КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Расстайны пах асоту [Анатоль Бутэвіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Анатоль Бутэвіч Расстайны пах асоту: аповесці і апавяданні

Iнстынкт, або ПРЫСАК КАХАННЯ I ЖАРСТВА ПАКУТ АПОВЕСЦЬ

1

Колькі гадоў, дзесяцігоддзяў, стагоддзяў (хто здолеў бы падлічыць!) людзі намагаліся, стараліся, высільваліся, імкнуліся, хацелі, але не здолелі і да гэтага часу не могуць зразумець, спасцігнуць і разгадацць недасяжны сэнс гэтага звычайнага слова!

Колькі пакаленняў юных асобаў станавіліся мацяркамі, а то і мацяркамі-адзіночкамі, бацькамі, а то і непрызнанымі бацькамі, дзядулямі і бабулямі, так і не дапіўшы да донца салодка-горкую чашу гэтага неразгаданага і магічнага Слова, не здолеўшы ўсвядоміць самі і не могучы растлумачыць сваім дзецям і ўнукам яго зваблівы і няўлоўны змест!

Яно было і застаецца салодкім, як мёд, і горкім, як палын, жаданым, як жыццё, і нечаканым, як смерць.

Хоць — перастаў гэтыя эпітэты, і таксама будзе праўдай: горкае, як мёд, жаданае, як смерць... Бо ў дачыненні да гэтага слова ўсё магчымае і ўсё праўда, усё быццам бы вядома і — нічога невядома. I ніколі, відаць, не будзе вядома!

I гэта не высновы расчараванага і бітага жыццём песіміста, а сама сутнасная існасць гэтага ўтаемненага, загадкавага і магічнага слова, якое віравала і віруе кроў, пеніла і пеніць пачуцці, хвалявала, хвалюе і будзе хваляваць да скону жыцця ў сусвеце.

Яно надзвычай звыклае і лёгка даступнае, як паветра, як сон, як жыццё, і недасяжна-незнаёма-невядомае, пакутліва-неспасцігальнае, як сам сэнс жыцця.

I слова гэтае — Каханне...

Каханне...

Хто з таемным першародным страхам і цнатлівым трымценнем голасу, з узбуджальна-хвалюючай дрыготкай у целе не прамаўляў, не вышэптваў і не выдыхаў гэтага слова, не вымольваў яго, не трызніў ім, не спадзяваўся на яго, як на апошнюю і найвышэйшую надзею?

Хто не прагнуў гэтага пачуцця, як збавення і аджыўлення душы і духу, хто не маліўся мройлівымі начамі, каб нехта тамтой, на Вышынях, самы найвысокі і наймагутны, паслаў таго адзіна-адзінага, паразуменне і суіснаванне з кім робіць жыццё асэнсаваным і радасным і даруе яго працяг?

Хто не перажываў і не адчайваўся, не плакаў і не смяяўся, не радаваўся і не пакутаваў у чаканні яго і з яго прыходам?

Хто не быў на сёмым небе і не апускаўся ў самыя злавесныя глыбіні апраметнай ад спробы яго спазнання?

Хто не нёс напаказ свой крыж радасці і не хаваў ад іншых свой крыж пакуты?

Бо было яно праз стагоддзі стагоддяў і святочна-ўзнёслым, радасна-перапоўненым праз край, як Песня Песняў, і горка-маркотным, скрушлівым, настылым адчаем, як склеп Джульеты.

Але чаму, чаму гэтаму светламу слову заўсёды супрацьстаіць слова антонім, слова супрацьлегласць?

Чаму і навошта гэтае жыццёва натуральнае, пяшчотнае і шчырае, асляпляльнае і стваральнае пачуццё заўсёды суседнічае і спадарожнічае з гэткім жа натуральным сляпым і пякучым, горка-атрутным і разбуральным расчараваннем?

Чаму пасля яго шчодрага красавання бываюць як багата-ўмалотныя і прыземіста-сагнутыя каласы, так і ганарыста задзёртыя пустагаловыя стырчакі? Чаму каласіцца яно ўраджайнай нівай і пустазеліцца пустацветам?

Чаму спрадвеку і праз гады закаханыя бываюць бязмежна шчаслівыя і бязмерна няшчасныя? Чаму адны шчасліва закаханыя на ўсё жыццё, а іншым хапае і аднаго дня, каб з каханнем узнесціся і пасля пеклаваць праз усю рэштку зямнога быцця? Чаму, нават адбалелае, гэтае пачуццё не забываецца і не знікае бясследна, пераўтвараючы і змяняючы чалавека? Чаму след закаханасці бывае натуральна непрыкметным і гаючым і паказальна знарочыстым і нервовым?

Чаму гэтае проста слова і простае слова нясе абнадзеена жыццядайны і незваротна жыццезнішчальны сэнс?

Хто адкажа на гэтыя звыклыя пытанні?

Хто апранецца ў тогу суддзі-пракуратара, каб ацэньваць, а тым больш судзіць юныя жыццёвыя парасткі, што прагна цягнуцца адно да аднаго пад уздзеяннем магічнай сілы гэтага слова і пачуцця?

Хто параіць, як з хліпкага і кволага парастка-надзеі выгадаваць, выпеставаць магутае і нязломнае дрэва Кахання? I ці павінна быць яно недаступна гордым, безаглядна летуценным і абсалютна незалежным альбо гнутка-пакорлівым і прагматычна-ўчэпістым? Як ягоную ўзнёслую вышынную адухоўленасць і выразную духоўную магутнасць не разгубіць, не выветрыць, не раструсіць, не перацерці на пацяруху, не ператварыць у пакутлівы цяжар шорсткай будзённай штодзёншчыны?

Хто асмеліцца на такую параду, калі сам не дапіў да кроплі гэты келіх, не спасцігнуў сэнс недасягальнасці гэтага пачуцця, яго недаступнасці і нераздзеленасці, незразумеласці і шматпакутнасці?

I толькі спакойна-ціхае, як застойнае балота, і гладка-роўнае, як знячуленая бетонка альбо размяклы на сонцы асфальт, пазбаўленае эмацыянальных выбухаў і прыперчанай асалоды, уяўна зразумелае і падманліва шчырае становіцца яно нязносным штодзённым цярновым вянком. Марнае ж і мазахісцкае імкненне садраць гэты нясцерпны вянок са сваёй галавы, калі хочацца і не хочацца пазбавіцца ад яго, альбо хоць бы павырываць, павыкалупваць вострыя калючкі, прыносіць дакучлівы крывавы боль і пакутлівую прыемнасць, радасць вызвалення і страх страты, ператварае светлае само па сабе пачуццё ў балючы клубок слодычы і горычы, духоўных уцех і фізічнага болю...

Невыносная праца Пенелопы...

2

Гэтыя думкі, раптоўна абрынуўшыся на юную Анжэлу, імгненна перавярнулі ўсё яе жыццё, пазбавілі спакою і раўнавагі, розуму і абачлівасці, засцярогі і разважліасці.

Ці мо нездарма кажуць: калі Бог хоча пакараць, дык спачатку адбірае розум?

Праўда, на свой розум Анжэла не скардзілася ніколі. Наадварот — настаўнікі заўсёды ставілі ў прыклад яе эрудыцыю, вострую рэакцыю і нязмушаную прылежнасць.

I вось усё гэта ў адначассе рухнула, паляцела ў тар-тарары, абвалілася, пахаваўшы пад сваім друзам добрую і прыстойную Анжэлу. Спачатку настаўнікі спісвалі гэта на выдаткі канікулярнай расслабленасці, на складанасць матэрыялу ў сёмым класе, які займаўся па эксперыментальнай праграме.

Калі ж і канікулы забыліся, і вучэбныя дні паляцелі, як птушкі ў вырай, сталі падумваць пра хваробу. Аднак дактары, да якіх Анжэла па настойліваму дамаганню маці схадзіла, нічога не выявілі, сказаўшы на ўсялякі выпадак, каб зберагчы ўласную рэпутацыю, што ўсё-ткі гэта вынік ператомленасці.

Так, тут яны мо і не былі далёка ад ісціны. Бо Анжэла і сапраўды апошнім часам чулася вельмі ператомленай. Нават проста знясіленай ад залішняй эмацыянальнай напружанасці і дыскамфорту.

Ёй было не да ацэнак, хоць наперадзе маячыў канец трыместра. Пра вынікі вучобы больш думалі бацькі з настаўнікамі, чым сама Анжэла. Аслепленыя імкненнем далучыць дачку да навукі, яны не маглі ці не хацелі заўважаць у ёй іншых перамен. Хоць і кажуць, што кахання, як і кашлю, не схаваеш, аднак жа яны нічога, акрамя нежадання вучыцца, у паводзінах Анжэлы не прыкмячалі.

Яе ж думкі і памкненні круціліся вакол іншага — што зрабіць, як праявіць сябе, каб завалодаць увагай Рамана, навічка ў іхнім класе, які адразу стаў жадана-прываблівым не толькі для Анжэлы і яе аднакласніц, але, што дзіўна, для некаторых маладзенькіх настаўніц, якія ў гэтай віцебскай школе затрымаліся не з-за ўласных выдатных здольнасцяў, а дзякуючы высокаму становішчу сваіх санавітых бацькоў. Гэта было бачна на іхніх уроках — Рамана яны не толькі елі вачыма, але бясконца беспадстаўна падхвальвалі, хоць, маючы бясспрэчныя здольнасці, у навуках ён быў гультаяваты, а ў паводзінах — нястрымна-наглаваты.

Затое прырода нічым яго не абдзяліла: што твар, вочы, вусны, што кучаравыя доўгія валасы — да плячэй, такіх ніхто не меў ў іхняй школе, што ямачкі на шчоках, калі ўсміхаўся, што ўся пастава — стройная, зграбная, спартыўна-падцягнутая: такога хлопца трэба было добра пашукаць не толькі ва ўсёй школе, але і ў цэлым мікрараёне. Акрамя таго самае моднае, ад куцюр'е, адзенне, завушніца ў вуху — усё сведчыла пра ягоную незвычайнасць і адметнасць...

Ды што тут старацца апісваць вартасці Рамана — лепш за прыроду гэтага ўсё адно не зробіш. Пра такіх маладыя дзяўчаткі кажуць — клёвы хлопец, апошні піск моды.

Не, не пакрыўдзіла прырода Рамана ні прыгажосцю, ні ростам, дала востры язык і непаўторна-неспатольную ўсмешку. Гэтай усмешкай, як палачкай-выручалачкай, як чароўнай адмычкай карыстаўся ён дзе толькі можна і няможна. Нават з самых складаных і, здавалася б, безвыходных сітуацый яна выводзіла яго пераможцам, абяззбройваючы праціўніка, незалежна ад полу, узросту, месца і колькасці.

3-за гэтай чароўна-зваблівай усмешкі стаў Раман нават канкурэнтам ДзіКапрыа, тытанікавая папулярнасць якога ўсімі колерамі постэраў і часопісных выразак свяцілася са сцен дзяўчацкіх і дзявочых пакояў, смяялася з-пад вокладак школьных дзённікаў, на ўсю моц гучала песнямі з тэлеэранаў і розных іншых музычных цэнтраў.

Якіх толькі прычын не выдумлялі дзяўчаты, каб рассмяшыць Рамана, прымусіць яго смяяца альбо хоць бы ўсміхацца. Ведаючы гэткую сваю самакаштоўнасць, Раман годна і ашчадна, як сквапны рыцар, яе выдаткоўваў, не абдзяляючы, аднак, нікога — няхай зайздросцяць, карыстаючы з ягонага багацця, няхай прыдумваюць, як дабіцца ўсмешлівай ласкі.

Не, не абыякавай была да Рамана Анжэла, хоць не толькі яму, а і сама сабе баялася прызнацца ў гэтым. Баялася, каб не разбіць нечага неўсвядомленага яшчэ і надта крохкага, што жыло ў ёй, пульсавала і давала надзею...

3

А неўзабаве з Анжэлай здарылася сапраўдная істэрыка. Бацькі спалохаліся не на жарт. Бо акурат у гэты час бацька атрымаў накіраванне на працу за мяжу, аформіў усе дакументы і ўжо меліся пераязджаць, а тут раптам такі выбрык дачкі. Не дапамагалі ні ўгаворы, ні запалохванні, ні грозьбы, ні просьбы. Анжэла цвярдзіла адно:

— Не трэба мне вашая заграніца, мне і тут добра. Не хачу ехаць... А каму тут кепска, няхай шукае свайго шчасця ў чужой старане, — амаль патэтычна і надта ж па-кніжнаму ўсклікнула яна. — А я нікуды не паеду. Не паеду, і ўсё тут!..

Бацькі былі ў роспачы. Іхнія начныя нарады, чым бліжэй час ад'езду, тым больш гарачыя і нервовыя, не прыводзілі да жаданага рашэння, акрамя, хіба, аднаго: пакуль што паедзе толькі бацька, маці ж застанецца з Анжэлай і паспрабуе ўгаварыць — ласкай, дабром, просьбай...

Яны ўжо былі гатовы аб'явіць пра гэта Анжэле, як раптам яна згадзілася сама, чым не толькі ўсцешыла бацькоў, але і страшна здзівіла і нават напалохала іх — што гэта з дзіцем за выбрыкі такія?

Але разважаць не было калі, яны хутка спакаваліся, і неўзабаве ўжо любаваліся з акна цягніка спачатку знаёмымі і блізкімі беларускімі краявідамі, а пасля ўсё больш незнаёмымі, а затым і зусім чужымі.

Сапраўднай прычыны такой рэзкай змены ў настроі Анжэлы яны так і не ўведалі. Не ведалі, што нераспачаты раман іхняй дачкі з Раманам вымушаны быў і зусім перапыніцца. I ўсё з-за паводзін Рамана.

Ён, як заўсёды, вольна фліртаваў з усімі дзяўчатамі, называючы некаторых з іх дурнічкамі: Ну чаго ты, дурнічка, надулася? Чаго губкі крывіш? Я ж цябе так паважаю, так люблю... — складваў ён губы трубачкай. — А ты не разумееш...

У ягоных вуснах слова "дурнічка" было самай высокай ступенню ацэнкі і даверлівасці да той, каму адрасаваўся гэты зварот. Дзяўчынкі спачатку не разумелі такіх адносін, аднак Раман праз свайго сябра Віціка растлумачыў ім, што да чаго. А неўзабаве ўжо і іншыя хлопцы толькі тое і рабілі, што ў сваіх запісках ды перапынкавых зачэпках да дзяўчат называлі іх "дурнічкамі" і складалі губы трубачкай: "лю-у-ублю-у-у!". Раман спачатку не надаваў гэтаму асаблівай ўвагі, але пасля забараніў іншым карыстацца сваім "літаратурным новатворам".

Не квапцеся на маю ўласнасць, — ці то жартам, ці то ўсур'ёз казаў ён і грозна дадаваў: — Шукаць вам дзяўчат я не збіраюся, самі кумекайце. Толькі маімі метадамі не карыстайцеся.

Часам Раман знарок падкрэслена падаваў надзею Анжэле. I тады ёй здавалася: усё — сінічка ў руках. Аднак варта было Анжэле засяродзіцца на гэтым і падрыхтавацца да адпаведных крокаў у адказ, як усё раптоўна рушылася, і Раман зноў аддаляўся ад яе. Ні разу ні на перапынках, ні ў запісках не назваў Анжэлу дурнічкай, ні разу не склаў губы трубачкай. Гэта яе нервавала і непакоіла. Нездарма, відаць, гаворыцца: як кажуць "не", то хочацца ўдвайне.

Нават лепшыя сяброўкі Анжэлы не маглі зразумець такіх Раманавых паводзін. Іншыя ж тым больш нічога не кемілі і часта толькі з'едліва пакеплівалі. "Глядзіце, а Раман Анжэле паліто падаў," — нібыта са здзіўленнем казаў нехта. А іншы папраўляў: "Не толькі ёй." "I не толькі ёй вочкі строіць", — дадаваў яшчэ хтосьці.

Слова за словам і пачыналася цэлая дыскусія, хто ўсё ж сядзіць зараз у Раманавым воку. Усе сыходзіліся на адным: хто б там ні сядзеў, толькі не Анжэла. Гэта яе бянтэжыла, крыўдзіла, а часам нават абражала: размоў многа, а справы ніякай.

Раман і сапраўды не адной Анжэле падаваў руку, калі часам дапамагаў сысці з ганка. Не толькі ёй паказваў язык і строіў вочкі, калі стаяў ля дошкі. Адным словам, гэтых прыкмет было мала, каб паверыць у сапраўдную прыхільнасць Рамана да Анжэлы.

I раптам Анжэла даведалася, што Раман напісаў нейкую фліртавальную запіску, так ва ўсякім разе казалі Анжэліны сяброўкі, таўстусе Томцы. Яе ўсе так і звалі — за вочы і ў вочы: не Тома, а Тона. Яна не крыўдзілася, а флегматычна казала:

— Ну і што? Добрага чалавека павінна быць многа. Гэта ж не тое, што ў цябе, — так адказвала яна амаль кожнай дзяўчынцы, якая даставала яе сваёй назойлівасцю, — ні спераду, ні ззаду, пляскатая, як начоўкі, ні даць, ні ўзяць.

Яна чамусьці вельмі ўпадабала гэтае не моднае ў гарадскім асяроддзі слова і часта карысталася ім зусім не да месца.

Хлопцы дык нават частушку склалі:

Паплылі начоўкі,
Поўныя красы.
Гэта нашай Тоны
Толькі дзве касы...
Дык вось, Анжэла даведалася пра запіску Рамана да Томы. Іншая на яе месцы і ўвагі не звярнула б — ці мала запісак хадзіла-насілася па класе, а яна ўзнегадавала: "Як? Закаханыя запіскі гэтым начоўкам!? Ну, ужо не, выбачайце!.."

Калі хочаш пасварыцца, дык скажы, што кахаеш...

I Анжэла помсліва згадзілася ехаць з бацькамі...

Сваю ж лепшую сяброўку Веру папрасіла, заклінаючы:

— Ты мне, Верык, пішы. Часта пішы... Пра ўсё пішы.. Каб я не сумавала... I каб... каб... каб пра начоўкі забылася...

4

"Добры дзень, Анжэла!

Добра, што ты нармальна даехала ў сваю заграніцу, а то я пачала баяцца, ці не згубілася ты па дарозе, так доўга не было ад цябе пісьма. Але добра, што ўсё добра, і што ты напісала.

У нас тут усё ў асноўным у N. Праўда, пасля твайго ад'езду і пасля тваёй заявы-пагрозы: "Ну глядзі, Тона, каб твае начоўкі не перакуліліся і не патанулі", быў невялікі перапалох. Але пасля ўсё супакоілася. Начоўкі нават узрадаваліся, што ты з'ехала, і працягваюць плаваць, не ведаючы, куды прыстаць-прычапіцца. То да Рамана кінуцца, то да Віціка вяслуюць. А яны абодва (ці абое?) іх адфутбольваюць, вось і не ведае наша Тома-Тона, дзе яе прыстань.

А як ты там уладкавалася? Яшчэ нікога не закадрыла? Напішы хутчэй. Не тамі...

А яшчэ, пакуль ты там не занятая іншымі справамі, я маю да цябе просьбу. У расійскім маладзёжным часопісе "Бумеранг" я прачытала пра ручку-арганайзер, не бойся, не пра тое, пра што ты падумала. Гэта такая клёвая рэч з электроннай запісной кніжкай, калькулятарам, календаром. I ўсё гэта запакавана ў адну звычайную шарыкавую ручку. Націскаеш на кнопку, і адчыняецца вечка, на якім знаходзіцца экран. Трошкі ніжэй — кнопкі. Імі можна хутка і спрытна запісаць патрэбны адрас хлопца, "забіць" яго ў памяць. А яшчэ можна скласці дакладны графік спатканняў, запомніць патрэбныя дні нараджэння. А на ўроках матэматыкі займацца вылічэннямі, у вольны ж час — скласці расклад заняткаў па англійскай мове. А яшчэ маецца каляндар, гадзіннік. Разумееш, як клёва? I называецца ручка "Тiger Data Реп". Калі табе натрапіцца, то купі не толькі сабе, а і мне, бо ты ж зараз павінна быць багачкай. За мяжой жывеш, капусту грызеш. Дарэчы, а колькі капусты атрымліваюць твае бацькі? На ўсе твае прыхаці хапае?

Твая Вера."



"Прывецік, Анжэльчык!

3 радасцю і зайздрасцю чытала тваё пісьмо. Ты так пішаш пра хлопцаў, што можна падумаць ты там адна такая прыгажуня пісаная, проста-такі зех-бомба. Як я зразумела, у цябе ўжо хлопец ёсць? У цябе там шырокае кола сяброў (іх больш за сябровак?). Відаць, Дзіма у цябе пад жалезным каблуком, калі ты пішаш, што ён за табой, як нітка за іголкай. А чаму тады ён кінуў цябе адну, калі вы вярталіся з музея? Я не разумею Дзіму: раз ён табе пазваніў і папрсіў прабачэння за гэта, значыць, ты яму бясспрэчна падабаешся. Тады навошта яму падкалваць цябе, што ты падабаешся Араму (ці мо Дзіма толькі з ветлівасці пазваніў і папрасіў прабачэння)?

Увогуле, у наступным пісьме апішы ўсё падрабязна. Не саромся напісаць пра іншыя падобныя выпадкі, калі яны, вядома, былі. Бо мне цікава, якія паміж вамі адносіны. Ці ты толькі ўсё гэта выдумляеш? Каб цану сабе набіць? Гэта ты ў нас была бясцэнная, таму і з'ехала ў сваю загарніцу, каб там мець цану. А якая ў капусце твая цана?

А наконт заклапочаных хлопцаў у нашым класе, ты маеш рацыю. Яны такія і ёсць: усё стараюцца дзяўчат зачапіць, а на перапынках і да мяне колюцца. Так што ты на ўсе 100 працэнтаў праўдзіва падмеціла, хоць і даўно ужо з нашага класа з'ехала.

А зараз — будзь здарова, дзеўка, жадае табе Верка.

Не лянуйся, пішы, бо гультайства — пачатак усіх бедаў. I пра Дзіму не забудзься."

5

Анжэла цяжка прывыкала да замежнага жыцця. Не магла асвойтацца з новымі парадкамі і распарадкам свайго побыту. Мовы чужой яна не ведала, а англійскай у віцебскай школе не надавала асаблівага значэння. Як быць з вучобай? Бацькі спачатку разгубіліся — ці то ў нармальную замежную школу аддаць, ці ў англійскую — няхай сабе цяжэй будзе, затое англійская ўсюды і заўсёды спатрэбіцца. Але заўпарцілася Анжэла. I каб не было чарговай істэрыкі, аддалі ў рускую — пры расійскім пасольстве ў вялізным горадзе, у блізкім прыгарадзе якога працаваў Анжэлін тата.

Клас, як і школа наогул, быў зборным: дзяўчаты і хлопцы не толькі з Расіі, Украіны, Малдовы, а нават з Балгарыі, В'етнама, Югаславіі і іншых краін. Было весела і цікава. Паступова Анжэла асвоілася, прывыкла і нават на англійскую пачала налягаць з усёй сілы, бо нездарма кажуць: трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца.

Пяць разоў на тыдзень — гэта значыць кожны дзень, бо ў суботу не вучыліся, былі заняткі па англійскай мове. Ды яшчэ клас разбілі на дзве групы, так што даводзілася пацець. Калі ж яны пачыналі хныкаць і скардзіцца, настаўніца, пажылая кабета, жартавала:

— Не хныкайце, справіцеся. Бо няма такіх цяжкасцяў, з якімі бальшавікі не справіліся б. — Яна змаўкала, хітра ўсміхалася, а пасля дадавала: — Акрамя тых, якія яны самі сабе стварылі. Дык не будзьце ж бальшавікамі...

У Віцебску шмат хто з сяброў Анжэлы быў бальшавіком, як і сама яна. Тут жа, за мяжой, бальшавікоў не знаходзілася. Усе заўзята грызлі англійскі граніт: горкая часам праца, ды ад яе хлеб салодкі. Неўзабаве нядрэнна-ўпэўнена адчувала сябе і Анжэла. Была не з апошніх.

Хутка яна асвоілася і ў чужым горадзе, і з аднакласнікамі добры кантакт займела. Па вечарах пачалі нават дыскатэкі наведваць.

I не толькі. Анжэла нават новага дзіКапрыа знайшла тут. I імя ў яго блізкае — Дзіма. Праўда, гэта яшчэ была толькі прыглядка, прыкідка, бо не выветрыўся з памяці Раман, аднак жа...

Дыму без агню не бывае...

6

"Прывет, Анжэлка!

Тваё пісьмо я, вядома, атрымала. I вось сабралася адпісаць. Добра, што ты напісала пра свой клас. А вось што хлопца ў цябе няма, гэта дрэнна, хоць я ў гэта мала веру. Калі ж праўда, то гэта нават вельмі дрэнна. А чаму цябе твае сяброўкі дастаюць? 3-за Дзімы? Ці мо з-а англійскага, які, як ты пішаш, так асвоіла, што ажно адказваеш на запіскі мясцовых хлопцаў, якія яны табе ў акно закідаюць? А даставалам ты што, не можаш даць здачы? Прыедзеш, я навучу. Ды і з запіскамі можна заляцець: продкі могуць злавіць. Лепш прыдумайце спецыяльную вяровачную пошту. Гэта больш надзейна. Мы з Іркай тут карыстаемся такой поштай.

Калі ты і гэтага не ўмееш, напішы, і я табе ў наступным пісьме апішу ўсё.

Ты пішаш, што Дзіма прыслаў табе запіску: "Ці лапае цябе твой хлопец за калені, як я зараз?" Дык што, ён цябе ўжо лапаў?

А ці цалаваліся вы ўжо? Ці ўмееш ты? Я то нармальна гэта раблю, як кажа мой хлопец (называць не буду, бо яшчэ чаго добрага адаб'еш). Ды ладна, замялі. Іншым разам прадоўжым. А то нешта я выйшла з сябе, вучыць цябе пачала. Ты ж і сама не затарможаная, праўда?

Аднак тваё захапленне дзіКапрыа мяне дзівіць. Ці то гэта намёк на Дзіму, ці гэта спрэчка з Раманам? Няўжо ў цябе такі вялікі пакой, што ты панаклейвала на сцены сотні яго партрэтаў? Я вось таксама захапілася "Агатай Крысці", сабрала мільён выразак пра яе і таксама абклеіла сцяну (але толькі адну) партрэтамі і паштоўкамі. Вось каб ты пазнаёміла мяне з кім-небудзь, хто збірае матэрыялы пра Агату. Я з ім (ёй) перапісвалася б. Не бойся, пра цябе не забылася б.

Ладна, пакуль. Пішы больш, не лянуйся. I малюнкі прысылай. Яны ў цябе ніштаватыя.

Твая Верка."



"Прывет, Анжэлка!

Я тваё пісьмо атрымала, але нічога не зразумела пра Дзіму і пра цябе. Дык у вас усё-ткі нешта ёсць, ці ты проста лапшу на вушы вешаеш? Як гэта ён цябе і за калені лапае, і паліто ў раздзявалцы не аддае, ды раптам так штурхае на калідоры? Не было мяне, я яму штурханула б. Ці мо табе гэта падабаецца? У нас такія дзяўчаты ёсць. Не забылася: хто каго чубіць, той таго любіць. А наогул мне здаецца, што ты, як Блізнючка, надта непастаянная і хісткая.

Я вось тут вычытала ў адной замежнай газеце (у нас у класе шмат гуляе такіх газет пра каханне і нават пра секс, а таксама з адрасамі і пісьмамі замежных хлопцаў і дзяўчат) пра норавы, адпаведныя знакам Задыяка. Дык вось, астролагі сцвярджаюць, што найбольш і найдаўжэй уражліва перажываюць расстанне з каханым чалавекам Рыбы. Іхняя самота можа доўжыцца нават некалькі гадоў. Таксама інтэнсіўна перажываюць Быкі і Скарпіёны. Значна менш уражлівыя Львы, Шалі і Вадалеі, а вось з Блізнят боль расстання сплывае, як з гусей вада. Таму мне дзіўна, што ты ўсё яшчэ памятаеш пра Рамана, і зусім не дзіўна, што ты там маеш ажно двух: і Дзіму, і Алекса.

А яшчэ я чытала пра адпаведнікі адных знакаў другім. Разумееш? Ну, напрыклад, вось ты Блізнючка, а твой Дзіма Скарпіён. Таму, калі вы абое (ці абодва?) будзеце ўпарціцца, у вас нічога не атрымаецца. А ведаеш, чаму ў вас з Раманам нічога не атрымлівалася? Ён жа па гараскопу Шалі. Таму дай яму час зразумець, што ты дзяўчына ягонай мары. Так гараскоп раіць. А вось, як у вас можа быць з Алексам, я не ведаю, бо не ведаю, хто ён па гараскопу.

А на якім паверсе ваш клас, што пад вашым акном хлопцы ходзяць і падглядваюць, як вы пераапранаецеся і гуляеце ў валейбол? I зноў пра твайго Дзіму: як ён цябе дастае ( напішы падрабязна)? I ты з ім хоць раз пагаварыла сур'ёзна? Ці ўсё хіханькі-хаханькі? А што ў цябе тады з Алексам?

А чаму вы свой школьны магазінчык называеце "туалетам"? Ці мо гэта вы туалет называеце "магазінчыкам"? Каго ці што вы там прадаяце? Падзяліся вопытам.

Ну, здаецца, я тваё пісьмо разабрала па палічках і па костачках. А зараз трохі пра сябе і ўсіх нашых раскажу. Па матэматыцы ў мяне ў гэтым трыместры з усіх ацэнак стаіць толькі 5 "троек". На канікулы баба Ганна (матэматычка) задала нам 15 нумароў рашаць. Калі мы пачалі абурацца, яна нам адказала: "Вось будзе перапынак, тады і абурайцеся хоць да вечара." Разумееш? Новы год мы яшчэ класам не адзначалі.

А што гэта ў цябе за малюнак? Гэта, напэўна, цябе хлопец цалуе? Намалюй мне і ў наступным пісьме што-небудзь, добра?

Перадавай прывет Іры і Руслану і падрабязна апішы іх. I няхай яны сваёй рукой мне таксама што-небудзь напішуць.

Чакаю хуткага, проста хуценькага, як найхутчэйшага адказу.

Твая Верка."



"Прывет, Анжэла!

Спяшаюся табе напісаць, бо ў нас тут такое, такое... Такі прыкол, што не ведаю, з чаго і пачаць. Ты, вядома, не забылася пра Рамана, калі пішаш, што прысніла яго. Ну, таго, дзікапрыўскага, што навічок наш. А навічок-то аказаўся ого-го! Ты б бачыла, што тут у нас адбывалася апошнімі днямі. Уся школа, а не толькі наш 7 "А", проста як звар'яцелі. А ўсё з-за таго, што ДзіКапрыа, Рамана, значыцца, застукалі, калі ён у класе пасля ўрокаў гэтую прыпыленую Тому-Тону кудлашыў. I хто б мог падумаць? Што ён у ёй знайшоў? I не проста кудлашыў, не проста за калені лапаў, як цябе твой Дзіма. Ён ведаў, куды трэба лезці. I ўсё гэта застукала класуха. Не ведаю, чым і скончыцца. Але напішу табе. Чакай.

А каб ніхто чужы, нават твае продкі, не маглі прачытаць, давай будзем карыстацца нашым пісьмом. Я паспрабую аднавіць свае здольнасці. Чытай і кумекай.

Я алатыч ёавт омьсіп ышатаН з ."Б"7 анЯ ылаб імьлев ,анелўіздз отш ыт кат акгёл ясалыбаз арп анамаР і отш шеялавзад ебяс аз анелак .ьцапал анЯ алісарп імьлев анзябардап ьцасіпан арп юавс ,улокш арп йовс ,салк арп .умізД А — аня арп ,йовс об аня ав есў яынйат ыварпс асалк алзелў шпел аз .хышні йЁ авакіц ьцанўарап укўонатсба ў міавс есалк і ў .міавт

Ну, вось табе і задача. Нават не адна. Кумекай. Апошнім часам у мяне чамусьці бывае вельмі паганы настрой. Часам так дрэнна, што ажно ўзнікае жаданне падпаліць школу, але тады я на ўсю моц запускаю "Матацыклетку" альбо "Істэрыку", і злосць адыходзіць. "Агату Крысці" я проста абагаўляю. А ты? Школу то я не падпалю, не бойся. А вось нейкі жартун нядаўна пазваніў у міліцыю і сказаў, што нашая школа замініравана і хутка ўзляціць у паветра. Уяўляеш? Не, ты поста не можаш уявіць, што там пачалося. Усіх выгналі на вуліцу. Панаехала міліцыі, ўсё перарылі, перакапалі, але нічоа не знайшлі. Затое заняткаў больш не было. Жартаўніка таксама не знайшлі, хоць да гэтага часу настаўнікі ўсіх падазроных выклікаюць у настаўніцкую і вядуць допыты. У вас такога не бывае?

Прывет. Твая Верка."



"Анжэла, добры дзень!

Ты мо мяне не ведаеш?
На К. моя фамилия,
На Н. меня зовут,
На А. подруга милая,
Но скрою, кто мой друг.
Табе Верка пісала, што давала тваё пісьмо чытаць Наташы з 7 "Б"? Я і ёсць Наташа. Пішу табе на каранціне: у нас па ўсім горадзе школы пазачыняліся на 2 тыдні. Дык мы з Кацяй гуляем, забаўляемся. Сумна і нудна. У школу хочацца. У школе ў мяне таксама нямала прыколаў.

У нас Лёнік зусім з глузду з'ехаў. Раней яму Лорка падабалася (мо і зараз падабаецца). Але за мной ён усе перапынкі бегае, падыходзіць упрытык і... ну, сама разумееш... Добра, што я хутка бегаю. На ўроках усе рэчы з парты сцягае. I так на мяне пазірае, так пазірае, як мыш на крупы галоднымі вачыма, проста не ведаю, што рабіць, што думаць. Яшчэ ў дадатак яму нехта назвяздзеў (выбачай за гэтае слова), што я паслала яго на хутар, матылёў лавіць. Дык ён зусім азвярэў. Калі бачыў мяне, пачынаў хапаць за любое месца. У мяне аж сінякі з'явіліся, іх маці ўбачыла, калі я мылася ў душы. Давялося маніць, што гэта я на фізкультуры пабілася. Затое я яму назаўтра так адпомсціла, што ён дзесятаму закажа: стукнула па назе, а пасля і вышэй. Больш не лезе, хоць і агрызаецца, што нічога, перажыве, бо ад слова бывае больш балюча, чым ад рук. А я яму кажу, што вырас да неба, а культуры так і не навучыўся.

Я зайздрошчу табе, што ты маеш хлопца: шчасліваму і ў сне шчасце сніцца. Відаць, твой Дзіма і сапраўды клёвы, калі ты так захоплена пра яго пішаш. А ці ўмее ён цалавацца? Бо ты пра гэта не напісала? Ці ты сама яшчэ не цалуешся? Мо там, за мяжой, гэта на прынята? Але я недзе чытала, што замежныя хлопцы больш дасведчаныя за нас і больш наглыя. Так што ты свайму Дзіму пакуль што дазваляй не ўсё. Цікава, а старыя, то значыць, продкі твае пра Дзіму ведаюць?

Писал не писатель,

Писал не поэт,

Писала девчонка

Тринадцати лет"



"Добры дзень, Анжэла!

Я вось вярнулася з санаторыя і пішу табе. Я вельмі засумавала па тваіх малюнках і жартах. Дарэчы, ты класна выглядаеш на фота. Каб ты прыслала яго раней, я ўзяла б у санаторый, усе хлопцы былі б твае.

У санаторыі была два тыдні. Праз тры дні перазнаёмілася практычна з усімі хлопцамі. У суботу мы з Ленай класна патусаваліся на дыску. Там мы пазнаёміліся з 2 хлопцамі: Гуліверам і Ліліпутам. Нам надаела дыскатэка, і яны прапанавалі пайсці да нас. Мы, вядома, згадзіліся. Прыйшлі да нас, хлопцы, як заўсёды, папрасілі чаго-небудзь пагамаць. I пачалося. Сталі мы адно аднаго карміць: Гулівер карміў мяне, як сваю Глюмдалькліч, а я яго. Ён такі зайчык. Ён мне ў першы ж дзень спадабаўся. Ну, карацей, на трэці дзень я з ім ужо цалавалася. Калі ён дазваляў сабе нешта большае, разумееш?, я пыталася ў яго: "Ты што, толькі са мной, ці наогул ў натуры такі нахабны?" На што ён адказваў: "Не, я лічу, што я не нахабны. Але калі ёсць магчымасць нечага дабіцца, я стараюся не ўпусціць". Разумееш?

Пасля ў Лены быў дзень варэння. Да нас завалілі хлопцы з гітарай, у тым ліку Гулівер і Ліліпут. Прыняслі 8 бутэлек піва. Мы прывалілі ложкам дзверы, каб ніхто не зайшоў. Ігралі на гітары, піва было, хлопец быў, што яшчэ трэба! Кайфавалі. Пасля пайшлі на вячэру. А тады пачалося самае галоўнае. Калі прыцямнела, завалілі хлопцы. Мы пачалі гуляць у карты на фанцікі. Хлопцы разгаліліся амаль да трусоў, а мы з Ленай толькі пару рэчаў скінулі. Калі прышлося выкупляць свае рэчы, то Коля, які быў загадчыкам — загадваў нам свае жаданні, такое выдумляў, што ў нас ажно жываты ад рогату балелі, і губы ад цалавання панапухалі.

