КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Імгненні [Наталля Кучмель] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]
Наталля Кучмель

Імгненні

Вершы

ЗМЕСТ

* * * Стосам блытаных ліній...

* * * Не кідай, будзь са мной, жыві, пачуцце-нежыць...

* * * Неба лікуе...

* * * Сатлелі травы нашага юнацтва...

* * * Першая кропля па выпуклым шкле...

* * * Дзень паўпрылёг на горад і раку...

* * * Сцяжкаю да прыпынку...

* * * Дымам на веі клеіцца стома...

* * * Ноч пяе дыханнем тваім...

* * * Ліпнёвы надвячорак прыкідваецца днём...

* * * Вечар пахне лісцём і пылам...

* * * У любой цеплыні на хвіліну здарыцца змрочна...

Плён

* * * Студня на выспе пяску...

* * * Ты багатай зрабіў мяне...

* * * Паблякла неба, звітае смугой...

* * * плыў дождж над горадам...

* * * Стрыжоў і ластавак мае...

* * * Я за цябе старэй - на той спакой...

* * * У акне дзявочай спальні...

* * * Скупое сонца п'юць бакамі гмахі...

* * * Ляніва, быццам адэсісты, вып'юць кавы...

* * * Праполка...

* * * - Здурнела! Сорам на вачах губляеш!..

* * * Май. Дождж ішоў...

* * * Неба ў бляску сляпучым стыгне...

* * * На могілках старых з-пад голых вербаў ніцых...

* * * Холад чаромхі, туману, раскрытае рамы...

* * * Ліпень. Здымкі начныя...

* * * Ад мастака - партрэту...

* * * Сон стане сродкам ізноў, як наяве, убачыць...

* * * Мяне не слухаюцца рыфмы...

* * * З ціхім шасценнем, бы кнігі старонкі...

* * * Звечарэла. Сонна ў пакоі...

Быў канец лютага

* * * Жыццё; і ў ім - хрупасткасць і надрыў...

* * * Хто б сказаў - каханне маё...

* * * Туман ярам... Плятуцца стужкі туману...

* * * Неба весняе - ясны німб...

* * * Цераз якую муку вызнаем...

* * * А у Цябе няма імя...

* * * Сёння ў небе імжыцца...

* * * Апала лісце. Месяц лістапад...

* * * Над цёплым пылам сходаў...

* * * Многа зімаў прайшло...

* * * На сто дарог вакол ляжыць разбухлая зямля...

* * * Ёсць веліч у старых закінутых мурах...

* * * А з бяроз - па адным - ападаюць лісты...

* * * Мокрае, шэрае неба радзімы - ды вочы...

* * * Лёгкі голас, лёгкі кашаль, лёгка ў такт...

* * * Падлетак! Вусны горкія твае...

* * * Прыйдзі... Зялёны змрок у пакоі...

* * * Перакулены свет...

* * * У вогкай цяшыні...

* * * Вільготнай душнай ноччу цяжка спаць...

* * * Позняй ветранай ноччу...

Тваё аблічча

Песня

* * * Піск, гоман, скокі, вогнішча ўначы...

* * * Не ўсе ў разлуцы - у журбе, бы ў труне...

* * * Узяўшы рукі твае, датыкацца губамі запясцяў...

* * * Няўлоўна змыкаліся захад з усходам; плялася...

* * * Снег коле павекі - адліжны: ільдісты і рэдкі...

* * * Наймільшая з дзяўчат...

* * * Вецер вакол мяне...

* * * Як цяжка спалучаць...

* * * Гэта вясна...

* * * Такая ноч, што салаўі - крычаць...

Анёлы

* * * ...вечар без цябе...

* * * Анёл, у лёце над зямлёю...

* * * У хваляў сваё жыццё...

* * * Бязмоўны вечар. Жоўты далягляд...

* * * Зямля, дзе мяжуюць глыжы і будылле...

* * * Ліпнёвы поўдзень збіў над вербамі...

* * * А ты мне паклаў на плячо галаву...


  * * *
Стосам блытаных ліній,
Быццам ніці з асновы, —
Залатое на сінім
Голле ў вечар вясновы.
І ў дрыготкіх глыбінях
Шэрых воч тваіх — тое:
Залатое на сінім.
Залатое на сінім. Залатое…

  * * *
Не кідай, будзь са мной,
жыві, пачуцце-нежыць:
Хацець — што не маё,
кахаць — што не належыць:
Вусоў дзяціны пух, валос закрут цяжкі
І дырыжорскі рух дзявочае рукі.


  * * *
Неба лікуе,
пацямнелі брады;
Чайкі святкуюць
вызваленне вады.
І на шклёным балконе,
дзе пануе пыльныя цьма,
Для інжыра ў вазоне
скончылася зіма.

  * * *
Сатлелі травы нашага юнацтва,
I кветкам ад марозаў не падняцца.
Ды адчуванне дзіўнае палёгкі:
Жыві, далёкі.


