КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Пісьменніцкія былі і небыліцы [Аляксей Гардзіцкі] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


АЛЯКСЕЙ ГАРДЗІЦКІ


ПІСЬМЕННІЦКІЯ БЫЛІ І НЕБЫЛІЦЫ


Літаратурныя эцюды

Жанр гумарэскі, анекдота пра пісьменнікаў у нас быў няразвіты. На гэта ёсць прычыны. Адна з іх — наша сціпласць, недаацэнка гісторыі беларускай літаратуры, наогул культуры, маўляў, у рускіх пра Пушкіна гавораць, дык гэта ж Пушкін, у іх жа развітая літаратура! Куды там нам?! А калі згадаць, то гэты жартоўны жанр не менш, а, магчыма, і больш, чым у іншых рэспубліках, у нас бытаваў непасрэдна ў жыцці, пісьменнікі любілі і любяць пажартаваць адзін з аднаго. Аднак публікацый амаль не было. Не было, мусіць, і таму, што яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць назад самі героі гэтых анекдотаў, жартаў прымалі б іх, як кажуць, не за здаровы гумар, а за своеасаблівыя кпіны, нават крытыку. Хоць крытыку тады, як вядома, толькі на словах паважалі, на справе яна магла і нашкодзіць. Што ні кажыце, галоснасць неяк незаўважна паўплывала на нашы адносіны да гумару, дакладней, да падобных гумарыстычных твораў. Імкнучыся быць, як цяпер прынята гаварыць, карэктным, я пазваніў асобным героям, на мой погляд, найбольш вострых жартаў (I. Чыгрынаву, Г. Марчуку, А. Ставеру), спытаў: ці можна друкаваць у такім выглядзе гэтыя рэчы, а можа, змякчыць што? Адказ быў прыкладна аднолькавы: «Можаш даваць, гэта мяне не крыўдзіць». I справядліва. Як даўно вядома, дасціпная жартаўлівасць — сведчанне высокага інтэлекту чалавека.

Мне здаецца, што сёння больш раскавана пачынаюць адчуваць сябе і аўтары такіх публікацый.

Прапаную чытачам гэтую бывальшчыну, якая неяк незаўважна назбіралася ў мяне.


ШТО СВОЙ, ШТО ЧУЖЫ

Заходні фронт. На машыне едуць ваенныя пісьменнікі. Раптам у паветры з'явіўся самалёт. Пятрусь Броўка крычыць Аляксею Сур­кову:

— Алёша, хавайся!

— Дык гэта ж наш самалёт,— пярэчыць Суркоў.

— Ці свой, ці чужы — усё адно хавайся.


ЯК ЗЛАВІЛІ ГІТЛЕРА

На пачатку вайны двое сяброў-студэнтаў, абодва Міколы — Аўрамчык і Сурначоў — рынуліся з натоўпам людзей на ўсход. У Мсціславе ваенкамат арганізаваў полк пераважна са студэнтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Трапілі ў гэты полк і абодва Міколы, і Анатоль Плюшкоў, які толькі што скончыў дзесяцігодку. Hi абмундзіраванння, ні харчоў не далі, таму кожны шукаў ежу самастойна. У час маршу на ўсход, недзе ўжо на Тамбоўшчыне, беларуская троіца адбегла ў недалёкую вёску, каб з’есці што ды і ўзяць на запас. Даганяючы так званы полк, а яго наступны прывал ім быў вядомы, хлопцы падселі на спадарожную фурманку. Раптам з лесу выйшлі на дарогу двое вайскоўцаў, адзін пры шпале, што азначала на той час званне капітана, а другі пры кубіках — лейтэнант. Каторы пры кубіках адразу пераняў за вобраць каня і сказаў капітану, паказваючы вачыма на Плюшкова: «Вельмі ж падобны на Гітлера, толькі, гад, паспеў вусікі збрыць, а гэтыя двое — яго памагатыя». Мікола Аўрамчык пасля ўспамінаў: «Я глянуў на Толю, што там магло паказацца падобным на Гітлера? Круглатвары, светлавалосы, праўда, ад нашай бегатні ў яго прыліп да ўспацелага ілба наўскасяк чубок. Адразу раздалася каманда: «Вашы дакументы!» Якія там дакументы, калі іх забралі ў ваенкамаце. Пачалі тлумачыць, што мы з палка, які спыніўся непадалёку. Дагналі полк. Як толькі хлопцы, убачыўшы нас, зарагаталі, вайскоўцы адразу рэціраваліся, зніклі».


ПЛАТОН ВАРАНЬКО ПАМАГАЕ АДКРЫЦЬ ДРУГІ ФРОНТ

Ваенная Масква. Сюды з каўпакоўскага злучэння прыляцеў украінскі партызан і паэт Платон Варанько. Якраз у той час у сталіцы пачалі з’яўляцца прадстаўнікі саюзніцкіх дзяржаў Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў Амерыкі. На сустрэчах заўсёды ўзнімалася гаворка аб адкрыцці другога фронту. Вядома, што саюзнікі ўсё марудзілі. I вось на адзін з урадавых прыёмаў запрасілі як партызана Платона Варанько. Сеў ён сціпла, напрыканцы даўжэзнага стала, дакладней, расстаўленых у даўжыню меншых сталоў, і стаў слухаць гасцей. А калі яму надакучылі іхнія апраўданні, то ўзлез на стол, а тады пайшоў па ім прама да кіраўнікоў дэлегацый, што сядзелі ў канцы, і абурана выкрыкнуў: «Вы наўмысна не адкрываеце другі фронт, чакаеце, каб Савецкі Саюз знямог!» Вярнуўшыся ў свой нумар, што быў тады ў атэлі «Масква», паэт ціха вымавіў жонцы: «Сушы сухары. Заўтра мяне забяруць».

Назаўтра ён нікуды не выходзіў, чакаў... Раптам раздаецца тэлефонны званок. Ледзь жывы, паэт паднімае трубку і чуе: «Таварыш Варанько?.. Мы ўдзячны Вам за ўчарашняе выступление на прыёме. Вы вельмі добра выказалі думку савецкага народа аб неабходнасці як найхутчэй адкрыць другі фронт. Мы Вас запрашаем сёння на прыём яшчэ адной саюзніцкай дэлегацыі».


3 ФАНТАЗІЙ ДЗЕДА ТАЛАША

Героя коласаўскай аповесці «Дрыгва» палескага партызана часоў грамадзянскай вайны і нямецкай акупацыі дзеда Талаша на пачатку 1944 года прывезлі ў Маскву, дзе тады знаходзіўся ўрад Беларусі. Героя-партызана, якому было далёка за дзевяноста, пачалі вазіць на сустрэчы з рабочымі заводаў, прадпрыемстваў. На адной з такіх сустрэч былі сакратар ЦК КП Беларусі Ц. С. Гарбуноў і Максім Танк. Нехта з залы спытаў дзеда Талаша, як ён ваяваў з нем­цам!.

— Як Карла Маркс, на кані і з шабляй,— прамовіў дзед.


ШУКАЙЛАВА АВАНТУРА

Калі я працаваў над пісьменніцкім даведнікам 1981 года, то старэйшыя літаратары раілі мне ўключыць у гэтае выданне і нататку пра рэпрэсіраванага ў свой час паэта і крытыка Паўлюка Шукайлу. За апошняе слова ў даведачнай літаратуры тады была прынята Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, але ў ёй імя гэтага пісьменніка нават не ўпаміналася. Пайшоў я да аднаго адказнага таварыша высветліць гэтае пытанне (а тады людзі чамусьці былі падзелены на адказных і, мусіць, астатніх, безадказных). Дык вось, той адказны таварыш мне і кажа:

— Уключаць у даведнік Шукайлу нельга. Гэта авантурыст.

Я дазволіў сабе спытаць, у чым гэты авантурызм выявіўся. Аказваецца, на пачатку 30-х гадоў у час працы ў Ленінградзе віцэ-прэзідэнтам Акадэміі мастацтваў на яго пачаліся паклёпы і абвінавачванні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Адчуваючы небяспеку, Шукайла едзе ў Маскву і адтуль дае тэлеграму ў Акадэмію мастацтваў: «Прашу спыніць траўлю таварыша Шукайлы. Кагановіч».

Аказваецца, ёсць розны авантурызм. Гэты — у імя выратавання жыцця. Але, мабыць, і не без гумару ў той час, калі нікому не хацелася смяяцца.

Неўзабаве пісьменнік пераехаў у Маскву. Але і тут яго знайшлі. I ён знік назаўсёды. Так скончылася гэтая трагікамічная гісторыя трагікамічнага часу.


ЯК АНТОН БЯЛЕВІЧ ЗЛАВІЎ ДЫВЕРСАНТА

Масква ваеннага часу. У тралейбусе едзе Антон Бялевіч і чуе размову двух мужчын. Адзін з іх гаворыць, што нямецкія самалёты «Месершміты» добрыя. Антон Пятровіч адразу яго за рукаво:

— Пойдзем у міліцыю, ты дыверсант!

У міліцыі Бялевіч сказаў:

— Я злавіў дыверсанта, ён хваліць нямецкія самалёты.

— Вашы дакументы,— запатрабаваў дзяжурны.

— Я галоўны авіяканструктар Якаўлеў, аўтар самалётаў «ЯК»,— вось маё паеведчанне,— заявіў мужчына.

— А вы хто?

— Я паэт Антон Бялевіч.

Дзяжурны вярнуў абодвум дакументы, а замест развітання мацюкнуўся.


«ПРАЦУЙЦЕ 3 ГЭТЫМІ»

Сярод пісьменнікаў бытуе такая легенда. Недзе ў пасляваенныя гады ў Саюзе пісьменнікаў СССР прыступіў да працы новы партыйны сакратар. У тыя ды і ў пазнейшыя часы была такая завядзёнка: калі ты заняў новую пасаду, то найлепш было абганіць работу папярэдніка, тым самым паказаць, што да цябе тут нічога не зроблена, а на гэтым фоне пазней можна будзе пахваліцца сваімі поспехамі, глядзі, можа, і падвысяць. I вось новы парторг вырашыў далажыць пра ідэйна-маральны клімат у Саюзе пісьменнікаў самому таварышу Сталіну. У сваім дакладзе парторг называў многа вядомых імён, гаварыў, што вось гэты пісьменнік піша малаідэйныя творы, а той не праяўляе актыўнасці на сходах, у трэцяга не ладзіцца ў сям’і, чацвёрты выпівае, пяты... ну і так пайшло-паехала далей.

Іосіф Вісарыёнавіч паслухаў парторга і завяршыў: «Іншых пісьменнікаў у нас у краіне няма. Працуйце з гэтымі».


СЕНСАЦЫІ НЕ АДБЫЛОСЯ

У чэрвені 1953 года ў Кіеў была запрошана група беларускіх пісьменнікаў і артыстаў. 3 дакладам пра нашу літаратуру і яе творчыя сувязі з украінскай на вечары выступіў Павел Кавалёў. Тады да так званай адлігі было яшчэ далекавата, тым больш не надышлі застольна-застойныя часы, але банкет гаспадары наладзілі адмысловы. Яно, канечне, і разышліся позна, і толькі ў атэлі беларусы заўважылі, што недзе знік Павел Кавалёў. Няўжо тут вінавата жанчына?.. Усе ведалі Паўла Нічыпаравіча як прыстойнага сем’яніна і раптам — на табе такое. Во будзе сенсацыя!

Назаўтра за сняданнем калегі цікавяцца ў Кавалёва, дзе ж прападаў ён.

— Быў у адной жанчыны,— прызнаўся пісьменнік.

— Ну і што? — у чаканні сенсацыі ўсе позіркі былі скіраваны на Паўла Нічыпаравіча.

