КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Шклоўскія страсці [Вольга Міхайлаўна Паўлава] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Вольга Паўлава ШКЛОЎСКІЯ СТРАСЦІ

ЗНАЁМСТВА

У 1989 годзе нас с мужам прыняў да сябе калектыў шклоўскай раённай газеты "Ударны фронт". Мяне — у якасці радыёарганізатара, Валодзю — адказным сакратаром. Хто знаёмы з журналісцкай "кухняй", ведае, што гэтыя пасады давалі сякую-такую свабоду ў "праштурхванні" некаторых матэрыялаў на свой густ (у кожным разе, так было раней). Як цяпер усё больш пераконваюся, менавіта гэта і паўплывала на тое, што я трапіла ў поле зроку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі...

Саўгас "Гарадзец" знаходзіцца, што называецца, пад самым бокам райцэнтра — усяго за дзесятак кіламетраў, а яшчэ — па суседству з магістраллю рэспубліканскага значэння — аўтадарогай "Санкт-Пецярбург — Адэса". Гэтыя акалічнасці спрыялі прытоку кадраў у гаспадарку, таму нават у самыя вострадэфіцытныя на рабочыя рукі часы саўгас "Гарадзец" не мог паскардзіцца на іх недахоп. Сярод іншых гаспадарак раёна ён нязменна займаў сярэдняе месца па працоўных дасягненнях і таму толькі зрэдку ды злёгку падвяргаўся калатуну з боку кіраўніцтва раёна.

Але была і яшчэ адна, больш важная прычына таго, што саўгас "Гарадзец" выпадаў з поля крытыкі. Дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка, востры на язык, прафесійна адбіваў крытычныя заўвагі, таму жаданне іх выказваць паступова зніжалася. Баяліся сюды паказвацца і раённыя журналісты. А калі раптам і адважваліся на такі крок, то толькі за станоўчым матэрыялам.

Рэдакцыя на той момант мела новенькі аўтамабіль "Жыгулі". У ім штодня, асабліва з раніцы, любіў корпацца рэдакцыйны шафёр Мікалай Чульцоў. І калі машына сустракала нас расчыненым, нібы рот, капотам, значыць яна ў гэты дзень далей гаража не выедзе. Ну, а калі ўжо і адважваўся Міхась пазначыць шклоўскую зямлю ўзорыстым малюнкам шын, то ў машыну набівалася столькі журналісцкай браціі для аўтапрабегу па матэрыялы, што, як кажуць, ні дыхнуць, ні павярнуцца. А калі яшчэ ўлічыць, што гістарычна раённае радыё было за няроднае дзіця ў райгазеце, то ці варта ўдакладняць, наколькі часта планавалася месца ў машыне для "радыё", наколькі былі ўлічаны прафесійныя інтарэсы радыёарганізатара. Таму, каб лішні раз не дакучаць газетчыкам, я найчасцей спадзявалася на спадарожныя машыны і свае ногі.

Саўгас "Гарадзец" прыцягнуў маю ўвагу тым, што знаходзіўся побач са Шкловам і што пра яго рэдка згадвалі на старонках райгазеты. Каб выраўняць гэты дысбаланс, я і накіравалася туды. Праўда, папярэдне патэлефанавала ў саўгасную кантору. Дырэктара ў кабінеце, напэўна, не было, і я набрала нумар старшыні прафкама. Выслухаўшы прапанову аб прыездзе, ён раптоўна перапыніў мяне:

— Якраз побач знаходзіцца дырэктар саўгаса, калі ласка, лепш з ім ўзгадніце вашы пытанні.

Парадаваўшыся некалькімі хвілінамі раней, што яго тэлефон не адказаў (а гэта магло азначаць і адсутнасць гаспадара ў саўгасе на той момант), я збянтэжылася, раптам натрапіўшы на яго тут. 3 Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам візуальна пакуль знаёмай не была, а вось пачуць давялося шмат: маўляў, пальца ў рот не кладзі. А яшчэ на той момант Шклоў ліхаманілі размовы пра тое, як дырэктар "Гарадца" пабіў мясцовага трактарыста Васіля Бандуркова па мянушцы "Муркін". Ён пераехаў у гаспадарку са шклоўскай вёскі Аўчыненкі і вельмі любіў прыкласціся да пляшкі. Аднойчы п'янюсенькім яго і заўважыў дырэктар. Аляксандр Рыгоравіч быў надта строгі на гэты конт. А яшчэ — хуткі на расправу. Вось і не вытрымаў кіраўнік, выцягнуў з трактара гора-трактарыста, як след адлупцаваў таго ўсімі сваімі канечнасцямі і зламаў небараку нагу. Шмат потым намаганняў давялося прыкласці А.Р.Лукашэнку, а ці не больш і яго сябрам-падтрымшчыкам У.І.Снегаву і А.М.Шчарбаку, каб патушыць узніклы ў сувязі з гэтым скандал унутры гаспадаркі і не даць ходу справе ў народны суд.

Да вушэй абывацеля прасочваліся і чуткі пра актыўныя яго амурныя справы. Згадвалася тады саўгасная вёска Башкіраўка, дзе стаяў утульны цагляны дамок — дача Аляксандра Рыгоравіча. Казалі, што ў вольныя ад працы хвіліны ён там бавіў час з каханкамі. Балазе домік, як, зрэшты, і вёска былі самой прыродай схаваныя ад цікаўных вачэй. Потым, стаўшы дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, Аляксандр Рыгоравіч адхрысціўся ад гэтай дачы, міласціва пасяліў туды мнагадзетную сям'ю механізатара.

Але гэта будзе потым. А на той момант дрыготкаю рукою я моцна прыціснула трубку да вуха.

— Слухаю вас, — раздалося на тым канцы дрота.

Прывітаўшыся, я "панесла" кампліменты пра поспехі працоўнага калектыву, пра неабходнасць расказаць пра іх радыёслухачам.

— А вы прыязджайце да нас, на месцы пра ўсё і пагутарым. За вамі прыслаць машыну?

Ад машыны я тактоўна адмовілася, а сам факт гэтай прапановы спадабаўся. Не без хвалявання папрасіла яго аб сустрэчы праз гадзіну. Хуценька сабралася ў дарогу, да мяжы горада даехала на гарадскім аўтобусе, а там прагаласавала спадарожнай машыне ды паімчалася ў ёй на сустрэчу з тады яшчэ мала каму вядомым Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.

На месцы яго ў той момант не аказалася: як мне сказаў мужчына на ганку, "панёсся нейкія справы вырашаць". У бухгалтэрыі, куды я пастукалася, былі апавешчаны пра мой візіт і ветліва папрасілі прабачэння ад імя дырэктара за "адлучку", запэўніўшы, што зараз ён з'явіцца. І сапраўды, пакуль перакінуліся фразамі аб усім адразу і ні аб чым канкрэтна, пад'ехаў да канторы і сам гаспадар. Убачыўшы машыну, а яшчэ раней пачуўшы характэрны гук матора, жанчыны панасунулі на твар маскі засяроджанасці, утупіліся ў бухгалтарскія паперы і зашчоўкалі лічыльнікамі. Адным словам, пачалі дэманстраваць актыўную занятасць. І своечасова. Праз секунду дзверы расчыніў высокі вусаты мужчына і, спыніўшы на мне позірк, ветліва запрасіў у свой кабінет. Але на паўшляху павярнуўся да мяне з прапановай:

— Не люблю я кабінеты. Давайце пойдзем на мехдвор. Ён зусім побач.

І мы накіраваліся па сцяжынцы за кантору. Усяго за некалькі дзесяткаў метраў ад яе за сталёвай агароджай і знаходзілася стаянка для саўгаснай тэхнікі.

Я раптам трапіла ў палон — палон парадку і чысціні, якія тут панавалі. Ніколі да гэтага нічога падобнага нідзе ў гаспадарках я не бачыла. І, не хаваючы свайго здзіўлення, я разглядвала і тэхніку, і прылады да яе — чысцюткія і па сезону расстаўленыя па перыметру вялікай заасфальтаванай пляцоўкі. Вось дзе я на справе пераканалася ў дакладнасці выразу "на лінейцы гатоўнасці". Так, сапраўды, быццам пад лінейку выстраіліся гэтыя сталёвыя волаты і прыгожыя агрэгаты. Захапіўшыся сузіраннем, я на імгненне забылася пра свайго суразмоўцу. А потым, слізгануўшы поглядам па яго твары, сумелася, адчуўшы, што ён адкрыта чытае мае эмоцыі. Відаць, яму было прыемна, што такое ўражанне зрабіў на мяне саўгасны мехдвор.

— Такой прыгажосці я не бачыла дагэтуль ні ў адной гаспадарцы, — шчыра прызналася.

— Ва ўсім павінен быць парадак, — стаўшы адразу сур'ёзным, адказаў ён.

Каля гадзіны размаўлялі мы тады прама на пляцоўцы пра справы гаспадарчыя, ужо рэальныя перспектывы выканання даведзеных дзяржавай планаў і заданняў. І калі я раптам пацягнулася да клавішаў магнітафона, каб уключыць яго на запіс, Аляксандр Рыгоравіч адмоўна пахістаў галавой:

— Я запісвацца не буду. Лепш справай гаварыць, чым языком, чаго, дарэчы, не прытрымліваюцца нашы кіраўнікі. Вось каб расказаць пра іх бяздзейнасць, пра тое, як і чым яны варочаюць, — от, справа была б добрая... Толькі пра гэта казаць небяспечна. Для цябе, маю на ўвазе. Ты ж тады і з работы вылеціш, не паспеўшы нават і кватэру атрымаць. Ты ж дзеля гэтага ў Шклоў прыехала, так?

Я згодна кіўнула галавой. Ён лёгенька тузануў мяне за руку:

— Пойдзем, пагутарыш са старшынёй прафкама. Праз яго і атрымаеш патрэбны матэрыял. А я, — зірнуў на гадзіннік, — праеду па гаспадарцы, справаў вельмі многа.

Прозвішча таго прафкамаўца сцёрлася з памяці, помніцца толькі ягоная залішняя мітуслівасць. Засяроджваючы ўвагу на працоўных здзяйсненнях гаспадаркі, ён увесь час наракаў пры тым на рабочых. Маўляў, шмат каторыя п'юць, работы не шануюць, таму кіраўніцтву пастаянна даводзіцца трымаць іх у полі зроку. І нават прымаць неардынарныя меры. Менавіта якія — я ўдакладняць не стала. Занатаваўшы некалькі расповедаў прафкамаўца, я, развітаўшыся, заспяшалася ў дарогу, — трэба было тэрмінова рыхтаваць чарговую радыёперадачу.

Прыехаўшы ў рэдакцыю, падзялілася ўражаннямі з калегамі. Выказала тады сваё меркаванне:

— Сапраўднага гаспадара беспамылкова можна пазнаць па ягоных справах. Як Лукашэнку, напрыклад.

— Што ты маеш на ўвазе? — запыталіся ў мяне.

— А хоць бы той парадак на мехдвары, — адказала. — Ды і ўвогуле...

Я пачала тармазіць, заўважыўшы на тварах маіх калег даволі іранічныя выразы.

— Э, не! — адмоўна пахістаў галавою фотакарэспандэнт Аляксандр Бялясаў, якога паважалі ў калектыве за высокую працавітасць і гаспадарлівасць (у працоўнай кніжцы гэтага саракапяцігадовага мужчыны толькі адзін запіс: аб прыёме ў рэдакцыю райгазеты фатографам). — А ці бачыла ты той бур'ян вакол ягонага дома ў Рыжкавічах? А так званую агароджу, што ўзведзена немаведама якімі рукамі і ў якім стане?

— Такі мужык-бугай, а маці туліцца ў хатцы на курыных лапках, — паддакнуў Васіль Жукаў. — Дакладней, на адной — у выглядзе бервяна, што халупу падпірае. І як яна не складзецца, калі Лукашэнка сваёй вагой па масніцах тупае?

І пайшло-паехала! Ды ўсё пра яго, пра Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Я адразу адчула, што гэты чалавек чамусьці вярэдзіць іх сэрцы. У іншым выпадку не было б столькі эмоцый.

— А яшчэ ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР меціў, адважыўся сваю кандыдатуру разам з Кебічам выставіць, — хіхікнула Соф'я Міхайлаўна Жукоўская. — Толькі ж яго ведаюць тут як аблупленага, — махнула яна рукой і замаўчала, даючы такім чынам зразумець, што аб'ект размовы не варты такога бурнага абмеркавання.

— Не скажыце, — не пагадзіўся Васіль Жукаў. — Гаварыць ён умее. І аўдыторыю літаральна заварожвае Пасля яго Кебіча слухаць людзі не хочуць — разглядваюць толькі. А пудрыць мазгі Сашка добра. Нават лепш чым сакратары райкама. Таму і забаяліся, калі Лукашэнка вылучыў сваю кандыдатуру ў Вярхоўны Савет СССР, — паслалі хадакоў да ягонай жонкі, каб тая напісала скаргу ў райкам на свайго мужа. Што, маўляў бегае з сям'і да іншых жанчын. Нават стос чыстай паперы і цэлы тузін ручак прынеслі з сабою, каб часу дарэмна не губляць. Толькі яна адмовілася ад іх прапановы як, зрэшты, і пісарскіх паслугаў. Галіна Радзівонаўна сказала, што ў сваёй сям'і яна разбярэцца сама. А на развітанне дапоўніла:

— Бацьку сваіх дзяцей я перашкаджаць не буду.

Слухала я тады сваіх калегаў з цікавасцю. Але — не без сумненняў. У адным толькі была пераканана: Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — чалавек неардынарны.

У ТАНДЭМЕ 3 СУПЯРЭЧНАСЦЯМІ

Што мне потым падабалася ў Аляксандру Рыгоравічу? Многае. І перш за ўсё — смеласць. Мне імпанавала, што ён паводзіў сябе так, як лічыў патрэбным, не зважаючы ні на людскія перасуды, ні на гнеў уладу маючых, ні на іншыя якія ўмоўнасці, ад якіх у любога іншага грамадзяніна захапіла б дых, перш чым зрабіць ці сказаць штосьці толькі для сябе важнае. А ён гаварыў пра ўсё актуальнае, набалелае, патрэбнае, таму заўсёды знаходзіўся ў цэнтры ўвагі і канфліктаў. А можа, ён сам і правакаваў іх часам, думаю я цяпер.

Як, напрыклад, у Шклоўскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў. На гэтым прадпрыемстве Аляксандр Рыгоравіч працаваў намеснікам дырэктара па агульных пытаннях, калі вярнуўся на радзіму са службы ў пагранвойску. Дык вось, яго сумесныя працоўныя раніцы з дырэктарам КБМ пачыналіся са звычайных радавых пытанняў, якія нязменна перарасталі ў канфлікты. Ды яшчэ якія! Сведкі расказвалі: вэрхал у кабінеце дырэктара стаяў такі, што працоўныя вымушаны былі збягацца, каб ратаваць пацярпелага. Прычым у гэтай ролі больш прадчувалі Уладзіміра Антонавіча Пруднікава, таму што ўчарашні вайсковец яўна меў сілавую перавагу над сваім кіраўніком. Дый целаскладам дужэйшы. Разыходзіліся працоўныя толькі тады, калі хто-небудзь з "петухоў" (як ахрысцілі паміж сабою рабочыя двух сваіх кіраўнікоў) вылятаў з кабінета жывы і непашкоджаны.

Хутчэй за ўсё, каб не дайшло да граху, райкам партыі змушаны быў развесці гэты працоўны тандэм, як у моры караблі: А.Р.Лукашэнка пайшоў намеснікам старшыні праўлення ў мясцовы калгас імя Леніна, а У.А.Пруднікава выправілі яшчэ далей — галоўным інжынерам у абласную галіновую вытворчасць. У нейкай ступені на пасаднае прызначэнне Аляксандра Рыгоравіча паўплываў і той фактар, што ён паступіў на завочнае аддзяленне ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію.

Мяне інтрыгаваў А.Р.Лукашэнка сваёй манерай весці дыскусію: ён падаваў якую-небудзь рэпліку і замаўкаў на пэўны момант, пільна сочачы за рэакцыяй субяседніка ці слухачоў. І калі яна была, што называецца, ва ўнісон з ягонымі думкамі, раскручваў пружыну дыскусіі далей — і таксама напачатку асцярожна. Ну, а потым, калі аўдыторыя падпадала пад кантроль, Аляксандр Рыгоравіч даваў поўную моц сваім аратарскім здольнасцям. Магутны голас прамоўцы давяршаў задуманую справу: слабыя выкрыкі нязгодных проста заглушаліся.

У аратарскім арсенале А.Р.Лукашэнкі быў, ледзь не казырным, спасыл на аўтарытэт вядомых людзей. Аднойчы муж маёй сяброўкі расказаў пра такі вось эпізод. У шклоўскую лазню, неяк так склалася, у дамоўлены час прыходзілі аматары спецыфічных пары і венікаў. Удзельнікі гэтага нефармальнага лазневага клуба збіраліся разам, каб папарыцца, папіць піва і пагутарыць. Старшынёй гэтага клуба быў абраны палкоўнік у адстаўцы Анатоль Грачоў.

Адкуль было ведаць пра гэта нейкаму прыезджаму, які выпадкова паставіў свой тазік з вадою побач з "клубнымі" тазікамі. Анатоль Грачоў на той момант выконваў адказную ролю — "заводзіў" Аляксандра Лукашэнку — нязменнага аб'екта падколак у лазні. Той павярнуўся да Грачова і гучна, з пачуццём сказаў:

— Учора я гаварыў аб гэтым Гарбачову, гаварыў Рыжкову, а сёння гавару табе, Толік...

Намылены і збянтэжаны прыезджы тузануў за плячо сяброўчынага мужа і, паказваючы пальцам на Анатоля Грачова, ледзь чутна спытаў:

— А гэта хто такі?

— Палкоўнік, — проста адказаў ён.

— Дык што гэта за лазня такая? Куды я трапіў? — пачаў ліхаманкава кідаць у цэлафанавы мяшок мыльныя прыналежнасці той прыезджы, каб, у выпадку чаго, паспець выбегчы з таго месца, куды ён завітаў як у звычайную лазню...

Па тэлевізару ўсе шклаўчане бачылі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку як удзельніка Усесаюзнага пасяджэння па арэнднаму падраду. І асабліва адзін момант прыцягнуў іх пільную ўвагу: з трыбуны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў час выступлення павярнуўся да Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова, які знаходзіўся ў прэзідыуме, і ўдакладніў:

— Я так гавару, Міхаіл Сяргеевіч?

— Так, так, — лагодна заківаў той галавой.

Вось такім быў падчас нашага знаёмства Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ну ці можна было не звярнуць на яго ўвагі? І я звярнула. Больш таго, пайшла пад яго сцягам на барацьбу з усёй той негатыўшчынай, якая буйнымі кветкамі расцвітала ў нашым грамадстве. Я дала ёй назву "несправядлівасць". Яна, быццам іржа, уядалася ў рэчаіснасць і датычыла літаральна ўсіх сфераў нашага жыцця. Ніякага выйсця не было, здаецца. А сэрца не мірылася з гэтым, прасіла паратунку. І асабіста я знайшла яго ў асобе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Іншыя не маглі, а ён мог. 3 высокай, як тады здавалася, раённай трыбуны гаварыў гэты чалавек пра ўсё набалелае. Ён называў негатыўныя сацыяльныя з'явы і выкрываў непасрэдных іх віноўнікаў. Вядома ж, не радавых людзей. Я колькі разоў заўважала: калі А.Р.Лукашэнка ішоў да трыбуны, заўсёды мянялася рэакцыя залы: яна ажывала, пачынала гаманіць, бурліць нават. А ён, падняўшыся, вытрымліваў паўзу і пачынаў гаварыць. Ад слоў ягоных хто ўціскаўся ў крэсла, быццам імкнучыся зліцца з ягонай неадушаўлёнасцю, каб не чуць выкрыццёвых тых слоў. Іншыя, закіпаючы ўнутранай радасцю, гатовы былі падбегчы да гэтага чалавека, падняць на сваіх руках яго высока-высока, каб адтуль, з вышыні, на ўсю прастору роднае зямлі разносіліся палымяныя ягоныя словы... Усё ў такія моманты было. Не было толькі раўнадушных.

Я часта па службоваму абавязку прысутнічала на важных мерапрыемствах раённага маштабу. І Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, на той момант кіраўнік саўгаса, — таксама. Вось ягоную прамову я ніколі не прамінала цалкам запісаць і пратрансліраваць па раённаму радыё Бывала, у процівагу іншым кіраўнікам, якія мелі больш высокія пасады і аўтарытэт. А потым, пры сустрэчы, гаварыла яму кампліменты.

— А ці баяцца іх буду? — па-байцоўску ўскідваўся той. — Мне губляць, акрамя сумлення, няма чаго. А яго я не згублю ніколі. Гэта, як радзімая пляма, — на ўсё жыццё. Я, Вольга, не краду, не бяру хабару, не зазіраю нават у саўгасную кішэню — у ёй не маё, а народнае. Я і на машыне саўгаснай не ездзіў бы, калі б хапіла заробленых мазалём грошай на ўласную машыну. Мне нічога не трэба і, разам з тым, вельмі многа: каб нарэшце ўсюды ўсталяваўся парадак. Вось за гэта я і жыцця не пашкадую.

Аднойчы я нясмела ўдакладніла:

— Як нічога-нічога не бераце ў саўгасе? І мяса нават не выпісваеце? У вашай гаспадарцы так многа жывёлы...

— І мяса не бяру: мая маці і жончыны бацькі для нас гадуюць парсючкоў. І іншым браць з саўгаса не дазваляю. У мяне, у адрозненне ад многіх кіраўнікоў, не "пасвіцца" раённае начальства, я ім ахвоту такую даўно адбіў.

— А часам не гадуеце якую-небудзь жывёлу самі? — запыталася я.

Як тады падалося, ён крыху збянтэжыўся і адказаў:

— Часу не хапае. Ды і хлеў малы, і на яго таксама часу не хапае, каб перарабіць.

Але на бытавыя тэмы мы размаўлялі радзей. Больш — пра беспарадкі, чыноўнікаў, у якіх была пыска ў пушку.

— Што ж вы адзін з сістэмай гэтай зробіце? — заміраючы ад страху, пыталася я. Мне было сапраўды незразумела, як гэта можна на злом галавы кідацца ў бойку з уладу, а таму і сілу маючымі? На той час сістэма моцна трымала ў абдымках кожнага свайго члена. І асабліва тых, хто карміў яе, родную, паіў і пацяшаў. За адзін толькі замах на яе "святое святых" яна магла сцерці з твару зямлі вальнадумца.

— А тое, што кожны з іх перад судом адкажа за ўсё, што накрасці ўдалося, — сурова адказаў Аляксандр Рыгоравіч. І дадаў:

— Я веру, што яшчэ адкажуць, перад судом адкажуць і Якімцоў, і Думлер, і тая ж Арыстава...

Толькі жыхары Шклоўшчыны маглі ацаніць дзёрзкую смеласць Лукашэнкі. Гэтыя вядомыя ў раёне прозвішчы калі і вымаўляліся, дык толькі з павагай, удзячнасцю, замілаваннем. Палкоўнік Анатоль Канстанцінавіч Якімцоў узначальваў на той момант раённы аддзел унутраных спраў. Аляксандр Георгіевіч Думлер быў старшынёй райвыканкама і вельмі моцна трымаўся на гэтай пасадзе. Таццяна Сяргееўна Арыстава — сарцаедка мясцовых донжуанаў — кіравала аддзяленнем "Аграпрамбанка", а фактычна была фінансавым магнатам, і ад яе прыхамаці залежаў кожны чыноўнік ці проста жадаючы пазычыць на выгадных умовах грошы ў дзяржавы.

Аўтарскае адступленне: 27 кастрычніка 1994 года ўпраўляючая аддзялення "Беларусбанка" Т.С.Арыстава будзе сапраўды звольнена з займанай пасады і "па асабістаму жаданню" пераведзена ў адзін з магілёўскіх банкаў эканамістам крэдытнага аддзела. Яшчэ раней, не дачакаўшыся прэзідэнцтва ў Беларусі, развітаюцца са сваімі пасадамі старшыня райвыканкама А.Г.Думлер і начальнік райаддзела міліцыі А.К.Якімцоў. Прычым заяўку на свабодную пасаду старшыні райвыканкама падасць і дырэктар саўгаса "Гарадзец" дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка. Але ў ходзе тайнага галасавання Аляксандр Рыгоравіч прагаласуе за сябе сам і набярэ толькі два іншыя галасы.

Дзіўна і нелагічна завяршылася справа Анатоля Якімцова, якую потым сапраўды з'ініцыіраваў А.Р.Лукашэнка. Асабіста я і цяпер, калі з-за пройдзенага часу справа тая накрылася тоўстым слоем пылу, не ведаю дакладна, хто ж на самай справе палкоўнік, цяпер ужо ў адстаўцы, А.К.Якімцоў? Карупцыянер, аб чым кляўся-бажыўся Лукашэнка, ці проста ахвяра помсты? Як бы там ні было, а я лічу сябе вінаватай перад Анатолем Канстанцінавічам Якімцовым. За тое, што, не дачакаўшыся рашэння суда, растыражавала па мясцоваму радыё і ў двух нумарах раённай газеты выказванні А.Р.Лукашэнкі ў адрас гэтага чалавека. І зноў адчуваю сваю віну за гэты ганебны ўчынак. Нягледзячы на тое, што Анатоль Канстанцінавіч, як сказаў аднойчы, ужо дараваў мне. Толькі я сабе дараваць гэтага не магу. Каб увесь час памятаць пра гэта і больш ніколі не паўтарыць падобнага.

ШТО ХАЦЕЎ СХАВАЦЬ ПАЛКОЎНІК ЯКІМЦОЎ І ШТО 3 ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ

Па Шклову землятрусам прайшла сенсацыйная заява Лукашэнкі аб тым, што начальнік міліцыі Якімцоў — злодзей, хабарнік і рабаўладальнік. Агаломшаныя такой навіной шклаўчане на ўсялякі выпадак — чым чорт не жартуе — пачалі пазбягаць сустрэч з толькі ўчора яшчэ паважаным чалавекам. А члены мясцовай эліты калі і адважваліся цяпер прыняць для прывітальнага поціску яго руку, то ўжо на значна карацейшы момант. Спешчаны ўвагай і высокім аўтарытэтам, чыноўнік раптам адчуў вакуум: было ад чаго ўз'ерапеніцца. А тут і хуткі на погалас народ справу новую завёў, назву нават даў канкрэтную: "справа Якімцова".

Быццам той казачны асілак, не па днях, а па гадзінах вырастала, пухла тая справа ад усё новых крымінальных падрабязнасцей. Пакуль, надзьмуўшыся, не лопнула, абліўшы брудам сапраўдных і выпадковых персанажаў гэтай, як лічу, драмы. Але аб усім па парадку.

... Гэта было хоць і чарговае пасяджэнне раённага Савета, але ўсё ж незвычайнае: упершыню на яго быў запрошаны ўжо не столькі дэпутат раённага Савета, колькі Вярхоўнага — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Сінхронна з гэтай падзеяй і сабраныя ў вялікай зале Дома Саветаў адчувалі сябе ўжо ў новых ролях — хто з Лукашэнкам і хто супраць яго. У даны момант такому раздзяленню паспрыяла ўцечка інфармацыі ад складаючых план работы сесіі: нардэп рэспубліканскага ўзроўню А.Р.Лукашэнка падыме пытанне пра начальніка міліцыі А.К.Якімцова.

Амаль з гадзіну нервавалася зала: спазняўся "самы-самы". Пачаргова з прэзідыума, дзе паспелі пагрэць сабе месцы, падхопліваліся і несліся ў свае кабінеты чыноўнікі мясцовай велічыні каб, хутчэй за ўсё, пашукаць прапаўшага запрошанага. І калі тэмпература ў зале, узнятая энергіяй соцень людзей, гатовая была падскочыць да небяспечнага для вольнага дыху ўзроўню, у залу ўвайшоў ён...

У новым касцюме ці не ад Кардэна, у бялюткай кашулі і пры гальштуку, шпаркай хадою накіраваўся прама ў прэзідыум. На твары — незадаволенасць і рашучасць. Далі слова — і ён на трыбуне. Папрасіў прабачэння за затрымку, маўляў, у Вярхоўным Савеце вельмі шмат працы. Быў немнагаслоўны. Пакуль... Некалькімі штрыхамі абмаляваў эканамічны стан краіны, надзяляючы яркімі эпітэтамі віноўнікаў галечы — Шушкевіча, Кебіча, расійскага Ельцына, і перайшоў да чаканай залаю мясцовай тэмы. Паказваючы пальцам выцягнутай рукі якраз у тое месца, дзе сядзеў знерваваны Анатоль Якімцоў, сказаў, вытрымаўшы неабходную для ўзмацнення эфекту паўзу:

— І вось гэты злодзей і дэмаралізаваны так званы служыцель правапарадку — палкоўнік Якімцоў. Факты? Калі ласка. Рукамі "зэкаў" са спецкамендатуры ты пабудаваў шыкоўную дачу, цяпліцы ўзвёў. Дармовай рабсілай усё таго ж спецкантынгенту там у цябе ўсё сеецца, убіраецца, доіцца. Ты толькі наядаешся сам і прадаеш плады іх непасільнай працы на тваёй дачы. Ты ведаеш, хто ты? Рабаўладальнік, які ўварваўся ў сацыялістычнае жыццё са старажытнай гісторыі. А яшчэ ты — хабарнік. Думаеш, людзі не бачаць, як табе проста дахаты небаракі цягнуць свіныя кумпякі і вёдрамі мёд? За якія такія паслугі, палкоўнік Якімцоў, а?

Начальнік міліцыі аж задыхнуўся ад абурэння. Ён ускочыў з месца, быццам уджалены, і закрычаў на ўсю моц лёгкіх:

— Доказы, маць тваю!.. Што ты нясеш лухту? Якое права маеш?

Вось такога раз'юшанага, з павылятанымі ад натугі гузікамі на цывільным адзенні, стрымлівалі яго спачуванцы, гатовага ад адчаю кінуцца на свайго крыўдзіцеля. А Аляксандр Рыгоравіч, хаваючы эмоцыі, запытаўся:

— Ты пры ўсіх скажы, Якімцоў, ты сапраўды маеш дачу?

— Не! — не падумаўшы, крыкнуў той. — Гэта дача не мая.

... Схлусіў тады палкоўнік Якімцоў. Ён сапраўды пабудаваў дачу, выкарыстоўваючы на ўсіх работах дармовую рабочую сілу — кантынгент са спецкамендатуры. А па-простаму — асуджаных, якія знаходзяцца на вольным пасяленні. Дарэчы, паслугамі гэтага кантынгенту і да сёння карыстаюцца на Шклоўшчыне ўладу маючыя...

Але Якімцоў сказаў "не". І, каб узаконіць хлусню, на злом галавы кінуўся па дапамогу. Карыстаючыся ўплывовымі сувязямі, падключыў у процідзеянне абвінавачанню "сваіх" людзей, у прыватнасці старшыню выканкама Каменна-Лаўскага сельскага Савета Г. Півунова. Гэта ягонымі намаганнямі за якія-небудзь суткі-двое была перапісана ўся дакументацыя, дзе згадвалася прозвішча А.К.Якімцова. Запісалі спачатку ўсё на жонку, потым на брата. Перапіс адной толькі пагаспадарчай кнігі чаго каштаваў удзельнікам аферы! Але дарэмнымі былі тыя намаганні. Праўду кажуць, што ў хлусні — кароткія ногі. Яны і прывялі да выкрыцця пасля таго, як у хуткім часе па загаду А.Р.Лукашэнкі праверку зрабілі кантралёры адпаведных органаў.

Чамусьці, калі ўспамінаю Анатоля Канстанцінавіча Якімцова, згадваю адну дэталь: у яго штанах адтапырвалася кішэня, якая выдавала звычку гаспадара трымаць у ёй руку. А яе адкрыты вачам стан сведчыў аб доўгім тэрміне службы. Асабіста мяне гэта, чамусьці, прымушала думаць пра невялікі дастатак гэтага чалавека і, зыходзячы з высокай яго пасады, дадавала павагі. Чаму я зазірала ў тую кішэню, спытаецеся? А не зрабіць гэтага было проста немагчыма: Анатоль Канстанцінавіч, як член райвыканкама, часта прысутнічаў на пасяджэннях, якія праводзіліся ў малой зале Дома Саветаў, і сядзеў заўсёды на адным і тым жа месцы — злева, каля тарца. Усе "не члены" размяшчаліся перпендыкулярна, на крэслах, пастаўленых у канцы залы, а яна, я ж кажу, была малая, вось і бачны былі некаторыя "дэталі" адтуль.

Эх, ведаў бы Якімцоў, чым абернецца для яго гэтая хлусня!

— І навошта ён адмаўляецца ад таго, што сапраўды мае! — падаўлена паціскалі плячыма чыноўнікі ў райсаветаўскіх кабінетах. — На такую зарплату, якую ён атрымоўвае, можна не адну дачу пабудаваць. І камар носа не падточыць.

Але ён сказаў "не". І неўзабаве ланцуг: аддзел міліцыі — выканкам Каменна-Лаўскага сельскага Савета — спецкамендатура падпадае пад кантрольную апрацоўку правяраючых (зверху). Амаль два тыдні яны трэслі і, быццам рэнтгенаўскімі прамянямі, прасвечвалі ўсе ягоныя звёны. А ў завяршэнне райвыканкамаўскія машыністкі адстукалі ледзь не з сотню аркушаў, якія, у сваю чаргу, яшчэ ў рабоце чыталі-перачытвалі і "па сакрэту ўсяму свету" пераказвалі самі ж супрацоўнікі кіруючага органа. Такім чынам, у "курсе спраў" паралельна з аддрукоўкай знаходзілася ледзь не палова Шклова.

Параза Анатоля Якімцова адчувалася ўсё выразней. Але ён не быў да яе падрыхтаваны: сказаўся фактар ранейшай улады і моцных "падвязак". І пакуль ён утрасаў справы на месцы, там, "наверсе", зірнуўшы на канфлікт шырэй, вырашылі прытушыць яго полымя шляхам ракіроўкі кадраў. Не чакаючы грымот, Анатоля Канстанцінавіча адпраўляюць на заслужаны адпачынак. У адстаўку, значыць. А каб утрымаць яго на плаву адначасова даюць новую пасаду — начальніка міжраённай падатковай інспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў.

Толькі ўсё аказалася больш зубадрабільным, чым мог уявіць сабе палкоўнік міліцыі Якімцоў і яго высокапастаўленыя сябры. І ў гэтым яны пераканаліся вельмі хутка.

