КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Канстытуцыя Злучаных Штатаў Амерыкі (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

КАНСТЫТУЦЫЯ ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ АМЕРЫКІ


Мы, народ Злучаных Штатаў Амерыкі, з мэтай утварэння найбольш дасканалага Саюза, устанаўлення законнасці, гарантыі ўнутранага спакою, забеспячэння супольнай абароны, падтрымання ўсеагульнага дабрабыту і замацавання даброт свабоды за намі і нашчадкамі нашымі, абвяшчаем і ўстанаўліваем гэтую Канстытуцыю для Злучаных Штатаў Амерыкі.


АРТЫКУЛ І.


Раздзел I. Усе заканадаўчыя правамоцтвы, што ўстаноўлены тут, надаюцца Кангрэсу Злучаных Штатаў, які складаецца з Сената і Палаты прадстаўнікоў.


Раздзел 2. Палата прадстаўнікоў складаецца з членаў, якія выбіраюцца насельніцтвам асобных Штатаў кожныя два гады; выбаршчыкі ў кожным Штаце павінны адпавядаць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да выбаршчыкаў больш шматлікай палаты заканадаўчага сходу Штата.

Ніводная асоба не можа стаць прадстаўніком, калі яна не дасягнула ўзросту дваццаці пяці гадоў, не з’яўлялася на працягу сямі гадоў грамадзянінам Злучаных Штатаў і не была на момант выбрання жыхаром таго Штата, у якім яна выбіралася.

Прадстаўнікі і прамыя падаткі размяркоўваюцца паміж асобнымі Штатамі, якія могуць быць уключаны ў гэты Саюз адпаведна колькасці насельніцтва, што вызначаецца пры дапамозе прыбаўлення да ўсёй колькасці свабодных асоб, у тым ліку ўсіх тых, хто абавязаны служыць на працягу шматгадовага тэрміну, за выключэннем неабкладваемых падаткам індзейцаў, трох пятых усіх астатніх асоб. Чарговы перапіс насельніцтва будзе праведзены на працягу трох гадоў пасля першай сесіі Кангрэсу Злучаных Штатаў, а потым праз кожныя дзесяць гадоў ва ўстаноўленым законам парадку. Колькасць прадстаўнікоў не павінна перавышаць аднаго на кожныя трыццаць тысяч жыхароў, аднак кожны Штат павінен мець сама меней аднаго прадстаўніка; а пакуль такі перапіс не будзе праведзены, Штат Нью-Гемпшыр будзе мець права выбраць трох, Масачусетс — восем, Род Айлэнд і Правідэнс Плэнтэйшн — па адным, Канэктыкут — пяць, Нью-Йорк — шэсць, Нью-Джэрсі — чатырох, Пенсільванія — восем, Дэлавэр — аднаго, Мэрылэнд — шэсць, Вірджынія — дзесяць, Паўночная Караліна — пяць, Паўднёвая Караліна — пяць і Джорджыя — трох прадстаўнікоў.

Калі ў прадстаўніцтве ад якога-небудзь Штата з’яўляюцца вакансіі, яго выканаўчая ўлада прымае пастанову аб правядзенні выбараў для іх запаўнення.

Палата прадстаўнікоў выбірае свайго спікера і іншых службовых асоб і мае выключнае права на імпічмэнт.


Раздзел 3. Сенат Злучаных Штатаў утвараецца ў складзе сенатараў па два ад кожнага штата, якія выбіраюцца заканадаўчым органам на шэсць год; кожны сенатар мае толькі адзін голас.

На сесіі, адразу пасля першых выбараў, яны павінны быць падзелены на тры па магчымасці роўныя групы. Месцы сенатараў першай групы становяцца вакантнымі па сканчэнні другога года; другой групы — па сканчэнні чацвёртага года і трэцяй групы — па сканчэнні шостага года, такім чынам, каб адна трэцяя частка сенатараў перавыбіралася кожныя два гады; калі вакансіі з’яўляюцца ў выніку адстаўкі альбо з другой нагоды ў час перапынку ў працы заканадаўчага органа любога са Штатаў, вышэйшы орган яго выканаўчай улады мае магчымасць зрабіць часовыя прызначэнні да адкрыцця наступнай сесіі заканадаўчага сходу, каб запоўніць гэтыя вакансіі.

Ніводная асоба не можа стаць сенатарам, калі яна не дасягнула ўзросту трыццаці гадоў, не з’яўлялася на працягу дзевяці гадоў грамадзянінам Злучаных Штатаў і не была на момант выбрання жыхаром таго Штата, у якім яна выбіраецца.

Віцэ-прэзідэнт Злучаных Штатаў з’яўляецца Старшынёй Сената без права голасу, акрамя выпадку, калі галасы падзяляюцца пароўну.

Сенат выбірае іншых сваіх службовых асоб, а таксама Старшыню pro tempore ў адсутнасці Віцэ-прэзідэнта, альбо калі ён выконвае абавязкі Прэзідэнта Злучаных Штатаў.

Сенат валодае выключным правам усіх імпічмэнтаў. Засядаючы з гэтай нагоды, сенатары прымаюць прысягу альбо даюць клятву. Калі да судовай адказнасці прыцягваецца Прэзідэнт, старшынствуе Вярхоўны суддзя; ніводная асоба не можа быць абвінавачана без згоды дзвюх трэціх прысутных членаў.

Прыгавор у выпадку імпічмэнта абмяжоўваецца звальненнем і пазбаўленнем праў займаць пасады і несці якую-небудзь ганаровую, афіцыйную ці прыбытковую службу ў Злучаных Штатах: аднак абвінавачаны тым не менш можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і пакараны судом у адпаведнасці з законам.


Раздзел 4. Час, месца і парадак правядзення выбараў сенатараў і прадстаўнікоў прадпісваюцца заканадаўчым органам кожнага Штата, аднак Кангрэс можа ў любы час сваім законам устанаўліваць ці змяняць правілы, за выключэннем тых, што датычацца месца правядзення выбараў сенатараў.

Кангрэс збіраецца не радзей аднаго разу ў год, і яго паседжанні пачынаюцца ў першы панядзелак снежня, калі законам не будзе вызначаны іншы дзень.


Раздзел 5. Кожная палата сама з’яўляецца суддзёй правамернасці выбараў, іх вынікаў і кваліфікацыі яе ўласных членаў, і большасць кожнай з палат складае кворум, неабходны для вядзення спраў; аднак палата і ў меншай колькасці можа пераносіць паседжанні з дня на дзень, а таксама можа мець паўнамоцтвы забяспечваць прымусовую яўку членаў, што адсутнічаюць, такім чынам і пад пагрозай такіх санкцый, якія кожная палата можа прадугледзець.

Кожная палата можа вызначаць парадак сваіх паседжанняў, караць сваіх членаў за паводзіны, што парушаюць парадак, і са згоды дзвюх трэціх выключаць іх са свайго складу.

Кожная палата вядзе журнал сваіх паседжанняў і час ад часу публікуе яго, за выключэннем тых частак, якія, па іх разуменню, патрабуюць захавання ў тайне; «так» ці «не», што выказаны членамі кожнай з палат пры галасаванні па любым пытанні, уносяцца ў журнал пры жаданні адной пятай прысутных членаў.

Ніводная з палат на працягу сесіі Кангрэса не можа без згоды іншай перанесці паседжанні болей чым на тры дні альбо прызначыць іх у іншым месцы, чым тое, дзе засядаюць абедзве палаты.