— Вельмі цікавая жанчына,— агульнымі словамі адказаў ён.

— Ну і што? — ужо з нецярпеннем пыталіся калегі.

— Член партыі з 1905 года.


ПРАМОВА ПІЛІПА ПЕСТРAKA Ў ГАРОДНІ

Пісьменнік-рэвалюцыянер, былы падпольшчык і вязень польскай дэфензівы, Піліп Пестрак прыехаў з групай пісьменнікаў на літаратурныя выступленні ў Гародню. Першая сустрэча адбылася са студэнтамі. Піліп Сымонавіч выйшаў да іх і сказаў:

— Дарагія таварышы гародзенцы! Я вас вельмі люблю, бо я тут сядзеў у турме.


ЧЫЯ ВАРОЖАЯ РУКА?..

Анатоль Клышка неяк пакрытыкаваў вершы Піліпа Пестрака, паэта-рэвалюцыянера, які адбыў адзінаццаць год у польскіх турмах. Піліп Сымонавіч пацікавіўся, хто такі гэты Клышка. Вы­явілася, што той паходзіць хоць і з беднай сям’і, але з Заходняй Беларусі. Тады Піліп Сымонавіч, хоць і сам нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, выступіў на пісьменніцкім сходзе і, як заўсёды, выразна, нібы чаканячы кожнае слова, сказаў:

— Гэта зноў мяне шляхта крытыкуе.

Неўзабаве сярод пісьменнікаў пачала хадзіць эпіграма Рыгора Барадуліна:

Чыя варожая рука

Крытыкавала Пестрака?


«А ДЗЕ ТУТ КНІГІ ПЕСТРАКА?»

Амаль кожны прыезд у Гародню Піліп Пестрак бываў у Аляксея Карпюка. Зайшоўшы ў кватэру, Піліп Сымонавіч звычайна акуратненька вешаў капялюш у калідоры і праходзіу у рабочы пакой гаспадара. Як кожнага пісьменніка, найперш прыцягвалі яго ўвагу кніжныя паліцы. На гэты раз Піліп Сымонавіч са здзіўленнем заўважыў, што на паліцах яго чатырохтомніка, які нядаўна выйшаў, не было.

— Аляксей, хадзі сюды,— паклікаў з кухні гаспадара,— а дзе тут мой збор твораў?

— Ведаеце, Піліп Сымонавіч, я аддаў пачытаць суседу,— знайшоўся Аляксей Нічыпаравіч.

— А ты кажаш няпраўду, гіцаль! — Піліп Сымонавіч хуценька за свой капялюш і ходу за дзверы.

Больш сюды яго нага не ступала.

Неўзабаве Піліп Пестрак зноў прыехаў у Гародню. Пайшоў з таварышамі ў рэстаран павячэраць. Тут яму гавораць, што за вокнамі чакае яго Аляксей Карпюк, у рэстаран заходзіць не хоча, бо не п’е, пазбягае спакусы. Піліп Сымонавіч як адрэзаў:

— А гэты падкулачнік хай пачакае.

Пацэліў, як кажуць, у дзесятку: Аляксей Нічыпаравіч паходзіў з заможнай сям’і, а тады афіцыйна гэта не лічылася за годнасць.

Так Карпюк стаў класавым ворагам Піліпа Пестрака.


РЭЗАЛЮЦЫЯ МАРШАЛА

Аляксей Карпюк у часе баёў за Берлін быў паранены. Усе, хто ўдзельнічаў у гэтых баях, былі ўзнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна». Карпюку не пашанцавала, ён трапіў у шпіталь. I вось аднойчы пісьменнік вырашыў звярнуцца з просьбай аб узнагародзе да міністра абароны колішняга Савецкага Саюза маршала Г. К. Жукава. Тут жа ён напісаў ліст і свайму дзядзьку, маўляў, табе там нялёгка жывецца, прыязджай да нас, тут хоць бульбачка ёсць. Неяк так выйшла, што гэты ліст ён паклаў у канверт, адрасаваны Жукаву, а ліст для Жукава адправіў дзядзьку. Неўзабаве да Карпюка з’явіўся пасыльны і запрасіў у ваенкамат. Думаючы, што будуць уручаць медаль, Аляк­сей Нічыпаравіч надзеў новы касцюм.

— Гэта вы пісалі пісьмо таварышу Жукаву? — спытаў ваенкам.

— Пісаў, а што — прыслалі медаль?

— Прашу азнаёміцца з рэзалюцыяй маршала і распісацца,— адказаў ваенком.

На лісце свайму дзядзьку Аляксей Нічыпаравіч прачытаў: «Прашу паведаміць т. Карпюку, што я з ім ні ў якім сваяцтве не знаходжуся. Г. Жукаў».

Хутка прыйшоў адказ і ад дзядзькі: «Дарагі пляменнік, які я табе маршал? Я твой дзядзька...»


ПРА АДНУ ІДЭЮ КАРПЮКА

Аляксей Карпюк быў каларытнай асобай, заўсёды поўны ідэй, задум. Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Валянцін Блакіт ды і сам Аляксей Нічыпаравіч расказвалі мне, як некалі, у хрушчоўскія часы, а літаратары любяць называць іх адліжнымі, Карпюк надумаў стварыць таварыства цвярозасці. Расказвалі кожны са сваімі дэталямі, а я склаў у адно.

Вось у тыя хрушчоўскія гады і прачытаў Карпюк у часопісе «Новый мир» мемуары генерала Гарбатава, у якіх прыгадваецца прыём у Крамлі ў гонар перамогі над фашызмам. Генерал пісаў, што ён не браў чарку на прыёме, бо непітушчы. Тут і паявілася думка ў Аляксея Нічыпаравіча: а чаму б ім не стварыць таварыства цвярозасці. Пісьменнік адразу выехаў у Маскву, дазваніўся да генерала і дамовіўся аб сустрэчы. Пасадзіўшы пісьменніка за стол, Гарбатаў тут жа паставіў бутэлечку каньяку і дзве чарачкі.

— Вы што, вы ж непітушчы! — здзівіўся Карпюк.

— А я частую вас,— адказаў генерал.

— Я таксама не п’ю,— і Карпюк выклаў сваю ідэю.

— Гэта вельмі цяжка зрабіць. Есць закон: каб стварыць арганізацыю, трэба не менш чым тры чалавекі. А дзе ж знайсці трэцяга?..

— А сярод генералаў?

— Сярод маіх генералаў няма ніводнага, хто не піў бы. Можа, пашукаць сярод пісьменнікаў?

I тут Карпюк зноў падумаў: у Маскве знаходзіцца Алесь Адамовіч, ён жа не п’е. Прыехаў у Саюз пісьменнікаў, а там гавораць, што Адамовіч сёння вяртаецца ў Мінск. Аляксей Нічыпаравіч паспеў на цягнік за некалькі хвілін да адпраўлення. Пайшоў па ўсіх вагонах, угледзеў Аляксандра Міхайлавіча і кажа:

— У Мажайску выйдзем і паедзем да Гарбатава, будзем ствараць таварыства цвярозасці.

— Калі я ўступлю, то разладжу яго знутры,— выказаў сваю думку Адамовіч.

Што рабіць?.. Аляксей Нічыпаравіч падумаў, што найлепш будзе звярнуцца за падтрымкай да Ніны Пятроўны — жонкі Хрушчова. Але ўспомніў словы Гарбатава, сказаныя ім на раз­вилине:

— Пакуль у Крамлі п’юць, датуль і краіна будзе піць.

Аднак Карпюк не здаўся. Ен вырашыў зрабіць апошнюю спробу — скарыстаць імя правадыра міжнароднага пралетарыяту У. I. Леніна. Калі ў Савецкім Саюзе рыхтаваліся да сотых угодкаў з дня нараджэння У. I. Леніна і ад кожнай арганізацыі запатрабавалі мерапрыемствы да гэтага юбілею, то Аляксей Нічыпаравіч як сакратар абласной пісьменніцкай арганізацыі прынёс іх у абком усяго з аднаго пункта: «Правесці кампанію «А Ленін не піў».

Не падтрымалі.

Неўзабаве ён, Быкаў і Блакіт паехалі ў Масты. Перакусіць вырашылі на беразе Нёмана. Карпюк прывык, што сябры заўсёды налівалі яму ў шклянку мінеральную ваду. На гэты раз мінералкі не было і яму налілі паўшклянкі белай. Блакіт прапанаваў тост за здароўе тых, хто зведаў цяжкасці вайны, за ветэранаў. Быкаў дадаў, што ў такім разе трэба выпіць да дна. Выпілі. Карпюк адразу стаў чырванець-чырванець, павесялеў. Быкаў прапанаваў:

— Можа, паедзем дамоў?

— Куды паедзем? Гуляем да раніцы,— запярэчыў Карпюк.

А як стварылася таварыства цвярозасці і стомленаму ў барацьбе Карпюку прапанавалі ўвайсці ў мясцовае кіраўніцтва гэтай арганізацыі, ён сказаў: «Цяпер я ўжо не пайду».


ПРАМОВА (СПІЧ) УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА Ў ГОНАР ЯГАМОСЬЦІ А. Н. КАРПЮКА НА ЯГО ШАСЦІДЗЕСЯЦІГОДДЗІ

«...Мы шмат знаёмыя з Аляксеем Карпюком... Нават дружылі. Аднойчы ён мне нават даў сваю шапку, калі я ішоў на спатканне. Сказаў: «Сорамна табе ў такой шапцы ісці на спатканне». Здзёр з маёй галавы маю, а мне даў сваю. Добрая была шапка. Норкавая, ці якая яшчэ там.

Рознае ў нас бывала. I — хочаце верце, хочаце не — гэта не вы сёння прымусілі яго прылюдна зрабіць ягоны першы лык шампанскага. I я ганаруся гэтым. Ён сам тут не дасць схлусіць. I вось «неисповедимы пути господни», сёння ён шампанскае выпіў, а я вымушаны падымаць тост за яго здароўе і «сто год» мінеральнай вадой. (Рэпліка з месца: «Вось небяспека такой дружбы». Другая: «3 кім павядзешся...») Цяпер мы крыху далей адзін ад аднаго (гарады), але сэрцы разам.

I яшчэ аб зменлівасці чалавечых лёсаў. Калі хочаце, я раскажу вам сплетню, якая ходзіць пра юбіляра. (Рэпліка: «Просім! Просім!») Кажуць, што ён і цяперашні папа рымскі родам з адных мясцін. Можа, і так, але вось промысел божы: адзін пайшоў у папы рымскія, а другі ў дырэктары антырэлігійнага музея... Вось як яно ў жыцці...»

I ўрэшце пайшлі простыя (а не юбілейныя) словы Валодзі Караткевіча пра тое, за што ён і мы любілі гэтага чалавека.


ЯК КАРАТКЕВІЧ ЛЕДЗЬ НЕ СТАЎ ПРЫНЦАМ

На семінар маладых пісьменнікаў у Гародню быў запрошаны Валодзя Караткевіч. Пасяліліся мы з ім у адным нумары. Цэлы вечар ён расказваў навелы са свайго жыцця. Вось адна з іх:

— Ты ведаеш, я ледзь не стаў прынцам.

— Як так? — пытаю.

— Былі мы ў Маскве на Днях беларускай літаратуры і мастацтва. Жылі ў атэлі «Расія». Увечары з Анатолем Вярцінскім запазніліся з выступленнем, ідзем у рэстаран. А ў дзвярах рэстарана стаіць швейцар, пры лампасах, у зале поўна народу, і не пускае нас. Тады Анатоль паказвае на мяне і гаворыць яму:

— Гэта вядомы польскі кінарэжысёр Караткевіч!

— А, иностранец, тогда пожалуйста.

