КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Адукацыя [Людміла Іванаўна Рублеўская] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Людміла Рублеўская Адукацыя


Менск

1990


Усе слухайце мяне, толькі мяне...

Я, абяцаю, усіх чытачоў кніжкі "Адукацыя" пазбавіць ад клопату і журбы. Кніжка наладжвае Вас на добры настрой. Яна забруджана на дабро.

Даю ўстаноўку:- чытаць, усім чытаць! Аддайце свой вольны час кніжцы «Адукацыя».

Калі Вы будзеце чытаць, у Вас узьнікне жаданьне самім пісаць вершы і дасылаць іх у Незалежную друкарню К. Пянткоўскага. Не перашкаджайце сваім жаданьням.

Чытаць, усім чытаць!


Прачытаў кніжку і занатаваў рэкляму Алесь з-пад Крупак.


© OCR: Камунікат.org, 2011 год

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011 год 

Мы - нязьдзейсьненых казак
няшчасныя пасербы будзем.
Мы - палоньнікі часу,
мы - дзеці паданьняў старых.
* * *
Мы - галінкі яліны,
якая стаіць пад адхонам..
* * *
Мы - глухія каменьні дарог
брукаваных сваіх...

Ад рэдакцыі


Адзінота. Яна часам урываецца ў нашае імклівае жыццё, прыходзідь раптоўна і дае нагоду для роздуму - што адбываецца на гэтай зямлі, чаму жыццё складваецца менавіта так, а не інакш? Адзінота не дае спакою. Няўтульна робіцца у гэтым сьвеце: не разумеюць сябры, не ўсьміхаецца каханая...

І тады хочацца пазбыцца тлуму вуліцы, гоману людзей, застацца сам-насам са сваімі думкамі, памарыць аб нечым нязбыўным, пакорпацца у сваёй душы, адшукаць нешта згубленае. Хочацца адысьці крыху ад недаробленых справаў, проста азірнуцца на пройдзены шлях.

Менавіта ў такія хвіліны і спатрэбіцца кніжка вершаў "Адукацыя". Гэта твой сябар, палёгка для душы. Сэрца тваё адыдзе, палякчэе. На ўсё раней незразумелае ты будзеш глядзець зь іншага боку, і нават тыя людзі, што здаваліся надакучлівымі, будуць прыемна ўсьміхацца табе. Вось пабачыш!

ПЛАЧ РУСАЛКІ


Як святкавалі шчэ Купалле
На берагах ракі маёй
З усходу воі прыскакалі
Смуглявай хіжаю гайнёй.
Я доўга чула віск і лямант —
Захопнікау ўсе клялі.
Ды людзі ўпэўніліся самі,
Што крыкам не вярнуць зямлі.
Мацнейшыя пабралі зброю,
Сплылі — куды чаўны нясуць.
Другія ж — пераймалі строі,
і мову прыхадняў, і суд.
Там, на гары, стаяу будынак -
Лічыла нават я — святы.
Плыў па вадзе яго адбітак,
Нібыта ветразь залаты.
Каб коса не глядзеў чужынец,
Туды баяліся хадзіць,
Пакуль тутэйшы баязлівец
Не загадау той храм спаліць.
Часала косы я ў чароце,
і чула чыйсь дрыжачы шэпт
Аб ваяунічым злым народзе,
Які скарыў цалюткі свет.
Яны яго хвалілі талент
і моц, дурныя пячкуры!
Бо іх майстроў найлешых бралі
Сабе
захопнікаў цары.
Цячэ вада... Чарот гайдае,
і зоры ззяюць скроаь чарот.
І ўжо іначай называе
Сябе зваёваны народ.
І на Купалле не лунаюць
Дзяучыны ў лозах ля ракі—
Прабабкі іх дауно аддалі
Чужынцам белыя вянкі...
1988.

* * *


Я не хачу ні з кім спрачацца—
Хай кожны маецца, як хоча.
Вог блаславіць любую црацу,
А смерць любыя выесць вочы.
Мы на зямлі жывем часова,
Свой час атручваючы звадай.
Мяне ратуе толькі слова,
Цябе — віно і стол багаты.
Ды ў Храм не ходзяць пад прымусам,
Дабро не робяць без жадання.
Не заклікаю беларусаў
Быць беларусамі дазвання—
Хто стаў чужым— чужым і будзе,
А свой — і так сваё шануе
Хай Вавілон будуюць людзі.
Я — з тымі, хто яго зруйнуе.
красавік, 1990

РЭВАЛЮЦЫЯ


Над Радзімай— хмары,
над Радзімай — вечнасць,
Зрэзаныя косы
падаюць на плечы.
Грех за грэх не лічыцца.
Не святыя. словы
Закруцілі, звабілі
бедныя галовы.
Кожны мае рацыю,
Кожны ў нешта верыць.
І агульных могілак
больш не перамераць.
верасень, 1990 г.

