступнага дня. “Радуйцеся, — казалі ім п'яныя вайскоўцы, — будзеце служыць амаль што ў Маскве”.


РАЗДЗЕЛ ДРУГІ


КАРАНЦІН

1.1/ Апоўдні навабранцаў прывезлі ў вайсковую часць, што месцілася пасярод невялічкага гарадка ды засцерагалася ад яго вялізным бетонным плотам. Лабута адчуў стому. Захацелася паслаць усіх далёка-далёка, проста легчы і адпачыць, як звычайна ён рабіў дома. Такой магчымасці тут не было.

1.2/ Афіцэры і салдаты, якія суправаджалі навабранцаў, пайшлі займацца сваімі справамі, а да іх прыставілі прапаршчыка Свістунова. Круглашчокі вайсковец выцягнуў з кішэні паперку і зачытаў прозвішчы прызыўнікоў, якія пераходзілі ў яго падначаленне. Астатніх павезлі некуды далей.

1.3/ I казаў ім адразу новы камандзір: “Пакіньце свае цывільныя звычкі. Тут войска. Памятайце, у нас салдат не чалавек, ён казюрка, з якою можна рабіць усё, што захочацца. Рыхтуйцеся да ўсяго”.

1.4/ Навабранцы загаманілі, абурыліся, перабіваючы адзін аднаго пачалі сцвярджаць, што ў іх ёсць годнасць свая. “Маўчаць! — зароў прапаршчык — Я не дазваляю вам гаварыць. Кажу апошні раз. Тут войска! I ўсё чыніцца толькі па загаду”.

1.5/ Сціхлі стрыжаныя і пачалі здзіўлена пераглядвацца. "Смірна!” — сцвярджаючы свой аўтарытэт, зноў узвысіў голас вайсковец. I надалей у гэты дзень быў цвёрды расклад. Іх адвялі ў лазню, памылі, затым пераапранулі ва ўсё зялёнае ды кожнаму размеркавалі ложак.

1.6/ I казаў ім прапаршчык Свістуноў: “Перш чым вы будзеце несці службу, павінны навучыцца ўсяму таму, што неабходна ведаць салдату. Для гэтага вам даецца месяц часу. Называецца тое — каранцін”.

1.7/ Загадваць імі і вучыць іх даручылі капітану Берагавому, прапаршчыку Свістунову, двум сяржантам і двум стараслужачым салдатам.


ПОКАЗКІ НАМПАЛІТА

2.1/ Пасля вячэры, калі згодна статута ў вайскоўцаў павінна быць вольная хвіліна, у казарму да навабранцаў завітаў тоўсты афіцэр з дзвюма вялікімі зоркамі на пагонах; як растлумачылі стараслужачыя, то быў нампаліт часці падпалкоўнік Фрумкін.

2.2/ Важна несучы паперадзе свой вялізны жывот, ён не спяшаючы ішоў па казарме і па-бацькоўску сціпла даваў парады будучым салдатам, распытваў, з якіх краёў хлопцы ды хто іх бацькі будуць.

2.3/ Спыніўся ён і ля Міхася Лабуты. Той, абуджаны абяцанкамі дзяўчат, пісаў ліст да суседкі Наташы. Пацікавіўся нампаліт, чым займаецца навабранец, а калі даведаўся, дык пахваліў яго і сказаў, каб даслаў прывітанне ад усяго асабістага складу гвардзейскага палка. Тут жа паслухмяна хлопец так і зрабіў. Як усвядоміў падпалкоўнік, што бацька Лабуты працуе трактарыстам у калгасе, адразу пайшоў далей.

2.4/ Падпалкоўнік Фрумкін загадаў сяржанту Пракузіну сабраць усіх маладых салдатаў у Ленінскім пакоі.

2.5/ Нампаліт умеў казаць складана, прыгожа ды бясконца доўга. Ён ведаў усё і мог распавядаць аб усім на свеце. Напачатку ён распачаў палымяную прамову пра зладзеяў-імперыялістаў, якія днём і ноччу пагражаюць нашай Айчыне — Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, як яны чыняць розныя дыверсіі і правакацыі; і супроць усяго гэтага паўстае наш мужны савецкі салдат. Казаў ён яшчэ пра братэрства, інтэрнацыяналізм, пра карову-рэкардсменку ў прыморскім калгасе, якую доіць маладзёна Манька і чакае свайго нарачонага з войска. I шмат яшчэ што казаў тоўсты чалавек. Слухалі яго будучыя салдаты ды розуму яго дзівіліся. А скончыў ён свае казанні перад самым "адбоем”.

2.6/ Як выйшаў падпалкоўнік Фрумкін з казармы, то казаў прапаршчык Свістуноў радавому Булкіну: "Трындзець — не бочкі качаць!” Салдат адказаў так: "Увесь час ён кажа адно і тое ж, быццам дурань ці папугай той”.

2.7/ Тую размову чуў Міхась Лабута.


САЛДАЦКІЯ ЗАПАВЕДЗІ

3.1/ Пасля “адбою” ўсім навабранцам загадалі: “збор”. Яшчэ раз праверылі наяўнасць.

3.2/ Затым паперад строя выйшаў яфрэйтар Чыкін — малы ды брыдкі — і стаў казаць ім салдацкія запаведзі.

— памятайце на працягу ўсёй сваёй вайсковай службы, салагі.

— памятайце, самі так рабіце ды іншым кажыце, каб так рабілі.

— паважайце “дзядоў”, як бацькоў сваіх, службу цягніце за іх, чысціце боты ім ды мыйце нагавіцы і ўсё іншае рабіце, бо калі вы не будзеце паважаць іх, то будзеце бітыя нячышчаным ботам па галаве і бруднымі нагавіцамі па мордзе.

— і мяне хто не будзе слухаць, будзе біты.

— не ашуквайце “дзядоў”, бо вашыя юды адразу перакажуць ім.

— як мага далей трымайцеся ад камандзіраў, і жыццё ваша будзе спакойным.

— біце сваіх, і тады чужынцы, пабачыўшы тое, баяцца вас будуць.

— ніколі не спяшайся выконваць загад, бо ён заўжды будзе адменены.

— першым ашукай бліжняга свайго, інакш блізкі ўвойдзе ў давер да цябе, ашукае і ўзрадуецца.

3.3/ Слухалі навабранцы і дзівіліся яго няўрымслівасці і вайсковай практычнасці.

3.4/ Скончыў яфрэйтар Чыкін прамову сваю і з гонарам генерала пайшоў у сваё падраздзяленне. Маладыя салдаты праводзілі яго доўгімі позіркамі, і кожны жадаў быць падобным на яго.

3.5/ I казалі яны паміж сабою:

— Праўду ён цвердзіць. Паглядзіце на “дзядоў” (дзень паслужылі мы, а ўжо заўважылі): нічога не робяць, нікога не баяцца, на ўсіх чхалі і жывуць, як у Бога за пазухаю. Цярпець трэба, і мы "дзядамі” будзем.

3.6/ Гэтак жа падумаў і Міхась Лабута.


ТУТ ВАМ НЕ АЗІЯ. ТУТ САВЕЦКАЕ ВОЙСКА

4.1/ I на сняданак, і на абед, і на вячэру салдаты мелі варанае сала. Яно было мылкае і даўкае на смак, але хлопцы мусілі есці, бо нічога іншага не гатавалі, апроч гнілой капусты, смажанай на тэхнічным тлушчы, ды варанага сала.

4.2/ Сярод навабранцаў былі і узбекі. Сала яны не елі ўвогуле, бо вера не дазваляла. Дзень не елі, другі не елі. Тыдзень у рот не бралі.

4.3/ Мусульмане паскардзіліся камандзіру — капітану Берагавому. Той зрабіў заўвагу кухару. Кухар адказаў так: “Яны не першыя — яны не апошнія. Голад не цётка. Праз тыдзень і сала будуць есці як міленькія. Няхай ведаюць чуркі нярускія, што тут не Азія. Тут — войска савецкае”.

4.4/ Святую праўду казаў кухар. Ужо праз тыдзень узбекі елі варанае сала. Хвалілі яго узбекі і, супроць рэлігіі, намагаліся ўкрасці ў суседа большы кавалак.

4.5/ Міхась Лабута таксама ў мамкі ніколі не еў варанае сала. Хацелася яму сушанага кумпяка, вэнджанай паляндвіцы ды белага хлеба з маслам. Але масла з чорным хлебам елі стараслужачыя салдаты за суседнім сталом, ён жа давіўся вараным салам і гнілою капустай.


СПАРТАНСКІ ПОБЫТ НОВАГА ЖЫЦЦЯ

5.1/ Яшчэ ў школе Міхасю Лабуце пастаянна цвердзілі, што ўсё лепшае ў краіне Саветаў для войска і вайскоўцаў. Папраўдзе ўсё было інакш

5.2/ Тэрыторыя вайсковай часці была абнесена двухметровым плотам з бетону. Казармы змрочныя, цёмныя, хоць і вялікія. Ложкі ў тры паверхі, пах прэлых анучаў і чалавечага поту бесперастанна панаваў у будынку.

5.3/ Дзве тумбачкі — на пяцёх навабранцаў. Адтуль штодня нешта знікала, нават зубныя шчоткі.

5.4/ 3 прыбіральні ішоў церпкі пах чалавечых спаражненняў.

5.5/ “Чарпакі”, служачыя першага года, мелі неахайны выгляд. Брудная ірваная амуніцыя ўшчэнт псавала маладых хлопцаў. Лепшае ў іх адбіралі стараслужачыя.

5.6/ Вайсковая тэхніка была не новая, а лепшыя дэталі скрадзены. Адно што, дзеля прыдання тэхніцы прывабнага выгляду, яе кожныя паўгода фарбавалі ў зялёны колер.

5.7/ У сталоўцы стаялі доўгія сталы. За імі, згодна загаду, змяшчаліся па трыццаць салдатаў. Было цесна, і, каб хоць неяк паесці, салдаты садзіліся бокам адзін да другога. Наўмысна ці незнарок піхалі сусед суседа, разлівалася страва, і ад таго ўзнікала сварка.

5.8/ Існаваў дзіўны парадак, ад якога пакутавалі маладыя салдаты. Без дазволу камандзіра ніхто не мог і кроку ступіць. Сесці — дазвол. Устаць — дазвол. Пакурыць — дазвол, і то ў пэўным месцы.


НЯБАЧНАЕ

6.1/ Для Міхася Лабуты служба ў войску нагадвала турму, хоць ён ніколі там не быў. 3 пабудкі да адбою ўсе перамяшчэнні адбываліся шыхтам: на заняткі, у сталоўку, на працу, нават у нядзелю ў кіно. Камандзір каранціна несупынна цвердзіў, што такі расклад паводзінаў дысцыплінуе, а выходзіла ўсё наадварот.

6.2/ Было па-чалавечы сорамна, бо ўсе навокал лаяліся. Лаяліся без усякай на тое патрэбы, самымі брыдкімі, самымі апошнімі словамі, асабліва прапаршчыкі.