  * * *
Першая кропля па выпуклым шкле
Рассыпалася на злёце.
Як хлопец у цельніку — клён у святле
Машыны на развароце.
Рэзкія плямы паўзверх зямлі
Разбіты ліхтар кідае...
Хто яго ведае — дзе, калі
Аднойчы тое згадаю?


  * * *
Дзень паўпрылёг на горад і раку
Празрыс тым, цёплым,
быццам летнім, целам.
Павольна падаўшы, не шамацела
Лісціна, абмінаючы руку.
I на ваду, схіліўшыся, з маста
Дзівіўся нехта — хворы ці то п'яны...
Згасаў палын, разліты ў донцы шклянак
Вачэй пад колер мокрага ліста.


  * * *
Сцежкаю да прыпынку
Праз зарослы язмінам двор
Хлопец нясе дзяўчынку...
I думае — што да зор.
Лёгка, нібы націнку,
Праз хвіліны — як праз гады,
Хлопец узняў дзяўчынку.
I думае — назаўжды...

  * * *
Дымам на веі — клеіцца стома.
Чуць, як гаворыць з ветрам салома.
3 ветрам — салома, з кроплямі  — голле,
3 сэрцам нявольным — вольная воля.
— Йдзі сюды, сэрца, — дам табе крылы:
Лётай, кружыся, дзе табе міла.
Будзе халодна, будзе й галодна,
Але ж затое  — шчасна, свабодна!
— Позна мне, цяжка, — сэрца казала. —
Чорнае лоззе вены працяла.
Чорнае лоззе, мокрае лісце —
Не адарвацца. Вось бы калісьці...
  * * *
Ноч пяе дыханнем тваім.
Я яго чую — і ноч пяе.
Ноч пяе золатам кончыкаў вей.
Я іх бачу — і ноч пяе.
Ноч пяе дакрананнем рукі,
Далонню ў далоні, крокам у крок.
Паветра згушчаецца — не ўдыхнуць,
I з сэрца капае цёплы сок.

  * * *
Ліпнёвы надвячорак прыкідваецца днём.
Няма куды спяшацца.
Ўсе дома. Маскі здзеты.
Каханы хлопчык мой, нібыта кацянё.
Аблізвае вяршкі з малочнага пакета.


  * * *
Вечар пахне лісцём і пылам.
Котка злезла з акна пад'езда,
Валюхаючыся, пайшла.
Душна, быццам між сценак вазы:
Атачае дамы, здаецца,
Тонкі пласт залатога шкла.

  * * *
У любой цеплыні
на хвіліну здарыцца змрочна,
Цверазеўшы, спіной адчуць
пад шпалерамі — мур.
Маленькі лемур, у цябе вялізныя вочы;
Прыпадз і да маіх грудзей, маленькі лемур.


  Плён
Мята, мята пры балоце,
Рута пры рацэ.
Як пук жыта — жмут мелодый
Пры адной руцэ
Прыхінёны; а другая —
Жоўтае, як звон,
Сэрца спелае трымае;
Белы мёд з яго сцякае
Проста на далонь.


  * * *
Студня на выспе пяску
Белым прысыпана снегам.
Памяць аб тонкім, гарачым
Целе тваім.
Памяць аб веях —
Шорсткіх, як снег,
што зрываецца з даху пад ветрам,
Лёгкіх, як снег,
што сядае на твары і кроны.
Дымчаты снег.
Памяць аб вуснах —
Вабных, як познія вішні
ў лістоце калянай,
Праг ных, як быццам пчала,
што аблізвае спелы
Вішанны сок.


  * * *
Ты багатай зрабіў мяне.
Дараваў мне срэбра і злота,
Перлы, лалы і дыяменты.
Тыя скарбы заўжды са мной:
Срэбра ў пасмах вакол чала;
Злота зор — скрозь мокрыя веі;
Лалы сораму, жалю, гневу,
Дыяменты слёз развітальных
I ў халодны дзень прад змярканнем
Перлы кропель на сумным шкле.


  * * *
Паблякла неба, звітае смутой.
Бязважкімі гуляе прыпаламі
Ліпнёвы вецер: каля губ Яго
Сівы матыль трапечацца крыламі.
Як горача! Паволі нікне дзень.
I пазіраюць з моста дзве дзяўчыны
На мнос тва белых кропак па вадзе —
Як быццам бы па ягадзе рабіны.


  * * *
плыў дождж над горадам
цяжкі і нізкі быццам дым
і голле гордае
само хілілася прад ім
так за гадзінаю
гадзіна коціцца ў пакой
гром кропляў рынаю —
курантаў бой
плыў дождж над горадам
звісаў завесаю вады
як мяккім голасам
ахутваў змоўклыя сады
і не ўскалочана
у палісадзе між вяргінь
пад колер воч тваіх
стаяла стынь


  * * *
Стрыжоў і ластавак мые
Неба водаварот.
Шыпшыны губы туг ія
Сцялі ружовы рот.
Паволі ноч наступае,
I ў ёй прасвету няма...
За здраду найгорш карае
Жанчына сябе сама.


