Я з той краіны, дзе рвуцца з долу
Тугія стрэлы хвой карабельных,
Дзе, белагрудыя, над вадою
Стаяць бярозы, як каралевы.
Там пушчы — заблудзішся.
Толькі па зорах.
Па сцежках зубрыных знойдзеш дарогу.
У рэках сонных, у цёплых азёрах
Там ходзяць i сёння акунь ды стронга.
Я з той краіны, дзе ўранні жанчыны
Браць лён ідуць як адна, хаўрусам.
Глядзі ды любуйся: воч золак сіні
Ды рэчкай з-пад хуст —
валасы бела-русыя.
А хлопцы там — сокалы.
Дзень у хлопцаў —
На зрубах звонкіх, на дрогкіх машынах,
А вечар — над ручкі вядуць да варотцаў
Пявучых сябровак сваіх з вечарынак.
Я з той краіны, што ў век беспрасветны
Ясны прамень нарадзіла — Скарыну
I песню для славы дала сусветнай
Адаму Міцкевічу — роднаму сыну.
З краіны, дзе Каліноўскага слова
Лес віл ды кос на цара ўздымала,
Дзе голасам чыстым у час суровы
Зваў з цемры люд свой Янка Купала.
Я з той краіны, што мужна сустрэла
Браню прышэльца ў дні грозныя тыя,
Што ўся — ад неба да неба — гарэла,
Як свечка, тысячаю Хатыняў.
Там месца нідзе не знаходзілі каты
Ад куль партызанскіх i ад гранатаў,
Былі ў партызанах там дрэвы i хаты,
Была ў партызанах сама зямля там.
Я з той краіны, што кранаў рукамі
Узнесла з руін гарады, як вясёлкі,
Што гуслямі новымі — правадамі
Абвесіла ўсе бальшакі i прасёлкі.
Разносяць па свеце краіны той славу
Асілкі-БелАЗы — шырокі канвеер!
Краіны той голас высокі па праву
Гучыць паміж роўных на ўсіх асамблеях!
Я з той краіны, дзе ліпень купае
Зару ўсю ноч у ставах птушыных
I дзе стагоддзі агнёў купалля,
Чырванакрылых, не патушылі,
Дзе песню новую да небакраю
Нясе маладосць па шляхах вясновых
I плешча мора — вечна жывая,
Мая беларуская звонкая мова!
Mae землякі —
людзі не гаваркія.
Здаўна пра ix кажуць:
на словы скупыя.
Ды мне яны
шмат пра сябе гавораць
Сваімі жытамі,
якім не ўстаіцца ніяк ля небасхілаў Асінава
(каласоў шматгаловае веча!);
Волатамі-стагамі,
што да вясны наваколле духмяняць
(сабралі ў ix косы ўвесь луг казяльцовы!):
Слуцкімі бэрамі срэбралістымі,
дзе сонца збірае мёд
у пладоў яснабокіх скарбонкі;
Дамамі з узорнымі ліштвамі,
дзе, вылецеўшы з-пад разца гаспадара,
паселі навечна — дзюба да дзюбы —
галубоў неразлучныя пары.
Расказваюць мне землякі
пра сябе красамоўна
Вяргінямі ды півонямі,
што ўсё лета гараць пад вакном
на высокіх сцяблінах (што паходні!);
Ахапкамі маю,
якім харошаць на свята ганкі i вуліцы
(пахне ўся вёска тады бярозкамі ды аерам).
Пра сябе землякі
мне вельмі шмат гавораць
Нават тады, як маўчаць,
Ідучы, прыгорбіўшы плечы,
За труною свайго вяскоўца,
З якім увесь век аралі i сеялі,
Гулялі ўлазіны i вяселлі,
Спявалі i плакалі...