6.3/ За першыя два тыдні Лабуце абрыдла ўсё зялёнае адзенне вайскоўцаў, сцены будынкаў. Нават лісце на дрэвах не радавала вока.

6.4/ Шмат што здзіўляла тут вясковага хлопца. Дробны прыклад таму: шыхтавы статут кожны дзень павінны былі вучыць усе.

6.5/ Здавалася, што вакол толькі адныя дурні, бо казалі яны ўсе адно і тое ж: не думай, а выконвай. “Камандзір за цябе думае”, — казалі яны і самі таксама не думалі.

6.6/ У сапраўднасці ўсё было зусім інакш, як на парадзе ці ў кіно. Адносіны паміж салдатамі былі дзікунскія: стараслужачыя мардавалі маладых штодня і без усякай на тое прычыны. I навабранцы высвятлялі між сабою адносіны.

6.7/ Найбольш прыгнятала тое, што тут ніхто не лічыў цябе за чалавека.

6.8/ Учарашняе ўяўленне пра войска не адпавядала сённяшняй рэчаіснасці.


ПРАЦА — НАЙЛЕПШАЯ ВАЙСКОВАЯ НАВУКА

7.1/ Міхась Лабута хутка прызвычаіўся да вайсковай службы. Увогуле яна мала чым адрознівалася ад працы ў калгасе.

7.2/ Зранку перад шыхтам навабранцаў з‘яўляўся начальнік каранціна капітан Берагавы і, як той брыгадзір, размяркоўваў асабовы склад маладога папаўнення на працу.

7.3/ Іншы раз афіцэры са штаба часці патрабавалі салдатаў дзеля сваіх патрэбаў. Радавы Лабута неяк выпадкова трапіў працаваць да начальніка штаба палка. Баяўся ён вялікага начальніка і таму стараўся. Зранку на лецішчы палоў трускалкі. Потым рамантаваў нейкі хляўчук. Па ўласнай ініцыятыве паправіў веснічкі.

7.4/ Тут было спакойна. Не лаяўся прапаршчык, не гыркаў камандзір, не муштравалі сяржанты, не білі яфрэйтары.

7.5/ Спадабалася начальніку праца маладога салдата. Ён нават пачаставаў падначаленага шклянкаю піва.

7.6/ На працягу тыдня наступнага гэты ж камандзір яшчэ тры разы патрабаваў Лабуту дзеля ўласнай патрэбы.

7.7/ У часці працавалі ўсе без выключэння салдаты, хто болей, хто меней. “Салагі” не разгіналі спіны, “чарпакі” рабілі выгляд, што працуюць, “дзяды” бестурботна грэліся на сонцы.

7.8/ Старшына заўжды з задавальненнем казаў: “Праца — аснова навучання салдатау ва Узброеных сілах СССР, самая лепшая баявая падрыхтоўка”.

7.9/ За месяц службы ў войску радавы Лабута аж тры разы сустракаўся з баявою тэхнікай: два разы мыў колы БМП і адзін раз пабачыў танк у перадачы “Служу Савецкаму Саюзу” па тэлевізары.

7.10/ Працоўнае навучанне доўжылася на працягу ўсяго курса “Маладога байца”.


ЛАЗНЯ

8.1/ І казаў старшына Свістуноў маладым салдатам: “Радуйцеся, няўлюдкі, бо адзінае святое, што засталося ў савецкім войску, — лазня”

8.2/ За тыдзень службы ўся вопратка навабранцаў набрыняла потам. Сподняе, як і цела, было аднолькавага колеру і прыкра смярдзела.

8.3/ Лазня нябачным магнітам цягнула ўсіх да сябе. Настрой быў святочны. Без усялякага панукання хацелася спяваць. Цела і душа патрабавалі ачышчэння.

8.4/ Сцены будынка лазні як знешне, так і звонку былі непрыбраныя, са столі капала брудная вада, але ўсё роўна плюхацца было прыемна.

8.5/ I тут усё было падпарадкавана суровым вайсковым канонам. “Салагі” мылі плечы “дзядам”, церлі мачалкаю ды падносілі ў кубачку папіць халоднай вады.

8.6/ Усё той жа каратыш, што зваўся яфрэйтарам Чыкіным, паклікаў да сябе радавога Лабуту, разлёгся на лаўцы ды загадаў: “Бі! Моцна бі!” Лабута біў венікам з-за вуха. Яфрэйтар быў незадаволены, лаяўся, пагражаў, патрабаваў паддаць яшчэ пару. Міхась не выцерпеў абразаў, перахапіў венік і ўдарыў гузыром па галаве. Чыкін зваліўся з палка. Падбеглі “дзяды” і, каб абараніць гонар савецкага войска, са словамі “Мы выб'ем з цябе грамадзянскую пыху”, пабілі нагамі.

8 7/ “Салагі” разбегліся па кутах і не ўступіліся за Лабуту.

8.8/ Мыліся роўна паўгадзіны. Затым прапаршчык раздаваў чыстую бялізну. Раздаваў і запісваў у сшытак, хто што атрымаў. Трусы радавому Лабуце выпалі апошняга памеру. Іх можна было падцягнуць пад пахі, і ўсё роўна хаваліся калені.

8.9/ Пасля лазні ўсе вайскоўцы рушылі да казармаў, уздымаючы нагамі хмары дарожнага пылу. Пыл драў нос і садзіўся на чыстыя твары. Праз хвіліну яны (твары) змянілі свой пунсовы колер на шэры.

8.10/ Прапаршчык загадаў спяваць "Кацюшу”. Салдаты спявалі з задавальненнем і вышэй цягнулі нагу.

8.11/ У казарме ўсе мелі брудны выгляд.


ПРЫСЯГА

9.1/ Ва ўсім адчувалася святочная напружанасць, навабранцы мылі прыбіральню да пяці гадзін раніцы. Камандзір палка ўласнай насоўкай праверыў чысціню кожнай ракавіны.

9.2/ У той дзень на сняданак падалі маладую бульбу з мясам, салату са свежай капусты ды яшчэ варанае яйка і чай з цукрам. Умомант усё было з'едзена.

9.3/ Апранутыя салдаты былі ў парадную форму. Афіцэры не лаяліся. Толькі адзін раз старшына Свістуноў зрабіў заўвагу радавому Піліпенку вокрыкам. Капітан Берагавы адразу ж папярэдзіў таго, каб болей не займаўся глупствам прылюдна.

9.4/ Прыехалі бацькі маладых салдатаў, іх дзяўчаты ды нявесты. Былі госці з Каўказа, Узбекістана, нават Далёкага Усходу. Да Лабуты ніхто не прыехаў. Ён цешыў сябе толькі тым, што з беларускай вёскі Лыкаўшчына ў Падмаскоўе далёкі шлях. А дарога заўжды патрабуе вялікіх выдаткаў.

9.5/ Стаяла чэрвеньская спякота. Усе вайскоўцы прэлі ў сваёй амуніцыі. Госці былі апранутыя лёгка і песціліся на лагодным сонейку. Пузатыя дзядзькі з начальніцкага роду паважна махалі капелюхамі.

9.6/ Усе, нават узбекі, прысягу чыталі зычным голасам, урачыста-ўзнёсла. Некаторыя бацькі падыходзілі да сваіх сыноў і стаялі з імі побач на “зважай”.

9.7/ Радавы Лабута прымаў прысягу ў адзіноце. Прачытаў тэкст без усякага хвалявання, паставіў на паперы асабісты роспіс і абыякава прыхінуўся тварам да сцяга, хоць няведама ад чаго дрыжэлі калені.

9.8/ Потым невукі з музычных вучэльняў напружана раздзімалі шчокі, і на ўсю ваколіцу было чуваць “Развітанне з Радзімаю”. Салдаты, выцягнуўшы, як тыя буслы, шыі ды гучна ляпаючы абцасамі аб асфальт пляца, ішлі ля трыбуны, на якой стаяў камандзір часці.

9.9/ Пасля быў святочны абед. Некаторыя родзічы забралі сваіх ваякаў у мястэчка, іншым далі звальненне, а іх бацькі пайшлі з камандзірам часці ў штаб і там паспешна апусцілі светамаскіроўку.

9.10/ Некалькі салдатаў, што засталіся ў размяшчэнні вайсковай часці, у тым ліку і Міхась Лабута, з'елі абед за ўсіх навабранцаў ды паўдня без справы і вока камандзірскага бадзяліся па казарме.

9.11/ Было неяк нязвыкла і сумна.

9.12/ Так скончыўся курс маладога байца.


РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ


КАМАНДЗІР РОТЫ

1.1/ Раніцаю маладых салдатаў размеркавалі па падраздзяленнях. Капітан Берагавы прызначыў Міхася Лабуту ў сваю другую мотастралковую роту.

1.2/ Злыя языкі казалі пра капітана розныя плёткі, але ён адсылаў усіх далёка-далёка, на тры літары.

1.3/ Казалі, што ён нарадзіўся ў ботах і ў будзёнаўцы, што бацька яго не шафёр, а заезджы вайсковец.

1.4/ Калі рэгістраваўся з маці ў ЗАГСе, то, пабачыўшы натоўп, закрычаў - “Смірна!”

1.5/ У першым класе капітан Берагавы страляў у настаўніцу з рагаткі, у другім — з самапала ў дырэктара школы. Усе цвердзілі, што яго чакае турма, але ён паступіў у вайсковую вучэльню.

1.6/ У вучэльні яго адвучылі страляць, але навучылі загадваць.

1.7/ Ажаніўся капітан Берагавы выпадкова. Захацеў і жаніўся. У той вайсковай часці працавала буфетчыца. 3 ёю спалі ўсе ад камандзіра часці да салдата. Капітан Берагавы паспрачаўся са старшыною роты на пляшку гарэлкі і пабраўся з ёй.

1.8/ Пасля вяселля казаў ён сваёй жонцы: “Сука ты! 3 табою ўвесь гарнізон пераспаў, але я дарую табе, бо з тых жанчын, з якімі быў я, можна ўгварыць два гарнізоны. Усё роўна я кахаю цябе”

1.9/ Жывуць яны ў міры і згодзе і цяпер на зайздрасць усім.

1.10/ І вучыў капітан маладых афіцэраў: “Салдатаў нельга біць рукою. Нельга займацца рукапрыкладствам. Вінаваты падначалены — вазьмі табурэтку і стукні ёю”

1.11/ Шмат яшчэ чаго ён казаў, але калі салдат рабіў усё адпаведна статуту, паважаў і шанаваў, як сына роднага.

1.12/ Яшчэ ў каранціне выклікаў капітан Лабуту і запытаў: “Бульбаш?” — “3 Берасцейшчыны” — "Па-тутэйшаму можаш гаварыць?” — “А як жа, таварыш капітан!"

1.13/ Тады капітан Берагавы размаўляў з радавым Лабутам цэлую гадзіну.


КАМАНДЗІР УЗВОДА

2.1/ Радавога Лабуту прызначылі ў першы агнявы ўзвод, якім камандаваў лейтэнант Безгаловы

2.2/ Калі ён знаёміўся з салдатамі, то казаў так. “Стары лейтэнант Безгаловы”. Гаварыў ён так таму, што служыў у войску дваццаць гадоў лейтэнантам і меў прозвішча Безгаловы.

