КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Адкрыццё [Уладзімір Някляеў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Някляеў АДКРЫЦЦЁ


Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Някляеў, Адкрыццё: Вершы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1976. — 80 с., Першая кніга паэта


Рэдактар: Р. I. Варадулін


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010


* * *


Ты воблакам плыла...
Рукамі не дастаць...
Свяцілася ледзь-ледзь над рэчкай і над борам.
Ад слоў маіх плыла, што я сказаў учора,
Да слоў маіх плыла, што заўтра меў сказаць.
Ты воблакам плыла...
Над трапяткой зямлёй...
Між вокладкамі дзён наступных і мінулых
Мы дзіўную з табой старонку адгарнулі:
«Дзень вашай цішыні» — напісана на ёй.

СТУДНЯ


Глыбока ў студні боўтнецца вядро...
Затархаціць пашчэпаная корба...
Адзін глыток — і існуе дабро,
I жыць на свеце хораша і добра.
Абуджан зрок: мільгне птушыны цень...
I слых: у ліпах пчолы зноў шчыруюць...
У жоўты жвір сцякае з рук струмень,
I на вадзе каменьчыкі танцуюць.

* * *


У пару лістапада, калі загарацца лясы
I гараць, не згараюць, а толькі прасторна святлеюць,
Недарэчнай здаецца самотная зелень сасны,
I шкада гэтых дрэў, што не хочуць згараць і не ўмеюць.
Але ў снежні, калі голым веццем бярозы звіняць,
Разумееш, якім недарэчным было шкадаванне,—
У знямеласці белай спакойныя сосны гараць,
I на вечны агонь іх да новай вясны спадзяванне

* * *


Густая вераснёўская раса.
Світання пошум над празрыстым садам...
Які ў душы спакой пад лістападам,
Якая невыказная краса!
Антонаўскія яблыкі ў траву
З галін цяжарных ападаюць глуха,
I светлы, нібы німб святога духа,
Асенні водар кружыць галаву...
Але, які ні доўгі гэты час,
Яго мне непазбежна не хапае.
I вось мяне жанчына сустракае,
I лістапад не закранае нас.
I я не разумею, што са мной.
Яна ў мяне ўглядаецца цнатліва:
— Ці ж гэта справядліва быць адной?..
— Вядома,— я кажу ,— несправядліва...
I рукі яе плачуць на плячах,
I валасы шапочуць збажыною...
I зноў я не згадаю, што са мною,
I толькі ўспамінаю па начах,
Як водарам кружыла галаву,
Як паступова росы халадалі,
Быў верасень, і глуха ападалі
Антонаўскія яблыкі ў траву.

САД НА СКРЫЖАВАННІ


Натрасі мне яблыкаў, мама, з той маладой яблыні, што расце ў нашым садзе шостая ад дарогі.

Чыстыя мае лісты.
Мае м а р ы і жаданні.
Быццам сад на скрыжаванні,
Нечаканы і густы.
Я блукаў, мая мама, па аснежаных далях паўночных, дзе не бачыў ні яблынь, а часам ні нават дарог, і начамі мне сніліся ранкі над рэчкай Гярвяткай і ў восеньскім садзе, маладым нашым садзе, баваўняныя, цёплыя, бы малако, туманы.

I ўтрапёна, у здзіўленні
Я глядзеў за далягляд:
На пажарышчах, каменнях,
Скуль т ам сад?!
Мне шчаку казыталі галінкі той яблыні, мама, і ў далонь маю — росны! — падаў яблык — празрысты да самых зярнят! Я шчаслівы быў, мама! Я дзяліўся з сябрамі ім, мама! Я дагэтуль не ведаў, што з сябрамі дзяліцца можна так успамінамі, каб хрумсцелі, як яблык, яны.

З чатырох канцоў Зямлі,
З чатырох дарог сусвету
Я вяртаўся ў светлы гэты
Сад, як яблыні цвілі.
А штодзень на зямлі мы нялёгкай займаліся справай, і — далёка — у кожнага быў свой сад, быў свой лес ці рака, і ў кожнага — мама, а ў каго й не было ўжо мамы,— усё роўна, здавалася, мама жыла яшчэ, мама была.

А пасля
З краёў, дзе Мекку,
Неразумны, я шукаў,
Я вяртаўся...
Чалавека
Я у садзе сустракаў.
Людзі дрэвам падобныя. Тым, што людзі і дрэвы смяротныя, а галоўнае, тым, што карэнні — у роднай навечна зямлі! Людзі — птушкам і рыбам, дрэвы — к веткам і травам падобныя, мы, жывыя, падобныя — усяму, што жыло і жыве.

I пытаў я Чалавека:
— Хто такі ты? Хто такі?
Што, скажы, мы ўсе спрадвеку?
Можа, мы — вартаўнікі?
I — адзінае семя, што з бяздоння вякоў прарастае: людзі, дрэвы і кветкі, птушкі, рыбы, звяры,— мы — спляценнем карэнняў, намаганнямі рук, намаганнямі крыл, плаўнікоў і галін, учапіўшыся ў неба, над цемрай і смерцю трымаем Зямлю!

I як наша апраўданне,
I як наша права жыць,
На сусветных скрыжаваннях,
На пустэльных скрыжаваннях —
Сад шуміць!

* * *


Я нарадзіўся ў сорак шостым,
Пасляваенным першым годзе...
Ў шуфлядцы нашага стала,
Які мы дзелім разам з бацькам,
Ёсць скрыначка... У ёй, сярод
Медаляў, ордэнаў і зорак,
Ляжыць, загорнуты ў чырвоны,
Пацёрты досыць аксаміт,
Свінца кавалачак... Яго
Дасталі з цела майго бацькі,
З-пад сэрца самага дасталі
У сорак трэцім... Я не браў
Ніколі той свінец у рукі,
Бо ведаю, што прапячэ
Ён мне далоні! Не ўтрымаю
У руках тры смерці, тры адразу:
Смерць бацькі.
Смерць сваю.
Смерць брата.

* * *


Дай, маё сэрца, боль ч у ж ы
Уведаць так, як боль уласны,
Каб радасці, якімі жыў,
Навек не гаслі.
Дай кожны дзень, нібы знава,
Каб з ім ніколі не звыкаўся,
Каб — гром грыміць! расце трава! —
Навек здзіўляўся.
Дай быць вышэйшым ад «ідэй»
Прарокаў цьмяных і шумлівых,
Каб углядацца у людзей
Навек цнатліва.
I — доўга буду жыць ці не —
Прашу аб найвялікшым: сэрца!
Дай разуменне часу мне
Раней, чым — смерці.