  * * *
Я за цябе старэй — на той спакой,
Які бывае, калі ўсё разгубіш
І не кахаеш, а спакойна любіш,
Не забываючыся выгады сваёй.
Я за цябе старэй — на той спакой.


  * * *
Ў акне дзявочай спальні
Гарыць, не міргне свечка.
Кахаць не развучыцца.
А ўнізе — вецер, слота.
Пажоўклых лісцяў плямы.
Няма прытулка сэрцу.
Каханак на гадзіннік
Глядзіць, затым — у цемру.
Кахаць не развучыцца.
Кот мокры і блішчасты
Хаваецца ў пад'ездзе.
Няма прытулка сэрцу.
У сне, прад нараджэннем,
Шаволіцца зародак.
Кахаць не развучыцца.
Штоночы ў адзіноце
Стары чакае смерці.
Няма прытулка сэрцу.


  * * *
Скупое сонца п'юць бакамі гмахі,
I смешны снег аблёг зямлю і дахі —
Як семяно: пласт пуху па вярху
I кругленькае, цвёрдае — ў пуху.
I не назваць, што больш было б вясеннім,
Чым гэты снег, падобны на насенне,
I сонца, што, як котка на страсе,
Аж надта годна галаву нясе.
Але ўжо прагрымелі кроплі сцёкам.
I твой пакой — абдымкаў нашых кокан,
Спусцелы кут задушных таямніц —
Асветлен скрозь прарэзы аканіц.


  * * *
Ляніва, быццам адэсіты, вып'юць кавы
I пойдуць блындацца па горадзе
без справы —
Два даўганогія, пад сонцам, за руку.
I ветрык,
што ў дрымотных пошуках чагосьці
На даляглядзе, як падушкі, хмары мосціць,
Не пашаволіць разамлелую раку;
Бо на адно дастане сіл —
даткненнем гібкім
Сушыць нагі маленькай мокрыя адбіткі
На шэрым покрыве бетоннай паласы
I спрабаваць спатоліць вялае тамленне,
Яе спадніцай абвіваючы калені.
Яму разбэрсаўшы на вочы валасы.


  * * *
Праполка... Двухтыднёвыя дажджы
Дзяляну марнатраўем затапілі.
Паўсюль, не вылучаючы ні град,
Hi баразён,— адною злітнай хваляй
Курчавіцца і бухне зелянота.
Мелісы пах. Мяшаючыся з пахам
Парэчкі і зямлі, ён кліча — жыць!
Ён кліча — жыць! Ён кліча —
шчасным быць,
На дробязі не зварачаць увагі.
Не гледзіш? Што ж. Будзь вольны.
Бог з табой.
Жыві, як можаш. Я жыву — як хочу!
Таму што ведаю цяпер, як трэба,
Таму што падаюцца пад рукамі
Макрыцы ніцістыя карані,
I дыхае слабенькая меліса,
У свет шырокі гледзячы з адвагай,
I між кустоў парэчкі — самасея,
Хоць мокрая, ды гордая паставай
Сарана яркай барваю гарыць.


  * * *
Паводле сюжэтаў
«Тысячы і адной ночы»
— Здурнела! Сорам на вачах губляеш!
Пагардліва зірнуўшы спадылба,
Ўсясветнаму цару ты адмаўляеш
I да грудзей штомоцы прыхінаеш
Нахабнага і брыдкага раба!
I цар, адрынуты, абагаўляе
Тваю між смецця знойдзеную рэч,
А раб каравы твар свой прыкрывае
Ад пацалункаў і цябе піхае,
Нібы свінню: «Пайшла, пачвара, прэч!»
— О той, хто загаворвае сурокі,
Дапамажы, бо звяну, як трава:
Самаадданы, юны, яснавокі,
Мне цар не мілы; нічые папрокі
Не дапамогуць: чую толькі крокі
Карослівага чорнага раба.


  * * *
Май. Дождж ішоў. Цяжкі і вогкі пах
Цяжкіх і вогкіх выпарэнняў бэзу.
Асфальтам заліваны чорны шлях
Блішчыць спіной, як мокрае жалеза,
I на ільсніс тай, маслістай спіне
Ў бяздумнасць і спакой нясе мяне.


  * * *
Неба ў бляску сляпучым стыгне,
Жоўтым вокны шкліць.
Без цябе пражыўшы тры тыдні.
Так і звыкну жыць.
Але ў вечар, ветрам напяты
Над ламаным грэбнем дамоў,
Тонкі твар, бы з іконы зняты,
Узгадаю зноў.
Што ты? Дзе ты? Месяц замглёны
Крэпне між аблок.
У завулку блукальнік сонны
Прыцішае крок.