ВЫКЛІКАЦЬ У СУД ЛУКАШЭНКУ

У гэтай хуткацечнай бітве Анатоль Канстанцінавіч быў маральна звалены: літаральна пакладзены на лапаткі нардэпам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Але важкі вопыт працы ў праваахоўных органах абуджаў у ім непахісную веру ў Яго Вялікасць Закон. І, моцны па характару, целаскладу, ён раскручвае новы віток барацьбы — падае іск у Шклоўскі народны суд пра абарону свайго гонару і годнасці на журналістаў мясцовай газеты — Міхася Бабка і Вольгу Паўлаву (мяне), якія ў сваіх публікацыях прынізілі яго. Ісцец прасіў суд спагнаць з адказчыкаў па два мільёны рублёў з кожнага (у 1993 годзе гэта была сума вельмі значная).

Але прыцэл быў на Аляксандра Лукашэнку. І вось чаму. Журналісты райгазеты ў сваіх матэрыялах, выкладаючы "справу Якімцова", заведзеную ў слоўных баталіях нардэпам і дапоўненую АБГ (адна баба гаварыла), спасылаліся на выказванні дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Сам гэты статус служыў як бы гарантам высокай маральнасці і даваў носьбіту гэтага звання высокую меру адказнасці за свае словы і ўчынкі. У што верылі журналісты і чаго на самай справе не было. Вось і спадзяваўся А. Якімцоў на тое, што суд адчуе гэты фактар і, прафесійна раскруціўшы справу, пакарае сапраўдных віноўнікаў, а дакладней, віноўніка. Ну, а раённая газета "Ударны фронт" павінна была, паводле ўмовы істца, надрукаваць абвяржэнне і публічна папрасіць у яго, Анатоля Канстанцінавіча Якімцова, прабачэння. Такім чынам, на яго думку, і будзе спынена зацяжная вайна, якая вызначыць сапраўднага пераможцу. І гэта будзе менавіта ён.

... Я атрымала павестку прыкладна за тыдзень да суда. Расхвалявалася. Патэлефанавала У.М.Канаплёву (Уладзімір Мікалаевіч Канаплёў да прэзідэнцтва Лукашэнкі — выкладчык Шклоўскай спецшколы для дзяцей з аслабленым зрокам. Пасля — галоўны памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.)

— Супакойся, заўтра раніцай я пад'еду ў рэдакцыю там пра ўсё і пагаворым, — сказаў ён.

І сапраўды, назаўтра У.М.Канаплёў сустрэў мяне разам з М.Ф.Бабком каля лесвічнай пляцоўкі. Прывітаўшыся, жартаўліва сказаў:

— Ну і спіш ты, Вольга. На цэлых пятнаццаць хвілін спазнілася на работу.

І дадаў ужо сур'ёзна:

— Я ўчора патэлефанаваў самому (А.Р.Лукашэнку), ён сказаў, каб вы не вешалі насоў. Мы вас у крыўду не дадзім. Рыгор Кісель з "Магілёўскіх ведамасцей" прышле на пасяджэнне свайго журналіста. (Рыгор Кісель: да прэзідэнцтва — рэдактар Магілёўскай абласной грамадска-палітычнай газеты "Магілёўскія ведамасці", пасля — старшыня Беларускай нацыянальнай тэлерадыёкампаніі). Так што атрымаецца ўсё як па пісанаму: справу раскруціць Якімцоў, а хвост яму накруцім мы. Усё, Вольга, вышэй галаву і — на працу. Да суда! — па-ленінску ўзняў ён над сваім плячуком руку і памахаў ёю.

Дні праляцелі хутка, і хоць я ўвесь час думала пра судовае пасяджэнне, на якім упершыню ў жыцці мелася выступаць у ролі адказчыка, усё ж не была да яго гатова; час дарэмна растраціла не на падрыхтоўку, а на эмоцыі. У рэдакцыю зайшла за гадзіну да пачатку суда. Там ужо сядзелі радасна ўзбуджаны М.Ф.Бабок і У.М.Канаплёў. Убачыўшы мяне, абодва падняліся і накіраваліся насустрач:

— Хадзем, Вольга, у твой кабінет і там пагутарым, — прапанаваў Уладзімір Канаплёў.

Калі за нашай тройкай зачыніліся дзверы, У.М.Канаплёў загаварыў:

— Дык вось, джэнтльмены, о, пардон, і лэдзі, галоўнае — не хвалявацца. Сёння Саша тэлефанаваў, прывітанне вам прасіў перадаць. Сказаў, што журналісты вы вопытныя, — падліслівіў ён, — так што баяцца не трэба наконт сваіх аратарскіх здольнасцяў. Наша задача такая: ператварыць Якімцова з пакрыўджанага — у крыўдзіцеля. Усыпце яму, даражэнькія, так, каб і рота больш нідзе не раскрываў гэты...

Нецэнзурных слоў у запасе ў Канаплёва было шмат. І толькі потым стала мне зразумелай гэтая агрэсія. Аказваецца, да работы ў спецшколе Уладзімір Мікалаевіч Канаплёў працаваў інспектарам па справах непаўналетніх пры Шклоўскім РАУС. Але, як нярэдка бывае, паміж радавым міліцыянерам і начальнікам райаддзела (а ім у той час быў А.К.Якімцоў) адбыўся канфлікт, у выніку якога малады супрацоўнік міліцыі палічыў за лепшае развітацца з міліцэйскай формай і перайсці працаваць выкладчыкам у спецшколу. Уладзімір Мікалаевіч у свой час скончыў Магілёўскі педінстытут, так што выбар новай спецыяльнасці быў апраўданы.

У памяшканні суда было вельмі холадна. А тут яшчэ інтымная падрабязнасць: пры хваляванні я літаральна калею. А калі на ўвесь зал прагучала: "Устаць! Суд ідзе!", мяне ўвогуле прабралі дрыжыкі да касцей. Старшынявала на судзе Таццяна Антанінаўна Кашкіна. Яна знаёміла прысутных са справай, а сінхронна яе словам я ляскала зубамі, беспаспяхова робячы ўсё новыя спробы прывесці сябе ў нармальны стан. Нават прыцягнула да сябе ўвагу бухгалтаркі В.А.Раманюк, якая сядзела побач. Яна разам з рэдактарам Л.М.Анціпенкам пажадала прыйсці на пасяджэнне суда.

Не ведаю, як у такіх выпадках водзіцца, а ў той момант мы ўмоўна былі падзелены на дзве катэгорыі ўдзельнікаў "справы": "за" і "супраць" Якімцова. "Заісты" — А.К.Якімцоў і журналіст рэспубліканскай газеты Анатоль Гуляеў — сядзелі на правым баку, "праціўнікі", а іх было каля дзесятка чалавек — на левым. Тут жа на ўсякі выпадак прытуліліся і проста цікаўныя. Два Анатолі сядзелі плячо ў плячо, быццам імкнучыся аб'яднаным намаганнем прарваць нарэшце зачараванае кола, у якім па іроніі лёсу апынуўся ва ўсіх адносінах некалі магутны чалавек.

Пасля істца слова было дадзена адказчыку — Міхасю Бабку. Хто ведае гэтага чалавека, зразумее, колькі намаганняў давялося прыкласці сакратарцы суда, каб паспець запісаць яго выказванне. Некалькі разоў і сама суддзя рабіла спробу прыпыніць яго прамову, штосьці ўдакладніць. Але дзе там! Міхаіл Фёдаравіч, здаецца, нічога не чуў і не бачыў, акрамя тоўсценькага стосіка паперы, шчыльна спісанай уласнай рукой: ён усё гнаў і гнаў. А напрыканцы, калі дарэшты змардаваныя старшыня і сакратарка суда ўжо і не разлічвалі спыніць ягоныя тлумачэнні, Міхась Бабок узяў паўзу і, павярнуўшыся да істца, пераможна крыкнуў:

— Бессаромны ты злодзей, рабаўладальнік!

Анатоль Канстанцінавіч не прамарудзіў выказаць пратэст. Суддзя, спусціўшы канфліктную сітуацыю на тармазах, хуценька дала слова мне. Бабкова даўжэзная "споведзь" супакоіла мяне, і цяпер мой унутраны стан выдавалі толькі шчокі, якія пунсавелі пераспелымі па памідорамі.

— Няхай жыве шклоўскі суд — самы справядлівы суд У свеце! — гучна працытавала я перафразаванымі крылаты выраз, чым здзівіла служыцеляў Феміды. А далей пачала адбівацца ад прэтэнзій істца, спасылаючыся на тое, што ў сваіх радыё- і газетных матэрыялах я выказвала абвінавачванні ў ягоны адрас, спасылаючыся на выказванні дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі, які афіцыйна заяўляў аб быццам бы існуючай ужо "справе Якімцова", асноўныя паказанні якой пакуль што, у інтарэсах справы, трымаюцца ў сакрэце. Але якія, маўляў, ведаюць правяраючыя і ён, нардэп Лукашэнка.

— А я веру больш дэпутату Вярхоўнага Савета, — сказала я і, павярнуўшыся ў бок істца і ўбачыўшы яго бледна-нервовы твар, памякчэла:

— Хоць і вельмі хочацца паверыць у невінаватасці Анатоля Канстанцінавіча.

"Ой, што гэта я раблю, — мільганула ў галаве думка — Гэты чалавек дабіваецца прызнання мяне вінаватай прысуду мне фантастычнага штрафу, а я ўжо раскісла ад сумненняў. Падумаеш, ашпарыўся чалавек. А мне якая справа!" І, накруціўшы сябе такім чынам, я з пафасам мовіла, у паўабарота павярнуўшыся ў прастору паміж гаспадарамі працэсу і істцом:

— Калі Анатоль Канстанцінавіч Якімцоў паклянецца перад богам і судом у тым, што ён ніколі нічога ні ў людзей, ні ў дзяржавы не браў, то я, нават не чакаючы рашэння суда, добраахвотна аддам гэтыя спаганяныя з мяне два мільёны рублёў.

Так, я бравіравала. Бо была ўпэўнена ў надзейнасці тылу.

А суд зайшоў у тупік. У арсенале вопытнай суддзі Т.А.Кашкінай такая справа была першай. У роспачы яна, парушаючы судовы этыкет, з лёгкай разгубленасцю спыталася, прама гледзячы ў залу:

— Дык што ж рабіць?

3 залы пачуліся спачатку нясмелыя, потым больш рашучыя аднолькавыя прапановы:

— Выклікаць у суд Лукашэнку і няхай ён дасць свае паказанні.

Суд аб'явіў перапынак і поўным складам пайшоў раіцца. Праз некалькі хвілін з вуснаў старшынюючай Таццяны Антанінаўны Кашкінай прагучала:

— Справа адкладваецца да запрашэння ў суд дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі.

Дамоў ісці не хацелася. Хоць у гэты дзень мы былі вызвалены ад работы, накіраваліся ўсе ўчатырох у рэдакцыю: я, Уладзімір Канаплёў, Міхаіл Бабок і карэспандэнт "Магілёўскіх ведамасцей" Барыс Лагоўскі (Барыс Лагоўскі: да прэзідэнцтва Лукашэнкі — намеснік рэдактара магілёўскай абласной грамадска-палітычнай газеты "Магілёўскія ведамасці", пасля — яе рэдактар). Па дарозе памочнік дэпутата Лукашэнкі Уладзімір Канаплёў дзяліўся ўражаннямі:

— Ну, малайчына ж ты, Фёдаравіч! Гаварыў, бы той Цыцэрон. Ты, Вольга, таксама старалася, толькі, прабач, хвастом віляла: і аднаго табе шкада, і другога каб не пакрыўдзіць. Баб'ё, адным словам. А вось Фёдаравіч не разгубіўся, як след усыпаў гэтаму прайдзісвету...

У бліжэйшым нумары абласной газеты "Магілёўскія ведамасці" сапраўды з'явілася пашыраная інфармацыя Б.Лагоўскага з залы суда. Там ён цытаваў і мяне. Прызнацца, гэта цешыла маё самалюбства, і я, зачытаўшы тую інфармацыю да дзірак, вывучыла ўласную цытату назубок. І часта, калі прачыналася сярод ночы, мае губы замілавана яе вышэптвалі. А сэрца ў той момант не мясцілася ў грудзях: яно білася гучна-гучна, быццам маючы намер і ўвогуле выскачыць вон, каб прама тут жа са мною побач, ад радасці пусціцца ў скокі.

Але чым больш я мусоліла ў памяці той судны дзень і сваю прамову, тым усё мацней пачынала адчуваць нейкі дыскамфорт. Штосьці, бы тая стрэмка, пачынала балець з цягам часу нават ад успаміннага дотыку да ўсёй гэтай гісторыі. І я ўжо больш не адчувала сябе пераможцай. Некалькі разоў рабіла адчайную спробу змахнуць ружовыя акуляры, якія добраахвотна ўздзела на свой кірпаты нос, і паглядзець на ўсё аб'ектыўна. Прымусіла сябе нават успомніць і тую зношаную якімцоўскую кішэню, і далёка не першай маладосці ягоны аўтамабіль, рухавую постаць гэтага начальніка райаддзела міліцыі, яго адкрыты твар і манеру заўсёды вітацца першым, пра абмяклую бездапаможнасць, з якой ён пакідаў залу суда... Ці ж можа так быць, што чалавек, якога вельмі многія шчыра паважалі ў раёне, вось так, на поўную катушку стаў дэмаралізаваным элементам, якім паказаў яго нардэп Лукашэнка і ўсе мы, ягоныя памагатыя? Думала: не, даражэнькая мая, штосьці ў гэтай справе не так, і ты, прызнайся, узяла на сваю душу грэх, цкуючы чалавека. А цяпер думай, як гэтую памылку выправіць.

На шчасце, у Шклоў завітаў Аляксандр Рыгоравіч. І я заспяшалася да яго, быццам па выратавальную саломінку. Развейце, кажу, мой непакой. Месца не знахожу сабе ад таго, што пачынаю шкадаваць Якімцова і лічу яго не такім вінаватым, як уяўляла сабе раней. Ды і доказаў прамой віны злоўжывання службовым становішчам, пра якое вы гаварылі, дагэтуль няма. Калі ж ягоная справа будзе нарэшце завершана?

— А ты што, ужо і шкадаваць гэтага мафіёзі надумалася? Запомні, Вольга, менавіта з-за такіх вось якімцовых і жабруе наша Беларусь. Думае, калі ён нейкі там начальнік міліцыі, дык ужо і пуп зямлі? Э, не, браце, жыві, як і ўсе астатнія, на сваю зарплату. Сваю! Разумееш? І не ідзі ты на павадку ў чыста жаночых эмоцый. Ты — журналістка, слуга народа, значыць. Вось і служы, а не прыслужвай.

У голасе Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі я адчувала раздражненне. Стала раптам сорамна за сябе, за свае хістанні. На сэрцы яшчэ больш пагарчэла, толькі ўжо за ваганне, сваю прафесійную бездапаможнасць.

... Аднойчы, калі я падымалася па лесвіцы ў Доме Саветаў на другі паверх, мяне ледзь не збіў з ног, саскокваючы праз дзве прыступкі, Анатоль Якімцоў. Аказаўшыся выпадкова на такой блізкай адлегласці ад мяне, рэзка адхіснуўся. І хутчэй за ўсё па звычцы, а не ад чыстага сэрца сказаў:

— Добры дзень! Потым, уцягнуўшы галаву ў плечы, зрабіў намер праскочыць паміж мною і поручнямі. Я рашуча яго "тармазнула", паклаўшы на іх руку. Ён, здзіўлены такой бесцырымоннасцю, моўчкі паглядзеў мне прама ў вочы. Я вытрымала гэты погляд і сказала:

— Анатоль Канстанцінавіч, я не знаходжу спакою, адчуваю сябе вінаватай. Я ведаю, што ў прафесійнам плане паказала сваю поўную бездапаможнасць у гісторыі з вамі. 3 гэтым я змірылася, бо сапраўды зорак з неба не хапаю. Але ж чаму тады ў мяне душа баліць за вас? У чым мая віна, скажыце? Што Лукашэнку паверыла? Дык не ягонаму прозвішчу я паверыла, а дэпутату Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Лукашэнку. І, даруйце, веру і цяпер. Таму, што ён не можа, не мае права не толькі што дрэннае рабіць, але і не гаварыць нічога, акрамя праўды. А калі гэта не так, то чаму вы не абскардзіце ўсё ў судзе?

Ён засмяяўся. Дзіўна так засмяяўся: з вачэй ліюцца слёзы, рот курчыцца ў грымасе болю, а горла выдае рагатлівыя гукі... Ніколі такога ў жыцці не бачыла. Але ён вельмі хутка справіўся з сабою і, выцершы слёзы, як хлопчык — рукавом, прапанаваў:

— Давайце спусцімся ўніз.

Мы плячо ў плячо падышлі да акна каля "чорнага" выхаду і, быццам вартавыя, занялі пазіцыю абапал яго. Прагна, не міргаючы, глядзелі адзін аднаму ў твар. Дзённае святло высвятляла яго запалыя вочы, вялікія кругі пад імі. Губы сцяў ў нітачку, ад чаго яны пабялелі... Божачка, прамільгнула ў галаве, ён мне зараз дасць у морду... Не, не толькі ў морду. Ён мяне сатрэ з твару зямлі.

Паралізаваная гэтай думкай, я не адразу заўважыла метамарфозу: вейкі яго вачэй часта-часта заміргалі, імкнучыся ўтрымаць няпрошаныя слёзы, сківіцы сціскваліся ўсё шчыльней і шчыльней, быццам моцна, да самага злому, хацеў пакараць свае зубы. Не было ніякіх сумненняў у тым, што цаной нечалавечых намаганняў ён хацеў перамагчы раптоўную слабасць. Але яна прабілася гарачымі слязамі, якія хвастатымі кропелькамі паімчаліся ўніз па твары, амываючы яго шыю і губляючы свой след у каўняры кашулі... Палкоўнік плакаў. Маўклівым узрыдам заплакала і я. Мы не зважалі на людзей, якія праходзілі міма. Апамяталіся толькі, калі адзін мужчына падышоў да Анатоля Канстанцінавіча, каб павітацца за руку і здзіўлена-разгублена пахітаў галавой, пераводзячы позірк то на аднаго з нас, то на другога.

— Усё ў парадку, — перамог сябе і ўсміхнуўся яму А.К.Якімцоў. — Бывае, прабач.

І, калі той пайшоў прэч, на ўсялякі выпадак азірнуўшыся некалькі разоў, сказаў:

— Гэта звычайная помста. Не ведаю, можа, і раней калі пакрыўдзіў Канаплёва, у рабоце ўсё бывае. Але, што называецца, сеў яму на хвост у час выбарчага бегу Лукашэнкі — гэта сапраўды так. Ён жа быў яго даверанай асобай і, цяп-ляпнуўшы работу, распісаўшыся ў ведамасці па зарплаце, збягаў да яго, каб каруселіць па раёнах. А так нельга: хто за яго справу рабіць будзе, а? Вось я і намыліў яму некалькі разоў шыю. Кажу, ці працуй у мяне, ці ў Лукашэнкі. Выбірай. Але ён хацеў уседзець адразу на некалькіх крэслах. Не, так не бывае. І я пра панаваў яму звольніцца. Пакрыўдзіўся на мяне, прыгразіў расквітацца потым... Ну, калі б яшчэдапамагаў ён якому-небудзь сапраўды заслужанаму чалавеку, я, сказаць па праўдзе, можа, і не так чапляўся б да яго. А то — Лукашэнку. Я яго ведаю, гэтага балбатуна, як аблупленага. І па маральных якасцях не цягне ён на дэпутата. Заблытаўся чалавек у каханках пры жывой жонцы. Я гэта прама гаварыў пра Лукашэнку на пасяджэннях, адкрыта ўдзельнічаў у байкатаваннях пры яго спробе прабіцца ў дэпутацтва. Гаварыў, лепш няхай парадак навядзе ў саўгасе "Гарадзец" і сваёй сям'і. Ягоныя хлопчыкі мне пагражалі потым, маўляў, разбяромся з табой. А я, дурань, не баяўся.

— Што вы маеце на ўвазе?

— Што? — перапытаў ён. — Ну, паабяцаў Лукашэнка, што звольніць мяне з пасады начальніка райаддзела міліцыі — стрымаў слова. Сказаў, што "вылечу" і з новай працы — сапраўды, фініш і тут ужо бачны. Мае сябры з міністэрства папярэдзілі, што Лукашэнка разгарнуў супраць мяне сапраўдныя баявыя дзеянні. Але гэта — паўбяды. Самае дзікае ў тым, што я ба-ю-ся. За сям'ю. Перыядычна, і ўначы, і ўдзень, мне тэлефануюць і пагражаюць. Ды так, што мароз па скуры прабягае. Учора, напрыклад, жонка зняла трубку, а ёй мужчынскі голас "паведамляе":

— Мы цябе, сцерва, згвалтуем прама на вачах у твайго выблядка.

Анатоль Якімцоў змоўк і сцяў губы так, што яны акаймавалі рот танюсенькай звілінай.

— Я не ведаю, куды ад гэтых пагроз схавацца, куды кінуцца? — праз некалькі хвілін прамовіў, быццам прастагнаў Анатоль Якімцоў.

— Вы што, лічыце, што на гэтую брыдоту здольны Уладзімір Канаплёў ці Аляксандр Лукашэнка? Ніколі ў гэта не паверу, яны, дзякуй богу, нармальныя людзі. Лукашэнку ведаю горш, а Валодзя, здаецца, чалавек добры.

— Я расказаў вам толькі пра тое, што адбываецца на самай справе. Нічога агулам сцвярджаць не магу, таму што, як кажуць, не спайманы — не злодзей. Можа, сапраўды пад шумок якія-небудзь Пецькі-Ваські помсцяць за былыя мае службовыя абавязкі. Колькі парушальнікаў-злачынцаў перасаджаў за час міліцэйскай працы ў турму!

Нейкі час я стаяла ў разгубленасці. А потым няўпэўнена прапанавала:

— А вы звярніцеся да каго-небудзь па дапамогу, кансультацыю...

— Да каго, напрыклад? — з нейкай злосцю спытаў у мяне Якімцоў. — Я цяпер добра ведаю, што ніхто нікому ні ў чым дапамагчы не зможа. Хіба што сам сабе дапаможаш.

— Дарэчы, а калі будзе працяг суда па вашаму іску не ведаеце? — спыталася я.

Ён паціснуў плячыма:

— Сам дзіву даюся, днямі забягу, спытаюся. Ужо ўсе тэрміны прайшлі, а павестку не дасылаюць. Дарэчы, свае прэтэнзіі да вас я здымаю: не трэба мне ні вашых мільёнаў, ні прабачэнняў, Бог вам суддзя. А што тычыцца Бабка, то справу давяду да канца. І Лукашэнка разам з ім цяпер адкажа. Калі пакласці руку на сэрца, мне і ад іх грошай не трэба — рукі-ногі ёсць, зараблю. А вось прызнаць сваю віну ў ачарніцельстве праз газету, з якой яны палівалі мяне брудам, прымушу. Я не хачу, каб шклоўскі люд баяўся мяне як чорт ладана і думаў пра мяне немаведама што з-за гэтых плеткароў.

— Тады скажыце, чым магу дапамагчы вам я? — запыталася ў яго.

Ён ужо даўно ўзяў сябе ў рукі. Цяпер перада мной стаяў зусім іншы чалавек: галава прыўзнята над мускулістым тулавам, плечы распраўлены, погляд вачэй смелы, дзёрзкі, нават з упарцінкай. Ні следу, ні намёку на ранейшы адчай. Такі выгляд мог сведчыць толькі аб адным — сіле гэтага чалавека.

— Нічым, — сказаў як адрэзаў ён.

Я баялася згубіць усталяваны паміж намі кантакт працягвала чапляцца да яго:

— Можа ў газету матэрыял падрыхтуем, а? У незалежную, маю на ўвазе.

Ён уважліва паглядзеў на мяне, лёгенька паціснуў плячыма. Я успрыняла гэты жэст як зачэпку: можа, я змагу яшчэ быць яму карыснай і, такім чынам, паспрабую раскруціць і давесці "справу Якімцова" да яе лагічнага завяршэння?

— Можа, прама заўтра сустрэнемся? — не даючы яму часу не роздум, а дакладней — на адмову, запыталася зноў.

— Не, заўтра не магу.

— А паслязаўтра?

— Можа.

— Тады давайце дамовімся так: роўна у дзесяць гадзін я буду чакаць вас у вестыбюлі каля вашага кабінета. Падыходзіць?

Ён без асаблівага энтузіязму кіўнуў галавой, развітаўся і хуткай хадою накіраваўся прэч. Доўга яшчэ я глядзела яму ўслед і ўздыхала — палягчэла на сэрцы дзякуючы гэтай выпадковай сустрэчы.

... Кабінет Якімцова, цяпер ужо начальніка міжраённай інспекцыі пры МУС Беларусі, знаходзіўся на трэцім паверсе Дома Саветаў. Там размяшчаліся і адміністрацыйныя службы раёна, таму было намнога чысцей і ўтульней, чым на іншых паверхах. А ў фае быў нават мэбляваны куток для адпачынку — якраз там я і прызначыла нашу сустрэчу.

3 нецярплівасцю і самым байцоўскім настроем, цяпер ужо ў абарону Якімцова, я чакала прызначанага часу. Роўна ў дзесяць гадзін спусцілася з чацвёртага паверха і тузанула ручку ягоных дзвярэй. Яны былі зачыненыя. Пачакаўшы яшчэ хвілін дзесяць, вярнулася ў кабінет і пачала накручваць дыск тэлефона, набіраючы яго нумар. Ніхто не падыходзіў. Дні праз тры даведалася, што палкоўнік Якімцоў звольнены і з гэтай пасады.

Але я не скаралася, пачала шукаць Анатоля Канстанцінавіча па яго хатнім тэлефоне — ён быў "часова" адключаны, як потым сказала тэлефаністка на мой запыт. Аднойчы я ўбачыла ягоны старэнькі аўтамабіль на вуліцы горада і радасна накіравалася да яго. У той момант Анатоль Канстанцінавіч не мог не бачыць мяне, і таму я спакойна несла яму на твары свае радасныя эмоцыі... Аднак палкоўнік Якімцоў і не думаў спыняцца, калі ўбачыў мяне. Яго машына рэзка набрала хуткасць і знікла з вачэй.

Не, не выбачыў мне Анатоль Канстанцінавіч Якімцоў. Абвясціўшы пра тое, што спыніў супраць мяне іск, ён выкрасліў увогуле мяне з сваёй памяці. Што ж, правільна: за ўсё трэба плаціць. А што да паўторнага суда па іску Якімцова, то яго не было. Не ведаю судовых тонкасцей гэтай справы, але, мабыць, знайшлася падстава яе закрыць. І сапраўды, сітуацыя склалася надзвычайная: нейкі раённы суд, няхай сабе і шклоўскі, патрабуе з'явіцца ў якасці сведкі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якім стаў ужо на той момант Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. А такога не бывае. У кожным разе, у нашай маладой дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь.

УЛАДЗІМІР КАНАПЛЁЎ — ПАМОЧНІК АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ

Быў той час, калі на Шклоўшчыне стварыўся ажыятаж вакол мясцовага аддзялення фонду "Дзеці Чарнобыля" (потым — "Дзецям Чарнобыля"). Яго ўзначальванне падарыў свайму сябру, паплечніку і памочніку Уладзіміру Канаплёву дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які, у сваю чаргу, на нейкім этапе дэпутацкай дзейнасці быў у добрых адносін:ах з лідэрам БНФ Зянонам Пазьняком. Прынамсі, пра гэта сведчыў адзін убачаны мной фотаздымак, які зафіксаваў іх ледзь не ў сяброўскіх абдымках. Многа часу потым я білася над пытаннем: чаму люта ненавідзячыя не толькі гэтую дэмакратычную плынь, але і саму абрэвіятуру "БНФ" людзі так учэпіста трымаліся за "дзецічарнобыльскія" фонды? Усё стала зразумелым потым.

Галоўнымі выканаўцамі праграмы "Дзеці Чарнобыля" на шклоўскім узроўні былі муж і жонка Канаплёвы: Уладзімір узначальваў, Ала — кіравала. Балазе, спецыялізавалася яна на навучанні дзяцей нямецкай мове, выкладаючы гэты прадмет у спецшколе. Шчыльненька так, табункамі, трымаліся каля іх асабліва давераныя па вывазу дзяцей за мяжу сем'і Клюйко, Бабровай, Ліпскай, Машагірава. Хацела зараз напісаць, што яны вывозілі дзяцей "на аздараўленне", ды рука не паслухалася. Якое аздараўленне? За мяжу ездзілі дзеці шклоўскіх "бурацінак" і чыноўнікаў. Вядома ж, складалі гэтыя спісы Канаплёвы. Такім чынам ад іх дома да спагадлівай, чуллівай Германіі пралегла ўмоўная дарога: адтуль — "гуманітарка", туды — групы нашчадкаў забяспечаных бацькоў, "разбаўленыя" таленавітымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі.

І ўсё роўна ўсім жадаючым, нават з ліку "самых-самых", месцаў у групах не хапала: у Германію хацелі ўсе. Таму прыхільнасць Канаплёвых бралі штурмам: каля іх дома каравулілі гаспадароў уладальнікі машын, пешыя, конныя, перахоплівалі нават на дарозе. "Дурдомам" назваў аднойчы такую абстаноўку Уладзімір Канаплёў.

Стагоддзямі шклоўцаў трымала ў абдымках адна страсць — агурковая. Цяпер іх сэрцы запаланілі размовы пра выезды ў Германію: хто туды ездзіў, што прывёз і хто паедзе ў наступны раз. Асабліва хвалявала пытанне: "хто паедзе?". А вось якраз пра гэта і даведваліся людзі запозна, ды і то самастойна, шляхам вылічвання, бо спісы ад'язджаючых трымаліся ў вялікім сакрэце. Шмат разоў гэтае пытанне стыхійна ўздымалася на розных пасяджэннях, сходах. Але ўладу маючыя не рэагавалі на людскія пратэсты і чамусьці, як маглі, абаранялі ганебны прынцып падбору кандыдатур для паездак за мяжу.

Памятаю фінал адной сесіі райсавета, — слова давалася ўсім дэпутатам, у якіх было што сказаць ці спытаць. Пытанне пра выезд дзяцей за мяжу ўзняла дырэктар СІП №4 горада Валянціна Піліпаўна Рыбкова. Эмацыянальна, ад імя бацькоў, працоўнага калектыву школы яна абвінаваціла арганізатараў гэтых паездак у келейнасці складання спісаў, у суб'ектыўнасці падбору кандыдатур, у выніку чаго сапраўды хворыя застаюцца сам-насам з бядой, а за мяжу вандруюць начальніцкія дзеці ці асабліва набліжаных да касты, якая ўтварылася вакол рэгіянальнага аддзялення "Дзеці Чарнобыля".

Да гэтага старшынюючы на сесіі трымаў дысцыпліну ў зале. Але пасля таго, як В.П.Рыбкова пакінула трыбуну, прысутныя літаральна ўзарваліся ад эмоцый: адначасова ў розных кутках залы прамаўлялі некалькі чалавек, выказвалі набалелае, імкнучыся перакрычаць іншых, каб быць пачутымі. Адным словам, узняўся такі вэрхал, што старшынюючы змушаны быў уключыць гэтае незапланаванае пытанне ў парадак дня, каб хоць неяк разрадзіць атмасферу.

Абмежаваны метраж мікрафоннага шнура ўтрымліваў мяне ў пярэднім радзе. Але я, як магла, выцягвала свой мікрафон на гукі залы, каб запісаць як найбольш інфармацыі. Я ўжо прадчувала, наколькі ўсхвалюе радыёслухачоў мая перадача на "дзецічарнобыльскую" тэму, які рэзананс яна атрымае.

А старшынюючы тым часам да хрыпаты крычаў у свой мікрафон, прысаромліваючы:

— Вы ж не на базары, вы ж прыстойныя людзі! Захоўвайце меру, пачуццё чалавечай годнасці, нарэшце.

Ха! Якая там мера, якая годнасць... Ледзь не ўпершыню ў гісторыі правядзення ўсіх засядалавак было пастаўлена сапраўды хвалюючае людзей пытанне. Крылы перабудовы, дэмакратыі ў рэспубліцы паднялі іх галовы вышэй, узмацнілі голас, надалі смеласці, і яны цяпер гаварылі, а дакладней — крычалі ўсё, што думалі пра ўладу: "хапугі", "дармаеды", "разбазарванне гуманітаркі", "хлусы" — вось далёка не ўсе эпітэты, якія нарэшце пачулі ў свой адрас ганаровыя члены прэзідыума, яны ж, лічы, і кіраўнікі раёна. Права голасу я не мела, але і маўчаць таксама не ў маім характары. Парушаючы прафесійны этыкет, крыкнула на ўсю моц лёгкіх:

— Неабходна рассакрэціць спісы ад'язджаючых за мяжу і друкаваць іх у раённай газеце!

Старшынюючы, нядобра зыркнуўшы ў мой бок, выгукнуў:

— Усё, усё, заканчваем гэты базар. Праблема зразумелая і кіраўніцтва раёна падумае над ёй. Сесія закончана. Дзякуй за ўдзел. Разыходзімся.

Я хуценька скруціла правады, пачапіла на плячо рэмень свайго "Рэпарцёра" і пайшла ў рабочы кабінет. Праз хвіліны тры, адчыняючы дзверы, пачула тэлефонны званок. Толькі два дні таму мяне "распаралелілі", далі індывідуальны нумар, які ведала толькі мая мама і тыя, хто звярнуў увагу на фірму ў райгазеце, дзе быў пазначаны і гэты нумар. Пачула ў трубцы:

— Гэта ты, Вольга? Гэта Канаплёў, прывітанне. Што гэта ты там калякала на сесіі пра "чарнобыльцаў" і якая табе да гэтага справа?

Ад нечаканасці я разгубілася і прамармытала:

— Дык цябе ж там не было, адкуль ведаеш?

— Затое былі мае людзі.

— У такім выпадку, Валодзя, — прыйшла я ў сябе, — табе і тваім людзям, якія маюць дачыненне да фонду "Дзеці Чарнобыля", ужо даўно час выступіць па радыё ці ў газеце і расказаць пра ўсё, а не сакрэціць працу і тым самым нерваваць людзей. Вось я табе, карыстаючыся выпадкам, і прапаную гэта зрабіць неадкладна. Або ў бліжэйшай перадачы сама падыму гэтае пытанне, тады ўжо, павер, абставіны змусяць цябе выступіць са справаздачай.

Ужо зусім іншым, памякчэлым голасам ён сказаў:

— Павер, усё тут чыста, усё законна. Ажыятаж узнік не столькі з-за аздараўлення, колькі з-за падарункаў, якія ім дораць немцы. Але ж, пагадзіся, усіх павезці ў Германію немагчыма!