2.3/ У той дзень лейтэнант ужо зранку быў на добрым падпітку і таму ў добрым настроі, то загадаў сабраць маладых салдатаў у Ленінскім пакоі.

2.4/ І казаў падначаленым сваім лейтэнант Безгаловы: “Калі не ўмееш — навучым, калі не хочаш — прымусім”.

2.5/ Далей навучаў іх так:

— Калі камандзір размаўляе з табою, адказвай: "так” альбо "не”. Не выказваў уласнай думкі, яна нікому не патрэбная. Адгадай, што ад цябе хоча камандзір, і будзеш ухвалены ім, і атрымаеш падзяку, а яшчэ ліст-падзяку надашлюць тваім бацькам. Інакш згніеш на “губе” і не вылезеш з нарадаў.

— Памятайце, як кажа наш нампаліт: "Войска для вас — школа мужнасці”. Я — ваш камандзір, бацька ваш. Павінен вас, дурняў, розуму вучыць. Тут вы падпарадкоўваецеся мне, толькі мне і болей нікому.

— Не звяртайце ўвагі на генералаў. Генералы заўжды незадаволеныя. Званне ў іх такое.

2.6/ Слухалі лейтэнанта Безгаловага салдаты і верылі кожнаму яго слову. Верылі чукчы, верылі хахлы, верылі грузіны і верылі маскалі. Толькі Міхась Лабута не верыў, бо не слухаў. Хацелася есці.

2.7/ Дзіўны быў чалавек лейтэнант Безгаловы. Аднаго разу ён завітаў у казарму, калі ніхто ўжо не чакаў начальства і кожны займаўся сваёю справай. Камандзір узвода пачаў крычаць не сваім голасам: "Ах вы, гной! Ах вы, падла! Смірна! Маўчаць! Усіх замарыную на гаўптвахце. Здохнеце ў сральніку. Да дэмбеля з “ачка” не сыдзеце”.

2.8/ Казаць па-іншаму ён не мог, бо не ўмеў, і не таму, што яго прозвішча Безгаловы. Проста ён быў такім чалавекам.

2.9/ Для лейтэнанта Безгаловага радавы Лабута быў салдатам і болей нікім. Толькі адзін раз на працягу месяца службы камандзір заўважыў падначаленага: “Пайшоў прэч, неданосак”.


ДЗЯЎЧАТЫ

3.1/ Лабута сабраў да купы ўсе адрасы сваіх знаёмых дзяўчат і, як толькі прыбыў да месца прызначэння, напісаў усім лісты. Праз тыдзень ротны паштар прынёс адказы. Дзяўчаты, як адна, сцвярджалі, што кахаюць яго і будуць чакаць. Радасць была бязмежная, і ён усім хваліўся гэтым.

3.2/ Зноў тэрмінова разляцеліся лісты каханым. Настаў шчаслівы час чакання.

3.3/ На гэты раз прыйшло толькі шэсць адказаў.

3.4/ Цяпер дзяўчаты ў лістах сваіх пыталі пра службу, пра камандзіраў і іншыя дробязі; абдымалі, цалавалі горача, але пра каханне зацята маўчалі.

3.5/ А неўзабаве атрымаў Міхась ліст ад малодшага брата. Той паведамляў: К. выходзіць замуж за суседа, Л. гуляе з яго сябрам, М. гуляе з усімі... Яны шчыра абяцалі яго чакаць.

3.6/ Праз два месяцы толькі адна рыжая Светка слала яму лісты, але ён ёй не адказваў.

3.7/ Душу ахапіла журба. Яна так востра падступала да сэрца, што іншы раз не хацелася жыць. Такія ж беды былі і ў іншых. Радавы Піліпенка, калі даведаўся, што яго каханая выйшла замуж, застрэліўся.

3.8/ Толькі адзінкі працягвалі атрымліваць лісты ад дзяўчат.

3.9/ Лабута цешыў сябе тым, што ніколі нікога па-сапраўднаму не кахаў.


ПЕРШЫ ІСПЫТ

4.1/ Радавы Лабута трапіў ва ўзвод яфрэйтара Чыкіна.

4.2/ Аднаго разу Чыкін запэцкаў у чалавечы гной боты.

4.3/ “Дзед” пабачыў радавога Лабуту і загадаў яму: "Пачысці, салага!”

4.4/ Лабуту званітавала, і ён адказаў: “Не буду”.

4.5/ У той часу казарму зайшоў камандзір роты. Чыкін устрапянуўся, спужаўся, адразу адбег убок і прашыпеў бы гадзюка: “Будзеш! Ноччу яшчэ не тое зробіш”.

4.6/ Яфрэйтар Чыкін пабудзіў яго апоўначы і пальцам паклікаў да сябе.

4.7/ Міхась ішоў маўкліва і панура. Ён падрыхтаваўся да пакутаў. Нават не думаў супрацьстаяць.

4.8/ Яго ніхто не біў.

4.9/ Яфрэйтар Чыкін прывёў салдата ў сральнік, адчыніў кабіну, працёр маленькім кулачком сонныя свіныя вочкі і ўладарна загадаў' “Сунь!”.

4.10/ Лабута адразу зразумеў усё. Пакорліва апусціўся на калені, абыякава глянуў у ракавіну, дзе плавалі шлакі радавога Гумбарыдзе, паспешліва адвёў позірк убок і ўсунуў руку.

4.11 / Яфрэйтар Чыкін уважліва назіраў за яго дзеяннямі ды шаптаў: "Далей... Далей ”. Толькі калі рука залезла па самае плячо, задаволена зазначыў: “Добра! Бачу! Старается!”

I пайшоў спаць, абыякавы да ўсяго.


НОВЫЯ СЯБРЫ

5.1/ Новыя стасункі запатрабавалі новых сяброў.

5.2/ У шыхтах кожнаму салдату было прызначана пэўнае месца. Наперадзе стаяў Аніперэнка — хахол, пуцаты тлусты хлопец. Ён спярша без перапынку пускаў газы, потым праз паўмесяца перастаў, але за сталом несупынна гаварыў пра сала з цыбуляю.

5.3/ Ззаду на пяты заўжды наступаў татарын Хабібулін, чырвонаморды казанец, які па-татарску не разумеў ні слова.

5.4/ Суседам па ложку быў расіянін Ягораў, прыязны, гаваркі туляк, якому ўвесь час хацелася ўсё ведаць, каб пераказаць камандзірам і паехаць у водпуск.

5.5/ Зверху спаў Яцуноў, хлопец з Сахаліна, “дзед” з вузкім разрэзам японскіх вачэй і чорнымі як смоль валасамі. Усюды падкрэсліваў, што ён рускі, але вёў сябе ціхмяна і ні ў якія разборкі не ўлазіў.

5.6/ На першым ярусе спаў Пруднікаў, уралец. Ён апоўначы заўжды біў нагою ў панцырную сетку і гнаў Лабуту ў прыбіральню, не верыў, што той ноччу не ўпісаецца.

5.7/ Толькі грузін Галашвілі штодня даваў яму рубель, і Лабута ўпотайкі купляў у салдацкай сталоўцы некалькі цвёрдых піражкоў. Схаваўшыся ад усіх, яны елі іх у сральніку.

5.8/ Ва ўзводзе, апроч Міхася, беларусаў не было.


ВЯСЁЛАЯ ХВІЛІНКА

6.1/ У нядзельку Міхась Лабута пасля трэцяга пазачарговага нарада на службу закурыў.

6.2/ Усё той жа Чыкін “шыбануў" акурак. Зрабіў некалькі зацяжак ды кінуў недапалак пад ложак.

6.3/ Лейтэнант Безгаловы быў адказным за парадак у падраздзяленні. 3 чырвонымі мутнымі вачыма ён бадзяўся па казарме і пыхаў на ўсіх цяжкім перагарам. Хацеў яшчэ выпіць і ад гэтага неймаверна пакутаваў.

6.4/ Камандзір узвода выпадкова знайшоў той "бычок”. Загадаў усім вайскоўцам шыхтавацца. Выкаціў нагою бычок з-падложка, і, быццам тая малпа, чвэрць гадзіны тыцаў у яго пальцам, лаяўся ды пытаўся, хто зрабіў такое.

6.5/ Салдаты зацята маўчалі ўсе як адзін. Іх маўчанне яшчэ болей злавала афіцэра.

6.6/ Тады лейтэнант Безгаловы загадаў чатыром салдатам узяць за рагі коўдру. Туды паклалі злашчасны акурак. Увесь узвод у поўнай вайсковай амуніцыі здзейсніў марш-кідок на адлегласць дзесяці кіламетраў. На вуліцы стаяла трыццаціградусная спёка. Камандзір ехаў ззаду на дзяжурнай машыне.

6.7/ У лесе на шырокай паляне па загаду лейтэнанта Безгаловага адбылося пахаванне.

6.8/ Салдаты, папераменна мяняючы адзін другога, выкапалі дол памерамі шырынёй, даўжынёй і глыбінёй па два метры.

6.9/ Па-святочнаму, урачыста паклалі недапалак у яму, засыпалі і зрабілі насып. Парадным крокам прайшлі каля магілы.

6.10/ Назад беглі ў супрацьгазах.

6.11/ Яфрэйтар Чыкін на вячэрняй праверцы сказаў, што бычок кінуў радавы Лабута.

6.12/ Ноччу аднагодкі выклікалі Міхася ў капцёрку ды пачалі біць. Стараслужачыя стаялі побач і моўчкі глядзелі.

6.13/ Зноў мыў прыбіральню да пяці гадзінаў раніцы.


ФАРЫСЕЙСКАЯ НАВУКА

7.1/ Радавы Лабута дужа пакутаваў ад такога ладу вайсковага жыцця, але з цягам часу яго дасціпны розум шляхам шматлікіх назіранняў прыйшоў да наступных высноў:

— Не будзь дурнем, а прыкінься ім, і ўсё кепскае даруецца табе.

— Не кажы, што хочаш, — не спраўдзіцца, не кажы, што думаеш, - каму яно патрэбнае

— Калі пачуеш, што ты асёл і вушы твае не мытыя, альбо мяккім месцам думаеш ці як: ведай — не дагадзіў свайму камандзіру.

— Нікому не вер, што пасля чарговых палітзаняткаў ты выходзіш з Ленінскага пакоя больш адукаваным. Кожны раз ты выходзіш адтуль дурнейшым.

— Не трэба лічыць камандзіра свайго разумным чалавекам, бо, каб ён меў мазгі, то ў войску не служыў бы.

— Рабі тое, што табе падабаецца, але займайся ім толькі ўпотай ад іншых.

— У казармах воўчыя законы: той, хто мае, сам ці іншым падкажа, каб адабралі, — і да свайго дакладзе. Інакш кажучы, калі “салага” не схавае свае рэчы, то “дэмбель” іх абавязкова адбярэ.

