КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Наскрозь [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Някляеў Наскрозь


© Камунікат.org


Лінія лёсу


Космас
1
Народжаныя на зямлі
Лазначаны знакам нябёсаў.
Мы тут проста гнёзды звілі,
Забыўшыся, хто мы былі,
Мы тут наняліся ў матросы,
У дойліды і ў кавалі —
I зведаўшы працу зямлі,
Успомнілі прагу нябёсаў.
2
Аднойчы, прачнуўшыся ўночы,
Ты ўспомніш, што ўмееш лятаць,
I стане наіўныя вочы
Халодная бездань смактаць.
I зманлівай згадкай быцця
Цябе працягне аж да поту,—
I ўласнае станеш дзіця
Вучыць не хадзе, а палёту.


Хадок
Уладзіміру Караткевічу
Біклага, кульба, торба на плячах—
Па нашым часе
выгляд маскарадны.
Нікому і ні ў чым непадуладны
Хадок ідзе, таму што выбраў
Шлях.
3 дубровы ў бор, з нізіны на грудок
Ідзе хадок,—
а бэйбусы, барыгі
Крычаць: "Гэй ты! Дзе крыж твой?
Дзе вярыгі?"
Хадок ідзе. Таму што ён
Хадок.
Ён выбраў шлях — і ўжо не зверне ўбок
Ад ісціны, вядомае спрадвеку:
Амаль усё, што трэба чалавеку —
Скарынка хлеба ды вады глыток,
Амаль усё. Амаль, амаль, амаль...
Але не ўсё — калі камяк у горле,
Не ўсе, не ўсё — калі душу агорне
Па незабыўным непазбыўны жаль.
Па кім? Па чым? Ці не па ўсіх і ўсім:
Па наласах тых, што на ўзмежку поля,
Па тым – што праўда, і па тым – што воля,
Па самым любым, самым дарагім,
Па ўсіх, па ўсім — да слёз, да слёз, да слёз,
Па самым крэўным у чужынным свеце,
Што княжым ветрам прашуміць у вецці
Заслаўскіх сосен, полацкіх бяроз
Ці паляўнічым рогам прагудзе
Ля Турава — і адгукнецца ў Крэве...
Хай шлях кружны, нібыта кольцы ў дрэве,
Бясконцы шлях. Але хадок
Ідзе.
Усё сваё з сабой нясе... Яму
Таго даволі — больш, чым неабходна,
Каб зратаваць сасмяглых і галодных,
Каго? — яму вядома аднаму,
Ідзе хадок.
Над ім дажджыць, сняжыць,
Яму не выйсці з гэтай кругаверці:
Ён ведае так мала, каб памерці.
І гэтак многа ведае, каб жыць.


Лінія лёсу
Аэранаўтыкі законы
Найпростыя:
бяры
і клей...
I ўзвіўся над крутым адхонам
Размаляваны пад дракона
Паветраны
Лятучы
Змей!
Неспадзяваны
Шлях крылаты,
Зямны
непрадказальны шлях:
Да вышыні, струной напятай,
Уніз
па ямах,
камянях,
Дзядоўніку набіўшы ў пяты...
I захаплення крык! I страх!
О не ўпадзі, мой лёс,
узняты
Драконам аб шасці хвастах!
У вёскі ўсёй навідавоку
Лунае ён, вогненнабокі,
Рве суравую нітку з рук.
Рубцом
смыліць далонь пякуча,—
Вышэй,
Вышэй,
мой змей лятучы,
За кругам круг,
За кругам круг!
...Супроць нябёс — зямля сырая,
І лёс — кругамі праз агонь.
Трываю. Вышыню трымаю,
Балюча нітка суравая
Ўрасла ў далонь.


На памяць
Партызанскага лагера
Трохі пажоўклае фота...
Вынаходніцтву Дагера
Дзякуй ад шостае роты!
Ад яе камандзіра,
Русачубага, першага справа.
На дзевяты дзень міру
Ён загіне пад Прагай.
Побач — справа другая —
Дарагая яго, сувязная
Застанецца жывая...
Ды ніхто шчэ пра гэта не знае.
I народзіцца сын.
Русачубы.
Ваенным пілотам
Ён праз трыццаць адзін
Год
сустрэнецца з шостаю ротай.
Парадзелай, ссівелай,
Адно і багатай —
на страты...
Стане злева
I будзе глядзець вінавата.
Рота ахне суладна,
Памяць роту ажно захістае:
"Гэткі ж стройны і ладны!
Толькі роты яму не хапае..."
Рота вырашыць справу
Як належыць:
Без музыкі доўгай
Загадае стаць справа,
Першым справа —
па праву і доўгу.
I саступяць гады,
Ажыве і паўторыцца фота:
Камандзір малады...
3 ім ягоная
Шостая рота.


9 мая
Спытае нехта: як жывеш?
I ты ў адказ кіўнеш: нічога.
Пасля спытай сябе самога:
Як
ты жывеш? Ці так жывеш?
Прыйдзі да Вечнага агню
I моўчкі, стаўшы на калені,
Правер агнём сваё сумленне
На праўду і на чысціню.
Калі ж устанеш прысягнуць
Усім, хто не вярнуўся з бою,
Ты не шукай іх за спіною —
Яны наперадзе ідуць.


Рэйсавы аўтобус
Далягляд жаўцее пожнямі.
Дня сухмень. Павек тамленне.
Звыклы шлях...
Шафёр апошнія
Слухае паведамленні.
Што і як на нашым глобусе?
Скуль куды ідзе пагроза?
Пахне хлебам у аўтобусе
М і н с к — Б я р о з а.
Той аўтобус ледзьве дыхае,
Ледзь адольвае грудкі,
Афіцыйны голас дыктара.
Тры бабулі. Два дзядкі,
Лёс, лічы, амаль адмераны.
Што ж ім нечая бяда,
Бліжні Ўсход і ўсе Амерыкі!..
— Не скажы... Людзей шкада.
I глядзяць вачмі блакітнымі,
Як святыя з абразоў,
Сто разоў вайною бітыя,
Паленыя сто разоў! —
Крэўныя мае!
За кожнага
Сам — на крыж і на касцёр...
— Весялей глядзі, заложнікі,—
Жартам кідае шафёр.
Мы — заложнікі, заложнікі!..
Покуль дзень навек не згас,
Мы — за кожнага, за кожнага,
Нат за тых, хто супраць нас.
Нашы сэрцы не жалезныя —
I да страшнага суда
Мы ў залежнасці,
залежныя
Ад усіх, каго шкада.
Як бярозы белакорыя,
Душы свецяцца ў смузе...
Мы з шафёрам "Беламорыну"
Моўчкі курым па чарзе.
Ён ківае мне на радыё,
Уздыхае:
— От народ...
Дзень які! Жыві і радуйся...
Дыктар зноў пра Бліжні Ўсход.
Кулі свішчуць. Бомбы вухаюць.
Дзень які? I век які?
А бабулі памяць слухаюць,
Памяць слухаюць дзядкі.
Дыктару ў адказ павохаюць
I ўпадуць у забыццё,
На грудзях абняўшы боханы,
Як надзею на жыццё.


Варшава, восень-82
Варшава. Восень.
Поўнач. Патрулі.
Як гулка ў вулках аддаюцца крокі!..
Мы ціха наша свята правялі,
Шампанскае не выбівала коркі
У доме тым, куды мы забрылі
I, ў паўзах нетаропкае гаворкі,
Смакуючы, гаркавы чай пілі.
Там — да агню спіною — гаспадар
Сядзеў, у цень хаваючы свой твар,
Які калісьці ў сечы пакалечыў...
Пацёрты плед накінуўшы на плечы,
Ён зябла рукі грэў аб самавар.
— Што ж,— ён казаў,—
цяпер не лепшы час,
I гэткі час прыходзіць кожны раз,
Як падмяняюць людзі напаказ
Маною — праўду, мітуснёю — справу...
1 тым не менш я рады бачыць вас,
Бо для кахання бог стварыў Варшаву.
Ён шклянку з чаем падымаў:
— Віват!
За вас, Хрысціна! I за вас, сабрат!
П'ём за мілосць! Астатняе ўсё — марнасць.
Ёсць чалавечых сэрцаў салідарнасць
I закаханых душ маёвы сад.
Варшаву для кахання бог стварыў!..
Пра гэта толькі ён і гаварыў,
Я сіліўся размову перайначыць:
— Вы ваявалі...
— Гэта мала значыць!
Па мне мая Варшава не заплача,
Бо я кахання ёй не падарыў.
Я біўся за яе на ўсіх франтах.
Калі ж вярнуўся ў славе і ў слязах,
Мяне мая Варшава не прызнала...
Яна сярод пажарышча стаяла,
I ружа пунсавела ў валасах.
Я гавару прыгожа?.. Можа быць.
Я позна стаў прыгожа гаварыць,
Пасля таго, калі адхаркаў порах,
Нянавісць, што ў маіх чарнела порах...
3 ёй у Варшаве немагчыма жыць.
— Паўсюль жывуць,— сказаў я неўпапад,
Бо гэта мне карцела акурат,
А гаспадар — паэт, былы салдат —
Усяк адводзіў гэтую гаворку...
I мне ў адказ ён усміхнуўся горка,
Зноў чай наліў і шклянку ўзняў:
— Віват!
Стварыў Варшаву для кахання бог...
I ў рэшце рэшт мяне ён перамог,
Бо меў незразумелае мне права
Ніжэй за ганьбу быць,
Вышэй за славу...
I я не змог пераступіць парог
3 маёй Варшавы
У яго Варшазу.
I ён праводзіў нас,
Чужы — чужых,
I мы пайшлі па вуліцах пустых,
Дзе колкім ветрам забівала дых
I між вітрын насіла павуціну,
I хрыплае імя тваё —Хрысціна,
Як плач няўцямны, мучыла мне слых.
I ў тую ж ноч, як торгнуўся цягнік
I ўзнік у шкле аконным мой двайнік,
Што бег з табою побач за вагонам,
3 густога ценю выплыў твар
Я г о н ы —
I да майго,
Нібы двайнік,
Прынік.
Зрываючыся
з грукатам
з маста,
За ім ляцелі плач і пустата,
Неправата жыцця і правата —
I я не мог ад іх адгарадзіцца!
...Нарэшце, чай прынёсшы, правадніца
Завесіла фіранкай твар Хрыста.


Пыл дарог
Ці пясок залаты ён, ці смецце —
Пыл дарог, што круцілі па свеце?..
Мітусня!
Вызваляюся.
Вецер
Лёг ля брамы ў нядрэмны дазор,
Як сабака.
Бы сховы разор,
Дні спусцелыя...
I на дасвецці
Вызваляецца неба ад зор.


***
Пералётная птушка зламала крыло аб драты
Каля бацькавай хаты.
I крычыць, як жалеза пілуе, яна:
"Гэта ты! Гэта ты!
Гэта ты вінаваты!"
I на крык яе
кругам
вяртае важак чараду —
Што ён стане рабіць?..
Вёдры ў хаце пустыя...
Так страшна ісці па ваду,
Быццам
Будуць
Бамбіць.


***
На радасць, на радасць, на радасць
Зямлі, чалавеку, былінцы
Вясёлая зорка над садам,
Руплівы шпачок на галінцы.
На радасць —
а нехта канае,
Пакутуе хтосьці нявінна.
А зорка міргае, міргае,
Спявае шпачок і спявае
Наіўна, наіўна, наіўна.


Воблака над школай
— Воблака гэтае хоць пастрыжы:
Пасецца на небе авечкаю воблака.
— Ага. Пастрыжы і ад страху бяжы:
Яно на мядзведзя падобнае воблікам.
— Не, у яго плаўнікі, як у рыб.
— На выбух падобна.
— На атамны грыб.
— Дурань!.. Яно — як капа на мяжы:
Бяры
і складай у рэзгіны.
— Як грыб, я кажу!
— Сваёй мамцы скажы!..
Гульні дзіцячыя... Сны... Міражы...
Воблака гэтае на віражы
Чатыры стрыжы, як чатыры нажы,—
Зрэзалі.


Лістоўка
Колькі слоў пра любоў і дабро
Асвятлялі паперу!..
У бяссіллі адкіну пяро —
Сам сабе ўжо не веру.
Невыносна. Гранада была —
Зноў Гранада.
3 усяго, што зямля прыняла,
Выспяваюць снарады.
Для чаго ж нам ламацца ў душу,
Міласэрны мой брат?..
Невыносна!
I ўсё-ткі пішу
Спісы болю і страт.
Праз мяне напралом
Гром! —
і куляй прабіта лістоўка:
"Больш адным, хто з пяром —
Менш адным, хто з вінтоўкай".


Паштоўка з Сараева
Ля каменя, які апавяшчае,
Што тут якраз, на гэтым самым месцы,
Быў некалі забіты Фердынанд,
Той самы Фердынанд, той самы герцаг,
Дакладней, эрц... Чаму, дарэчы, эрц?..
(Даведацца.) Ля каменя таго
Стаіць ружовашчокая аўстрыйка —
Спакусніца, аўстрыйская багіня,
Што стала алімпійскай чэмпіёнкай,
Якую для рэкламнага праспекта
Фатаграфуе клышаногі швед,
Стараючыся, каб відзён быў надпіс
На камені, які апавяшчае,
Што некалі на гэтым самым месцы
Забіты быў...
Да каменя ідзе
Ссівелы немец, герцага равеснік,
3 ім жонка маладая, у якой
Дзве пары лыж.
Яна глядзіць на шведа —
Швед на яе.
Смяецца чэмпіёнка,
Іскрыцца снег ля каменя таго,
Дзе некалі... які апавяшчае...
На момант немец прыпыняе жонку
I кажа ёй: "Nicht er der letzte war" *.
*"Не ён апошні" (ням.).


