КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Браслаўская стыгмата [Адам Глёбус] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Адам Глёбус БРАСЛАЎСКАЯ СТЫГМАТА

Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Браслаўская стыгмата — Мінск: Наша Ніва, 2001.


© Камунікат.org, 2012

Раён


У Ігара Батуры бацька забiў мацi. На той час мы з Батурам у адной клясе за суседнiмi партамi сядзелi. Наша клясная пасьля ўрокаў сказала, каб усе заўтра па рублю прынесьлi, бо ў Ігара мацi памерла. Як стараста, я тыя рублi зьбiраў i ў пахавальнае бюро па жалобны вянок хадзiў. Быў травень, надвор’е — цуд. Вянок я на пахаваньне занёс i ў школу тым днём, вядома ж, не вярнуўся.

Батура зьявiўся ў клясе толькi праз тыдзень. Ён не зьмянiўся анi на кроплю, як быў вясёлы, так i застаўся з усьмешкаю ад вуха да вуха.

А вось калi ў Рыткi Сухадолавай бацька ў аўтакатастрофе загiнуў, дык яна цэлы год чорныя банты завязвала й нi радыё ня слухала, нi тэлевiзара не глядзела, адно ў Польшчу да дзядзькi свайго лiсты пiсала. А той у адказ дасылаў паштоўкi з сусьветна вядомымi кiнаакторамi — Рытку радаваў. Яна iх у школу ў цэляфанавым мяшэчку прыносiла. Нашыя дзеўкi зайздросьцiлi. А чаму было зайздросьцiць, калi бацькi няма, айчым п’е, нi брата, нi сястры, толькi дзядзька за мяжой, у Польшчы?

Ігар Батура хадзiў, як i раней, у школу; а сьмерць ягонае мацi рознымi плёткамi пачала абрастаць. Суседзi казалi, што Іван, Ігараў бацька, прыйшоў п’яны й моцна бiў Шуру, так Ігараву мацi клiкалi. Ён так яе бiў, што тая крычала, i ўсе суседзi чулi, але баранiць не пайшлi. Цi ж то першы раз лямант у Батуравай кватэры стаяў?! Дый хто ж мог ведаць, што ўночы Шура дойдзе. Так тое было, цi ня так, Бог яго ведае, толькi сьледчаму нi суседзi, нi Іванавы дзецi, а iх трое было — акрамя Ігара, дзьве дзеўкi малыя — нi паўслова не сказалi пра начную бойку. От вам i суседзi, сьледчаму нi слова, а на раёне (мы ў пяцiпавярхоўках блёкавых каля радыятарнага заводу жылi) пагалоска, што ў Батураў бацька мацi забiў, усiх абышла.

Дачок сваiх Іван у iнтэрнат здаў, i яны толькi на вакацыях трэсьлi на дзiцячай пляцоўцы белымi кудламi, а Ігара ён пры сабе пакiнуў. Як яны там нi жылi, а Ігар да восьмай клясы ў школу дахадзiў, i ў восьмай яму на экзамэнах кволыя траякi папастаўлялi.

Я ж пасьля восьмай у вучылiшча пайшоў i толькi праз год, стрэўшы аднаклясьнiцу Ірку Альгертовiч, даведаўся, што Ігара пасадзiлi за бойку. Ірка распавяла, што пабiўся Батура зь нейкiм салдатам-адпускнiком на танцах, у ДК цагельнi. І каб толькi пабiўся, дык, пэўна ж, не пасадзiлi б, а ён, дурань, у адпускнiка iмпартовую куртку забраў. На судзе за тое, што бiўся й рабаваў, далi Батуру два гады калёнii. Можна сабе ўявiць, як Ігар тую замежную куртку праклiнаў.

Ірка Альгертовiч у суседнiм з Батурамi доме жыла i ўсё пра ўсiх ведала, таму цiкаўнасьць яе на журфак i занесла. А як паступiла Ірка ва ўнi- вэрсытэт, дык зрабiлася першай дзеўкаю на «цэнтры», а на родны наш раён забылася. Тады якраз мiнi-спаднiцы ў моду ўвайшлi. Толькi, як сустракаў я Ірку, мяне сьмех пачынаў душыць, бо ў школе ў яе мянушка была: сѕа — дзесяць кулакоў. Нашы хлопцы ёй мянушку такую далi, бо калi пакласьцi на лаву ў радок дзесяць кулакоў, якраз i атрымаецца шырыня Ірчыных клубоў. І можна здагадацца, як на тых клубах мiнi-спаднiца глядзелася. Ня буду падманваць, не было там дзесяцi кулакоў, але восем было як лёду, можаш мне руку адсекчы, калi ня так.

Кажуць, што самыя жорсткiя мянушкi даюць у войску, а я ўпэўнены, што — у школе.

Як пасадзiлi Батуру другi раз, пачуў я ад той самай Альгертовiч, калi мы выпадкова апынулiся ў кавярнi за суседнiмi столiкамi. Злавiлi яго на ўласным глупстве. На раёне новы сьледчы зьявiўся, малады кар’ерыст. І паабяцаў той сьледчы, што палову шпаны з раёну за краты ўладкуе. Паабяцаў i зрабiў. А з Батурам так былоѕ Прыйшоў сьледчы да яго дамоў i кажа: я ведаю, што ты з Хiльневiчам легкавушкi «распранаеш», але «прыцягваць» вас ня буду, калi прыёмнiк ад «Жыгуля» мне прынясеш. Ігар i прыпёр яму «цацку», а той яго арыштаваў, яшчэ й пасьмяяўся. Батураў гадзiньнiк на тры гады спы- нiўся, як i Хiльневiчаў, дарэчы.

Каго-каго, а Хiльневiча я нiколi не любiў. Калi ў Батуравай душы хоць калiва дабрынi жыло, дык у гэтага мудака толькi зайздрасьць. Росту Хiльневiч быў малога, клiкалi яго — Хiляк, i мелi рацыю. Толькi наш Хiляк адносна нас быў слабы, а меншых у школе бiў i грошы ў iх забiраў. Аднаго разу завуч малодшых клясаў прывяла ў клясу Хiльневiча й сказала, каб мы самi зь iм пагаварылi. Пабiлi мы яго, моцна пабiлi, толькi што ж ты зробiш, калi ў чалавека такая паганая кроў, ня будзеш жа ты мудака штодня лупцаваць, бо забiць заб’еш, а выправiць ня выправiш.

Івана Батуру я неяк у тралейбусе сустрэў. Ён спаў. Шапка на каленях ляжала. Я ня стаў будзiць яго.

Аднойчы мне затэлефанавала Сьветка Борт- нiк, таксама аднаклясьнiца, i запрасiла зайсьцi да яе й прынесьцi пятнаццаць рублёў. Якраз дзесяць гадоў прайшло, як нашая кляса школу скончыла. Праўда, мы праз год зьбiралiся пасьля заканчэньня, але народу было няшмат. Пася- дзелi мы тады ў альтанцы, выпiлi колькi пляшак «Зуброўкi» й разышлiся хто куды. Я з Панасюгам i Навумчыкам пайшоў. Навумчык паказаў нож i сказаў, што ён у краму зойдзе, у каго-небудзь грошы забярэ, i мы яшчэ вып’ем. З п’янога розуму прапанова здалася прыўкраснаю. Зайшоў ён у магазiн. Мы чакаць засталiся. І бачым, як касiрка выскачыла з-за апарата й дзьверы на засаўку зачынiла. У магазiне мiтусьня ўсчалася. Мы курым, чакаем, хвалюемсяѕ А што рабiць? Праз паўгадзiны выйшаў наш Навумчык з крамы й сьмяецца. Мы да ягоѕ Што? Як? Ну, а ёнѕ Нажа шкада, я яго ў пакет з цукеркамi засунуў, цяпер ня вернеш. Падыйшоў я да малога, паказаў нож i сказаў, каб ён мне кашалёк даў. А малы ў крык i сьлёзы. Пакуль ён па краме бег, я нож у пакеты з цукеркамi й схаваў. Мужыкi мяне абшукалi й адпусьцiлi. Расказваў так Навумчык, пакуль мы ў ДК на танцы iшлi. А Панасюга ўсю дарогу «ржаў». На танцы нас без чаргi пусьцiлi, у Панасюгi кантралёрка знаёмая была. Натанцавалiся мы тады пад «хоп, хэй, хоп» i «лэйдзi, лэйдзi, лэйдзi» да чорцiкаў у вачох. Панасюга пайшоў кантралёрку дадому праводзiць, а мы з Навумчыкам паплялiся зь нейкiмi дзявулямi на флэт, а далей — ня вашая справа.

Панасюгу я ўбачыў толькi празь пяць гадоў. Ён у мяне падручнiкi па беларускай мове прасiў, бо паступаць на фiлфак зьбiраўся. Толькi Панасюга нiкуды не паступiў. Забiлi нашага Панасюгуѕ Ён другiм з нашае клясы на той сьвет адышоў. Першым Жэнiк Шкода ў войску загiнуў, i прыслалi ягоным бацькам труну. Я на пахаваньнi ня быў — не патэлефанавалi мне. Потым хлопцы ўспамiналi, што на памiнках усе напiлiся, а больш за ўсiх Панасюга. На Панасюгавым пахаваньнi мяне зноў жа не было, бо зьехаў я зь Менску ў камандзiроўку.

Калi я да Сьветкi Бортнiк грошы на рэстаран прынёс, яна мне ўсё дэталёва, як гэта толькi незамужнiя жанчыны за шклянкай гарбаты могуць, i распавяла пра Панасюгаву сьмерць.

Знайшлi яго каля чыгункi пад мостам. Восем нажавых ранаў было на целе. І вiсеў наш пакутнiк на высокiм заводзкiм плоце, бо забойца зрабiў з дроту пятлю й павесiў мёртвае зьнявечанае цела на плот. А хто тое ўтварыў, так i не знайшлi.

У рэстаран прыйшло шмат народу. Дзеўкi нашыя цёткамi сталi — не пазнаць. А хлопцы яшчэ больш-менш трымаюцца, мо толькi Шустак, ён прапаршчык, памажнеў. Селi мы за стол, бачу — Батуры з Хiльневiчам няма. Што Хiляка няма, дык чорт зь iм. А Батуры чаму? Я да Бортнiк падыйшоў. А тая й кажа: «Што мы зэкаў розных будзем запрашаць? Хай яны ў турме сустракаюцца». Я змаўчаў, i што ты скажаш незамужняй жанчыне? Яна нас сабрала й рэстаран заказала, i за гэта «дзякуй». А што да зэкаў, iх у нашай клясе было шэсьць: Батура, Хiльневiч, Хвастоў, Межагурскi i Рудко, i яшчэ адзiн, прозьвiшча такоеѕ О, Дарагуш!

Адзiн Рудко чаго каштаваў?! Аднаго разу яго з тыдзень не было ў школе. Клясная ўзяла мяне, бо стараста ж, i Навумчыка, бо той боксам займаўся й аднаго разу дзесяцiклясьнiку адным ударам тры зубы выбiў. Вiнаватым прызналi дзесяцiклясьнiка: нашто ён сямiклясьнiка чапаўѕ Прыйшлi мы да Рудко дамоў. Ён нам дзьверы адчынiў i стаiць голы, толькi рукою пах прыкрывае. А ў спальнi на ложку дзеўка, таксама голая, сядзiць i на нас зырыць. Што нам? Мы маўчым. А клясная чырванець пачала. А потым цiха так загаварыла: «Адзенься, Рудко, i дзяўчына хай адзенецца, нам пагаварыць трэба». Яны адзелiсяѕ А назаўтра Рудко сядзеў на апошняй парце i ўважлiва разглядаў сябе ў люстраным лязе сваёй шыкоўнай фiнкi.

Карацей, я Сьветцы Бортнiк нiчога не сказаў, але стала мне крыўдна, бо i Рудко, i Батура iншымi людзьмi сталi. Рудко вунь на галоўпаштамце грузчыкам працуе, а пра Ігара крыху пазьней скажу.

Ну то добра, не запрасiлi хлопцаў, дык не запрасiлi. Сам бы мог успомнiць i запрасiцьѕ

У рэстаране было шумна й весела. Усе пра ўсiх распытвалi. Хто кiм стаў? Дзецi? Муж? Жонка? Зарплата? Кватэра? Стоячы моўчкi выпiлi мы за Жэнiка Шкоду, а потым за Панасюгу. Якраз пасьпелi, бо зайграў ансамбль, i выйшлi на сцэну дзеўкi-танцоркi ў блiскучых купальнiках. Мяне штурханула ў бок Людка Рудневiч i сказала, што трэба Аньку Навакоўскую супакоiць, бо яна ўжо напiлася. А напiлася Анька з гора: муж кiнуў яе.

Навакоўская выглядала старэйшай за ўсiх нас гадоў на дзесяць, дзеля сiвых валасоў i нейкай нядобрай рыхлай паўнаты. Яна стаяла каля суседняга стала й сварылася зь «вясельлем», якое толькi прыйшло й было агрэсiўна-цьвярозае. Аньцы захацелася цукерку, i яна ўзяла яе з чужога стала. Яе абразiлi, яна адказала гучна й так, як могуць дзеўкi на раёне. І ў досыць iнтэ- лiгентнага з выгляду «вясельля» дух заняло. Калi я падыйшоў, каб супакоiць Аньку, тая выграбала з вазы цукеркi й запiхвала ў кiшэнiѕ Я з Навакоўскай станцаваў тры танцы ўзапар, i яна раптоўна працьверазела. «Чалавек ты, Ванька, чалавек», — сказала яна й пацалавала мяне. Я засьмяяўся.

У рэстараннай залi згасла добрая палова сьвяцiльнiкаў. Бортнiк разьлiчылася за дадатковыя бутэлькi мiнэральнай вады. Шустак даў мне свой, чамусьцi вельмi цяжкi, дыплямат: сказаў, каб я пачакаў на вулiцы, а ён, маўляў, сходзiць у буфэт па цыгарэты. Разьвiтвалiся ўсе без шкадаваньня, пэўна, праз тое непрыемнае пачуцьцё, што ўзьнiкае, калi ўбачыш, як пастарэў, як зьмянiлiся да непазнавальнасьцi вясёлыя дзесяцiклясьнiкi, як ператварылiся ў мамачак i татачак. Апошнi з рэстарану выскачыў Шустак. «А цяпер з бабамi на хату, у Навакоўскай мужыка няма», — сказаў ён мне на вуха. Мы ўбiлiся ў прыватны «Жыгуль» i неўзабаве ўжо гарланiлi песьнi ў сваiм раёне. Чамусьцi даехалi толькi да школы. Альгертовiч i Шустак iшлi й цалавалiся, а мяне вялi пад рукi Анька й Людка Рудневiч, астатнiя ў «Жыгуль» ня ўлезьлi. Каля Аньчынага пад’езду на лаўцы сядзеў мужчына. Калi ён убачыў нас, дык устаў i захiстаўся насустрач.

— Ань, э-э-эѕ — сказаў п’яны.

Анька прайшла мiма свайго знаёмага. Потым мы сядзелi ў Аньчынай гасьцёўнi на канапе й крэслах, толькi п’яны сядзеў на кухнi. Шустак паказаў нам фокус-покус: адчынiў той дыплямат, што я выносiў з рэстарану, а там былi дзьве вялiкiя талеркi, поўныя смажанага мяса, i дзьве пляшкi гарэлкi. Усе ўзрадавалiся. Ірка нават пацалавала прапаршчыка, а я раззлаваўся й абазваў Шустака «скатом». А яму хоць бы хны. Калi мы дапiвалi першую пляшку, у гасьцёўню прыйшоў працьверазелы Аньчын знаёмы й паставiў на стол бутэльку пуншу. Ірка з Шустакам пайшлi ў спальню, i нiхто б ня ведаў, што яны там рабiлi, каб яны ня выйшлi голымi да нас i не сказалi, што ў iх будзе сын. Аньчын знаёмы хроп, седзячы ў крэсьле. Анька была сумная, i толькi Людка Рудневiч сказала «маладажонам», што яны здурнелi. Ірка захiхiкала й затулiла твар далонямi. А я глядзеў на яе круглы жывот, на вялiкiя грудзi й думаў, што яна яшчэ гадоў дзесяць зможа прываблiваць вайскоўцаў сваiм белым целам, а потым — гамон. Шустак налiў сабе чарку й выпiўѕ Зазванiлi ў дзьверы. Ірка, а за ёю Шустак зьнiклi ў спальнi.

Анька адчынiла, прыйшлi Навумчык i Налецкая, якую я ў рэстаране не пазнаў, пакуль мне не сказалi, што гэта ж Налецкая. А калi й сказалi, дык я ня тое, што пазнаў, а проста пагадзiўся. У Навумчыка з Налецкай быў школьны раман, але яна яму адмовiла й выйшла за нейкага там iнжынэра, нарадзiла дачку i распаўнела да непазнавальнасьцi. А Навумчык пайшоў працаваць электрыкам у гатэль «Інтурыст» i цяпер мае выгляд афiцэра ў цывiльным. Ім не было куды iсьцi, i яны прыйшлi да Анькi. Гарэлку дапi- ваць мы ня сталi. Рудневiч была самая цьвярозая й давезла мяне дадому на таксi, а сама паехала далей, а я быў ня супраць.

Наранiцу я вырашыў падысьцi да Батуры, але падумаў, што пiць два днi запар я не магу: адклаў свой паход.

Батураў дом стаiць каля дзiцячага саду, а за iм дом Сашкi Мацяша. Сашка зьнiк, i нiхто з аднаклясьнiкаў ня ведаў, куды, ён i ў школе быў такi — цi ёсьць ён у клясе, цi няма, нiхто не заўважыць. Адзiнай яркай рысаю ў Мацяшавай бiяграфii быў тытунь. Сашка курыў з другое клясы, зьбiраў «бычкi» каля гастраномаў i курыў, i яшчэ вучыў курыць усiх нашых хлопцаў. Пазьней, калi ўсе навучылiся, Мацяш зрабiўся зусiм незаўважальны.

А вось Валiка Латушку, караля менскай фарцы, заўважалi ўсе. Вучыўся Валiк добра, але не выдатна, яму не хапала часу, каб вучыцца, — справы, справы, справыѕ У iнстытут ён паступiў лёгка й адразу заняў месца каля iнтурыстаўскага гатэлю «Юбiлейны». У шэрым плашчыку праходжваўся каля гатэльных ганкаў i чакаў турыстаў, якiя маглi нешта прадаць. Турысты прадавалi, Валiк купляў, i шырокая клiентура апраналася ў замежныя шмоткi. Але калегам-фарцоўшчыкам здалося, што Латушка мае больш, чым яму належыць, i Валiкаў бацька быў змушаны прадаць машыну й заплацiць за сынаў спакой. Валiка «здалi» ў салдаты, мацi з бацькам пайшлi ў ваенкамат i ўгаварылi палкоўнiка не даваць iх сыну адтэрмiноўкi. Латушка адслужыў год i атрымаў адпачынак. Ён знайшоў мяне, i мы хвацка прагулi два тыднi. Нават да Астахава — яшчэ адзiн аднаклясьнiк — заходзiлi выпiць i на сына ягонага паглядзець. Астахаў радаваўся, а ягоная жонка, Людка Буркевiч, не саромелася: кармiла цыцкаю немаўля. Людка вучылася ў паралельнай клясе. Мне было дзiўнавата бачыць замест школьнiцы зь белымi бантамi поўную цётку зь белымi цыцкамi й немаўляткам на руках. А Буркевiч-Астахава сьмяялася з насѕ Валiк даслужыў i вярнуўся, але ў iнстытут не пайшоў, праўда, i да «Юбiлейкi» таксама не хадзiў. Ён паступiў у iншы iнстытут, наргас, i ўладкаваўся нейкiм «вольным клеркам». Я доўга Валiка ня бачыў, пакуль аднаго разу ён не зьявiўся ў маёй кватэры з саракагадовай амэрыканкай — Інэс. «Няма куды iсьцi», — растлумачыў Валiк. Я падарыў Інэс плыту рок-гурта «Дорз», але, думаю, дарэмна, бо яна ў року ня кемiла анi на цэнт. Празь месяц я зноў сустрэў Латушку, i ён зацягнуў мяне ў рэстаран на свой дзень нараджэньня. «Набраўся» Валiк iмгненна й пачаў тлумачыць, што ў Амэрыку ён не паехаў з-за клёна. Вёску Бараноўшчыну, дзе нарадзiўся й вырас Валiк, зьеў мiкрараён. Ад усёй вёскi застаўся толькi клён, што рос каля Латушкавага хлява. «Бяз гэтага клёна я не чалавек, — гаварыў Валiк. — Можаш ня верыць, а я вось аднаго разу прачнуўся ўночы й зразумеў, што бяз клёна я не чалавек». Так нiчым i скончылася эпапэя з Амэрыкай у Валiка Латушкi, былога караля менскай фарцы. У рэстаране з аднаклясьнiкамi ён паводзiў сябе сьцiпла й пайшоў першы зь дзяўчынай, якая сумавала за суседнiм вясельным сталом, за тым сталом, што «абрабавала» Анька Навакоўская.

«Школа — гэта морак, якi лепш забыць i не ўспамiнаць, што забыў», — сказаў на разьвiтаньне ў рэстаране Валiк Латушка. Прыкладна тое самае й Ігар Батура сказаў, калi я праз колькi тыдняў пасьля рэстараннай сустрэчы завiтаў да яго. Мы сядзелi на кухнi. На адкiдной палiчцы белага буфэту стаяла пляшка гарэлкi, чаркi ды талеркi з гуркамi i салам. Ігар гаварыў:

— Крыўдна мне, што ў рэстаран не запрасiлi. Я не дзеля выпiўкi, выпiць i дома можна. Чым я горшы? Ну, «сядзеў». І што, пасьля гэтага я не чалавек? І ў ваенкамаце тое самае. Ты сваё адслужыў, сказалi. А я на вайну хацеў, каб там загiнуць, цi што? Мо лепш героем у цынкавай труне, чым так, чалавекам другасортным жыць. Я ў Сiбiр зьехаць думаю. Во, на нафтавiка вучыцца пайшоў. Ты пi. На мяне не лядзi. Я сваё сёньня ўзяў. Два тыднi ў Сiбiры, два дома. Грошай падзараблю. Машыну куплю, жонцы футра справiм, мэбля трэба. Бацька мой зусiм даходзiць, здароўя няма, а ён п’е. І каб патроху, а то запоямi, два тыднi «не прасыхае», а потым месяц нi кроплi. Суседзi кажуць, каб я прагнаў яго з хаты. Ты ж помнiш, як з мацi маёй былоѕ А куды я яго праганю? І што я за чалавек, калi роднага бацьку з хаты выпхну? Бацька адзiн — якi ёсьць, такi й добра. Ён, калi ня п’е, залаты мужык, унука любiць. Ты пiѕ

Мы прасядзелi да самай ранiцы.

Менск. Студзень—чэрвень 1988 году

Акадэмічны адпачынак студэнта Дз.


Студэнт Дз. слухаў свой любiмы стары магнiтафон. Музыка скончылася, з хрыплаватага ўзмацняльнiка пасьля сухога трэску ды пашчоўкваньня загучалi п’яныя галасы й пазвоньваньне посуду. Надакучлiвая жанчына заклiкала пасьпяваць за сталом. Гарэзьлiвы рогат iншай, пэўна, маладзейшай заглушаў мужчынскае мармытаньне. Дз. спынiў стужку, захлопнуў трэснутае, з адбiтым кутом, века, вярнуўся ў зручнае, каб чытаць раманы, крэсла й разгарнуў патрапаную тонкую кнiжачку, але не прачытаў нiводнага верша, бо выразна пачуў за сьпiнаю высокi жаночы голас, якi нахабна запрашаў сьпяваць народныя песьнi. Студэнт прыслухаўся: жанчына раптоўна, на паўслове, змоўкла, замест яе зашапталi на незразумелай мове два непрыемныя, хрыплыя мужчынскiя галасы. Нашэптваньнi наблiжалiся, быццам мужчыны iшлi зь цёмнага кута да асьветленага настольнай лямпаю крэсла. І калi Дз. пачаў разьбiраць асобныя словы ў размове нябачных наведнiкаў, яны аддалiлiся й сьцiхлi ў цемры. Цiшу працяў жаночы енк.

* * *

Студэнт Дз. прад’явiў заплаўленае ў гнуткую плястмасу пасьведчаньне з фотакарткаю, на якой кароткастрыжаны малады чалавек у белай кашулi й пад гальштукам глядзеў на сьвет спадылба. Адмiнiстратарка зрабiла рэклямную ўсьмешку й паведамiла нумар кабiнэту, дзе прымае псыхiятар. Над кабiнэтам гарэла кiсельнай чырваньню лямпа, забраная ў рабрысты каўпак. Дз. прысеў на мэталёвае халоднае крэсла й пачаў сачыць за iмпульсiўнымi рухамi рыбак у вялiзным акварыюме. Атрутна-смарагдавыя падсьветленыя водарасьцi вяла пакалыхвалiся над сьлiзкiмi марскiмi каменьчыкамi, што засьцiлалi шкляное дно. Лупавокiя сомiкi елi сухiх чарвякоў, нацярушаных у брудна-белы непатанальны абручык.

Студэнт не заўважыў, хто й калi пакiнуў ка- бiнэт, бо быў заняты разгляданьнем паўпразрыстых хвастоў, якiя зачароўвалi сваёю плястычнай мяккасьцю.

За аднатумбавым пiсьмовым сталом сядзеў сыты саракагадовы мужчына ў белым халаце й гартаў тоўстымi кароткiмi пальцамi з абгрызенымi пазногцямi гiсторыi хваробаў. На сьветлай зачапанай вокладцы вясёлкава пералiваўся вялiкi чарнiльны нумар.

— Сядайце, — псыхiятар паправiў круглыя акуляры на азызлым твары.

Дз. сеў на блякла-пурпуровае праседжанае крэсла.

— Ваша прозьвiшча Дз.?

Студэнт згодна кiўнуў i агледзеў цесны кабi- нэт. Абкладзеныя парудзелай кафляю сьцены, чарупiна з iржавай плямiнаю пад кранам, драцяная сьметнiца, мэдычная шафа з зафарбаваным зь сярэдзiны шклом, нязручны стол, крэслы з папрацiранай абiўкай, вузкае, занавешанае нясьвежай фiранкаю вакно, альяс у глiняным гаршочку, столiк на колцах, графiн i шклянка. Кабiнэт патыхаў на Дз. безнадзейнай хранiчнай маркотаю.

— Што прывяло Вас у мае няўтульныя апартамэнты?

«Каб ты здох», — мiльганула ў Дз.

— Разумею, што цяжка распавесьцi незнаёмаму чалавеку iнтымныя падрабязнасьцi свайго жыцьця. Таму, каб Вам было крыху лягчэй, я задам колькi пытаньняў. У Вас не было страсеньня мазгоў? — псыхiятар iмкнуўся гаварыць з iнтанацыяй каталiцкага сьвятара.

— Ня памятаю.

— Паспрабуйце ўспомнiць, гэта вельмi важна. Можа, няўдала ўпалi цi нехта ўдарыў чымсьцi цяжкiм па галаве?

— Аднойчы я ўпаў з ровара на асфальт i разьбiў твар.

— Калi?

— У тое лета памёр айчым. Пахаваньнi ўражваюць i запамiнаюцца, — студэнт назваў год.

ПСЫХIЯТАР НЯЗГРАБНЫМI КАРАКУЛЯМI НЕШТА ПАЗНАЧАЎ НА ШМАТКУ ШЭРАЙ ПАПЕРЫ.

— Сярод вашых сваякоў нiхто не пакутаваў на псыхiчныя захворваньнi?

— Усе, каго я ведаў i ведаю, на мой погляд, нармальныя.

— Мой абавязак — задаваць не зусiм прыемныя пытаньнi. Хвароба i ўсё, што зь ёю зьнiтавана, — зьява непрыгожая. Вы сьцьвярджаеце, што нiхто са сваякоў не зьвяртаўся па дапамогу да лекара майго профiлю?

Дз. пачалi раздражняць сьвятарскiя iнтанацыi.

— Я ня ведаю.

— Якi ў вас сон? Цi лёгка засынаеце? Як прачынаецеся?

«Як спаў? Цi суха ўстаў?» — згадаўся студэнту дзiцячы вершык, якi любiў паўтараць айчым.

— Сны ў мяне кароткiя й эратычныя. Накшталтѕ Мажная кабета ў сятчастых панчохах на вузкiм поясе i ў футры, накiнутым на голае цела, запрашае зайсьцi ў пад’езд. За ёю я падымаюся па гулкiх сходах у асьветленым слабымi лямпачкамi брудным будынку й не магу адвесьцi позiрк ад поўных сьцёгнаў, ад iх руху. А прачынаюся лёгка, але зазвычай з кепскiм настроем.