— Калі табе кажуць, што вышэй галавы не скочыш, а камандзіра не ашукаеш, не варта таго рабіць. Не варта таго рабіць, каб не мець непрыемнасцяў. Лепш змоўчы, абыдзі, у крайнім выпадку схавайся ў сральніку, і ўсё будзе добра.

— Прыклад таму, калі табе далі вялікую рыдлёўку і загадалі капаць ад плота да абеда, зламай яе ды зрабі выгляд, што вельмі хочаш адрамантаваць, і ўвесь дзень будзе вольны.

— Можна дагаджаць начальству, каб мець спакой і паехаць у водпуск, але такіх у войску ніхто не паважае.

— Самае галоўнае, калі раніцай ты з'еў сваю долю масла, то лічы, што на адзін дзень служыць меней.


KAXAHHE

8.1 / Жыла ў тым пасёлку ля гарнізона прыгожая дзяўчына ды надта хацела выйсці замуж.

8.2/ Прыходзіла яна на КПП і пытала вайскоўцаў, хто хоча спаткацца з ёю.

8.3/ Шмат хто з салдатаў і афіцэраў адгукаліся на яе прапанову, хадзілі на спатканне, але замуж не бралі.

8.4/ Лабута пабачыў Марыю выпадкова, калі ішоў на лецішча да начальніка штаба. Жартам паклікаў з сабою. Яна пайшла. I там дапамагала Міхасю палоць грады.

8.5/ Яшчэ некалькі разоў дзяўчына хадзіла з ім на працу. 3 ёю было лёгка і проста. Пяшчота і ласка ішлі ад дзяўчыны.

8.6/ Казала праз некаторы час Марыя Міхасю: “Зачала я з табою дзіцё. Бяры мяне замуж, каб ганьбы мне і табе не было”.

8.7/ Напярэдадні хваліўся Лабута каханнем сваім адэсіту Пятру Сініцыну. Смяяўся з яго Пётра і казаў яму проста ў вочы: "Не вер ёй. Курва яна”.

8.8/ Кахаў Міхась Марыю моцна і жадаў мець яе жонкаю, бо, па праўдзе кажучы, так блізка яшчэ з дзяўчатамі не быў, але такое паведамленне дужа напужала яго.

8.9/ Салдат раззлаваўся і адказаў каханай: “Сыдзі з вачэй, жанчына. Сыдзі, блудніца. Не маё гэта дзіцё”.

8.10/ Міхась ударыў Марыю па твары і пайшоў прэч. Услед яму неслася: “Каханы”.

8.11/ Доўга пакутаваў ён. Каханне не давала прытулку яго душы, не давала спакою.


РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ


НЕСПАДЗЯВАНАЯ ТРЫВОГА

1.1 / Падраздзяленне неспадзявана паднялі апоўначы. У казарме ўжо былі ўсе афіцэры роты ды пры зброі. Салдатам таксама выдалі аўтаматы з двума боекамплектамі. Лабута разгубіўся, бо з аўтамата яму даводзілася страляць толькі тры разы: два — у школе, адзін раз у каранціне.

1.2/ Загадалі ўсім шыхтавацца на вайсковым пляцы.

1.3/ Камандзір палка выйшаў на сярэдзіну пляца, бессаромна пачухаў між ног і зароў: “Смірна! Слухай мой загад. Нашаму палку належыць ісці на Маскву, душыць дэмакратаў с...ных!”.

1.4/ “Ура-а! — закрычаў лейтэнант Безгаловы. — Даўно б так!”

1.5/ “Сціхні, няўлюдак! — загадаў яму капітан Берагавы, — Я быў у Афгане. Я ведаю, што такое вайна!”

1.6/ Неспадзявана для ўсіх камандзір роты выйшаў наперад і гучна сказаў: “Салдаты! Вас пасылаюць забіваць сваіх братоў і сясцёр. Адумайцеся!”

1.7/ “Маўчаць! — зноў зароў камандзір часці — Скончыць размову ў шыхтах. Я тут камандзір. Маўчаць!”

1.8/ I надалей ён казаў прыкрыя словы капітану Берагавому, зневажаў ды абражаў.

1.9/ Тут жа прыйшлі людзі ў цывільным і павялі за сабою камандзіра роты. На яго пасаду адразу ж быў прызначаны лейтэнант Безгаловы. Шыхты затоена працягвалі маўчаць. Пакорна маўчаў і радавы Лабута. Ён шкадаваў капітана-земляка, але нічога не мог зрабіць супроць, акрамя таго, вельмі хацелася спаць.

1.10/ Калі камандзір скончыў адцаваць загады, развярнуўся і пайшоў у штаб, і ўвесь час, як ішоў туды, ад злосці размахваў рукамі ды нешта казаў самому сабе.

1.11/ Вайскоўцы паспешна занялі свае месцы ў бронетранспарцёрах і машынах ды паехалі. У дарозе не вялі ніякіх перамоў.


ЗАГАДАНА ЗАБІВАЦЬ

2.1/ Спыніліся на досвітку пасярод шматпавярховых гмахаў.

2.2/ Гул вайсковай тэхнікі разбудзіў людзей, і яны здзіўлена выглядалі ў вокны.

2.3/ Не было ніякай смуты. Увогуле нікога не было, але ўсё роўна новы камандзір роты лейтэнант Безгаловы загадаў зарадзіць аўтаматы, а ўпрэўшы нампаліт Фрумкін несупынна хадзіў ад машыны да машыны і штохвілінна паўтараў пра пільнасць.

2.4/ Дзівіліся салдаты; навошта яны ў гэтым сонным горадзе.

2.5/ Падыходзілі людзі і пра тое самае пыталіся ў іх.

2.6/ Апоўдні вуліцы пачалі поўніцца. Вялізны натоўп ішоў проста на салдатаў роты лейтэнанта Безгаловага. Казалі людзі: “Мы вашыя браты, не страляйце ў нас”. Спужаўся лейтэнант, замітусіўся ды рашуча загадаў’ “К бою!”

2.7/ Hi адзін з салдатаў не варухнуўся.

2.8/ Падбег камандзір да радавога Лабуты і зароў: "Я табе загадваю страляць”. Лабута бязвольна памахаў галавою: "Не магу!”

2.9/ "Не можаш, дык я магу!" Лейтэнант Безгаловы памкнуў вырваць зброю ў салдата. Міхась адпіхнуў яго.

2.10/ “За невыкананне загада будзеш жорстка пакараны. Пад трыбунал аддам”.

2.11/ Дэманстранты ўзлазілі на баявую тэхніку, раздавалі вайскоўцам кветкі ды заклікалі разам з імі ісці бараніць дэмакратыю.


КАРЦЭР

3.1/ Спраўдзіў сваё лейтэнант Безгаловы.

3.2/ Прывялі радавога Лабуту да начальніка гаўптвахты. Ён уласнаручна забраў у салдата дзягу, насоўку, вывернуў усе кішэні.

3.3/ I крычаў маленькі, лысы чалавечак з гнілымі зубамі на збянтэжанага хлопца: “У карцэр яго, няўлюдка. Аслухацца камандзіра надумаў, волі захацеў. Згніеш тут і волі не пабачыш”.

3.4/ Змясцілі Лабуту ў самую халодную, самую цёмную камеру. Са столі капала вада, на падлозе стаяла лужына. Паўсюль сырасць. Ўыбаў не было. Гулялі скразнякі

3.5/ Абед і вячэру не падавалі.

3.6/ Ноччу не выдавалі шынель, нары не апускалі. Кожныя пяць хвілін вартавыя білі прыкладам у дзверы і раўлі: "Не спаць!”

3.7/ Напачатку Лабута хадзіў ад сцяны да сцяны, лічыў падаючыя кроплі, крокі. Страшна натаміўся. На досвітку заснуў стоячы ў куце.

3.8/ На сняданак падалі паўкубка цёплай вады.

3.9/ Першыя два дні адчувалася стома. Хацелася спаць. Душыла смага. Больш за ўсё пакутаваў ад думак за правільнасць свайго ўчынка.

3.10/ На трэці дзень ён адчуў бадзёрасць душы і цела. Ад здзекаў, ад злосці свой учынак цвёрда і пераканана палічыў правільным, адтаго ўздымаўся настрой ды радавалася душа.

3.11/ У той дзень смяяўся Лабута ў вочы начальніку з гнілымі зубамі і казаў яму: “Я не баюся цябе, бо за праўду пакутую”.

3.12/ Ад такога казання лысіна начальніка пачырванела. Ён сціснуў кулакі і быццам шалёны звер накінуўся на хлопца.

3.13/ Праз паўгадзіны начальнік стаміўся біць, паклікаў каравульных. Яны збыткавалі яшчэ гадзіну часу.

3 14/ Раніцай наступнага дня беспрытомнага радавога Лабуту адвезлі ў шпіталь.


KAMAHДЗIРСКАЯ ЛАСКА

4.1 / Праз некалькі дзён у шпіталь зайшлі лейтэнант Безгаловы і падпалкоўнік Фрумкін.

4.2/ Пытаўся нампаліт пра здароўе яго, казаў пра слынных савецкіх дактароў, што безнадзейна хворага могуць на ногі паставіць.

4.3/ Яшчэ пытаўся нампаліт, пра што піша бацька з маці, ці часта шлюць лісты дзяўчаты, як ставяцца да яго новыя сябры, ці добрыя ў яго камандзіры.

4.4/ Помнячы салдацкі запавет, што не кажы праўды, яна нікому не патрэбная, радавы Лабута адказваў "так” альбо “добра".

4.5/ Лейтэнант Безгаловы стаяў моўчкі.

4.6/ Надалей падпалкоўнік Фрумкін пахваліў салдата за мужнасць ды паабяцаў, што ўсе вінаватыя будуць строга пакараныя і ў Савецкай Арміі такое болей ніколі не паўторыцца.

4.7/ Было перададзена гарачае прывітанне ад усяго асабістага складу гвардзейскага палка і ўручаны каштоўны падарунак — кніга “Як гартавалася сталь”.

4.8/ На развітанне нампаліт яшчэ раз пажадаў хуткай папраўкі і аб'явіў тыднёвы водпуск на радзіму.


НЕ ВЕР ВУШАМ СВАІМ

5.1/ Вельмі хацелася пабыць дома, і надзея надавала сілы ды гаіла раны.

5.2/ На трэці дзень салдат папрасіў доктара выпісаць яго са шпіталя і паслаць у вайсковую часць.

5.3/ Доктар быў катэгарычна супраць, але Міхась заўпарціўся і настаяў на сваім.

5.4/ На наступны дзень невядомы лейтэнант забраў радавога Лабуту і адвёз у другую вайсковую часць. Вакол былі чужыя незнаёмыя салдаты. Тут ён сустрэў яфрэйтара Чыкіна.

5.5/ “I цябе туды ж упяклі, праўдалюбца?" — з'едліва запытаў Міхася карантыш.

5.6/ "Я хутка паеду ў водпуск”, — пахваліўся Лабута.