* * *


Мы — маленькія людзі,
Людзі крыуды вялікай.
і няма, і не будзе
Нашых прозвішчаў у кнігах,
І няма, і не будзе .
Нам ні славы, ні ўлады.
Нас вялікія судзяць,
Нам шпурляюць загады,
і баяцца зауважыць,
Што між нас црыхаваны
Гнеў — вялікі і страшны,
Гнеў – сляпы і заганны.
I вялініх і мудрых,
Далікатных і тонкіх
Наша чорная бура
Белым жахам затопіць,
Бо ніколі не будзе
Нам прыніжанасць -- звыклай.
Бо маленькія людзі
Ненавідзяць вялікіх.
Бо маленькія людзі
Забіваюць вялікіх.

У СВЕЦЕ ЦІКАВАГА


Гэта цікава:
Калі пад царквой — мятро,
Пад правадыром – шлюха,
Пад нагам і — атрута,
Дзе пекла?
Гэта сэмешна:
Шляхціц з вырваным вусам,
Міністр без гальштука,
Міліцыянт у шортах,
Актывіст палітасветы ў замежнай краме...
Што будзе таму,
хто гэта пабачыць?'
Гэта немагчыма:
Зайсці ў Дом урада на шклянку кавы
I нікому нічога не паказаць.
Напіцца са Свіслачы і паздаравець.
Зрабіцца агульнавядомым і беларускамоўным.
Добра, калі ёсць
сапраўдныя мары!.

«Ноч. Вуліца. Ліхтар. Аптэка.»

А. Блок.


Мокры асфальт.
І ляжыць пад нагамі горад,
Жоўтымі лісцямі
да цішыні прыбіты.
Толькі дажджынкі
нешта пра боль гавораць,
Як разбіваюцца
аб манумент гранітны.
Горад чужынцаў.
І горад варожых дурняў.
Як раздражняю я іх
хадой нетаропкай.
Людзі без душаў,
нібыта жывыя труны,
Душы — бы храмы
дзе больш не начуюць богі.
А па праспекце не можна
ісці калекам,
Страшна дзяўчатам
прыгожымі быць адкрыта.
Як у Расеі — такія ж
«ліхтар, аптэка»,
Ад Беларусі —
адны радыёнукліды.
Мокры асфальт.
і блішчыпь пад нагамі неба.
Слова "часопіс"
не вецае кіяксёрка.
Шыльда двухмоўная
крывіцца над аптэкай.
Плача ліхтар.
Ноч і вуліца.
Вецер горкі.

ВАРРАВА


Натоуп наталяўся чужою пакутай.
Дзяцей падымалі на плечы бацькі.
А грэшнік, канчыны пазбаўлены лютай,
Ступаў на травінкі, нібы на цвікі .
Яшчэ не усвядоміў раптоўную волю,
Праз тлум прабіраўся, сусвету чужы,
Але — азірнуўся, як выйшаў у поле,
І убачыу — цяжкія ад целаў крыжы.
Паветра ліловым было ад спякоты,
І пыл залацісты стаяў над гарой.
Варрава, забойца і грэшнік,
ды хто ты,
Раз божаю смерцю купляеш спакой?
Канечне, ты мужна і горда трымаўся,
А той, на крыжы, не саромеўся слёз.
Ты моцны і злосны, і тым спадабаўся,
Не тое, што усім даравальнік Хрыстос.
Цяпер жа – чаму, успамінаючы гэта,
Ужо не ад шчасця ты плачаш, герой?
і убачыушы крыж, што ляціць над Сусветам,
Шкадуеш раптоўна —
чаму ён не твой?

КАЗАКІ НА БЕЛАРУСІ


Дарогі — і вецер,
І злая казацкая песня.
І крыж праваслаўны на вершніку кожным,
і грэх.
Анёл праляцеў
праз блакітнае неба Палесся,
Засталася толькі
сцяжынка на хмарах гарэць.
Прыглушана б'юць капыты
па зямлі беларускай.
У вольніцы — вольныя шаблі,
пустыя мяхі,
У вольніцы — вольнае сэрца
і прагныя рукі,
І воўку галоднаму лёгка
махнуць за сцяжкі.
Не ўсё маскалі ў гарадох
папалілі, пабралі.
Казацкім братам
засталося паесці, папіць...
і скажуць: "Мы вас
ад касцёльнага зла ўратавалі",
і пойдуць, п'яныя,
мясцовыя цэрквы паліць.
І — попел на вецер,
накормлены конь —
у дарогу.
Казацкая песня,
І плач беларускіх жанок...
Забыцца?
Забудзем.
І перад выкладчыкам строгім
Пра казачных вольных казакаў
паўторым урок.