Раздзел 6. Сенатары і прадстаўнікі атрымліваюць за сваю службу жалаванне, якое ўстаноўлена законам і выплачваецца казначэйствам Злучаных Штатаў. Ва ўсіх выпадках за выключэннем дзяржаўнай здрады, цяжкага злачынства і парушэння грамадскага парадку, яны карыстаюцца прывілеяй свабоды ад арышту ў час іх знаходжання на сесіі адпаведнай палаты і ў час следавання туды і вяртання назад; яны таксама не павінны падлягаць допыту у якім-небудзь іншым месцы за свае выступленні і ўдзел у дэбатах у абедзвюх палатах.

Ні сенатар, ні прадстаўнік на працягу ўсяго тэрміну, на які ён абраны, не можа быць прызначаны на якую-небудзь грамадзянскую пасаду ў межах улады Злучаных Штатаў, якая можа быць створана ці даходы ад якой могуць павялічыцца за пэўны перыяд; ніводная асоба, якая займае пасаду ў межах улады Злучаных Штатаў, не можа быць членам любой з палат у час свайго знаходжання на гэтай пасадзе.


Раздзел 7. Усе законапраекты аб павышэнні дзяржаўных даходаў зыходзяць з палаты прадстаўнікоў; аднак Сенат можа прапаноўваць папраўкі ці пагаджацца з імі, як і па другіх законапраектах.

Кожны законапраект, які прыняты Палатай прадстаўнікоў і Сенатам, перш чым стаць законам, прадстаўляецца Прэзідэнту Злучаных Штатаў. Калі ён адабрае законапраект, ён падпісвае яго, калі не, вяртае законапраект са сваімі заўвагамі той палаце, з якой той зыходзіць. Гэта палата цалкам уносіць заўвагі Прэзідэнта ў свой журнал і пачынае паўторнае абмеркаванне законапраекта. Калі пасля паўторнага перагляду гэты законапраект будзе прыняты дзвюма трацямі галасоў членаў палаты, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта будзе напраўлены ў другую палату, якая таксама павінна абмеркаваць яго паўторна. I калі яна адобрыць законапраект дзвюма трацямі галасоў членаў сваёй палаты, ён становіцца законам. Ва ўсіх такіх выпадках галасаванне ў абедзвюх палатах праводзіцца ў форме «так» ці «не», а імёны асоб, якія галасавалі за ці супраць законапраекта, уносяцца ў журнал кожнай палаты адпаведна. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь законапраект на працягу дзесяці дзён (акрамя нядзелі) пасля таго, як ён быў яму прадстаўлены, гэты законапраект становіцца законам, як і ў выпадку, калі б ён быў падпісаны Прэзідэнтам; законапраект не становіцца законам, калі ён не мог быць вернуты ў Кангрэс з-за пераносу паседжання.

Усе распараджэнні, рэзалюцыі ці рашэнні, для якіх неабходна згода як Сената, так і Палаты прадстаўнікоў, за выключэннем пытання аб пераносе паседжання, падаюцца на разгляд Прэзідэнту Злучаных Штатаў і ўваходзяць у сілу толькі пасля яго адабрэння; у тым выпадку, калі Прэзідэнт выказвае неадабрэнне, яны могуць быць зноў прыняты дзвюма трацямі галасоў членаў Сената і Палаты прадстаўнікоў адпаведна з правіламі і абмежаваннямі, якія ўстаноўлены для законапраектаў.


Раздзел 8. Кангрэс мае права ўстанаўліваць і браць падаткі, зборы, пошліны і акцызы з мэтай выплаты даўгоў, забеспячэння супольнай абароны і ўсеагульнага дабрабыту Злучаных Штатаў, прычым, усе падаткі, зборы, пошліны і акцызы павінны быць аднолькавымі паўсюдна ў Злучаных Штатах;

пазычаць грошы ў крэдыт Злучаных Штатаў;

рэгуляваць гандаль з замежнымі дзяржавамі, паміж некаторымі Штатамі і з індзейскімі плямёнамі;

устанаўліваць усюды ў Злучаных Штатах аднастайныя правілы натуралізацыі і прымаць аднолькавыя законы па пытаннях аб банкруцтвах;

чаканіць манету, рэгуляваць яе каштоўнасць і каштоўнасць замежнай манеты, устанаўліваць адзінкі мер і вагі;

прадугледжваць меры пакарання за падробку цэнных бумаг і манеты, што знаходзіцца ў абарачэнні ў Злучаных Штатах;

ствараць паштовыя службы і шляхі;

садзейнічаць развіццю навукі і карысных рэмёстваў, замацоўваць за аўтарамі і вынаходцамі на пэўны тэрмін выключныя правы на іх творы і вынаходніцтвы;

засноўваць суды, ніжэйшыя адносна Вярхоўнага суда;

вызначаць і караць пірацкія дзеі, цяжкія злачынствы, якія ўчыняюцца ў адкрытым моры, а таксама злачынствы супраць правоў нацый;

аб’яўляць вайну, выдаваць пасведчанні на капёрства і рэпрэсаліі і ўстанаўліваць правілы адносна захопу трафеяў на сушы і на моры;

фарміраваць і забяспечваць арміі, але асігнаванні на гэтыя мэты павінны выдзяляцца на тэрмін не болей, чым два гады; ствараць і ўтрымліваць ваенна-марскі флот;

выдаваць правілы па арганізацыі сухапутных і марскіх сіл і па кіраванню імі;

прадугледжваць меры па прызыву міліцыі ў мэтах забеспячэння выканання законаў Саюза, падаўлення мецяжоў і адбівання ўварванняў;

прадугледжваць меры па арганізацыі, узбраенню і абучэнню міліцыі і кіраўніцтву той яе часткай, якая можа быць выкарыстана на службе Злучаных Штатаў, пры захаванні за Штатамі правоў прызначэння афіцыйных асоб і арганізацыі падрыхтоўкі міліцыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі, якія прадпісаны Кангрэсам;

выкарыстоўваць ва ўсіх выпадках выключныя заканадаўчыя паўнамоцтвы ў дачыненні да акругі (якая не перабольшвае дзесяці квадратных міляў), якую ўступілі асобныя Штаты і прыняў Кангрэс і якая будзе месцам знаходжання ўрада Злучаных Штатаў;

ажыццяўляць такую ўладу ў адносінах да ўсіх земляў, якія набываюцца са згоды заканадаўчага сходу Штата, у якім гэтыя землі знаходзяцца, для ўзвядзення фортаў, будаўніцтва складоў, арсеналаў, верфяў і іншых патрэбных збудаванняў;

выдаваць усе неабходныя і адпаведныя законы для ажыццяўлення вышэйпералічаных і ўсіх астатніх паўнамоцтваў, дадзеных гэтай Канстытуцыяй ураду Злучаных Штатаў альбо якому-небудзь дэпартаменту ці яго службовай асобе.


Раздел 9. Перасяленне альбо ўвоз тых асоб, якія кожны са Штатаў, што зараз існуе, палічыць патрэбным дапусціць, не павінна забараняцца Кангрэсам да 1808 года; аднак такі ўвоз можа абкладацца падаткам ці пошлінай на суму не болей чым дзесяць долараў за кожную асобу.

Дзеянне прывілеяў загаду habeas corpus не павінна прыпыняцца, калі толькі не запатрабуе грамадская бяспека ў выпадках паўстання ці ўварвання.

Не павінны прымацца білі аб апале ці законы ex post facto.

Падушныя падаткі альбо іншыя прамыя падаткі павінны ўстанаўлівацца не іначай як у адпаведнасці з перапісам альбо падлікам насельніцтва, правядзенне якіх прадпісана вышэй.