ПУСТЫ ДОМ


Ніхто ніколі ў доме тым не жыў,
Зусім пусты стаяў святочны дом,
Ніводным не свяціўся ён акном
I дымам над страхою не курыў.
А гаспадар, што дом той збудаваў,
Век дажываў у нізенькай хаціне
I ўсё чакаў вяртання свайго сына,
Ад самае вайны яго чакаў.
Так і памёр, не дачакаўся ён,
Так і памёр, а дом стаяў і гніў,
I неяк ноччу запалаў агнём...
Казалі, што ён сам сябе спаліў.

ДУБОЎКА

Памяці бабулі маёй, салдаткі

і маці чатырох салдат

Асколак шкрабануў рыдлёўку..
Баліць яшчэ ў зямлі вайна...
Па доўгай вуліцы Дубоўкі
На ручніках плыла труна.
З заволжскіх стэпаў веяў сівер.
Там пахаваны землякі —
На могілках уздоўж ракі,
На правым беразе Расіі.
Яны прыйшлі сюды з лясоў,
З Прыбужжа,
З Нёмана,
З Гярвяткі,
З асірацелых тых дамоў,
Дзе па начах крычаць салдаткі.
Дзе на ўзбярэжжах Беларусі
Ляжаць з Паволжа землякі.
Які прасцяг магіл! Вякі
Ляцець над імі завірусе!..
О сувязь болю
Над зямлёй
Жывых
І мёртвых гэтым болем!..
Даруй, салдатка, што ніколі
Не цалаваў рукі тваёй.
Даруй мне за спакой і цішу
На твары нерушным тваім...
А сівер голле дрэў калыша
I з комінаў зрывае дым!
Жыццё ідзе — і трэба жыць.
I на памінках ц э лы вечар
Я буду нешта гаварыць
I буду каяцца у нечым.
А ранкам, горкі ад віна,
Пайду да свежага пагорка —
Перад сусветам і Дубоўкай
Сам вінаваты,
Як вайна.

У САМАЛЁЦЕ


Адчую сутаргу, што апякла крыло
Над родным возерам у пералётнай птушкі,
У бестурботнай птушкі-весялушкі,
Якую ў першы вырай павяло.
I здасца, што ад дзедавай страхі
Шугае самалёт —
I воблакі тугія
Узорваюць не крылы, а плугі...

ПТУШКА

Маці

Я народжана птушкай,
Але не ўмею лятаць.
Прачынаюся —і
Крылы
Заламаны за плечы,
I праз прыцемкі раніцы,
Нібы тонкія-тонкія свечы,
На вяршынях таполяў
Недасяжныя зоркі гараць.
Я выпростваю крылы,
Ахінаю калыску дзіцячую
I з надзеяй затоенай
Кармлю немаўля-птушаня,
I бясконца шчаслівая,
I бясконца крылатая, бачу я,
Як напружана б'ецца
Пад сэрцам яго
Вышыня.
Мне прасторна і ціха...
Як усё, што хацела,— было,
Як віхураю крылы мае
Не сякло, не ламала,
Як вяршыні таполяў
I зоркі кранала крыло...
I на ім — асцярожна —і
Птушаня я сваё калыхала.

РАНАК


Каханая, цудоўна жыць у свеце
Спрадвечнай, неспазнанае красы!
Няхай шуміць над полем вецер,
Бяроз перабірае валасы,
Няхай вада булькоча ў ручаях
I ў глыбіні цалуе бераг стромы,
Няхай цячэ ў тваіх вачах
З вытоку і да вусця Нёман!
Я бласлаўляю на жыццё ўсіх,
Хто хоча жыць,
кахаць і быць каханым!
Я бласлаўляю нас дваіх!
Тваім дыханнем
Я бласлаўляю нас дваіх...

* * *


Не, не таю надзей на бессмяротнасць,
Але і ў смерць паверыць не магу,
I, як ад кулі сэрца, берагу
I пачуцця і слова першароднасць.
I пачуцця і слова першароднасць,
I песні пра каханне і зямлю,
Пра зерне, што пасеена ў раллю,
Бо ёсць на свеце хлеба неабходнасць.
Я ведаю пра хлеба неабходнасць,
Але таксама ведаю не горш,
Як неабходны задуменны Сож,
Начных нябёс і вышыня і зорнасць.
Начных нябёс і вышыня і зорнасць,
Птушыны гоман і дзіцячы смех,
Дождж красавіцкі, сакавіцкі снег,
Шчымлівая іх першасць і апошнясць.
Шчымлівая іх першасць і апошнясць,
Што раптам прасякае пачуццём
Не вечнай нашай сувязі з жыццём
I тайнасцю надзей на бессмяротнасць.

* * *


...Вось ты прыйшло,
Былое.
Выткала палатно.
I пачалося нямое —
На дармавіну —
Кіно.
Замільгацела, запстрыкала,
Выгнула крылы павек...
Што там з адзнакай вялікага?
Песня?..
Вайна?..
Чалавек?..
Што
Да майго існавання
Больш за мяне
Існуе?..
Роздум асэнсавання
Розуму не дае...

* * *


Бязлітасна зязюля кукавала
Кароткі век.
«А колькі гэта —
Мала?..
I колькі — шмат,
Калі звініць у росах
Таемны цуд жыцця,
Людскога лёсу.
Ён — лістапад.
Ён — вецер угары.
Ля вуснаў — вусны любай.
Хай ён горкі! — Яго спазнаўшы —
Нерушна замры
Пад промнямі сваёй шчаслівай зоркі!
Ты не стары пад ёй.
Не малады.
Жывы.
Жывеш! Таму ўначы і днямі
Жыццё сваё л і чы не на гады —
На зробленае
Гэтымі гадамі.
Бо, можа стацца,
Небасхілу ля,
Дзе на дыбы ўстаюць зямныя коні,
Ты будзеш верашчаць,
Як немаўля,
Хоць і дапнеш
Да сівізны на скронях...»
Так сцешваў я сябе...
Ды толькі слоў,
Каб супакоіць сэрца,—
Не хапала...
Упартая,
у лесе зноў і зноў
Кароткі век зязюля кукавала.

* * *


Святочны дзень. Высокі шлях аблокаў.
Такая ціш з канца ў канец зямлі,
Што, надалося, гром апаў, калі
Па бруку конь падковамі працокаў.
Пасля ў садах, налітых чыстым сокам,
Над яблынямі загулі чмялі.
Ні слыху не хапіла мне, ні зроку,
Каб зразумець, пра што яны гулі.
Пасля я чуў, як срэбрана звінеў
Крышталь расы ў пялёстках, і зляцеў
Ружовы ліст з галіны тонкай слівы.
I я падумаў: мо таму і ціш
Стаіць над светам, што ты сам маўчыш,
Што чуць і бачыць — значыць быць маўклівым.