— Дык што ж Вас прымусiла прыйсьцi да мяне?

— Гукi. Апошнiмi тыднямi ўвечары я чую мужчынскiя й жаночыя галасы. Учора мяне напалохаў жаночы крык. Яна енчыла й клiкала на дапамогу.

— Што Вы зрабiлi?

— Уключыў магнiтафон.

— Каб заглушыць крык аб дапамозе?

— Калi гучыць музыка, я ня чую нiякiх галасоў. Як толькi спынiлася стужка, галасы загучалi зноў. Жахлiвы енк! І яшчэ мяне турбуе адна акалiчнасьць. Усе, каго я чую, гавораць, крычаць, сьпяваюць, перашэптваюцца на незразумелай мове.

— Што Вы зрабiлi, калi другi раз пачулi жаночы крык?

— Запалiў сьвятло.

— Вы слухалi магнiтафон у цемры?

— Гарэла толькi настольная лямпа.

— Вы сказалi, што галасы перамаўлялiся на незнаёмай мове?

— Можна зразумець толькi асобныя словы й па iнтанацыi здагадвацца пра сэнс. Мне падалося, але ўпэўненасьцi няма, што жанчына спачатку запрашала ўсiх разам сьпяваць, а пазьней клiкала на дапамогу й крычала.

Доктар памасiраваў тлустае падбародзьдзе, расьцягнуў вусны й загаварыў:

— Магу Вас узрадаваць. Вы — здаровы чалавек. А галасы? Хто з нас не пакутаваў празь якi-небудзь надакучлiвы шлягер? Бывае, цэлы дзень насьвiстваеш дрэнь, а спынiцца ня можаш. З Вамi такое здараецца?

— Зрэдку.

— Увечары, перад сном, нетаропка абыдзiце свой квартал разы тры, i так штодня. А калi мы сустрэнемся праз тыдзень, дык ня будзем гаварыць пра галасы, я гарантую.

* * *

Настрой у студэнта Дз. сапсаваўся. На заняткi ён не пайшоў. Праваляўся ў ложку з кнiжкаю цэлы дзень, а ўвечары завiтаў у кавярню, дзе паклаў на стол побач з кубкам кавы нататнiк i пачаў перачытваць свой апошнi верш:

ТРАЕЦКАЕ

У 1972 годзе я з аднаклясьнiкамi гуляў на вулiцы Нямiга й шпурляў камянi ў вокны пустых дамоў. У 1982 годзе я працаваў на рэстаўрацыi Траецкага прадмесьця.

У Траецкiм прадмесьцi зьбiраюцца вольныя людзi.
Мастакi абгаворваюць вартасьцi новых заказаў.
Музыканты нудзяцца, пакуль вецер каву астудзiць.
Аўтагоншчыкi, нiбы вайскоўцы, трымаюцца разам.
Букiнiсты аспрэчваюць кошт факсымiльных выданьняў.
Прастытуткi жадаюць злучэньня мастацтва з навукай.
Хiпары апяваюць спакой, талакоўцы — змаганьне.
Лiтаратары апавядаюць пра стан самадруку.
Мухi гойдаюцца над агульнахарчоўскай талеркай,
На якой засыхаюць пляскатыя булкi з карыцай.
Прыбiральшчыцы ўпотай гандлююць вiном i гарэлкай,
Пры жаданьнi, калi не выдурвацца, можна й напiцца.
Афармiцелi п’юць больш за ўсiх i чамусьцi з папамi.
Менш за ўсiх п’юць географы сьцiплыя ды iнжынэры.
Рэкецiсты любуюцца сьцiснутымi кулакамi.
У Траецкiм прадмесьцi гасьцiнна парыпваюць дзьверы.
— Сумуеш? — дзяўчына, даўняя знаёмая Дз. прысела побач. Сукенка колеру хакi пасавала да яе смуглявасьцi, ярка падкрэсьленай ультрамарынавым манiкюрам i дэкаратыўна-сiнiмi вуснамi. Жывыя нэфрытавыя вочы паглядалi спакойна, нават зычлiва.

— Весялюся, — абыякава сказаў Дз.

— Колькi цябе ведала, а нават не здагадвалася, што ты вершы пiшашѕ

— Не пiшу, а перапiсваю з добрых кнiжак, — Дз. загарнуў нататнiк i схаваў яго ў кiшэнь паўвайсковай курткi.

— Я таксама ў школе перапiсвала ў агульны сшытак модныя песьнi й наклейвала павыразаныя з часопiсаў фотаздымкi сьпевакоў.

Дз. зь непрыемнасьцю адзначыў сабе, што ў сяброўкi на зубе трэснула эмаль.

— Слухай, можа, ты дапаможаш? Вучыцца больш не магу, абрыдла. Ад згадкi пра iнстытут ледзь не ванiтуе. Трэба неяк аформiць акадэмiчны адпачынак. У псыхiятра я быў, але ён i слухаць ня хоча пра мае слухавыя галюцынацыi на эратычнай глебе. Напэўна, я сам вiнаваты, трэ было нагаварыць чаго-небудзь больш жорсткага. Як уламаць гэтага лекара?

Студэнт пачаў пераказваць размову ў лякарнi й вельмi ўдала зымiтаваў сьвятарскую iнтанацыю, калi паўтарыў: «Што Вас прывяло ў гэтыя ня вельмi ўтульныя апартамэнты?»

— Патрэбна карцiна, каб апартамэнты зрабiць больш утульнымi, — сказала знаёмая Дз.

— Апошнi раз я маляваў якраз тады, калi ты выразала нажнiцамi акторскiя выскаленьнi.

— Ну-ну, жартаўнiк, — дзяўчына зрабiла выгляд, што пакрыўдзiлася. — Я сур’ёзна, i ў мяне ёсьць знаёмы мастак, ён можа й карцiну падараваць. Дарэчы, i майстэрня ў яго непадалёк адсюль.

— Пайшлi, — студэнт устаў.

— Зараз?

— А нашто адкладаць?

Яны зайшлi празь нiзкую доўгую выгбу, што сьмярдзела катамi й мачою, у цёмны ад вялiкiх дрэваў, засыпаны лiстотаю двор. Па сьлiзкашарых шчарбатых прыступках узьнялiся на другi паверх.

Мастак адразу не спадабаўся студэнту. Доўгiя сiваватыя валасы зьвiсалi абапал прыпухлага твару нячэсанымi касмылямi. Вадзянiстыя, з жаўтаватымi бялкамi вочы, акрамя наiўнасьцi, выяўлялi абыякавасьць гаспадара да сьвету. У кутку правага вока назьбiралася кропля гною. Палiнялая расьцягнутая майка непрыгожа вiсела на вострых сутулых плячах. Усе рухi мастака былi замаруджаныя, нiбыта ён знаходзiўся ў вадзе, i вадзе мутнай, застаялай.

— Я спаў, — на гасьцей патыхнула вiнным перагарам.

— Хлопцу трэба дапамагчы, — адразу перайшла да справы дзяўчына.

У вузкiм калiдоры па сьценах вiселi карцiны. Студэнт зь цiкаўнасьцю пачаў разглядаць вуглаватых пачвар-сьвятых з прамянiстымi талерачкамi нiмбаў над галовамi. Пачвары былi намаляваныя на тоўстых кухонных дошках, што вiселi на доўгiх цьвiках над пiянiна. Грувасткi iнструмэнт з адкiнутым векам выставiў, нiбыта зубы, парудзелыя клявiшы.

— Вы граеце на фартэпiяна? — недарэчна вырвалася ў Дз.

— А Вы? — мастак пальцам выцер гной з вока.

— Толькi слухаю. Асаблiва люблю жаночы вакал.

— Гэта я зразумеў, як толькi Вы зайшлi.

Столь у майстэрнi была скошаная. Студэнту зрабiлася нiякавата ў вялiкiм пакоi. На падлозе валялiся перапэцканыя алейнай фарбай кавалкi пакамечаных газэт. Дзяўчына падышла да сьцяны, спрэс пазавешанай палотнамi ды аркушамi, стала каля вялiкага малюнку, на якiм аголеная маладзiца зь цяжкiмi грудзямi й шырокiмi сьцёгнамi трымала на далонi, нiбыта прапаноўвала табе ўзяць, абгрызак яблыка.

— Падобная да мяне?

— ВЕЛЬМI, РЫХТЫК ТЫ, — АДКАЗАЎ ДЗ. I ПАДУМАЎ, ШТО ГЭТЫ МАЛЮНАК НЯ ЗРОБIЦЬ БОЛЬШ УТУЛЬНЫМ КАБIНЭТ ПСЫХIЯТРА. ЗНАЁМАЯ ДЗ. ПАДАРАВАЛА ПРЫСУТНЫМ РАСПУСНУЮ ЎСЬМЕШКУ.

— Дык чым я магу дапамагчы? — мастак паставiў закурэлы чайнiк на электрапанiву.

— Карцiна патрэбна, пажадана краявiд — вада, лес, неба, полеѕ Такi краявiд, каб можна было ў вар’ятнi павесiць i лекарам з пацыентамi не заплахела.

— Жартуеш?

— Яму, — дзяўчына тыцнула цёмна-сiнiм пазногцем у Дз., — патрэбна даведка ад псыхiятра, каб узяць у iнстытуце акадэмiчны адпачынак. Даведкi не даюць. Трэба карцiна, каб памяняць, набыць, ня ведаю, як будзе дакладней, заплацiць за даведку. Зразумеў?

— Зразумеў. П-пiць алькаголь — шкодна! — мастак запарыў гарбату ў паўлiтровым слоiку, — зараз пашукаем крайа-вiд.

Ён адсунуў цяжкую палатняную штору, што хавала стэляжы з прагнутымi палiцамi, на якiх стаялi запыленыя палотны, ляжалi стосы пакарабачаных папак ды папяровыя пажоўклыя рулёны. Мастак выняў квадратны падрамнiк, абабiты чорнымi рэйкамi, паставiў карцiну на мальбэрт i далоняю сьцёр пыл з выявы. На вечаровым небе сьвяцiлiся карункi аблокаў, пад якiмi крочыла цёмная мужчынская постаць з касою на плячы. Мужчына iшоў па вузкай паласе зямлi, над возерам, зарослым вострымi лёзамi аеру. У вадзе без скажэньняў адбiваўся касец разам зь небам, аблокамi, зямлёю i аерам. Мужчына на карцiне быў зусiм маленькi, i таму яе можна было назваць лiрычным краявiдам.

— Якраз для лякарнi. У хворых будуць пытацца — дзе тут верх, дзе тут нiз? Дорыш? — дзяўчына наблiзiлася да гаспадара, якi ўжо разьлiваў па кубках бурштынавую гарбату.

— Прадаю, — мастак па-бабску адкiнуў з маршчынiстага лба брудныя валасы. — Жартую. Забiрайце, калi трэба.

Сяброўка Дз. выгнулася й пацалавала мастака ў няголеную шчаку. Студэнта перасмыкнула ад гэткай удзячнасьцi.

* * *

Дз. ня стаў чакаць, пакуль мiне тыдзень, а на другi дзень загарнуў карцiну ў паперу й пайшоў у лякарню. Пакунак ён пакiнуў у холе, каля акварыюма з лабатымi сомiкамi.

— Мы дамаўлялiся сустрэцца праз тыдзень, — псыхiятар паправiў тугi вузел гальштука. — Цi я памыляюся?

— Так, Вы памыляецеся, таму што лiчыце мяне здаровым чалавекам.

— Тады я спытаю iнакш. Што Вам трэба?

— Даведка, што я ператамiўся й маю права ўзяць акадэмiчны адпачынак.

Доктар устаў з-за стала, узяў графiн i пачаў палiваць нягеглы альяс. Калi графiн вярнуўся на столiк на колцах, Дз. заўважыў, што вады ў iм не паменела, i вырашыў наступаць:

— Як гэта можна палiць расьлiну, каб вады ў графiне меней ня стала?

— Малады чалавек, — сытае падбародзьдзе дрыжэла. — Калi ёсьць жаданьне прайсьцi курс лячэньня ў псыхiятрычнай больнiцы, я магу зрабiць пратэкцыю.

Студэнт зразумеў, што перацiснуў гэтага самаўлюбёнага парсюка ў халаце, але адступаць было позна.

— Мне патрэбна толькi даведка. Я мог бы прачытаць падручнiк па псыхапаталёгii й адпаведныя артыкулы ў мэдычнай энцыкляпэдыi, а потым разыграць спэктакль з паяданьнем акварыюмных сомiкаў. Але нi мне, нi Вам гэта не патрэбна. Я прынёс краявiд, якi ўпрыгожыць вашыя няўтульныя апартамэнты, калi я выйду адсюль з даведкаю.

* * *

Загадчык катэдры пазiраў на Дз. праз пукатыя лiнзы масiўных акуляраў. Студэнт стаў перад сталом i слухаў, як сьвiсьцяць старыя, абпаленыя тытунёвым дымам лёгкiя.

— Калi гэта скончыцца? Ізноў даведка. Я ў Вас пытаю?

Дз. стрымлiваў злосьць, каб гэтаму хвораму чалавеку, якi любiў ставiць леваю рукой непатрэбныя аўтографы ў дзявочых залiкоўках, не сказаць, што ён iмпэрскi халуй, а ўся яго нафталiнная псэўданавуковая творчасьць вартая толькi таго, каб вiсець на цьвiку ў прыбiральнi.

— Я Вас не разумею, — спакойна адказаў студэнт.

Празь нямытую, зарослую пылам шыбу ў пакой цадзiлася халоднае, але яркае сьвятло, у якiм хаатычна танчылi драбнюткiя парушынкi. На салатнай, у бронзавыя кветкi, сьценцы, над грувасткiм, абцягнутым скураю сталом загадчыка катэдры скасабочана вiсеў краявiд у кандовай раме — грыбаабрысныя дубы здранцьвелi пад сiнюшным небам. Цяжкое паветра ў кабiнэце, настоенае на недапалках, што перапаўнялi мармуровую попельнiцу, нясьцерпна патыхала спарахнелымi паперамi. Крываногiя крэслы выстраiлiся ля сьценаў вакол папрацiранага абцасамi выкладчыкаў i студэнтаў, некалi шыкоўнага дывана, сьведкi былога ваенiзаванага парадку. Дыван, як i амаль сьляпы ўладар кабiнэту, меў такi безнадзейна трухлявы выгляд, што Дз. падалося: тоўстая срабрыстая моль выпаўзла з-за лацкана пiнжака загадчыка катэдры i паўзе па плячы. Студэнт заплюшчыў вочы, i зь цемры на яго паляцеў сухi траскучы голас:

— Студэнты вучацца, а Вы — Дз. — носiце мне даведкi. Я пацiкаўлюся, як гэта Вам удаецца даставаць дакумэнты. Дый наагул, што Вы тут зь сябе корчыце арыстакрата, гэткага рафiнаванага iнтэлiгента? Брыдка глядзець. А Вашыя вершаваныя экзэрсысы? Я кансультаваўся ў спэцыялiстаў, яны не высокай думкi пра Вашыя дэкадэнскiя вiршыѕ

— Я захварэў. У мяне ёсьць дакумэнт, якi дае мне права на адпачынак, — баранiўся студэнт.

— Каб не было даведкi, я зь вялiкiм задавальненьнем выключыў бы Вас з iнстытуту. Ідзiце, сустрэнемся праз год, — старэчыя, папсаваныя непатрэбнай бясконцаю пiсанiнаю вочкi зiрнулi на Дз. паверх акуляраў i схавалiся за тоўстае шкло.

— Я Вас не разумею, — Дз. выйшаў з пыльнага кабiнэту, шчыльна прычынiў дзьверы, аба- бiтыя чорным дзерманцiнам, i дадаў: i не хачу разумець. Моль!

* * *

Студэнт Дз. у прыўзьнятым настроi завiтаў у кавярню, дзе пачаставаў сваю даўнюю знаёмую каньяком i чакалядам. А калi вярнуўся ў свой пакой, дык доўга слухаў магнiтафон, запiс з галасамi за сталом нават пракруцiў некалькi разоў.

Ён прыняў душ, пагалiўся, працёр твар i рукi адэкалёнам, склаў выходны касьцюм i адчынiў вакно. Студэнт Дз. упаў зь пятага паверху на толькi што вымытае палiвальнымi машынамi скрыжаваньне.

Юрмала. Верасень 1988 году

Чырвоны сабака


Валера Салавей зьеў павука.

Мы сядзелi на траве, пад соснамi, у парку Чалюскiнцаў. Мы пiлi вiно пасьля абароны дыплёмных работ. Нас было чалавек шэсьць выпускнiкоў, i мы сьвяткавалi заканчэньне вучэльнi, а ён прыбiўся выпiць «на халяву». Ён жыць ня мог, каб ня выпiць за чужыя грошы, але на Валеру не крыўдавалi, бо ён быў мастаком.

Разьлiлi вэрмут па шклянках, пачалi гаварыць непатрэбны тостѕ І раптам Салавей крыкнуў:

— У, сабака, я цябе зьем!

Мы паглядзелi на Валеру. Той разгроб траву, выцягнуў зь яе шэрага з доўгiмi ножкамi павука, паказаў нам, кiнуў у рот, праглынуў, запiў вэрмутам i сказаў:

— Люблю жамярын.

Мяне тузанула.

На першым курсе нам загадалi намаляваць восень. Салавей намаляваў — усе падурэлi. Панапрыносiлi карцiнак пра паркi, сквэры, грыбнiкоў, а ён прывалок «Чырвонага сабаку». Той, ашчэрыўшыся, стаяў навязаны каля будкi, на жоўты плот падаў сiнi цень. Чырвоны, як сьвежая кроў, сабака, чорна-чорная будка, новы, аж пахне смалою, плот i сьцюдзёны, што восеньская рэчка, цень — усе ачмурэлi.

А выкладчык спытаў:

— ВАЛЕРА, ТЫ ЧАМУ НА ЗАНЯТКI ПА СЫБОТАХ НЯ ХОДЗIШ?

— А хiба трэба па сыботах прыходзiць?

— Вядома, трэба.

— Я не магу, — сказаў Салавей.

— Чаму?

— У нас на раёне па сыботах п’юць.

У яго заўсёды ў кiшэнi было два рублi на таксоўку; колькi б ён нi выпiў, а гэтыя грошы нiкому нiколi не даваў — такi характар.

Сярод навучэнцаў Валера быў вiдным хлопцам, дзеўкi гужам хадзiлi за Салаўём.

Хлопцы казалi, што ў яго ёсьць сувязь зь мянтамi, але мяне тое ня тычылася. Можа, i былi нейкiя сувязi. Хто яго ведае? А што ў любы рэстаран Валера мог зайсьцi са службовага ўваходу, вось гэта ўжо дакладна, сам зь iм хадзiў, i не адзiн раз.

Быў яшчэ iнцыдэнт з Валеравай карцiнаю — «Я — прастытутка».

У вучэльнi павесiлi аб’яву, што адбудзецца выстава-конкурс «Мой сучасьнiк», што будуць тры прэмii — па 10, 20 i 30 рублёў.

Панапрыносiлi хто што меў. Тады й 10 рублёў грошы былi: тры пляшкi гарэлкi можна было ўзяць. Валера выставiў самае вялiзнае палатно. На чорным тле ён паставiў белую, як зьнятае малако, дзявулю з малiнавымi саскамi й вуснамi. А ў кутку карцiны напiсана: «Я — прастытутка». Глядзiш на палатно, i такое адчуваньне, што дзеўка п’яная ў дым. Як Салавей гэта зрабiў, я ня ведаю. Ён i сам ня ведаў. Зрабiлася — i ўсё.

Выкладчыкi, асаблiва халуiстыя, угаворвалi Валеру не паказваць «прастытутку», але той пакiнуў палатно на мальбэрце.

Прыйшла камiсiя, усiх з залi выгналi. Навучэнцы таўклiся ў фае, нехта глядзеў у замочную адтулiну. Ён i прашаптаў:

— Салавей, тваю карцiну мордай да сьцяны паставiлiѕ

Валера псiхануў, затрапятаўся, у залю ўскочыў, закрычаў:

— Хто карцiну чапаў? Я вас пытаю, хто карцiну мордай да сьцяны завярнуў?

Выкладчыкi зьнямелi, дырэктар маўчаў. Салавей узяў палатно й сказануў на ўсю залю:

— Прастытуткi.

А прэмii камiсiя разьмеркавала так: трыццатнiк далi за «Параненага й санiтарку», дваццаць за «Мой завод», а чырвонец за «Сьвята ў калгасе». Валера Салавей атрымаў вымову.

А калi ён рабiў дыплём, дык яго ледзь ня выключылi з вучэльнi. Валера намаляваў iнтэрнацкi пакой, два ложкi, на якiх сядзяць аголеныя дзеўкi, а пасярод пакою стаiць басанож хлопец i навязвае гальштук, на падлозе й стале параскiданыя пляшкi з-пад вiна. Называлася гэта ўсё: «Ранiца ў iнтэрнаце». Скончыць «Ранiцу» Салаўю не дазволiлi, сказалi, што не дадуць дыплёма, а выпусьцяць з даведкай, дзе напiшуць: «Праслухаў курс заняткаў за чатыры гады». Валера скарыўся й напiсаў другую карцiну — «Казлы». Зялёнае, нiбыта вожыкаў гной, тло — трава, а на траве сядзiць баба ў пурпуровай, што зiмовы золак, сукнi, а побач пасьвяцца дзьве белыя казы й казёл. І яшчэ па ўсiм палатне парассыпаныя вялiз- ныя рамонкi. Цуд!

Атрымаў Салавей дыплём мастака й пайшоў зь iм працаваць у прадуктовы магазiн, што на пляцы Перамогi. Яго ўзялi туды грузчыкам i мясьнiком.

— Я магу зьесьцi кiляграм сырога шэрага мяса, — выхваляўся пры сустрэчы мастак-мясьнiк.

Мяса ён еў удзень, а ўвечары пiў. Ён яшчэ ў вучэльнi пачаў пiць штодня. Аднойчы на сходзе разьбiралi хлопцаў, што напiлiся пасьля заняткаў i пабiлi гiпсавую Давiдаву галаву. Яны, дарэчы, ня проста яе пабiлi, а выцягнулi на балькон i скiнулi з трэцяга паверху на асфальт. Зьлепак зь мiкелянджэлаўскага героя размалацiўся ўшчэнт. Вучэльня тады мясь- цiлася ў двары Тэатральна-мастацкага iнстытуту, у даваеннай пабудове з дубаватымi калёнамi. Вось пад тыя калёны й ляснулася гiпсавая галава. А калi хлопцаў разьбiралi, дырэктар сказаў:

— Сорамна, у нашай вучэльнi нiхто ня п’еѕ

І тут раптам з натоўпу:

— А Салавей?!

Рогат.

У дырэктара з Салаўём заўсёды iшло наперакос. Вось i зь дзеўкаю, напрыклад. На бульбе Валера зь дзеўкаю ў лазьню пайшоў. Мылiся яны там цi мiлавалiся? Нiхто ня бачыў, бо Салавей акенца мылам замазаў, здагадаўся ж. Выйшлi яны з лазьнi, а вёска iх сустракае, на дзiва сабралiся паглядзець. Дзiва знайшлi. Не, каб прыбi- ральнi паставiць. Бо на ўсю вёску Рудню адна прыбiральня ў брыгадзiра, i тая безь дзьвярэй. Я ў свайго гаспадара ў першы дзень спытаў:

— А дзе прыбiральня?

— А там, дзе па-на-равiцца! — i рагоча.

Як да ветру за хлеў хадзiць, дык нармальна, а як хлопец зь дзеўкаю ў лазьню пайшлi мыцца — крымiнал. Салавей, зь яго ня ўбудзе, толькi плюнуў пад ногi, калi дзядзькоў i цётак пабачыў, дый пайшоў зь дзеўкаю ў лес, нiбыта ён тут i нi пры чым. А брыгадзiр, гэты гаспадар прыбiральнi незачынянай, на Валеру данос накрэмзаў i дырэктару вучэльнi даслаў. Той, не падумаўшы, выклiкаў дзеўку й сказаў, што калi не перасьпiць зь iм — выключыць. Яна, плачучы, да Салаўя прыбегла. Той пайшоў у дырэктараў кабiнэт i заявiў, што дзеўку чапаць ня трэба, а калi на тое пайшло, дык ён прастытутку прывядзе. Дырэктар сказаў, што падумае. Справу з лазьняю замялi, але Салаўя дырэктар незалюбiў, бо той папярэдзiў: калi чэпiць дзеўку, усе ведаць будуць — i дырэктаравай кар’еры капцы.

Дырэктаравай кар’еры Валера не сапсаваў, а вось Сярожава палiтоѕ

Пiлi ў разьбярнай майстэрнi, i Салавей сказаў:

— Дадому пайду.

Усе пачалi пра навальнiцу казаць, а Валера:

— Пайду, i ўсё.

— Як ты пойдзеш? — спытаў я. — На табе ж толькi кашуляѕ

А Валера да Сярожы:

— Разьбяр, дай палiто. Заўтра вярну.

Сярожа даў сваё новае, пашытае з шыняля палiто. Што ж ты зробiш, калi чалавек дадому захацеў? Салавей сышоў. А ранiцай яго знайшлi ў скрынi са сьмецьцем, што стаяла за майстэрняю. Выйшаў Валера й дайшоў толькi да сьметнiцы, залез у яе дый праспаў да ранiцы ў новым цёплым палiто, спаў, як дома, пакуль яго разьбяры ня ўбачылi й не пабудзiлi. За палiто Салавей паабяцаў заплацiць.

Пасьля заканчэньня мастацкае вучэльнi я доўга ня бачыў Валеру Салаўя. Аднаго разу я на працу пасьля абеду вяртаўся. Каля гастраному, што на рагу Чырвонай i Камунiстычнай, праходзiў. Там гарэлачны аддзел ёсьць, яго ўсе называюць «пад шпiлем» — на будынку бэльвэдэр. Толькi працуе той аддзел паводле невытлумачальнага раскладу. У той дзень ён не працаваў. Каля зачыненых дзьвярэй тоўкся мужык. Я прайшоў паўзь яго, i мяне дагнала:

— Гэ-э-эйѕ

Азiрнуўся, бачу — ён, Валера Салавей.

— Не пазнаеш? — падышоў, руку падаў. — Можа, табе пляшка трэба?

А тады было цяжка з пляшкамi, але я ўсё роўна спытаў, што ў яго за пляшка, бо, зь ягонага выгляду, там мог быць i адэкалён.

— Для такiх, як ты, у мяне iтальянскi вэрмут. Лiтровая бутэлька. Такiя чарнiла ня п’юць. Чырвонец — i яна твая. Будзе што на стол паставiць. Госьцi прыйдуць, а ты на стол — прыгожа.

Узяў я вэрмут iтальянскi. Прынёс дадому, жонка ўзрадавалася й сказала:

— Госьцi прыйдуць, будзе што на стол паставiць.

І схавала бутэльку ў шафу.

Апошнi раз я бачыў Салаўя ў кавярнi «Пiнгвiн», што на вулiцы Ленiна. Бяру пачак «Радопi» з прылаўку й чую Валераў голас:

— Не пазнаеш?

Стаiць, усьмiхаецца, твар чырвоны — жывая кроў, вочы блiшчаць, як алеем памазаныя, у руцэ торба палатняная.

Узяў я сабе шклянку гарбаты, раз такая справа. Пасяджу, думаю, пагавару — як адчуваў, што апошнi раз. Пайшлi мы за стол.

— Дзёрнеш? — спытаў Салавей i паказаў пляшку вiна, што хавалася ў торбе.

— Не.

— А я дзёрну. Угаворваць ня буду, а сам шклянку вып’ю.

Што праўда, то праўда: нiколi нiкога Валера Салавей не прымушаў пiць. Прапаноўваць прапаноўваў, але не ўгаворваў i не прымушаў. Пайшоў ён тады, узяў з прылаўку шклянку, налiў i паставiў побач з маёй гарбатаю.