— Адміністратар падвяла нас да століка, а там сядзіць маладая негрыцянка з неграм, зубы ў яе бялюткія, вочы блішчаць, як у савы, фігура такая прыгожая — не кажы. Я тут жа гатовы быў упасці перад ёй на калені. Анатоль, па-мойму, адразу закахаўся. А я падумаў: не, яна будзе маёй жонкай. Анатоль прадставіў мяне, і ёй падалося, што я польскі кінарэжысёр Ежы Кавалеровіч. Я на яе гляджу, яна — на мяне. Разгаварыліся, аказалася, што яна —дачка вярхоўнага правадыра ўгандзійскага племені, а гэта азначае — прынцэса. Брат яе — прэм’ер-міністр Уганды.

— А на якой мове ты гаварыў? — цікаўлюся.

— Па-польску,— адказаў Валодзя, затым з дакорам паглядзеў на мяне.— Зрэшты, хіба для закаханых патрэбна мова! Мы і пра жаніцьбу дамовіліся. Яна адрас свой мне дала. Трэба было ехаць у тую Уганду. Вось і быў бы прынцам.

— Дык чаму ты не пабраўся з ёю? — пытаю.

— Адрас згубіў,— з пачуццём незадаволенасці на самога сябе адказаў Валодзя.


ВЯЧЭРА ЎЧАЦВЯРЫХ. ВЕРСІЯ ВЯРЦІНСКАГА

Паколькі ўдзельнікам расказанай гісторыі быў і Анатоль Вярцінскі, то я паказаў яму запіс аповяду Караткевіча і папрасіў падзяліцца сваім успамінам. Анатоль расказаў:

— Былі Дні літаратуры і мастацтва ў Маскве. Жылі мы, удзельнікі гэтых дзён, у гасцініцы «Расія». Мы з Уладзімірам Караткевічам у адным нумары... Выступалі разам на адной з маскоўскіх швейных фабрык. Выступленне зацягнулася, вярнуліся ў атэль познім дажджлівым вечарам. Халодныя і галодныя. Трапіць у які-небудзь рэстаран, каб павячэраць, было цяжка. Шыльды строга папярэджвалі: «Мест нет!» I тут нас «асяніла»: месцы ўсё-ткі могуць знайсціся, калі мы прыкінемся замежнай дэлегацыяй. Я прыдумаў такі варыянт: прадстаўлю Уладзіміра Караткевіча як польскага кінарэжысёра, а сябе выдам за перакладчыка з польскай і суправаджаючага з Саюза пісьменнікаў — балазе пісьменніцкі білет пры мне. Прыдумка, як кажуць, зрабіла сваё. Жанчына-метрдатэль даволі ветліва нас сустрэла, пашукала вачыма вольныя месцы ў зале і паказала на адзін са столікаў: «Вунь там, дзе сядзіць негрыцянская пара... Калі не супраць, то калі ласка...» Караткевіч падзякаваў па-польску, я пераклаў, маўляў, «Большое спасибо!», і мы падаліся да століка.

Заказалі вячэру. 3 шампанскім. Сталі знаёміцца. Трымаючыся абранай версіі, я і тут прадставіў Караткевіча як польскага кінарэжысёра, а сябе як прадстаўніка Саюза пісьменнікаў, ну а што да нашых суседзяў па століку, то яна аказалася дачкой прэм’ер-міністра Уганды, студэнткай універсітэта імя Лумумбы, а ён — жаніхом, угандзійскім юрыстам... Пайшлі тосты: «Пораз першы за пенькно пані... За яе жаніха... За братнюю Уганду... За Польску... За дружбу народаў...» Павінен сказаць, што Караткевіч не забываўся выконваць сваю ролю — мовіў толькі па-польску, а я адпаведна старанна перакладаў на рускую (угандзійцы валодалі ёй).

Выходзілі з рэстарана разам. Ішоў густы асенні дождж. Юрыст пабег шукаць таксі, а мы з угандзійскай прынцэсай чакалі пад адным парасонам, жартавалі, гулліва заляцаліся, здавалася, што яна ўжо забылася і пра свайго жаніха... Развітваліся вельмі цёпла, па-сяброўску (давала знаць, безумоўна, колькасць выпітага за тым інтэрнацыянальным столікам)...

Што было назаўтра? Па-першае, мы атрымалі наганяй ад кіраўнікоў рэспублікі, якія ўзначальвалі дэкаду і, як на тое, зафіксавалі наш флірт з негрыцянкай пад парасонам. Па-другое... Калі мы, прачнуўшыся, прыгадалі ўчарашнюю экзатычную вячэру, як толькі ўчарашні польскі кінарэжысёр «пан Каркевіч» (так назы­вала яго ўгандзійка) стаў беларускім паэтам-рамантыкам Уладзімірам Караткевічам, ён тут жа ўсхадзіўся і стаў шукаць нумар тэлефона угандзійскага пасольства... Тэлефон нешта не адказваў, я спрабаваў угаварыць Валодзю, што не ўсё так проста, што наўрад ці знойдзе ён нашу ўчарашнюю красуню-ўгандзійку, да таго ж у яе ёсць жаніх... Hi адзін з аргументаў, у тым ліку і апошні на Караткевіча ніяк не дзейнічаў. «Ну і што! — не хацеў ён слухаць.— Я ўсё адно яе знайду і ажанюся з ёй!»

Дазваніцца нам так і не ўдалося. Не адбыўся, як вы здагадаліся, і шлюб «польскага рэжысёра» і беларускага шляхетнага паэта з яснавяльможнай і цёмнаскурай паненкай з Уганды... Але потым, і па дарозе дадому, і пазней, мы не раз пры сустрэчах цёпла і весела ўспаміналі тую вячэру ўчацвярых у гасцініцы «Расія»...


КАМУ ЖЫЦЬ СПАКАЙНЕЙ

Не еустракаў я людзей больш апантана ўлюбёных у творчасць пісьменнікаў, чым іхнія ўдовы. Няважна, пісьменнік таленавіты, выдатны, ці так сабе, для жонкі ён усё адно вялікі. Можа, такімі і павінны быць жонкі пісьменнікаў. Спачатку я са здзіўленнем, а потым і з нейкай замілаванасцю сачыў за гэтай апантанасцю жанчын. Звычайна прасілі выдаць кнігу ўспамінаў пра мужа, даць імя пісьменніка якой-небудзь вуліцы, школе ці бібліятэцы.

Аднойчы на сакратарыяце Саюза пісьменнікаў ішло абмеркаванне адной такой заявы. Сакратары задумаліся: ці ўзяць удар на сябе і адразу адмовіць удаве, бо было ясна, што гэтае пытанне, як то кажуць, «не прабіць», ці ўсё ж пераказаць просьбу Саўміну рэспублікі, каб адмова прыйшла адтуль. Паўзу парушыў Максім Танк:

— Маёй жонцы і жонцы Янкі Брыля пасля нас можна будзе спаць спакойна: у Мінску ўжо ёсць вуліцы Брылеўская і Танкавая.


ТРЭБА ПАГАВАРЫЦЬ...

Рыгор Барадулін, калі піша вершы дома, звычайна адключае тэлефон, каб ніхто не турбаваў. Аднойчы звоніць яму Васіль Быкаў — ніхто не адказвае. Набірае нумар яго тэлефона назаўтра — таксама маўчанне. На трэці дзень Быкаў ідзе на пошту і дае тэлеграму: «Рыгор! Уключы тэлефон, трэба пагаварыць. Васіль».


ДАНІНА ЧАСУ

Зараз шмат пішуць пра асаблівасці нацыянальнага характару беларуса. I мне прыгадваецца, як пра калектыў адной рэдакцыі Рыгор Барадулін казаў: «Там дванаццаць супрацоўнікаў, але трынаццаць груповак».


ЮШКА ПА КРАСНАЯРСКУ

Дні беларускай літаратуры ў Краснаярскім краі. На развітанне пісьменнікау запрасілі на дачу крайкома, дзе іх частавалі юшкай. Хлебасольныя гаспадары для пачатку налілі кожнаму бакал каньяку. Непітушчы Рыгор Барадулін на гэты раз не стаў адмаўляцца і прыкрываць бакал рукой, і яму таксама напоўнілі. А калі слова ўзяў Міхась Калачынскі, то Рыгор, падбадзёрыўшы яго словамі «Давай, наш папаша, давай!», неўпрыкметку выліў свой каньяк яму ў юшку. Усе засмяяліся, Рыгор за сваё: «Давай, папаша, да­вай!» Міхаіл Іванавіч скеміў, што тут штосьці не тое і пасля прамовы спытаў у Барадуліна:

— Чаму яны засмяяліся?

— Ім здалося, што я наліў вам каньяку ў юшку.

Міхаіл Іванавіч зачарпнуў лыжкай юшкі, пакаштаваў і ўпэўнена сказаў:

— Я стары рыбак. Каб тут хоць кропля была каньяку, то пазнаў бы.

Так нарадзілася юшка па краснаярску. Аўтар рэцэпта — Рыгор Барадулін.


КАМУ КОЛЬКІ МЕТРАЎ НАЛЕЖЫЦЬ

Ішло пасяджэнне сакратарыята Саюза пісьменнікаў Беларусі. Абмяркоўвалася кватэрнае пытанне. Аказалася, што ў Мінску ўстаноўлена норма займаемай жыллёвай плошчы на чалавека, пры якой ён мае права стаць на чаргу на атрыманне новай кватэры,— шэсць квадратных метраў. Калі маеш сем, то на чаргу ўжо не ставяць. Звычайна спакойны і разважлівы Іван Шамякін на гэты раз не ўстрымаўся:

— Нават у Петрапаўлаўскай крэпасці на кожнага вязня адводзіўся пакой да дваццаці метраў.


АДКАЗ ФОЛКНЕРА

Было гэта, як цяпер любяць казаць, у застойныя часы. У Маскве сабраўся так званы красавіцкі пленум ЦК КПСС, прысвечаны, канечне, далейшаму развіццю сельскай гаспадаркі. Потым пайшлі пленумы рэспубліканскі, абласныя, раённыя, а летам дайшла чарга і да нашай пярвічнай партарганізацыі Саюза пісьменнікаў. На сход прыбыў высокі госць — першы сакратар Мінскага абкома партыі. Стаяла гарачыня, прыйшоў ён у тэнісцы і меў, як тады звычайна пісалі, цёплую размову з прысутнымі. А мне думалася: ці не лепш у гэты час яму быць у полі або на ферме, а нам — на лысагорскіх агародах. Наогул, чаму аж з вясны ўсе забаўляюцца гэтымі зборышчамі, гаварыльняй, бо калі ўспомніць даўнюю вёску, то там сходкі былі толькі зімой, менавіта тады ў селяніна на гэта мог быць час, хоць і зіму ён скарыстоўваў як належыць, рыхтаваўся да вясны, да палявых работ, а з вясны аж да восені заўзята працаваў.

Прыкладна ў той самы час, нібы спецыяльна да нашай вясновалетняй мітусні, маскоўская газета «За рубежом» апублікавала адказ Уільяма Фолкнера прэзідэнту ЗША Гары Трумэну, які запрашаў пісьменніка як лаўрэата Нобелеўскай прэміі на прыём у Белы Дом. Са сваёй фермы Фолкнер накіраваў прэзідэнту адказ (цытую па памяці): «Пан прэзідэнт! Паспрабуйце знайсці такога дурня фер­мера, які ў час уборкі ўраджаю кінуў бы сваю ферму і паехаў у Вашынгтон, каб выпіць кубачак кавы з незнаёмым яму чалавекам».

Пісана для чыноўнікаў усяго свету.


ЦІ ЁСЦЬ ТАКІ ПІСЬМЕННІК?