  * * *
На могілках старых
з-пад голых вербаў ніцых
Відаць, што не гарыць ні ў храме,
ні ў капліцы
Святло; і рад магіл, на стомлены пагляд,
Так мірны, як нібы дзіцячых ложкаў рад.
Парадак іх маўчыць аб сне, а не аб смерці.
I хочацца запхаць пад белы камень сэрца
Дый так далей пайсці — каб не было чаму
Hi рвацца, ні цярпець пякучую думу,
Ані перажываць бязлюдства, безграшоўе,
Пакуты за любоў, чыёсьці безгалоўе...
Йсці стылай, ледзяной,
цягнуць бязгучны спеў
I тоненькім кійком збіваць лістоту з дрэў.


  * * *
Холад чаромхі, туману, раскрытае рамы;
Холадам вее салоўкавы шчокат таксама
3 купаў надрэчных кустоў.
Сцюжа бяссонных стагоддзяў пустога чакання;
Пары, якой на марозе стаецца дыханне;
Сцюжа сівых валасоў.
Іскры сваяцтва, любові, сяброўстваў цяпельцы
Не затрымаюць хвіліны, ў каторую ў сэрца
Зойдзе льдзяная ігла.
Што ж мы,
як толькі разблыталі кокан малечы,
Выспелі, сталі сабою, — за век чалавечы
Маем так мала цяпла?


  * * *
Ліпень. Здымкі начныя.
Камароў над дрыгвою бяссонне
Штохв іліны па шкле асвятляльнікаў
цельцамі б'е.
У кустах вербалозу
захліпаецца соладка конік
I расою паволі
набракаюць красоўкі твае.
Неба, бледнае з захаду,—
ў шнарах аблок вечаровых,
I далёкае, дробнае полымя ўнізе дрыжыць.
Як ты мякка ступаеш —
нібы госць на зямлі выпадковы —
I дрыгве гэтай гідлай
сцеражэшся балюча зрабіць.
Ты вялікі, як неба,
і маленькі — бы мне па далонях
Даступаеш да сэрца;
ціхі гук кінакамера ўе.
Хай штоночы між лоззя
захліпаўся бы соладка конік
I траву далікатна краналі красоўкі твае.


  * * *
Ад мастака — партрэту.
Сонны дождж
Паткнецца ў шкло —
Памыслю пра цябе я.
Каханне — не адзіная ідэя,
Дзеля якое варта йсці пад нож.
Але калі па скошаным ілбе
Маёй маг ільнай выспы
Дождж заскача,
То фарбы — жыцьмуць.
Можа, тым аддзячу
Сусвету і табе.


  * * *
Сон стане сродкам ізноў
як наяве, ўбачыць
Мужнасць разлатых броў,
а пагляд — дзіцячы.
Столькі пражыўшы гадоў — цяпер разумею
Цалкам значэнне слоў пра «праменні веяў»;
Толькі цяпер вырастае з-пад сэрца згода
3 вобразам казак усходніх:
«Вачэй маіх прахалода...»

  * * *
Мяне не слухаюцца рыфмы.
I верш — той нудны гук, калі
Тужліва ўслед сапраўдным рыпнуць
Калодзежныя жураўлі.
Паперы — мо на трыццаць столак,
Ды аднаго няма на ёй:
Як вылузнуўся з ночы золак
I раскрываецца зарой.


* * *
3 ціхім шасценнем, бы кніг і старонкі.
Вецер шаволіць ліс тоты руду.
Ў небе бязвоблачным месячык тонкі
Нізка ляжыць — запірае ваду.
Так бы прасіцца ў любові злашчаснай
Словамі песні, пачутай не раз :
— Месяц мой звонкі, о месячык ясны,
Ой, не свяці ты на той пералаз!


  * * *
Звечарэла. Сонна ў пакоі.
Пахне ліпамі з-за сцяны.
Тут знайшлі дэфектыўных двое
Чалавека адно ў адным.
Мы калені падоймем горкай
I смычок пакладзём ля ног.
Падбароддзем мяккім, нягордым
Увапрэмся ў скрыпічны бок.
Мне не страшна цяпер зламацца,
Не карціць адваёўваць штось.
Для другіх хай буду нармальнай,
Для цябе — такая, як ёсць.


  Быў канец лютага
Весні туман — неспатольней за жабры
Скура, здаецца, ўбірае.
Голле вугластае, як кандэлябры,
Ўскінула груша старая.
Кропля над возерам — блісь! — і пагасла.
Так твае губы сухія
Першым дажджом, сарамліва-бясстрасна
Мне датыкаліся шыі.