— Не пакаштуеш — не адрозьнiш, — сказаў i выпiў паўшклянкi. — А як пакаштуешѕ Што казаць? Я вось на працу ў магазiн прыходжу й адразу бутэльку чырвонага выпiваю. Усе бачаць, усе ведаюцьѕ Ну i што? Выпiваю. Кожны Божы дзень. І працую кожны дзень, мне выхадныя-прахадныя ня трэба. Я ўжо гады са тры i ў адпачынку ня быў. Апошнi разѕ Ты ж дырэктара з вучэльнi памятаеш? Дык вось. Пайшоў я ў адпачынак, на поўдзень зьезьдзiць хацеў, а разьбяр Сярожа, ён цяпер лесьнiком у Крыжоўцы працуе, угаварыў мяне напарнiка ягонага падмянiць, бо той, ёлуп, руку ў цыркулярку ўсунуў. Я пагадзiўся, кожны дзень прастаўка. Лес, ён усiм патрэбны. Хто будуецца, каму дровы, каму штоѕ Усiм лес патрэбны. Дрэва! Сядзiм мы зь Сярожкам каля вогнiшча, гарэлку п’ем, сала смажым. І тут дырэктар падыходзiць да нас з паперамi. Два кубы яму нехта «па блату» выпiсаў. А памятаеш, як ён мяне цiснуў? Вы, Валера, няправiльна жыцьцё паказваеце. Ну-ну. Гэта ён мне казаў, а я ж яму яшчэ рэстаранную прастытутку прыводзiў, i не абы-якую, а зь «Юбiлейкi». Цяпер усе мастакi крытыкаваць. Чорныя плямы, белыя плямыѕ А тады, хвасты падцiснуўшы, хадзiлi роўненька, як па шнурку. Ма-ра-лiс-тыѕ Ды чорт зь iмi, не за iх пьем.

Валера дапiў вiно й пачаў iзноў гаварыць:

— Крыўдна, такiя, як наш дырэктар, цяпер значкi пачаплялi: сьцягi бел-чырвона-белыя, пагонi i ўсё такое. Цяпер яны патрыёты, яны за Беларусь. А раней хлопцаў, што на мове гаварылi, ганяў: «Вы — нацыяналiсты». Ну-нуѕ Цьфу на такi патрыятызм. Калi Бог таленту ня даў, калi розуму з гулькiн хрэн, нiякi патрыятызм, нiякая сьвядомасьць не дапаможа мастаку. Ды што гэта я? Не за такiх п’ем, i нават не праз такiх.

Кажуць, Анiкейчык памёр. А я ведаў яго. Колькi разоў за адным рэстаранным сталом ся- дзелi. Шырокi мужык, шырокi, а помнiкi ягоныя так сабе. Вось Янка Купала ў сквэрыку, што насупраць цырку, хiба ж гэта помнiк? Пудзiла мэталёвае. І дзеўкi голыя — абы-што. Калi каго з разьбяроў i паважаў, дык толькi Косьцю Сароку. Ён — разьбяр, але ж i пiў, а потым рак — i па ўсiм. Зрэшты, i Анiкейчыка шкода. Малады мужыкѕ Колькi яму? Недзе пяцьдзясят. Мог бы жыцьѕ Толькi нашто каля Купалы дзевак садзiць?

Памятаеш, карцiна ў мяне была «Я — прастытутка»? Яна ў мяне й цяпер ёсьць, толькi фарба аблезла. Я яе ў ванным пакоi за шафу засунуў, янатам гадоў дзесяць прастаяла. А днямi выцягнуў, гляджу, а фарба з палатна аблупiлася. Ды Бог зь ёю. Ведаеш, як напiсаў? Купiў пляшку вiна й дадому рулю. Каля майго дому на лаўцы малалетка сядзiць. «Выпiць хочаш?» — пытаю. «Хачу», — кажа. Проста ўсё, без выкабеньваньня. Прыйшлi да мяне, выпiлi, трахаць яе ў мяне нiякай ахвоты. «Папазiруй мне», — кажу. «Як?» — пытаецца. «Проста, распранешся й пастаiш каля сьцяны». За паўгадзiны напiсаў. Не паверыш. За паўгадзiны. Сам потым зьдзiвiўся. Прыгожая малая была: ногi, грудзi, тварык — усё першы сорт. Ранiцай прачнуўся: малой няма, а на карцiне напiсана: «Я — прастытутка». Я надпiс пакiнуў, а што яна гадзiньнiк мой сьцёбнула, толькi праз тыдзень здагадаўся.

Валера налiў сабе й выпiў.

Я дапiў гарбату й сказаў:

— Ты чуў, Воўка Сьвiнароў загiнуў.

— Не, а як?

— Даты быў. Таксоўку ўзяў. Дадому ехаў. Таксоўка пад самазвал i зарулiла. Кiроўца жывы, а ад Сьвiнарова толькi галава цэлая засталася. Ушчэнт. Ледзь у труну склалi. А можа, i добра, што Воўка даты быў? Калi ты п’яны, дык ня так моцна балiць.

Салавей уздыхнуў:

— А ў мяне Косьця Сарока з галавы не iдзе. Якi разьбяр быў! «Партрэт хiрурга» памятаеш? Рот павязкаю закрыты. Зiрнеш на таго «хiрурга», а ён на цябе спадылба глядзiць. Павекi палову зрэнак закрываюць. І разумееш, што не закрыты ў чалавека рот, а закляпаны. А ў Косьцi рот не закляпаны быў. Ён i сказаць мог, i зра- бiць. Вунь, калi першы раз на выстаўку «хiрурга» прынёс, i яму сказалi, што ня возьмуць партрэт на выставу, дык ён тую гiпсавую галаву на вачах у начальнiкаў аб зямлю бразнуў, толькi аскепкi пырснулi. Потым усе ўгаворваць пачалi, Сарока «хiрурга» й аднавiў.

А яшчэ была хохма на паляне. Як скончыў Сарока iнстытут, дык прыгнаў пад ганак дзесяць таксовак, пасадзiў у iх выкладчыцкую хеўру з дэканамi, сказаў, што шашлыкi астываюць. Прыехалi ў лес. Косьця таксоўкi адпусьцiў, адну пакiнуў — на ўсялякi выпадак. Завёў сытых на паляну, дастаў з кiшэнi пляшку вэрмуту, адкаркаваў, выпiў палову з рыльца, паставiў недапiтае на пень i сказаў: «Дзяўбiце, груганы! Дзяўбiце!»

Сказаў i зьехаў. А хеўра ў лесе засталася, паўночы выбiралася.

Мала Косьця пражыў.

Салавей налiў сабе паўшклянкi й закрыў пляшку дастаным з кiшэнi коркам.

— А дырэктару мы два кубамэтры гнiлога дрэва далi. А што ён думаў? Паехаў цiха з гнiлымi тонкiмi бярвеньнямi. Зразумеў, але нiчога не сказаў. Вось. А я п’ю. Часам шкода дырэктара, мог бы нармальным мужыком стаць, i пра бярвеньнi гнiлыя сказаць, дык неѕ А мне многа ня трэба. Гадоў сорак пражывуѕ А нашто больш?

Зараз пайду ў рэстаран, у «Плянэту», там сягоньня габрэй-лабух прастаўляе. Ён у Аўстралiю, а мы тут. Пайду гарэлкi пап’ю. Праўда, я больш чырвонае люблю, але й вадзяру можна, калi «на халяву».

Салавей сыйшоў.

Днямi я сустрэў былога разьбяра Сярожу. Стаiць лясьнiк на праспэкце, каля крамы «Акадэмкнiга», некага чакае.

— Добры дзень, — кажу.

— Ня добры, — ад Сярожы гарэлкаю патыхнула.

— А што такое?

— Валеру Салаўя ў крэматорый завёз. Па попел сказалi праз тыдзень зайсьцi. Усё. А труну, гарнiтур, чаравiкi — сказалi — можна забраць. Я вось тут мужыка чакаю, наконт помнiка хачу дамовiцца, дошку думаю бронзавую зрабiць. Я ж — разьбяр. А на дошцы будзе сабакаѕ Па попел сказалi праз тыдзень зайсьцi.

Менск. Чэрвень 1989 году

Латвійскі дэтэктыў


У мяне скралi парасон. Не такая ўжо й вялiкая страта. Але са зьнiкненьнем парасона ўзьнiкла шмат непрыемнасьцяў. Яго зьнесьлi якраз тады, калi iшоў нудны дождж, а прыдбаць парасон у крамах было немагчыма, яго можна было толькi дастаць у перакупшчыкаў за суму, якая наблiжалася да майго месячнага заробку. У мяне зьнiк парасон, i першае, што прыйшло на розум, — я цэлыя чатыры тыднi параваў дарэмна. Толькi ня думайце, што я лайдак i не магу за месяц зарабiць на два парасоны. Магу. Парасон сёньня каштуе тысячу рублёў, маецца на ўвазе добры мужчынскi парасон, да якога й прырабiлi ногi. А ў пераводзе на даляры гэта будзе азначана меншай лiчбаю, прыблiзна трыццаць тры. Я знарок напiсаў трыццаць тры, гэта мой узрост, мне якраз столькi гадоў. Акрамя свайго парасона, я люблю свае кнiгi, свой Менск пад бел-чырвона-белым сьцягам, сваю котку i, самае галоўнае, — люблю сябе. І не зьбiраюся гэтага хаваць: хто ня любiць сябе, той наагул ня здольны нiкога палюбiць. А тут раптоўна па маiм самалюбстве нанесьлi нямоцны, але дакладны ўдар.

Толькi трэба вярнуцца, i я пачну нявыдуманую крымiнальную гiсторыю безь нябожчыкаў i палiцыянтаў ад самага пачатку.

Адпачываць люблю або ў чэрвенi, калi курорты не пасьпелi згубiць вясновую чысьцiню i сьвежасьць, або ў верасьнi, калi ўжо няма на пляжах крыклiвых дзяцей ды iх раздражнёных бацькоў. На гэты раз мне дасталася пуцёўка ў Латвiю на чэрвень. Выдатна. Люблю камфорт: гарачы душ, два пакоi, лоджыя, басэйн, корт. І гэта было абяцана, i ўсё я займеў, акрамя сонечнага надвор’я. Але тут вы памыляецеся, як i ўсе чытачы дэтэктываў: мне бяз розьнiцы, якое надвор’е, калi корт i басэйн пад надзейным дахам, а на штодзённы шпацыр можна схадзiць пад надзейным парасонам.

І вось Латвiя — краiна чужая, паўночная, але ж напоўненая германскай мiстыкай i латгальскай цнатлiвасьцю. Латвiя вельмi алейная й жывапiсная побач з такiмi аскетычнымi суседзямi, як вiтражная даўгатварая Лiтва ды графiчная чорна-блакiтная Эстонiя. Латвiйскую жывапiснасьць я ўбачыў выпадкова: важкiя сасновыя калодкi сьвяцiлiся мядовай чырваньню на смарагдавай, насычанай вiльгацьцю траве. Я не гавару пра Рыгу, горад, дзе сышлiся ў двубоi iмпэрскiя iдэi — расейскi шавiнiзм i германскi мiлiтарызм. Яны сутыкнулiся й высеклi iскру — у мэталёвым абветраным горадзе нарадзiўся мастак, якi займаўся кiнафiкацыяй сусьвету й стварыў мантаж атракцыёнаў. У Рызе нарадзiўся Сяргей Эйзэнштэйн. Рыга не жывапiсная й не алейная, i не латыская, як не германская й не расейскаяѕ Рыга — вольны горад-брама. І мне даспадобы адпачываць пад Рыгаю ў Юрмале. Я — iстота урбанiстычная, бункерская, але ўсё ж патрэбна раз на год пашпацыраваць уздоўж мора й адчуць бязьмежнасьць прасторы, напоўнiцца тым гарызантальным плоскасным спакоем, якi можа даць адно марскi далягляд у штыль.

У першыя тры днi майго адпачынку iшоў дождж, самы звычайны дробны прахалодны дождж. Я выходзiў два разы на дзень пад шаўкавiста-атрамантавым парасонам на доўгi шпацыр i наведваў усе, што траплялiся на вочы, кавярнi. Кава — маё слабое месца, ахiлесава пята ў маiх гурманiстычных запатрабаваньнях. Я магу есьцi амаль усё, што нi паставяць на стол эўрапейскiя кухары, магу абмежавацца й нават выкрасьлiць на колькi тыдняў са свайго рацыёну алькаголь, але не ўяўляю сябе бяз кубачка моцнай, хай сабе й адносна добрай, кавы. Кавярнi ў Юрмале на кожным кроку, яны розныя, а шукаеш самую лепшую. Я не палiтык, якi зь дзьвюх непрыемнасьцяў выбiрае найменшую, я пазьбягаю непрыемнасьцяў, i калi ў кавярнi патыхае смажаным падгарэлым тлушчам або прадаюць гарэлку замест бальзаму й каньяку, сыходжу адразу, нават не спыняюся каля стойкi. У кавярнi са шматабяцальным назовам «Арабiка» пахла каньяком i каваю, гэта дастатковы мiнiмум, каб скласьцi парасон i паставiць яго ў кут. Памылка. Зразумела, на кожным курорце злодзей сядзiць побач са злодзеем, п’е каву. Калi нехта адпачывае, нехта павiнен працаваць.

Зрэшты, зладзейства — ня праца й не адпачынак, зладзейства — асалода. Паверце майму нешматлiкаму вопыту. Па сваёй прыродзе я злодзей, самы натуральны, ад нараджэньня. Я злодзей па сваёй сутнасьцi, бо падчас зладзейства атрымлiваю эратычную асалоду. Крадзяжамi я займаўся раней, цяпер не займаюся, знайшоў iншае месца для ўкладаньня сваёй патэнцыi, а ў юнацтве я краў. Мне цяжка, паверце, мне сапраўды сорамна прызнавацца ў дробных, але такiх гiдкiх грахах. Краў я паштоўкi, толькi паштоўкi. Заходзiў у кнiгарнi, наблiжаўся да вiтрыны, выбiраў пачак якасных рэпрадукцыяў iѕ Не ўцякаў, не засоўваў у кiшэнь, не хаваў у папку, а трымаў у руцэ i шукаў вачыма прадаўшчыцу. Позiркi сустракалiся — самы адказны момант. Я адчуваў, як адзначалася розьнiца полаў, натуральным чынам адчуваў кайф i ў дадатак разумеў, што жанчына па другi бок прылаўка таксама перапоўнена эратычным пачуцьцём. Ад яе нават пачынаў сыходзiць вельмi спэцыфiчны, нi з чым не параўнальны, ледзь чутны пах — водар жанчыны. Я ўспрымаў гэты павеў як знак, павольна паварочваўся да ахвяры сьпiнаю й зносiў з крамы неаплачаныя паштоўкi. У адной i той жа краме я нiколi не парушаў спакою двойчы. Мае ўчынкi былi мiстычным актам разбурэньня цнатлiвасьцi, i я адчуваў, што другi раз цуд не адбудзецца, мой мэтад непаўторны, яго нельга множыць. Я зьбiраў паштоўкi з рэпрадукцыямi жывапiсу, з захапленьнем разглядаў маленькiх папяровых Тыцыянаў i Вэрмэраў. І, здавалася, маiм крымiнальным подзьвiгам ня будзе канца, а калекцыя будзе павялiчвацца й пашырацца. Але аднойчы ў Менск прывезьлi зь Нямеччыны палотны старых майстроў. Арыгiналы Батычэлi, Джарджонэ, Вэрмэра разьвесiлi па залях у музэi. І каля невялiкага палатна Джарджонэ «Сон Вэнэры» я зразумеў, што нiколi ў жыцьцi ў мяне ня хопiць таленту ўкрасьцi гэтае палатно, а паштоўкi — пыл, сьмецьце, дрэнь. Больш я нiколi нiчога не зьбiраў. І цяпер люта не люблю ўсiх калекцыянэраў, яны бяздарныя, яны здатныя грэбсьцi толькi пад сябе. А вось пра злодзеяў так не скажу, iх шкадую, бо разумею ўсю сiлу пачуцьцяў, усю iх вастрыню падчас зьдзяйсьненьня амаральных задум. І таму ў сьвеце раскрываецца толькi кожнае чацьвертае злачынства. Сярод злодзеяў больш таленавiтых людзей, чым у клане дэтэктываў. Вельмi сумны факт, калi зiрнуць з боку праваахоўных органаў. І застаецца адно супакоiцца, а лепшае супакаеньне — шпацыр пад парасонам i кава з каньяком.

Па свой спакой я й зайшоў у «Арабiку» й сеў на высакаватае крэсла за вялiкую стойку. Стойка цёмная дзераўляная й чыстая, яна вялiкiм паўколам займала амаль увесь пакой, сьцены якога былi шчыльна абабiтыя чырвонай тканiнаю. Вузкiя акенцы сьвяцiлiся цёпла-аранжавымi геамэтрычнымi вiтражамi. Бармэн i афiцыянтка рухалiся хуценька, не раўнуючы, як iльвы ў вальеры. За стойкаю, пры сьцяне, узвышалася этажэрка, састаўленая з дыхтоўных арачак, на ёй на круглых сподках залацiлiся ватрушкi. Бутэлькi з каньяком абступiлi споды, як вежы замкавы пляц. Са столi, забранай сьветлым паркалем, зьвiсалi на чорных ланцужках стылiзаваныя пад сэцэсiю сучасныя сакавiта-жоўтыя лiхтары. Карацей, стыль — курортны кiч, i я, каб не псаваць настрою, разгарнуў часопiс. Другая памылка. І нiякiх апраўданьняў. Паставiць парасон, сесьцi да яго сьпiнаю й чытаць часопiс — натуральная правакацыя, сапраўднае спакушэньне. Чалавек бачыць гаспадара, якi заняты чытаньнем сумнеўнага выданьня па псыхалёгii, «Аlter ego», бачыць выдатны парасон, такую патрэбную ў хмурнай Латвii рэч.

А я пiў каву бяз цукру й чытаў «Сацыяльна-псыхалягiчныя камэнтары да партрэту латыскай сям’i», праглядаў не безь цiкаўнасьцi станоўчыя рысы латыскага характару. Любоў да працы. Настойлiвасьць. Грунтоўнасьць. Сэнтымэнтальнасьць. Не разумею, чаму станоўчыя. Вернасьць лёсу й народу. Зазначаў я й не без задавальненьня (што з сабой зробiш — задавальненьне заўсёды зьяўляецца паперадзе рацыянальнага i разумнага) адмоўныя рысы. Зайздрасьць. Эгаiзм. У складальнiкаў таблiцы выйшла памылка, эгаiзм — станоўчая якасьць. Выхваленьне. Пасiўнасьць. Няўважлiвасьцьѕ Я радаваўся, i не з-за таго, што ў латышоў столькi адмоўных рысаў, а таму, што параўноўваў iх зь беларусамi. Мы ня горшыя, а толькi iншыя. Але радаваўся я дарэмна, бо, перагарнуўшы старонку, зiрнуў у кут i ня ўбачыў любiмага парасона з блiскучай скураной рукаяцьцю, ад якога застаўся адно чахол у маёй кiшэнi.

Першае, што я зрабiў — кiнуўся на вулiцу. Я стаяў на ганку кавярнi й глядзеў на мiнакоў. Дождж памацнеў. Па абодвух баках праспэкту Дубулты рухалася безьлiч розных парасонаў: стракатых, жаночых, чорных, сiнiх, мужчынскiх, празрыстых, дзiцячыхѕ Майго не было. Стаяць без парасона пад дажджом ня мела сэнсу. Я вярнуўся ў кавярню й сеў на сваё высокае крэсла. Бармэн запытальна паглядзеў на мяне. Я сказаў, што ў мяне скралi парасон. Ён пацiснуў плячыма й прамармытаў нешта накшталт таго, што яму няма калi глядзець за чужымi парасонамi.

Не люблю такiх бармэнаў — нiзенькi з прылiзанымi валосiкамi й тонкiмi вусамi цырульнiка, якому шанцуе. Такiя мужчыны носяць чаравiкi на высокiх абцасах, робяць манiкюр, пакутуюць на комплекс Напалеона й iмкнуцца спадабацца ўсiм асобам жаночага полу. У свае вольныя днi яны сядзяць у рэстаранах, прагульваюць не зусiм сумленна заробленыя грошы й перажываюць, што ня сталi вялiкiмi людзьмi. Яны нiколi не адмовяцца ад хабару й ад магчымасьцi незаўважна ўзяць чужое. Такiя бармэны не даважваюць, не дадаюць роўна столькi, каб чужы не заўважыў, а свой не пакрыўдзiўся. Такiх тыпаў поўна на курортах, у рэстаранах, барах, кавярнях, басэйнах i цырульнях. Бармэн з «Арабiкi» наагул ня выклiкаў бы ў мяне цiкавасьцi, каб не зьнiкненьне парасона. Я нават мог бы зазначыць, што бармэны-мужчыны ў шмат разоў лепшыя, чым жанчыны. Ён спрытнейшы, робiць усё больш артыстычна, нават таленавiта, але й крадзе незаўважна. І калi ён занёс парасон у падсобнае памяшканьне, дык забраць будзе вельмi цяжка.

Зьнесьцi маю рэч у падсобку магла й афiцыянтка — плюгкая кабета з пляскатым тварам, на якiм бялеў плястыравы крыжык. Цi то нехта ўдарыў пад вока, цi то ўскочыў якi струп, i яго схавалi пад плястыр? Такiх жанчын звычайна называюць не па iмю й не па прозьвiшчы, а па бацьку — Іванаўна, Пятроўна, Сiдараўнаѕ У яе славянскiм паходжаньнi сумневаў не было. Шырокi твар з носам-бульбiнаю, маруднасьць у рухах, адсутнасьць ветлiвасьцi й глыбока-глыбока схаваная душа бутлегера. У такiх цётак п’яныя мужчыны пытаюцца пра гарэлку ды вiно, i ў iх амаль заўсёды знаходзiцца апошняя пляшка за падвойны кошт. Калi для прафэсii бутлегера адшукаць самую адпаведную нацыянальнасьць, дык, напэўна ж, гэта будзе расеец. І мяне заўсёды дзiвiла, што ў амэрыканскiх фiльмах пра часы вялiкага эканамiчнага крызысу трыццатых гадоў усе бутлегеры былi падобныя да расейцаў ня вопраткаю й нават ня тварамi, а бясконцым жаданьнем выпiць самому ды напаiць усiх астатнiх. Калi кошт майго парасона з канвэртаванай валюты перавесьцi ў саракаградусную вадкасьць, атрымаецца лiтар, а то й паўтара. Так што афiцыянтка магла зрабiць рызыкоўны крок.

І калi я задаў сабе звычайнае ў такiх умовах пытаньне — хто ўкраў? — дык адразу й зразумеў, што кожны, хто сядзеў са мной за стойкай i пiў каву, мог бы гэта зрабiць. Так заўсёды, зробiць адзiн, а падазраеш многiх.

Мне дапамог часопiс «Alter ego»: калi я праглядаў таблiцы з рысамi латыскага характару, дык раз-пораз паглядаў на прысутных i спрабаваў разгледзець гэтыя рысы на iхных тварах.

Праваруч ад мяне, у слаба асьветленым кутку, сядзела пара латыскiх гiпi ў зношаных джынсовых марынарках, паабчапляных самымi неверагоднымi значкамi ад вялiкiх плястмасавых пацыфiкаў да рабiнавых партрэцiкаў Ленiна й алюмiневых зорачак. У прыхiльнiкаў вольнай любовi былi доўгiя й бляклыя твары, падобныя да кветак, што вырасьлi ў ценю саборнай вежы. Іх вочы былi шырока расплюшчаныя й мелi вельмi слабую рэакцыю на праявы навакольнага сьвету. Я мог бы паспрачацца, што не прайшло й гадзiны, як гэтая парачка выпалiла апошнюю папяросу з марыхуанай. Гiпi мелi вельмi iнтэрнацыянальны выгляд са сваiмi доўгiмi валасамi, перахопленымi на патылiцах скуранымi раменьчыкамi, замаўлялi каву яны па-латыску. Як сыйшлi гiпi, я ня бачыў, таму выключыць iх са сьпiсу падазроных ня мог.

Поруч з гiпi займалi стойку два старыя латышы. Яны пiлi толькi каньяк i, пэўна, успамiналi сваё марское мiнулае, бо адзiн зь iх меў вялiкiя бакенбарды, а ў другога на левай руцэ сiнеў вытатуяваны якар. Са станоўчых рыс, што падавалiся ў псыхалягiчным часопiсе, iм больш за ўсё адпавядала трываласьць. Але й iх можна было западозрыць. Адкуль у сучасных пэнсiянэраў грошы на каньяк, калi паўсюль толькi й гавораць, што ўсе старыя людзi пасьля павелiчэньня цэн апынулiся за рысаю беднасьцi?

Памiж мной i пэнсiянэрамi сядзела пяцiдзесяцiгадовая дробненькая жанчынка ў таннай паркалёвай сукенцы. Ёсьць такi тыпаж латыскiх жанчын, якiх я называю «Агаты». Вонкава яны нагадваюць эмансыпаваных прыхiльнiц ханжаскiх ангельскiх нораваў вiктарыянскай эпохi, вядомых сярод стваральнiкаў выдуманых прыватных дэтэктываў. Але зазвычай латыскiя Агаты працуюць у гатэлях прыбiральшчыцамi цi пакаёўкамi, зьбiраюць i здаюць парожнiя пляшкi, што застаюцца ў нумарах пасьля адпачыньнiкаў. А на заробленыя грошы дазваляюць сабе трыццаць грамаў каньяку, пiрожнае й падвойную каву бяз цукру. Такiя клянуць маральную дэградацыю моладзi й сэксуальную распуснасьць, а калi нiхто ня бачыць, яны засоўваюць ва ўласную валiзку забытую адпачыньнiкам кашулю. Мой чорны, у сваiм аскетызьме нечым ангельскi, парасон мог спадабацца такой Агаце.

Леваруч ад мяне маладая цяжарная жанчына кармiла марозiвам белатварага хлопчыка. Ён еў марудна, i жанчына, было чуваць з iнтанацыi, прысьпешвала дзiця. У старым мэдычным часопiсе я аднойчы прачытаў вялiкi артыкул пра клептаманiю, цэлы разьдзел там прысьвячаўся цяжарным жанчынам. Дасьледчык пераканаўча й са шматлiкiмi прыкладамi даводзiў, што многiя жанчыны падчас цяжарнасьцi дазваляюць сабе браць чужое. Цяжарныя жанчыны параўноўвалiся з птушкамi, якiя будуюць гняздо. Атрымлiвалася, што й безабаронная мацi з хлопчыкам, хай i несьвядома, але ж магла зьнесьцi з кавярнi парасон.

За цяжарнай жанчынаю смакавалi марозiва дзьве пастэльныя дзяўчыны. У асяродзьдзi латыскiх школьнiц старэйшых клясаў вельмi распаўсюджаны такi тыпаж. Яны апранаюцца ў шырокiя спаднiцы й сукенкi далiкатных пастэльных колераў: папярова-ружовы, сьветла-бэзавы, лёгка-салатны, пяшчотна-жоўты. Яны робяць ледзь заўважны макiяж, а завушнiцы й бранзалеты носяць пераважна лёгкiя й мацiцовыя. Такiя дзяўчыны да шаленства любяць усё мучное, салодкае, крэмавае, яечнае. І могуць зьядаць неверагодную колькасьць печыва, марозiва, чакалядак i цукерак. Яны ведаюць усе бары й кавярнi, усе кулiнарыi й гастраномы, усе назовы тартоў, булачак, ватрушак i пернiкаў. У такiх пастэльных дзяўчат шырокiя, як у замужнiх кабет, сьпiны й выразна азначана другое падбародзьдзе. Іх сьветлыя паўночныя вочкi затуманены гурманным кайфам, а цэнтар нэрвовай дзейнасьцi ў iх знаходзiцца крыху вышэй глыбокага пупка, у нетрах натамлёнага страўнiка. Мой парасон яўна не пасаваў бы да строяў такiх дзяўчынак, але нават на адну порцыю марозiва патрэбныя грошы.

Каля кававаркi задуменна глядзеў у столь малады чалавек у акулярах з тоўстымi шкельцамi. Задуменнасьць такога кшталту зьяўляецца на тварах студэнтаў, якiя пасьля выцягваньня экзамэнацыйнага бiлета зразумелi, што ня ведаюць адказаў нi на адно з трох пытаньняў. Гэтыя студэнты вучацца ў вышэйшых установах па восем-дзесяць гадоў, замест патрэбных пяцi. Яны любяць разважаць на модныя тэмы, ня ведаючы прадмету. Але яны маюць такi прыстойны, я б сказаў, самы iдэальны студэнцкi выгляд, што адмiнiстрацыя не наважваецца iх выключыць без правоў на аднаўленьне. І студэнт-другагоднiк ходзiць бясконца ў акадэмiчныя адпачынкi, пераздае па шэсьць разоў iспыты, пакуль канчаткова не абрыдне выкладчыкам i тыя не напiшуць у залiкоўцы «здавальняюча». А ў вольны ад вучобы час такi студэнт любiць наведаць курорт. Фiнансы ў студэнта абмежаваныя, i нiчога дзiўнага, што час ад часу яго бачаць за дробным крадзяжом.

Крадзёж парасона — безумоўна, дробная, але крымiнальная справа.

Вось я й абмаляваў дванаццаць падазроных асобаў, якiя сыйшлi з кавярнi й маглi забраць мой парасон. Прабачце, адна зь якiх магла забраць мой парасон.