3 вядомым балгарскім пісьменнікам Ангелам Тодаравым я пазнаёміўся ў 1976 годзе ў Сафіі. Да гэтай сустрэчы чуў пра яго шмат смешных гісторый. Расказвалі, напрыклад, пра такі выпадак. Аднойчы ідзе дзядзька Ангел па горадзе і чуе, як двое прахожых абураюцца, што вуліца не так названа і што можна было б ёй надаць імя якога-небудзь пісьменніка. Дзядзьку Ангелу стала радасна на душы, і ён кажа: «Якія вы малайцы, я таксама пісьменнік».— «Хто?» — «Ангел Тодараў». «Няма такога пісьменніка»,— заявілі гараджане.

I вось Ангел Тодараў сядзіць са мной у кафэ Дома пісьменнікаў, гартае газету і на поўным сур’ёзе гаворыць:

— Нядаўна таварыства цвярозасці папрасіла мяне выступіць у іхняй газеце «Трезвенность». Пад артыкулам я падпісаў сваё званне «Народны дзеяч культуры». Газетчыкі ж зрабілі «Народны дзеяч цвярозасці». А ў мяне кожны дзень на стале — што-небудзь з напіткаў.

Прыдумваў пісьменнік такія гісторыі, ці сапраўды такое з ім здаралася, я і цяпер не магу дакладна сказаць.


АДКУЛЬ ПАЧЫНАЕЦЦА ГОРАД

Прызнацца, я вельмі баяўся, каб у Габраве гумар не стаў «замузееным». Я ведаў, што сімвал гэтага горада — кот з адсечаным хвастом: каб менш цяпла выходзіла, як зачыняеш за ім дзверы. I калі я спусціўся з Шыпкі і на скрыжаванні габраўскіх дарог спытаў у падарожнага, дзе пачынаецца горад, той адказаў: «Вунь, бачыце, дымяць трубы — дык ад першай трубы». У Доме гумару і сатыры, які тут адкрыты ў 1975 годзе, супрацоўніца Венета Георгіева падарыла мне разам з кнігай «Габраўскія жарты» тры чацвярцінкі ад манеты і дадала, што габравец не такі дурны, каб даваць цэлую манету. Адсутнасць чацвёртай часткі азначала, што некалі я павінен яшчэ вярнуцца па яе.


ЯК ЛАМАР ВЫКАНАЎ АДКАЗНАЕ ДАРУЧЭННЕ

Балгарскія пісьменнікі атрымалі ад грузінскіх калег запрашэнне на святкаванне 800-годдзя з дня нараджэння Шата Руставелі. Сабраліся і сталі думаць-меркаваць, каго паслаць туды. Паколькі грузіны людзі вельмі гасцінныя, то вырашылі, што націск іхняй гасціннасці з годнасцю можа вытрымаць народны паэт Ламар. Тады была такая завядзёнка, што пасля кожнай важнай, адказнай паездкі пісьменнік павінен быў расказачь пра яе сваім калегам. Пра тое, як справіўся Ламар з даручэннем, пачулі ад яго самога:

— Развітальную вячэру давалі на гары. Хто сядзеў у рэстаране, хто пад шатрамі, тысячы людзей. I ўсё тосты... Пасля кожнага тоста трэба было піць віно з рога. Праз гадзіны дзве бачу, што суседа, які сядзеў насупраць мяне, павяла жонка дамоў. Сусед злева таксама быў на падпітку і пасля чарговага тоста знік. А справа сусед усё сядзіць. Я чокнуся з ім, вып’ю і прыкідваю сабе: пара ўжо яму зваліцца пад стол, а як толькі яго вынесуць, то я і пайду. А ён усё сядзіць, моцна сядзіць. Я зноў чокнуся і вып’ю. Пачало днець, а мы з ім усё трымаемся, і толькі як рассунулі шторы, убачыў, што ў зале застаўся адзін я, а побач са мною — мармуровая калона.


КРЫЛАТАЯ ФРАЗА МАКСІМА РЫЛЬСКАГА

У часе застолля старэйшыя пісьменнікі любяць прыгадваць словы ўкраінскага паэта Рыльскага:

— Калі я чую слова «дружба», мая рука міжвольна цягнецца да бакала.


КОЛЬКІ PA3ОЎ МОЖНА АБЕДАЦЬ

Марка Ганчаў, балгарскі сатырык і гумарыст, прыйшоў з сынам у кафэ Дома пісьменнікаў, каб пачаставаць яго. Паказвае сыну:

— Вунь там у кутку абедае двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Младзен Ісаеў.

— А што, ён і абедае двойчы? — цікавіцца хлапчына.


ГАЮЧАЯ ВАДА

Другі балгарскі гумарыст і сатырык Петар Незнакомаў расказаў мне пра такі выпадак. Падарожнічаў ён з сябрамі па Балканах. Спыніліся ў вёсцы. Мясцовы жыхар падказаў, што калі праехаць яшчэ кіламетраў дваццаць, то яны натрапяць на жыватворную крыніцу. Адолелі гэтыя дваццаць кіламетраў, а там даведаліся, што трэба ўзяць яшчэ дваццаць. Узялі і гэтыя дваццаць, затым давялося адольваць дзесяць, а тады яшчэ якіх пяць — не будзеш жа вяртацца напрыканцы дарогі. Адшукалі крыніцу і ад радасці выпілі каля яе бутэльку сухога віна. К вечару стомленыя вярнуліся на начлег і толькі тады ўспомнілі, што гаючай вады так і не пакаштавалі.


ПІСЬМЕННІЦКІ ЖАРТ

Петару Незнакомаву захацелася праверыць, ці сапраўды ёсць патрэба запаўняць так падрабязна анкетныя даныя, калі пасяляешся ў атэль. У графе «месца працы» ён стаў пісаць «Інтэліджэнс сэрвіс» (назва англійскай разведкі). У семнаццаці гасцініцах ніхто на гэта не звярнуў увагі, толькі ў васемнаццатай, у маленькім гарадку, прыйшоў у нумар міліцыянер і сказаў:

— Ты так больш не жартуй.


ДЗЕ ТАЯ ВУЛІЦА?

Аляксандр Пракоф’еў расказваў, як у сорак дзевятым годзе ён наведаў Львоў. Вечарам вяртаўся з гасцей, у атэль яго праводзіў Уладзімір Бяляеў. Раптам перад імі ўзнік нейкі тып і папрасіў закурыць. Далі. Тып аказаўся назойлівы і пачаў дабівацца, каб яны праводзілі яго на нейкую вуліцу. Бяляеў выняў з кішэні пісталет, накіраваў дула на таго, што чапляўся, і сказаў:

— Ідзіце прама, тады звернеце налева, затым направа, зноў прама і выйдзеце на сваю вуліцу.

— Добра-добра,— хуценька сказаў тып і знік у цемені.


3 ЧЫМ ЛЕПШ ПРЫХОДЗІЦЬ ДА СУСЕДА?

Максім Танк неяк расказваў, як у 1956 годзе прыехаў на сотыя ўгодкі Адама Міцкевіча польскі паэт Уладзіслаў Бранеўскі, і яны з групай беларускіх пісьменнікаў паехалі на Наваградчыну. Выйшлі з музея паэта, а ў скверы сабраўся натоўп, і людзі цікавяцца:

— Кажуць, што прыехаў унук Міцкевіча, дзе ён, каторы?

— Мы тут усе ўнукі Міцкевіча,— адказаў Уладзіслаў Бранеўскі.

Калі пасля абеду пісьменнікі выйшлі з рэстарана і ступілі на плошчу, Бранеўскі падышоў да Максіма Танка, абняў яго і прачулена загаварыў: «На гэтай зямлі я ваяваў у легіёнах Пілсудскага, тут загінулі мае сябры, легіянеры...» Максім Танк падумаў: Бранеўскі ваяваў і ў яго родных мясцінах — у раёне станцый Княгініна і Крывічы. Але ж не плакаць цяпер разам з ім. I тут жа сказаў госцю:

— А чаго ты сюды з вінтоўкай ішоў? Прыехаў бы з паўлітэркай і цябе сустракалі б гэтак, як сёння.


ШАРАНГОВЫ ЯН ГУШЧА

Паэт і перакладчык беларускай літаратуры на польскую мову Ян Гушча жыў у Лодзі. Яго суседам па пляцоўцы быў генерал. Як гэта і водзіцца ў Польшчы, на дзвярах суседа вісела медная таблічка, але на ёй было выгравіравана не толькі прозвішча гас­падара, а яшчэ і вайсковае званне: генерал. Тады паэт заказаў сабе таблічку з надпісам «Шаранговы Ян Гушча».

Неўзабаве генеральская таблічка знікла: самалюбства не дазволіла высокаму чыну жыць на адной пляцоўцы з «шаранговым», радавым.


ЯК ЯНО ЛЕПШ

Ян Гушча ў Мінску сустрэўся з беларускімі калегамі. Нехта жартам яму сказаў:

— Вярніце нам Беласточчыну.

— А навошта? Тады і на Беласточчыне перастануць гаварыць па-беларуску, а так хоць там мова захаваецца.


ЧАРОЎНЫЯ СЛОВЫ

Беларускі паэт Алесь Барскі жыве ў Польшчы. Як гжэчны мужчына, ён любіць сказаць жанчыне прыемныя словы, заўсёды падкрэсліць, што яна прыгожа выглядае. У адзін з прыездаў у Мінск Барскі зайшоў у Інстытут літаратуры. Бібліятэкарцы ён не прамінуў сказаць: «Пані прыгожа выглядае». Уражаная, яна пабегла пахваліцца машыністцы. А тая здзівіла яе: «Толькі што ён мне сказаў тое самае».


КОЛЬКІ МОЖНА НАПІСАЦЬ ВЕРШАЎ ЗА МЕСЯЦ?

Беларускія пісьменнікі запрасілі ў дом творчасці «Іслач» аднаго паэта з-за мяжы, каб ён там папрацаваў. Напрыканцы месячнага тэрміну паэт прыйшоў ў Саюз пісьменнікаў і пахваліўся, што напісаў там ажно сто пяцьдзесят вершаў.

— А пра што яны? — пацікавіўся нехта.

— Усё пра лес,— адказаў паэт.

Максім Танк не вытрываў:

— Дык у іслацкім лесе дрэў куды больш за сто пяцьдзесят! Калі пра кожнае дрэва напісаць, ого колькі вершаў было б!


ПІШЫ, ЯК НЭСІН

У 1973 годзе ў Гагры адпачываў турэцкі празаік Азіз Нэсін.

У першы ж дзень ён пазнаёміўся з пісьменнікамі армянінам Міхаілам Шаціранам і азербайджанцам Абілам Юсубавым. Знаёмства было кароткае:

— Міхаіл.

— Абіл.

— Азіз.

Увечары Шаціран гаворыць Юсубаву:

— Па-мойму, гэта быў Азіз Нэсін.

— Што ты, Азіза Нэсіна я выдатна ведаю.

За вячэрай Абіл пытае ў Нэсіна:

— Азіз, ты ў якім жанры працуеш?

— Пішу гумарыстычныя апавяданні,— адказвае Нэсін.

— Ну, калі ты турак і пішаш гумарыстычныя апавяданні, то пішы іх так добра, як Азіз Нэсін.


КАРОТКІ ДЫЯЛОГ 3 ДЗІНАЙ ХАРЫК

Прыйшла да мяне, як да аўтара даведніка пра пісьменнікаў, Дзіна Звулаўна Харык — удава паэта Ізі Харыка. Прыйшла другі раз, каб забраць матэрыялы пра паэта, яго кнігі.

— Вы прачыталі «Гісторыю яўрэйскага народа», якую я вам прынесла яшчэ той раз? Заўважылі, што ў пераліку паэтаў імя Харыка стаіць на першым месцы?

— Заўважыў. I, чытаючы пераклады яго паэзіі, адчуў, што гэта выдатны паэт.