Гонка
Секунда да старту — і ўжо не адменіцца
старт.
Не пройдзе хтось іншы тваю алімпійскую
гонку.
Падзеляць прызы, медалямі насыпяць
скарбонкі,
Ды ўсё гэта — потым,
А зараз — азарт.
Секунда да старту.
Цябе не бяруць у разлік.
Табе не прарочаць высокае месца прызёра,
Дзесятку замкні — і не ўчуеш ні слова дакору,
Прывыклі, што ты — у сярэдніх,
А ты — не прывык.
Секунда да старту...
А жэраб цябе пасярод
I зараз паставіў, каб месца адразу ты ведаў;
I пойдуць па гонцы,
нібы ганаровы эскорт,
Два фіны наперадзе,
Ззаду — два шведы.
Яны фаварыты...
Як здорава фіны пайшлі!
Ажно закружыла
па следзе іх
след над лыжнёю!
I шведаў, гатовых рвануцца,
ты бачыш спіною:
Абодва — прызёры,
Абодва — лыжні каралі.
Ды толькі карона
Адна
на дзесятак галоў
Дастойных яе...
І секунда да старту.
Спакойна.
Дзесятку замкнуць — гэта вельмі, канечне,
прыстойна,
Але паспрабуем
На моц
Каралёў!
Як шчодра — за так! — мы секунды жыцця
раздаём.
На фінішы лёсу
камусьці секунды не хопіць,
На фінішы гонкі,
Як шведы тандэм свой раскоцяць,
I выцягнуць фіны
Пад'ём.
Хто першы — той першы,
Хоць губы кусай да крыві.
Спадзеўка ва ўсіх
на сябе, на лыжню і на ўдачу.
Дастаць толькі 6 фінаў.
А потым, як кажуць, пабачым.
Дастань толькі фінаў —
Хоць жылы парві!
Цяпер — ці ніколі. Такая секундзе цана.
Цяпер — ці ніколі. Няма што адкласці
на потым.
Да фінішу доўгія вёрсты
работы,
работы,
работы,
Да старту —
Бясслаўя і славы —
секунда адна.


Паэтэсы
Суровы век. Сталёвы скрыгат спрэс.
I ўсё ж не згаслі,
Узышлі прароча
Над лёсам веку
вочы паэтэс —
I вочы Анны, і Марыны вочы.
Пранізваючы цемру аблачын,
Яны гараць на даляглядах сцюжных.
Паэзія — занятак для мужчын.
I для жанчын. Паэзія — для мужных.
Яна не чалавечы — божы знак,
Які гартуе душы трапяткія.
Дай бог так мужна жыць,
Памерці так,
Як мужна памірала Еўдакія.
I калі гром нябёсы скалане,
Глыбінь зямных спасцігну прыцяжэнне,
Не свечку вы пастаўце —
Келіх мне,
Каб мог падняць і ў цёмнай старане
Яго за вас,
Таіса, Рая, Жэня...


Тракай
Я помню, што песня была. Не помню якая.
На захадзе тлелі чырвоныя вежы Тракая.
Азёры Тракая чаўны калыхалі —
такая
Знаёмая песня гучала...
Не помню якая.
Быў жнівеньскі вечар, Азяблы ля возера.
Росны,
I пахла травою і рыбаю, мокрымі вёсламі.
На вежу Тракая скацілася з воблака поўня.
Усе дэкарацыі помню. А дзеі — не помню.
Так дзіўна не помню, што нельга на гэта
забыцца.
Нібыта былое яшчэ толькі думае збыцца —
I можна ў ім нешта
змяніць, перайначыць, падправіць,
Бы ў п'есе, якую збіраюцца нанава ставіць.
Мінулага памяць, як сталь ліставая
пад прэсам:
Пружыніць — а гнецца... I вось перапісана
п'еса,
I той, хто ў старой пастаноўцы быў проста
ў масоўцы,
Стаць прагне героем у новай яе пастаноўцы.
Ды я не пра тое... А песня — пра раці
князёвы.
Мелодыя вольная, непаланёныя словы.
Саб'ецца пагоня. I вершнікі коней напояць.
Гісторыя — тое, што некаму выгадна помніць.
Што гоніць пагоню з Тракая да Крэўскага
замка...
Гісторыя з намі таргуецца, быццам цыганка.
Стамлёнаму Вітаўту не дачакацца кароны.
Законы гісторыі — гэта адчаю законы.
Я зноў не аб тым... Абрываецца думка.
Сам-насам
Я ў сённяшнім часе з мінулым
і будучым часам.
Іду па канаце. Дзве прорвы з бакоў,
дзве лавіны.
Бірута і Кейстут!.. Спяём і паплачам,
літвіны!
Спяём і паплачам, напоўніўшы келіхі брагай,
Спяём, і паплачам, і вып'ем да дна за адвагу,
За продкаў адвагу, яшчэ за адвагу нашчадкаў,
Мы — кладкі між імі, над плынню гісторыі
кладкі.
Імя нам — кагорты: мільёны, мільёны,
мільёны...
Каб нас не забылі, пакінем нашчадкам імёны,
Пакінем імёны! — адно на мільён дастаткова,
Каб выспела ніва,
дзе будзе пасеена слова,— а
Слова
Кладзецца на слова, як колас на колас
Кладуцца, каб выстаяць вецер,
і голас на голас,
I вусны на вусны,
I рукі злятаюць на рукі...
Не, песню не помню.
Мелодыя...
музыка...
гукі...


Роднае
Вясновы першы гром
Скаціўся, як з гары,
I рэха ля крыніц дубы хістае.
Бусліная зямля. Азёры ды бары.
Акопы ды палын. Зямля святая.
Тут не забыты плач.
I не забіты смех.
Не аціхае спеў чарод птушыных.
Тут дождж не проста дождж.
I снег не проста снег.
Бо гэта дождж і снег
над берагам
Айчыны.


Жаўна
Нават рэха няма ў гэтым лесе,
Няма нават рэха.
А бывала чутно,
Як вавёрка гуляла арэхам,
Перакідвала з зуба на зуб...
Векам,
дупламі сточаны дуб
Больш не просіць,
Каб дзяцел прачысціў старэчае вуха
Няма чаго слухаць.
Глуха
Ад відна да цямна,
Быццам лес гэты выкляты лёсам...
I заплакала раптам жаўна,
Не — запела адчайна жаўна,
Што спрадвеку была безгалосай!
Як звінела яна!
Скуль яна?.. і якая яна?..—
Не відно!.. Толькі голас пярэсты!
Толькі ў медным аркестры
Залатая струна!
I ледзь-ледзь ажыла,
Загула
Медзь, якая была анямела.
Палавіна аркестра гула: як змагла?
Палавіна гула: як пасмела!
Сыч схаваўся ў дупло.
Закрычала сава звар'яцела:
"Тут такой не было!.,"
Мала што не было!
Не было — прыляцела.
Над будзённаю скрухаю
Святкаваў
залаты яе голас...
Песні трэба, каб слухалі.
Каб на песню быў голад.
Толькі лес — як сцяна.
Зрэдку вецер у вецці шугае,
Паляцела жаўна,
Дзе яна свайго лесу шукае?


Волатава гара
1
Грымнуў у грудзі гары —
Пала прад волатам:
"Колькі захочаш бяры
Срэбра і золата".
Не нахіліўся падняць.
Рушыў.
Устала
I засталася стаяць
Там, дзе стаяла.
2
Шляхам зваротным ішоў,
Грымнуў — не ўпала.
"Што ж ты,— спытала,— знайшоў?
Сіла — і тая прапала".
Глянула — цёмна ў вачах!
Страшная сіла!
"Ты засланіла мне шлях..."
3
I саступіла.
Долы адкрыла. А ён
Зноў рушыў верхам.
...Плач, што ляцеў наўздагон,
Зносіла ветрам.


Новы снег
Столькі снегу, што галіны ломяцца.
Белы снег — таму і белы свет.
Чысціня. На чысціні і ловяцца.
След у след
Ты ступай за мной паміж сумётамі,
Дзе слядоў не бачна нічыіх.
Не сумуй былою адзінотаю —
Мы ўдваіх
Каля ўскрайку лесу вечаровага,
Дзе пазёмка запыняе бег...
I нічога ў нас з табою новага —
Толькі снег.


Перад табой
...Я з лёсам
Біўся на нажах,
Пакуль мяне ты не любіла,
Ты мне адкрыла смерці жах..
Не,
Жах жыцця ты мне адкрыла.
На міг
на ростанях Сусвету
Любоў
Знайшла маю душу.
Я не прашу кахаць за гэта...
Я літасці тваёй
Прашу.


Разрыў
Узняў кулакі над сталом —
I грымнуў аб стол кулакамі:
"На скос, на распыл, на разлом
Усё, што было паміж намі!"
1 не азірнуўся ў дзвярах...
I бачыў да скону штоночы
Два чорныя возеры ў снах:
Сірочыя сынавы вочы.


Спадарожная
...I выпадкова, плоць да плоці
Нас кінула на павароце,
I шляху пыльная шляя
Між ліп згубілася высокіх.
Зеленавокая мая!
Я не люблю зеленавокіх.
Ды асляпіла гэта сіла,
Што скразнякамі ў нас гудзе.
На міг адзін яна зрадніла —
Яна навекі развядзе.
Ніхто не будзе вінаваты!..
А ты —
да страты, да расплаты,
Да развітання за вярсту —
Глядзіш,
нібы сястра на брата.
Як сірата на сірату.


Камень-жальнік
На сівы быльнёг,
На разбег дарог
Да вясёлых ног
Камень-жальнік лёг.
Не ступі — згарыш! -
На каменны крыж.
Калі ж смелы: кліч!
Пад сырой зямлёй
Залатой змяёй
Звіўся Вечны Зніч.
Як не ўпадзе кліч
3 рота жабаю,
Выйдзе Вечны Зніч
3 камень-жальніка.
Пабяжыць, гарун,
Да Старых Барун,—
Дзе згубіў Пярун
Залаты бізун,—
Не тварыць мальбу,
Не спраўляць жальбу,
А ці волю гуляць
Альбо неба сцябаць.


Калі шанцуе
Гнулася арэхавая вуда,
Торгаючы рыбіну душу.
"Ну куды ты дзенешся?..
Нікуды!.."
Я вясёлы, быццам з кірмашу,
Мне ўвесь дзень сягоння шанцавала!
I насадка на тваю душу
Анічога мне не каштавала.
Кіну ў кош. Ляжаць ужо ў кашы
Два самы, нібыта гладышы.
А душа рванулася —
парвала
Жылку!..
Што ж, і два самы — нямала.
Трэцяму —
Сягоння шанцавала.


Абяцанкі
Цацанкі ўсё ж
У абяцанках.
Без абяцанкаў —
без патрэб
Віно, разлітае па шклянках,
Пакроены на лусты хлеб.
Без абяцанкаў — прэсны побыт.
Без солі — соль,
Без мёду — мёд.
Чакаем —...
на пасля, на потым
Паабяцаных асалод.
Дарма, што ў скрыгаце і гудзе
Жыццё
чаканкаю прайшло:
Яшчэ ўсё будзе, будзе, будзе,
Што абяцалася...
Было.


Заўтра рана ўставаць
Заўтра рана ўставаць...
Ачмурэлая поўня ў акне.
Заўтра рана ўставаць...
А размове канца не відно,
Хоць і сказана ўсё,
і дапіта да донца віно —
Не памочнік сягоння яно,
заўтра рана ўставаць.
Нашы дрогкія цені
стамлёна ляжаць на сцяне,
Заўтра рана ўставаць,—
Трэба спаць, трэба спаць, трэба спаць;
Нам ці страшна абодвум
апошнія словы сказаць,
Ці няма што сказаць...
Заўтра рана ўставаць.
Што мы вырашым сёння
па праўдзе альбо па мане?
Заўтра рана ўставаць —
Позні час, позні час, позні час;
Вось мы побач сядзім,
і ніводны не ведае з нас,
Як дагрукацца мне да цябе
і табе да мяне.
Кожны з нас выплывае са шторму
на ўласным чаўне,
Нешта ёсць паміж намі,
чаго не дазнацца дваім,
Можа, трэці патрэбны,
тым больш што гаворка аб ім,—
Заўтра рана ўставаць...
Дык патрэбны нам трэці ці не?..
Быццам маятнік ноч —
3 боку ў бок, з боку ў бок, з боку ў бок,
I размова, нібыта
з рукі на руку ланцужок.
Недзе ж ісціна ёсць,
залатая сярэдзіна ёсць,
Толькі мы да яе —
ні на крок, ні на крок, ні на крок.
Значыць, скончым нічым,
як калісь пачалі ні з чаго,
Заўтра рана ўставаць,—
заўтра гэтае ўжо настае:
Дзве блакітныя знічкі
упалі на вейкі твае,
Адхіснулася цемра
ад боскага твару твайго.
Мне б маліцца прад ім
і нічога не помніць апроч,
Што крывёй прыкіпеў,
што ў цябе ўсімі жыламі ўрос!
Заўтра рана ўставаць —
і разлічвацца лёсам за лёс,
Бо не выправіць дзень,
што не здолела выправіць ноч.
Бо пакутліва помнім
і ведаем болей ад слоў,
3 іх любое, як зброя:
ці шчыт у гаворцы, ці меч.
Трэба класціся спаць —
Не пярэч, не пярэч, не пярэч,
Поўня ўзбіла падушкі
пад ценямі нашых галоў.
Цені нашыя спяць.
На крайку твой, на самым ражку.
Я па звычцы паправіў
падушку яму пад шчакой.
Заўтра рана ўставаць...
...Укацілася поўня ў пакой
I павісла гадзіннікам на залатым ланцужку...
Рана, рана ўставаць.


***
Дзе голаў прытулю,
Там і знайду начлег.
Снег першы —
На зямлю,
Наступны снег — на снег.
На рану —
Першы боль,
Наступны — на шрамы,
На лёс, на стынь і золь,
На першы след зімы,
Што толькі пачала па снежні свой разбег.
Прыбегла. Абняла.
3 плячэй страсае снег.


Прорва
У прорву страшна зазіраць —
Не бойся, зазірні:
Удзень і ўночы там гараць
Балотныя агні.
Клубіцца там смуродны чад,
Атрутны дым цячэ,
I пажырае гада гад,
I брата брат сячэ.
Трашчаць хрыбты, кіпіць смала,-
Сыцее
цемры
цар!..
Глядзі ў пустыя вочы зла.
Не адварочвай твар,
Як зло ўздымае булаву
Ці камень жарнавы...
А ў плечы ўцягнеш галаву-
Не зносіш галавы.