  * * *
Жыццё; і ў ім — хрупасткасць і надрыў,
Бо кожная сустрэча стаць магла
Апошняю. Будынак чорны брыў,
Як п'яны па дажджы; вада цякла
3 яго; і дзіўным позірку было
Слабое далікатнае святло
Шчылінаў ставень — як шчылінаў вей:
Дык, значыць, дом населены людзьмі?
I гаспадар — сухі стары яўрэй
3 вялізнымі дзяцінымі вачмі —
Свой смешны день пасоўваў па сцяне...
Здаецца, гэты дом любіў мяне.
Глыбей у шторы шылася акно,
I воды ў трубах наўзварот цяклі —
Калі, абняўшы, аднаго адно
Мы з бездані дэпрэсіі цяглі.
Успыхваючы, падаў край-крыло
Зямлі, дзе нам так добра быць магло,—
Слабы і белы, як твая рука
У поўнай цьме, на гузіку замка.

  * * *
Хто б сказаў — каханне маё;
Я скажу — чаканне маё.
Хто б сказаў — ты любасць і гнеў;
Я скажу — бясконцы спадзеў.
Сцяўся ў ім, як броваў надлом,
Свет малы за жоўтым акном.
Час застыў над светам малым.
Анішто не здарыцца ў ім —
Не скаціцца слёз раўчуку,
Не разліцца ў цішы званку.


  * * *
Туман ярам, ярам-даліною...
3 народнага
Туман ярам... Плятуцца стужкі туману
Вакол чорных хмызоў, вакол елак малых.
Але ім устыдацца тонкага стану
I празрыстых веяу тваіх.
Пералеска ўскіне сцяблы маладыя
У глухіх вільготных ярах вясной —
I падасца, быццам хлапечай шыі
Не ўтрымаць галавы буйной.
I, нібыта аскепак светлага лёду
Аплывае сэрца весняй парой.
Толькі позна — згінулі насалоды,
Толькі сцюжай цягне з яроў.

  * * *
Неба весняе — ясны німб,
О горад мой;
Голле рыжае — светлы кілім
Над тваёй галавой.
Сёння рака сваю вязкую кроў,
О горад мой,
Гоніць хутчэй ад свістання вятроў
Над тваёй галавой.
І падаецца — ажылі дамы,
О горад мой;
Палі скляпенні зімовай турмы
Над тваёй галавой.


  * * *
Цераз якую муку вызнаем,
Чым дзячаць добрым, шчырым і адданым,
I потым — выпадковым аддаем,
Што не насмеліліся даць каханым.
I помняцца такіх спатканняў сны
Тым саладзей, што адыходзяць з ночай...
…Як лёгка з выпадковымі — яны
Запомняць нас такімі, як мы хочам.


  * * *
А у Цябе няма імя.
Ніяк не зваць маю руку ці вока;
Ніяк не зваць маё дыханне, сэрца,
Але без іх — не жыць.
Ніяк не зваць
Дыханне ночы ліпеньскай без ветру
I зорку над высокаю таполяй;
Ці яксьці зваць — ды гэта неістотна:
Яны завуцца — Ты.


  * * *
Сёння ў небе імжыцца
снег бялюткі, а дробны такі —
Маці Божая быццам
вытрасае мяхі з-пад мукі.


  * * *
Апала лісце. Месяц ліс тапад
Абмёрзлыя галіны ў неба ўзняў.
Бялёсы, як падмоклы, далягляд
I насцярожаная цішыня.


  * * *
Над цёплым пылам сходаў,
Над дзённаю кунегай —
Як быццам сінім мёдам
Напоенае неба.
I ў ясным дні, што ў ставе,
Плывеш малою плоткай...
— Мёд сіні не бывае?
Але глядзець — салодка.


  * * *
Многа зімаў прайшло,
I шмат пракацілася вёснаў,
Але дагэтуль
Выклікае здзіўленне
Toe,
Што імем тваім
Могуць клікаць кагосьці яшчэ.

  * * *
На сто дарог вакол ляжыць разбухлая зямля.
Заплыла ноч над галавой агромністае неба.
I адмяжоўвае ад іх вялізарнае голле
Маленькі свет, дзе мы з табой,
абняўшыся, сядзім.
Таполі стукаюцца між халодных, золкіх зор.
Вышэй за верхі іх
расце гарачыня абдымкаў.
I будзе час, што ў самых нас
раскрыецца бяздонне,
I стане толькі наш з табой вялікі гэты свет.


  * * *
Ёсць веліч у старых закінутых мурах —
Ды сэрца паміж іх хутчэй адчуе страх.
Не так спаруды сцен,
абломы сыпкіх вокан —
Густы і пышны ўюн прываблівае вока.
Свет ясны, так і ты мае прыгожыш сны —
Гліцыніі святлом уздоўж рабой сцяны.
Спамінам аб табе — ліянаю зялёнай —
Прыкрашан грубы мур
паўсёднасці штодзённай.


  * * *
А з бяроз — па адным — ападаюць лісты.
Імі ўсланы дарогі, нібы талярамі.
Позні вечар. Вагон напалову пусты.
Толькі белая-белая поўня над намі,
Ды з бяроз — па адным — ападаюць лісты.