— Вось і добра, раскажаш усё гэта не мне, а радыёслухачам. Дык калі цябе чакаць на перадачу?

Ён памаўчаў, потым сказаў:

— Зараз. Хвіліны праз тры я буду ў тваім кабінеце.

Будынак спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам знаходзіцца побач з Домам Саветаў. Таму праз дамоўлены час у кабінет зайшоў У. Канаплёў. Як чалавек Валодзя мне падабаўся. Асабліва неад'емная рыса яго характару — імкненне ўсім дапамагчы. Спагадлівы вельмі быў. Ён меў на той час шэра-сіні аўтамабіль, салон якога рэдка калі пуставаў: Валодзя ўсіх падвозіў. Я яго таксама эксплуатавала. На той час рэдакцыя купіла нам дом у Рыжкавічах і мы адразу ж разжыліся ўласнай гаспадаркай: каровай, свіннямі, усімі, здаецца, відамі птушкі і трусікамі. Хлеб у магазінах тады быў танны, і мы, як усе, кармілі ім жывёлу. Затаварвала я авоські ў магазіне "Юбілейны", што на выхадзе са Шклова, хвілін дзесяць хады да майго дома ў вёсцы. І Валодзя Канаплёў, рэзка затармазіўшы побач "Жыгулі", часта казаў:

— Сядай, падкіну дадому.

І хутчэй сабе, чым мне, адрасаваў мармытліва:

— Цярпець не магу, калі жанчыны так цяжка нагружаюцца.

Уладзімір Мікалаевіч Канаплёў належыць да таго тыпу людзей, якія магніцяць да сябе іншых. Адкрыты па характару, чулы, спагадлівы, жадаючы і ўмеючы дапамагчы. Ён заўсёды збіраў вакол сябе ледзь не натоўпы. Праўда, і пра сябе не забываў, часценька дабро рабіў з далёкім прыцэлам і дзеля вырашэння асабістых пытанняў. Доўгі час У.М.Канаплёў сябруе з А.Р.Лукашэнкам. Пачалося знаёмства гэтае, расказвалі, калі Уладзімір працаваў яшчэ настаўнікам у СІП №3, дзе вучыліся дзеці будучага прэзідэнта. Потым сяброўства ўзмацнілася, і калі У.Канаплёў прыйшоў на працу ў органы міліцыі, то актыўна пачаў памагаць свайму сябру ва ўсіх выбарчых кампаніях: калі той прэтэндаваў на пост дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, потым — Вярхоўнага Савета БССР і ў 1994 годзе — прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Апошнім часам Уладзімір Мікалаевіч пры магутнай падтрымцы свайго сябра-прэзідэнта лёгка робіць уласную кар'еру — стаў галоўным памочнікам прэзідэнта, потым дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, намеснікам старшыні палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

Цяпер ўжо ў яго (як калісьці у А.Р.Лукашэнкі — ён) ёсць свой "у дошку", надзейны і адданы сябар, памочнік, а мо і слуга — В.М.Сёмушкін, якому для павелічэння хуткасці выканання даручэнняў У.М.Канаплёў прэзентаваў немаведама на які тэрмін урадавую машыну з дзяржаўным нумарам 7000 ТІ.

Мне расказалі, што Уладзімір Канаплёў, працуючы ў Мінску і атрымаўшы там шыкоўную кватэру, пакінуў за сабой дом у Шклове, а догляд яго ды мадэрнізацыю даверыў В.М.Сёмушкіну. І той, пры пераводзе дома на электраабаграванне, вымушаны быў аднойчы звярнуцца ў аварыйную службу. Работнікі, што выконвалі заказ, спыталіся ў яго:

— А вы кім будзеце?

Той разгубіўся і прамямліў:

— Я, я... качагар.

Але гэта не проста качагар. В.М.Сёмушкін — чалавек Канаплёва ў Шклове і, выконваючы для яго службовыя і асабістыя даручэнні, ужо толькі гэтым узнёсся ў нефармальную вышыню лідэрства і, што называецца, нагой адчыняе дзверы кабінетаў начальнікаў. Валерый Мікалаевіч афіцыйна працуе. Ён узначальвае вучэбна-вытворчы камбінат у Шклове. Дарэчы, адзін з апошніх у сістэме адукацыі, як не апраўдаўшых сябе па метадах навучання. Але Валерый Мікалаевіч не хавае:

— Гэты камбінат будзе дзейнічаць роўна столькі, колькі захачу ў ім працаваць я.

Але ўсё ж я далёка пераскочыла ў сваім расповедзе. Гэта ўсё будзе потым. А ў даны момант мы размаўляем з Уладзімірам Канаплёвым — выкладчыкам спецшколы, старшынёй раённага аддзялення фонду "Дзеці Чарнобыля". Ды не пра аздараўленне, якога на самай справе і не было, а пра выезды шклоўскіх дзяцей у Германію. Валодзеў лоб пакрыўся гарошынамі поту. Дыскутаваць яму складана: трэба акцыі гэтай надаць прыстойны выгляд, а праўды ўсёй не скажаш. Калі ж улічыць, што Валодзя не валодаў аратарскімі здольнасцямі, то можна было яму толькі паспачуваць, калі ён рабіў намаганні адказаць на прама пастаўленыя пытанні.

Тады, паміж дыялогам, ён і прамовіў фразу, якая, падалося, ніякага дачынення да гутаркі не мела:

— А ведаеш, як цябе Саша Лукашэнка празваў?

— ?

— Паскуднай бабёнкай.

— ?!!

— Мянушку ён табе даў пасля таго, як ты яго, кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета, запісала на радыё. Памятаеш?

Чаму ж, памятаю. Раскажу і пра гэта, але крыху пазней. А цяпер я дакончу свой успамін пра цябе, Валодзя. Як ты спрабаваў выкруціцца ад актуальнай на той момант тэмы пра справы мясцовага аддзялення фонду "Дзеці Чарнобыля", якім ты кіраваў у Шклове. 3 табою было цяжка размаўляць, бо ты не ведаў, што мне можна сказаць і як лепш было ўспрыняць пытанне: каб і адказаць на яго, і нічога не сказаць канкрэтна. Ты вельмі хваляваўся. Пазней, у працэсе работы над нашай сумеснай з табой перадачай, я зразумела, хто быў аб'ектам твайго хвалявання, — жонка Ала (Ала Мікалаеўна Канаплёва: да прэзідэнцтва Лукашэнкі — выкладчык спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам у Шклове. У час прэзідэнцтва Лукашэнкі — загадчык аддзела ў Міністэрстве адукацыі). Чаму? У двух словах не скажаш.

Тады яна была проста дарадчыцай мужавага сябра — А.Р.Лукашэнкі. Хударлявенькая, стройная, сімпатычная, з даўгаватымі валасамі, што цудоўнымі хвалямі акаймоўвалі яе разумную галоўку, яна выглядала зманліва просценькай, і такі імідж яе, здавалася, задавальняў. На самай справе яна мела багатую палітру моцных якасцей: мудрасць, тактоўнасць, шырокую эрудыцыю, густ, мэтанакіраванасць. Толькі пальцы ёй у рот не кладзі, адкусіць; любіла пакіраваць. Я такіх людзей паважаю, толькі імкнуся быць ад іх далей — дыктату не прымаю.

Памятаеш, як у той дзень, пасля нашай з табою шматгадзіннай дыскусіі на "дзецічарнобыльскую" тэму на Шклоўшчыне, ты спалохана сказаў:

— Што ты! Я яшчэ ні разу не запісваўся на радыё. Давай лепш напішы пытанні, я з імі папрацую і заўтра прыйду на запіс.

Я так і зрабіла. Аркуш з пытаннямі, паводле нашай папярэдняй дамоўленасці, укінула ў паштовую скрыню на доме ля вашай брамкі. Назаўтра ты прыйшоў з вучнёўскім сшыткам, амаль спісаным акуратным жаночым почыркам. Ала, падумалася мне, зрабіла за цябе тваю справу. Аптымізму яе ўдзел у нашай перадачы мне не дадаў. Ведаючы Алу, я гатова была ісці ў заклад, што яна абміне вострыя вуглы. Што, дарэчы, і здарылася: мае пытанні былі перайначаны так, што нічога "кусачага" там не засталося. А за імі ішлі твае, быццам бы, адказы. Паводле Алінай задумы, нам з табою толькі і заставалася, што адмыслова іх прачытаць. Але ж вы не ўлічылі аднаго моманту: я на повадзе хадзіць не люблю, нават калі яго начэплівае на мяне Ала Канаплёва. Таму пачала задаваць табе менавіта тыя пытанні, якія перадала раней.

— Выключай, мы самадзейнічаць не дамаўляліся, — катэгарычна заявіў ты.

— Сапраўды, не дамаўляліся, — адказала я. — Таму давай весці дыялог па сутнасці: я табе — прамое пытанне, ты мне — прамы адказ.

Тады ты сказаў у адчаі:

— Не кожнае ж, Вольга, дзіця можна адправіць за мяжу, — з маральна-этычных меркаванняў. Зразумела, дабра. чынны фонд "Дзеці Чарнобыля" разлічаны на падтрымку дзяцей, якія сталі ахвярамі радыяцыйнага забруджання. А наш раён — умоўна чысты. Сярод перасяленцаў ёсць, сапраўды, дзеці, але такіх, якіх не сорамна было б вывезці за мяжу, раз-два — і ўсё. Ды і нашы нечарнобыльскія шматдзетныя сям'і — таксама не без праблем, маю на ўвазе разумова-фізічны стан. Бо хто ў нас больш за ўсіх дзяцей "штампуе"? Ну вядома ж, бацькі-алкаголікі. Дык што, прабач, дурняў у высокаразвітую краіну везці? Сораму не абярэшся сам, ды і краіну падставіш, — людзі ж нашы ў большасці працавітыя, інтэлектуальныя, а па хворых, нявыхаваных дзецях і пра іх адпаведна меркаваць стануць. Дарэчы, не так даўно мы ўжо зведалі ганьбу з-за гэтага. Уключылі ў чарговую паездку за мяжу дзяцей з ахарактарызаваных мною мнагадзетных сем'яў. У Германіі ім былі створаны найлепшыя ўмовы. Нават запрасілі іх наведаць святыню — могілкі продкаў. Немцы хацелі паказаць, як яны клапоцяцца пра іх, а заадно і тых "рускіх", што знайшлі на чужыне свой апошні прытулак. А дзеці нашыя ... узялі і насралі на тыя рускія ды нямецкія могілкі. Прама паміж кветак, уяўляеш? Яшчэ ты дабіваешся прызнання наконт уключэння ў групы дзяцей "бурацінак" і начальнікаў. Ну, без "бурацінак" нават у нашай гуманітарнай справе не абысціся. Толькі адвоз і прывоз дзяцей у Мінск чаго каштуе, а ёсць жа і шмат іншых клопатаў, звязаных з пэўнымі фінансавымі выдаткамі. Вось за ўсіх дзяцей і плацяць тыя, каго ты называеш "бурацінкамі". Начальніцкіх дзяцей хочаш ведаць прозвішчы? 3а каго ты мяне прымаеш? Сёння я табе — прозвішчы, а заўтра сабе — палкі ў колы? Не, лепш няхай так усё і застаецца — засакрэчаным. Вось і ўся праўда, Вольга.

Я цябе зразумела, Валодзя, як зразумела і тое, што анічоганькі вартага з гэтай маёй перадачы не атрымаецца. І тую перадачу мы зрабілі з табою, памятаеш. Валодзя, як і многія іншыя, што і цяпер поўняць эфір: ні розуму, ні сэрцу.

"ПАСКУДНАЯ БАБЁНКА"

Так назваў мяне Аляксандр Лукашэнка. Што ж. Няхай сабе яно і так. Бо збоку, як кажуць, заўсёды лепш бачна.

Той 1990 год памятаю добра. Шклоўшчына гула, бы растрывожаны вулей, — вельмі не характэрны для яе стан. Яна надта інфантыльная, калі размова ідзе пра палітычныя падзеі, таму што не закранае гэта яе агурковага бізнесу. Нездарма Шклоў называюць "сталіцай агуркоў". Таму вось толькі пра іх, зялёных, храбусткіх, пачынаючы задоўга да ўраджаю, і кіпяць размовы на шклоўскіх дарогах і вуліцах, у магазінных чэргах і на аўтобусных прыпынках, у сталоўцы і нават на бальнічных ложках: пра цэны, ураждай, рост. Што рабіць, гэтыя зялёненькія сапраўды дапамагаюць тым, хто адважваецца прасаліцца ў працоўным поце, мець вельмі нават немалы прыбытак.

А тут выбары падаспелі. Дый не абы-якія — у Вярхоўны Савет БССР, ды дэмакратычныя. Інтуіцыя прымусіла шклаўчан актыўна адрэагаваць на новую тэрміналогію. Ды і колькасць кандыдатаў жару паддала — ажно чатыры. Ды ўсе, акрамя начальніка аблсельгаспроду, свае, шклоўскія: галоўны ўрач раённай бальніцы Вітольд Палікарпавіч Буевіч, дырэктар эксперыментальнай базы "Спартак" Уладзімір Васільевіч Громаў, дырэктар саўгаса "Гарадзец" Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Кожны з іх тады меў па мабільнай групе падтрымкі, якія, здаецца, без продыху сноўдаліся па ўсіх прадпрыемствах, установах, арганізацыях, на час палюбілі нават і перыферыю. Не бавілі дарма часу і самі кандыдаты, ад іх неназойлівай дакучлівасці стракацела ў вачах. У ход ішло ўсё: абяцанкі, зайгранкі і нават падпойванне людзей. А тыя і вушы паразвешвалі, бо ніхто яшчэ ім так соладка не спяваў, ніхто не ўзносіў іх на такую вышыню павагі. Аказваецца, не ўсё так дрэнна на не справядлівым гэтым свеце. Ёсць, ёсць святло ў канцы тунеля, думалі яны.

Памятаю, калі мы запісалі на радыё перадвыбарчую праграму В.П.Буевіча, ён сказаў:

— Я ўпэўнены, што ўсе жанчыны прагаласуюць за мяне. Бо няма ў раёне такой сям'і, якой бы я не дапамог напрамую ці ўскосна.

Меў права на такое прызнанне Вітольд Палікарпавіч Буевіч — выдатнік аховы здароўя СССР, уладальнік вельмі прэстыжнага знака імя Пірагова, а яшчэ, як сцвярджаюць жанчыны, найвыдатнейшы гінеколаг, які за працоўныя дзесяцігоддзі не адну з іх саміх і іх немаўлятак літаральна з таго свету вярнуў. Хоць і не афішаваў, але ведаў свае заслугі гэты чалавек, таму і не надта заігрываў з патэнцыяльнымі "галасістамі", нават свайго перадпенсійнага ўзросту не хаваў. Наадварот, канцэнтруючы на ім увагу, казаў:

— Я яшчэ любога маладога перапрацую ды ператанцую.

Чаго не скажаш пра магілёўскага кандыдата Яўсея Арцёмавіча Карнеева (чамусьці ўсе яго прозвішча вымаўляюць няправільна). Ён быў самы старэйшы з усіх чатырох. Але, бы тая маладзіца, ні за якія пернікі не хацеў выдаваць свайго ўзросту і ва ўсіх улётках і праграмах пусціў свой любімы партрэтны здымак сівой даўніны. Многія, асабліва падслепаватыя бабулькі, тыкаючы пальцам у яго, самага "юнага" з кандыдатаў, какетнічалі:

— Вось за гэтага, маладзенькага, галасаваць буду.

Уладзімір Васільевіч Громаў, па маёй асабістай ацэнцы, — працавіты мужык, спецыяліст. Прафесіянал. Любіць жыццё і людзей. Пра такіх кажуць, што ўмее ўсё.

Гадам, здаецца, не ўгнацца за ім, не прыбаўляюць яму яны ні маршчынаў, ні сівізны ў валасах. А яшчэ ён ідэйны камуніст. Менавіта гэтая акалічнасць і натхняла Уладзіміра Васільевіча і ў той, і ў наступныя разы ў барацьбе за дэпутацкі мандат. Ён надта верыў у перамогу камуністычных ідэяў, таму з усіх сіл дамагаўся ўбіць веру і ў галовы выбаршчыкаў сваімі ўра-ідэалагічнымі выступленнямі.

Зусім па-іншаму падаваў сябе сапраўды самы малады з кандыдатаў — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ашаламіць вытворчымі паказчыкамі падначаленага калектыву — саўгаса "Гарадзец" — ён не мог. Ужо падвялую камуністычную ідэалогію, якой спраўна служыў калісьці, вешаць локшынамі на вушы не стаў. Толькі смела, палымяна, бескампрамісна гаварыў пра недахопы. Ой, колькі накалупліваў ён іх у самой сістэме, у біяграфіях рознага рангу чыноўнікаў! І біў, што называецца, не ў брыво, а ў вока па знаёмых ўсім імёнах высокапастаўленых асобаў. Людзі спакой і сон страчвалі ад названых ім фактаў. А дзіўная ка той час ягоная смеласць у выказваннях узбуджала, вымушала верыць, палохацца і... супакойвацца, усё больш пераконваючыся, што ёсць, ёсць у іх надзея. І завецца надзея гэтая Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам... Што-што, а гаварыць ён быў сапраўдны майстар.

Моцнай самай была ў гэтага кандыдата і група падтрымкі: старшыня РК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі У.І.Снегаў, былы марак і палітрук А.М.Шчарбак, выкладчык спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам У.М.Канаплёў, старшыня РК прафсаюза работнікаў асветы В.Машагіраў. Іх штабам служыла хата Канаплёвых. Балазе тут было дзе прытуліцца: у недалёкім мінулым будынак належаў першаму сакратару райкама партыі Герою Сацыялістычнай Працы Дзікуну, а потым, пасля яго смерці, перайшоў да пляменніка — Уладзіміра Канаплёва. Дарэчы, менавіта ў гэтай хаце праводзіў большую частку свайго вольнага часу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Тут была яго як бы стратэгічная пляцоўка для старту Ў пасадную вышыню...

Аляксандр Рыгоравіч часцяком паказваў сябе праследаваным уладамі. Не цураўся і сам змадэляваць якую-небудзь канфліктную сітуацыю. Як было, напрыклад, з раённай газетай "Ударны фронт". Зразумела, фактычна кіраваў тады выбарчай кампаніяй райкам партыі. Выклікаўшы рэдактара і мяне, сакратар па ідэалогіі В.П.Перапечына загадала:

— Кожнаму кандыдату, у мэтах стварэння аднолькавых умоваў, даць на старонках газеты аднолькавую плошчу і, секунда ў секунду, час на раённым радыё — па 10 хвілін на брата. Чарговасць жа было вырашана ўстанавіць па меры прадстаўлення перадвыбарных праграм. Гэта на радыё. А ў газеце, пасля думаў-перадумаў, вырашылі змясціць усе платформы і біяграфічныя даныя са здымкамі ў адным нумары ў алфавітнам парадку. І дату ўстанавілі адпаведную. А потым папярэдзілі аб гэтым і саміх кандыдатаў.

Прыйшоў дзень, калі трэба было вярстаць тую газету Ужо былі аддрукаваны на пішучай машынцы ўсе праграмы, вычытаны і завізіраваны рэдактарам, адказны сакратар зрабіў макет, дзе пакінуў адну белую пляму: ад Лукашэнкі не паступіла ніякіх матэрыялаў, акрамя фотаздымка. (Гэта зрабіў для ўсіх кандыдатаў фотакарэспандэнт райгазеты А. Бялясаў.) Рэдактар не на жартачкі спалохаўся, бо атрымаў загад змясціць матэрыялы усіх кандыдатаў у адзін гэты нумар. Пачаў тэлефанаваць у райкам партыі. Там адрэагавалі імгненна: паслалі на пошукі машыну з супрацоўнікам, паралельна вышукваючы Аляксандра Лукашэнку па тэлефонных нумарах. Дарэмна. Як скрозь зямлю праваліўся і ягоны памочнік. І калі ўсе спробы знайсці раптам прапаўшага кандыдата скончыліся беспаспяхова, большасць з "пашукоўцаў", думаю, была задаволена: нарэшце з'явілася магчымасць даць гэтаму балабону шчаўчком па носе. І далі — выдзелілі найменш месца ў газеце. Наступным днём чытачы былі шакіраваны:

— Зноў Лукашэнку прынізіць захацелася бюракратам гэтым. Бачыш, усім вунь колькі месца адвялі, а яго, беднага, мала што ззаду паставілі, дык і радкоў надрукавалі з гулькін нос. Сапраўды, відаць, праследуюць чалавека. За праўду ягоную.

Ім і няўцям было, колькі намаганняў давялося прькласці спачатку рэдактару ў пошуку хоць якой інфармацыі, а потым вярстальшчыцы, каб "разбіць" радкі куртатай той інфармацыі, каб надаць хоць нейкі эстэтычны выгляд матэрыялу: напоўніць яго інфармацыйным зместам. Адным словам, і гэты трук таксама кандыдату Лукашэнку ўдаўся.

Штосьці падобнае адбылося і з выступленнем на радыё. Памятаю, у мой кабінет завітала шумная кампанія: Аляксандр Лукашэнка, Аляксандр Шчарбак, Уладзімір Снегаў, Уладзімір Канаплёў, Валерый Сёмушкін. Вось, пажартавалі, сілай прыцягнулі кандыдата на запіс. Давай, маўляў, хутчэй ладзь апаратуру, а то збяжыць, яго ўжо чакаюць некалькі працоўных калектываў.

У мяне на той час быў новенькі, але нікуды не варты па якасці магнітафон "Беларусь". Прыгожы знешне, ён часта мне падкладваў свінню: стрэлка індыкатара хісталася сінхронна выдаваемым гукам, а запіс ці зусім не праводзіўся, ці ўрыўкамі. Разы тры я марна спрабавала запісаць Аляксандра Рыгоравіча. Пасля чаго не выцерпеў Аляксандр Майсеевіч Шчарбак. Сказаў весела:

— Хопіць хрэновінай займацца. Сядай у маю машыну, мы заедзем да мяне і запішамся на японскім магнітафоне. Якасць будзе што трэба. І гарбаты пап'ём. Мы ўжо прагаладаліся, цэлы дзень матляючыся па раёне. Я працягнула ім чыстую касету:

— Добра, запішыцеся самі. Толькі не болей 10 хвілін.

— Запішамся на сваю, — адмовіўся Лукашэнка. — А калі і больш атрымаецца, то толькі на паўхвіліны якія. І ўсміхнуўся.

Я адмоўна хістанула галавою:

— Не, роўна 10.

І, ужо на парозе, ён зноў павярнуўся да мяне:

— Толькі мяне пастаў самым апошнім, добра?

Я згадзілася. А самой падумалася: вось дзівак чалавек, зараз мог свабодна выгандляваць сабе першае, больш прэстыжнае месца.

Запісаную касету мне назаўтра прывёз сам Аляксандр Лукашэнка, сказаўшы:

— Можаш не правяраць, усё зроблена як і дамовіліся, і запісана чыста. Я табе перад сабой роўна пяць хвілін пакінуў, будзе, думаю, дастаткова для прадстаўлення.

Я берагла тую касету напаследак. Падрыхтавала перадачу, пачала яе запісваць. Сказала некалькі уступных фраз, дала слова кандыдату ў дэпутаты А.Р.Лукашэнку і "засекла" час. Яго прамова заняла дзевятнаццаць з паловай хвілін.

Не, думаю, так мы не дамаўляліся. Я схапіла трубку, пачала накручваць тэлефонны дыск. Дома Лукашэнкі не было. Не знайшла я Аляксандра Рыгоравіча ў той дзень нідзе. Добра, думаю. Яшчэ ёсць час пачакаць, наперадзе — цэлая ноч, а перадача пачынала трансліравацца ў 7 гадзін 40 хвілін. Паднялася назаўтра а шостай гадзіне і зноў пачала шукаць кандыдата — беспаспяхова. Што рабіць? Мантаж? Не, часу ўжо не заставалася. Разануць? Выступленне будзе не закончана... На роздум таксама шмат часу не было. І я пайшла на хірургічны прымітыў: перагнала касету на пачатак прамовы выступаючага, зафіксавала час і пасля 10 хвілін, у найбольш працяглую паўзу, спыніла"праслухванне" і націснула клавішу на "сціранне".

Той жа самай раніцай да мяне завітаў Аляксандр Рыгоравіч. Доўга так, незычліва глядзеў мне прама ў вочы і, стрымліваючы эмоцыі, ціха, надта ціха сказаў:

— Ты ж спаганіла маё выступленне, нічога не пакінула з таго, што я хацеў сказаць выбаршчыкам, бо самае галоўнае было гам, у канцы. Што, не знайшла мяне? Дрэнна, значыць, шукала. Карона не спала б, магла б і дамоў да мяне прыйсці. А ... — роспачна махнуў ён у мой бок рукой і выйшаў за дзверы, назваўшы мяне потым за гэта "паскуднай бабёнкай". А я яшчэ доўга глядзела ў пустэчу, якая нядаўна была запоўнена Лукашэнкам. Што такое важнае сказаў ён? Як мне падалося ў працэсе праслухоўвання — нічога там не было. Але ж ён сцвярджае адваротнае... Значыць, я нечага не заўважыла... Значыць, не ўсё так гладка ў маім журналісцкім каралеўстве.

«БЕЗ ХАЛАСТЫХ АБАРОТАЎ"

Гэтыя словы былі вынесены ў загаловак карэспандэнцыі сакратара пярвічнай партыйнай арганізацыі А.Р.Лукашэнкі, калі ён у 91-ым нумары райгазеты асвятляў ход жніва-86 у калгасе імя Леніна. Я ж цяпер характарызую сказанае як уласны прагноз узыходу аўтара на палітычны алімп.

1987 год... Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты абласнога Савета па Гарадзецкай выбарчай акрузе № 254 Я.А.Карнеева. 1989 год — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР. 1990 год — кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. 1994 год — кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Хуткасць у дасягненні палітычных вышыняў, трэба прызнаць, сапраўды фенаменальная і месца ёй — у кнізе рэкордаў Гінеса... І ў кнізе рэкордаў беларусаў, па лёсе якіх ён прайшоўся, калі такая будзе. Наколькі характэрнай была хада — аналізаваць гісторыкам і звычайным грамадзянам. А я проста ўспомню Лукашэнку-90.

... У рэдакцыю прыйшоў з задання журналіст Уладзімір Паўлаў. Ён павінен быў прысутнічаць на сустрэчы кандыдата ў дэпутаты А.Р.Лукашэнкі з выбаршчыкамі, якая праходзіла ў памяшканні ПТВ-139. Падзяліўся ўражаннямі:

— Умелы аратар. Я ніколі дагэтуль не назіраў такой узаемнай сімпатыі паміж выступаючымі і слухачамі... Гэта сапраўдны палітык.

А ў сваёй публікацыі 10 лютага 1990 года выказаўся больш падрабязна наконт таго, чым жа так былі зацікаўлены людзі: "... кандыдат даў сваю ацэнку першаму сакратару РК КПБ Аляксандру Андрэевічу Папкову, рэзка асудзіў павышэнне акладаў кіруючаму апарату (райкама. — Аўт.), прайшоўся па бюракратах і адказаў на тое, якім сам цяпер падвяргаецца ганенням... У выступленні Лукашэнкі прагучалі тыя далікатныя тэмы, ведучы размовы на якія, гарантуеш увагу слухачоў".

Сапраўды, Аляксандр Рыгоравіч шукаў сімпатыі. Ён выходзіў на трыбуну не для таго, каб, як іншыя, узмацніць эфект сузірання, а каб, падняўшыся над людзьмі, птушкай уляцець у іхныя сэрцы, стрэмкай засесці у іх галовах. І тэмы закранаў хвалюючыя, набалелыя.

— Вы ж паглядзіце на рукі свае, — ушчуваў ён аднойчы аўдыторыю. — Там месца без мазалёў няма. А вы, быццам узнагароды, атрымліваеце іх штодня — і зноў за сваю працу. А здабыткамі вашымі карыстаецца той, хто пасады займае. Вось сапраўды: хто не працуе, той есць. А дакладней, жыруе. Гэта і кебічы, і думлеры, і папковы. Дарэчы, а ці бачылі вы тыя ведамасці, у якіх распісваюцца іх белыя рукі? А ці хадзілі вашы ногі па дыванах тых персідскіх, якімі прыбіральні іхныя засланы? І шыкуючых такіх чыноўнікаў ой як распладзілася ва ўсіх уладных структурах! Памянеце маё слова, вашых заробкаў на ўсіх не хопіць. Дакладней, на ваша жабрацтва хопіць, а ім усё будзе мала...

Ну ці магла гэтая шчырасць, што цудам захавалася ў маім журналісцкім блакноце, не затрымацца ва ўважлівых слухачоўскіх вушах, якіх частавалі дагэтуль выключна казённай хлуснёй ці чымсьці, накшталт "усё хораша, цудоўная маркіза". І людзі слухалі гэтага прамоўцу. Больш таго, валам валілі на сустрэчы з ім.

Мае сімпатыі тады ўсё больш схіляліся да Лукашэнкі. Я нават здрадзіла Карнееву, якога спачатку абрала "сваім кандыдатам" толькі за тое, што яшчэ пры цару Гароху жыў у суседняй з маёй роднай вёскай на Дрыбіншчыне. І нават больш: пачала, што называецца, ліць ваду на Лукашэнкаў млын. Актыўнічаць у гэтым плане мне ніхто не забараняў, хоць разы са два рэдактар Л.М.Анціпенка з уласцівай яму тактоўнасцю папракнуў:

— У нас жа, вы не забывайце, не адзін, а чатыры кандыдаты. Так што свае сімпатыі да дня выбараў схавайце. Цяпер вы павіны да ўсіх ставіцца аднолькава. У сваіх радыёперадачах, маю на ўвазе.

Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку многія недалюблівалі на той час. Мо, часткова за непрывычную актыўнасць з якой ён заваёўваў сваё месца пад сонейкам. Ён шукаў сябе ва ўсім і ўсюды. Таму, напэўна, і не затрымліваўся доўга ні на адной рабоце, што стараўся паспець ажыццявіць тое, да чаго імкнулася душа. І ў паэзіі сябе паспрабаваў... Толькі не знайшоў. Казалі, што думка рэдактара Л.М.Анціпенкі, які нядрэнна разбіраўся ў вершах і пазней нават выдаў уласны зборнік, разышлася з думкай маладога паэта, які зусім інакш думаў пра свае творы. Пазней, калі той "пачатковец" стаў прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Леанід Міхайлавіч жартаўліва дакараў сябе:

— Трэба мне было схлусіць наконт яго паэтычнага таленту — Беларусь толькі б выйграла ад таго, што Лукашэнка заняўся б вершаскладаннем.

У адзін з сакавіцкіх дзён адбылася агульная сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі раёна. І паколькі ў райцэнтры новы Дом культуры яшчэ знаходзіўся ў стане будаўніцтва, то ўсе галоўныя мерапрыемствы праходзілі ў клубе папяровай фабрыкі "Спартак" ("Чырвоным кастрычнікам" у народзе ён называўся). Гэтая сустрэча таксама прайшла там жа. Кандыдаты сядзелі за сталом на сцэне, павярнуўшыся да залы, як тыя казачыя асілкі. Кожны неназойліва дэманстраваў зайздроснае здароўе, ледзь не маладзецкую ўдаласць, розум, увогуле разыгрываў "у дошку свайго хлопца". Мы, члены ўсіх груп падтрымкі, пазаймалі тады першыя рады.

Вельмі выйгрышна глядзеўся "наш" — чаго былі вартыя адны толькі вусы, што быццам смоллю акаймавалі рот. Зала была перапоўненая, многія стаялі ў праходах, а больш дабітныя нават вокны асядлалі. Кожны кандыдат, мяркую, успрыняў тую напоўненасць як цікавасць выключна да сябе, таму незвычайны прэзідыум свяціўся радаснымі ўсмешкамі. Інфармацыя старшынюючага наконт прадастаўлення слова кандыдатам строга ў алфавітным парадку была адразу ж забыта слухачамі, увогуле праігнаравана, а вось што "Лукашэнку і тут слова першаму не даюць, заціскаюць, гады", — прагучала ў зале і замацавалася потым у людскім незадаволеным гуле.

"Наш" не пайшоў па заезджаным шляху сваіх палітычных сапернікаў, не стаў нудотна расказваць пра ацёлы, чалавека-дні і дыспансерызацыю. Пачаўшы з замалёвак з натуры, ён, апелюючы да канкрэтных "рабацяг" і называючы іх пайменна, пачаў раскручваць тэму пра несправедлівую сутнасць сучаснага жыцця. На эмоцыі скупіцца не стаў... І яшчэ доўга потым, праігнараваўшы рэціраванне астатніх кандыдатаў, удзячныя слухачы не хацелі выпускаць Аляксандра Рыгоравіча з жывога шчыльнага палону. У зале было вельмі душна, і я выйшла на ганак. Напэўна, дачушцы, чыё сэрцайка ўжо білася пад маім, больш падабалася ядранасць паветра, чым палітычныя гульні дарослых дзядзькоў.

— Ты з кім збіралася паехаць? — пачула неўзабаве голас Лукашэнкі побач.

— Вось стаю і думаю, — жартаўліва адказала я.

— А ты не стой і не думай, а займай месца вунь у тым "казле", — у тон мне адказаў ён. — Падвязём цябе да дома. Вы ўсё яшчэ там жывяце?

Я кіўнула галавой.

— Тады нам нават і па дарозе.

Калі праз некалькі хвілін машына спынілася на вуліцы Дняпроўскай насупраць старога будынка рэдакцыі, у якім на той момант жылі тры сям'і, Аляксандр Рыгоравіч спытаў:

— Якія твае вокны?

— Сярэднія.

Ён паспачуваў інтэлігенцыі, якой не ствараюцца належныя жыццёвыя умовы, і, сказаўшы яшчэ некалькі фраз, перайшоў да галоўнага:

— Як ты ацэньваеш маё выступленне?

Я шчыра прызналася, што была проста ў захапленні, што іншыя кандыдаты не ішлі ні ў якое параўнанне з ім. Сядзеўшыя ў машыне Уладзімір Снегаў (за рулём), Аляксандр Шчарбак і Уладзімір Канаплёў пачалі дружна дзяліцца ўражаннямі. Асабліва падсыпалі на арэхі "старым казлам" — Вітольду Палікарпавічу Буевічу і Арцёму Яўсеевічу Карнееву. Пасля абмеркавання некаторых тактычных пытанняў з серыяла палітычнай гульні, званай выбарамі, я напрамую спыталася:

— Аляксандр, а ты не баішся, што апаненты прад'явяць табе абвінавачванні за сувязь з Ларысай Маськовай?

