КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

У дазоры [Антон Алешка] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Антон АЛЕШКА


У ДАЗОРЫ


Каля каравульнага памяшкання цвіў кветнік. Густа пахла піво- нямі. На слупах веранды віўся хмель, навісаючы над уваходам. Побач на нізенькім століку перамешваў костачкі даміно Міхась і ківаў байцам, якія стаялі побач.

— Прашу на адну партыю.

— Можна...

Трое размясціліся за сталом, а Міхась збіў феску і стоячы ўзмахваў рукою.

— Не затрымлівай! Думаеш многа...

Чутны ўдары костачак і гучны смех Міхася. Я сяджу побач і праглядаю газету. Потым адрываюся і пазіраю лявей нашага лагера. Там у кусціках раз за разам страляе вучэбнае задание батарэя артпалка! Уздрыгвае паветра і нібы хто дыхае ў твар. Яшчэ лявей, у нашым ціры, кароткаю чаргою сакоча кулямёт. Лес гудзе ад стрэлаў гармат, а ўзлескі лёгка ўтораць кулямёту.

У каравулцы гадзіннік гучна прабіў дзесяць. 3 веранды відаць жоўтая паласа лінейкі. На ўзгорку каля палатак паказаўся наш возчык Ніка. Усякі ведае яго ў лагеры, таму што ён кожны дзень раз'язджае на буланым коніку з бочкай вады. Палівае кветкі і ў дадатак выцірае шкло ў ліхтарах, што стаяць на трох лінейках. Ніка маленькі, сутулаваты чалавечак з вялікай кантовай галавою. Зялёная фуфайка цесна напялена на плечы, а шырокія порткі робяць яго яшчэ ніжэйшым. Бялява-рыжыя вусы спадаюць палойкамі лёну і нібы падпіраюць закруглены чырвоны нос. Што асаблівага заўважыў я пры сустрэчы з ім аднойчы, дык гэта вочы. Пад лахматым падстрэшшам рыжых брывей нібы ўмазаны былі шэра-бялявыя кружкі вачэй. Ён, не міргаючы, пазіраў на мяне і ад гэтага засталося непрыемнае ўражанне. Ніка вельмі рухавы і лёгкі на слова. Усё яго цікавіць, з усякім ён любіць пагутарыць.

Ужо каторы раз, як толькі я ўбачу яго, мне хочацца стаць дзе-небудзь непрыкметна і наглядаць за ім. Работа ў яго ідзе сёння марудна. Ён ставіць табурэт, доўга корпаецца ў ліхтары і тады ідзе далей.

Я пазіраю на ўзлескі, на шэры замурзаны хмарамі захад з чырвоным акрайкам сонца і іду ў каравулку. Гуляю з каравульным начальнікам у шахматы. Карнач часта пакрэктвае і гуляе марудна. Сумняваецца ўсе, ці так паставіў фігуру. Мы згулялі адну партыю, а ў палове другой я стаў яго цясніць на левы край. Ён тым часам глянуў на гадзіннік і вылез з-за стала:

— Пара падрыхтавацца.

Я надзеў шынель і дакурваў люльку, як ён падаў каманду:

— Дазор, зараджай!

Перастуквалі баявыя патроны, хаваючыся ў магазіннай каробцы. У падсумку звякалі абоймы. Я накіраваўся ў дазор. Ноч не абяцала спакойнага надвор'я. Хмара закрыла ўсё неба і стала так цёмна, што хоць вока выкалі.

Праз гадзіну пратрубіў гарніст адбой і лагер стаў засынаць. Я ішоў па дарозе і прыслухоўваўся к шолахам. Пад нагамі суха паскрыпваў пясок. Абышоўшы разы два тэрыторыю лагера, я ля днявальнага шаста сустрэў майго напарніка Міхася.

— Каля мехбрыгады пільней глядзі, — параіў я яму.

— Гляджу.

Мы зноў разышіліся ў розныя бакі. На чорным фоне неба ў баку артпалігона бачыў я бязгучна ўспыхваючыя кропкі. Яны хутка, адна за аднэй, ляцелі ўгору і гаслі. Такія ланцужкі рознай даўжыні яснымі пацеркамі штохвіліны ўсявалі цёмнае неба. I было дзіўна, што гуку не чуваць, а толькі відаць ясныя чаргі кулямётных стрэлаў.

Крыху пазней цэлым веерам шыбанулі ланцугі пацерак у вышыню неба. Гэта пачалі працаваць зенітныя кулямёты па слядах блакітна-яркага снапа пражэктара. Хмары яшчэ болей згрудзіліся, залапатаў дождж. У ліхтарах замільгалі агні.