Хутка ўсе набілі аскому, перасталі гуляць у карты. Нехта прапанаваў круціць бутэльку. Не ведаеш, што гэта такое? Селі мы кружком, і кожны па чарзе круціў на падлозе пустую бутэльку. Да каго яна павернецца сваім горлам, таго і павінен пацалаваць круцельшчык. Мне чамусці найбольш выпадаў не Гулівер, а Ліліпут, ад чаго Лена засердавала, і мы выкінулі бутэльку. Але ж нацалаваліся ажно да кружэння галавы. Пасля і гэта надаела, і мы разышліся па ложках. Зноў цалаваліся. I не толькі. Мой Гулівер быў у трусах — яшчэ не апрануўся пасля фанцікаў... Уяўляеш? Я толькі падумала: "Во быў бы нумар, каб гэта ўбачыла дакторка ці сяструха", як і сапраўды пачуўся стук у дзверы. Мы ледзь не ўмлелі, калі дзяжурная зайшла ў палату. Але нічога не заўважыла.

Вось, здаецца, і ўсё, чым я магу пахваліцца пра свайго санаторнага хлопца.

Ты пісала, што з Алексам ела ў "Макдусе" гамбургеры, а з Дзімай у кіно чысбургеры, ці мо наадварот, мо я пераблытала ўсё, бо ты мяне са сваімі кавалерамі таксама заблытала. Але не вельмі задзірайся, бо і ў нас "Макдуху" на праспекце адкрылі. Праўда, калі адкрывалі, то ледзь не падушылі людзей. Спачатку і мы туды палезлі, але пасля паразумнелі (гэта Сашка, які быў з намі, вывеў нас) і не сталі душыцца, а то ў гэтай таўканечы не толькі духі дастаць маглі, але і попку раздушыць, ці ліфон ад натугі мог бы лопнуць. Затое мы праз тыдзень класна там пасядзелі, Сашка загадзя месца дастаў. Так што і мы можам гамбургнуцца, а не толькі ты. I мы таксама не адны, з намі хлопцы былі, і таксама яны частавалі. I нават пасля не прасілі адплаты пацалункам.

Пра наш клас магу сказаць адно: усе хлопцы як былі заклапочаныя, так і засталіся. Танька, як заўсёды, выкаблучваецца перад хлопцамі. Жана бегае за Колем. Надзя сядзіць з прышчавым Сашкам. Аня стала крутая, хоць з яе крутая, як з мяне балерына.

Апранаецца яна па-калгаснаму. Людка стала трохі дурнаватай і псіхаватай.

Вось і ўсё.

Люблю, цалую, паважаю і не забываю. Не забывай і ты сваю Наташку."



"Прывецік, Анжэльчык!

Ці ведаеш, хто табе піша? Так, гэта я, Зіна! I адразу просьба да цябе, каб не забылася.

?шібюл обьла шеахак ыт огак ,ышіпаН

?ебяС

.ышіпан удўарп ікьлоТ

?арбоД

А тады я табе напішу. I таксама праўду. Толькі ты адкажы мне:

а) ці знайшла ты сабе хлопца?

б) апішы яго.

в) вашыя адносіны.

г) дзе і калі вы пазнаёміліся?

д) як вы кахаецеся?

Я нядаўна была на дыскатэцы, дык ледзь не звар'яцела. Усе п'яныя. Бр-р-р... Смурод ад іх, не прадыхнуць. Там з Валяй адбылося нешта непрыемнае. Яна так чакала гэтага моманту, так рыхтавалася да яго, так марыла і мроіла пра яго і на табе — такое расчараванне... Пайшлі мы танцаваць-тусавацца. Скакалі, ажно пот градам сыпаўся. А калі музыка сціхла, нейкі п'янаваты бэйбус падскочыў да Валі, схапіў яе за галаву і пацалаваў у губы. Нібыта з падзякай за танец. А ад яго ж і перагарам, і дымам смярдзела, і спацелы ўвесь. Бр-р-р. Валю ледзь ваніты не ўзялі, ледзь адплявалася. Вось табе і першы пацалунак, якога не давай без кахання...

Усё гэта я збіраю для кнігі. Бо я табе пісала, што хачу напісаць кнігу. Але вельмі цяжка і марудна пішацца. Усё, як мне здаецца, вельмі сумна, нудна і па-ідыёцку. I ты, калі прачытаеш, будзеш смяяцца з маёй тупасці.

А ты дарэмна так часта сварышся са сваім Дзімам. Глядзі, а то ён не зразумее, што ты яго такім чынам выпрабоўваеш, і зусім кіне цябе. У нас тут падобнае было ўжо з Валькай.

Слухай, на вус матай, але не млей. Карацей, падабралася ў нас кампашка хадзіць на дыскатэкі. I не толькі нашы. А і іншыя хлопцы, якія да гэтага тусаваліся на "П'яным дворыку". Адзін з іх круціць музыку на дыскатэках, класны дзі-джэй, кажуць. I зваць яго зусім па-тусовачнаму — Бобо, Вовік, значыць. А вока на яго паклала наша Валька. Здаецца, і ён на яе. Дык вось. Паклікаў ён раз усіх на свой дзень варэння. Але не ў дыскатэку, і не дамоў нават, а на прыроду. Паелі шашлыкоў, шампануліся. Некаторыя нават добра падпілі. Бобо таксама. А калі вярталіся, ён прапанаваў заехаць на "П'яны дворык", дабавіць шампуні, пакруціць музыку. Узяў бутэльку шампанскага, ды не "Советского", а нейкага італьянскга. Я не помню назвы. Адкаркаваў і пусціў па кругу. 3 горла. Ведаеш, як гэта праціўна — піць шампанскае з рыла. Ты яго туды, а яно...

Карацей, булькнула Валя шампанскага, а Бобо ў гэты момант палез да яе цалавацца. Яна ж як фыркне, усё шампанскае з рота на ягоны твар і паляцела. Усе выбухнулі рогатам. Бобо спачатку разгубіўся, а пасля як размахнецца... Але не ўдарыў. Мо перадумаў, а мо думаў толькі папалохаць. А Валя хацела, мусіць, бараніцца і пляснула яму па твары ў адказ і як заплача... Карацей, на гэтым і канец іхняй любоўнай оперы. Валя так больш з ім не сустракаецца. Хоць, кажа, калі даведаецца яго тэлефон, і калі набярэцца храбрасці, пазвоніць яму і папросіць прабачэння, хоць, кажа, і не ведае, за што.

А Дзіма ў цябе клёвы, калі верыць тваім пісьмам, і нават не лезе цалавацца, пакуль ты сама яму не дазволіш. Але глядзі. Не злоўжывай гэтым, і не цалуйся, калі шампунь п'еш, а то губы папухнуць, або Алекс паб'е іх з-за рэўнасці. I як гэта ты іх абодвух, гэткіх красаўцаў, утрымліваеш каля себе? Што, ласкавае цялятка з дзвюх цыцак ссе? Але ж ты, здаецца, не надта ласкавая. Помни  и не забывай Правила такого: Если любишь одного — Не люби другого...

Я хачу даслаць табе азбуку кахання, каб ты, калі будзеш адказваць на мае першыя (у пачатку пісьма) пытанні, магла карыстацца ёю. Альбо ў класе пісьмы свайму Дзіму пісаць.

Азбука ёсць у двух варыянтах. Вось некаторыя яе знакі. Калі ты зацікавішся, прышлю поўнасцю.

! Пачатак кахання. 0-0-0 Ён цябе кахае.

!!! Заядлае каханне. 0-0-1 Не кахае.

!!!? Я вас кахаю, а вы? 0-0-2 Раўнуе.

!! Не магу забыць. 0-1-0 Напіша пісьмо.

?!?? Прапанова. 0-1-1 Кахае з першага позірку.

?? Забудзься пра мяне. 0-2-2 Ты яму падабаешся.

?! Раўную. 0-3-1 Хоча ўбачыць вечарам.

!!? Я вас кахаю. 0-3-2 Правядзе дадому.

??? Дазваляю пацалаваць. 1-2-1 Хоча пацалаваць.

?!!? Ненавіджу. 1-3-0 Яго кахае іншая.

???? Пацалуй мяне. 1-3-3 Хоча пагаварыць.

!?! Я вас паважаю. 2-0-0 Не можа прызнацца.

...?... Усё скончана. ?!? Здрада.

На гэтым, бадай, усё, навін больш няма.

Пішы, чакаю адказу, як мужык сваю заразу (жонку — гэта прыкол)."



"Прывет, Анжэла!

Гэта я. У мяне ўсё ОС. А ў цябе? Апошнім часам я ўпадабала групы МФ-3, ЕN і Gmа, а яшчэ Лінду. А ты? Я стала шмат чытаць пра музыкаў і спевакоў. Дык вось, ці ведаеш ты, што Раман Рабцаў тры гады хадзіў за нейкай Аксанай, якая яму падабалася? Але не прызнаўся, а з-за нераздзеленага кахання пачаў пісаць музыку.

Як у цябе складваецца з Дзімам? Я, праўда, не разумею: ты што, забылася пра Рамана? Ці ты проста выкінула яго з галавы? Калі так, то дарэмна, бо хлопец ён клёвы, і нашыя дзяўчаты нездарма па ім сохнуць. Тома-Тона, праўда, ужо страціла надзею, ён на яе нуль увагі. I плаваюць начоўкі зараз без руля і без вятрыл. Ці мо ты выбрала такую тактыку: нічога не гаварыць і нават не згадваць пра свае да яго пачуцці? Каб не сурочыць. I каб такім чынам узмацніць ягоную цікавасць да сябе. А ён, дарэчы, пытаўся пра цябе, пытаў, ці не перадавала тая задавака (ты, значыць) яму прывет. Уяўляю, што было б, каб нехта сказаў, што ў цябе ўжо ёсць іншы, і што Дзіма цябе за калені лапае, а яшчэ гамбургерамі падкармлівае. А мо і праўда сказаць?

Мне спадабаўся Мішка. Ён такі сімпатычны, добры, разумны. У яго светлыя валасы і блакітныя вочы. Уяўляеш? Сустракала яго і ў мінулым годзе. Але зараз ён стаў яшчэ прыгажэйшым і больш прывабным. Ён таксама спрабуе пісаць. Напісаў, дакладней, аднавіў некалькі гістарычных легендаў. А яшчэ ён класна іграе на гітары. 3 ім мы аднойчы вечарам, падмануўшы бацькоў, збеглі ў "Макдональдс". Класна пасядзелі, толькі там аказалася шмат знаёмых, і нам не ўдалося расслабіцца. Мы пайшлі ў парк. I ён іграў на гітары. Для мяне. Пасля мы цалаваліся. Каля гадзіны. Нашы губы проста анямелі, але мы не маглі спыніцца. Ён па гараскопу Казярог. Я таксама. I гэта мяне асабліва трывожыць. Бо Казярогі вельмі падобныя па характару адно на аднаго. 3 часам гэта можа дзейнічаць на нервы. Але ўсё адно ён мне падабаецца. Разумееш, як гэта дзіўна, калі ўсе думкі сканцэнтраваны на адным чалавеку? Гэта часам нават перашкаджае. Аднак усё роўна прыемна. Раніцай устаю, мыюся, снедаю і ўяўляю, што і як робіць у гэты момант ён. Іду ў школу — тое ж самае. Вечарам не магу доўга заснуць — зноў думаю пра яго. А мо гэта і ёсць першае каханне? Рамантычнае і крыху самотнае, як і належыць? Бо яно ж першае. I з гэтага моманту пачынаецца тая рыса, якая дзеліць маё жыццё на "Да яго" і "3 ім"? Не магу ўявіць, як жыла я раней без гэтых вачэй, без ягонай усмешкі.

А я ўсё здзекуюся з фізрука. На фізру я не хаджу, а проста сяджу ў зале. Неяк ён да мяне падыходзіць і пытаецца: "Што з табой?" А я яму: "Хворая". "Чым?" "Не хвалюйцеся, не вамі." А адным разам Галя забылася форму і дзённік. Ён хацеў паставіць ёй двойку. Я пытаюся ў яго: "Вы ўсім задавалі пытанні. А можна вам задаць?". Ён здзіўлена на мяне паглядзеў: "Можна." "Вы верыце ў цуды, у магію? Не? Тады чаго ж вы патрабуеце даць дзённік, калі яго няма? Ён жа не з'явіцца з паветра." "Я веру ў старанне і працавітасць", — тупа адказаў ён і не па тэме.

У нас новы прэзідэнт школьнай рэспублікі (у школе — прэзідэнт? Абсурд, праўда?). Гэта Іра. Крывамордая такая, ганарыстая. Яе нават на перапынках ніхто не чапае. Страх, які прэзідэнт будзе!

Любую ошибку считай за улыбку.

Я тебя целую в твой холодный носик.

До свиданья, киска.

Твой любимый песик.

Желаю жить всегда красиво,

Не знать ни горестей, ни слез.

И пусть тебе богиня счастья

Сплетет венок из алых роз.

Гэта я сама сачыніла. Але прабач, што па-руску, бо думаць па-беларуску я яшчэ не навучылася.

!!!? Не ў тым сэнсе, вядома, я ж не лезбі нейкая. ??? Кто боится поцелуя, тот не может полюбить.

Ладна, усё, канчаю. Пішы. Твая Зінка."



"Анжэла, прывет!

Не ведаю, з чаго пачаць і ці пісаць пра гэта наогул. Тут цэлы скандал. Цэлая прыгода. Сапраўдны Рамэа аб'явіўся. Дакладней, Раман. А яшчэ дакладней, Раман стаўся Рамэа. I ўсё з-за цябе. Не зразумела? Выпала ў асадак?

Зараз паспрабую ратлумачыць. Вера атрымала тваё пісьмо і на хіміі перадавала яго мне. Але яго перахапіла Тона, прачытала і накіравала Раману. Бо яна ў яго ўсё-ткі ўлялюскалася па самыя вушы, а мо яшчэ і ніжэй, хоць ён на яе зараз нуль увагі. Гэта тое пісьмо, дзе ты пісала пра свайго Дзіму і пра свае заблытаныя адносіны да Рамана. Ён усё гэта прачытаў і ажно з твару змяніўся. А тут якраз званок. Ну і пачалося. Верка стала крычаць і турзаць Тону, такой злоснай я яе яшчэ не бачыла. Усе баяліся, што Верка наб'е ёй морду — і правільна зрабіла б. Гэтая таўстуха даўно заслужыла. Але тут раптам азваўся Раман. "Чаго выступаеце? За Анжэлу баіцеся? Ці за мяне?" Верка змоўкла, а Тома-Тона скарыстала гэта і ўцякла ў туалет. А Раман сказаў: "Ну падабаецца мне Анжэла, ну і што? А вас хто просіць памагаць? Я і сам спраўлюся. Давайце, валіце адсюль." Вось так. Так што ён, як Рамэа, прызнаўся Джульеце, табе, значыцца. Зараз справа за табой. Калі пра гэта расказалі Тоне, яна заплакала і ўцякла з урокаў. А Раман папрасіў твой адрас. Трымай вуха востра і чакай пісьма. А мо ён і сам прыедзе. Жартую. Але на ўсякі выпадак не хадзі часта з Дзімай ці Алексам, а мо з нейкім новым шмендрыкам па "Макдохах", беражы свае "губкі алыя" для Рамана. Ён і праўда класны, хоць і ганарысты, як певень. I нават кукарэкаць спрабуе многім, але яшчэ больш хацелі б, каб ён толькі ім заліваў. Во які моцны інстынкт.

А мне спадабаўся адзін хлопец. Мы з ім былі ў выхадныя на базе адпачынку "Блакітныя азёры". Там было шмат хлопцаў і дзяўчат. Але калі я ішла з атрада на кухню, нашы вочы сустрэліся. I мы ўбачылі толькі адно аднаго. "Ты самая лепшая", — здавалася, гаварылі яго вочы. "I ты таксама", — хацелася адказаць мне. Але мы прамаўчалі. А пасля ведаеш, што зрабілі? Нізашто не здагадаешся. Пасля адбою мы ўцяклі ў лес, расклалі невялічкае цяпельца, сядзелі каля яго. Пазіралі на зыркае чырвонае полымя і ўяўлялі сябе адзінымі на ўсім белым свеце. Ну, і разумееш... Ён расказваў шмат прыкольных гісторый. Яму 13 гадоў, завуць Лёня. Ён крута ганяе на роліках. Ён сімпатычны. Не, праўда, ён нічога. Ён нават рэбры казыча неяк асабліва — лёгка, ласкава. А іншыя груба і нагла, не казычуць, а шчупаюць. I цалуецца ён ніштавата.

Я напісала яму пісьмо, што ён мне падабаецца. А ён адказаў (малюю абсалютна дакладна):

□яно

Спачатку я не магла здагадацца, але мне Зінка памагла. А паспрабуй здагадацца ты. Калі не зразумееш, я напішу ў наступным пісьме. Пішы мне. Твая Наташа."



"Добры дзень, смяшлівая Анжэла!

Ну і насмяшыла ты нас. Ніколі я яшчэ так не смяялася за ўсё сваё жыццё. Гэтак жа і з іншымі дзяўчатамі, якія чыталі тваё пісьмо. Калі ты не выдумала ўсё, то гэта проста клас. Вось што значыць навука. А каб я не навучыла цябе гуляць у бутэльку? Хіба вы цалаваліся б так? Але найбольш смяяліся з вашых фанцікаў. 3 вашага загадчыка — ён, відаць, вельмі дасціпны, памерці можна. Няўжо ён так дасціпна загадваў заданні за фанцікі? Але ж і прозвішчы ў вашых знаёмых хлопцаў. Каб хацеў, дык і то не прыдумаеш такія.

Уяўляю, як ваш загадчык прасіў-загадваў: "А гэтаму фанціку — станцаваць з Татам..." А гэтаму фанціку — пацягаць за вушы Попу..." Ой, не магу, пішу, і то заходжуся ад смеху, во,бачыш, кроплі на паперы. Гэта слёзы ад смеху. "Гэтаму ж фанціку абняць Папа..." "...пацалаваць Пастара..." "злавіць Ліса і пакатацца на ім ."

Ну, ты і выдала. Толькі прызнайся, нічога не выдумала? Калі не, то я прашу выслаць нам адрасы гэтых хлопцаў. Тут адразу цэлы кош ахвотніц перапісвацца з імі з'явіўся. Уяўляеш? Прыносіць паштальён пісьмо. "Ад каго?" "Ад Попы". "Хто напісаў?" "Тата." Ужо зараз на перапынках мы толькі тое і робім, што прыкалваемся тваімі прозвішчамі. Уяўляеш? А нехта нават пажартаваў: "Вось выйдзе Анжэла замуж за Попу, прыедзе сюды ў госці і..."

Усё, канчаю, бо ад смеху жывот баліць. Пайду лячыцца. А ты не забудзься пра адрасы.

I яшчэ. Калі ты не разгадала малюнак у папярэднім пісьме, то ён азначае: яно, сэрца, значыць, стогне.

Пакуль. Твая Наташка."

7

Каханне...

Хто не спрабаваў разабрацца ў ім, асэнсаваць, зразумець, злавіць гэтую жар-птушку за шматфарбны пушысты хвост?

Аднак, нават сабраўшы ўвесь дагэтулешні вопыт, ці знойдзем тыя адказы, якіх няспынна, нястомна і абнадзеена шукае кожны з прыходам на гэты свет? Ці ёсць там гаючы рэцэпт, ратавальны агеньчык праўды і ісціны, ці ёсць падымальнае з каленяў спадзяванне?

Каханне ўсёахопнае, як паветра, і ўсёабдымнае, як неба. Але ці толькі?

Бо хіба і за межамі паветра не горнецца зорка да зоркі?

Хіба не магутная сіла неадольнага прыцягнення зводзіць у пары і кружляе вакол найгалоўнейшага эпіцэнтра — закаханасці, захопленасці, замілаванасці і без таго найдасканалы касмічны механізм зорак, планет, астэроідаў?

А хіба не каханне выпраўляе ў смяротны шлях тысячы Леанідаў, якія моцай сваёй неспатоленай захопленасці і безаглядна-марным імкненнем дасягнуць, дакрануцца да ўкаханай Зямлі спальваюць сябе, так і не дацягнуўшыся, не даткнуўшыся да яе, не адчуўшы яе пяшчоты, ператвараючыся ў імгненныя зіхоткія выбухі самага моцнага ў сусвеце пачуцця?

Хіба і не гэтая энергія жывіць і сілкуе не толькі сусвет, а і зямное каханне, робячы яго ўсёпаглынальным і ўсёстваральным?

Хіба не яна дае моцы і трываласці самой зямельцы, з якой пасля ахвотна п'юць жыцценараджальны нектар многія і многія?

Каханне — гэта спосаб спальвання жыцця. I ў гэтым сэнсе працягласць яго імгненная.

Каханне — гэта невыносна пакутлівае і затарможана маруднае ператварэнне жыцця ў попел. I ў гэтым сэнсе яно бязмерна доўгае і працяглае.

Але каханне — гэта і працяг самаіснага жыцця, і яго пераўвасабленне ў школу агранкі алмаза-кахання. I ў гэтым яго алмазная моц і непаўторная прыгажосць. У гэтым сэнсе яно бясконцае. Як бясконцае само жыццё, запачаткаванае і народжанае ў каханні.

Запачаткаванае між людзей Адамам і Евай, яно доўжыцца неабмежавальна доўга.

Але хіба імі яно запачаткавана ўвогуле? Хіба першапачатак ідзе ад людзей?

Вы бачылі, як скрушлівай маўкліваю слязой падае на тужлівую зямлю знічка?

I як слязамі роспачы ападае вечаровая раса неспатоленасці нябеснага захаплення прыгажосцю і дасканаласцю зямліцы?

Як зіхоткімі брыльянтамі аддзячвае світанкавы ранак кожнай травінцы за яе начную прыязнасць і прывабнасць, прыхільнасць і прасветленасць?

Вы звярталі ўвагу, як былінка хінецца да былінкі?

Як маларослы парастак цягнецца да недасяжна высокага?

Як безаглядна даверлівыя сланечнікі цалюткае лета круцяць сваімі жоўтымі галовамі за жаданым і ганарлівым сонцам, ажно пакуль не абвугліцца іхняя закаханасць, не счарнее-згарыць іхняе пачуццё і не ператворыцца ў прыцягальны ласунак, які дае насалоду смакошам і прарастае наступным летам новай безагляднай закаханасцю ў недасяжнае сонца?

Як маленькая кузурка, дацягнуўшыся да сябе падобнай, застывае ў заварожанасці пера,д цудоўным тварэннем прыроды?

Як белазубай усмешкай сустракае і лашчыць сваю сяброўку зоркалобы конь?

Як гнеўнымі перуновымі самастрэламі расплачваецца зіхатлівая маланка за маўклівасць непачутага захаплення зямной красой і дасканаласцю?

Як таямніча-загадкава і зачаравана-цнатліва згінаецца да зямлі ганарлівая шматфарбная вясёлка і не можа спатоліць прагнай цікаўнасці, не можа адарвацца ад зялёнасці поля ці вадзяной альбо валошкавай сінечы, пакорліва схіліўшыся ў ціхім безадказным запытанні, шчыра прытуліўшыся вуснамі да цёплага твару зямліцы і п'ючы яе сілкавальныя сокі для падтрымання і сілкавання нябеснай закаханасці?

Як абнадзеена-радасна былінка гушкае вераб'я, і як шчасліва-даверлівая кветка адкрываецца пчалінаму носіку?

Вы чулі, якія песні спявае кожны лісцік свайму дрэву альбо ліеціку суседняга дрэва?

Якія харавыя араторыі гучаць роснай ноччу, калі кожная дрыготкая травінка ўзносіць славу і творыць гімнічна-ўхвальны спеў свайму цнатліва-непаўторнаму пачуццю захопленасці жыццём і закаханасці?

Якія мелодыі выводзіць маланка, безна,дзейна скіроўваючы свае стрэлы-памкненні да абыякавых і маўклівых дрэў?

Як гучна адзінокі Пярун абвяшчае ўсяму Сусвету пра моц свйго пачуцця?

Як гарэза-ветрык ціхусенечка шэпча аціхлай траве, а нясмелы маладзён-юнак аднымі губамі бязгучна прадыхае "кахаю", і — чуюць, заходзяцца ад замілаванасці нябёсы, запальваюць пад сваімі неабдымнымі шатамі яшчэ адну зыркую зорачку — паходню закаханых, альбо асвецяцца раптам іскрыстай вясёлкай — дарогай закаханых да Вышыняў!?

Якія вытанчаныя вакальныя здольнасці дэманструе ўсякая жывая істота, кожная ў свой час дня і ночы славячы неспатольнасць кахання?

Але вы, відаць, не чулі скрушлівых і пякуча-самотных песень непачутага і нераздзеленага кахання.

Гэтыя песні таксама гучаць бясконца і аглушальна гучна. Аднак іх мала хто чуе ва ўсёабдымным шматгалоссі закаханага хваласпеву.

Палыновай гаркотай асядае гэтая скрушлівасць на дне келіха спазнання дабра і зла, робячы ўсё больш плыткай ягоную вірліва-іскрыстую пеністасць, ажно пакуль не ператворыць чаруюча-зваблівую глыбіню ў цвёрды мур доннага неразумення.

Але на змену аднаму келіху нараджаецца новы, з яшчэ больш бурлівым і вірлівым напоем — напоем жывой і мёртвай вартасці.

I зноў на дне яго збіраецца-асядае пакутлівая горыч.

I так бясконцае мноства разоў.

Бо каханне — старое, як свет, і маладое, як жыццё. Абмежаванае, як жывое цела, і бясконцае, як чаргаванне жывога і мёртвага ў прыродзе.

I неспазнанасць яго, неразгаданасць, неспатольнасць — ад гэтага нястомнага і бясконцага чаргавання.

Ракой часу вынесенае ў акіян прасторы, яно ахоплівае ўсё новыя і новыя мацерыкі духу і фізічнага існавання. Па-за каханнем, як па-за часам і прасторай, нічога не існуе і нічога не існае.

Яно там, дзе ёсць усё, яно і там, дзе няма нічога.

Дык што ж арымліваецца: ёсць каханне і ёсць антыкаханне?

А хто сказаў, што не? Як ніхто не даказаў, што так.

Бо сама праява, сама існасць, самавыяўленасць гэтага пачуцця не толькі бясконцыя і канкрэтызываныя, але і з вечным рухавіком супярэчнасці, супярэчлівасці і самасупрацьпастаўлення.

Бо ў кожны міг, у кожнае імгненне адбываецца, творыцца не толькі выказаная, выяўленая, але і нябачная, атуленая покрывам цноты і абачлівасці альбо хцівасці і зайздроснасці, барацьба добрага з лепшым, лагоднага з яшчэ больш пяшчотным, ужо не кажучы пра супрацьстаянне добрага і злога, пра ваяўнічую напорыстасць апошняга.

Каханне стваральнае і разбуральнае адначасова. Яно можа стварыць непадуладныя розуму шэдэўры і новыя сусветы, выключныя па прыязнасці адносіны і стасункі, а можа ўсё гэта знішчыць да тла. Яно нараджае вышэйшы ўзор узаемнасці — сем'і і няшчадна жорстка разбурае іх. Яно стварае чалавека і яно ж знечалавечвае яго.

Гэтым супярэчлівым кругазваротам сілкуецца вечны рухавік жыцця, атрымліваючы разгонную энергію ад неспатольна-бясконцага, выяўна-нябачнага, матэрыялізавана-нематэрыяльнага ўсяіснага кахання.

Гэтым каханнем, хоць яшчэ і не названым, не агучаным, жыла і сілкавалася зняможаная Анжэла.

8

"Добры дзень, Анжэла!

Гэта Наташа ўспомніла пра цябе і спяшаецца перадаць навіны.

У мяне ўсё нармальна. А вось у класе дрэнь справы. Яго збіраюцца расфарміраваць. 3-за паводзін некаторых асобаў. 3 некаторымі настаўнікамі пачаліся такія сваркі, што ажно часам брыдка на ўроках сядзець. Асабліва заядаецца хімічка. Яе прыкольнай фразай стала: "Ты яшчэ не нарадзіўся, а я ўжо ведала, як ты будзеш ілгаць". Я ж стараюся не чапляцца з вучылкамі. I калі нехта крычыць на іх, я лічу, што ў яго "адвал башкі". Не хачу быць "базарнай бабай", бо гэта не толькі псуе настрой, а і пагражае выклікам у школу "продкаў", лішнімі тлумачэннямі. Калі ж нехта асабліва дапячэ, я тады кажу яму: "Хоць вы і мой настаўнік, але я не лічу, што гэта дае вам права крычаць на мяне." Дзейнічае. А што ў такіх выпадках робяць у вас? Ці мо за мяжой настаўнікі іншыя?

Калі табе цікава даведацца пра асабістае жыццё класа, то магу сказаць, што Аня цяпер бегае, як заведзеная, і ўсім расказвае, што закахалася ў Федзю. Але я лічу, што гэта паказуха. У іх перад каранцінам штосьці не ладзідася. Аня прытвараецца, што не любіць, калі ён яе лапае, але гэта чыста для блізіру. Спадзяюся, што ў іх нешта атрымаецца, хоць на людзях яны так любяцца, як сабака з кошкаю. Гена прынцыпова разлюбіў Жэню (гэта яна так кажа). Андрэй як быў дурнем, так дурнем і застаўся, а з дурнем займіся, то і сам дурнем станеш. Ён прыліпаў да мяне ў пачатку года — паслала, адстаў. Пасля ён клеіўся да Клавы — яна быццам бы не супраць. Але ж ад яго на капейку мёду, а на долар смуроду.

Сяргей жа канчаткова топнуўся. Ён пачаў нават прыставаць да Зінкі і лапаць яе за... задніцу. Яна, вядома ж, была проста шчаслівая, але выдавала сябе пакрыўджанай. Як твая Сільвія, пра якую ты пісала, і якая таксама "тащится" ад лапання ці стукання па попе. А вось Кірыл абнаглеў канчаткова. Ён пачаў распускаць рукі, прычым па-дурному, разумееш? I нясе розную ахінею. Балбоча, як індык. I як індык важна надзьмуты. А калі пра ўсіх іх разам сказаць, то саманадзейныя і самазадаволеныя олухі, да таго ж з гіпертрафіраванай (во слова прыдумала) ганарлівасцю.

Мы прыдумалі для іх назву, як для класа прасцейшых: каністры. Праўда, у а,дказ яны называюць нас як членістаногіх — чамаданамі з адарванымі ручкамі. Калі Тона тупа спытала, чаму, Кірыл адказаў: "Кепска насіць, але і кінуць шкада." Няўжо і праўда вашы хлопцы такія анёлы, што ўсё робяць толькі з дазволу? Тады як разумець, што Дзіма спрабуе прытуліць цябе ў кутку, а Алекс пад ручку цябе на вуліцы бярэ? Ой, нешта тут не так, без шампуні не разбярэшся. Вось прыедзеш у Мінск, тады ўсё і высветлім. Калі не справімся самі, папросім Рамана. Ён то ўжо ўсё ў цябе праверыць. Разумееш?

А зараз пра дзяўчат. Па чутках, Соня закахалася ў дзевяцікласніка. Не важна, што старэйшы, сэрцу не загадаеш. Хоць гэтая ціхоня-Соня не такая ўжо і ціхоня. Калі яна добра дастане каго-небудзь з хлопцаў, то, здаецца, не ідзе, а плыве па калідоры ад задавальнення. Хімічка прыкмеціла гэта і часта выгаворвае ёй: "Я тваю паходку на бацькоўскім сходзе прадэманструю. Хай усе ведаюць, якая ты балерына: як з мякіша куля." А Вера розум страціла ад захаплення нейкім Паўлікам, не памятаю, з якога ён класа. Падобна, што ў яе каханне да гэтага Паўліка. А калі пра ўсіх — то клушы яны. Сапраўды, чамаданы з адарванымі ручкамі. Не могуць спакойна выбраць хлопца і кахаць і кахацца.

На гэтым канчаю, каб табе не было многа чытаць, а то яшчэ "двойкі" пачнеш атрымліваць, альбо пра Дзіму свайго забудзешся. А пра Рамана напішу ў наступным пісьме. Тут зноў такое было, такое...

А на развітанне табе адна задачка. Хочаш даведацца, як адносіцца да цябе твой кавалер? Тады падлічы колькасць літар: поўнае яго імя + колькасць гадоў, падзялі на два, + лік тваіх гадоў, адымі колькасць літар твайго поўнага імені і прозвішча. Калі атрымаецца 10,5 — каханне закончыцца слязамі. Калі ж будзе 15,5 — ён пацалуе цябе.

Старайся."



"Добры дзень, Анжэла!

Твая любімая (спадзяюся, што не памыляюся?) сяброўка Зінка шле табе прывет ад сябе і ад маіх (і тваіх, дарэчы, таксама) вясковых каляжанак. На зімовых канікулах я была ў вёсцы, у дзеда. Калі шчыра табе сказаць, то ўсюды добра, а ў вёсцы лепей. I людзі там жывуць, як у Бога за пазухай. Ці мо гэта толькі так здаецца пасля гарадскога грукату? У вёсцы я сустрэла Ларысу і яе брата Міхася. Расказала ім пра цябе і пра твае прыгоды-нягоды (не пра ўсе, вядома). Яны трохі зайздросцяць, што ты стала замежнай паненкай, і баяцца, што не захочаш з імі размаўляць, а не тое што цалавацца з Міхасём. Пра Дзіму твайго я не сказала нічога. Міхась згадаў, як мы разам хадзілі па каровы. А ты помніш?

Помніш, як ты хлопцаў вяроўкай лупіла, каб не лапалі? Помніш, як засмаліла Міхасю, што ў таго чырвоны пісяг цераз увесь лоб цэлы тыдзень трымаўся? Ён помніць і сказаў: "Напішы, хай прыедзе летам да нас. Мы яшчэ пазмагаемся." Не ведаю, што ён меў на ўвазе: змагацца на вяроўках, што для васьмікласніцы (будучай) і сямікласніка (яго) занятак не вельмі ганаровы? Ці мо змагацца ў лапанні і пацалунках? Але ж у цябе зараз вопыт замежны, не толькі Міхась, а мо і мінскія хлопцы не патрафяць. Жартую, не крыўдуй.

У школе стала сумна. Часта я так стамляюся, што раніцай ледзь устаю і брыду ў школу як на аўтапілоце.

Нядаўна пасля ўрокаў мы мудрылі над плакатам пра СНІД. Можаш уявіць, што і як там было. Пасля гэтага цэлы тыдзень уся школа не магла супакоіцца ад нашага антыСНІДу. А ў вас такія прыколы бываюць? Ці ў вас няма СНІДу? У нас тут проста страх? Аказваецца, самая галоўная сталіца СНІДу не Мінск, не Віцебск, а Светлагорск. Ты глядзі там, асцерагайся, бо тады і нашыя плакаты не дапамогуць.

Старэйшая сястра Веры нядаўна мела такое няшчасце, што і апісаць табе немагчыма. Яна вучыцца на другім курсе універсітэта. Там яна ўлялюскалася ў вельмі прыгожага і сімпатычнага хлопца, з-за якога сохлі ўсе дзяўчаты іхняга курса. Яны ледзь не пісалі ад яго. Верына сястра асмелілася і першая напісала яму пісьмо. На наступны дзень ён прапанаваў ёй сустрэцца. 3 той пары яны часта сустракаліся, гулялі ў парку, хадзілі ў "Макдуху", у "Іспанскі куток", бо хлопец ён быў не толькі прыгожы, але і з багатай сям'і, з новых рускіх. Аднак неўзабаве абрынулася бяда. Высветлілася, што ён наркаман. А бацькі яго жывуць у Светлагорску. Для Верынай сястры гэта было трагедыяй. Як патлумачыў той хлопец, ён пачаў калоцца з-за таго, што нікому быў непатрэбны. А сястра прызналася, што кахае яго і ён патрэбны ёй. Ён не хацеў верыць гэтаму, казаў, што яна не такая, як усе, што дзеля яе ён гатовы завязаць. Аднак лячэнне не дапамагло. Праз месяц ён памёр ад перадазіроўкі. Верынай сястры пакінуў цёплае і вельмі шчырае і шчымлівае пісьмо. Гэта ўсё, што засталося ад яе кахання. А пасля пачалося — дактары, уколы, праверкі для сястры, самой Веры і яе бацькоў. Проста страх. I гэта спатрэбіцца мне для кнігі. Такога не выдумаеш.

А што да твайго Рамана, то ты, відаць, маеш рацыю. Можа і сапраўды так здарыцца, што ты даб'ешся яго прыхільнасці, а сама тады астынеш. Не будзе стымула. Зараз стымул у цяжкасці дабіцца свайго. А калі даб'ешся? Я проста не ведаю, што табе параіць. Падумай сама і я таксама падумаю да наступнага пісьма.

Будзь! Да чарговай пісьмовай сустрэчы."



"Прывецік, мой цвецік! Ад каго? Ну, вядома ж, ад мяне, Зінкі, і як ты дадаеш — Карзінкі.

У нас тут у асноўным наступіў зацішак. Усе грызуць граніт навукі. А ты? Я думаю, не толькі з Дзімай кадрыш да пра Рамана думаеш. А чаму ты пішаш, што ў мінулым жыцці ты была каменем? I чаму менавіта цёплым? У цябе хіба было другое жыццё? Ці ты нечым новым захапілася, што да нас яшчэ не дакацілася? Раскажы. I абавязкова патлумач, як разабрацца, чым хто быў ў ранейшым жыцці. Я таксама хачу ведаць, хто я ў мінулым. Толькі не кажы нікому, бо тады, калі я нейкай ненармальнай істотай ці прадметам акажуся, мяне зацюкаюць.

А цяпер пра некаторыя школьныя справы.

Ці помніш ты Юрку? Ён стаў такім прыдуркам, што проста сілы няма. Не выручае і ягоная прыгажосць. Каб жа да яе ды яшчэ розум. Учора ён радасна расказваў ўсім, як карася напаіў. Бацька яго з'ездзіў на рыбалку. Прыехаў позна і ўвесь улоў выпусціў ў ванну. Калі Юра прыйшоў са школы разам з хлопцамі, яны вырашылі трохі прычасціцца. А нехта прапанаваў: "Давай карася напоім." Юра злавіў вялікага карася, раззявіў яму рот (ці пашчу?) і ўліў гарэлкі. Той ў вадзе круціўся, як шалёны, ледзь з ванны не выскакваў. Ці мо ён хацеў укусіць свайго крыўдзіцеля? Ну, хіба не прыдурак?