* * *


Вочы твае, нібы словы
Мовы чужой.
Кажаш мне: сёння прыходзь,
А вочы
Нешта такое крычаць,
Што хочацца згінуць
I не прыходзіць ціколі.
Але я прыходжу,
I ты сустракаеш ласкава,
Кажаш: кахаю...
А вочы!
I я разумею,
Што сама ты не ведаеш
Мовы ўласных вачэй.

УСПАМІНЫ


...Ой гуляла сцюжа ў полі,
Ой гуляла...
Вечарэла. Цётка Поля
Песні нам спявала.
Дагараў агонь у печы,
Трапятаў па столі...
Твае рукі... Твае плечы...
Песні цёткі Полі...
...Дзе трава-мурог,
Там мой сокал лёг.
Што ж лятаў ты, сокал,
Ад мяне далёка?..
А лятаў ён, бо шукаў
Сакалінай долі.
I сярод высокіх траў..,
Плача цётка Поля...
I не час мне быў цябе абдымаць,
Час сядзець і цётку Полю суцяшаць,
Бо ўсё яна адна ды адна,
А за вокнамі зіма ды зіма,
I над комінам, як птушка якая,
Адзінота крылы доўгія прастае...

* * *


Стыў сакавік.
Начамі снег трашчаў,
А ранкам плыў уверх дымок стракаты,
I, нібы звер, ад шэрані кудлаты,
Замерзлы звер —
Дуб у двары стаяў.
Асілак дуб.
Лічы, бадай мільён
Гадоў яму было па розных былях.
Дуб службу нёс:
Падводзіў вынік ён
Таму ўсяму, што мы за дзень рабілі.
Нязломны дуб.
Калі дарэмна быў
Пражыты дзень, у пустаце і тлуме,
Сукамі дуб па даху хаты біў
I прымушаў пра дзень наступны думаць.
Дзівосны дуб...
А сакавік суровеў,
I дзень сказаў:
— Такая, браце, рэч:
Дзівосныя ці простыя — ўсё дровы,
Цяпло даюць, калі пакласці ў печ...
Цяпер наш двор — пустэльная зямля,
Ды нечага і ў нас саміх не стала...
Так выйшла, што суровая зіма
Ў той год амаль да мая лютавала.

НЯМІГА


Высокімі гурбамі
У снежні снягі засінелі...
Якія завеі, любая,
Якія завеі!
Наскрозь праінелі —
Да сонца, да першай адлігі —
Дамы, што ўцалелі
На нітачцы
Чуйнай Нямігі.
Там цесны пакойчык,
Пакінуты намі, забыты...
Цяпер там паўночна —
I дзверы
Цвікамі забіты.
I клямку пакратаць,
Ашчэрыўшы пашчу забойцы,
Паўзе экскаватар,
Як помста
Часоў мезазойскіх...
Там лета шалела.
Спякотнае,
Сумнае лета,
Як жоўты квадрат на шпалерах
На месцы партрэта.
I так рагатала
Каменнае рэха на скронях,
Вы войска скакала
На сытых
Узмыленых конях...
Завейныя веі...
Пад неба завеі, пад месяц!
Чаму мы не ўмеем
Святочнае
Лашчыць і песціць?
Будзённасць атуліць,
Няміга заб'ецца галінкай.
Там лета было,
Ты адтуль мне
Махаеш хусцінкай.
I рукі ламае,
Званамі завулкаў трапеча
Няміга старая,
Нібыта
Склікае на веча.

НАЗОЎНЫ СКЛОН


1
Збуялі
ў гушчарах часоў
Вякі!
А сойдзе
дзень —
I сэрца жалем поўна...
Хто на зямлі прыдумаў склон такі,
Склон прагі існавання. Склон назоўны.
Найпершы склон.
Імя...
Мясціна...
Год...
Паэзія, душы маёй анкета!
Калі шыбуе сонца на ўзыход,
Не трэба жалю,
Слоў няма пра гэта!
Ёсць шчасце ўпасці тварам у траву.
Падкінуць на далоні яблык росны.
Назоўны склон...
Жыццё.
I склон ускосны
Вясёлую
Не скосіць галаву!
Канца няма.
З балючых ран зямлі,
З жалезных нетраў
Поля даўніх бітваў
Ідзе пачатак — стромы колас жытні.
Назоўны склон.
Асколкі не ўзышлі.
2
Лунай, зялёны грай!.. Ідуць вякі...
Плывуць вачэй асветленыя поўні...
Шпакі павытыкалі дзюб цвікі
У шчыліны пахіленай шпакоўні.
Глядзяць дубы сівыя з-пад рукі
На небасхіл, на лістабой птушыны...
Жывыя зоркі неба — жаўрукі
Спрадвечнай песняй клічуць у вышыні.

ЗЯМЛЯ


Расстацца без жалю зусім, што было.
Вясёлаю памяццю жыць у наступным!
А ўспомніць — дык толькі:
Як неба плыло
У тым азярцы, крышку болыпым ад студні.
У тым азярцы, дзе на беразе бор
Шаптаў таямніча, маўчаў захавана,
Дзе час вызначаўся не позна ці рана,
А бляскам у возеры сонца ці зор.
Дзе я быў пазбаўлены катаргі слоў,
Дзе жыў я прасторна,—
I перад сусветам
Любоў да зямлі, да маленькай планеты,
Была найгалоўнейшай з вечных высноў.

НОЧ


Цемра сціснула акно.
Спаць пара, але не спіцца.
Прыгадалася ў бальніцы
Ноч, мінулая даўно.
Коні фыркалі ў аўсе.
Шоргаў бор. У вузкай рэчцы,
Бы гадзіннік на браслетцы,
Месяц нерушна вісеў.
Доўга-доўга да яго
З-пад нябёс злятала знічка.
Хваляй рэчка-невялічка
Не хіснула берагоў.
Сом-няўловец дзе-нідзе
Сонна плёскаў плаўнікамі...
Гукі гэтыя вякамі
Слухаў месяц на вадзе.
А ў мяне ўсяго адна
Ноч такая выпадала.
Мо маё жыццё да дна
Знічка тая прабівала.

* * *


Увесь, нібы пекар,
У белай завейнай муцэ,
Мой снежань, мой лекар,
Ідзе па замерзлай рацэ.
Мой снежань... Мой лекар...
З усіх на свеце багоў
Не ведалі Снежня грэкі,
Бога снягоў.
Мой лекар... Мой снежань...
Ні суму ў мяне, ні болю.
Як белыя вежы,
Застылі бярозы ў полі.
Праз нітачкі срэбра,
Што зблытаны ў стылым галлі,
Здаецца: у неба
Ўзыходзяць снягі ад зямлі.