Не павінны абкладацца падаткам ці пошлінай тавары, якія вывозяцца з любога Штата.

Не павінна аддавацца перавага ў выніку якой-небудзь пастановы аб гандлі ці дзяржаўных даходах партам аднаго Штата перад партамі іншага; судны, якія накіроўваюцца ў які-небудзь Штат ці са Штата, не павінны прымушацца да заходу ў порты іншага Штата для разгрузкі ці выплаты пошлін.

Грошы павінны выдавацца з казначэйства не інакш як на падставе асігнаванняў, якія прадугледжаны законам; паведамленні і справаздачы аб паступленнях і расходах усіх дзяржаўных сродкаў павінны час ад часу публікавацца.

Злучаныя Штаты не даруюць ніякіх дваранскіх тытулаў; ніводная асоба, якая займае даходную ці афіцыйную пасаду ў межах улады Злучаных Штатаў, не павінна прымаць без згоды Кангрэса якое-небудзь дарэнне, узнагароду, пасаду альбо любы тытул ад якога-небудзь караля, прынца ці замежнай дзяржавы.


Раздзел 10. Ніводны Штат не можа заключаць які-небудзь дагавор, уступаць у саюз альбо канфедэрацыю, выдаваць пасведчанні на капёрства і рэпрэсаліі, чаканіць манету, выпускаць крэдытныя білеты, выплачваць даўгі чым-небудзь іншым акрамя залатой і срэбранай манетай, прымаць білі аб апале, законы ex post facto альбо законы, якія парушаюць дагаворныя абавязацельствы альбо жалаваць дваранскія тытулы.

Ніводны Штат не можа без згоды Кангрэса абкладаць якімі-небудзь пошлінамі ці зборамі ўвоз альбо вываз тавараў, за выключэннем выпадкаў, калі гэта можа стаць неабходным для выканання інспекцыйных законаў Штата; чысты прыбытак ад усіх збораў і пошлін, якія ўстаноўлены Штатам на ўвоз і вываз тавараў, паступае ў распараджэнне казначэйства Злучаных Штатаў; усе гэтакія законы падлягаюць кантролю з боку Кангрэса і могуць быць ім перагледжаны.

Ніводны Штат не можа без згоды Кангрэса ўстанаўліваць якія-небудзь мытныя пошліны, утрымліваць войскі ці ваенныя судны ў мірны час, заключаць якія-небудзь пагадненні альбо дагаворы з іншымі Штатамі ці з замежнай краінай, або весці вайну, калі толькі ён ужо не падвергнуўся ўварванню альбо не знаходзіцца ў такой немінучай небяспецы, калі прамаруджанне недапушчальна.


АРТЫКУЛ II.


Раздзел I. Выканаўчая ўлада даецца Прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі. Ён займае сваю пасаду на працягу чатырохгадовага тэрміну і разам з Віцэ-прэзідэнтам, які выбіраецца на той жа тэрмін, наступным чынам.

Кожны Штат прызначае ў парадку, устаноўленым яго заканадаўчым сходам, выбаршчыкаў у колькасці, роўнай агульнай колькасці сенатараў і прадстаўнікоў, якіх Штат мае права прызначыць у Кангрэс, аднак ніводны сенатар ці прадстаўнік альбо асоба, якая займае афіцыйную ці даходную пасаду на службе Злучаных Штатаў, не могуць быць прызначаны выбаршчыкамі.

Выбаршчыкі збіраюцца ў сваіх Штатах і галасуюць за дзвюх асоб, адна з якіх прынамсі не павінна быць жыхаром аднаго з ёй Штата. Яны таксама складаюць спісы ўсіх асоб, за якіх галасавалі, з адзнакай аб колькасці галасоў, аддадзеных за кожнага з іх; гэты спіс яны падпісваюць, засведчваюць і напраўляюць апячатаным да месцазнаходжання ўрада Злучаных Штатаў на імя Старшыні Сената. Старшыня Сената ў прысутнасці Сената і Палаты прадстаўнікоў распячатвае ўсе апячатаныя спісы, пасля чаго падлічваюцца галасы. Асоба, якая атрымала найбольшую колькасць галасоў, становіцца Прэзідэнтам, пры ўмове, што гэтая колькасць складае большасць галасоў усіх прызначаных выбаршчыкаў; калі болей чым адна асоба атрымае гэтую большасць, маючы пры гэтым роўную колькасць галасоў, палата прадстаўнікоў неадкладна выбірае аднаго з іх у Прэзідэнты, галасуючы бюлетэнямі; калі ніводная асоба не атрымае большасці галасоў, названая палата такім жа чынам выбірае Прэзідэнта з пяці асоб, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў сярод усіх кандыдатаў, што былі ў спісе. Аднак пад час выбараў Прэзідэнта галасы падаюцца па Штатах, прычым прадстаўніцтва ад кожнага Штата мае адзін голас; кворум у такім выпадку складаюць члены палаты ад дзвюх трацей Штатаў; пры гэтым для выбрання Прэзідэнта неабходна большасць галасоў усіх Штатаў. У кожным выпадку пасля выбрання Прэзідэнта асоба, якая атрымала найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, становіцца Віцэ-прэзідэнтам. Калі ж дзве асобы ці болей атрымаюць роўную колькасць галасоў, Сенат выбірае з іх Віцэ-прэзідэнта, галасуючы бюлетэнямі.

Кангрэс можа вызначаць час выбрання выбаршчыкаў і дзень, калі яны падаюць галасы; такі дзень з’яўляецца адзіным паўсюдна ў Злучаных Штатах. Ніводная асоба, акрамя грамадзяніна па нараджэнню альбо грамадзяніна Злучаных Штатаў на момант прыняцця гэтай Канстытуцыі, не падлягае выбранню на пасаду Прэзідэнта; таксама як не падлягае выбранню на гэтую пасаду якая-небудзь асоба, якая не дасягнула ўзросту 35 год і не пражывала на працягу чатырнаццаці год у Злучаных Штатах.

У выпадку зняцця Прэзідэнта з пасады альбо яго смерці, адстаўкі ці няздольнасці ажыццяўляць паўнамоцтвы і абавязкі названай пасады, яны пераходзяць да Віцэ-прэзідэнта; у выпадку зняцця, смерці, адстаўкі альбо няздольнасці як Прэзідэнта, так і Віцэ-прэзідэнта Кангрэс можа прыняць закон, у якім будзе ўказана, якая афіцыйная асоба будзе дзейнічаць у якасці Прэзідэнта; такая афіцыйная асоба выконвае адпаведныя абавязкі, пакуль прычына няздольнасці Прэзідэнта выконваць свае абавязкі не будзе ліквідавана ці не будзе выбраны новы Прэзідэнт.

Прэзідэнт у вызначаны тэрмін атрымлівае плату, якая не можа быць ні павялічана, ні паменшана на працягу таго перыяду, на які ён быў абраны, і ў межах гэтага перыяду ён не можа атрымліваць ніякіх іншых даходаў ад Злучаных Штатаў альбо ад якога-небудзь Штата.

Перад заняццем пасады Прэзідэнт прымае прысягу альбо робіць урачыстую заяву: «Я ўрачыста клянуся, што буду добрасумленна выконваць абавязкі Прэзідэнта Злучаных Штатаў і ў поўнай меры сваіх сіл буду падтрымліваць, ахоўваць і абараняць Канстытуцыю Злучаных Штатаў».