А ён жа яшчэ і дастае ўсіх, прыкалваецца... Як той п'яны карась. Раней, у 5 класе, ён быў нармальным хлопцам. А зараз такая дастача, што я з ім нават не хачу размаўляць. Часта ён на перапынках падбягае да мяне і стукае далонню па задніцы. Аднойчы я не вытрымала і так заехала яму, што ён кулём адляцеў. А тады іншыя хлопцы пачалі шчыпаць мяне за попу. I нават Нінка, няўжо яна лезбі? I чаго ім далася ў знакі мая задніца? Попа як попа, ёсць на чым сядзець і чам хлопцаў звабліваць. А ў класе толькі адзін нармалёвы хлопец — Лёнік. Іншыя ж альбо бабнікі, альбо зануды...

Быў у нас у школе страшны прыкол. Мы — я і Наташка ідзём на перапынку ў туалет. А адтуль — не паверыш, Коля. Выскачыў, як апараны. Яму, відаць, так прыспічыла, што ён пераблытаў дзверы і заляцеў у дзявочы. Але пасля гэтага ён не толькі ў мужчынскі не пайшоў, а пасярод хіміі ўцёк з урока, бо ўсе на яго паглядвалі і хіхікалі. Хімічка супакойвала нас, але мы толькі яшчэ больш разыходзіліся і ледзь не качаліся са смеху. Тады Коля не вытрымаў і сігануў. А тўстуха Тома-Тона пра ўсё расказала хімічцы. Пасля гэтага, калі хто хацеў некага падкалоць, то казаў: "Вы не ведаеце, дзе туалет!? Туалет знайсці вельмі проста: па калідоры прама, пасля направа, а далей — па паху". Коля ж ажно з сябе выходзіў. Але чым больш ён злаваўся, тым больш яго даймалі. Так што наш клас пастаянна ўмее вылучацца. Мо таму яго і збіраюцца расфарміраваць?

Бывай здарова, як твая вясковая карова (прыкол).

Твая Зінка."



"Прывецік, Анжэла!

Нешта ты даўно мне не пісала, ці , можа, пісьмы не даходзяць? У нас у асноўным усё нармальна. Толькі ў класе не надта добра. Лёва стаіць на выключэнне. У нас новенькі з'явіўся (такі дэ(ды?)біл, што страх). Адным словам, адмарожаны. Ён сядзіць са Светай. А на мяне пазірае так ласа, як кот на кілбасы. Альбо як ліса на вінаград. Гена зараз на ўсю моц за Соняй бегае. Яна яго не пераносіць, а яму хоць кол на галаве чашы: ён сваё права правіць. Во фокус. У хлопцаў, гэтых каністраў, зараз манія з'явілася рукам волю даваць — задзіраюць кофты. А пад імі ў дзяўчат звычайна маек няма, толькі ліфоны. Ну, і... сама разумееш.

Дарэчы, я, Каця, Надзя, Галя, Ілля і Лёнік ходзім у клуб экалогіі. Зараз мы працуем над японскім праектам "кіслотныя дажджы" і перапісваемся з класам-партнёрам з-за мяжы. Мы замяраем радыяцыю ў паветры, кіслотнасць дажджу. Для нас гэта вельмі цікава. Калі будзе дастаткова матэрыялу, паляцім ажно ў Японію. Але яшчэ невядома, калі тое свята будзе, мо і на святое ніколі.

Нядаўна ў нас таксама быў КВЗ з 7"А" класам. Толькі твой клас там выйграў, а мы тут прайгралі. Відаць, таму, што ў нас не было Алекса і Дзімы. Жартую. Некаторыя прынялі пройгрыш так блізка да сэрца, што ледзь не расплакаліся, а пасля ўстроілі скандал. Але ж гэта можна перажыць. Гэта ж не без хлопца застацца. Добра, што іх у нас хапае, да таго ж на розны капыл. Праўда, і адмарожаных поўна, нават больш чым трэба. Ды і ты, мяркуючы па пісьму, не надта там сумуеш без хлопцаў. Толькі не захапляйся вельмі, каб не пераесці, а то і цукеркі бываюць горкімі, калі іх празмерна налопацца. I яшчэ, не надта перажывай з-за Рамана. Тут можа быць (так здаецца мне) альбо шчырае вяртанне да цябе, калі ты яшчэ не перагарыш, альбо попа да попы і квіты.

Кумекай сама, як лепш. Бо тады невядома, што рабіць будзеш з Дзімай. А з Алексам? Хоць глядзі і рашай сама, бо мая маці часта кажа, што той, хто ўсіх слухае, не навучыцца і дровы калоць.

3 вучобай у нас бывае па-рознаму, як і ў цябе. Многія скаціліся на "тройкі". Адна я пакуль што на "чацвёрках" трымаюся. Ты там таксама не падводзь віцяблян (ці вяцябчан?), ды і сваіх продкаў не даставай вучобай, каб не раскрылі таіх раманаў і шашняў з Дзімай і Алексам. У мяне пакуль усё добра. Мо таму, што мой Мішка таксама добры і добра вучыцца. Мне ад яго адставаць сорамна. Ён такі зайчык, такі зайчык... А каб ты ведала, як ён цалуецца! Я проста балдзею ад гэтага. Нам сказалі, што троечнікаў не возьмуць у Японію. Аднак і гэта многім да фені — спрэс дафенізацыя. Наша дырэктрыса сказала, што за 50% "троек" за трыместр будуць адлічваць, бо ў нас 7-ых класаў ажно пяць, а напрыканцы трыместра зробяць толькі чатыры. Мы ж думаем і спадзяемся, што акрамя Лёвы нікога не выключаць. 3-за яго мы сталі амаль што самым дрэнным класам у школе. Калі Іра сядзіць на старастаце і там пытаюцца: "Хто разбіў плітку ў туалеце?", то ўсе адразу пазіраюць на Іру і кажуць, што гэта Лёва. Яна, бедная, ледзь не згарае ад сораму і чырвані на твары. I так амаль заўсёды — перажывае за яго больш, чым ён сам.

На гэтым — бывай.

Твая Наташа."



"Добры дзень, Анжэла!

Гэта Верка-салодкая цукерка. Жыву я ОК, толькі вучыцца стала не надта. Думкі іншым занятыя. Ды і гуляць мы сталі больш. На вуліцы больш клёва, чым у кватэры. Часта збіраемся на "П'яным дворыку", бывае, што і півам балуемся, а то і шампунню. Але так, каб дома не дасталі. Бо быў адзін выпадак, калі Танька пасля дня варэння ледзь дамоў дабралася, так "піва" яе разабрала. Добра, што продкаў дома не было.

Ты прасіла напісаць табе прозвішча і імя новага хлопца. А навошта табе гэта? Хочаш закадрыць? Можаш, бо ён круты (дэбіл, але адначасова гэткі кіска). Дык вельмі хочаш? Ладна, так і быць: ведай маю дабрыню — яго завуць Ілля. Уродзіна, якіх свет не бачыў. Амбал ды яшчэ і затарможаны. Z.В. (для не вельмі кемлівых тлумачу: Z.В. па-нямецку zum Веіsріеl — напрыклад. Дык вось, Z.В., выклікае яго матэматычка, правіла лёгкае, а ён стаіць, пазірае, як баран на новыя вароты, і смяецца (трохі перабольшваю — усміхаецца). Альбо вось яшчэ:усе хлопцы масоўкай, Z.В., за Оляй альбо за Ірай ганяюцца (ну, каб пацягаць за некаторыя месцы), а ён стаіць, як слуп, пазірае і ўсміхаецца. Наогул, цяжкі выпадак.

У клубе экалогіі нядаўна мы з Зінай напісалі дзве навуковыя працы і накіравалі на гарадскі конкурс: замяралі кіслотнасць дажджу з дапамогай спецыяльнай лакмусавай паперкі і кіслотнага альбо каўстычнага асяроддзя. А яшчэ мы, аднаклубнікі, перапісваемся з замежнікамі па электроннай пошце. Класна атрымліваецца. I на наш англійскі добра ўплывае.

А вось яшчэ прыклад ненармальнасці Юркі. Перад урокам фізры мы прыйшлі ў залу. Настаўніка яшчэ не было. У кутку былі звалены маты. Мы паклалі адну побач з кучай, на яе ляглі Оля і Іра, а мы хацелі зрабіць бутэрброд — пакласці на іх яшчэ адну мату і на яе лёг бы яшчэ хто-небудзь. Дык вось, бліжэй да дзела (а мо без сарочкі да цела?). Оля і Іра ляглі на мату жыватом уніз, не паспелі мы накрыць іх яшчэ адной матай, як падбягае Юрка і так запраста кладзецца на Олю жыватом уніз (ну, і атрымліваецца нібыта яны... увогуле, зразумела). Мы з Нінай скінулі яго з Олі, а тая паслала яго на хутар "бабочек" лавіць. А ён усё кідаўся, нібыта зноў хацеў легчы на яе. Што гэта было: праяўленне пачуцця, ці проста інстынкт, я і не ведаю.

А чаму Дзіма пасля ўрокаў не аддае табе тваю куртку? Чаму ён кідае яе на падогу? Мо ён нешта не тое даведаўся пра Алекса? Дакладней, пра цябе з Алексам? Ты там будзь асцярожнай, не захапляйся і не зводзь многіх хлопцаў адразу, бо там цябе не будзе каму абараніць — мы далёка, а продкам сваім ты пра гэта не раскажаш. I так пішаш, што часам падазрона на тваю брудную куртку пазіраюць. Глядзі, а то раскусяць сапраўдную прычыну гэтага і давядзецца не гамбургерамі частавацца, а бярозавай кашай. Ці мо там у вас бярозы не растуць і няма з чаго дубцы рабіць? Але калі заслужыш, то знойдуць чым тваю попку палашчыць. I не так, як Дзіма, будзеш даўжэй помніць.

Гэта я табе адказала на тваё пісьмо, а зараз буду расказваць пра нашае жыццё.

Два тыдні таму мы дзяжурылі па школе. Во крута было! Амаль увесь час мы спазняліся на 15 хвілін на ўрокі (то ў сталовай трэба было сталы выцерці, то лесвіцы падмясці, то яшчэ нейкай халеры). За тыдзень да дзяжурства Ніна Мікалаеўна наладзіла нам свята — Дзень нараджэння школьнай рэспублікі, у нас у школе ёсць свой прэзідэнт і ўсё астатняе начальства. Дык вось, прыдумалі мы свае грошы — "шкалярыкі" (я табе паклала іх у канверт), і трэба было іх зарабіць як мага больш, бо ў канцы дня быў святочны аўкцыён. Мы зараблялі грошы так: кожны прынёс з дому нешта смачненькае і мы адкрылі бар. Ён аказаўся самым папулярным і мы зарабілі 128 "шкалярыкаў". За іх мы купілі "пяцёрку" на бліжэйшай кантрольнай для аднаго чалавека і пацалунак Ніны Мікалаеўны кожнаму. Во нацалавалася вучылка!

Хутка да нас прыедуць амерыканцы — я табе пра гэта ў наступным пісьме напішу. На зімовых канікулах Оля і Коля ездзілі з біялагічкай ў Славакію. Класна было. Я мо траплю ў спіскі ў Амерыку. Зінка таксама спадзяецца. Прышлі мне сваю фотку, можаш разам з Дзімай. Тады і я табе прышлю — без Іллі, 2.В. Ой, запісалася. I калі ты паспееш прачытаць? Глядзі, каб праз гэта не нахапала "двоек", а то я буду вінаватай сябе адчуваць.

Для разрадкі табе некалькі свярбелак. Калі свярбіць лоб — чакае каханы, вушы — будзе госць, правае вуха — будзеш гуляць з хлопцам, левае — будзеш пра нешта думаць, патыліца — будзеш сумаваць, спіна — цябе кахаюць, жывот — будзеш радавацца, левае вока — слёзы, правае — радасць, левая нага — нехта спяшаецца, правая — будзеш бегаць.

Пакуль што хопіць, прадоўжым пасля."



"!ьнезд ырбод ,алэжнА

У мяне для цябе шмат навін. Карацей, у нашым класе з'явіўся новенькі. Яшчэ адзін. А ўродзіна — проста страшна! I, дарэчы, ён у мяне закахаўся. А пасля ў Гальку. Наконт Галькі я, канечне, не ведаю, але ён да яе так адносіцца, так адносіцца... Хлопцы нашыя ўсе сталі заклапочаныя, акрамя новенькага. А наогул у класе ўсе сталі крутыя, слухаюць Nirvanа, Меtаllіса, кураць, п'юць. Мы нават перад фізрай і маляваннем курым 4-5 разоў. Оля моцна пасварылася з Зінкай. Тая ёй і заявіла: "А зараз ты не сядзі каля мяне свім ніжнім бюстам." Аліна бегае за Толікам. А Таня таксама выпендрываецца перад хлопцамі. Коля ж улягае за Таняй, але ўсё адно застаўся бабнікам. Наташа паехала ў санаторый, а калі вернецца, мы ёй наладзім байкот.

,ацполХ арп агокя я ,аласіп ьцуваз .яздолаВ Я кяен ясалавлакырп ап енофелэт і аліпартан ан .огя уктачапС нё ўыб імьлев ,ытурк ен ўецах ,ьцазак кя огя ьцавз (,о ,шычаб ьцавамфыр алатс). ,ясўавызбА ела ялсап атыбін ўатс .ыньламран Я удуб арп огя ,ьцасіп ілак жімап іман —отш ьздубен еавон .ездуб

,авакіЦ а кя атэг ыт шеавяпсап і з ,йамізД і з маскелА ?аццакартсус амізД ,отш ен ?ьцычэряп ІЦ ом ыв есў хіарт ?ясецеакартсус ,оВ атэг !ансалк еандўарпаС !ажжемаз еН ,еот отш ў сан — тут амян огак ,ьцарбыв амян з мік таван умандўарпас-ап .аццаткамсап А скелА ышйэжагырп аз ?умізД отШ нё юавт ьцсакіляв імарегрубмаг ,еутсач от я атэг .алемузарз А кя у ?мінтатса ышіП і ёсў імьлев .анзябардап Я тут ан міавт мынжемаз ецыпов і амас удуб .аццычув ікьлоТудўарп ,ышіп ен .йавнамдап

Хімічку мы па-ранейшаму не пераварваем. Толькі яна зойдзе ў клас, мы адразу ў крык. А яна нам ці то жартам, ці то сур'ёзна: "Ціха! Чаму вы думаеце, што я нічога не чую? Навошта ж тады па-вашаму я нашу акуляры?" У яе ёсць сынок, дык ён кожны ўрок да яе ў клас прыходзіць. Мы прыкалваемся, што ён, як цяля, без цыцкі не можа. Але ён такі "ціхоня", што калі на перапынку сустрэне, то абавязкова за касу турзане альбо за бок ушчыпне. Я абяцала табе працяг свярбелак і пракмет. Вось яны.



Пішы. Не знікай. Навек твая я, гэта значыць, Вера."

"Добры дзень, Анжаліка!

3 цэлым абярэмкам навін да цябе Зінка. Я тут такое мела, такое... Адным словам была зашыбальная паездка ў Амерыку. Я, Наташа і Вера мелі такі гонар у абмен на прыезд сюды амерыканскіх школьнікаў. Пра ўсе ўражанні і прыколы пісаць зараз не буду, раскажу, калі предзеш у Віцебск. Але пра адно раскажу, бо не церпіцца. Яно мяне вельмі ўразіла.

Там упершыню я пабывала на ўзбярэжжы акіяна. Уяўляеш, якая гэта фантастыка! Гэта табе не лужына якая-небудзь. Але я не пра тое. Там я пазнаёмілася з адной дзяўчынай з Польшчы. Яе завуць Бася. Мы часта разам хадзілі на мора. Яно асабліва прывабнае і рамантычнае вечарам. I мы вырашылі расказваць пра свае першыя пацалункі і так далей, разумееш? Гэта Бася прапанавала і тэму яна назвала: "Мой першы раз". Бася аказалася такой мастачкай расказваць, што я ажно язык высалапіла. Гэта так мяне ўразіла, што я ўсё запісала. Спатрэбіцца для маёй кнігі. А пакуль раскажу табе.

Бася з Сопата. Там яны таксма ходзяць часта на мора. Бася сказала, што яна ўвогуле па натуры замкнутая, ніколі не мела хлопца. Уяўляеш? Яе каляжанкі ўжо хадзілі з калейнымі хлопцамі, а яна не мела і аднаго. Не драматызавала з гэтай нагоды, але недзе ў падсвядомасці адчувала тугу па некім, для каго яна магла б стаць найважнейшым чалавекам у жыцці. Аднойчы яна самотна сядзела на беразе мора і самотна пазірала, як на хвалях адзінока катаецца на віндсёрфінгавай дошцы нейкі хлопец. Праз некалькі дзён той хлопец падышоў да яе на пляжы. Нешта прамовіў па-англійску. Яна не зразумела ні слова. Ён засмяяўся, і ў гэтым прывабным смеху здаўся Басі проста боскі прыгожым. Ён спытаўся другі раз: "Як цябе завуць?" Гэта яна зразумела. Так яны пазнаёміліся. Хлопец быў не намнога старэйшы за яе, але прыгожы, сімпатычны і сапраўды прыстойны. Яго звалі Бен і быў ён з Амерыкі.

Як расказвала Бася, для яе спатканні на пляжы былі адзінай светлай старонкай, адзіным сонечным промнем. Яна штодзённа пасля абеду бегла на спатканне з морам. Там ужо чакаў Бен. Яе англійскі (дарэчы, як і мой) акзаўся не такім добрым, каб свабодна размаўляць. Але дапамагалі рукі, жэсты і вочы. Яна перажывала ўзрушэнне. Ён таксама рабіў уражанне ўсё больш закаханага. I свой першы пацалунак яна згадвала з асаблівай расчуленасцю, ледзь не са слязамі на вачах.

Перад ад'ездам ён запрасіў Басю на пляж вечарам. Яны доўга пазіралі на мора. Яно было ціхае, ласкавае і спакойнае, як і іхні настрой, трохі азмрочаны хуткім расстаннем. Хвалі, стаміўшыся, супакоіліся, і вада сцішана лізала іхнія ногі, апушчаныя на цёплы і мокры пясок. Бен сядзеў побач з Басяй і маўчаў. Але і без слоў яны добра разумелі адно аднаго. Размаўлялі толькі іхнія закаханыя душы і вочы. Яны спявалі маўклівую песню замілаванасці і зачараванасці. Ды шэпат мора паўтараў яе пясчанаму берагу. А хутка выплыў маладзічок, пакалываў здзіўлена сваім рожкамі і працягнуў да іх па ціхай і цёмнай вадзе бліскучую сцежку. Гледзячы на яе, Басі хацелася ўзяць за руку Бена і ступаць па гэтай таемнай лесвіцы, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй. Тўды, дзе мора зліваецца з небам, дзе на вышынях пануе каханне, дабрыня і згода. Ажно да самага месяца. Да нябесных таямніц. Каб разгадаць іх. Да глыбіні сваёй уласнай душы. Каб зразумець яе.

Бен зразумеў Басін стан і моцна прытуліўся да яе, знерухомеў у гэтым цнатлівым дакрананні да пругкага дзявочага цела. Ён чакаў рэакцыі Басі. А яна была нібыта зачараваная. Неверагодным вечарам. Цікаўным маладзіком. Шапатлівым морам і блізкасцю прыемнага чалавека. Яна ведала, што гэта іх апошняе спатканне. "Не хачу з ім расставацца, не хачу", — роспачна падумала яна і... пацалавала Бена ў вусны. Пацалавала так моцна, як ніколі раней. Ён зразумеў. Утапіў твар у Басіных валасах і на хвіліну зноў знерухомеў. А пасля вельмі марудна і няспешна пачаў расшпільваць сукенку. Бася не супраціўлялася нават тады, калі ён дакрануўся да яе гузічкаў на грудзях, калі пацалаваў іх.

Яго цела пахла ветрам, морам і сонцам. Пахла так моцна, што Бася ажно ап'янела. Яна жадала аднаго, каб гэтая хвіліна доўжылася вечна. Іхняе мілаванне было больш дзіўным, чым сон...

Вось гэта гісторыя. Вартая цэлай кнігі. I я калі-небудзь пра гэта абавязкова напішу. А пакуль — ты яе першы чытач.

Ладна, больш ні пра што пісаць не буду, каб не разбурыць светлае ўражанне, якое, я спадзяюся, ты атрымала.

Бывай! Твая Зінка."



"Добры дзень, Анжэла!

Не паспеўшы добра пераварыць тваё пісьмо і тваю просьбу даць параду, як лепш табе паступіць, я пішу табе, бо тут такое адбылося, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Во, бачыш, як добра запомніўся мне фальклор. Хоць у нас тут свой фальклор. Ды яшчэ з афрыканскай закваскай. Адным словам, слухай, не, дакладней — чытай.

Хто б мог падумаць, што такое можа адмачыць топнутая Тома-Тона. Пасля ўсіх нестыковак з Раманам яна вырашыла, відаць, насаліць яму. Мы то нешта падазравалі, але не вельмі дапіналі разабрацца. Маўчыць Тона, ну і няхай маўчыць. Плавае, ну і няхай сабе плавае. А яна, акзваецца, каб насаліць Раману і даказаць нам, што яна нечага вартая (гэта пасля ўжо яе сяброўка Каця расказала) пачала сустракацца з нейкім неграм, які вучыцца на першым курсе нашага універсітэта. Ён з Афрыкі, але я так "добра" вучыла геаграфію, што і не помню такой краіны. Адным словам, сустракаліся яны, сустракаліся і дасустракаліся. Дагуляліся. Акзалася, што Тона і праўда нагуляла. У яе пачаў расці жывот. А ліфон проста трашчыць ад паўнаты. Але яе цяпер чамусьці ніхто не лапае. Каб ты бачыла яе цяпер, то лопнула б са смеху. Зараз яе лягчэй пераскочыць, чым абысці. Яна ж і так тоўстая, а зараз носіць кароткую спадніцу, якая спераду задзіраецца ажно да пупа, агаляючы ўсё патрэбнае і непатрэбнае. А на твары з'явіліся нейкія плямы. Страх! А яшчэ большы страх ад таго, што пачалося ў школе. Уяўляеш? Прыедзеш, раскажам больш падрабязна, а мо якраз і на радзіны патрапіш. Вось такія ў нас навіны.

А ў вас там у школе ці ў горадзе неграў няма? Глядзі, не пачарней, а то ні Раман, ні мы не пазнаем цябе.

Што ж да Рамана, то тут таксама ёсць пра што напісаць. Але гэта наступным разам. Праглыні спачатку гэтыя навіны.

Твая Вера."

9

Ну што ты зробіш з гэтым сэрцам — раздвойваецца і ўсё тут. Ці мо віной тое, што Анжэла па гараскопу Блізняты? Мо і праўда, з-за гэтага праяўляецца дваістасць натуры. Яна паціху пачала ўжо выціскаць з сэрца Рамана. Пачала ўсё больш і больш завязваць размовы з Дзімай. I ён з дзікаватага пачаў станавіцца ручным. Ці мо гэта так здавалася?

Але ж, відаць, не. Бо нават дзяўчаты, сяброўкі Анжэлы, пачалі пакепліваць з яе — як гэта ёй удалося прыручыць гэткага гордага і ганарыстага аленя?

А ён і праўда ўсё больш круціўся каля Анжэлы. Хоць часам, асабліва ў прысутнасці іншых, і праяўляў грубаватыя адносіны, але яна лічыла, што гэта знарок, што ўсё мінецца, калі справа пойдзе сур'ёзна. Бо калі часам яны заставаліся сам-на-сам, Дзіма станавіўся зусім іншым — ён нібыта нямеў, ніякавеў, а рухі былі як скаваныя.

Толькі яго глыбокія жаўтлявыя вочы свяціліся нейкім неспазнаным і цёплым унутраным святлом. Гэтае святло чамусьці так бянтэжыла Анжэлу, што яна не вытрымлівала і адводзіла свае вочы. Але цяпло, відаць, праменілася ўсё адно, бо чамусьці раптам пунсавелі і гарачэлі Анжэліны шчокі. Ёй станавілася прыемна ад гэтага, а ля сэрца адчуваўся нейкі здрадлівы халадок.

Аднойчы яна хадзіла з Дзімай у кіно.

А здарылася гэта так. Неяк на ўроку рускай літаратуры Анжэла атрымала канверт з запіскай. У іхнім класе, як некалі і ў Віцебску, запіскі часта блукалі па партах: і жартаўлівыя, і з кепікамі, і выразнымі малюнкамі-намёкамі, і зусім сур'ёзныя. Калі Анжэла разарвала канверт, там ляжаў білет у кіно, на адвароце якога было напісана: "Гэта прэзент для цябе. Ад каго? Даведаешся, калі прыйдзеш на гэты фільм." Анжэла цьмяна здагадвалася, хто б гэта мог быць, але...

У зале было мала гледачоў. Калі патухла святло, побач з ёй сеў Дзіма.

— Палкае прывітанне! — знарок фрывольна прамовіў ён. — А я думаў, ты не прыйдзеш. Малайчына! — і Дзіма паспрабаваў абняць Анжэлу, але яна ціха папрасіла: "Не трэба" і сапхнула яго руку з пляча.

Ён жа, відаць, спалохаўся і больш не спрабаваў праявіць сваё жаданне, хоць Анжэле вельмі хацелася гэтага. Але як яго навесці на патрэбны кірунак? Анжэла толькі чула, як нязвыкла гучна, нібыта стогнучы, часта ўздыхаў Дзіма. Яна разумела яго, была не супраць дапамагчы яму, але перашкаджалі ўласная гордасць і прамоўленае ўжо "Не трэба".

Пасля фільма Дзіма правёў яе да пад'езда, на развітанне зноў паспрабаваў абняць. На гэты раз Анжэла не супраціўлялася, толькі жартаўліва паспрабавала адхіснуцца і прамовіла:

Ой, асцярожна, а то пераломіш, — на што Дзіма адказаў яшчэ больш настойлівым жаданнем пацалаваць яе.

Анжэла мо і не адхілілася б, але ў гэты момант забразгатаў лічбавы замок уваходных дзвярэй, і Дзіма ледзь не зваліўся з прыступак, так ірвануў уцякаць: каб не застукалі. Анжэла таксама спалохалася. Але страх яшчэ пабольшаў, выплыўшы яркай чырванню на шчокі, калі з дзвярэй паказалася Анжэліна мама.

Аво, чаго ты тут стаіш? — здзіўлена спытала яна. — I чырвоная нейкая. Ці не захварэла, дачушка?

Не, мама, — Анжэла не ведала, што прыдумаць, таму сказала першае, што прыйшло ў галаву: — Па дарозе бадзяжны сабака прычапіўся, ледзь адагнала...

Ты глядзі, асцярожна, а то і праўда, іх тут процьма. А то давай, я буду сустракаць цябе...

Ты што, мама! — яшчэ больш спалохалася Анжэла, зразумеўшы свой пракол з сабакамі, але, каб выблытацца, прамовіла: — Лепей я буду хадзіць іншай дарогай.

Ну глядзі, толькі асцярожна, — папрасіла мама.

Пазней Анжэла падзялілася думкамі-сумненнямі пра свае пачуцці да Дзімы і Рамана са сваёй самай-самай блізкай сяброўкай Даротай. Тая разважліва параіла:

— Бяры тое, што бліжэй. Далёкае пакінь на пасля. У нас у Варшаве многія так робяць...

I Дарота расказала шмат таго, пра што Анжэла, якая лічыла сябе не самай апошняй у амурных справах, не толькі не чула, але нават не здагадвалася, што такое можа ўвогуле быць.

Дарота расказала, напрыклад, пра іхнія спосабы знаёмства. I не важна, хто першы прапаноўваў — хлопец, ці дзяўчына, хоць з яе расказу вынікала, што больш смелымі былі дзяўчаты. Такіх у нас называюць "свой хлопец". Здавалася, што ўсё гэта паспрабавала сама Дарота.

Адна дзяўчына-падлетак у супермаркеце выявіла ля касы, што нехта падкінуў ёй у карзіну шакаладку. Думала, памылкова, і зараз той невядомы забярэ яе. Але пасля на абгортцы заўважыла надпіс ад рукі: "Хачу з табой пазнаёміцца." I нумар тэлефона. Гэты спосаб вельмі спадабаўся Дароце.

А яшчэ яна хваліла і такі. На таптуне — вуліцы, дзе бавіць час моладзь, дзяўчына ўбачыла клёвага хлопца. Хацела зазірнуць яму ў вочы, але ў таго нізка на лоб была нацягнута шапка. Раздумвала, як звярнуць на сябе ўвагу. А тады падскочыла і сарвала шапку з галавы. Спачатку ён зірнуў на яе злосна, бо думаў, што нехта няўдала жартуе, або хоча ўкрасці ягонае дабро. Яна ж засмяялася і прамовіла: "Хацела толькі пазнаёміцца. А зараз ужо ад цябе залежыць, ці здабудзеш шапку і... мяне." I склала губкі банцікам. А хлопец ахвотна цмокнуў у іх.

А яшчэ быў вельмі рамантычны выпадак. Нейкі хлопец гуляў у парку і затрымаўся перад групай мексіканскіх музыкаў, якія выконвалі народныя мелодыі. Ажыўлена апладзіраваў пасля канцэрта.

Раптам заўважыў, што адна дзяўчына падышла да саліста і нешта яму шапнула. Той накіраваўся да хлопца і паведаміў: "Наступная песня для цябе. Ад сеньёрыты, якая сядзіць вунь на той лаўцы..." Музыкі зайгралі такі выдатны твор, што ў хлопца ажно сэрца замлела ад дабрыні. Ён падышоў да той дзяўчыны, узяў яе за руку і яны разам слухалі выдатны канцэрт.

I такіх гісторый Дарота магла распавядаць безліч. Ёй то добра, яна такая знаходлівая і рашучая. А як быць Анжэле?

У яе з Дзімай і так адносіны былі нейкія нявысветленыя, няпэўныя. А тут яшчэ такое паведамленне пра Рамана.

I сэрца Блізнючкі Анжэлы ледзь не пэнкала ад натугі — каму аддаць перавагу?

Што лепш — сініца ў руках, ці журавель у небе?

10

А неўзабаве два вельмі важныя пісьмы размінуліся.

Анжэла накіравала Зіне сваё чарговае пасланне.



"Добры дзень, Зінуля!

Як заўсёды, я аператыўна адказваю на тваё пісьмо.

Перш за ўсё — пра самае галоўнае.

Як гэта ты даведалася пра мае хістанні-ваганні? Няўжо зноў духаў выклікалі? I яны вам усё і пра ўсіх расказалі? Ці гэта ты так дасканала авалодала чорнай магіяй, тайнамі гараскопаў, што ўсё загадзя ведаеш пра Блізнятаў?

Так, прызнаюся — бо рабіць няма чаго, гэта праўда — сэрца маё па-блізнячы раздвойваецца. Хоць ты на начоўках плавай туды-сюды. I Рамана хацелася б пабачыць, каб усё высветліць самой, і да Дзімы сэрца хінецца. Не памагае і гаданне на картах. Кожны раз усё нешта новае выпадае.

Добра, што ты не бачыш мяне. Бо я ад гэтых хістанняў аж схуднела. Ажно кругі пад вачыма. Продкі кажуць, а я і не пярэчу, што гэта ад вучобы. Хай сабе будзе ад вучобы... Бо гэта ж і ёсць вучоба. Разумееш? Вучоба каханню. Аказваецца, больш цяжкая, чым англійская мова...

I чаму гэта паэты, нават нашы школьныя, што па праграме, так узнёсла пра яго пісалі? А мо яны самі і не кахалі зусім? Гэта ж так пакутліва, хоць пакуты гэтыя і салодкія. Але часам гэтая слодыч ператвараецца ў горкую гаркоту. Ці мо слодычы не павінна быць зашмат? Як і цукру ў гарбаце. Во, бачыш, як зафіласофствалася. Ажно самой нудна стала.

Вучоба коціцца да канікул. Хутка я заяўлюся Віцебску. Вас пабачу, пакалякаем.

Але ж там... Раман.

А тут Дзіма. Прызнаюся табе, толькі ты нікому-нікому, што ён усё больш ласкавы становіцца. I сур'ёзны. Нават пры іншых стаў пазбягаць сваіх нахабна-дзёрзкіх прыколаў да мяне. Нават калі нічога добрага не робіць, то не клеіцца, не лапае і не турзае...

Вось так, мая ты Зінуля, Зінка-карзінка.

Прыеду ў Віцебск, параімся. Так што рыхтуйся.

Твая Анжэла."



Толькі Анжэла адправіла гэтае пісьмо, як бацька прынёс ёй канверт з Віцебска. А там — дай ты веры! — пісьмо ад... Рамана. На першы погляд у ім нічога асаблівага.

Лісцік паперы ў клетачку. Амаль чысты.

Толькі пасярэдзіне знаёмы з Наташынага пісьма малюнак:

І прыпіска: "Па табе стогне..."

I два выразныя клічнікі "!!".

I подпіс: "Раман."

Нічога асаблівага? Каб жа так...

11

Каханне...

Дык што ж гэта за напасць такая, што за навала?

Ці гэта прысак, прыцемнены і прыцярушаны попелам?

Ці гэта попел, пад якім, не зважаючы на нішто, ірдзее, жыве, пульсуе гарачы прысак?

Бедная, бедная Анжэла. I як разабрацца ёй з усім, што абрынулася на яе кволыя чатырнаццацігадовыя плечы?..

Аднак не паспела яна ачомацца ад гэтых неспадзянак, як новая, проста забойчая навіна, звалілася ёй на галаву. У сваім пісьме Вера паведамляла, што бацькі Рамана атрымалі прызначэнне ў той самы горад, дзе жыла зараз роспачна-заклапочаная Анжэла, і праз месяц збіраюцца ў дарогу.

ЗНАЁМСТВА ЛЯ СІНЯГА МОРА РЭФЛЕКСІЯ ПЕРШАГА ЛІСТАВАННЯ

Пачутая ў школе навіна была для мяне такой радасна-нечаканай, што я амаль на крыллях ляцеў дахаты.

— Мама, а мы ў Севастопаль едзем!

— Хто гэта мы?

— Мы, наш сёмы клас. Праўда, не ўвесь, а толькі дзесяць чалавек. I ятаксама. Сёння дырэктар аб"явіў. Сам ён і павязе.

— Які табе сівы топаль? Што ты выдумаў? А хто карову пасвіць будзе? — ахаладзіла мой імпэт маці. — Я так чакала гэтых канікул, а ты...

— Гэта ж толькі тыдзень, ці мо крыху больш, — апраўдваўся я. — Калі я куды ездзіў? Вечна каровам хвасты кручу... Паеду, — болш рашуча запярэчыў я.

— А дзе я табе грошай вазьму? — нібыта прымірэнча спыталася маці.

— Не трэба грошай! — выгукнуў я. — Бясплатна паедзем! Ну, хіба што на якія цукеркі ці на марожанае — я ж ніколі яго не смакаваў... — дадаў лісліва.

— Бясплатна, бясплатна... — ужо не злосна паўтарыла маці.

— Ты ў свой сівы топаль, а я зноў з каровай танцуй.

— Ды не сівы топаль, а Севастопаль.

— Якая мне розніца. I карове ад гэтага радасці мала. А дзе ён, гэты твой Сівастопаль?

— Далёка. Ажно на Чорным моры. Тры дні на цягніку.

— А-а бо-ожачкі! Ці не звар"яцеў ты? Гэдак далёка. На край свету... — спалохалася маці.

Я разумеў яе страх. Мне таксама было трохі непамысна: далей свайго Нясвіжа я нідзе не быў, на жывым цягніку не катаўся. Вядома, хутар. Дзе тут набярэшся часу ездзіць. Летам — карова, дзялкі буракоў і льну. Апроч таго — жніво. Калі маці з сярпом упраўлялася з жытам, мы з братам зносілі і састаўлялі ў мэндлікі снапы, важкія і большыя за нас. Але гэтую цяжка-потную працу я любіў больш за ўсё.Сам не ведаю чаму: мо з-за казытліва-прыемнага паху зярнят у буйных каласах, а мо за прыемнасць далучанасці да не зусім зразумелага мне слова "хлебароб": якія ж яны хлеба-робы, яны ж толькі жыта жнуць.

Відаць, жніўная пара і для маці была найбольш прыемнай, бо ніколі, акрамя як на жніве, яна так задушэўна і працягла-разважна не спявала.

А не любіў я пасвіць каровы ды рэзаць торф. Аднак даводзілася і гэта рабіць — калі хочаш хлеба з маслам, а зімой пагрэцца ля цёплай печкі.

Нязбыўнай марай было пабачыць Мінск. Хрэсны, які вазіў туды прадаваць пера,д Калядамі свежае сала, так цікава расказваў пра горад, пра невядомыя трамваі, тралейбусы, якія бягуць па правадах (а ў нас жа нават электрычнасці не было), што маё жаданне ўсё гэта пабачыць самому станавілася неадольным. Да таго ж і чыгунка была не так далёка — усяго кіламетраў дванаццаць ад нашага хутара. Аднак дагэтуль мара заставалася толькі марай.

I раптам такая неспадзянка. Дырэктар сказаў, што ехаць будзем з Мінска, так што мая надзея на сустрэчу з сапраўдным гора,дам спраўджвалася. Няўжо я мог прамяняць гэткую мажлівасць на пастухоўства?!

Ледзь угаварыў маці. Добра, што падтрымалі дзед з бабай:

— Няхай едзе. Хай паглядзіць на свет. А з каровамі мы як-небудзь справімся.