5.7/ “Паедзеш-паедзеш, — гэтак жа адказаў яфрэйтар. — У Карабах разам з усімі паедзеш”. Міхасю зрабілася млосна.

5.8/ Ноччу ўсіх салдатаў пасадзілі ў "цялячыя” вагоны і павезлі няведама куды. Ніхто нічога не тлумачыў, забаронена было выходзіць з вагонаў.

5.9/ 3 невялікімі прыпынкамі ехалі тры дні і тры ночы.

5.10/ Салдаты былі злыя, афіцэры п'яныя. Усюды чулася гаворка пра вайну і Карабах.


РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ


ВАЙНА

1.1/ Іх рота спынілася ў невядомым селішчы.

1.2/ Там быў нейкі рэзрух і вэрхал - шыбы будынкаў выбітыя, дамы спаленыя ці проста ўшчэнт разбураныя. Навокал бітае каменне, друз, смецце і галодныя сабакі ў несупынных пошуках спажывы.

1.3/ У ауле з жывых душ — тры стогадовыя дзяды ды адна дзевяноставасьмігадовая бабка. На агародах — свежыя магілы, спераду — армяне, ззаду — азербайджанцы. Несупынна страляюць з усіх бакоў.

1.4/ Першы дзень ладзілі намёты, капалі ў каменнай зямлі сховы. Намагаліся зрабіць нейкі побыт. Стралялі толькі тры разы, і то няведама куды.

1.5/ Першую ноч на чужыне Міхась Лабута правёў з яфрэйтарам Чыкіным у спаленым будынку. Не размаўлялі адзін з другім. Нясцерпна смярдзелі прэлыя анучы.

1.6/ Усю ноч стралялі. Стралялі з аўтаматаў, гранатамётаў, гарматаў. Стралялі з усяго, што магло страляць. Стралялі як армяне, так і азербайджанцы.

1.7/ Было страшна. Так страшна было ўпершыню. А яшчэ хацелася жыць.

1.8/ Каб хоць неяк супакоіць сябе, Міхась Лабута ўвесь наступны дзень цвердзіў сабе адно і тое ж: “Божа! Толькі не мяне! Толькі не мяне! Я жыць хачу!”

1.9/ На трэці дзень ён крыху супакоіўся. На пяты не звяртаў увагі на стрэлы.

1.10/ Выпадковым стрэлам камандзіру адцзялення сяржантуКудзінаву адарвала нагу. Крыві — мора!

1.11/ Днём стралялі ў накірунку азербайджанцаў, ноччу супакойвалі армян.

1.12/ Казалі вайскоўцы адзін аднаму: "Калі ўсё гэта скончыцца? Калі яны хочуць ваяваць — няхай ваююць, а мы тут пры чым?”

1.13/ Міхась атрымаў ліст ад маці. Пытаецца, ці ўсё добра. У адказ напісаў: “...Загараю пад сонцам”.

1.14/ Праз некаторы час Міхась Лабута стаў заўважаць за сабою, што ў той дзень, калі не страляюць, яго ахоплівае самота.


СПОВЕДЗЬ НЯВІННЫХ ЗАБОЙЦАЎ

2.1/ Узвод у час перадыслакацыі трапіў пад крыжавую перастрэлку, вымушаны быў залегчы на голых скалах і не меў магчымасці ўстаць ужо каторую гадзіну. Прапаршчыка Кандыбу раніла ў грудзі. Старшына сплываў крывёю, стагнаў ад болю, мацюкаўся, літасціва прасіў дапамогі. Дапамогу можна было здабыць толькі зброяй.

2.2/ Казаў знямоглы Кандыба камандзіру ўзвода.

— Навошта іх шкадаваць, яны не нашай веры.

— Мы свядомыя забойцы, мы дзеля гэтага ішлі служыць у войска.

— Калі не мы, дык нехта іншы павінен рабіць за нас гэтую брудную справу.

— Сутнасць той справы ў тым, што кожны з нас варты кулі, сённяя, заўтра ты, але ісціна такая: хочаш сам жыць —забівай іншых. Такі спрадвечны закон вайны.

— Шмат жыццяў загубіш — героем станеш.

— Забівай іх, лейтэнант, забівай як мага болей. На тым свеце ўсе перад Богам будзем роўныя: забойцы і ахвяры.

2.3/ Тыя, хто ляжаў на камянях, моўчкі пагаджаліся з прапаршчыкам. Пагаджаўся з ім і лейтэнант ды ўрэшце загадаў: “Агонь!”

2.4/ Бойка была кароткаю. Праз пяць хвілін на грабяні перавала, дзе ішла дарога, так неабходная для выратавання прапаршчыка Кандыбы, перасталі страляць.

2.5/ Камандзір узвода і радавы Лабута першымі ўзабраліся на вяршыню. На камянях, сярод пустых гільзаў у лужыне ўласнай крыві ляжаў застрэлены старшы лейтэнант Васільеў, камандзір суседняга ўзвода іх часці, які адказваў за гэты ўчастак дарогі.


ГОРКІЯ ДУМКІ

3.1/ Пасля кожнай страляніны, асабліва пасля апошняга здарэння, да Міхася ўсё часцей і часцей прыходзілі навязлівыя думкі. Хлопец намагаўся гнаць іх прэч, але яны вярталіся зноў і зноў. Ён страшна пакутаваў ад іх, але нікому не распавядаў.

3.2/ У вольную гадзіну і на баявым дзяжурстве думалася адно і тое ж.

— Каму ты служыш? Каго, рызыкуючы жыццём, абараняеш? Родны кут, бацькоў? Тут спрэс чужыя людзі ды наўкола чужая зямля. Тут іх жыццё. Яны тут зачатыя і народжаныя. Тут пахаваныя іх продкі. Гэтыя клятыя горы — іх родныя горы, як тыя, што зараз далёка-далёка, лугі, гаі і дубровы, любыя твайму сэрцу краявіды

— Інтэрнацыянальны доўг, пачэсны абавязак... Пустыя словы. Хто даў права вызначаць ім, што табе рабіць? 3 якой нагоды ты павінен падпарадкавацца чужой волі, чужому жаданню? Чаму ты, сын сваёй зямлі, бадзяешся ў чужых краях? Калі здарыцца такая бяда дома, хто як не ты павінен ратаваць свайго бацьку, хто як не ты павінен бараніць ад здзеку сваю маці, хто заступіцца за брата і сястру, калі ты пакладзеш тут сваю галаву?

3.3/ Было ў яго да сябе яшчэ шмат іншых пытанняў, толькі ні на адно з іх не знаходзілася ўпэўненых, сцвярджальных адказаў. Стагнала і плакала душа, балела сэрца і ніхто не мог яго суцешыць, наўкол былі чужына і чужынцы.


СУСТРЭЧА 3 “СЯБРАМ”

4.1/ На другі месяц знаходжання ў гарах радавы Лабута выпрасіў у камандзіра ўзвода за пляшку чачы дазвол схадзіць у аул. Панёс на пошту ліст да рыжай Светкі, бо да вайсковай сувязі не меў даверу. У ауле ацалелі тры будынкі, але там яшчэ жылі людзі.

4.2/ I тут ён сустрэў Мамедава, з якім нядоўга служыў у адным узводзе, але асабіста знаёмы не быў. Тады яны былі не роўныя — “дзед” і салага.

4.3/ “Брат, — нечакана казаў яму Мамедаў. — Я так рады цябе бачыць”. I плакаў, як малоё дзіцё паклаўшы яму галаву на плячо.

4.4/ Міхась таксама плакаў.

4.5/ Мамедаў павёў яго дамоў. Адна сцяна будынка была ўшчэнт разбураная, другая ледзь трымалася.

4.6/ Як казаў мусульманін, армяне згвалтавалі яго сямідзесяцігадовую бабулю, зарэзалі дзевяцігадовага брата. Астатнія сваякі пайшлі прочкі, і невядома, дзе яны цяпер.

4.7/ Мамедаў адкаркаваў бурдзюк. Яны пілі даўкае кіслае віно, елі гнілыя памідоры, мачаючы ў соль. Надзіва, на свеце не было нічога смачней за тыя гнілыя памідоры.

4.8/ “Жыццё такая дробязь, — казаў, да апошняе валасінкі сівы, Мамедаў — Сёння жывеш — заўтра памрэш. Заб'юць цябе ні за што. Косткі і тыя струхлеюць. А што застанецца? Памяць. А я пакуль не паспеў нічога зрабіць, вартага памяці”.

4.9/ Казаў надалей Мамедаў: “Я — мусульманін, ты — хрысціянін. Я жыць хачу, ты жыць хачу. Навошта забівай чалавек чалавека? Ты мой сябра, я твой сябра. Ты прыходзь да мяне пі віно, еш шашлык, гуляй. Я прыязджай да цябе ў госці, пі, гуляй у цябе. Мы сябра. Мы — людзі. Хіба нас так многа на зямлі?”

4.10/ Зноў цалаваліся хрысціянін Лабута і мусульманін Мамедаў. Радней іх у той час не было нікога на свеце.

4.11/ Разыходзіліся, абяцалі помніць адзін аднаго.

4.12/ Лабута выйшаў за аул, як з гор прагучаў стрэл. Ён паспешна вярнуўся назад.

4.13/ Мамедаў ляжаў нерухома на парозе сваёй разбуранай саклі. Шэрыя вочы літасціва свідравалі неба.


ПОМСТА

5.1/ Камандзір узвода выклікаў радавога Лабуту ды яфрэйтара Чыкіна ды загадаў праверыць, хто кешкаецца ў спаленым будынку ля ракі.

5.2/ Кароткімі перабежкамі наблізіліся яны да знявечанага жытла.

5.3/ Дзесьці ў гарах прагучаў стрэл. Куля непадалёку ад іх ударыла ў камень і дробным аскепкам рассекла яфрэйтару скроню.

5.4/ Чыкін выцер кроў, вылаяўся, зняў аўтамат і, сагнуўшыся, пабег да дома.

5.5/ Ён прагнуў пометы.

5.6/ Казаў Лабута Чыкіну: “Не страляй! Стрэл быў не адтуль. Там учора я бачыў маладую цяжарную кабету. Павінны быць дзеці”.

5.7/ Не слухаў яго яфрэйтар, казаў, што там азеры клятыя схаваліся, і шпурнуў у выбітае акно гранату.

5.8/ Увайшлі ў разбураны будынак. На сценах кроў, на падлозе кроў, на столі кроў. I толькі пазнаць, што старая жанчына, маладая кабета ды два знявечаныя ўшчэнт дзіцячыя целы. А наўкола кроў... кроў кроў ..

5.9/ I надалей казаў нелюдзь. “А, клятыя азеры! У рот вас. так вашаму роду і трэба”.

5.10/ Міхась Лабута нічога не казаў, толькі моцна сціснуў аўтамат. Яфрэйтар няскладна ўзмахнуў рукамі, спрабаваў нешта крычаць, ды аўтаматны трэск ускалыхнуў наваколле і заглушыў яго голас.

5.11/ Галава Чыкіна лягла побач з галавой маладзіцы.