Гэтага пытання ён, адчулася па рэакцыі, чакаў, але толькі не ад мяне і не ў той момант. У салоне машыны павісла змрочная цішыня, а Уладзімір Снегаў ажно ўцягнуў галаву ў плечы — мабыць, тэма гэтая была яшчэ балючая. Павольна так, рэчытатываем, А.Р.Лукашэнка прамовіў:

— Ларыса зрабіла для мяне шмат добрага, і я, як раяць мне сябры, — ён абвёў усіх суровым позіркам, — не збіраюся ёй здраджваць. Паміж намі ўжо даўно ўсталяваліся чыста сяброўскія адносіны. Акрамя таго, Ларысу напаткала сур'ёзная хвароба, нядаўна ёй, кажу па сакрэту, зрабілі аперацыю, а цяпер, хутчэй за ўсё, на чарзе і другая. Так што ты, Вольга, павінна зразумець, што турбаваць яе не трэба, бо ніякія размовы, акрамя як супакойваючага характару, здароўя ёй не нададуць, а Ларысе ж яшчэ дачку падняць трэба.

Амаль з паўгадзіны знаходзіўся ў патэтычным стане Аляксандр Лукашэнка, разважаючы не толькі на яе, ларысамаськоўскую тэму, але і на многія іншыя з нашага ўшчэнт матэрыялізаванага быцця. Толькі адрасаваў свае развагі не нам, хто сядзеў побач, а туды, скрозь тэнт машыны, у неабсяжную прастору, дзе слухачамі ўжо былі Суддзі з Сусвету. Гэта ўжо ім спавядаўся, як на сваім зямным шляху ён увесь час змушаны змагацца: з маленства — за выжыванне, а ўсё наступнае жыццё — за адстойванне высокіх чалавечых ідэалаў. І хоць барацьба тая многае адняла ў яго, але ж і дала нямала — вопыт, загартоўку, любоў. А іх, у сваю чаргу, спаўна ён аддасць людзям. Такі вось, маўляў, сэнс яго жыцця.

"... ТАМ ВЫРАС ХРЭН"

Вы за каго, Вольга, будзеце галасаваць? — спыталася напярэдадні выбараў ветэран журналістыкі, загадчыца аддзела пісьмаў С.М.Жукоўская, якая ўжо дакладна ведала маю палітычную зарыентаванасць, але, відаць, не губляла надзеі падараваць "свайму" кандыдату яшчэ адзін, мой голас.

— За Лукашэнку, — адказваю. — І іншых агітую. І вы, Соф'я Міхайлаўна, яшчэ, сур'ёзна так паразважаўшы, абавязкова прыйдзеце да вываду, што толькі ён, Лукашэнка, найбольш адпавядае дэпутацкаму званню.

— Што вы, што вы? — замахала яна рукамі, быццам адбіваючыся ад нячысціка. — Вы ж прыезджая, таму яго зусім не ведаеце. А шклоўцы ведаюць, таму, я упэўнена, і прагаласуюць за цудоўнага чалавека, урача ад Бога — Вітольда Палікарпавіча Буевіча.

... Абодва яны неўзабаве прайшлі ў другі тур. І ў нялёгкай барацьбе потым перамог маладзейшы — А.Р.Лукашэнка. Перамогу тую дружна, з размахам адсвяткавалі ў доме Уладзіміра Канаплёва.

Аляксандр Рыгоравіч сінхронна з дэпутацтвам набіраў і вагу, аўтарытэт на Шклоўшчыне. Тыя, хто не зважаў на яго раней або ў спрэчках лудзіў горла, палічылі за лепшае забыць мінулую неразважлівасць і блізарукасць, спяшаліся прадэманстраваць у мэтах бяспекі калі ўжо не сімпатыю і прыхільнасць да яго, дык хоць нейтралітэт. Такім чынам колькасць яўных апанентаў рэзка зменшылася і Аляксандр Рыгоравіч адчуваў сябе на Шклоўшчынепрывольна.

Пасля выбрання дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пачаў змагацца за ўсеагульную папулярнасць. Яго голас з пленарных пасяджэнняў Вярхоўнага Савета трансліраваўся на радыёстанцыі і далятаў у кожны шклоўскі дом. Шклоўшчына дзівілася шырыні кругагляду і эрудыцыі звычайнага, як здавалася раней, дырэктара саўгаса і, бадай, упершыню так масава адкрыла яго для сябе. І калі яму ў чарговы раз давалі слова ля знаёмага ўсім землякам шостага мікрафона, радыёпрыёмнікі ўключаліся на ўсю гучнасць. Асабліва ў гэтым плане вызначаўся Дом Саветаў: на яго чатырохпавярховыя калідоры выплюхвалася стогалосая лукашэнкаўская мова ў радыёінтэрпрэтацыі. Стваралася ўражанне, што прамоўца знаходзіцца адначасова ў кожным кабінеце і з уласцівай яму эмацыянальнасцю пераконвае працуючых і наведвальнікаў менавіта ў сваім пункце гледжання. Адным словам, слухалі ўсе і пераконваліся ў ягонай неардынарнасці. А потым дружна дзяліліся ўражаннямі.

Аднойчы я пачала заўважаць, як над А.П.Гардзеевым, які ўзначальваў землеўпарадкавальную службу ў раёне, многія пачалі падсмейвацца, выкарыстоўваючы пры гэтым у самых розных варыяцыях словы "хрэн", "сумленне". Кабінет Гардзеева знаходзіўся на трэцім паверсе, і мы, хочаш не хочаш, а ў такім домсаветаўскім суседстве і па сто разоў на дні сустракаліся. І калі гэтае непрыстойнае словазлучэнне нацёрла мой слых, я не вытрымала і спыталася ў нашага фотакора Аляксандра Мікалаевіча Бялясава, якім такім хрэнам даймаюць Гардзеева? Наш агульны кабінет рэдакцыі рэдка калі пуставаў. На той момант там гартаў падшыўкі старшыня гарсавета Аляксандр Чупрынскі і былі яшчэ чалавекі чатыры з супрацоўнікаў.

— Што, ты не чула пра хрэн? — раскаціста рассмяяўся той. — Вось дык памочніца ў Лукашэнкі — нічога не ведае пра выказванне свайго патрона.

Пры гэтым Бялясаў накіраваў у мой бок свой здаравенны кулак з выцягнутым бы пад лінеечку пальцам. — Чуеш, Саша, яна, ха-ха-ха, нічога не ведае пра хрэн.

І кабінет узарваўся выбуховым рогатам. 3 акулярамі на кончыку носа прымчаўся рэдактар Л.М.Анціпенка і, унікнуўшы ў сэнс, не стрымаўся, уліўся ў рогатавы хор.

Ненармальныя, — характарызавала іх я, назіраючы за постацямі, што згіналіся ад прыступу смеху, з разяўленымі ледзь не на ўвесь твар ратамі і шчылінамі замест вачэй, з якіх цяклі слёзы. Малпы, клоуны, а мо з глузду з'ехалі?.. Трывожна азіраючыся, я з нарастаючай хуткасцю перасекла памяшканне і, дасягнуўшы дзвярэй, ледзь не выфутболіла сябе, зачыняючы іх за сабой. Доўга яшчэ потым блукала па калідорах, не рызыкуючы вярнуцца. А калі нарэшце адважылася, насельнікі, саромячыся нядаўняй зубаскальні, запыталіся:

— Што, сапраўды нічога не ведаеш пра той "хрэн"?

Я адмоўна пахістала галавой. І мне расказалі...

На адным з пасяджэнняў Вярхоўнага Савета было прынята рашэнне аб тым, што блізкія да ўлады людзі больш не маюць права адначасова займаць свае пасады і валодаць зямлёю, якую на той час многія займелі. У Шклове па 50 і больш гектараў высокаўраджайнай зямлі паспелі замацаваць за сабой старшыня райвыканкама А.Г.Думлер, старшыня калгаса імя Леніна У.І.Маліноўскі, начальнік экалагічнай службы С.А.Панкратаў, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.М.Фірага і дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка. Участак Аляксандра Рыгоравіча знаходзіўся кіламетры за тры ад Рыжкавічаў па мінскаму маршруту. Яшчэ раней я чула па радыё яго выказванні па зямельнаму пытанню:

— Асабіста мне зямля непатрэбна. А мае сыны Віця і Дзіма — просяць захаваць надзел. Кажуць: "Мы, тата, самі яго апрацоўваць будзем". І я не магу ім адмовіць, няхай працуюць, грошы зарабляюць.

А потым, калі пад зямельныя пытанні была падведзена заканатворчая база і трэба было выбіраць пасаду ці зямельны надзел, хтосьці з дэпутатаў "праехаўся" па Лукашэнку, абвінаваціўшы яго ў невыкананні прынятых Вярхоўным Саветам законаў. А ён і паправіў: маўляў, спазніўся, браце, ад зямлі я даўно ўжо адмовіўся.

Гэтую лаянку, на сваё няшчасце, слухаў па радыё і А.П.Гардзееў, раённы землеўпарадкавальнік. Педантычны Аляксандр Пятровіч быў шакіраваны: каму верыць — сваім вушам ці раней бесправальнай памяці? Крыху| паразважаўшы, засумняваўся ў апошнім, бо Такі Вялікі Чалавек ды так чыстасардэчна хлусіць не будзе. Таму кумельгам паімчаўся ўдакладніць усё ў дзелавых паперах, падняў стосы стэнаграмаў райвыканкамаўскіх пасяджэнняў. Нават спацеў, а заявы А.Р.Лукашэнкі пра адмову ад зямлі так і не знайшоў, не кажучы ўжо пра рашэнне. Доўга вагаўся, але потым перамагла службістасць і ён, адшукаўшы Аляксандра Рыгоравіча ў Мінску, далікатна папрасіў усё ж аформіць пісьмова сваю адмову маўляў, слова да справы не падшыеш. На што А.Р.Лукашэнка заявіў:

— Ведаеш, Саша, а я не збіраюся ад яе адмаўляцца, хоць, прызнаюся, займаюся больш важнымі, дзяржаўнымі справамі. Аднак мае сыны растуць, ужо і самастойна могуць зямлю апрацоўваць, грошы мазалём зарабляць. Таму без згоды сыноў на гэта ніякай адмовы ад мяне не будзе.

Аляксандр Пятровіч збянтэжыўся:

— А як жа вас разумець, Аляксандр Рыгоравіч: у мікрафон на ўсю рэспубліку вы кажаце адно, а мне — зусім іншае. Дзе ж ваша сумленне?

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ад смеху ледзь трубку ўтрымаў у руцэ:

— Дзе, Саша, было сумленне, там вырас хрэн.

... Крыху паздаваўшы свой зямельны ўчастак у арэнду, А.Р.Лукашэнка ўсё ж афіцыйна адмовіўся ад яго. Не ведаю толькі, якой датай аформлена была ягоная заява: "дахрэнавай" ці пазнейшай.

"СПАГАДА"

Малады нардэп рэспубліканскага ўзроўню прымаў хоць і ўскосны, але гарачы ўдзел ва ўсіх справах і пачынаннях. Яго падначалены калектыў саўгаса "Гарадзец" выступіў заснавальнікам магілёўскай газеты "Толока". Ён даў згоду спансіраваць раённае радыё, калі аднойчы старшыня райвыканкама выказаў думку закрыць яго з-за недастатковасці бюджэтных сродкаў. Гэта па яго ініцыятыве ў начальніцкіх кабінетах узнавілі пытанне пра шклоўскі стадыён-даўгабуд, раскрадзены ў фінансавым і натуральным сэнсах. Дарэчы, уся заслуга ў тым, што ён будзе ўсё ж дабудаваны, належыць толькі Аляксандру Рыгоравічу. Гэта дзякуючы яму на ўзнаўленне работ праз некалькі гадоў будзе накіраваны грашовы прэзідэнцкі вадаспад. А раённае кіраўніцтва дапаможа чым зможа: арганізуе "выхад" на дапаможныя работы па давядзенню стадыёна да ладу ўсіх працаўнікоў бюджэтнай сферы.

Лёгенька ўздыхнулі і працаўнікі машынна-транспартнага парка саўгаса "Гарадзец". Аляксандр Рыгоравіч папоўніў яго, карыстаючыся дэпутацтвам, вялікай колькасцю новай тэхнікі. На цэнтральнай сядзібе гаспадаркі закіпела работа і па закладцы жылога пасёлка для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны. Праўда, лёс тых двухузроўневых катэджаў быў незайздросны шмат гадоў — роўна да таго часу, пакуль дырэктар саўгаса не стаў прэзідэнтам рэспублікі. Толькі тады іх недабудаваныя і раскрадзеныя сцены набудуць прыстойны выгляд і зноў, не без высокага спрыяння, на іх пральецца грашовы дожджык.

Захацела аднойчы заручыцца дапамогай А.Р.Лукашэнкі і я, задумаўшы зрабіць штосьці накшталт дапаможнай службы для маючых у ёй вострую патрэбу — адзінокіх і інвалідаў. Нават назву ёй прыдумала: "Спагада". Падштурхнулі мяне на гэта вялікія магчымасці А.Р.Лукашэнкі, якія давала яму дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце і жахлівае становішча некатарых катэгорый насельніцтва. На той час я курыравала і асвятляла ў газеце і на радыё пытанні праваахоўнай тэматыкі, жыцця інвалідаў, абяздоленых. Многія іх лёсы выклікалі ў мяне адчайны жаль, хацелася не толькі заявіць пра іх гаротны стан, але і рэальна дапамагчы. Але якім чынам? Тое, што рэдакцыя атрымлівала рэагаванні на мае публікацыі, у нейкай ступені сапраўды абнадзейвала. Але гэтага было мала. Неабходна было больш дзейснае ўмяшанне ў лёсы людскія.

Памятаю выпадак, які падштурхнуў мяне звярнуцца да Аляксандра Рыгоравіча з канкрэтнай прапановай. Я прысутнічала на чарговым пасяджэнні па справах непаўналетніх пры райвыканкаме. Была зіма 1993 года. Лютыя маразы прабіралі да касцей. Мы, члены камісіі, сядзелі ў кабінеце намесніка старшыні райвыканкама і, заслухоўваючы справы юных парушальнікаў, усё больш ціснуліся да награвальных батарэяў. Л.А.Бургута запрасіла "на суд" чарговага "цяжкага" падлетка, які прыйшоў з бацькам, жыхаром Ардацкага сельсавета. Апрануты ледзь не па-вясноваму, хлопчык стаяў перад намі навыцяжку і адчайна спрабаваў сагрэць рукі, ледзь не абняўшы імі сябе. Перад тым, як адпусціць бацьку і сына, Людміла Аляксееўна Бургута, якая западозрыла няладнае, сказала хлопчыку:

— Ану, здзень, братка, боты.

Напалоханы хлопчык хуценька выканаў загад. Ды і зусім не цяжка было яму скінуць з хударлявенькай сваёй босай ножкі той гумовы бот, здавалася, сорак апошняга памеру...

— Не магу больш тут працаваць, — рыдала некалькімі хвілінамі пазней спецыяліст па апякунству дзяцей пры райвыканкаме Л.А.Бургута. — Сэрца не вытрымлівае дзіцячых нечалавечых пакут.

Я і цяпер, праз шэсць гадоў, трымаю ў памяці і тую ножку, і таго хлопчыка. А тады месца сабе не знаходзіла ад няўцешнасці. Куды звярнуцца па дапамогу для такіх вось гаротнікаў? У "гуманітарку"? Сапраўды, на той час у Шклоў прыязджалі замежныя машыны, нагружаныя яркімі скрынямі розных памераў і колераў, якія разгружаліся потым у спецшколе для дзяцей з паслабленым зрокам ці прама ў доме старшыні рэгіянальнага аддзялення "Дзеці Чарнобыля" Уладзіміра Канаплёва. Ну што, ісці да яго прасіць шкарпэткі для таго хлопчыка з Ардаці? Або для бабулькі, што ходзіць марознаю парой у адных галёшах?

Не напросішся. Ды і назва тлумачыла, што тая дапамога толькі для дзяцей Чарнобыля. Сітуацыя патрабавала іншага падыходу. Літаральна з тыдзень мая галава было забіта гэтай праблемай. Я нават выпісала з нейкай апазіцыйнай газеты адрасы беларускіх суполак за мяжой і ва ўсе канцы свету разаслала "SOS" з выразкамі сваіх публікацый і просьбай аб дапамозе. Дарэмна чакала адказу. Хутчэй за ўсё пільныя вочы кадэбістаў не выпусцілі за мяжу мой крык адчаю.

Эўрыка! Наш дэпутат Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка — вось хто дапаможа. Да самай сустрэчы з ім я выношвала ў душы план. Праграмай яго наракла. І назву прыдумала: "Спагада". Гэтае слова, як тлумачыць С.І.Ожагаў, азначае "спачуванне, спагадлівыя адносіны да перажыванняў, няшчасця іншых". А што, думалася, гэтае тлумачэнне дасканала стасуецца з маёй ідэяй...

Аляксандр Рыгоравіч, як гэта калісьці бывала, сам зайшоў да мяне ў кабінет. Я і выказала яму свой план, папрасіла, калі гэта не дакучліва, падтрымаць працэс. Ён выслухаў мяне: "Гэта можна". Потым падумаў-падумаў і ўдакладніў:

— Якой канкрэтна ты бачыш маю дапамогу?

Цяжка мне даўся той адказ. Бо і сама канкрэтнай праграмы не акрэсліла, не ведаючы, якая і каму дапамога будзе неабходна. Толькі ў тым, што маючых вострую патрэбу ў ёй аб'явіцца многа, не сумнявалася. Але Аляксандр Рыгоравіч зразумеў мяне. І сказаў:

— Дзейнічай. І праз газету і радыё паведамі. Самым-самым я гатовы дапамагчы.

Гэтае паведамленне было надрукавана. Толькі, праўда, паступіла ўсяго некалькі заявак. Першымі, памятаю, адгукнуліся суседзі адной бабулькі з вуліцы Фабрычная,якія расказалі пра яе пакінутасць роднымі і прасілі дапамагчы аформіць у дом састарэлых. Праблема была ў тым, што бабульчыны дзеці і ўнукі жылі побач, толькі да яе не паказваліся наогул. Адгукнуўся і жыхар вёскі Сасноўка інвалід першай групы Ваня Кавалёў. Малады яшчэ хлопец жыў з маці, таксама інвалідам. Але вельмі спадзяваўся на выздараўленне і таму жыў актыўным пасільным жыццём. Яго хвалявала вясковая бездараж, нязручнасць у забеспячэнні вяскоўцаў пітной вадой, адсутнасць паліва. Я сустрэлася з гэтай сям'ёй, і ў хуткім часе ў райгазеце быў змешчаны і пазней прадубліраваны ў рэспубліканскай "Народнай газеце" артыкул "Чыста сямейная справа". Публікацыя атрымала рэзананс, юнаку мясцовыя ўлады дапамаглі справіцца з гэтымі і іншымі праблемамі. А сам Ваня адкрыў у сабе зайдросныя журналісцкія здольнасці і да свайго апошняга дня на гэтай грэшнай зямлі яшчэ паспеў надрукаваць некалькі яркіх матэрыялаў у нашай райгазеце. А пасля яго найцікавейшага нарыса "Аб чым шумяць сосны" рэдактар Л.М.Анціпенка стаў дапісваць да аўтарскага подпісу: "Іван Кавалёў, в.Сасноўка", аўтарытэтнае "няштатны карэспандэнт". Так што хоць у адным дапамагла менавіта "Спагада" — адшукаць і падтрымаць на нейкім этапе жыцця гэтага юнака.

А Аляксандра Рыгоравіча на той час захліснулі, відаць, больш важныя справы і на Шклоўшчыну ён наведваўся ўсё радзей. Прыём грамадзян і ўсю астатнюю работу ўзяў на сябе яго памочнік Уладзімір Канаплёў. Неяк я спыталася, ці ведае ён што пра "Спагаду"? Уладзімір Мікалаевіч здзіўлена паціснуў плячыма і папрасіў патлумачыць. Што я і зрабіла. А заадно і паказала яму папку з адпаведнай інфармацыяй. Там знаходзіліся і два, на мой погляд, вострыя сігналы з аддаленых ад райцэнтра саўгасаў — "Рабочы" і "Юбілейны". Дабрацца туды мне не было на чым, і я папрасіла Валодзю ці самому туды з'ездзіць, ці мне дапамагчы з транспартам. Ён Паабяцаў заняцца гэтым неадкладна, а заадно, "раз гэта датычыцца Лукашэнкі", аддаць яму папку. Больш я яе не бачыла. Толькі аднойчы, калі напомніла пра "Спагаду", Уладзімір Мікалаевіч доўга ўспамінаў, потым адмахнуўся:

— Адстань ты, Вольга, з гэтай ерундой. І без яе справаў хапае.

А я цяпер думаю: заканамерна гэтай справе было праваліцца. Бо кожны дзень прыносіць ўсё новы чыйсьці чалавечы боль, пакуты, нават зарэгістраваць якія ўжо не ў стане ніводная папка. Іх можа зменшыць толькі наша працавітасць і мудрасць кіраўніка дзяржавы. Мудрасць, якой выразна бракуе.

СІМПТОМ ВАГАННЯ

Не ведаю дакладна, калі я пачала яго адчуваць. Але паступова з глыбіні душы падымалася, выходзіла і шырылася расчараванне дэпутатам Вярхоўнага Савета Аляксандрам Лукашэнкам. Мне самой не падабалася гэта пачуццё. Я яго не хацела. Я яго баялася. Але яно мяне запалоньвала ўсё больш і больш.

3 чаго яно ўзялося, адкуль узнікла? Сказаць складана. Хоць хутчэй за ўсё вынікла з нашых больш цесных кантактаў, якія з цягам часу ўсталяваліся. У выніку я ўбачыла ў Аляксандру Рыгоравічу хоць і нязначныя, але выразныя элементы хлуслівасці. І калі на іх наяўнасць у жыцці простага смяротнага можна было б нават і ўвагі не звярнуць, то для зоркі першай велічыні, на якую яўна прэтэндаваў А.Р.Лукашэнка, гэта было недапушчальна. Але, каб не быць галаслоўнай, я лепш прывяду некаторыя канкрэтныя прыклады.

... Мы сустрэліся ў Доме Саветаў. Аляксандр Рыгоравіч павітаўся за руку, спытаўся пра справы.

— Нармальна, — адказала я і ў сваю чаргу запыталася пра ягоныя. Ён паківаў галавою, даючы такім чынам зразумець, што слоў не знаходзіць, каб ахарактарызаваць занятасць.

— А тут яшчэ Шклоў ліхаманіць, — сказаў і паправіўся:

— Не тое, каб увесь Шклоў, а калектыў міліцыі бурліць і сябручкі Якімцова, якога я звольніў з пасады. Усё змірыцца не могуць. А давядзецца, бо начальнікам міліцыі яму ўжо ўсё роўна не працаваць. Дарэчы, сёння а 14-ай гадзіне ў мяне прызначана сустрэча з супрацоўнікамі райаддзела. Хачу вывесці там на чыстую ваду міліцэйскае жуллё. Калі хочаш, прыходзь і ты.

— Дзякуй! — задаволена сказала я.

Вялікая стрэлка падбіралася пад другую гадзіну, а новы начальнік міліцыі — Аляксандр Еўдакімавіч Карпаў — дзесьці затрымліваўся. І нас з Аляксандрам Рыгоравічам запрасіў у свой кабінет намеснік (таксама новы) начальніка міліцыі Уладзімір Мікалаевіч Осіпаў. Выразна памятаю тупат ног супрацоўнікаў асабовага складу райаддзела, калі яны праходзілі паўз той кабінет ў "ленінскі пакой" — збіраліся на сустрэчу. А намеснік нясмела наракаў на разбітую тэхніку і прасіў А.Р.Лукашэнку дапамагчы ў аснашчэнні тэхпарка. Казаў, што на выклікі міліцыянеры ўжо змушаны выязджаць на ўласных машынах. Дый запісваючай апаратурай наспеў час разжыцца. Аляксандр Рыгоравіч запісваў усё ў блакнот, выцягнуты з шыкоўнай папкі. Паабяцаў:

— Самае неабходнае будзе ў вас гэтымі днямі, я ўжо правёў перамовы ў міністэрстве і яшчэ з кім трэба. Сапраўды, пры разгуле злачыннасці нельга працаваць дзедаўскімі метадамі.

У хуткім часе мы ўвайшлі ў залу, дзе нас стоячы віталі супрацоўнікі міліцыі. Вольных месцаў не было, таму мяне запрасілі сесці ў прэзідыуме. Усведамляючы, што гэта не жэст ушанавання, я адсунулася ад стала прэзідыума як мага далей і ўтупілася ў магнітафон, які ўключыла. Назіраць было за чым: ягоная стрэлка то варушылася ў такт прамоваў, то замірала на доўгія хвіліны. Спадзявацца на запіс не даводзілася, таму я стала ўважліва слухаць.

У зале разгарэліся сапраўдныя дэбаты. Атмасфера напалялася. Большая частка супрацоўнікаў кідалася ў слоўны бой з нардэпам Лукашэнкам. Маючы намер дабіць ужо скінутага ім начальніка міліцыі, Аляксандр Рыгоравіч, адчувалася, усе казыры ў апраўданне сваіх дзеянняў выкінуў, а ім усё было мала: ну ніяк не знаходзілі міліцэйскія спецыялісты ў дзеяннях свайго шэфа складу злачынства, за якое А.К.Якімцова, на іх думку, так сурова пакаралі. І калі дарэмнасць намаганняў у сваё апраўданне стала відавочнай, Аляксандр Рыгоравіч вырашыў, што называецца, у духу "а ля Лукашэнка" выйсці з сітуацыі. Крыху адцягнуўшы ў бок локця манжэту, ён зрабіў, так бы мовіць, круглыя вочы:

— Ух! Я спазніўся ўжо, загаманіўшыся з вамі, на адну важную сустрэчу. Шкада, што не паспеў вам прывесці важныя факты ў абвінавачанне Якімцова. Вы, упэўнены, так яго не абаранялі б. Але не бяда: абяцаю, што днямі перадам іх вам для азнаямлення. Гэта ўжо не сакрэт, дакументальна пацверджана. А мясцовая прэса іх растыражыруе. Тут вось прысутнічае знаёмая вам вопытны журналіст — Аляксандр Рыгоравіч павярнуўся да мяне, а разам з ім павярнуліся да мяне галовы ўсіх прысутных — моцны, я вам скажу, журналіст. Яна і падрыхтуе матэрыялы да друку.

Ад нечаканасці і такога адкрытага курэння фіміяму я ледзь не з'ехала пад трыбуну, што стаяла побач. Няма чаго казаць: ацэнка майго будзённага журналісцкага плёну надта завышана. Хто-хто, а Лукашэнка, не сумняваюся, ведаў гэта дакладна. Але ж сутнасць у іншым: Аляксандр Рыгоравіч сказаў усё гэта толькі дзеля таго, каб свабодна выйсці з сітуацыі, у якую загнаў сябе сам. Як толькі мы апынуліся на вуліцы, ён лёгенька ўздыхнуў і сказаў мне на развітанне:

— Пайду памыюся ў лазні. Трэба скінуць з сябе хоць на нейкі час цяжар праблемаў.

... На гэты раз прымаў грамадзян па асабістых пытаннях сам Аляксандр Рыгоравіч. Людзей у райвыканкамаўскі кабінет набілася столькі, што дзвярэй бліжэйшых кабінетаў нельга было адчыніць, каб не патрывожыць якога-небудзь чакаючага. Нардэп вярхоўнасаветаўскага ўзроўню А.Лукашэнка на той час ужо паспеў здабыць сабе славу непахіснага змагара з карупцыяй, і да яго валам валіў народ. І часам, як самае хвалюючае, неслі яму такую бытавую дробязь, ад пошуку праблемы ў якой і ўласны дах мог паехаць. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, калі я праціснулася да яго ў кабінет намесніка старшыні райвыканкама, быў дарэшты змораны патокам крыўдаў на працякаючыя дахі, сварлівых суседзяў, разбітыя дарогі, бадзячых катоў з сабакамі.

3 гадзіну я сядзела паблізу дэпутата, беспаспяхова імкнучыся адшукаць якое-небудзь "цвіковае пытанне", вакол якога можна было б "пабудаваць" матэрыял. Аляксандр Рыгоравіч ужо змяніў некалькі насовак, сціраючы градзіны поту на твары... А людзі ішлі і ішлі. Вось зачыніла за сабою дзверы і, не дачакаўшыся запрашэння, села на спецыяльна пастаўленае крэсла насупраць дэпутата маладая жанчына-інвалід. Я яе часта сустракала ў Шклове — адну і з дачкой, відаць, жыла ў цэнтры горада. Прыслухаўшыся да яе слоў, зразумела, што яе пакрыўдзілі на працы і яна шукала ўправы на крыўдзіцеля. 3 яе настрою вынікала, што змагацца яна ўжо прывыкла. Нават Аляксандру Рыгоравічу нейкія прэтэнзіі стала прад'яўляць. Той глядзеў на яе, як падалося, з пачуццём агіды. А потым, уварваўшыся ў яе тыраду, выгукнуў:

— Ідзі адсюль і не перашкаджай працаваць. Хутчэй, хутчэй, каб і духу твайго больш не было тут.

Жанчына шпарчэй, чым магла, пашыбавала да дзвярэй і, ухапіўшыся за ручку, стракатнула:

— І вы, Аляксандр Рыгорвіч, такі ж бюракрат.

І рэціравалася. Я зразумела, што апошнія словы былі адрасаваны не столькі нардэпу, колькі тым, хто з другога боку прыліп, прыслухоўваючыся, да дзвярэй. Гарадок маленькі, адзін аднаго ведаюць у твар, а хочуць яшчэ ведаць і праблемы, каб потым "па сакрэту ўсяму свету" разнесці.

Калі за жанчынай зачыніліся дзверы, Аляксандр Рыгоравіч ціхенька засмяяўся:

— Як адрэагаваў бы Карней Чукоўскі на гэты дурдом: "Вось такая драбядзень цэлы дзень, цэлы дзень"?

Я паддакнула кіўком галавы. А ў душы пашкадавала гэтую небараку, якая і прыйшла, відаць, каб толькі заявіць дэпутату пра сваё існаванне ды пачуць ад прыгожага мужчыны добрае слова. Аляксандр Рыгоравіч з уласцівай мужчынам таўстаскурасцю гэтай бабскай хітрасці не зразумеў. Сказаў мне:

— Ідзе адна "бытавуха". На ўзровень газеты і радыёперадачы не цягне. Папярэднія запісы прагартаў — і ў іншых наведвальнікаў такія ж пытанні. Давай дамовімся: я сам прыйду ў рэдакцыю ў наступную суботу, пра ўсё раскажу, а заадно акрэслім і іншыя пытанні. Згодна?

Мне не заставалася нічога іншага, як быць задаволенай прапановай. На самай справе я вялікая дамаседка і сваімі выхаднымі заўсёды ахвярую з неахвотай. Таму зажурылася ў душы. Зноў у тартарары ляціць мая субота: пакуль падрыхтуешся да гутаркі, пакуль дойдзеш пешкі з Рыжкавічаў да Шклова (на аўтобус грошай шкадавала), пакуль пагутарыш — дня як і не бывала ўвогуле.

... Субота. А палове другой я выбралася з дому і пашыбавала ў кірунку Шклова. Праз якіх дзвесце метраў зірнула налева, там, на паралельнай вуліцы, — хата А.Р.Лукашэнкі. А каля яе — светленькая ўрадавая "Волга", на якой цяпер ужо ездзіў Аляксандр Рыгоравіч. Я спачатку ўзрадавалася, маўляў, можна не спяшацца, дагоніць — абавязкова падвязе, бо ў адно месца кіруемся. А потым, зірнуўшы на гадзіннік, спалохалася: я ж гаспадыня кабінета, трэба як след падрыхтавацца да сустрэчы госця. І прыбавіла ходу.

Аляксандр Рыгоравіч прыехаў хвілін на дваццаць пазней. Сеў на спецыяльна пастаўленае для яго крэсла і, расшпільваючы "маланку" сіняга спартыўнага касцюма, сказаў:

— Фу, замарыўся. Дарэчы, Вольга, я яшчэ нават не абедаў, прыехаў у рэдакцыю прама з поля.

Я збянтэжана залыпала вачыма: а чыю ж тады машыну нядаўна бачыла ў двары яго дома? Ягоную, я яе добра ведаю. Зірнула ў акно — на кавалачку домасаветаўскай пляцоўкі, які быў бачны з акна, машыны не было. На ўсялякі выпадак запыталася:

— А вы на машыне прыехалі?

— На машыне.

— На светленькай "Волзе"?

— На ёй. А чаму цябе гэта так цікавіць? Калі хочаш пад'ехаць — вядома ж падвязу, не хвалюйся. Дык з чаго пачнем нашу гутарку?

— 3 вашай дэпутацкай дзейнасці, — адказваю. — Мы сочым за работай Вярхоўнага Савета, але ж нашым слухачам будзе цікава пачуць інтэрпрэтацыю падзей з вашых вуснаў.

Ён крыху памаўчаў, збіраючыся з думкамі, і пачаў распавядаць. Аляксандру Рыгоравічу не трэба было дапамагаць, ён выдатна выконваў дзве ролі адначасова, сам сабе задаваў пытанні і адказваў на іх. Прыкладна так:

— Вось ты пытаешся наконт эфектыўнасці працы камісіі, якую мне даручана ўзначальваць...

Такім чынам, мой журналісцкі абавязак зводзіўся да аднаго: сачыць за якасцю запісу. Аляксандр Рыгоравіч таксама не зводзіў вачэй з магнітафона, уяўляючы на яго месцы, відаць, шклоўскіх слухачоў. І калі мы запісаліся, па дзвярах хтосьці раптам шкрабануў, а потым павольна націснуў на ручку і прачыніў іх. І ў той жа момант праз шчыліну праціснулася галава начальніка аддзела эканомікі і прагназавання райвыканкама Г.М.Лаўранкова.

— Вось дзе вы, Аляксандр Рыгоравіч, — замест прывітання лагодна прагаварыў ён. — А я бачу — стаіць каля Дома Саветаў ваша машына, а саміх вас нідзе не бачна.

І змоўк, не зводзячы замілаванага позірку з майго госця. Праз долю хвілін Лукашэнка падняўся і сказаў:

— Прабач, я зараз вярнуся.

Я моўчкі кіўнула галавой. Стала чакаць. Вярнуўся не менш як праз гадзіну. Сказаў, быццам апраўдваючыся:

— Затрымаўся. Вось чалавек, пакуль не раскажа ўсё пра ўсіх...

Аляксандр Рыгоравіч зноў сеў на ранейшае месца, а я набралася духу і спыталася пра тое, што так хвалявала многіх з нас на той момант:

— А якія факты і супраць каго назбіралі члены вашай камісіі? Вы, чула, казалі, што іх вельмі шмат. Няўжо сапраўды такія кепскія справы з сумленнем у некаторых уладу маючых?