I я паехаў.

Маё сямігадовае школьнае жыццё не дало гэтулькі ўражанняў, перажыванняў, радасці, захаплення і нават сораму, як адна гэтая паездка. Не, вядома, хутарскія ўражанні таксама былі моцнымі і непаўторнымі, бо які гарадскі хлапчук мог так шчодра раскашаваць на натуральнай прыродзе, як мы? Аднак для нас горад быў нечым вабна-невядома-загадкава-таямнічым...

I пешы паход да цягніка, і чаканне на вялізным і мітуслівым, як муравейнік, мінскім вакзале, і зведванне універсітэта — бо блізка ад вакзала, і пазіранне на гмах Дома ўрада з манументальным помнікам Леніну перад ім, і смачнае мінскае марожанае, якім нас пачаставаў дырэктар, — усё гэта здавалася неверагодным і нерэальным сном.

Калі селі ў цягнік, калі ззаду застаўся недасяжны раней Мінск, калі вагон ужо сцішыўся на начны адпачынак, я, нарэшце, паверыў, што еду ў далёкі і вабны Севастопаль, на незнаёмае Чорнае мора. Усе ўжо спалі, а я ўсё стаяў ля вагоннага акна, баючыся прапусціць што-небудзь цікавае. Так бы і прастаяў усю ноч, але прагнаў дырэктар, загадаў спаць.

Я ледзьве спраўляўся ўсё запамінаць — і вялікія гарады, дзе спыняўся цягнік і дзе мы ласаваліся марожаным, і незнаёмая за акном прырода, і натоўпы людзей з любым харчам на вакзалах, і ўжо ля самага Севастопаля капальні інкерманскага каменя.

Але наперадзе быў легендарны Севастопаль, было жадана-невядомае Чорнае мора.

Гэта і сапраўды аказалася фантастыкай: блакітна-сонечнае мора, празрыстая вада, у якой відаць нават камяні на дне, чароды крыклівых і гордых чаек, якія лоўка выхопліваюць з бялесай пены дробную рыбу. А дзе яшчэ можна ўбачыць, як з-за гарызонта таямніча-загадкава выплывае карабель і пры набліжэнні ператвараецца ў сапраўдны белы цуд!

— Вось вам відочны доказ таго, што зямля круглая, — сказаў наш дырэктар. — Бачыце, карабель з"яўляецца не адразу, а паступова, пачынаючы з верхніх, больш высокіх частак.

Мы хадзілі па шматлікіх музеях, гулялі па вуліцах гора,да, назіралі, як прыгожа і зладжана маршыравалі ў зайздроснай форме з залацістымі стужкамі на бесказырках сапраўдныя маракі. Наведалі і акварыум — вялізны падводна-зашклёны дом для рознай марской жыўнасці, пра якую мы чулі толькі на ўроках біялогіі.

Як тут расказаць пра ўсё ўбачанае, калі я нават слоў такіх ніколі не чуў. Таму, каб не забыцца, вечарам у пустым класе, бо жылі мы ў школе, старанна запісваў усё пачутае і ўбачанае, часам перапытваючы ў сяброў а то і ў дырэктара, як называюцца караблі альбо рыбы — каб пра ўсё пасля расказаць дома.

Запісаў я і пра сустрэчу ў першы ж дзень з падобнай экскурсіяй з Находкі. Група сямікласнікаў таксама прыехала пазнаёміцца з Севастопалем і таксама начавала ў гэтай жа школе.

Мне адразу ўпала ў вока адна дзяўчынка — хударлявая, высокая, з кароткімі валасамі: вельмі сімпатычная і вясёлая. Яна ўвесь час смяялася, нешта расказвала сяброўкам, слухала іхнія аповяды, а сама так і цікавала за іншымі. Калі я праходзіў міма, нашыя позіркі сустрэліся. Першы не вытрымаў я — адвёў вочы.

— Што, баішся? — смела спытала весялуха. — Не бойся, хадзі да нас, не ўкусім, — і засмяялася.

— А я і не баюся, — храбра адказаў я. — У нас кусаюцца толькі сабакі.

Дзяўчаты выбухнулі гучным рогатам і разбегліся. Засталася толькі крыху вяснушкаватая, ці, як казалі ў нас на хутары, рабаціністая — бо, відаць, ластаўчыны яйкі даставала з гнёздаў, весялуха.

— А дзе гэта ў вас? — хітра прыжмурылася яна.

— У нас... На хутары.

— Дзе-дзе? — засмяялася весялуха.

— На хутары... Я там жыву. У Беларусі, — пакрыўджана адказаў я.

— А-а, — перастала смяяца яна. — Дык вы з Беларусі? А мы з Находкі. Я Каця. А ты?

— А я Петрык, — адказаў я і маўчаў, не ведаў, што рабіць далей — пайсці ці Каця скажа яшчэ нешта.

Тая і сапраўды прапанавала:

— Пайшлі на мора.

— Не, нам нельга. Дырэктар не дазваляе. Заўтра раніцай пойдзем. Сёння позна.

— Тады пайшлі на двор, у альтанку, там вельмі добра, — сказала Каця. — А заўтра мы таксама ідзём на мора.

Мы выйшлі на школьны двор, селі ў аплеценай зеленню альтанцы і маўчалі. Я не ведаў, пра што гаварыць. Маўчанне парушыла Каця. Яна пачала расказваць пра свой горад, пра школу, пра клас. I расказвала так цікава і захоплена, што я ажно пазайздросціў яе ўменню. Я жыва ўявіў і яе далёкі горад, і порт, і белыя, як тут, караблі...

Бралася на ноч, а мы ўсё сядзелі і Каця ўсё расказвала. На небе высыпалі зоркі.

— Глядзі, якія яркія зоркі, — паказала Каця.

— Ага, — паддакнуў я. — Вунь, бачыш, Вялікая Мядзведзіца, вунь Малая, а вунь Зорка Венера...

I я пачаў расказваць пра начное наба. Настала чарга дзівіцца Каці. Я ж на сваім хутары не толькі каровы пасвіў, а і зоркі на небе, не адзін раз разам з імі плаваў у далёкія касмічныя падарожжы.

— Ты як Гагарын, касманаўтам будзеш, — пахваліла Каця, бо акурат пару месяцаў таму ў космасе пабываў Юрый Аляксеевіч Гагарын.

А назаўтра раніцай нашы дзве экскурсіі і сапраўды аб"ядналіся і разам пайшлі на пляж. Гэтае слова я не на,дта разумеў, але, каб не асарамаціцца, ні ў кога не спытаў: сам пагляджу, што да чаго, сам дапетру.

На моры народу было процьма — мо нават больш, чым у нашым калгасе. Але там усе працавалі, а тут... Гэтулькі голых цел, да таго ж усіх разам — хлопцаў, дзяўчат, мужчын, дзяцей, дзядоў я яшчэ ніколі не бачыў. Многія ў чорных акулярах. Хто ляжыць у самых неверагодных позах, хто сноўдаецца па беразе, хто плавае, а хто ў карты рэжацца — і чаго было перціся за трыдзевяць зямель, хіба нельга ў карты дома гуляць?

— Ну, чаго сядзіш? Давай у ваду, — паклікала Каця.

— Зараз, — нехаця адказаў я.

А сам са страхам падумаў: як жа я раздзенуся, калі трусы ў мяне чорнага колеру і амаль што да каленяў. У іншых жа яны кароткія, каляровыя і, відаць, з гумкай у калашынах.

"Вось табе і чаканае мора, — змрочна думаў я. — I як я буду пачувацца голы сярод гэтага людскога стоўпішча? Іншая рэч дома, на поплаве альбо ў жыце..."

А Каця ўжо распранулася і я крадком любаваўся яе стройным і трохі загарэлым целам.

— Давай хутчэй у ваду, — зноў церабіла яна мяне.

Дырэктар заўважыў маю збянтэжанасць і спытаўся ў чым справа. Падобная праблема аказалася і ў іншых хлопцаў. Тады дырэктар купіў нам трусы, праўда, не каляровыя, а спрэс сінія і з гузічкамі з левага боку, якія, сказаў, называюцца плаўкамі.

Я зайшоў у блакітную будку з занавескамі замест дзвярэй і, азіраючыся, каб хто не падгледзеў, памяняў трусы на плаўкі.

3 першай бядой справіўся. А як быць з другой? Плаваць я ўмеў толькі па-сабачы, бо на нашым хутары не было рэчкі. Але пасаваць перад Кацяй не стаў. Мы разам зайшлі ў ваду і, каб асмеліцца, пачалі пырскацца. Часта нашыя рукі, плечукі дакраналіся. Мне было трохі нязвыкла і прыемна, нейкія асблівыя пачуцці праціналі мяне. Але адначасна я назіраў за іншымі: як і куды плывуць. Убачыў, што недалёка ад берага ляжаць у вадзе вялізныя камяні. Мы з Кацяй і паплылі да іх. Каб адпачыць, я хацеў залезці на адзін. Але той быў такі аброслы нейкім слізкім марскім мохам, што я толькі коўзаўся па ім і не мог за што-небудзь зачапіцца, падзёр увесь жывот, стаміўся яшчэ больш — ад сораму перад Кацяй і трохі ад страху, і павярнуў назад да берага.

Каця ўсё зразумела і сказала:

— Не бойся, плыві спакойна, я таксама не вельмі даўно навучылася плаваць.

— А я і не баюся, — захрабрыўся я і ў гэты момант невялікая хваля, якія ўвесь час бегалі па вадзе, ударыла мне ў твар — салёнай і нясмачнай вады набралася ў рот, у нос, нават вушы заліло.

Я спалохаўся, выплюнуў ваду, сашчаміў зубы і больш не размаўляў.

Каця зноў зразумела мяне і не змушала плысці ў мора, разам мы дурэлі-кувыркаліся ля берага. Пасля разам, плячо да пляча, ляжалі на беразе — загаралі, як сказала Каця, хоць я не надта разумеў, чаму, каб загарэць, трэба ляжаць: я добра падсмажваў спіну, дапамагаючы маці на бураках ці ільне.

Сонца, вада, Каця, цеплыня, ласкавасць паветра і марскіх хваль — усё гэта перамяшалася і нейкім хмельна-прыемным пачуццём туманіла галаву. Мне было так хораша, як ніколі.

Пасля нашы экскурсіі разам хадзілі на Сапун-гару, у панарму. А калі фатаграфаваліся на фоне помніка затопленым караблям, Каця папрасіла сфатаграфавацца разам са мной. Здымкі атрымалі праз дзень і мы з Кацяй абмяняліся дарчымі надпісамі на іх.

За гэтыя дні хапіла ўсяго — і эмоцый, і ўражанняў, і мора. Хоць загаралі на адным сонцы, аднак у некаторых скура лупілася цэлымі палосамі.

Працягваліся і нашыя з Кацяй вечарова-начныя зорныя сустрэчы ў школьнай альтанцы. Гаворана-перагаворана было шмат.

Але як ні прыемна гасцявалася ў Севастопалі, наступіў час расстання. Я з нейкім асаблівым жалем развітваўся з Кацяй. Мне было так хораша і добра з ёй, што, здавалася, збяднеюць дзівосы Севастопаля, калі мы раз"едземся. Падалося, нават чайкі, гэтыя вялізныя і дужыя птушкі, за спрытнымі выкрутасамі якіх я са здзіўленнем і захапленнем назіраў увесь час побыту на моры, носяцца над успененымі хвалямі са шкадаваннем, а гучна-гартанныя крыкі іх напоўнены непрыхаванай трывогай і сумам.

Перад ад"ездам мы абмяняліся адрасамі, абяцалі пісаць. А Каця перад самым расстаннем перадала мне заклеены канверт:

— Прачытаеш дома. Толькі не раней. Добра?

— Добра, — самотна-сумна згадзіўся я.

У вагоне я то натаваў-папраўляў свае запісы-ўражанні, то зноў стаяў ля акна.

Дома сустрэла радасна-занепакоеная маці:

— Ну, нарэшце. А то я думала, ці не жаніўся ты ў гэтым Сівастопалі.

Я адчуў, што шчокі мае ўспыхнулі, і, каб перавесці размову, пахваліўся сувенірам — помнікам затопленым караблям, які так уразіў мяне і з якім быў звязаны самы прыемны ўспамін.

Пасля выйшаў з хаты, па сцежцы ў жыце дабег да поплава і разарваў канверт. Там ляжаў спісаны лісцік са школьнага сшытка ў клетачку.

"Ты цікавы малец,— пісала Каця. — 3 табой мне было цікава і прыемна. А без цябе будзе сумна. А табе? Калі і табе таксама, тады ўспомні Чорнае мора, помнік затопленым караблям, школу, альтанку, зорнае неба... Успомні нас, ужо васьмікласнікаў з Находкі. А калі захочаш успомніць мяне, знайдзі на небе Зорку Венеру. Я на яе таксама буду пазіраць... Там і сустрэнуцца нашыя позіркі. Каця."

У канцы ліста было намалявана сэрца, прабітае стралой.

Маё сэрца і сапраўды затрымцела ад пачуцця замілаванасці, удзячнасці, захопленасці, радасці, хвалявання, гонару... Гэта ж было першае атрыманае мной пісьмо. Ды яшчэ такога зместу!

Я збегаў у хату, узяў лісцік паперы і адразу ж напісаў Каці ўзнёсла-ўдзячны адказ. Назаўтра сказаў, што трэба збегаць у школу, давесці да канца справы з паездкай, а сам зайшоў на вясковую пошту, купіў канверт, марку, і ў далёкую Находку паляцела маё першае ўласнае пісьмо.

Тым летам я нават каровы пасвіў з ахвотай, на што дзед з бабай нагадвалі маёй маці:

— А што мы табе казалі? Бачыш, як паспрыяў Сівастопаль?

Я згодна ківаў галавой, а сам усё выцікоўваў паштальёнку — каб не аддала пісьмо-адказ бацькам. Але не дапільнаваў.

Калі аднойчы вечарам прыгнаў карову дахаты, маці сустрэла трывожным паведамленнем:

— Тут табе пісьмо нейкае. 3 Находкі. Што ты там натварыў?

Маці і падумаць не магла, што мне можа быць нейкі іншы ліст.

— Нічога не натварыў, — радасна адказаў я. — Давай сюды, я ведаю.

Каця зноў пісала, што сумуе , успамінае ўсё, што было, і кожны зорны вечар пазірае на Зорку Венеру.

Я адказаў адразу. Цёпла, хораша. Нават перапісаў са школьнага падручніка верш Максіма Багдановіча "Зорка Венера".

На гэты раз я ўсё-ткі дапільнаваў паштальёнку і сам забраў пісьмо, у якім былі ўсё тыя ж словы-ўспаміны і падзяка за верш. Каця расказвала пра сваіх сяброў, пра зборы ў школу.

3 пачаткам вучэбнага года перапіска чамусці стала радзейшай. Пісьмы з Находкі не прыходзілі падоўгу, а пасля і зусім перасталі. Я паслаў ажно чатыры, аднак адказу не атрымаў. Тады і я перастаў пісаць.

Аднак зорнымі вечарамі па-ранейшаму пасылаў на Зорку Венеру свае добрыя і чуллівыя позіркі. Калі ж неба было бяззорнае альбо зацягнутае хмарамі, я падоўгу пазіраў на помнік затопленым караблям.

А на ўроках часта тайком даставаў з-за дзённікавай вокладкі наш з Кацяй здымак і цёплы наплыў успамінаў гайдаў мяне, як ласкавыя чарнаморскія хвалі...

Я БУДУ ПОМНІЦЬ ЦЯБЕ РЭФЛЕКСІЯ ПЕРШАГА ПАЦАЛУНКА 

Ты пранёсся па маім жыцці, як яркая імклівая знічка. А мо як метэор? Ці як метэарыт? Вось яны, выдаткі сучаснай цывілізацыі: нават каханне пачынаем вымяраць фізічнымі альбо астранамічнымі адзінкамі. Мо неўзабаве станем карыстацца омамі альбо квантамі — залежна ад таго, хто як свеціцца ці супраціўляецца ў каханні.

Ды, зрэшты, Бог з імі, з гэтымі фізічна-астранамічнымі сентэнцыямі, бо гэта ўсё адно было. I ты на самай справе ўварваўся ў маё жыццё — як знічка, як метэор. Уварваўся нечакана і імкліва, каб гэтак жа імкліва і нечакана знікнуць, абпаліўшы мяне першым цнатлівым дотыкам кахання.

Няўжо назусім?

Няўжо толькі балюча-светлыя палоскі ўспамінаў будуць нагадваць пра тое, што было?

Няўжо тваё дакрананне да майго лёсу застанецца толькі зіхатлівым — фі, якое брыдкае слова! — ярка, але дачасна згарэлай каметы?

Няўжо будучыня засыпле ўсё халодным попелам мінулага?

Але ж усё гэта было.

Было!

Я буду помніць цябе...



Твой абыякава-замглёны позірк мімаходзь слізгануў па тварах пасажыраў аўтобуса і засяродзіўся ў сабе. Але я паспела злавіць яго. Нават не вачамі, а нейкім унутраным бачаннем, падсвядома абуджаным пачуццём, напачатку нават не ўсвядоміўшы, чаго так тарганулася нешта ўнутры. Але святло гэтага нечаканага метэора — тваё святло, ужо зачапіла мяне. Я пасылала на цябе ўсё больш пільныя і ўсё больш працяглыя позіркі. Мне хацелася выбавіць цябе з тваёй унутранай засяроджанасці. Аднак мае страсна-паглядныя стрэлы-маланкі не краналі цябе. Твая засцерагальная засяроджанасць была неразбуральная.

I тады я адважылася.

Я праціснулася праз пасажыраў і папрасіла цябе пракампасціраваць мне талон, хоць адзін прабіты ўжо ляжаў у маёй сумачцы.

Ты працягнуў руку і ўзяў мой талон.

У гэты момант мая рука дакранулася да тваёй — халаднаватай гэтым даволі цёплым жнівеньскім надвячоркам.

Я не ведаю, што раптам адбылося. Усю мяне нібыта пранізаў электрычны разрад. Пальцы мае быццам здранцвелі, цела працялі імгненныя дрыжыкі, нязвыкла імкліва і з калюча-вострым казытаннем па ім прабеглі мурашы. Скура ж, асабліва на жываце і на шчоках, стала падобнай на гусіную, і калі б я раптам зняла кофту, то, здаецца, вытыркнуліся б дробненькія пішчы. Збаялася, што гэты стан будзе доўжыцца і давядзе мяне да страты прытомнасці.

На шчасце, дотык тваёй рукі, якая аддала мне талон, стаўся выратавальным. Я ажыла. Але кроў раптоўна адхлынула ад галавы і так наалавяніла ногі, што яны прымагніціліся да аўтобуснай падлогі, Ад такой раптоўнай бязважкасці я пахіснулася, а мо гэта хіснуўся на калдобінах аўтобус, і нечакана мае грудзі шархануліся аб тваю руку. Ты быў у тэнісцы, а я ў тоненькай кофтачцы і без станіка — не пераношу, калі грудзі адчуваюць цеснату.

I тут я зразумела, што мой мозг самым непасрэдным чынам звязаны з маімі карычневымі гузічкамі на грудзях. Галава набрыняла тонкім асвяжальна-туманячым халадком, ад якога чамусьці сталі невідушчымі вочы. У вісках тонка зазвінела, а сэрца абарвалася і паляцела ўніз.

Але нейкі насцярожана-пільны ўскраек свядомасці цвяроза папярэдзіў: трымайся, бо будзе сораму, калі грукнешся на падлогу.

Аднак скрануцца з месца, каб прыхіліцца да сценкі, я не магла: не пускалі прымагнічаныя ногі.

Тым не менш, нягледзячы на гэткі стан, мне было страшна і прыемна.

Страшна, каб не ўпасці ад раптоўнай знямогі.

Страшна, што ты адхінешся і мае грудзі страцяць адзінае — хоць і кволае — апірышча.

Мне было нязвыкла прыемна ад такога майго стану, мяне перапаўнялі моцныя невядомыя і раней неадчувальныя пачуцці.

Прыемна, што ты не адхіснуўся, не адвёў руку.

"А мо ты нічога і не заўважыў?!" — мільганула імкліва-горкая думка.

I тады я адважылася другі раз. Як альпініст, які напорыста імкнецца да вяршыні гары і становіцца ап'янелым ад недахопу кіслароду і адчування блізкай перамогі, я адважылася на нечуванае. Я знарок, хоць нібы і непрыкметна, дакранулася сваімі пальцамі да тваёй апушчанай рукі. Яна была такая ж халаднаватая.

Але гэтая прахалода ашпарыла мяне, як кіпенем... Мне стала горача. Пот выступіў на скронях і чамусьці на верхняй губе. А адна здрадлівая кропелька пакацілася паміж грудзей. Ад яе казытання мне было непамысна-нясцерпна, я ледзьве стрымлівалася, каб не выцерці кофтачкай гэты вільготны раўчук. Але ж побач стаяў ты, і я не магла зрабіць гэта.

А той здрайца-струменьчык — станіка ж не было, каб затрымаць, каціўся ўсё ніжэй, не перастаючы казытаць. Вось ён ужо ля пупка — мо там і згіне-растане, аднак не — пакаціўся ніжэй. Няўжо ён магнітны? Бо і на спіне запачаткаваўся гэткі ж нахабнік-струменьчык і пакаціўся да раўчука паміж дзвюма палавінкамі. Нарэшце абодва яны, відаць, спаткаліся, бо я перастала іх адчуваць.

Я запомніла гэта на ўсё жыццё.

I хоць пазней падобныя хвіліны здараліся таксама, усе яны былі толькі цьмянымі адбіткамі гэтых — першых і непаўторных. Такі, як зараз, эмацыянальны стан не паўтарыўся ніколі.

Я буду помніць цябе...

Перад чарговым прыпынкам аўтобуса ты павярнуўся да дзвярэй, і ў гэты момант твая рука зноў шарханула па маіх усё яшчэ сцвярдзелых мурашыністых гузічках наструненых грудзей. Я не стрывала і, хоць не ведала чаму, таксама выйшла ўслед за табою.

Мне хацелася, каб ты нарэшце вызваліўся са сваёй засяроджанасці і асэнсавана зірнуў на мяне.

"Няўжо ты такі сляпы і такі цвердаскуры, што нічога не бачыш і нічога не адчуваеш?!" — хацелася мне закрычаць.

Але ты спакойна пайшоў па тратуары з вышчарбленых пліт. Спачатку я не заўважала гэтых выбоін. Пасля стала нервавацца, бо мае туфлі на шпільках пачалі спатыкацца і падварочвацца. Я спалохалася — ты імкліва аддаляўся.

Я пачала знарок крывіць ногі — няхай бы трэснула гэтая праклятая шпілька. Ды абутковы майстар, відаць, быў сумленны.

"Хай бы нават нага звіхнулася. Толькі каб не балюча. Абы толькі ты заўважыў", — ледзьве не шаптала я.

Ды ўсё дарэмна. Ты аддаляўся.

I тут, калі была амаль у адчаі, крык вырваўся з маіх грудзей:

— А-а-а-а-й!..

Я нават сама не зразумела, што адбылося, — разам з крыкам я ўпала на калені, балюча абадраўшы іх аб шчарбатыя пліты.

Аказалася, шпілька ўсё-ткі трапіла ў шчыліну, зашчамілася і...

"Малайчына, майстра!" — пранеслася ў галаве, а ўслых я папрасіла з пэўным разлікам:

— Дапамажыце!

Нарэшце ты азірнуўся, трохі паразважаў, а пасля вярнуўся да мяне. Узяў за локаць, дапамог устаць, дастаў са шчыліны туфель са зламанай шпількай. Пакруціў у руках, не ведаючы, што рабіць. Я таксама стаяла разгубленая — адна нага абутая, другая — босая. Хіба можна так ісці? А як лепей — басанож альбо кульгаючы на адной?

— А мо... — пачала я, але ты перапыніў:

— Я дапамагу вам. Дзе прынцэса мае замак?

— Замак то недалёка, ды на адной назе... Хіба што дварамі. Каб людзі не бачылі рыцара з кульгавай папялушкай, — уключылася ў гульню я.

— Давай...це, — паправіўся ты. — Давайце туфлі.

— Не, я сама... — запярэчыла я, але туфель зняла і аддала табе.

Мы пайшлі па траве ўзбоч сцежкі. Ты маўчаў. Маўчала і я, спадцішка кідаючы позіркі на цябе.

Трава скончылася, і нагам стала калюча. Я станавілася на пальчыкі, асцярожна перастаўляючы ногі. Тады ты ўзяў мяне пад руку. Я перастала хістацца, але не магла зразумець, чаго раптам так закружылася галава. Нязвыклыя пачуцці ахапілі мяне. Эмацыянальная ўзрушанасць пазбавіла адчування рэальнасці. Хоць больш акрэслена вызначыць мой стан я не магла: усё звілося ў адзін клубок і ніводная нітка ў ім не была вызначальнай.

Калі дайшлі да майго дома, я першая ўвайшла ў пад'езд і пачала падымацца на мой трэці паверх.

Знарок не азіралася, каб не напалохаць цябе. Ты ж, відаць, трохі вагаўся, бо крокаў тваіх не было чуваць. Пасля пачулася нетаропкае шлёпанне па сходах.

Усё ў тым жа эмацыянальна-дзіўным узрушэнні я дастала з сумачкі ключы. Увайшла. Дзвярэй не зачыняла.

Ты пераступіў парог.

Я не ведала, што рабіць, і запытальна пазірала на цябе.

Гэтая хвіліна маўчання-пазірання здалася мне цэлай гадзінай.

— Праходзь...це, — я не пазнавала свайго голасу. — Праходзьце, — хуценька паўтарыла яшчэ раз і зачыніла дзверы.

Далей усё адбывалася як у высокім магнітным полі. Калі раней, як аднаполюсныя магніты, мы адштурхоўваліся, то зараз полюсы ўвачавідкі мяняліся. I чым больш доўжыўся гэты стан, тым большым было наша магнітнае прыцягненне. Пачатае з ледзь прыкметнага, яно ўсё мацнела і мацнела, пакуль не стала імгненным і ўсёпаглынальным.

Як два знуджаныя ад бяздзейнасці магніты, мы пацягнуліся адно да аднаго і... абняліся.

Аднак раптоўна ўзніклая прыцягальная сіла раптам змяніла свой полюс і адштурхнула нас. Твае губы, якія прагна шукалі маіх, так і не дакрануліся да іх. Мы моўчкі пазіралі адно аднаму ў вочы: за нас гаварылі нашы пачуцці.

Я знясілена апусцілася на канапу.

— Кавы?... Чаю?.. — механічна спыталася я. — Сядай...це.

Я адчувала, што ўсё адбываецца неяк ненатуральна. Па-кіношнаму, ці што. Але перайначваць нічога не хацела. Няхай сабе па-кіношнаму, а для мяне гэта — упершыню.

Упершыню я была адна з мужчынам. I не ў сне, як часта раней, а наяве, на самай сапраўднай яве.

Упершыню мой сон спраўдзіўся. Упершыню я адчувала такое... такое... пра што раней толькі ў кнігах чытала ды ў кіно глядзела.

Тут жа было жыцё. I гэта адбывалася са мной...

Свісток чайніка на кухні вывеў мяне з філасофска-разважлівай задуменнасці.

Я паставіла на стол дзве філіжанкі — адну з чаем, другую з кавай. На выбар. На твой выбар. Ты выбраў каву. Я да сваёй філіжанкі не дакранулася. Я пазірала на цябе. Жнівеньскі паўзмрок, памножаны на зацемненыя занавескамі вокны, усё больш хаваў твой воблік, рабіў яго яшчэ больш рамантычна-прываблівым. Я не ўключала святла і ўсё пазірала і пазірала на цябе.

Ты ж цадзіў каву і маўчаў. Вочы твае то сустракаліся з маімі, і тады я бачыла ў іх — глыбока-глыбока — дзіўны чырвоны бляск, то апускаліся долу. Твой позірк фізічна ўздзейнічаў на мяне. Сэрцу станавілася прыемна млосна, кружылася галава, па целе прабягалі мілосна-казытлівыя хвалі. Сваім позіркам ты кіраваў мной, я станавілася тваёй рабыняй. Аднак свайго позірку не адводзіла.

Мне хацелася папрасіць: "Ну скажы, скажы ж ты, нарэшце, хоць што-небудзь... Ну скажы: "Я хачу бачыць цябе..."

— Я хачу бачыць цябе, — прамовіў ты так нечакана, што я ажно ўздрыгнула.

Далей мной кіраваў не розум і не сэнс, а эмоцыі, з палону якіх я не магла выбрацца.

Я ледзь не адказала: "Хіба ж ты сляпы?", не адразу зразумеўшы сэнс тваёй просьбы, аднак своечасова спахапілася:

— Але ж поначы ты не ўбачыш мяне...

— Чаму поначы?

Я маўчала.

— Чаму ты лічыш, што поначы? Я хачу бачыць цябе пры святле.

"Пры святле? — унутрана сцялася я. — Гэта ж не без станіка хадзіць, хоць напачатку і гэта для мяне было непамысна, бо бачыла, як многія хлопцы і нават мужчыны кідаюць на маю прыкметна заўважную дзявочую адметнасць гарача-пажадныя ласыя позіркі..."

— Я хачу бачыць цябе, — паўтарыў ты , гледзячы ў вочы, і дадаў: — А ты... не хочаш?

Я не ведала, што адказаць: пачуцці мае дваіліся.

Ты маўчаў.

Мы зноў пазіралі адно аднаму ў вочы.

I тады я сама — сама! — пачала расшпільваць гузікі на кофце. Я не ведала, што гэта так цяжка. Пальцы мае зрабіліся ватныя — тоўстыя і нягнуткія. Пяць гузікаў я расшпільвала здалося, цэлую гадзіну.

Але зняць кофту я так і не рашылася.

За мяне гэта зрабілі... мае грудзі.

Натапыраныя, наструненыя нейкай невядомай раней унутранай поклічнай энергіяй і ажно да болю чуллівыя карычневыя гузічкі самі расхінулі палавінкі кофты, з якой вылузаліся дзве ладныя, яшчэ зялёна-цвёрдыя і нечапаныя грушы.

Маю нясмеласць нясмела пераадолеў ты. Ты асцярожна, лёгка, каб не дакрануцца да майго цела, зняў кофту. Мне хацелася закрыцца рукамі, але ты узяў мае далоні ў свае, пераплёў пальцы і пазіраў у вочы. Я таксама. Быццам гэты позірк прыкрываў мяне альбо хаваў маю няёмкасць. Твой поклічна-загадны ўнутраны бляск вачэй, што бачыўся мне на самым донцы зрэнак, нібыта глыбокая і бліскучая калодзежная вада, вабіў і заварожваў...

Тады ты, не выпускаючы маіх рук, апусціў іх уніз і лёгенька нахіліў мяне да сябе. Я зноў адчула тое магнітнае прыцягненне, а дотык карычневых гузічкаў да тваёй крыху валасатай грудзіны нібыта наэлектрызаваў мяне. I гэты лёгкі дотык, і ледзь чутнае казытанне тваіх валаскоў стварылі з мяне магутны магніт. Маё цела пацягнулася насустрач твайму і...

Твае губы спачатку лёгенька дакрануліся да маіх, пасля тая ж магнітная сіла так зліла нас у пацалунку, што ніхто не мог бы раз'яднаць. Але раптам, нібы спалохаўшыся, мы адхіснуліся, каб праз імгненне зноў злучыцца ў яшчэ больш моцным і салодкім пацалунку.

Мне не хапала паветра. Я баялася задыхнуцца. Нам перашкаджалі насы. Тады ты схіліў галаву, і мае губы апынуліся ў тваіх. Мой язык, які дакранаўся да твайго, дагэтуль не адчуваў нічога падобнага. Іхняе сілавое спаборніцтва ледзь не даводзіла мяне да шаленства.

Я раскашавала ў пачуццях, сама не разумеючы, што са мной адбываецца, што можна, а чаго нельга.

Гэта быў мой першы пацалунак...

Я буду помніць цябе.



Упершыню мая пасцель была ўспоўпрана не мной. Не толькі мной.

Упершыню я рэальна адчула змест маіх шматколерных начных мрояў-сноў.

Упершыню гаюча-ачышчальны струмень тваёй мілоснасці змыў з мяне гарэзліва-маладую непакорлівасць. Адначасна ён змыў і неабачліва неадольную маладую смагу.

Гэтай і гэткай ночы больш не будзе.

Я буду помніць цябе...



Твае пальцы слізгалі па маёй спіне, амаль не датыкаючыся да яе, але я адчувала іхні рух. Мая скура пад імі станавілася шорсткай і нібыта нашпігаванай аголенымі нервамі. Твая страсць праз твае пальцы і мае нервы расцякалася па ўсім целе. Я дранцвела і, здавалася, вылузвалася са сваёй уласнай цялеснай абалонкі. Адначасна я станавілася лёгкай і бязважкай, цела маё ўздымалася над ложкам, над будынкамі, над зямлёй. Я ўзносілася, амаль не разумеючы, дзе ява, а дзе мроі, трызненні.

Ты ж працягваў знішчаць мяне, маё цялеснае ўвасабленне, замаруджана-павольна і далікатна праводзячы рукамі па спіне... па грудзях... на імгненне затрымліваючыся і кружляючы пальцамі вакол усё яшчэ пружыністых карычневых гузічкаў. Ты апускаў рукі на жывот, і тады здавалася, што ён пусцее і выгінаецца і цераз яго можна дакрануцца да пазваночніка.

Як выкшталцоны музыкант, ты віртуозна іграў на аголеных пачуццях майго раскрыжававнага эмацыянальнымі выбухамі цела, то ўзносячы яго да небывалых і нязнана-невядомых эмацыянальна-пачуццёвых вяршыняў, то апускаючы да той насцярожана-несціхальна-незгасальнай мяжы супакаення, калі, здавалася, — усё, не вытрымаю: цела маё пэнкне ад эмацыянальнай перагрузкі

Ты, як распалена-вулканічны пульсатар, то акрыляў, абязважваў мяне, то рабіў маё цела такім важкім, што я баялася, каб гэты цяжар не прычыніў пакут табе.

Ты ж раптам замест гэтых ласкава-бязважкіх і фізічна неадчувальных дотыкаў выштукаваў нешта іншае: ты раптоўна рэзка абняў мяне, моцна сціснуўшы сваімі дужымі рукамі.

Я захлынулася ад гэтых абдымкаў. Здавалася, ад поціску тваіх рук, што абхапілі маё цела, грудная клетка сплюшчылася, а сэрца вырасла, разбухла, яму становіцца цесна ў грудзях, і яно альбо вырвецца на волю, альбо проста лопне ад натугі. Або не вытрымаю я, і цела маё сальецца з тваім, і тады маё сэрца пяройдзе ў твае грудзі і мне стане лягчэй і прасторней. Сваімі вуснамі ты кратаў-казытаў мочку майго вуха, і гэта зноў адбівалася ў маім сэрцы, якое трымцела і млела ад прыемнага пачуцця. Зараз яно нагадвала шчодрую крыніцу: чым больш мілоснасці я аддавала табе, тым больш яе заставалася.

Я захлынулася другі раз, калі твае рукі апусціліся па спіне і сціснулі мае дзве палавінкі так, што яны здаліся маленькімі мячыкамі. Нашыя целы зліліся ў адно. Два сэрцы біліся як адно, і толькі рэха гэтага стуку гучна разносілася па нашых разгарачаных целах.

Я захлынулася трэці раз, калі нешта цёплае струменіста стрэліла і апаліла маё нутро.

Я зайшлася ад невядомага мне адчування і страціла арыентацыю ў часе і прасторы. Я гладзіла тваё цела, цераз пальцы перадаючы сваю энергію і табе. Я губляла саму сябе. Быў толькі ты. Твае рукі. Твае губы. Тваё дыханне каля майго вуха. Тваё цела — пружыністае, дужае, гнуткае, гарачае, пахнучае. Пахнучае тым асаблівым пахам, якога я ні дагэтуль, ні пасля не адчувала.

Арыентацыю ў часе страцілі мы абое.

Мы кахаліся. Шчыра, шчодра, захоплена, самаадана, як, напэўна, заўсёды бывае ўпершыню. Пасля моўчкі ляжалі на ложку: то шырока раскінуўшы рукі — адпачывалі, то, абняўшыся, паззіралі ў вочы, чытаючы там тое патаемнае, пра што маўчалі нашы панапухалыя вусны, то мілавалі-лашчылі цела адно аднаго. Пасля зноў цалаваліся — то лёгенька, дотыкамі губ, то моцна, усмак, працягла.

За гэты час я спазнала столькі, колькі не зведала ні да гэтага, ні пасля — ні наяве, ні ў сне. Гэта была нейкая ірэальнасць. Гэта быў незямны цуд. Восьмы цуд свету. А чаму, уласна, восьмы? Першы! Бо калі б не было гэтага, першага, дык ці былі б астатнія?

Так мінула ноч.

Мінуў дзень.

Зноў прамільгнула ноч.

I яшчэ адзін дзень неўпрыкмет скаціўся за небакрай. Але мы не ведалі гэтага. Мы не адчувалі ні часу, ні стомы, хоць зусім не спалі.

Наша мілаванне не наталялася.

Мы сілкаваліся каханнем.

У нейкі момант ты ўключыў музыку, паставіў Штрауса.

Мы танцавалі. Мы закахана кружыліся па пакоі, прагна ўдыхаючы насычанае музыкай і каханнем паветра. Ты падымаў мяне на рукі. Я абвівала цябе за шыю і сваімі губамі шукала твае.

Мы п'янелі ад цудоўнай музыкі, якая ўзмацняла і ўзвышала нашы пачуцці. П'янелі ад танца, які будзіў і віраваў кроў. П'янелі ад дотыку нашых цел.

Мы кружыліся... танцавалі... плавалі ў каханні.

Мы танцавалі і кахаліся. Кахаліся і танцавалі...