ПРОСЬБА


Дапамагае берагу рака.
Дапамагае бераг кволым вербам,
Ралля — ўзысці, а колас — выспець зерню.
I вышыня — птушынаму крылу.
Марская хваля — плаўніку дэльфіна.
Дапамажы мне хоць напалавіну,
На чвэрць, як ты магла б, дапамажы,—
Мы дапамогай звязаны ў адзінае,—
На бераг Даравання прывядзі мяне,
Каб да Былога берага даплыць!..
Не ведаю, аб чым яшчэ прасіць.

* * *

Брату


Цэлы тыдзень ён малюе В і О,
То пад сэрцам са стралой,
То пад крыжыкам...
Гавару яму:
— Малы, не сваволь,
Паглядзі,
ляглі снягі
Белым пыжыкам.
Паглядзі,
якія гульні ў лагу,
Як імчацца з гары лыжы з санкамі!
А малы мне ў адказ:
— Не магу,
Не магу, калі яна
З рыжым Санькам...

ЖЫЛА БАБА ДОРА


Жыла баба Дора.
Заўчора, учора
Жыла баба Дора...
А сёння дзед Ясь
Дамавіну збівае.
Старанна збівае,
З сабой размаўляе.
«Мо й час табе, Дора...
Не скажаш, што рана.
Ды вунь памідоры
Яшчэ не сабраны.
Шчэ яблыкі трэсці
I бульбу капаць...»
Габлюшкі на цеслю,
Як ружы, вісяць.
Памерла старая.
Што зробіш: пара...
На момант змірае
Рука цесляра.
Ён цяжка, нягнутка
Сядае пад плот —
Скруціць самакрутку
I выцерці пот.

ТРЭЦІ ТРАМВАЙ


1
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце,
Дзе год амаль вісела на слупе
Аб'ява:
«Прадаецца піяніна...»
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры
I доўга біў вады струмень шыпучы,
Пакуль мяне суседкі разглядалі...
На тым прыпынку трэцяга трамвая,
Дзе астравы азёрныя маўчалі
I возера затойвала дыханне,
Калі рука мая ЯЕ руку кранала...
Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце,
Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры,
Дзе астравы азёрныя маўчалі...
Нідзе цяпер ЯЕ ўжо не сустрэць мне.
* * *
Не ведаю даўно, які трамвай,
Адкуль і да каго ЯЕ прывозіць,
I, каб спаткаў, цяпер бы ўжо адрозніць
ЯЕ ад іншых і не змог, бадай.
Але калі ўспаміны цераз край
Нахлынуць раптам, сэрца замарозяць,—-
Я лёс прашу: які трамвай ні возіць
Цяпер ЯЕ — сустрэнемся няхай.
I хай усё, што стала ў нас былым,
Што расплылося, нібы ў небе дым,
На момант зноў жывую плоць набудзе.
Жыве ў нас памяць, што там ні кажы,
Дапамажыце нам сустрэцца, людзі,
Трамвай, спаткацца нам дапамажы.
2
Трэці трамвай —
юнацтва маё,
Каханне маё —
трамвай.
Хіба ты ўсё і пра ўсіх забываеш?
Што ж ты
не дапамагаеш?
Коціцца, грымкае, звоніць трамвай:
— Я забываю — і ты забывай,
Усё забывай, што з табой ні здараецца!
Не забываецца...
Дзе, на якім мне прыпынку чакаць?
Трэці трамвай,
Парай, падкажы...
Столькі людзей, для якіх я чужы,
Што немагчыма каханых губляць!
Ды і сярод найбліжэйшых табе
У час, калі дробязна любую страціш,—
Жывеш, нібы на тваім ілбе
Выпалена пракляцце.
Дробязна страціў я...
Дробязна жыў...
Трэці трамвай,
дапамажы!
3
Вынес трамвай ЯЕ.
На! Сустракай!
Вынес, нібы апаліў.
Што ж ты зрабіў са мной,
Трэці трамвай!
Што ж ты зрабіў?
Можа,
ты вынес зусім не ЯЕ?
Можа,
ЯНА не ТАЯ?
Бачыш: зусім не пазнае.
Нават не ўспамінае.
Бачыш ты, карнік!
Яна не адна!
Бачыш:
вунь з тым.
Што ты звоніш і скачаш?!
Бачыш:
яго абдымае яна!
Бачыш?!
— Бачу,— прагрымкаў трамвай,— і павер,
Дружа мой, гэта не здрада.
Тое сапраўднае ў нас, што цяпер,
А што было, тое ўжо не сапраўднае.
Людзі ўваходзяць,
Выходзяць з мяне — і забываюць.
Хіба мне хто п ры сустрэчы кіўне!
Не, не ківаюць.
Хай іх. Мне што?
Я жалезны трамвай.
Усе забываюць — і я забываю.
Але бывае, што нават трамваю
Трэба, каб нехта яго ўспамінаў.
Хай наша памяць — сляды на вадзе,
Хай немагчыма помніць глыбока,
Ды немагчымей, калі адзінокі
Нехта з трамваяў ці нехта з людзей.
Так што, лічы, я цябе зразумеў,
Сам бы ўцякаў ад нудоты сабачай...
Каб не па рэйках хадзіць умеў,
Толькі б ты,
Дружа, мяне тут і бачыў.
Але ўспаміны ты
лепш не кранай,
Усе забываюць — і ты забывай.
Усё забывай,
дзе і што ні здараецца!
Не забываецца...
Трэці трамвай...

* * *


Усё больш сяброў — і менш...
Такая справа...
I зойме раптам адзінота дых,
I ты вярнуць хацеў бы нават тых,
Каго вяртаць даўно не маеш права.
Як на слупах пажоўклыя аб'явы,
У памяці размыты твары іх,
Былых каханых і сяброў былых;
I іх вяртаць — балючая забава.
Яны прайшлі, я к вёсны альбо зімы,
Яны ў трамваях пралятаюць міма,
Ніхто з іх нават не зірне назад,
Ніхто не скажа, хто ў тым вінаваты,
Што ўсе мы неяк прадчуваем страты,
А'ле ніяк не пазбягаем страт.

* * *


У доме насупраць мыла жанчына акно.
Мокрае шкло ў ранішнім сонцы іскрылася.
Ён падышоў. Яна да яго прыхілілася.
У доме насупраць мыла жанчына акно.
Больш у той дзень нічога ў мяне не здарылася.

* * *


Святкуем дзень сустрэч.
Удвух святкуем. Ціха.
Спявае ў хаце печ
Чырвонай салаўіхай.
З-пад чорнага крыла
Выпырсквае вуголле
Той песні, што прыйшла
Да нашага застолля.
Відаць, яна на раз.
Усё, чаму спявацца,
Згарае ў лепшы час -—
I нельга ўратавацца.
Дык што ж рабіць, стары?
Падкінем дроў бярэмя...
Няхай агонь гарыць
I кот на куфры дрэмле.
Не лічачы гадзін,
Давай змарнуем вечар,
I моўчкі пасядзім,
I вып'ем за сустрэчу.
Адну з усіх сустрэч,
Калі ў сусвеце ціха
I толькі ў хаце печ
Спявае салаўіхай...