  * * *
Мокрае, шэрае неба радзімы — ды вочы
Звыклі да фарбаў няяркіх, абрысаў някідкіх.
Тут пра вясну сведчыць
нават не першы лісточак —
Першыя на тратуарах падсохлыя пліткі.
Дзіва, як тут, сярод гэтае стылае слоты,
Змог узрасці — на прыгоду і песню гатовы,
Моцны і гнуткі,
як хмелю над вокнамі сплёты,
Светлы, як хмелевы гроны
ў красе вераснёвай.


  * * *
Лёгкі голас, лёгкі кашаль, лёгка ў такт
Калыхаецца хусцінка на грудзях.
I вітрыны лёгка поглядам лавіць —
Не бянтэжыць, што не хопіць заплаціць.
Так, як быццам бы адкрыты ўсе шляхі,
Быццам лёгка дараваны ўсе грахі...
3 мяккай гразі вецер вільгаць падабраў;
Новяць колер купы выпетраных траў.
Толькі нудна, абдзіраючы руку,
Ключ каторы раз правернецца ў замку —
Бо вясновы дзень, як даўні любы сон,
Цяжка-цяжка размыкае свой палон.


  * * *
Падлетак! Вусны горкія твае
I вочы, быццам лёд, што растае,
Брыво тугое надламанай стрэлкай —
Навек у сэрца мне загнаны стрэмкай.
Дзіцёнак... Вечар дыхаў, месяц цвіў;
На ўсё навокал светлы холад ліў.
I кожны з нас струною быў і смыкам,
Уадначас — і скрыпкай, і музыкам...
...Калі ж спатоліліся мы, калі
3 угрэтай падымаліся зямлі —
Світала. Ўвачавідкі халадала.
За павароткай восень нас чакала.


  * * *
Прыйдзі... Зялёны змрок у пакоі;
Віно ў скляпах не цяплей ад лёду;
Лілеі пахнуць на падваконні,
I мармур дыхае прахалодай.
Вось-вось, згарнуўшы хітон з блакіту,
Зямля пад зорную коўдру ляжа.
Веранда ў доме плюшчом спавіта —
Ніхто не ўбачыць, нішто не скажа.
А мы ў абдымках цяпло падвоім...
Прыйдз і!.. Чакаю! Бо я не веру,
Што мне й сягоння ізноў з тугою —
3 адной тугою! — дзяліць вячэру.


  * * *
Перакулены свет.
Родны дом —
Месца,
Дзе адчуваеш сябе
Ашалелай вавёркай
Сярод ляснога пажару:
Куды ні паткніся — агонь.
А чужы чалавек —
Той, каго
Да нясцерпнасці хочацца бачыць.
Не каханы,
Не сябра,
Проста — той,
На руках у каго
Звер малы з абгарэлым хвастом
Непрытомна шукае ратунку.


  * * *
У вогкай цішыні — ці дворышча, ці лес? —
Бэз абрастае пні. Пні, мабыць, грэюць бэз.
Замкнёная царква. Гнілы раскіслы яр.
На тоненькіх сцяблах пупышкі —
твар у твар.
Як бы ў нямым кіно — чакаюць над сталом
Адз ін ад аднаго героі нейкіх слоў.
I словы прагучаць і цішу скалануць.
Ды нам іх не чуваць —
мы дробныя, каб чуць.

  * * *
Вільготнай душнай ноччу цяжка спаць
I застаецца толькі ўспамінаць.
Плюскоча задуменна і тужліва
Вада, льючыся, гулкая, з адліва;
I вішаннік, разбухлы, без лісця,
Стае іс тотай іншага жыцця —
Такі ў сябе заглыблены, старонні...
Каханы, ясны мой, дзе ты сягоння?
Вільготнай душнай ноччу цяжка спаць
I застаецца толькі ўспамінаць.


  * * *
Позняй ветранай ноччу,
Паволі,
Забываючы на раскошныя пахі
Зялёнай і мокрай вясны,
Ісці і ўдыхаць
Праз складзеныя далоні
Паветра —
Бо на іх затрымаўся
Пах цела твайго,
Толькі што
Утрапёнага ласкай.


  Тваё аблічча
Сухаватыя лініі твару,
Зрослыя бровы над лёдам вачэй —
Лістапад, калі ўсё на зямлі
падабралася, змерзла, падсохла
I толькі азёры
сцюдзёнай жывой глыбінёю
Адлюстроўваюць біты марозам
прыбярэжны чарот і аер.

  Песня
Каханы мой вячэраў у доме маім, у сціплым і бедным пакоі; і не зайздросціла я гаспадыні маёй у пышных яе палацах.
Валасы твае пахнуць ветрам, цела тваё пахне хлебам, семя тваё пахне горкай травой палявой.
Сонца ўзыходзіць — залоціць шаты соснаў ды кіпарысаў; сонца сыходзіць — ты са мной застаешся.
Валасы твае пахнуць ветрам, цела тваё пахне хлебам, семя тваё пахне горкай травой палявой.