Пасля зняможана падалі на ложак, здымаючы стомленасць ласкамі і пацалункамі.

Я не верыла, што ўсё гэта можа скончыцца.

Не верыла нават тады, калі ты апрануўся і, як высветлілася, у апошні раз абняў мяне, і мы зліліся ў ненатольным пацалунку. Апошнім.

Я не верыла. Нават тады. Калі ты знік за дзвярыма.

Я не хацела верыць.

Я не хачу верыць...

Я буду помніць цябе.

Я ЧУЮ МУЗЫКУ.. РЭФЛЕКСІЯ ПЕРШЫХ ЗАПРОСІН НА ТАНЕЦ 

Я знаходжуся за межамі рэальнага жыцця. Вакол мяне ватная маўклівая цішыня. Але чаму цішыня гэткая мулкая, чаму ад яе баляць рэбры, трашчыць галава?

Дзіўна знаёмая і даўно не чутая супакойвальная мелодыя пачынае тоненька звінець у гэтым глухім ватным кокане. Грае гармонік. Мелодыя жыве, набірае сілу, становіцца такой дужай, што ад яе лопаецца кокан аглухласці.

I тады да майго слыху даходзіць нейчы голас:

— О, дзякуй Богу, акрыяў. Значыць, будзе жыць.

Другі, жаночы голас дадае:

— Гэта яго Васіль ажывіў. Ён тут не аднаго з таго свету выцягнуў.

— Ага, гэта праўда, — згаджаецца першы голас. — — Толькі Вольку сваю не ўратаваў, сляпая кішка звяла яе.

— Бо гнілая кішка была. Позна прывязлі.

— Праўда, позна. Васіль на радзінах у Адася граў, пакуль паклікалі, пакуль прывёз, позна аказалася.

— А цяпер во нібыта спавядаецца, ці віну сваю скупляе: штодня прыходзіць пад вокны бальніцы, садзіцца на прызбе і грае на гармоніку.

— Та-ак, гэта праўда, — згаджаецца мужчына. — Сумуе Васіль без Волькі. А нам без яго было б самотна. Бач, во і гэтага выбавіў з небыцця. Цяпер то ўжо будзе жыць...

"Вядомая рэч, буду. А чаму ў гэтым сумняваюцца?"

Я намагаюся расплюшчыць вочы. Але чаму так моцна склеены павекі? Чаму перад вачыма стіць белы туман? Я ніяк не магу разабрацца, дзе я.

Мы з жонкай і сябрам на ягоным "Мерседэсе" ехалі на майскае спатканне аднакласнікаў, якое традыцыйна ладзім у першую нядзелю мая ў Школьным лесе.

Але чаму замест лесу гэтыя адразу відаць не гарадскія сцены і столь? Чаму пахне не жыццядайнай цнатлівай незабруджанай яшчэ зеленню вясновых бяроз, а мёртвым бальнічным настоем? Чаму ногі мае запакаваны ў нейкія вялізныя белыя валёнкі і нерухома задраны ўгару?

Чым больш падобных "чаму" я задаю сам сабе, тым больш жорстка ўнутраная засцярога гасіць гэтае непасільнае для мяне намаганне і тады туманіцца мая свядомасць, блытаюцца думкі і я правальваюся ў пустэльную глыбіню глухога прадоння, на нябачным дне якога ярка ззяе звабнае святло. Калі ж пакрысе даходжу да сябе зноў, калі згасае прадонны бляск, тады зноў пачынае гучаць музыка. Цёплая мелодыя то гайдае мяне, закалыхвае, то бадзёрыць і абуджае свядамасць.

Я трымаюся за яе, лаўлю, не хачу згубіць, бо з ёй я жывы...


ххх
Па-заліхвацку, як не захлынаючыся, рэжа гармонік. У такт яму грыміць талеркай і бухае напятай скурай барабан. Тоненька, але выразна, заходзіцца скрыпка. Разгарачаныя музыкай пары дыхтоўна адбіваюць польку. Кола ўлева, кола ўправа... У стракатым мільгаценні зліваюцца ў адну паласу ўсмешлівыя твары, шырокім веерам напінаюцца святочныя спадніцы і сукенкі дзяўчат, чорным глянцам адсвечваюць трохі запыленыя хромавыя боты хлопцаў...

У нашай хаце хутарская моладзь спраўляе чарговае, на гэты раз паслявелікоднае ігрышча. Танцуюць заўзята, шчыра, як згаладаўшыся, ажно мігціць дрыготкае святло газавай лямпы-дзесяткі ды курыцца зямля, бо дашчатай падлогі ў нас няма. А каб надакучлівы пыл, што сцелецца понізу, не падымаўся ўгару і не сляпіў вочы, не наліпаў на спацелыя твары, не брудзіў мокрыя, хоць выкручвай, сарочкі, мы, малеча, шчодра паліваем земляны ток кубкам загадзя назапашанай вады. Бывае, цэлім каму-небудзь на калені — нібыта незнарок, але за гэта атрымліваем добры пачастунак ад "падмочаных".

Вы ведаеце, як барсук дзяцей гладзіць? Не? О, тады вы нічога не ведаеце пра салодкія слёзы дзіцячай забавы-праказы. Пакрыўджаны браў нас пад паху і са смехам, пад гуллівае адабрэнне танцораў праводзіў пальцамі па спецыяльна да вялікадня авечымі нажніцамі пастрыжанай галаве з невялікім чубчыкам супраць росту валасоў. Задавальненне такое, што з вачэй сыплюцца іскры і самі сабой коцяцца слёзы.

Альбо з нечай падказкі кавалер "падмочанай" даваў нам чарачку — пальцамі так падцінаў угару нос, што ён яшчэ доўга не мог апусціцца ўніз, а барсукова пагладжванне здавалася бяскрыўдным жартам.

Быў і трэці спосаб дарослай адплаты. Дзяцюк лавіў крыўдзіцеля і пытаўся: "Хочаш, пакажу як Васіль на гармоніку грае?" I тут ўжо хочаш ці не хочаш, але нідзе дзенешся. Хлопец так казытаў нас пад абедзьвюма пахамі, што ажно рэбры ляскаталі, а мы заходзіліся ад нежаданага але непераадольнага смеху. Вырываючыся і падаючы на зямлю, смяяліся да слёз і да знямогі.

Але ніхто не адмаўляўся ад далейшай спробы асвяжыць каму-небудзь калені, а то і што-кольвечы вышэй, тым больш, што дарослыя не толькі не спынялі нас, а наадварот, сваімі жартамі і смехам падахвочвалі.

Так павялося на нашых танцах А хто крыўдзіцца, няхай не ходзіць, няхай дома сядзіць, на печы...

Я да апантанасці, да самазабыцця люблю музыку, люблю танцы. Люблю гармонік, гармонік у спарцы са скрыпкай. Ніводнае хутарское ігрышча, ніводная вечарынка не абходзіцца без таго, каб я не выканючыў у бацькоў дазвол разам са старэйшымі хлопцамі трапіць туды. Як і многія мае аднагодкі я ледзь не маліўся на нашу хутарскую знакамітасць — дзядзьку Васіля. Хоць дзядзька ён толькі для нас, бо на самай справе яму няма і трыццаці. Яго ведаюць і паважаюць усе навакольныя вёскі.

Васіль не толькі віртуозна іграе на прывезеным бацькам трафейным акардэоне, які па звычцы ўсе завуць гармонікам, але можа сесці і за барабан, можа і на скрыпцы душу зачараваць. А яшчэ ён выдатна спявае — ад бацькі пераняў жаласлівыя салдацка-інвалідныя песні і часам ажно да слёз даводзіў удзячна-ўважную кампанію слухачоў. Мог Васіль і трапяткія частушкі ўрэзаць. Бадай што лепш за ўсіх ён і танцаваў — шырока, вольна водзячы па крузе нашу хутарскую прыгажуню Вольку і моцна, у такт музыцы, грукаючы па земляной падлозе абцасамі хромавых ботаў.

Многія дзяўчаты ледзь не згаралі ад нецярпліваеці, так хацелася ім станцаваць менавіта з Васілём. Але ўдавалася гэта рэдка, бо не было каму ўзяць на падмену гармонік. Калі ж такое шчасце надаралася, тады — трымайся: ператанцуе амаль з кожнай.

На гармоніку Васіль таксама іграе дзёрзка-выкшталцона — то прыкладзе вуха да яго жывога рабрыстага цела і ўслухоўваецца ў тую ўнутрана-натхняльную мелодыю, якая так імпэтна водзіць пальцы па белых і чорных гузічках, а то тэмпераментна патрасае галавой, прытупвае нагой і так шырока расцягвае гармонік, што, здаецца, яго дзве палавінкі ніколі не сыдуцца, а рабрысты мех лопне папалам.

Ігрышчы найчасцей ладзілі ў нашай хаце — прасторная, без перагародак, і амаль у цэнтры хутара. Для нас з братам было гэта сапраўднае свята. Мы дапамагалі старэйшым пратаць хату: выносілі рэчы на кухню, у каморку, складвалі на печ.

Старэйшыя хлопцы загадзя прывозілі барабан. Пакуль збіраліся танцоры, пакуль прыходзіў Васіль, мы ажно мазалі націралі, з усёй моцы бухаючы талеркамі і качалкай па барабаннай скуры. Як толькі дух з яго не даставалі.

Калі пачыналіся танцы, мы зацікаўлена назіралі за скокамі, спрачаліся ў ацэнках, хто як танцуе: хто фацка спраўляецца з полькай, а ў каго і факстрот не атрымліваецца. Радасна перажывалі за мйстроў у вальсе, за хватаў у кракавяку ці падыспані.

Але не менш ахвотна цікавалі мы і за дарослымі прыцісканнямі-пацалункамі. Колькі тут было загадкавай таемнасці, вабнай далучанасці да дарослых сакрэтаў!

Вось Мішка Волесеў у чалесніках на кухні вывучае будову цела Гэлькі, а тая не даецца, адпіхваецца, ажно качэргі з вілкамі бразгаюць. Яму ж здаецца, што ніхто іх не бачыць, таму і дае волю рукам. Ды раптам сапхнутая качаргой на іх звальваецца сальніца. Соль з часнаком, каляндрай, кменам і іншымі зёлкамі, якой прыпраўлялі велікодную свежыну, сыплецца за каўнер, у кішэні фрэнча, набіваецца ў валасы. I калі яны, трохі атросшыся, спатольваюць маладую смагу ў віхурнай польцы, у хаце стаіць такі моцны пах, што ўсе толькі насамі круцяць ды дзівяцца, адкуль гэта свежыной так апетытна патыхае. А зразумеўшы, што да чаго, гучным рогатам выганяюць Мішку з Гэлькай на двор, праветрыцца і заадно астудзіць сваю пажаднасць. А тым мо і лепей, бо на двары няма лямпы і месяц не зазірае ў твар.

Пасля гэтага на нашых хутарах яшчэ доўга, аж да ссялення ў вёску, жартавалі з любой нагоды: "Не ціскай, а то будзе свежына, як у Мішкі з Гэлькай..."

Ля Васіля заўсёды пасвіўся гурт малечы, якую ён то жартаўліва праганяў, то ласкава запрашаў у круг — — калі дарослыя давалі адпачынак нагам і на надворку ахалоджвалі распараныя целы. Мы дружна і бязладна гоцалі па хаце, падскокваючы і махаючы ва ўсе бакі рукамі. Васіль жа строга папярэджваў:

— Так, хлопцы, каб да лета навучыліся танцаваць самі і дзяўчат навучылі, а то ў бярозавы круг не пушчу...

У летнія танцавальныя кругі нас і праўда не пускалі, і мы дратавалі траву за бярозкамі, якімі абсаджвалі вялізнае кола для танцаў. Аднак нам вельмі жадалася — прыкмета даросласці быць у крузе, таму многія прыставалі да мацярок: "Ма-а-а, навучы танцаваць..."

Прасіў і я. Але маці заўсёды адказвала:

— Ат, не дуры ты мне галавы. Я і сама не здатная на твае танцы-шманцы...

Аднак я не адставаў, канючыў:

— Ма-ма, ну ма-а-ма...

— Што, мама? Вазьмі табарэтку і вучыся. Альбо да Жэні схадзі...

Я крыўдзіўся і адступаўся — да чарговага разу.

Калі надаралася быць у хаце цёткі Ніны, дзе жыла і яе трохі стараватая, але незамужняя сястра Жэня, якая добра ладзіла з дзецьмі, я часам прасіў яе:

— Жэня, а Жэня, навучы танцаваць, — яна не кыўдзілася, калі да яе звярталіся на ты.

— А што, маці не хоча?

— Не-а. Яна кажа, каб да цябе ішоў, або з табарэткай танцаваў...

Жэня смяялася і пытала:

— Ну, і як табарэтка?

— Ніяк, — крыўдзіўся я. — Я ж не танцаваў з табарэткай.

— Ну і дарэмна. Глядзі, як добра.

Жэня брала ў выцягнутыя рукі табурэтку, сама сабе выцінала і кружылася па хаце.

Бяры і ты, — запрашала яна.

— Не-а, я не хачу з табарэткай, я з табой хачу.

— 3 табой, з табой, — перадражнівала Жэня. — Ну давай са мной. Толькіўмова — не таптацца па нагах.

Я згаджаўся, і мы браліся за рукі: сваю левую я клаў у далонь яе правай, а правай стараўся абхапіць за спіну, але мая рука даставала толькі да Жэнінага клуба. Жэня пад язык то кружыла мяне па хаце, то паказвала, як трэба крыжавацца сярод пар.

Я стараўся так, што ажно пот выступаў пад носам, але цела маё не надта слухалася, і я добра такі ўзбіваўся Жэні на ногі. Тады яна сварылася і кідала мяне недавучанага.

Падахвочаны, я вяртаўся дахаты, браў у рукі табурэтку і спрабаваў кружыцца з ёй. Аднак рукі хутка стамляліся, табурэтка станавілася ўсё цяжэйшай і я кідаў гэткую навуку.

Але на ўсё свой час. Перад Новым годам на школьны вечар дазволілі прыйсці і нашаму шостаму класу. Я быў абнадзеены: во дзе пакажу сябе — усё-ткі прайшоў табурэткава-Жэніну школу. Але калі ў спартыўнай зале, дзе сабраліся старшакласнікі нашай васьмігодкі, запусцілі радыёлу і закружыліся першыя пары, я здрадліва-спалохана зніякавеў: мае навыкі і здольнасці былі нічога не вартыя.

Як і многія, я туліўся ля сцяны, зайздросна пазіраючы на танцы іншых. Часцей за ўсё танцавалі дзяўчаты з дзяўчатамі, а хлопцы ажыўлена-мітуслівымі чаўнакамі — па двое, загадзя згаварыўшыся і выбраўшы партнёршу, заглыбляліся ў дзявочы карагод і адчайна пляскалі ў далоні каля аблюбаванай пары, што азначала: мы хочам з вамі танцаваць, разлучайцеся і бярыце нас.

Тут ужо было на што падзівіцца: адны дзявочыя пары не звярталі ўвагі на кавалераў, і тыя вымушаны былі вяртацца да любімай сцяны, другія ўцякалі ад дакучлівых прасіцеляў, якія пускаліся за імі наўздагон, і ўжо танцы нагадвалі бег навыперадкі, трэція браліся з хлопцамі, але часам жаданне не супадала з выбарам, і тады танец станавіўся не ў радасць, чацвёртыя адразу пагаджаліся з пляскамі-запрашэннямі і вольна-прыгожа кружыліся па зале.

Асабліва шумна-мітуслівым быў "белы танец". Як толькі вядучы аб"яўляў: "Белы танец. Запрашаюць дзяўчаты!", пачыналася нешта неверагоднае — самыя нясмелыя хлопцы гуртам кідаліся ў дзверы, каб не папасці пад запрашэнне. Хто не паспеў выскачыць, хаваўся за спіны іншых, альбо проста апускаў вочы долу. Калі ж асабліва настойлівыя дзяўчаты не адступаліся, чуліся самыя неверагодныя адгаворкі: "У мяне нага баліць", "У мяне галава закружылася", "Я стаміўся"...

I чаго толькі хлопцы баяліся?

Я таксама ўвесь час падпіраў сцяну, набіраючыся храбрасці. Хоць, праўда, некалькі разоў разам з Алесем мы разбівалі нашых шасцікласніц, і я з усёй сілы стараўся паказаць сваю навуку. Я заўважыў, што чым больш раскаваным сябе адчуваю, тым лепш атрымліваецца. Гэта мяне ўзбадзёрвала і я ўсё часцей і смялей выходзіў у круг.

Гэтая безаглядная смеласць ледзь не загубіла мяне. Пасля чарговай аб'явы пра "белы танец" пачаўся і чарговы ўцяканец. Я ж, як звычайна, трымаўся за сваю сцяну і не звярнуў увагі, што ў мой бок накіравалася адна з найлепшых танцорак васьмікласніца Гэля. "Вось пашанцуе некаму..." — пазайздросціў я і вачыма пашукаў шчасліўчыка.

— Можна цябе запрасіць? — пачуў я Гэлін голас, але нічога не зразумеў і працягваў круціць галавой.

— Я цябе запрашая, Сцяпан, — прамовіля яна.

— Мяне?! — здзіўлена перапытаў я. — Не-а, я не буду...

— Чаму?

— Я... не ўмею, — аднекваўся я.

— Няпраўда, я бачыла, як ты танцуеш. Пайшлі... — настойвала Гэля.

Мне было боязна і няёмка. Але больш няёмка станавілася ад таго, што ў мой бок сталі пазіраць не толькі вучні, а і настаўнікі.

I я пайшоў. Працягнуў левую далонь, у якую Гэля паклала сваю правую руку, правай абняў яе за сярэдзіну і мы пачалі кружыцца.

Мне здавалася ўся школа пазірае на мяне. Ногі мае былі як спутаныя, блыталіся яшчэ больш. Я баяўся толькі аднаго: каб не наступіць сваімі грувасткімі чаравікамі на Гэліны белыя туфлі.

Пасля галава мая закружылася — і ад танца, і ад такой блізкасці Гэлі, ад дотыку нашых рук. Перад вачыма ўсё замітусілася, паплыло. Я баяўся, што ўпаду і дзеля большай апоры пачаў няўклюдна заграбаць левай нагой, каб як мага хутчэй абкружыць Гэлю. Але гэта яшчэ больш раскірэчвала мяне. Пачуўся крыўдны смех. Я амаль фізічна адчуваў сваю брыдкасць, кроў малаткамі стукала ў скроні.

— Не спяшайся, — шапнула Гэля. — Слухай музыку і мяне.

Яна ненастойліва-цвёрда стрымлівала мой нязграбна-заграбасты танцавальны крок, лёгкім націскам то левай рукі, то правай падказвала, як лепей патрафіць у такт музыцы.

— Добра. Маладзец. Не спяшайся, — падахвочвала яна.

Я пачуўся больш упэўнена, перастаў заграбаць нагой, танец выраўняўся і мы ўпершыню свабодна і нязмушана завальсавалі па зале.

Але тут падпільноўвала новая нечаканасць: я пачаў сутыкацца з іншымі парамі. Гэта збівала з рытму, стрыножвала, у выніку я добра-такі прызямліўся на Гэліну нагу і хацеў ужо выйсці з круга, але Гэля стрымала:

— Нічога. Бывае... Не спяшайся. Пазірай на іншых...

Мы зноў плаўна паплылі па хвалях музыкі, якая асаблівай насалодай і невядомымі раней пачуццямі напаўняла маю істоту. Я трыумфаваў: напэшце я далучаўся да сапраўднага танца! Ды яшчэ з такой партнёркай!

Я нават не пачуў, калі сціхла музыка, але Гэля тактоўна спыніла мяне. У гэты час зала ўзарвалася воплескамі. Я не адразу ўцяміў, што апладзіруюць мне... нам... Гэлі. А хтосьці гучна прамовіў:

— Маладзец, Гэля!

— I Сцяпан таксама, — дадаў нехта.

Я быў адважна-ўсцешаны такой пахвалой. Пасля гэтага танцаваў і з Гэляй, і з іншымі. Шкада толькі, што вечар хутка скончыўся...

Дома я пра ўсё радасна-захоплена расказаў маці.

— Ну, а што я табе казала? — ухвальна-запытальна прамовіла яна. — Бачыш, як згадзілася табарэтка...


ххх
Чарговы пробліск свядомасці вырывае мяне з глухога кокана. Знаёмая мелодыя гучыць недзе побач, зусім блізка. Але я не магу павярнуцца, каб паглядзець на таго, хто грае, бо галава мая таксама запакавана ў гэткі ж вялізны белы валёнак.

Я не так вушамі, як унутраным слыхам лаўлю гэтую мелодыю.

Я трымаюся за яе.

Яна не адпускае з цела маю душу...

РАССТАЙНЫ ПАХ АСОТУ РЭФЛЕКСІЯ ПЕРШАЙ ЗАКАХАНАСЦІ 

Мяне канчаткова дабіла не тое, што жонка злосна кідала ў твар абразлівыя словы, не яе капрызы — чаго не здараецца на трынаццатым годзе сумеснага жыцця, мяне даканала тое, што ноччу на мае поклічныя захады яна ніяк не рэагавала і здавалася марожанай рыбай: нерухомай і халоднай — такое адбывалася ўпершыню.

Што я мог зрабіць? Ударыць? Гэта не ў маіх правілах. Папрасіць прабачэння? За што? Мне здавалася, я нічым не ўгнявіў сваю благаверную.

Як зазвычай прынёс дамоў палучку і аддаў яе жонцы. Праўда, сказаў, што паўмільёна пакінуў сабе — на мужчынскія патрэбы.

— На якія патрэбы? — з"едліва спыталася жонка.

— Я ж сказаў — на мужчынскія, — спакойна адказаў я. — А табе што, пяці мільёнаў мала?

— Мала не мала, а твае мужчынскія (гэтае слова жонка асабліва падкрэсліла) патрэбы на паўмільёна не цягнуць...

— Не зразуме-еў, — няўцямна прамовіў я.— Ты што, сумняваешся ў маіх мужчынскіх здольнасцях?

— А мо і сумняваюся, — агрызнулася жонка.

Ад нечаканасці я разгубіўся і не ведаў, што адказаць.

— 3 тваімі мужчынскімі патрэбамі — паўмільённымі — толькі да паўкаханкі і хадзіць, — зноў укалола жонка.

— Зноў не зразумеў, — амаль што разгублена прамовіў я.

— Калі не разумееш, то і грахі сееш,— зрыфмавала жонка.

— Чаго ты чэпішся, — прымірэнча прамовіў я. — Я ж не кажу, што ты Галя-краля...

Не паспеў я і ачомацца, як жонка каршуном наляцела на мяне.

— Я то табе не краля, — крычала яна. — А вось тваёй кралі я валасы выдзеру. Будзе ведаць гэтая Валька-дзяшоўка паўмільённая, які ты Сцёпа-недацёпа. Адальюцца ёй слязамі мае горкія дні.

Мяне як токам пранізала: што яна выдумляе? Што чаўпе? Якая Валька-дзяшоўка? Якія горкія дні?

Гэтая нечаканая сутычка моцна разверадзіла душу. Я ніяк не мог супакоіцца. Жончына зацятасць, яе начная марожана-рыбная маўклівасць былі проста нязноснымі. Я ведаў, што злосць да дабра не даводзіць.

Якіх кашалёў з лапцямі ёй наплялі? Яна ж раўніва верыла розным пагалоскам, чуткам і плёткам. 3-за гэтага і здараліся сямейныя сваркі, якія дакучалі ўсё больш і больш. Але пакуль што я цярпліва змоўчваў. I вось такое...

Развесціся? Шкада сына Юрку. Не анёл. Зусім без бацькі разбэсціцца.

Ушчуваць? Зашмат гонару і мала карысці.

Павыхоўваць? Не, не мая гэта звычка. 3 жонкай сварыцца — ўсё роўна, што пляваць супраць ветру.

Тады што?

3 такімі нясмачнымі думкамі-развагамі пракачаўся да раніцы. Жонка ж ляжала моўчкі і ціха.

Рашэнне прыйшло нечакана: з"ехаць. На пэўны час. Няхай пабудзе адна, мо адумаецца, ацэніць. 3"ехаць на дачу. Верагоднасць з"яўлення там жонкі мізэрная, бо не любіла і не ўмела Галя цешыцца з зямлі, хоць сама вырасла ў вёсцы. Гэтае яе няўмельства і лянота напачатку вельмі нервавалі мяне, проста да адчаю даводзілі — перад дачнымі суседзямі сорамна і за зямлю крыўдна: замест таго, каб адорваць трускаўкамі ды агуркамі, нашыя шэсць сотак шчодра рассявалі па суседскіх дзялянках дзьмухаўцы, ці, як называў іх Юрка, абдуванчыкі, ды асот. Пасля трохі абвык, бо суседзі разумелі што да чаго і не надта дакаралі, хоць клопату з-за шчодранасеннага пустазелля мелі шмат.

Мне ж наадварот — вельмі даспадобы былі дачныя клопаты. Але на ўсё, хоць трэсні, проста рук не хапала. Для сябе вырашыў: перш давяду да ладу будынак, а тады ўжо займуся зямлёй, няхай даруе яна мне. Штукаваў і мудрыў не адзін год. Увесь вольны час праводзіў з малатком і пілой. Дамок атрымаўся прыгожы: звонку і ўнутры абабіты жоўтай смалістай шалёўкай, ён ажно свяціўся і выгодна выдзяляўся сярод чырвоных і белых цагляных будынкаў. Адметнасці яму дадавала і высакаватая мясціна, на якой стаяў, і невычурна арыгінальныя фацыяты, і ганарліва-хвастаты певень-флюгер на коміне, і старое, аліфай памазанае, калаўротнае кола на пярэднім — ад дарогі фацыяце.

Гэта толькі частка адметнасцяў, якім зайздросцілі суседзі. Асаблівым маім гонарам была пакручастая драўляная лесвіца з па-майстэрску выразаных балясін, што вілася ад самай зямлі да ўваходнах дзвярэй і вышэй — на балкон, які вянчаў мансарду, альбо, як казаў мой бацька, падстрэшак. У самім будынку такіх мудрагельстваў было яшчэ больш. I ўсё — сваімі рукамі. А каб да гэтага дадаць жончыну руплівасць ды ўвішнасць...

На дачу. Дзеля супакаення душы — на дачу...


ххх
Ад электрычкі ішоў амаль што адзін. Іншыя, відаць, ужо даўно ракуюць на сваіх фазэндах. Гладка адшліфаваная нагамі дачнікаў сцежка сваім бляскам ажно калола ў вочы. Калі выпадаў дождж, яна нагадвала каток — ногі распаўзаліся ў розныя бакі. Таму таптуны-дачннікі ўсё прыхоплівалі і прыхоплівалі жытнёвага поля, падбіваючы пад ногі зялёную збажыну, скурчаныя і растаптаныя сцябліны якой, здавалася, прасілі літасці. Мне не падабаўся такі здзек з хлеба, але што тут паправіш...

Адтапыранай рукой я праводзіў па жытніх каласах, адчуваючы прыемную важкасць іхняга будучага ўраджаю. Часта над зяленівам каласоў густымі зараснікамі ўзвышаўся асот, а ягоныя блакітна-ружавата-бялесыя кветкі-бутоны выглядалі нават прыгожа і вабна. Між гэтай помесі каласоў і асоту брыў я да жаданага аазісу душэўнага супакаення. Час ад часу ноздры казытаў нейкі незнаёмы, нязвыкла тонкі пах.

Дача сустрэла калюча-натапыранымі зараснікамі лебяды і асоту. Тоўсты слой пылу пакрываў адмысловы самаробны стол, крэслы, падваконнікі. Засохлы і падобны на дзяркач букет стаяў у трохлітровым слоіку проста пасярод пакоя.

Першае, што я зрабіў, калі пераапрануўся, выцер пыл, памыў падлогу, прыбраў у пакоі. Калі выходзіў на агарод, нечакана для сябе нарэзаў для новага букета... асоту — хіба што пад настрой. Уставіў у той жа слоік і паставіў пасярод стала.

"А што, зусім няблага і нават ашчадна: ніхто не вынюхае і не сцібрыць, і стаяць будзе доўга", — з"едліва падумалася мне.

Хатнія клопаты трохі супакоілі, ад душы адлягло і ўчарашняя сутычка з жонкай не здавалася такой трагічнай.

"Падумаеш, пасварыліся. Жыццё ж на гэтым не скончылася. Не дзед яшчэ. I не зломак. Сіла ёсць, і не толькі ў руках. Не прападу. Ды і Галя не выганяе, хоць, кажуць, да пары збан воду носіць... Але хто і на што яе падбухторвае?" — самі сабой снаваліся думкі-развагі.

Я моўчкі сядзеў ля стала, пазіраў у акно, за якім чырвонай барвай палаў небасхіл, падпалены заходзячым сонцам.

I зноў нейкі незразумелы пах ўнітаваўся ў мае задуменныя развагі. Я пакруціў галавой, але нічога пахучага не ўбачыў. Тады проста машынальна — па звычцы нахіліўся да трохлітровага слоіка. Тонкі саладжавы пах ішоў... ад асоту. Я схіліўся ніжэй і добра прынюхаўся. Так, пахлі кветкі асоту.

Раптоўна прамільгнула згадка — гэта ж ужо аднойчы было... Было!


ххх
Як звычайна я прыйшоў у клас першы, бо заўсёды браў папраўку на маю далёкую хутарскую дарогу. Праўда, зімой то і дарогі не было: снег высцілаў палі такім глыбокім покрывам, а на ўзлеску і ля кустоў завіруха намятала такія гурбы, што тыя тры-чатыры пары ног, якія штодня мясілі сыпучую снежную кашу са сваіх хутароў на калгасны двор і назад, не маглі з ёй справіцца.

Я ў доўгім — да пят, бо куплялі навырост, паліто, у шапцы-аблавушцы з апушчанымі вушамі, у вялікіх, бо бабіны, валёнках, абшытых кірзавымі халявамі ад ботаў, уваліўся ў клас і ледзь не аслупянеў — на перадмаёй парце сядзела незнаёмая дзяўчына. Яе палітончык, модны і зграбны, вісеў ужо ля печкі, а сама яна з моднага партфеля з бліскучай ручкай даставала і раскладвала на парце школьныя прылады.

— Здравствуй, — прамовіла яна, каб перапыніць няёмкае маўчанне. — Меня зовут Валя, — яе цікаўна-запытальны позірк проста ўпіўся ў мяне.

Неяк адразу мне стала горача, я проста ўпрэў пад сваімі зімовымі апраткамі.

— Здрастуй...ця, — прамовіў я заікаючыся і вялікай вязанай рукавіцай церануў пад носам — не таму, што там нешта вісела, проста на губе шчодра выступіў пот.

Я няўцямна пазіраў на незнаёмку, якая чамусьці так гаспадарліва паводзіла сябе ў маім класе.

— Меня зовут Валя. Я буду учиться в вашем классе. А тебя как зовут? — перапыніла маю аслупянеласць дзяўчынка.

— Сцёпа, — ледзь шавелячы губамі прамовіў я і паправіўся, адкашляўшыся, бо раптам запяршыла ў горле: — Сцяпан...

— Вот и хорошо, Степан, раздевайся, что же ты стоишь как пан? — весела прамовіла Валя.

Я выцерабіўся са сваіх апранах і сеў на парту за Валяй. Пачаў капацца ў партфелі, а сам крадком назіраў за нечаканай госцяй.

Дробны тварык быў прывабны, меў правільныя і прапарцыянальныя формы, носік ганарыста задраны ўгару і трохі прыплюшчаны, губы нібыта расцягнутыя ў заўсёднай усмешцы. Бровы тоненькімі шнурочкамі выгіналіся над глыбокімі блакітнымі вачыма, якія былі схаваны за пышнымі, загнутымі ўгару вейкамі. Шыя доўгая і гнуткая. На галаве ў тры столкі ўкладзена тоўстая льняная каса. Такой не было ні ў адной дзяўчыны нашай васьмігодкі.

Ніхто з вясковых дзяўчат не меў і такіх рук: пальцы тонкія і доўгія (шмат пазней ужо, пад час гарадскога побыту я даведаўся, што такія пальцы называюць музычнымі), рукі нязвыкла белыя і, відаць, далікатныя. Але найбольш здзівілі мяне пазногці: доўгія, паўкруглыя і... памаляваныя. Як такімі рукамі можна капаць бульбу альбо корпацца ў агародзе, я не мог даўмецца: ногці ж паломяцца, ды і гразі пад іх наб"ецца гэтулькі, што яе ніякімі запалкамі не выкалупаеш.

Форма на Валі, праўда, была школьная, аднак больш элегантнага фасону, а фартух з нейкага невядомага матэрыялу, што яшчэ больш дадавала ёй вабнасці. Нягледзячы на мароз, Валя была ў тоненькіх панчохах — такіх у вёсцы нават дарослыя дзяўчаты не мелі. Гэта сталася пазней сапраўднай зайздрасцю нашых аднакласніц, а панчохі тыя, як яны высветлілі, называліся капронавымі.

У клас пачалі адзін за адным заходзіць аднакласнікі. Рэакцыя большасці з іх нагадвала маю. Валя толькі паспявала вітацца з усімі і нічога больш не расказвала. Я ганарыўся, што хоць на два словы, але меў больш інфармацыі і быў, можна сказаць, ужо знаёмы з Валяй.

Калі празвінеў званок, разам з хімічкай зайшла класная і паведаміла, што новенькую завуць Валяй, што бацькі яе — вучоныя-аграрыі і прыехалі ў вёску з горада, каб на практыцы даказаць выгоднасць новай тэхналогіі вырошчвання цукровых буракоў.

— Прашу шанаваць-паважаць нашую Валю, — прамовіла класная, — і дапамагчы ёй асвоіцца ў нас.

Ахвотнікаў дапамагчы асвоіцца было як маку. Асабліва стараліся хлопцы. Яны кінуліся навыперадкі, прапануючы свае паслугі ў авалоданні сакрэтамі вясковага жыця. Валя ж прымала ўсіх аднолькава, нікому не аддаючы перавагі і нікога асабліва не набліжаючы да сябе.

Сярод хлопцаў усчалося сапраўднае спаборніцтва, хто акажацца для Валі больш прыязным і прывабным.

У час перапынкаў і пасля ўрокаў толькі і размоў было на гэты конт:

"А я за руку з Валяй павітаўся..."

"А я падміргнуў ёй і яна не адвяла позірку..."

"А я нёс яе партфель..."

"А я запіску напісаў..."

3 запіскамі пачалося неверагоднае шаленства. Не было таго ўрока, каб папяровыя пасланні цэлымі касякамі не гулялі па класе. Калі раней іх пісалі хлопцы дзяўчатам і наадварот, дык зараз амаль увесь гэты паток скіраваўся на Валіну парту. Не раз ужо і настаўнікі папярэджвалі, каб не зрывалі ўрокаў і спынілі перапіску, іншыя ж жартавалі, што дзякуючы запіскам вучні хутчэй авлодаюць рускай мовай, а Валя беларускай. Некаторыя ж адкрыта кпілі: "Не закідвайце Валю макулатурай, у нас няма дзе яе здаваць..."

Неўзабаве сярод хлопцаў ледзь не разгарэліся сваркі, бо некаторыя ў імкненні заваяваць сімпатыю пачалі нагаворваць Валі адзін на аднаго.

Спачатку і я ўдзельнічаў у гэтым закаханым вэрхале, але, разумеючы марнасць сваіх намаганняў, прымусіў стрымаць эмоцыі і асабліва не высільваўся: без крылаў не паляціш, як кажа мая маці. Праўдзівей, я стараўся не паказваць, што Валя мне падабаецца. Хоць на самай справе сэрца маё млела, калі пад час адказу ля дошкі нашыя позіркі сустракаліся і Валя не адводзіла вачэй. Мае думкі і памкненні былі скіраваны на тое, як заваяваць прязнасць Валі, як падлашчыцца да яе, каб яна выдзеліла мяне сярод іншых. Я стаў атрымліваць адны "пяцёркі" па рускай мове і літаратуры, за што настаўніца хваліла мяне перад усім класам. Аднак гэтая пахвала нічога не змяніла. Перад напорыстасцю больш увішных я, вядома, пасаваў.

Часта сябры нават папікалі мяне: "Ну што ты як анёлак нявінны, ціхмяны, як вада ў лужыне", на што я аджартоўваўся: "Нічога, будзе і на маёй вуліцы свята", хоць, калі быць шчырым, слаба верыў у яго прыход.

Валя ж на здзіўленне ўсіх, нават дзяўчат, чамусьці ўсё больш аддавала перавагу далёка не самаму зграбнаму і прывабнаму, затое самаму нахабнаму і юрліваму — Пецьку-Забіяку, пра якога казалі, што ён на хаду падноскі адарве. Яго і сапраўды баяліся — ён не толькі курыў, прыкладваўся да бутэлькі, але мог паслаць любога далёка-далёка, на што ў большасці хлопцаў нават язык не паварочваўся.

Пецьку ўсё часцей пасля ўрокаў бачылі разам з Валяй. На школьных вечарах ён ахвотна з ёй танцаваў. Часам нам расказваў такое, у што цяжка было нават паверыць. Але калі мы бачылі, як Валя пазірае на бездапаможнага ля дошкі Пецьку, як у клубе пад час паказаў кіно ён сядзіць побач, нават прытуліўшыся да яе, сумненні нашыя гублялі грунт, хоць цалкам даваць веры байкам Забіякі нам не хацелася.

Аднак сэрцу не загадаеш, і я не губляў надзеі: на ўсё свой час. Тайком нават вершы пачаў пісаць. Але адсылаць іх Валі не адважваўся, баяўся, што не зразумее ўсіх нюансаў маіх пачуццяў, выказаных па-беларуску.

I вось аднойчы, не ўсведамляючы, што падштурхнула мяне, я паслаў запіску: "Я вас люблю, чего же боле..." і падпісаўся: "А С Пушкин", асабліва тлуста вымаляваўшы літару С, каб Валя здагадалася, хто гэта — Пушкін.