7 ЛІСТАПАДА 1990 ГОДА.


Крыж за зорку вышэй назаужды,
Ён — як зорка з абсечаным промнем
Нахіліўся над горадам сонным, .
Дакрануўся да срэбнай вады.
Ён не можа, не лёс — пуставаць.
Ён жа створаны для выкуплення.
Бог ці раб, дасканалы ці дрэнны —
Нехта мусіць на ім паміраць.
І загрукаў пад зорамі дах — .
Свята зброі вянчаюць салютам.
Не знайшлося на свеце Хрыста —
Не знайшлося работы і Юдам.
І святлее пахілены крыж,
Растае ў раўнадушнай прасторы.
Я вітаю прывычнае гора.
Божа, божа,
чаму ж ты маўчыш?

ПЫТАННІ


Дрэва, што вырасла на магіле,
Дрэва — ці не?
Воі - героі ці толькі забойцы
Ёсць на вайне?
Шчасце, аплочанае крывёю,
Шчасце — ці не?
Людзі, што гэтага не пытаюць,
Людзі — ці не?

* * *


Мастацтва робяць гастралёры.
Не верыце?
На сорам, так.
Бо нам анёл тутэйпы горай
Забеглых д'яблавых сабак.
Іх поўсць агнём пякельным ззяе,
У шал прыводзіць іхні роў.
А як анёлы у нас спяваюць —
Спытай заморскіх жыхароў.
А наша доля — гастралёры.
Нам прысылае іх падчас
З вампірам тлустым сходны горад,
Што таленты высмоктваў з нас.
...і зноў у шлях спяшаюпь дальні
Анелы — да чужых крыніц...
...Народаў лёс правінцыяльны,
Правінцыяльны лёс сталіц.

АДУКАЦЫЯ


Нам ілгалі бессаромна доўга,
Хітра і бязлітасна манілі.
Слепату душы лічылі доўгам,
Тупасць — дабрачыннасцю лічылі.
А цяпер яны прызналі сціпла,
Мудрыя настаунікі і суддзі:
"Мы не так, як трэба, вас вучылі.
Самі перавучвайцеся, людзі."
Што ж, магчыма, мы спазнаем самі,
Як лячыць абсечаныя крылы.
Ды бязвер'е — наш паганскі камень —
Нам насіць з сабою да магілы.
А былы настаунік ці прафесар
Перад намі не апусціць вочы —
Ён маніў таму, што быу "пад прэсам",
А цяпер таксама праўды хоча.
Што ж, за усё нябожчыкі адкажуць,
Панясуць яны віну любую...
Хутка ў школу пойдуць дзеці нашы,
«Добры дзень» ці
«Здравствуйте»
пачуюць?

* * *


Віншую вас, мы выміраем!
Цяпер не доўга ўжо цярпець.
Край зробіцца сапраудным раем,
Калі яго ачысціць смерць.
І застануцца толькі душы
Сярод нябачаных раслін.
Тутэйшы люд сціхае мужна,
Як жук, што ўпаў у фармалін.
І ад здзіўлення пакруглелі
Разважлівыя вочы зор.
Жыць годна мы, браткі, не умелі.
Так церпіць, толькі хто памёр.
А навалач, што нас знішчае,
"Прабачце" скажа —
і на дне.
Збірайцеся!
Харон прычаліў
На цермаядзерным чаўне.

* * *


Гэты вецер — апошні мой вецер,
апошні мой дзень.
Заутра ператваруся ў істоту
з праграмаю "Выжыць".
Колькі можна аплакваць
бяздушша, бязлітаснасць бліжніх
І мяне не пазнае назаутра
уласны мой цень.
Я не буду стаяць убаку
ад гарластаі чаргі.
Я на брудную лаянку
стану нарэшце адказваць.
Я зраблюся вясёлай,
апранутай добра, рухавай,
Гэта буду не я—
але тут не патрэбна такіх.
Вецер,
вецер,
заплаканы вецер,
апошні святы...
Як душа памірае пакутна—
і вольнае цела.
Я змяшаюся заўтра
з натоўпам людзей азвярэлых.
Не,
найлепей зраблюся
асеннім лістом залатым.

ЛЁЗНЫЯ ЛЮДЗІ


Людзі лёзныя,
Сцежкі росныя,
Ногі босыя,
Словы — слёзныя,
Ну а песні нашы — разбойныя,
Ну а вочы нашы —
пагрозныя.
Добрай раніцы, слаўны Полацак!
Будзе вечар твой —
сумнаваценькім.
Не Сафіі госці памоляцца,
Божы страх намоляць багаценькім.
Добры вечар, Менск,
гандляроўскі край!
Прадамо табе
сваё гора мы.
Бо кірмаш. заужды
валацугам— рай.
Плакаць будзеце цэлым горадам!
Нам кароль казаў
на вайну ісці,
Нам закон казаў
гарады мінаць.
Добры дзень, Гародня!
Табе — плаціць,
Што схацелі госці
заначаваць.
Людзі лёзныя,
неработныя
Да спажывы лёгкай
ахвотныя,
Каб нашчадкі нашы
багатыя
У гарадох, адкуль
праганялі нас,
Кіраваць маглі
магістратамі,
З гарадоў зрабіл!
разваліны!
Людзі лёзныя,
Сцежкі росныя,
Ногі босыя,
Сны пагрозныя.