  * * *
Піск, гоман, скокі, вогнішча ўначы —
I ціхі светлы хлопчык пры плячы.
Усенькі час — праз крыкі і пяянне —
Прысутнасці ягонай адчуванне.
Адданасці і праг і повен рух
Празрыс тых воч і загарэлых рук.
I кожны міг пасоўвае няўмольна,
Нібыта гайку па разьбе, павольна
Насустрач: мне — яго, яму — мяне...
Нас непазбежнае не абміне:
Hi разгаранне, ні згасанне страсці.
Адно ж было — на самай справе — шчасце:
Піск, крык, пяянне моладзі ўначы —
I незнаёмы хлопчык пры плячы.


  * * *
Не ўсё ў разлуцы — ў журбе, бы ў труне.
Не ты — то іншы абдыме мяне.
Ты — спрыт, і сіла, і мускулаў бляск:
Кот, ахаваны багіняю Бас т.
А ён — Аз ірысу любы трыснёг,
Што вырас на скрыжаванні дарог;
I так, як пальцы ягонай рукі,
Трыснёг кранаецца хвалі ракі.


  * * *
Ўзяўшы рукі твае, датыкацца губамі запясцяў,
Адчуваць, як пульсуюць пад дотыкам
цёплыя жылкі...
Хай мне скажуць, што гэта часовае,
плыткае шчасце,
Што інакшае ёсць,—
я сваёй не прызнаю памылкі.
Хто калі вызначаў,
што часова, а што пастаянна?
Можа, ў тлуме пякельным
ці ў светласці райскага краю
Не малітваў туту,
не цярпення бясконцага ямы —
А вось гэтыя рукі ды цёплыя жылкі згадаю.

  * * *
Няўлоўна змыкаліся захад з усходам; плялася
Нябачная сетка, а колер быў шызы і цёплы.
I цёплаю шызаю сеткай акрылася неба;
Адно — дзе-нідзе пагаралі
падоўжных аблокаў
Плас ты; і сціхала гарэнне, і човен заспаны
Сухога, маркотнага белага месяца выплыў.
I ціха ўсё стала,
і плюшч развярнуўся на месяц,
I скруткам распалася ноч...
Я адна была ў хаце.
Святла не паліла, а думала толькі:
мой Божа!
Ты любіш мяне,
дараваўшы вось гэдакі вечар
I думкі аб тым, хто святлейшы
за месяца човен, —
Такі ж беззахісны,
такі ж невяртальна далёкі...


  * * *
Снег коле павекі — адліжны:
ільдзісты і рэдкі.
У мружных вачах ліхтары расцвітаюць,
як кветкі.
А сэрца — пустое. Куды жа,
ў што сябе ўкласці.
Каб гэта было — да астанняга поз ірку —
шчасце?


  * * *
Наймільшая з дзяўчат —
Велікавокасць, шчупласць і пяшчота —
Чытае ўголас вершы пра змаганне,
Пра шыбеніцы, пра зямлю і волю.
Граняцца слёзы на яе вачах.
Няздольная кахаць
Спявае пра любоў; няздольны плакаць
Вядзе за ёй пагляд сухі і востры,
Як лазера прамень; а той, хто здатны
I плакаць, і кахаць,— спяваць не можа.
Ён у куце; здушыў далонню рот,
Каб сцяць пакуту, што з яго ірвецца,
Не могучы быць выказанай словам,
А толькі гукам; ды грымас ягоных
Ніхто не разумее:
Усе вакол занятыя сабой.


  * * *
Вецер вакол мяне,
Вецер.
I я,
Стоячы на раздарожжы,
Спрабую злавіць яго
Плас тыкавым пакетам.
Рукі ледзь могуць трымаць
Празрыс тую абалонку —
Нечым напоўненую,
Не пус тую.
Але ці вецер у ёй,
Ці паветра?
Так рэчаіснасць
Пакутліва ловіцца ў вершы:
Жыцце там б'ецца
Пад пластыкам блытаных словаў
Ці толькі адбітак ягоны
На гэта імгненне?


  * * *
Маці сына й выправаджала,
А месяцам падперазала,
А зораю засцібнула,
А доляю агарнула...

Вясельная песня
Як цяжка спалучаць
Пачуцці маці — і любоў жанчыны.
Як цяжка — але толькі не з табой:
Ты і ў каханні застанешся сынам.
Не маці — я цябе падперажу
Халодным срэбным месяцам; і зору,
Як фібулу, замкну пад падбароддзем
(От хораша пяецца ў даўніх песнях!);
I доляй агарну, нібы плашчом:
Нясі старожка чару — не пралі —
Да той, танюткай і доўгавалосай,
Якую згадваў, толькі адступала
Абдымкаў нашых злітнае шаленства.
Дзе хочаш будзь. 3 кім хочаш будзь. А я
Парадуюся за цябе здалёку —
Бы тая, з песні, што на раздарожжы
Стаіць, страчаючы вясельны поезд.
3 іконаю — і з чаркай у руцэ.