Але запіску маю з чарнільным сэрцам, прабітым стралой, перахапіў Забіяка. Што пасля гэтага сталася з класам, цяжка сабе ўявіць. Нават самыя гультаяватыя не ленаваліся насміхацца і надаражацца з новаспечанага аса Пушкіна. Асам яны празвалі мяне за маю неверагодную смеласць.

А тут нейкі зласлівец пачаў трэніраваць свой пісьменніцкі еверб, на вясковых платах, на сценах клуба шматкроць выводзячы крэйдай адвечна вядомае і ўнутрана ўсцешнае мне: "Сцёпа + Валя = любоў". Знешне я абураўся, сціраў надпісы, але ўнутры цеплілася надзея: мо хоць зараз Валя ацэніць мае пачуцці. Аднак неўзабаве нейкі іншы разумнік перайначыў надпісы: "Валя + Сцёпа = недацёпа", "Сцёпа-ас, не ганьбуй клас."

Я быў у адчаі. I чаму ў кніжках пішуць, што першае пачуццё заўсёды светлае і радаснае? Яно ж такое пакутнае і згрызотнае...

Я не мог даўмецца, як дастойна адпомсціць невядомаму зламысніку, як пазбавіцца ад гэткага сораму. Добра, што да нашага хутара не дапялі гэтыя пісары, а то...

Што азначала "а то", я не ведаў.

Ды раптам мяне агарошыў бацька: аднойчы вечарам, будучы на падпітку, ён на ўсю хату спытаў:

— А што, Сцяпан, мо зашлём сватоў да гэтых вучоных? Дзеўка, відаць, добрая...

Я не паверыў сваім вушам, ад сораму ледзь не зайшоўся, разгублена плюскаючы вачыма, пасля бразнуў дзвярыма і куляй вылецеў з хаты.

У школу назаўтра ішоў як на шыбеніцу.

"Усё, больш не буду трываць... Сёння... сёння..."

А што "сёння", прыдумаць не мог.

Мінуў адзін урок, другі...

"Зараз, зараз я нешта зраблю..."

Але ніхто ўперад не знае, што яго заўтра чакае. На ўроку хіміі я атрымаў запіску: "Сцяпан, калі не вялікі пан, запрсі мяне сёння ў кіно. В..."

Здаецца, сонца ўсім сваім запасам святла і цяпла абрынулася на школу, на наш сёмы клас, на мяне. Я не верыў свайму шчасцю, не адчуваў пад сабой зямлі.

У кіно мы ішлі падкрэслена разам. Мне здавалася, што не толькі аднакласнікі, а і ўся вёска з зайздрасцю пазірае на нас з Валяй.

Разам селі мы і на лаўцы. Калі пачаўся фільм, я падсунуўся бліжэй да Валі. Яна не адсунулася. Нашы плечукі дакрануліся. Здавалася, цяпло яе цела сагравала маю душу, нараджала нейкае невядомае дагэтуль адчуванне. I я асмеліўся на нечуванае: ціхенька працягнуў руку і дакрануўся да Валіных пальцаў. Яна не прыняла рукі. Тады я ўвабраў усю яе далікатную ручку ў сваю разлапістую пяцярню, якую апусціў на Валіны калені. Валя маўчала. Я ж ледзь не згараў ад паўнаты пачуццяў, ад нязвыкласці сітуацыі, ад гэтага даўно чаканага моманту.

Нарэшце, нарэшце слодыч маіх таемных спадзяванняў сталася явай! Наступіла шчасце і на маёй вуліцы.

Кіно я амаль не глядзеў. Я не разумеў, чаго смяюцца гледачы, што вытварае на экране Максім Перапяліца. Мой пачуццёва-эмацыянальны стан быў незвычайна абвостраны, усёй сваёй істотай я лавіў рэакцыю Валі, а сам ледзь не трымцеў. Яна ж, здавалася, была засяроджана на кінадзеянні. Аднак сваю руку з маёй не вызваляла. Больш за тое, нават другую паклала зверху на маю, што яшчэ больш успеніла кроў.

Фільм, здалося, праляцеў імгненна.

"Няўжо гэткім жа кароткім акажацца і маё шчасце?"

Міжволі згадаліся словы маці, якія яна часта паўтарала: "Шчасце як шкло: лёгка разбіваецца."

Калі вярталіся з кіно, Валя раптам сказала:

— Слухай, Сцёпка, я ж дагэтуль не была на хутары.

Сэрца маё ажно заскакала ў грудзях ад гэтага ласкава-пяшчотнага: "Сцёпка..."

— Я пакажу табе нашыя хутары, — горача прапанаваў я.

— Добра, — згадзілася Валя.

Але гэтае "добра" добра такі зацягнулася.

Быў канец школьнага года, былі клопаты з ацэнкамі.

Было і яшчэ адно незвычайнае здарэнне, якое выбіла мяне з маёй неспадзявана шчаслівай каляіны.

Неўзабаве пасля памятнага паходу ў кіно на адным з перапынкаў, калі хлопцы зноў завялі гаворку пра Валю, Пецька-Забіяка, з"едліва пасміхаючыся, гучна прамовіў:

— Знайшлі пра што казаць: Валя, Валя... Валька-дзяшоўка вашая Валя...

Я ледзь не задыхнуўся ад такой абразы. Сам не ведаю, як гэта атрымалася, але я падскочыў да Пецькі і заехаў яму па твары.

Узамен атрымаў значна большую порцыю кухталёў. Нас развялі хлопцы, а то невядома, чым бы ўсё скончылася. 3 расквашаным носам я моўчкі сядзеў у класе, а на патрабаванне класнай разабрацца ў здарэнні і пакараць вінаватых, я папрасіў не рабіць гэтага, бо разумеў, што давядзецца зноў згадваць Валю і зноў усплывуць нашы адносіны. А я не хацеў брудзіць свае пачуцці. Ад дрэннага слова мне было б больш балюча, чым ад паганых рук.

Валя пасля гэтага павяла сябе дзіўна. Сустрэч і размоў са мной пазбягала. 3 Пецькам жа зноў сустракалася і размаўляла так, нібыта нічога не адбылося.

Тым часам нейкі незычлівец разнастаіў наплотныя надпісы новым: "Валька-дзяшоўка + Сцёпа-ас = пас." Я з усёй стараннасцю і скрытнасцю сціраў і сціраў іх.

Ад усяго гэтага мне было непамысна і балюча. Нават маці заўважыла маю перамену і пыталася, ці не захварэў я. Бацька ж маўчаў і толькі цішком паглядваў на мяне.

I вось аднойчы летам, калі па нейкіх справах я быў у вёсцы, сустрэў на вуліцы Валю.

— Ну, як там твой хутар? — спыталася яна.

— Хочаш, пакажу?

— Хачу.

— Пайшлі?

— Пайшлі...

Калі выйшлі з вёскі і скіраваліся на жытнёвую дарогу, я асмеліўся ўзяць Валю за руку. Мы так і ішлі — моўчкі, плячо да пляча, адно поруч з другім.

Вусатыя каласы часам казыталі нашыя твары. Я зноў быў на сёмым небе.

Надыходзіў надвячорак. Сонца хілілася за далёкі лес. Марыва нагрэтага паветра калыхала-хістала запалавелае ўжо мора збажыны.

"I чаму ў майго пачуцця гэткія нясмелыя і няўмелыя рухі і рукі?" — горка думалася мне.

Я ліхаманкава перабіраў, што яшчэ зрабіць для выяўлення сваіх пачуццяў.

Абняць Валю?

А калі яна адхінецца?

Пацалаваць?

Ад адной думкі пра гэта я ажно сцепануўся — нават Валя дзіўна зірнула на мяне.

"Я ж нават маці рэдка калі цалаваў першы..."

Узбоч дарогі сінелі сваімі буйнымі кветкамі валошкі. Месцамі над каласамі ўзвышаліся зараснікі асоту. Яны чамусьці асабліва зацікавілі Валю.

Глядзі, якая блакітнавата-ружовая прыгажосць, — захоплена прамовіла яна, паказваючы на густ — а ўсеяную кветкамі асотную пляму.

— Што тут цікавага — асот? Знайшла чым захапляцца. Іншая рэч — валошкі, — трохі грубавата адказаў я.

— Какой ты грубый, — пакрыўджана перайшла на рускую мову Валя. — Ты, может, не знаешь, что эти цветы еще и пахнут?

Я міжволі, насуперак свайму жаданню, засмяяўся:

— Асот пахне?! Ну ты і выдумала...

— Ничего я не выдумала. Это ты на своём хуторе ничего не знаешь...

Я ледзь не задыхнуўся: я не ведаю?! Але, каб не абвастраць сітуацыю, прымірэнча прамовіў:

— Ва-а-аля. Ну што ты...

— Што-што? Зараз праверым.

Яна падышла да асотавага зарасніку і сваімі чырвонапазногцевымі пальчыкамі сашчыкнула суквецце, падала мне:

— На, панюхай.

Я асцярожна-недаверліва нахіліўся да кветак асоту, пацягнуў носам раз, другі.

— Пра-а-аўда, — здзівіўся я, адчуўшы тонкі, ледзь улоўны саладжавы пах.

— Праўда-праўда, — перадражніла Валя. — Эх ты, хутарскі недацёпа... А яшчэ казаў... Прошдй, — яна крута павярнулася і шпарка пайшла назад.

— Валя, — спачатку ціха прамовіў я, пасля ледзь не крыкнуў: — Валя!

Яна не азірнулася. Не сцішыла хады. Толькі развітальна памахала рукой.

Я намерыўся кінуцца за ёй, але нешта стрымала мяне: навошта...

Навошта?


ххх
Восенню Валя ў нашым восьмым класе не з"явілася: дослед у бацькоў не ўдаўся — лета выдалася сухое, і яны вярнуліся ў горад. 3 імі з"ехала і Валя, так раптоўна-премна распаліўшы і гэтак жа нечакана-пакутліва астудзіўшы маё першае трапяткое і доўгапамятнае пачуццё...

А мо гэта было каханне?

Да гэтага слова я адносіўся так ашчадна і цнатліва, што ніколі ў жыцці не прамаўляў яго абы дзеля чаго...


ххх
Дзень за дачным акном дагарэў. Сцямнела. А я ўсё сядзеў ля стала, на якім у трохлітровым слоіку стаяў калючы букет. Асотныя кветкі, здалося, яшчэ больш шчодра выпраменьвалі свой саладжавы водар...

"Вось вазьму заўтра — нарэжу асоту і адвязу букет Галі", — падумалася мне, і я міжволі ўсміхнуўся.

ОЙЧА НАШ.. Апавяданне 

Як зазвычай апошнім часам Сцяпан устаў вельмі рана. Не спалася. Нейкая невядомая трывога не адпускала яго. Мала таго, што дрэнна спаў ноччу — варочаўся з боку на бок, нібыта нешта муляла, сніліся нейкія кашмары, дык і раніцай устаў з галаўным болем. Яшчэ нават не пачыналіся звыклыя хатнія клопаты, а галава звінела ўжо, як пусты чыгун.

Сцяпан зірнуў на ходзкі між рамак з фатаграфіямі. Была толькі пятая гадзіна.

Ён накінуў на плечы дзіравы і закарэлы ад даўніны, пашыты яшчэ за польскім часам кажух, і ціхенька, каб не разбудзіць Зосю — хай пасапе яшчэ ў дзве дзіркі, бо і ў яе жыццё такое, што і певень не пазайздросціць, выйшаў на ганак.

Марознае паслякаляднае паветра абпаліла пракуранае нутро, здаецца, залезла ажно ў самыя вантробы. Сцяпан аднак колькі разоў глбока ўздыхнуў, з шумам і прысвістам выдыхаючы яшчэ не сагрэтае ў лёгкіх паветра, паправіў аблавушку, апрануў кажух у рукавы і бяздумна патаптаўся на месцы.

Пільнай работы не было. Даваць скаціне яшчэ рана. Рэзаць сечку не трэба — зрабіў ладны запас.

Курыць таксама не хацелася. Ды і тытуню засталося небагата. Хоць і разбаўляў пахкі мультан цвёрдымі карэньчыкамі, зімовы запас змяншаўся неверагодна хутка.

А запас гэты быў сапраўды стратэгічны. Яшчэ з восені пачаў Сцяпан выменьваць тытунь на харчы. Раней ён проста ахвотна частаваў самасадам не толькі сяброў, а і заезджых гасцей. Рабіў гэта шчыра і шчодра, бо любіў, калі па вёсках казалі:

— Такога тытуню, як у Сцяпана, аж да самай Варшавы не знойдзеш.

Зараз насталі іншыя часы. Тытунь то яшчэ няхай сабе, а з харчамі проста бяда: то партызаны просяць, то немцы патрабуюць, то марадзёры шныпараць. Вось і даводзіцца выменьваць. Праўда, таргі гэтыя былі так сабе — то луста свайго, дамашняй выпечкі, хлеба, то кавалак жоўтага, з'ялчэлага сала, бо хто ж лепшае аддасць?

3 першымі замаразкамі асартымент абмену папоўніўся самагонкай. За паўбутэлек Сцяпан аддаваў цэлую конаўку, зробленую са снараднай гільзы — яшчэ з той вайны, крышанага чыстага тытуню.

Самагонку, як казаў, браў ён для сугрэву касцей. Хоць на самай справе яе прасілі партызаны — і зімна, і для аперацый у шпіталях патрэбна. Ды і немцы, калі ўвальваліся ў хату, не адмаўляліся, а зусім наадварот — патрабавалі прапусціць па стограмоўцы. Выпіваў і сам Сцяпан. Такім чынам ён спадзяваўся пазбыцца той незразумела-нездаровай хандры, што апошнім часам апанавала яго.

Памагала ці не, Сцяпан не вельмі задумваўся. Ва ўсялякім разе сівушны туман змешваўся з той назойлівай трывогай, якая вострай стрэмкай неадчэпна сядзела ў сэрцы, і тады здавалася, што становіцца крыху лягчэй.

Лягчэй было пераносіць звягі Зосі, якая ледзь духі не вымала, незадаволена бубніла, калі бачыла, як Сцяпан выцягвае з пляшкі газетны корак.

Апошнім часам яна і сына падбухторвала:

— Скажы, Віцік, бацьку, каб не глытаў гэтай гары. Бо на мае словы ён і не шманае, а то і розум астатні прап'е, і гаспадарку за самагонку раздасць.

Але сын толькі пазіраў то на маці, то на бацьку і нічога не казаў.

Сцяпана ж гэта нервавала больш за ўсё: мала таго, што сама бубніць, як удод, дык яшчэ і сына настройвае супраць яго. Часам ён не вытрымліваў і, калі не было побач Віціка, казаў Зосі:

— Пабалбачы ты мне яшчэ пры сыне, то я табе выкіну коніка. Вазьму карову і адвяду на базар. Альбо немцам здам. Добрых папярос і шнапсу дадуць...

Зося хоць не вельмі верыла гэтым словам — за восем нязгорш пражытых разам гадоў добра зведала характар Сцяпана: усё, што можна было, цягнуў у хату: каб ёй лепш было, каб не горш, як у іншых, але не выключала такой неспадзяванкі: у п'янага розум дзіцячы.

А тут і сябрукі з'явіліся, каб яны галавой налажылі. Ды каб жа хоць людскія, а то ўсе на адзін капыл і яшчэ горшыя за Сцяпана: лайдакі, латругі, сапраўдныя п'янтосы. У іх і да вайны смагі да гэтай гары не бракавала, ніколі не прасыхалі, і зараз нічога не баяцца. Спойваюць яе Сцяпана, вярхом ездзяць. Яшчэ і Гендала-паліцэйскі ў кампанію ўбіўся. Як нямецкае прыкрыццё — улада, маўляў, шышка, не зачапі. А сам — бэйбус пад неба, а дурны, як пень.

Вось і збіраюцца амаль штодня. То ў карты рэжуцца, то ў даміно ляскаюць. А гэты гіцаль у паліцэйскім мундзіры, ад усякай бочкі заткала, яшчэ і не такое вымудрыў: хто выйграе, той куляе стограмоўку, 3 яго ўвесь свет гарыць, з яго...

Бывае, так накуляюцца, што да вечара свету божага не бачаць. А то сварку ўсчануць, бытта адна кампанія — а гуляюць двое супраць двух — у лапці абувае другую. Калі ж не стае самагону, пачынаюцца пошукі. То Гендала са сваёй стрэльбай па хатах цягаецца, то Сцяпана прымусяць тытунь мяняць, бо гэты бесхрыбетнік не можа рук атрэсці. I знаходзяць, каб яны заліліся.

Зося, баючыся за свайго Сцяпана, не толькі поедам яго ела, а ўжо колькі разоў страшыла, што пажаліцца немцам. Хай бы напалохалі трохі, а то і праўда штрафанулі тых, хто гоніць самагонку. Бо далі патолю, і гоняць не толькі для сябе, развялося больш такіх, што робяць на вымену ды труцяць гэтых безгаловых смактуноў, абуваюць у лапці.

— Насмокчашся некалі, што ногі выпруціш, — не раз казала Зося Сцяпану, калі не магла зносіць яго п'янага швэндання. — Падсыпле хто чаго, будзеш тады ведаць. Будзе — як Тэклі.

А здарылася гэта перад самай вайной.

Тэкліна дачка выйшла замуж за "васточніка", як казалі ў іхняй вёсцы, і разам з ім з'ехала ажно на станцыю Койданава. Тэклю адведвала рэдка, гады ў рады, але тым большай госцяй пачувалася, калі прыязджала разам з мужам. Тэкля тады ледзь не са скуры вылузвалася, каб дагадзіць зяцю і роднай дачцы.

Тым разам Гэлька перадала, што прыедуць на Сёмуху. Тэкля загадзя пачала шыкавацца. Выгнала самагонкі, хоць рабіла гэта вельмі рэдка. Нехта падказаў, што самагонка будзе мацнейшай, калі сыпануць у яе парашку для мыцця бялізны. Тэкля здуру і паверыла. Сыпанула і раз, і другі. Дадала і трэці, каб не было мала.

Калі ж прыехалі дарагія госці, Тэкля так распіналася за сталом, што не толькі зяць кульнуў тры стограмоўкі, але нават дачка прыгубіла. Каб жа ведала яна, што спяшаецца, як на шыбеніцу...

А надвячоркам зяцю стала блага. Тэкля паднесла яшчэ чарачку: мо з'еў чаго нядобрага, хоць, здаецца, нічога такога на стале і не было, дык гарэлка паможа ператравіць. Але зяцю стала яшчэ горай. Паблажэла і дачцэ. Тэкля спалохалася не на жарт, ледзь на сценку не лезла, упрасіла суседа запрэгчы каня і скокнуць у суседнюю вёску па фельчара.

Але пакуль тое ды сёе, пакуль шукалі фельчара, пакуль ехалі, зяцю доктар быў ужо не патрэбны.

Дачку адратавалі.

Аказалася вінаватай самагонка. Вядома ж, не столькі самагонка, як парашок, у яе дабаўлены.

Тэклю забрала міліцыя — як ворага народа, напаўжартам, напаўсур'ёзна казалі суседзі. I невядома, чым бы ўсё гэта скончылася — мо і загрымела б Тэкля ў Сібір: такое апошнім часам часта здаралася ў іхняй вёсцы, ні за што ні пра што гінулі людзі, але пачалася вайна.

Калі немцы занялі іхнюю мясцовасць, Тэкля на другі дзень з'явілася ў сваёй хаце. Яе ніхто ні пра што не распытваў, сама яна таксама нічога не расказвала, як вады ў рот набрала. Аднак вяскоўцы, калі справа тычылася выпіўкі, папярэджвалі: "Глядзі, а то будзе — як Тэклі..."

Згадаўшы ўсё гэта, Сцяпан ажно здрыгануўся. Зноў бяздумна патупаў па ганку, нібыта аббіваючы снег з валёнкаў.

"А мо закурыць? — падумаў і сам сябе перапыніў: — Не, не буду. А то калі заявяцца немцы па калядны падарунак..."

Згадка пра немцаў пацягнула іншы ўспамін — як больш за паўтара года таму яны з'явіліся ў іхніх мясцінах.

Сцяпанава вёска стаіць узбоч шашы, брукаванай каменем з навакольных палёў. Шашу закончылі перад самым прыходам Саветаў. Сцяпан помніць, як бацька стараўся дакладна выканаць шараварку, бо польскія ўлады не любілі тых, хто ўхіляўся ад выхаду на будаўніцтва шашы. Ды і сам Сцяпан не адны порткі парваў на каленях, калі быў падручным у майстроў.

Спякотным чэрвенем сорак першага па шашы і ўзбоч яе грымела і гуло, ляскатала і бразгала не адны суткі. Чырвонае войска, патрапанае, пабітае, спакутаванае і змэнчанае з баямі адыходзіла ад заходняй граніцы. У гэтых зняможаных, запыленых і зарослых салдат не было і прыкмет таго вясёлага і прыўзнятага настрою, з якім чырвонаармейцы крочылі па новавыбрукаванай шашы ў верасні трыццаць дзевятага.

Здаралася, салдаты заходзілі на Сцяпанаў надворак, прасілі вады. Ім давалі малака, усоўвалі ў рукі, бо не хацелі браць, то лусту хлеба, то шматок сала. Калі яны спешна адыходзілі ў няблізкі свет, на падворку доўга яшчэ трымаўся смурод сапрэлых абмотак і прапацела-прасоленых гімнасцёрак. Здавалася, што гэты пах не выветрыцца ніколі, так набрыняла ім паветра.

Мінула некалькі дзён. Нейкі час шаша была насцярожана маўклівай і пустой. Але аднойчы адвячоркам там зноў пачуўся гул і туркатанне, а пасля з'явіліся немцы. На матацыклах.

Яны такама збочылі на Сцяпанаў надворак, саскочылі з матацыклаў. Скінуўшы шэрыя гімнасцёркі з закасанымі рукавамі, падаставалі свой рыштунак і пачалі мыцца.

Такога прыемнага паху ні сам Сцяпан, ні яго аднасямейнікі дагэтуль яшчэ не чулі. Немцы няспешна памыліся, перакусілі і скіравалі па шашы далей. А ладныя яшчэ абмылкі сталі Сцяпанавымі трафеямі. Імі карысталіся толькі ў святы, а іншым разам дазвалялася толькі панюхаць. Гэты нямецкі пах на ўсё жыццё запомніўся Сцяпану як пах заможнасці і моцы.

Нехта нават памоўку ў вёсцы пусціў, як і пра Тэклю: "Заробіш — як Сцяпан у немцаў..."



Зося прачнулася, павярнулася ў ложку і, не знайшоўшы мужа, пачала апранацца.

Пахадзіла па хаце, не запальваючы лямпу, зазірнула на кухню, думала, мо Сцяпан пліту падпаліў, каб ваду нагрэць і бульбу свіням спарыць. Але Сцяпана там не было.

Зося выйшла ў сені і праз прачыненыя дзверы ўбачыла мужа на ганку.

— А во, ці ты здурнеў? Чаго мерзнеш? Ідзі ў хату.

— Не змерзну. Хай мазгі трохі праветрацца, — адказаў Сцяпан. — А колкі ўжо?

— Шостая. Пара пліту распальваць, а то картопля не спарыцца.

— Зараз прыду. Сама ідзі, не мерзні, — пашкадаваў Сцяпан жонку, якая стаяла ў сенях у адной плюшаўцы і валёнках на босую нагу.

Калі Зося пайшла ў хату, Сцяпан узяў у рукі венік, насаджаны на доўгую палку-дзяржальна, хацеў вымесці сцежку да хлява. Снегу сёлета насыпала, як гароху, таму да хлява, да калодзежа і пограба ад ганка былі пракапаны сапраўдныя тунэлі. За ноч насыпалася мяккага пуху — ён белым ручніком прыкрыў вытаптаныя і забруджаныя нагамі сцежкі. Калі яго не падчышчаць, то сцежкі будуць расці ўвышкі і на іх не залезеш.

Але нечакана Сцяпан перадумаў і адставіў венік да сцяны: не хацелася брудзіць такой пульхнай белізны.

Сцяпан пайшоў на кухню, падпаліў пліту і сеў перад адчыненымі дзверцамі на табурэтцы. Пазіраў, як агонь тоненькай стужкай абвівае бярозавае палена, як спачатку ўспыхвае белая кара, а пасля разгараецца і яно само. Адчуваў цяпло, якое выбівалася з дзверцаў, і на душы станавілася спакайней, прыемней і неяк вельмі ж утульна.

"Вось дзе сіла дык сіла! Супраць яе і чалавек не ўстаіць! — падумаў Сцяпан, адсоўваючыся з табурэткай ад пліты, бо стала прыграваць так, што абпальвала рукі і твар. — Як, аказваецца, усё ў жыцці зменліва і палярызавана: толькі што сцінаўся ад марозу, а зараз адсоўвайся ад гарачыні. Ці не гэтак жа і на чалавечым вяку — то ўсё добра і прыстойна, што ажно дзіву даешся, то раптам рухне шчаслівая піраміда, пахавае пад сабой былы дабрабыт, а іншым разам і абязвечыць самога чалавека. Ды і дабрабыт той, калі папраўдзе, адносны".

Калі яшчэ нядаўна ўпіраліся на ўласных дзесяцінах, здавалася, што гэткай цяжкай працы не перанесці і не перажыць, бо не было ні спачыну, ні спакою. Як казаў Сцяпанаў бацька: "Не бачылі ні свят, ні Каляд". А тут яшчэ польскія ўлады не песцілі беларусаў — не дазвалялі сваіх школ, роўных правоў не давалі. Уласны язык і то давялося каверкаць, хоць ты на бабцы яго адбівай, каб пшэкаў лепш. Улады ж дакляравалі адно, а рабілі другое.

3-за гэтай разбэрсанасці і бацька загінуў. Быў шчырым членам КПЗБ, часта пераходзіў мяжу, бываў у Мінску, адкуль прыносіў лістоўкі і розную партыйную літаратуру, а яшчэ — беларускія кніжкі, да якіх вельмі ж ахвочы быў Сцяпан. Ды пад час аднаго з пераходаў польскія стражнікі падстрэлілі бацьку. Лекі не дапамаглі — і яшчэ на адну дарагую магілу пабольшалі вясковыя могілкі.

Потым прыйшлі Саветы, уцяклі асаднікі. Здавалася, вось яна, чаканая палёгка. Аж — не. Калі пайшла пагалоска, што ў Заходняй людзі жылі багацей: мелі і хлеб, і да хлеба, людскі паток, які праз усе перашкоды цадзіўся з-за былой мяжы, вымятаў з вёсак і мястэчак кажухі, сала, яйкі, збожжа, палатно. Не верылася, што гэтага не мелі калгаснікі "мацерыковай" Беларусі.

Калі ж і на далучаных тэрыторыях пачалі гучаць настойлівыя гаворкі пра калгасы, многія не давалі веры, што могуць адабраць крывавымі мазалямі выпеставаную зямлю і з такой цяжкасцю агоранага ўласнага каня. Страх зноў запанаваў у людскіх сэрцах. Як кажуць, калі баішся, дык і ліха не мінеш, і надрыжышся. Але не паспелі з калгасамі — пачалася вайна. Адна бяда аказалася горшай за другую.

Людзі затаіліся, сцішыліся.

Гэтая няпэўнасць і раздвоенасць выліліся ў відавочнае размежаванне — адны пайшлі ў партызаны, другія — у паліцыю. Але найбольш было тых, хто ні да танца, ні да ружанца. Яны вычэквалі, як яно там павернецца. Гэтыя нерашучьія і кармілі як партызан, так і немцаў. Хоць часам у саміх ужо толькі мышы пішчалі ў свірнах. Ды што тут парадзіш...

Вось табе і свабода выбару і выбар свабоды. Выбірай — ці памерці з голаду ад непасільнай працы на сваім полі, ці згінуць бясследна са стрэльбай у руках. I няважна, чыя куля лепшая, чыя прынясе гэтае аслабаненне ад жыццёвага цяжару: партызанская ці нямецкая. Розніца адна: паліцаяў немцы хаваюць на вясковых могілках з крыжом і жалобнай пашанай. А партызаны сваіх — у лесе пад чырвонай зоркай.

Ужо нямала Сцяпанавых аднавяскоўцаў знайшло спачын і на могілках, і ў лесе. А тым, хто заставаўся адзін на адзін са сваімі развагамі і сумненнямі, даліся ў знакі ўгаворшчыкі. Усё часцей наведваліся яны — то з лесу, то з паліцэйскага ўчастка і гарадзілі такі агарод, што хоць ты ў пельку галавой.

Сцяпан пакуль адбаярваўся тым, што некаму ж трэба карміць ваяроў.

Але штораз угаворы станавіліся ўсё больш настойлівымі і патрабавальнымі, часам нават ультыматыўнымі. Асабліва даставалі духі немцы. Не дапамагаў ужо і Гендала-паліцэйскі. Ён казаў, што яму загадана абавязкова апрануць Сцяпана ў паліцэйскую форму.

Сцяпанаў роздум перапыніў тупат на ганку.

Ён выйшаў у сені, калі дзверы ўжо адчыняў Гендала.

— Здароў быў, — падаў ён сваю разлапістую руку, выцягнуўшы яе з рукавіцы.

— Здароў, — прамовіў Сцяпан, паціскаючы ягоную змерзлую руку і адварочваючыся ад перагарнага паху. — Заходзь.

— А Зося не спіць?

— Не.

— Тады не буду. Знайдзі паўбутэлек і прыходзь.

— Але ж няма... паўбутэлька. I бульбу свінні трэба спарыць...

— Зося спарыць. А паўбутэлек знойдзеш, калі захочаш, — апошнія словы Гендала асабліва падкрэсліў.

I ён пайшоў, бразнуўшы руляй аб вушак.

"Ідзі, ідзі, каб ты па зямлі не хадзіў, — злосна падумаў Сцяпан, вяртаючыся да пліты. — Тыідзі, а я не пайду. Сваіх клопатаў не абярэшся, — апраўдваўся ён. — Але калі не пайду я, прыцягнецца ён, — закрадвалася сумненне. — Тады зноў счэпяцца з Зосяй, як было ўжо не раз... Ну і што, хай чэпяцца... Але я цярпець не магу гэтай звягі..."

Сцяпан устаў, паправіў качаргою дровы, прычыніў дзверцы. Зайшоў у спальню. Зося ў плюшаўцы ляжала на ложку.

— Зося, прыгледзь за плітою, — папрасіў жонку.

— А ты куды?

— Гендала прыходзіў.

— Ну і што? Не бачыла я гэтага цягача, я яму нахадзіла б! Выскачыў, як Піліп з канопляў. Цягаецца ўсё, як пустая бочка, гары шукае, — завялася Зося. — Атруты яму, а не самагонкі. Хай бы табе прынёс, а не ты панясеш.

— Няма ў мяне.

— Няма... Знойдзеш... Ведаю тваё "няма". I сам папрэшся, і паўбутэлек панясеш. А мо цэлую пляшку?

— Кажу, няма.

— То і не хадзі.

— Дак ён усё адно прыпрэцца. Тады вы тут счэпіцеся.

— Во-во, хай прывалачэцца. Я яму пакажу паўбутэлек, дзесятаму закажа...

— Я пайшоў, — не стаў слухаць Сцяпан жончыну малітву, бо ведаў, калі завядзецца, то надоўга.

— Пойдзеш... За дурною галавою нагам няма спакою... Ідзі-ідзі, — з'едліва прамовіла Зося. — Даходзішся...

Але Сцяпан не чуў, што бубніла Зося. Ён выйшаў на двор, зазірнуў у хлеў — там сапраўды быў схаваны паўбутэлек, запхнуў яго за пазуху і пакіраваў на вуліцу.

Звычайна збіраліся ў Слупка. Так дражнілі ў вёсцы высокага худога, хоць рэбры лічы, мужчыну, які жыў халасцяком у канцы вуліцы. А празвалі за тое, што хадзіў нязвыкла проста, нібыта выцягнуўшыся — як армейскі капрал, з задранай галавой. Гэтая мянушка моцна прыліпла да чалавека, малодшыя нават не ведалі, што яго завуць Стасем. Слупок і Слупок.

Калі ішоў па заснежанай вуліцы, успомніў раптам, што сёння не казаў яшчэ малітву. Гэта здаралася з ім вельмі рэдка, бо звычайна штораніцы, перад тым, як сесці за стол, Сцяпан станавіўся перад іконай святой Дзевы Марыі на покуце і ціхенька, шчыра шаптаў «Ойча наш...» А сёння вось на табе... I на паснедаў, і не памаліўся...

У Слупка былі ўжо Гендала і Казік. Сядзелі за сталом, на якім стаялі дзве бутэлькі — адна поўная, другая толькі напалову, скаварада з рэшткамі сала, пакрышаная з лушпінай цыбуля і некалькі кавалкаў хлеба.

— Сядай, Сцяпан, — запрасіў Слупок. — Знімай кажух.

— Няхай, — адмовіўся Сцяпан, сядаючы на табурэт. — Цяплей будзе. Хто здае? — спытаўся ён, стараючыся перавесці гаворку: мо Гендала не ўспоініць пра паўбутэлек.

— Ты прыйшоў, ты і здавай, — адказаў Гендала і пільна паглялзеў на Сцяпана.

— Я — дык я, — Сцяпан адвёў вочы.

Гулялі без асаблівага імпэту, як шараварку адбывалі.

Сцяпан быў у пары з Казікам. Яны выйгралі. Гендала наліў стограмоўкі:

— Давайце. Толькі глядзі, Сцяпан, запасу мала, — хітраваў Гендала. — Альбо даставай свой, альбо... — Гендала не дагаварыў, але ўсе ведалі, пра што ён падумаў — не першы раз даймаў Сцяпана ісці ў паліцэйскія: тады, маўляў, і паўбутэлькаў хопіць...

— Не хачу, — адказаў Сцяпан.

— Што не хочаш? — спытаў Гендала.

— Піць не хачу, — удакладніў Сцяпан, быццам не зразумеў падначкі.

— Дзіўна, — хмыкнуў Слупок. — Захварэў ці мо завязаў?

— Дак... у царкву хачу, — адказаў Сцяпан, хоць пра царкву перад гэтым не думаў. — Ага, даўно ў царкве не быў... — ухапіўся ён, як за саломінку.

— Няўжо столькі награшыў? Ці мо Зося мала спавядае? — зноў падкалоў Гендала. — А напітак што трэба, — дадаў ён, — з жыта.

— Усё адно, — адказаў Сцяпан. — А то бацюшка не прыме.

— I Зося, — хіхікнуў Слупок.

— Ну, з Зосяй мы як-небудзь разбяромся самі.

Больш да Сцяпана не чапляліся, моўчкі згадзіліся: ім болей застанецца.

Згулялі разоў дзесяць. Прыкметна шэнціла Сцяпану з Казікам. Але радасці ад гэтага Сцяпан не адчуваў. Нейкая незразумелая і невыказная панурасць вісела ў хаце. Гэтак жа самотна было і на душы.

Раптам на ганку пачуўся бразгат, блямкнула клямка, і ў хату ўвайшла Зося. Злосна на ўсіх паглядзела і напала на Сцяпана:

— Я табе што казала? Ідзі дадому, а то я цябе напаю! Гэта ж дадумаўся: зранку жлукціць гэтую заразу...

— Ды не п'е ён, — заступіўся за Сцяпана Слупок.

— А ты маўчы, гіцаль патлаты, — адбрыла яго.

— Зося.

— Ага... Не п'ю, — паддакнуў Сцяпан. — У царкву вось збіраюся...

— Не п'еш... Толькі нюхаеш... У царкву сабраўся... Чакаюць там цябе, п'янага. Я добра і дома выспавядаю... Марш адсюль... Лахі пад пахі і дадому.

— Зараз прыду...

— Зося, дай спокуй свайму языку, — паспрабаваў уціхамірыць Гендала.— А то набрахала тры бочкі арыштантаў.

— А ты за сваю параду пацалуй сябе ззаду, — абарвала яго Зося. — Сцяпан, зараз жа шуруй дадому, бо будзе і табе, будзе і ім, — прыгразіла яна.

Сцяпан маўчаў.

— Ну пачакай жа, — захліпала Зося, бразнула дзвярыма і выйшла з хаты.

— Хай ідзе, — узрадаваўся Гендала. — Цішэй будзе... Хто здае? — Ён добра ўжо захмялеў, відаць, новая порцыя змяшалася з учарашняй.

Гулялі яшчэ з паўгадзіны. Пасля Сцяпан устаў.

— Пайду я... У царкву, — прамовіў, нібы апраўдваючыся.

— I я з табою, — падхапіўся і пачаў апранацца Слупок.

Выйшлі ўсе разам. Казік пайшоў дамоў. Сцяпан са Слупком у царкву, а куды Гендала — невядома.



Служба ў царкве ўжо ішла. Хор спяваў якраз «Отче наш». Прыхаджане падпявалі. Малітва велічна ўзносілася пад высокія скляпенні мураванай царквы і праз стромкія вузкія вокны, здавалася, выбівалася на прастор, а там, падхопленая ветрам, дасягала неба.

«Да святится имя Твое, да приидет Царствие Твое...» — стараўся хор.

"Да будет воля Твоя, яко на небеси, и на земли», — — выдзяляўся голас бацюшкі.

"Хлеб наш насушцый даждь нам днесь», — спявалі вернікі.

Сцяпан купіў свечку, паціху праціснуўся да іконы Маці Боскай, запаліў свечку, патрымаў над полымем іншай і паставіў перад іконай.

"И не введи нас во искушение. Но избави нас от лукавого", — зліваліся ў велічальны гімн галасы вернікаў, пеўчых і бацюшкі.

"Избави нас от лукавого», — далучыўся да малітвы Сцяпан.

Калі агульнае спяванне закончылася, ён пачаў маліцца сам.