Кола агляду
Я спачатку прыдумаў маланкі,
А потым — запалкі.
Калі ўдумацца—дзіўна,
Бо маланкі прыдумаць цяжэй.
Лотым Ева сагнула лазіну,
Касою звязала канцы
I прыдумала кола.
— Тата, кінем з гары!
...I яно пакацілася
Калясніцай Іллі па аблоках,
Самакатам і веласіпедам,
Паравозам і аўтамабілем,
Колам лёсу
I колам агляду
(Тым, што ў парку дзіцячым у Мінску).
Я прыдумаў маланкі —
Таму быў абраны ў бацькі
Вынаходніцай кола.
Яна прывяла мяне ў парк.
Мы купілі білеты і селі ў зялёную люльку.
— Кола будзе каціцца ці будзе круціцца?
Спытаў я.
Яна адказала:
— Вышэць.
Мы вышэлі, а дрэвы ніжэлі.
— Значыць, можна вышэць,
Калі думаць, што нехта ніжэе? —
Спытаў я.
Яна адказала:
— Вышэць — так не думаць.
3 намі дрэвы вышэлі.
Як жорны, уздзеты на прэнт тэлевежы,
Паварочваўся горад...
У трэшчыне жорнаў стаяла рака.
— 3 двух адно,— я сказаў,—
Калі жорны зрастуцца, то выціснуць рэчку,
А разваляцца жорны — рэчка сыдзе ў пясок.
— Не! — яна адказала.—
Вышэць — бачыць выйсце.
3 намі горад вышэў.
Разрастаўся. Ягоныя жорны
Абручом абвіла акружная дарога,
А яе прабівалі праменні
Магілёўскай і Слуцкай,
Маскоўскай і Брэсцкай шашы.
— Па якой жа з іх выйсце? —
Спытаў я.
Яна адказала:
— Па ўсіх.
Калі дзеці дарослымі робяцца,
Рэдка хто з іх разумнее.
Кінь маланку.
Я кінуў.
Блакітная сцёбнула пуга
Па праспекце.
Успыхнулі вокны ў дамах.
Скалануліся дрэвы. Як шрот, вераб'і
сыпанулі.
А з людзей,
што прыдумалі громаадводы,
Аніхто —
Ні адзін!—
не прыўзняў галавы.
— Кінь запалку.
Я кінуў.
I ўнізе адразу ж пачуўся
Крык:
— На коле! У нас не жартуюць з агнём!
Аштрафуем!..
— Вось бачыш,—
Вынаходніца кола ўздыхнула.
— Людзям трэба вышэць.
3 намі людзі вышэлі
У люльках чырвоных і сініх,
А зялёная — наша —
прайшла ўжо сваю вышыню...
— Як вышэць? — я спытаўся,
Яна засмяялася:
— Проста.
Трэба з кола сысці,
Покуль люлька не стала ніжэць.
Дай руку...
I мы скочылі з люлькі
Пайшлі па аблоках,
а следам —
Прыручоным — кацілася кола,
круцілася кола,
а ў ім,
Як вавёркі,
Скакалі стагоддзі...


Сітуацыя
Дрыготкія цені чароту...
Ударыш вяслом па вадзе —
I пырскі рассыплюцца шротам,
I рэха кругамі ідзе
Да берага: "Што ты?.. Чаго ты?.."
Не віскне сабака ў двары,
Прыходзь — і што хочаш бяры,
Не ўскінуцца гаспадары,
Бо спяць, як прадаўшы пшаніцу,
Нічога ніхто не баіцца,
Ніхто і нічога!..
Назад
Ад берага рэха адрыне.
...I толькі шалохнецца сад
Ды ўспудзіцца конь у адрыне...
I вуха нядрэмнае ўскіне
У чуйную ноч
Канакрад.


Пытанне
Дні рассыпаць, як той мак на стале,
Байкамі бавіцца...
Толькі аднойчы яно паўстае:
Што адбываецца?
Страчана. крэўнасці. ніць. між людзьмі.
Так яно лепей.
Так яно лепей?..
Светла ў Сусвеце. А свечку задзьмі —
Цемра аблепіць.
Што ж адбываецца з намі і ў нас?!.
Быццам не знаеш!..
Знаеш: пытанне вышэй за адказ,
Скочыш —
і шыю зламаеш.


Адказ
I запытаўся ён пасля ўсяго:
"Калі жывеш ты, то ў імя чаго?"
І засмяяўся я: "Цяпер якраз
Не адкажу, бо ведаю адказ".

Канцэрт пераможцаў


Балада гусляў

Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед

3 кургана, як снег, белы выходзе.

...І ўсё нешта пяе, што жывым не паняць.

Я н к а К у п а л а

У краях,
Да якіх
ад нашых дуброў
Тры гады на кані скакаць,
Цар Арых
Зваяваў суседніх цароў
I пачаў адзін цараваць.
Два законы
Народам скароным
Арых
Абвясціў
скрозь лямант і крык:
"Той,
хто будзе спяваць
Песні продкаў сваіх —
На калодзе
пакіне язык".
А каб сілай сваёй
За ўсе царствы мацней
Было царства яго —
Арых
Асудзіў на страту
Слабых дзяцей
I нямоглых
старых.
Ён васалаў-царкоў
Пасадзіў на транкі,
Загадаў ім
выконваць закон.
"Ты мудрэйшы з мудрэйшых,—
Сказалі царкі,—
Прыйдзе свет
да цябе
на паклон".
I паклікаў Арых
Ваяводу свайго,
I сказаў яму:
— Слухай, Яман!
Над законам няма
Ні цароў,
ні багоў,
Ваяводы —
таксама няма.
А таму,— усміхнуўся Яману Арых,-
Ты цара, ваявода,
усцеш...
Па закону
На страту нямоглых старых
Першы
бацьку свайго
Павядзеш.
Пахіснуўся ад слоў гэтых
Волат Яман,
Здзёр даспехі з сябе,
як кару...
Але дыхавіцы
праглынуўшы туман:
"Павяду",—
адказаў ен цару.
Потым з катам дзяржаўным
Адзін на адзін
Так Арых размаўляў:
— Верны кат!
Па закону на страту
Нямоглы твой сын
Хай адкрые мне
спіс гэтых страт.
Кат ад слова царова
Прырос да сцяны,
Але ўкленчыў
і вышаптаў ён:
— У мяне, уладар,
Два
нямоглых сыны,
Над абодвума
Роўны закон.
I паклікаў Арых
Да сябе гусляра,
Ды не граць
I не песні спяваць,
А сказаць,
Што няма над законам цара,
I ўсе гуслі
спаліць загадаць.
Не здзівіў гусляра
Цар загадам сваім,
Доўгі век жыў на свеце гусляр,
Быў ён белым як лунь,
Як легенда — сівым...
I сказаў ён цару:
— Уладар!
Прад законам схіляюцца смерд і кароль,
I не мне перад ім бунтаваць.
Гуслі заўтра спалю...
Толькі сёння
Дазволь
Мне апошнюю песню зайграць.
Я магутнае царства тваё апяю,
Ваяводаў і катаў тваіх,
Я вялікую мудрасць услаўлю тваю...
I кіўнуў
галавою
Арых.
I крануў
свае гулкія гуслі гусляр
Так, што неба,
Як звон, загуло!..
Устрывожыўся цар:
То бялеў царскі твар,
То чарнеў,
хоць у песні было
Толькі тое,
На што найвышэйшы дазвол
Паслухмяны пясняр папрасіў...
Але п е с н я
Хістала
і горы, і дол!
Як па мёртвых,
Гусляр галасіў
Па смялейшых за ўсіх
ваяводах цара,
Па адданейшых катах
і па ў...
I маланкай
Мільгнуў
Над плячом
Гусляра
Катаў меч —
і на шыю
упаў!
Царскі суд — правы суд.
Царскі гнеў — скоры гнеў.
Меч у царскай дзясніцы —
Пярун!
...А гусляр
перасечаным горлам
хрыпеў
I цягнуўся...
Рукамі...
Да струн...
"Гэй вы, гусі-самаграі!
Музыкі сівыя!
Вы спявайце ў родным краі
Песні векавыя.
I з небыцця вяртайце, гуслі,
усляроў у зрэб'і,
Непадкупных, неспакусных
Золатам і срэбрам.
Не збірайце толькі, гуслі,
Успамінаў хмары,
Як плылі над Белай Руссю
Войны ды пажары.
Як зямля яе стагнала,
Плакалі каменні...
Як было і так нас мала —
I як стала
меней..."



Кажух
Серп згубіла жняя,
Парэзалася змяя.
Не змяя —
змейка.
Не жняя —
жнейка.

Дзяцінства.
Не страшна мядзянкі,
А страшна вядзьмаркі.
Яна жыве за рэчкаю
3 ваўком і авечкаю.
Воўк авечку не дзярэ,
Ляжыць на баку:
До дзяцей на дварэ —
Хопіць ваўку,
— Як воўк вые?
- У-у-у!..

Не страшна.
Лугі гудзелі восамі,
Дзе бегалі мы босыя.
Грамы маланак кованкі
Кавалі перунамі,
А мы гулялі ў хованкі
3 маланкамі,
3 грамамі.
Бярэ лімонку Лёнька:
— Во гэта
чака.
...Пакласці на касцёр лімонку
I чакаць.
Лёнька — глянь! — пры рэвальверы:
"Збоч! Не падыходзь!.."
Першыя піянеры
Мацук і Гродзь,
На іх чырванакрыла
Гальштукі палаюць.
— Лёньку забіла!!!
...Хаваюць.
Пласты сырой зямлі
Зрываюцца з лапат.
— Яны яго звялі!
А-а-а!.. Быў бы аўтамат!
— Ты што!
То ж дзеці!!
Гнат!!!
...Я вырастаў з дзіцячых апранах
Хутчэй, чым травы ў лета вырасталі.
Ды не ў дакор
за рост не па гадах
Абновы мне гады ў рады спраўлялі.
Ну што пашыеш з лахманоў вайны?
Якія ў вёсцы зрабаванай грошы?
А дзед бухторыў:
"Поліўка...
Бліны...
Някепская яда — і рост харошы".
Як ні зіма — так звычная бяда:
Што апрануць, каб халады агораць?
Маўчаў я злосна:
"Добрая яда!
У Лёнькі старшынёвага не горай.
Але ў мяне палаплены кажух,
А Лёньку на зіму спраўляюць новы..."
Дзед уздыхаў.
Дзед пераводзіў дух,
Казаў:
"У Лёнькі бацька
Не вясковы.
I старшыня. 3 тваім не параўнаць".
"Кіла ў яго! — злаваў я.— Сквапны. Хіжы.
А старшыня — дык заўтра могуць зняць.
Ён рыжы. П'е.
У нас не любяць рыжых.
Ім шчасце
Чорт
варожыць на ражнах!
Вядзьмак ліе
Алей ім у маслёнку..."
Патроны мы шукалі ў бліндажах —
I тут лімонкай і забіла Лёньку.
Ягоны бацька з п'яных слёз апух,
А вечарам, памінкамі дабіты,
Прынёс да нас пад пахаю кажух
I кінуў: "На!.. Хоць не табе пашыты".
Я закрычаў. Я ўрос плячыма ў печ,
Да кажуха баяўся дакрануцца.
Ігнат прасіў: "Вазьміце... Гэта ж рэч...
Вазьміце, людцы! Ну, вазьміце, людцы!.."
Знямеў
мой крык. Паплыў у вочы змрок.
— Ачуйся ты! — Ігната ў спіну білі.
А ён сваё: "Харошы кажушок...
Прымерайся... Навыраст Лёньку шылі.
Табе, бадай што, будзе ў самы раз,
Ты ўзяўся ростам!.. Вунь які ты выйшаў!.."
I белы свет перада мной пагас.
Дзед плакаў ранкам:
"Малайчына... Выжыў..."
...Я выжыў.
Мне хапае апранах.
I час не той. I музыка не тая.
Ды колькі ні жыву —
у страшных снах
На кажусе
На Лёнькіным
Лятаю.



Канцэрт пераможцаў
Аляксею Дудараву
Я стаў пераможцам.
Я сёння балюю.
Віншуйце па пошце.
Цалую...
Вітаю вас, кайфа аматары,
Прысмокнутыя тэлевізарам.
Я вашыя душы, што прэлі за кратамі,
Спакусліва вызваліў.
Нязнаныя думкі
Над коўдрамі сноў вашых сцюжна зашорхалі...
Калі вы не дурні —
Жадаю вам поспехаў.
Браты перамогі,
Я вас абдымаю на карку Алімпа.
Нібы насарогі
Крышылі вы ўсе трыумфальныя аркі,
Што ўквечаны рознаю ліпай.
Рыклівы ваш бег
валюхаям
Не быў даспадобы...
Цяпер завіхаюцца,
Лепяць падобных.
Зайздроснікаў хеўра!
Для памятных здымкаў
Раскіньце абдымкі...
Ды хрэн вам.
Вы марылі ўпотай:
скруці, пераможца,
Зламай сабе шыю!
Для вас пераможца — што кошка
Ў закутку мышыным.
Мяне б вы пад рэю!
На дзягу!
Ды ніцма распяты
Між сцяўшым вас страхам
I прагай
Куснуць мае пяты...
Усе,
хто быў мной пераможаны,—
Станьце сябрамі.
Я не на адзінку памножаны,
На вас я памножаны,
3 вамі
Былі мы на роўных закілзаны ў збрую,
Прапахлую потам.
Я сёння балюю,
Вы — потым.
Ва ўсіх будзе свята!
Ніхто
назаўжды
не апошні...
Зноў час, як араты,
Засее ўзараныя пожні.
I некага іншага
Вынесе ўдача на грэбень —
I кіне пад стужку на фінішы,
Ламаючы
рэбры.
Узвыюць разявы:
"Ату! Пераможца забіты!
Вось плата
за славу!.."
I плёткі распусцяць, нібыта
Афішамі плошчы засцелены
I выслана вуліца кожная:
КАНЦЭРТ ПЕРАМОЖЦАЎ
А Д М Е Н Е Н Ы !
А Н Ш Л А Г
НА КАНЦЭРТ ПЕРАМОЖАНЫХ!
У зале канцэртнай
Засвішча ў тры пальцы галёрка...
Не выжыць
з працэнтаў!
Пагаслая зорка —
Не зорка.
Партэрныя крэслы —
Дзе перхаць і перасыць —
будуць парыпваць,
Пакуль над аркестрам
Не ўспыхне маланкаю
першая скрыпка!
Нібыта збавенне,
Нібы з нематы вызваленне...
Няхай на імгненне!
Жыццё — за такое імгненне,
Што першаю крыгай
Дае крыгалому пачатак...
На сцэне, на рынгу,
3 пальчаткамі і без пальчатак,
У прозе і ў вершах —
Адчайны, нічым не падкупны,
Змагаецца
Першы,
Каб выйшаў наперад
наступны!
Не вечны ён, першы.
Пад Млечным нязведаным Шляхам
Ён шлях свой завершыць.
Але не развеецца прахам.
Душу яго ў комін
Не выцягне з дымам і чадам...
Такі ж рызыкоўны —
Душу перамогі ўдыхае нашчадак.
Такі ж непадробны:
Адчайны, вясёлы, прыгожы,—
Ва ўсім ён падобны
На тых,
хто яго пераможа.
Хто пойдзе да мэты,
Як рэкі
Ідуць праз парогі...
Каб чыркнуць каметай
На небе крутым
Перамогі!



