КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Зялёны Луг [Барыс Мікуліч] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

часовы я.

А яна на гэта яму казала, што хоць і часовы, але гаспадарыць трэба, — як дзяржава ўправіцца з вайной, тады і калгасамі зоймецца. Папрыходзяць маладыя з фронту, тады яго заменяць. Тамаш адмахваўся, а нарэшце казаў, што яму хату ставіць трэба, у зямлянцы абрыдла. Ганна ішла ад свата, не супакоеная, з такім адчуваннем, як у чалавека, які прагне піць, а вада салёная. Ганна ўсё думала, што калі няма сыноў, няма сям’і, калі вялікае гора, дык усю гэту нястачу можна поўна пакрыць працай. Яна многа рабіла ў гэтую вясну і не адчувала стомы. Нікому яна не скардзілася на сваё адзіноцтва, ніхто не бачыў яе слёз, бо рэдка хто з даўнішніх суседзяў заглядаў да яе ў «палац».

За вайну падраслі дзеўкі і хлопцы, па вечарах яны спявалі ля ракі, і ў гэтым хоры чуўся нізкі, грудны, але надта моцны голас Агаты. Сярод дзевак яна зрабілася верхаводам, а з хлопцаў кпіла — сасункі, хіба гэта хлопцы? Альжбета і Стафан складалі перавезеную хату, а Агата хадзіла рабіць у калгас. Скора да іх, да прыезджых, прызвычаіліся, толькі Ганна не забывалася на тое, што Стафан паквапіўся быў на яе сядзібу.

Аднаго разу ў вёску прыйшоў грузавік. Ён спыніўся каля Ганчынай сядзібы. Трое ваенных сышло з яго, адзін з іх быў той самы, з якім бачылася старая ў ваенкамаце. Ганна рушыла да іх. Зноў падумала, якое падабенства з Тодарам. Светлавалосы моцна паціснуў яе руку, твар быў узрадаваны — гэта ж старыя знаёмыя.

— Мы, матка, да цябе, прымай гасцей.

Яна аж усхвалявалася.

— Куды ж вас, дзеці? Мой палац... — І самой зрабілася прыкра, што ска­зала Стафанава слова.

— Нічога, мы людзі прызвычаеныя! Лейтэнант! От наша матка. Я схаджу да старшыні, а вы тут упраўляйцеся.

Ля машыны сабраліся дзеці, а неўзабаве падышоў хто і з дарослых. Чарнявы хлапец, якога назваў русавалосы лейтэнантам, глянуў на ўсё пашыранымі вачамі, нібы хацеў ураз усё ўвабраць і ўсё запомніць. І прыціхшы чалавечы груд слухаў тое, што ён казаў:

— Ваенком даручыў нам, матка, пабудаваць вам хату. Вот мы выражам дрэва, прывязём, а старшыня дапаможа з людзьмі. Вы хочаце мець хату, матка?

Тут ужо старая не хавала сваіх слёз. Потым прыйшоў русавалосы з Тамашом. Гутарылі доўга, аб усіх дробязях. Потым госці мыліся ў рацэ, іхнія ўзбуджаныя галасы разносіліся па ўсёй вёсцы. А як наступіў адвячорак, чарнявы лейтэнант, — дзятва ўжо ведала, што завуць яго Юркам, — дастаў з машыны баян і, граючы, ціха заспяваў рускую, вельмі зразумелую ўсім песню:

Ты теперь далеко-далеко,

Между нами снега да снега.

До тебя мне дойти не легко,

А до смерти — четыре шага.

Дзяўчаты ўжо гарачым, трапяткім колам абкружылі ваенных. Гэта кола — як вянок з яркіх палявых красак, а Агата — гарыць ярчэй за ўсіх. Вось яна нахіліла сваю залацістую галоўку, блакітная хусцінка ледзь кратаецца на грудзях ад дыхання, тонкі, трохі вузкаваты твар увесь чыста ружовы, ясныя вочы — з аганьком.

— Танцаваць! — кажа Юрка і пачынае граць «Афіцэрскі вальс». Ажыў забыты Ганчын пагорак. Пары круцяцца ў вальсе, лёгкім віхрам узнімаюцца над натоўпам жарты, смех. Капітан сядзіць з Ганнай, то слухае, што Тодар прыйдзе, то распытвае, як жывецца. Ганна ўсё не можа зрабіць так, каб слёзы не каціліся па шчацэ. Вось, здаецца, няма іх, а як гляне на русавалосага, на пісяг на падбародку, на ўвесь яго харошы твар і сляза сама сабой пакоціцца.

Яна ўжо хоча, каб і ён патанцаваў, але ваенком уздыхае і кажа, што старая рана не загаілася і танцаваць не дае. Нарэшце моладзь сыпанула за гарманістам па сяле. Ён ідзе павольна, па правую руку — адзін з прыезджых, па левую — Агата, і гарманіст усміхаецца ёй. Песня ідзе аберуч з танцам — даўно не было ў Зялёным Лузе такога гуляння. То заціхаюць, то, быццам пук ракет, узнімаюцца ўгору вясёлыя галасы і смех. А вось яны ўжо далёка, з выгана ляцяць вясковыя прыпеўкі:

Кучаравая бяроза,

зялёныя венікі,

Калі я табе не пара —

Выпішы з Амерыкі!..

Ходзяць па сяле вясёлыя пары, а над імі ходзяць цёплыя зоры, і ўсё ахоплена радасцю і вясёласцю, а зрабілася гэта па волі гарманіста —

Кучаравая бяроза, не губляй зялёны ліст,

Не хачу дружка з Амерыкі —

Даспадобы гарманіст!..

— Правільна гуляюць! — сказаў ваенком. — Знудзела моладзь па музыцы, па песнях, а цяпер — смела спявай! — І да Ганны: — Ты, матка, не бядуй. Я прыстроюся ў машыне на начлег, а ў наступны раз калі прыеду, будзем у хаце гуляць наваселле. Толькі глядзі, кіруй, каб рабілі добра. — Ён узняўся і пайшоў да машыны, і толькі тут Ганна заўважыла, што ён цяжка ступае на правую нагу.

ІІІ

Ці не таму любіць чалавек працу, што ў ёй захована чароўная сіла — арганізоўваць людзей? Гарачыя ў Юркі вочы, а яшчэ больш гарачыя — пальцы рук. Гляньце, як спрытна яны перабіраюць па ладах баяна, услухайцеся, якія гукі нараджаюцца пад імі!