«Святы Божа, Святы Моцны, Святы Бяссмертны, памілуй нас, — паўтарыў ён тройчы, кожны раз кладучы на сябе крыж і прыкладаючы да грудзей сціснуты кулак. — Прасвятая Уладычыца наша Багародзіца, — шаптаў Сцяпан, схіліўшы галаву перад іконай Маці Боскай, — пачуй мяне. Да Цябе, Прыснадзева Марыя і Багародзіца, звяртаюся я, грэшны: святымі Тваімі і ўсяіснымі малітвамі адгані ад мяне, смірнага і акаяннага раба Твайго, уныніе, забвеніе, неразуміе і ўсе скверныя, лукавыя і хульныя помыслы ад акаяннага сэрца майго і ад памрачонага розуму майго. Прашу Цябе, Прачыстая Прыснадзева Марыя, даруй мне грахі мае, спасі і памілуй мяне, грэшнага раба Твайго, усіх родных і блізкіх маіх...»

I як бы сугучна думкам і малітве Сцяпана маліўся бацюшка і спяваў хор: «Спаси люди Твоя, Владычице, и благослови достояние Твое, яко да будем причастны блаженнаго наследия Сына Твоего, и упаси нас, и возьми нас даже до века, на всяк день...»

А голас дзяка вылучаўся з агульнага спеву: "Сподоби, Премилосердная Мати, ныне  всегда без греха сохранитися нам. Помилуй нас, Заступница, помилуй нас, да будет милость Твоя с нами, яко уповаем на Тя...»

"Памілуй, Госпадзі, нас, памілуй мяне, грэшнага, — шаптаў Сцяпан, адчуваючы, як збавіцельнае супакаенне ўліваецца ў грудзі і ўсе ранейшыя турботы і згрызоты здаюцца нікчэмнымі і дробязнымі. — Прасвяці, Госпадзі, нас, грэшных, светам Тваім, спасі нас прадстацельствам Тваім. Хай будзе міласэрнасць Твая з намі, яко ўпаваем на Цябе, і хвалім Цябе, і просім Цябе: памілуй і ўратуй нас, грэшных..."



— Сцяпан, — перапыніў яго малітоўна-супакоены настрой нечы голас.

Сцяпан не адразу зразумеў, што яго клічуць тут , на зямлі. Яму здалося, што гэта голас зверху, з Вышыняў, што вышэйшая сіла хоча звярнуцца да яго з нейкім словам.

— Сцяпан, — паўтарыў той жа голас, і нехта дакрануўся да ягонага пляча. Гэта вывела з задуменнасці, ён азірнуўся. Побач стаяў Гендала.

— Чаго табе? — незадаволена спытаўся Сцяпан.

— Хадзі сюды, — прамовіў Гендала. — Немцы клічуць.

Сцяпан не адразу ўцяміў сэнс гэтых слоў. I толькі калі ішоў да цвінтара, зразумеў: немцы клічуць... Адразу ж успыхнула злосць на Гендалу: ізноў ён, як насланнё якое, вопсасам у вочы лезе, не даў памаліцца. Зварыла ж галава паклікаць...

"Немцы? Чаго яны хочуць? Нашто я ім спатрэбіўся?" — разважаў Сцяпан.

На вуліцы, каля званіцы, стаялі два немцы, а разам з імі і Гендала.

— Паехалі, — коратка кінуў паліцэйскі.

— Куды? — Сцяпан пазіраў на немцаў.

— "Куды-куды"... У сельсавет... Э-э, у камендатуру, — паправіўся Гендала і вінавата зірнуў на немцаў.

Розныя думкі снавалі ў галаве Сцяпана, калі ён на санях з кашом, поўным сена, ехаў ва ўчастак. Але да ніякай высновы так і не прыйшоў.

У камендатуры размова і разборка была кароткая.

— Тут вось Зося твая паскардзілася, што ты не выконваеш гаспадарскія абавязкі, — прагаварыў камендант. — Што п'еш многа. Ды яшчэ іншых спойваеш.

— Я?! — здзіўлена прамовіў Сцяпан.

— Ты, — больш цвёрда дадаў камендант. — Паліцэйскі Гендала пацвярджае гэта.

— Гендала?! — яшчэ больш здзівіўся Сцяпан і паглядеў на паліцэйскага.

Той, як пабіты сабака, апусціў вочы і нешта мармытнуў сабе пад нос.

— Гендала, скажы, — звярнуўся да яго камендант.

— Дак я ж... э-э-э — пачаў Гендала. — Дак я ж, э-э-э, пане камендант, напісаў усё... — прабалбатаў, як індык.

"Напісаў? — здзівіўся Сцяпан. — Глядзі ты, ужо напісаў, наплёў кашалёў з лапцямі... Калі толькі паспеў..."

— Ты мо і самагонку гоніш? — спытаў камендант. — Як пры саветах? Мо і партызанам перадаеш?

— Я?! — зноў здзівіўся Сцяпан. Але калі зірнуў на Гендалу, змоўк: які сэнс апраўдвацца, гэтая малацілка, відаць, і праўда набрахала тры бочкі арыштантаў.

— Мы шмат пра цябе ведаем, — працягваў камендант. — Праўда, Гендала?

Той, круцячыся, як скурат на агні, з неразборлівага мармытання выцадзіў:

— Ага, пане камендант...

— I пра бацьку твайго ведаем... Пра бальшавіка... А мо ты і сам? — камендант пільна пазіраў на Сцяпана.

— Што? Што я "і сам"? — пачаў Сцяпан, але, зірнуўшы зноў на Гендалу, змоўк.

Маўчаў ён і далей. Не апраўдваўся, не круціўся, як голы ў мурашніку, не адказваў на пытанні і не прасіўся. Проста маўчаў.

Моўчкі, не чытаючы, падпісаў і пратакол, які, аказваецца, вёў другі немец.

Моўчкі сеў на сані, калі яго вывелі на двор. Моўчкі ехаў па вуліцы, жмурачыся ад яркай белі пульхнага снегу.

Людзі, якія якраз разыходзіліся з царквы, здзіўлена пазіралі на незвычайную кампанію: Гендала са сваёй руляй, два немцы і Сцяпан.

— Самагонкі шукаюць... Ці мо паехалі ў карты гуляць, — пачуўся нечы голас.

Аднак Сцяпан нікога не бачыў і нічога не чуў. Ён сядзеў на сене з нейкай нязвыкла глыбокай унутранай засяроджанасцю. Адзін клопат даймаў яго: раніцай сам забыўся памаліцца, а тут гэтыя цецерукі не далі...

У душы самі сабой нараджаліся і чамусьці балюча-востра гучалі словы малітвы: "Ойча наш, Ойча Нябесны! Калі ёсць Ты на небе, пачуй мяне..."

Працягла і пранізліва, як зубны боль, рыпелі палазы саней.

"Ойча наш!... Хай славіцца імя Тваё, хай прыйдзе Царства Тваё, хай будзе воля Твая і на зямлі, як на небе... "

Конь, відаць, не надта спяшаўся, бо Гендала ўсё паганяў яго, цмокаючы губамі.

— Но-о, ваўкарэзіна! Цягнешся, як нежывы!

"Ойча наш!.. даруй грахі нашы, як і мы даруем чужыя."

Гендала ўсё шалёстаў пугай па кані — спяшаўся.

"Ойча наш!.. не ўводзь у спакусу, але збаў ад ліхога, бо ёсць Тваё Царства і сіла, і слава навекі."

Конь мінуў царкву і скіраваў у бок могілак.

"Ойча наш!.. Злітуйся над намі, бо літасцівы Ты... Ойча наш!! Даруй нам грахі нашыя, свядомыя і несвядомыя... Ойча наш!!! Даруй мне і збаў ад ліхога... Даруй ім, бо не ведаюць, што твораць..." — Сцяпан і не заўважыў, што прамовіў гэты словы голасна.

Перад плотам, каля трох высозных сосен, спыніліся.

"Вешаць будуць, — падумаў Сцяпан, — Хай бы лепш расстралялі. Каб адразу... каб не мучыцца..."

— Злазь, — загадаў адзін з немцаў. — Ідзі, — паказаў рукой на сосны і павярнуўся да Гендалы: — Давай...

— Што... "давай"? — перапытаў той дрыготкім голасам.

— Патроны ёсць?

— Ага...

— Вось і давай.

Гендалу не трэба было доўга ўгаворваць: прывык загады начальства выконваць адразу.

Гулкі стрэл разарваў цішыню, падняў варон на могілках, атрос снег з сасновых галін, напалохаў каня.

Толькі Сцяпан не паспеў ні спалохацца, ні зразумець, што адбылося.

Чырвоныя пырскі ягадамі горкай рабіны патанулі ў сляпучым пульхным снезе. Сухімі вугалькамі начнога кастра рассыпалася вакол дрэва сасновая кара.



Сцяпан адчуў пякучы боль у грудзях, бліскучы снег зноў асляпіў яго. Асядаючы, ён апошнім пробліскам свядомасці пачуў голас: "Сця-апа-а-ан..." — і паспеў яшчэ падумаць: "Мама кліча?.. Ці мо з Вышыняў?.."

— Сця-а-апа-а-а-нка-а-а!.. — гучней, чым стрэл, рваў цішыню голас Зосі.

Без хусткі, у незашпіленай плюшаўцы бегла яна па снежным цаліку.

— Сця-а-пан... Сця-а-пан... — хаўкала яна. — Сця-а-пан... Сця-а-а-ап-п-а-а-а-нка-а-а-а... — заходзіўся яе голас. — Сця-а-а-а-а-а.

Здавалася, гэта стагнала пакрытае белай снежнай коўдрай Сцяпанава поле, бо акурат тут знаходзіўся ягоны надзел, атрыманы пасля жаніцьбы ад бацькі.

СЛАНЕЧНІКАВА ЗАКАХАНАСЦЬ Не толькі дзіцячая казка 

Адзін небагаты Селянін разжыўся на грошы і купіў жменю насення сланечніку. Думаў сабе: "От пасею добрую граду, то мо добры і толк будзе. Пакуль вырастуць — цвісці будуць, хораша на агародзе. А там, калі паспеюць, што прадаць можна, капейку выручыўшы, што самім спажыць..."

Дбайна шчыраваў Селянін ля ўсходаў: палоў, рыхліў зямлю, нават паліваў. I так усю вясну, амаль палову лета.

Усходы былі дружныя, расліны моцныя, хутка раслі, добра развіваліся.

Радаваўся Селянін. Радаваліся і Сланечнікі. Набіраючыся сілы, яны станавіліся стройнымі і дужымі. Сапраўдныя прыгажуны. Суседзі з добрай зайздрасцю хвалілі Селянінаву сланечнікаву граду.

Калі Сланечнікі вымахалі вышэй за Селяніна, яны пачалі выпускаць свае прыгожыя вялікія кветкі. А неўзабаве суцэльным жоўтым дываном пакрылася Селянінава града. Ягоныя ўнукі часта хваліліся сваім сябрам:

— Паглядзіце-падзівіцеся, колькі ў нас сонейкаў расце!

Дзеці пазіралі на радасныя светла-жоўтыя сонейкі і самі радаваліся гэткай прыгажосці. Часта яны наладжвалі пад іх засенню вясёлыя гулянкі-хованкі.

Але тады Селянін прасіў іх, каб не тапталі зямлі, каб не нашкодзілі раслінам.

А тыя, калі пачалі ўпрыгожвацца цудоўнымі жоўтымі вяночкамі, пачалі і ганарыцца: "Мы самыя прыгожыя. Мы самыя разумныя. Няма нам тут раўні..."

I ў пошуках роўні задралі галовы да неба. А там...

Іхнія позіркі адразу знайшлі тое, што шукалі: Сонца. Яркае, як і яны самі, вясёлае, гарэзлівае Сонца!

3 гэтага моманту Сланечнікі безаглядна закахаліся ў Сонца, проста галаву страцілі. 3 нецярпеннем і хваляваннем чакалі яны з'яўлення свайго куміра і ўвесь доўгі летні дзень без зморы і стомы пазіралі на яго. Захапляліся, ганарыліся, зазнаваліся, што і Сонца звярнула на іх увагу.

Сланечнікі ні на хвіліну не адводзілі сайго позірку ад Сонца — цалюткімі днямі паварочваліся следам за свяцілам-кумірам. I сумавалі, і маркоціліся, і злаваліся, не разумеючы, чаму іхняе Сонца хаваецца ад іх ноччу. А калі яго часам закрывала Хмара, Сланечнікі гатовы былі хітаннем сваіх галовак і лістоў спарадзіць вецер і хутчэй адагнаць яе. Не звярталі ўвагі нават на тое, што Хмара поіць іх жыццядайнай вільгаццю, аднаўляе растрачаныя пагляданнем-пазіраннем на Сонца сілы.

Сланечнікі пачалі не звяртаць увагі і на Селяніна. Часта нават злаваліся, калі ён трохі турбаваў іх, вырываючы гонкую лебяду ці калючы асот. Ганарыста задзіралі галоўкі, адварочваючыся ад яго:

— Не псуй нам настрою, — шапталі Сланечнікі. — Не парушай нашай закаханасці. Не рабі нам брыдка сваімі гумовікамі і шэрым касцюмам.

I зноў цэлымі днямі круціліся за Сонцам, закахана-аддана шапталіся з ім. Сонца ж то гарэзліва падміргвала Сланечнікам, нібыта набліжаючы іх да сябе, то зноў надзявала насмешліва-ганарыстую маску і нават спякотна-з'едліва пасміхалася з гэткай Сленечнікавай безагляднасці, бо ў яго было многа паклоннікаў нашмат прыгажэйшых за Сланечнікі.

Але Сланечнікі ўсё даравалі свайму куміру і працягвалі аддана круціць за ім сваімі галоўкамі.

Яны і не заўважылі, што спякотнае Сонца пачало абпальваць іхнія жоўтыя вяночкі. Ім здавалася, што не толькі гэтыя вяночкі, але і схаваныя за жоўтай пялёнкай чорненькія зернейкі, якія станавіліся ўсё больш пругкімі, павінны падабацца Сонцу, прывабліваць яго. Але ці то ад вялікай увагі, ці то ў адплату за залішнюю закаханасць зыркае Сонца абпальвала і гэты жоўты ахоўны покрыў зярнятак.

Сланечнікі ўсё больш і больш чарнелі, хоць самі гэтага не заўважалі. Яны па-ранейшаму лічылі сябе самымі прыгожымі не толькі на агародзе, а і на цэлым свеце. Аднак з кожным днём ім станавілася ўсё цяжэй паварочваць свае набрынялыя ўраджаем галовы за ўсё менш яркім і гарачым Сонцам. Спачатку яны толькі трохі сердавалі на Сонца за такую няўвагу да іх, пасля моцна загневаліся і вырашылі адпомсціць свйму куміру — Сланечнікі адвярнуліся ад Сонца.

Думалі часова — пакуль Сонца зноў не адорыць іх гарачай ласкай. Але ў сваёй злосці Сланечнікі і не заўважылі, як счарнелі так, што сталі зусім нецікавыя Сонцу.

I тады яны канчаткова адвярнуліся ад яго — усе, дружна, як па камандзе. Яны выставілі Сонцу свае зялёныя шапкі над пацяжэлымі галавамі і ўжо не круціліся за ім, самотна ўперыўшы маўклівыя позіркі ў зямлю.

Без захаплення, але з разуменнем слухалі словы Селяніна:

— Ну, вось бачыце, як яно ў жыцці бывае. Не заўсёды далёкі і прыгожы кумір самы лепшы. А ганарлівая няўважнасць абгарае хутчэй. Ды не бядуйце: вашымі смачнымі семачкамі я сваіх унукаў і іхніх сяброў пачастую — і яны ўспомняць вас, а самыя буйныя на будучы год у зямлю пасаджу — яны прадоўжаць ваша жыццё.

Сонца ж, гледзячы на адвернутыя ад яго і пачарнелыя Сланечнікавыя шапкі, ганарліва мармытнула:

— I зусім вы не цікавыя мне: чорныя, абсмаленыя, старыя. Вось з'явяцца наступнай вясной вашы дзеткі, тады іншая справа...

Крыўдна Сланечнікам было слухаць такое ад свайго куміра.

Вінаватымі адчувалі яны сябе...

У КОЖНАГА СВАЕ БАЯРЫ, або Спатканне з котлішчам майго маленства Хутарская рэфлексія 

Маім Івану ды Мар'і,

Бацьку і Маці 

Данясеце ім, пакуль не блыснуў свет,

Зоркі мілыя, сыноўскі мой прывет...

С. Новік-Пяюн

І якія  б шляхі ні схадзіў я... 


Я даўно чакаў гэтай сустрэчы. Яна вярэдзіла маю душу. Яна снілася мне ў далёкім замежжы. Як збавенне ад клопатных турбот. Як ратаванне ад чужасці і незнаёмасці. Як адзіная пупавінная повязь, якая то набрыньвае моцай, то ледзь ліпіць, захоўваючы і аберагаючы маю далучанасць да малой радзімы. А з улікам паўтары тысячы раздзяляльных кіламетраў паміж Мінскам і Бухарэстам — і да вялікай і адзінай маёй радзімай маці-Беларусі. Яна настойліва гучала ў маёй свядомасці адным-адзіным радком: "А я ў Баяры, дамоў хачу, я так даўно не бачыў мамы..."

Зоркай-Венерай свяціла мне гэтая поклічная сустрэча-спатканне з бяздоннай глыбіні валошкава-зорнага нябеснага купала. Яна мроілася мне, як выратавальна мроіцца здарожанаму і сасмягламу вандроўніку бруістая крыніца з жывой, мацуючай дух у зняможаным целе, вадой, крыніца, над якой абнадзейваючым прывідным мроівам трымціць-калышацца тое роднае, блізкае і дарагое, абрысы якога, аднак, размыты наміткай часу. Здаецца, яны вось тут, побач, гэтыя дарагія абліччы-абрысы, да іх можна асцярожна дакрануцца, але выцягні руку, і гэтае чаканае і любае рассыпаецца, як разбітае люстэрка, у дробных друзачках якога ўсё-адно адбіваецца тое адзінае, знаёмае і роднае, што не дае спакою, вабіць, турбуе і кліча, кліча. Мне хацелася гэтай сустрэчы. Але я і баяўся яе. Ці не разаб'юцца, як тое люстэрка, і мае спадзяванні, мае балючыя мары-надзеі? Ці не ахопіць самотная расчаравальная безнадзейнасць пасля ўбачанага, ці не разбурыцца ў душы тая святасць, якая спелілася гэтулькі гадоў? Гэтых і гэткіх "ці" набіраўся цэлы воз з каптуром.

Але, рашуча адпрэчыўшы ўсе сумненні і развагі — не маладзён, можа і часу ўжо не хапіць, я асмеліўся і, як у мройны каляровы сон, акунуўся ў крохкі свет майго далёкага хутарскога дзяцінства. Пад час апошняга па часе адпачынку я ў каторы раз адмовіўся ад марскіх пляжаў і курортных вабнасцяў і з'ехаў да бацькоў, да маіх Івана ды Мар'і, на іхні надворак у паднясвіжскую вёску Баяры. А ўжо адтуль пакіраваў, набраўшыся адвагі, на сваё роднае котлішча, на былы хутар Язавец, што кіламетры за 3-4 ад маіх сённяшніх Баяраў. Так ужо сталася, што па пашпарту я нібыта нарадзіўся ў Баярах — не модна было ў канцы шасцідзесятых, калі атрымліваў новае засведчанне сваёй асобы, запісваць месцам нараджэння нейкі неперспектыўны (неперспектыўнымі былі аб'яўлены ўжо цэлыя вёскі) і неіснуючы хутар. На самай жа справе нарадзіўся я 15 чэрвеня (во нейкі прычэпісты рок: і зусім не 15, а трошкі раней, бо запісалі не тады, як я свет сваім крыкам ашчаслівіў, а як бацька ў сельсавет заявіўся, каб выпісаць метрыку, а калі праўдзіва — бацькі і да сёння не ўспомняць) 1948 года на хутары Язавец.

Вось туды, на котлішча майго хутара, на котлішча мае па-праўдзе роднае хаты, на котлішча майго вабнага і незваротнага маленства і выбраўся я спякотным летнім днём (і зноў мой лёс: 13 ліпеня, але трынаццатае для мяне, відаць, магічнае, бо і жаніўся трынаццатага, і першы пашпарт атрымаў трынаццатага, і месцы ў вагонах ці тэатральных залах выпадаюць трынаццатыя) перадапошняга года апошняга стагоддзя другога тысячагоддзя. На месца аддання зямлі маёй пупавіны дзеля мацавання повязяў з гэтай мясцінай, з гэтым светам, дзеля прызнання мяне зямлянінам, а не нейкім там валачашчым прыблудай-прышэльцам ці касмічным міжзорным валацугай-швэндалам.

Ехаў з Бухарэста і не мог дачакацца гэтага спаткання. Здавалася, вагонныя колы нястомна выстуквалі, падганяючы: "А я ў Баяры, дамоў хачу..." I вось ужо дарожная нітка-прадзіва — на хутар, на мой Язавец — навівае ў клубок гэткую ж нітку-прадзіва асацыятыўных успамінаў і згадак. Згадалася мая першая вандроўка ў 1993 годзе ў Ерусалім. Мы, група беларускіх выдаўцоў, упершыню прадстаўлялі сваю незалежную Беларусь — адны за ўвесь некалі "вялікі і магутны" — на прадстаўнічай міжнаролнай выстаўцы, чым здзівілі не толькі кніжнікаў. Нават прэзідэнт Ізраіля са здзіўляючай ягонае акружэнне зацікаўленасцю даўжэй пратакольнага гутарыў з намі.

Цікавага за тыя чатыры-пяць дзён хапіла праз край. Мо ўпершыню адчуў я сапраўдны, не гучна-барабанны гонар за маю краіну і мой народ. А яшчэ — — перакананне, што жадныя малочныя рэкі з кісельнымі берагамі не могуць па-сапраўднаму задаволіць чалавека і спатоліць ягоную духоўную смагу, калі шчыры ён перад сабою, хоць і прыцягальныя яны, і зманлівыя, і пахнуць дастаткам. Але ж ёсць нешта большае і больш значнае, больш праўдзівае, дарагое і непаўторнае, нават больш важкае, чым "зямля запаветная".

Гэта — зямля родная. Нават калі яна, гаротная і бядотная, не часта пестуе прысмакамі і не абсыпае дабрадзействамі — насілу трываеш, калі выступае часам не спагадлівай роднай маткай, а прышлай мачахай — усім не ўнаровіш, калі гадуе-гартуе крыўдамі ды бедамі, што ажно скавытаць хочацца, ад яе не ўцячэш, не схаваешся за прывідна багатымі далячынямі. Хоць і дома не мёд, але і ў чужых краінах не піва.

Мне да гэтага часу выразна помніцца той шчымліва-балючы эмацыянальны настрой, так, менавіта настрой, не заўсёды выяўлены ў словах, а акрэслена-відочна бачны ў настальгічнай смузе раптам заблішчэлых вачэй, у прымружаных часам і прыцярушаных жыццёвым пылам рысах здратаванага альбо спеставанага лёсам твару, у паставах, ганарліва ўзнесеных былой годнасцю багатага жыцця, альбо, насуперак імкненню выпраміцца, здавацца лепшымі, прыціснутых неміласэрным лёсам і з невынішчальнымі прыкметамі-адзнакамі цягавітай працы, помніцца той настрой, з якім наведвалі наш кніжны стэнд грамадзяне Ізраіля — нашы былыя савецкія грамадзяне з-пад Гродна і Бабруйска, з былых "крэсаў усходніх", з іншых беларускіх, хоць геаграфію вывучай, мясцін.

Уражаны, помню іхнія дзіўнаватыя сцішаныя просьбы кшталту: "А можна мне пасядзець поруч з вашымі (гэтае слова часта знарок прамаўлялася невыразна-неразборліва, што магло чуцца як "вашымі", так і "нашымі") кніжкамі?", альбо знянацку шчыра вылецелае: "Ой, гэта ж з майго краю!" Помню шчырыя і таксама дзіўнаватыя падзякі, прамоўленыя і на забытай ужо беларускай мове: "Ото ж дзякуйця вам, як усё адно дома пабыў (ці пабыла), глынуў роднага паветра!" Былі і даверліва спавядальныя самотныя ўспаміны-згадкі з большымі ці меншымі варыяцыямі, найчасцей прадстаўнікоў старэйшага пакалення, пра зямлю родную, сэнс якіх можна перадаць коратка: "Так, няблага, а то нават і добра нам на "зямлі запаветнай". Матэрыяльна... Аднак... Аднак жа радзіма нашая там, дзе нашая пупавіна закопана... Ды і жыццё ў кожнага тут сваё, адасобленае, нават у аднасямейнікаў. Не да гавэнд і вечаровых пасядзелак... Вось помню..." I пачыналася доўгае ці кароткае, але заўсёды самотна-шчырае, падсвечанае раптоўным аганьком прытушаных жыццёвымі клопатамі вачэй, спавяданне-жальба... Шмат іх засталося ў маіх запісах, але гэта для іншага разу.

Зараз жа — на радзіму маю, у той куток, дзе вязалі мой пупок. На Язавец. На котлішча...


Кліча бацькава сенажаць... 


Ступаю па затравелай, што не ведае ўжо дотыку чалавечых ног, занавешанай фіранкамі яловых і бярозавых галін сцежцы Школьнага лесу (дзялянка яго і сапраўды калісьці належала школе) і чую даўнейшы, з маленства салодкі бульбяны пах восеньскіх вогнішчаў-кастроў на ўзлеску, лаўлю сцішанае вітальнае шапаценне падрослых асінак. Як адмянілася ўсё...

А Маршчэнкавага лесу ўжо няма — звялі на калгасныя патрэбы. Выходжу на парослую белай дзяцелінай і агучаную несціханай зумклівай пчаліннай песняю палявую дарогу, і мяне насцярожліва сустракае пахіленымі пікамі густая сцяна натапыраных калючых вусата-асцюкаватых ячменных каласоў — ажно вусцішная дрыготка прабягае па спіне і шэрхне скура на шчоках: няўжо па-донкіхоцку кінуцца ў бойку? Да гэтага настрою дапасуецца і іншы, бо ў вушах, здаецца, ажно звініць, пранізліва і самотна, а памяць паўтарае яе ўнутраным голасам, шчымлівая мелодыя "Зорачак" Сяргея Новіка-Пяюна, песня, якую заўсёды суладна з маім настроем пранікліва спявае Данчык.

Гэтай шчымлівасці дадае і тое, што Сяргей Міхайлавіч мой зямляк па нараджэнню — ён з вёскі Лявонавічы Нясвіжскага раёна, і тое таксама, што я зараз і сапраўды далёка ад гэтага краю, дзе "татулька мой і матанька" жывуць.

Мо яны пытаюць зорак аба мне,
Што раблю цяпер ў далёкай чужыне...
Спадыспаду душы падымаецца, расце такое самотна-трывожлівае пачуццё, што я ледзь стрымліваюся.

Калі толькі яны, родныя, не спяць,
Калі йшчэ й цяпер на зорачкі глядзяць,
Данясеце ім, пакуль не блыснуў свет,
Зоркі мілыя, сыноўскі мой прывет.
У носе нешта так дрэнчыць і круціць, што ажно вочы засланяе і словы блытаюцца ў галаве.

I скажэце, каб не плакаў ні адзін,
Што ў выгнанні мусіць мучыцца іх сын.
Лёс магутны, лёс пашле нам ясны май,
Прылячу тады, як птушка, ў родны край...
Я з усёй сілы маргаю вачамі. Але выручае нейкая мошка, што раптоўна трапляе ў вока. Незмаргнутая сляза цяпер ўжо законным чынам коціцца па гарачай шчацэ і салёна арашае сасмяглыя пад зыркім сонцам губы.

Праз гэтую хісткую намітку эмоцый пазіраю на знаёмыя і ўжо змененыя абрысы палёў, колішніх лугоў, паплавоў, лесу. Стараюся згледзець, але не заўсёды гэта ўдаецца, хоць якія прыкметы былых паселішчаў. Са старэйшых іхніх гаспадароў ужо мала хто цешыцца гэтым светам, а былыя дзеці даўно самі сталі дарослымі, сталымі, нават старымі, яны параскіданы па розных блізкіх і далёкіх адсюль вёсках і гарадах.

Найбольш прыкметна котлішча Маршчэнкавай сядзібы, заможнага гаспадара, які ўмеў жыць так, што іншых ажно завідкі бралі. Былі ў яго і дыхтоўныя пабудовы, і ладная гаспадарка, і найлепшы мо не толькі на хутары інвентар: ад коннай малацілкі да ўсялякага іншага сялянскага рыштунку, што-кольвечы з якога валяецца, зарослае пустазеллем, яшчэ і зараз. А ад згадкі пра смак мочаных антонавак, якімі частавалі нас толькі ў гэтай хаце, ажно слінкі пацяклі.

Не захавалася слядоў ад бліжэйшых Маршчэнкавых суседзяў адзінокіх Паўкі альбо Павачкі, як адпаведна ейнаму росту звалі яе, Алесі і Веркі Касабуцкіх. На іхні выпуклы касагор, нягледзячы на ліпкую і густую гразь на сцежках-дарожках, а то і цярэспаля, насуперак традыцыі сядзець на першы дзень свята дома, як на злом галавы, дапіналі мы на Вялікдзень па валачобныя. Тут ніколі не выпускалі з хаты на галодны жывот, гасцілі смакатлівым печывам, а то і яшчэ чым-небудзь. Часам мы так начастоўваліся булак і запечаных у ржаным цесце кумпякоў, што ажно расшпільвалі аплікі святочных портак, добра забрынданых і выквацаных ліпучай гразёю, ад чаго нашыя напханыя пафарбафанымі не толькі на чырвонае яйкамі кішэні апускаліся ледзь не на калені, а яйкі, вядома ж, не вытрымлівалі гэткай непавагі і ператвараліся ў суцэльнае месіва жоўта-чырвонага колеру, якое нашыя маткі пры ўсёй павазе і пашаноўнасці да велікоднага свята вымушаны былі выкідваць у свіное вядро.

Толькі з памяці можна вывудзіць месца былой сядзібы Тамашэўскіх — з вялікім і добра ўробленым садам, абсаджаным акрамя ўсяго ласункавымі кустамі арэшніку. Арэхавыя гасцінцы спачатку прыносіў нам, унукам, дзед Ясь, які, ідучы міма, часта нагібаў гнуткія арэхавіны сваёй палкай-кульбакай, а пасля, падросшы, мы і самі былі не промахі не толькі арэхаў налаташыць, але і яблыню ці грушу патрасці.

Прастыў след нябеднай і ці не адзінай на хутары каталіцкай, як кажуць у нас і дагэтуль — польскай, сям'і Корсакаў. Са старэйшым за мяне і ўвішным, на хаду падноскі адарве, Ендрусем Корсакам адольваў я пяці-шасцікіламетровую ў адзін бок дарогу ў школу-васьмігодку, што месцілася ў Вялікай Ліпе ў былым дыхтоўным недабураным маёнтку пана Абуховіча, які і дагэтуль павыдзіранымі вокнамі сумна пазірае на новачасны свет, калі не магла перастрэць мяне з другой змены занятая хатнімі абавязкамі і калгаснымі клопатамі маці. Пра гэтыя вандроўкі са школы цёмначы раннімі восеньскімі вечарамі і зырка-марозным, ажно дыханне перацінае, зімовым прыцемкам па глыбокім, па пахі, сыпучым снежнм цаліку на ўзбочыне лесу, пра факелы са змочаных газай ануч у якой-небудзь банцы, з якімі вучыў мяне абыходзіцца ўжо іншы, вясковы мой школьны калега Франусь Валодзька, пра ягоную захопленасць рознага роду самапаламі, пра нашыя з ім тайныя стрэлы з ягонага бацькі паляўнічага ружжа, пра першую адрозную ад школьнай навуку рэальнаму жыццю, якую даваў мне Ендрусь, часам выкідваючы такіх конікаў, што я пачынаў біць у хамут і адмаўляўся разам з ім хадзіць у школу, чым дадаваў непатрэбнага клопату бацькам, можна напісаць цэлую прыгодніцкую аповесць...

Не засталося і звання ад блізкага Корсакавага суседа шматдзетнага і беднаватага Яраша, адзін з сыноў якога, Сяргей, ідучы на танцы або на спатканне ў Баяры, часта прасіў у майго бацькі пацяшку — цёплую суконную фасоніста пашытую куртку. I заваду няма ад хат Хіневіча, Кандрацюкоў. Толькі абязводжаны Сержаноў луг, зарослы буйнымі купінамі сочнай ніцай асакі, сярод якой, як балерына сярод жабрачак, вылучаецца яркай валошкавай сінечай невядомая мне прыгожая кветка, акаймаваны неверагодна густымі і высокімі ладыгамі асоту з пахучымі гэтым ліпеньскім днём і ўжо распушанымі кветкамі, нагадвае, што побач жылі ягоная цёзка адзінокая Зіна Сержанова., маленькага расточку, але гэткая ўвішная ў працы, што раўні ёй не было, Зонька, знакаміты не толькі на нашым хутары гарманісты Васіль Кулікоўскі. 3 адным з Васілёвых хлопцаў адбылася такая неспадзянка, што іншым запомнілася надоўга. Падвучаны старэйшымі вісусамі: "Пакаштуй, якая салодкая" ён лізнуў лютым марозным днём, калі пальцы самі прыліпаюць да жалеза, клямку ў дзвярах, пакінуўшы на ёй яркі крывавіністы пасак жывога языка.

А яшчэ тут жыў лядачы дзед Мацейка, які любіў падлашчыць нас да сябе, а тады лоўка і нечакана падлавіць некага на неўтаймоўнай нашай цікавасці пытаннем: "А хочаш, чарачку дам? Калі панаравіцца, паўтару..." Спачатку, недасведчаныя, мы згаджаліся самі, а пасля ўжо, зведаўшы смак гэтай чарачкі — Мацейка заціскаў нас між каленяў і сваімі дужымі пальцамі балюча задзіраў нам нос угору так, што ажно іскры сыпаліся, якія тут жа гасіліся горкімі ад крыўды і болю слязамі, што самацёкам каціліся з нашых вачэй, траплялі ў ягоныя рукі альбо падманам, альбо злоўленыя сілай. У адплату, дар за дар, за такі над усімі намі здзек я аднойчы адпомсціў Мацейку. Таксама падвучаны старэйшымі хлопцамі, я падпільнаваў нашага крыўдзіцеля аднаго на палявой дарозе і грудамі закідаў варагаватага да нас старога, за што атрымаў пякучай бацькавай папругі: каб не павадна было падымаць руку на старэйшых, а не з-за несправядлівасці нашай дзіцячай адплаты.

Недзе тут стаялі хаты двух братоў Пахвалёнікаў. Сын аднаго з іх, гаспадарлівага і ганарыстага Ёзіка, які быў на нажах з маім дзедам Косцікам, дужы і наглаваты Чэсь, часам добра кудлашыў, намурзаўшыся першаку або моцнай самагонкі, як хутарскую моладзь, так і сталых людзей. Неяк за адну вечаровую пагулянку ён без дай прычыны не адну нюхаўку расквасіў, не аднаму з'ездзіў па карку, а наўздагон моцна парэзаў майго дзядзьку Сашу, які замест сваёй хаты скрываўлены ўваліўся да нас, каб ягоная сястра, а мая маці і, як я ўсвядоміў пасля, хрэсная маці Чэся, дала якой рады, чым да галашэння — ледзь не ўтрупела — перапалохаў яе і ці не ўпершыню на ўсю ноч выбіў са сну мяне: пытанні без адказаў безупынку дзяўблі маю галаву — як ні за што ні пра што можа так парэзаць чалавек чалавека? А раніцай аказалася, што не адзін мой дзядзька, а і старыя Ярашы нечым не ўнаравілі Мэську — такую меў мянушку.


Гэта ўсё, безумоўна, не нова... 


Толькі па спуску да зарослага аксамітнай муравой рова, які быў роўненькімі зігзагамі пракапаны на поплаве для адводу лішняй вады яшчэ за даўнімі палякамі і па якім мы хадзілі адведваць маю цётку Шуру Кандрацюкову, дзе яна так гасцявала мяне мёдам, што ажно на пупе выступаў, можна пазнаць котлішча майго дзеда Косціка Мазана, які свае гаспадарчыя пабудовы, а пасля і прасторную хату раздаў на пасаг дзецям. Тут правёў я шмат памятных на радасныя здарэнні і невясёлыя прыгоды дзён і начэй. Тут, як не раз, будучы пад мухай, нагадваў мне ўжо даросламу дзед, ён вучыў мяне хадзіць: "Ручнік пад пахі і топ-топ па мяккай мураўцы..." Тут упершыню я пачуў, як можа гаварыць чалавечым голасам звычайная чорная скрыначка, якую баба Воля паважна называла "радзівам", і са слухавак якой чулася прыемная для мяне, бо пра мяне, як казаў мой хрэсны Янак, песня, дзе былі словы: "То ли луковица, то ли репка...", за што мяне часам пад'юшчвалі: "Толя, хочаш лукавіцу?" — пытаўся адзін і, не даючы мне ні адказаць, ні засердаваць, адразу ж пытаўся другі: "I рэпку таксама хочаш?" Чым больш, збіты з тропу, я злаваўся і сердаваў, тым часцейшымі былі крыўдлівыя пытанні. Ці не ад частага майго побыту ў хаце дзеда Мазана сябры, задавальняючы сваё жаданне павыскаляцца, пакеплівалі, даводзячы да гарачага кіпення непрыемнай дражнілкай: "Мазан-парцізан бэнсь амба! Па гары каціўся, жабаю ўдавіўся..." Асабліва збрыдзела мне гэтая жаба, якой я гідзіўся ажно да дрыжыкаў.