ІПАДРОМ


На іпадроме скачкі!
Скачкі!
Спёка...
З блішчастых конскіх спін
Дажджом сцякае пот.
Глядзі,
як гнедая ўсіх абышла далёка!
Не бег, а пылам над, зямлёю над —
Палёт.
Ківаюць знаўцы: лепш за ўсіх ідзе,
Хто ставіў на яе — не памыліўся...
А ёй самой за гэта што перападзе?..
А гнедая адчула, як стаміўся
Стары жакей, і хоча даскакаць
Хутчэй за ўсіх бясконцымі кругамі,
Каб там, на фінішы, апухлымі губамі
Пяшчоту рук пачуць —
I заіржаць.

* * *


Горкім дымам пацягне
Ад барвова-чырвонага лісця,
Ад асенняга... Ўжо не асенняга...
Пасля смерці, хто скажа,
З якой ён знікае пары?
Адчуваецца ў дыме пах адмерлай кары
I сапрэлага сена,
Гэта новы наш дворнік парадак завёў,
Каб запальваць кастры...
Ён і іншыя ў нашым двары абяцаў перамены.

ГЛУСК


Скарыцца
I легчы пад коламі часу...
Няўжо самагубства?!
Прытупвае эра жалезным абцасам!
Прытупвае эра жалезным абцасам!
Паэзія — глупства.
Запрэгчы Пегаса —
Паехаць ад выгану глупства
Да горада Глуска.
У Глуску
Нахілена неба, як зрэзана з бохана луста.
П'ю піва
I соль рассыпаю з талеркі шчарбатай...
А час — вочы ў вочы,—
Нібы перад ім вінаваты я,
Скрозь вінаваты...
Якою віхурай
Мяне падхапіла,
З карэннямі вырвала?!
Ляцяць мае думкі
Птушыным разгубленым выраем.
Да нейкае зоркі адзінай,
Маўклівай,
як пошта без сувязі,
Дзе душна і цесна, нібыта
Зашпілена ыеба на гузікі.
О, як беспрытульна ў сусвеце!
Знянацку.
Раптоўна.
Плыве над зямлёй беспрытульнай
Беспрытульная поўня.
Па вуліцах
Глуска
Снуюць
Беспрытульна
Кіборгі?!.
Буфетчыца лаецца...
Значыць,
Да гэтага доўга.
Плачу я буфетчыцы,
Плачу ў забруджаны сачык...
А потым
На рэшту купляю вясёлкавы мячык,
Зялёна-чырвоны,
Падскоквае
Ён
Пад рукою
Зялёна-чырвонай,
Да роспачы любай
Зямлёю.

ВАДЭВІЛЬ У ДВУХ АКТАХ


Заходзь у мой дом, чалавек!
Знаёмы ці проста прахожы.
Не бойся мяне патрывожыць,
Заходзь у мой дом, чалавек.
Нараніцы, днём і ўначы,
Заходзь у хвіліну любую;
Як ёсць што сказаць — памяркуем,
Няма што сказаць — памаўчым.
Заходзь, чалавек, да мяне,
З бядою заходзь і турботай,
I проста, калі захлыне
Ў натоўпе людскім адзінота.
Заходзь, чалавек, у мой дом!
Мы нешта прыдумаем разам,
Быць добрымі — н аш абавязак,
Заходзь, чалавек, у мой дом.
Так в е рш я скляпаў. Неблагі...
Не горшы з усіх маіх вершаў.
Ды гэта, як кажуць, АКТ ПЕРШЫ.
А вось АКТ ДРУГІ.
Стук у дзверы.
— Хто там?
— Незнаёмы. Адчыніце...
— Хто вы?
— Незнаёмы.
— Што вам трэба?
— Мне ад вас?.. Нічога.
— Ну т а ды ідзіце сабе з богам.
— Як жа так... Някляеў вы?
— Някляеў.
— Ведаеце хто я?
— Не ўяўляю.
— Я чытач. Я верш у вас знайшоў,
Вы там напісалі:
Днём і ноччу,
Хто захоча і калі захоча,
Хай ідзе да вас.
Вось я прыйшоў.
— Кіньце жарты.
Ноч.
Не адчыню.
— То навошта верш вы напісалі?
— Вы вар'ят!
— Дык вы пажартаваді?
— Слухайце, я зараз пазваню,
Каб па вас з міліцыі прыслалі!
— Вось як... То бывайце... Я дарма
Кожнай кропцы ў вершы вашым верыў...
«Што ж рабіць?» Я адчыняю дзверы,
Толькі т ам нікога ўжо няма.
Мо здалося ўсё мне?
Я стаяў,
Думаў пра кароткую размову.
Нехта ж быў... I нехта майму слову
Верыць перастаў.

ДЭЛЬФІНСКАЕ

Памяці Сямёна Кірсанава


Паэт
Сядзеў з а столікам, курыў.
Сівыя валасы стаялі стрэшкай.
Кагосьці быў ён прывітаў з усмешкай.
Сядзеў...
Курыў...
Вітаў кагосьці... Быў...
Плылі, што поўні,
Да сталоў талеркі,
I цёк, як над вулканам,
Душны дым.
I людзі адбіваліся ў люстэрках —
Адзін...
Другі...
Адзін перад адным...
Паэт сядзеў з а столікам, курыў.
Пра нешта гаварыў, да слоў павінны.
А ў гэты час блакітныя дэльфіны
Плылі ў Басфорскі месячны праліў.
З-пад плаўнікоў
Да зор ляцелі пырскі,
I малаком кіпеў у хвалях след.
— Ты размаўляць умееш па-дэльфінску? —
Спытаў паэт...
Была ўжо ноч.
Па сцішанай Маскве
Плылі праз дождж дэльфінамі машыны.
Паэт хаваў запалку ў рукаве,
Шукаў манету і званіў жанчыне.
Над тэлефоннай будкай цвіў ліхтар,
Узмахваў клён намоклаю чупрынай.
А ў гэты час блакітныя дэльфіны
Плылі ужо праз сіні Гібралтар.
I недзе ля Астанкінскіх ставоў
Сярод садоў ужо канала лета...
Паэт званіў...—
На шэпт дэльфінскіх моў
Перакладаў жанчыне гул планеты.