Усе назiраньнi й высновы, падазрэньнi й меркаваньнi я перабраў вельмi хутка. Значна хутчэй, чым вы прачыталi, а тым больш — хутчэй, чымсьцi я цяпер запiсаў. Я не стэнограф i аддаю перавагу звычайнай чарнiльнай асадцы й лiнаванай паперы, але тады была iншая сытуацыя.

Заставацца ў кавярнi ня мела сэнсу. Калi бармэн або афiцыянтка i скралi парасон, дык вынесуць яго толькi пасьля працы. І я вырашыў: абавязкова падыйсьцi й падпiльнаваць, як яны выйдуць увечары са сваёй «Арабiкi». З гэтай думкаю i выйшаў на дождж. Шпаркай хадою я накiраваўся на чыгуначную станцыю «Дубулты». А раптам хто з наведнiкаў сеў чакаць электрычку й на хвiлiнку забыўся, што трымае ў руцэ крадзеную рэч? І я ўзрадаваўся, калi пабачыў сутулыя сьпiны латыскiх гiпi, што абняўшыся сядзелi на лаўцы пад станцыйным навесам. Крадком я абышоў станцыю й расчараваўся — парасона ў гiпi не было. Хлопец зь дзяўчынаю самааддана цалавалiся. На ўсялякi выпадак зайшоў у станцыйны будынак, дзе каля акенца касы адлiчвала грошы за квiткi цяжарная жанчына, яе хлопчык стаяў побач. Парасона не было. І чым больш я ўсьведамляў незваротнасьць страты, тым больш хацелася знайсьцi й вярнуць парасон. Дождж пачаў ацiхаць, i я накiраваўся да кнiгарнi. Я iшоў пад iмжычкаю й зайздросьцiў усiм, хто меў хоць нейкi парасон. Мой швэдар набрыняў, нагавiцы пацямнелi, валасы налiплi на лоб.

Зазiрнуў я i ў хлебную краму, дзе пабачыў тых самых пастэльных дзяўчынак, яны куплялi вялiкiя пернiкi ў выглядзе котак i сабачак. Дзяўчынкi ў сьветлых сукенках, самi таго ня ведаючы, пакiнулi кола падазроных.

Каля прамтаварнай яткi я ўбачыў сiвую латышку, якую завочна ахрысьцiў Агатаю. Яна пiльна разглядала вiтрыну з пральнымi сродкамi. Мыла было складзена ў акуратную пiрамiдку, на якой стаяла акуратная шыльдачка «Падчас пакупак, калi ласка, паказвайце вiзытоўку». Яшчэ абдумваўся малапрыемны факт, што безь вiзытоўкi не змагу набыць нават брусок мыла, каб мець чыстыя рукi за сталом, як убачыў свой парасон.

Я пазнаў бы яго сярод тысячы чорных парасонаў, бо зрабiў метку — наматаў белы матузок на адну са сьпiцаў, а тут ён велiчна ўзвышаўся над жаночымi стракатымi мацерчатымi грыбамi, якiя й парасонамi назваць цяжка, не пакрыўдзiўшы гонар майго абаронцы ад дажджу. Пад парасонам iшоў, пакульгваючы, той, на каго я менш за ўсё нагаворваў, калi даваў характарыстыкi. Скураное дзяржальна сьцiскала рука з вытатуяваным якарам. Пэнсiянэр не сьпяшаўся, i хворая нага не замiнала ўцёкам, ён быў упэўнены ў сабе. І я разгубiўся.

Пасярод вулiцы адзiн чалавек падыходзiць да другога й пачынае вырываць з рук парасон? А калi злодзей скажа, што гэта ягоны парасон, а мяне ён i ведаць ня ведае? А мае тлумачэньнi пра белы матузок проста сьмеху вартыя.

Я крочыў па калюгах пад дажджом за кульгавым злодзеем, а ён спакойна, ва ўсялякiм разе, з выгляду, iшоў пад маiм парасонам. Ён спынiўся каля кавярнi «Сарма», склаў парасон i наважыўся пераступiць парог. І ў гэтае iмгненьне я кiнуўся да яго. Усё атрымалася само па сабе, я ня думаў, што й як зраблю. Выхапiў зь ягоных татуяваных рук свой парасон, а ў расчырванелы ад каньяку твар вельмi выразна, вылучаючы кожнае слова асобна й расстаўляючы дакладныя нацiскi, прагаварыў:

— Ты выпадкова ўзяў мой парасон!!!

Злодзей яўна не чакаў такога напорыстага нахабства з боку ахвяры, але праз iмгненьне ўся вулiца напоўнiлася ягонай лаянкаю. Вакол нас iмгненна сабраўся натоўп. Злодзей размахваў кавенькаю й крычаў, што нiбыта я ў яго адабраў парасон, што я — бандыт, руская сьвiньня, акупант, што такiх трэба гнаць з Латвii, што ў незалежнай Латыскай Рэспублiцы не было злодзеяўѕ

КАНФЛIКТ НАБЫВАЎ ВЕЛЬМI НЕБЯСЬПЕЧНЫ ДЛЯ МЯНЕ ХАРАКТАР, ДАСТАТКОВА МНЕ БЫЛО ЎБАЧЫЦЬ АГРЭСIЎНЫЯ, НАПОЎНЕНЫЯ ЗЛОСЬЦЮ ВОЧЫ МАЛАДОГА РУДАВУСАГА ЛАТЫША, КАБ ЗРАЗУМЕЦЬ, ШТО ВЫБРАЦЦА З ГЭТАЙ ВОСТРАЙ СЫТУАЦЫI БУДЗЕ ЦЯЖКА. І КАЛI МАЯ ЎПЭЎНЕНАСЬЦЬ У ТЫМ, ШТО Я З ГОНАРАМ ВЫЙДУ З КАНФЛIКТУ, ПАЧАЛА РАСТАВАЦЬ, ЯК КАВАЛАК МАСЛА НА ГАРАЧАЙ ПАНIВЕ, ЗГАДАЎСЯ ПАРАСОННЫ ЧАХОЛ. ЧОРНЫ, ШАЛЁСТКI, ЁН ЛЯЖАЎ У КIШЭНI. ПАД ВАРОЖЫМI ПОЗIРКАМI Я ВЫЦЯГНУЎ ЧАХОЛ I ЎЗЬНЯЎ ЯГО, НЕ РАЎНУЮЧЫ ЯК НЕЗАЛЕЖНIЦКI БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫ СЬЦЯГ БЕЛАРУСI.

Злодзей змоўк, разгубiўся, а я раскрыў вялiкi, але зручны й лёгкi, свой дарагi й любiмы парасон дый рушыў прэч.

Ва ўсёй дэтэктыўнай гiсторыi мяне, шчыра кажучы, абурае толькi адна акалiчнасьць. Няўжо людзi не адчуваюць, ня бачаць, не разумеюць таго, што ў мяне нельга красьцi рэчы? Калi ты зьбiраешся ўзяць чужое, трэба ведаць свае магчымасьцi, разумець: якая справа атрымаецца, а якая — не. Вось я, напрыклад, ня стаў выносiць з музэю карцiну мастака эпохi Адраджэньня Джарджонэ «Сон Вэнэры».

Юрмала. Лiпень 1991 году

Ёсьць кнігі, прачытаныя ў маленстве


У кожнае кнiгарнi свой непаўторны дух, свае адмысловыя правiлы, свае таямнiцы, ня кажучы пра гандлярак, касiраў, вiтрыны, залi, столь i падлогу. Па менскiх кнiгарнях я вандрую больш за дваццаць пяць гадоў i не магу наталiць цiкаўнасьцi да розных выданьняў, да кнiжак, альбомаў, часопiсаў i каталёгаў. Пэўна, я — бiблiяман. І часовыя перапынкi ў маiх паходах па букiнiстах — здараецца, месяцамi не наведваюся ў кнiгарнi i не купляю i нават не чытаю нiчога — толькi запэўнiваюць у невылечнасьцi, хай сабе i ня самай жахлiвай, але ж манii. Нават карцiны i малюнкi я не люблю так, як кнiжкi, а здаецца, павiнна было быць наадварот, бо колькi сябе памятаю — маляваў з радасьцю, а пiсаць не любiў. Усе пiсьмовыя заданьнi ў школе выконваў празь сiлу, а ў пачатковых клясах плакаў над сшыткамi, бо рука, замест рысак, кружочкаў, лiтараў, выводзiла дрыжачыя крэмзалi. І зь дзiвам глядзеў я на бацькаў збор аўтаручак, пёраў, бутэлечак з атрамантам. Бацька — пiсьменьнiк. У яго буйны добры почырк, ён гадзiнамi пiша за сталом, ён можа пiсаць паўсюль: у лесе, у полi, каля рэчкi, у дзедавай вясковай хаце з глiняным токам замест падлогi. Пiсаць як бацька я так i не навучыўся. Малюю лiтары, а не пiшу. А ўласна малюнкi мяне раздражняюць, нават свае, зробленыя толькi што. Якая абмежаванасьць — гадзiну маляваць тое, пра што можна напiсаць за хвiлiну. Але гэта — рацыянальная выснова, а рука ўсё ж малюе. Душа ня любiць загадаў, асаблiва прагматычных, яе стыхiя — жывапiс i музыка. І, можа, таму я кiнуў заняткi мастацтвам i займаюся лiтаратураю. Пэўна, таму вандрую па менскiх кнiгарнях, букiнiстах i не магу абмiнуць нiводнага кiёска, дзе за шклом сьвецяцца кнiгi. Калi i як пачалося? Цяжка вызначыць, бо мама — бiблiятэкарка, а бацька — лiтаратар. Выходзiць, што яшчэ да нараджэньня я быў сярод кнiжак. На першых дзiцячых фотакартках маё крэсла зь дзiркаю пад гаршчок стаiць каля этажэркi з бацькавай бiблiятэкаю. І на крэньчыках можна разабраць прозьвiшчы беларускiх клясыкаў: Чорны, Чарот, Багдановiч, Купала. Сярод iх — стракаты двухтомнiк Пятра Глебкi, адзнака часу, 60 ты год. Тады й пачалiся кнiжныя вандроўкi. Бацька заходзiў у кнiгарнi i выбiраў, разглядаў, гартаў розныя томiкi, а я назiраў за iм, капрызiўся. У дзяцiнстве быў румзаю, мог заплакаць на ўсю кнiгарню, як зрабiў у Маскоўскiм букiнiсьце, што i цяпер стаiць на горцы, за цёмным помнiкам друкару Івану Фёдараву. Бацька так доўга ня мог наважыцца заплацiць за першае выданьне рамана Івана Бунiна «Вёска», што я сапрэў у зiмовым палiтончыку i зарумзаў. Бацька ўсё ж прыдбаў свайго ўлюбёнага Бунiна, i мы выйшлi на вясновае паветра i накiравалiся ў «Дзiцячы сьвет», дзе набылi мне значок — герб гораду Масква. А ў 68 годзе мама зрабiла мне агаламшальны падарунак, зь яе зарплатаю ў 120 рублёў, быў куплены сапраўдны фалiянт, альбом «Пётр Канчалоўскi», з паўаголеным смуглявым падлогацёрам на супэрвокладцы. Альбом каштаваў ажно 8 рублёў. А прадавала яго старэнькая гандлярка. Яе стол з кнiгамi стаяў чамусьцi ў гастраноме. Фалiянт яна абгарнула ў танюткi цэляфан, у якi звычайна загортваюць гвазьдзiкi i цюльпаны. Стол стаяў насупраць мяснога аддзела, i чаму мама замест мяса набыла альбом Канчалоўскага? І цяпер — загадка. Вось якi падарунак я атрымаў на сваё дзесяцiгодзьдзе. Выдатны, дарэчы, бо i цяпер люблю расейскi кубiзм — Лянтулава, Машкова, Ларывонава i ўвесь «Бубновы валет», i Пятра Канчалоўскага з клясычным нацюрмортам «Сухiя фарбы». А бацька любiць Івана Бунiна i Вiнцэнта Ван Гога. Адна з бацькавых аўтабiяграфiяў так i пачынаецца: «Каб я меў шчыры талент Ван Гога, я б намаляваў сваю вёскуѕ» Да альбома расейскага кубiста ў нашай сям’i была толькi адна кнiга па мастацтву: Ван Гог «Лiсты». А трапiла яна да нас вось як.

Мацi i тата дамовiлiся зрабiць бацькавай маме, бабе Бронi, падарунак — сандалi. Тата ўзяў 5 рублёў на самыя просьценькiя сандалi, у якiх хадзiлi тады ледзь ня ўсе дзецi дый вясковыя кабеты. Замест падарунку бацька прынёс лiсты Ван Гога з каляровымi рэпрадукцыямi. Бацька перажываў, казаў, што сам не разумее, як так магло здарыцца. А я быў настолькi ўражаны карцiнамi, што дагэтуль толькi пералiк вангогаўскiх палотнаў выклiкае захапленьне. Крэсла Ван Гога. Рэстаран «Сiрэна». Едакi бульбы — самая беларуская карцiна ва ўсiм сьвеце. Ткач — у бабы Бронi былi амаль такiя ж кросны. Тата Тангi. 14 лiпеня ў Парыжы. Зграя варон па-над хлебным полем — калi перачытваю адну зь лепшых бацькавых навэл «Кароль Нябожа», згадваецца гэтае драматычнае палатно. Краявiд у Авэры пасьля дажджу — рыхтык мястэчка Койданава. Вясновы сад. Куст — пад такiмi вось кустамi бэзу грабуць пясок беларускiя куры. Нацюрморт з цыбуляю — яго спрабаваў скапiяваць. Вельмi ўжо спадабаўся ружовы томiк з надпiсам DE LA SANTE. Але з капiяваньня выйшлi адны непрыемнасьцi. Ня ведаю як, толькi кнiжка Ван Гога ўпэцкалася ў тлусты бурачковы краплак. Плямiна была на форзацы. Бацька ўбачыў, сварыўся. Казаць яму, што ня я зрабiў, — марная справа. Цяпер кнiга ў мяне. Часам перачытваю, гартаю, згадваюѕ А краплакавую плямiну я палюбiў. Яна ў самым цэнтры форзаца, на згiне, там, дзе пад паперу падклейваюць марлю, за 27 гадоў фактура марлi праступiла праз форзацную паперу i плямiна набыла выгляд жывапiсу. Вядома, што не вангогаўскага. Лесьвiца ў Авэры. Чырвоны вiнаграднiк у Арлi. Партрэт старэйшага наглядчыка лякарнi ў Сан-Рэмi. Дарога з кiпарысамiѕ І так да канца, а потым спачатку.

Дарога з кiпарысамi ў горадзе Сочы, на Чорным моры. Менавiта там я прачытаў першую важкую кнiгу ад пачатку i да канца. Гэта быў травень 69 га. Чытаў на пляжы, у парку, пад кiпарысамi, пад платанамiѕ Сьвет амэрыканскiх iндзейцаў. Змаганьне за незалежнасьць. Майн Рыд. Прачытаўшы кнiгу, я завёў сшытак, куды пачаў запiсваць усё прачытанае. Той сшытак згубiўся, а вось другi застаўся. У iм я распачаў першае апавяданьне. А пачыналася яно з малюнка: прэрыя, кактусы, на даляглядзе — коньнiкi. Пачынаў, як i Майн Рыд, з апiсаньня прэрыi. Нiчога добрага не атрымлiвалася. Цiкава адно тое, што разумеў: ня здатны я апiсаць прэрыю. А ўсё астатняе, мне здавалася, ня вартае апiсаньня. Нашто пiсаць тое, чаго не чытаюць? «Тата, чаму ты ня пiшаш пра прыгоды?» Бацька сьмяяўся, казаў: «Вырасьцеш i сам напiшаш». А празаiк Іван Пташнiкаў, перастрэўшы ў пад’езьдзе, пытаўся: «Валодзя, якiх ты ведаеш пiсьменьнiкаў?» Я гаварыў навучанае бацькам: «Вас». Ён радаваўся i пытаў: «А яшчэ?» — «Тату i дзядзьку Караткевiча». Пташнiкаў рабiў сур’ёзны твар, якi робiць цяпер у рэдакцыi, калi разважае пра мае сумнаватыя навэлы: «А Стральцова Мiшу ведаеш?» — «Ведаю». — «Малайчына, бяжы». Я бег паўз Стральцоўскую, поўную дзяўчат, кватэру на двор, дзе гулялi ў iндзейцаў Дзеружынскi, Махнач, Яўменаў, Алешка i Бабачкiн. Раману пра iндзейцаў я так i не напiсаў. І проста раману ня склаў.

Я амаль i не чытаю раманаў. Для мяне само слова «раман» мае пэўнае матэрыяльнае ўвасабленьне. На гарышчы дзедавай хаты побач з кроснамi стаяў куфар з кнiгамi. Там сабралiся школьныя падручнiкi, па якiх вучылiся i мой тата, i два ягоныя браты. Альгебры, фiзыкi, геамэтрыi са скарабачанымi хвалiстымi старонкамi. Сярод падручнiкаў я знайшоў раман Аляксандра Дзюма «Праз дваццаць гадоў». Кнiгу ў 53 м годзе падаравалi бацькаваму брату, дзядзьку Саву, за перамогу ў спаборнiцтвах па валейболу. На шмуцтытуле сiнеў надпiс i чарнела круглая пячатка Вiцебскага пэдагагiчнага iнстытуту. Я праглынуў кнiгу за тыдзень. Палацы, мушкецёры, Мазарынi i ўсё астатняе, такое ўсiм вядомае, зрэшты, ня ўсiм. Мой дзед Валодзя чытаў вельмi марудна i толькi па-беларуску, i толькi «рускiмi» лiтарамi. У свае семдзесят, адпрацаваўшы жыцьцё грузчыкам, ён пайшоў вартаўнiком iѕ стаў чытаць. А чытаў ён выключна падручнiкi за першыя клясы. А вось баба Броня чытала толькi «лацiнскiмi» лiтарамi i толькi каталiцкiя малiтоўнiкi. Малiтоўнiкi цяпер у бацькi, а дзедавы падручнiкi, пэўна ж, на гарышчы пустой нiчыйнай хаты. Недзе там, каля кроснаў, у куфры i важкi том Дзюма, якi мне згадваецца пры слове «раман». Як пры слове «Дзюма» я згадваю нябожчыка паэта Яўгена Крупеньку, якi ўпарта казаў — Дзю@ма. І колькi нi папраўлялi, нi тлумачылi, нi насьмiхалiся, Крупенька ўсё адно казаў: «Дзю@ма!» Зямля iм пухам.

Пасьля трыццацi я пачаў перачытваць кнiгi, што меў у маленстве. Мяне ўжо менш i менш цiкавiць iх зьмест. Я адшукваю мiж старонак страчаны час, шукаю зазоры, празь якiя можна вярнуцца ў маленства.

Юрмала. Лiпень 1991 году

Брудны посуд


Рэчы ня любяць Ахрома. За што нi возьмецца — зломiць, сапсуе, запаскудзiць, збаёдае. Пра такiх кажуць — рукi ня тым канцом прышытыя. А яму? Хлебам не кармi, дай на кампутары пазабаўляцца. Пра кампутар скажу пазьней, напрыканцы, пад заслону.

Спачатку знаёмства, даволi банальнае, каб не рэкамэндацыя, якую нашаптаў мне брат. Таленавiты музыка, пiянiст. Скончыў кансэрваторыю, захапляецца Скрабiным, хоча пiсаць у твой часопiс. Даўжэзная паўза. Наркаман, палiць марыхуану, але ня колецца. Музыкi ўсе паляць анашу, як мастакi п’юць. Дапаможаш?

Нiчога я не абяцаў.

З пэўных часоў не дапамагаю чужым людзям. Спрабаваў, спадзяваўся, ратаваў. Чым скончылася? А нiчым. Пераканаўся: калi чалавеку выпаў лёс утапiцца, ён не задушыцца. Дазваляю назваць мяне фаталiстам. Адзiн раз. Дарую. Ёсьць лекары, сваякi, сьвятары. Хай ратуюць душу й цела. Некаторым зь iх за гэта грошы плоцяць. А я павiнен сям’ю кармiць. Дзецi-школьнiкi, жонка — вольны мастак бяз пэўных грошавых крынiцаў. Свайго хапае, пад самую плешку.

Хочаш пiсаць у часопiс? Пiшы. Ведаеш музыку? Любiш рок-н-рол? Джагер, Колiнз, Ленан, Плант? Выдатна. Буду рады прачытаць. Сказаў i забыў.

Але Ахром вярнуўся. Прыцёгся праз тыдзень з пакамечаным сшытачкам. Уладкаваўся ў фатэль, каля майго стала, чакаў, думаў — я адразу кiнуся чытаць ягонае шрайбаваньне. Дулю з макам. Прыходзь праз тыдзень. Будзе час — пагляджу тваю пiсанiну. Потым i пагаворым. Бай-бай! Пакры-ы-ыўдзiўся. Сыйшоў. Яны крыўдлiвыя, гэтыя маладыя аўтары рок-н-рольных нататак.

А мне чыхаць на iх крыўду ўсю. А мне пля-а-аваць на жорсткасьць сваю. Жорсткасьць ратуе. А калi ня жорсткасьць, дык прынцыповасьць выратоўвае. Сказаў? Паабяцаў? Зрабi! Прачытаў я нататку з пакамечанага сшытка. Слабiзна. Усе факты перацягнуты з часопiсу «Музычнае жыцьцё». Жыўцом навыскубаныя й сяк-так сфастрыгаваныя. Але, як на пачаткоўца, дык уежна.

Брату затэлефанаваў. Скажы свайму лабуху, каб зайшоў да мяне. Дарэчы, дзе ты яго выкалупаў?

Каля крамы «Фiлятэлiст». Прывалокся прадаваць дзедаў ордэн. У яго дзед энкавэдыстам быў, савецкую ўладу ўсталёўваў у Беларусi й Лiтве, нядаўна ў Троках памёр. Дык уяўляеш, Ахром папёрся да новай дзедавай жонкi ў Трокi, каб аддала ордэны. А яна яму. Ты да дзеда прыехаў? Вось i кацiся на могiлкi. Правы бок, трэцi рад, магiла каля плота. А гэты ордэн у першай жонкi, з часоў вайны захоўваўся. Ахром яго ўкраў i хацеў прадаць. А Калтовiч. Ведаеш Калтовiча?! Забраў. Ха-ха-хi. Мне стала шкада лабуха. Вось i пазнаёмiлiся.

Удакладняю. Калтовiч абрабаваў ня толькi Ахрома. Ён рабаваў усiх, хто трапляўся на шляху. Пасадзiлi. Праз тры гады Калтовiч вызвалiўся з турмы й абвясьцiў па Менску, што мае цяпер цэлае войска палонных i рабоў. Рубель — ня грошы. Калтовiч перабраўся ў Польшчу, дзе на лясных дарогах спыняў аўтобусы з турыстамi, зьбiраў падаткi. Беларускi Робiн Гуд.

Але жыцьцё — ня казка. Ня змог Калтовiч падзялiць нарабаванае памiж сваiмi палоннымi. Адзiн з рабоў стрэлiў з рэвальвэра ў левае вока атамана. Аман! Хай душа беларускага Робiна ня вельмi пакутуе ў пекле. Сьпi спакойна, спадар Калтовiч.

Кожнаму свой шлях. Адзiн крадзе ў сям’i дзедаву ўзнагароду, другi яе забiрае, трэцi спрабуе прымiрыць рабаўнiка са злодзеем. Марная справа.

Усё марная марнасьць, i ловы ветру, i стома духу.

Цi, як сьпяваў Морысан. Што яны ўтварылi з нашай зямлёю? Што яны зрабiлi з нашай сястрою? Спустошылi й абрабавалi, зрэзалi й скусалi, скалолi нажамi.

Жа-а-ах! Рукi апускаюцца.

Дарэчы, пра Морысана была напiсаная першая нататка аматара марыхуаны, Славы Ахроменкi, а па-сяброўску — Ахрома.

Руды. Два днi няголены. Вочкi мiтусьлiвыя, а калi вочы ў вочы — нежывыя, бо знарочыста станоўчыя. Пастава хранiчнага баязьлiўцы. Такi Ахром. А ходзiць так, нiбыта баiцца, што зямля пад нагамi вось-вось завiшчыць ад болю. На мяне наступi-i-iлi! I разам з тым Ахром не выклiкаў у мяне адмоўных пачуцьцяў, прынамсi спачатку.

Калi я сказаў, што згодны зь iм працаваць пры адной умове, Ахроменка пабажыўся. Забуду наркату! Далiбог, кiну палiць!

Што-што, а вось раздаваць абяцаньнi ён любiць. Абяцае ўсiм што заўгодна, калi заўгодна й колькi заўгодна. Ахром паталягаманюка. Змагацца з iлжывымi абяцаньнямi немагчыма. На адну хлусьню накладаецца наступная, да трэцяга падману дадаецца чацьверты, сам заблытваешся, нэрвуешся й нарэшце ненавiдзiш не падманшчыка, а самога сябе.

Найвялiкшая мана з боку Ахрома. У мяне бацькi няма. Толькi мама й бабуля, якiя жывуць у Гомлi.

Ахроменка — сiрата, яму трэба дапамагаць, яго трэба пашкадаваць i абласьцiць. А як жа ж?

Толькi празь пяць гадоў пасьля нашага знаёмства даведваюся, што ў Ахрома ёсьць бацька, якi жыве ў адным двары з мамай i бабуляй. У бацькi залатыя рукi, ён можа адрамантаваць, направiць, адладзiць усё на сьвеце — ад тэлекамбайна да мапэда. Праўда, ён п’е вiно й гарэлку штодня, таму з мамай яны разышлiся. Бывае. Часьцяком.

Якi ж ты сiрата, Слава Ахроменка? Просты! Сiрата па ўласным жаданьнi. Байструк дзеля выгоды. Як у песьнi. Сiраце паўсюль у нас дарогу, байструку павага й дапамога! Ня трэба быць Плятонам, каб скемiць: у чужым горадзе лепш назвацца байстрылам, чым сынам старшынi калгасу цi таго ж майстра на ўсе рукi. Сiрата можа папрасiць грошы ў пазыку. Не адмовiш.

Ахром пазычаў ня толькi рублi. Ён i ключы ад кватэры ў мяне выпрасiў, калi прачуў, што я зьяжджаю ў адпачынак разам зь сям’ёю. Даў. Канечне, пашкадаваў. Жонка дагэтуль не даравала Ахрому тры рэчы. Сапсаваў нямецкую друкарскую машынку «Эрыка». Падрапаў панiву з тэфлонавым пакрыцьцём, на якой можна было смажыць блiны без алею, тлушчу й сала. Можна было, пакуль Ахром не падсмажыў яйкi. Панiву падарыла жонцы цётка, даслала зь Вялiкага Макацялёма, няблiзкi сьвет — Мардовiя. А што Ахрому?.. Ён яшчэ i ўнiтаз пабiў, упусьцiў у чарупiну малаток.

Зрэшты, не сыйшоўся клiнам сьвет для мяне на гэтых унiтазе, панiве й машынцы «Эрыка». Будзе дзень, будзе й хлеб. Будзе хлеб, будзе й да хлеба.

Ахрома ня любiць тэхнiка. Яго не паважаюць рэчы. Гэта — найцiкавейшая адметнасьць Ахроменкавай асобы. Просьценькая шарыкавая асадка, патрапiўшы ў парослыя белымi валаскамi Слававы рукi, бунтуецца, пачынае цячы, пэцкаць у нязмыўную пасту ўсё чыста — паперу, стол, падлогу й рабацiнiсты нос няздары.

Неахайнасьць — вызначальная рыса Ахроменкавага аблiчча. Даводзiлася пасылаць. Слава, iдзi ў лазьню!

Не дапамагала. Крыўдаваў. Сыходзiў. Зьнiкаў. Прападаў. А калi вяртаўся, дык выгляд i пах прыносiў ранейшы.

О, саладжава-цьвiлы дух самотных мужчын! Мусiць, так патыхала ад пустэльнiкаў. Пэўна, такi смурод сыходзiў ад сьвятога Антонiя. Жах у тым, што смурод ты глынаеш нават ня хочучы. Нябожчыкi былi б не такiя страшныя, каб не даводзiлася ўсмоктваць у сябе часьцiнкi раскладзенага цела. Як разумею людзей, што ўлiваюць у горла паўшклянкi гарэлкi перад тым, як iсьцi на пахаваньне.

Пах самоты Ахром захаваў i пасьля ўласнага вясельля. Мусiць, таму, што жонку ўзяў наўзьдзiў адпаведную сабе — армянку Гулян, таўсташчокую, дзюбаносую, з вусамi. Гулян, як i Ахром, не галiлася. Яна й не выбельвала рэдзенькiя, чорныя, мяккiя вусiкi. Кажуць, вусатыя жанчыны вельмi тэмпэрамэнтныя, палкiя, гарачыя. А што iм застаецца гаварыць?