Ён, пасля невялікай паўзы, сказаў:

— Сапраўды, мае людзі хоць і ногі пазбівалі, але працу зрабілі вялікую. Яшчэ палова справы наперадзе, а ўжо цяпер можна зрабіць адназначны вывад: па многіх турма даўно плача.

— А канкрэтна па кім?

— На адной толькі хакейнай камандзе "Цівалі" немаведама колькі крыміналу.

Ад палітыкі я на той час знаходзілася далёка, а ад розных там футболаў з хакеямі — яшчэ далей. Але каб, крый божа, не перарваць нітку размовы і захаваць свой прафесійны твар (многія думаюць пра журналістаў, што ўжо сама прафесія абавязвае іх быць у курсе ўсіх спраў), з выразам поўнага разумення згодліва кіўнула галавой. Баючыся няправільна вымавіць назву, я, дарма прача каўшы некалькі хвілін, паспрабавала прымусіць субяседніка прадоўжыць размову:

— А што ў той камандзе... творыцца?

— Што? Яны не столькі гульнёй займаюцца, колькі ўгнаеннем гандлююць...

— ?!!

— І мы, члены камісіі, таксама падзівіліся, калі факты выявіліся: ну, сапраўды, якое дачыненне могуць мець спартсмены да, здавалася б, зусім далёкіх ад спорту сельскагаспадарчых спраў? Аказваецца, самае прамое — яны столькі грошай з іх наварылі!

Аляксандр Рыгоравіч гасціў у мяне тады гадзіны з тры. Быццам адчуваў, што ў гэты кабінет больш не зойдзе ў якасці інтэрв'юяванага, новая пасада не дазволіць апусціцца да гутаркі на такім узроўні. Памятаю, што ён расказваў мне пра ўсё, пра што пыталася, і ў той жа час, ні пра што канкрэтна. Смяяўся з Вячаслава Кебіча і называў яго старым маразматыкам. Імя Станіслава Шушкевіча яго заводзіла, і ён, некалькі разоў далучыўшы да яго прозвішча слова "цвікі", пагрозліва запэўніў, што "шыкаваць за дзяржаўны кошт той хутка не будзе". Алега Трусава "картавым" называў.

Ужо потым, на лесвіцы, я спыталася ў яго:

— А хто вы па гараскопу?

— Я — Дзева, — услухваючыся ў сваё вымаўленне, сказаў ён. На адной з прыступак крыху затрымаўся, сказаў:

— Мне, Вольга, таксама ў жыцці хапіла цяжкасцей. Мо, таму ўсе вясковыя работы па плячу: што кароў даіць, што за плугам хадзіць.

На вуліцы я села ва ўрадавую "Волгу", задаволеная і шчаслівая. Ён павёў машыну па цэнтральнай вуліцы горада ў нашы Рыжкавічы. Я ўглядалася ў твары прахожых, якія, пазнаўшы машыну Лукашэнкі, праяўлялі да яе павышаную цікавасць.

Аляксандр Рыгоравіч спыніў машыну насупраць маёй хаты. Я, падзякаваўшы, хацела выйсці, але ён працягваў са мной размаўляць, і я затрымалася ў салоне. Напэўна, яму хацелася проста пагаварыць, а я была ўдзячнай слухачкай. А мо, і сапраўды ўва мне ён бачыў свайго аднадумца, памочніка, якому можна даверыцца, а як жанчыне — і паплакацца. Урэзаўся ў памяць эпізод, калі ён расказваў пра свайго сына:

— Уяўляеш, я стаю ля акна свайго кабінета ў Доме ўрада і гляджу ў бок універсітэта, дзе якраз у той момант і таксама на другім паверсе здаваў экзамен Віця, і ў думках прашу: "Божачка, памажы майму сыну".

— А хіба вы не маглі папрасіць аб гэтым "каго трэба"? Вы ж дэпутат, ваша прозвішча многа каму вядома, — спыталася я.

— Менавіта гэтая акалічнасць і не дазволіла пра гэта падумаць. Калі б я нават з'явіўся ў тых калідорах па іншаму якому пытанню, мяне абавязкова абвінавацілі б у хадайніцтве за сына. Там, падазраю, ворагаў у мяне столькі ж, колькі і добразычліўцаў. Раздзьмухаюць тады пажар з нічога. Не, я лепш свой боль і турботу пакіну ў сваім сэрцы.

Я бачыла накіпелыя на вачах слёзы ў Аляксандра Рыгоравіча, і яго перажыванне востра адгукнулася ў маім сэрцы. Так хацелася, каб у яго ўсё было добра!

Я тады паспрабавала вырашыць свой інтэрас. У мяне на руках было крыху свабодных грошай, і я шукала варыянты, куды б іх надзейней укласці. Папрасіла яго парады, сама прапануючы: што-небудзь купіць і, звёзшы ў суседнюю Расію, перапрадаць? А мо накупляць прадуктаў харчавання (мукі, крупы, сухароў) і такім чынам зберагчы грошы пры чарговым падаражанні?

— Што, што? — перапытаў ён і... рассмяяўся.

І тады я ўцяміла, што майму субяседніку глыбока ўсё роўна, куды я ўкладу свае сто якіх долараў і ці ўкладу ўвогуле. Больш не захацелася працягваць размову, і я зазбіралася дамоў:

— Пайду, дачушка там, напэўна, вачэй з акна не зводзіць. Я, Аляксандр Рыгоравіч, нават і не здагадвалася, што дзяўчынкі такія пяшчотныя. І вы давайце не шкадуйце грошай і купляйце, пакуль маладыя, дачушку-памочніцу на старасць.

— Дачушку? — перапытаў ён і, глыбока ўздыхнуўшы, працягнуў мне на развітанне руку.

Я пачакала, пакуль развернецца машына. Каб бяспечней перайсці дарогу, зірнула ўправа, потым улева і ўбачыла на лавачцы сваю 86-гадовую суседку Антаніну Пятроўну. Моцы на вокліч у яе не хапала, затое рукой запрашала актыўна: маўляў, падыдзі бліжэй. Я завярнула да яе. Антаніна Пятроўна задрабніла па-дзіцячаму танюсенькім галасочкам:

— Скажу, скажу тваёму мужыку, што з кавалерамі пад'язджаеш, — жартаўліва патрэсла мне высахлым пальцам. Але, каб не напалохаць незнарок падараваную лёсам ці выпадкам субяседніцу, лёгка патушыла імгненне весялосці:

— Жартую, жартую, Волечка. Але скажы, чый жа гэтанькі прыгожанькі мужчына?

— Лукашэнка, — адказваю.

— Лукашэнка? — паважліва перапытала яна і, вытрымаўшы паўзу, што ў даным выпадку азначала вялікую сімпатыю, усё ж не ўстрымалася:

— А ці жыве ён са сваёй жонкай Галяй?

ШЭРШЭ ЛЯ ФАМ?

Пытанне, якое задала мне суседка, у Шклове ўзнікала часта. А цяпер — і на больш шырокай прасторы. Аўтара гэтых радкоў можна было б абвінаваціць у нетактоўнасці ў дачыненні да чужой сям'і. Калі б не адна акалічнасць: А.Р.Лукашэнка — прэзідэнт краіны. А гэта значыць, што сакрэтаў ад народа ў яго быць не павінна. Нават калі гэта датычыцца чыста сямейных спраў. Аляксандр Рыгоравіч і сам неаднаразова выказваўся, што ён цяпер цалкам належыць беларусам. Дык што ў тым дзіўнага або непрымальнага, калі мы закранём і гэтую далікатную тэму?

Цяпер, праз столькі гадоў, я часам думаю: калі б у 1994 годзе да пытання "Які сем'янін кандыдат у прэзідэнты А.Лукашэнка?" была адпаведная ўвага, то, упэўнена, прозвішча гэтае гучала б толькі як успамін пра выбарчую кампанію на рэспубліканскім узроўні. А людзей, можа, мінулі б тыя жыццёвыя катаклізмы, з якімі яны сутыкнуліся ў выніку праўлення А.Р.Лукашэнкі...

Па сутнасці, у Аляксандра Рыгоравіча не склаўся сямейны дуэт з Галінай Радзівонаўнай. Мяркую пра гэта з асабістых назіранняў і са шматлікіх абгавораў гэтай тэмы, якая на працягу доўгіх гадоў сілкавала ўніклівых шклоўцаў, ахвочых да бытавых калізій. Яны часта пляткарылі пра амурныя прыгоды Аляксандра Лукашэнкі, якім ён аддаваўся з моцным напалам пачуцця адзінокага, сумуючага па каханню мужчыны. Таму ў кожны новы любоўны раман ён кідаўся бы ў вір галавою, напэўна, са шчырай верай у нарэшце знойдзенае шчасце. І на грабянях ягоных хваляў нястомна ініцыіраваў працэс скасавання шлюбу з каханнем дзіцяча-юнацкага перыяду, маці яго дваіх дзяцей Галінай. Але яна з усяе моцы стрымлівае тыя парыванні, кожны раз тлумачачы:

— Я без мужа пражыць магу, а дзецям без бацькі цяжка.

Галіна Радзівонаўна ўсе свае пасляінстытуцкія гады прысвяціла рабоце з дашкалятамі: спачатку выхавацелькай працавала ў садку, потым загадчыцай і на горкім вопыце сваіх падапечных пераканалася ў мінусах няпоўнай сям'і.

Аляксандр Рыгоравіч траліў у поле зроку пляткарак, калі пасля заканчэння педінстытута працаваў лектарам шклоўскай раённай арганізацыі таварыства "Веды". Тады ён пазнаёміўся з Надзеяй Вашкевіч. Ды так блізка, што іх адносіны сталі адначасова шчодрым падарункам для дасціпных языкоў і падставай для хірургічнага ўмяшальніцтва райкама партыі. Пасля тэрміновага пасяджэння бюро РК КПБ малады лектар, пакінуўшы жонцы двух сыноў, хуценька пайшоў служыць на "звыштэрміноўку" ў пагранвойска зампалітам роты, а Надзея Вашкевіч, яшчэ імпэтней звольніўшыся "па асабістаму жаданню" з пасады інструктара аргаддзела райкама камсамола, размяняла кватэру і, прыхапіўшы дваіх дзяцей, перасялілася ў Маладзечна.

Злыя языкі сцвярджалі, што пасля службы ў пагранвойску, калі Аляксандр Рыгоравіч стаў кіраўніком саўгаса "Гарадзец", з месца яго служэння Айчыне прыехала на работу ў гаспадарку Надзея Барташ з двума сынамі. Меншанькі меў дзіўнае падабенства з дырэктарам, за што сяльчане і называлі яго за вочы "Лукашком". У хуткім часе тая жанчына выйшла замуж за вясковага жыхара і, разышоўшыся з ім, ужо стаўшы Надзеяй Гарбузавай, прыняла запрашэнне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ўзначаліць гаспадарку "Атоліна" і перабралася ў Мінск.

Спачатку, што і казаць, "калолі" людзі недвухсэнсоўнымі пытаннямі і заўвагамі Галіну Радзівонаўну наконт амурных прыгод яе мужа. Але, "на злобу не ответная, на доброту приветная", хутка і без асаблівых намаганняў, яна нейтралізавала аматараў пазлараднічаць і нават ператварыла іх у сваіх добразычліўцаў.

Такім чынам, дзякуючы актыўнай пазіцыі Аляксандра Рыгоравіча, я даведалася пра Галіну Радзівонаўну. А бліжэй нас пазнаёміла мая дачушка Валянціна. На той момант Г.Р.Лукашэнка працавала загадчыцай дзіцячага садка ў калгасе імя Леніна, які знаходзіўся ў Рыжкавічах. У гэтай самай вёсцы і жыла яна, а ў хуткім часе і нам рэдакцыя хату там купіла. Так што мы амаль суседзямі сталі. Да сустрэчы з Галінай Радзівонаўнай я ведала яе толькі па апісанню: "невысокая, поўненькая, з чарнявымі валасамі і вельмі добрая".

Вось так і пазнала яе аднойчы, калі ішла з працы дамоў. Якраз на выхадзе з Рыжкавічаў (да Шклова якіх сто метраў) сустрэла адзіную ідучую насустрач жанчыну, вельмі падобную на слоўны партрэт Галіны Радзівонаўны. Прывітаўшыся, з уласцівай толькі вясковым жыхарам непасрэднасцю, запыталася:

— Ці не Галіна Радзівонаўна вы будзеце?

— Так, гэта сапраўды я, — з цікаўнасцю гледзячы на мяне, адказала яна.

— Мы хочам перавесці дачку з гарадскога садка ў рыжкаўскі, — працягвала я. — Там вельмі холадна, памяшканне непрыстасаванае для ясельнікаў, таму дзеткі часта хварэюць.

— У нас, дзякуй Богу, зусім, зусім не так, — задаволена сказала яна. — Аўтаномны абагрэў дазваляе нам на працягу года рэгуляваць тэмпературу, таму ў памяшканні заўсёды цёпла і дзеткі нават у самае дрэннае надвор'е адчуваюць сябе бы пад сонейкам. Ёсць і яшчэ адна перавага калгаснага садка: мы рэгулярна атрымліваем сырадой, мяса, гародніну з гаспадаркі, таму і харчаванне ў нас лепшае, чым у горадзе. Не ўсім бацькам, праўда, падабацца, што ў нас толькі адна і таму рознаўзроставая група. Так што, калі захаваецца ў вас такое жаданне, думаю, што кіраўніцтва гаспадаркі не будзе супраць.

Крыху паразмаўляўшы, мы развіталіся з ёй ужо як добрыя знаёмыя. І пасля пераводу дачкі ў калгасны садок нашы сустрэчы сталі рэгулярнымі. Я не хавала задавальнення ад таго, што лёс звёў мяне яшчэ з адным чалавекам такой добрай і шырокай душы. Кажуць, што дзеці найбольш тонка і беспамылкова адчуваюць гэтыя рысы характару. Вось і Галіна Радзівонаўна быццам магнітам прыцягвала іх сэрцайкі. Не была выключэннем і мая дачушка. Яна не адставала ад любімай выхавацелькі ні на крок, нават засынала, не выпускаючы яе руку з сваёй. А больш за ўсё любіла Валянцінка яе шыкоўныя валасы. Нярэдка, калі я заходзіла за дачкой у садок, бачыла такую карціну: Галіна Радзівонаўна сядзіць у акружэнні дзяцей, а Валянціна гуляе з яе валасамі, абдымае, лашчыць выхавацельку. Галіна Радзівонаўна бачыць мяне ў дзвярах і неяк па-дзявочаму сарамліва-прамяніста ўсміхаецца майму замілаванню.

А аднаго разу мы з ёй не павіталіся нават. Гэта было ранняй веснавой парой. Я пазнала яе, ідучую насустрач, яшчэ здалёк па бэжаваму колеру паліто і вялікаму беламу шалю. Мы сустрэліся якраз на мосце побач з Рыжкавічамі. Галінін твар быў мокры ад слёз, і вочы ад іх, здаецца, нічога не бачылі: шырокараскрытыя, яны былі скіраваныя ў нейкую далёкую кропку. Я запаволіла хаду ў цяжкім роздуме: прайсці міма ці, закрануўшы, паспрабаваць яе суцешыць. І тут раптам убачыла наперадзе лукашэнкаўскую "Волгу", якая, выехаўшы са свайго завулка, "газанула" насустрач. Я з палёгкай уздыхнула. Падумалася, зараз ён дагоніць жонку, пасадзіць у машыну і яны памірацца. Ён, сапраўды, прытармазіў каля яе і, ледзь не паставіўшы машыну праз імгненне на дыбы, рвануў наперад... Яна пайшла ўслед, адна.

Памятаю, перад выбарамі прэзідэнта я, як заўсёды, зайшла па дачку ў дзіцячы садок. Дзеці на той момант гулялі на двары, а Галіна Радзівонаўна назірала за імі. Дзетак у садзе было на ўліку за дваццаць, а штодня прыходзіла намнога менш. Таму ў мэтах эканоміі ў штаце была адна выхавацелька, а дапамагала ёй пад вечар Галіна Радзівонаўна, справіўшыся да абеду з адміністрацыйна-гаспадарчымі справамі. Пакуль дачка дагульвала, я прысела побач. Мы падтрымлівалі гутарку пачаргова. Але адчувалася, што Галіна Радзівонаўна хоча ад мяне штосьці пачуць. Не трэба было мець здольнасцей тэлепата, каб зразумець, канкрэтна чаго: выбарчая прэзідэнцкая гонка блізілася да фінішу і яе цікавіў вынік. На той момант я ўжо падала заяву ў Беларускі Народны Фронт і шчыра прызналася ёй у гэтым.

— А што ты ў тым Фронце будзеш рабіць? — недаўменна спытала яна.

Я прызналася:

— Яшчэ не ведаю, канкрэтна што, але адназначна іду ў апазіцыю ўсяму таму, што так бязлітасна кіруе нашымі лёсамі. Мне, Галя, не падабаецца наша ўлада, як кажуць, з нізу да верху: ні ўчынкамі, ні палітыкай. Больш не веру я і Лукашэнку.

— Ты што? — горача запярэчыла яна. — Саша сумленны чалавек. Ён вельмі любіць людзей, і я веру, што толькі адзін ён з усіх кандыдатаў можа штосьці добрае зрабіць для ўсіх.

— А я не веру, — цвёрда стаяла яна сваім.

— Чаму? — здзівілася яна.

— Сказаць не магу, таму што больш адчуваю, чым ведаю, але Саша твой зусім не той, за каго сябе выдае. Ды і ты яго хутчэй за ўсё не ведаеш, калі так сцвярджаеш.

Яна нервова засмяялася:

— Мы, Вольга, не адзін пуд солі разам з'елі, і каму, калі не мне, ведаць яго. Таму запэўніваю, што Саша — сапраўдны патрыёт сваёй Айчыны, што ён цудоўны бацька і што... нам ніколі не быць разам.

— І што, у Мінск да яго не паедзеш, калі раптам пераможа на выбарах?

— Не паеду, — быццам баднула яна галавою. — Там жаночая эліта ўся расфуфыраная, будзе назіраць за кожным крокам правінцыялкі, будуць пляткарыць. Я досыць начыталася і наслухалася пра ўсе тыя інтрыгі. Навошта мне той дыскамфорт і дадатковы галаўны боль? Лепш я застануся ў Рыжкавічах, ва ўлонні роднага краявіду і акружэнні дарагіх мне людзей. Буду гадаваць, выхоўваць сына і працаваць.

І яшчэ адна аналагічная размова адбылася ў нас у першыя месяцы прэзідэнцтва Лукашэнкі. З'ініцыіравала яе Галіна, спыталася:

— А ўсё ж, чаму не верыш Лукашзнку? Раней ты ставілася да яго зусім інакш, нешта ж паўплывала на цябе, выклікала непрыхільнасць?

Падбіраючы словы, я адказала:

— Сапраўды, паўплывала. І не ў малой ступені — яго акружэнне, якое часам не сябруе з такімі паняццямі, як сумленне, гонар. Сама, напэўна, прымаўку ведаеш: "Скажы, хто твой сябар, скажу, хто ты"? Ды і ў Аляксандру Рыгоравічу не ўсё мне падабаецца. Вось так, у комплексе і спрацавала ўсё на маю пераарыентацыю. Але ты не дапытвайся цяпер пра дэталі. Часу няма. А калі гэта сапраўды цябе цікавіць, давай выдзелім на размову паўдня, тады я паспрабую выкласці дэталі, якія ў суме і ўтварылі важкую прычыну. А ты, цяпер ужо першая лэдзі, часам не збіраешся нас пакінуць і пераехаць у Мінск?

— Мяне туды ніхто не кліча, — прастадушна сказала яна. Напэўна, ёй было горка зноў чуць пытанне, якое задавала незлічоная колькасць людзей: з наіўнасцю, шчырасцю, падтэкстам. Трэба, напэўна, быць толькі Галінай Радзівонаўнай, каб у такіх выпадках захаваць і свой твар, і адмоўна не паўплываць на аўтарытэт прэзідэнта. Я зразумела ўсю далікатнасць сітуацыі ўжо тады і больш не кранала гэтага пытання. Толькі чыста па-жаночаму ўважліва сачыла за разгортваннем падзей у іх сямейным жыцці. Але нічога не адбылося і цяпер: кожны з гэтай сямейнай пары існуе паасобку.

Не, прашу прабачэння, аднойчы, у 1997 годзе, зноў пагаманілі на гэтую тэму. Мы тады разам з Галінай Радзівонаўнай вярталіся з занятаў у нядзельнай школе пры шклоўскай Спаса-Праабражэнскай царкве. Ішлі пешшу, хоць, здаецца, ледзь не кожны ўладальнік машыны на той бойкай дарозе лічыў за гонар спыніцца і прапанаваць падвезці гэтую цудоўную жанчыну. Але яна, шчыра падзякаваўшы, быццам прабачэння прасіла:

— Тут ужо засталося крышку прайсці, не буду вас адрываць ад спраў, дзякуй.

Мы тады размаўлялі пра свае мацярынскія праблемы, пра духоўнае адраджэнне нацыі (прашу прабачэння за штамп). Было цёплае восеньскае надвор'е, і я збіралася пайсці па каліну, якой прырода шчодра надзяліла рыжкаўскае наваколле. Галіна Радзівонаўна сказала:

— Калі я паспею да другой гадзіны ўправіцца, то зайду да цябе і мы сходзім разам.

Вось пры той гутарцы, якая датычылася нашых дамашніх праблем, я і перадала ёй выказванне маёй суседкі Тамары, якая жыве на Украіне і прыязджала ў госці да сваёй матулі. Мы разам з ёй праводзілі ў апошні шлях нашага суседа Кузьміча. І той шлях на могілкі пралягаў якраз каля дома Лукашэнкаў. Тамара і сказала мне:

— У нас усе смяюцца з жонкі Лукашэнкі. Нейкая дзіўная яна: абзавялася рознымі сабакамі, Мілкамі, катамі ды курамі, а ў Мінск да мужа нават вачэй не паказвае. Такога цікавага мужчыну ганьбіць, бабылём зрабіла...

Вартага адказу Тамары я тады не дала. Па-першае, не дазваляла атачэнне. Па-другое, я ледзь не папярхнулася ад яе хлусні, у тых словах не было і кроплі праўды. Сказала ёй толькі, сціснуўшы руку:

— Тамара, прашу цябе, і ў той далёкай тваёй Украіне не дазваляй так выказвацца пра Галіну. Яна, сапраўды, не анёл, але зусім не горшая за кожную з нас. А па запасу мудрасці, мужнасці і цярплівасці, можа, нават, і пераўзыходзіць усіх нас разам узятых. Яе не на языках насіць трэба, ёю можна ганарыцца.

Галіне Радзівонаўна я сказала толькі, што ва Украіне здзіўляюцца, чаму, маўляў, мужа прамяняла на сваю гаспадарку. Бадай, упершыню я бачыла, як Галіна Радзівонаўна раззлавалася:

— Дзівакі нейкія гэтыя людзі. Нельга быць там, куды цябе не клічуць і дзе ты непатрэбны. Гэта па-першае. А па-другое, я не дыванок які-небудзь, аб які можна ногі выцерці. Я — чалавек, жанчына, а гэта, хто не ведае, гучыць горда.

Мы стаялі тады каля паста ДАІ на развілцы дарог: "мая" вяла на Магілёў, Галініна — на Мінск. Затрымаліся. Быццам адчувалі, што чыста па-сяброўску мы размаўлялі апошні раз. Нас разводзіў лёс: я збіралася ехаць за мужам, якога перавялі на работу ў суседні райцэнтрнамеснікам рэдактара, Галіна пакідала дзіцячы садок і пераходзіла на працу ў райвыканкам, дзе ўводзілася новая пасада — спецыяліста па аздараўленню насельніцтва.

Галіну Радзівонаўну цяпер залашчылі павагай на раённа-абласным узроўні. Яе запрашаюць у якасці ганаровага госця на ўсе хоць колькі значныя мерапрыемствы, шчодра адорваючы кветкамі. Прозвішча "Лукашэнка", якое яна мужна адстаяла, дае ёй такую раскошу. Рэдка цяпер яна ходзіць пешкі або пад'язджае на спадарожных машынах: старшыня райвыканкама Г.М.Лаўранкоў спецыяльна пад яе працоўны графік і іншыя патрэбы падпланоўвае свой службовы "джып", і Галіна Радзівонаўна, мяркуючы па выгляду, задаволена.

Яна і сама навучылася вадзіць машыну, прайшоўшы адпаведныя курсы. Напэўна, на гэта яе падштурхнуў той вішнёвага колеру легкавы аўтамабіль, што з'явіўся на падворку ў хуткім часе пасля выбрання Лукашэнкі прэзідэнтам. Аўтамабіль некалькі месяцаў празіхацеў там навізной, пакуль не знік бясследна. Навучэнцы таго сумеснага з Галінай Радзівонаўнай набору і цяпер з удзячнасцю ўспамінаюць шчаслівыя абставіны. Калі прыйшоў час здаваць экзамены на атрыманне правоў, міліцыянеры былі лагодныя і так рассунулі абмежавальнікі,якія імітуюць вузкую дарогу, што паміж імі не толькі праехаць, але і развярнуцца было лёгка. Тады ўсе курсанты дружна паздавалі экзамены, чаго ні да, ні пасля гэтага ніколі больш не было.

Пільна сцерагуць хату Галіны Радзівонаўны і людзі са службы аховы, у поўнай баявой экіпіроўцы. Яны не спускаюць з вачэй усе падыходы да падворка і, відаць, у мэтах усё той жа бяспекі, затаніравалі вокны. Дый пільна ўглядаюцца ў тых праходзячых і праязджаючых міма, хто праяўляе нейкую цікавасць да прэзідэнцкай будыніны. У адной руцэ яны трымаюць рацыю, а другую недвухсэнсоўна згінаюць да пухліны кабуры. У такіх выпадках свідруе скроню думка: не зазірайся, не шукай на сваю галаву непрыемнасцей!

Аналагічны парадак устаноўлены і каля спецыяльна адбудаванага для маці прэзідэнта дома. Вяскоўцы казалі, што яна рэдка адыходзіць ад радыёпрыёмніка і тэлевізара, чакаючы аўдыёсустрэчы з сынам.

ВАЎКОЎ БАЯЦЦА — У ЛЕС НЕ ХАДЗІЦЬ

Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка да важнай палітычнай кампаніі рыхтаваўся па-марафонску: сустракаўся са шклоўцамі, не шкадаваў яркіх фарбаў і эпітэтаў для тых, хто "давёў народ да ручкі", палохаў усім тым страшным і небяспечным, што іх можа напаткаць ужо ў недалёкай будучыні, калі людзі раптам не выберуць яго ў прэзідэнты. А яшчэ часцей нагнятаў электарацкі інтарэс недамоўленасцю. Людзі паважалі прамоўцу за адкрытасць, але яшчэ больш захапляліся яго сілай волі ў нераспаўсюджанні самых пікантных фактаў, у сучасны момант вядомых, па словах выступоўцы, толькі членам антыкарупцыйнай камісіі пры Вярхоўным Савеце. Не забываўся, праўда, у скандальную тую мазаіку ўводзіць элементы з жыцця мясцовай знаці. Асабліва даставалася былому старшыні райвыканкама, першаму сакратару райкама КП Беларусі А.А.Папкову. (Аляксандр Андрэевіч Папкоў да прэзідэнцтва Лукашэнкі — генеральны дырэктар гаспадарчага аб'яднання "Шклаўчане". Пасля — старшыня Круглянскага райвыканкама, віцэ-прэм'ер урада Рэспублікі Беларусь.) Хоць факты былі больш прывычныя, чым сенсацыйныя, — накшталт "разбазарвання жыллёвага фонду, высокага акладу, карыстання паслугамі базаў, дзе акумуляваліся вострадэфіцытныя тавары". Але ўжо само публічнае абмеркаванне гэтага пытання даводзіла людзей ледзь не да экстазу.

Памятаю, мы сустрэліся з Аляксандрам Рыгоравічам напярэдадні адной такой размовы з гараджанамі на лесвічнай пляцоўцы трэцяга паверха Дома Саветаў. Ён прывітальна паціснуў маю руку, шырока ўсміхнуўся:

— Вось выкраіў час для сустрэчы са шклаўчанамі. Сёння ў шэсць гадзін вечара яна адбудзецца на плошчы каля райкама партыі. Прыходзь і ты.

Я нічога не адказала на прапанову, толькі запыталася:

— Як справы вашы?

Ён махнуў рукой і задаволена мовіў:

— Атакуюць мяне з усіх бакоў. Адзенне парвалі, калі я прарываўся на працу ў Вярхоўны Савет. Бачыла па тэлевізару?

Я ў скрусе заківала галавою.

— Сочаць за мной, — працягваў А.Р.Лукашэнка. — Падслухоўваючую апаратуру ладзяць цішком.

— А вы не баіцеся, што могуць... Я не рызыкнула нават вымавіць тое страшэннае слова.

— Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць, — адказаў ён народнай прымаўкай. — На ўсялякі выпадак у мяне цяпер з сабою заўсёды рэвальвер, — папляскаў далонню па правым боку мой субяседнік. — Нават спаць кладуся з ім. Ну, бывай, спраў вельмі шмат сёння, пасля сустрэчы яшчэ да Мінска планую даехаць.

— Не трэба гэтага рабіць! — узмалілася я. — Вас могуць падсцерагчы дзе-небудзь на дарозе і тады — канцоў не знойдзеш.

Ён, ужо паспеўшы зрабіць некалькі крокаў ад мяне, спыніўся, павярнуўся. На твары чытаўся паляўнічы азарт.

— Кішка ў іх тонкая.

І, развітальна махнуўшы рукой, пашыбаваў па калідоры. Я зрабіла некалькі крокаў услед. Вялікі, важны, ён смела, як тады мне здавалася, крочыў насустрач небяспецы.

— Божачка, беражы гэтага чалавека! Ён жа за нас усіх змагаецца, — узмалілася я, падняўшы вочы ўгару. І блаславіла, перахрысціўшы яго наўздагон.

... Я не аматар наведваць розныя мерапрыемствы, якія напрамую не звязаны з асабістымі інтарэсамі. Не пайшла і на сустрэчу з народным дэпутатам Вярхоўнага Савета А.Р.Лукашэнкам. А распытаць дасведчаных людзей паспяшалася ўжо з самага ранку. Тое, што на сустрэчу з'явілася амаль паў-Шклова, не здзівіла. І што эмацыянальны ўздым лунаў над плошчай, таксама ўспрыняла як само сабой зразумелае — Аляксандр Рыгоравіч умее ўзбудзіць людзей сваёй аратарскай энергіяй. Падзівіла іншае: ён голасна пахваліў Генадзя Міхайлавіча Лаўранкова і Уладзіміра Леанідавіча Клюйко. Больш таго, нават значнае месца ў сваім маналогу адвёў іх высокім прафесійным і маральным якасцям. Многія потым недаўменна паціскалі плячыма: за што?

І сапраўды, чым такім экстраардынарным вылучаюцца гэтыя два чалавекі сярод шклоўцаў? Хоць, сапраўды, адрозненне маюць. Толькі не такога, як характарызавалася на той плошчы, плана.

Генадзь Міхайлавіч Лаўранкоў (да прэзідэнцтва Лукашэнкі — загадчык аддзела эканомікі і прагназавання, пасля — старшыня Шклоўскага райвыканкама) — наменклатурны работнік. Доўгі час працаваў на розных пасадах у райкаме партыі. А з канцом дамінавання камуністычнай ідэалогіі лоўка перасеў у крэсла райвыканкамаўскага загадчыка аддзела. Сярэдняга росту, вёрткі, востранькі на розум, шэранькай мышкай ён нечакана з'яўляўся ў самых розных месцах падчас патаемных гутарак, чым прыводзіў субяседнікаў у стан збянтэжанасці. Ён спрабаваў гуляць ва ўсе палітычныя гульні адначасова: верай і праўдай служыў Лукашэнку, агітаваў галасаваць на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за Кебіча, не прамінаў магчымасці наладзіць адносіны з народнафронтаўцамі. І сам Аляксандр Рыгоравіч падсмейваўся над пранырлівасцю Генадзя Міхайлавіча, за вочы называў яго "жуком". Таму здзіўленне маё яшчэ больш павялічылася, калі прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка назначыў Лаўранкова старшынёй райвыканкама ў Шклове.

Не знаходжу вытокаў захаплення і асобай Уладзіміра Леанідавіча Клюйко. Настаўнік па адукацыі, ён амаль і не працаваў па спецыяльнасці: быў спачатку ў райкаме камсамола, потым — у апараце яго старэйшага брата — райкаме партыі загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі. Калі райкам партыі страціў сваю кіруючую ролю, у ліку амаль усяго складу апарата райкама партыі перайшоў на службу ў райвыканкам. Потым, калі А.Р.Лукашэнка стаў прэзідэнтам краіны, Уладзімір Леанідавіч быў прызначаны на пасаду дырэктара Шклоўскай спецшколы для дзяцей з паслабленым зрокам.

— Пусцілі казла ў агарод, — характарызавалі такое прызначэнне тыя, хто крыху лепш ведаў У.Л.Клюйко. Уладзімір Леанідавіч — дбайны гаспадар, аддана выконвае грамадскія абавязкі. Напрыклад, жыхары адной з вуліц горада абавязаны яму тым, што, будучы дэпутатам райсавета, ён выканаў іх запыт — дамогся асфальтавання ўскраіннай вулічнай дарогі ў той час, калі цэнтральныя яшчэ былі у палоне ўхабаў. Па "дзіўнаму супадзенню" на той вуліцы жыла цешча У.Л.Клюйко.

Дакладна характарызуе Уладзіміра Леанідавіча вось такі факт з яго біяграфіі. Калі ён кіраваў аддзелам прапаганды і агітацыі ў райкаме партыі, то карыстаўся службовай машынай "Жыгулі" чырвонага колеру, якая раней належала таварыству "Веды". Пасля скасавання апарата райкама разам з таварыствам бясследна знікла і тая машына. На той момант я выношвала ў думках план матэрыялу аб "прыхватызацыі" дзяржаўных машын. Фактаў такіх было ў Шклове вельмі шмат. І акумуляваліся яны пасля адпаведных праверак кантралюючых органаў у райфінаддзеле. Калі аднойчы з дазволу ягонай загадчыцы Н.А.Ермаковай знаёмілася з актамі, то, раптам успомніўшы больш не мазолячую вочы тую прыкметную машыну з таварыства "Веды", запыталася пра яе (Надзея Андрэеўна Ермакова: да прэзідэнцтва Лукашэнкі — загадчыца райфінаддзела ў райвыканкаме, упраўляючая Шклоўскім аддзяленнем "Аграпрамбанка", пасля — старшыня праўлення "Беларусбанка"). Надзея Андрэеўна раптам ажывілася:

— А вы спытайцеся пра яе ў Клюйко.