З БАДЛЕРА


Не прыйдуць у начы — і катаваць
Не павядуць у змрочны склеп, за краты...
Злачынец, спі! Няма каму пытаць:
Ты вінаваты ці не вінаваты.
Суддзя твой спіць, і спяць вартаўнікі;
А ў ката у твайго сягоння свята,
Яму й няўцям, што ты жывеш такі,
Хай вінаваты, хай не вінаваты.
Забойца, спі! У кнігах спіць закон,
I пыл палёг на літары закона —
Спакойна спі! Твой палахлі вы сон
Ніхто не прыйдзе патрывожыць сёння!
Дык што ж крычыш! Чаго баішся? Ты!..
Прад кім гатовы пахіліць калені?
Перад сумленнем? Прэч яго! Сумленне —
Вярыгі рознай дробнай свалаты!
А ты!..
I ўсё ж не спіш...
Крычыш...
Баішся ты...

* * *


Напярэдадні свята,
Напярэдадні свята
Урачыстыя твары
I чыстыя хаты,
I шчаслівыя мары
Лунаюць крылата
Напярэдадні свята,
Напярэдадні свята.
Спадзяюся на тое,
Што здзейсніцца, будзе
Гэта свята ва ўсіх,
I засмуцяцца людзі
Толькі тым, што мінула яно —
I па скверах
Вецер гоніць ашмоцце
Стракатых паперак...

СНЯГІ


У госці прыходзяць снягі
Не шумным застоллем,
Зацішшам,
Асветленых думак узвышшам
На шэрых раўнінах тугі.
Снягі —і
успаміны: чаму,
Пра што сумавалася ўчора,
Якое ўяўлялася гора
Зацішнаму сэрцу майму?
Снягі —
над усёй мітуснёй
Дасцежных маіх лістападаў,
Як вырай высокі
над садам,
Дзе дрэвы пасаджаны мной.
Снягі —
каб напоўніцца зноў
Душы маёй сумам і смехам,
Усім, што было да снягоў
I не засталося пад снегам.

* * *


Калі ваўкі збіраюцца у зграі
I глуха выюць, давяцца тугой,
Я вар'яцець паціху пачынаю,
Нібыта пазнаю, прыпамінаю
У іх выцці знаёмы голас.
Мой.
Мне жудасна.
Я чую, як звярэю.
Ратуюся чакаць, калі заднее
I знікне гэта ноч у небыццё...
I днём не ўспомню нават той падзеі,
Хоць шчэ пад языком і халадзее
Працяглае звярынае выццё.

НОЧ У ХАТЫНІ


Звон біўся ў звон.
Звон ападаў з нябёс.
Раскрыжаванае —
Лямантавала неба.
Дзіцячы енк,
Пах спаленага хлеба
Віхор счарнелы да яго узнёс.
Яму ў адказ
Зямля лямантавала,
Той лямант плыў ракой без берагоў!
Арэса здань, найстрашнага з багоў,
Людской крывёй на зорах праступала.

* * *


Што за сумныя песні
спяваеш ты, Белая Русь!
Як зацішаны боль
яны ў сэрцы маім прарастаюць.
«Ой, ляцеў белы гусь...»
А куды ён ляцеў, белы гусь,
Калі ў небе тваім
толькі шэрыя гусі лятаюць?
З далячыняў сівых
наплывае самотны напеў,
Я прадоўжыць яго —
нават голас мне дай —
не бяруся...
Дык суцешыцца б тым,
што не толькі хацеў,
што паспеў
Прамільгнуць над табой,
праляцець над табой белым гусем...

ВЕТЭРАН


Слава бокам абышла.
Па заявах, па даведках.
Не шукала — не знайшла,
Не хапіла славе сведкаў.
I каму сказаць з людзей,
Што за справы баявыя
Толькі раны балявыя
Прыпаяны да грудзей?..

НЯДЗЕЛЯ


Купі мне самую большую кнігу.
Купі мне дождж.
Купі мне човен,
Купі маленькую малпу,
Купі гушкалкі
I гэтую крычалку, у якую крычыць
Дзядзька міліцыянер...
Я купіў марожанае,
I гэтага ёй хапіла.

НАФТАВІКІ


Калі, нарэшце, корба
Прабіла тоўшчу глебы
I нафта чорнай кобрай
Рванулася пад неба —
Было дванаццаць з чвэрцю.
Ўзляцела ўверх: —Дасталі-і!..
I ціш... Пасля, як чэрці,
Ля шчыліны скакалі
Усе, а кінахронік,
Забыўшыся здымаць,
Крычаў: .
— Ну, дай гармонік!
Хачу зайграць!..
А нафта ў неба біла,
Спадала ўніз дугой,
З'яднала і зрадніла
Людзей паміж сабой.
Біў прараб абцасам:
— Беларуска!
Жонка, смаж каўбасы
На закуску.
Зразумейце,
Чэрці вы,
Гэта ж скарб!..
Было дванаццаць з чвэрцю,
I мне сказаў прараб:
— Давай, пішы з абзаца,
Ці як у вас там звычна:
Навечна слава працы!
БССР! I клічнік!

* * *


Шлях мой зямны, Айчына...
На схіле
кожнай вярсты
Толькі ты за плячыма,
Наперадзе —
Толькі ты.
Існасць мая, Айчына...
Не дзякую за карэнні...
Дзякую за магчымасць
Сумнення
У несумненным.
Праўда мая, Айчына...
З прыцемкаў сутарэнняў
Бачацца
Далячыні
Светлага разумення.
Вера мая, Айчына...
Дадзена
птушцы і зверу
Блакітна крычаць вачыма:
— Веру!
Веру! Веру!..
Вера мая... Айчына.

КЕВАЛАЧ


Ён жыў не як усе...
Трымаў у вазах кветкі,
На нітцы суравой насіў пенснэ,
Штогод плаціў без спрэчкі ўсе узносы
У карысць добраахвотных таварыстваў,
Адпачываў не летам, а увосень,
I ехаў не на поўдзень, а пад Мінск,
I мерз там васемнаццаць дзён на дачцы,
Падобнай на сабачую буду,
Цягаў усюды за сабою скрыпку,
Але ціхто, нідзе не чуў ніколі,
Каб ён іграў на ёй або хаця каб
Даваў камусьці іншаму іграць...
Вось так ён жыў.
А побач
Жыў сусед і не трымаў
У вазах кветкі, не насіў пенснэ,
Заўжды з-за ўзносаў лаяўся, у жніўні
Адпачываў, і ўсё на поўдзень ездзіў,
I час ад часу сам іграў на скрыпцы,
Але ніхто нідзе таго не бачыў,
Каб ён насіў яе з сабой або хаця каб
Даваў камусьці іншаму насіць...
Так жыў сусед.
Вось так яны жылі
Адзін перад адным, нібы ў люстэрку,
I, мабыць, нехта з іх
Жыў так, як трэба,
I нехта, значыць,
Жыў наадварот.