Чорт зь iмi. Вусатыя дзеўкi мяне таксама вабiлi.

Не пра эротыку гаворка.

Пра Ахрома. Пры ўсiм тым ён — творца, мастак. Хто можа быць цiкавейшы за чалавека апошняй у сьвеце вольнай прафэсii? Няма ў яго грошай, апранаецца, як Бог дасьць, пахне не пранцускiм адэкалёнам. Адкiнем умоўнасьцi, палонных i рабоў. Ахром — вольны чалавек. Захацеў — прыйшоў, не пажадаў — лёг спаць. З Ахроменкам цяжка дамаўляцца, можа падмануць. Толькi лёгка дамаўляцца з чалавекам, якi ня носiць уласных думак, якому ў галаву ня прыйдзе паразважаць, падумаць i перадумаць. А мастак? Ён можа й адаслаць куды найдалей. Ненадзейныя людзi — творцы. Неспакойныя, неўраўнаважаныя, нахабныя. Лезуць, шчэмяцца, цiкавяцца. Iх гоняць, iх зьневажаюць, крыўдзяць, б’юць.

Вось i з Ахромам выйшла непрыемнасьць, празь лiшнюю цiкаўнасьць.

Прыйшоў, сеў у фатэль, нагу на нагу закiнуў i кажа. Я для вашага часопiсу пра рок-н-рол пiшу? Пра Джагера, Планта й Колiнза накрэмзаў. Правiльна?

Маўчу, чакаю. Ахром ня толькi пра рокераў нашрайбаў. Ён даволi разумна выпiсаў эсэ пра кiч-культуру, з прытоеным снабiзмам пазьдзекваўся з аматараў канiбальскiх застольляў, калi ядуцца тарты, выпечаныя ў выглядзе чалавечых рук i галоў. Дый пра хiповы камунiзм, з распуснымi летнiкамi, у Ахрома атрымаўся добры нарыс.

А рок-н-рол здох! Нарадзiўся ў сутарэньнях, выпаўз, павесялiў падлеткаў на стадыёнах, запоўз назад пад скляпеньнi дый сканаў. Што яшчэ пра яго пiсаць? Згасьлi зоркi. Мне нецiкава, колькi ў каго засталося дзяцей ад першай i пятай жонкi. Мяняю тэму. Буду шукаць гандляроў наркотыкамi. Змагацца з наркамафiяй. Хi-лi. Сур’ёзна! Ёсьць хлопчык у Санкт-Пецярбургу. Выведзе на аптавiкоў. А далей глядзецьму.

Аглядайся! На твой труп глядзецьмуць усе, акрамя цябе самога.

Да трупаў ня дойдзе. Дамоўлюся. Толькi камянi ня могуць паразумецца.

А я супраць. Ня мой аддзел, не мая парафiя. У Менску. Дый у Менску нiхто цябе баранiць ня будзе. А ў Пiцеры без страхоўкi лезьцi да наркаманаў i наркабiзнэсмэнаў — iдыятызм.

А Вы баiцёся за мяне?

Сумеўся. Ну, чаго перажываць за байструка Славу Ахроменку? Хоча даць нырца ў ледзяную палонку? Хоча стаць пiянэрам-героем у мiрны час? Сьцяг у рукi. Багнет на бэронь, тшэба крвi! А вось i заперажываў, забаяўся, спалохаўся грэх на душу браць. Заб’юць байстручка Ахроменку, вiнаваты буду. Ня вымалю ў Бога дараваньняў.

Не паслухаўся Ахром. Зьехаў i прапаў.

Да Ахромавых зьнiкненьняў я прывык, як i да бясконцых падманаў. Цi першы раз прападае?! Сто першы! I як чалавеку не прападаць, калi ў яго жонка армянка, а ў Закаўказьзi раскруцiлася шырокамаштабная армяна-азэрбайджанская бойня? Каб мне сказалi: Ахром возiць зброю й наркотыкi ў Карабах — зрабiў бы зьдзiўлены твар. Бо нашто, скажы, цягнуць жонку з гадавалым сынам Глебам у зруйнаваны грамадзянскай ды расейска-грузiнскай вайною Тбiлiсi? Якая выгода?

Там у Гуляны заможныя сваякi. У яе дзядзькi Гарыка ўласная фабрыка шкарпэтак. Хай Глеб у яго пажыве, пакуль Гуляна здасьць iспыты ў Ерэванскай кансэрваторыi. Ахромавы аргумэнты i выгоды.

I потым зьяўляецца ў тыднёвiку «Творчасьць» эсэ Ахроменкi пра грузiнскi шавiнiзм i ўцiск армянаў у Тбiлiсi. Спадзяюся: батоны Гамсахурдзiя з таварышам Шэварднадзэ не чытаюць па-беларуску й нiколi не даведаюцца пра армянскiя настроi змагара Ахроменкi. Разумееш? Гарачая кроў. Закладнiкi. Кiнжалы.

Беларусу няма чаго рабiць на каўкаскiх франтах! Нават урад Беларусi гэта ўцямiў. А небараку Ахрома сумненьнi апаноўваюць.

Ён усё перавозiў i перавозiў жонку з сынам цi то з Тбiлiсi ў Ерэван, цi то зь Ерэвана ў Тбiлiсi. Геаграфiя перавозак усё пашыралася й пашыралася:Тбiлiсi–Растоў–Ялта–Менск–Ерэван–Краснадар–Харкаў–Гомель. Дзiўлюся: Ахром нiводнага разу не завiтаў у Вялiкi Макацялём. Цi там захалодна асобам каўкаскiх нацыянальнасьцяў? Не-е-е. Армяне, як i габрэi, раскiданы па сьвеце. Я ў гэтым меў гонар пераканацца.

У рэдакцыi, на сваiм рабочым стале знаходжу рэдакцыйны блянк, запраўлены ў адрамантаваную «Эрыку». На блянку чарнее наступнае:

«Шаноўны спадар Данчык! Рады вiтаць Вас. Дзякуй за дасланы лiст, якiм Вы адгукнулiся на высланыя рэдакцыяй часопiсы. Шчыра парадаваўся, што надрукаваны плякат з Вашым аблiччам прыйшоўся даспадобы. Мяркую й надалей зьмяшчаць на старонках свайго выданьня матэрыялы пра Вашую творчасьць. Яшчэ раз велiзарны дзякуй!

А яшчэ, спадар Данчык, маю да Вас маленькую справу. У ЗША едзе мой далёкi сваяк, вельмi добры чалавек — Гарык Атруцян. Дапамажыце, калi Вам няцяжка, яму ў першыя два-тры тыднi. Калi ласка, буду вельмi й вельмi ўдзячны.

Заўсёды прыхiльнiк Вашага вялiкага таленту. Адам Глёбус.»

Ну, Ахром. Ну, сьмярдзючы пацук. Мала таго, што я ў Пiцерскi рок-клюб не магу зайсьцi, бо, выклянчыўшы ў мяне рэдакцыйнае пасьведчаньне, ён туды зьезьдзiў i ўсiм Шаўчукам, Грабеншчыковым i Кiнчавым сказаў, што яны казлы. Ад майго iмя, вядома. Ну, дык Расею так i трэба называць. Толькi ад свайго iмя. А тут эмiгранты i армяне. Ну, якiя ў мяне сваякi армяне? Якi такi шкарпэтнiк Гарык Атруцян запiсаўся ў мае дзядзькi?

Раззлаваўся. Разьюшыўся. Азьлiўся.

У мяне зь беларускай эмiграцыяй адносiны нiякiя: я iх ня ведаю, i яны маёй асобаю мала цiкавяцца. А тут сьлюнявы, саладжавы, лiсьлiвы лiст да сьпевака Данчыка. Нонсэнс.

Як жа ня любiць Ахрома тэхнiка! Гэта ж трэба, каб так закладала, выдала, застукала з вантробамi простая друкарская машынка. Каля якой ляжаў яшчэ адзiн лiст.

«Добры дзень, Гарык Гамлетавiч!

У ЗША жыве адзiн беларускi сьпевачок па мянушцы Данчык. Сьпяваць ён ня ўмее, галёкае, што завадная машынка. Але справа ня ў тым. Данчык працуе ў банку загадчыкам аддзелу кадраў. На сваёй працы ён — Багдан Андрусiшын. Банк месьцiцца ў Нью-Ёрку. Разумееце? Дасылаю Вам ягоную вiзытоўку. А яму — лiст з просьбаю сустрэць Вас i дапамагчы як сваяку паэта Адама Глёбуса. Спадзяюся, Вам прыдасца такое знаёмства.

Прывiтаньне ад Гуляны й Глеба. Слава.»

Падраў я лiсты разам з Данчыкавай вiзытоўкаю.

Калi беластоцкiя беларусы паскардзiлiся мне на Ахрома: ён падманам празь iх зрабiў трыццаць выклiкаў i запрашэньняў у Польшчу розным Гарыкам, Армэнам дый Гамлетам — я ня даў веры. Колькасьць уразiла. Адзiн, два, тры. Давялося паверыць. Адзiн-тры накiравалiся ў ЗША, а ў ПНР Ахром выправiў тры дзясяткi закаўказцаў.

Насварыўся моцна на Ахроменку, налаяўся, наабражаў — армянскi зяць, iлжывы нахабнiк, наркот.

Некалькi месяцаў не аказваўся, потым тэлефануе й набiваецца ў госьцi. Прыпёрся Ахром з бутэлькай гарэлкi, з доўгiм i нудным плачам пра цяжкое жыцьцё армянскага народу й кароткiм аповедам пра свой арышт у тбiлiскiм аэрапорце.

З Тбiлiсi Ахром прывёз адзiн варты згадкi вобраз.

Сяджу на гаўбцы й бачу: з аднаго боку двара мужчына выбiвае кiлiм: бух-бух-бух, а ў другiм баку хлопец вучыцца страляць: тхрах-тхрах-тхрах. Музыка Тбiлiсi, 1992 год.

У аэрапорце Тбiлiсi Ахрома затрымалi грузiнскiя баевiкi — п’яныя, абкураныя марыхуанай, шаснаццацiгадовыя бэйбусы з аўтаматамi й штых-нажамi. Бэйбусы спадзявалiся, што Ахром — чачэн па нацыянальнасьцi, i яго можна будзе ўзяць закладнiкам, каб пазьней абмяняць на што вартае ў генэрала Джахара Дудаева. Якое ж iх спасьцiгла расчараваньне!

Беларус! Гэта ж чалавек без нацыянальнасьцi — беларус!

Памятаеш. Калi на апошнiм зьезьдзе дэпутатаў Вярхоўнага Савету СССР абiралi старшыню камiтэту па нацыянальных пытаньнях, прагучала прапанова вылучыць чалавека без нацыянальнасьцi. Я па наiўнасьцi думаў, спадзяваўся, марыў, што габрэя абяруць. У СССР габрэi былi людзьмi без нацыянальнасьцi, касмапалiтамi, савецкiмi чалавекамi. Трасцы! Вылучыўся й абраўся беларус. Нейкi Таразевiч. Вось i маем.

Адзiная карысьць ад беларускасьцi — баевiкi адпусьцiлi Ахрома на ўсе чатыры бакi.

Беларус — неканвэртаваная нацыянальнасьць. Беларусы не абменьваюцца, нi на грузiнаў, нi на мардвiнаў зь Вялiкага Макацялёма.

Ахром вярнуўся ў Менск жывы й нездаровы. Пасьля арышту пачаўся распад асобы.

Ахроменка наняўся працаваць целаахоўнiкам да вiетнамскае прынцэсы. Тая займалася ў кансэрваторыi, а ў вольныя нядзелi гандлявала на кiрмашы рознай драбязою: адэкалёнамi, духамi i газавымi балёнчыкамi. У абавязкi Ахрома ўваходзiла стаяньне побач з прынцэсаю й пакручваньне ў руках газавага балёнчыка. Як ён не спаралiзаваў прынцэсу газам з балёнчыка, не ўяўляю. Хiба што Ахром дэманстраваў на стадыёне «Дынама», дзе атабарыўся рэчавы гандаль, пусты вычханы балёнчык. За дзень стаяньня Ахроменка атрымлiваў пяць даляраў ЗША. Ён казаў — дзесяць. Ня веру. Нельга яму верыць нi на талер, нi на шэлег, нi на беларускi рубель.

Сумна, але Ахрому не давяралi i ў рэдакцыi тыднёвiка «Творчасьць», дзе ён меў гонар працаваць адказным сакратаром.

З дня нашага знаёмства Ахроменка пачаў рабiць сякую-такую журналiсцкую кар’еру. I зрабiў. Ад лiтсупрацоўнiка ў часопiсе для лiцэiстаў «Малады дубок» ён дапхнуўся да пасады сакратара.

Працу Ахром не любiў i не шанаваў — замiнала прападаць, перашкаджала падарожжам, перавозкам, вольнаму жыцьцю. Даводзiлася апраўдвацца, хлусiць, выдумляць. Фантазiя й вынаходнiцтва ў такiх выпадках пакiдалi Ахромаву нячэсаную галаву. Ягоныя сваякi хварэлi выключна на рак. У бабулi рак еў страўнiк, у мамы рак убiўся ў падстраўнiкавую залозу, цесьць пакутаваў з ракам мачавога пухiра, а ў цешчы рак узьнiк у мазгах. На рак не хварэў хiба што дзядзька Гарык Атруцян, мусiць, не было калi, бо маладое армянскае войска мела патрэбу ў шкарпэтках.

Кар’еру Ахром скасаваў уласнаруч. Не адразу, а ў два захады. Па-першае, нашрайбаў зласьлiвую заяву на iмя рэдактрэсы тыднёвiка «Творчасьць», дзе абвяшчаў, што не жадае больш займацца гаспадарчымi пытаньнямi: даставаць унiтазы, вазiць газэтную й прыбiральную паперу ды шукаць дыскеты да кампутараў — а хоча выконваць абавязкi простага беларускага публiцыста.

Ня ведаю, якiя ўнiтазы Ахром змог дастаць для патрэб рэдакцыйнага калектыву «Творчасьцi», а пабiты iм у маёй кватэры я замянiў сам.

Ахрома панiзiлi, улiчылi пажаданьнi й перавялi ў аддзел iнфармацыi. Горшых месцаў у газэтах не бывае. Зрэшты, як каму. Ахрому здавалася — ён, нарэшце, атрымаў тое, што хацеў. Якраз тады яму пашанцавала зьняць на заробленыя ад вiетнамскай прынцэсы даляры аднапакаёвую кватэру амаль у цэнтры Менску, куды ён i перавёз з Тбiлiсi жонку Гуляну i сына Глеба.

I тут, на самай вяршынi самаўпэўненасьцi, Ахрома напаткала неспадзеўка. Ён ледзь не забiў жонку.

Пустая кватэра. Трэба мэбля. Грошай бракуе. Можна й накрасьцi мэблi. Маладая беларуска-армянская сям’я вырашыла пазычыць мэблю ў родным iнтэрнаце кансэрваторыi. Ложак, крэслы й тумбачку спускалi на вяроўцы з другога паверху. Вузлы разьвязалiся. Кажу — ня любяць тэхнiчныя прылады Славу Ахроменку. Тумбачка абрынулася на твар Гуляны. Яна якраз галаву ўзьняла. Цi хутка спусьцiцца? Тыднi тры Ахромава жонка не выходзiла на вулiцу. Куды ты пойдзеш з вусатым сiнiм тварам? Але тое — першы ўдар па Ахроменкавай iнтэрнацыянальнай сям’i.

Другi высьпятак Ахром атрымаў ад рэдакцыйнага кампутара, на якiм набiраў вечарамi свой зборнiк культуралягiчных эсэйчыкаў. Калi супрацоўнiкi тыднёвiка сабралiся макетаваць чарговы нумар «Творчасьцi», высьветлiлася — машына забылася ўсе рэдакцыйныя тэксты. На шматлiкiя запыты яна паказала на экране толькi засыпаныя артаграфiчнымi памылкамi опусы спадара Ахроменкi. Знэрваваная рэдактрэса закрычала. За такiя штукi, Слава, бяруць за каршэль i выкiдаюць прэч!

Запсiхаваў i Ахром. Сьлiмакi, смаўжы, земнаводныя! Ведаць Вас не жадаю! А сьмярдзючую «Творчасьць» у рукi больш не вазьму! Уцёк. Выпарыўся. Прапаў.

ГУЛЯНА МНЕ ПАТЭЛЕФАНАВАЛА. ШУКАЮ, НЕПАКОЮСЯ.

А я адкуль ведаю?

Ён Вас паважае. Скажыце яму, каб не падманваў. Ён усiх падманвае. Ад гэтага яшчэ горш робiцца.

Скажу!

Усплыў Ахром. Матэрыялiзаваўся. Растлумачыў. Быў дома, у Гомлi, хварэў, эпiдэмiя, грып. Добра, што ня рак.

А ў Менску Ахрома падпiльноўвала бяда.

Я здагадваўся: здарыцца падобны эпiзод у Ахроменкавым жыцьцi, але казаць пра яго не казаў. Хопiць, адзiн раз папярэджваў, калi ён намерыўся выкрыць расейскую наркамафiю. Чым скончылася? Не забiлi, а маглi.

Прыпёрся Ахром у Санкт-Пецярбург i завалiўся да знаёмага, зь якiм раней марыхуанай папыхваў. Хочаш паглядзець на аптавiка? Калi ласка, няма пытаньняў, заўтра на кiрмашы пакажу. Паказаў i сказаў. Нi ты мяне, Ахром, нiколi ня ведаў, нi я цябе нi разу ў вочы ня бачыў! Бывай! Аптавiк трапiўся лагодны й памяркоўны, прынамсi, зьнешне. Паабяцаў расказаць, калi без магнiтафонаў i пратаколаў, шмат цiкавага i прызначыў сустрэчу. Не падмануў. Сустрэча адбылася. Толькi аптавiк не зьявiўся, iншыя прыйшлi, нелагодныя й негаваркiя. Зацягнулi Ахрома ў пусты дом, у сутарэньнi, i бiлi тварам аб цагляную сьцяну. Такi сыграўся рок-н-кроў. Шапку й марынарку парвалi знарок. А на разьвiтаньне прабрахалi. У Пiцеры ты — труп. У цябе адна гадзiна. Ахром патэлефанаваў мне з гатэлю. Баяўся. Заб’юць, заб’юць. Я параiў купiць шампанскага й гарэлкi ды прыляпiцца на ўсю ноч, да адыходу цягнiка, да пакаёўкi-прасталыткi. Ня ведаю, цi паслухаў ён мяне.

Сам Ахром любiць падкрэсьлiць. Нi разу ня здрадзiў Гуляне.

А яна яго кiнула. Забрала сына Глеба i зьехала да бацькi ў курортны горад Ялту. Ты ж мне, Славушок, нi яхты, нi вiлы, нi падарожжа ў Эгiпет не падорыш? Не? Не! Дык якога ражна мне з табою трахацца?

Ахром запiў па-чорнаму, без выходных дзён.

Гуляна ўцякла. Ён павалокся ў бар. Знайшлiся знаёмыя. Пiлi. Цемрадзь.

Ахрома знайшлi сабутэльнiкi — непрытомнага на падлозе ў ванным пакоi. Ён ня помнiць, як зьеў паўсотнi таблетак. Ня памятае, як перарэзаў вены на абедзьвюх руках iржавым лязом. Соннае не спрацавала — таблеткi старыя. Вены парэзаў не глыбока — лязо тупое. Выратавалi. Выцягнулi назад у жыцьцё.

Нашто?. Ён i мяне спытае.

А я нi сном, нi духам.

Мяне паклiча Ахроменкава мама. Патэлефануе, раскажа, папросiць зайсьцi i ўгаварыць Славачку паехаць зь ёй у Гомель.

Затэлефаную брату. Твой Ахром. Ён такi ж мой, як i твой. Не перажывай. Мала сваiх праблемаў? Не хадзi.

Не паважаю Ахроменку й нiколi не паважаў. Павага вымагае пасьлядоўнасьцi й розуму. Трэба ведаць, за што паважаць. Люблю Ахрома. А калi любiш, дык i нiчога ня трэба, толькi як паклiчуць, зайсьцi. Завiтаць, каб убачыць непрыбраны пакой зь незапраўленым ложкам, на якiм будзе ляжаць паўжывы чалавек з апухлым, азызлым, чужым тварам. На падлозе будзе стаяць брудны посуд з запляванымi недакуркамi. Паўжывы будзе палiць танную, пляскатую, сьмярдзючую цыгарку й страсаць попел на рудыя прасьцiрадлы. А ты будзеш сядзець побач на хiсткiм крадзеным крэсьле й думаць. Ад любовi да нянавiсьцi адзiн крок, якi трэба зрабiць.

Пад вакном стрэляць. Раз. Другi. Трэцi.

Жаданьнi зьменяцца.

Ракаў. Люты 1993 году

Аўтапартрэт з разьбітым носам


Люблю стрыгчыся нагала. Каб нi валасiнкi не заставалася. Каб прыгожыя акуратныя вушы паўставалi ва ўсёй далiкатнай вытанчанасьцi.

І хай шаноўныя сябры й сяброўкi не выказваюць захапленьня арыйскiм чэрапам, я, нiкога ня слухаючы, час ад часу буду стрыгчыся пад самы нуль. І не таму, што баюся аблысець цi

з-за кепскiх рэдзенькiх валасоў. Не. У мяне выдатны, густы, сьветлы чуб. Валасы крышку падвiваюцца i, калi адпусьцiць па плечы, дык вакол твара будуць пакалыхвацца дзюрэраўскiя хвалiстыя кудзеры.

Так звычайна пачынаюць маляваць фотаробат злачынцы. Спачатку валасы, потым абрыс твару, у iм акрэсьлiваюць вусны й нос, а заканчваюць вачыма дый асаблiвымi прыкметамi.

У мяне ёсьць адметнасьць: невялiчкая, бляклая татуiроўка. Яна хаваецца ў майтках. Пад маiм пупком вырасла ружа, зусiм маленечкая сiняя кветка. Вельмi яе люблю. Сур’ёзна. Хто ня ведае, дык ня ўявiць, як балюча рабiць наколку на чульлiвым месцы. На плечуку можна спакойна выбiць сто розных плеўчатакрылых драконаў. А на самым нiзе жывата пакуль зробiш абрыс кволенькай кветачкi, ледзь не сканаеш. Боль пякельны.

Калi на тым сьвеце чэрцi дазволяць мне працаваць у пекле, усiм грэшнiкам параблю наколкi на эрагенных зонах. Яны пакайфуюць, яны пасiнеюць ад радасьцi. Зраблю начальнiцкi твар i скажу: «Гэта вам, гады печаныя, за грахi гнюсныя, недаравальныя й сьмяротныя!»

У мяне вельмi сур’ёзны абрыс твару, зь цяжкой нiжняй скiвiцаю. Валявы, мужны лiк з нармальна пакрыўленым носам, якi паправiлi ў бойцы. І не на спартовай пляцоўцы ў рэглямэнтаваным двубоi, а ў вулiчнай сутычцы, калi двое двуногiх ня могуць мiрна гаманiць. На цьвярозую галаву выдатна разумею, што ня трэба зьневажаць, абражаць i крыўдзiць чалавека, таго самага двуногага бязь пёраў, з пляскатымi пазногцямi. А таксама ня варта абражацца й крыўдзiцца самому. Ну каму трэба свая, а тым больш чужая крыўда зь бядотамi? Ясьней яснага — нiкому.

Толькi розум не заўсёды бывае ў разважлiвым i памяркоўным стане, асаблiва калi ў страўнiк залiлося трыста грамаў гарэлкi. Тады, пад узьдзеяньнем вiннага духу, у маiм дасканалым чэрапе адбываюцца неверагодныя рэчы. У адно iмгненьне з добрага, сьцiплага, разумнага ператвараюся, пераўвасоблiваюся ў жорсткага, злоснага, разьюшанага бандзюгу. З разяўленага рота лiецца лаянка, сыплецца брэх, вылятаюць праклёны, а кулакi крышаць усялякiя перашкоды. Чорт ведае што творыцца. Жах!

А нос ламаўся так... Спачатку я цiхенька выпiў у кавярнi «Брыганцiна», i не за столiкам, а стоячы ў бары. Прыняў няшмат, грамаў сто. Пiў з Уладзiмерам, былым аднакурсьнiкам па мастацкiм iнстытуце.

У горадзе панаваў добры настрой — сонца красавiцкае прыгрэла, зiма скончылася й сышла. Можна не зашпiляць палiто, хадзiць расхрыстаным i прыставаць да дзяўчатак. Пад такi настрой першыя сто грамаў заходзяць лёгка, як шып пад скуру. І ня думаеш, што стрэмку давядзецца выкалупваць, разьдзiраючы ранку iголкаю ды пiнцэтам.

Мы выйшлi зь цемнаватай, прапахлай рыбнымi стравамi «Брыганцiны» й крочылi ў бок пляцу Перамогi i адзiн адному расказвалi пра ўласную мастакоўскую генiяльнасьць.

Вельмi дарэчы нам трапiўся каля кавярнi «Бярозка» яшчэ адзiн генiй канцэптуальнага жывапiсу — Ігар. У краме закупiлася таннае вiно й сыр з хлебам. У Ігаравай майстэрнi вiно выпiлася, а сыр разам з хлебам зьеўся дарэшты.

Мы паразглядалi Ігаравы палотны. Мы паразважалi пра нетры лiрычнага абстракцыянiзму й ягоную неацэнную ролю ў маскавальнай афарбоўцы вайсковай тэхнiкi. Мы паўзгадвалi вясёлыя часы мастацкага iнстытуту. Мы ап’янелi i, пахiстваючыся, выйшлi на двор.

Я з Уладзiмерам пайшоў у адзiн бок. Сьветлабароды Ігар накiраваўся ў другi. Ігара, ён прызнаўся, чакала нявеста з ласкавым прозьвiшчам Бажок. Ігара, ён сказаў, чакала жанчына. А мяне з Уладзiмерам падпiльноўвала зусiм iншая сустрэча.

Мы кiравалiся на тралейбусны прыпынак, а на шляху, каля таксафоннай кабiнкi, таўклiся хлопцы — два большыя й меншы. Вялiкiя навiсалi над малым, так перуновыя хмары навiсаюць над лясным спакойным азярцом. «Бiць будуць!» — сказаў я Ўладзiмеру, i той пагадзiўся.

У п’янога мужчыны сьмеласьцi поўныя кiшэнi. І я ў шэрым расшпiленым палiтоне падляцеў да агрэсiўных асiлкаў i нагадаў, што крыўдзiць меншых, слабейшых, адзiнокiх — малапачэсны й зусiм ня рыцарскi занятак. Большыя пагадзiлiся й прапанавалi забраць на доўгую памяць меншага. Яны сыйшлi, пасьмяяўшыся на разьвiтаньне i прадэманстраваўшы ў знак прымiрэньня выдатныя, буйныя, чыстыя зубы.

Мы ўтрох засталiся стаяць. І тут выратаваны чалавек дастаў з кiшэнi правую руку. На ёй зьзяў выдатны сталёвы кастэт з чатырохкантовымi шыпамi. «Дарма ўлезьлi, я б iм зараз морды паразрываў. Паглядзi, якая цацка! Адзiн раз шваркнеш, i на ўсё жыцьцё памятка будзе! А вы ня ў час прысунулiся». Мярзотны тварык зморшчыўся, хлопец чыхнуў.

Я з Уладзiмерам перамiргнуўся — пара сыходзiць. Вельмi разумная была думка — пацiху дыстанцыявацца ад уладальнiка халоднай зброi. Толькi сыйсьцi не пасьпелi, хлопец учапiўся ў маё рукаво й горача зашаптаў пра ўласную злосную жонку, у якой ёсьць прыхаваная пляшка гарэлкi. Хлопец паабяцаў, што калi зойдзем да яго ў госьцi, гарэлка абавязкова выставiцца са схованкi на пачастунак.

Жыў ён тут жа ж, на пляцы Перамогi, у доме з хлебнай крамаю. Мы ўзьнялiся на трэцi паверх. Хлопец пазванiў. За дзьвярыма пачулася асьцярожнае шапаценьне. Нехта зiрнуў у вочка i зацiх. Хлопец званiў яшчэ разы са тры. Пакуль за дзьвярыма ня ўсчалася лаянка, якую сыпала й сыпала нябачная гiстэрычка. Яна прапаноўвала як мага хутчэй сыйсьцi ад кватэры, iнакш выклiчацца мiлiцыя, i нам гарантавана затрыманьне i пятнаццаць сутак зьняволеньня. На яе лаянку хлопец адказаў такiм жа ж разьюшаным брэхам. Яны лямантавалi на ўвесь пад’езд, на ўвесь дом, на ўвесь пляц Перамогi над фашызмам. У мяне не ўзьнiкала й ценю сумненьня, што сварацца блiзкiя людзi. Родная кроў ёсьць родная кроў. Яна праявiцца, як нi хавайся за дзьвярыма.