Побач з цёткай Шурай жыла вельмі цікаўная жанчына Макарышка — ад кожнай бочкі заткала. Дзе б толькі яна ні з'яўлялася, як адразу ўсюды ўсоўвала свой нос і ўсіх засыпала пытаннямі, выцягваючы навіны і весткі, зацікаўлена скрывіўшы набок галаву, разявішы рот і высалапіўшы кончык языка, нібыта яна слухала не вушамі, што хаваліся пад тоўстай хусткай-канаплянкай і якая мо не давала добра чуць, а ротам: ці не ад яе пайшоў выраз "Адна баба сказала"? Пасля яна ахвотна, як бы гэта быў яе галоўны занятак, разносіла пачутае па хатах, а паколькі хат тых было няшмат, недзе каля двух дзесяткаў, то і навіны гэтыя шматкроць качавалі разам з Макарышкай, вяртаючыся да сваіх першатворцаў у неверагодна скажонай і перавернутай інтэрпрэтацыі. Так і запомнілася яна, стаўшы своеасаблівай візітоўкай нашага хутара, па жывучаму дагэтуль выразу: "Цікавы, як Макарышка".

А найбліжэй да нашае хаты жыў мой дзед па бацькавай лініі Ясь з бабай Гандзяй. Ваду з іхняга калодзеся, ажно восілка ад вядра так скурчвала пальцы, што не разагнуць, даводзілася насіць і мне, метраў за трыста, і гразкай вясной, і гарачым летам, і марасістай слотнай восенню. А зімой, кудасна-снежнай, з непралазнымі гурбамі ля платоў і глыбокай барханістай беллю на сцежцы, вада ў вядры пакрывалася шархоткай скарынкай лёду, які ўсмак смакталі мы замест марожанага, якога гадоў да дзесяці не толькі не каштавалі, а і слова такога не чулі. У дзедавай хаце найчасцей ратаваўся я ад галоднага буркатання ў жываце, цішком, каб не бачыў ашчадны дзед, атрымліваючы з рук спагадлівай і шкадаўлівай бабы то акрайчык хлеба, то лустачку паляндвіцы, ад смаку якой і дагэтуль ледзь не млею, то пахкі яблык. Тут упершыню ўбачыў я другі наш хутарскі цуд — прывезены аднекуль, ці не з арміі, маім дзядзькам Міхасём "паціфон" і некалькі бліскучых кружэлак, якія ад драпання па іх тонкай кароткай голкай, якую даводзілася мо сотню разоў вастрыць, выдавалі такія цудоўныя песні, што ажно душа заходзілася ад замілаванасці.

Адгэтуль бацька мой выцікаваў на далекаватым надворку ўвішную Мазанянку, з якой і пабраўся ў чэрвені 1944 года. Але не паспелі і каравай падзяліць, як на другі дзень вяселля бацьку разам з гарманістым Васілём Кулікоўскім і 86-гадовым Сергіевічам забралі немцы ў нясвіжскую турму, свае ўдалі, — за сувязь з партызанамі. Як шукала яго і ў Баранавічах, і ў Нясвіжы мая маці, як хацела выкупіць за каравайныя грошы, як цудам выбавіўся ён з нямецкіх лап, мо напішацца, дасць Бог, прыгодніцкая аповесць...

Тут жа, хата да хаты, жыў мой дзядзька Мікалай са сваімі сынамі Колікам, маім найпершым заступнікам у выпадку чаго і найлепшым павераным у маіх таямніцах, і Мішкам. Тут гулялі мы ў хованкі, тут рабілі "буды" — нашы першыя блакітныя гарады, то ў зямлі, то над ёй, хто з дубцоў, а хто з цыбуроў высокай травы, навыперадкі: хто больш мудрагеліста...

Няма ўжо ні нашых "будаў", ні нашых садоў, ні нашых хат, з якіх, калі верыць напісанаму, усе мы выйшлі, і ў якія, калі зноў жа верыць жартаўнікам-зласліўцам, не ведаем як вярнуцца, няма і саміх гаспадароў, і многіх са старэйшых і маладзейшых за мяне маіх аднахутаран. Хай пухам будзе ім тая зямелька, у якой спачывае цялесная абалонка іхняга непаўторнага і неўтаймоўна-стваральнага няўрымслівага духу і добрай, спагадлівай душы.

Мае сённяшнія згадкі пра іхнія часам дзівакаватыя адметнасці зусім не ад таго, што няма больш пра што ўспомніць. Не і не. Проста нязвыклае лягчэй запамінаецца і больш уражвае. Мае ж аднахутаране былі найперш і найбольш шчырымі працаўнікамі, клапатліўцамі, рупліўцамі. А што мяне дагэтуль неспатольна дзівіць, дык гэта найвышэйшая іхняя нязмушаная і без прынукі, самая што ні на ёсць натуральная цяга да калектыўнасці. Танцы, ігрышчы (сяброўскія застоллі ў складчыну) — разам. Зажынкі, дажынкі (калгасныя) — разам. Дакопкі — таксама. Я ўжо не кажу пра непаўторныя па дпсціпнасці і вясялосці, па песеннасці і тэатралізаванасці вяселлі, радзіны. I дзе ўсё гэта дзелася з рассяленнем па вёсках? А тым больш па гарадах, дзе ад людзей няма куды плюнуць, а такіх адзінокіх і адасобленых нідзе больш не стрэнеш.


А ці трэба, каб новым было?.. 


Ціха і бязлюдна на маім Язаўцы сёння.

Ці не таму гэткая падзялененая разнатраўем дарога, што няма ног, каб выгладзіць яе і выплескаць? Ці не таму курыцца яна пылам-пяском, сыпучым, як пытляваная мука, якую каштавалі мы некалі толькі на Вялікдзень ці на Коляды, калі маці дазвалаяла сабе спячы белую булку? А раней жа тут была толькі сцежка-дарожка, зарослая густым спарышнікам і шырокалістай бабкай, з пратаптаным-выплесканым у іх бялесым паскам і павыбіванымі вазамі глыбакаватымі каляінамі, па якіх у час грозных тады навальніц цурчэла ў ярашову лагчыну нябесная вада, а ў разводдзе віраваў ручаінамі расталы снег.

Я падыходжу да той мясціны, дзе ў вішнёвай засені, якая кішмя кішэла ад пчол, стаяла нашая хата, перасыпаная ў 1946 годзе, калі бацька праз два гады, дзень у дзень, вярнуўся з шахтаў, з купленай у Рудаўцы за 23 пуды збожжа.

3 хваляваннем ўзіраюся ў бульбяны палетак, густа зарослы, нягледзячы на ліпеньскую шматдзённую сухмень, ядраным бульбоўнікам і дудкамі даволі рэдкай, хоць і высокай ганарыстай лебяды. Дзе ж яна, дзе тая мясцінка, тое котлішча, на якім мая пупавіна, мая сыноўняя повязь з жыццядайнай мацярынскай утробай была схавана-закапана?

Здаецца, вось тут. Тут і пакаты грудок вышэйшы. Відаць, трактарныя плугі і дагэтуль не расцягалі, не разраўнялі гэты грудок-пупавіну маёй хаты, грудок, які некалі быў даволі вялікай і вельмі доўга цёплай глінабітнай печчу і цаглянай печкай. I лебяда тут гусцейшая, і нават мята вунь расце.

А яшчэ — ляжыць выкінуты на блізенькую дарогу аскабалак палена.

Пацурбалак і дагэтуль смалістага бервяна, якое некалі ляжала ў сцяне нашае хаты.

Гэта ўсё, што засталося ад нашае сядзібы. Ад нашага хутара. Ад майго маленства.

А гэты пацурбалак выклікае раптам востры ўспамін-рэфлексію, ад якога ажно скаланула ўсяго.

Аддажджыў прыцемнены хмарамі кароткі восеньскі дзень. Блізенька гэткая ж слязлівая поўнач. Бацька даўно задзьмухаў вісячую на дроце газавую лямпу, і густая пудкая цемра залезла не толькі пад нашыя самаробны дзеравянны і магазінны панцырны ложкі, пад кудзельныя коўдры, а, здаецца, і ў вочы. Спаць чамусьці не хочацца, і ў голаў разам з цемрай лезуць розныя страхі, мроіцца нешта неверагоднае, ад чаго ажно дрыжыкі прабіраюць. Таму я не адразу цямлю, што грукат у дзверы — рэальны, а не прымроены мной. Відаць, гэтак жа лічаць і бацькі, бо ніхто з іх не вылазіць з-пад коўдры, каб адсунуць сені: выцягнуць тоўстую жалезную засаўку. Але грукат мацнеее, і бацька не вытрымлівае, устае, ідзе ў сені.

3-за дзвярэй чуецца: "Дзепутат?" "Ну", — спалохана аднаслоўна адказвае бацька. "Адкрывай, бо фсё раўно сламаем. Мы ўпалнамочаные. У нас сілы большэ." Бацька вагаецца, грукат мацнее, дзверы трымцяць рассохлымі дошкамі, сцены дрыжаць, у вокнах пазвоньвае незакітаванае шкло. Я хаваю голаў пад коўдру, але грукат не сціхае, так даюць дыхту невядомыя рабаўнікі. Мне страшна: не дай Бог не вытрымаюць дзверы, а хата разваліцца, раскоціцца па дзеравіне. I я ціхенька прашу Бозеньку, каб ён абараніў нас, не даў хаце рассыпацца. Нарэшце бацька здаецца і пад матчын плачрашуча адсоўвае дзверы: чаму быць, таго не мінаваць, калі не заб'юць, то ўсё-адно дзверы зломяць. У цемру сяней з цемры двара ўвальваюцца двое дзябёлых змоклых, як цуцыкі, мужыкоў. Чарговыя ўпаўнаважаныя па бульбе, аказваецца. Відаць, хутаране мала здалі яе, вось і заявіліся памочнікі. А начаваць вырашылі ў шматгадовага дэпутата сельсавета, спадзеючыся, што ён, як самы свядомы — бо іначай чаго ж выбіралі, і пакорміць, і напоіць. Нідзе дзенешся, не ўцячэш ад свайго хутарскога лёсу. На стале і сапраўды з'яўляецца паўтарачка самагонкі. Бацька трохі агойтаўся — ці ж гэта першыня: "упалнамочаныя", і пачынаецца міравая...

Я падымаю нечакана цяжкі ад смалістасці пацурбалак і трымаю яго на руках, як малое дзіця. Цікава, адкуль ён: з кухні, у чалесніках якой часцей за ўсё поруч з чапялой, вілкамі і качаргой гаспадарыла маці і блыталіся пад нагамі мы з сястрой, калі яна здымала са скаварады на падстаўцы са снараднай гільзы апетытную аладку, якую мы заядла мазалі здорам, калі ён быў, праўда, а пад печчу сакаталі куры са сваім цыбатым правадыром — клышаногім, з грэбенем набакір, пеўнем, а вясной сядзела кураводка, ці з хаты, як называлі мы агульны, нават не разгароджаны пакой, земляная падлога якога не раз курэла з-пад падэшваў упыленых хромавых, якім зносу няма, ботаў кавалераў у франтаватых галіфэ, калі яны па-заліхвацку круцілі ў іскрыстай польцы сваіх упацелых партнёрак на чарговым у нас ігрышчы, якое ладзілася пад нязменны гармонік дзядзькі Васіля.


Поле бацькава... 


Набіраю ў пакецік сухой, ажно сеецца між пальцаў, зямлі. Жменька яе і зараз са мной, у Бухарэсце. Шчопці роднай і мо не надта ўраджайнай у параўнанні з румынскай зямліцы. Здаецца, яна праменіцца цяплом чалавечых рук, што па-гаспадарску дбайна ўраблялі яе і па-праўдзе пальцамі перабіралі-разміналі кожную груду на кожнай сотцы. Мо такая пульхная яна ад пралітага ў яе поту, а мо трохі і саланаватая ад яго, бо вунь на бульбяных барознах бялеецца нейкі налёт — ці не выціскае набрынялая потам зямля яго лішкі? А мо якраз таму і зелянее картафлянік, не сохне, не вяне, што пояць яго людскія пот ды слёзы, шчодра пралітыя на гэтае поле?

Я стаю на пустыннай і непрыветна пыльнай гравійцы, па якой, відаць, гады ў рады праедзе якая машына, і чую праз адлегласць часу, учэпістай дзіцячай памяццю ўвекавечанае ў душу, набліжанае вяртаннем у маленства грознае грукатанне грому, пад раптоўным зыркім, хоць голкі збірай, святлом маланкі бачу бясконцую, як згледзець, няспынна хваліста хісткую шырыню жытнёвага поля (у маленстве ўсё здаецца нашмат большым, уражлівым і аб'ёмістым), схіленыя моцным дажджом абцяжараныя буйным зернем каласы, якія горнуцца да прамытых дажджынкамі блакітных вочак васількоў-валошак, нібыта глядзяцца ў іх.

Я чую саладкавы пах важкіх жытнёвых снапоў, якія покатам ляжаць на густым іржышчы і якія я, малалетак, аберучкі падцягваў, ажно са скуры вылузваўся, да бацькі, а ён састаўляў іх у мыдлі і накрываў зверху распушаным ва ўсе бакі снапом. 3 прыемнай натруджанасцю зносіў я і нажатыя мамай жмені, складваючы іх на перавясла, якім туга звязвае яна сноп за снопам. Я хаджу па калючым, ажно лыткі мае ў чырвоных шнарах, іржышчы — то высокім, дзе зелянеецца трава, бо яго трэба будзе скасіць на зіму карове (і як яна ела гэткую саламяную цвердзь), то зусім нізенькім, калі прыходзіў брыгадзір з праверкай і хваліў маму за такую высокую свядомасць: не марнуе калгасную салому, пераводзячы яе, як гэта робіць суседка-жнейка побач, на ўласнае ржышча. "Глядзі-глядзі, цётка, — дакарае ён суседку, — а то заставім скасіць і здаць іржышча ў калгас." "Хваціць ужэ, што саломы не даяце. А гэты яшчэ і ржышчам палохая", — ціха шэпча яна, але паказвае паслухмянасць і пачынае жаць ля самай зямлі.

Мне зноў заманулася пахкага і яшчэ смачнейшага за цётчын Шурын асовага мёду, які смактаў я праз тоўстую саломінку з клубочка сотаў, што знайшоў бацька ў зямлі, асадзіўшы злосных восаў вадой. А маці жне сабе і жне — няма часу ні вочы падняць, ні пот выцерці пакуль стаіць на пагодзе, ажно завідкі бяруць. Яна цеперся безупынку шоргае сярпом па буйных жытнёвых сцяблінах і раз за разам марськае ў паветры важкімі жменямі, кладучы іх за сабой, нібыта і спякота яе не даймае, і паляжаць пад мэндлікам не хочацца, як мне.

Я прашу бацьку зрабіць агеньчык, каб напражыць важкіх каласоў і хоць трохі замарыць чарвячка, бо ўжо добра ссе пад ложачкай і жывот падцягнула, на што ён пагрозліва ківае пальцам, не хочучы патураць маім капрызам, але ўсё ж падсмальвае каласок запалкай, і я радасна залажу ў пахкую мыдлю, дзе пануе зачараванае царства пахаў і прамяністага сонечнага святла, што яркімі палосамі прабіваецца між снапоў. Гэтую таямнічасць падмацоўваюць песні, што адна за адной, гэтак жа няспынна, як і шоргат сярпа, гучаць з маміных вуснаў. Спявала ж яна заўсёды, шмат і заўзята, як першая пявуння на хутары, не толькі на вячорках і ігрышчах, а і пры любой працы, за прасніцай і за кроснамі.

Успомні ж мяне, мама,
Хоць раз у аўторак,
А я ж цябе, мама,
На дзень разоў сорак...

Я ажно сцепануўся, азіраючыся, адкуль чуецца песня, так выразна дапяў да душы мамін голас. Але навокал толькі бульба з купкамі зялёнай лебяды ды жаўцеючы дачасна нізкарослы вусаты ячмень, над якім ледзь ценькае — ад смагі? — адзінокі жаваранак.

А я чую ўжо таемныя і чароўныя гукі ўрачыста светлай ночы, якая сваімі мігатлівымі зоркавымі вачамі з глыбокага блакіту неабсяжнага неба пазірае ў Сержаноў луг, асвяжаецца-купаецца, набіраючыся празрыста-зіхоткай расы, у Ткачовым лузе, песціцца-адпачывае ў вясёлкавых красках — адна любата! — утравелага поплава, услаўленага рознагалосым хваласпевам шматлікіх пташак і ўтайненага іхнімі гнёздамі, туліцца таямнічым змрокам у засені Школьнага лесу, шамаціць шапаткімі мяцёлкамі аўсу на Запасках...

Я гляджу на маю пуцяводную Зорку Венеру ў атачэнні дрыготкіх зорак і чую поклічны і засцерагальны Максімаў голас:

Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца
І нясецца да Сонца Зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя
                     -папутнікі
                           сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
                     Да зор?

Ах, Макіме, Максіме! Каб жа спраўдзіліся словы твае! Каб не елі поедам людзі адно аднаго, каб меней крыві арашала гэтую неспатольную цярплівіцу зямлю, якая век-вяком не нап'ецца п'е яе, ажно дзіва дзіўнае, то прыгаршчамі, то ручаінамі. Каб не здарылася гэтага, хай Бог абносіць, на шматпакутнай маёй і тваёй Беларусі. Каб не было гэтулькі непатрэбнай мітусні і пустапарожняга балабольства, што пылам развейвае чалавечыя памкненні і спадзяванні, горбіць-прыгінае людзей да зямлі, пазбаўляючы іх самапавагі, гаючай нябеснай светласці і празрыстасці. Каму і навошта патрэбныя гэтыя звадкі і сваркі, каму карціць, хто спанатрыў сеяць іх на нашай благаславёнай зямлі?

Паслухайце, супляменнікі мае, як хрумстка рыпяць на небе зоркі ў дрыготкай начной цішыні, як чыркае аб нябесную сінечу мігатлівы след Леанідаў, што намагаюцца прыпасці да грудзей волкай зямлі. Падніміце вочы да неба, бо не адным жа шарым колерам здавольвацца вам. Не адным будзённым клопатам аб хлебе надзённым заняты вашыя думкі. Паглядзіце, як зблажэлы неспатольны працаўнік месяц бяжыць улукаткі між воблакаў, стараючыся сабраць у адзін гурт сваіх непаслухмяных памочніц свяцільніц-зорак. Ці не гэтак жа і вы часам марна і непатрэбна, як на сценку лезучы, дамагаецеся падмяць пад сябе ўсю размаітасць людскую, выстругаць усіх на адзін капыл, забываючыся, што нават расінкі не падобныя адна на адну, і пылінкі на курлівай дарозе не зліваюцца ў суцэльны маналіт. Размаітасцю і разнастайнасцю прымнажаецца прырода і багацее сусвет...


Матчына мова... 


Я не адразу адчуваю, як адсырэлая ноч па-мацярынску агортвае мае плечы. I толькі напамінак-згадка, як смачна пахнуць волкай асенняй ноччу антонаўкі ў нашым садзе, абуджае мяне. I ўспамінаюцца блізкія мне, да шчымлівай чуллівасці зразумелыя радкі Васіля Зуёнка:

Ніхто не пачуў:
Яблык упаў дасвеццем —
Ля Халопеніч,
На Беларусі.
Ніхто не пачуў —
Ні людзі, ні травы, ні вецер...
А шар зямны
Здрыгануўся.
А тут новы смакатлівы пах так казыча ноздры, што аж кішкі пачынаюць марша граць. Быццам на яве, ажно рот стаў поўным сліны, пачуў я найлепшы ў свеце пах свежых ржаных баханак, якія маці толькі што дастала з-за засланкі зыркае духам глінянае печы, вытрасла з вялікіх блях, паклала на столак на покуці ля стала, перахрысціла, працерла халоднай вадой і накрыла таксама пахкім доўгім саматканым кужэльным ручніком.

Звычайны і святы мамін хлеб! Як мы з маладзейшай за мяне сястрой Лёляй пазіралі на яго, глытаючы слінкі і саромеючыся папрасіць, як стараліся ўмольна зазірнуць у маміны вочы, якія яна ці не назнарок хавала, прыгаворваючы: "Ад гарачага хлеба можа быць заварот кішок". Я ж часам баяўся, каб не здарылася гэтага ад галоднага вуркату ў жываце. Памятаю, як штырхаў-прасіў яе, калі ішла ўрабляць калгасныя дзялкі, каб адкроіла скарынкі, а не мякіша, бо скарынку можна доўга смактаць, адкусваючы па малюсенькім кусочку, смакаваць, як найсмачнейшы ласунак. Ці не таму любіў я і скавароднікі, якія мама выпякала раней за ўсе астатнія боханы, каб праверыць, ці ўдасца хлеб, ці не стане ацеслівым, ці не будзе закальца, ці не ападзе ў бляхах старанна вымешанае рукамі ў ёмкай дзяжы цеста...

Самотна ўздыхнуўшы, чую доннае шалясценне залацістых карасёў у заброснелым ужо і зарослым лазой Ткачовым лузе, якіх спанатрылі мы, хутарская малеча, лавіць на вуду, зробленую з валасні коньскага хваста. Здабывалі ж яе з вялікімі турботамі, бо сваіх коней у новаспечаных калгаснікаў ужо не было — мой дзед Косцік стаўся апошнім хутаранінам, які, як ні сіліўся, не мог змаргнуць слязу з вачэй (што мяне вельмі здзівіла, бо быў ён зусім не сентыментальны), калі, прыціснуты рознымі ўпаўнаважанымі так, што і прадыхнуць нельга было: поедам елі, пад енкі бабы.

Волі і раптоўную зніякавеласць іхніх сыноў і дачок і маё разгубленае няўцямнае пазіранне на ўсіх, запрагаў гладкага буланага, грузіў на калёсы рыштунак, каб везці на далёкі ад нас калгаснгы двор, усё-ткі, відаць, нешта прыхаваўшы, бо ўжо нашмат пазней сёе-тое з сялянскіх прылад першай неабходнасці — плуг, барана, сошка, пастронкі — стала паяўляцца для апрацоўкі ўласных сотак, як, дарэчы, і ў іншых дбайных гаспадароў. Да чужых калгасных коней мы баяліся падыходзіць, каб не абязвечылі. Гэтую валасню сукалі ў некалькі столак, звязвалі па шэсць-восем-дзесяць (у залежнасці ад даўжыні коньскага хваста) кавалкаў і чаплялі да тоўстай, нібыта тыя карасі маглі яе зламаць, палкі. Аднак таўсматыя гаспадары луга часам перакусвалі нашыя вуды, і мы, хоць крычма крычы, ледзь ў ваду не кідаліся, каб адшукаць той адзіны магазінны кручок, які быў для нас бясцэннай каштоўнасцю і страта якога на месяц а то і болей адваджвала нас ад рыбалкі, бо не кожны раз на Сноўскім базары можна было знайсці новы кручок ды і набыць яго, па-праўдзе, бацькам не было за што: купіў бы сяло, ды грошай гало. Не прадаваліся яны за калгасныя палачкі-"труднадні", якімі ацэньваліся мусовыя, хоць і безаплатныя выхады на працу і якія бацька, старанна і доўга крэмзаючы, заносіў у згорнуты папалам сшытак і хаваў яго пад бэлькай — каб не скруцілі пры падрахунках у канторы і каб пахваліцца перад суседзямі: "Я ж не лежма ляжаў, ажні дваццаць сем выхадаў маю!" I хоць па гэтых выхадах ды па трудаднях бацькі былі сапраўднымі стаханаўцамі, аднак ні грошай ні аграбалі, ні багатага стала не мелі, ні нават узнагарод не заслужылі.

Але па кручок мы не лезлі, бо хто-небудзь раптам успамінаў пра тапельца-салдата, і мы ажно адхістваліся ад гэтай хіжай вады. А засмажаных карасёў згаладала жавалі падчас амаль абедзеннага ўжо снедання, умурзваючы, што сапраўдныя мурзы папоўскія, загарэлыя да лушчэння, як карасёвая луска, шчокі.

I згадваецца мне страхатлівы роспавяд пра салдата-тапельцу. Показку тую расказвала мая баба Гандзя. Некалі, даўным-даўно ехалі гэтым краем конныя салдаты. Стаяла знясільваючая спякота, а шлях, відаць, быў не блізкі, бо падбіліся не толькі рэкруты, але і іхнія коні. Ехалі яны міма зваблівага сваёй прахалодай луга, на беразе якога кабета мачыла палатняныя скруткі, выбіваючы іх важкім пранікам. Раптам чуе яна голас: "Прыйшоў час, а няма". I адзін раз так, і другі, і трэці. Азірнулася кабета ўкруга, а нікога няма, бо адна яна выбралася палатно бяліць. Раптам бачыць, як ад салдацкага строя аддзяляецца адзін коннік, прышпорвае каня, і той з астатніх сіл скача да луга. "Мусіць, нябога, хоча напаіць каня", — думае кабета, спачуваючы здарожанаму ездаку і схіляючыся з іхняй дарогі. Салдат адпускае павады, конь прагна нахіляецца да іскрыстай пад сонцам лугавой вадзіцы. Але ці то сілы былі ўжо на зыходзе, ці то глыбіня так моцна цягнула-вабіла, што конь разам са сваім наезнікам стырчма кульнуліся ў ваду, толькі пырскі паляцелі. Кабета ажно зайшлася ад страху і збялела, як тое палатно. Калі пад'ехалі салдаты, яна толькі пальцам паказвала ў донную глыбіню, на паверхні якой лопаліся бурбалкі апошняга чалавечага і коньскага дыхання. Вада ж тут была такой глыбокай, што не дасталі ні конніка, ні каня. 3 таго часу і завецца луг Ткачовым, як салдата таго клікалі...

Я бачу, як цёмнай хлябесткай ноччу, калі дбайны гаспадар і сабакі не выпусціць на вуліцу, цярэспаля месіць гразь мой бацька з суседам: каб не страшна было аднаму, альбо як затульваецца вылыселай аблавушкай ад зыркай здрадніцкай месяцавай белі і буксуе ў глыбокім сыпучым снежным цаліку — з вяроўкай пад пахай ідуць на Запаскі, каб набраць там са сцірты вязку саломы: на сечку і на падсціл, бо праз каморкава-хлеўную сцяну нашай агульнай, усцяж, пад адной страхой будыніны чуваць, як цяжка і безнадзейна ўздыхае пярэстая карова, як вохкаюць у няласкавай гразі даўганогія і вострахрыбетныя падсвінакі.

Я нібыта зноў удыхаю паслянавальнічны грымотна-азонавы водар і здзіўлена пазіраю цераз павыдзіраныя моцным ветрам раскалмачаныя дзіркі ў саламянай страсе нашае хаты на перакулены келіх прасветленага і выпаласканага неба. А ноччу праз гэтыя дзіркі наіўна-здзіўлена — як можна прасыпаць гэткую цнатліва-непаўторную незнаёмасць кароткае летняе ночы! — падміргваюць мне трымцівыя нябесныя лампадкі, ды па-дзіцячы шчарбаціцца бесклапотнай усмешкай маладзічок.

I дай ты веры, што панаванне такой сцішана-супакоенай ціхамірнасці над маім Язаўцом — гэта толькіштовая ласка прыроды, што гадзіну таму тут так завіхалася, шумела-бушавала, бліскала-грукатала збрыдзелая і няласкавая да нашага хутарскога лёсу пострах-навальніца, што здавалася — усё, канец свету. Аднак такой свежай і чыстай ад машыннага гару-атруты, такой густой цішыні, хоць намазвай на хлеб замест масла, якога мы і так мала спажывалі, бо яно, жоўта-апетытнае, з кропелькамі халоднай вады і маслянкі, якой — з дробненькімі кавалачкамі масла — нам толькі і выпадала ўсмак напіцца, — нібыта арасілі яго слёзы шкадавання, што выбаўляюць за родны парог, адносілася на Сноўскі базар, каб купіць там цукру, алею ці яшчэ якой-небудзь крамніны, дык вось: такой цішыні сёння то ўжо пэўна няма нават ў раздабрэлых за кошт ссялення з хутароў вёсках.

А з таго загадкавага Сноўскага базару, на які нас, малечу, не бралі — проста пакідалі ля хаты, якую замыкалі на вісячы замок, каб неспадзеўкі не зазірнуў які нечаканы валацуга альбо каб мы з залішняй гасціннасці не расчаставалі апошняй паўбаханкі, мне прывозілі самы пашаноўны падарунак ад майго дзядзькі Петрыка, бацькавага малодшага брата — колькі нумароў каляровага "Вожыка". Па ім я яшчэ задоўга да школы і чытаць навучыўся, чым здзіўляў маіх хутарскіх сяброў і нячастых дарослых гасцей, пераказваючы або нязгорш чытаючы па складах які-небудзь вожыкаўскі жарт...


I над хатай буслова жытло... 


Як на здзіўленне — неба сёння такое ж, як і гадоў сорак з гакам таму, калі мы, да болю ў патыліцы задраўшы галовы, альбо лежачы ў высокай пахкай траве поплава, над якім сонечным ранкам ажно дыміцца раса, пазіралі ў ягоную бяздоннасць — аж галава кружылася ад стромай вышыні і рухлівых мудрагеліста-вычварных невядомых нам звяроў, птушак ці раскошных пабудоў з пухкіх аблокаў. I дагэтуль мяне дзівіць, які віртуоза-архітэктар ці выкшталцоны майстра можа выштукаваць там, на Вышынях гэткія бязважкія, здаецца, напампаваныя незямным святлом, казачныя палацы з неверагоднымі ўзорыстымі карункамі-выцінанкамі, шыкоўнымі заламі, дыхтоўнымі палатамі і вянчальнымі вэлюмамі лёгкакрылых воблакаў над імі. Палацавая высвечанасць знутры, ярка-прамяністая падсвечанасць сонцам здаецца прывідна-нерэальнай і зачаравана-прыцягальнай. Як не мог так і дасюль не магу зразумець гэтай незямной красы нябеснай украсы. Хіба што ў цэрквах бачыў такія ж прасветленыя бязважкія аблокі-выцінанкі, па якіх паважна і па-незямному грацыёзна-лёгка ступалі святыя, несучы нам, зямлянам, вышэйшы сэнс боскага Слова і боскае святло духоўнага прасвятлення.

Здаецца, што і зараз з саміх Вышыняў, з тых казачных палацаў-палат вось-вось спусціцца Бозенька, каб паглядзець на тварэнне сваё і спраўдзіць, ці выконвае яно прызначэнне Яго — быць чалавекам па вобліку і падабенству Яго.

Так думаў, гэтага чакаў я, малы, прамаўляючы пра сябе бабуляй навучаныя словы просценькай малітвы або сцішана-насцярожана стоячы, баючыся падняць вочы, перад пацямнелымі ад куродыму свечак загадкава-суровымі і рухлівымі ад святла непатухальных лампадак лікамі святых на збарвавёных воблаках у за блізкім светам ад Язаўца Ліпаўскай альбо трохі бліжэйшай Сноўскай царкве.

А ці спусціцца?

Як ні чакалі, як ні спадзяваліся на Яго і мае бацькі, і мае дзяды, якія кожнай раніцай распачыналі свой увярэдлівы працавіта-цягавіты дзень са шчырай малітвы і малітвай заканчвалі яго, стомленыя фізічна, але не падупалыя духам — для іх гэтае чаканне так і засталося чаканнем. А тая таемна-недасяжная па звыкласці ўрачыстага гучання і па прызвычаенай рытуальнасці яе тварэння малітва так і заставалася таемнай для нас, дзяцей, якія спадцішка, нібыта саромеліся сваім подслухам спалохаць шчырую набожнасць бацькоў ці папсаваць нейкімі нечаканымі выхілкамі іхні зварот да таго, хто на Вышынях, назіралі, як спачатку маці а пасля і больш грунтоўна бацька хрысціліся, стукаючы сябе кулаком у грудзі, перад Святой Дзевай Марыяй на покуці. Бацькам здавалася, што мы, неразумная малеча, не надта ўслухоўваемся ў іхняе ледзь чутнае шаптанне-маленне, выдыхнутае з усёй спавядальнай шчырасцю сваёй абнадзеенай лепшай будучыняй натуры.

Зачароўвала яно, гэтае прадыханне незразумелых мне словаў, настройвала на нейкі асабліва паважлівы лад да маіх непісьменных бацькоў — не было валенак для кожнага з многіх у хаце дзяцей, каб далучацца да навукі ўсім адразу, па калейцы хадзілі ў спалячаную школу толькі зімой, калі поле адпачывала пад снежнай пялёнкай, таму і скончылі адно калідор, як жартуе мая маці. Аднак жа з далёкіх маіх чырвоназменаўскіх часоў у сярэдзіне сямідзесятых і да гэтай пары выпісваюць яны маю "Чырвоную змену", каб з яе, відаць, выцікаваць-вычытаць найперш, дзе носіцца-блукае па свеце іхні сын, што ці не зусім ужо збіўся з панталыку і забыўся дарогу дадому.

А словы ж тыя бацькоўскія заварожвалі сваёй трохі таямнічай незразумеласцю і моцай шчырасці гаюча-суцяшальных спадзяванняў. I згадваюцца яны зараз зусім не па-бацькоўску, а трохі іначай, у суладдзі з сённяшнім настроем.

Ойча наш! Ойча нябесны!
Хлеба надзённага
Дай нам!
На дзень сённяшні
I на ўсе дні
Валадарстыва Твайго!
Бо ёсць Ты
Моцны і Праведны!
Хай славіцца імя Тваё,
Хай будзе воля Твая
I на зямлі,
Як ёсць Ты на небе...
I сіла Твая,
I слава Твая
Хай будзе з намі
Навекі!
Бо грэшныя мы
I грахом спакусіліся.
Ты ж ёсць
Моцны і Праведны,
Ойча наш! Ойча Нябесны!
Хай свяціцца імя Тваё...

Вясновым будзённым днём, калі і не адсеяліся яшчэ, з'явіліся на нашым надворку калгасныя цеслі, прысланыя старшынёй калгаса Галушкам, з якім бацька ў далёкім сорак чацвёртым быў мабілізаваны на Данбаскія шахты. Але не будаваць прыехалі. Порстка залезлі яны на схлябешчаную дажджамі, выпетраную пад ветрам і сонцам саламяную страху нашае з такімі высілкамі агоранае хаты. I шаматліва-трывожна пакацілася долу не спарахнелая яшчэ, колісь дбайна і старанна падбітая, саломка да саломкі, бацькавай стрыхоўкай салома, агаляючы худыя рэбры-латы і кроквы. Ні бацька, ні маці не сталі ні сарамаціць, ні распінацца і даказваць недаказальнае. Хочаш не хочаш, а з дваіма дзецьмі пайшлі яны ў падсуседзі да майго дзядзькі Мікалая.

Ехаць ці не ехаць у Баяры — во ў чым было пытанне, бо многія падаліся ў больш культурны і багацейшы Сноў. Ішоў 1958 год. Чаўплося вялікае ссяленне з хутароў і чарговае высяканне, на гэты раз былой заходнебеларускай гаспадарлівасці, магчымага будучага фермерства, якое і сёння ніяк не можа закараніцца, зачапіцца за абнічыееную зямлю...

Ціха вяртаюся я ў таксама мае ўжо Баяры, дзе шчыравалі і да гэтага часу пяклуюцца на сваіх трыццаці сотках і мае прыгнутыя і выбеленыя гадамі, але не зламаныя лёсам бацькі — без чатырох гадоў 90-гадовы Іван з роду Бутэвічаў і без чатырох гадоў 80-гадовая Марыя з Мазаноў, і каля сотні іхніх аднавяскоўцаў, з якіх толькі двое-трое маюць працоўны калгасны ўзрост. Не тыя баяры, што панавалі, а тыя, што згодна з даўнім тлумачэннем, пынілі гэты двор, працавалі на яго карысць. Не носьбіты ганарыстых шляхетных родаў, званняў і гербаў, а беззямельныя хлебадайныя батракі ў тых радавітых гнёздах-дварах, пякучай мазольнасцю жыцця якіх яны і слававаліся.


Я адной табе належу... 


Цяпер ужо я зусім па іншаму разумею вядомыя словы: "Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць..." Раней я скептычна адносіўся да іх. Бо хіба ж мае бацькі, як і сотні, тысячы іхніх супляменнікаў, якія не толькі за межамі Беларусі ніколі не былі, а нават Мінск наведвалі гады ў рады, хіба ж яны не любілі і не любяць маю, іхнюю, нашую Беларусь? Любілі і любяць, як дай Бог кожнаму. Але зараз, пабыўшы далёка ад дому, пазіраючы на мой родны край праз прызму погляду замежнікаў, я зразумеў, якую новую афарбоўку набывае мой позірк, якой мілай, любай і непаўторнай становіцца Радзіма мая дарагая з усімі яе бедамі, нягодамі, праблемамі... 

Яна — адна, і ніколі і нідзе такой больш няма і не будзе. 

Верасень-кастрычнік 1999 г. Бухарэст


Оглавление

  • Iнстынкт, або ПРЫСАК КАХАННЯ I ЖАРСТВА ПАКУТ АПОВЕСЦЬ
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   9
  •   10
  •   11
  • ЗНАЁМСТВА ЛЯ СІНЯГА МОРА РЭФЛЕКСІЯ ПЕРШАГА ЛІСТАВАННЯ
  • Я БУДУ ПОМНІЦЬ ЦЯБЕ РЭФЛЕКСІЯ ПЕРШАГА ПАЦАЛУНКА 
  • Я ЧУЮ МУЗЫКУ.. РЭФЛЕКСІЯ ПЕРШЫХ ЗАПРОСІН НА ТАНЕЦ 
  • РАССТАЙНЫ ПАХ АСОТУ РЭФЛЕКСІЯ ПЕРШАЙ ЗАКАХАНАСЦІ 
  • ОЙЧА НАШ.. Апавяданне 
  • СЛАНЕЧНІКАВА ЗАКАХАНАСЦЬ Не толькі дзіцячая казка 
  • У КОЖНАГА СВАЕ БАЯРЫ, або Спатканне з котлішчам майго маленства Хутарская рэфлексія