ЕС 987 654 320+1
Стэнаграма аднаго эксперымента
— Шэф, мы гатовы.
— Паехалі.
НАД ЗЯМЛЁЮ КРУЖУ ПАДРАНКАМ
ДЗЕ АРЭХАВЫЯ КУСТЫ
ТАК ПУСТЫЯ ЯК ПАД ФІРАНКАЙ
ВОКНЫ ВЫБІТЫЯ ПУСТЫЯ
ДЗЕ ЗВЯЛІСЯ СЛЯДЫ ЛАСІНЫЯ
ДЗЕ Ў ЛАГЧЫНАХ ДАКУЛЬ ВІДАЦЬ
ПАВУКАМІ ДЫМЫ НА АСІНАХ
ЯК НА ШЫБЕНІЦАХ ВІСЯЦЬ
ДЗЕ НА ЧОРНЫ ДЫВАН СУНІЧНІКА
ШТО Ў КУРОДЫМЕ СПАРАХНЕЎ
СЯДЗЕ ЗМОРАНАЯ СІНІЦА
I ЎЖО ЛАПКАЙ НЕ ЗВАРУХНЕ
ДЗЕ ПРАБІТЫ ЛЯСНЫЯ ШАТЫ
СКАМЯНЕЛЫМІ ВЕРШАЛІНАМІ
БЫЦЦАМ ПОМНІКАМІ ГЕРАСТРАТАМ
— Стоп, рабяты!.. 3 памерам нешта не тое. Праграмісты!.. Самусёў, у чым справа?
— Натхненне прапала. Паэтэса ўсё-ткі.
— Пашуткуй мне!.. Запускай, няхай хоць рыфму ў апошнім катрэне вымучае.
— Да якога слова?
— Вершалінамі.
ВЕРШЫ
ВЕРШАЦЦА
ВЕРШМАШЫНАМІ
— Стоп! Хто лексіку ўводзіў? Скуль такія адзінкі?
— Лексема в е р ш у заданні была:
"Э к а л а г і ч н ы в е р ш".
— А в е р ш м а ш ы н а скуль?
— Сама прыдумала.
— Гы-гы.
— Каму там смешна?
— Самусёву.
— Выбачайце, шэф. Анекдот успомніў. Расказаць?
— У аддзеле кадраў раскажаш. Запускай!
ПОЎНЫ ВЕРШАМІ I БЫЛІНАМІ
ЛЕС
ЛІСЦЁВЫ
ХВАЁВЫ
ЗМЕШАНЫ
ЛЕС
ТЫ ПОМСТАЮ БУДЗЕШ УСЦЕШАНЫ
СКРОЗЬ АРЭШНІКІ МЫ ЯК ВЕРШНІКІ
ПРАЛАМАЛІСЯ
НЕ ДА ВЕРШЫКАЎ
— Чаму спынілася? Усё ж нармальна.
— Характар паказвае. Лірычнае я.
— Ты ў мяне дажартуешся!
— Думае яна, шэф.
— Яна думае! А ў цябе галава для чаго?
— Для перасадкі.
— Для лысіны ў цябе галава.
— Я не вінаваты, што лысы. Мяне ўраклі малога.
— Пайшла!..
НАС НІБЫТА ЎРАКЛІ
СУРОЧЫЛІ
I ЗЯМЛЯ
У ЗАВОДАХ I ФАБРЫКАХ
НА АРЭШЫНЕ
ЯБЛЫКАМ СТОЧАНЫМ
ЛЕДЗЬ ВІСІЦЬ
ПАСАДЗІ СВАЮ ЯБЛЫНЮ
— Ну што там, нарэшце!..
— Засаромелася. Яблык на арэшыну павесіла.
— Ёй усё адно: што арэх, што яблык. Абы круглы.
— I лысы.
— Гы...
— До выдурвацца!
— Шэф, сур'ёзна: не ідзе ў яе сёння гэты памер.
— А што за памер такі? Ямб? Харэй?
— Гекзаметр.
— Гы-гы.
— Каму там зноў смешна?
— Самусёву.
— Выбачайце, шэф. Гамера ўспомніў: вяртаецца Адысей з камандзіроўкі...
— Самусёў!
— А жонка...
— Самусёў!
— Што?
— Ты ў Грэцыі ў камандзіроўцы быў?
— Не.
— I не будзеш. I жонцы гэта перадай.
— Шэф, пашкадуйце... Паспрабуем накінуць пару стоп.
— Накінь. Толькі гэта апошняе, што ты ў мяне робіш.
ПОМСТА ЛЮДСКАЯ НІШТО
ПЕРАД ПОМСТАЙ ПРЫРОДЫ
СПРАТЫ ЛЮДСКІЯ НІШТО
ПЕРАД СПРАТАМІ ВЕЧНАСЦІ
СПРАТАМІ ВЕЧНАСЦІ СПРАТАМІ ВЕЧНАСЦІ
ЗНІКНУЦЬ У ВЕЧНАСЦІ СПРАТАХ
ЛЯСЫ I НАРОДЫ
БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ
БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ
БЕЗ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ
— Самусёў! Доўга яна заікацца будзе?
— Заклініла яе на чалавечнасці. У, жа-ле-за!
— Эксперымент скончаны. Нікога не затрымліваю. Усе вольныя.
— Шэф...
— Прывітанне жонцы, Самусёў!



Балада горада
Перад сённяшнім днём
на далонях маіх,
як на плошчах,
піраміды гадоў.
Ім пара ўжо зрабіць пералік.
Быў
год-горад...
Калісь
я увайшоў у яго пераможцам,
адштурхнуўшы плячом —
непатрэбны вяртацца —
цягнік.
Я з'явіўся спазнаць
таямніцу
свайго існавання,
кругабегу твайго,—
горад,
ідал мой,
сфінкс,—
каб дапяць
ад асноў да высноў
і на зданях таемных,
на вежах каменных
маўчання,
на шляхоў
скрыжаваннях
развесіць
імклівыя ветразі слоў.
За наіўнасць
караюць...
Ты ў зрэнках
загадку затойваў,
калі я
трос цябе за грудкі
і крычаў:
— Разгадаў!
Знаў,
якая адплата
прыдумана лёсам за тое мне?..
Ці не знаў?
Ты маўчаў...
Бубны
плошчаў
маўчалі.
Маўчала
струна кантрабаса-праспекта.
На цымбалах
правулкаў і вулак
дарэмна
я граць спрабаваў!
Знаў ты
тое,
што прыйдзе
яна,
загадае:
— У пекла!
Горад!
Ідал мой!
Сфінкс!
У якіх пірамідах
яе
ты ад іншых хаваў?
Ніспаслаў яе
помсціць?
Што ж,
каці свае вуліцы глуха,
зледзянелым асфальтам
пад нагамі ў мяне
халадзей,
падстаўляй
сваё вуха каменнае,
радасна слухай
святкаванне надзеі —
і роспач:
не стала надзей.
Рукі
так
вырываюць!..
Я кожнай збалелай гадзінай,
што прайшла без яе —
катавамы мільёны разоў!
...За наіўнасць
караюць,
пасылаючы любых,
адзіных,
да цяжарных распусніц падобных
і да абразоў.
Дзе ты ўзяў яе,
горад?!
Нібыта ваўчо маладое,
ты мяне
прыручаў,
прывучаў
да бетону і шкла.
Я цябе зненавідзеў!
Каб потым успомніць
пра тое,
што на месцы тваім
шарачковая
вёска была.
Чуўся рокат мне твой:
"Упрагайся...
За працу бярыся..."
Я ўзіраўся ў цябе.
Абжываў,
як расхрыстаны дом.
I ў натоўпах тваіх
я знаёмыя ўбачыў
абрысы...
Ты з-пад маскі каменнай
смаргонскім глядзеў
мужыком.
Прыручыў ты
ваўчо.
I вучыў мяне
жыць непадробна.
А каб я
усвядоміў,
якія плаціць мне даўгі,
ты ў настаўнікі мне
крэўных сейбітаў даў,
хлебаробаў,
што пайшлі ад зямлі
малатарні каваць і плугі.
Даў таварышаў —
тых,
што праносяць
штандарамі словы,
не ламаючы
строй свой
у шэсці грымотных гадоў,
дзе ламаюцца звычкі,
ламаецца голас вясковы:
як метро —
прабіваецца
ў голасе гул гарадоў.
I рассыпаўся ў прах
слуп агню,
што вірыў паміж намі...
Мы сустрэліся нанава:
так
сустракаюцца бацька і сын.
Ты мяне абдымаў —
змазалелымі ў працы —
мастамі,
і дымамі заводаў
расчэсваў
мае валасы.
А каханую,
тую,
якая здавалася карай,
у абдымках якой
навальнічная
цемра
гула —
ты суцішыў,
суняў...
Мне не звыкнуцца з гэтай ахвярай!
Я хачу,
каб яна была той жа,
якою была!
Мне не трэба інакшай:
не выжыць мне ў гэткім расстанні...
На смяротных,
гаротных,
слабых нас —
з нябёс
для чаго
пасылаецца лёсам
пагібель такога кахання
і навошта жыве ў нас
нясцерпная
прага яго?!
Горад!
Бацька мой хросны!..
Я
сын твой.
Я
жылка жывая,
што адчайна пульсуе
на скроні каменнай тваёй.
Мне зямля твая,
горад —
атрутная, злая, чужая —
стала роднай зямлёй.
Скрозь бетон і асфальт
я ўрастаю ў яе
каранямі.
На атрутнай зямлі
не пускае ніхто карані.
Я ўзіраюся ў далеч:
што там, за наступнымі днямі?..
Дні заліты тваімі агнямі...
I слепяць
агні.