  * * *
Гэта вясна —
Сонечная, як тваё «здрастуй»,
Зменлівая, як твае вочы —
Шараватыя з іскрай;
Нязграбна-юначая,
Як велікаваты рот.
Пруткая і моцная.
Як худыя хлапечыя плечы
Ў расхлістаным пінжаку.
Ты нагадваеш кожнага з тых.
3 кім вярталіся да мяне
Маіх асабістых семнаццаць.
I ў мройнай свядомасці
Сплюшчаных вей
Блытаюся: ці то вецер
Перабірае старыя травы
Колеру тваіх валасоў,
Ці ўздымае твае валасы
Колеру леташніх траваў...


  * * *
Такая ноч, што салаўі — крычаць
Адз ін адному праз глухую цьму.
Такая ноч, што хочацца сказаць:
«Жыццё маё» — усё адно каму.
Спыніся, міг! Хай у табе ізноў
Склубіцца час, мінуласць, успамін —
Каб зноў глушылі крыкі салаўёў
I ў цёплай цемрадзі цялесна млеў язмін.


  Анёлы
Мордачкі, на якіх адбіта
персікавага колеру нахабства
і дапытлівасць колеру чорнай вішні,
што гняздуе ў бяздонных вачах
пад бясконцымі веямі.


  * * *
…вечар без цябе...
…раніца без цябе...
…дзень без цябе...
нібыта цаглінкі
кладуцца ў сцяну
паміж мной і табой
з майго боку сцяны
вось-вось зацвіце алыча
нібы малаком
апырскана лёгкае голле
дыванамі
кладзецца пад ног і трава
і смяюцца вясёлыя людзі
з бутэлькамі піва
з твайго боку сцяны
я не ведаю што
а неўзабаве
магчыма
і не захочацца ведаць
...дзень без цябе...
...ноч без цябе...


  * * *
Анёл, у лёце над зямлёю
Згубіўшы галаву,
Упаў, абняўшыся са мною,
У мокрую траву.
Вышыні горняга спакою
Сабой разбіў як шкло, —
I ўпаў, абняўшыся са мною,
Каб мне мякчэй было.
Але і зрынуты з нябёсаў,
Расплюснуты аб дол
Звычайным чалавечым лёсам,
Усё адно — анёл.

  * * *
У хваляў сваё жыццё
і сваё ў травы,
У ціхіх каменняў
і гарадскіх галубоў.
I недзе ўглыбі нарастае бунт,
бо жыву
Жыццём чалавека —
а хочацца іх жыцця.


  * * *
Бязмоўны вечар. Жоўты далягляд.
Як дрэмлюць на вяроўцы апранахі.
Крывыя вулкі нізкіх шэрых хат.
Высокія сады — вышэй за дахі.
Што віравала — сціхла, прылягло.
Здаецца нават: просіцца у раму
Пры браме куст язміну, і над брамай —
Адз інай зоркі вострае святло.


  * * *
Зямля, дзе мяжуюць глыжы і будылле
3 крыжамі;
Дзе ржавыя косткі змяшаны з жалезам
Іржавым;
I ўсё гэта сплёты здзічэлых малінаў
Хаваюць ад свету...
Калі Бог і праўда зляпіў мяне з гліны —
То з гэтай.


  * * *
Ліпнёвы поўдзень збіў над вербамі
Аблокаў чараду;
I вербы — да адной — абернены
Каскадамі ў ваду.
Празрыс таю галля заслонаю
Шаволяць плыні ўслед...
Зялёная вада, зялёная,
Аблокаў дзіўны квет.
У засені вярбы, пад выгінам,
Чакаўшы, ты стаіш.
А вочы — як у неба выемы,
Як хтось прыдумаў іх:
Глыбокія яны, бяздонныя —
Перакуліўся свет...
Зялёная вада, зялёная,
Аблокаў дзіўны квет.

  * * *
А ты мне паклаў на плячо галаву
I стаў гаварыць, што не бачыш жыцця;
Адно бачыш — дымныя вейкі Яе
Ды лёгкія пасмы над гладкім ілбом.
А ўчора ты ружу за шторай схаваў,
Яна ж не звярнула увагі — ані;
А ён Яе мучыць... Ды хто такі ён,
Каб смеў тваю панну
Хоць пальцам крануць?!
А ён... А Яна...
Гавары, гавары.
Я слухаю моўчкі — аб Ёй, аб табе
Ды нават аб ім. Бо галоўнае —што?
Што ты мне паклаў на плячо галаву.

Оглавление

  • ЗМЕСТ