5.12/ Радавы Лабута зняў з пляча аўтамат, кінуў яго на зямлю і, не выбіраючы дарогі, пайшоў прэч.


УЦЁКІ Ў НІКУДЫ

6.1/ Міхасю Лабуце раптам зрабілася млосна ад думкі, што ён такі ж, як і карантыш Чыкін, — звычайны забойца. Бяздумнасць учынка скавала розум і волю. Хацелася некуды ісці, і толькі ў тым ён бачыў сваё выратаванне.

6.2/ Ён памкнуў у горы. На стромкіх схілах, пакрытых першым снегам, хутка ўставаў, зноў падаў і зноў уставаў. Цяжка даваўся кожны крок, але хлопец узбіраўся ўсё вышэй і вышэй. Урэшце наўкола засталіся адны камяні і лёд.

6.3/ Падымацца ўверх ужо не ставала моцы, а жадання спускацца ўніз не было аніякага.

6.4/ Міхась бездапаможна сеў, абапёрся плячыма аб камень і закрыў рукамі вочы.

6.5/ Яго і знайшлі так, сядзячым, на трэці дзень, зусім выпадкова і нечакана, знямоглага і задубелага, амаль засыпанага снегам.

6.6/ Ужо падумалі, што ён мёртвы. Адзін салдат абыякава варухнуў яго нагой, і хлопец падаў знак жыцця.

6.7/ Міхася на шынялі знеслі ўніз, на вайсковым грузавіку адвезлі на аэрадром, потым верталётам пераправілі ў акружны шпіталь.

6.8/ Увесь гэты час радавы Лабута быў у беспрытомнасці


РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ


ГУТАРКА 3 БОГАМ

1.1/ Надзеі на выратаванне не было

1.2/ Ён гарэў як у агні і бесперастанку штосьці шаптаў, з некім гаварыў.

1.3/ Міхась Лабута гутарыў з тым, у каго ніколі не верыў. Ён гутарыў з Богам.

— Навошта Ты прымусіў пакутаваць мяне, я ж Твой сын? Хіба варта так абыходзіцца са сваім дзіцём?

— Той, каторага ты забіў, таксама мой сын.

— Але ж ён не чалавек, ён гной. Ён збыткаваў з мяне, збыткаваў з іншых. Ён забойца ні ў чым не павінных людзей.

— Для мяне вы ўсе роўныя, як ахвяры, так і забойцы. Вось вазьмі, адрэж на руцэ які-небудзь палец, і табе ўсё роўна балець будзе. Так і мне баліць за кожнага з вас. А ты скажы, хіба маці таго хлопца, што забіў ты, не пакутуе? Для яе ён самы найлепшы, як і ты для сваёй маці.

— Так.

— Гэта яшчэ не пакуты. Бывае, у жыцці чалавека настае дзень, калі ён адракаецца ад блізкіх сваіх. Прыходзіць дзень, калі ён не хоча бачыць сваіх, каханыя становяцца нялюбымі. Чалавек адварочваецца ад усіх, і ўсе адварочваюцца ад яго. Нямілым становіцца белы свет. Чалавек сам сабе шукае згубы ды не знаходзіць яе. Чаго толькі не бывае ў жыцці. Я табе сведчу пра тое. Як бы табе ні было цяжка, ніколі не адракайся ад маці і Радзімы, яны ў цябе адзіныя. Ты — іх сын і навек з імі павінен застацца. Усё будзе залежаць ад цябе, як ты будзеш іх кахаць, як будзеш шанаваць.


ВЯРТАННЕ БЛУДНІЦЫ

2.1 / Калі ўжо ніхто не спадзяваўся, што салдат будзе жыць, да Міхася Лабуты вярнулася прытомнасць.

2.2/ Ён расплюшчыў вочы ды першай пабачыў перад сабою Марыю, блудніцу, і казаў ёй: “Каханая!”

2.3/ Яна ўзрадавалася, упала яму на грудзі ды горка-горка заплакала.

2.4/ Хлопец гладзіў дзяўчыну па галаве і ціхім голасам казаў далей: “Адзіная! Я буду кахаць цябе столькі, колькі жыць буду, бо ты выратавала мяне ад смерці. Там, у гарах, і потым у бяспамятцве здавалася, што я блукаю па бясконцых сутарэннях ды ніяк не магу знайсці выхад. Урэшце з'явілася ты з паходняю ў руках і павяла мяне да святла і сонца".

2.5/ Плакала блудніца Марыя і адказвала яму так: “Прысніўся мне адной ноччу незнаёмы сівы чалавек. Ён сказаў мне, што ты цяжка хворы і знаходзішся тут; а як я не прыеду, то ты памрэш".

2.6/ Яшчэ казала Марыя так: “3 сённяшняга дня я буду твая і толькі твая. Апроч цябе для мяне нікога не існуе болей. Любы. Каханы”.

2.7/ Здавалася Міхасю, што няма на свеце нікога бліжэй і даражэй, чым гэтая распусная жанчына.

2.8/ Тут ён зразумеў свайго першага камандзіра роты капітана Берагавога. Сэрцам адчуў, што той па-сапраўднаму шчыра кахаў сваю жонку.

2.9/ Блудніца Марыя карміла каханага, як малое дзіцё, з лыжычкі і прыбірала за ім. Не адыходзіла ні на крок ад яго, ні днём ні ноччу.

2.10/ Праз тыдзень прыехалі бацькі Міхася, малодшы брат яго ды сястра. Увайшлі ў палату, пабачылі сына ды разгубіліся, бацька маўчаў, маці плакала, сястра з братам аб нечым шапталіся.

2.11/ Як ад'язджалі бацькі, маці, гледзячы на Марыю, казала: “Якая цудоўная дзяўчына! Як шчыра кахае цябе!”. "I я яе кахаю", — цвердзіў Міхась. “Беражы яе, — прасіў бацька. — Лепшай жонкі не знойдзеш ва ўсім белым свеце”.


СМЕРЦЬ КАХАНАЙ

3.1/ Міхась папрасіў Марыю прынесці свежай вады. Яна ўзяла посуд і выйшла з палаты.

3.2/ У калідоры яе перапынілі тры горцы.

3.3/ “Паслухай, дарагая, дзе тут знаходзіцца абмарожаны салдат?” — запытаў яе Мамедаў-малодшы.

3.4/ "Навошта ён вам?” — пацікавілася дзяўчына

3.5/ “Я прыйшоў помсціць за смерць брата".

3.6/ “Не забіваў ён”. Марыя стала на іх шляху

3.7/ Незнаёмцы пачалі ўгаворваць яе прапусціць іх: "Паслухай, жанчына! Ён кепскі чалавек. Ён — забойца”

3.8/ “Няпраўда”, — стаяла на сваім дзяўчына.

3.9/ “Саступі, — запатрабаваў чужынец. — Інакш кепска будзе”

3.10/ "Ніколі, — рашуча адказала Марыя — Я вас не баюся”

3.11/ "Адрачыся ад яго і ты будзеш жыць”, — бы той воўк скаліў зубы Мамедаў-малодшы.

3.12/ “Хіба можна адрачыся ад кахання! — гаварыла блудніца. — Я толькі спазнала яго. Я лепш адракуся ад свайго жыцця”

3.13/ Ад першага стрэлу Марыя ціха войкнула. Ад другога схапілася за сэрца і ўпала ля самых дзвярэй, засланіўшы сабою ўваход. Яна ратавала каханне.

3.14/ Чужынцы спалохаліся і кінуліся наўцёкі.


БЕЗ ВІНЫ ВІНАВАТЫ

4.1/ Смерць каханай зноў прымусіла Міхася Лабуту пакутаваць.

4.2/ Рой думак гвалтаваў розум, шал пачуццяў засланяў свет. I ён зноў стаў губляць прытомнасць.

4.3/ Нечакана ў палату прыйшоў следчы і пачаў распытваць пра падзеі таго дня. Напрыканцы гутаркі сказаў’ “Ты не хворы, ты прыкідваешся ім, каб не несці адказнасць за забойства азербайджанскай сям'і”

4.4/ Следчы пайшоў, ды адразу за ім у палату зайшлі адзін чалавек у цывільным і два салдаты з аўтаматамі.

4.5/ Доктар горача пратэставаў, але яго проста адпіхнулі ўбок. Салдаты ўзялі Міхася Лабуту пад рукі ды пацягнулі за сабою. Супраціўляцца ён не мог.

4.6/ У двары шпіталя яго чакала звычайная турэмная машына.


ЗНАЁМЫЯ СЦЕНЫ

5.1/ Следчы ізалятар мала чым адрозніваўся ад гаўптвахты: шэрыя сцены, змрочнасць памяшкання, дзікунства ў адносінах назіральнікаў да падследных.

5.2/ Справу даследаваў усё той жа следчы. Прозвішча яго было надзвычай простае, Уладзімераў.

5.3/ I казаў яму Уладзімераў з картавым блізусходнім вымаўленнем, што шчырае прызнанне зменшыць яму кару.

5.4/ “Не! — цвердзіў адно і тое ж Міхась Лабута — Не забіваў я тых людзей”

5.5/ Не верыў следчы і цвердзіў сваё. “3 твайго аўтамата не было зроблена ні аднаго стрэлу. Яфрэйтар Чыкін змагаўся з баевікамі, а ты не дапамог яму. Кінуў гранату ў хату і сам уцёк. Спужаўся адказнасці. Твой сябра загінуў як герой. У цябе няма гранаты. Вось доказ тваёй віны”.

5.6/ Хлопец быў у роспачы. Хто паверыць, што Чыкін адабраў у яго новы аўтамат, а яму аддаў свой? Хто паверыць, што нябожчык забраў яго гранату, каб адчуваць сябе больш смелым?

5.7/ Зноў і зноў цвердзіў тое Лабута. Зноў і зноў яму не верылі.

5.8/ Казаў следчы Уладзімераў: “За мужнасць яфрэйтара Чыкіна ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга, а цябе я згнаю ў турме”

5.9/ Біў яго следчы. Білі салдаты. Саджалі ў карцэр, не давалі есці і зноў білі. Некалькі начэй не давалі спаць, і штодня гарбаносы следчы дамагаўся аднаго: “Пацвердзі мае словы”.

5.10/ Калі быў згублены лік дзён, праведзеных у турме, калі знікла надзея на ўсялякае выратаванне ды справядлівасць, яго нечакана перасталі вадзіць на допыт. Быццам забыліся пра яго.

5.11/ Лабута толькі еў ды спаў і лічыў, што лепш за гэты час у яго жыцці нічога не было.

5.12/ Урэшце яго выклікаў ахоўнік і адвёў у зусім іншы кабінет. За сталом сядзеў чырванашчокі разанец у званні маёра. Пабачыўшы Лабуту, ён прысвіснуў, гучна вылаяўся і сказаў' “Ну, адпрасаваў цябе, жыд пархаты. Думае, як жончынае прозвішча ўзяў, дык рускім стаў. Не хвалюйся. Твая справа закрыта. Усё скончана. Падумаеш, застрэліў некалькі азіятаў. Няўжо мы будзем за гэта судзіць свайго хлопца? Няма ўжо СССР, разваліўся ён. А раз разваліўся, значыць няма такіх законаў, каб судзіць цябе. Ідзі, служы! Выконвай свой пачэсны абавязак”.