Я здзіўлена паглядзела на яе, зноў схілілася над паперамі, адначасова абдумваючы сітуацыю.

— Не, Вольга Міхайлаўна, без хістанняў толькі. Я прапаную вам спытаць у Клюйко пра тую чырвоненькую машыну. Скажу па сакрэту, з-за надзейных "падвязак" ніхто да яго і падступіцца з гэтым пытаннем не можа. А сказаць яму ёсць што.

— А што ведаеце вы пра тую "клюйкоўскую" машыну? — спыталася я ў Н.А.Ермаковай. Мы былі добра знаёмыя і калі-нікалі яна дзялілася са мной службовай інфармацыяй.

— Кажуць, што пераправіў брату ў Оршу, дзе той працуе на нейкім рамонтна-тэхнічным прадпрыемстве. Разам яны ўжо, напэўна, прадумалі, як тую машыну ператварыць у грошы, — сказала яна і зноў папрасіла:

— Толькі вы забудзьце пра тое, што і хто вам гаварыў і абавязкова пагутарыце з Клюйко.

Заінтрыгаваная, я адклала таўсценныя папкі, з якімі працавала, на край стала і накіравалася ў супрацьлеглы бок памяшкання Дома Саветаў, дзе на трэцім жа паверсе знаходзіўся кабінет спецыяліста па справах моладзі. Уладзімір Леанідавіч быў на месцы і, убачыўшы мяне, ветліва запрасіў сесці. Я пажартавала:

— Дзякуй, але, як кажуць, не бойся госця сядзячага, а бойся госця стаячага.

Ён здзіўленым позіркам папрасіў тлумачэння. А я без розных там дыпламатычных хітрыкаў прама запытала:

— А вы часам не ведаеце, куды падзелася тая чырвоная машына з таварыства "Веды", на якой вы ўвесь час ездзілі?

— На рамонце, — не міргнуўшы вокам, адказаў ён.

— А дзе канкрэтна і што з ёй здарылася?

— Урэзалася ў вялікагрузную машыну і сплюшчылася.

— Ого! Гэта ўжо сур'ёзна, — не хаваючы іроніі, усклікнула я. — Дзіўна, я рэгулярна праглядала міліцэйскія зводкі і нічога падобнага не бачыла ў справаздачах. Дык дзе, прабачце, гэта здарылася?

Уладзімір Леанідавіч разумеў падтэкст маіх слоў. Па меры далейшага дыялога яго твар, пакрываючыся чырвонымі плямамі, скурчыўся ў грымасе нянавісці:

— Якая табе справа? — не валодаючы сабою, злосна зашыпеў ён. — Усё капаеш, капаеш... Глядзі, назбіраеш столькі фактаў, што не пацягнеш, надарвешся.

У яго інтанацыі адчувалася адкрытая пагроза.

— Што ж, калі вы не ведаеце, дзе ваша машына, паспрабую пашукаць яе я, — збравіравала я, адчыняючы дзверы.

— Давай-давай, топай, — данёсся ззаду яго ледзяны голас.

Справу тую я, нават не пачаўшы, спыніла, таму што на машыну падрыхтавалі акт аб спісанні з-за ледзь што не пагражальнага амартызацыйнага стану і адпраўлена была тая шустранькая аўтамашына быццам бы на металалом. Такім чынам, зніклі ўсе канцы.

Не мог не ведаць пра ўсё гэта А.Р.Лукашэнка, але ж, між іншым, палічыў за неабходнае ўвесці такія вось учынкі ў ранг высокай маральнасці. Ну як пасля гэтага ў душу пабочнага назіральніка не западзе зерне недаверу да ўладу маючых?

БАЦ, БАЦ — І Ў ДАМКІ

Я сядзела ў сваім кабінеце і працавала над матэрыялам. Раптам дзверы шырока расчыніліся, прапускаючы расхваляванага Уладзіміра Канаплёва. Без прадмовы ён, спыніўшыся насупраць, загадна сказаў:

— Вольга, давай хуценька склікай сюды Бабка, твайго мужыка, — адбудзецца важная размова.

Гэта падзейнічала магічна, і я, не выпускаючы аўтаручку, кінулася выконваць даручэнне. Балазе ўсе знаходзіліся на рабочых месцах, таму праз якую хвіліну мы з'явіліся перад уладным позіркам Уладзіміра Мікалаевіча. Вытрыманай паўзай ён даў магчымасць зразумець важнасць моманту. І, пільна ўглядаючыся пачаргова ў твар кожнаму, сказаў:

— Ты, Фёдаравіч (М.Ф.Бабок. — Аўт.), ты, Валодзя (У.А.Паўлаў. — Аўт.) і ты, Вольга будзеце рабіць адну вельмі важную справу. Напэўна, я парадую вас навіной: сёння Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка пачне афіцыйна змагацца за пост прэзідэнта рэспублікі. І мы яму павінны ў гэтым дапамагчы — збіраць подпісы ў падтрымку яго кандыдатуры, агітаваць за яго насельніцтва. 3 сённяшняга дня вы — члены яго групы падтрымкі. Мы там ужо выпісваем пасведчанні. І яшчэ. Калі з'явяцца якія пытанні, а яны абавязкова будуць, звяртайцеся ці да мяне, ці да Алы (А.М.Канаплёва. — Аўт.). І дамоў да нас можаце прыходзіць у любы час. Дамовіліся? Тады бывайце, я пабег.

І, паціснуўшы кожнаму руку, знік гэтак жа імкліва, як і з'явіўся. А мы ўсё стаялі, прыглушаныя навіной, не адважваліся нават зварухнуцца, спрабавалі перажыць сенсацыю з репертуару Лукашэнкі пра ягоны ўдзел у выбарах. Вось так, думалася, як у той шашачнай гульні: бац, бац — і ў дамкі.

Застаўшыся праз некаторы час адна ў кабінеце, я беспаспяхова спрабавала зноў пачаць пісаніну. Безвынікова. І я пайшла, так бы мовіць, "на людзі" — у агульны аддзел рэдакцыі. Там поўным ходам ішло абмеркаванне: ці пройдзе кандыдатура А.Лукашэнкі? Я сказала:

— Не, не здолее ён перамагчы.

— Ты так думаеш? — пачула ў адказ. — Не хвалюйся, якраз такія часцей за ўсё і праходзяць.

... Я і М.Бабок атрымалі канкрэтнае заданне: весці прыём грамадзян, якія жадаюць падтрымаць А.Р.Лукашэнку. Дакладней, запаўняць падпісныя лісты. І месца для гэтага нам выдзелілі — асобны пакой на райвыканкамаўскім паверсе, дзе раней вялі прыём дэпутат Вярхоўнага Савета А.Р.Лукашэнка і яго памочнік — У.М.Канаплёў. М.Бабок зразу ж аддрукаваў на машынцы аб'явы і некалькі гадзін расклейваў іх потым па ўсяму гораду. Мы мяняліся з ім праз паўдня, амаль спынілі свае рэдакцыйныя абавязкі. Але ніхто не наракаў. Людзей спачатку прыходзіла вельмі шмат, ішлі нават цэлымі сем'ямі, пад'ездамі. Прытым неслі з сабою пашпарты сяброў і знаёмых, напрамілы бог упрошваючы і іх запісаць у лісты. Мая катэгарычная ўмова рэгістраваць толькі наяўных не ўспрымалася, людзі пачыналі ледзь не на калені станавіцца:

— Мы ж усе за нашага Рыгоравіча рукамі і нагамі галасаваць будзем. Калі не ён, хто тады дасць нам лепшую долю?

Можна было толькі падзівіцца і па-светламу пазайздросціць іх веры і аптымізму. На той час людзі яшчэ не выйшлі з псіхалагічнага шоку ад "паўлаўскага" — у 1991 годзе — павелічэння цэнаў, абясцэньвання грашовых укладаў і таму ўжо не верылі нікому, але вельмі хацелі верыць. І ў якасці аднаго-адзінага бачылі толькі яго, Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.

Дні праз чатыры, калі паток жадаючых засведчыць сваю падтрымку Рыгоравічу паменшыўся, я пераключылася на паездкі па Дрыбінскаму і Горацкаму раёнах з агітацыйнымі намерамі і пошукам людзей, якія б на месцы разгарнулі справу па збору подпісаў, а яшчэ больш — агітацыю за Лукашэнку. І яны знаходзіліся. Хоць, даўшы такую згоду, яны рызыкавалі ўступіць у канфлікт з працадаўцамі. Справа ў тым, што кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстановаў атрымалі вусна-тэлефонныя дырэктывы байкатаваць "выскачку" Лукашэнку і зрабіць усё магчымае, каб перамог Кебіч. Як толькі я распавядала пра мэты свайго візіту, мяне, бы чумную, ледзь не гналі ў каршэнь. А ў Дрыбінскім праўленні райспажыўсаюза старшыня, упершыню сустрэўшыся, мала не плюнуў мне ў твар і абазваў самымі брыдкімі словамі толькі за тое што я папрасіла ў яго дазволу знайсці ў ягоным калектыве прыхільніка Лукашэнкі і папрасіць яго ў вольны ад працы час збіраць подпісы ў падтрымку гэтага кандыдата ў прэзідэнты.

За мной падчас язды па раёнах была замацавана службовая аўтамашына са шклоўскага аддзялення "Ашчадбанка", вадзіцель якой атрымаў загад ад упраўляючага Г.М.Лысікава "быць у поўным маім распараджэнні". Быццам ашпараная, я выскачыла з кабінета старшыні райспажыўсаюза і, ад слёз не могучы нічога сказаць, рукой толькі махнула шафёру ў бок, куды трэба ехаць: у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, што ў Горках. Там у свой час я працавала, была знаёма з многімі работнікамі з ліку прафесарска-выкладчыцкага саставу. Рэктара ў той дзень не аказалася ў межах раёна, і я пастукалася да прарэктара па вучэбнай рабоце. Ён, уважліва выслухаўшы мяне, тактоўна сказаў:

— Пра свае прыхільнасці распавядаць не буду, ды і яны вас хваляваць, па-мойму, не павінны. А што да іншых, то яны маюць права выбіраць каго захочуць. Прапаную аптымальны варыянт: праз два дні ў нас адбудзецца пасяджэнне вучонага савета, на які прыбудуць не толькі навукоўцы, але і кіраўнікі факультэтаў, кафедраў. І мы знойдзем, паверце, і для вас хвіліну на інфармацыю. Там тады і акрэсліцеся ў навядзенні неабходных кантактаў.

Я была цалкам гэтым задаволена, але, каб не губляць марна часу, наведала некалькіх сваіх знаёмых у іх дома з канкрэтнай прапановай і зайшла на адну з кафедраў у першы корпус. На той момант заканчваліся заняткі, і я рызыкнула пашукаць аматараў узяцца за "падпісную" справу. Але потым пашкадавала: лёгенька, на што рязлічвала раней, мне не прыйшлося. Навукоўцы не былі задаволены становішчам у сферы вышэйшай школы і "купляць ката ў мяшку", нават калі гэта датычыла будучага прэзідэнта, не збіраліся. Але, тым не менш, ускладалі надзеі на будучыя перамены ў сферы адукацыі. Яны сквапна пачалі распытваць мяне пра Лукашэнку. Іх цікавілі яго інтэлект, эрудыцыя — як-ніяк усяго ж дырэктар саўгаса, пасада якога з прэзідэнцкай зусім не параўнальная. Даведаўшыся, што мы з А.Р.Лукашэнкам яшчэ і суседзі, і ўвогуле засыпалі мяне пытаннямі. Ды ўсё як пра сем'яніна і гаспадара.

Услухоўваючыся ў іх змястоўныя пытанні, я быццам рабілася відушчай сама: дзесьці глыбока ўнутры нават з'явілася сумненне: а ці сапраўды Аляксандр Рыгоравіч такі, якім я яго ўяўляю? І ці апраўдае ён надзею вось гэтых апантаных навукай людзей, якія жывуць намнога больш глабальнымі інтарэсамі, чым дазваляюць іх мізэрныя заробкі?

На зваротным шляху я пракручвала ў памяці свежы эпізод размовы з супрацоўнікамі акадэміі. І, бадай, упершыню вымушана была канстатаваць: я зусім не ведаю Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Нашы кароткія з ім сустрэчы і такія ж па часу размовы, па сутнасці, не раскрывалі гэтага чалавека. А рэгулярныя выступленні на пленарных пасяджэннях Вярхоўнага Савета, якімі захапляўся яго электарат, таксама мала сведчылі пра Лукашэнку-чалавека...

Мяне вывеў з задумення шафёр Саша. Ён адчуваў сумбурнасць майго душэўнага стану і па-свойму хацеў адцягнуць ад цяжкіх думаў. Таму на ўсю моц уключыў песню Тані Буланавай, якую спявала яна сыну-бязбацькавічу. Але і песня да мяне даходзіла быццам скрозь сон. Пакрыўджаны Саша выключыў магнітолу і так рэзка газануў, што я ледзь не стукнулася ў лабавое шкло аўтамабіля.

— Ты што? — ускрыкнула я.

Скрозь падцятыя губы Саша працадзіў:

— А мая жонка, калі пачуе гэтую песню, заўсёды плача.

Я зразумела, што шафёр хацеў пераключыць мяне такім чынам з прэзідэнцкай хвалі да рэальную, жыццёвую. Ну і Саша, ну і псіхолаг!

... Ні з Сашам, ні з кім іншым мы больш не ездзілі ў БСГА. Прапанова яе прарэктара так і засталася нерэалізаванай. Справы на той момант у Аляксандра Лукашэнкі ішлі надзвычай добра і ў дапамозе такога плана ён больш не меў патрэбы — пра гэта сведчылі нашы ўзаемаадносіны з Канаплёвымі. Яны пачалі губляць былую актыўнасць. Гэта праявілася хоць бы сабе ў рэалізацыі ідэі паехаць у Горкі на пасяджэнне вучонага савета. Яшчэ раней я далажыла аб выніках паездкі і папрасіла запланаваць машыну на прызначаны дзень. Уладзімір і Ала паабяцалі. А калі да пасяджэння засталіся ўсяго дзве гадзіны і не прыйшла машына, я затурбавалася і патэлефанавала Канаплёвай у школу. Яна сказала, што ехаць ужо не трэба.

У гэты ж дзень мне патэлефанавала сястра Людміла з Віцебскай вобласці і азадачыла:

— Я запоўніла два падпісныя лісты ў пасёлку. Хацела б паездзіць яшчэ і па суседніх вёсках. Але Валера (яе муж) пытаецца, хто будзе аплачваць бензін. Грошай, сама ведаеш, у нас не хапае, завод больш прастойвае, чым працуе. Дык што мне яму сказаць?

Зусім не ўваходзіла ў мае планы ствараць сястры праблемы, іх і без прэзідэнцкіх выбараў хапае. Таму, не марудзячы, накіравалася да Канаплёвых, каб атрымаць адказ на запыт сястры, а заадно папрасіць тлумачэння наконт зрыву паездкі ў Горкі. Бо атрымалася вельмі нават непрыгожа. Валодзя на момант майго прыходу смажыў у калідоры яечню на вялікай патэльні.

— Праходзь у хату, я зараз.

Я зайшла. У дальнім пакоі ўбачыла Аляксандра Лукашэнку. У сінім спартыўным касцюме ён сядзеў у крэсле насупраць тэлевізара і глядзеў на экран. Павітаўся, запрасіў сесці. І калі я зручна размясцілася на мяккім крэсле, запытаўся пра справы ўвогуле і пра "падпісную кампанію" ў прыватнасці. Я засяродзіла ўвагу на асобных момантах сустрэчаў з людзьмі. Мо з хвіліну ён быў уважлівы, потым страціў цікавасць, проста раз-пораз ківаў галавою ў такт словам. Я ўсё зразумела і замоўкла. Аляксандр Рыгоравіч гэтага нават не заўважыў. Ён не зводзіў вачэй з экрана, дзе маладая спартсменка ў чырвоным купальніку, перш чым скокнуць у ваду, дэманстравала нейкія піруэты. І толькі тут я ўцяміла, што гук быў адключаны. Ды і вочы будучага прэзідэнта хутчэй за ўсё не глядзелі на экран, а былі скіраваныя ў нейкую не бачную мне кропку. Ён, магчыма, у гэты момант знаходзіўся дзесьці далёка. Так я і дачакалася Канаплёва. У выцягнутай руцэ гаспадара сквірчэла і пырскалася тлушчам яечня. Я зразумела момант і паднялася. Але, перш чым развітацца, спыталася пра бензін, адначасова задаючы пытанне абодвум. Уладзімір Канаплёў, паставіўшы на стол патэльню, адказаў:

— Ты, Вольга, абяцай ім усё, што яны хочуць.

— Э, не, — не пагадзілася я. — На абяцанках і з гаража не выедзеш, патрэбен для гэтага бензін.

Валодзя хутчэй за ўсё прапусціў міма вушэй тлумачэнні пра маю сястру. І па-прасцецку, як можа толькі Валодзя Канаплёў, сказаў:

— Ай, Вольга, пайшлі яны ўсе ў задніцу, і без іх праблем хапае. У Сашы, як яму дакладвалі з галоўнага штаба, справы ідуць нармальна, нават лепш, чым мы разлічвалі раней, так што праблемы з подпісамі больш не існуе. Мы яшчэ паездзім некалькі дзён па Магілёўшчыне, якую прадстаўляе наш кандыдат, ды і то толькі для збору галасоў-прэстыжу. Так я кажу, Саша?

Я перавяла ўважлівы позірк на Лукашэнку. І здзівілася — такім я ніколі яго не бачыла: няголены, схуднелы, з цёмнымі плямамі пад вачыма.

— Што? — быццам ачнуўся той. Відаць, па-ранейшаму лунаў у думках, быў недзе далёка і, відаць, высока. Не ўнікнуўшы нават у сэнс пытання, кіўнуў галавою:

— Ага.

У калідоры пачуўся грукат дзвярэй, тупат ног, і амаль адразу ж у хату ўваліўся цэлы натоўп. Я пазнала толькі намесніка дырэктара саўгаса "Гарадзец" Віктара Кірына, старшыню райкама прафсаюза работнікаў асветы Валерыя Машагірава, старшыню калгаса імя Леніна Віктара Гейдэля. Яны гучна, наперабой пачалі расказваць нейкі эпізод, шчодра вывальваючы на стол каўбасу, бутэлькі, слоікі, мяса. І змоўклі, раптам убачыўшы мяне.

— Свая, — супакоіў іх Уладзімір Канаплёў.

Але яны, відаць, ведалі, хто для іх сапраўды свой, таму прадбачліва загарадзілі спінамі стол і перавялі размову на надвор'е.

Я і дагэтуль ужо збіралася развітацца, а ў той момант раптам захацелася не толькі выйсці, але куляй вылецець — хутка і далёка. Настрой быў сапсаваны.

— Я пайду, да пабачэння, — ледзь выціснула з сябе.

— Заходзь! — крыкнуў у спіну Уладзімір Канаплёў.

Цяжка было. Хацелася нечага невытлумачальнага, накшталт выскачыць са свайго тленнага цела і ўзняцца на неакрэсленую вышыню, пакінуўшы далёка-далёка і гэтую мітусню, і фігавыя лісткі, якія немінуча спадарожнічаюць чалавечаму жыццю... Дом быў адзіным зямным месцам, дзе можна было супакоіцца, пабыць сам-насам са сваімі думкамі. І я, фізічна ледзь паспяваючы за жаданнем, дапяла да Рыжкавічаў. Ледзь адчыніўшы дзверы, ва усім адзенні, кінулася на ложак тварам у падушку і аддалася слязам. Падбегла матуля, якая на некалькі дзён прыехала пагасціць, і адчайна пачала трэсці мяне за плячо, галосячы за кампанію:

— Дочачка, а ці здарылася што? Не маўчы, скажы хутчэй!

Я доўга не магла нічога вымавіць, душачыся слязамі, толькі трэсла галавою, маўляў, не, усё добра.

Выплакаўшыся, вымушана была даць адказ маці, якая сядзела на краёчку ложка і не зводзіла з мяне трывожных вачэй. Чамусьці пачала з бензіну, пра які запыталася сястра Люда. Далей маці ўжо слухаць не стала. Па-свойму зразумеўшы мае клопаты, яна нечакана засмяялася, выцерла рукой слёзы і, мякка ляснуўшы далонню па маім плячы, усклікнула:

— Ты з-за гэтага плакала, дурненькая?

Сарваўшыся з месца, яна кінулася да свайго ложка ў супрацьлеглы бок хаты. Там, пакорпаўшыся пад падушкай, выцягнула і прынесла мне загорнуты ў насоўку пачак "зайцоў":

— Вось, бяры ўсе і завязі дочачцы хутчэй. Ты б да маці лепш звярнулася па дапамогу, а не ішла па людзёх прасіць таго бензіну.

Любая мая матулька! Не зразумець клапатліваму твайму сэрцайку душэўнага стану тваёй дачкі. Я і сама не ўцямлю, чаму так баліць душа і аб чым мяне яна папярэджвае. Адно толькі бясспрэчна, што ляжаць тыя вытокі адчаю ў маёй палітычнай актыўнасці, у якую палезла на старасці год. Па волі выпадку я ўцягнута ў палітычную гульню. Але калі ўся гэтая лукашэнкаўска-канаплёўска-лаўранкоўская брація рвецца да ўлады, дык што трэба мне, акрамя шчасця маіх родных і любай маёй журналістыкі? Пасля слёз стала лягчэй, і я падумала, што на самай справе ўсё проста: плюну на ўсё палітычнае і буду займацца толькі ўласнымі справамі!

Такім чынам, я на нейкі момант сапраўды вымела з душы трывогу. Супакоілася і... зноў пачала разважаць. Сапраўды, у Беларусі наспявае вельмі важны момант, і ад таго, хто стане прэзідэнтам, залежыць вельмі многае. Калі не ўсё. А Лукашэнка? Няўжо гэты чалавек можа быць падобны да горкаўскага Данка і павесці за сабой народ? Куды павесці? Цяпер ён ужо больш не падаваўся мне тым чалавекам, за якім можна і ўсляпую адправіцца ў падарожжа па лёсе. Не, мой даражэнькі Лукашэнка, больш падсабляць я табе не буду. Больш таго, я адкрыю на цябе вочы ўсім сваім шматлікім знаёмым. Яны мне павераць і, як і я, за цябе не прагаласуюць.

ЗА РЫГОРАВІЧА

— Усё, ... дзец Лукашэнку, — злосна сказала Ала Канаплёва. — Бы той верабей папаўся ён у каршуноўскія кіпцюры гэтай прайдзісветкі, і цяпер у тартарары паляціць і яго прэзідэнцтва, і аўтарытэт у цэлым...

Мы ішлі разам ад цэнтра горада, дзе сустрэліся, у кірунку Рыжкавічаў. Там, на паўдарозе, стаяў дом Канаплёвых. Мы яшчэ крыху пастаялі каля яго, каб дагаварыць. На двары кіпела лета 1994 года. І не буйной зелянінай і квеценню шчодрай на цеплыню пары, а палітычнымі страсцямі: Шклоўшчына ліхаманкава "дабірала" дадатковыя галасы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Штодня, з самай раніцы, пад камандай Уладзіміра Канаплёва ад універмага адпраўляліся па Магілёўшчыне (і асабліва ў Магілёў) некалькі аўтобусаў з "добраахвотнікамі" па збору подпісаў у падтрымку Лукашэнкі. У патрэбнай колькасці іх пастаўлялі ледзь не ўсе кіраўнікі райцэнтра і бліжэйшых гаспадарак, асабліва з саўгаса "Гарадзец". Перад выездам Уладзімір Канаплёў рабіў інструктажы (кожны раз у аўтобусах былі і новенькія) наконт правільнасці запаўнення аркушаў, раздаваў "пустаграфкі", і аўтобусы набіралі хуткасць па абумоўленых маршрутах, каб ледзь не пад поўнач прывезці не чуючых ад стомы ног "добраахвотнікаў" у Шклоў.

— Я ледзь не абалдзела, калі сярод іншых убачыла Ларысу Маськову, — дзялілася Ала. — Ні сораму ў бабы, ні сумлення. І дачку з сабой прыцягнула галасы за Сашу збіраць. Канаплёў толькі плячыма паціснуў, маўляў, калі хоча, няхай едзе, — у Магілёве ж не ведаюць, што яна каханка Лукашэнкі. Ну, у Магілёве — хай сабе, на лобе ў яе, сапраўды, нічога не напісана. А яна, разумееш, і па Шклову брындала з дачкой: адна — па адным баку вуліцы, другая — па другім. Здурэла зусім.

— А Лукашэнка як рэагуе?

Ала памаўчала, яе твар выразна адлюстроўваў адчай.

— А што яму? Не ўяўляе, напэўна, пікантнасці сітуацыі. І не слухаецца, калі адваджваеш ад Ларыскі. Усё роўна ляціць, быццам на крылах, да яе, і машыну не хавае — усю ноч стаіць пад яе вокнамі. І ў магазін да яе наведваецца. Хоць бы канспірацыю захоўваў... Калі раней ты з ёй якшаўся, дык чорт з табой. А цяпер, калі ў такую гульню ўвязаўся... Не, гэтая сцерва можа ўсё сарваць, — з адчаем кідала ў паветраную прастору Ала.

— Дык можа ж ён кахае яе? — ужо чыста па-жаночаму дапытвалася я.

— Халера іх ведае, — адказала Ала. — Толькі ж людзей смяшыць навошта? Узяў бы ды пераходзіў да Ларыскі.

— Ну і...

— Быццам сама не ведаеш. Галя ж не ідзе на скасаванне шлюбу. І Валодзя з ёй па Сашавай просьбе колькі гутарыў — ні ў якую.

— Чаму тады сам не падасць заяву ў нарсуд?

— Таму што імідж свой не хоча псаваць. Адна справа, што жонка з ім разводзіцца, і зусім іншая, калі ён з ёй. Вэрхал тады ўзнімецца на ўсю рэспубліку.

— Ну і хітрэц! — усклікнула я. — І рыбку хоча з'есці, і костачкай не падавіцца.

— Ай, хопіць пра гэта, — апамяталася Ала. — Няхай самі расхлёбваюць кашу, якую заварылі.

Відаць, у парыве непажаданых эмоцый Ала Канаплёва выказала зусім не прызначанае маім вушам. І цяпер шкадавала сама. Я чытала на яе твары бег тых эмоцый, роўна як і пошук нейтралізацыі пададзенай інфармацыі пра магчымага прэзідэнта. Часу на гэта было ой як мала, і Ала спынілася на бяспройгрышным варыянце: засяродзіла ўвагу на дзецях, плаўна перайшоўшы на маіх, быццам бы нічога больш важнага для яе не існуе, чым іх жыццеўладкаванне. Адна з маіх вартасцей — я паважаю вострых на розум людзей. Таму зрабіла выгляд, што заглынула нажыву са сквапнасцю шчупака. Яшчэ некалькі хвілін яна пагаварыла і, пераканаўшыся, што дасягнула сваёй мэты, паспяшалася развітацца.

Дзякуй табе, Ала. Ты нават і ўсвядоміць не можаш, як паўплывала на вынік унутранай маёй барацьбы! Як ні дзіўна, але менавіта гэтымі выказваннямі ты шырэй раскрыла мне вочы на Аляксандра Лукашэнку. Я зразумела: ён звы-чай-ны. І нават такі ж бабнік, як і многія іншыя мужыкі.

І я ліхаманкава стала шукаць шляхі развянчання куміра мільёнаў, вырашыўшы абнародаваць факты з яго біяграфіі. Тыя, хто захоча цяпер пачуць мяне, — пачуе. А калі захоча праверыць — калі ласка, вось вам факты. А яны, як вядома, рэч упартая, ніякай салаўінай трэллю іх не засціш. Тады, летам 1994 года, я спачатку мела намер іх абнародаваць, даслаўшы артыкул у якую-небудзь рэспубліканскую газету. Але потым схамянулася: сама журналіст, і сумны лёс такіх матэрыялаў мне знаёмы да драбніц... Вось каб знайсці пуп нашай зямлі беларускае, ускараскацца на яго вышыню дый крыкнуць на ўсю моц: "Людзі, не галасуйце за Лукашэнку, бо падманецеся!". Толькі хто пачуе той слабы чалавечы голас у моры страсцей, якое разгайдалі апантаныя ды прагныя да ўлады палітыкі. Але ж і маўчаць не магу, таму дазвольце мне, людзі, можа і са спазненнем, данесці да вас гэты сатканы з жыцця матэрыял.

* * *

... Сваю першую пасля тае размовы раніцу я пачала з наведання "дэпутацкага" пакоя, ад якога ў мяне пакуль што былі ключы. Першай патэлефанавала Т.М.Анішчанцы ў Горкі.

— Гэта ты, Вольгачка? — азвалася яна. — Ну як там жывецца табе, як дзеткі?

— Якія табе дзеткі, — зусім не дыпламатычна абарвала яе я. 3 Таццянай Міхайлаўнай мы былі знаёмы яшчэ з часоў цара Гароха і выдатна разумелі адна адну. — Ты лепш скажы, за каго будзеш галасаваць?

На другім канцы провада весела рассмяяліся.

— Даліся табе гэтыя выбары. Я ніколі на іх не хадзіла і не пайду. За каго Віктар (муж) прагаласуе, за таго і ладна.

— Вось з-за такіх, як ты, і будзем потым пакутаваць — эмацыянальна зашыпела я ў трубку. — Ты ж зразумей: за каго прагаласуем, такое і жыццё будзе.

— Ладненька, — вырашыла яна супакоіць мяне. — Прагаласуем усёй сям'ёй за Лукашэнку. Ён твой сусед: ты сапраўды ведаеш яго лепш.

— Менавіта таму я і прашу цябе ні ў якім разе не галасаваць за яго.

Я не бачыла выразу твару неймавернай дабрыні гэтай жанчыны, але, мяркуючы па занадта зацягнутай паўзе, ён, напэўна, быў надта здзіўлены.

— Ці не пачулася мне? — перапытала яна зусім па-сур'ёзнаму. — А як жа твая ранейшая агітацыя?

— Я памылілася, — сказала я ёй і хутка развіталася.

Набрала ўслед нумар Т.М.Рынкевіч, таксама з Горак. Я яе "завербавала" падчас наведвання Беларускай сельгасакадэміі. Усё сваё жыццё яна прысвяціла дзецям і людзям увогуле, працуючы спачатку выхавацелькай, а потым загадчыцай элітнага ў горадзе чацвёртага садка. Ведаючы пра яе аўтарытэт сярод мясцовых жыхароў, я і звярнулася тады да яе з вялікай сваёй просьбай. Хоць і не з лёгкім сэрцам: Тамара Міхайлаўна толькі-толькі пачала адыходзіць ад хваробы.

— Як добра, што вы пазванілі, — адказваючы на прывітанне, сказала яна. — Я сон вешчы бачыла: пераможа Лукашэнка. Але падрабязнасці потым. Вам, адчуваю, няма калі, — таму бліжэй да справы. Я абышла амаль усе шматпавярхоўкі ў акадэмгарадку, запоўніла ўсе вашы аркушыкі. Так, што можаце прыязджаць і забраць іх. Толькі больш, прашу прабачэння, не магу займацца гэтай справай — стамляюся вельмі. Тым больш, што шмат энергіі ідзе на размовы. Людзі распытваюць пра Лукашэнку, думаючы, што я яго ведаю. А на самай справе адно ведаю: толькі Лукашэнка станоўча можа паўплываць на лёс нашай Беларусі. Вы чуеце мяне, Вольга Міхайлаўна? Што вы маўчыце? Ало, ало!

— Чую, Тамара Міхайлаўна, — падаўлена адказала я. Эх, калі б мы размаўлялі ўжывую, я, напэўна, змагла б патлумачыць і быць зразуметай. А ў даны момант яна рэзка перабіла мае блытаныя тлумачэнні:

— А я вам не паненка, якая мяняе свае светапогляды, як пальчаткі. У мяне яны, у адрозненне ад вашых, прабачце, стабільныя. Прызнаюся, не без вашай дапамогі я зарыентавалася на Лукашэнку, хоць і раней захаплялася яго выступленнямі на пленарных пасяджэннях Вярхоўнага Савета. Веру ў яго, за яго і будзем галасаваць. Праўда, Аляксей Іванавіч (адрасавана мужу)? А вам, паколькі мне па ўзросту ў дочкі прыдатная, параю: больш адказнай будзьце за свае словы і ўчынкі. Усё, прашу прабачэння, бывайце!

Знясіленая, я паклала трубку на стол. Яна доўга яшчэ даймала кароткімі гудкамі, што быццам уколы сумлення шпілялі ў мозг. Балюча так было. Потым, крыху справіўшыся з роспаччу, пакпіла з сябе за непадрыхтаванасць да гутаркі з Тамарай Міхайлаўнай. Ёй патрэбны былі важкія аргументы, хоць бы факты пра "маліноўскую" машыну. А можа зрабіць гэта зараз?

"КАМУ ЖЫВЕЦЦА Ў НАС ПРЫВОЛЬНА?"

Пад такой назвай у раённай газеце "Ударны фронт" быў змешчаны мой матэрыял. У ім раскрываліся факты крадзяжу дзяржаўнай маёмасці па матывах праверкі, зробленай начальнікам упраўлення эканомікі і прагназавання райвыканкама Г.М.Лаўранковым, датаванай 25 мая 1993 года. Справаздачу па ёй, памятаю, рабіла загадчыца райфінаддзела, член райвыканкама Н.А.Ермакова на адным з яго пасяджэнняў. Можа, як і раней у такіх выпадках, павыказваліся б члены выканкама наконт паднятых фактаў, паабураліся б дзеля блізіру і, як заўсёды, — забыліся. Але на іншы паварот падзей паўплывала адна акалічнасць — у якасці запрошанай (як загадчык аддзела радыёінфармацыі) на пасяджэнні прысутнічала я. Вядома, не для маіх вушэй планавалася тая справаздача, але я за яе ўчапілася. Ці ж я не журналістка, што магу прайсці міма "смажаных" фактаў? Тым больш, што ў гэтай яўна крымінальнай гісторыі — хто прама, а хто ўскосна — былі замешаны намеснік старшыні райаграпрама Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, старшыня ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання (на той момант — раённае аграпрамысловае аб'яднанне — РАПА) Анатоль Міхайлавіч Фірага.