* * *


Ну, вось і ноч. I ціха, як ніколі.
Ды пошум дня у думках не аціх.
Пакутн ы гуд — непадуладны волі,
Забыцца на яго — напружваемой слых
Мацней, мацней... Дарма прасіць: «Даволі!»
О, галасы людзей, і злых і дарагіх!
Наканавана мне бясконца слухаць іх —
I не уратаваць сябе ад гэткай долі!
...А пойдзе ноч на дзень — і ранак сінявокі
Угледзецца ў акно — няма маіх турбот.
Здзіўлюся толькі, што над хатай невысока
Бязгучна праляціць аглухлы самалёт.

* * *


Туліцца бэз да зруба,
Росны, світальны.
Ты прашапчы мне: «Любы» —
На развітанне.
Незбудаваны дом наш
Поўніцца золкам.
Блізка мяне ўспомніш —
Буду далёка.
Вочы твае, дзе ранне
Вечар знясіле,
Будуць балець чаканнем
На небасхіле...

ГЕРНІКА


Сны
Азёрамі плешчуцца ля галавы,
Азёрамі
белых і чорных дажджоў,
Азёрамі
Вады і крыві.
Рукі закіну
I зачарпну
Далонямі — белых і чорных дажджоў,
Далонню — вады,
Далонню — крыві.
Прачнуся: далоні —
Адна ў адной
На падушцы, абступленай снамі,
Напоўненай пухам,
Сцягамі і зброяй.

* * *


Хтось затвор на вінтоўцы намацаў.
А птушкам
Збірацца ў дарогу.
Птушкі могуць вяртацца.
Кулі вяртацца не могуць.
I нікуды не дзецца
Ад хвіліны, ў якую
Ім сустрэцца:
Птушцы і кулі.
Неба ўскрыкне!..
I на воблака белае-белае
Кроў птушыная пырсне
Брусніцамі спелымі.
Куля болю не знае...
Шмат чародаў птушыных
Сакавік загайдае
На халодных галінах.
Ды гарачай рукою
Зноў намацае нехта затвор.
I няма нам спакою...
Бы чакаем мы стрэлу.
Ва ўпор.

РАМЯСТВО


Яму звязалі рукі за спіпой.
Надзелі пацеркі.
— Ідзі! — I з аўтаматаў
Услед яму паласанулі каты,
Забаўленыя катаўскай гульбой.
— Бягом! — Ён бег.
— Хутчэй! — Ён бег хутчэй.
Стралялі каты,
Каты рагаталі,
I справа,
Злева снайперы збівалі
Шкляныя пацеркі
З яго плячэй.
Дзінь! — пацерка.
Крычалі каты: — Брава!
Ад сумнага жыцця, відаць, яны
Такую вось вясёлую забаву
Прыдумалі ў вясёлы час вайны.
Дзінь! — пацерка.
Агонь шкляны ўразаўся
У твар,
У вочы... Потым вокрык:
— Стой!
О, вывучка рамесная, праслаўся!
Ён не загінуў. Ён сляпым застаўся.
Бо каты добра зналі рамяство.

У ВРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ

Абаронца

Ты такую цану хіба ведаеш, свет,
Даражэй за цану перамогі?
Я гляджу на яго, на жывы манумент.
Манумент да сцяны прыпадае
I стогне.


Кроў

Кроў — гэта кроў.
Інакш пра кроў не скажаш.
Не параўнаць яе ні з захадам барвовым
Ні з барвай царскай,
Ні с пунсовай краскай.
Непараўнальную,
Жывую кожнай кропляй —
Нават з крывёю
Кроў не параўнаць.

* * *


Нам не спіцца... Пра гэта
Мы гаворым: не спіцца
Нам таму, што над светам
Гудзе навальніца!..
Так, што праўда — то праўда...
Навальніц незлічона...
Набываем мы «заўтра»
I губляем «учора»,
Бессмяроццю на поед
Дні трасём з кашалёў,
Як білеты на поезд,
Які адышоў.
Гэта — страх небыцця.
Страх пякельна гарачы.
Нам інстынкт да жыцця
Захаваны ад прашчураў,
Птушак, рыб і звяроў,—
Але хто з нас заплакаў бы,
Раскаціўшыся ў гром
Нейкай ноччу маланкавай!
Хто заплакаў бы — дрэвам
Прабіўшы трысцё!
Каб жыццё — не дарэмна.
Не дарэмна жыццё.
...Ноччу залівень-лівень.
Гром... I, хочам — не хочам,
Мы уночы маўклівей
I святочней уночы.

