КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Ралля суровая [Нiна Мацяш] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

БАЛАДА МАРЫ
Дзівосным пер'ем грае цёплы птах, —
Ажно шчыміць і замірае сэрца
Ва ўзбуджана-шчаслівай паняверцы
Раскошу гэту бачыць блізка так.
І рукі узлятаюць да яе,
І пальцы чуюць трапятлівасць цела
Але,
       зіхоткая,
                    амаль нясмела
Ірвецца птушка прэч
                               і растае...
Асірацела гойдаецца трон —
Вечназялёны куст, што цуд той гушка
Была такой вясёлкаваю птушка —
Скуль на далоні чорнае пяро?

БАЛАДА ПАМЯЦІ
Цвіла пяшчотным лёнам неба сінь.
Жаданая, чаканая, уладная,
Ішла —
           не ў госці йшла, а назусім
Да чалавека
           Радасць Безаглядная.
Ёй бачылася ўжо, як шумна ў дом
Увойдзе гаспадыняй раным-раненька.
...Сурова заступіў дарогу дот,
Аброслы мёртвым зеллем і крываўнікам.

ЧЭРВЕНЬСКАЯ БАЛАДА 1941 ГОДА ДНЯ 25-га

Памяці Юрыя Папова, дваццацігадовага стралка-радыста, камсорга 130 СБАП; памяці ўсіх лётчыкаў памянёнага палка, паўшых на Бярозаўшчыне ў першыя дні Вялікай Айчыннай.

Сівелі азёры з бяды і адчаю,
Чарнелі ад гора крывавага дня.
Крычала ў бяспамяцці, білася чайка:
У небе гарэла яе чаяня...
Пра што ён думаў у баі няроўным?
Душыла хіжа свастыка зямлю,
Расхлістаную, да пакуты родную...
Пра што ён думаў у баі няроўным?
Фашысцкія знішчальнікі, як восы,
Па двое наляталі на яго.
О неба, неба, стань ты смертаносным
Для подлага захопніка твайго!
І помстай адзываліся нябёсы
За руйнаваны беларускі дом —
Палалі танкі на шашы між сосен,
З-пад ног чужынца вырываўся дол.
Даруй, матуля! Некалі было
Цябе згадаць бязвусаму салдату:
Радзіму б засланіць сваім крылом!..
Падлічваць Перамога будзе страты...
Сівелі азёры з бяды і адчаю,
Чарнелі ад гора крывавага дня...
...Віецца з журбой непазбыўнаю чайка:
У небе згарэла яе чаяня...

ЗВЫЧАЙНАСЦЬ ПАД МІРНЫМ НЕБАМ
Гарэзяць на падворку дзеці.
Курыць туманам нізкім пожня.
Усё звычайна ў гэтым свеце:
І першы ўсхліп, і ўздых апошні —
Як дым над комінам вясковым,
Як тонкі месяца акрайчык.
Спакон вякоў было такое:
Смяюцца людзі, людзі плачуць.
Ступае на каціных лапках
Ноч зорна-жнівеньскае масці.
Чаму ж ад кволай думкі зябка—
Што згэтуль знічкай мне прапасці?
Усё звычайна ў гэтым свеце,
І першы ўсхліп, і ўздых апошні—
Былі каб толькі вечна дзеці,
І дым над комінам, і пожня!
Ды як набыць бясстрашной сілы
Без горычы, без наракання
Сысці ў нябыт, а што любіла —
Пакіыуць тут усё дазвання,
Калі й надзеінка не свеціць,
Што ўпэўніцца зноў будзе можна:
Усё звычайна ў гэтым свеце—
І першы ўсхліп, і ўздых апошні?..

КРЫНІЦА У АРЭШНІКУ
Ты з якога стагоддзя прабіўся, струмень?
Так утульна з табой у гушчэзным арэшніку.
Што аддаў ты зямлі, каб прыдбаць узамен
Гэту сілу і гэту крышталёвасць
                                             бязгрэшную?
Што ты хочаш паведаць, такі гаваркі,
Моршчыш лоб, нібы сілішся ўспомніць
                                             штось важнае,
Што?
        ...Раптоўна нямею, уражаная:
Крутануў вір каменне. Лёгка.
                                             Быццам вякі.

ШЫПШЫНА
Гляджу на куст шыпшынавы з тугою:
Не ўбераглі яе калючкі цвету.
Дзеля чаго ж яны тады на голлі?
Маўчыць маё дасведчанае лета.
Ажно да ўзлесся з сонечнай палянай
Усеўладарна падступіла жыта.
Нямала і ў мяне галін зламана
Чужым і ўласным хапатлівым бытам...
Спакой — не здзьмуць апоўдню
                                      й парушыны
З ліста, ён і не сіліцца дарэмна.
Я знаю: быць шыпшынаю шыпшыне,
Пакуль зямлі трымаецца карэннем.
І ўсё ж на куст гляджу, гляджу