Раптам брахуны сьцiхлi. І я так зьдзiвiўся цiшынi, што ня думаючы спытаўся: «Што ты за чалавек, калi цябе не пускаюць ва ўласную кватэру?» «Паўтары!» — запатрабаваў крыкун з кастэтам. А мне было пляваць на зброю, на ганарыстасьць i на гiстэрычку за дзьвярыма, таму пытаньне паўтарылася. У п’янога мужчыны сьмеласьцi поўныя закарвашы. Хлопец спакойненька прапанаваў пабiцца ў двары. Яму было наканавана пабiцца. І я дарма адстойваў маральнасьць каля аблушчаных таксафонаў. Каб ведаў, дзе ўпадзеш, дык падсьцялiў бы паралёну. А так — давялося выходзiць у начны двор i змагацца.

Уладзiмер спрабаваў нас мiрыць. Ён станавiўся памiж намi, але своечасова зразумеў: двое дурняў перамогуць аднаго разумнага. Уладзiмер адыйшоў у цемру й закурыў.

Няпушчаны дамоў паскуднiк прапанаваў ударыць яго па мордзе. Я ня з тых, каго падоўгу ўгаворваюць. Я шаснуў правай пад левае вока. Ён упаў. Ускочыў. Выхапiў кастэт. І пайшоў на мяне, нiбыта ня ведаў, што трупну ў пысу. Яму давялося зноў уставаць i пачынаць бойку. Толькi маё трываньне, мой добры настрой, мае чалавекалюбскiя намеры выветрылiся, як клубы тытунёвага дыму з альтанкi ў ветраны вечар. Я зьбiў паскуднiка з ног. Я прыцiснуў каленам да асфальту руку з кастэтам i кулаком растоўк азьвярэлы тварок. А потым устаў i пайшоў празь цiхi двор у бок парку культуры i адпачынку iмя Горкага.

«Мянты!» — дагнаў мяне Ўладзiмераў вокрык. Раптоўны страх шылам працяў нутро, нават сiнiя пялёсткi ледзь не абляцелi з таемнай вытатуяванай ружачкi. Разьвярнуўшыся на сто восемдзесят, я пабег. Ляцеў, ледзь кранаючыся зямлi, перамяшчаўся ў прасторы велiзарнымi скачкамi. Адно з прызямленьняў трапiлася якраз каля нерухомага цела. Я зачапiўся за паскуднiка. Упаў на рукi й садраў скуру з далоняў. Рукi трапiлi на вадасьцёкавы люк, а вось тварам я рэзнуўся аб высокую броўку. Нос развалiўся, разьлезся й размазаўся па твары, як печаны яблык. Давялося згрэбсьцi ў жменю тое, што было арыйскiм носам, i спытаць Уладзiмера, выплёўваючы кроў: «Што рабiць?» Той прытупнуў на адным месцы так, нiбыта да сьмерцi хацеў у прыбiральню. З захлёбiстых рэплiк вынiкала адно — трэба ўцякаць.

Зь цёмнага двара мы выскачылi на сьветлы пляц Перамогi ў другой сусьветнай вайне, прагарцавалi мiма газавай гарэлкi вечнага агню й пабеглi да таксовачнага прыпынку, дзе гула вялiкая чарга прагнаных з рэстарацыi веселуноў.

Тут сiлы й пакiнулi мяне. Душа вылецела зь цела. Яна зь цiкавасьцю назiрала, як я ў залiтым крывёю палiтоне пахiстваючыся падыйшоў да сьметнiцы й прысеў. Душа, пэўна, дзеля шкадобы вярнулася.

Жахлiва забалеў раскроены нос.

Падыйшла таксоўка. Уладзiмер у двух словах распавёў чарзе, што нас пабiлi бандыты, а цяпер за намi гонiцца мiлiцыя. Народ зразумеў. Народ у роўнай ступенi ня любiць i тых, хто парушае парадак, i тых, хто наводзiць. Таксоўшчык паставiўся да маёй разьбiтай морды са спачуваньнем i даў газэту «Зьвязда», каб кроў ня капала на сядзеньнi. «Мне ж яшчэ цэлую ноч катацца!» Яго можна зразумець.

Усiх можна зразумець.

І маю жонку варта зразумець, яна крычала й парывалася выклiкаць дактароў. Уладзiмера трэба зразумець, ён нават не заходзiў у кватэру й зьехаў дамоў на той самай таксоўцы, на якой прыехаў. Суседку таксама пажадана зразумець, старую пабiтую хваробамi й бяссоньнем, яна грукала ў сьцяну, маўляў, гадзiна ночы i паводзьце сябе прыстойна цi хоць бы цiха. Усё зразумела.

А я, дарэчы, паводзiў сябе цiха, мiрна. Памыў халоднай вадою галаву разам з тварам i разваленым носам. Потым як мог, так i зьляпiў пальцамi родны, гарачы, змучаны нос. Тое, што атрымалася, замазаў сьлiнаю з чорным мумiём, а наверх начапiў плястырную стужку.

Ламаньне носа запамiнаецца на ўсё астатняе жыцьцё.

Асаблiва помнiцца ранiца. Пахмельнага сындрому не было, галава не балела, не хiстала й пiва не хацелася. Было значна горш. Я памiраў ад жаху, бо набраў у галаву дурных думак. І адкуль толькi ўзялося перакананьне, што паскуднiк са сталёвым кастэтам здох. Што, б’ючы, не заўважыў, як забiў, як забраў жыцьцё ў чалавека. Чорныя ўяўленьнi абступiлi сьвядомасьць, як варожае войска, што закальцоўвае горад у аблогу. Я пацiху шалеў i звар’яцеў бы канчаткова, каб не затэлефанаваў мiлiцыянту Паўлу. «А, як хвост прыцiсьне, так да палiцыянтаў прыпаўзе!» Я згодны быў слухаць i горшае, каб толькi прасьвятлiць наступствы начнога здарэньня.

«Трупаў з раёну пляцу Перамогi ў моргах не зарэгiстравалi. Скаргаў на бандытаў, што дэбашырылi каля хлебнай крамы, нiхто не пiсаў». Я сядзеў на падлозе, слухаў Паўлаў голас i кайфаваў.

«Як мала чалавеку трэба для задавальненьня!» — сказаў я тады люстэрку, зь якога пазiрала бяскроўная, мучнiстая маска з бэзавымi мяшкамi пад вачыма.

Палiтон вельмi лёгка адмыўся. Я апрануўся й пайшоў гуляць па горадзе. Засунуў рукi ў кiшэнi i шпацыраваў. Я быў найшчасьлiвейшым зь людзей. Сiняя ружачка распусьцiла ўсе свае пялёсткi, лiсточкi й шыпы. Сустрэчныя ўсьмiхалiся. Мой выгляд сьмяшыў i ўвадначасьсе выклiкаў спачуваньне. І я, канечне, не пайшоў да доктара, каб ня чуць дурных пытаньняў... «А хто гэта Вас так апрацаваў? А цi ня хочаце напiсаць заяву ў праваахоўныя ворганы?» І на працу, у свае родныя камiсiйныя крамы, не пайшоў.

І не маляваў шыльдачак. «Не аформленае», «Прададзенае», «М» i «Ж».

Прагуляў дзень навылёт i не шкадую. А на вечную памяць пра шчасьлiвы вясновы настрой застаўся шнар на крываватым носе.

Вось так пацiху намаляваўся аўтапартрэт. Звычайная, шэранькая, можна сказаць, зьнешнасьць. Колер маiх сьветлых вачэй таксама шэра-блакiтны. Але я не саромеюся ўласнай зьнешнасьцi.

Мастак Ігар аднойчы сказаў, што ў мяне вельмi паэтычная хада. Толькi гэта няпраўда, бо крок у мяне цяжкi, самаўпэўнены, мiлiцыянцкi. Калi iду, дык здалёк вiдаць, што дарогi не саступлю.

Менск. Жнiвень 1995 году

Вяртаньне ў Ерусалім


А то ня ведаю, што па-беларуску — Мiхась. Каб ён быў беларус, назваў бы Мiхасём. А ён па мацi й па бацьку габрэй. Адпаведна — Мойша. Звычайнае, простае, усходняе iмя, ня лепшае й ня горшае за Саламона цi Саўку. З iмем Мойша ён цяпер, пэўна, стаiць перад вялiкiм габрэйскiм Богам. Так павiнна было стацца. Толькi ў Менску Мойша называў сябе Мiша. Сьцiпла, традыцыйна, зь цеплынёю, так называюць цацачных мядзьведзяў. Вочы Мiша меў цёмныя зь лiлёвым адлiвам, як у дарагой мяккай, футравай лялькi. I чалавека з такiмi добрымi вачыма не пашкадавалi, змардавалi, забiлi. Злодзеямi й бандзюгамi поўнiцца сьвет. Сын уздымае нож на бацьку за адно-адзiнае сказанае ў п’яным запале брыдкае слоўца. Мацi топiць родных дзяцей у возеры, каб наноў выйсьцi замуж. Пляменьнiк насыпае атруту ў келiх зь вiном i завалодвае спадчынаю бязьдзетнага дзядзькi. Злачынствам канца-краю не вiдаць. Лёс менскага Мiшы — толькi маленькi каменьчык, якiмi брукуецца дарога вылюдкаў у Пекла. Мiшава драма пачыналася звычайна. З рашэньня ехаць пачынаецца большасьць габрэйскiх радасьцяў i пакутаў. Мiша надумаў перабрацца ў Ерусалiм. Габрэй — ён i ёсьць габрэй. I кожны габрэй, якi ня жыў у Iзраiлi, раней цi пазьней, а запытаецца ў свайго сэрца... А цi не закрэсьлiць крыж-накрыж мiнулае i падацца ў зямлю запаветную, дзе й распачаць жыцьцё-быцьцё наноў? Вядома, i беларус сто разоў у марах перабiраецца ў Маскву, як расеец у Парыж, а амэрыканец у Лёндан. Толькi гэта iншае. Бо нi ў Лёндане, нi ў Парыжы, нi ў Маскве цябе не сустрэне Бог. Залатазубы д’ябал можа трапiцца, а ўсемагутнага не спаткаеш, гэта так надзейна, як зямля. Мiша вырашыў перабрацца ў Ерусалiм назаўсёды. Было яму якраз трыццаць тры. Бацькi памерлi. Сям’я не завялася. Праца iнжынэра на заводзе не давала пэрспэктывы. П’янкi-гулянкi абрыдлi. Як разбагацець? Мiша ня ведаў. Вось i прыняў рашэньне пераехаць на гiстарычную Радзiму. Нават квiток атрымаў i кватэру ўласную бацькоўскую прадаў, i ў натарыюса законным чынам перааформiў жылплошчу на сябрука Пашу. Тэарэтычна яму засталося пракантавацца на птушыных правах у Рэспублiцы Беларусi два тыднi. А далей: Чырвонае мора, сьцяна плачу, пуп зямлi, сталiца рэлiгiяў. Толькi тэорыя адрозьнiваецца ад практыкi тым, што малюе будучыню на падставе мiнуўшчыны. А ў Мiшыным мiнулым Люды не было. Не iснавала той Люды са смарагдавымi вачыма, той, якая аформiць кватэру на Пашу. Мiша пра яе ведаць ня мог. Бо гэта Паша прывёў Мiшу да Люды ў дзяржаўную натарыяльную кантору. I той жа вясёлы Паша запрасiў Люду павячэраць у рэстарацыi з нагоды набыцьця неблагой кватэры. За рэстаранным столiкам Паша прапанаваў увесьцi ў Беларусi новае дзяржаўнае сьвята: провады габрэя ў Iзраiль. Люда й Мiша асаблiва не пярэчылi. Сьвята провадаў Мiшы, хай сабе i не на дзяржаўным узроўнi, але ж атрымалася цёплым. З рэстарацыi выйшлi задаволеныя. А ў таксоўцы асьмялелы Паша прапанаваў Людмiле пераехаць у сталiцу габрэйскай краiны, разам зь Мiшам, канечне. Людмiла не адмовiлася. Ёй было трыццаць пяць. Будзённасьць надакучыла. На самым сподзе душы зырка пералiвалiся агеньчыкi бесьсьмяротнага жаданьня зьменаў. Iзраiль выглядаў узьнёсла, рамантычна, зманлiва. Мiша ўспрыняў размову iнакш: увэртура да адной-адзiнай ночы. Наранiцу ён, п’ючы гарбату, прыйшоў да думкi, што жанчыны, лепшай за Мiлу, не бывае. Дапiўшы другi кубак цэйлёнскага напою, Мiша прапанаваў Мiле руку, сэрца й ерусалiмскае сонца. Тая ўзяла ўсё, акрамя апошняга. У Iзраiль маладая сям’я не патрапiла. I ўсё празь нейкую драбязу, праз шнурочак лiчбаў, праз дату на блянку. Канторскiя дзяўчаткi, узяўшы немалы хабар, выпiсалi Мiле фальшывае пасьведчаньне аб нараджэньнi. Яны перапiсалi ў габрэйку ня толькi Мiлу, а й абодвух яе бацькоў. Хабарнiцы не забылiся паставiць на блянку, што ён не сапраўдны, а паўторны, i дату выдачы паўторнага пасьведчаньня яны адсунулi ў савецкую мiнуўшчыну, у цiхi 1983 год. Вядомая iсьцiна: чым дакумэнт старэйшы, тым больш выглядае на сапраўдны. Толькi дасьцiпны, уедлiвы, абсыпаны рабацiньнем чыноўнiк iзраiльскай амбасады заўважыў дробненькую неадпаведнасьць. Блянк, на якiм выпiсвалася пасьведчаньне, быў аддрукаваны ў 1990 годзе. Брама ў Iзраiль зачынiлася ня толькi для Мiлы. Ну нашто ты хацеў увесьцi ў зман вялiкi габрэйскi народ? Папытаецца ў Мiшы рабы амбасаднiк. Дзеля чаго? Дзеля адной беларусачкi? Мiша ледзь не заплакаў. Што ён разумее? Што яны разумеюць? Мiша абураўся, нэрваваўся, курыў безь перапынку й пiў каньяк. Мiша апынуўся ў пастцы. Нi кватэры. Нi працы. Нi надзеяў. Адно-адзiнае, што было — Мiла. Найлепшая з жанчын. З кватэраю. З грашыма. З працаю ў дзяржаўнай установе. I што мог вырашыць Мiша? Ясна. Давялося займацца кватэрным бiзнэсам.

Калi жонка дзяржаўны натарыюс — грэх не займацца жыльлём, асаблiва ў Менску. Мiша пачаў з нуля. Ён заглыбiўся ў вывучэньне рэклямных абвестак у газэтах. Ён тэлефанаваў дваццаць чатыры гадзiны ў суткi й яшчэ столькi ды яшчэ столькi ж ён абыходзiў выстаўленыя на продаж аб’екты. Мiша вывучаў на памяць менскае кватэрнае нутро. Ён ведаў памеры кладовак на Чырвонай i вышыню столi ў Малiнаўцы. Ён мог запрапанаваць сьцiплую кватэру ва Ўруччы й амаль любую на праспэкце Скарыны. Складаецца ўражаньне: Мiша ведае ня толькi асноўных кватэраздымшчыкаў, а i ўсiх суседнiх сабак i котак. За год Мiша напрацаваў досыць значны капiтал, якi складалi сем кватэр у розных кутках сталiцы, i мянушку — кватэрны Сакрат. Ён выклiкаў давер. А ў такой iнтымнай справе, як жытло, даверлiвыя ўзаемаадносiны — першая неабходнасьць. Мiша адзiн кантраляваў ледзь ня ўсе кватэры габрэяў, што вырашылi пакiнуць Беларусь. Але, напэўна, у гэтым i была фатальная памылка. Нельга адному зьесьцi вядро сьвiнога булёну. Або абжарэшся, або ён недаедзены скiсьне. Мiша працаваў адзiн, давяраючы сакрэты толькi Мiле. Нават шэсьць зь сямi кватэраў былi аформлены на яе. Высокi, густоўна апрануты, Мiша любiў пахвалiць жонку. I Мiла ў кампанii не забывалася добрым словам сказаць пра мужа. Мiша саромеўся, хаваў вочы... Хто з нас не любiў мяккiх, футравых, брунатных мядзьведзяў? I якi халодны жах аблiваў сэрца, калi з падранае лялькi пачынала сыпацца пiлавiньне, вылазiлi габлюшкi й анучы з ватаю? Сьлёзам не было канца-краю. Пра сьмерць Мiшы ўсе даведалiся праз знаёмых, чутак, якiя брудна-зялёнымi, атрутнымi, сьлiзкiмi зьмеямi выпаўзалi зь мiлiцыi. Нiхто асаблiва не пашкадаваў Мiшу. На пахаваньнi таксама народу не было. Мiшу за дзяржаўны кошт спалiлi ў крэматорыi. Зусiм маладзенькi сьледчы вырашыў закрыць справу адным махам. А справа выглядала так... Мiшу з процьмаю нажавых ранаў знайшлi мёртвым на ўласнай кухнi... Вакно было расчынена наросхрыст. А пад iм ляжала на асфальце непрытомная, ледзь жывая Мiла. Сьледчы быў перакананы, што яна ня сёньня, дык заўтра сканае. Дактары мелi такую ж думку. А яшчэ мiлiцыянт верыў, што Мiла зарэзала п’янога Мiшу, а сама выкiнулася з вакна, на чацьвертым паверсе. Горад паверыў у сямейную драму. Шмат хто ведаў, як мог Мiша загуляць, як мог пайсьцi у запой. Ведалi й пра Мiлiн мужчынскi характар. Магла Мiла зарэзаць Мiшу? Магла яна яго прыраўнаваць? Сьведкi, адказваючы на другое пытаньне, мэханiчна адказвалi на першае. Мiла ледзь ня месяц прабыла ў коме, а потым зьнянацку вярнулася да яснага розуму й расказала пра здарэньне... Увечары прыйшлi да iх госьцi. Двое мужчынаў нiбыта зьбiралiся купляць празь Мiшу дом у раёне Камсамольскага возера. Нечакана для Мiлы й Мiшы мужчыны пачалi пагражаць i патрабаваць грошы. Мiша не стрываў i пачаў бойку. Сiлы былi ня роўныя. Не дапамог i схоплены са стала доўгi, вузкалёзны хлебны нож. Адабраным у гаспадара нажом бандыты яго й зарэзалi. А зьбiтую, непрытомную Мiлу выкiнулi ў вакно. Апошняе, што памятала Мiла з таго вечара, гэта як нечым цяжкiм яе ўдарылi ў скронь. Сьледчаму, дый ня толькi яму, зрабiлася нiякавата ад такога павароту. Яшчэ горай усiм стала, калi празь дзень Мiла адышла да Мiшы. Забойцаў, як здараецца ў жыцьцi, нiхто не знайшоў. Як ты знойдзеш, калi вядома толькi: адзiн большы, а другi меншы. Так забойцы й ходзяць па Беларусi. А Мiша, напэўна, у Iзраiлi. Мусiць, i Мiла недзе разам зь iм у Ерусалiме. Богу не патрэбна пасьведчаньне аб нараджэньнi. Ён прымае ўсiх.

Менск. Жнiвень 1995 году

Наша Ніва


Цёмна. Нiякiх перашкод. Суцэльная пяшчота й цеплыня. Рух. Імпульсы. Штуршкi. Сьвятло жоўтае, мяккае, васковае. Такое сьвятло можна намаляваць алейнымi фарбамi на iльняным палатне. Так тады й пахла: iльняным палатном, печчу ды чыстацелам. У начоўках на сподзе ляжала мяккая, тоўстая, ружовая пялюшка. Над ёю курэла духмяная пара. Мяне загарнулi таксама ў пялюшку, але ў тоненькую, белую. Мяне купалi ў пялюшцы. Мацi Нiна й баба Ядзя лiлi з прыгаршчаў мне на грудзi ваду й прыгаворвалi: «А-цi-цi». Я адкрываў рот, дзе не было нiводнага зуба. Яны ўсьмiхалiся й казалi: «Ён сьмяецца. Яму добра. А-цi-цi...»

Ваду люблю моцна, як мацi, як дачку, як жыцьцё. Адным падабаецца лес з палахлiвай таемнасьцю, другiя адпачываюць душою толькi ў гарах, а я знаходжу спакой у назiраньнi за хвалямi, за бясконцымi пералiвамi ў вадзе. Я — чалавек вады. І з усiх чатырох стыхiяў не адмаўляю нiводнай. Вогнiшча зачароўвае, шум ветру лепшы за музыку, а зямля клiча ў бясконцыя вандроўкi. Але я — iстота неўраўнаважанай лiючайся вады. Памiж параю й лёдам плыве чалавечы час. І ня зьведаны першакрынiцы, i невядомыя сыходы. Навiдавоку адно плынi, вiры, вадаспады...

У зманлiвую, крынiчную, зеленкаватую рэчку Рудзiцу я, трохгадовы, i зайшоў з напаленага жнiвеньскiм сонцам пяшчанага пляжу. У ледзяной вадзе схапiў жывот. Скурчыўшыся, я выпаўз на бераг i лёг на траву. Каленi падцiснуў да падбародзьдзя, так крышку меней балела, торгала й рэзала ўсярэдзiне. Выпрастацца так i ня змог, сядзеў крукам у бацькi Чэся на руках, пакуль той подбегам нёс мяне ў местачковую больнiцу. У прахалодзе пустой палаты доктар Гладкi загадаў прамыць страўнiк i кiшэчнiк. Вада заходзiла ў вантробы й выходзiла зь iх, а мэдсястра зноў i зноў напампоўвала мяне нясмачнай, пустой, доктарскай вадою. Жывот адпусьцiла пасьля клiзмы. Прамытага, змэнчанага, вылекаванага мяне вывелi за больнiчную браму да бацькоў.

Выпадак на Рудзiцы хутка сплыў у нейкi цёмны куток памяцi, я зноўку лез купацца ў кожную лужыну, дзе вады было хоць крышку вышэй маiх парэпаных каленяў. Я плаваў у бурштынавай канаве Захаравага балота, у Дзягiлёнскiх крэйдавых кар’ерах, у той жа Рудзiцы й на Менскiм моры. Купальныя сэзоны ў першыя школьныя гады я адкрываў рана: або на Вялiкдзень, калi той прыпадаў на апошнюю нядзелю красавiка, або на сьвята працоўных — Першамай. Меўся й знаёмец, зь якiм нiчога не аб’ядноўвала, акрамя вясновых купаньняў. Звалi яго Кастусь. Мы ехалi на роварах на койданаўскае возера, што ляжала за больнiцаю, распраналiся дагала й з крыкам ускоквалi ў вогненна-ледзяную вадкасьць. Рукi й ногi сутаргава секлi ваду некалькi iмгненьняў. На пляж мы выляталi сiнiя, з шалёнай дрыготкаю ва ўсiм целе. Каб сагрэцца, лёталi па беразе з вар’яцкiмi гiгiканьнямi. Мы не саромелiся нi аголенасьцi, нi крыкаў, нi чужога вока. Мы належалi прыродзе цалкам. Нагойсаўшыся да поту й ружовых шчокаў, мы закусвалi прысмакамi са сьвяточнага стала: калi на Вялiкдзень, дык чырвонымi яйкамi, а на Першамай — паляндвiцаю з хлебам i цыбуляю. Рабацiнiсты Кастусь выпаў з майго жыцьця раптоўна. Памерла баба Ядзя, я перастаў езьдзiць у Койданава на сьвяты, i купальныя сэзоны пачыналiся ў iншых месцах i зь iншымi хлопцамi, а пазьней i зь дзяўчатамi.

Аднойчы вада ледзь не забрала маё жыцьцё. Здарылася тое ў мястэчку Раўбiчы, дзе цяпер стаiць спартовы комплекс з трамплiнамi для скачкоў на лыжах. Мне было пяць, я хадзiў у старэйшую групу дзiцячага садка, якi штолета вывозiлi ў Раўбiчы й сялiлi ў драўлянай аднапавярховай школе. Лета выпала дажджыстае. У старой школе было няўтульна й золка. Я нудзiўся, сумаваў i чакаў бацькоў. І яны прыехалi, бацька Чэсь у васiльковай футболцы й мацi Нiна ў квяцiстай сукенцы без рукавоў. Неўспадзеў выплыла з-за пухкiх аблокаў сонца, высокае й срабрыстае. Якраз пад такiм сонцам хадзiлi на раўбiцкае возера купацца. Толькi гэта зусiм ня тое возера, што сёньня ляжыць за спартовым комплексам. Тое азярцо было меншае. Яго, праўда, як толькi пачалася будоўля спартовых пляцовак, спусьцiлi тамтэйшыя сяляне. Улада забаранiла трымаць каровы, бо пашы пайшлi пад стадыёны. Мужчыны згаварылiся i ўночы пабурылi дамбу. Возера сышло. Паўстала поле, на якiм некалькi гадоў папасьвiлiся статкi, пакуль i яго не перабудавалi ў стрэльбiшча. Цяпер раўбiцкiя каровы ходзяць уздоўж новага вялiкага возера, абапал якога загараюць менскiя хлопцы зь дзяўчатамi.

Такiя самыя дзецюкi з маладзiцамi сядзелi тады пад сумнай вярбою. Мацi баялася спалiць плечы й хавалася ў цень. Бацька, стоячы на сонцы, курыў папяросу. Я разломваў i разглядаў ракаўкi-пярловiцы. Разламаць ракаўку даволi цяжка, але якая асалода — паслухаць пiск пярловiцы! Навучыў мяне слухаць той пiск адзiн зь дзецюкоў — Алiк — i прапанаваў паплаваць з гумовым кругам. Якi быў круг! Ружовабокi, пругкi, з жоўтым шнурочкам. Адмовiцца ад спакусы я ня змог. Як лёгка мне паплылося на моцна напампаваным, рыпучым пад пальцамi выратавальным крузе! Я лунаў па вазёрнай паверхнi памiж небам i зямлёю. Раптам пругкi круг уздыхнуў, засiпеў па-зьмяiнаму й ператварыўся ў пляскатыя лахманы. Апошняе, што я пачуў, — гэта цiхi хлапок адной далонi. Краявiд зьнiк. Вочы заслала вада. Экран жыцьця згас. Цела плаўна пайшло на дно. Вада залiлася ў грудзi. Патануў i нават не ўсьвядомiў, што патануў. Сасьлiзнуў у вазёрныя нетры й ацiх на глеi. Напэўна, я быў бы вельмi прыгожы нябожчык: маленькi, белагаловы, чысты. О, як плакалi б несуцешныя бацькi над вузенькай труною! Не знайшлi б суцяшэньня.

Але вiр лёсу крутнуў мяне ў адваротны бок. Бацька Чэсь заўважыў зь берага, як зьнiк пад вадою яго тады яшчэ адзiны, а таму любiмы сын Валодзя. Бацька любiў курыць, гэта кепска, але ён любiў курыць стоячы. Ён курыў адну папяросу за другой, а таму i ўбачыў, як сын прапаў. Сычэньня й сьвiсту круга ён ня чуў. Ён зафiксаваў само iмклiвае зьнiкненьне й кiнуўся ў возера, знайшоў нежывога сына на мяккiм глеi, выцягнуў пад прыбярэжную вярбу, адкачаў.

Вазёрная вада выйшла зь лёгкiх, жыцьцё вярнулася. Я прахапiўся, заплакаў. Мяне захлiснуў страх за пашкоджаны круг, якi няма як аддаць п’яному Алiку. Бацька Чэсь паўсьмiхаўся зь недарэчных страхаў, i гаспадар выратавальнага круга — таксама. Толькi мацi не разьвесялiлася, яна ўсё распытвала бацьку Чэся, як ён заўважыў, што я тану. Бацька сам ня ведаў. У бацькi Чэся заўсёды было адчуваньне прысутнай сьмерцi. Ён чуў яе водар. Калi мой малодшы брат Мiраслаў у свае два гады, забаўляючыся з дробнымi грашыма, выпадкова глынуў дзесяць савецкiх капеек, манэта пайшла ў дыхальнае горла й закаркавала лёгкiя. Брат пачаў сiнець. Нi я, нi мацi не здагадалiся, з-за чаго. Мацi закрычала. З кабiнэта ў залю прыляцеў бацька. Схапiў свайго малодшага, а таму любiмага сына за ногi й вытрас манэтку з асьцюкаватым гербам СССР. Мiраслаў плакаў, i твар яго блiшчэў ад сьлёз i сьлiны. У мяне няма выратавальнага бацькавага iнстынкту, але спадзяюся — зьявiцца. Не адразу. Галоўнае, седзячы з вудаю на беразе рэчкi, не спадзявацца, што зловiш марскога вожыка. Толькi вiры жыцьця непрадказальныя. Таму стукаю па дрэве перад тым, як сказаць: пасьля Раўбiчаў я болей не тануў. Наадварот, я ўсiмi сiламi вучыўся добра плаваць.