ПАЭМА — ВЕРА


1
Мой родны край... Алешнік над ракой,
Высокі лес,
буслоў-танцораў гнёзды.
Я пасталеў, прыйшла пара на роздум,
Прысяду да стала згадаць аб розным
I ціха падапру шчаку рукой.
Вось снег пайшоў. I так мае гады
Ідуць-ляцяць, як гэты снег, бясконца,
I светла так, нібы заўсёды сонца...
Хай нават завіруха — і тады
Праменні свецяць у маё бяссонне.
Праменні родных матчыных вачэй...
I я да іх спяшаюся, хутчэй —
Да валасоў яе, прапахлых жытам спелым,
Да калыханак: «Будзь, сынок мой, смелы,
Будзь самы смелы ад усіх людзей...»
«Вучыся смеласці... — Сядлае дзед каня.
— Мацней трымайся, калі што якое!»
I — бізуном!
I з месца — ў свечку конь!
Няхай палае ранішні агонь,
Няхай грукоча сэрца маладое!
2
I, можа, мне
няхітрых тых навук
Хапіла б у жыцці —
Шчырэць да поту
I плуг не выпускаць з мазольных рук,—
Ды ў смаглым горле роднай мовы гук
Заклекатаў бусліным пералётам.
Заклекатаў, апёк. Няма вады
Жывой ці мёртвай, каб суцішыць смагу.
Дык дай мне, мова родная, адвагу
Спяваць пра край, дзе пенна ходзіць брага
I спелыя жаўцеюць жалуды.
Пра край, дзе ўсталі гмахі гарадоў,
А на вяселлях б'юць яшчэ што духу
У засланкі, і ў бойцы дзецюкоў
Такую, часам, схопіш аплявуху,
Што на карачках папаўзеш дамоў.
Пра край, дзе ўвечар брама зарыпіць,
I, куст чаромхі роснай абламаўшы,
Ідзеш за вёску, любую абняўшы,
I адчуваеш, як яна дрыжыць,
I ў сена падаеш, яе зацалаваўшы.
Пра край, які прасвечаны наскрозь
Азёрнай стынню, чырванню рабіннай,
Святлом зялёным маладых бяроз,
Наскрозь працяты песняй салаўінай
I вымыты расой жаночых слёз.
3
...Як мая маці плакала! Хвартух
Прагорк ад слёз — суцешыць нельга маці...
Як плакала!.. Але ўспамін патух,
I помню толькі:
Дзьме ў ражок пастух
I хрыпла коні ржуць
На сенажаці.
Ды хто, скажыце, можа помніць з нас
Свой першы крык
I першы крок па хаце?
Ніхто!
Нічога не вяртае час,
I мы ўспаміны беззваротна трацім.
Ты плакала... Вайна... Не помню... Маці...
4
I жыць прасцей, калі не ўспамінаць.
Калі, нібы адрэзана,
Забыта:
Асвенцімы, дахау, маабіты...
Час на кані!
З-пад капытоў,
Нібыта пясок ды пыл,—
Асколкі дзён ляцяць!
5
...Не дай нам бог
Забыць часіны тыя!
Ускіне твар счарнелы крык Хатыні,
I Брэст
Барвовым стогнам загудзе!
Уся зямля — ад краю і да краю —
Балючая,
крывавая, святая...
Другой такой зямлі
Няма нідзе!
6
...Як памятаю я? Незразумела...
Ах, мама, мама...
Я ў кашулі белай
Ляжаў сярод такіх высокіх траў!
А шчэ вышэй...
Там воблакі ляжалі...
I самалёт...
Ён чорнымі крыжамі
Драпежным птахам крылы распластаў.
Як памятаю я?.. Незразумела...
Ў табе яшчэ пад сэрцам не цяжэла,
Не білася мая тугая кроў,
Ты жыта жала, пасвіла кароў,
I думка пра мяне ледзь-ледзь цяплела...
Шчэ нават бацька з фронту не прыйшоў.
Вы з бацькам шчэ маглі і не еустрэцца,
А кулі побач
травы узвілі,
I на кашулі белай — там, дзе сэрца —
Так нечакана р у ж ы расцвілі!
I я ляжаў... I воблакі плылі.
7
Дык дай жа, мама,
Мне жывой вады —
Уваскрасіць таго, хто там забіты!
Асвенцімы... дахаў... маабіты...
Вось снег пайшоў...
I ты дажала жыта...
Вярнуўся з фронту бацька...
I тады
Усё чыста тое
Мной было
Забыта.
8
Я сёння помню песнявы прастор
I Крэўскі замак, гульняў нашых царства,
Вясёлыя дзіцячыя штукарствы
I на бярозах гушканні да зор!
I бачу я:
ля чыстага стала
Дзед задуменна біблію чытае,
Струною залатой пяе пчала
Над лысінай яго...
Ну, ці святая
Уратуе кніга?
Не дапамагла!
Пчала як раз у макаўку ўпякла.
Мой дзед у вёсцы — першы садавод,
Мічурыным яго вяскоўцы звалі.
Якіх мы з ім прышчэпаў ні ўшчаплялі,
Каб новы цуд ствараўся з году ў год!
Каб жыць прыгожа людзям і звярам!
Дзед быў талстоўцам,
Хоць не знаў Талстога.
Жыццё ён бачыў пошукам дабра,
I ўсё дабро ён размеў як бога...
Мой мудры дзед!
Зусім ты пасівеў,
Зусім стары зрабіўся і нямоглы...
А маладосць твая квітнее ў кожным
З народжаных табой
Дзівосных дрэў.
9
I немагчыма думаць:
Можа час
Настаць такі, калі пагасне сонца.
На квецень нашых дрэў асядзе стронцый —
Што застанецца, дзед, тады ад нас?
Пустэча, пыл... Ні нашых спраў, ні слоў...
Мы існуём у сувязі часоў,
Бог ні пры чым, давай пакінем бога...
Папраўдзе: мне шкада цябе, старога,
Што ты шукаў яго — і не знайшоў.
Ты за адно жыццё пабачыць мог,
Як тры вайны
Прыйшлі на твой парог,
А ворагаў — і войны не злічылі...
I ўспомні, дзед: у кожнага быў бог,
Што бласлаўляў, каб нас з табой забілі...
Але — пакінем... Трэба ведаць меру...
А вера — верай,
Нават на паперы
Я падтрымаю погляды твае:
Так, чалавеку неабходна вера,
Без веры чалавек не існуе.
10
I вера ёсць! Мы вырасталі з ёй.
Яе не вырваць з нас і абцугамі.
Мы сёння крочым мірнае зямлёй
З чырвонымі, як полымя, сцягамі.
У час, які не проста разумець,
Выпрабавальны час для пакалення,
Мы непахісна верылі ў сумленне,
У праўду і жыццё — і на імгненне
Ні ў здраду не паверылі, ні ў смерць.
Мы це святыя... Гэта факт, канечне...
Але скрозь нашы цяжкія гады,
Памылкі нашы, дробязныя спрэчкі —
Мы свецімся той светлай, чалавечай,
Высокай верай.
Верай назаўжды.
11
Мой родны край... Я дзякую за свята
Сказаць табе пяшчотнае
Люблю,
За свята
Называць тваю зямлю
Радзімаю сваёй, сваёю хатай.
За вышыню прыходзіць да святынь
Тваіх, каб ім у пояс пакланіцца,
За боль,
якім пячэ мяне Хатынь,
За памяць,
што жыве ў яе званіцах.
За наш чырвоны,
Наш грымотны век,
Якім
вякі другія можна мераць...
За ўсё,
У што
вялікай верай веру,
Чым —
Чалавек.


Оглавление

  • Уладзімір Някляеў АДКРЫЦЦЁ
  • * * *
  • СТУДНЯ
  • * * *
  • * * *
  • САД НА СКРЫЖАВАННІ
  • * * *
  • * * *
  • ПУСТЫ ДОМ
  • ДУБОЎКА
  • У САМАЛЁЦЕ
  • ПТУШКА
  • РАНАК
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • УСПАМІНЫ
  • * * *
  • НЯМІГА
  • НАЗОЎНЫ СКЛОН
  • ЗЯМЛЯ
  • НОЧ
  • * * *
  • ПРОСЬБА
  • * * *
  • ЖЫЛА БАБА ДОРА
  • ТРЭЦІ ТРАМВАЙ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • ІПАДРОМ
  • * * *
  • ГЛУСК
  • ВАДЭВІЛЬ У ДВУХ АКТАХ
  • ДЭЛЬФІНСКАЕ
  • З БАДЛЕРА
  • * * *
  • СНЯГІ
  • * * *
  • НОЧ У ХАТЫНІ
  • * * *
  • ВЕТЭРАН
  • НЯДЗЕЛЯ
  • НАФТАВІКІ
  • * * *
  • КЕВАЛАЧ
  • * * *
  • * * *
  • ГЕРНІКА
  • * * *
  • РАМЯСТВО
  • У ВРЭСЦКАЙ КРЭПАСЦІ
  • * * *
  • ПАЭМА — ВЕРА