Вярхі палатак белым пылам закурыліся ад дажджу. Я паставіў каўнер і не спыняў хады. Над галавою пасвістваў вецер.

У лесе было зацішней і я збавіў крок. Бачыць я нічога не бачыў, але ўвесь насцярогся. Адсюль чуваць былі розныя шолахі і трэба адрозніць — каторы з іх выкліканы ветрам, упаўшай галінай, а каторы — крокамі нядобрага чалавека.

Праз гадзіну прамок шынель. Я спыніўся пад ёлкай. Яна была густая і дождж яе не прабіваў.

Шумелі верхавіны дрэў, гучна падалі буйныя каплі дажджу. Далятаў аднекуль сабачы брэх.

Дождж стаў сыпаць драбней, з перагонамі, а потым перастаў зусім. Патухалі зоры. Вецер не сціхаў. Усход паступова святлеў, але навакол была яшчэ туманная сінь. Хутка дзень. Прамокшая рубашка ліпла к целу. Я вышаў з лужка і прайшоў каля канюшань. За імі рэдкі пралесак і дарога на станцыю. Мне здалося, што ад баракаў хтосьці пайшоў у бок дарогі. Я паспяшыў і спыніўся за кустамі. Над раўчуком плаваў туман. Я прайшоў далей і прыслухаўся.

Чутна размова. Я адразу звярнуў у кусты і пачуў трэск ззаду. Гэта скочыў сабака Нікі. Ён нюхнуў палу шыняля і завярнуў назад. У лагеры ён к нам прывык і лашчыўся к кожнаму. „Што можа рабіць тут Ніка? Без яго сабака не пойдзе?" — лезлі ў галаву пытанні. Я выглянуў з-за куста і ўбачыў за прагалінай дваіх. Аставалася поўзагона, а я сагнуўшыся пралазіў ля кустоў.

3 лісця арэшніка падалі каплі. Было мокра. Я выпрастаўся і крыкнуў:

— Хто тут?

Стаяўшыя замерлі на месцы, нічога не адказаўшы. Потым адзін накіраваўся да мяне.

— Стой!..

Падышоўшы бліжэй, я пазнаў Ніку і ўраз апынуўся каля другога, на хвіліну збянтэжанага.

— Вам куды?

Ён не адказаў. Потым мармытнуў пад нос і паказаў на Ніку, які таптаўся побач.

— Ды гэта свае,— запэўніваў Ніка.

Я зірнуў на незнаёмага. Ён зашпіляў шэрую сялянскую куртку і, скоса зірнуўшы на мяне, сказаў:

— Пойдзем, Ніканор...

— Ды мы зараз,— аглядаючыся прамовіў Ніка.

Яны ўжо меліся накіравацца да бліжэйшага барака, дзе жыў Ніка, але я скамандаваў:

— У каравульнае памяшканне, арш!

Зняў з пляча вінтоўку і пайшоў за імі.

Ніка спрабаваў гаварыць.

— Я тут жыву, ты мусіць не пазнаў.

— Маўчы!..

Мы выйшлі паўз сталовую на дарогу і сустрэлі Міхася.

Ён зняў вінтоўку з пляча і ішоў поруч са мною. Мокры пясок чаўкаў пад нагамі.

Падышлі да каравульнага памяшкання, а тут-ю жа за ім у маленькім бараку — дзяжурны па лагеру.

— Прашу дакуманты,— загадаў дзяжурны.

— Яны пра палігон гаварылі і мехбрыгадай цікавіліся,— сказаў я.

Незнаёмага абшукалі. Знайшлі насведчанне асобы курсанта інжынернай школы і комсамольскі білет на імя байца Н-скага стралковага палка.

— А вашы дакуманты дзе? — дапытваўся дзяжурны.

— Няма...

3-за пазухі вытраслі скомканы ліст паперы.

— Гэта што? A-а, тапаграфіяй займаецеся...

На лісту была начырчана схема артпалігона і мехбрыгады, кружочкамі былі абведзены ў радок напісаныя некалькі лічбаў.

— Хто гэта чарціў?

Абодва маўчалі. Я звярнуўся да дзяжурнага, каб ён дазволіў мне ісці.

— Ідзіце,— сказаў дзяжурны.

Я вышаў з каравулкі і спыніўся. Званіў тэлефон і чуцён быў сіплаваты голас дзяжурнага.

— Алё! Мне асобы аддзел.

Праз поўгадзіны прыйшла змена каравула.