— Вось бачыце! Таму і напісаць вам трэба пра яго некалькі старонак, а не так коратка, як гэта было ў старым даведніку.

— Згодны, трэба значна пашыраць даведку. Але ж не настолькі, каб атрымалася больш, чым, скажам, пра Янку Купалу.

Дзіна Звулаўна шчыра здзівілася:

— Купала меў усяго пачатковую адукацыю. А Харык вучыўся ў Брусаўскім інстытуце і скончыў Маскоўскі ўніверсітэт.

— А як вы пазнаёміліся з Ізі Харыкам? — пацікавіўся я.

— Гэта было задоўга да вайны. Пасля заканчэння яўрэйскага педагагічнага тэхнікума мяне пакінулі працаваць у Мінску ў 3-м яўрэйскім дзіцячым садзе. Жыла я тады ў сям’і сваёй сяброўкі на вуліцы Астроўскага. Аднойчы, гэта было ў канцы жніўня, ішла я на працу. Раптам бачу, з суседняга двара выйшаў мужчына сярэдніх год з кучаравай шавялюрай і ў пенснэ. Ён загаварыў да мяне. Пакуль мы ішлі па вуліцы, я заўважыла, што сустрэчныя звяртаюць на нас увагу.

— У вас, мусіць, тут поўна знаёмых,— сказаў Харык,— прахожыя заўважаюць вас.

— Я ўпэўнена, ды вы і самі ведаеце, што не я выклікаю іх увагу... Бо калі я іду адна, ніхто нават не глядзіць у мой бок.

— Тады я вам скажу, чаму на нас звяртаюць увагу: яны не могуць вызначыць, ці то мы муж і жонка, ці то бацька і дачка. Для бацькі я, відаць, замалады, а для мужа як быццам застары.

— Дзіна Звулаўна, вы былі значна маладзейшая за Ізі Харыка?

— Не кажыце. Я настолькі была маладзейшая, настолькі, што і вам цяпер не скажу на колькі... Дык вось, калі я паехала дадому, у Бабруйск, і расказала пра сваё знаёмства і сустрэчы з Ізі Хары­кам, то бацька заўважыў:

— Хто ведае, хто ведае, надта ж высока лезеш.

— Калі такі вялікі чалавек хоча цябе ўзяць замуж — ідзі,— запярэчыла мама і дадала: — Я ведаю, што ў многіх вялікіх людзей былі звычайныя жонкі.

— Тым і скончылася гэтая спрэчка?

— Я ўзяла чамаданчык і пайшла да Ізі. Пражылі мы з ім тыя некалькі год, што заставаліся да яго арышту ў 1937, вельмі добра. Скажу, што не так даўно мне прапаноўвалі выйсці замуж у Амерыку. Але хіба можа быць хто лепшы за Ізі? Я так і адказала гэтаму чалавеку: «Выбачайце, але Ізі Харыка я ніколі не пакіну».

Я любіла хадзіць з Ізі на літаратурныя вечары. Асабліва мне запомнілася паездка ў Маскву на юбілей А. С. Пушкіна. Гэта было ў лютым 1937 года. У перапынках жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна, жонка Андрэя Александровіча і я хадзілі аглядаць горад. Уладзіслава Францаўна, жадаючы нас рассмяшыць, разыгры­вала з сябе адсталую вясковую жанчыну, якая ўпершыню трапіла ў вялікі горад і ўсё яе тут здзіўляла і захапляла. Калі мы сталі спускацца ў метро, яна загаласіла:

— А божухна мой! Ой мамачкі мае! Куды ж гэта лесвіца завязе нас: у рай ці ў пекла? Трэба спачатку высветліць, а тады паедзем.

Тут двое ваенных узялі яе пад рукі і спусціліся разам уніз.

— Ну, з такімі хлопцамі і ў пекла не страшна,— сказала яна.

Мы рагаталі да слёз. А адна. жанчына, не зразумеўшы жарту, здзівілася:

— А я і не думала, што ў правінцыі ёсць такія забабонныя і адсталыя людзі.

Тут давялося мне сказаць:

— Вы пазбаўлены пачуцця гумару, мадам!

— Дзіна Звулаўна, вы цяпер яшчэ працуеце? — спытаў я.

— У яўрэйскай абшчыне бібліятэкарка. Дарэчы, я арганізавала курсы па вывучэнні мовы ідзіш. Прыходзьце і вы да нас на заняткі.

— Цяпер мадней вывучаць іўрыт.

— Гм,— здзіўлена паглядзела на мяне Дзіна Звулаўна.— Ізі пісаў на ідзіш, а я буду вывучаць іўрыт?!

Так закончылася гэтая невялікая, але цікавая, непаўторная гутарка з Дзінай Звулаўнай Харык.


ДАРАГІ ПАКЛОН

У Камарове, што пад Ленінградам, перакладчык мастацкай літаратуры Арсеній Астроўскі расказаў мне пра дзве сустрэчы з Осіпам Мандэльштамам:

— Першы раз я сустрэўся з паэтам у 1924 годзе, калі ён прыехаў з Кіева ў Ленінград. Мой прыяцель пазваніў мне і сказаў, што мяне хоча бачыць Осіп Мандэльштам. Я спытаў: для чаго? «Ён сам табе скажа»,— быў адказ. Сустрэліся. Прыяцель пачаў гаварыць, што я паклоннік Мандэльштама, ведаю ўсе яго кнігі. «Ну добра,— перапыніў я прыяцеля і звярнуўся да Мандэльштама: — Што вы хацелі мне сказаць?»

— Пазычце мне дзвесце рублёў. Я тут з сям’ёй, і мне трэба ехаць у Маскву. Ваш сябра гарантуе, што я вярну пазыку.

— Для мяне найлепшы гарант — гэта сам Осіп Мандэльштам.

Даў я яму дзвесце рублёў. У тым самым годзе зноў сустрэў Мандэльштама ў Ленінградзе. Ён прайшоў міма, але даў зразумець, што пазнаў мяне.

— А грошы вярнуў? — пацікавіўся я.

— Не, толькі нізка пакланіўся.


УСЕМАГУТНЫЯ ПІСЬМЕННІКІ

Было гэта на пачатку шасцідзесятых гадоў. Група малдаўскіх пісьменнікаў паехала на сустрэчу з чытачамі ў вёску. Як водзіцца ў такіх выпадках, хто чытаў вершы, хто расказваў пра сваю творчую працу, а хто адказваў на пытанні. Калі пытанняў больш не стала, празаік Якоб Куткавецкі ўстаў, каб сказаць заключнае слова. I раптам у зале паднялася бабулька і папракнула пісьменнікаў: «Вось вы чытаеце тут вершы, а ў нашым магазіне селядцоў няма».

Куткавецкі, чалавек з гумарам, не палез па слова ў кішэню. «Як гэта так, каб у сельмагу не было селядцоў? — здзівіўся ён і абурана паглядзеў на пісьменнікаў.— Хто ў нас міністр гандлю?» «Бяляеў»,— адказалі яму. «Трэба зняць яго!» — загадным голасам сказаў Куткавецкі і заверыў бабулю, што яны, пісьменнікі, усё зробяць, каб навесці парадак у гэтай справе. Па чыстай выпадковасці назаўтра ў рэспубліканскіх газетах быў апублікаваны ўказ аб зняцці Бяляева з пасады і прызначэнні новага міністра ганд­лю. У той вёсцы людзі былі здзіўлены: «Бачыце, каму мы толькі не пісалі, каму не скардзіліся, і ўсё без выніку, а варта было ска­заць пра гэта пісьменнікам і адразу ўсё вырашылася». Пайшла чут­ка і па іншых вёсках, што пісьменнікі здымаюць міністраў.

А тым часам Якоб Куткавецкі са сваімі калегамі вярнуўся ў Кішынёў. Праз некалькі тыдняў ён раптам бачыць, што каля яго дома спынілася групасялян, а ў аднаго з іх на плячах баранчык. «Ці тут пісьменнікі жывуць?» — пытаюць яны. «Тут, а што такое?» — пацікавіўся Куткавецкі і пачуў у адказ: «Дзякуй, што знялі міністра гандлю, але мы просім яшчэ зняць міністра сельскай гаспадаркі».

...Пра гэтую паездку пісьменнікаў на вёску мне напісаў празаік Міхаіл Чыбатару, а канцоўку дасказаў нехта з малдаўскіх паэтаў.


НЯЎРЫМСЛІВЫ БЕСО

Грузінскага крытыка Бесо Жгенці пісьменнікі паміж сабой на­зывал! «няўрымслівы», па аналогіі з Вісарыёнам Бялінскім. Мне давялося аднойчы чуць яго прамову ў Мінску, сорак хвілін ён гаварыў без паперкі, больш чым дакладчык, і вельмі тэмпераментна. Аднойчы вярнуўся з нарады крытыкаў, што адбылася ў Маскве, Віктар Каваленка і расказаў, як там у сваім выступленні Жгенці рэзка раскрытыкаваў вядомага грузінскага пісьменніка. Тады ўстаў нехта з залы і запытаў:

— Бесо, а вы не баіцеся таго, што калі прыедзеце ў Тбілісі, то на вакзале вас сустрэнуць раз’юшаныя сябры гэтага пісьменніка?

— А мяне яго праціўнікі сустрэнуць яшчэ за тры станцыі да Тбілісі,— знайшоўся Бесо.


ШТО ТАКОЕ «У НІКУДЫ»

У доме творчасці «Іслач» сабраліся перакладчыкі беларускай літаратуры. Мы сядзелі групай і прыдумвалі вечар гумару. Грузінскі паэт Нугзар Каберыдзе прыгадаў:

— Іду я з сынам па вуліцы. А насустрач нясуць нябожчыка.

— Куды яго нясуць? — пытае сын.

— У нікуды.

— Як гэта — у нікуды?

— Дзе няма нічога.

— Значыць, да нас,— з сумам заключыў хлопчык.


ПАДВЕЎ ТВАР

У Міколы Гамолкі нават і ў семдзесят гадоў быў надзіва юначы твар, ён бы не пасаваў да яго высокай постаці. А ўявіце сабе гэты твар, скажам, у трыццаць гадоў. Хлапечы, дый годзе! I вось калі пісьменніку было пад трыццаць, то працаваў ён у пасляваенным Мінску ў Доме друку. А побач тады стаяў драўляны будынак, у якім месціўся хлебны магазін. Прыйшоў аднойчы сюды Гамолка і стаў у вялікую чаргу, якая ішла ўздоўж прылаўкаў літарай «Г». I калі ён, малады, высокі, апынуўся ў самым кутку ўмоўнай літары і выцягнуў галаву над чаргой, каб убачыць, ці далёка яшчэ да прадаўшчыцы, тая запатрабавала:

— Хлопчык, а ну злезь з прылаўка!