У маю семдзесят трэцюю школу завiталi трэнэры з Палацу воднага спорту, якi збудаваўся ў Менску побач з батанiчным садам. Раней непадалёк стаяў адкрыты летнi басэйн, куды бацька Чэсь прыводзiў мяне палюбавацца на скачкi ў ваду. Мы ўздымалiся на трыбуну, сядалi на драўляную лаву й назiралi за нырцамi, якiя выпiсвалi разнастайныя фiгуры ў паветры й боўталiся ў сiняватую ваду.

У свае трыццаць тры я, пэўна ж, апошнi раз з уласнага жаданьня скокнуў з трохмэтровага трамплiну ў басэйн. Я плаваў, а дзецi скакалi з ганарыстай вышкi. Захацелася скокнуць. Узьлез па халоднай лесьвiцы, падыйшоў да краю й зрабiў крок у паветра. Я ўпаў васьмiдзесяцiкiляграмовым салдатам у басэйн Дому афiцэраў. Рукi трымаў па швох. Ногi былi разам. Да дна дайшоў спакойна. Згрупаваўся. Адштурхнуўся ад кафлi. Выплыў. Аддыхаўся i адчуў: скакаць болей нельга. Скачок прайшоў нармальна, калi не лiчыць ледзь заўважнага зруху, што адбыўся ў вэстыбулярным апараце. Вось сымэтрыi майго цела скранулася, мяне павяло, пацягнула, паклiкала да той цёмнай ракi, па якой плавае адзiн толькi човен сьмерцi. Перадаць той стан немагчыма, увесь час натыкаешся на таямнiчае слова «нешта». Гэта як адзiн раз кранеш языком настылую на марозе жалязяку — i болей гэтага ня робiш, так i тут: скокнуў, жывы — i больш ня хочаш. Хiба што скiнуць, як скiдаў маiх аднагодкаў-трэцяклясьнiкаў трэнэр Анатоль у Палацы воднага спорту.

Пасьля таго, як мяне залiчылi ў групу навучаньня плаваньню, i я адзаймаўся тры месяцы, адбылiся паказальныя выступы. Кожны з навучэнцаў мусiў праплыць пяцьдзясят мэтраў i скокнуць зь пяцiмэтровай вышынi. Праплылi ўсе, а вось скакаць некаторыя хлопцы пабойвалiся. Тады Анатоль узьлез на вышку й паскiдаў баязьлiўцаў. Самае неверагоднае ў той сытуацыi, калi зiрнуць сягоньняшнiм вокам, — гэта рэакцыя бацькоў. Яны спакойна глядзелi, як трэнэр скiдвае iхных сыноў. Растлумачыць такое можна тым, што ў СССР было спартанскае выхаваньне. Наагул папулярнасьць рымскага паўстанца Спартака й грэцкага гораду Спарты была наймагутнейшая, i таму ўсе прымалi на ўра зьнiштажэньне слабых i хворых дзяцей спартанскiмi воiнамi й кiданьне ўласных нашчадкаў зь пяцiмэтровай вышынi ў дзесяцiмэтровую глыбiню.

Анатоль зрабiў паказальную справаздачу. Вы заплацiлi грошы, а я навучыў вашых сыноў плаваць, скакаць з вышкi. Напрыканцы паказальных выступаў тром асаблiва здатным навучэнцам трэнэр уручыў бясплатныя пропускi ў Палац. З таго дня пачалося маё кароткае жыцьцё сапраўднага спартоўца. Я наведваў басэйн ажно чатыры разы на тыдзень, а на вакацыях — кожны дзень. Трэнэр выхоўваў зь мяне брасiста i, можа, выхаваў бы, але бацька Чэсь атрымаў ордэр на новую кватэру. Сям’я перабралася ў iншы раён, да Кальварыйскiх могiлак, за тым часам — край Менску. Езьдзiць у Палац стала нязручна: гадзiна туды — гадзiна назад. Бывала, я засынаў у тралейбусе, i кiроўца будзiў мяне на канцавым прыпынку. Брасiстам ня стаў, але ў сваё задавальненьне разы два на тыдзень праплываю кiлямэтар выключна па-жабiнаму — звычка.

Пад вадою мне падабаецца плыць брасам. Цiха рухацца каля самага дна. Толькi на глыбiню нават трох-чатырохмэтровую я не заплываю. Узрост i пол. Жанчыны ўтрая больш прыдатныя для плаваньня на глыбiнi, а мужчыны добра нырцуюць толькi ў маладосьцi. Я сваё адныраў напоўнiцу. У школе я быў дробны, стаяў у клясе трэцiм-чацьвертым з канца. І таму ня дзiўна, што, седзячы на хвалярэзе ў горадзе Сочы, змог падбiць дарослага мужчыну на небясьпечную спрэчку. Той мужчына быў цынiкам i садыстам. Ён прыйшоў на хвалярэз, дзе загаралi мае аднагодкi, i прапанаваў гульню. Ён кiдаў у ваду манэтку й лiчыў да кошту манэткi, а мы скакалi ў мора, пачуўшы апошнюю лiчбу. Такiм чынам ён давёў гульню да жалезнага рубля, якi, вядома ж, лёг на дно. Глыбiня была мэтраў дванаццаць. Я лёгка даплыў да ёдыста-зеленкаватых, парослых водарасьцямi камянёў, але рубля не знайшоў. Давялося ныраць разоў зь пяць, пакуль адшукалася манэта з добрым мечаносцам, якi трымаў на руках выратаваную нямецкую дзяўчынку.

Мужчына пашкадаваў грошы, але й адбiраць рубель на людным пляжы не наважваўся. Ён лёгка пагадзiўся на маю прапанову: ён дастае са дна камень, а я неадкладна вяртаю грошы. Садыст нырнуў i прапаў. Я не на жарт перапужаўся. А калi хлопцы былi гатовыя клiкаць на дапамогу, маўляў, чалавек патануў, ён вынырнуў на паверхню. Лепей бы патануў, падумалася мне, калi над вадою ўзьняўся белы, перакрыўлены пакутаю твар з чырвонымi рагамi крывi, якая цякла з вушэй i носа. Спрэчку я выйграў, нiякага каменя мужчына не падняў. Грошы засталiся ў мяне. Днi тры давялося пахадзiць на iншы пляж, але гэта неiстотна. Проста зерне парады, дадзенай трэнэрам пры выпадковай сустрэчы, — што ня варта пасьля дваццацi гадоў глыбока занырваць — упала не на камень. Варта згадаць акрываўлены твар кiдальнiка манэтак, i жаданьне быць падводнiкам зьнiкае. Хоць ныраецца мне лёгка й дагэтуль.

Здатнасьцямi нырца я аднойчы зьдзiвiў настаўнiцу фiзкультуры маёй чарговай дзявятай школы. Здавалiся нарматывы ГПА (гатовы да працы й абароны). Я з хлопцамi скокнуў у басэйн пэдагагiчнага iнстытуту, каб праплыць адвольным стылем стомэтроўку. У аднаклясьнiка Мiхася зьляцелi плаўкi. Пакуль той ачомаўся, плаўкi леглi на дно. Мiхась сядзеў у кутку басэйна й плакаў. Настаўнiца ня ведала, што рабiць. Бо Мiхасёвы плаўкi ляжалi пад дзесяцiмэтровайвышкаю на такой самай глыбiнi. Бязь лiшнiх тлумачэньняў я дастаў плаўкi. Настаўнiца Люцыянаўна (Рэвалюцыя Янаўна) узрадавалася больш за Мiхася й прапанавала выступiць за зборную школы. За гонар школы я гуляў у баскетбол, у валейбол, у настольны тэнiс, нават бегаў на доўгiя дыстанцыi, адзiнае, чаго не ўдалося — гэта праплыць на хоць бы якiх дробных спаборнiцтвах, каб замацаваць свой трэцi, а можа й другi юнацкi разрад у плаваньнi. Зрэшты, не бяда. Ну няма пасьведчаньня пра ўменьне трымацца на паверхнi, затое ёсьць шмат iншых.

Чалавека мераюць па-рознаму. Можна паглядзець у пашпарт, пагартаць дыплёмы й атэстаты, вывучыць працоўную кнiжку, даведацца пра рахункi ў банку й пра здатнасьць зарабляць, а тым самым памераць яго грашыма. Яшчэ можна замераць чалавечую здатнасьць страўляць ежу й выпiваць пэўную колькасьць алькагольных напояў. І ў дадатак паразважаць пра жывую й мёртвую ваду. Маўляў, алькагольны напой — жывы, пакiнь у адкаркаваным посудзе — ён вычхаецца й загiне, памрэ, стане мёртвы. А вось крынiчная вада доўга стаiць у срэбным келiху, бо нежывая. А можна ўсё перавярнуць i назваць крынiчную ваду жывою, а гарэлку — мёртвай. Асабiста мне даспадобы апошнi варыянт. Самая жывая вада стаiць у шклянцы на начным столiку, каля ложка. Прачынаешся, п’еш жывую ваду й засынаеш, ведаючы — сон жахаў не паўторыцца. Чалавека трэба мераць вадою й ягонымi здатнасьцямi плыць. Неiстотна, якiм стылем ён плыве, галоўнае — сам рух у магме жыватворнай субстанцыi. Раней, у дваццаць сем, я хацеў, каб пасьля маёй крэмацыi попел разьвеялi на радзiме, за мястэчкам Койданава, дзе-небудзь у лесе. А цяпер бачыцца iншае. Хай жменька праху будзе перасыпана ў драўляную талерку й паплыве па хвалях ручая, якi застаўся ад ушчэнт змэлiяраванай, абмялелай беларускай рэчкi Рудзiцы. Хай маё плаваньне працягнецца на два iмгненьнi пасьля сьмерцi. Зямля да зямлi, прах да праху, а мая душа iмкнецца да вады.

У вадзе няма смутку. Нават у мёртвай, вогненнай, алькагольнай вадкасьцi смутку нямашака. Увесь смутак пакiнулi сабе вецер, агонь i зямля. Можа таму я выбраў ваду.

Дарэчы, ваду любiў бацька Чэсь. Ён так пiсаў пра рэчку дзедавай вёскi: «Ятранка, яна цячэ праз маё сэрца...» Аднаго разу ён ледзь не ўтапiўся ў раззлаванай Ятранцы, калi купаўся адзiн пасьля навальнiцы, але выплыў, каб сто разоў расказаць, як трэба падпарадкавацца вiру, якi цягне на дно, дайсьцi да цьвёрдага пяску, адштурхнуцца абедзьвюма нагамi й выплысьцi са сьмертаноснай варонкi.

Дзед Валодзя не любiў вiроў, але шанаваў той кавалак Ятранкi, што плыве праз нашую зямлю. «Вось нашая рэчка, i гэты кавалак балота наш, а вунь там нашае поле... Зямлi няшмат, але хопiць, каб паставiць сапраўдную незалежную гаспадарку. І дзяды твае, i прадзеды куплялi зямлю па лапiку, па палосцы, каб сабраць гаспадарку. Сабралi... Немцы спалiлi хату. Расейцы забралi зямлю. Табе, Бог дасьць, давядзецца пачынаць спачатку. Памятай, калi раптам будзе магчымасьць вярнуць нашую зямлю па дакумэнтах, ты не пагаджайся браць iншую, быццам больш яе й лепшая. Настойвай, каб аддалi кавалак рэчкi, якi сто гадоў наш. Бо спрытныя паны абавязкова нечага не дададуць, каб ты штогод да iх на паклон хадзiў, бо цi то лесу не хапацьме, цi то сенажацi. На нашай зямлi дзьве каровы, цялятка, авечак дзесяць, кабанчыкi два ўтрымаць можна. Куры й трусы таксама не зашкодзяць. Каня давядзецца наймаць, цi зараз ёсьць чэскiя трактары, такi варта ўзяць. Зажывеш. А не захочаш на зямлi рабiць — аддасi ў арэнду. Зямлю купляй i не прадавай. Мне цяжка было: i вайна, i хата згарэла — але нi кавалачка не прадаў... Забралi, абрабавалi — iншая рэч. Сьвет мяняўся й будзе мяняцца, а вось бяжыць нашая рэчка ў мора, а хмаркаю вяртаецца назад. Так зямля й вада вернуцца да гаспадароў». Дзед Валодзя спадзяваўся, што я вярну нашу нiву.

Я спрабаваў вярнуць зямлю. Пачалi пацiху калгасныя палi раздаваць арандатарам. У той рэвалюцыйны хуткаплынны час працаваў я ў гарэзьлiвым часопiсе «Крынiца», дзе спраўна ладзiлiся штотыднёвыя гулянкi з жывой i мёртвай вадою. Сярод ганаровых гасьцей «Крынiцы» апынуўся старшыня таго самага калгасу, дзе ляжыць дзедава зямля. Асьмялеўшы пасьля кiлiшка, я падсеў да чырванатварага старшынi Барыса. Ён быў згодны даць любую зямлю, толькi ня тую, што пазначана ў дакумэнтах. «Усё зьмянiлася, дзе быў лес, легла поле, вада й тая рэчышча мяняе, адзiн бераг падмываецца, а другi асотам зарастае. А ты наважваешся ўсё на стары капыл перакулiць. І мне не падабаецца ня тое, што хочаш калгасную зямлю ў прыватны сэктар перасунуць, ня радуе тэндэнцыя. Такiя, як ты, на зямлi не працуюць, а вучаць, як жыць. Апошняе слова: пакуль я гаспадару, не палюбуешся сваёй зямлёю». Чырвананосы Барыс i ў сярэдзiне быў чырвоны, як фашыстоўскi штандар. З такiмi чырвонымi дзедавы землякi гаварылi па-iншаму. Першага старшыню калгасу падпiльнавалi ў недалёкай ад нашай Варакомшчыны вёсачцы Таўкуны дый застрэлiлi на кладцы. Так той першы й не перайшоў рэчкi Ятранкi. Бадай, i апошняга чакае начная сустрэча на кладцы. Вядома, нельга два разы зайсьцi ў адну й тую ж рэчку. Але хто сказаў, што чырванапысага Барыса застрэляць каля Таўкуноў. Колькi тых рэчак у Беларусi?

Менавiта ўночы я любiў ляжаць каля рэчкi Ятранкi, якая цячэ празь дзедаву Варакомшчыну, праз нашую зямлю. Варакомскiя хлопцы раскладалi на беразе вогнiшча й гулялi ў карты. Рэзалiся ў «дурня», у «тысячу», у «кiнга», у «дурня пераводнага». Мы гулялi, а ў чарнаце няспынна плыла, вуркатала, шаптала вада. А самы iнтымны момант наставаў у канцы гульнi. Хлопцы станавiлiся вакол прытаптанага кастрышча й гасiлi яго. Пасьля чаго разыходзiлiся ў розныя бакi, каб сабрацца ўранку й будаваць грэблю.

Ятранка — рэчка плыткая, пяройдзеш — i пуп не замочыш. А каб пакупацца, паплаваць, паскакаць, штогод у чэрвенi варакомцы будавалi грэблю. У пясок заганялiся сасновыя жэрдкi. Гадзiнамi хлопцы стаялi ў вадзе й вiнтавымi рухамi ўкручвалi тыя жэрдкi ў дно. Настаўляўшы жэрдак клiнам па плынi ў два шнуры, iх перапляталi лазовымi дубцамi. Памiж сплеценымi загарадкамi накладаўся i ўтрамбоўваўся дзёран. Берагi сыходзiлiся. Плынь рабiлася разоў у пяць вузейшая, шпарчэйшая, мыла дно. Празь дзень-два вёска мела купальню. Там кожны спрабаваў плыць супроць плынi, кожны даваў нырца, скакаў, дзеразаваў, весялiўся... І нарэшце, кожны са шкадобаю глядзеў, як пасьлянавальнiчная вада курочыць i змывае грэблю. Такая вада ледзь не забрала майго бацьку Чэся й зрабiла непрыемнасьць мне.

Другi дзень лiў дождж. Сядзець у дзедавай хаце надакучыла. Пайшоў да Ятранкi. Вада ўзьнялася, жоўта-тлустая, яна шумела ўпоравень зь берагамi. Я ступiў на кладку ў адно бервяно. Пасунуўся, трымаючыся за сталёвы дрот, нацягнуты замест парэнчы. На сярэдзiне сьлiзкага, як мянтуз, бервяна мне стрэлiла ў голаў разьвярнуцца й пайсьцi дамоў. Так i зрабiў. Раўнавага страцiлася. Я колькi iмгненьняў павiсеў, налягаючы на дрот, i боўтнуўся ў мутную ваду. Плысьцi ў фуфайцы й ботах цяжкавата, але не настолькi, каб забыцца аб прыкрасьцi й злосьцi на самога сябе. Седзячы каля гарачай грубкi, я ўсё нiяк ня мог супакоiцца, бо да ўсiх непрыемных адчуваньняў дадалося асноўнае з горшых — я называю яго пачуцьцём сьцюдзёнай вады, адчужанасьцю. Яно зьяўляецца раптоўнай шэраньню на душы, а розум залiвае ўсьведамленьне, што ты — чужы й непатрэбны сьвету. Пацiху той адчужанасьцi можна пазбыцца, прытулiўшыся сьпiнаю да напаленай грубкi. Толькi мiнецца яна не раптоўна, як зьявiлася, а павольна, як сыходзiць хвароба. Прад вачыма будуць зьяўляцца й зьнiкаць iншыя сытуацыi, у якiх трапляў у падобны стан.

Першы раз адчужанасьць наведалася ў маю душу на гасьцiннай печы ў дзядзькi Івана, мужа сястры айчыма маёй мацi Нiны. І трапiў я на добразычлiвую печ, iдучы з Захаравага балота, дзе з койданаўскiмi хлопцамi гуляў у шайбу. Мы штодня на зiмовых вакацыях лёталi на каньках i ганялi гумовы дыск. Але тэрмiн гульнi вымяраўся не пэрыядамi й гадзiнамi, а iншым чынам. Меншыя гулялi да той пары, пакуль не прыходзiлi большыя. Яны нас не ганялi й ня бiлi, яны прасiлi сыйсьцi з балота. Малодшыя паважаюць старэйшых, таму саступаюць, сыходзяць. Але прыкрасьць застаецца. Прыкрасьць i пералiлася ў жаданьне прасячы за брамаю палонку. Хакейныя брамы былi вельмi ўмоўныя — па два слупкi з кожнага канца поля. Там i прадзяўблася палонка, пастка для звычайнай шайбы. Але Кастусь, мой таварыш па вясновых купаньнях, вынайшаў шайбу, якая ня тоне: бляшаначка з-пад ваксы, схопленая ў сярэдзiне балтом. Мы ганялi незвычайную шайбу, пакуль я не ўляцеў у помсьлiвую палонку. Дзякуй Богу, вады аказалася па пахi. Хлопцы падалi клюшкi. Я ўчапiўся. Мяне выцягнулi. Ісьцi мокрым у хату бабы Ядзi не хацелася. Насварылася б, як пiць даць, накрычала б, было за што. І я завярнуў да Івана. Той дазволiў разьвесiць апранахi вакол печы й сядзець грэцца. Сярод паху сухiх шпалераў, на рускай печы зьявiлася ўва мне пачуцьцё адчужанасьцi. Наплыў сум. Я адчуў адзiноту, сваю завершанасьць i нiкчэмнасьць. У дзяцiнстве выблытацца з такiх настрояў прасьцей, я загаварыў да Івана, той адказаў, пачаў распытваць пра палонку, засьмяяўся, маўляў, не капай ямiну для iншага, сам увалiшся. Страхi мiнулi, выпарылiся ў гарачым паветры. Тады сагрэўся хутка. З узростам адчужанасьць прыходзiць часьцей, а пазбыцца яе цяжка. Ведаю, варта зьмiрыцца — i не магу. Шукаю сiлы плыць супроць плынi. Плаваньне насуперак плыням грэе ня толькi цела, але й душу. Ясьней яснага, iдучы насуперак — рызыкуеш. Трэба рызыкаваць. Трэба вучыцца не баяцца перашкодаў, i я вучуся й нават iншых вучыў. Калi вучыш iншых, хутэй вучышся сам.

Вучыў хлопчыка Андрэя маляваць алоўкам i акварэльлю. Было тое ў гарадку Мсьцiславе. Я працаваў рэстаўратарам у касьцёле. Туды, у сабор Усьпеньня Дзевы Марыi, i завiтала Андрэева мацi, Рэгiна. Яна ўгаварыла майго брыгадзiра Юру дапамагчы з падрыхтоўкаю ў мастацкую вучэльню. Андрэй хацеў апрацоўваць камень, рабiць помнiкi. Юра перадаручыў хлопца мне. Я старанна вучыў Андрэя выяўленчай абэвэге, распавядаў пра пэрспэктыву, пра халодныя й цёплыя фарбы, пра лёгкую празрыстасьць акварэлi на белай паперы. Андрэй быў старанны вучань, выконваў заданьнi й даручэньнi, добра разумеў сказанае i разам з тым заставаўся лялечным, драўляным. Ён здаў iспыты на крэпкiя чацьверкi й прайшоў на скульптурнае аддзяленьне. Удзячная Рэгiна прынесла ў касьцёл два дзясяткi яек, кавалак сала й кошык яблыкаў. Юра сказаў, што можна ганарыцца вучнем. Я пагадзiўся, але не забыў адзначыць Андрэеву драўлянасьць. Брыгадзiр заўважыў, што рука ў Андрэя цяжкая, жалезная, такая й павiнна быць у апрацоўшчыка камянёў. З драўлянасьцю свайго першага вучня я абмылiўся, меў рацыю вопытны Юра. Андрэй патануў. Праз год, на самым пачатку лета ён купаўся ў Бабруйску ў рэчцы i ўтапiўся. Рэгiна хадзiла па Мсьцiславе адрошаная, нiкога не пазнавала. Мне здавалася, што забiтая горам кабета знарок не вiтаецца, бачыць ува мне вiнаватага. Каб ня я, Андрэй ня зьехаў бы, не паступiў у вучэльню й адпаведна не патануў. Я вiнавацiў сябе. Вырашыў: нiколi нiкога не вучыць. Пазьней зразумеў глупства такiх рашэньняў, калi адказнасьць за трагiчны лёс чалавека нехта выпадковы бярэ на сябе. Таму спакойна выкладаў асновы кампазыцыi ў клюбе самадзейных мастакоў i вучыў школьнiкаў арыентавацца ў лiтаратуры. Незагойных ранаў не бывае.

Плынь часу гаючая, як вада з уласнага калодзежа. «Вось надумаўся капаць новы калодзеж на старасьцi гадоў, — казаў дзед Валодзя, — здаецца, да суседняга два крокi ступiць. Нiхто ня супраць, каб мы ў Кумагэраў ваду бралi. Толькi суседавы настроi зьмяняюцца, як надвор’е... Вось я ўсё жыцьцё меў свой калодзеж. Вянкi старога зруба згнiвалi, я побач капаў новы. А цяперака куплю бятонныя колы, пастаўлю вечны калодзеж, i мне да апошняга дня вада будзе, i людзям застанецца. Памiраць зьбiрайся, а жыта сей. Вось я вапну купiў, ажно дзьве машыны, а дом цагляны не паставiў, саветы не далi, не пэрспэктыўная нашая вёска Варакомшчына. Вапна ляжыць у зямлi, за старым калодзежам мэтры тры ўздоўж плоту адмерай i капай. Праз нашую вапну столькi дажджоў прайшло, што яна стала як масла, нажом рэж i на хлеб маж. Можна такi тынк зрабiць, што ня трэсьне й сто гадоў прастаiць. Пра сто гадоў я жартам сказаў. Але вапна добрая. Як нашу нiву вернеш, як поле, рэчку, лес сабе забярэш i пачнеш у сваiм садзе дом ставiць, тады й адкапаеш дзедаў скарб».

Зямлi я не вярнуў, дому не паставiў i вапны не адкапаў. Усяму свой тэрмiн надыходзiць. Напэўна, не прыйшоў час дом будаваць i кроквы ўздымаць вышэй за суседавы. А таму дажджы ўсё яшчэ гасяць нашую вапну. Ня спраўдзiлiся спадзяваньнi дзеда Валодзi, не рэалiзавалiся мае ўласныя праекты.

Усю маладосьць я празаймаўся жывапiсам i маляваньнем, прашукаў iдэалаў у краявiдах i не знайшоў. Цi то занадта зялёнымi былi дрэвы, цi вельмi ярка сьвяцiла сонца, цi вада ў возеры недастаткова сiняй здавалася. Я штодня намочваў аркуш паперы, налеплiваў яго на кавалак тоўстага шкла й маляваў пяром з тушшу дый пэндзлем з акварэльлю. Калi малюнак не задавальняў, я змываў яго губкай i пачынаў наноў. Стосы малюнкаў расьлi, а iдэал аддаляўся ў асмужаную невядомасьць. Я маляваў рэчы, целы, дзiркi памiж рэчамi й целамi, я ўрэшце пачаў маляваць амаль дасканалыя геамэтрычныя фiгуры, якiя прайшлi празь вялiкае нiшто, склалiся ў лiтары й пацяклi — радок за радком. Я стаў лiтаратарам. Аднойчы, калi i ў галаве не было шукаць iдэальны краявiд, ён знайшоўся сам сабою. Я сядзеў на беразе Менскага вадасховiшча й пiў вiнаграднае вiно з рыльца доўгай францускай бутэлькi. Пiў вiно й глядзеў на роўную плоскасьць вады й стужку лесу за вадою. На бяздумнае неба я пазiраў разьняволеным вокам падвыпiўтага адпачыньнiка. Алькаголь скончыўся. Вiно мае прыкрую завядзёнку сканчацца. Толькi пачынаеш адчуваць сонечны смак вiнаграду, а яно сканчаецца. Я ўзяў бутэльку за рыльца й зашпурнуў у краявiд. Яна ўпала, пусьцiла кругi й стала ў вадзе. Я сядзеў на каменi, пазiраў на сумны ляндшафт i разумеў, што дарэмна шукаў карцiннасьцi ў прыродзе. Гармонiя тоiцца ў суадносiнах памiж табою й навакольлем. Калi знаходзiцца раўнавага, ты робiшся шчасьлiвы i выгляд вадасховiшча выклiкае радасьць. Ня варта сьмяяцца з парожняй бутэлькi. Чалавек — пусты мяшэчак з-пад радасьцяў i пакут.

Да плаваньня я займаўся фiгурным катаньнем. Быў адзiным хлопчыкам сярод адзiнаццацi дзяўчынак. Мацi Нiна падарыла мне чорныя канькi. Дзяўчаты мелi белыя. І калi на адзiн бок Батанiчнага саду стаяў басэйн, дык на другi бок ляжаў каток. Я мог зрабiць «ластаўку» й «пiсталецiк», мог вельмi хутка езьдзiць i ўзад, i ўперад. Але ня мог аднаго: палюбiць лёд. Ня стаў я любiмым вучнем у царстве вечнай нерухомай прыгажосьцi, дзе пануе Сьнежная Каралева й стаiць ледзяное японскае пекла. Я зь дзяцiнства быў чалавекам вады. Зразумела, лёд родны вадзе, i з кожнага басэйну можна зрабiць каток. Я доўга разганяўся на каньках, каб ускочыць у басэйн. І ўскочыў, i паплыў, i плыву дагэтуль. Прыходжу ў басэйн заводу «Далягляд», распранаюся, падаю ў блакiтную прахалоду й плыву ў плойму сонечных блiцаў. Выбiраю днi й гадзiны, калi найменш людзей. Люблю плаваць пасярэдзiне басэйну. Але не прымаю знарочыстай раскошы. Бо зьнiкае эратычны момант выпадковага флiрту, знаёмства, кантакту. Займацца каханьнем у басэйне нязручна. Вопыт паказвае, што плаваньне — занятак самотных асобаў.

Аднаго разу я праплаваў зь любiмай дзяўчынаю Тамараю больш за дзьве гадзiны ў халодным возеры на Браслаўшчыне. І ўрэшце мы прытулiлiся адно да аднаго, каб сагрэцца, на астатняе не ставала сiлы.

Вада змывае стому, але забiрае жаданьнi. У тых самых Раўбiчах, дзе ледзь не разьвiтаўся з жыцьцём, будучы ўжо студэнтам, я лавiў ракаў. З аднакурсьнiкам Алесем лазiў пад карчы i выцягваў з-пад карэньня гаспадароў рэчкi. Налавiлася ракаў, можа, з паўвядра. Расклалася вогнiшча, выпiлася па бутэльцы чорнапарэчкавага вiна. Мы заснулi. Варыць ракаў не было сiлы. Вада забрала моц, натуральна.