Наскрозь


Гарбун
Гарбаты нарадзіўся... Лёс такі.
"Гарбун! Гарбун!"—дражнілі сябрукі,
I злых суседак злыя языкі
Палохалі дзяцей гарбом ягоным.
Прырода ў ім парушыла законы
Звычайнасці:
трава была зялёнай,
Як ёй належыць, і па ўсіх законах
Сінеў быў лес над берагам ракі,
Што звіліста мільгала між пагоркаў...
Салодкім мёд быў. А слязіна — горкай.
Ён плакаў рэдка.
Першы раз — калі
Мянушкаю
Яго гукнула маці.
Ён плакаў так, што слых і мову страціў!
Маўчаў паўгода. Страшнымі былі
Сірочыя паўгода ў роднай хаце.
Маўчаў — ад думак пухла галава:
Быў сінім лес, зялёнаю —трава,
Быў нехта бедны, нехта быў багаты...
Сярод усіх
ён быў адзін
гарбаты.
"За што?" —
не мог ён зразумець ніяк.
Другі раз плакаў без прычыны. Так.
Нібыта хтось падаў з нябёсаў знак:
"Паплач, гарбун". I ён кусаў кулак,
Каб не крычаць, і енчыў, як сабака.
Ён зненавідзеў з той пары сабак
Нянавісцю сляпой.
Пасля ён плакаў
Яшчэ аднойчы. Шмат гадоў пасля...
У роспачы здавалася: Зямля
Не для яго!..
Між золкіх зор Сусвету
У думках стаў шукаць сабе планету,
Дзе ўсе былі б такія ж, як і ён,
Дзе б парушаў звычайнасці закон
Не ён, гарбун,
А чалавек бязгорбы...
Было ад думак моташна; памёр бы,
Каб нехта тыя думкі разгадаў...
I, сцяўшы зубы, горб ён гадаваў,
На спіне калыхаў яго: глядзіце
На вырадка! Ату мяне! Ганіце!
Сабак спускайце!..
Злела ў ім душа.
Быў горб — і ён. Паловы спарыша,
Быў горб — і ён. Сіямскія блізняты,
Быў свет — перад гарбатым вінаваты!.
I сталі гарбуна лічыць вар'ятам.
Ён жыў у невялічкім гарадку;
Не маючы нічога, меў раку,
Сваю раку, дзе млын стаяў; муку
На тым млыне даўно ўжо не малолі.
Млын дагніваў ад гарадка ўбаку—
Гарбун яго заняў. Ніхто ніколі
Зайсці туды асмеліцца не мог,
Адзін ён уладарыў там...
Мой бог,
Якія толькі байкі не блукалі
Па гарадку пра млын і гарбуна!
Там — нехта бачыў — ведзьмы балявалі
I музыка іграла давідна,
Русалкі падымаліся са дна
I чэрці чарапамі грукаталі...
О, прага казак: шэрыя ваўкі,
Асілкі, лесуны, чараўнікі,—
Маленства свет!.. Адзіны, непаўторны.
Гарбун стаў казкай. Гаспадар ракі,
Ён падымаў замшэлыя стаўкі
I запускаў пашчэрбаныя жорны.
Уздрыгваў млын. Рыпеў, хістаўся млын.
Пустыя жорны
роспачы палын,
Тугу і крыўду, стогнучы, малолі...
Калі сціхала ўсё — у наваколлі
Чуваць быў голас, што шукаў спатолі:
Гарбун спяваў, нячыстай сілы сын!
Быў голас нізкі, плыў над лазняком —
I ад яго цягнула скразняком,
Пагрозаю, трывожным прадчуваннем...
I дзіўны слых прайшоў над гарадком:
Гарбун спявае песні пра каханне.
Хтось надвячоркам бачыў: да млына
Дзяўчына прыбягала, і яна
Амаль штоночы ў гарбуна бывае.
Прамыла чутка горла гарадка,
Як, з-пад стаўка рвануўшыся,
Рака
Сухое горла шлюза прамывае:
"Не можа быць!.."
"I ўсё-ткі нешта ёсць..."
Засела чутка, нібы ў горле косць:
"Магчыма ўсё, калі гарбун спявае".
"Якое там каханне! Смех сказаць..."
Стаў гарадок шаптацца, цікаваць,
Зрабілі дзеці за млыном засаду —
I высачылі Гальчукову Ванду...
Што смеху тут было! Ажно да ўпаду,
Да колікаў змаглі парагатаць!
Дзяўчына Гальчуковая была
Прыдуркаватай. Да таго ж — страхоцце.
I ўсё ж яна была з крыві і плоці.
3 крыві, што ў гарбуна, як звон, гула.
...На горкі яблык збіў Гальчук дачку.
Яе знайшлі назаўтра ў раўчуку:
Паўзла па ім да гарбуна —
I сілы
Пакінулі...
Гарбун каля магілы
Стаяў наводдаль — нерушны, застылы,
I з-пад ілба ўсміхаўся Гальчуку.
I страх на Гальчука напаў — бяда.
Не начаваў у хаце да суда,
То ў сваяка хаваўся, то ў суседкі.
I гарбуна не бачылі нідзе.
Быў суд.
Гарбун з'явіўся на судзе
I папрасіўся выступіць як сведка.
"Як сведка!.." — так і ахнуў гарадок.
Гарбун устаў, зглытнуў тугі камок,
Сказаў: "Вы ўсе..." — і быццам хто замок
На рот яму накінуў;
Ён узмок
3 натугі і пачуў глухі смяшок,
Смяшок — такі знаёмы — за спіною,
I выціснуў: "...гарбатыя віною".
— Вы ўсе адной гарбатыя віной,—
Ён цвёрда паўтарыў.
— Віной якой? —
Спытаў суддзя.
— Ніякай,—
Ён адказаў...
I ледзьве не заплакаў,
Але стрымаўся,
Быццам ведаў:
Час
Не надышоў
заплакаць трэці раз.
Праз тыдзень ён пакінуў гарадок.
Агледзеў, узышоўшы на грудок,
Раку і млын у лазняку і вербах.
Падумаў: "Нават гэта ўжо не верне
Мяне сюды..."
I цягніка гудок
Ударыў смыкам па напятых нервах.
Тах-тах! Тах-тах — па стыках тоўк цягнік,
I знікла рэчка, гарадок — і ўзнік,
Наклаўшыся на музыку расстання,
Ці шум, ці шэпт: Я Тайна... Тайна...
Тайна...—
I шэпт ці шум той — як фанеру цвік —
Пранізваў колкі смех, балючы ўскрык:
"Гарбун спявае песню пра каханне!"
Ён быў у забыцці. Нібы асобна
Сам ад сябе. Нібы на месцы лобным
Клаў горб на плаху:
"Болей не магу..."
I ці жанчына, ці сама дарога
Шаптала, закалыхвала: "Нябога...
Я разумею... Я дапамагу..."
— Я Таня,— ранкам голас прагучаў...
I пакрысе ачуньваць ён пачаў;
— Я Таня,— паўтарыла правадніца.—
Пара ўставаць. Прыехалі. Сталіца.
"Якая Таня?" — ён хацеў здзівіцца,
Але, як нешта ўспомніў, прамаўчаў.
— Я зараз. Пачакай крыху, Андрэй.
"Імя! Маё! Я сам яго забыўся",—
Жахнуўся ён —
і бокам да дзвярэй
Пасунуўся...
На горад снег валіўся,
Асенні, ранні, нечаканы снег.
— Чакай, Андрэй! —
I ён тады пабег.
— Чакай, Андрэй!..—
Яна яго дагнала,
Прывыклая да таўкатні вакзала,
Перахапіла: "Нас чакаюць дома..."
"Дзе — дома? Скуль імя маё вядома?
Наогул: хто яна? Чаму са мной,
Як са знаёмым даўнім, размаўляе?.."
Пацепнула плячыма Таня:
— Ой,
Як холадна. Зімою павявае.—
I пад руку ўзяла яго:
— Бягом!
Маўчаў ён па дарозе. Калі ў дом
Зайшлі і селі —ён маўчаў таксама.
Жанчына іх сустрэла.
— Гэта мама...
Пілі на кухні каву з малаком —
I ўсім траім было ніякавата.
Прыйшоў мужчына ў фрэнчы:
— Гэта тата...
— Ну, добра: тата, мама... Хто ж такі
Наш госць? — спытаў мужчына ўсіх, імкліва
Да Тані павярнуўшыся...
Крыўдліва
Сляза з яе скацілася шчакі.
— I праўда што, Андрэй... Маўчыш,
як дзіва...
Ты з цёткай той быў болей гаваркі.
"3 якою цёткай?" — думаў ён спытаць,
Але жанчына перабіла словы:
— Даволі ўжо на хлопца нападаць.
Хай памаўчыць. Калі не пень яловы,
Сказаць захоча — знойдзе што сказаць.
...Так ён знайшоў прытулак свой, аднак
Так і не ўцяміў, што за тайны знак
Яму пасланы гарбуновым богам,
I сіліўся, прыпамінаў дарогу...
Ён ехаў больш за суткі як-ніяк,
А помніў толькі шэпты, толькі стукі —
I ўсё... I адчуваў сябе ён так,
Як сам сябе спаткаў пасля разлукі.
Яго Таццянін бацька ўладкаваў
На млын рабочым... Ён мяшкі цягаў,
Ад поту і мукі сівы, салоны
Дамоў прыходзіў, мыўся... Памагаў
У хатніх справах... У жыцці ягоным
Хоць нейкі сэнс нарэшце праступаў.
Цяпер яго бянтэжыла Таццяна...
У схованцы душы, спачатку цьмяна,
А з кожным днём усё ярчэй, ярчэй
Цяпельца разгаралася;
вачэй
Не мог падняць, калі яна стаяла
Насупраць...
Без яе было лягчэй,
Бо, як раней, з ёй побач прыціскала
Гарой гарба, праклятаю навалай,
Не скінутай з натруджаных плячэй.
Яго таміла гэта пачуццё.
Пракручвалася ў памяці жыццё:
У ім такога не было і блізка...
Здаралася: дзяўчат лавіў і ціскаў,
Яны крычалі; Ванду абдымаў,
Але такога не было і з Вандай...
Ён браў люстэрка, зачыняўся ў ваннай
I горб з плячэй, як мех з мукой, скідаў.
3 люстэрка, з-пад прытомленых павек
Глядзеў
Звычайны
Голы
Чалавек,
Не лепшы за астатніх і не горшы,
Усмешкай ганарлівай губы моршчыў...
Жабрак.
I ён падумаў: трэба грошай
Паболей зарабіць...
Ён наледзь сек,
Капаў зямлю, цэмент грузіў і вугаль,
Дамоў прыходзіў —
і валіўся ў вугал,
I засынаў, здавалася, навек.
Аднак з тых грошай толку не было:
Іх трэба зарабляць умець і траціць,
Тым больш што браць іх не хацелі ў хаце...
I зноўку ў ім заторгалася зло:
Выходзіла, што ён дарма лапаціў!
Упрогшыся ў работу, быццам вол,
Высільваўся дарэмна!.. Навакол
Ён вымяраўся не па звыклых мерках,
Са скідкаю...
I ён каньяк на стол
Паставіў неяк. I зрабіў праверку.
...Не, не, ён не прасіў яе рукі,
На гэта проста смеласці б не стала.
I ўсё-ткі нешта над сталом вітала
Такое, што сумеліся бацькі
I Таня палахліва паглядала.
Ён зразумеў: пакуль што не пара...
I гэтая пара наўрад ці прыйдзе...
Дапіў каньяк, настоены на крыўдзе,
Сказаў сабе: "Як выйдзе — так і выйдзе",-
А ім сказаў:
— Мяне на млынара
Перавялі... Дык я хацеў адзначыць...
I раптам Таня ўголас як заплача,
Як стане ў грудзі кулачкамі біць!
А бацька ўзяў кілішак:
— Што ж, за ўдачу.
Не плач, Таццяна... Нам і так баліць.
...Ён першы раз спіртное піў, таму
Ніяк не засыналася яму,
Сушыла... Ён на кухню ўстаў папіць,
I толькі ўзяўся дзверы адчыніць —
Застыў, напрогся:
змейкай з-пад дзвярэй
Канец размовы выпаўз:
— Не дурэй.
Харошы хлопец гэты твой Андрэй.
— Харошы, мама... Каб не быў гарбаты,
Каб горб ягоны ўзяць ды спілаваць...
Ён нават барахло не стаў збіраць.
У чым стаяў — у тым і рушыў з хаты.
Куды ісці — не ведаў. Па начных
Блукаў завулках, у дварах пустых
Напружваў слых, як звер, што ўсіх баіцца..
Нічога не хацеў — адно: напіцца
Вады...
Ілбом
Упёрся ў белы дом,
Дзе тлелі вокны нежывым святлом,
I прачытаў на шыльдачцы:
Б а л ь н і ца.
Пастукаў... Аніхто яго не ўчуў.
Ён сеў тады на ганак — і заснуў.
Прысніўся млын, Прыснілася рака.
Млынар-асілак у апратцы чорнай
3 рукой жалезнай...
Сыпала рука
3 мяхоў ке зерне, а людзей у жорны.
Ва ўсіх людзей
Гарбы былі...
Клубы
Агню і дыму з жорнаў выбухалі,
А з латака
каціліся
гарбы
I злоснымі сабакамі брахалі.
Пазбыўшыся іх, людзі напралом —
Праз лазнякі — кідаліся наўцёкі,
А брэх сабачы даганяў іх, цёкаў,
Каб зноў на плечы ўскочыць, стаць гарбом.
3 усімі разам і Андрэй пабег.
Але дагнаў яго сабачы брэх,
На спіну ўскочыў...
— Чуеш ты ці не?
Чаго ты тут?.. —
Андрэй расплюшчыў вочы.
— Галіна Львоўна, ён сядзіць тут з ночы.
— Я ведаю. Таварыш да мяне.
На ганку тупацеў руды мужык,
А з ім — нібы знаёмая? — жанчына.
— Вы да мяне? Вас зваць Андрэй Крушына?
Андрэй кіўнуў. Ён да ўсяго прывык.
— Хадзем...—
I ён падняўся і пайшоў.
...Пасля, калі з яго здымалі шво,
I валасамі — мяккімі, як воўна —
Кранулася яго Галіна Львоўна,
Па дотыку прыпомніў ён: вагон!
Там — несвядома — спавядаўся ён
Жанчыне нейкай... Ёй!.. Перахапіла
На міг дыханне... Вунь як закруціла
Ягоны лёс!.. I ён праз слёзы, праз
Разломны боль сказаў:
— Я ўспомніў вас.
— Каго? — перапытаўся санітар.
— Мяне,— Галіна Львоўна адказала
І нахіліла над Андрэем твар:
— Ты вынес невыноснае, млынар.
Ты малайчына...
— Дык пашкадавала
Мяне Таццяна? — ціха ён спытаў.
— Яна ўсё чула?
— Правадніца?.. Пэўна.
Прыкметная дзяўчына. Каралеўна.
Але цяпер і ты не горшы стаў.
Адпачывай. Праз суткі — трэба ўстаць.
I суткі ўспамінаў ён тыя суткі,
Дарожныя, і ўспомніў да мінуткі,
Да драбязы ўсё,
хоць прыпамінаць
Было няёмка, сорамна...
"Размяк!
Даў слабіну такую, чорт гарбаты!
Які там бог! Які таемны знак!
Таццяна павяла яго дахаты
3 блазноты, з жалю..."
Ён кусаў кулак,
Як у дзяцінстве, толькі вінаваты
Цяпер не свет быў,
Вінаваты — сам...
"Ну што ж... Не галавой аб сцены біцца.
Гарба няма! Ці ён яшчэ ўсё там?
I мне дасюль той сон на ганку сніцца?"
...У дзень, калі зайшлі яны ў бальніцу,
Галіна Львоўна паказала: "Тут
Артапедычны корпус. Інстытут
Распрацаваў практычную методу
Рэзекцыі... Хоць што табе з метод.
Усё, што ад цябе патрэбна,— згода.
— Я згодны.
— Што ж кідацца, як на дрот?
Ты можаш жыць і так...
— Так жыць не буду.
— Табе балюча будзе. Страшны боль.
— Стрываю. Мо ранейшы боль забуду.
Была падлога белая, як столь.
Плыла падлога...
Грукала жалеза,
Бы ў кузні...
"Ну і цацка...
Ну і вежа..." —
Ён чуў, нібы праз вату, галасы.
Балелі косці! Жылы! Валасы!
Пазногці! Скура! Кроў! —
усё балела!
Боль свідраваў, наскрозь пранізваў цела,
Якое пакідала ўжо душа...
Быў боль — і горб! Палова спарыша,
Быў боль — і горб! Сіямскія блізняты.
...Канаючы,
адчуў, што горб адняты.
У шкле дзвярэй — як везлі да палаты,
Накінуўшы на плечы прасціну —
Убачыў незвычайную спіну:
Спіну, якая не была гарбатай.
Яму ў палату шведскую сцяну
Паставілі, брусы прыбілі, рэйкі.
— Цяпер мы будзем працаваць, Андрэйка.
Стаў уставаць — ударылі нажы
У плечы...
— Не магу...
— Устань!
— Балюча...
— Устань
і сам сабе дапамажы,
— Галіна Львоўна...
— Болей не кажы
Ні слова мне!.. Слімак! Хірля!! Ануча!!!
— Галіна Львоўна...
— Зноў згарбееш! Зноў
Забудзешся, што ты — Андрэй Крушына!
...Хоць з-пад бінтоў прасочвалася кроў,
А ён палез на рэйкі...
"Малайчына".
— Андрэй Крушына, дваццаці гадоў,—
Дакладвала наўмысна сухавата
(Хоць гэты тон даваўся цяжкавата)
Галіна Львоўна...
Процьма дактароў
Набілася ў ягоную палату,
I ўперадзе стаяў гарбун сівы,
Урач! — з гарбом вышэй ад галавы —
I на любое слова ўскідваў бровы...
— Рэзекцыя гарба... Наркоз мясцовы...
— I вытрымаў?
— Як бачыце, жывы.
"А боль той!.. Невыносны!.. Нажавы!.."
— На трэці дзень, як толькі знялі швы,
Фізічныя пачаў практыкаванні...
I пляснуў у далоні ўрач сівы,
I пракаціліся рукаплясканні...
Як ён з бальніцы горадам ішоў!
Ішоў — глядзеўся ў кожную вітрыну:
Глядзіце ўсе! Ідзе Андрэй Крушына!..
I ветліва ўсміхаўся ён жанчынам,
I па галовах гладзіў малышоў.
Было такое адчуванне, бы
Усе наўкол — браты яму і сёстры,
Радня на свеце — чалавек любы;
Нібы прайшоўся хтось з сякерай вострай
Па горадзе — і ссек усім гарбы.
Ён думаў пра Галіну Львоўну, пра
Таццяну і бацькоў яе... Мой божа,
Як многа ўсё ж спагады і дабра
Сярод людзей!.. Пакліч — і дапаможа
Табе і жыць, і выжыць чалавек...