«...I ЎЖО РАЗМАЎЛЯЕ»

У нататцы пра мастацтвазнаўцу і літаратуразнаўцу Антона Антонавіча Уса, змешчанай у пяцітомнай «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», названы ўсе прэстыжныя ўстановы ў Маскве і Мінску, дзе ён працаваў, высокія пасады, толькі не ўспомнены правінцыйны, ці як яшчэ нядаўна казалі, перыферыйны Брэсцкі педінстытут, дзе чытаў лекцыі Антон Антонавіч. Пра гэты час сказана сціпла: «У 1949—1956 — на выкладчыцкай рабоце». Атрымалася як у таго чэхаўскага Ванькі Жукава, які адрасаваў свой ліст «на вёску дзядулю». Я цяпер разумею, чаму прапаў у біяграфічнай даведцы Брэст. Бо толькі яго назаві, як у чытача ўзнікне пытанне: працаваў А. А. Ус у сталіцах на высокіх пасадах і раптам — у Брэсце?! Ці не высылка гэта? Так, своеасаблівая высылка, у свой час ён працаваў нават ў ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, а ў час маёй вучобы ў Брэсцкім педінстытуце быў ужо беспартыйны. Мы з задавальненнем прыходзілі на яго лекцыі па рускай літаратуры дзевятнаццатага і пачатку дваццатага стагодзя, а таксама па мастацтве. Чалавек энцыклапедычных ведаў, высокай духоўнай культуры, ён быў у перапісцы з Якубам Коласам (не магу ўстрымацца, каб не сказаць, што ўсе лісты Якуба Коласа паводле просьбы Антона Антонавіча я перадаў у свой час у Літаратурны музей народнага песняра). Антон Антонавіч звычай­на напрыканцы лекцыі любіў з намі пажартаваць, нават дазваляў задаваць яму пытанні на адвольныя тэмы. На адной з лекцый мы і спыталі, ці ёсць у яго дзеці.

— Есць сын, маю ўнука, во такі во,— Антон Антонавіч паказаў рукой, што ўнук яму ростам па грудзі,— і ўжо размаўляе.

Мы доўга смяяліся.


РЭПЛІКА ІВАНА ШАМЯКІНА

На старонках газеты «Літаратура і мастацтва» ішла дыскусія пра беларускі раман. 3 артыкулам у ёй выступіў і Барыс Бур’ян, у якім ён параўноўваў фразеалогію, стылістыку раманаў Івана Шамякіна і рамана Льва Талстога «Ганна Карэніна». Ясна, што Шамякін апынуўся тут у пройгрышы. Тады на адным са сходаў пісьменнік і сказаў:

— Барыс Бур’ян імкнецца даказаць, што Іван Шамякін не Леў Талстой. Дык я і сам ведаю, што я не Талстой.


ПРАДБАЧЛІВЫЯ ЖАРТАЎНІКІ

У часе вучобы Адама Мальдзіса ва ўніверсітэце яго аднакурснікі напісалі і павесілі такую аб’яву: «Хто знайшоў 15-ы том збору твораў Адама Мальдзіса, просьба вярнуць у бібліятэку».

Прачытала аб’яву адна студэнтка і падумала: Адама Міцкевіча я ведаю, а Мальдзіса, які напісаў пятнаццаць тамоў, зусім не чытала. Пайшла ў бібліятэку. Супрацоўнікі праверылі па картатэцы і сказалі, што ёсць працы Мальтуса, і то яны ў спецфондзе, а кніг Мальдзіса няма ні там, ні ў самой бібліятэцы.

Не ведала студэнтка, што сюды трэба прыйсці праз гадоў сорак, калі ў Адама Мальдзіса сапраўды будзе выдадзена пятнаццаць кніжак.


НЯЎДАЛАЯ РЫФМА

Былы партыйны работнік Аляксандр Ульяновіч успамінаў, як ён, будучы сакратаром Баранавіцкага абкома камсамола, паехаў разам з пісьменнікам Раманам Сабаленкам, які тады працаваў у мясцовай газеце, у калгас на вечар. У час выступления Раман Карпавіч прачытаў гумарыстычны верш, у якім былі словы:

Як далі гарманісту першака — зайграў ён заўзята гапака.

Ульяновіч сказаў яму:

— Як жа ты так, пішаш пра пяршак, самагонка ж забаронена.

— Я і сам думаў пра гэта,— адказаў паэт.— Але гарэлка тут ніяк не рыфмуецца, спрабаваў гарэлку замяніць каньяком — так­сама не рыфмуецца.


ХТО КАМУ?

Сустрэліся некалі, у маладыя гады, Віктар Каваленка і Мікола Луфераў. Мікола кажа, што нешта адчувае сябе дрэнна, прастуджаны, няважны настрой, яно не шкодзіла б узяць па чарачцы. Віктар адказвае, што ён згодны, але, на жаль, зараз у яго няма грошай.

— Дык я табе пазычу,— устрапянуўся Мікола.


АДЗІН Я

Сядзелі ў кампаніі Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў і Андрэй Ягоравіч Макаёнак. Іван Гаўрылавіч прапаноўвае Андрэю Ягоравічу:

— Давай выйдзем, пагаворым.

У калідоры Іван Гаўрылавіч і кажа:

— Калі добра падумаць, то тут з сапраўдных пісьменнікаў сядзяць усяго двое.

— Першы я, гэта ясна. А хто другі? — запытаў Андрэй Ягоравіч.

Іван Гаўрылавіч прамаўчаў, відаць, ён не захацеў быць другім.

Прайшло некалькі год. Іван Чыгрынаў вярнуўся з Грузіі, з вялікай пісьменніцкай нарады.

— Ці багата там вас з’ехалася? — спытаў я ў яго.

— Чалавек дзвесце,— быў адказ.

Да гаворкі далучыўся Генадзь Бураўкін:

— А з сапраўдных пісьменнікаў хто быў?

— Адзін я,— упэўнена адказаў Іван Гаўрылавіч.


ХТО ТОЙ ВАСІЛЕУСКІ?

Аднойчы прыходзіць Пятру Васілеўскаму паведамленне атрымаць ганарар. Пайшоў на пошту, атрымаў грошы, як выявілася, з крымскай газеты за верш. Здзівіўся, чаму за верш, калі ён дра­матург? Неўзабаве на яго імя прыйшоў ліст ад жанчыны, якая дакарала Пятра, што той забыў на яе, хоць у Кактэбелі вельмі кахаў, абяцаў прыехаць, а не едзе, і што яна ўсё яшчэ чакае яго. Пятро Савельевіч паказаў ліст жонцы, пісьменніцы Галіне Васілеўскай. Тая таксама здзівілася, тым больш, што яны даўно не былі ў Крыме, а ездзілі апошнія гады толькі на Каўказ, у дом творчасці, што ў Піцундзе. Але на гэтым гісторыя не скончылася. Праз нейкі час Галіна Ануфрыеўна паехала на літаратурныя выступленні ў Бабруйск. Пасля адной з сустрэч з чытачамі да яе падышла маладжавая жанчына і спытала, ці ведае яна Пятра Васілеўскага.

— Ведаю. Гэта мой муж,— адказала пісьменніца.

— Які муж! — здзівілася жанчына.— Калі мы адпачывалі з ім у Крыме, то ён быў халасты і вершы мне прысвячаў.

— Мы з ім больш як трыццаць год жанатыя, маем сыноў. I Васілеўскі не паэт, а драматург, п’есы піша.

— Не можа такога быць, каб вы больш за трыццаць год жа­натыя, яму ж яшчэ пяцідзесяці няма.

Каб збіць апантанасць жанчыны, Галіна Ануфрыеўна зайшла з ёй у бібліятэку, што была пры клубе, і паказала пісьменніцкі даведнік, дзе змешчана фатаграфія Пятра Васілеўскага.

— Не, мой маладзейшы і прыгажыйшы,— сцвердзіла жанчына і тут жа дадала: — Гэта картку падмянілі.

Так жанчыны і разышліся, кожная пры сваёй думцы. Пазней мне падказалі, хто з пісьменнікаў «іграў» пад Васілеўскага. Не ведаю дакладна, ці расказаў ён Васілеўскаму пра свае гульні з яго прозвішчам, але чутка ходзіць такая, што нібыта на абурэнне дра­матурга псеўда-Васілеўскі аджартаваўся: «Ты атрымаў ганарар, табе прызналася ў каханні маладая прыгожая жанчына. Чаго ты ад мяне яшчэ хочаш?»


ЯК ПАЭТ ПРАВІЎ ПАЭТА

Анатоль Сербантовіч напісаў верш пра Галілея, у якім было сказана, што вялікага вучонага спалілі на кастры. Але паэт, відаць, не заглянуў, як кажуць, у святцы, не праверыў дакладнасць падзей, што стаяць за гэтым прозвішчам. Тады другі паэт, Кастусь Кірэенка, вырашыў паправіць маладзейшага калегу і ў сваім вер­шы ўдакладніў, што спалілі на кастры Каперніка. Неўзабаве з’явіліся вусныя эпіграмы Івана Пташнікава і Анатоля Клышкі, у якіх, нарэшце, сцвярджалася, што спалілі на кастры не Галілея і не Каперніка, а Джардана Бруна. Друкаваную папраўку зрабіла «Литературная газета».


«ШТО Я БУДУ РАБІЦЬ ЗАЎТРА?»

Кінадраматург і рэжысёр Аляксандр Гутковіч ставіў фільм па рамане Івана Пташнікава «Алімпіяда». Грошай на фільм было выдзелена мала, здымкі ішлі пераважна ў павільёне, таму рэжысёр шукаў любы выпадак, каб наблізіць працу над фільмам да на­туры. Аднойчы ўвечары прыходзіць Гутковіч у пакой да артыстаў і радасна ставіць на стол літровік самагонкі:

— Гляньце, што я дастаў! Заўтра паводле сцэнарыя вам трэба будзе браць па чарачцы. Гэта будзе выглядаць вельмі нату­ральна.

Паставіў літровік на стол, а сам выйшаў. Акцёры крыху пакаштавалі таго пітва, яно ім спадабалася, а тады ўзялі ды асушылі літровік да дна. К гэтаму часу вярнуўся рэжысёр, убачыў пусты слоік і ў роспачы вымавіў:

— Божа! Што я буду з вамі рабіць заўтра?!


БАБУЛЬЧЫНА ЗДЗІЎЛЕННЕ

Ідзе чарговае штогодняе літаратурнае свята на радзіме Якуба Коласа. Першы прамоўца зачытвае вядомыя радкі паэта:

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Гэтыя самыя радкі цытуе другі прамоўца, трэці, чацвёрты...

Бабуля слухае іх і прамаўляе:

— Гэта ж трэба, выходзіць, што Колас напісаў усяго адзін вершык, а як багата людзей тут назбіралася.


АДНАЛЮБ АДАМЧЫК

У бібліятэку Саюза пісьменнікаў прыйшла працаваць Ніна Уладзіміраўна — жонка Вячаслава Адамчыка. Аднойчы я ўбачыў, што яна размаўляе з сынам.

— Гэта старэйшы ці малодшы прыходзіў? — пацікавіўся я.

— Малодшы, любімы сын Адамчыка.

— Як гэта толькі ён любімы?

— А так. Калі мы пажаніліся і дзяцей яшчэ не было, то Чэсь глядзеў толькі на мяне, а як нарадзіўся першы сын — уся бацькава ўвага перайшла яму. Я тады сказала, што трэба нарадзіць яшчэ аднаго сына. Адамчык запярэчыў: «Хіба можна любіць адразу дваіх?» I ўсё ж я нарадзіла другога. Дык цяпер уся бацькава ўвага і любоў звернута да меншага.

Праз нейкі час я пытаюся ў Ніны Уладзіміраўны:

— Ну як там Адамчык, па-ранейшаму любіць толькі малодшага сына?

— Не, цяпер ён любіць толькі ўнука,— быў адказ.


АБАЗНАЛІСЯ

Дні літаратур народаў СССР на Беларусі. Дэлегацыі раз’ехаліся па раёнах для сустрэч з чытачамі. Паколькі ў Нясвіжы працавала група армян, вырашылі накіраваць туды армянскага пісьменніка, пра гэта загадзя паведамілі ў райком партыі. Але, на жаль, госць прыхварэў і застаўся ў гасцініцы. Туды паехалі рускі паэт Віктар Бокаў, і наш Пятрусь Макаль. У Нясвіжы не ведалі, што адбыліся змены ў складзе дэлегацыі.