Раздзел 2. Прэзідэнт з’яўляецца галоўнакамандуючым арміяй і флотам Злучаных Штатаў і міліцыяй некаторых Штатаў, калі яна прызываецца на абавязковую службу Злучаных Штатаў; ён можа запатрабаваць ад вышэйшай афіцыйнай асобы ў кожным з выканаўчых дэпартаментаў яе пісьмовае меркаванне па любым пытанні, якое датычыць іх афіцыйных абавязкаў; ён мае права дараваць адтэрміноўку выканання прыгавора, а таксама памілаванне за злачынствы супраць Злучаных Штатаў за выключэннем спраў аб імпічмэнце.

Ён мае права адпаведна з парадай і згодай Сената заключаць міжнародныя пагадненні пры ўмове іх адабрэння дзвюма трэцімі сенатараў, што прысутнічаюць; ён адпаведна з парадай і згодай Сената прызначае паслоў, іншых афіцыйных прадстаўнікоў і консулаў, суддзяў Вярхоўнага суда і ўсіх іншых афіцыйных асоб Злучаных Штатаў, прызначэнне якіх у іншым парадку Канстытуцыяй не прадугледжана і пасады якіх вызначаны законам; аднак Кангрэс можа законам даць права асабіста Прэзідэнту, судам ці старшыням дэпартаментаў прызначаць тых ніжэйстаячых афіцыйных асоб, якіх палічыць слушнымі.

Прэзідэнт мае права запаўняць усе вакансіі, якія адкрываюцца ў перыяд паміж сесіямі Сената, выдаваць пасведчанні на пасады, тэрмін дзеяння якіх мінае ў канцы яго наступнай сесіі.


Раздзел 3. Прэзідэнт перыядычна дае Кангрэсу інфармацыю аб становішчы Саюза і рэкамендуе да яго разгляду такія меры, якія ён палічыць неабходнымі і мэтазгоднымі; ён можа ў надзвычайных выпадках склікаць абедзве палаты ці любую з іх, а ў выпадку рознагалоссяў паміж палатамі наконт часу пераносу паседжанняў ён можа перанесці іх сам на той час, які палічыць слушным; ён прымае паслоў і іншых афіцыйных прадстаўнікоў; ён клапоціцца аб тым, каб законы выконваліся добрасумленна, і прызначае на пасады ўсіх службовых асоб Злучаных Штатаў.


Раздзел 4. Прэзідэнт, Віцэ-прэзідэнт і ўсе грамадзянскія службовыя асобы Злучаных Штатаў могуць быць зняты з пасады ў парадку імпічмэнта па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе, хабарніцтве альбо за іншыя цяжкія злачынствы і місдымінары.


АРТЫКУЛ III.


Раздзел 1. Судовая ўлада Злучаных Штатаў даецца толькі аднаму Вярхоўнаму суду і тым ніжэйстаячым судам, якія Кангрэс можа час ад часу засноўваць. Суддзі як Вярхоўнага, так і ніжэйстаячых судоў знаходзяцца на сваіх пасадах, пакуль паводзяць сябе бездакорна, і атрымліваюць за сваю службу ў вызначаны час плату, якая не можа быць паменшана ў перыяд іх знаходжання на пасадзе.


Раздзел 2. Судовая ўлада распаўсюджваецца на ўсе справы, заснаваныя на праве і справядлівасці, што ўзнікаюць на падставе гэтай Канстытуцыі, законаў Злучаных Штатаў і міжнародных дагавораў, якія заключаны ці будуць заключаны ад іх імя, на ўсе справы, якія датычацца паслоў, іншых афіцыйных прадстаўнікоў і консулаў; на ўсе справы адміралцейства і марской юрысдыкцыі; на спрэчкі, адным з бакоў у якіх з’яўляюцца Злучаныя Штаты; на спрэчкі паміж дзвюма ці болей Штатамі; паміж якім-небудзь Штатам і грамадзянамі іншага Штата, паміж грамадзянамі розных Штатаў, паміж грамадзянамі аднаго Штата, прэтэндуючымі на землі, якія дадзены іншымі Штатамі, і паміж Штатам і яго грамадзянамі і замежнымі дзяржавамі, грамадзянамі ці падданымі.

Па ўсіх справах, якія датычацца паслоў, іншых афіцыйных прадстаўнікоў і консулаў, а таксама па тых, у якіх Штат з’яўляецца адным з бакоў, Вярхоўны суд надзяляецца першапачатковай юрысдыкцыяй. Па ўсіх іншых вышэйпамянёных справах Вярхоўны суд надзяляецца апеляцыйнай юрысдыкцыяй па пытаннях як права, так і факта, з такімі выключэннямі і па такіх правілах, якія ўстанаўлівае Кангрэс.

Справы аб усіх злачынствах, за выключэннем спраў аб імпічмэнце, падлягаюць разгляду ў судзе прысяжных; такія справы разглядаюцца ў тым Штаце, дзе злачынствы былі ўчынены; аднак калі яны былі ўчынены не ў межах якога-небудзь Штата, справа разглядаецца ў тым месцы ці месцах, якія Кангрэс можа ўказаць у законе.


Раздзел 3. Дзяржаўнай здрадай Злучаным Штатам з’яўляецца толькі вядзенне вайны супраць іх ці далучэнне да іх ворагаў, аказанне ім дапамогі і падтрымкі. Ніхто не можа быць асуджаны за дзяржаўную здраду, акрамя як на падставе паказанняў дзвюх сведак аб адным і тым жа відавочным здарэнні ці прызнання, зробленага ў адкрытым судовым паседжанні.

Кангрэс мае права ўстанаўліваць адказнасць за дзяржаўную здраду, аднак пакаранне за дзяржаўную здраду з пазбаўленнем асуджанага грамадзянскіх ці маёмасных правоў не можа адбыцца акрамя як пры яго жыцці.


АРТЫКУЛ IV.


Раздзел 1. Поўны давер і павага павінны аказвацца ў кожным Штаце афіцыйным актам, дакументам і матэрыялам судаводства любога іншага Штата. Кангрэс можа шляхам прыняцця агульных законаў прадпісваць спосаб засведчання аўтэнтычнасці гэтых актаў, дакументаў і матэрыялаў судаводства, а таксама вызначэння іх юрыдычнай сілы.


Раздзея 2. Грамадзянам кожнага Штата даюцца ўсе прывілеі і ільготы грамадзян іншых Штатаў.

Асоба, якая абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе, цяжкім злачынстве альбо іншым злачынстве, утоеным ад правасуддзя і выяўленым у іншым Штаце, па патрабаванню выканаўчай улады Штата, з якога яна ўцякла, падлягае выдачы для адпраўкі ў той Штат, юрысдыкцыі якога падлягае гэта злачынства.

Ніводная асоба, якая служыць ці працуе ў адным Штаце па яго законах, уцекшая ў іншы Штат, не вызваляецца згодна з якім-небудзь законам ці пастановай апошняга ад паслугі ці працы, а павінна быць выдадзена па заяве таго боку, які мае права на гэтыя паслугі ці работу.


Раздзел 3. Новыя Штаты могуць дапускацца Кангрэсам у гэты Саюз; аднак ніводны Штат не можа быць утвораны ці засноўваны ў межах юрысдыкцыі якога-небудзь іншага Штата; і ніякі Штат не можа быць утвораны шляхам зліцця двух ці болей Штатаў альбо частак Штата без згоды заканадаўчых сходаў зацікаўленых Штатаў, таксама як і Кангрэса.

Кангрэс мае права распараджацца тэрыторыяй ці іншай маёмасцю, якая належыць Злучаным Штатам, і выдаваць адносна іх усе неабходныя пастановы і прадпісанні; нішто ў гэтай Канстытуцыі не павінна тлумачыцца на шкоду якім-небудзь правам Злучаных Штатаў альбо якога-небудзь асобнага Штата.


Раздзел 4. Злучаныя Штаты гарантуюць кожнаму Штату ў гэтым Саюзе рэспубліканскую форму праўлення і абараняюць кожны з іх ад нападу, а па хадайніцтву заканадаўчага сходу ці выканаўчай улады (калі заканадаўчы сход не можа быць скліканы) — і ад унутранага насілля.


АРТЫКУЛ V.


Кангрэс, калі б ні палічылі гэта неабходным дзве трэція членаў абедзвюх палат, можа прапаноўваць папраўкі да гэтай Канстытуцыі альбо — па хадайніцтву заканадаўчых сходаў дзвюх трацей Штатаў — можа склікаць Канвент для прапановы паправак, якія ў абодвух выпадках будуць мець юрыдычную сілу ва ўсіх адносінах як частка гэтай Канстытуцыі пасля іх ратыфікацыі заканадаўчымі сходамі трох чацвярцей Штатаў альбо канвентамі ў трох чацвярцях тых, у залежнасці ад таго, якую форму ратыфікацыі прапануе Кангрэс. Пры гэтым ніводная папраўка, якая можа быць прынята да адна тысяча восемсот восьмага года, ніякім чынам не павінна закранаць першы і чацвёрты склады дзевятага раздзела першага Артыкула; ніводны Штат без ягонай згоды не можа быць пазбаўлены свайго роўнага з іншымі Штатамі голасу ў Сенаце.


АРТЫКУЛ VI.


Усе даўгі і абавязацельствы, якія існавалі да прыняцця гэтай Канстытуцыі, захоўваюць такую ж сілу для Злучаных Штатаў пры гэтай Канстытуцыі, як і пры Канфедэрацыі.

Гэта Канстытуцыя і законы Злучаных Штатаў, якія прымаюцца ў мэтах выканання той, роўна як і ўсе дагаворы, якія заключаны ці будуць заключаны ад імя Злучаных Штатаў, з’яўляюцца вярхоўным правам краіны; і суддзі ў кожным Штаце павінны кіравацца такім правам, што б яму ні супярэчыла ў Канстыгуцыі альбо законах любога Штата.

Вышэйпамянёныя сенатары і прадстаўнікі заканадаўчых сходаў асобных Штатаў, роўна як і выканаўчыя і судзебныя службовыя асобы як Злучаных Штатаў, так і асобных Штатаў абавязваюцца, прымаючы прысягу ці даючы клятву, падтрымліваць гэтую Канстытуцыю; аднак ніякая праверка рэлігійнасці не павінна патрабавацца ў якасці ўмовы для займання якой-небудзь афіцыйнай альбо грамадскай пасады на службе Злучаных Штатаў.


АРТЫКУЛ VII.


Ратыфікацыя Канвентамі дзевяці Штатаў з’яўляецца дастатковай для ўстанаўлення гэтай Канстытуцыі ў Штатах, якія такім чынам прызнаюць яе.

Здзейснена на Канвенце пры аднадушнай згодзе прысутных Штатаў семнаццатага дня верасня ў адна тысяча семсот восемдзесят сёмым годзе ад нараджэння Хрыста і на дванаццатым годзе незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі. У сведчанне чаго мы паставілі тут нашы подпісы.


Дж. Вашынгтон

Прэзідэнт і дэлегат ад Вірджыніі


Нью-Гемпшыр: Джон Лэнгдан; Нікалас Гілмэн

Масачусэтс: Натаніэл Гарэм; Руфус Кінг

Канэктыкут: Уільям Сэмюэл Джонсан; Роджэр Шэрман

Нью-Норк: Аляксандр Гамільтан

Нью-Джэрсі: Уільям Лівінгстан; Дэвід Брэрлі; Уільям Пэтэрсан; Джанатан Дэйтан

Пенсільванія: Бэнджамін Франклін; Томас Міфлін; Робэрт Морыс, Джордж Клаймер; Томас Фіцсіманс; Джарэл Ннгерсол; Джэймс Уілсан; Говард Морыс

Дэлавэр: Джордж Рыд; Ганінг Бэдфард малодшы; Джон Дыкінсан; Рычард Басэт; Джэйкаб Брум

Мэрыленд: Джэймс Макгенры; Дэніэл оф Сент-Томас Джэніфер; Дэніэл Кэрол

Вірджынія: Джон Блэр; Джэймс Мэдісан малодшы

Паўночная Караліна: Уільям Блаўнт; Рычард Добс Спэйт; X’ю Уільямсан

Пауднёвая Караліна: Дж. Рутледж; Чарльз Котсўорт Пінкні, Чарльз Пінкні; Пірс Батлер

Джорджыя: Уільям Ф’ю; Авраам Болдуін


17 верасня 1787 года

ПАПРАЎКІ


Першыя дзесяць паправак вядомы пад агульнай назвай Біль аб правах.


ПАПРАЎКА I. 1791
Кангрэс не павінен выдаваць ніводнага закона, што датычыцца ўстанаўлення рэлігіі ці забараняе свабоднае веравызнанне, альбо абмяжоўвае свабоду слова ці друку, альбо права народа на мірныя сходы і на петыцыі да ўрада аб задавальненні скаргаў. 


ПАПРАЎКА II. 1791 
Паколькі добра арганізаваная міліцыя неабходна для бяспекі свабоднай дзяржавы, права народа на захоўванне і нашэнне зброі не павінна парушацца. 


ПАПРАЎКА III. 1791 
Ніводны вайсковец не павінен у мірны час размяшчацца на пастой без згоды гаспадара; аднак у ваенны час гэта дапушчальна ў парадку, прадугледжаным законам. 


ПАПРАЎКА IV. 1791
Права народа на недатыкальнасць асобы, жылля, асабістых дакументаў і маёмасці не павінна парушацца неабгрунтаванымі вобыскамі і арыштамі. Ніводны ордэр не можа быць выдадзены інакш, як пры наяўнасці дастатковай падставы, што гарантуецца прысягай ці клятвай; пры гэтым ордэр павінен змяшчаць падрабязнае апісанне месца, якое падлягае вобыску, асоб ці рэчаў, якія падлягаюць арышту.


ПАПРАЎКА V. 1791
Ніводная асоба не павінна прыцягвацца да адказнасці за цяжкае ці іншае злачынства, што караецца смерцю і пазбаўленнем грамадзянскіх правоў, акрамя як па рашэнню альбо абвінаваўчаму заключэнню Вялікага журы, за выключэннем спраў аб злачынствах, учыненых асобамі, якія знаходзяцца на абавязковай службе ў сухапутных ці ваенна-марскіх сілах альбо ў міліцыі ў час вайны ці на перыяд небяспечнага для грамадства становішча; ніводная асоба за адно і тое ж правапарушэнне не можа двойчы падвяргацца пагрозе пазбаўлення жыцця альбо целеснага пашкоджання; ніхто не павінен прымушацца быць сведкай супраць сябе ў любой крымінальнай справе, а таксама пазбаўляцца жыцця, свабоды ці маёмасці без прадугледжанай у законе працэдуры; прыватная маёмасць не павінна адбірацца ў грамадскае карыстанне без справядлівай кампенсацыі.


ПАПРАЎКА VI. 1791
Ва ўсіх крымінальных праследваннях абвінавачаны мае права на тэрміновы і публічны суд непрадузятых прысяжных таго Штата і акругі, раней устаноўленага законам, у якім было ўчынена злачынства, і павінны быць праінфармаваны аб сутнасці і прычынах абвінавачвання, ён таксама мае права на вочную стаўку са сведкамі, якія сведчаць супраць яго, а таксама на прымусовы выклік сведак са свайго боку і на дапамогу адваката.


ПАПРАЎКА VII. 1791
Па ўсіх заснаваных на агульным праве грамадзянскіх справах, у якіх аспрэчваемая цана іску перавышае 20 долараў, захоўваецца права на суд прысяжных; ніводны факт, разгледжаны судом прысяжных, не можа быць перагледжаны ніякім іншым судом Злучаных Штатаў інакш як у адпаведнасці з нормамі агульнага права.


ПАПРАЎКА VIII. 1791
Не павінны патрабавацца праз меру вялікія заклады альбо накладвацца празмерныя штрафы ці прызначацца жорсткія і незвычайныя пакаранні.


ПАПРАЎКА IX. 1791
Пералічэнне ў Канстытуцыі вызначаных правоў не павінна тлумачыцца як адмаўленне ці прымяншэнне іншых правоў, якія захоўваюцца народам.


ПАПРАЎКА X. 1791
Правамоцтвы, якія не дэлегаваны Злучаным Штатам гэтай Канстытуцыяй і не забаронены ёю Штатам, захоўваюцца адпаведна за Штатамі ці за народам.


ПАПРАЎКА XI. 1795
Судовая ўлада Злучаных Штатаў не павінна тлумачыцца такім чынам, што яна распаўсюджваецца на якую-небудзь справу, заснаваную на законе ці справядлівасці, якая ўзбуджана ці вядзецца супраць аднаго са Злучаных Штатаў па іску грамадзян іншага Штата альбо грамадзян ці суб’ектаў якой-небудзь замежнай дзяржавы.


ПАПРАЎКА XII. 1804
Выбаршчыкі збіраюцца ў сваіх Штатах адпаведна і галасуюць бюлетэнямі за Прэзідэнта і Віцэ-прэзідэнта, адзін з якіх прынамсі не павінен быць жыхаром аднаго і таго ж з імі Штата; яны ўказваюць у сваіх бюлетэнях асобу, за якую галасуюць як за Прэзідэнта, і ў асобных бюлетэнях — асобу, за якую галасуюць як за Віцэ-прэзідэнта; яны ж складаюць асобныя спісы ўсіх асоб, за якіх галасавалі як за Прэзідэнта, і ўсіх асоб, за якіх галасавалі як за Віцэ-прэзідэнта з указаннем колькасці галасоў, пададзеных за кожнага з іх; яны падпісваюць гэтыя спісы, засведчваюць іх і накіроўваюць апячатанымі ў месцазнаходжанне ўрада Злучаных Штатаў на імя Старшыні Сената. Старшыня Сената ў прысутнасці Сената і Палаты прадстаўнікоў распячатвае ўсе спісы, пасля чаго робіцца падлік галасоў. Асоба, якая атрымала найбольшую колькасць галасоў як кандыдат у Прэзідэнты, становіцца Прэзідэнтам, калі гэта колькасць з’яўляецца большасцю галасоў усіх прызначаных выбаршчыкаў; калі ж ніводная асоба не атрымала такой большасці галасоў, палата прадстаўнікоў павінна неадкладна на падставе галасавання бюлетэнямі выбраць Прэзідэнта з ліку трох асоб, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Аднак пры выбарах Прэзідэнта галасы падаюцца па Штатах, прычым прадстаўніцтва ад кожнага Штата мае адзін голас; кворум у гэтым выпадку складаюць члены Палаты прадстаўнікоў ад дзвюх трэціх усіх Штатаў, пры гэтым неабходна большасць галасоў усіх Штатаў. І калі Палата прадстаўнікоў у выпадку, калі права выбару пераходзіць да яе, не выбера Прэзідэнта да чацвёртага дня наступнага сакавіка, Віцэ-прэзідэнт пачынае дзейнічаць у якасці Прэзідэнта, як і ў выпадку смерці ці іншай канстытуцыйнай недзеяздольнасці Прэзідэнта. Асоба, якая атрымала найбольшую колькасць галасоў як кандыдат у Віцэ-прэзідэнты, становіцца Віцэ-прэзідэнтам, калі гэтая колькасць з'яўляецца большасцю галасоў усіх прызначаных выбаршчыкаў; калі ж ніводная асоба не атрымае большасці галасоў, Сенат павінен выбраць Віцэ-прэзідэнта з двух кандыдатаў, якія атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў; кворум у такім выпадку складаецца з дзвюх трэціх усіх сенатараў, пры гэтым для выбрання неабходна большасць галасоў прысутных. Аднак, ніводная асоба, якая не можа ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі патрабаваннямі быць абранай на пасаду Прэзідэнта, не можа выбірацца на пасаду Віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў.


ПАПРАЎКА XIII. 1865
Раздзел 1. У Злучаных Штатах ці ў якім-небудзь іншым месцы, якое знаходзіцца пад іх юрысдыкцыяй, не павінна быць ні рабства, ні кабалы, акрамя тых выпадкаў, калі гэта з’яўляецца мерай пакарання асобы за злачынства, за якое яна была належным чынам асуджана.


Раздзел 2. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.


ПАПРАЎКА XIV. 1868
Раздзел 1. Усе асобы, якія нарадзіліся ці натуралізаваліся ў Злучаных Штатах і падпарадкаваны іх юрысдыкцыі, з’яўляюцца грамадзянамі Злучаных Штатаў і Штата, у якім яны пражываюць. Ніводзін Штат не павінен выдаваць ці выкарыстоўваць законы, якія абмяжоўваюць прывілеі і імунітэты грамадзян Злучаных Штатаў; ніводзін Штат таксама не можа пазбавіць любую асобу жыцця, свабоды ці маёмасці без прадугледжанай у законе працэдуры альбо адмовіць любой асобе, якая знаходзіцца ў яго юрысдыкцыі, у роўнай абароне закону.


Раздзел 2. Прадстаўнікі размяркоўваюцца паміж асобнымі Штатамі адпаведна колькасці насельніцтва, што вызначаецца праз падлік усіх жыхароў Штата, за выключэннем неабкладваемых падаткам індзейцаў. Аднак, калі пры выбранні выбаршчыкаў Прэзідэнта і Віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў, пры выбранні прадстаўнікоў у Кангрэс, службовых асоб выканаўчых і судовых органаў Штата ці членаў заканадаўчага сходу Штата, каму-небудзь з жыхароў гэтага Штата мужчынскага полу, якія дасягнулі ўзросту дваццаці аднаго года і з’яўляюцца грамадзянамі Злучаных Штатаў, адмаўляецца ў праве голасу ці гэта права абмяжоўваецца якім-небудзь чынам, акрамя выпадкаў абмежавання за ўдзел у паўстанні ці ў іншым злачынстве, норма прадстаўніцтва ад гэтага Штата павінна быць паменшана ў такой прапорцыі, у якой колькасць гэтых грамадзян мужчынскага полу суадносіцца з агульнай колькасцю грамадзян мужчынскага полу гэтага Штата, якія дасягнулі ўзросту дваццаці аднаго года.


Раздзел 3. Ніводная асоба не можа быць сенатарам ці прадстаўніком у Кангрэсе ці выбаршчыкам Прэзідэнта і Віцэ-прэзідэнта альбо займаць любую пасаду, грамадзянскую ці ваенную, на службе Злучаных Штатаў ці любога са Штатаў, калі яна з’яўлялася членам Кангрэса ці службовай асобай Злучаных Штатаў альбо членам заканадаўчага сходу любога Штата ці службовай асобай выканаўчага альбо судовага органа любога Штата і прымала прысягу падтрымліваць Канстытуцыю Злучаных Штатаў, аднак прыняла ўдзел у мяцежу ці ў паўстанні супраць Злучаных Штатаў альбо аказвала дапамогу ці падтрымку іх ворагам. Аднак Кангрэс дзвюма трацямі галасоў кожнай з палат можа ліквідаваць гэтае абмежаванне дзеяздольнасці.


Раздзел 4. Правамернасць дзяржаўнага доўгу Злучаных Штатаў, які санкцыяніраваны законам, у тым ліку даўгі, зробленыя для выплаты пенсій і ўзнагарод за службу ў час падаўлення мяцежу ці паўстання, не падлягае сумненню. Аднак ні Злучаныя Штаты, ні любы са Штатаў не павінен прымаць ці аплочваць ніякіх абавязацельстваў ці даўгоў, якія былі зроблены з мэтай дапамогі мяцежу ці паўстанню супраць Злучаных Штатаў, альбо прызнаваць любыя прэтэнзіі ў сувязі са стратай ці вызваленнем любога раба; усе гэтыя даўгі, абавязацельствы і прэтэнзіі павінны лічыцца незаконнымі і не маюць сапраўднай сілы.


Раздзел 5. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення палажэнняў гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.


ПАПРАЎКА XV. 1870
Раздзел 1. Права голасу грамадзян Злучаных Штатаў не павінна адмаўляцца ці абмяжоўвацца Злучанымі Штатамі ці любым Штатам па прызнаку расы, колеру скуры альбо ў сувязі з ранейшым знаходжаннем у кабале.


Раздзел 2. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.


ПАПРАЎКА XVI. 1913
Кангрэс мае права ўстанаўліваць і збіраць падаткі з даходаў, якія атрымоўваюцца любым чынам, без размеркавання паміж Штатамі і безадносна ад афіцыйных падлікаў і любых перапісаў насельніцтва.


ПАПРАЎКА XVII. 1913
Сенат Злучаных Штатаў складаецца з сенатараў, па два ад кожнага Штата, якія выбіраюцца яго насельніцтвам на шэсць год; кожны сенатар мае адзін голас. Выбаршчыкі ў кожным Штаце павінны адпавядаць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да выбаршчыкаў больш шматлікай палаты заканадаўчага сходу Штата.

Калі ў прадстаўніцтве якога-небудзь Штата ў Сенаце з’яўляюцца вакансіі, выканаўчая ўлада гэтага Штата выдае загад аб правядзенні выбараў для запаўнення гэтах вакансій. Пры гэтым прадугледжана, што заканадаўчы сход Штата можа ўпаўнаважыць выканаўчую ўладу зрабіць часовыя прызначэнні, пакуль насельніцтва не запоўніць вакансіі шляхам выбараў, якія праводзяцца ва ўстаноўленым заканадаўчым сходам парадку.

Гэта папраўка не павінна тлумачыцца такім чынам, каб уплываць на выбранне ці тэрмін паўнамоцтваў сенатара, які быў абраны да ўступлення ў сілу гэтай папраўкі ў якасці часткі Канстытуцыі.


ПАПРАЎКА XVIII. 1919
Раздзел 1. Праз адзін год пасля ратыфікацыі гэтага артыкула будзе забаронена вытворчасць, продаж і транспарціроўка ап’яняючых напіткаў, іх увоз на тэрыторыю і вываз з тэрыторыі Злучаных Штатаў, а таксама на ўсіх тэрыторыях, якія знаходзяцца ў іх юрысдыкцыі, з мэтай спажывання.


Раздзел 2. Кангрэс і асобныя Штаты маюць права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.


Раздзел 3. Гэты артыкул не будзе мець законнай сілы, калі ён не будзе ратыфікаваны заканадаўчымі сходамі ўсіх Штатаў у якасці папраўкі да Канстытуцыі, што прадугледжана ў самой Канстытуцыі, на працягу сямі год з дня прадстаўлення яго Кангрэсам на разгляд Штатам.


ПАПРАЎКА XIX. 1920
Права голасу грамадзян Злучаных Штатаў не павінна адмаўляцца ці абмяжоўвацца Злучанымі Штатамі ці любым Штатам па прызнаку полу. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.


ПАПРАЎКА XX. 1933
Раздзел 1. Тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта і Віцэ-прэзідэнта заканчваецца ў поўдзень дваццатага дня студзеня, а сенатараў і прадстаўнікоў — у поўдзень трэцяга дня студзеня ў тыя гады, у якія гэтыя тэрміны маглі скончыцца, калі б гэты артыкул не быў бы ратыфікаваны; з гэтага ж часу пачынаецца тэрмін паўнамоцтваў іх пераемнікаў.


Раздзел 2. Кангрэс павінен збірацца як мінімум адзін раз у год, і такі сход павінен адкрывацца апоўдні трэцяга дня студзеня, калі законам не вызначаны іншы дзень.


Раздзел 3. Калі, на момант, вызначаны як пачатак прэзідэнтскіх паўнамоцтваў, абраны Прэзідэнт памёр, Прэзідэнтам становіцца асоба, абраная Віцэ-прэзідэнтам. Калі Прэзідэнт не быў абраны да пачатку тэрміну яго паўнамоцтваў альбо не адпавядае патрабаванням, што прад’яўляюцца да кандыдатаў на гэту пасаду, асоба, абраная Віцэ-прэзідэнтам, пачынае дзейнічаць у якасці Прэзідэнта да той пары, пакуль Прэзідэнт не будзе адпавядаць гэтым патрабаванням; у выпадку, калі ні Прэзідэнт, ні Віцэ-прэзідэнт, якія былі абраны, не адпавядаюць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да кандыдатаў на гэтыя пасады, Кангрэс можа прыняць закон, у якім вызначаецца, хто будзе дзейнічаць у якасці Прэзідэнта, ці ўстанаўліваецца парадак выбрання той асобы, якая будзе дзейнічаць у якасці Прэзідэнта ці Віцэ-прэзідэнта; гэтая асоба будзе выконваць адпаведныя абавязкі да таго часу, пакуль Прэзідэнт ці Віцэ-прэзідэнт не будуць адпавядаць патрабаванням, якія прад’яўляюцца да кандыдатаў на іх пасады.


Раздзел 4. Кангрэс можа прадугледзець у законе меры на выпадак смерці якой-небудзь асобы, з ліку якіх Палата прадстаўнікоў можа выбіраць Прэзідэнта, калі права выбару пераходзіць да яе, і на выпадак смерці якой-небудзь асобы, з ліку якіх Сенат можа выбіраць Віцэ-прэзідэнта, калі права выбару пераходзіць да яго.


Раздзел 5. Раздзелы 1 і 2 уступаюць у сілу на 15-ы дзень кастрычніка, наступнага пасля ратыфікацыі гэтага артыкула.


Раздзел 6. Гэты артыкул не ўступае ў сілу, калі ён не будзе ратыфікаваны ў якасці папраўкі да Канстытуцыі заканадаўчымі сходамі трох чацвярцей асобных Штатаў на працягу сямі гадоў ад дня яго прадстаўлення.


ПАПРАЎКА XXI. 1933
Раздзел 1. Васемнаццаты артыкул паправак да Канстытуцыі Злучаных Штатаў гэтым адмяняецца.


Раздзел 2. Транспарціроўка ці ўвоз у любы са Штатаў,на любую тэрыторыю ці ва ўладанне Злучаных Штатаў з мэтай дастаўкі ці ўжывання ап’яняючых напіткаў з парушэннем дзейнічаючых там законаў гэтым забараняецца.


Раздзел 3. Гэты артыкул не ўступае ў сілу, калі ён не ратыфікаваны ў якасці папраўкі да Канстытуцыі канвентамі асобных Штатаў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, на працягу сямі год з дня прадстаўлення яго Кангрэсам на адабрэнне Штатамі.


ПАПРАЎКА XXII. 1951
Раздзел 1. Ніводная асоба не можа быць выбрана на пасаду Прэзідэнта больш чым двойчы, і ніводная асоба, якая займала пасаду Прэзідэнта ці дзейнічала ў якасці Прэзідэнта на працягу болей чым два гады таго тэрміну, на які іншая асоба была абрана Прэзідэнтам, не можа выбірацца на пасаду Прэзідэнта больш аднаго разу. Аднак гэты артыкул не распаўсюджваецца на асобу, якая займала пасаду Прэзідэнта, калі гэты артыкул быў прапанаваны Кангрэсам, і не забараняе якой-небудзь асобе, якая займае пасаду Прэзідэнта ці дзейнічае ў якасці Прэзідэнта, на працягу тэрміну, калі гэты артыкул уступае ў сілу, займаць пасаду Прэзідэнта ці дзейнічаць ў якасці Прэзідэнта на працягу астатку гэтага тэрміну.


Раздзел 2. Гэты артыкул не ўступае ў сілу, калі ён не будзе ратыфікаваны ў якасці папраўкі да Канстытуцыі заканадаўчымі сходамі трох чацвярцей асобных Штатаў на працягу сямі год з дня яго прадстаўлення Кангрэсам на адабрэнне Штатамі.


ПАПРАЎКА XXIII. 1961
Раздзел 1. Акруга, якая з’яўляецца месцам знаходжання ўрада Злучаных Штатаў, у парадку, які ўстанаўлівае Кангрэс, прызначае:

Колькасць выбаршчыкаў Прэзідэнта і Віцэ-прэзідэнта, якая ўраўноўваецца з колькасцю сенатараў і прадстаўнікоў у Кангрэсе, якую акруга магла б мець, калі б была Штатам, аднак ні ў якім разе болей чым найменш заселены Штат; яны з’яўляюцца дапаўненнем да тых, што прызначаюцца Штатамі, аднак у мэтах выбрання Прэзідэнта і Віцэ-прэзідэнта яны лічацца выбаршчыкамі, якія прызначаны Штатам; яны таксама збіраюцца ў акрузе і выконваюць тыя абавязкі, якія прадугледжаны дванаццатым артыкулам паправак.


Раздзел 2. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.


ПАПРАЎКА XXIV. 1964
Раздзел I. Права грамадзян Злучаных Штатаў галасаваць на любых пярвічных ці іншых выбарах за Прэзідэнта ці Віцэ-прэзідэнта, за выбаршчыкаў Прэзідэнта ці Віцэ-прэзідэнта альбо за сенатараў ці прадстаўнікоў у Кангрэсе не павінна адмаўляцца альбо абмяжоўвацца Злучанымі Штатамі ці якім-небудзь Штатам у сувязі з нявыплатай любога выбарчага ці іншага падатку.


Раздзел 2. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.


ПАПРАЎКА XXV. 1967
Раздзел 1. У выпадку адхілення Прэзідэнта ад пасады альбо яго смерці ці адстаўкі Віцэ-прэзідэнт становіцца Прэзідэнтам.


Раздзел 2. Калі пасада Віцэ-прэзідэнта становіцца вакантнай, Прэзідэнт прызначае Віцэ-прэзідэнта, які займае пасаду пасля зацверджання большасцю галасоў абедзвюх палат Кангрэсу.


Раздзел 3. Калі Прэзідэнт перадае Старшыні pro tempore Сената і спікеру Палаты прадстаўнікоў сваю пісьмовую заяву аб сваёй няздольнасці выконваць службовыя паўнамоцтвы і абавязкі на гэтай пасадзе, і пакуль ён не перадасць ім пісьмовую заяву зваротнага зместу, такія паўнамоцтвы і абавязкі павінны выконвацца Віцэ-прэзідэнтам як выконваючым абавязкі Прэзідэнта.


Раздзел 4. Калі Віцэ-прэзідэнт і большасць вышэйшых службовых асоб выканаўчых дэпартаментаў ці іншага выканаўчага органа, які Кангрэс можа прадугледзець законам, перадаюць Старшыні pro tempore Сената і спікеру Палаты прадстаўнікоў сваю пісьмовую заяву аб няздольнасці Прэзідэнта выконваць паўнамоцтвы і абавязкі сваёй пасады, Віцэ-прэзідэнт неадкладна прымае на сябе паўнамоцтвы і абавязкі гэтай пасады ў якасці выконваючага абавязкі Прэзідэнта.

У выніку, калі Прэзідэнт перадае Старшыні pro tempore Сената і спікеру Палаты прадстаўнікоў сваю пісьмовую заяву аб адсутнасці недзеяздольнасці, ён узнаўляе правамоцтвы і абавязкі сваёй пасады, калі Віцэ-прэзідэнт і большасць вышэйшых службовых асоб выканаўчых дэпартаментаў ці такога іншага выканаўчага органа, які Кангрэс можа прадугледзець законам, не прадставіць на працягу чатырох дзён Старшыні pro tempore Сената і спікеру Палаты прадстаўнікоў сваю пісьмовую заяву аб тым, што Прэзідэнт не здольны выконваць паўнамоцтвы і абавязкі сваёй пасады. Затым Кангрэс вырашае гэтую справу, збіраючыся з гэтай мэтай на працягу сарака васьмі гадзін, калі ў гэты момант не адбываецца яго сесія. Калі Кангрэс на працягу дваццаці аднаго дня пасля атрымання апошняй пісьмовай заявы ці на працягу дваццаці аднаго дня ў тэрмін паміж сесіямі Кангрэса, калі ён збярэцца для вырашэння гэтай справы, вырашыць дзвюма трацямі галасоў абедзвюх палат, што Прэзідэнт не здольны выконваць паўнамоцтвы і абавязкі сваёй пасады, Віцэ-прэзідэнт і надалей будзе выконваць абавязкі Прэзідэнта; у іншым выпадку Прэзідэнт узновіць правамоцтвы і абавязкі сваёй пасады.


ПАПРАЎКА XXVI. 1971
Раздзел 1. Права голасу грамадзян Злучаных Штатаў ва ўзросце васемнаццаці год і болей не павінна адмаўляцца ці абмяжоўвацца Злучанымі Штатамі ці любым Штатам на падставе ўзросту.


Раздзел 2. Кангрэс мае права ўстанаўліваць парадак прымянення гэтага артыкула адпаведнымі заканадаўчымі актамі.


RPO 9211-059 BELARUSIAN


Оглавление

  • КАНСТЫТУЦЫЯ ЗЛУЧАНЫХ ШТАТАЎ АМЕРЫКІ
  • АРТЫКУЛ І.
  • АРТЫКУЛ II.
  • АРТЫКУЛ III.
  • АРТЫКУЛ IV.
  • АРТЫКУЛ V.
  • АРТЫКУЛ VI.
  • АРТЫКУЛ VII.
  • ПАПРАЎКІ