Слова Камілы Марцінкевіч


Зямное шчасце— гэта толькі цень,
Калі святло чужое люстра зычыць.
Над Менскам— дзень,
і над Масквою— дзень,
І ў беларусаў— быццам два абліччы.
Браты, браты!
Па веры, па зямлі.
Нашто сабе прыўлашчылі старшынства?
Нашто свой сцяг над намі прыўзнялі?
Паблажлівасць — любоў не будзе чыстай.
Палякаў-продкаў
нам прыстойна мець,
А рускіх —
вельмі выгадна...
Мой божа?
Жанчыне мала трэба —
не старэць,
Кахаць і быць каханай,
род прадоўжыць.
Але такога шчасця
цёплы цень
Па твары
слізгануў —
і знік на сонцы.
У Менску— дзень,
і ў Маоковіі — дзень,
Але між імі —
ноч і ноч
бясконца.

БЕЛАРУСЫ


Мы — няздзейсненых казак
няшчасныя пасербы будзем.
Мы палоннікі часу.
Мы— дзеці паданняў старых,
Беларусы — ці проста цяпер -
жыхары Беларусі.
Мы — глухія каменні
дарог брукаваннх сваіх.
Толькі ветах —
над возерам,
а над душой —
толькі помнік,
Толькі кнігі у кватэры,
для вечнасці —
толькі дзіця.
Мы жывем — і не помнім.
Ні мовы, ні продкаў не помнім.
І дамы эакрываюць
крутымі плячыма прасцяг.
Зноу раса ападзе
на траву, на малыя балконы,
На магілы, на цацкі,
забытыя дзецьмі ў траве.
Мы – галінкі яліны,
якая стаіць над адхонам,
І чарнобыльскі дождж
на ссівелай яе галаве.

ТРЫВОЖНЫ ЧАС


Новыя прозвішчы вуліц.
Тыя ж пляўкі жыхароў.
Так юбілеі святкуюць
Бедных цраданых майстроў.
Так аднаўляюцца святы —
Песні пяюць давідна,
Добра, каб не за зарплату,
Весела, каб без віна.
Цёпла было б — каб не вецер,
Мове бацькоўскай бы жыць,
Каб не ўладарылі ў свеце
Тыя, каму не баліць.
Што не шукаюдь на небе
Тое, што ўзята зямлёй.
Куля запечана у хлебе
Белай Айчыны маей.

БАЛОТНЫ АГЕНЬЧЫК


Трохі душы
пазычыла мне дарога.
Трохі крыві
пазычылі мне суніцы -
Вось я — амаль жывы —
перад панам Богам,
Прывід, агонь і смерць —
для заўзятых біцца.
Прагу чужой крыві
я чытаю ў людзях,
Так, як старыя людзі—
аблокі і зоры.
Звабны агонь дрыгвы—
як дынары ў грудзе,
А пад дрыгвой дрыжыць
смаляное мора.
Хто я? Забыты бог
ці вядзьмак забіты?
Вечна гару
і вечна ў смузе блукаю.
Трохі жыцця
магільныя вашы пліты,
З моху і раскі пліты,
мне пазычаюць.

* * *


Хай на мове чужой
нас чыталі бы болей,
Хай на мове чужой
мы лягчэй бы пісалі,
Толькі Бог цераз нас
недазволіць ніколі
Свой закон запісаць
на чужыя скрыжалі.

Оглавление

  • Людміла Рублеўская Адукацыя
  • Ад рэдакцыі
  • ПЛАЧ РУСАЛКІ
  • * * *
  • РЭВАЛЮЦЫЯ
  • * * *
  • У СВЕЦЕ ЦІКАВАГА
  • «Ноч. Вуліца. Ліхтар. Аптэка.»
  • ВАРРАВА
  • КАЗАКІ НА БЕЛАРУСІ
  • 7 ЛІСТАПАДА 1990 ГОДА.
  • ПЫТАННІ
  • * * *
  • АДУКАЦЫЯ
  • * * *
  • * * *
  • ЛЁЗНЫЯ ЛЮДЗІ
  • Слова Камілы Марцінкевіч
  • БЕЛАРУСЫ
  • ТРЫВОЖНЫ ЧАС
  • БАЛОТНЫ АГЕНЬЧЫК
  • * * *