I вось сустрэча ў Нясвіжы. Пятрусь Макаль стаў у другім радзе, каб наперад вылучыць гасцей. Але сакратар райкома партыі мінае Віктара Бокава, старэйшага брата, і звяртаецца да Макаля:

— Дарагі армянскі друг! Мы вельмі рады вітаць вас на нясвіжскай зямлі, дзе працуюць вашы землякі, працуюць натхнёна і плённа, мацуючы дружбу народаў...

Увесь час звяртаючыся толькі да Макаля, сакратар райкома ў канцы прамовы дадала:

— А цяпер выступіць армянскі рабочы. Я думаю, вам прыемна будзе пачуць родную армянскую мову.

Макаль спачатку збянтэжыўся, але змірыўся з гэтай роллю, а калі рабочы пачаў чытаць верш Сільвы Капуцікян па-армянску, то стаў нават ківаць галавой. А тут яму як армянскаму паэту даюць слова. Тады Пятро Міхайлавіч і прызнаўся:

— Я не армянскі пісьменнік, а беларускі паэт Пятрусь Макаль.


КІМ ЁН БЫЎ, KIM ЁH CTAЎ

Выхаванец Мікашэвіцкага дзіцячага дома, тады паэт-пачатковец Уладзіслаў Нядзведскі, паступіў у Беларускі ўніверсітэт. Лекцыю па ваеннай справе прыйшоў чытаць генерал. Уступнае слова яго было такое:

— Ну вось, кім я быў да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі? Дурань дурнем, пасвіў кароў. Пра што гэта гаворыць?

— Што ў наш час кожны дурань можа стаць генералам,— адказаў Нядзведскі.

РОЗЫГРЫШ

Валодзя Караткевіч расказаў мне, як ён з сябрамі аднойчы разыграў Алеся Мажэйку. Паколькі Алесь спецыяліст па славацкай і чэшскай літаратурах, то хлопцы перадалі праз яго жонку, каб той прыйшоў да пражскага цягніка сустрэць чэхаў, якія быццам бы прыязджаюць у Мінск, і дадалі, што пажадана, каб ён узяў з сабой бутэльку шампанскага. Жонка пацікавілася, хто гэта звоніць. Адказалі, што з Беларускага таварыства дружбы, прозвішча прыдумалі — Бублікаў. Пасля шкада стала Алеся і вырашылі даць адбой. Але жонка сказала, што ён узяў шампанскае і пайшоў на вакзал. Ніякія чэхі не прыехалі, аднак на пероне ён пачуў чэшскую мову, пазнаёміўся з чэхамі, якія ад’язджалі, і выпіў з імі тое шампанскае. У добрым настроі яны падарылі Алесю камплект альбомаў, і самае дзіўнае, што на падпісаным альбоме стаяў аўтограф мэра аднаго з гарадоў Чэхаславакіі, прозвішча якога Бублік.


ЯК ПРАВІНІЎСЯ ПУШКІН

Ад Анатоля Вярцінскага як былога «лімаўца» і рэдактара «ЛіМа» я чуў неаднойчы такую сур’ёзна-кур’ёзную гісторыю... Летам 1972 года ён з Петрусём Макалём былі запрошаны на Пушкінскія ўрачыстасці, што праходзілі ў Болдзіне.

Па дарозе на свята, расказвае ён, мы пераклалі па адным вершы Пушкіна — з тым, каб потым прачытаць свае пераклады. Я пераклаў «Вакхічную песню», а Макаль — санет «Паэту». Пераклады нам вельмі спатрэбіліся — удзельнікі свята з цікавасцю слухалі вядомыя радкі ў перакладзе на іншую славянскую мову. Вярнуўшыся да дому, я напісаў нататкі для «ЛіМа» — «У Пушкіна». Да іх мы з Макалём дадалі і свае пераклады. Тагачасны рэдактар Леанід Прокша ухваліў і тое, і другое, матэрыял ішоў у нумар і ўжо стаяў на паласе. I раптам — званок. Леанід Януаравіч выбачальным голасам паведамляе, што нататкі, маўляў, пойдуць, а вось што да перакладаў... Аказваецца, якраз к гэтаму часу прыспела антыалкагольная пастанова (тая, першая!). Трэба пачынаць барацьбу... А мы разам з Пушкіным спяваем натхнёна гімн вясёламу богу Вакху...

Падымем і зрушым бакал да бакала!

Каб розум свяціўся, каб муза натхняла!..

Зляцеў з паласы і пераклад Макаля. Па такой самай прычыне: з’явілася пастанова аб узмацненні ролі літаратурна-мастацкай крытыкі, дзе падкрэслівалася, што інтэлігенцыя павінна служыць народу. А тут: «Паэт! не даражы пашанаю народнай».

Зноў неспадзяванка. I для рэдакцыі, і для нас. «Быў час, быў век, была эпоха...»

Але ж былі і пільныя рэдактары.


ЯК ЗАРАБІЦЬ ГРОШЫ

Міхась Чавускі расказваў, як у маладыя гады ён прыехаў у родную вёску і пахваліўся бацьку, што апублікаваў вялікі артыкул у газеце «Звязда». Бацька адразу пацікавіўся, колькі за гэта далі сыну грошай. Аказалася, сума на той час атрымана была прыстойная. Тады бацька здзівіўся:

— Дык чаму табе не рабіць гэта кожны дзень?


ШТО ЯШЧЭ МОЖНА ЎЗЯЦЬ?

Казімір Камейша расказваў мне, як напярэдадні свята Перамогі сустрэліся два паэты, два ветэраны вайны Антон Бялевіч і Пятро Прыходзька. Антон Бялевіч стаў успамінаць пра свае партызанскія паходы на Віцебшчыне, але Пятро Фёдаравіч вырашыў спляжыць свайго сябра напавал. 3 гонарам ён сказаў:

— А я браў Сандамірскі плацдарм і Берлін браў.

— Калі ты большы герой, нават Берлін браў, то ты вазьмі і бутэльку гарэлкі,— знайшоўся заядлы палеміст Антон Бялевіч.


ПЕРАКЛАДЧЫЦКІ ПЕРЛ

На адной з нарад у Саюзе пісьменнікаў абмяркоўвалі перакладчыцкія справы. Зайшла размова пра тое, з якой мовы лягчэй перакладаць: блізкароднаснай ці няроднаснай. Дарэчы, спрэчка гэтая вядзецца і да гэтай пары. Літаратары ў сваіх выступлениях звярталі ўвагу на казусы, у якія трапляюць перакладчыкі з блізкіх моў, у прыватнасці, з беларускай на рускую. Нехта сказаў, што нядаўна адкрыты ў Мінску рэстаран назвалі «Журавінка». А гэтым пяшчотным словам можна прыгалубіць і дзяўчыну: «Ты мая журавінка!» Але пабачыце, што атрымаеце, калі вы паспрабуеце прыгалубіць дзяўчыну гэтымі самымі словамі літаральна перакладзенымі па-руску: «Ты моя клюквинка!» Здаецца, літаратуразнавец Сцяпан Александровіч, які пазней у «Сказе пра Лы­сую гару» вобразна будзе названы кратом за сваю карпатлівую архіўна-пошукавую працу, спыніў увагу на перакладзе рамана Кузьмы Чорнага «Трэцяе пакаленне», у прыватнасці, на сказ «У канюшыне стракаталі конікі», які на рускай мове загучаў так: «В конюшне ржали лошадки».

Застаецца назваць толькі прозвішча аўтара гэтага перла — М. Шамбадал. А хутчэй за ўсё ён сваю бездапаможнасць схаваў за псеўданімам, даволі ўдалым, бо сапраўды, у перакладзе нашамбадалена.


НЕ ТОЙ ДУХ

Цяпер некаторыя пісьменнікі, дый не толькі пісьменнікі, любяць маляваць прывабна свой аўтапартрэт, паказваць сябе як мучанікаў мінулага, хоць у тыя часы яны мелі і добрыя пасады, і кватэры, і яшчэ тое-сёе.

Серафім Андраюк сціпла маўчыць пра гісторыю з выданнем яго манаграфіі «Жыццё. Літаратура. Героі». Кніга выйшла ў 1973 годзе, але рукапіс яе быў здадзены ў выдавецтва «Беларусь» прыкладна за гадоў шэсць да выхаду. На той час я працаваў у Камітэце па друку (ён называўся дзяржаўны, нібыта тады маглі быць камітэты прыватныя), а з Саюза пісьменнікаў за подпісам Івана Мележа прыйшоў ліст, у якім гаварылася, што выпуск кнігі С. Андраюка затрыманы выдавецтвам «Беларусь» у другой карэктуры і Саюз пісьменнікаў хадайнічае аб яе выданні. Да ліста быў дададзены пратакол пасяджэння секцыі крытыкі, дзе канстатавалася, што ўсе выступоўцы, за выключэннем прадстаўніка выдавецтва, выказаліся за выданне гэтай працы. Кіраўніцтва камітэта даручыла мне азнаёміцца з ёю і выказаць сваю думку. Праца крытыка пакінула добрае ўражанне, і ў мяне з’явіліся не скажу што заўвагі, а хутчэй кампрамісныя прапановы, якія тычыліся канкрэтных імёнаў пісьменнікаў з тым, каб выратаваць выданне, бо я адчуваў, адкуль разгарэўся сыр-бор і ў якім выпадку выпуск кнігі не можа адбыцца. Неўзабаве намесніка старшыні камітэта Анатоля Фаміча Барушку і мяне выклікалі ў ЦК партыі да Уладзіміра Гніламёдава, які займаўся там пытаннямі мастацкай літаратуры. Едучы ў машыне, Анатоль Фаміч пацікавіўся наконт маёй думкі пра выданне кнігі Андраюка. Я адказаў, што стаю за яе выпуск. Анатоль Фаміч дадаў, што яго пазіцыя такая самая. У кабінеце Уладзіміра Гніламёдава ўжо сядзелі аўтар Серафім Андраюк і загадчык рэдакцыі мастацкай літаратуры вы­давецтва Хведар Жычка. Выступіў аўтар манаграфіі, затым я, потым Барушка. Здавалася, усё ідзе добра. Валодзя ўжо выказаў думку, што трэба будзе гэтую гаворку аформіць пісьмова і далажыць вывады кіраўніцтву ЦК. Але раптам Жычка, які ўвесь час наглядаў за намі, сказаў адну фразу, якая зрабіла ўражанне выбуху бомбы:

— А ўчора дырэктар выдавецтва быў у сакратара ЦК тава­рыша Пілатовіча, і яны вырашылі кнігу не выдаваць.

— Чаму не выдаваць? — здзівіўся Гніламёдаў.

— Дух не наш,— растлумачыў Жычка, і ў яго іранічным паглядзе вачэй зайграла здзіўленне: няўжо дагэтуль вы яшчэ не ўсвядомілі, што Савецкую ўладу ўвасабляюць сакратар ЦК, дырэктар выдавецтва і ён — Хведар Жычка.

— Так-так, дух не той, дух не той,— спахапіўся Барушка і пачаў паляпваць Андраюка па плячы, нібыта ён даўно яго ведае і яны, маўляў, адзін аднаго разумеюць.

— Дык для чаго ж мы тут збіраліся? — вырвалася ў Валодзі Гніламёдава, але тут жа ён знайшоўся і абвясціў: — Пасяджэнне пераносіцца!

Цяпер я разумею: нас проста хацелі падставіць як пешак, зрабіць вінаватымі ў гэтай гульні. Ды яшчэ: мы праходзілі своеасаблівую школу, паводле якой, як выявілася, эстэтычны густ неабавязковы, галоўнае — валодаць нюхам, адчуваць, чым дыхаюць там, наверсе, і тады даволі проста вызначаецца гэты самы дух кніжкі.

Што да выхаду манаграфіі, дык Андраюк вырашыў праблему так: праз Інстытут літаратуры, дзе працаваў тады, ён уключыў рукапіс у план выпуску выдавецтва «Навука і тэхніка». Зразумела, з Інстытута літаратуры быў званок у ЦК, але і на гэты раз Гніламёдаў сказаў: «Можна выдаваць».


ХТО ЯК ПІША

На адной з творчых сустрэч, прадстаўляючы Валодзю Гніламёдава, я сказаў:

— Гэта наш добры крытык.

— Пішу я не так ужо і добра,— пракаменціраваў Валодзя і пасля паўзы дадаў: — Але пакуль што не бачу, каб хто пісаў лепш.


АЎТОГРАФ МІХАСЯ СТРАЛЬЦОВА

Міхась Стральцоў марыў купіць у вёсцы хату. Чалавек засумаваў па вясковай працы, па прыродзе, па зямлі, па людзях, якія яе абрабляюць. Аднойчы ён падахвоціўся да мяне на так званую дачу, што стаіць на ўсхіле знакамітай, так цудоўна апісанай у паэме Лысай тары. Там ён з нейкім захапленнем, як згаладнелы па працы на агародзе, пачаў ускопваць градку — узяў самую вялікую і запушчаную. Потым, седзячы за абедам, ён убачыў на суседнім століку сваю кнігу «Мой свеце ясны», якая толькі што выйшла. Нічога не прамовіў на гэта, а пачаў гаварыць пра Рыгора Барадуліна, паэзію якога вельмі любіў, затым пайшла гаворка пра творы іншых пісьменнікаў. Напаследак ён сказаў, што на Лысай гары таксама можна жыць і папрасіў, калі я дачуюся, што нехта тут прадае дачу, то каб перадаў яму пра гэта. Затым узяў сваю кнігу ў рукі і сказаў, што хоча напісаць вершаваны аўтограф. Я нешта адказаў у падтрымку гэтай задумкі, на што ад яго пачуў «Пачакай, пачакай...». Відаць, у яго нейкія радкі ўжо ўсплылі, толькі яшчэ нечага не хапала. Праз колькі хвілін ён напісаў на тытульным лісце:

Аляксею Гардзіцкаму:

3 прыродай гэтаю у згодзе,

Я Лысагор’ю б’ю чалом.

Кажу пры гэтакай нагодзе:

Папрацаваўшы ў агародзе,

Давай шчэ норму за сталом.

М. Стральцоў


ЯКІ ВЫГЛЯД У ПІСЬМЕННІКАЎ...

Алесь Ставер павёз на сваёй машыне групу пісьменнікаў у Лідскі раён. Надвячоркам прыехалі ў вясковы клуб. Заўсёды акуратны, у капелюшы, Ставер і тут праявіў прадбачлівасць у працы: праводзіў калег у клуб, а сам, пакуль не сцямнела, вярнуўся да машыны, каб агледзець яе, нешта падкруціў у маторы, падмёў у салоне, выцер чыстым ручніком рукі, а тады накіраваўся ў клуб. Убаку спыніліся дзве жанчыны. Адна з іх кажа:

— Ты бачыш, які культурны ў пісьменнікаў шафёр — і пры капелюшы. А ты ўяўляеш, як жа тады выглядаюць самі пісьменнікі!


АЛЕСЬ СТАВЕР ПРА СЯБЕ

— Я — Аляксандр Сяргеевіч, як Пушкін, не дачуваю, як Бетхо­вен, і кульгаю, як Байран.


ЯК ЯНО ЛЕПШ

Алесь Пісьмянкоў прыйшоў у платную паліклініку, каб вырваць зуб. Доктар кажа:

— Ну што я вам буду рваць адзін зуб, дванаццаць рублёў гэта каштуе, ды наркоз дваццаць. Вунь я бачу яшчэ два суседнія псуюцца, давайце адразу тры і вырвем: і мы выгадаем, і вы сэканоміце на наркозе, усяго адзін раз уколем.

Алесь папрасіўся выйсці пакурыць і тут жа даў дзёру. На рабоце ён нам тлумачыў:

— Лепш буду з адным хворым зубам хадзіць, чым адразу без трох.

P. S. Калі падборка гэтых мініяцюр упершыню прагучала па радыё, то я па наіўнасці чакаў, што нехта, можа, мне пазвоніць, павіншуе з дэбютам. Тэлефон маўчаў. Затое назаўтра, калі я прыйшоў на работу, Пісьмянкоў расказаў:

— Ты ведаеш, учора, можа, пяць званкоў было, усе пыталіся, што з маім зубам.


ЯК СТАЦЬ КЛАСІКАМ

Прыехаў з Беласточчыны беларускі паэт Ян Чыквін і распытвае ў нашага Георгія Марчука пра яго жыццё.

— Маю выклік у Кёльн,— пахваліўся Марчук.

Праз год Мінск наведаў дырэктар Ольштынскага выдавецтва з Польшчы. На такое самае пытанне Марчук з гонарам адказаў:

— Маю выклік у Кёльн.

А яшчэ праз год ужо непасрэдна мне Марчук паведаміў тое самае: «Маю выклік у Кёльн».

Чаму менавіта ў Кёльн?

* * *

Працуючы над даведнікам пра пісьменнікаў, я папрасіў Георгія Марчука вычытаць нататку аб ім. Ен хуценька вачыма прабег яе і падагульніў:

— Напісана правільна. Класічныя творы ўсе пералічаны, астатнія называць неабавязкова.


ХТО ВІНАВАТЫ?

Вядома, што прыгранічная брэсцкая гаворка своеасаблівая, на ёй адчувальны ўплыў моў суседніх народаў. I вось аднойчы ўвечары, напрацаваўшыся на абласной тэлестудыі, паэт Мікола Пракаповіч прыйшоў дадому і папракнуў жонку:

— Чаму твае дзеці не гавораць па-беларуску?

— А чаму твае дзеці не гавораць па-беларуску? — пытаннем на пытанне адказала жонка.


ІСТОТНАЯ ПАПРАЎКА

Праводзілі на пенсію акадэміка-сакратара аддзялення грамадскіх навук Беларускай Акадэміі Мікалая Васільевіча Бірылу. У сваім выступленні Іван Якаўлевіч Навуменка, тады віцэ-прэзідэнт Акадэміі, звярнуў увагу прысутных:

— Мы ніколі з ім не лаяліся.

Мікалай Васільевіч удакладніў:

— Гэта праўда, мы не лаяліся. Вы мяне лаялі.


У КАГО ЗАХАВАНА ІСЦІНА

На гэты раз Рада Саюза пісьменнікаў прайшла даволі бурна і тэмпераментна. Пытанне было важнае: уваходзіць ці не ўваходзіць у Міжнародную супольнасць пісьменніцкіх саюзаў. Было выказана шмат цікавых, але часта супрацьлеглых думак, як кажуць, што ні галава — то розум. Сярод апошніх выступоўцаў быў і Леанід Дайнека, які сказаў:

— Я згодзен з думкай Барыса Сачанкі, згодзен і з думкай Івана Чыгрынава. Ну, а сваю думку я заўсёды паважаю.


ЧЫЙ ПЛАЧ?

На наступнай пісьменніцкай Радзе ішла гаворка пра цяжкасці ўваходу ў рыначную сістэму. Аўтар шэрагу вядомых раманаў аб трагічных ваенных гадах, у тым ліку «Плачу перапёлкі», «Апраўдання крыві», Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў зрабіў вывад:

— Час непрадказальны, час трывожны, к канцу года мы прыйдзем з плачам.

— 3 «Плачам перапёлкі»? — выгукнуў нехта пад смех залы.

— Не дай бог! — усклікнуў Іван Гаўрылавіч.— Бо тады не будзе «Апраўдання крыві».


ЯК ТРАПІЦЬ У ЧЛЕНЫ СП

Ішоў прыём у члены Саюза пісьменнікаў. Выступае Раіса Баравікова:

— Сёння мы абмяркоўваем творчасць Марыі Баравік. Я вось ця­пер успамінаю, як мы з ёй некалі пазнаёміліся на семінары маладых літаратараў у Каралішчавічах. Па сутнасці, мы з ёй выраслі на адной палянцы, і я ўжо член Саюза пісьменнікаў, а яна не. Лічу, што яе трэба таксама прыняць.

— Дык вунь сядзіць яшчэ і чакае Баравы,— кінуў рэпліку хтосьці з пісьменнікаў.

— I яго варта прыняць. Як жа, на палянцы, ды без мужчыны,— жартаўліва дадаў другі.


КАЛІ ТЫ МАЕШ АДНОЛЬКАВАЕ ПРОЗВІШЧА

Радыёстанцыя «Свабода» ў перадачы, прысвечанай Янку Купалу, паведаміла, што беларускага песняра пазнаёміў з адным літоўскім пісьменнікам Кастусь Цвірка. Ведаючы, што Кастусь прыйшоў у літаратуру ў пяцідзесятыя гады і не мог знацца з Янкам Купалам, некаторыя жартаўнікі сталі званіць паэту, віншаваць з тым, што ён сябраваў з самім класікам нашай літаратуры, яшчэ і дакараць, што не прызнаваўся ў гэтым, аж покуль заходняе радыё не расказала. Кас­тусь спачатку рабіў выгляд, што ганарыцца гэтым сяброўствам, якое знаўцы нарэшце адкрылі, але віншаванні не спыняліся. I тады не вытрываў:

— Дык гэта не я быў, то, мусіць, літоўскі паэт Пятрас Цвірка.


ПАДВЯЛА БАРАДА

Выетупалі з паэтам гумарыстам Пятром Сушко ў школе. Тады ён яшчэ быў даволі малады. У час сустрэчы выйшла так, што загаварылі пра дзядоў і ўнукаў, і Пятро вымушаны быў спытаць:

— Колькі год вы мне далі б?

— Семдзесят,— адказала дзяўчынка.

— Чаму ты так падумала?

— Барада ў вас старая.


ЯК «ПАДЛАВІЛІ» ЯНКУ МАЎРА

Ішла сустрэча пісьменніка Янкі Маўра са сваімі юнымі чытачамі. Раптам адзін з іх устае і пытае:

— У «Палескіх рабінзонах» напісана, што два хлопчыкі трапілі на бязлюдны востраў і злавілі шпіёна. Калі гэты востраў бязлюдны, то дзе яны вяроўку знайшлі, каб звязаць таго шпіёна?


ЯК НАРАДЖАЮЦЦА АНЕКДОТЫ

У часы Хрушчова, вялікага змагара за кукурузу, часта грамілі антыпартыйныя групы. Усе і не згадаеш. Але адна помніцца тым, што тут быў і «прымкнуўшы» Шэпілаў. Дык вось, у Саюзе пісьменнікаў ішоў партыйны сход па разгроме гэтай самай антыпартыйнай групы. Натуральна, што ўсе выступоўцы закляймілі яе, а на завяршэнне старшынствуючы Пятрусь Броўка звярнуўся да залы:

— Можа, у каго ёсць пытанні?

Падняў руку Янка Маўр, які любіў заўсёды ўнесці ў казёншчыну нешта сваё, гумаровае, і кажа:

— А гэтага лысага, што сеяў кукурузу, спаймалі ці не?

— Ціха, ціха,— замахаў на яго рукамі Броўка,— каго трэба, таго зловяць, і разбяруцца без нас.

...Не так даўно, у дзевяноста першым годзе, на расійскім тэлебачанні прайшла перадача аб анекдотах. 3 вуснаў Аркадзя Арканава гэты эпізод прагучаў як анекдот, больш сцісла, без упамінання названых мною прозвішчаў і месца дзеяння. Відаць, сатырыку нехта з беларускіх пісьменнікаў расказаў пра гэты сход.

Так і нараджаюцца анекдоты. Зрэшты, у пэўнай меры так нараджаліся і мініяцюры, жарты, якія я і прапанаваў тут.