БАДЗЯННЕ

6.1/ Новым месцам службы Міхася Лабуты стаў невялічкі гарадок на Урале.

6.2/ Казаў новы зампаліт, што Савецкі Саюз ляснуў і, дзякуй Богу, цяпер вы ўсе абаронцы Вялікай Расіі. Бульбашы і хахлы таксама самастойныя, але яны з намі заадно.

6.3/ Міхасю Лабуце зноў захацелася дамоў. Ён падсвядома разумеў, што паколькі ён беларус і ўжо грамадзянін іншай дзяржавы, то з той нагоды яго могуць зноў некуды паслаць ваяваць. Гэтага ён баяўся больш за ўсё.

6.4/ Некаторыя афіцэры-беларусы іх вайсковай часці добраахвотна вярталіся на Радзіму.

6.5/ I казаў радавы Лабута новаму камандзіру, што ён не хоча служыць у расійскім войску, што хоча служыць Бацькаўшчыне

6.6/ Адзін дзень казаў камандзіру, другі дзень казаў камандзіру, тыдзень казаў. На службу не хадзіў. Камандзір напачатку аб'яўляў пазачарговыя нарады на службу. Лабута не падпарадкоўваўся. Так цягнулася месяц часу.

6.7/ Аднойчы камандзір часці вывеў яго за браму, піхануў у плечы і сказаў: “Прэч ідзі, неслух! Не хачу цябе бачыць. Шыбуй пехам у сваю Беларусь”.

6.8/ Ён не меў з сабою ні рэчаў, ні грошай. Напачатку з'явілася жаданне вярнуцца назад, але ўласны гонар узяў верх, і ў вайсковую часць ён не пайшоў.

6.9/ Лабута падаўся на чыгуначную станцыю. Прайшоў пехам болей чым дваццаць кіламетраў. На вакзале яго затрымаў патруль за парушэнне вайсковага строю. Прывялі ў камендатуру, правялі дазнанне Казаў салдат, што яго выгнаў камандзір часці за тое, што не хоча служыць у расійскім войску, а прагне служыць Беларусі.

6.11/ Пазбыткавалі, пасмяяліся, пастрашылі трыбуналам, а ўрэшце, каб не мець лішняга клопату, вярнулі ў вайсковую часць.

6.12/ Назаўтра камандзір часці паўтарыў усё тое, што зрабіў напярэдадні.

6.13/ Толькі ўтрэці раз, калі вайсковы патруль проста абышоў яго, Міхась Лабута змог сесці ў цягнік.


ЧУЖЫЯ РОДНЫЯ СЦЕНЫ

7.1/ Маці была радая, смяялася, плакала ды цалавала. Бацька ў адначассе наладзіў шыкоўную вячэру.

7.2/ Прыйшлі сваякі, бо грошай даваць не трэба было. Прыйшлі сябры са сваімі пляшкамі ды юдзілі выпіць у ціхім закутку. 3 дзяўчат прыйшла рыжая Светка.

7.3/ Забава была шумная. Напрыканцы толькі адзін раз пабіліся далёкія сваякі. Свае хлопцы ўставілі ім розуму. Потым усе разам пілі зноў.

7.4/ Назаўтра сусед запытаў, чаму я дома. Патлумачыў, што ў адпачынку. Хітра ўсміхнуўся.

7.5/ Запытаў старшыня сельсавета, чаму не збіраюся станавіцца на вайсковы ўлік.

7.6/ На трэці дзень і маці з бацькам увечары запыталі. “Сынок! Чаму ты не служыш?”

7.7/ Распавядаўусё, як было на самай справе. 3 жахам у вачах маці выслухала, бацька вылаяўся і коратка зазначыў: “Вырадак!”

7.8/ Назаўтра маці на сняданак падала нішчымную кашу ды кіслае малако. Бацька не размаўляў.

7.9/ Так цягнулася ўсе наступныя тры дні. На чацвёрты Міхась Лабута, як і раіла маці, вырашыў звярнуцца ў раённы камісарыят.


ЗНОЎ У ВАЕННЫМ КАМІСАРЫЯЦЕ

8.1/ 3‘явіўся. Па праўдзе ўсё распавядаў. Пасмяяліся ды не паверылі.

8.2/ Паказаў паперы, што ўсё зроблена акуратна. Паказаў дый сказаў: “Я хачу служыць на Беларусі”

8.3/ I адказваў раённы камісар: "Ты будзеш служыць там, куды я цябе пашлю. Ты будзеш служыць у Туркменіі”

8.4/ “Не буду, — цвёрда адказаў Міхась Лабута. — Не буду я вам, бальшавікам, служыць. Я буду служыць сваёй Бацькаўшчыне”.

8.5/ “Вязніца па табе плача, але не той час”, — цвердзіў сваё пуцаты палкоўнік.

8.6/ “Усе вы здраднікі сваёй Бацькаўшчыны, але я вас усё роўна не баюся, бо мне не тое давялося бачыць", — стаяў на сваім салдат

8.7/ “Добра! Ты будзеш служыць сваёй Бацькаўшчыне, але пашкадуеш аб гэтым”, — тросся ад злосці камісар.

8.8/ Радавы Лабута быў накіраваны ў штаб ваеннай акругі для прызначэння месца службы.


РАЗДЗЕЛ СЁМЫ


РАЗУМЕНИЕ СВЯТОЙ ІСЦІНЫ

1.1/ Міхась Лабута здзівіўся свайму непрыкрытаму нахабству, з якім ён размаўляў з ваенным камісарам.

1.2/ Усю дарогу адольваў роздум над простымі і ўсім зразумелымі ісцінамі: Радзіма і маці.

1.3/ “I справа ў тым, — разважаў ён, — што можна стаць маршалам і не кахаць сваю Радзіму. Можна быць салдатам і не па загаду, а з сыновай павагі, аддаць без роздуму за яе жыццё".

1.4/ Нават можна варагаваць са сваёй маці, што вельмі сумна, але не паважаць сваю Радзіму нельга. Проста нельга, бо тады ты звычайны манкурт.

1.5/ I жахнуўся Міхась сваёй думкі. Колькі вакол такіх бязродных.

1.6/ Вырашыў Лабута надалей размаўляць толькі на беларускай мове. Вырашыў, як ён лічыў, пачаць з самага дробязнага, хоць не ведаў, што тое адначасова ёсць самае вялікае.


У БЕЛАРУСКІМ ВОЙСКУ

2.1/ Размеркавалі радавога Лабуту ў вайсковую часць, што знаходзілася на Палессі пасярод пушчы.

2.2/ Салдат зайшоў у штаб часці і здзівіўся. “Box! Колькі знаёмых твараў”. Ад начальніка штаба, задраўшы ўверх пысу, выйшаў лейтэнант Бусловіч, які камандаваў суседнім узводам у Падмаскоўі. Ад камандзіра часці выскачыў, як ашпараны, капітан Берагавы.

2.3/ Капітан Берагавы напачатку прайшоў міма, але потым нечакана спыніўся і здзіўлена запытаў: “Лабута, што ты тут робіш?”

2.4/ Былы камандзір зрабіў усё, каб радавы Лабута трапіў у яго падраздзяленне.

2.5/ Наўкола былі чутны размовы пра Савецкую Армію і СССР.

2.6/ Нечакана ў падраздзяленне прыехала камісія Міністэрства Абароны новаўтворанай Рэспублікі Беларусь. Папярэдне лейтэнант Бусловіч даслаў туды рапарт на капітана Берагавога і вінаваціў яго ў нацыяналізме, за тое, што апошні з падначаленымі размаўляе на беларускай мове.

2.7/ Правяраючы даведаўся, што радавы Лабута добра ведае капітана і выклікаў да сябе.

2.8/ “Распавядай мне пра свайго камандзіра!” — запатрабаваў у яго грузны палкоўнік. “Расейскай мовы не разумею”, — згодна свайму прынцыпу адказаў салдат. “Я вас, блядзей, нацыяналістаў, ураз выведу на чыстую ваду”, — зароў вялікі начальнік. “Маскаль, — у сваю чаргу адказаў радавы. — Акупант расійскі". “Я беларус! — пачулася ў адказ. — 3 Наваградчыны родам". “Душою маскаль”.

2.9/ За такую размову радавы Лабута атрымаў пяць сутак арышту.

2.10/ Пасля той праверкі капітан Берагавы запрасіў Лабуту дамоў. Яны пілі спірт. Казаў капітан: “Што мы за народ такі — быдла. Чаму адцураліся бацькаўшчыны... За што няміласць такая беларусу ад беларусаў. Вось звольняць мяне з нашага войска, паеду да Дудаева. I не таму, што не люблю бацькаўшчыну, а таму, што без войска жыць не магу. Там хоць разумеюць — дзяржава моцная нацыянальным войскам".


СВАЕ - ЧУЖЫЯ

3.1/ Новы камандзір узвода лейтэнант Кузьміч, родам са Стаўбцоўшчыны, загадаў сарваць крыж Ярылы з варотаў КПП. Сяржант Мікуліч з Берасцейшчыны з вялікім задавальненнем выканаў загад.

3.2/ Прапаршчык Куланковіч на сваім "чыста рюскам” лямантаваў перад шыхтам салдат: “На х... я бачыў гэтую Беларусь. Я — сын Савецкага Саюза”.

3.3/ "Вы, таварыш прапаршчык, байструк ці як?” — не сцярпеў радавы Лабута. Старшына раззлаваўся і ўдарыў яго кулаком у твар: "Я гэтую бляцкую беларушчыну выб'ю разам з зубамі".

3.4/ Аб здарэнні даведаўся камандзір роты. Капітан Берагавы выклікаў радавога Лабуту і прапаршчыка ў канцылярыю. "Будзеш скардзіцца, падтрымаю цябе”, — сказаў ён салдату. "Няхай просіць прабачэння па-беларуску”, — прагучала ў адказ.

3.5/ “Даруй. Прашу прабачэння, — залямантаваў па-тутэйшаму старшына. — Болей такога не будзе”

3.6/ "Пайшоў прэч, халуй расейскі”, — прагнаў яго Берагавы.

3.7/ Шарагоўцы, простыя вясковыя хлопцы, устыдаліся гаварыць матчынаю мовай.

3.8/ Толькі малодшы сяржант Касымаў, узбек, салдат апошняга года службы, які вельмі паважаў капітана Берагавога, не ўстыдаўся беларускай мовы і на ёй падаваў загады “Сіхт, звазяй!”. Усе смяяліся з яго, перадражнівалі, а ён усё роўна цвердзіў: “Крокам русь!”

3.9/ Толькі два расійцы-афіцэры — старшы лейтэнант Волкаў і лейтэнант Строгаў — нічым асаблівым не вызначаліся, а паводзілі сябе як і раней. У Расію вяртацца не збіраліся.