На горад
в
е
р
т
ы
к
а
л
ь
н
а
п
а
д
а
ў
с
н
е
г,
Але не першы той, а ўжо апошні,
Вясновы, цёплы... Ля цэнтральнай пошты
Бабуля кветкі прадавала; ён
Купіў букецік кволенькіх пралесак,
Цукеркі і шампанскае ў давесак,—
Злавіў машыну і назваў раён.
Шукаў дарогай словы: "Да цябе
Я поўз дарогай болю на гарбе,
Глядзі:
ён сцёрся доўгаю дарогай..."
Ніяк не падымалася рука
Націснуць кнопку чорную званка;
I раптам дзверы самі, дзякуй богу,
Павольна расчыніліся, і смех
3-за іх пачуўся...
"Як сабачы брэх",—
Чамусьці ён падумаў. I Таццяна:
"Заходзь, — сказала. — У мяне сябры".
Застолле йшло нагамі дагары,
На покуце сядзеў вусач з баянам,
Ён закрычаў:
— У гонар госця — туш!
I нехта тут жа ўставіў:
— Лепей — душ.
Ты б асвяжыўся. Як бульдозер, п'яны.
— Гы-гы.„ Сказаў!.. Бульдозер п'е хіба?
Таццяна стужку белую з ілба
Адкінула...
"Мой бог, ты без гарба!.." —
Сказаць была павінна, а сказала:
— Я замуж выйшла.
— Горка! — зарычала
Застолле, і пад дружны перастук
Налітых шклянак —
падышоў дзяцюк
Да Тані...
— Кіньце вы... Усё вам мала,—
Сказала Таня.— Мне ўжо рот баліць.
Гарэлка горкай і павінна быць.
...I ўсё ж яна яго пацалавала.
Андрэй стаяў з цукеркамі, з віном,
3 букецікам пралесак — дурань дурнем.
— Шампанскае прынёс... Відаць,
культурны, —
Ікнуў вусач. — А мы гарэлку п'ём.
— Ды сціхні ты, — яго штурхнулі ў бок.
— А лепш за ўсё расол піць... Або сок,—
Бубніў вусач.— У соку вітаміны...
"Сякеру ўзяць! У іх гарбы на спінах!" —
Мільгнула думка.
— Таня, не гасцінна
Ты хлопца сустракаеш...
— Сядзь, браток,—
Падставіў нехта крэсла, хтосьці з рук
Шампанскае забраў—і перастук
Налітых шклянак зноўку стол агучыў.
— Хай скажа тост! — зароў вусач.
"Ануча!" —
Сказаў сабе Андрэй, зрабіў глыток:
— За ваша шчасце...
Памуціўся зрок,
Хіснуўся стол, але Андрэй адолеў,
Асіліў слабасць,
і, калі застолле
Упрэглася спяваць, паспрабаваў
Паглядам перакінуцца з Таццянай,..
"Глядзіць, як хтось яго абрабаваў.
Нібы было што-небудзь абяцана",—
Падумала яна... Ён прачытаў
Яе пагляд — і ёй кіўнуў у згоду.
— Хто ён такі? Прадстаў яго народу! —
Вусач буяніў.
— Гэта кватарант.
Былы,— сказала Таня...
Жоўты бант
3 пляча яе, як кураня, скаціўся;
Андрэй —
у с ё й с п і н о ю —
Нахіліўся
Падняць яго... Ніколькі не змяніўся
Пагляд Таццяны...
Ён перачакаў,
Пакуль застолле да яго прывыкла
I больш не заўважала... Ціха ўстаў,—
Як толькі валтузня ізноў узнікла
3 вусатым,—
і падаўся да дзвярэй...
I ўжо за імі не пачуў Андрэй —
I добра, што не чуў ён —
як вусаты
Спытаў услед:
"А хто ўсё ж той... гарбаты?"
I зноў не ведаў ён, куды ісці.
Не меў, куды ісці. Сярод чужога
Стаяў двара. Убачыў тэлефон,
Зайшоў у будку, кінуў дзве манеты.
Набраў на дыску нумар выпадковы.
"Алё...— пачуўся голас.— Гэта ты?"
"Я..." — адказаў ён. Выслізнула трубка
3 далоні — і павісла на шнуры.
Ён споўз уніз. Прыціснуў трубку вухам:
"Але... алё..." — гукаў дзявочы голас,
I голас гэты так яго чакаў,
Так з ім хацеў хутчэй спаткацца — проста
Не мог трываць!..
Ён споўз яшчэ ніжэй,
Хіснуўшы трубку. Голас загайдаўся
Над галавой; чакаў, не заціхаў,
Мацней гукаў! Як звон, гайдаўся голас...
Пад ім ён, у калені галаву
Уціснуўшы,
у трэці раз заплакаў.
...Кудлаценькі, як цацачны, сабака
Падбег да будкі.
— Тэадор, дамоў! —
Паклікала дзяўчо каля пад'езду.
Андрэй — як пераскочыў цераз бездань,
Як жыта мех апошні дамалоў —
У будцы ледзь падняцца змог... Набракла,
Знямела спіна... Цяўкнуўшы, сабака
Да гаспадыні кінуўся, скакаў
Ля ног яе, лізнуць стараўся рукі...
I зноў — з самім сабой пасля разлукі —
Андрэй вясновым горадам блукаў.
Ад Замкавай гары спусціўся ўніз,
Дзе над ракой згарбелаю павіс
Гарбаты мост... Пад ім гарбелі крыгі.
Ва ўсім, ва ўсім гарба яго абрыс!
Яму не скінуць гэтыя вярыгі!
Ён узышоў на мост. Стаяў. Глядзеў.
Падумаў: "Скочыць?..
I ніхто б, нідзе
Шукаць не стаў..."
У думках скочыў.
Лодкай
Яго панесла крыга па вадзе,
Ён паўтараў: "Ніхто. Ніхто. Нідзе..."
Гула, плыла вясновая паводка!
Гукала ледзяная пустата,
Заманьвала: "Даволі. Годзе. Годзе!.."
Ён бег па крыгах.
3 берага, з маста
Ужо крычалі: "Чалавек на лёдзе!
Гэй ты, гарбун! Чаго стаіш? Скачы!..
Дапамажы хто-небудзь!.. Людзі!.. Божа!.."
Андрэй сказаў на лямант:
"Не крычы.
Яму ніхто не зможа памагчы,
Калі ён сам сабе не дапаможа".
Сышоў на бераг. Сеў каля вады.
"Куды ісці, калі няма куды?.."
Упоперак і ўдоўж, як мурашы,
Па снезе разбягаліся сляды
I таялі —
ні следу і ні знаку.
Вясна з усіх бакоў ішла ў атаку,
Зганяла снег, ламала ледзяшы...
Ён ведаў, што рабіць,— і больш не плакаў.
"Дамоў!" — дзяўчо паклікала сабаку.
"Дамоў!.." — азваўся голас у душы.
"Замкнуўся першы круг. Пара дахаты.
Каля сваёй ракі быў круг пачаты —
Завершаны
каля чужой ракі...
Ніхто перад табой не вінаваты!
Ва ўсіх, ва ўсіх свае гарбы і страты.
Гарбаты свет — калі ты сам гарбаты,
Скідай гарбы — абрыдлыя мяшкі!.."
I устаў Андрэй. І сціснуў кулакі.
Ён выпрастаў сябе! I нізавошта
Цяпер слязу
не скоціць па шчацэ!
Людскія крыўды — крыгі па рацэ.
...Андрэй, дайшоўшы да цэнтральнай пошты,
Пралескі ўбачыў у сваёй руцэ.
Ён так і не аддаў іх!..
"Вось чаму
Таццяна паглядала гэтак строга!
Таму і не сказала мне нічога,
Не ўбачыла, што сцёрся горб дарогай..." —
Прыйшла ратункам думка, і яму
Вярнуцца захацелася...
"Дурнога
Прыблуду граць?" — спыніў ён сам сябе...
А д а ў т а р а:
Ты поўз да гэтых кветак на гарбе,
Я іх дару табе, Андрэй Крушына!
...Няхай ідзе з пралескамі мужчына,
Анёл у небе грае на трубе!..
У кожнага свой лёс,
Свой знак астральны.
Ён з кветкамі ўвайшоў у шум вакзальны,
Кудлаты хлопец да яго падбег:
— Таргуеш?
— Горб скідаю.
— Ненармальны...
Скрозь
бралася
вясна. Хоць вертыкальна
На горад падаў,
падаў,
падаў снег.