А справа была вось у чым: у Шклоўскі раён па цэнтралізаванаму фондаваму размеркаванню яшчэ ў 1991 годзе павінна была паступіць аўтамашына маркі ЗІЛ з прычэпам. Але па вуснай дамоўленасці са слаўгарадскай раённай бальніцай, дакладней, яе галоўным урачом В.І.Трусілам, раённае аграпрамысловае аб'яднанне ў асобе яго старшыні А.М.Фірагі абменьвае гэтую вялікагрузіну на элегантную "Ніву" для быццам бы службовых мэтаў намесніка старшыні РАПА Уладзіміра Ісакавіча Маліноўскага. Па даверанасці той забірае яе ў Слаўгарадзе і ставіць у свой гараж каля дома ў вёсцы Рыжкавічы. Сам праз пэўны час звальняецца з працы і ідзе дапамагаць весці сялянскую гаспадарку "Дыяна", якой па паперах кіруе яго жонка.

Я ўжо згадвала, як сваёй пастановай пра фермерства Вярхоўны Савет адчыніў "зямельныя шлюзы" і шклоўскай эліце. У складзе іншых новаспечаных "фермераў" былі і згаданыя ў газетным матэрыяле Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Анатоль Міхайлавіч Фірага. Першы і трэці з названых паафармлялі дакументы на жонак.

Пасля таго пасяджэння я не паспяшалася пайсці ў свой кабінет, а пачакала Надзею Андрэеўну Ермакову, з якой была ў добрых адносінах. Я папрасіла яе растлумачыць мне дзівосы з "Нівай". Яна спачатку напусціла на сябе выгляд вагання, а ўжо праз якую хвіліну аблегчыла, відаць, і сваю душу:

— Калі прама сказаць, дык падараваў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка свайму чалавеку аўтамабіль.

Але прыналежнасць да наменклатуры ўзяла верх, і Надзея Андрэеўна больш сціпла дадала:

— Тут столькі ўсяго незразумелага, заблытанага, што хоць ты праводзь новую праверку па тых слядах.

— Надзея Андрэеўна, — падступала я бліжэй да справы, — гэта афера, па-вашаму, ці службовая халатнасць?

— Афера, — канстатавала яна. — Але, сказаць па праўдзе, канцоў вам не знайсці. І па-сяброўску параю: забудзьцеся пра тое, што чулі на пасяджэнні.

— Што, не па Сеньку шапка? — запыталася я.

Надзея Андрэеўна адрэагавала мімікай, што азначала згоду. Шчыльна прыціснуўшы да грудзей папку з актамі праверкі, я выйшла з кабінета з цвёрдым намерам рыхтаваць матэрыял. У выніку на наступным тыдні ён і з'явіўся пад назвай "Каму жывецца ў нас прывольна". У ім я даслоўна выкарыстала вытрымку з акта праведзенай праверкі. Але, перш чым працытаваць яе, папрашу ўсіх, хто будзе чытаць, праявіць як мага больш вытрымкі. 3-за наўмыснай заблытанасці фактаў удзельнікамі аферы. Прашу пераканацца.

"У ходзе праверкі ўстаноўлена, што аўтамабіль ВАЗ-2121 "Ніва" (дзяржаўны нумар 76-79 МГА) выпуску 1990 года перададзены слаўгарадскай райбальніцай Шклоўскаму РАПА па даверанасці, выдадзенай на імя Маліноўскага У.І. (№64 ад 15.10.90г.) па кнізе даверанасцей РАПА. Грошы за аўтамабіль пералічаны саўгасам "Гарадзец" ад 5 снежня 1990 года плацежным даручэннем №361 у суме 3551 рубель. Па тлумачэнню дырэктара саўгаса "Гарадзец" Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, данае пералічэнне сродкаў зроблена па ўзаемнай вуснай дамоўленасці з былым старшынёй раённага аграпрамысловага аб'яднання Анатолем Міхайлавічам Фірагам у лік устаноўленых плацяжоў саўгаса на ўтрыманне РАПА.

Згодна з матэрыяламі бухгалтэрыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, сапраўды ў 1990 — 1991 гадах саўгасам "Гарадзец" запланаваныя адпаведна 9800 і 10700 рублёў на ўтрыманне апарата РАПА не пералічваліся. Пералічаныя саўгасам "Гарадзец" слаўгарадской бальніцы 3551 рубель за аўтамабіль "Ніва" не адлюстраваны ў бухгалтарскім уліку як залік у кошт долі саўгаса на ўтрыманне РАПА.

Дакументы на ўтрыманне па накладной ад 16 кастрычніка 1990 года аўтамабіля ВАЗ-2121 не былі здадзены Маліноўскім У.І. ні ў бухгалтэрыю РАПА, ні саўгасу "Гарадзец", у выніку чаго ён не быў апрыходаваны па бухгалтарскаму ўліку.

Разам з тым неабходна адзначыць, што вышэйназваны аўтамабіль знаходзіцца ў эксплуатацыі раённага аграпрамысловага аб'яднання, якім выдзяляліся сродкі на яго ўтрыманне, уключаючы і грошы на запасныя часткі (па рахунку № 150 ад 16.05.91Г. на суму 312-44 руб. і па рахунку №192 ад 1.06.91Г. на суму 1571 руб.).

13 снежня 1991 года сялянскай гаспадаркай "Дыяна" пералічана за аўтамабіль ВАЗ-2121 "Ніва" 3195 рублёў у саўгас "Гарадзец".

20 студзеня 1992 года сялянская гаспадарка "Дыяна" пералічыла за аўтамабіль ВАЗ-2121 "Ніва" 3195 рублёў у раённае аграпрамысловае аб'яднанне, якія 27 студзеня гэтага ж года вернуты сялянскай гаспадарцы "Дыяна" як крэдыторская запазычанасць.

14 лютага 1992 года, згодна акту перадачы, які знаходзіцца ў справе Дзяржаўнай аўтаінспекцыі Магілёўскага аблвыканкама, па нерастлумачаных прычынах указаны аўтамабіль перададзены слаўгарадскай раённай бальніцы ў асобе галоўнага ўрача В.І.Трусілы, а потым ад яго — сялянскай гаспадарцы "Дыяна", на якую ён і зарэгістраваны.

8 снежня 1992 года саўгас "Гарадзец" вярнуў сялянскай гаспадарцы "Дыяна" 3551 рубель".

Вось такая прыказка. Казка, калі верыць крылатаму выразу, павінна быць наперадзе. Дык вось, згаданы аўтамабіль "Ніва" і сёння знаходзіцца ва ўласнасці У.І.Маліноўскага. Таму ўсе пытанні застаюцца па-ранейшаму актуальнымі.

Па-першае (у чарговасці па тэксту): раённае аграпрамысловае аб'яднанне мяняе вялікагрузны аўтамабіль, ды яшчэ з прычэпам, на легкавы аўтамабіль "Ніва". Кошт абедзвюх машын вельмі нават няроўназначны. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: куды падзелася рэшта сумы, атрыманая ад такога абмену? Яна павінна была быць, у адваротным выпадку закрадваецца думка, што ЗІЛ той з прычэпам усё яшчэ едзе да той слаўгарадскай бальніцы... А навошта, прабачце, бальніцы вялікагрузны аўтамабіль? Няўжо ў Слаўгарадзе столькі хворых, што іх трэба вазіць штабялямі, загружаючы пры гэтым яшчэ і прычэп? Ці не прасцей было эксплуатаваць "Ніву", у якой можа прывольна адчуваць сябе хоць бы той самы галоўны ўрач В.І.Трусіла. І чаму трэба было абавязкова дамаўляцца са Шкловам? Няўжо на такую каштоўную машыну, у народнагаспадарчым сэнсе, ЗІЛ з прычэпам, ды яшчэ новую, не паклалі б вока ні ў адной арганізацыі Слаўгарадскага раёна?

Па-другое: "Грошы ў суме 3551 рубель пералічваюцца саўгасам "Гарадзец" слаўгарадскай райбальніцы, з улікам устаноўленых плацяжоў саўгаса на ўтрыманне РАПА". Ну, тут ужо "ў агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька". Вельмі падазроным здаецца ўдзел саўгаса "Гарадзец", а дакладней, яго дырэктара Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў аплаце за аўтамабіль. Якое саўгас гэты мае дачыненне да спачатку павіслага ў паветры (а на самай справе пастаўленага ва ўласным гаражы Маліноўскага) аўтамабіля? І чаму трэба было аплачваць паслугі слаўгарадскай бальніцы "ва ўлік устаноўленых плацяжоў саўгаса "Гарадзец" наўтрыманне РАПА", якія знаходзяцца ў палярных кропках геаграфічнай карты Магілёўскай вобласці і не маюць ніякіх агульнабюджэтных стасункаў? І яшчэ больш незразумела, за што і пра што дамаўляліся, ды яшчэ вусна, старшыня раённага аграпрамысловага аб'яднання А.М.Фірага і дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка. Аб тым, што запланаваныя 9800 рублёў і 10700 рублёў адпаведна ў 1990 і 1991 гадах саўгасам не пералічваюцца на ўтрыманне апарата РАПА? Ужо толькі таму, што яны запланаваныя, іх трэба аддаваць. Як, прынамсі, рабілі ўсе без выключэння гаспадаркі. Ужо хто-хто, а дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, якім на той момант стаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, павінен быў гэта ведаць. Ведаць і не парушаць фінансавую дысцыпліну.

На якія такія патрэбы неабходны былі тыя грошы (9800 руб. і 10700 руб.) саўгасу "Гарадзец"? А мо і ўвогуле не саўгасу "Гарадзец" а, калі пафантазіраваць, напрыклад, у якасці кампенсацыі за выбарчую кампанію, а рэшту пакласці на ашчадкніжку А.Р.Лукашэнкі, якой ён і цяпер пахваляецца, пасмейваючыся, што інфляцыя ўсё з'ела? А мо і знаходзіцца ў такім добрым настроі прэзідэнт, што не крывавым мазалём былі набытыя тыя грошы? Фу ты, прабач, Гасподзь, якія думкі крамольныя ў галаву лезуць. І ўсё з-за такой заблытанасці ў паперах.

Па-трэцяе: "Дакументы на атрыманне па накладной ад 16(?) кастрычніка 1990 года аўтамабіля ВАЗ-2121 не былі здадзены Маліноўскім У.І. ні ў бухгалтэрыю РАПА, ні саўгасу "Гарадзец""... Вось як атрымліваецца, РАПА выдае Маліноўскаму У.І. даверанасць за №64 у 1990 годзе, а ні дакументаў, ні машыны, выдадзенай па ёй, не патрабуе? Чаму змоўчаў гэты фіціль дырэктар саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнка? Атрымалася, што гаспадарка па віне кіраўніка падаравала "дзядзю Валодзю" заробленыя калектывам грошы, нават не чуўшы пра таго і не бачыўшы ў твар? А што на самай справе хаваецца за шчодрасцю дырэктара? Гэтыя незразумеласці таксама правакуюць мяне на дадумванне. Здаецца, я маю права на гэта хоць бы ўжо таму, што жыла па суседству з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам і Уладзімірам Ісакавічам Маліноўскім у Рыжкавічах, а дакладней, паміж імі — на тэрыторыі калгаса імя Леніна. Таму ведаю тое, што ведаюць усе: Аляксандр Рыгоравіч за два гады да прызначэння ў саўгас "Гарадзец" працаваў ў калгасе імя Леніна намеснікам старшыні калгаса, якім на той момант кіраваў Уладзімір Ісакавіч. І менавіта калектыў калгаса імя Леніна ў асобе Уладзіміра Ісакавіча Маліноўскага прапанаваў вылучыць былога намесніка старшыні гаспадаркі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку кандыдатам у дэпутаты ў вышэйшы орган краіны. Тады, мусіць, былы дэпутат і першы прэзідэнт краіны такім чынам разлічыўся за аказаную паслугу? І, мабыць, шчодра, таму што, па дзіўнаму супадзенню, у двары У.І.Маліноўскага стаіць не толькі беленькі аўтамабіль "Ніва" з дзяржаўным нумарам 76-79 МГА, але і новенькі ЗІЛ з прычэпам? Зноў, будзь ты няладная, свідруе мазгі фантастычная, нічым не падмацаваная, крымінальная думка. А можа, таму і не падмацаваная, што крымінальная? А мо, таму і крымінальная, што фантастычная?

Па-чацвёртае: дзе логіка ў дзеянні старшыні РАПА А.М.Фірагі, калі ён выдзяляе грошы на ўтрыманне не існуючага ў аб'яднанні аўтамабіля і выдаткоўвае значную па таму часу суму на запчасткі? Грошы на зусім новы, падкрэсліваю, аўтамабіль?

Па-пятае: "Дыяна" пералічвае саўгасу "Гарадзец" праз год 3195 рублёў. Калі вяртае пазыку, дык чаму не 3551 рубель, колькі той пералічыў у свой час за аўтамабіль? І чаму не з плюсам — з улікам галапуючай інфляцыі даплатай? І чаму з вылікам патрачанага на ўтрыманне аўтамабіля РАПА яшчэ больш паловы яго кошту, і таксама без уліку інфляцыі?

Па-шостае: усяго праз няпоўны месяц "Дыяна" пералічвае такую ж, капеечка ў капеечку, суму на рахунак РАПА. Паразважаўшы, прыходзім да вываду, што таму і дубліруе сялянская гаспадарка з мілагучнай назвай "Дыяна" тую суму, што так лягчэй сляды заблытаць, і, на што яна не магла разлічваць пры запаўненні плацежнай ведамасці ў "Аграпрамбанку", грошы не замарудзілі вярнуцца назад у аргуменце крэдыторскай запазычанасці. Але, прынамсі, чаму менавіта з такой фармулёўкай? РАПА што, пазычала ў маліноўскай "Дыяны" грошы? І такім дзіўным манерам?

У сёмае дзеянне камедыі 14 лютага 1992 года ўступае ДАІ Магілёўскага аблвыканкама. Да гэтага часу маліноўская "Дыяна" зноў перадала аўтамабіль "Ніва" (мяркую, толькі дакументы на яго) слаўгарадскай райбальніцы і зноў у асобе таго ж самага В.І.Трусілы ды яшчэ "па нерастлумачальных прычынах". Няхай бы тыя "нерастлумачальныя прычыны" і прымусілі б "паварушыць мазгамі" супрацоўнікаў абласной міліцыі, разблытаць той хітры клубок і прыцягнуць да адказнасці ўсіх яго ўдзельнікаў? А не, не заўважылі нават і потым, калі ў той жа дзень В.І.Трусіла зноў перадаў тую элегантную "Ніву" маліноўскай "Дыяне", паспяшаліся яе зарэгістраваць за названай гаспадаркай.

Па-восьмае: за Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам нават у гэтай гісторыі застанецца апошняе слова. Дачакаўшыся ажно 8 верасня 1992 года, па яго, мяркую, ініцыятыве вяртае саўгас "Гарадзец" Маліноўскім немаведама як прыдуманую і пералічаную імі суму ў памеры 3195 рублёў,што роўна восем месяцаў праляжала на гарадзецкім рахунку.

Пасля такой галаваломкі можна было б і паставіць кропку. Але як жа яе паставіць аўтару газетнай публікацыі, калі яе не паставіла правасуддзе? Я і цяпер, прызнаюся, слухаючы прамовы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі па радыё і тэлебачанню, не перастаю задавацца пытаннем: дык хто ж на самай справе наш прэзідэнт: аферыст, як вынікае з незакончанай справы па перакачцы аўтамабіля, ці нявінная ахвяра гэтай заблытанай аўтамабільнай справы? Як у першае, так і ў другое цяжка паверыць, але і не паверыць — таксама цяжка! Хоць бы ўжо таму, што гэтая аўтамабільная справа раскручвалася пад "крышай" кагосьці магутнага пры ўладзе, бо мела міжраённы і нават абласны размах. Вось і думай пасля гэтага.

Што, стаміліся сачыць за папяровай гульнёй? У мяне і самой галава ад напружання пудовай гірай куляецца на плячах. І ўсё ж, нягледзячы на нашу з вамі аналітычную руплівасць, трэба, напэўна, паклікаць на дапамогу прафесіяналаў з ліку кантралюючых і, хутчэй за ўсё, праваахоўных органаў. Бо калі ўжо супрацоўнікі Шклоўскага райфінаддзела разам з былой загадчыцай Н.А.Ермаковай, а таксама начальнікам упраўлення эканомікі і прагназавання райвыканкама Г.М.Лаўранковым ды яшчэ былым пракурорам Шклоўскага раёна С.Д.Сергамасавым нічога незвычайнага не ўбачылі ў гэтай справе, дык дзе ўжо нам, радавым, "памяркоўным" беларусам, разабрацца...

"ТЭРМІНУ ДАЎНАСЦІ НЕ ПАДЛЯГАЕ"

Зусім не выпадкова я ўзяла гэтую назву. Бо па віне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі дыскрэдытуецца тытул прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Спадзяюся, што ён сам зацікаўлены ў тым, каб расставіць правільныя акцэнты ў гісторыі з аўтамабілямі. Так, так, двума аўтамабілямі — ЗІЛ з прычэпам і ВАЗ-2121 "Ніва". Таму што калі другі адкрыта раз'язджае, дзе хочацца яго гаспадарам, то лёс першага зусім выпаў з поля зроку.

Працяг пачатай у папярэднім раздзеле гісторыі з аўтамабілямі — у пратаколе пасяджэння Шклоўскага райвыканкама ад 25 мая 1993 года: "... Перадача слаўгарадскай райбальніцай аўтамабіля "Ніва" сялянскай гаспадарцы "Дыяна" зроблена незаконна. Гэтай здзелкай дзяржаве нанесены значны ўрон... Прасіць пракурора раёна С.Д.Сергамасава ... аказаць садзейнічанне ў вяртанні яго законнаму ўладальніку — упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання".

Тады такое рашэнне мяне шчыра ўзрадвала: нарэшце, думалася, справе будзе дадзена належная прававая ацэнка. І тут, пасля публікацыі майго матэрыялу "Каму жывецца ў нас прывольна" ў раённай газеце, да мяне завітаў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён тады яшчэ быў маім кумірам. Але, як кажуць, Платон мне сябар, а ісціна даражэй. Таму я, з нецярпеннем дачакаўшыся, пакуль госць усядзецца, працягнула яму газету з публікацыяй і спыталася, гледзячы прама ў вочы:

— Якое дачыненне маеце да гэтай аферы асабіста вы, Аляксандр Рыгоравіч?

Ён раскрыў газету і, адразу ўперыўшы погляд у патрэбнае месца (відаць, ужо прачытаў), адказаў, не падымаючы галавы:

— Ніякага. Я проста пералічыў грошы ў лік устаноўленых плацяжоў саўгаса на ўтрыманне РАПА. Больш нічога не ведаю.

Я паверыла, і ў мяне адлегла ад сэрца. Падзялілася з ім патаемным напаўголаса:

— Ведаеце, я дала сабе слова адваяваць гэтую машыну ў Маліноўскага і вярнуць яе дзяржаве. Які нахабнік, а?

Аляксандр Рыгоравіч паддакнуў:

— А што, за ўсё трэба плаціць.

Цяжка было не звярнуць увагі на змяненне яго голасу. Але мала што бывае, можа ў чалавека дрэнны настрой? І я, адмёўшы гэтую дробязь, працягвала:

— Я адправіла матэрыялы на рэагаванне пракурору Сергамасаву. Чакаю адказу. А потым, калі ён памкнецца спусціць усё на тармазах, звярнуся да Генеральнага пракурора.

Аляксандр Рыгоравіч уважліва паглядзеў на мяне. Вельмі ўважліва. І нечакана падняўся:

— Усё, прабач, чакаюць справы, — і працягнуў руку для развітання. Калі за ім зачыніліся дзверы, я крыху задумалася: не такой рэакцыі чакала ад яго — разлічвала хутчэй на ўхваленне. Ён жа такі актыўны барацьбіт з карупцыяй! Але, апраўдаўшы ўсё стомай, лёгенька ўздыхнула: не, я веру гэтаму чалавеку, ён сапраўды ні ў чым не вінаваты.

Але поўнага спакою не было, не сядзелася на месцы. Паімчалася да Надзеі Андрэеўны Ермаковай, загадчыцы райфінаддзела. Балазе яна была ў кабінеце адна, што рэдка бывала. Выслухаўшы з маіх вуснаў прэзумпцыю невінаватасці Лукашэнкі, яна ... зайшлася ад смеху. Праз некалькі хвілін, выцершы насоўкай слёзы, запыталася:

— Няўжо вы верыце гэтаму чалавеку? Калі ён такі анёльчык, дык куды падзяваліся з саўгаснага двара машыны, трактары, якія ён з дапамогай дэпутацтва "прабіў" для "Гарадца"? Асабіста я ведаю пра новенькі "Беларус", які Лукашэнка па чыста сімвалічнай цане аддаў, проста прэзентаваў бацьку Ларысы Маськовай. Магу назваць і яшчэ некалькі такіх адрасоў. А той ЗІЛ з прычэпам, пра які вы пісалі, дзе падзеўся, а? А на што пайшлі грошы, якія былі пералічаны ў саўгас "Гарадзец" для будаўніцтва пасёлка для перасяленцаў з Чарнобыльскай зоны? Ай, ёсць што гаварыць, ды няма каму слухаць, — на поўным сур'ёзе закончыла Н.А.Ермакова і, махнуўшы рукой, цяжка ўздыхнула.

Я тады надта была зацыклена на машыне Маліноўскага, каб адэкватна ўспрымаць тую інфармацыю. А калі і ўспрыняла б, то, пераканана нават і цяпер, анічога б не "раскапала". "Кішка тонкая", як сказаў бы, цяпер ужо мне асабіста, А.Р.Лукашэнка.

... Дні ляцелі хутка. Лета не давала падняць галавы ад градаў і асноўнай, журналісцкай працы. Тады яна давала шанс на такі-сякі пражытак. Гэта цяпер усёй палучкі не хапае нават на неабходныя прадукты харчавання. Адказу ад пракурора раёна так і не дачакалася, але не губляла надзеі. Аднойчы, ідучы на работу, прама перад Домам Саветаў сустрэлася з Генадзем Міхайлавічам Лаўранковым. Ён, у характэрнай для яго манеры, адразу ж задаў дзелавое пытанне:

— Ці дачакаліся рэакцыі на ваш матэрыял з афіцыйных органаў?

— Ніякай. Лукашэнка толькі заходзіў і пацвердзіў сваю невінаватасць.

— Праўда? — ажывіўся ён. І, не дачакаўшы працягу, сказаў:

— Вось і ладненька. Цяпер справу тую будзем разблытваць усе разам: з аднаго боку — Лукашэнка, з другога — вы, з трэцяга — райвыканкам. А чацвёртага каго

паклічам на дапамогу, Вольга Міхайлаўна?

— Суд? — весела запыталася я.

— Які там суд! — не ва ўнісон маёй эмоцыі сур'ёзна адказаў Г.М.Лаўранкоў. — Няхай вернуць машыну — і ўсё. Я, дарэчы, таксама адаслаў паперку Сергамасаву, каб той разабраўся з гэтай "Нівай". Але рэакцыі пакуль няма.

А я, ледзь пераступіўшы парог рэдакцыі, пачала тэлефанаваць у райпракуратуру самому Сергамасаву. Тактоўна выслухаўшы маю тыраду, Сяргей Дзмітравіч адказаў:

— І першае ваша пісьмо, і напамінак я атрымаў. Прашу прабачыць, што затрьмаліся з адказам. Усе мае работнікі ў адпачынку, і я кручуся, бы тая вавёрка ў коле. Але разумею, што вас падводжу, таму давайце дамовімся так: заўтра я прышлю вам адказ. Што? Не, не па пошце, наша сакратарка прынясе. Добра?

О, мала сказаць добра, — зусім выдатна. Але... няўжо ўсё так проста? То чаму цягнуў справу, быццам ката за хвост? Напэўна, вінавата я сама, не напомніла, не патэлефанавала. Начальнікі, відаць, папрызвычайваліся, каб ім па сто разоў пакланіўся. Але не стала надта наракаць на начальніцкія звычкі, з нецярпеннем пачала чакаць наступнага дня. А праз дзень яшчэ патэлефанавала Сяргею Дзмітравічу: не адказаў. Я набрала нумар сакратаркі і спыталася ў яе наконт пракурора.

— Сяргей Дзмітравіч у водпуску, — канстатавала яна і паклала трубку.

— ?!!

Задрыжаўшай рукой зноў набрала нумар пракуратуры і ледзь не крычу ў трубку:

— У якім водпуску? Ён нічога не казаў пра яго,

— А Сяргей Дзмітравіч і не абавязаны нікога апавяшчаць пра свае планы.

— Прабачце, як ён можа ўзяць водпуск, калі ўсе яго памочнікі таксама яшчэ адпачываюць.

— Сяргей Дзмітравіч, прабачце, пра гэта паклапаціўся. У нас усе на месцах і ўсе працуюць.

— Прабачце, а для рэдакцыі нічога не перадаваў пракурор? Ён абяцаў, што вы да нас зойдзеце.

— Упершыню пра гэта чую.

Ой, як брыдка стала на сэрцы! Што ж гэта творыцца? Дзе прафесійная этыка, дзе элементарная чалавечнасць у гэтых людзей, надзеленых уладай? Толькі не, я не скаруся. У мяне яшчэ ёсць сіла для барацьбы. І я ў той жа дзень напісала Генеральнаму пракурору. І матэрыял той, з газеты, адаслала. А каб зэканоміць генпракурораўскі час, падкрэсліла патрэбныя моманты. І усяго праз тыдзень атрымала адказ з Генпракуратуры, які змяшчаў паведамленне — абяцанне "ўказаць пракурору Сергамасаву С.Д. на недапушчальнасць такіх метадаў работы з насельніцтвам (чамусьці менавіта так. — Аўт.)" і што, маўляў, пракурора абавязалі адрэагаваць на запыт рэдакцыі, папярэдне правёўшы дадатковае расследаванне.

Прачытаўшы, лёгенька ўздыхнула і пацерабіла сябе за нос: а ты, дурненькая, баялася. Цяпер, нарэшце, разарвецца гэтае зачараванае кола: прафесіяналы лёгка пройдуць усе звёнцы злачынства. І я з надзеяй ізноў пачала чакаць паведамлення з райпракуратуры, не надта наракаючы на час. Ведала, што пры паўторным расследаванні, якое абяцалі ў Генеральнай пракуратуры, яго спатрэбіцца нямала... Пакуль раптам не пачула навіну: С.Д.Сергамасаў тэрмінова павышаны ў пасадзе і цяпер ужо ездзіць на працу са Шклова ў абласны цэнтр. Але, расхваляваўшыся спачатку, супакоілася. Маўляў, кадры мяняюцца, а справы застаюцца, таму праца над імі не спыніцца.

Спынілася. У краіне з'явіўся прэзідэнт. Генеральны пракурор Васіль Капітан пайшоў у адстаўку. Надзея Андрэеўна Ермакова ў 1994 годзе пераводзіцца з райвыканкама ў Шклоўскае аддзяленне "Аграпрамбанка" ўпраўляючай, а яшчэ праз год — у "Беларусбанк" намеснікам старшыні, а потым і старшынёй. Генадзь Міхайлавіч Лаўранкоў назначаецца старшынёй райвыканкама. Сяргей Дзмітравіч Сергамасаў — пракурорам аддзела па нагляду за следствам у органах РАУС і пракуратурах па Магілёўскай вобласці. Такім чынам, усе трое, хто у свой час змушаны быў пракантраляваць тую здзелку з машынамі, былі цёпленька ўладкаваны А.Р.Лукашэнкам. Ну як тут не ўбачыш падаплёку?

Яшчэ адзін раз паспрабавала я ажывіць тую, як цяпер называю, "лукашэнкаўскую" справу. На адным з Соймаў БНФ у перапынку падышла да З.С.Пазьняка і, кораценька пераказаўшы сутнасць матэрыялаў, перадала іх Зянону Станіслававічу са словамі:

— У мяне не атрымалася давесці гэтую справу да лагічнага завяршэння, дык можа вам як дэпутату Вярхоўнага Савета будзе лягчэй.

Зянон Станіслававіч Пазьняк паклаў мае паперы — выразку з газеты, адказ з Генпракуратуры — у правую кішэню і задуменна паглядзеў на мяне.

А яшчэ ў калядныя дні 1997 года нагадаў пра сябе сам Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі. Тады фірма "Табея" з Германіі прывезла шклоўскай дзятве падарункі. Не абмінула тая дабрачынная хрысціянская місія і "прэзідэнцкі" садок у Рыжкавічах, як называлі яго за тое, што там працуе жонка А.Р.Лукашэнкі. Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, які стаў за гэты час прасвітарам царквы евангелістаў, суправаджаў гасцей. А мой муж, супрацоўнік райгазеты, атрымаў рэдакцыйнае заданне "асвятліць" у друку тую цікавую сустрэчу гуманітарыяў з дзятвой. Уладзімір Ісакавіч Маліноўскі, выбраўшы зручны момант, сказаў яму:

— Перадайце вашай жонцы, што я ёй дараваў тую публікацыю ў газеце і больш на яе не крыўдую.

Але і я не ў крыўдзе на Уладзіміра Ісакавіча Маліноўскага. Я толькі па-ранейшаму хачу ведаць механізм той "аўтамабільнай справы", яе сапраўдных герояў і хачу, каб віноўнікі пакрылі страты, нанесеныя маёй краіне.

ШЛЯХ У АПАЗІЦЫЮ

Памятаю, на адным з экзаменаў у Ленінградскім дзяржуніверсітэце я ледзь не "засыпалася" на вельмі складаным для мяне пытанні: трэба было назваць лідэраў буйнейшых краінаў свету. Я ўпэўнена назвала савецкага, амерыканскага, германскага, кубінскага, кітайскага. Карацей, кім палохалі і кім захапляліся сродкі нашай інфармацыі. І ўсё. Палітыкай тады я не цікавілася і, не задумваючыся, адпіхвала ад свайго ўспрымання ўсе яе праявы. Зусім канкрэтнае патрабавалася ад мяне на экзамене. І я, каб неяк выправіць становішча, быццам лакатарамі, павяла вушамі па аўдыторыі. Вядома ж, памочнікі знайшліся і адгукнуліся ўсе і адразу. Прытым кожны імкнуўся прывабіць маю ўвагу менавіта да сваёй артыкуляцыі. Ну, я і нагаварыла выкладчыку такога, што студэнты з рогату пакаціліся. Я стаяла перад імі, як школьніца перад класам, прысаромленая і расчырванелая. Выкладчык, які на першым этапе ўхваліў мае адказы паклонам галавы, утупіўся ў адну кропку на стале, за якім сядзеў. Потым, калі адчуў у смеху ўжо ноткі здзеклівасці, нахіліўся над сталом, дзе ляжала мая залікоўка. І гучна, на ўсю аўдыторыю сказаў:

— Я стаўлю чацвёрку. Як жанчыне. Вядома ж, з мужчынам ў нас была б зусім іншая размова.

І, падышоўшы да мяне і стаўшы побач, беражліва падняў маю руку на ўзровень сваіх вачэй.

— Я стаўлю добрую адзнаку за мазолістыя гэтыя рукі. Бо калі мы ўсе будзем займацца палітыкай, не будзе каму і карміць нас.

Ад нечаканага павароту падзей аўдыторыя быццам знямела. А я ледзь-ледзь утрымала слёзы. І толькі шмат гадоў пазней па-сапраўднаму ацаніла мудрасць таго чалавека. Сапраўды, ці да палітыкі жанчыне, калі ўвесь жыццёвы цяжар яна змушана несці на сваіх кволых плячах? Гэта яна, жанчына-маці, у адказе за дзяцей, мужа,

састарэлых бацькоў, парадак у доме, дабрабыт сям'і. І толькі адной ёй па сілах цэлы дзень працаваць, карміць, вырашаць бясконцыя праблемы. А ў перапынках, дакладней, на бягу зазіраць у люстэрка і наводзіць прыгажосць.

Прыкладна вось такім жаноча-звыклым было маё жыццё, пакуль не звёў мяне лёс з дырэктарам саўгаса "Гарадзец" А.Р.Лукашэнкам. Толькі дзякуючы яму я пайшла потым у апазіцыю да ўлады. І цяпер не перастаю пераконвацца ў правільнасці выбранага шляху.

Праўда, гэта было не адзінае магчымае выйсце з дыскамфортнага стану. Можна ж было, у рэшце рэшт, вярнуцца "на кругі свая" і працягваць будзённае жаночае жыццё, прымаць яго як належнае. Але — позна. Пазнаёміўшыся з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам і прайшоўшы поруч з ім нейкі актыўны адрэзак зямнога шляху, я ўсвядоміла, што жыццё не даецца само сабою: яго РОБЯЦЬ! Разам з гэтым усведамленнем прыйшло і пачуццё адказнасці. Адказнасці за любую маю радзіму Беларусь. За састарэлых яе грамадзян, што ў гароце мусяць дажываць свой век. За дзяцей, чыю радасць адбіраюць п'яніцы-бацькі. За вясковую дарогу, разадраную бульдозерам. За нязмытыя слёзы бярозкі, што выцякаюць вясною з яе параненага чалавекам ствала. За разбуранае птушынае гняздо. За згаладалых і нядоеных кароў на калгасна-саўгасных фермах. Мне не хацелася, каб падобнае працягвала існаваць у нашым жыцці. Перамены да лепшага я бачыла найперш у змене ўлады.

А на лідэрства ў гэтай новай уладзе прэтэндаваў чалавек, якога я паспела крыху разгледзець, чалавек, які правільна і захапляюча гаварыў, аднак часам дрэнна рабіў і непрыгожа сябе паводзіў. Як многія з нас, дарэчы. Але што даруецца простаму смяротнаму, ніяк не можа быць прымальным для кіраўніка вельмі высокага рангу. І я пайшла ў апазіцыю. У апазіцыю да такой улады.

У Беларускі Народны Фронт я ўступіла да прэзідэнцкіх выбараў, у 1994 годзе. Не ведаю сама, менавіта чаму гэты рух і гэтая партыя прыцягнулі на той момант маю ўвагу. Спачатку я проста хацела афіцыйна адмежавацца ад А.Р.Лукашэнкі. Баялася спазніцца, калі раптам ён прайграе, і тады мой крок у апазіцыю будзе расцэнены як простае здрадніцтва.

На той момант, як мне здавалася, уся жыццядзейнасць Шклоўшчыны была пушчана на самацёк. Уладу маючыя і ўся чыноўніцкая раць былі занятыя толькі цікаваннем: каб не спазніцца раптам пры дзялёжцы ўлады і паспець умасціцца ў крэсла. І калі яшчэ штосьці лячылася, касілася, выпякалася і шылася, дык толькі дзякуючы накручанай дагэтуль сістэмнай спружынцы. А наша раённая газета па тры разы на тыдні стракацела партрэтамі і матэрыяламі ў падтрымку ўсіх кандыдатаў у прэзідэнты. Сама менш месца і ўвагі выпадала 3. Пазьняку. Я і прапанавала тады рэдактару падрыхтаваць матэрыялы ў падтрымку Зянона Станіслававіча.

— Бэ-нэ-эфаўца? — акругліў ён вочы. — А як адрэагуе на гэта твой Лукашэнка?

— Ён маім ніколі не быў. А яшчэ, прызнаюся, я памылілася ў ім. Цяпер пачну выпраўляць сваю памылку.

Мае словы ўспрыняліся тады як жарт. А я дамовілася аб сустрэчы з Леанідам Яфімавічам Аўчыннікавым, членам БНФ, пагутарыла з ім і падрыхтавала яго інтэрв'ю пад назвай "Каб не атрымаць ад абаранка дзірку" (што і адбылося на самай справе пяццю гадамі пазней). І ў той самы дзень сустрэчы з Аўчыннікавым напісала заяву аб прыёме мяне ў БНФ. Да мяне, прызнаюся, шклоўскія апазіцыянеры ставіліся з вялікім недаверам. І нават даводзілася чуць недвухсэнсоўна кінутае слова "правакатар". А я не магла пераканаўча аргументаваць сваю пазіцыю — цяжка было знайсці неабходныя словы. Усё адбывалася пераважна на ўзроўні падсвядомасці, эмацыянальна. Але з кожным годам усё больш пераконваюся, што правільным было маё рашэнне адысці ад Лукашэнкі.

Неяк у самы разгар прэзідэнцкай гонкі прама насупраць райаддзела міліцыі каля мяне затармазілі "Жыгулі". Валодзя Канаплёў, ледзь ступіўшы на зямлю непаслухмянымі ад доўгага сядзення нагамі, не мог зачыніць дзверцы. Мы ўжо даўно не сустракаліся, справы ў Лукашэнкі ішлі добра, і ў дапамозе на ўзроўні райцэнтраўскіх дзеячаў патрэбы больш не было.

— Што здарылася? — з трывогай запытала я. — На табе твару няма.

— Вольга, бяда вялікая, — адказаў ён. — У Лукашэнку пад Лёзнам стралялі. Толькі што па радыё пачуў.

— А-вой! Забілі? — залямантавала я.

— Не, дзякуй богу, жывы. Прамахнуліся, гады. Што творыцца! — сказаў ён сабе пад нос і накіраваўся ў памяшканне міліцыі. А я паразважала крыху і прыйшла да высновы: вельмі нават магчыма, што страляніна тая магла быць правакацыйнай. Рэвальвераў жа ў дэпутатаў хапае. А яшчэ, падумалася, Аляксандр Рыгоравіч вельмі клапатліва ставіцца да свайго здароўя. Калі і правакацыя, то ён не дазволіць кулі нават чыркануць аб сваё адзенне, не кажучы пра што большае. Прыкладна так і аказалася потым.

... У дзень выбараў я галасавала за Зянона Станіслававіча Пазьняка. Але доўга потым аналізавала ў думках і некаторыя іншыя кандыдатуры. Захаплення не выклікалі яны ў мяне. Добра ведала Васіля Новікава, і таксама менш за ўсё хацела бачыць яго прэзідэнтам. Мы працавалі ў свой час разам у Горках: я — на радыё, ён — маім ідэалагічным кіраўніком, г.зн. загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі. А яшчэ раней я, чакаючы, пакуль вызваліцца месца на раённым радыё, працавала некалькі месяцаў машыністкай у БСГА. Я была яшчэ "новенькай", калі аднойчы, падыходзячы бліжэй да машбюро, пачула плач ў суседнім пакоі, дзе працавала загадчыца Ядвіга Антонаўна. Я была тады дрэннай машыністкай і вельмі баялася гэтай строгай жанчыны, калі у самым канцы працоўнага дня яна правярала аддрукаваныя мною аркушы. Ядвіга Антонаўна ў мінулым была франтавічкай. Яе параніла на вайне ў нагу, і яна, моцна кульгаючы, была жывым напамінам аб страшэнных тых падзеях. І, калі ўжо як на духу, я недалюблівала яе за вельмі рэзкі голас, начальніцкі тон. Але яе паважалі ў калектыве акадэміі за высокі ўзровень і своечасовасць выканання машынапісных работ яе "дзевачкамі". А гэта, як я потым зразумела, было вельмі важным фактарам.

Плач той працягваўся яшчэ з паўгадзіны. Потым, моцна заляскаўшы ключом па замку, Ядвіга Антонаўна замкнула свае дзверы, адчыніла — у машбюро. Яе твар быў чырвоны і прыпухлы ад слёз. Насунуўшы на твар штосьці накшталт усмешкі, яна сказала:

— Усё, дзевачкі, бывайце. Дзякуй за сумесную працу.

Нават калі за ёю зачыніліся дзверы, ніхто не зварухнуўся з месца. Сядзелі, бы кіпенем аблітыя. У Светы Кумачовай я, выбраўшы момант, запыталася: што здарылася? Вета была самая вясёлая, простая ў калектыве, нягледзячы на тое, што яе муж Леанід займаў высокую пасаду. Яна адказала, што выганяюць Ядвігу Антонаўну, каб ачысціць месца для жонкі аднаго райкамаўца — Новікава.

Мне было цяжка ў гэта паверыць, бо Ядвіга Антонаўна працавала ў машбюро ледзь не з дня заканчэння вайны. На работу ляцела бы на крылах і заўсёды задоўга да яе пачатку. Яна была ўжо на пенсіі і таму ведала, што рана ці позна ёй прапануюць "адпачываць". Таму нярэдка ў яе вырывалася:

— Ой, дзевачкі, калі мяне адправяць на пенсію, разваліцца машбюро. Вы ж асноўную работу цяп-ляпаеце, а ўсё імкняцеся налева друкаваць.

Дзяўчаты і не думалі крыўдзіцца. Яны ведалі, што за словамі гэтай жанчыны хаваецца клопат і аб іх саміх, і аб выніках працы. Бо глыбока ў душы Ядвігі Антонаўны было шмат дабрыні.

І сапраўды, літаральна на наступны дзень у вызвалены кабінет зайшла новая загадчыца — Валянціна Антонаўна Новікава. Магчыма, яна не ведала, з якім болем развіталася са сваім працоўным месцам яе папярэдніца, таму была вясёлая. Кантраст між імі быў выразны. Валянціна Антонаўна не спяшалася на працу. Дакладней, прыходзіла тады, калі адпускалі хатнія клопаты. Па ўсім было бачна, што яна — шчаслівая жонка і пяшчотная маці.

— Чаму яна так вольна наведвае працу? — аднойчы запыталася я ў дзяўчат.

— У яе дзве маленькія дачкі і яны часта хварэюць, — не то спачуваючы, не то з асуджэннем адказалі мне.

... Калі сталі вядома, што ў прэзідэнцкіх выбарах перамог Лукашэнка, у доме Канаплёвых быў наладжаны з гэтай нагоды сапраўдны баль. Ледзь не да раніцы трэслася ад танцаў хата. На той баль былі запрошаны ўсе "правыя" і "левыя" рукі Лукашэнкі і ўвогуле ўсе "самыя-самыя". А мы, мясцовыя апазіцыянеры, узяліся за ўмацаванне нашых дэмакратычных радоў. Хоць і нялёгкая была гэта справа з-за пасіўнасці людзей, але ядро арганізавалася моцнае. А ў хуткім часе я ўступіла і ў першую ў маім жыцці партыю — БНФ.

... На 14 мая 1995 года былі назначаны выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. На гэты раз на Шклоўшчыне было зарэгістравана ажно шесць кандыдатаў (у алфавітнам парадку): дырэктар эксперыментальнай базы "Спартак" У.В.Громаў, галоўны памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У.М.Канаплёў, старшыня праўлення калгаса імя Кірава А.У.Качанаў, выкладчык Шклоўскага ПТВ-139 У.П.Лабадаеў, журналіст райгазеты "Ударны Фронт" В.М.Паўлава (г.зн. аўтар гэтага аповеду), начальнік упраўлення па справах ваеннаслужачых, воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сем'яў Міністэрства сацыяльнай абароны П.У.Шэцька.

Але каб зарэгістравацца кандыдатам, неабходна было сабраць пэўную колькасць галасоў у падтрымку сваёй кандыдатуры. Менавіта з гэтага і пачаліся мае цяжкасці. Яны ўзмоцнены былі тым, што старшынёй раённай выбарчай камісіі прызначылі У.Л.Клюйко — чалавека, які ўсю ваду, здаецца, якая была ў наваколлі, ліў на млын Лукашэнкі, а ў даным выпадку яго стаўленіка У.М.Канаплёва. Як раней за Лукашэнку, так цяпер за Канаплёва подпісы збірала ледзь не паўраёна. Нашых дэмакратаў абмяжоўваў вольны час, паколькі яны не маглі пакінуць асноўную працу — змушаны былі зарабляць грошы "на хлеб надзённы". Усялякія іх адлучэнні з працоўнага месца кантраляваліся "канаплёўцамі", і імгненна інфармацыя перадавалася "куды трэба".

3 самага пачатку я вырашыла не падстаўляць гэтых мужных людзей, асноўную частку працы ўзяць на сябе. Дзякуй ужо за тое, што яны не баяліся выказаць сваю думку, супрацьлеглую ўладам, наладзіць мітынг, пікет. А на большае сілы не хапала: "прэзідэнцкі раён" у вожыкавых рукавіцах трымалі (дый цяпер трымаюць) лукашэнкаўскія памагатыя. І, як вынік, подпісаў намі было сабрана на дзвесце больш, чым патрабавалася: на ўсялякі выпадак. Гэта дапамагло: з-за фільтрацыі і кастрацыі падпісных лістоў подпісаў асабіста мне ледзь хапіла для рэгістрацыі.

А газеты, радыё і тэлебачанне без продыху разносілі запэўніванні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пра нейкія там роўныя правы і магчымасці для ўсіх кандыдатаў (цяпер пра тыя роўнасці ведае ўвесь свет). Іх падтэкст энергічна падмацоўваўся справамі У.М.Канаплёва. Ён без стомы ладзіў прыёмы грамадзян у райвыканкаме (як зусім нядаўна Аляксандр Лукашэнка). Мы, кандыдаты ў дэпутаты, расцанілі гэта як прамую агітацыю і асудзілі. Пратэст выказваць у раённую выбарчую камісію пайшлі толькі мы з У.П.Лабадаевым. Уладзімір Клюйко, краем вуха выслухаўшы прэтэнзіі, спакойна заявіў:

— Калі ласка, усе скаргі туды, "наверх". — І з усмешкай пасунуў тэлефон у наш бок, да якога прыляпіў нумар старшыні Цэнтрвыбаркама. А сам выйшаў з кабінета, прадаставіўшы нам тэт-а-тэтную магчымасць. На тым баку дрота, у Мінску, нас выслухалі і сказалі:

— Усе прэтэнзіі — да старшыні раённай камісіі. Разбірайцеся на месцы.

3 намі баяліся звязвацца з-за магічнага слова "Шклоў". Ледзь мы паклалі трубку, у кабінет зайшоў, беспаспяхова хаваючы ўсмешку, У. Клюйко. Па ўсім было бачна, што ён слухаў дыялог з паралельнага тэлефона.

— Ну, усе пытанні знялі? — з'яхіднічаў ён.

Апантаны прыслужнік рэжыму адкрыта смяяўся з нас. Ён адчуваў сябе так упэўнена, што не лічыў патрэбным нават на момант размовы нацягнуць на твар афіцыйнасць. Што можна было сказаць у той момант, каб быць пачутым? Нічога. Бо ніякія словы, ніякія эмоцыі не здзёрлі б тое адзенне з хлусні і цынізму, у якое апранулі ўлады выбары ў Вярхоўны Савет 13-га склікання. Натуральна, на той раз "перамог" Уладзімір Канаплёў — дастойны галоўны памочнік і сябра прэзідэнта Лукашэнкі.

Падчас выбарчай кампаніі ад імя кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Канаплёва ў кожны дом прыносілася што-небудзь з "гуманітаркі". У вёсцы Чорнае, напрыклад, фельчарка Оля разносіла таблеткі, прыгаворваючы:

— Галасуйце за Канаплёва, будзеце ўвесь час карыстацца дармовымі лекамі...

Ну што тут скажаш!

ПРЭЗІДЭНТ І РЫЖКАВІЧЫ

Падчас прэзідэнцкіх выбараў Аляксандр Лукашэнка, здаецца, дняваў і начаваў у Канаплёвых (мяркуючы па ягонай машыне, што стаяла там). У Шклове ён удзельнічаў і ў галасаванні. Напэўна, трымаў руку на пульсе інфармацыі, таму што літаральна на наступны дзень увесь Дом Саветаў толькі і гаварыў пра перамогу свайго земляка.

Памятаю, як Аляксандр Рыгоравіч выязджаў з Рыжкавічаў прэзідэнтам. Я якраз ішла на абед, калі пачула сковыт міліцэйскіх машын. Падняла галаву. 3 завулка, дзе жыў Лукашэнка, больш сігналіў, чым выязджаў, натоўп машын. Першай павольна рухалася міліцэйская легкавушка, другой, асабістай, кіраваў Уладзімір Канаплёў. Побач з ім сядзеў Аляксандр Лукашэнка ў знаёмым сінім спартыўным касцюме, ззаду — сыны Віця і Дзіма. Замыкала эскорт былая райкамаўская "Волга" з нумарам, здаецца, 00-69 МГП, у якой быў адзін вадзіцель.

Я стаяла і пільна ўзіралася ў "канаплёўскую" машыну. Адна на вуліцы. Аляксандр Рыгоравіч мяне не мог не бачыць: сядзеў, высока і прама гледзячы перад сабой. Але не павітаўся са мной. Ну і што з таго, што я апазіцыянерка? У першую чаргу я ж ягоная суседка...

Я распавяла пасля абеду ў рэдакцыі пра ад'езд Лукашэнкі, спытала недаўменна:

— А чаму ён дзяцей з сабой возіць?

На што мне адказалі:

— Ён цяпер прэзідэнт, баіцца, каб іх не выкралі. Хоча іх схаваць.

— Дык Галіна Радзівонаўна ж засталася і не баіцца.

— Пра яе ў яго галава не баліць.

А я падумала — можа наўмысна яе пакінуў?

... Раздаючы членам свайго перадвыбарнага штаба пасады, Аляксандр Рыгоравіч праз шклоўскіх прыхільнікаў і памагатых пачаў актыўна папраўляць рыжкаўскую хату, якая дагэтуль абдзімалася ўсімі вятрамі. На працу сюды панагналі вялікую колькасць людзей. Работы хапала ўсім: хто саджаў запозненыя кветкі на толькі што ўскапаныя газоны, хто хату чысціў, хто траву касіў, хто цяпліцу ўзводзіў. А яшчэ больш работы навалілася на будаўнікоў: яны спешна ўзводзілі саўну, каб паспець да прыезду прэзідэнта, бо надта любіць той лазенку. Падоўжылі адрыну, ад чаго яна пазбавілася былой куртатасці. Плот таксама шмат шклоўскіх сродкаў праглынуў. Шырокі, высокі, цагляны. Ім, спецыялісты казалі, можна было б абнесці аж шэсць дамоў (суседні, Грышкі Шсарэнкі дом таксама абклалі задарма, таму што ён надта блізка стаяў і псаваў пафарбаванай драўнінай імідж прэзідэнцкай хаты). Тыдні два не выязджалі нават за межы агарода трактары, машыны, пад'ёмныя краны...

3 чаго б так падрабязнічаю, спытаецеся? Буду шчырай: сапраўды, маю намер успомніць адзін з даўно мінулых эпізодаў, які найбольш характарызуе А.Р.Лукашэнку. Тады яшчэ па Беларусі блукаў непалоханы прывід дэмакратыі. А гэта значыць, што сродкі электроннай і масавай інфармацыі грашылі не стопрацэнтнай хлуснёй, ахова прэзідэнта выконвала свае прамыя абавязкі, а не ізалявала яго ад людзей, і тыя маглі часам задаць хвалюючае пытанне, а не адрэдагаванае, як цяпер. Я тут згадваю час, калі прэзідэнцтва ў Беларусі адлічвала свае першыя месяцы. Тады людзі задавалі шмат пытанняў Аляксандру Рыгоравічу. Былі сярод іх і так званыя "не ў брыво, а ў вока". Напрыклад, такое вось:

— Чаму гэта вы, Аляксандр Рыгоравіч, такі вялікі цагляны плот вакол хаты ў Рыжкавічах будуеце?

Тады да мантажу гутарак прэзідэнта яшчэ не дадумаліся і яны тыражаваліся "ўжывую". Таму праскочыў і адказ прэзідэнта (я па радыё яго пачула). Аляксандр Рыгоравіч так шчыра здзівіўся, што я, калі б не бачыла яго на ўласныя вочы каля тых рыжкавіцкіх рыштаванняў, абавязкова паверыла б у ягоную шчырасць.

— Не можа быць! Упершыню пра гэта чую. Калі гэта сапраўды так, неадкладна дам загад спыніць усе работы.

Кожны дзень, а то і па некалькі разоў на дні праходзіла я каля хаты Лукашэнкі. А пасля яго заявы стала яшчэ больш уважлівай. Сапраўды, загад быў адразу дадзены і пачуты кім трэба. Гэта адчувалася па яшчэ большым ажыўленні вакол хаты: збудаванні вакол яе пачалі расці яшчэ шпарчэй. А працаўнікоў у мэтах эканоміі часу, каб не вазіць дамоў, часова пасялілі ў былым памяшканні канторы калгаса імя Леніна — на адной вуліцы з прэзідэнцкай хатай.

У першы прэзідэнцкі час Аляксандр Рыгоравіч вельмі любіў наведвацца на Шклоўшчыну. Часцяком, нават не зазірнуўшы ў свой рыжкавіцкі дом, імчаў да матулі ў вёску Аляксандрыя. Ну, а калі ўжо заязджаў у Рыжкавічы, то з-за міліцыі было не прабіцца: службоўцы стаялі нават паўз новы плот — ледзь не праз метр адзін ад аднаго. І на двары іх хапала. І на розных прылеглых вулачках-закавулачках. Не ведаю, якія пачуцці зведвалі іншыя сяльчане. А я,праходзячы міма, адчувала сябе ў той момант у поўнай бяспецы і міжволі напявала пад нос: "Моя милиция меня бережёт..." Няправільна спявала, праўда? Трэба было так: "Моя милиция Его бережёт".

Надта любіў наведацца ў родную вёску ледзь не ў кожны выхадны і сын прэзідэнта Віця. Ды не адзін, за ім імчаліся на адной, а то і на дзвюх машынах ягоныя целаахоўнікі. Я тады недаўмявала: ну няўжо Аляксандр Рыгоравіч не ведае, што столькі бензіну спальваецца Віцем і для Віці! І ўсё з-за аднаго дня, каб наведацца ў вёску з далёкага Мінска. Калі не ведаў А.Р.Лукашэнка, дык мог без асаблівых цяжкасцей даведацца, што якраз у той час Шклоўшчына, як ніколі датуль, зведвала моцны бензінавы голад: ледзь не заміралі ў гаражы "хуткія дапамогі", толькі па самых касавых маршрутах выязджалі аўтобусы, ледзь не з усімі вёскамі райцэнтр прыпыніў якія б то ні было зносіны... Паказальным у гэтым плане быў саўгас "Гарадзец". Ён да такой ступені выбраў свой бензінавы ліміт, што не меў магчымасці вывезці з фермаў на маслазавод надоенае малако. Яго скормлівалі нават бадзяжным сабакам, залівалі ўсе свабодныя ёмістасці, і ўсё роўна значную колькасць не было куды падзець, таму вылівалі проста на зямлю. Старажылы дзяліліся ўражаннямі, што дагэтуль ніколі ў жыцці яны не бачылі малочных рэчак.

Калі такое было ў прэзідэнцкім, "патрыцыеўскім" саўгасе, дык у радавых, напэўна, і таго горш. Толькі такія падрабязнасці былі строга засакрэчаны. І калі б не сябры ды знаёмыя, нізавошта б і мне не даведацца пра гэтыя факты.

Калі аднойчы ў рэдакцыі гэта абмяркоўвалі, я вызвалася правесці журналісцкае расследаванне ў саўгасе "Гарадзец". Мой рэдактар узмаліўся:

— Да пенсіі хоць дацягнуць дай. Тады пішы што хочаш.

СІРЭНА

Ой, як хутка ляціць час! У прамым сэнсе, жыццёвым, і — працы над маімі ўспамінамі. Кожны раз, калі я бралася выкладаць іх на паперу, па-новаму радавалася, што, нарэшце, адважылася гэта зрабіць. Ажно на сэрцы лягчэй стала. І шчаслівай сябе пачуваю, што адхрысцілася ад А.Р.Лукашэнкі яшчэ да ягонага трыумфу. Мне праўда, усё роўна баліць: радзіма ж любая мая пакутуе... Не сорамна толькі. Бо я не мацавала гэты рэжым.

Доўга я не бачыла "жыўцом" Аляксандра Рыгоравіча. Некалькі разоў паслухала яго па радыё. Але больш дэмагогіі не захацелася і падпільноўваць гэтыя завочныя сустрэчы зараклася. На жыццё сваё не крыўдую, хоць давялося развітацца з прафесіяй журналіста, якую распачала яшчэ ў трэцім класе юнкорам: прыйшоў гой дзень, калі ўсё ўва мне запратэставала супраць хлусні і прымаслівання вынікаў ды штучнай ура-патрыятычнасці, якіх патрабуюць уладу маючыя ад журналістаў.

Праблем ствараецца шмат. І я не перастаю дзякаваць Усявышняму за літасць да мяне, што не пазасцілаў пухам-шоўкам мае жыццёвыя сцяжынкі, на поўную моц даў адчуць цяжкасці і радасць перамог. І цяпер, паразумнеўшая ад перажытага, я маю шанц не памыліцца ні ў сябрах, ні ў кіраўніках.

Прызнаюся, шчыра спачуваю электарату Лукашэнкі, тым, каму за ... Якое ж цяжкае для іх пахмелле наступае! І, міжволі чуючы паўсюдны лямант наконт невыноснасці жыцця і яшчэ больш змрочных перспектываў, наважваюся на высновы: жыццё, сапраўды, мудрае, і сваю ісціну давядзе, калі не праз галаву, дык праз іншую частку цела, страўнік напрыклад. Таму мяне не пакідае надзея: можа, калі-небудзь пасвядомее мой братка-беларус...

Я часта думаю (без гэтага ў наш час аніяк!): чаму А.Р.Лукашэнку так безаглядна вераць? Чым ён так заварожвае людзей, што яны, не зважаючы на відавочнае, жывуць яго словамі? І прыйшла да высновы: дык ён жа сірэна! Гэта няхай у якой-небудзь грэчаскай міфалогіі сірэна — марская істота ў выглядзе птушкі з жаночай галавой, якая словамі зацягвае маракоў у пагібельныя месцы. А ў нас усё па-іншаму, па-беларуску, значыць: сірэна-прэзідэнт спевамі сваімі зацягвае беларускі народ у багну жабрацтва, нядолі, рабства.

Лёгенька рагатаць з нас таму, забугорнаму свету: ён жа пазбаўлены магчымасці чуць гэтую сірэну зблізку. Вось і жыве там нармальным чалавечым жыццём. А наш Аляксандр Рыгоравіч сваімі не змаўкаючымі песнямі-прамовамі дэзінфармуе насельніцтва і пудрыць ягоныя мазгі. Ад такога стану галаўной каробачкі да пагібелі — адзін крок, два — і аблічыўся.

Яскравы прыклад таго, што "не ўсё добра ў нашым каралеўстве", не мы — радавыя мільёны. Да нашага фінішу справа яшчэ не дайшла. Давайце лепей паразважаем над лёсам тых, чые імёны на слыху. Пра Васіля Севасцьянавіча Ляонава, напрыклад.

Лёс, шчодры на запамінальныя сустрэчы, звёў мяне з ім у той час, калі ён узначальваў Горацкі РК КПБ. Я тады была радавым журналістам і з начальствам такога рангу спраў не мела. Але як любілі і паважалі яго людзі, як запаланялі яго прыёмную ў дзень прыёму — панядзелак! І не толькі з просьбамі ды скаргамі хадзілі, а і з падзякамі. За справы папярэднія. І цяпер на горацкай зямлі ўспамінаюць гэтага чалавека добрымі словамі.

Калі Васіль Севасцьянавіч Ляонаў раптам пачаў рэзка ўзнімацца па службовай лесвіцы, людзі, шкадуючы з ім развітвацца, разумелі, што для добрага чалавека і добрых ягоных спраў патрэбны іншы, глабальны размах — так можна большай колькасці людзей дапамагчы. І вялікай неспадзяванкай тое, што В.С.Ляонаў накіраваны на працу за мяжу, таксама не было. Што ж, і ў далёкай Нямеччыне няхай ведаюць нашых! Сапраўдных разумнікаў маем.

А вось што Васіль Севасцьянавіч перайшоў на службу рэжыму... Асабіста для мяне гэтая навіна грымнула, бы тая навальніца ў калядны мароз. Назначэнне на расстрэльную пасаду, як неафіцыйна называюць высокія, ключавыя пасты ў вышэйшых эшалонах улады, расцаніла як спакусу запіхнуць у кішэню яшчэ больш грошай, чым убачыў іх за мяжой. Хоць і багнавая ў нас гэтая сельскагаспадарчая галіна, але ж украсці можна.

Толькі вось у чым пытанне: наколькі сапраўды запляміў сумленне Васіль Севасцьянавіч? І ці запляміў увогуле? Надта падазронай праз прызму часу здаецца валакіта са справаю Ляонава. А што да суда давесці, дык можна практычна любога. І Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка гэта сам ведае. Бо неаднойчы паўтараў яшчэ ў пару свайго дырэктарства: "Кіраўніка любога рангу праз пяць гадоў можна судзіць смела". Ён меў на ўвазе недасканаласці прававой і фінансавай сістэмы Беларусі, якія самі падштурхваюць да парушэнняў у час вырашэння вытворчых пытанняў.

А што да Васіля Севасцьянавіча, дык я добра памятаю той час, калі Аляксандр Рыгоравіч пахваляўся яго прыхільнасцю да сябе, мог проста набраць нумар абласнога лідэра, якім на той час быў Ляонаў, патусавацца ў яго кампаніі, каб пабачыў люд, які ў Аляксандра Рыгоравіча магутны апякун. А падчас яго вярхоўнасаветаўскай, а потым і прэзідэнцкай гонкі праз АБГ (адна баба гаварыла) многім было вядома, што шклоўскаму бегуну на чэмпіёнскія дыстанцыі такую перамогу дапамог узяць у прамым і ўскосным сэнсе і Васіль Севасцьянавіч Ляонаў. А можа... Можа, яны разам рабілі якую-небудзь "справу", з-за якой адзін трапіў за краты, а другі без суда і следства гноіць яго, баючыся, што колішні партнёр "скажа лішняе"?

А вось з Тамарай Дзмітрыеўнай Віннікавай я не мела гонару быць знаёмай. Спачатку, праўда, па Шклоўшчыне гулялі чуткі, што перацягнуў Аляксандр Рыгоравіч да сябе бліжэй і былую сваю сімпатыю з упраўлення сельскай гаспадаркі, якая яшчэ да яго прэзідэнцтва выехала са Шклова. Потым разабраліся. Віннікава, ды не тая... А хоць сабе і не тая, усё роўна шкада: такую архідэю-кветачку прымусілі завянуць ў лукашэнкаўскай турме! І зноў па-шклоўску: без суда і следства.

* * *

"На Кругляншчыну едзе прэзідэнт!" — разносіў па наваколлю навіну лістапад 1998 года. Рыхтаваліся да вашага, Аляксандр Рыгоравіч, прыезду яшчэ з лета. Усё будавалася, фарбавалася, драілася. Не была раўнадушнай і я. Усё вагалася, ціпаглядзець, якім вас зрабіла неабмежаваная ўлада, ці лепш дома адсядзецца, бо раптам вы зноў зачаруеце мяне сваімі песнямі і тады я кіну на сметнік гэтыя мемуары...

Але, паверыўшы ў свае сілы і непахіснасць, вырашыла ісці на плошчу і паслухаць "песні". Я пайшла крыху раней, каб з нагоды таго прыезду хоць цукру кілаграм чык купіць. Але замест яго "выкінулі" соль, цукеркі, цыгарэты. Стала ў чаргу да павільёна. Было холадна. Праўда, магла б і ў магазіне пастаяць, але ж адтуль не было бачна месца вашага прызямлення. Шкада, што ў той час вы не стаялі побач. Але, пэўна, здзівіліся б, калі б пачулі словы ўдзячнасці ў свой адрас. За тое, што з нагоды вашага прылёту выкінулі ў продаж цукеркі немудрагелістага вырабу, якімі, нарэшце, можна будзе пазабавіць дзятву. У чарзе стаялі адны жанкі. А мужчыны знаходзіліся паводдаль і не зводзілі вачэй ці то з вашага верталёта, ці то з віхуры, якую ён падняў пры пасадцы і ўздыбіў спадніцы прысутных жанчын, што спецыяльна прыбраліся да вашага прыезду.

Напярэдадні вашага прылёту ў Круглае столькі служывых у цывільным панаехала, што яны і самі, пэўна, адчулі сваю недарэчнасць ў маленькім пасёлку і таму, як маглі, "касілі" пад абарыгенаў.

Але, мушу прызнацца, зорачкі свае яны адпрацоўваюць спраўна: не было ў Круглым вачэй, у якія яны б не зазірнулі; не знайшлося пад адзеннем людзей адтапыркаў, якія б яны не паразгледзелі (а раптам — зброя?!).

Красамоўным сведчаннем звышувагі стаў інцыдэнт з Шалвам Ераставічам Сахадзе. Вы не ведаеце яго, таму я крышачку праінфармую. Гэты сівы аксакал пасяліўся на Кругляншчыне ў гады вайны — спачатку ў лясах, дзе партызаніў, а пасля — у райцэнтры. Завёў сям'ю, увогуле ўнёс сваю грузінскую адметнасць у мясцовы каларыт.

Я тут чалавек новы, але даволі хутка пераканалася ў значнасці Сахадзе. І, пэўна, калі б лёс не закінуў сюды гэтага чалавека, Кругляншчыне яго б не ставала. Ён і сам, па ўсім відаць, гэта адчувае, таму і ўдзельнічае ва ўсіх святах, урачыстасцях раённага маштабу, не забываючы засведчыць сваю павагу школам, дзіцячым садкам, працоўным калектывам. І вам, напэўна, хацеў засведчыць сваю павагу. Таму і накірунак узяў у ваш бок. Але ўжо аднаго гэтага было дастаткова, каб людзі з вашае аховы накінуліся на яго і з абодвух бакоў, бы пад канвоем, пацягнулі прэч з вачэй вашай міласці. Старэчы тэмп быў значна ніжэйшы. Таму Шалва Ераставіч спачатку хутка-хутка прасемяніў, а потым збіўся з тэмпу і павіс на дужых руках ахоўнікаў. Толькі там, на домсаветаўскіх задворках, пакінулі дзядулю ў спакоі пад наглядам міліцыянера. Доўга-доўга яшчэ ветэран Вялікай Айчыннай стаяў і глядзеў адтуль на сустрэчу, якая, мабыць, упершыню на круглянскай зямлі праходзіла без яго жывога ўдзелу. І слёзы насоўкай сціраў з вачэй.

Але нічога гэтага вы не заўважылі. Бо цэлых паўтары гадзіны прастаялі да круглянцаў, якія прыйшлі вас вітаць, месцам, дзе ніколі не бывае вачэй. Роўна паўтары гадзіны доўжыўся ваш дыялог са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Андрэевічам Папковым. Магчыма, менавіта столькі часу спатрэбілася вам, каб пераканаць яго перайсці на працу ва ўрад. Што, зрэшты, ён і зрабіў ледзь не адразу пасля вашага адлёту. Ну, гэта ўжо ягоная справа. Толькі ж навошта вось так, задам да народа? Ці, на вашу думку, гэтага і заслугоўвае электарат, здольны толькі нястомна працаваць ды бяздумна галасаваць?

... Я не хацела даслухоўваць прамову прэзідэнта. Нічога новага ён не казаў. Не адчувалася нават эмацыянальнага напалу ў голасе. Відаць, не сілкаваў яго энергію маштаб электарату. І я пайшла дамоў. Да самага дома яшчэ біла мне ў спіну хваля яго голасу з дынамікаў, развешаных па перыметру плошчы. А ледзь адчыніла дзверы ў кватэру, пачула гучны голас дыктара з радыёпрыёмніка, які, відаць, з нагоды прылёту прэзідэнта прарэзаўся. 3 інфармацыі вынікала, што прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў мэтах кантролю наведаў Круглянскі раён і ў даны момант знаходзіцца ў Дрыбіне, дзе знаёміцца з сацкультбытам жыхароў. І далей — з кім гутарыць, каго заслухоўвае, якія праблемы вырашае і ўзнімае.

У недаўменні я адключыла прыёмнік, адкрыла, нягледзячы на холад, фортку і высунулася на вуліцу. На той момант рэха дынамікаў з плошчы даносіла развітальныя акорды прэзідэнцкай прамовы. Ён яшчэ знаходзіўся ў Круглым. Падумалася: такая вось проза нашага жыцця, такая палітыка прэзідэнта: "не вер вачам сваім, а вер словам маім". Ці далёка яна завядзе нас? І куды?

Лістапад, 1998 год.


Оглавление

  • ЗНАЁМСТВА
  • У ТАНДЭМЕ 3 СУПЯРЭЧНАСЦЯМІ
  • ШТО ХАЦЕЎ СХАВАЦЬ ПАЛКОЎНІК ЯКІМЦОЎ І ШТО 3 ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ
  • ВЫКЛІКАЦЬ У СУД ЛУКАШЭНКУ
  • УЛАДЗІМІР КАНАПЛЁЎ — ПАМОЧНІК АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ
  • "ПАСКУДНАЯ БАБЁНКА"
  • «БЕЗ ХАЛАСТЫХ АБАРОТАЎ"
  • "... ТАМ ВЫРАС ХРЭН"
  • "СПАГАДА"
  • СІМПТОМ ВАГАННЯ
  • ШЭРШЭ ЛЯ ФАМ?
  • ВАЎКОЎ БАЯЦЦА — У ЛЕС НЕ ХАДЗІЦЬ
  • БАЦ, БАЦ — І Ў ДАМКІ
  • ЗА РЫГОРАВІЧА
  • "КАМУ ЖЫВЕЦЦА Ў НАС ПРЫВОЛЬНА?"
  • "ТЭРМІНУ ДАЎНАСЦІ НЕ ПАДЛЯГАЕ"
  • ШЛЯХ У АПАЗІЦЫЮ
  • ПРЭЗІДЭНТ І РЫЖКАВІЧЫ
  • СІРЭНА