…пашый мне, маці, новыя латы,
латы з тваіх сівых валасоў.
памый слязьмі, бо іншым салдатам
жыццё вярталі яны шмат разоў.
падкуй мне, маці, майго каняку,
пярсцёнкам сваім заручальным падкуй.
тады сабакі не знойдуць знаку,
дзе праскакаў я, жывы пакуль.
змайструй мне, маці, шалом ты новы,
з купальскіх зёлак, свянцоных вербаў,
каб не прымераў нашых галоваў
драўляны кол пад чужынскім гербам.
даруй мне, маці, што зблытаў стопы,
парушыў рытмы, прасіў замнога.
мне трэба воля вышэйшае спробы,
таму для сэрца адна дарога.