КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Вася Лайдачкін і іншапланецянін [Геннадзь Аўласенка] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Генадзь Аўласенка Вася Лайдачкін і іншапланецянін

Аднойчы Вася Лайдачкін іншапланецяніна сустрэў. Дакладней, іншапланецянін сам яго напаткаў, у той час, калі Вася, як звычайна, факультатыў па астраноміі прагульваў. Нанёс яму, так сказаць, сяброўскі міжгалактычны візіт.

А справа ў гарадскім парку адбывалася. Сядзеў Вася на лаўцы ў поўнай адзіноце і рабіў адначасова аж тры карысныя справы. Па-першае, марожаным ласаваўся шакаладным, па-другое, музыку гучную слухаў праз навушнікі… ну, і па-трэцяе, проста ва ўсе магчымыя бакі азіраўся ў пошуках чаго-небудзь для сябе цікавага.

I ведаеце, недарма азіраўся. Бо ўбачыў раптам, як лятаючая талерка зусім непадалёку ад яго на траву апусцілася. Самая сапраўдная талерка, круглая, бліскучая… зусім такая, як яе ў фільмах фантастычных паказваюць…

Тут Вася і вырашыў, што гэта фільм нейкі новы побач здымаецца. I нават калі люк у талерцы немаведама адкуль з’явіўся і зялёны іншапланецянін з яго вылез — Вася і тады ніколькі не сумняваўся, што гэта проста артыст нейкі пераапрануты.

А іншапланецянін падышоў да Васі, паглядзеў на яго ўсімі чатырма сваімі вачыма і кажа:

— О, прывітанне табе, брат па розуму!

Прычым, не словамі гэта сказаў, бо ў яго нават ротавай адтуліны на твары не назіралася. А сказаў, хутчэй, тэлепатычна… думкай, так сказаць. I Вася, нават праз музыку сваю гучную, думку ягоную добра пачуў і зразумеў.

Здзівіўся ён, музыку на ўсялякі выпадак выключыў, рэшткі марожанага хуценька праглынуў, паглядзеў на іншапланецяніна больш уважліва.

«Нічога сабе, спецэфектыкі! — думае. — Ды і касцюмчык гэты… трэба ж такі касцюмчык адбойны змайстраваць!»

А іншапланецянін яго, вядома ж, адразу пачуў тэлепатычна. Агледзеў сябе недаўменна і адказвае (таксама праз тэлепатыю сваю):

— А чым табе, брат па розуму, мой касцюмчык не падабаецца? У нас, між іншым, усе так апранаюцца!

А Вася яму ў адказ:

— А можна мне ў вашых здымках крыху паўдзельнічаць? Хоць у масоўцы якой… і лепш, каб у такім вось касцюмчыку…

Тут іншапланецянін зразумеў нарэшце (тэлепат, як-ніяк), што Вася яго за кагосьці іншага прымае. Пакрыўдзіўся нават.

— Ды не! — кажа. — Прычым тут кіно? Я — самы сапраўдны іншапланецянін! Я да вас аж ад самага сузор’я Дракона ляцеў!

— Ага! — адказвае яму Вася саркастычна. — Ад Дракона, кажаш?! Ну, калі ты ад Дракона, дык я тады — ад Гары Потэра! I наогул, хопіць мне мазгі пудрыць, я па «відыку» і не такіх прыкольных іншапланецян бачыў! Лепш скажы: здымуць мяне ў масоўцы вашай ці не?!

Расхваляваўся іншапланецянін ад такога ўяўнага недаверу да сваёй асобы і ад хвалявання з зялёнага адразу ж чырвоным стаў. А з чырвонага — сінім. А з сіняга — аж шэра-бура-малінавым нейкім…

Толькі на Васю гэта асаблівага ўражання не аказала. Ён у фільмах і не такое бачыў.

— Ну, што гэта за спецэфекты такія, — кажа. — Не памятаю нават, у колькіх фільмах я такое ўжо бачыў. Усё гэта — учарашні дзень кінематаграфіі! Нават пазаўчарашні…

— А што мне зрабіць такое, каб ты, нарэшце, паверыў, што я і сапраўды з сузор’я Дракона? — з надзеяй пытаецца іншапланецянін, у свой першапачатковы зялёны колер вяртаючыся.

— Зноў ты за сваё! — кажа Вася. — Ты мне скажы лепш: гэта проста фантастычны фільм будзе ці мо фільм жахаў які?

— Ды які фільм жахаў? — зноў пачаў чырванець іншапланецянін. — Жахі тут пры чым?

— А пры тым, — кажа Вася, — што фільмы жахаў я нават больш паважаю, чым проста фантастычныя!

Тут іншапланецянін з чырвонага колеру ў сіні пачаў перафарбоўвацца.

— Ты верыш, што я іншапланецянін?! — крычыць тэлепатычна. — Верыш ці не?!

Але Васю так проста не возьмеш.

— Тады паверу, — кажа, — калі ў масоўку мяне возьмеце!

I ўмольна так на іншапланецяніна глядзіць, на тое, як ён зноў шэра-бура-малінавым робіцца…

— Ну, што вам, цяжка? Хоць на зусім малюпасенькую ролю якую!

Узвыў тут іншапланецянін (тэлепатычна, вядома), у паветра ўзляцеў і давай над Васевай галавой мёртвыя петлі вырабляць.

— Цяпер верыш? — крычыць. — Няўжо і цяпер не верыш?

Уздыхнуў Вася.

— I гэта, — кажа, — не той эфект, з якім вы вялікія касавыя зборы зрабіць зможаце. А вось у тое, што не хочаце вы мяне ў сваім кіно здымаць… у гэта я веру! Скажы хоць, як яно называцца будзе, кіно ваша фантастычнае?

— Ды я ж думкі твае чытаю! — выдаў свой апошні аргумент іншапланецянін. — I размаўляю з табой таксама праз тэлепатыю!

Але Васю на такі прымітыўны аргумент не зловіш.

— Падумаеш, думкі! — кажа ён. — Знайшоў, чым здзівіць! Ды ў кожным з фільмаў фантастычных іншапланецяне гэта рабіць могуць! А чым ваш фільм лепшы?!

Нічога яму на гэта іншапланецянін не адказаў. Лыпнуў толькі на Васю ўсімі чатырма сваімі вачыма, развярнуўся і да талеркі сваёй паляцеў з усёй магчымай хуткасцю. А потым і талерка ягоная бліскучая ў неба накіравалася. Ды так імгненна, што толькі яе і бачылі.

А Вася зноў музыку сваю ўключыў. І зноў пачаў ва ўсе магчымыя бакі азірацца ў пошуках цікавага. І вельмі шкадаваў, што не ўзялі яго ў масоўку ў фільме гэтым фантастычным і нават назву фільма яму не сказалі…

Ну як, скажыце, потым фільм гэты адшукаць і ў «відык» свой закачаць?!


Оглавление

  • Генадзь Аўласенка Вася Лайдачкін і іншапланецянін