КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Падарожжа ў XIX стагоддзе [Адам Мальдзіс] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

памёр на Украіне пад чужым прозвішчам у час эпідэміі халеры. Ян Чачот — за ўдзел у тайных віленскіх арганізацыях сасланы ва Уфу і Цвер, вярнуўшыся, шукаў прытулку ў чужых людзей, памёр ад туберкулёзу. Ян Баршчэўскі — жыў амаль у жабрацтве. Аўтар даследавання «Беларусь» і балады «Нячысцік» Аляксандр Рыпінскі—за ўдзел у паўстанні 1831 года на тэрыторыі Віцебшчыны завочна прыгавораны да ссылкі ў Сібір, вымушаны быў эмігрыраваць; у царскай імперыі яго творы былі забаронены. Уладзіслаў Сыракомля — жыў пад наглядам паліцыі, памёр ва ўмовах хатняга арышту. Вінцук Дунін-Марцінкевіч — арыштаваны за дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863 года, жыў пад пільным наглядам паліцыі, пасля 1863 года не меў права і магчымасці друкавацца. «Наддзвінскі дудар» Арцём Вярыга-Дарэўскі — як актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года на Віцебшчыне сасланы ў Сібір на 8 год катаржных работ, памёр у выгнанні ў Якуціі. Францішак Багушэвіч — у сувязі з паўстаннем 1863 года вымушаны быў хавацца на Украіне. Адам Гурыновіч — за кіраўніцтва рэвалюцыйным «Гуртком моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай», за распаўсюджванне перадавых ідэй і кніг, у тым ліку марксісцкіх, кінуты ў змрочны каземат Петрапаўлаўскай крэпасці, памёр у 25 год ад чорнай воспы. І нават над Аляксандрам Ельскім, пісьменнікам памяркоўна-ліберальным, а ў канцы жыцця — кансерватыўным, таксама быў устаноўлены нагляд паліцыі, якой хацелася ведаць, ці не ён гэта адпраўляе за граніцу артыкулы аб каланізатарскай палітыцы царызму ў Беларусі і ці не звязаны гэтыя артыкулы нейкім чынам з тым, што ў Пінску жанчыны... пачалі насіць цёмныя акуляры. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу.

Сёння, гледзячы з гістарычнай аддаленасці, мы бачым, што гэтыя жандары ад літаратуры мелі рацыю. Іх тонкі нюх сігналізаваў небяспеку з таго боку, дзе яна была сапраўды. Лепшыя здабыткі беларускай літаратуры XIX стагоддзя — ад ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» праз «Мужыцкую праўду» да прасякнутых сялянскім потам і слязой вершаў Багушэвіча і Лучыны, да вострай сатыры Абуховіча — наскрозь дэмакратычныя, наскрозь народныя і свабодалюбівыя. Вядома, былі і іншыя творы. Былі спробы магілёўскіх чыноўнікаў Ф. Блуса і А. Кісяля ў вершаванай форме абараніць прыгонніцтва і самаўладства, даказаць, што беларускі мужык не варты свабоды. Былі спробы падрабіцца пад голас беларускага селяніна з боку Польскіх кансерватыўных колаў, асабліва напярэдадні паўстання 1863 года. Былі дыдактычныя павучанні Ельскага аб тым, што кожная ўлада — ад бога. Але ўсе гэтыя творы не аказалі істотнага ўплыву на развіццё нашай літаратуры. Напісаныя на нізкім мастацкім узроўні, далёка не з прагрэсіўнымі мэтамі, яны засталіся чужымі народу і невядомымі яму. Яго думкі і спадзяванні выказвала дэмакратычная паэзія Багушэвіча і Лучыны, Гурыновіча і Абуховіча, рэвалюцыйная публіцыстыка Каліноўскага і нелегальныя брашуры накшталт «Дзядзькі Антона». Праўдзівасць, рэалістычнасць у паказе народнага (пераважна сялянскага) жыцця становяцца эстэтычным сцягам новай беларускай літаратуры.

Не я пяю — народ божы
Даў мне ў песні лад прыгожы,
Бо на сэрцы маю путы
І з народам імі скуты.
З ім я зліўся з добрай волі.
Чы то ў долі, чы ў нядолі,
Чы гдзе гора абзавецца,
Як асіна, грудзь трасецца.
Чы пра радасць чую весці,
Усё ў грудзь хаваю гдзесьці

,— пісаў Янка Лучына.

Развіццё новай беларускай літаратуры па шляху рэалізму і народнасці было нялёгкім і супярэчлівым. Пісьменнікам XIX стагоддзя, па сутнасці, прыходзілася пачынаць амаль на голым месцы. На працягу XVII і XVIII стагоддзяў паланізатарам удалося абарваць тыя традыцыі, якія ішлі ад Скарыны, Буднага, Цяпінскага і іх сучаснікаў і паслядоўнікаў. Праўда, у народзе жыла памяць аб тым, што калісь беларуская мова была дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага, што на ёй пісаліся кнігі і юрыдычныя акты. Але ў пачатку XIX стагоддзя ўсе, хто мог чытаць і пісаць, у Беларусі, за выключэннем нешматлікага царскага чыноўніцтва, чыталі і пісалі пераважна на польскай мове. Беларускай мове адмаўлялі ў праве на грамадзянства як рускія чыноўнікі, так і польскія паны. У лепшым выпадку, яны згодны былі прызнаць яе «мужыцкім дыялектам», прастамоўем, здольным перадаць толькі самыя прымітыўныя думкі і пачуцці. Больш таго, яны баяліся беларускага слова і пры кожным зручным выпадку забаранялі яго. Вядомы рэакцыянер Фадзей Булгарын, той, які высмеяны ў «Тарасе на Парнасе», з жахам пісаў на старонках «Северной пчелы» (№ 228 за 1837 год): «Дойдзе да таго, што ў нас стануць пісаць беларускай гаворкай, як пры цару Аляксею Міхайлавічу і каля гэтай эпохі.

Калі не будзе супрацьдзеяння, шкодны пераварот можа адбыцца: мова Карамзіна, Дзмітрыева... заменіцца мовай