3.10/ Наўкола была большасць беларусаў, і размаўлялі яны выключна на трасянцы, але чыстае беларускае мовы не паважалі. Цураліся ўсяго беларускага.


УСЁ ВЯРТАЕЦЦА НА КРУГІ СВАЯ

4.1/ Афіцэры службаю асабліва не даймалі, бо лічылі, што ён сваяк Берагавога. Стараслужачыя з той нагоды цярпелі яго ды не прызначалі да непатрэбнай працы. Простыя салдаты не сябравалі — лічылі дзіваком ды бэнээфаўцам.

4.2/ Праз два месяцы капітана Берагавога звольнілі з войска. Сталася тое так. Выклікаў камандзіра роты сам міністр абароны беларускай дзяржавы ды прапанаваў: “Ці ты ўласнаручна пішаш рапарт на звальненне і атрымліваеш кватэру, дзе пажадаеш, ці мы цябе "замурыжым” праверкамі ды ў рэшце рэшт звольнім з войска без пенсіі”.

4.3/ Не меў вайсковец да гэтага часу сталае кватэры і вымушаны быў прыняць прапанову.

4.4/ I застаўся радавы Лабута сярод беларусаў адзін. Становішча яго ўмомант змянілася.

4.5/ Прапаршчык Купанковіч на наступны ж дзень перад шыхтам салдатаў кпіў з беларускасці радавога.

4.6/ Камандзір узвода аб'явіў трое сутак арышту невядома за што.

4.7/ Стараслужачыя пачалі прымушаць яго, як маладых салдатаў, чысціць зброю ды выконваць іншую працу.

4.8/ Так доўжылася тры месяцы.

4.9/ За гэты тэрмін зніклі беларускамоўныя надпісы ў роце.

4.10/ За невыкананне задания сяржант Філіповіч пачаў біць Міхася прыкладам аўтамата па галаве. Хлопец закрываў галаву рукамі, і сяржант параніў яго. Салдат пайшоў у медпункт, але па дарозе яго перапыніў камандзір узвода. Пра гэты выпадак яму ўжо пераказалі. Ён вярнуў Лабуту ў казарму ды загадаў маўчаць.

4.11/ Рана была глыбокая. Сплыло шмат крыві, і ў рэшце рэшт яго вымушаны былі змясціць у шпіталь.

4.12/ Здарэннем занялася вайсковая пракуратура, але гэтую судовую справу чамусьці хутка закрылі.


ВЫГНАННЕ

5.1/ Радавога Лабуту адразу пасля шпіталя накіравалі на "кропку”.

5.2/ Пасярод неасушанай палескай твані знаходзілася невялічкая выспа. У густым хмызнячку стаялі казармы ды іншыя пабудовы вайсковай часці, што з'ехала ў Расію.

5.3/ Салдату было загадана ахоўваць ад рабавання неіснуючую маёмасць неіснуючай вайсковай базы.

5.4/ Сухі паёк быў выдадзены на тры дні.

5.5/ Ніхто не прыехаў і на чацвёрты дзень. Вымушаны быў пайсці збіраць шчаўе ды ягады. Не стаў галіцца. Праз некалькі дзён перастаў умывацца.

5.6/ Дзесяць дзён прайшло. Ніхто не наведваўся на гэты вайсковы аб'ект. Не правяраў яго. Не вёз харчаванне.

5.7/ Ягадаў гэтым летам было мала. Міхась усе дні бадзяўся па пустых казармах у надзеі здабыць хоць нейкую спажыву.

5.8/ Лабута згубіў лік дням свайго знаходжання тут. Згубіў чалавечае аблічча, нават надзею.

5.9/ На чатырнаццаты дзень знаходжання на “кропцы” ў яго пачаліся галодныя мроі.

5.10/ І пабачыўся яму капітан Берагавы, што сурова ды грозна казаў радавому Лабуце: “Парася ты няшкрэбанае, на каго ты падобны стаў? Навошта беларусаў ганьбіш?”


УЗЫХОДЖАННЕ

6.1/ Найпершым чынам радавы Лабута прывёў сябе да належнага выгляду - пагаліўся, памыўся, пачысціў апратку, наглянцаваў боты, падшыў свежы каўнерык.

6.2/ Пачынаючы з гэтай гадзіны Міхась вырашыў непахісна выконваць распарадак, заведзены ў іх вайсковай часці, нават калі яго ніхто не будзе кантраляваць.

6.3/ Ля афіцэрскіх домікаў адшукаў некалькі градаў бульбы. Прыгатаваў сняданак ды прытупіў голад.

6.4/ Адзін з вучэбных класаў адвёў сабе пад жыллё. Са зламанай мэблі выбраў сабе штосьці прыдатнае да ўжытку. Над ложкам змясціў "Пагоню”.

6.5/ У Ленінскім пакоі адшукаў рознакаляровыя кавалкі матэрыі, пашыў бел-чырвона-белы сцяг і ўзняў яго над будынкам былога штаба.

6.6/ Цяжка было кантраляваць сябе некалькі дзён напачатку. Надалей радавы Лабута прызвычаіўся ды выконваў распарадак адпаведна вайсковаму статуту.


ГОРКІ СМАК ЧУЖОЙ ЛАСКІ

7.1/ Нечакана на аб'ект прыехаў сам камандзір вайсковай часці. Ён суправаджаў нейкага генерала.

7.2/ Радавы Лабута сустрэў іх ля КПП, дзе таксама вывесіў герб “Пагоня” і як след адрапартаваў.

7.3/ Генерал агледзеў усе пабудовы, заглянуў ва ўсе закуточкі, пацікавіўся бытам салдата і ўсім застаўся задаволены.

7.4/ 3 той нагоды быў задаволены і камандзір вайсковай часці ды пачаў выхваляцца перад генералам: "Вось якія ў мяне салдаты, таварыш генерал. Дысцыплінаваныя, выхаваныя ў рамках вайсковага статута, і нават без камандзірскага нагляду выконваюць яго. Сапраўдныя патрыёты сваёй Бацькаўшчыны. Такіх у нас большасць”.

7.5/ Генерал аддзячыў радавога Лабуту за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў пазачарговым водпускам.

7.6/ Ад казённых сухіх ды абыякавых слоў генерала ў вайскоўца вочы поўніліся слязьмі і хацелася проста лаяцца самымі брыдкімі, самымі апошнімі словамі.

7.7/ Міхась стрымаў свой гнеў і толькі скрозь зубы выціснуў з сябе "Служу Айчыне!”

7.8/ Камандзір вайсковай часці загадаў салдату збіраць свае пажыткі ды ехаць на месца былой службы.

7.9/ Не было ніякага жадання вяртацца назад. Душою ён прыкіпеў да гэтых пустых казармаў.


РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ (АПОШНІ)


НЯЎМОЛЬНЫ ЧАС

1.1/ У часці радавы Лабута не змяніў сваіх паводзінаў.

1.2/ Начальства пра абяцаны водпуск забыла на наступны дзень. Пацягнуліся звычайныя вайсковыя будні, нічым асаблівым не рознячыся ад першага дня службы.

1.3/ Неяк зусім нечакана тэрмін службы пераваліў на другую палову. У падраздзяленні з'явілася чарговае маладое папаўненне.

1.4/ Аднапрызыўнікі згубілі падтрымку старэйшых і распачалі ставіцца да Лабуты як да роўнага. Кпілі не так балюча.

1.5/ “Салагі” ставіліся да беларускамоўнага салдата насцярожана-падазрона, але слухаліся.

1.6/ Не зважаючы ні на што, час імчаў да “дэмбеля”.


НОВЫЯ СТАСУНКІ

2.1/ Новы час прыносіў новыя змены. Адносіны паміж вайскоўцамі паступова пачалі мяняцца. Маладыя салдаты адчувалі сябе болыи вольна і паводзілі больш нахабна.

2.2/ Аднаго разу нават цярплівы Міхась Лабута не вытрываў. Навабранцу Каспяровічу, што абразліва выказаўся пра беларускую мову, даў добрага кухталя. Усе стараслужачыя з ім пагадзіліся.

2.3/ Малады салдат адразу паскардзіўся камандзіру.

2.4/ I казаў яму новы камандзір: "Ты ўвесь час дамагаешся справядлівасці, праўды, патрабуеш годнасці і няведама яшчэ чаго. А вось тут і праявіўся твой салдацка-жывёльны інстынкт і кулак вырашае ўсе праблемы. Так ці не?”

2.5/ Адказваў яму Лабута: “Чалавек, што не паважае сваю мову, — звычайная жывёліна. Мова абараніць сябе не можа, у яе павінен быць надзейны абаронца. Абражаць мову ў сваёй прысутнасці нікому не дазволю, нават вам, хоць вы старэйшы за мяне па ўзросце, пасадзе і званні”

2.6/ Пагадзіўся з ім камандзір ды перад шарэнгаю вайскоўцаў загадаў усім устрымацца ад падобных выказванняў.

2.7/ Кола дзён вайсковых надалей нястрымана кацілася ўперад. Міхась колькі разоў хадзіў у “самаволку”. Бывала, са службоўцамі, калі паблізу не было начальства, ужываў гарэлку. Нёс і службу.

2.8/ Ад няма чаго рабіць напісаў ліст рыжай Светцы. I ў першую ж суботу яго паклікалі на КПП. Там радавога Лабуту чакала прыгожая статная дзяўчына, у якую нельга было не закахацца. Усе хлопцы зайздросцілі яму. Дзяўчына няблізкую дарогу адольвала ў кожны свой выхадны дзень. Шал кахання спапяляў абодвух.

2.9/ Між іншым радавы Лабута з нецярпеннем чакаў свайго звальнення.


“ДЭМБЕЛЬ” ЦІ ...НАРЭШЦЕ СВАБОДНЫ

3.1/ Разам з усімі Міхась Лабута адсвяткаваў “сто дзён да загаду”, “абмыў” загад ды гадаў, у якой партыі будзе звольнены

3.2/ “Нулявою” партыяй быў звольнены шафёр камандзіра, у "першай” —дагаджальнікі камандзіраў падраздзяленняў. Праз месяц былі звольненыя ўсе, каго толькі можна было звольніць, нават апошнія недарэкі. Радавы Лабута працягваў служыць.

3.3/ I толькі праз два месяцы камандзір часці выклікаў да сябе салдата.

3.4/ “Ты някепскім салдатам быў, радавы Лабута, але служыў у войску даўжэй за іншых з-за сваіх нацыяналістычных прынцыпаў. Звольнішся ты, і ў маім падраздзяленні ўсё будзе, як у былыя часы, як у Савецкім войску".

3.5/ I адказваў Лабута так: “А я не стану тым, кім быў, і мяне ўжо нічым не спалохаеш. За свой край, за сваю мову я гатовы памерці хоць зараз. А калі вы, няўлюдкі, захочаце вярнуць былое, першы паўстану суперак. Здраднікаў сваёй Айчыны не стоміцца забіваць рука”.

3.6/ 3 тым пайшоў, толькі на развітанне сказаў: “Апамятайцеся, інакш я вярнуся".