Наскрозь
Канцэрт для паэта з аркестрам
У высях загуло —
I бездань прагула.
Наскрозь — тваё святло,
Наскрозь — твая імгла.
Наскрозь — дабро і зло,
Цвікамі скрозь далонь.
Хто пойдзе на святло,
Той выйдзе
на агонь.
Хто пойдзе на імглу —
На попел прыйдзе той.
Наскрозь —
дабру і злу —
Адкрыты шлях...
Не стой!
Жыццё
дабром і злом
Спрабуецца на злом,
На злом —
зямная вось —
Наскрозь, наскрозь, наскрозь.
У с т у п
Паэзія
не тэма для паэм,
Тым больш не тэма для паэм — паэты,
Бо ў нас хапае для паэм праблем,
3 любой газеты можна браць сюжэты,
I тэма гэта сярод іншых тэм
Магла б і пачакаць, але паэты
Пра ўсіх пяюць, а самі не апеты.
Таму
К а н ц э р т. Хаця і ў жанры гэтым
Няёмка неяк пра сябе спяваць,
Саміх сябе ўслаўляць ніякавата...
I славіцца ў паэмах лом цыбаты —
Адно за тое, што абняў лапату
I думае: капаць ці не капаць?
Ён ломам
Супраць працы
Паўстае.
А побач з ім —
хто з дудкаю,
хто з лютняй —
Гудуць-гуляюць абібокі, трутні,
Што завяліся ў кабінетах кутніх...
Пад корань бы ўсіх іх, хоць і свае.
Імя ім — муць. Гнілеча. Чад. Імжа.
Нас раз'ядае гэтая іржа,
Брыда каросты на здаровым целе.
Дарэмна мы скрабліся і цярпелі,
Са свалатой па-добраму хацелі:
Яе саскрэбці нельга без нажа.
Паэтам не хапацца за нажы,
Але служы, паэзія, служы,
Не саступай
пасадзе, блату, дружбе,—
Каб не танулі душы, як глыжы...
Паэт заўсёды надзяржаўнай службе,
На службе ачышчэння ад іржы.
Служы, паэт. Паэзія — твой лёс.
Яна не толькі тайны дар нябёс,
Яна— душы народнай спавядальня.
Служы, калі прысягу ён прынёс.
А калі ўзяўся чысціць прыбіральні,—
Не затыкай, як фіфа ў хлеве, нос.
Паэзія —
I ў храмах,
I ў хлявах.
Не ўся зямля ў расе і матыльках,
Не скрозь жыццё прапахлае лавандай.
Мяшчанскія
на нас
папёрлі банды!
Прынюхайся як след, які ў іх пах.
Ім стала мала
проста грошы мець,
Са скуры лезці, каб паболей выдраць.
Яны нам
пачалі
мараль падкідваць,
Сваіх — пацёртых —
Ідэалаў медзь.
Пранік паўсюды
абібочны зброд.
Жывуць — не тужаць.
Голад, недарод,
Агонь, патоп — яны знаходзяць брод
I дажываюць да сівых барод...
Не камень тут у нечы агарод —
Тут у сваім бы палічыць каменне,
Як славы сверб
прымаеш за натхненне,
Б'еш кулакамі ў грудзі за народ...
Народ змаўчыць. Ды не змаўчыць сумленне.
Прачнецца ўночы,
Стане свідраваць...
Хоць не ва ўсіх яно — балець, караць.
Калі сумленне падрэсіраваць,
На задніх лапках навучыць стаяць,
У служкі ўзяць яго і аблакеіць,—
Яно ўсё чыста зможа дараваць,
I будзе для цябе хапаць і рваць,
Мацней за іншых горла будзе драць,
Мардатае, як грузчык з бакалеі.
3 яго
без болю
цяжка звесці бруд.
Загнаць сумленне можна ў цёмны кут,
Узяць яго на подкуп і на спуд,
I — калі нават ты хабарнік, злодзей —-
Цябе не апраўдае
Страшны суд,
А сам сабе
ты апраўданне знойдзеш.
Ва ўласным воку не відно бярна.
Паэт! Твой суд — паэзія адна,
Яна — тваё сумленне, бо яна
Адна непадуладная нікому.
На службе ёй ад ранку да цямна
Працуй штодня, адольваючы стому,
Не бойся, што выносіш смецце з дому —
Душу ад бруду ачышчай да дна!
...Каб чысціць, трэба чыстым быць самому.
Ч а с т к а п е р ш а я
Натхненне
Паэт працуе так:
Пяро бярэ, паперу
I піша:
Я...
Пасля
Паэт шукае рыфму.
Ці не шукае рыфму.
Я... (Шукае рыфму.) Руль — патруль.
Танцы — шманцы! (П'е ваду.) Буль-буль.
(Муху забівае на фіранцы.)
...Гэта ўсё прэлюдыя пакуль,
Калатня нервовая ў чаканцы.
Вершы прылятаюць ніадкуль —
Космасу таемнага пасланцы.
Перад імі шчэ ідзе сігнал,
I душа яго прымае, змершы.
А пасля ўжо, як дзевяты вал,—
Вершы!
Ці падобнае на вершы.
Муляжы васковыя. Падман.
Здольны рыфмаваць і графаман:
Мэты — мэтры, метры — мінарэты.
Толькі графаманы — не паэты.
Графаман — водаправодны кран,
Скуль ён сам і налівае ў збан
Ронда, мадрыгалы і санеты...
Ёсць
водаправодныя
сюжэты
(Пахне з тых сюжэтаў, як з клазетаў),
Ад якіх залежыць графаман.
А паэту
напляваць на гэта,
У паэта
Незалежны стан:
Не водаправодны акіян —
Вольны акіян
душа паэта.
Не прыняць сігнал, пасланы ёй,
Графаману. Ён экранаваны
I яшчэ прысыпаны зямлёй.
А сігнал пасланы...
Божа мой,
Як зямлю гайдаюць акіяны!
Вось пайшоў, узняўся першы вал...
Скалануў ён ля падножжа скал
Валуноў зялёную аслізласць!
Не затым, каб морды ім аблізваць,
3 космасу пасланы быў сігнал!
Навальнічна акіян грыміць!
Хто схаваўся ў мох — служы абедню.
Што зрабіць не здолеў папярэдні —
Вал наступны здолее зрабіць.
У гайданцы гэтай не ўстаяць,
Мёртва
Учапіўшыся
За звычкі.
Валуны пакоцяцца, як знічкі.
Сам паэт не знае, што чакаць,
Што ўсплыве з глыбінь акіянічных.
Акіян яму не паслугач.
Разгрымеўся, разгайдаўся, бач!
Гэту сілу не ўтрымаць аберуч.
Ад яе — у роспачы, зняверы —
Кідаўся паэт у крык, у плач,
Як кіты кідаюцца на бераг...
Быць паэтам — рызыка,
Слухач.
Дзе
у вершаванай
гарадзьбе
Пралягаюць рубяжы і межы?..
Дзе паэт не сам сабе належыць -
Графаман належыць
сам сабе.
Над паэтам вісне, як абух,
Боль сусвету. Бед яго і скрух
Будучая памяць і былая.
Графаман пра тое знаць не знае.
Як
паэта
вылучыць з іх двух?
У паэта нескароны дух,
Вольны дух
I памяць балявая.
Ч а с т к а д р уг а я
Рэмінісцэнцыі
Душа ў нябыт глядзіць блакітна.
Быў час
ракетны і ракітны,
Радарны і гітарны —
Бітлаў
I першых трас касмічных час.
Не змарнаваць ягонай славы!
На бераг левы,
Бераг правы
Не раскідаць
яго і нас
Быў час паэтаў
На планеце.
Гуляла вольніца па свеце —
Губляла вольніца сляды...
Шасцідзесятыя гады.
Як на рацэ вясновай крыгі,
Яны крышылі
край адлігі —
I скрозь грымела і гуло,
I нешта чулася ў тым гудзе
3 таго, чаго ўжо больш не будзе,
Чаго, мажліва, не было.
Усё было. Не ўсё збылося.
Але, каб зноўку давялося
Пражыць нам гэтыя гады,—
Наўрад ці мы жылі б іначай...
Няма чаго пушок юначы
Хаваць у венік барады.
На вопыт скрозь вялікі попыт,
Праз боль і соль прыходзіць вопыт,
Яго набыць — жыццё пражыць.
А тут — краіна ўся. Дзяржава.
Яе — пакуты, гонар, слава.
Ідзе яна —зямля дрыжыць.
Мы брукары твае, эпоха!
Хай выбіваюць кас патроху
Твае маланкі і грамы,
Аднак
адказнасць нам
не скора
Здаваць
За час свой, за прастору...
Час і прастора — гэта
Мы.
Мы —
лёс краіны і эпохі.
I калі нас кусаюць блохі,
Махнём неасцярожна — ох,
Наломім дроў, навалім лесу...
Час навуковага прагрэсу —
Час вельмі прагрэсіўных блох.
Ды што там, зрэшты... Наш савецкі,
Нядаўні час быў;
Рух Плісецкай
Галёрцы шыі выгінаў,
I, як жывы курган Мамаеў,
Спяваў набатна Магамаеў,
I бухенвальдскі звон стагнаў:
"Людзі свету, на хвіліну ўстаньце..."
Не больш, не менш балелі страты.
Чакалі дня, калі на свята
Народаў сыдзецца радня,
I праз агні вайны, праз мукі
Радня
Радні
Пацісне рукі...
Чакалі дня. Чакаем дня.
Выходзіць, змен няшмат у часе...
Едзь на Гнядку ці на Пегасе —
Той самы транспарт гужавы.
Плывуць сцямнела тыя ж хмары...
Але ўсміхаўся нам Гагарын,
Твардоўскі быў яшчэ жывы.
Не лепш было, я не пра гэта.
Было не горш, я не пра тое.
Прыходзяць новыя паэты.
Прыходзяць новыя героі.
Але застаўся знак ахоўны
На часе тым,
як смак няўлоўны
Таго паветра, той вады.
Вяло на стадыёны слова.
Не ведаў свет пра Каралёва,
Але ён быў...
Не напалову —
Перараблялі нас нанова
Шасцідзесятыя гады.
Мы зыркім іх святлом сагрэты.
Не сцерці ў часе іх прыкметы,
Як са стала
Нагар свячны...
У дзённы час і ў час начны
Не забывайце іх, паэты.
Ч а с т к а т р э ц я я
Адчай
Раніцой, як тры разы памёршы,
Да стала начнога ледзьве ўстаў.
Прачытаў напісанае... Горшай
Дурасці спрадвеку не чытаў.
Застагнаў. Паперыны скамечыў.
Грымнуў кулакамі: "Завяршу
Лёс!
Не так жыву, не так пішу!
Словы ўсе— як стылы попел з печы.
Божа, прызаві маю душу!
Калі ёсць ты —
літасці прашу...
Дар твой
не па сіле чалавечай".
Вылаяўся. 3 лютасцю глухой
Паглядзеў на кніжныя паліцы.
"Кнігі, кнігі... Думак бліскавіцы.
Для чаго яны ўсе? Каб пыліцца?
На мышыным свяце стаць трухой?
Геніі сціралі пот з ілба.
Думалі. Гібелі да гарба.
Розуму вучылі, а хіба
Стала разумнейшым чалавецтва?
Войны скрозь, драпежніцтва, калецтва.
Раб, як жыў,— жыве з душой раба.
Зброя, як кавалася,— куецца.
Кнігі ўсе — на камені сяўба.
Столькі напісалі — і дарма.
Праўду вызвалялі з-пад ярма,
Джала ў вусны ўкладвалі прароку.
У-у-у, пасталі!..
Ні з якога боку
Месца, каб уціснуцца, няма.
Вокладкі якія... О-го-го.
Ну, стаяць. А толку? Што з таго?..
Дык нашто пісаць і для чаго
Тое, што нікому не патрэбна?
I пра што
Пісаць?.. 3 грудка свайго
Услаўляць праслаўленых?.. Ганебна,
Бараніць абдзеленых? Каго?..
Не, пара канчаць!..
Труха, кара,
Мітульга наўкола, мішура,
Сцёртых слоў біблейская аскома.
Рві апошні ліст з календара!
Пра жыццё наскрозь усё вядома.
Што за ім? —
даведацца пара.
Хто ў жыцці трымае? Толькі страх.
Страх адзін,
Што там
Таксама прах,
Прах адзін — і болей анічога,
Ні чарцей ніякіх і ні бога.
Як
з труны
глядзіць
нябожчык
строга!
Што ў яго заплюшчаных вачах:
Скончаная,
Новая дарога?
Будучага цені ці былога?
Што ён бачыць у бясконцых снах?
Вершы — сны.
Паэзіі тамы —
Соннікі. Паэты — шарлатаны,
Ашуканцы, шулеры, шаманы,
Вечнікі кайданаў і турмы...
Геніі, прарокі —
з іх гурмы.
Па заслугах — суд ім! Бо якы
Пасярод разбою і вайны
Навявалі залатыя сны,
Клікалі ў завоблачныя высі...
Ну якія
з гэтых сноў
збыліся?
Што ў іх кнігах, акрамя маны?
До маніць. I іншым, і сабе.
До штукарыць. Потам на ілбе,
Балявой крывінкай на губе
Не мана, а праўда праступае:
Слову, што народзіцца ў табе,
Далакоп магілу ўжо капае.
Сіла слоў... Якая ў слове сіла?
Колькі слоў у кроў перамясіла
Сіла ўлады, зброі —
і магіла
Роўная з зямлёй. Пясок ды жвір.
Весяліла слова, галасіла.
Вопратку блазенскую насіла,
Распранулі —
пустата. Пухір.
Зеўрыць пустата. Яна гатова
Праглынуць.
Адрокшыся ад слова,
Трэба адракацца ад жыцця.
Больш рабіць няма чаго...
Хаця..."
Верш начны перапісаў нанова.
Адкаваў радкі, нібы падковы.
Плакаў і смяяўся, як дзіця.
...Пра адчай забыўся канчаткова.
Л і р ы ч н а е а д с т у п л е н н е
Пабочная тэма
Пакуль няма сямі гадзін,
Зганяй у краму...
Паэт на свеце не адзін —
I ў гэтым драма.
Ёсць
у паэта
канкурэнт —
Паэт таксама.
I ў тым паэзіі сакрэт
Таемны самы.
Паэтаў, як травы ў аўсе.
3 іх кожны —першы.
I, славы прагнучы, усе
Складаюць вершы.
Грызуць адну і тую ж млосць,
Куды ім дзецца...
Таму і ў крамах чэргі ёсць
I ў выдавецтвах.
Калі паэт на белы свет
Глядзіць пахмура,
То гэта значыць: канкурэнт
На верхатуры,
Калі на вадапой паэт
Ідзе да квасу,
То гэта значыць: канкурэнт
Ачысціў касу.
Калі паэт, нібыта прэнт,
Ляжыць на ложку,
То гэта значыць: канкурэнт
Зрабіў падножку.
Калі ж паэт разбіты ўшчэнт
(Як кажуць: выпаў),
То гэта значыць: канкурэнт
3 кім трэба
Выпіў.
I тут ужо не шах, а мат,
Пішы прапала...
Адсюль выснова акурат:
3 кім піць не трэба — гэтых шмат,
3 кім трэба — мала.
I канкурэнцыя расце,
Паэт
Цясніцца,—
Бо маладзейшыя ў хвасце
Не хочуць віцца.
Яшчэ не ўмеюць гаварыць,
А пішуць, пішуць...
Ну як тут жыць? I як тварыць?
Не жыць тут, хай яно гарыць,
А хоць бы выжыць.
Пара суняць паэтаў раць,
Што рвуцца ў бойку:
Усіх іх пранумараваць,
Па рангах іх рассартаваць
I па абоймах.
Хто геній — геній. Не — дык не.
Не геній, значыць.
(Я сартавальнікам