Аносiны памiж людзьмi, зрэшты, вымяраюцца вадою. Найгоршы чалавек той, хто хвораму не падасьць шклянку вады.

Менск. Лiпень 1996 году

Тутэйшыя габрэі


Калi робiцца сумна, я згадваю даўнiх знаёмых габрэяў. Так-так, менавiта ўспамiны пра габрэяў разьвейваюць маркоту й нараджаюць лiрычныя настроi. А чым чалавек розьнiцца ад жывёлы? Лiрычным настроем i больш нiчым.

Згадваю Жэню Мiхельсон...

У бiблiятэцы будтрэсту нумар чатыры разам з мацi працавала цётка Жэня — вясёлая, вялiказубая, жыцьцялюбная жанчына. Жэня Мiхельсон любiла сала. Пра свою любоў да шкварачкi яна расказвала наступнае: «Прыехала я ў Менск вучыцца на бiблiятэкарку, паступiла на вечаровае аддзяленьне. У бацькоў не было грошай, каб мяне вучыць. Працавала маляром на будоўлi. Усе сядаюць палуднаваць, дастаюць хлеб i сала, а я — селядца з цыбуляю. Яны сала, я сялёдку. Дайшло да таго, што я пачала прытомнасьць трацiць. Раз страцiла, другi... Павалiлася — вядро з фарбаю на сябе вывернула. Тады жанчыны сабралiся й кажуць... Ты, Жэнька, канечне, жыдоўка, i нiхто цябе за гэта не асуджае, але каб жыць i працаваць, трэба сала есьцi. Угаварылi мяне зьесьцi шкварку. З таго часу я бяз шкварачкi не магу». Дома Жэня Мiхельсон сала ня ела, сьвякруха забараняла, а ў бiблiятэцы заўсёды мела канапку зь белымi шкваркамi. Зь бiблiятэкi цётка Жэня перайшла працаваць у газэтны шапiк, дзе, пэўна, таксама падсiлкоўвалася сальцам. Апошнi раз я бачыў Жэню Мiхельсон у гэтым шапiку, на бульвары Тараса Шаўчэнкi. Яна сказала: «Ой, Валодзя, зьяжджаю я ў Амэрыку. Якая розьнiца, дзе прэсу прадаваць?» Сапраўды. Жэня Мiхельсон зьехала. Цiкава, цi есьць яна сала ў Бруклiне? Ня ведаю.

Як ня ведаю, якi лёс спазнаў Фiма...

У дзiцячым садку ў маю групу хадзiў Фiма. Прозьвiшча ягонае сьцерлася з памяцi, а вось учынак бачу, як сягоньня... Стаяў сонечны верасень — цёплы й духмяны, як антонаўскi яблык. Двор садка засьцiлала шапаткая лiстота. Па кляновым золаце прыйшоў Фiмаў бацька, тоўсты, як шар. Фiма падбег да таты, апусьцiўся на каленi й пачаў гладзiць рукамi бялюткiя чаравiкi. «Тата, у цябе самыя прыгожыя на сьвеце чаравiкi! Можна, я iх пацалую?» Фiма расцалаваў бацькавы чаравiкi. Учынак быў настолькi нечаканы, што нават суворая выхавацелька Клаўдзiя нiчога не змагла сказаць.

А яшчэ ў маю групу хадзiў Жэнiк...

З Жэнiкам Цыканоўскiм я чытаў вершы. Ён адно чатырохрадкоўе, я другое, ён наступнае, потым зноў я. Такi дзетсадаўскi мантаж. У тагачасных садках была мода чытаць вершыкi ўдвух. І каб адзiн хлопчык быў белы-белы з блакiтнымi вачыма, а другi чорны-чорны. Цыканоўскi быў чарнавокi, усьмешлiвы, з трапяткiм гукам «грр-р», замест «р». І вось праз дваццаць гадоў я сустрэў Жэнiка на таксовачным прыпынку. У свае дваццаць пяць ён аблысеў цалкам, як калена. А ў мяне былi даўжэзныя валасы. «Мы зноў можам чытаць вершы. Уяўляеш: адзiн лысы-лысы, а другi валасаты-валасаты!» — пасьмяяўся Цыканоўскi. Я заўсёды паважаў мужчын, якiя не саромеюцца ўласнай лысiны й не заграбаюць яе касмылямi.

Валiк Эльпэр, як i Цыканоўскi, нiколi не стыдаўся лысiны, акуратнай плешы на цеменi. Валiк карыстаўся вялiкай папулярнасьцю сярод менскiх габрэек. Такой папулярнасьцю, што журналiстка Іра Халiп з гонарам казала: «Валiчак зрабiў зь мяне жанчыну!» Я зайздросьцiў Валiку. Цi бывае зайздрасьць чорнай або белай? Вядома ж, не бывае. Або ты зайздросьцiш, або не. Напэўна, праз тую зайздрасьць я добра напiўся на Валiкавых провадах у Ізраiль. Там i прыдумаў новае беларускае сьвята — праводзiны тутэйшага габрэя ў Ерусалiм. А што за сьвята без рытуальных дзеяньняў? Цяпер цяжка растлумачыць, якiм чынам мне ўдалося ўгаварыць Ірку Халiпку зь сяброўкаю ўчынiць эратычна-ўралягiчны акт. Я абвясьцiў, што сьвята ня сьвята, калi Валiк не палюбуецца, як ягоныя каханкi мочацца на лёд Менскага мора. Сьнег сыйшоў. Гулянка ладзiлася на грудку вакол вялiкага вогнiшча. З гэтага грудка ўсе ахвочыя на чале з Эльпэрам маглi назiраць, як Іра зь сяброўкаю пасiкалi на блакiтны лёд. Упэўнены, у гарачыя днi iзраiльцянiн Валiк з прыемнасьцю згадвае залацiстыя лужыны на прахалодным блакiце Менскага мора.

А я згадваю й iншае... Час, калi мяне мучыла пытаньне: «Як адрозьнiць яўрэя ад жыда?» Вось было пытаньне з пытаньняў. У савецкай iмпэрыi слова «жыд» было забароненае й выкарыстоўвалася выключна як абраза, а слова «яўрэй», хоць i не насiла абразьлiвай афарбоўкi, дзеля антысэмiцкiх настрояў прамаўлялася на паўтону нiжэй за астатнiя словы ў сказе. З-за гэтага я схiляюся да выкарыстаньня ў беларускай мове формы «габрэй». Але гэта цяпер. А тады... Хто жыд? Хто яўрэй? І вось пачуў я апавяданьне пра братоў-блiзьнюкоў. Аднаго зь якiх можна залiчваць у жыды, а другога — у яўрэi. Розьнiлiся яны перш-наперш паводзiнамi, бо зьнешнасьць мелi амаль аднолькавую. Калi братам хацелася цукерку, яны прыходзiлi да мацi. Тая, у залежнасьцi ад настрою, або адчыняла ключыкам буфэт, або не. І калi буфэт не адмыкаўся, паводзiны братоў рэзка мянялiся. Яўрэй выбягаў на вулiцу i з крыкам: «Яна не дала мне цукеркi!» кiдаўся ў вялiзную брудную лужыну. Кiдаўся ён сьпiнаю ў ваду, высока па-рэвалюцыйнаму ўскiнуўшы рукi. Жыд тым часам заставаўся на беразе, прысядаў на кукiшкi, бiў ваду даланёю так, каб не запырскаць вопратку, i мармытаў: «Не дала, не дала, не дала...»

Я тут згадваю менскiх габрэяў, а сьвет ведае вiцебскiх. На жаль, я толькi адзiн раз у жыцьцi наведаў Вiцебск — горад легендарных мадэрнiстаў Казiмiра Малевiча й Марка Шагала. Каля дамка, дзе жыў Шагал, я зрабiў фотаздымак — «шагаю» каля дому Шагала. Здымак атрымаўся кепскай якасьцi, маленькi, крыва абрэзаны й мутны. Але я вырашыў паказаць яго мастаку Хаiму Лiўшыцу. Я пераняў Лiўшыца ў iнстытуцкiм калiдоры й сказаў: «Хаiм Майсеевiч, вось здымак». «Так, здымак», — паўтарыў Лiўшыц. «Я вось тут «шагаю»!» «Кепска вiдаць, але я бачу, што нехта «шагае»». «Гэта я «шагаю» каля дому Марка Шагала». «Знайшлi, Валодзя, чым зьдзiвiць. Я па гэтай вулiцы яшчэ смаркатым хлопчыкам бегаў. І Вы думаеце, я не пазнаю дому Шагала?» Адрас шагалаўскага дому я даведаўся ў краязнаўчым музэi, але хацелася спраўдзiць яго i ў Лiўшыца. Спраўдзiў. Ня ведаю, наколькi дакладна я буду трактаваць адзiн з законаў юдаiзму, але мне яго пераказалi так: «На правiльнае пытаньне ты атрымаеш дакладны адказ». Выдатны закон. І ўсе нармальныя людзi мусяць яму падпарадкоўвацца. І ня трэба баяцца. Людзей, якiя могуць задаць правiльнае пытаньне, у Менску вельмi мала, як i людзей, што любяць сьпяваць.

Бора Сiманоўскi не любiў сьпяваць. Сапраўды, ня любiць чалавек сьпяваць, i хай сабе не сьпявае. Правiльна? Толькi Бора маўчаў на ўроку сьпеваў у сёмай клясе. Сiвы настаўнiк мучыў акардэон, а Сiманоўскi сядзеў з закрытым ротам i глядзеў у столь. Каб Борка адкрываў рот, бойкi не адбылося б. А так настаўнiк грымнуў iнструмэнт на стол, падышоў да Сiманоўскага й закрычаў на ўсю сярэднюю школу, каб той вымятаўся з клясы. «Не пайду!» Настаўнiк паспрабаваў выцягнуць Сiманоўскага, але той учапiўся за парту, раскiрэчыўся, угнуў галаву. Тады настаўнiк сьпеваў... Ну, каб настаўнiк працы, фiзкультуры цi гiсторыi пачаў бiць вучня кулакамi па мордзе й галаве, усе б маўчалi. А так — настаўнiк сьпеваў! У клясе выбухнула гiстэрыка. «Жыды б’юцца! Жыды б’юцца!» — крычала на сорак галасоў мiкрараёнскае школьнiцтва. Дзядзька настаўнiк перамог, выкiнуў Барыса Сiманоўскага на калiдор, вярнуўся й зайграў «Марсэльезу». Самае дзiўнае, што настаўнiк не паскардзiўся на вучня, а той пачаў старанна раскрываць рот — нiбыта сьпявае.

Калi табе маркотна, дапамагаюць i згадкi пра жанчын. Я згадваю й габрэйскiх жанчын — такiх, як Голда Робэрман. Успамiнаю, як я ляжаў у ложку з голай Голдаю. На вулiцы панавала пекла. Мы ўжо не кахалi адно аднаго. Так, выпадкова сустрэўшыся ў Маскве, схадзiлi ў кавярню й зьлюбiлiся пасярод дня. Дзiўна, калi мы закахалiся, дык гулялi ночы навылёт, гаварылi, цалавалiся, а цяпер будзёна спатолiлi полавыя памкненьнi й адпачывалi на скамечаных прасьцiнах. «Дай слова, што нiкому не раскажаш», — прашаптала Голда. «Пра тое, што мы любiлiся?» «Не.» «Даю!» «Я цяпер ня Голда Лейбаўна, а Галiна Львоўна. І прозьвiшча ў мяне Страчанкова, а не Робэрман». «Замуж выйшла?» «Не. Проста Масква ня Менск, тут лепш назвацца Страчанковай». Наступная сустрэча з Голдаю адбылася празь некалькi гадоў, яна выйшла замуж, нарадзiла дачку i ўзяла мужава прозьвiшча, а якое, не скажу. Адно, што зноў рускае.

Пра беларускiх габрэяў у Маскве можна ўспамiнаць бясконца, але раскажу яшчэ й пра Лаўфманаў. Сям’я Лаўфманаў кантралявала гандаль у гарадку Мсьцiславе. «Кантралявала» — гэта з сучаснай лексыкi, але дакладна. Лаўфману-старэйшаму падпарадкоўвалiся розныя базы й склады. Мы сутыкнулiся зь iм у досыць складанай па савецкiм часе праблеме. У сутарэньнях кармэлiцкага касьцёлу падначаленая Лаўфману гароднiнавая база салiла й захоўвала агуркi. Соль ела касьцельныя сьцены. Лаўфман выслухаў нас — рэстаўратараў — i бочкi з агуркамi прыбраў. Сярод нас знайшлiся ўдзячныя людзi, аматары iдышу й старажытнагабрэйскiх песень. Яны напрасiлiся да гандляра ў госьцi. Самае цiкавае, што я пачуў пасьля тых гасьцей, былi ня песьнi, хоць i яны мелi неабвержную каштоўнасьць. Уразiла апiсаньне Лаўфмана-наймалодшага. Калi прыйшлi госьцi, ён ужо сядзеў за сталом. Маленькi Лаўфман-Вэльзэвул узвышаўся над пачастункамi на адмысловым крэсьле. Гадоў ён меў восем-дзевяць. Рот быў шырокi, з рэдзенькiмi зубкамi. У правай руцэ сьцiскалася сьвежая, тлустая, сакаўная катлета, а ў левай трымалася мухабойка. «Наш меншанькi, самы разумны, — з захапленьнем распавяла жонка Лаўфмана-найстарэйшага. — Наш унучак вучыцца ў Маскве. Уяўляеце?! У самой Маскве. І дзякуючы яму, нашаму разумнiку-прыгажуну, сын атрымаў кватэру, i не на ўскрайку, а ў цэнтры. У цэнтры Масквы, во! Гэта ўсё зьнешнасьць i розум. Па зьнешнасьцi ён выглядае на поўнага iдыёта. Вось мы яго й завялi ў школу для разумовых iнвалiдаў i навучылi, як сябе паводзiць. Ён паўгоду iграў ролю крэтына. Сыну далi спачатку даведку пра хваробу майго ўнука, а пазьней i кватэру. А зараз ён ходзiць у элiтную маскоўскую школу, што спэцыялiзуецца на ангельскай мове. Пакажы, пакажы iм, як выглядае маскоўскi дурань!» Маленькi Лаўфман сьцiснуў катлету так, што тлушч пацёк па пальцах вундэркiнда, i ляснуў мухабойкаю па стале. Каб пераканаць гледачоў канчаткова, ён пусьцiў з носа соплi, а з рота сьлiну... Нават аповед пра катлету з мухабойкаю мяне ўразiў, а каб глянуць на малалетняга Вэльзэвула — Уладара мухаў?

Але вернемся з Масквы ў Менск, да тутэйшых габрэяў...

У двары дому нумар сем па вулiцы Чарнышэўскага гулялi два Гены: Генка-Тонкi Мальцiнскi — сын перакладчыка Хаiма, якi пераўвасабляў беларускую лiтаратуру на iдыш для часопiсу «Зорка Бiрабiджану», i Генка-Тоўсты Паркiн. Два Генкi — дзьве супрацьлегласьцi. Тонкi — суцэльны рух, актыўнасьць дваццаць чатыры гадзiны ў суткi, падманы, iнтрыгi, сьмех. Гэта Генка-Тонкi абмяняў пустыя стрыжнi да шарыкавай, яшчэ нiкiм ня бачанай, ручкi на процьму цацак, за што атрымаў па мардасах. А Гена-Тоўсты сядзеў i чытаў Стывэнсана, Дойля, Купэра, Рыда... Зладзейнiчаць ён пачне пазьней. Скрадзе машыну й сядзе ў турму, дзе пачне сачыняць романы. Гена-Тонкi, пэўна ж, сеў бы ў турму, каб не эмiграцыя. Тонкi зьехаў у Ізраiль i стаў афiцэрам паветраных сiлаў. А Тоўсты стаў аўтарам турэмных романаў. Вось такiя Генкi жылi на Чарнышэўскага сем, што памiж вулiцамi Якуба Коласа й Кузьмы Чорнага.

А ў доме нумар тры на Чарнышэўскага жыў Славiк Эпштэйн. Ён выдатна вучыўся ў пачатковай школе. Меў ганарысты характар i гарбаносы профiль. Славiк два разы ўзапар пабiў мае акуляры. О, гэтыя акуляры! Я з мамай езьдзiў на край Менску, дзе падбiралi лiнзы. І нарэшце я зьявiўся ў клясе ў новенькiх, блiскучых акулярах. А ў кiшэнi сiняга форменнага пiнжака ляжаў зялёна-малахiтавы футарал. Толькi адзiн урок я прасядзеў у акулярах. На перапынку паспрачаўся з Эпштэйнам: хто намалюе больш роўны круг крэйдаю на дошцы. Абодва кругi атрымалiся крывыя. І гарачая спрэчка перарасла ў бойку. Аправу бяз шкла я паказаў мацi. Мы зноўку езьдзiлi на ўскраiну. А калi я зьявiўся ў абноўленых акулярах, дык першае, што зрабiў — падышоў да Славiка й папярэдзiў: калi зломiць акуляры, разьдзяру ягоны дзёньнiк выдатнiка на шматкi. «Не разьдзярэш». Дарма ён так сказаў. Я схапiў дзёньнiк. З маiх рук паляцела пакамечаная пашкуматаная папера. Зразумела, Эпштэйн ня вытрымаў крыўды. Другiя акуляры загiнулi. Бацька сказаў, што мне ня варта насiць акуляры, бо можна застацца зусiм без вачэй. Бiлiся мы з Эпштэйнам толькi два разы, а так сябравалi, i калi мае бацькi атрымалi новую кватэру i мы пераяжджалi, Славiк падарыў мне на памяць манэту Вялiкага Княства Лiтоўскага з выбiтай на ёй Пагоняю.

Манэта згубiлася. Шмат што згубiлася. Але згадкi пра манэту мяне супакойваюць, як i згадкi пра Магалiфаў...

Ведаў я трох Магалiфаў, двух асабiста, а аднаго — Магалiфа-дзеда — завочна. Магалiф-дзед камiсарыў ва дкраiне падчас грамадзянскай вайны й зрабiў вялiкую ласку расейскай лiтаратуры. Ён выратаваў выбiтнага пiсьменьнiка — Мiхаiла Прышвiна. Байцы Чырвонай армii зьбiралiся «замачыць» сiвабародага дзядка з падазронымi паперкамi ў рэчмяху. А камiсар Магалiф загадаў дзядка адпусьцiць. Хапiла адукацыi. Можа таму, калi я вёў журналiсцкае расьсьледаваньне пра лёс каштоўнасьцяў, якiя Сталiн вывозiў з СССР i прадаваў у Нямеччыне й празь Нямеччыну, напароўшыся на камiсара Магалiфа, якi быў намесьнiкам савецкага амбасадара ў Нямеччыне i, вiдавочна, прымаў удзел у распродажы збораў Эрмiтажу, я ня стаў акцэнтаваць на iм увагу. І калi Магалiф пашкадаваў i абаранiў Прышвiна, дык Сталiн не пашкадаваў Магалiфа, i ягоныя цёплыя ўзаемаадносiны зь Лiляю Брык не дапамаглi. Фотаздымак, дзе каханка Маякоўскага Лiля стаiць з камiсарам Магалiфам на фоне маскоўскага крамлю, мне паказваў Магалiф-бацька. Ён прыехаў у Менск з Горак. Прыехаў не адзiн, а з найлепшым сябрам — жабкаю у зялёным тэрмасе. Мы сядзелi ў сквэрыку, на пляцы Перамогi. Магалiф-бацька скардзiўся жабцы на лёс i паказваў мне здымкi з ЗША, куды перабраўся жыць Магалiф-сын. Здымкi былi мярзотныя. Распаўнелы Магалiф-сын адзьняў свой выходны дзень са смажаньнем мяса, пiцьцём вiна й сном на траве. Сытае марнатраўства — вось i ўсё пра здымкi. А ў Менску Магалiф-сын пiсаў песьнi, досыць мэлядычныя, i выконваў тыя песьнi Лявон Барткевiч з ансамблю «Песьняры». А ў Амэрыцы Магалiф-сын працуе ў фiрме «Шанэль», грузчыкам у краме. Магалiф-бацька на разьвiтаньне паказаў здымак зь Лiляю Брык i папрасiў адкласьцi напiсаньне артыкулу пра дэпартацыю каштоўнасьцяў, бо час ня той. Цяпер той час, дзесяць гадоў мiнула, i даўно няма той жабкi з тэрмасу. Адны згадкi пра яе.

Я згадваю яшчэ шмат тых, хто ня хоча прызнавацца ў сваiм габрэйстве. Згадваю, каб адагнаць маркоту й безнадзейнасьць, якiя акупавалi наш Менск.

Успамiнаю Ігара Лiбэрмана, якi нiколi не саромеўся, што ён габрэй. Удакладню: нацiск на першы склад — ЛТбэрман. Ён за гэта перажываў. А я забываўся й казаў Лiбэрма@н. І на Адэсу я казаў Адзеса. А ён нэрваваўся. Ігар Лiбэрман перажываў толькi за гэтыя два словы, за ўсё астатняе — не. Войска, а ён у войску ахоўваў турму, прывучыла не перажываць з-за драбязы. І з-за жанчын ён не перажываў, у яго iх была процьма, толькi за жонку ён узяў Рэгiну-музыказнаўцу. Непрыгожую. Вядома, на мой густ. І я нiяк ня мог зразумець, чаму Ігар выбраў Рэгiну. Дайшло пазьней. Толькi ў Рэнi быў вялiзны габрэйскi чамадан. Такi бязьмежны, сплецены з лазовых дубцоў, жоўта-сiянiсцкi чамадан. З такiм, i толькi з такiм чамаданам можна было спакойна выправiцца на Зямлю Запаветную. Ігар з Рэняю спакавалi валiзы й зьехалi. Зь Ерусалiму Лiбэрман даслаў мне бутэльку вiна — чырвонага й смачнага, як кроў.

Менск. Сьнежань 1999 году

Дарожныя аварыі


Калi зьбiраешся ў дарогу, кладзi ў кiшэню два пашпарты. І падчас канфлiкту адразу аддавай адзiн пашпарт мiлiцыянту, палiцыянту цi пакрыўджанаму табой чалавеку. Такое ўражвае й гасiць страсьцi. Вораг шалее, крычыць, бiцца лезе, а ты: «На мой пашпарт i супакойся». Тоненькая кнiжачка, а супакойвае, як магутны транквiлiзатар. Пачынаецца чытаньне, гартаньне, разглядваньне. Агрэсiя пераходзiць зь цябе на паперу. Калi пашпарта няма, замянi грашыма. Разгарнi кашалёк, пакажы, колькi ёсьць грошай i аддай большую палову. Грошы ўзьдзейнiчаюць горш за пашпарт, але — безадмоўна. Пашпарт, вядома, лепшы сродак. Толькi далёка ня ў кожнага iх два. А вось адзiны пашпарт аддаваць ня варта. У мяне два пашпарты, i я магу сабе дазволiць адзiн запусьцiць на абаронныя дзеяньнi. Адкуль узяўся дублiкат? Выпадак.

Я iшоў на мiтынг пратэсту. Мы — беларусы, супраць суседняй Русi дзесяць гадоў ходзiм на акцыi пратэсту й б’емся зь мянтамi, тымi самымi, што выдаюць пашпарты, б’емся зь беларускiмi палiцыянтамi. Пагаворваюць, што ў душы нашыя мянты за нас. Напэўна, яны за нас, як i палiцаi былi за нас, як партызаны былi за нас. Асабiста я скарыстаў момант i за дзесяць хвiлiнаў да пачатку акцыi зайшоў у мянтоўку, каб забраць новенькi пашпарт з залатой Пагоняю на вокладцы. У аддзяленьнi, што каля кiнатэатру «Перамога», была процьма амонаўцаў у шаломах з дубiнкамi. Некаторыя мелi аўтаматы. Мне выдалi пашпарт i ў мiтусьнi забылiся забраць стары савецкi.

З двума пашпартамi ў кiшэнi я ўдзельнiчаў у бойцы каля гастраному «Пад гадзiньнiкам», што насупраць КГБ. Народу паабапал скарынаўскага праспэкту была процьма. Хлопцы зь «Белага легiёну» паспрабавалi выйсьцi на сярэдзiну праспэкту. Тут i пачалося. Мянты, якiя нiбыта нашы, пачалi нас зьбiваць, хапаць i кiдаць у машыны. Жаданьня вяртацца ў пастарунак, хай сабе й з двума пашпартамi, у мяне не было. Гэта ў той дзень у аддзяленьнi склалi пратакол, зь якога вынiкала, што цалкам глуханямы хлопец выкрыкваў антыпрэзыдэнцкiя лёзунгi й лаяўся матам. Думаю, i ты не захацеў бы ў такi пастарунак. Але адная справа хацець, а iншая — мець.

Вось у дзяцiнстве я хацеў двухколавы ровар. І бацька набыў такi ровар у дыплямата Калбасьева. Дыплямат, як i мусiць быць, езьдзiў за мяжу на перамовы й прывозiў рознае ўсялякае. Прывёз ён i дзiцячы ровар — блакiтны, з тоўстымi жоўтымi коламi, нямецкi. А дачка дыплямата, Люда, адмовiлася катацца на iм. Ровар прадалi нам.

Я навучыўся катацца ў адно iмгненьне. Сеў i паехаў, нiбыта ўсё жыцьцё езьдзiў на двухколавым ровары.

Бацька зьбiраўся пайсьцi ў краму «1000 дробязяў», я напрасiўся паехаць зь iм. Тым больш, што мне ў сэкцыi фiгурнага катаньня загадалi прынесьцi тэнiсны мячык. Бацька iшоў, я ехаў побач. Ад вулiцы Кузьмы Чорнага да парку Чалюскiнцаў спускаецца вузенькая вулка. Я пачаў набiраць хуткасьць. Бацька яшчэ быў на гары, а я ляцеў унiзе. Раптам з-за рогу зьявiўся мужчына зь дзяўчынкаю. Каб не задавiць дзяўчынку, я паехаў на дом. Пярэдняе кола ўскочыла ў дзiрку памiж сьцяною й вадасьцёкавай трубой. Я пераляцеў праз руль i рэзнуўся галавою ў бляху. Каб у цэглу, дык прытомнасьць вярнулася б значна пазьней, калi б наагул вярнулася. А так я расплюшчыў вочы ў чужой ваньне. Чужая жанчына ўбачыла праз вакно аварыю. Выбегла, узяла мяне на рукi й занесла ў сваю кватэру. Яна абмывала мне твар, калi я апрытомнеў. У краму «1000 дробязяў», што насупраць парку, бацька мяне звадзiў, мячык мы прыдбалi й дамовiлiся, што маме ня скажам пра аварыю, як я наляцеў галавою на трубу. Я й не сказаў. Выклаў усё бацька. Дома я скруцiўся на фатэлi й заснуў. Мацi спытала ў бацькi, чаму я сплю пасярод дня. Бацька раскалоўся. Мяне пабудзiлi й павялi да доктара. У больнiцы абвязалi галаву бiнтам i сказалi, што я атрымаў першае клясычнае страсеньне мазгоў.

Другое страсеньне было не клясычнае, бо я не зьвяртаўся ў лякарню. Я ехаў у грыбы. Разагнаўся з горкi, каб на хуткасьцi праскочыць кавалак дарогi, занесенай пяском. Не праскочыў. Руль вырвала з рук. Я кульнуўся на пясок. Мяккi, шаўкавiсты, цёплы быў наш беларускi пясочак. Але пабiўся я моцна. І грыбоў у той дзень не зьбiраў. І можна было б зрабiць высновы, але я зрабiў iх у iншы бок, на карысьць лепшага ровара.

Зь першых стыпэндыяў наадкладаў рублёў i прыдбаў спартовы ровар «Спадарожнiк». Тры хуткасьцi, тармазы на абодвух колах. І не дапамагло, зноў трапiў у аварыю. Непадалёк ад Кальварыйскiх могiлак я вырашыў праскочыць скрыжаваньне на жоўтае сьвятло. І не пасьпеў. На мяне ляцелi два легкавiкi. Добра, што «жыгулi» iшлi на мэтры два паперадзе «масквiча». «Жыгулi» ўрэзалi мне па пярэднiм коле. Мой ровар разьвярнула на 90°, i «масквiч» не зачапiў зусiм. Вадзiцель з «жыгулёў» аблайваў мяне густым расейскiм брыдкаслоўем. А я маўчаў. Мову адняло. Цяпер я выдатна ведаю, як адымае мову. І жанчына, што сядзела ў праклятых «жыгулях», так i сказала: «Што ты крычыш на яго? Паглядзi, у яго мову адняло!» «Што я крычу, б...? Што я крычу? А каб я забiў гэтага разья... i сеў у турму? Зараз я яго ў мянтоўку здам!» