КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Я размалюю для цябе неба [Валерый Гапееў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Валерый ГАПЕЕЎ Я РАЗМАЛЮЮ ДЛЯ ЦЯБЕ НЕБА

Казка для дарослых дзяцей

1

Мама — гэта нешта вялікае, пяшчотна-цёплае, з лёгкай незразумелай журбінкай у голасе, гатовае ўсё прабачыць, выслухаць і зразумець. Гэта вялікае пастаянна ахутвае Жэньку, яму лёгка і ўтульна.

Тата — гэта нешта рэзка-вуглаватае, строгае і прамое, як іх дом, цвёрдае, халоднае. Яно заўсёды насцярожанае, гатовае паправіць, асудзіць і нават накрычаць.

А яшчэ ёсць кплівае, яхіднае, якое адно і чакае моманту, каб пакрыўдзіць і зняважыць — гэта Мікіта.

І яшчэ… Пра гэта Жэнька нікому не кажа, нават маме, хоць яна іншы раз спрабуе знайсці і зразумець сярод усіх яго пачуццяў ды адчуванняў і гэты маленькі пухнаты камячок чагосьці дрыготка-далікатнага, які хочацца схаваць ад усіх, абараніць, зрабіць нешта добрае-добрае, каб яму, камячку, стала весела і радасна.

Гэта калі Жэнька нікога не бачыць, а толькі адчувае. А калі бачыць, тады мама — вельмі прыгожая жанчына. Жэнька ведае, чаму мама прыгожая: у яе добры генетычны патэнцыял — так усе кажуць. І таму ёй дазволілі нараджаць. Жэнька не разумее, што гэта такое, але яму і не трэба гэтага. Ён проста любіць глядзець на маму, але крадком. Празрыстае адзенне не хавае яе цела. Жэнька чамусьці бянтэжыцца гэтай адкрытасці, хоць мама толькі смяецца. А тата злуецца, кажа на Жэньку, што ён — мамчын сынок.

Тата — высокі і моцны мужчына. Калі Жэнька вырасце, ён павінен быць такім жа прыгожым, як мама, і дужым, як тата. Таму што ён — прадаўжальнік роду.

Праўда, яго трэба яшчэ выхаваць, як след, часта паўтарае тата. Інакш будзе дарма страчаны генетычны патэнцыял.

Калі Жэнька расплюшчвае вочы, тады той далікатны камячок становіцца проста Лінай. Дзяўчынкай з суседняга дома. Калі цямнее вялікае Сонца над галавой і Купал з белага становіцца шэрым, ён любіць глядзець на Ліну праз празрыстыя сцены іх дамоў. У Ліны пакой такі ж, як і ў Жэнькі, у тым жа куце дома. Толькі паміж імі пакой дарослых, і яны часта засланяюць сабой Ліну. Добра ббыло, каб людзі, якія жывуць у празрыстых дамах і носяць празрыстую адзежу, самі рабіліся празрыстымі. Калі ты захочаш.

А Мікіта — гэта хлопчык з дома праз вуліцу. Яго таксама Жэнька часта бачыць. Як толькі Жэнька глядзіць туды, Мікіта тут жа крывіць твар і паказвае яму, Жэньку, нейкія незразумелыя жэсты. Мусіць, для яго не раз ужо гучаў званок. Хай яму будзе горш — бо калі часта звініць званок, тады ў цябе менш шанцаў стаць сапраўдным грамадзянінам Купала. Так кажа тата.

2

— …І тады лепшыя сыны нашага народа вырашылі абараніць сябе і сваіх дзяцей ад немінучай смерці: стварылі Вялікі Купал ды запалілі ў ім Сонца. І стаў Купал выратаваннем для іх, для ўсіх, хто верыў у Вялікі Шлях. А ўсё астатняе загінула ў страшнай Цемры. Тысячы людзей самааддана працуюць сёння, каб працягвалася жыццё — адзінае жыццё сярод Цемры. І вы ўсе, маленькія грамадзяне Купала, павінны расці і вучыцца, каб змяніць потым сваіх бацькоў, каб працягнуць вялікую справу жыцця…

Жэньку не цікава. Ён ужо ведае пра ўсё гэта, бо нешта расказвалі ў дзіцячым садку, а больш тлумачыў тата. Жэнька цяпер у школе. Ён адчувае спакой мамы за яго, тата зусім пра яго не думае, калі працуе. Вакол Жэнькі — толькі Ліна, Мікіта і строгі Настаўнік. Ліна побач — яе можна крануць рукой. Жэнька баіцца, што яна адчуе яго, ён з усёй моцы спрабуе стрымаць у сабе моцнае пачуццё пяшчоты да яе, якое ўспыхнула невядома з якой нагоды. І яна адчула, забылася на голас Настаўніка, паглядзела на Жэньку і ўсміхнулася. Жэнька адчуў кволую, асцярожную пяшчоту ў адказ. І ў тое ж імгненне ўсё запоўніла сабой злосць і пагроза — гэта Мікіта, ён сочыць, адчувае.

— Уважліва слухайце мяне! — грозна прамаўляе Настаўнік.

Зваротная пяшчота згасае, а злосць толькі ледзь прытухае…

Дрэнна, што ты не можаш адчуваць усяго Настаўніка, а толькі яго строгасць. Але нічога, яны хутка вырастуць. Калі ім споўніцца па 16 гадоў, то замест дзіцячага абруча на назе, надзенуць на рукі бранзалеты сапраўдных грамадзян. І тады Жэнька будзе адчуваць не толькі маму, тату і сваіх сяброў, але ўсіх-усіх жыхароў Купала. Усе іх пачуцці. І ўсе будуць адчуваць твае. Тата кажа, што гэта завецца поўным уключэннем у адзінае эмацыйнае поле. І гэта вельмі добра калі ўсе людзі вакол адчуваюць адно аднаго. Тады нельга задумаць ліхое. Бо калі нехта задумае ліхое, Купал загіне.

…Дома Жэнька маляваў толькі алоўкамі: свой горад, увесь празрысты, з аднолькавых празрыстых дамоў-каробак. Маляваць горад было сумна, усюды аднолькавыя вуліцы разбіваюць яго на аднолькавыя кварталы. Тата кажа, што такое ўладкаванне горада аптымальнае. Што значыць — аптымальнае, Жэнька пакуль не разумее, але калі кажа тата — значыць, так трэба.

Аднастайныя кварталы з празрыстых дамоў дзеляцца на чатыры вялікія часткі. У адной жывуць рабочыя, у другой — службоўцы, у трэцяй — інжынеры, у чацвёр тай — ахоўнікі і кіраўнікі. У цэнтры горада — велізарны белы пляц. Такі роўны і бліскучы, як сцены дамоў. Толькі ён не празрысты, а белы-белы. Пасярод пляца ўзвышаецца велічны будынак Кіравання Купалам — высокі прастакутнік чорнага колеру.

Гэта адзіны ў Купале будынак, дзе сцены не празрыстыя. Толькі ў гэтых сценах ёсць прамавугольныя праёмы — дзверы і вокны. Але і праз іх не відаць, што там ўсярэдзіне. Таму што гэтыя праёмы не празрыстыя, а белыя.

Перад гэтым будынкам усё адчуваюць глыбокую павагу. У гэтым будынку працуюць і жывуць самыя разумныя грамадзяне Купала. Ад іх залежыць само Жыццё.

Жэнька павінен добра вучыцца, бо яго генетычны патэнцыял падыходзіць для кіраўніка. Так кажа тата.

Невялікі пляц ёсць у кожным асобным квартале. Пасярод яго — вялікі празрысты дом з прасторнымі заламі — гэта Сталоўкі. Сюды ўсе прыходзяць два разы на дзень атрымліваць сваю порцыю Жыццёвай сілы.

…Сёння на ўроку малявалі фарбамі. Настаўнік павесіў на сцяне вялікі малюнак: гэта Першы Кіраўнік Купала, яго партрэты вісяць у кожным доме, толькі там яны невялікія.

— Вы павінны паспрабаваць намаляваць партрэт Вялікага Першага Кіраўніка, — даў заданне Настаўнік. — Галоўнае: дамагайцеся дакладнай перадачы мужнасці і розуму на яго твары, да дакладнага падабенства не імкніцеся.

Жэнька стараўся. У яго ўсё атрымлівалася: фарбы роўна клаліся на шурпаты ліст. Набіраючы чарговы раз фарбу, ён адчуў выбліск нянавісці. Азірнуўся і ўбачыў злы погляд Мікіты. І ўсё зразумеў: у Мікіты на аркушы былі нейкія брудныя плямы. Хлапчукі неадрыўна глядзелі ў вочы адно аднаго некалькі імгненняў, а потым нечакана Мікіта піхнуў руку Жэнькі з заціснутым пэндзлем.

Пэндзлем Жэнька мазануў па празрыстым стале.

Мікіта зласліва засмяяўся — не ўслых, вядома.

«Чаму яму не звініць званок?» — разгублена падумаў Жэнька, гледзячы на пляму фарбы на сваім стале, — «Учынак Мікіты няправільны ж?» Але новая думка раптам завалодала ім. Ён не мог пакуль яшчэ зразумець усяго сэнсу яе, але думка забілася ў галаве нечаканым адкрыццём: фарба.

— Што ты такі ўзбуджаны сёння? — спытала мама, калі вярнулася з працы і яны разам з усімі ішлі ў Сталоўку. — У цябе ўсё атрымалася ў школе?

— Так, мама, усё атрымалася, — адказаў Жэнька. — Мне спадабалася маляваць фарбамі. Я магу імі маляваць дома?

— Я спытаю Настаўніка, ці можна табе фарбы дадому, — паабяцала мама. — Думаю, табе дазволяць, калі твой малюнак быў удалым.

— Мой малюнак быў лепшым, — без гонару адказаў Жэнька.

Мусіць, мама вырашыла, што Жэнька ўзбуджаны менавіта з-за поспехаў у маляванні.

3

— А кім ты хочаш стаць?

— Мая мама рабочая, а тата — інжынер, — адказала Ліна. — Яны хочуць, каб я вырасла і стала вучоным інжынерам. А ты кім будзеш?

— Не ведаю, — паціснуў плячыма Жэнька. — Тата кажа, што я павінен стаць кіраўніком.

— Ты станеш рабочым і будзеш працаваць у шахце! — пачуўся рэзкі выкрык.

Гэта Мікіта нечакана апынуўся перад Лінай і Жэнькам, якія стаялі, трымаючы адно аднаго за руку.

— І адыдзі ад яе! — з пагрозай дадаў Мікіта. — Яна — мая будучая жонка. Мы падыходзім па генах — так сказаў мне тата, а ён працуе ў сектары Шлюбаў!

— Ідзі сам адсюль! — адчайна, але са страхам, вымавіла Ліна. — Мама казала, што мне прызначаць мужа, калі мы станем дарослымі.

— Маўчы і хадзі сюды, — Мікіта схапіў дзяўчынку за руку і пацягнуў да сабе.

— Адпусці яе! — Жэнька ціснуў свае кулачкі.

— Хлюпік! Пайшоў вон! Яна — мая!

Што здарылася і як гэта здарылася — Жэнька і сам не зразумеў. Але ў наступны момант яго сціснуты кулак урэзаўся ў вусны Мікіты.

І тут жа зазвінеў званок, другі, потым тата паслаў свой выбліск гнеўнага асуджэння, захвалявалася мама.

А Мікіта стаяў і ўсміхаўся:

— Атрымаў два званкі? Ты яшчэ не тое атрымаеш! Я табе пакажу…

Але Ліну ён адпусціў, і дзяўчынка са страхам і жалем глядзела на Жэньку: атрымаць два званкі, такіх гучных і працяглых за адзін дзень — гэта страшна.

— Ты ўсё зразумеў? — перад дзецьмі паўстаў Настаўнік.

— Так, Настаўнік, — адказаў Жэнька.

— Табе засталося тры званкі. Пасля іх ты будзеш выгнаны са школы. І гэта значыць, што тваё месца — шахты Далёкай Мяжы.

— Я ведаю гэта, Настаўнік…

…Тата крычаў. Вельмі злосна і доўга. Мама маўчала. Жэнька адчуваў яе жаль, страх і яшчэ нейкае дзіўнае, незразумелае, ледзь улоўнае пачуццё. Гэта было падобна да ціхай радасці.

…Фарбы мама прынесла праз тры дні, бо Жэньку дазволілі дома маляваць партрэт Першага Кіраўніка. Ён спяшаўся ў той дзень дадому, не застаўся гуляць у двары школы. Толькі папрасіў Ліну, каб яна потым прыйшла да яго.

Мама і тата, вядома, адчуваюць яго хваляванне. Ну і што, хай… Ён будзе маляваць…

Жэнька ўсе гэтыя гадзіны памятаў той момант, як пад мазком пэндзля празрысты стол у класе перастаў быць празрыстым. Гэта так проста і так нечакана: фарба зрабіла празрыстае — каляровым. І не празрыстым.

Ён расставіў на сваім стале фарбы, потым прыцягнуў стул. І стаў маляваць. Жэнька маляваў акно. Яго вельмі проста маляваць: трэба толькі зафарбаваць усё астатняе, што не акно. І ў першую чаргу — тую сцяну, за якой яму крывіць твар Мікіта. Тут акно будзе вельмі маленькае, каб толькі ледзь-ледзь бачыць вуліцу. Акно вялікае будзе там, дзе Ліна. А ў сцяне, што дзеліць яго пакой з пакоем дарослых, акна не будзе: Жэнька не хоча бачыць, як мілуюцца мама і тата.

Закончылася сіняя фарба, ён адчыніў зялёную, потым памаранцавую і блакітную, жоўтую і чорную. Якой незвычайнай рабілася сцяна! Як раптам утульна стала ў яго пакойчыку, хай і не было ў ім дзвярэй, толькі тры сцяны, хай была празрыстая столь!

Жэнька не зразумеў, чаму не званок зазвінеў, а завыла сірэна. Менавіта яму, ён адчуў гэта.

А потым перад домам пачуўся шум — гэта пад’ехалі ахоўнікі ў шлемах. Яны ў разгубленасці спыніліся перад іх будынкам і глядзелі на амаль не празрыстыя рознакаляровыя сцены Жэнькінага пакоя. Потым з’явілася мама, тата, а з імі нейкі дзіўны чалавек з абручом на галаве. Па тым, як яго баяліся, Жэнька зразумеў, што гэта — нехта з кіраўнікоў.

Жэнька стаяў пасярод свайго пакоя з рознакаляровымі сценамі і намаляванымі вокнамі ды разгублена ўсміхаўся: калі яны так здзіўлены яго адкрыццём, чаму ж не радуюцца? Няўжо не бачаць, як цудоўна будзе, калі сцены ўсіх дамоў у горадзе размаляваць у розныя колеры?

Чаму так спалохалася мама? Чаму гатовы ўзарвацца ад злосці і адчаю бацька? Чаму тата крычыць, каб ён станавіўся ў кут і глядзеў сабе пад ногі? І навошта ў домцягнуць агідны доўгі шланг. Чаму ліецца вада? Чаму так зацята маўчыць мама, а ў іх доме гаспадараць чужыя людзі?

Сцены пакоя адмылі вартаўнікі дома і яны ізноў зазіхацелі сваёй празрыстасцю.

— …Навошта ты гэта зрабіў, сынок?

— Што ты няньчышся з ім! — не стаў далей стрымліваць сваю злосць бацька. — Ты падчас цяжарнасці атрымала два папярэджанні за свае сюсюканні! Табе забаранілі нараджаць другое дзіця з-за твайго залішняга мацярынскага інстынкту! Ты сапсавала яго сваёй ласкай! Ён павінен расці мужчынам, а ты!..

— Навошта ты гэта зрабіў, сынок, — усё гэтак жа далікатна, нібы не чуючы крыку бацькі, перапытала мама.

— Я хацеў тут пацалаваць Ліну, — прызнаўся Жэнька.

— Дурненькі, — з палёгкай засмяялася мама. — Але ж яе можна пацалаваць пры ўсіх. Мы ж казалі табе, што ніхто не хавае сваіх пачуццяў. Ты хочаш пацалаваць дзяўчынку? Пацалуй яе. Які сэнс хаваць дзеянні, калі ўсе мы адчуваем адно аднаго, калі нам вядомы пачуцці іншых?

— Ну і хай адчуваюць… Я не хачу пры ўсіх… Я хачу, каб толькі яна і я, — Жэнька амаль плакаў. Чаму мама не разумее яго!?

— Гэтага нельга! Ты разумееш — нельга! — чаканячы кожнае слова, строга загаварыў бацька. — У нашым грамадстве ўсе ўсё робяць адкрыта, пры ўсіх. Таму што мы — адзінае цэлае. Мы — Купал. Мы — адзіны народ. Наша грамадства — незвычайна датклівы арганізм з-за сваіх памераў. Кожнаму з нас вядома ўсё пра ўсіх: пачуцці і справы. І толькі дзякуючы гэтаму мы жывём, дзякуючы гэтаму выжылі. Ты з-за сваёй неразумнасці здзейсніў адно з самых страшных злачынстваў — утойванне! За гэта караюць адным: Трубой Смерці.

Мама здрыганулася.

— Не, не, што ты кажаш, ён жа зусім дзіця!

— Заўтра Кіраўнікі вынесуць сваё рашэнне! — цвёрда адказаў бацька.

Мама раптам напружылася, адказала хоць і ціха, але так цвёрда, што бацька разгублена прымоўк:

— Я не аддам сына!

— Яго ніхто не забірае, — нарэшце хмыкнуў ён. — Але тое, што яму не быць сярод кіраўнікоў — факт! Яшчэ што выкіне — і пойдзе на Далёкую Мяжу. Рабочым! У шахту!

Жэнька ведаў, што такое Далёкая Мяжа — яе можна ўбачыць, калі залезці на плоскі дах дома. Там дымяць трубы бо здабываюць вугаль і нафту, высяцца чорныя горы. Там шмат рабочых. Сярод іх ёсць асобная група — злачынцы. Яны правініліся перад горадам, і таму жывуць там, пазбаўленыя права заводзіць сям’ю і мець дзяцей.

4

Жэнька ведаў і пра Трубу Смерці. Яна вельмі далёка, але іх аднойчы вазілі туды, каб паказаць, бо ўсе грамадзяне Купала, нават самыя маленькія, павінны ўсё ведаць.

Гэта было адно з тых месцаў, дзе заканчваўся Купал. Труба і была трубой — тунэль па той бок Купала. Туды, у вечную Цемру, адпраўлялі памерлых. А яшчэ — самых старых жыхароў горада, калі тыя не паміралі ў час. Бо гораду няма куды расці, таму Кіраўнікам трэба строга сачыць, каб у горадзе заўсёды была роўная колькасць жыхароў. Калі хтосьці са старых не паміраў да нараджэння чарговага дзіцяці, яго ўсё адно адпраўлялі за Купал. Гэта сурова, але так трэба.

А яшчэ ў Цемру адпраўлялі самых небяспечных злачынцаў. Г эта тых, хто займаўся ўтойваннем. Бацька казаў, што калісьці даўно такія існавалі. Але ўжо шмат гадоў як грамадства цалкам ачысцілася ад такой брыдоты. І вось — Жэнька вырашыў зрабіць непразрыстымі сцены свайго пакоя…

Але назаўтра Жэнька адчуў сярод сваіх пакаранняў толькі тыя два званкі за сутычку з Мікітам. Бацька вельмі радаваўся, і мама была побач, толькі чамусьці старанна хавала лёгкую незразумелую трывогу.

Труба Смерці… Чаму Жэньку так цягнула да яе, ён не мог зразумець. Першы раз, калі пабачыў, нешта ўнутры яго тузанулася, быццам гэтае нешта пабачыла знаёмае, прывіталася… Ды не сама труба, празрыстая, як і ўсё пад Купалам, вабіла… Там, унізе, дзе труба заходзіла пад Купал, калыхалася чорнае полымя. Яно здавалася жывым, заварожвала сваімі павольнымі рухамі і быццам чакала нечага зверху, запрашала…

Хоць, як казалі, гэта Цемра імкнецца сюды, ды канструкцыя Трубы, узнятая на вышыню пад вуглом, перашкаджае, не пускае.

Бацька расказваў, што напачатку трубы не мелася — быў просты тунэль, і жыхарам Купала даводзілася часта мяняць заслонку, бо Цемра адтуль раз’ядала яе. Тады вучоныя прыдумалі спосаб і высока ўзнялі трубу. А Цемра не можа ўздымацца ўверх. І яшчэ Цемра спрабуе прабіцца побач з Трубой — вось таму высока і шырока вакол Трубы з гэтага боку Купал пакрыты спецыяльнымі панэлямі з вельмі моцнага матэрыялу. Гэтыя пліты не празрыстыя, яны чорныя… Як і тая Цемра.

…У той дзень пісалі вялікую Кантрольную Работу па гісторыі Купала. Жэнька напісаў яе вельмі хутка, бо столькі ж ведаў! Ён надакучваў бацьку па вечарах сваімі пытаннямі. І цяпер без роздуму запісваў, як шмат гадоў таму Першы Кіраўнік іх народа загадаў вучоным будаваць Купал, бо з усіх бакоў пачала набліжацца Цемра. Вучоныя нястомна працавалі многія гады, але паспелі пабудаваць Купал і запаліць у ім Сонца. Праўда, адбылося непапраўнае: Сонца ўспыхнула з сілай, большай за разлічаную, і ўсе вучоныя тады загінулі. І ніхто не ведае, як працуюць Купал і Сонца.

Але гэта ўжо няважна сёння: Купал стаў непранікальны для Цемры, Сонца свяціла па зададзеным раскладзе. І вось на працягу многіх стагоддзяў Купал і Сонца ў ім падтрымліваюцца аўтаматычнай устаноўкай, якая распрацавана тымі вучонымі. Устаноўка глыбока ўнізе, пад Домам Кіравання. У той устаноўцы — бяспека і жыццё Купала.

Жэнька запісваў, ледзь паспяваў за думкамі. Хваляваўся, каб не забыцца напісаць пра што-небудзь такое, пра што не расказваў Настаўнік, затое прыгадваў бацька. Напрыклад пра тое, як у першыя гады дзейнасці Купала Першы Кіраўнік ледзь не загінуў ад рук ворагаў, якія пад выглядам простых грамадзян выпрасілі сабе тут жыццё. Усіх ворагаў потым адлавілі, іх аказалася вельмі многа, і выкінулі ў Цемру праз Трубу Смерці.

А яшчэ трэба напісаць пра Рэвалюцыю Свядомасці, калі жыхары Купала вырашылі жыць адкрыта і нічога не ўтойваць. Тады сталі будаваць празрыстыя дамы і насіць празрыстае адзенне. І вельмі важна напісаць, як Галоўны намеснік Першага Кіраўніка прыдумаў эмацыйнае поле — і цяпер ніхто не зможа крадком ад іншых задумаць нешта дрэннае.

Як можна задумаць нешта дрэннае супраць Купала, Жэнька не разумеў. Тут жа так проста і добра жыць.

Настаўнік заўважыў, што некалькі хвілін Жэнька сядзіць без справы, узяў яго работу, пабачыў, што яна ўжо зроблена і дазволіў ісці дадому! Такое правіла на Вялікай Кантрольнай.

І вуліца, і дом былі пустымі. Глядзець тэлевізар не хацелася. Тое ўзбуджэнне, якое апанавала Жэньку падчас напісання Вялікай Кантрольнай, не адпускала. Яму хацелася яшчэ больш судакрануцца з гісторыяй Купала, хацелася даведацца яшчэ пра нешта. Але ў каго спытаць? Бацькі дома няма, усе кнігі, што знаходзяцца ў доме, ім даўно перачытаны па некалькі разоў. І Жэнька выйшаў на вуліцу — пайшоў у бок пустыні. Яго клікала самая вялікая таямніца — Труба Смерці.

Ішоў ён, можа, з гадзіны дзве. Пачалі трапляцца скалы, усё часцей і часцей, напачатку нястрашныя, амаль круглыя, гладкія, а потым — вышэйшыя і вастрэйшыя, цёмна-шэрыя, самотныя, сумныя. Жэнька помніў з мінулай экскурсіі, што скал вельмі шмат там, дзе заканчваецца Купал. Дзе Труба Смерці. Ён ведаў, і тое, што блізка да Трубы падысці не зможа — яна абнесена агароджай, бо яе ахоўваюць. Ахоўнікі могуць прагнаць хлопца. Але калі з-за самай блізкай скалы паназіраць… Тое жывое чорнае полымя можна ўбачыць.

Купал над галавой пачаў імкліва зніжацца, яго белая паверхня ўжо навісала над паверхняй зямлі. Жэнька абышоў адну скалу, другую і раптоўна перад ім адкрылася знаёмая пляцоўка. Толькі цяпер яна не была пустой, як тады, калі хлопец упершыню пабачыў. Так, была ахова, мелася агароджа ля Трубы Смерці, зеўрала сама Труба. Але яшчэ бачылася некалькі вялікіх і малых незразумелых механізмаў. Тут завіхалася шмат людзей, якія нешта рабілі. А галоўнае — сцяна, што закрывала Купал вакол Трубы Смерці, цяпер была напалову разабранай. Людзі мітусіліся, чуліся кароткія нервовыя загады.

Жэнька неспадзявана адчуў, што зрабіўся сведкам таго, на што яму бачыць забаронена. Але прага даведацца новае перамагла жаданне ўцячы. Жэнька застаўся і назіраў з-за скалы за тым, як пры дапамозе механізмаў дарослыя людзі здымалі чорныя пліты, адкрываючы Купал ля Трубы Смерці. Адначасова да Купала прыносілі новыя, бліскучыя пліты, ставіліся, мацаваліся. Што ж, усё зразумела: Цемра хоча ўварвацца ў іх дом, яна грызе Купал, таму трэба час ад часу мяняць ахоўныя пліты. Ну, вось, гэта вельмі цікава ведаць і можна расказаць на ўроку, зарабіць падзяку ад Настаўніка.

Дзіўна толькі, што Купал за гэтымі плітамі заставаўся белым, як і ў іншых месцах. Адно, што ў адным месцы Цемра пакінула на ім сляды… Шэрыя…

Жэнька ўглядаўся ў гэтыя сляды Цемры, якія вось цяпер адкрыліся, калі знялі некалькі пліт. Сляды роўна віліся акурат над Трубой, і Жэнька раптоўна зразумеў, што гэта — нейкія знакі. Быццам надпіс.

Ад хвалявання сэрца хлопца забілася так моцна, што ён сам пачуў ягоны грукат. Так, гэта былі знакі! Нечым падобныя да літар… Жэнька да болю напружыў зрок, імкнучыся адшукаць у незвычайных знаках хоць нешта знаёмае. Яно было, было! Хоць і няўлоўнае, незразумелае, але ад гэтага сыходзіла на Жэньку агромністае адчуванне таямніцы — велічнай і адначасова страшнай у сваёй велічы. Ён бачыў, як яшчэ большы вэрхал узняўся ля Трубы, як спяшаліся людзі ўстанаўліваць новыя шчыты-пласціны, быццам сапраўдная пагроза сыходзіла не ад Трубы і Цемры, якая варочалася на яе дне і за Купалам — а ад надпісу, ад гэтых сямі таямнічых знакаў.

Вакол Трубы Смерці зноў паўстала чорная бліскучая сцяна. Жэнька асцярожна пачаў адступаць назад, хаваючыся за скаламі. Яму неспадзявана зрабілася страшна. Дамоў ён практычна бег, бо адчуў выразнае хваляванне маці і гнеў бацькі.Жэнька не змог схлусіць бацькам, таму сказаў, што хадзіў да мяжы Купала.

Гнеў бацькі быў куды мацнейшы за той, калі Жэнька размаляваў свой пакой. Ён крычаў доўга, а маці маўчала, не заступалася, бо Жэнька парушыў забарону: за горад нельга выходзіць без дазволу нават дарослым. Ён ведаў гэта? Ведаў. Але пайшоў.

— Мама, а што такога страшнага ў тым, што я пайшоў адзін за горад? — ціха спытаўся Жэнька, калі маці ўкладвала яго спаць.

— Не ведаю, сыночак, — з жалем адказала яна. — Пад Купалам многа законаў, якія трэба выконваць. Без тлумачэнняў. І запомні, сынок: няма законаў нязначных. Усе правілы надзвычай важныя. І для дзяцей, і для дарослых…

Жэнька не стаў пытацца ў маці пра знакі — яна не будзе ведаць. А ў бацькі пабаяўся, бо нешта падказвала Жэньку, што ўгледзець без дазволу той надпіс куды страшней, чым выйсці без дазволу за горад. Хлопец засынаў і бачыў надпіс перад сабой, у памяці: каб толькі не забыцца, каб толькі дакладна, да кожнай рысачкі запомніць.

5

— Настаўнік, я хацеў вас спытаць…

— Яўген, няўжо школьная праграма, якую сёння скончылі, не дала табе адказаў на ўсе пытанні? Зрэшты, у лепшага вучня школы пытанні павінны мецца заўсёды. — Настаўнік прысеў, жэстам запрашаючы вучня прысесці побач. — Пытайся.

— Калі закончыліся экспедыцыі ў Цемру? І чаму спынілі даследаванне Цемры?

— Тады, калі зразумелі, што з Цемры нельга вярнуцца. Мой хлопчык, павер, да цябе шмат хто спрабаваў знайсці спосаб павелічэння нашай жыццёвай прасторы. Але яго няма. Нам няма куды ісці.

— А шахты?

— Без святла нашага Сонца мы гінем вельмі хутка. Жанчыны губляюць магчымасць рэпрадукцыі. Шахты даюць нам вугаль і нафту — усё, што нам трэба для жыцця…

Яўген задумаўся, потым ціха спытаў:

— Я ні ў кога не пытаў. Няўжо так можа быць, што з усіх жывых істот — толькі мы, людзі, і мікраарганізмы? За тыя сотні гадоў пасля наступу Цемры нашы навукоўцы вывелі сотні гатункаў салатнай расліны. Калі такі разнастайны раслінны свет, то не можа быць свет жывых такім бедным.

— Хлопчык мой, сумневы — адзін з найцяжкіх грахоў, ты ж гэта ведаеш, — з сумнай усмешкай адказаў Настаўнік. — Наш свет трымаецца яшчэ і таму, што ў ім ёсць Вера — Вера ў правільнасць Шляху.

— Я ведаю, Настаўнік. Але… Глядзіце яшчэ, я нікому ніколі не паказваў іх… — Яўген дастаў аркуш паперы і хутка напісаў тыя незразумелыя знакі, што пабачыў на Купале: ЯРн^вя^э.

І раптам Настаўнік, які з лёгкай паблажлівай усмешкай напачатку сачыў за рукой Яўгена, імкліва схапіў, скамечыў лісток, стаў рваць на дробныя шматкі.

Яўген перапалохаўся. Не за сябе — за Настаўніка. Бо яго твар зрабіўся шэрым, бы Купал бліжэй да вечара, і Яўген адчуў хвалю сапраўднага жаху.

— Ты ж у сне бачыў гэтыя знакі, праўда? — дрыжачым голасам, але лагодна-настойліва, чакаючы менавіта станоўчага адказу, спытаў нарэшце Настаўнік.

— Так, Настаўнік, я сніў гэтыя знакі на сцяне Купала. Якраз ля Трубы Смерці, дакладней, над ёй. Яны нібыта падпісвалі яе. І гэтыя знакі былі закрытымі ад нас. Схаванымі. І яны як быццам былі напісаны… на тым баку Купала…

Настаўнік здрыгануўся яшчэ раз. У нейкі момант ён згубіў усю сваю строгасць і выгляд сапраўднага Настаўніка і стаўся амаль старым мужчынам. Ён маўчаў колькі хвілін, але не прасіў, каб Яўген пайшоў — і хлопец чакаў.

— Некалі даўным-даўно ў нас была другая мова. На той мове размаўлялі яшчэ задоўга да Цемры. Праўда, яе імкліва пачалі забываць, бо лічылі непатрэбнай — хапала для зносін другой мовы, якая здавалася ўсім зручнай і сучаснай. На старой мове адно запісвалі розныя гісторыі… Вясёлыя гісторыі… Разумныя гісторыі. Добрыя… Калі наступіла Цемра, сярод нас былі яшчэ тыя, хто ведаў старую мову. Але тут, пад Купалам, яна стала ўвогуле непатрэбнай. І нават шкоднай. Бо нам было не да гісторый: мы прызвычайваліся жыць пад Купалам, мы сталі жыць па новых правілах. Мы павінны былі забыцца на гісторыі. І забыліся. Навошта яна? Гэтыя знакі, што ты прысніў — літары з тае мовы. Але я не ведаю, што там напісана. Скажу больш — ніхто не ведае. Некалі я палову жыцця патраціў на тое, каб адшукаць хоць які дакумент… Я ж быў вучоным…

— І ніхто не скажа, што азначаюць гэтыя літары? — з недаверам і горыччу спытаў Яўген.

— Ніхто, — непахісна адказаў Настаўнік, ды матлянуў галавой, нібыта страсаючы з яе фізічна прылепленыя думкі і зрабіўся ранейшым Настаўнікам — строгім і сухаватым: — Скажы лепш, ты абраў сабе шлях? Заўтра — дзень Прысвячэння. Вы станеце грамадзянамі Купала. Табе, як аднаму з лепшых, даецца права выбару. Чаму ты хочаш сябе прысвяціць?

Яўген паціснуў плячыма, потым абыякава адказаў:

— Мне прапанавалі некалькі шляхоў. Стварэнне адзінага разумовага поля — яно ў спалучэнні з эмацыйным полем зробіць Купал адзінай суцэльнай супольнасцю. Бацька ж настойвае на кар’еры кіраўніка. А мне. мне хочацца даследаваць Цемру.

— Пакінь Цемру ў супакоі, — амаль загадаў Настаўнік. — Сказана: за Купалам жыцця няма.

— Сказана ці няма? — ціха, амаль шэптам спытаў Яўген.

Настаўнік нічога не адказаў.

— Грамадзяне Купала! Сёння мы прымаем у свае шэрагі новае пакаленне. Гэтае пакаленне, выгадаванае і выхаванае на аснове Вучэння Вялікіх Бацькоў Купала, стане заўтра нашай апорай, нашай сілай ды гонарам.

Прамова гаварылася доўга. Яўгену было сумна, яго пакідала безуважным падзея Прысвячэння. Званок у ягонай галаве настойліва патрабаваў хвалявацца і цешыцца але радасць не прыходзіла.

Потым пачалася працэдура Выбару. Яўген абраў шлях навукоўца, распрацоўшчыка адзінага разумовага поля. Абраў у апошнюю хвіліну, падпарадкаваўся нейкаму няўцямнаму, неакрэсленаму жаданню.

Потым. Потым здарылася тое, што павінна здарыцца. І цуду не адбылося і памылкі не было. Затым называлі будучых мужоў і жонак, пары, складзеныя Кіраваннем Шлюбаў. І тая пагроза, якая жыла з дзяцінства, раптам адкрылася жахлівай пустэчай страты: Ліна павінна стаць жонкай Мікіты. А яму. Яму ў жонкі прыпісвалі нейкую дзяўчыну. Невядомую.

Эмоцыі, якія ўспыхнулі пасля агучвання гэтага спісу, былі мацней за эмоцыі пасля Выбару. Сярод гэтай бурапеннай ракі Яўген адчуў боль Ліны і злараднасць Мікіты. Мікіту выпаў шлях ахоўніка — і ён цешыўся гэтаму не менш, чым абвешчанаму цяпер спісу жонак і мужоў.

Праз тры гады яны стануць мужам і жонкай. А цяпер абвешчаны спіс забараняе ўсім іншым, акрамя абранага мужа, жадаць чужых нявест.

Для супакаення юначых жаданняў існуюць асобныя жанчыны — тыя, каму не дазволена нараджаць з-за іх недасканалага геннага кода. Такія часам нараджаюцца. Іх адпраўляюць у Дом Выканання мужчынскіх Жаданняў.

Потым прайшоў рытуал апранання абручоў на левую руку. І ў першае імгненне Яўгену здалося, што ягоны мозг не вытрымае той хвалі эмоцый, якая абрынулася на яго. Ён стаў адчуваць усіх жыхароў Купала — у гэтым хаосе імгненна страціліся і мама, і Ліна. І толькі Мікіта. Мікіта адшукаў яго адразу і паслаў яхідную насмешку.

Так, Мікіту нездарма адпраўляюць у ахоўнікі — ён лепш за ўсіх у іх класе арыентаваўся ў эмацыйным полі.

Пасля святочнага абеду ў Сталоўцы адбыліся канцэрт і гульні на Галоўным пляцы, потым усім абвясцілі вольны час — цэлых тры гадзіны да пацямнення Сонца.

6

— Пойдзем, сынок, — маці паклікала Яўгена за сабой, павяла ўздоўж вуліцы з празрыстымі скрынкамі дамоў кудысьці ад цэнтра горада.

— Куды мы ідзём? — Яўген разгублена азіраўся — здавалася, увесь горад цяпер выходзіў па вуліцах за межы горада. Маці ішлі з сынамі, дочкі — з бацькамі.

— Сёння ж Дзень Прысвячэння, — нагадала маці.

— Я ведаю… Але няўжо не ўсё прайшло?

— Не, не ўсё. Сёння маці з сынамі, а дочкам з бацькамі дазволена пакінуць горад да змяркання. Маці павінны расказаць, навучыць сыноў быць мужчынамі.

А бацькі — дачок…

— Я не пайду з табой, — спыніўся аглушаны Яўген. — Я не пайду.

— Пойдзем, сынок… — ласкава ўсміхнулася маці. — Пойдзем. Я абяцаю табе…

Я абяцаю табе, што ўсё будзе не так…

— Мама!..

— Я цябе вельмі прашу, сынок…

Маці ўзяла Яўгена за руку, і ён пайшоў, даверыўся яе пачуццю, бо яе перапаўняла ў гэты момант незвычайнае хваляванне.

Яны адыходзілі ўжо ад ускраін горада. Шматлікія пары бацькоў і дзяцей веерам разыходзіліся з адной вуліцы далей і далей ад горада.

Ішлі па цвёрдай жаўтлява-шэрай паверхні. Яўген ведаў, што глеба пад іх нагамі стала такой на многія кіламетры ўглыб пры будаўніцтве Купала. Пакрысе на аднастайнай раўніне пачалі трапляцца невысокія скалы. Маці вяла яго ўпэўнена.

Удалечыні зачарнела на жоўтым прасцягу, дзве плямы. Яны падышлі да плям, і Яўген убачыў, што гэта дзве аплаўленыя часткі скал, якія крышку ўзвышаліся над агульнай паверхняй.

Спыніліся. Яўген агледзеўся — горад ляжаў унізе, прама перад імі, чатырма велізарнымі зіхоткімі квадратамі. Чорны будынак Кіравання вырастаў з цэнтра. За спінай Яўгена, у некалькіх гадзінах хады Купал плаўна апускаўся ўніз, зліваўся з шэрай зямлёй. Дзесьці там знаходзіцца Труба Смерці…

— Цяпер, сынок, я раскажу табе тое, што распавяла мне мая мама, а ёй — яе бацька, яму ж — яго мама, і яшчэ раней бацькі перадавалі сваім дзецям, — ціха загаварыла маці. — Не пытай мяне ні пра што, бо за даўнасцю часоў многія словы страцілі для мяне сэнс і значэнне. Я толькі выконваю абавязак маці і волю нашых продкаў. Стань на гэты камень, а я стану на другі.

Маці ўзышла на цёмную пляму. Яўген зрабіў крок да другой плямы і раптам адчуў, што ў маці прапалі эмоцыі. Не, яна, вядома ж, адчувала нешта сама, але ён не адчуваў яе.

У поўнай разгубленасці юнак стаў на гладкую цёмную паверхню — і раптам быццам аглух.

Усе пачуцці зніклі. Не, не яго пачуцці — зніклі чужыя пачуцці. Імгненне таму ён адчуваў увесь горад: бацькоў, настаўнікаў, Мікіту, Ліну — і ўсё раптам знікла. Засталося толькі яго ўласнае здзіўленне і незвычайнае, усё нарастаючае захапленне, запоўнілі сабой ягоную свядомасць. Дык вось як гэта — калі ў табе жыве толькі тваё.

— Што здарылася, мама? — шэптам спытаў Яўген.

— Г этыя камяні экраніруюць эмацыйнае поле, — з цеплынёй гледзячы ў вочы сыну, адказала маці. — Можа быць, недзе яшчэ ёсць такія месцы, але ў памяці нашых продкаў засталося толькі гэта. Нам нельга тут доўга быць. Паслухай тое, што я павінна табе перадаць. Але перш пакляніся, што ты перадасі гэта свайму сыну альбо дачцэ. І нікому больш, нікому!

— Клянуся, мама, — ледзь утаймоўваючы нечаканую дрыготку, адказаў Яўген.

Маці лёгка прысела на камень, падабраўшы пад сябе ногі.

— Садзіся і ты. Слухай, сынок, — ласкава запрасіла яна, пачакала, пакуль сын уладкуецца і зусім не чакана для Яўгена заспявала:

Дзе неба найсіней,
Пад ім злат-горад ёсць
З празрыстай вострай брамаю
І зорнай яскрынёй.
А ў горадзе тым сад.
Там красак не злічыць.
Звяры там ходзяць гожыя,
Што нельга і ўявіць.
Адзін — агністы жаўтагрывы леў,
Другі — бушлівы шматвачысты вол.
А яшчэ арол там — дзіва-птушка,
Златакрылая і яснавокая.
Дзе неба найсіней,
Там зорка ёсць адна.
Яна з табой, анёле мой,
З табой заўжды яна.
Хто любіць, той і люб.
Хто светлы, той і свят.
Іты за гэтай зоркаю
Ў дзівосны крочыш сад.
Цябе сустрэнуць жаўтагрывы леў,
Бушлівы сіні шматвачысты вол.
А яшчэ арол там — дзіва-птушка,
Златакрылая і яснавокая.
Маці замоўкла.

Яўгена душыла знутры.

— Што гэта, мама? Гэта было? Такім быў наш Купал? Ці гэта ёсць, мама? Скажы?

— Сынок, сыходзь з каменя.

Маці сама сышла з цёмнай каменнай плоскасці, узяла нерухомага Яўгена за руку і прымусіла яго ступіць крок і другі.

Чужыя пачуцці зноў уварваліся ў яго мозг, але яны цяпер ніколькі не турбавалі Яўгена.

— Мама, я не ведаю, што са мной. Я баюся. Адчуюць іншыя.

— Не бойся, сынок. Калі ты сапраўды будзеш фізічна першы раз з жанчынай, у цябе ў душы ўзнікне вельмі падобнае: нечаканая радасць адкрыцця, замілаванне і шчасце, вера і смага.

— Ты не адказала, мама, — з надзеяй перапытаў Яўген. — Гэты горад быў Купалам, ці ён ёсць?

— Не ведаю, сынок. — маці са светлым смуткам зірнула яму ў вочы. — Але калі б ён быў — можа, тады варта спяваць «пад ім злат-горад быў»?

Некаторы час яны ішлі моўчкі. Яўген пра сябе паўтараў радкі песні, якая адным пякучым зігзагам лягла на яго памяць.

— Леў, вол, арол. Гэта не людзі, але жывыя істоты, не інакш? — разважаў ён напаўголаса.