Мяне
Прашу назначыць.)
Навошта рваць у бойках поўсць?
Ёсць для дзяльбы парадак, ёсць
Законы неба.
Закон дзяльбы: чым болей ёсць,
Тым болей трэба.
А хто не хоча паспытаць
3 дзяльбы навару,
Тым прывілею даць:
Пісаць
Без ганарару.
Няхай пакажуць свой імпэт!
Няхай крычаць пасля:
Паэт
Не прадаецца!..
А хто паэт? А той паэт,
Хто выдаецца.
Ці раз, ці два разы на год...
Бяда якая,
Чытае там яго народ
Ці не чытае!
Звіняць хай словы пустатой —
I той паэт, і той, і той...
Усе — паэты.
...Ускоч на пастамент —
I стой
Да скону свету.
Ч а с т к а ч а ц в ё р т а я
Імя
Не так і наеты паэты,
Не так і напіты,
але ж
Пасады,
Аклады,
Партрэты...
Хоць музу зарэж.
Я сам не святы перад словам.
Напісана досыць лухты.
Таварыш мой — мех праваты.
3 высокіх пазіцый, сурова
Ён судзіць... А позірк —пусты.
На зайздрасць здаровыя нервы
Ні боль не грызе, ні віна.
Я грэшны, а ён прававерны.
I глуха.
Сцяна.
Ад шчырасці —ножкі ды рожкі.
Нібыта ў паэзіі ўсёй
Мы з ім падзялілі дарожкі
I кожны бяжыць па сваёй.
Таварыш мой, што гэта з намі?
Што ў нас адбываецца, брат?
Страшней за цунамі
Развал і разлад.
Душа па душы лямантуе,
Прабітая плачам да дна,
I ад самагубства ратуе
Святая надзея адна.
Хоць што там надзея... Радзее
Кагорта паэтаў, ірдзее
У небе іх шлях праз вякі...
Учора ўскладалі надзеі —
А сёння ўскладаюць вянкі.
Як жыць, калі не спадзявацца?
Не страшна з жыццём развітацца,
Сканаць на крыжы за яго,
Адно толькі страшна: баяцца...
Таварыш! Каго і чаго?
Засцелем сталы абрусамі,
Успомнім у горасны час,
Якія імёны за намі
Стаяць
і ўзіраюцца ў нас!..
Таварыш!
Калі называюць паэтам
! пішуць у кнігах
П а э т —
Няёмка,
нібыта ўвайшоў без білета
Туды, дзе спытаюць білет.
Я ведаю: я вінаваты,
Віна мая — не навіна,
1 ўзнята дзясніца расплаты...
Пакайся! I ты вінаваты,
Таварыш мой, толькі віна
Хаваецца ў норы, у спраты.,,
Якія балючыя страты!
Якая глухая сцяна!
Мы ўсе вінаваты! Павальна!
За чыстым сталом памінальным
Давай спавядацца ў віне...
Ты —не. Ну, вядома, ты не.
Выносіш чарговыя труны.
На сходах
з высокай трыбуны
Шпурляеш маланкі і гром.
Ты зблытаў з трыбунай
Трыбуна,
Паэта — з гаваруном,
3 якой недаступнай парыльні
Ты гэтакі выйшаў стэрыльны —
Хоць рві на бінты?
Не кожны там мыўся, дзе ты.
Чакай, не хавайся ў кусты.
3 брыдоты крычу, з бруднаты:
Паэзія — не гаварыльня
Малой ці вялікай лухты.
Паэзія — не апяванне
Айчынных дубоў і балот,
Паэзія — адчуванне
Адказкасці за народ.
Народ— не трыбунная помпа.
Не шырма для ўласных выгод.
Народ — гэта кожны, хто помніць,
Што ён, а не хтосьці,— народ.
Народ — не агульнае
Нешта,
Не схованка для гультая...
Паэт — гэта кожны, хто ўрэшце
Дакажа: народ — гэта я.
Народам не стаў, хто папала.
Машэраву, як і Купалу,
Народ курганы насыпаў
За слова, што з лёсам супала,
За лёс, што са словам супаў.
Якія імёны за намі!
Укленчым прад іх курганамі —
I ўстанем...
Якраз самы час
Спытацца: якія мы самі?
Якія
імёны
у нас?
Ч а с т к а п я т а я
Агонь
Прамыем горла боскаю слязой,
Таварыш мой... Прысядзем ля цяпельца.
Нацэлімся павелічальным шкельцам
На тое, што лічылі драбязой.
У ліпеня
Пакуль што дзень даўгі,
Але і ён няўмольна карацее.
Мы доўга-доўга жыць і жыць хацелі!
I дажылі... Пара плаціць даўгі.
Шчасліўчыкі! Не ведаючы страт,
Мы беглі ад світання да палудня
I сярод свят не заўважалі будняў...
Ну што ж: насталі будні акурат.
Цвярозыя. Крутыя. Як ва ўсіх,
Хто больш не мае аніякай скідкі
На спробы,
на памылкі,
на прыкідкі...
Не ў нас, не ў нас цяпер правы на іх.
Даўгі растуць.
...А слова не ў цане.
Ці варта верыць словам? Тым, што ўпарта
Ад нас хаваюць ісціну,
Як варта
Стаяць пры ёй...
Дык верыць ім ці не?
Таварыш мой, ты ведаеш мяне?
3 такіх пытанняў
закіпае злосць,
Але скажы: хіба не словы клічуць
Нас быць такімі, за каго нас лічаць,
I забываць пра тое, хто мы ёсць?
Хто ведае, якія мы?.. Спрадвек,
3 пары, як быў на гэты свет прызваны,
Жыве нераспазнаным чалавек,
I памірае ён нераспазнаны.
Нібы не жыў. Нашто ж паэтаў рой,
Таварыш мой? Якая ў іх патрэба,
Калі мы ні на крок пад вечным небам
Не адышлі ад ісціны старой?
Ад той, што кожны з нас — нямы сусвет,
Што сутнасць чалавека — адзінота,
Што наша памяць — памяць ідыёта,
Які не знае, хто ён...
Хто ж — паэт?
Прарок? — альбо пралаза ён з пралаз?..
Якое на зямлі ў яго прызванне?
Адно: прымусіць задаваць пытанні
Дзеля таго, каб вынайсці адказ.
Ён ведае: адказ павінен быць.
Але таксама ведае адразу,
Што не знайсці агульнага адказу...
Таварыш мой, скажы ты: як мне жыць?
Усё, што называецца жыццём,—
Пытанні... Шлях ад згадкі да здагадкі.
Паэт — дзіцё, што плешча згадцы ў ладкі,
I быць яму не сорамна дзіцём.
Мы дзецьмі ўсе паэтамі былі,
Пакуль прырода не замкнула геній
Ключом, які, нібы іголку ў сене,
Дарма шукаем... Геніі — знайшлі.
Знайшлі — і што ж?..
Здавалася б: шчаўчок—
I сэнс жыцця павінен нам адкрыцца...
А тайна як імглела, так імгліцца.
Таму што на ўваходзе ў таямніцу
Няма замка... Сам чалавек — замок.
Свядомасць... Розум...
Што ён — розум твой?
Мо праўда, ён — матэрыі хвароба?
Мо праўда, разумней за нас амёбы,
Якім хапае клетачкі адной,
Каб існаваць, дзяліцца, памнажаць
Амёбны лік — і не
самазнішчацца...
Таварыш мой, за розум не схавацца.
Глядзі, як дровы весела трашчаць!
Не наглядзецца на жывы агонь,
На зменлівасць яго імклівых ліній...
Агонь жывы, пакуль у іскрах сініх
Не дагарыць да стрыжня абалонь.
А потым
попел. Галавешак чад.
А тое, што свяціла, дзе падзета?
Іскрынкі... змена ліній... Словам, гэта,
Што і было агнём тут
Міг назад?
"Энергія?.. Законы?.."
Не смяшы,
Таварыш мой!.. Якая ўсё-ткі проза!
Агонь — душа, таварыш мой,
А розум —
Нязведанае паліва душы.
Не ён —агонь. Не ён — наш валадар.
Сябе самога розум спасцігае.
Душа жывая, што ж нас спапяляе?
Скуль у смяротных бессмяроцця дар?
Дакажа розум: нам усім сканаць.
Душа — нам жыць. I розум хмурыць бровы.
Замест
"гарыць агонь" —
"згараюць дровы"
Наш розум нам падказвае казаць,
Але гараць,
гараць,
гараць агні
У гоне дзён, у зменлівасці ліній...
Таварыш мой, якія ў свеце ліўні!
Схавай адну жарынку ў далані.
Я веру ў розум. Не яго віню.
Напрогся ён — і вынайшаў браню,
I сталі верталётамі стракозы...
Ды хай яму
таваркай будзе
проза.
Паэзія — таварышка агню.
Таварыш! Мы ўстаем насустрач дню —
Хто апяваць, хто пілаваць бярозы...
Што розум —
Розум, —
ведама каню.
Баронячы душу, я бараню
I розум тых, хто ўжо губляе розум.
Яго я ад вар'ятаў бараню,
Ад прайдзісветаў, што яго шальмуюць...
Якія толькі шэльмы ні начуюць,
Таварыш мой, ля нашага агню.
Пры чым тут мы з табою? Ні пры чым.
Агонь для ўсіх, хто змог яго заўважыць.
А хто на ім гарыць, хто сала смажыць —
Адразу і не скажаш. Памаўчым.
Саміх сябе засмажыць не дадзім.
Шчэ пахрумсцім, як качаны з марозу.
Таварыш, ці не надта мы цвяроза
Каля цяпельца нашага сядзім?
Жыццё ідзе. I справіцца яно
3 атрутным жахам, што з прадоння выплыў.
Мы пройдзем шлях, які на долю выпаў.
Глядзі, як ясна свеціцца віно...
Агонь гарыць... Давай за гэта вып'ем.
Л і р ы ч н а е а д с т у п л е н н е
Працяг пабочнай тэмы
Паэт
знішчае алкаголь!.. Яшчэ
Закусвае. I рэдка чысціць зубы.
Такі распуснік! Павуціну тчэ:
Як гляне на жанчыну — урачэ.
Бандыта ўночы ўбачыць — уцячэ.
Бандыты з ім сябе паводзяць груба.
Якую б мне, слухач,
Дэталь
Дадаць
Да гэтага
узнёслага
партрэта?..
Баюся, каб не кінуў ты чытаць,
Дакладней, слухаць пра жыццё паэта.
Таму, каб не труціць далей душу
I не псаваць прыстойнага тавару,
Адразу ж адступленне завяршу,
Прызнаўшыся ў канцы, у чым грашу,
Што ўсім зусім паэту не да твару:
Напісана
яно
для ганарару.
Давай з яго
гульнём на пару мы!
Абдымемся. Спяём. Хаця б фальцэтам.
Давай адрознім
лета ад зімы
У шостай частцы
Нашага канцэрта.
Ч а с т к а ш о с т а я
Крамольная
Слухач, ты ўжо вуха наставіў:
Крамола?.. Паэтавы выбрыкі!..
Так, гэтае слова я ўставіў,
Каб ты яго выкінуў.
Крамола — не з матам куплеты,
Не песні блатныя пра Мурку...
На службе дзяржаўнай паэту
Быць нельга прыдуркам.
Паэт! Калі страх — неадольны,
Калі асцярога скавала,
Успомні:
быў Ленін крамольны,
Крамольныя Пушкін, Купала.
Псторыі кола
Заўсёды круціла крамола.
Стагналі Афіны,
Цары вар'яцелі на тронах —
Чырвонай цаглінай
Слізгала крамола па скронях!
Пра час лапачы...
Яно не ў карысць і не ў шкоду.
Краналі мячы
Лілейную шыю свабоды.
Яе бараніць
Уставала насупраць дазволу,
Каб антыскарыцца і антыскарыць -
3 каламі
крамола!
Усе сховы — часовыя.
Хай рукі скрыжуюцца змучана —
Крамольна галовы
Да жылістых каркаў прыкручаны!.
Крамольніка слава
Мінуе
на ўчынак не здольных...
Апошняя справа
Хадзіць у крамольных.
На слізкія дыбы
Вялі іх. Жалезам пласталі.
Драпежныя рыбы —
Кастры інквізітараў білі хвастамі.
На пыл іх малолі,
Але не было паратунку —
Крамола ў крамоле,
Нібыта ў матрунцы
матрунка!..
На чорта нам гэта
Здалося,
крамольны мой дружа?..
Аднак паглядзі:
Палымнеюць штолета
Крамольныя ружы.
I, не растаптанае ворагам,
Плешчацца вольна
Палотнішча сцяга чырвонага —
Ветразь крамольны.
Крамольна пад ім
у замшэлым балоце
Тлусцець неспатольна.
Крамольна
загінуць на ўсплеску, на ўзлёце,
А жыць —
не крамольна.
Крамольна
самнамбулай бегчы па даху
На голас прамоўны,
Крамольна
наскрозь асцярогай прапахнуць,
А рызыкай —
не крамольна.
Вядома, не горшы з людзей,
Хто прамовы ў цытатнікі выпісаў.
Ёсць выпас ідэй —
I ідэйныя коні на выпасе.
Мяшкі травяныя. Пасуцца, заразы.
Трактаты складаюць прыстойна,
Уцяміўшы: базіс — надзейная база,
Падмурак
пад конскае стойла.
Зусім не на тое
крамольна
Кастрычнікам век узрывалі,
Каб гэтыя коні
Бакі нагулялі!..
Таварышы коні! —
і кожны, і разам —
Гэй вы, прысцяжныя мае:
Сягоння
для сацыялізма
абраза
Даказваць, што ён існуе!
Няўмольнай хадою па свеце ён крочыць,
Чырвоных сцягоў расстаўляючы вешкі;
Ні атамнай доўбняй яго не прыкончыць,
Ні конскай даўбешкай.
Выграбем
конскія яблыкі з дому
Шуфлямі і качэргамі!..
Сацыялізм — не догма.
Сацыялізм — энергія!
Плюс (!)
электрыфікацыя ўсёй дзяржавы,
Каб зводдаль было відно:
Хто служыць і робіць дзяржаўную справу,
А хто вырабляе...
Глядзі, як гарцуе коннік раённы!
Яблыкаў — толькі збірай.
Нібыта раён —
Персанальны ягоны
Рай.
Няма нейкай праўды ў раённым маштабе
I веры ў раённай меры.
Мы скрозь
на службе ў дзяржаўным штабе
Адзінай праўды і веры.
Будні, парады
3 Леніным зверым:
Якой будзе праўда —
Такой будзе вера.
Нам крочыць супольна
Да гэтае веры адзінай
Пад небам крамольным
Савецкай
крамольна-чырвонай
Краіны!
П а с к р ы п т у м
Што ж, слухач,
як кажуць: песня спета.
Пішуцца апошнія радкі,
У якіх, хоць мы не тукмакі,
Я хацеў бы ўдакладніць-такі
Сутнасць,
Сэнс канцэрта для паэта.
Тут няма з чаго рабіць сакрэта:
Я прашу пад іменем паэта
(Іменем сапраўднага Паэта)
Разумець ратая, каваля,
Фізіка, міністра, верхалаза —
Паасобку ўсіх і ўсіх адразу,
Хто не можа зняць з сябе адказу
За жыццё, што будзе нас пасля...
Хто не даў зямлі згарэць каметай,
Кім зямля апета і сагрэта
I на кім трымаецца Зямля.  


Оглавление

  • Уладзімір Някляеў Наскрозь
  • Лінія лёсу
  • Канцэрт пераможцаў
  • Наскрозь