— Так, сынок. Гэта жывёлы. Арол — птушка. Праўда, я не ведаю, што значыць — птушка. Адно — яна мае крылы, і быццам бы з іх дапамогай можа лётаць. І не ведаю, як выглядалі вол і леў. Сад — гэта такое зялёнае, там расце мноства розных раслін. Краскі… я не ведаю, што гэта. Але гэта — вельмі прыгожае. Я ведаю, што такое неба. Неба — гэта калі няма Купала, — сказала маці.

— Яшчэ, мама. — Яўген запнуўся, потым упэўнена працягнуў: — Калі ты расказала мне, а сёння за горад выйшла столькі многа пар — можа, хтосьці з бацькоў таксама распавёў сваім дзецям. пра нешта?

— Ты хутка зможаш даведацца пра гэта, — спахмурнела, з нечаканай горыччу адказала маці. — Бо ты здольны, я заўсёды верыла ў цябе. І калі будзеш працаваць над стварэннем разумовага поля — Купал будзе ведаць думкі кожнага.

Яўген спыніўся.

Яны ўжо наблізіліся да горада разам з іншымі парамі. І горад заглынаў рэдкі раўчук людзей, якія вярталіся з пустыні.

— Ведаеш, мама. Я абраў працу ў самы апошні момант. І тады не разумеў, чаму абраў. Мне нібы падказаў хтосьці. Але цяпер. Цяпер я зразумеў. Калі Купал непранікальны для нас, для людзей, для прадметаў — раптам праз яго можна прайсці думкай? — горача скончыў юнак.

Маці ўсміхнулася светла.

— Толькі асцярожна, сынок.

7

— Інжынер Яўген, дайце справаздачу Радзе аб ходзе работ. Да нас дайшлі чуткі, што вы нейкім чынам стрымліваеце поўнамаштабнае ўкараненне разумовага поля. Мы чакаем тлумачэнняў.

Яўген падняўся, зірнуў у вочы Старшыні і не змог вытрымаць яго цяжкі, праніклівы позірк. Апусціў вочы ў дакументы, хоць кожную лічбу ведаў на памяць.

— Прашу паважаную Раду выслухаць справаздачу пра апошні тыдзень доследаў. Агулам у эксперыменце ўдзельнічала 10 злачынцаў. Трое з іх загінулі ад празмернай напругі ў галаўным мозгу. Прапанаваны варыянт галаўнога абруча мае вялікую вагу, неэстэтычны выгляд і, самае галоўнае, спажывае гэтулькі энергіі, колькі 100 наручных бранзалетаў. Прыёмна-перадаючая станцыя таксама значна больш энергаёмістая, чым задумвалася спачатку. Сама схема працаздольная. Канкрэтна па лічбах…

— І што вы прапануеце? Чакаць, калі насельніцтва выйдзе з-пад кантролю, пакуль вы прыдумаеце прыгожы абруч? — з’едліва перапыніў яго адзін з удзельнікаў Рады, хударлявы, з вялікай лысінай і густымі вусамі.

— Мы лічым, што запускаць станцыю ў такім выглядзе нельга. Трэба выключыць смяротныя выпадкі і энергаспажыванне, якое перакрывае зададзенае на 500 працэнтаў…

— А вас ніхто не ўпаўнаважваў лічыць і прымаць рашэнні, — свідруючы вачыма Яўгена, прамовіў Старшыня. — Смерці здараліся ў варыянце абмену?

— Так, Старшыня.

— Значыць, выключыць абмен, пакінуць перадачу думак. На прыём працуе толькі цэнтральная станцыя. А фільтраваць сігналы мы зможам. Далей. Няма эстэтыкі ў абручах. У рабочых кварталах эстэтыка не асабліва патрэбна. Будзьце гатовыя праз дзесяць дзён запусціць на поўны прыём станцыю ў зоне Далёкай Мяжы. Праз 20 дзён — у зоне рабочага квартала. Сектару ідэалогіі растлумачыць рабочым і ўсяму насельніцтву Купала важнасць эксперыменту. Так, гэта будзе эксперымент. Растлумачыць, што пакуль станцыя працуе толькі на прыём. Але паабяцайце, што кожны можа атрымаць па асобным запыце запіс думак чалавека, які яго цікавіць. Любога. Як і ў бранзалетах, прадугледзець немагчымасць здымання галаўнога абруча. Усё, працуйце.

Яўген прыйшоў у свой аддзел, сабраў работнікаў і абвясціў пра рашэнне Рады.

— Мы не паспяваем у адведзеныя тэрміны, таму прашу ўсіх выйсці на працу ў выхадны дзень.

— Выхадны прысвечаны пакаранню смерцю. Няўжо ты не чуў? — спытаў старэйшы ў аддзеле інжынер Анатоль.

— Не. Я не ўслухоўваюся ў перадачы тэленавін.

— Дрэнна.

— Спадзяюся, гэта не злачынства супраць Купала? — сумна ўсміхнуўся Яўген. — Я працую па вечарах. А што за пакаранне смерцю?

— У-у-у, такіх не было дзесяць гадоў! Злачынства супраць Купала. І — вылет у Трубу, — гэтак жа без усялякіх эмоцый пачаў распавядаць Анатоль. — Нейкі службовец звар’яцеў. Пакінуў працу, схапіў чужую жонку і ўцёк з ёй у пустыню, дзе яны пачалі любошчы ў цяньку скал.

— А можа, яны кахалі адно аднаго?

У Анатоля змяніўся твар. Упершыню на ім адбіліся нейкія эмоцыі. Яўген адчуў сумесь гаркоты і болю.

— Што вы ведаеце пра каханне, малады чалавек?.. Дарэчы, на пакаранні смерцю трэба прысутнічаць усім.

— Я гэта ведаю. Добра, тады частку работы трэба браць з сабой дадому. У першую чаргу неабходна давесці фільтр сінфазнасці і блок падаўлення эмацыйных перашкод.

Да Трубы Смерці было дастаўлена ўсё дарослае насельніцтва горада. Труба ўзвышалася над паверхняй на вышыню ў сем метраў і сыходзіла ўніз, пад самы

Купал пад невялікім вуглом. Яна была празрыстая, і бачылася, як у ніжняй частцы яе варушылася густая чарната — гэта Цемра спрабавала прабіцца ў Купал.

На верхняй частцы Трубы размяшчалася невялікая пляцоўка — каб стаць двум чалавекам: злачынцу і Выканаўцу прысуду.

Прывезлі асуджанага. Ён быў нікчэмны і бездапаможны.

— У той жанчыны адабралі дзяцей, а саму змясцілі ў Дом Выканання Жаданняў, — каменціраваў падзеі Анатоль. — З яе мужам з гэтага часу будзе жыць жонка асуджанага. Нішто не павінна прападаць дарма.

Яўген пільна зірнуў на Анатоля — твар яго заставаўся абыякавым. Пачуццяў — ніякіх. Так, лёгкая цікавасць.

Злачынцу паднялі ў клетцы на верх трубы. Хтосьці нябачны пачаў чытаць прысуд і голас яго, узмоцнены, паляцеў, здавалася, да макаўкі Купала:

— …таму, што сказана нашым Бацькам, Першым Кіраўніком Купала, і свята паважаецца намі няўхільны Закон: «Не чапай жонкі чужой!» Гэта адзін з дзесяці нашых запаветаў, запаветаў самога Купала, і парушэнне іх — злачынства супраць Купала і яго народа.

Прысуд чытаўся доўга.

Потым выступалі суседзі злачынца, вінавацячы і ганячы яго. Суседзі і былыя сябры раптам усвядомілі, што жылі побач з такім здраднікам іх агульнай справы. Яны прасілі ўсіх быць спагадлівымі да іх саміх і не судзіць строга за тое, што своечасова не ўгледзелі, не папярэдзілі Кіраўнікоў.

Потым злачынцу дазволілі сказаць слова.

Мужчына, наколькі мог, выпрастаўся ў клетцы і стаў крычаць у натоўп пад ім, што ён — страшны злачынец, але ўсё ўсвядоміў і нечуваны па дзёрзкасці ўчынак гатовы загладзіць самаадданай працай на Далёкай Мяжы.

Устаў суддзя і ўзмахам рукі аддаў загад.

Выканаўца прысуду дастаў аднекуль з-пад свайго шырокага плашча невялікі шпрыц і хутка зрабіў укол у руку мужчыне, якая была прыкавана да клеткі. Асуджаны, дзіка ўзвыўшы ад болю ўколу, раптам пачаў ашалела трэсці краты з празрыстага пластыка, кідацца па клетцы і нарэшце закрычаў адчайна:

— Гэта нячэсна! Мне абяцалі! Вы абяцалі, што памілуеце! Вы абяцалі жыццё за мае словы! Я невінаваты! Гэта ўсё яна. Гэта яна. Яна вінаватая! Будзьце вы праклятыя! Здраднікі! Ілгуны! А-а-а!

Атрута падзейнічала, бо яго голас раптоўна аслабеў, мужчына апусціўся на калені і ўпаў бы, каб не прыкутая да рэбраў клеткі рука.

Суддзя паспешліва матлянуў галавой — і клетка панеслася ўніз, а няроўныя языкі чарнаты ірвануліся, як жывыя, ёй насустрач. І мужчына нечакана зноў закрычаў. Ён крычаў страшна і моцна, нават тады, калі клетку паглынула цемра.

— Яго б можна было і памілаваць, — глуха вымавіў Яўген, калі яны з Анатолем адышлі з напоямі ад усталяваных ля Трубы сталоў — адзначаўся Дзень пакарання смерцю.

— Вы, малады чалавек, вучыцеся ўспрымаць усё спакайней, — нягледзячы на яго адказаў Анатоль. — Адкрыю вам маленькі сакрэт: эмоцыі хутка супакойваюцца тады, калі вы пераканаеце сябе ў тым, што нічога змяніць нельга.

— Няўжо я хачу нешта змяніць?

— Я не кажу вам перастаць ці пачаць жадаць. Я кажу вам, дарэчы, шчыра кажу, паколькі вы залішне эмацыйны для свайго ўзросту, пасады і становішча, што, калі прызвычаіце сябе да думкі, што быццам гэты свет непарушны пад стагоддзямі і тысячагоддзямі, то вы станеце спакайней.

— Каму перашкаджае маё хваляванне?

— Не забывайце, высёння блізкія да Кіравання, а там памылак не выбачаюць, — спакойна закончыў Анатоль.

— Вы збіраліся нешта сказаць наконт маёй рэплікі ў адносінах да памілавання, — заўважыў Яўген.

— Вось, у вас атрымалася куды лепш, — усміхнуўся Анатоль. — Я амаль нічога не адчуў. А наконт пакарання смерцю… нашаму грамадству нельга без пакарання смерцю. Гэтак жа, як і без нараджэнняў. Згодны, мой сябар?

8

…Яўген і Ліна сустрэліся на мяжы сваіх дамоў у звычайны час: калі прыцемкі Купала зрабіліся максімальнымі.

— Праз дваццаць дзён у зоне рабочага квартала пачне працаваць разумовае поле, — сумна загаварыў Яўген.

— Я чула. Шмат гавораць пра тое, што поле зробіць нас яшчэ больш згуртаванымі. — адказала Ліна.

— Яшчэ больш голымі. Зусім голымі.

— Ты такі смешны, — уздыхнула Ліна. — Ніяк не можаш жыць так, як ёсць? Як можна тут жыць інакш? Хаваць сябе і сваё цела? Навошта?

— Не тое. ты не пра тое кажаш.

— А пра што ты? — пасур’ёзнела дзяўчына.

— Пра тое, што. Я думаю, проста ўпэўнены, што многія сем’і маюць свае таямніцы, свае паданні, якія перадаюць ад бацькоў дзецям. І гэтыя паданні, думаю, часам разыходзяцца з тым, што мы даведваліся ад Настаўнікаў. Гэтыя паданні могуць зрабіць шкоду тым, хто іх захоўвае. Упэўнены, такіх гісторый шмат сярод рабочых.

— Пра якія паданні ты кажаш? — узрушана запытала Ліна.

— Адкуль жа мне ведаць. Так, мімаходзь пачуў ад аднаго старога рабочага пра нейкі горад залаты.

Ліна прыглушана ўскрыкнула, затуліла рот далонню. Яўген разгублена зірнуў на яе і, сам таго не чакаючы, ціха-ціха, аднымі вуснамі заспяваў:

— Дзе неба найсіней,

Пад ім злат-горад ёсць.
І Ліна адгукнулася ледзь чутным рэхам:
З празрыстай вострай брамаю
І зорнай яскрынёй…
І заплакала, ступіла насустрач Яўгену, адчайна парушыўшы забарону, мяжу паміж імі — нельга ж ім быць на тэрыторыі яго дома, бо яны не жаніх і нявеста.

Яўген прытуліў Ліну да сабе, а яна рыдала, глуха, скаланаючыся ўсім целам.

— Цяпер гэты сышчык, ён дзяжурыць, прыскочыць.

— Не прыскочыць, ён звыкся з маім плачам, — адказала Ліна выціраючы вочы. — Я часта плачу. Праз паўгода Дзень Вяселляў для нас.

— Я памятаю.

— І ты яшчэ прыдумаў такое поле, якое нават у думках не дасць мне цябе кахаць, — лёгка ўпікнула Ліна юнака.

— Я думаў пра зусім іншае. — пачаў апраўдвацца Яўген. — Употай мы распрацоўваем другі прыбор. Ён павінен канцэнтраваць думкі многіх людзей і перадаваць іх за Купал.

— Навошта? — хутка спытала дзяўчына і, імгненна зразумеўшы ўсё, яшчэ мацней прыціснулася да Яўгена. — Я веру. Я паверыла бацьку.

— І я паверыў маці. — прызнаўся Яўген.

Яны маўчалі, але маўчалі пра адно і тое ж.

— Значыць, там. тады і цябе, і мяне вучылі зусім не таму, для чаго ўсіх адпраўлялі за горад? — з незразумелым падтэкстам, ніякавеючы, спытала дзяўчына.

— Так, — усміхнуўся Яўген. — Я б і не пайшоў, калі б мама адразу не сказала. Думаю, не толькі нас вучылі зусім іншаму. Чаму ты пра гэта пытаеш?

— Таму што… Я хачу стаць жанчынай менавіта з табой.

— Гэта злачынства. — прагаварыў Яўген, і засаромеўся сваёй баязлівасці. — Я таксама вельмі гэтага хачу.

Ліна бязгучна праслізнула ў пакой Яўгена.

Яны кахалі адно аднаго горача і няўмела, саромеючыся сваёй нявопытнасці і асцярожна смеючыся, заміраючы ад пачуцця ўсёпаглынальнай пяшчоты, якое апальвала іх…

Яўген прыгадаў у той момант словы маці. У яго душы жыло шчымлівае шчасце і радасць судакранання з самым патаемным. І гучала мелодыя песні.

…Нарад вартаўнікоў з’явіўся ля дома тады, калі Ліна ўжо была на сваёй тэрыторыі. Нянавісць Мікіты булькатала ў галаве Яўгена, яна адчувалася амаль фізічна.

— Ты яшчэ паплачаш! — выціснуў Мікіта скрозь зубы, не знаходзячы больш слоў. — Табе пашанцавала, што мы займаліся адной сямейкай у рабочай зоне.

Яўген толькі ўсміхаўся ў адказ. Пачуццё трапяткога шчасця перапаўняла яго і не давала пракрасціся ў свядомасць ні нянавісці, ні пагрозам.

9

…На прахадной Яўгена спынілі і запатрабавалі неадкладна з’явіцца да кіраўніка праекта. Юнак злёгку здзівіўся, бо калі гэты гнюс, Мікіта, напісаў на яго данос, то чаму разбіраць скаргу павінен кіраўнік праекта, а не Кіраванне маралі? Ды і даносы на бытавыя тэмы даўно патрабуюць фактаў.

Кіраўнік праекта жэстам запрасіў Яўгена бліжэй да стала, дзе стаяў іх другі прыбор — той самы канцэнтратар думак, пра які ён казаў Ліне.

— Што гэта? — рэзка спытаў кіраўнік.

— Альтэрнатыўны прыбор перадачы думкі на адлегласць, — спакойна адказаў Яўген. — Мы вялі распрацоўку адразу ў двух кірунках.

— Што за кірунак? Чаму я пра гэта не ведаю? — голас кіраўніка рабіўся пагрозлівым.

— Гэта — канцэнтратар разумовых палёў, — імкнучыся трымацца спакойна, пачаў тлумачыць Яўген. — Саму думку нельга ўзмацняць да некаторай крытычнай велічыні. Але думкі сотні, тысячы людзей можна сінхранізаваць і перадаваць накіравана.

— Куды перадаваць? — імгненна спытаў кіраўнік праекта.

— За Купал.

— За Купал? Хто даваў табе паўнамоцтвы! — не, не пракрычаў, а люта прашыпеў кіраўнік.

— Але гораду даўно патрэбна жыццёвая прастора! Мы павінны нейкім чынам спазнаць — што знаходзіцца за Купалам, ёсць там яшчэ жыццё ці.

— Маўчаць! Шчанюк! Табе было дадзена заданне! А ты расходаваў матэрыялы, неверагодна дарагія матэрыялы, якія здабываюцца намі па граме за год, на стварэнне апарата, які разбурыць Купал!

— Пры чым тут разбурэнне. Вы мяне няправільна зразумелі.

— Маўчаць! Неадкладна ў аддзел! Працаваць дваццаць чатыры гадзіны на суткі! Паскорыць усё! Не адна, а ўсе чатыры станцыі павінны быць гатовыя і не праз дваццаць, а праз дзесяць дзён!

Яўген пайшоў у аддзел.

Тут ужо ўсе пра ўсё ведалі. Гэта адчувалася па засяроджанай працы і хвалі шкадавання.

Падчас кароткага абедзеннага перапынку Яўген адышоў з Анатолем ад усіх.

— Я вось думаў у вольны час, чаму ж Трубу Смерці так дбайна ахоўваюць? — нібы пра нейкую дробязь спытаў Яўген. — Што вы на гэта скажаце?

— Скажу, што ў вас шмат вольнага часу, — суха адказаў Анатоль.

— Можа і так. І вось яшчэ пра што падумаў: запусцім мы станцыю, і што будзе з залатым горадам, калі.

Ён не паспеў дагаварыць, ашаломлены тым, як перакасіўся твар старога інжынера, і якая хваля страху выплюхнулася ад яго.

— Маўчыце! Прашу вас!

Праз імгненне Анатоль зноў стаў абыякавым і спакойным. Памаўчаў, мабыць, збіраючыся з думкамі. Нарэшце загаварыў.

— Я доўга думаў пра гэта. Шукаў дакументы пра даследчыя экспедыцыі ў Цемру. Але ні адна з іх не вярнулася. Ваш канцэнтратар — апошняя надзея. Я меў рацыю. Нішто не можа быць зменена.

— Экспедыцыі не вярталіся… Але хто сказаў, што яны гінулі? Я — не веру, — суха адказаў Яўген.

— У што вы не верыце?

— У тое, што экспедыцыі былі…

— Вось як? Вы разумееце, што сказалі? — Анатоль не змог і цяпер схаваць свайго хвалявання.

— Разумею… Дарэчы, сачыце за маім пальцам, — Яўген павольна выводзіў на роўнай паверхні сцяны тыя самыя незразумелыя літары старой мовы, якія памяць дбайна захоўвала ўсе гады.

— Дзе… Дзе вы іх бачылі?

— У сне, — усміхнуўся Яўген. — Так сказаў мой Настаўнік.

— Мы сябравалі, — сцішана загаварыў Анатоль. — Яго перавялі ў Настаўнікі калі ён пачаў шмат часу аддаваць пошукам.

— Але ж ён нешта знайшоў? — Яўген імкліва павярнуўся тварам да Анатоля. — Ён прасіў мяне паверыць, толькі я не паверыў. Я бачыў па яго твары, вачах, што ён ведае сэнс гэтых літар!

— Гэта паданне. Іх сямейнае паданне. Прабачце, яго я вам расказаць не магу. Я і так нагаварыў шмат лішняга… Але мне мала засталося. Праз чатыры месяцы народзіцца тое жыццё, якое стане маім канцом…

— Так нельга! Нельга! — закрычаў Яўген, і на іх пачалі азірацца.

— А як можна? — безнадзейна уздыхнуў Анатоль.

Яўген не адказаў, пайшоў у аддзел.

10

Ніхто не адарваўся ад сваіх спраў, калі празвінеў званок, які абвясціў канец рабочага часу. У аддзеле ўсе працавалі. І толькі Яўген рашуча падняўся з-за стала, адсунуўшы ў бок прыборы.

— Да сустрэчы, сябры, — задуменна развітаўся ён і выйшаў.

Яго праводзілі ашаломленымі позіркамі.

Відавочна, навіна пра незразумелыя паводзіны Яўгена распаўсюдзілася вельмі хутка — ён адчуваў, як вакол яго ўзрастае пачуццё здзіўлення і страху. А потым адчуў насцярожанасць ахоўнікаў, калі звярнуў на пляц, да будынка Кіравання. Яго спынілі.

Яўген моўчкі, амаль урачыста, нібы выконваў незвычайны рытуал, прысеў, паклаў левую руку з бранзалетам на гладкую пліту паверхні пляца. У яго правай руцэ была заціснута важкая дэталь ад прыбора наладкі палёў.

Яўген размахнуўся і ляснуў дэталлю па бранзалеце.

Разам з аскепкамі бранзалета, што стрэльнулі ў розныя бакі, у знямелым жаху кінуліся ад Яўгена ахоўнікі. Яны ніколі яшчэ не бачылі такога надзвычайнага злачынства, амаль што святатацтва. І толькі іх старэйшы застаўся на сваім месцы. Яўген адчуў, колькі радасці выклікаў ён сваім учынкам у гэтага служакі: арыштаваць за самае страшнае злачынства перад Купалам, што можа быць лепшым для кар’еры!

Дзень пакарання смерцю прызначылі ў дзень арышту.

— Савет Кіравання не хоча смерці аднаму з разумнейшых сваіх інжынераў, — казаў Яўгену суддзя перад карай. — Скажу вам больш: Першы Кіраўнік жадае паказаць людзям сваю дабрыню і чалавекалюбства. Мы збіраемся вас памілаваць. Але для гэтага вы павінны прызнаць сваю віну, спаслаўшыся на кароткае вар’яцтва з-за напружанай працы. Акрамя таго, вы павінны расказаць, якім самотным і чужым самі сабе сталі ў той момант, калі пазбавіліся бранзалета. Г эта ўсё, што ад вас патрабуецца. Вы вернецеся да сваёй працы, паколькі яна павінна быць закончана. Праўда, жыць будзеце ў іншым месцы, і сям’ю завесці вам не дазволяць. Пакуль вам усё зразумела?

— Зразумела.

— Добра. Пасля вашага апошняга слова будзе зачытана рашэнне пра памілаванне.

Калі клетку з Яўгенам паднялі на пляцоўку перад Трубой Смерці, ён адшукаў сярод натоўпу маці. Яна плакала. Але твар яе быў напоўнены цёплым святлом любві і надзеі. Побач з ёй стаяла Ліна з сухімі вачамі.

Вяшчальнік чытаў прысуд, а натоўп перад Яўгенам у страху сціскаўся: за апошнія сто гадоў здзейснена самае страшнае злачынства супраць Купала: спроба ўтойвання і наўмыснае знішчэнне эмацыйнага бранзалета.

Потым вяшчальнік паведаміў, што Яўген можа сказаць свае словы.

Яўген не змог выпрастацца ў клетцы, таму ён проста сеў, перакрыжаваўшы ногі, чым выклікаў гул здзіўлення.

— Людзі! Я без бранзалета, таму не адчуваю вас. І вы не адчуваеце мяне. Але я скажу вам словы, якія ўсе вы зразумееце. Якія адчуеце без бранзалетаў.

Натоўп унізе здрыгануўся і заціх. І Яўген моцным, упэўненым голасам заспяваў:

Дзе неба найсіней,
Пад ім злат-горад ёсць
З празрыстай вострай брамаю
І зорнай яскрынёй.
А ў горадзе тым сад.
Там красак не злічыць.
Звяры там ходзяць гожыя,
Што нельга і ўявіць.
Адзін — агністы жаўтагрывы леў,
Другі — бушлівы шматвачысты вол.
А яшчэ арол там — дзіва-птушка,
Златакрылая і яснавокая…
Ён спяваў у поўнай цішыні, голас яго лунаў над людзьмі, а яны там, унізе, ашаломленыя, агаломшаныя застылі, і толькі вусны ў многіх ледзь-ледзь уздрыгвалі.

— Шпрыц! Калі ўкол! — узарваў цішыню рэзкі загад.

Выканаўца прысуду за спінай Яўгена, вытарашчыўшы вільготныя вочы, стаяў нерухома, калені яго дробна трэсліся, з рукі выслізнуў і пакаціўся ўніз, у цемру Трубы шпрыц.

— Клетку пхай!

Суддзя падбег да лесвіцы, якая вяла да пляцоўкі на Трубе Смерці, блытаючыся ў доўгім плашчы, пачаў караскацца на верхатуру. За ім кінулася некалькі ахоўнікаў, якія палезлі следам.

І тут з натоўпу вырваўся дрыжачы дзявочы голас:

Дзе неба найсіней,
У наступны момант да яго далучыўся ўпэўнены голас жанчыны. І ўжо ў два жаночыя галасы прагучаў узнёсла канец радка:

…Там зорка ёсць адна.
І ўзмацняючыся шматкроць новымі галасамі з кожным словам, узнесліся да Купала другі радок, потым трэці і чацвёрты…

Яна з табой, анёле мой,
З табой заўжды яна.
Хто любіць, той і люб.
Хто светлы, той і свят
І ты за гэтай зоркаю
Ў дзівосны крочыш сад.
Суддзя нарэшце дасягнуў пляцоўкі і, цяжка аддзімаючыся і сапучы, пхнуў клетку ўніз.

Натоўп здрыгануўся, быццам праз кожнага з іх прайшоў электрычны разрад, імгненна наэлектрызаваўшы людзей. Яны пачалі ціснуцца адно да аднаго і да лесвіцы, што вяла да Трубы. Натоўп перастаў быць натоўпам, а стаў нечым адным, вялікім, рашучым. І адлегласць паміж гэтым нечым і лесвіцай няўмольна змяншалася…


Оглавление

  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10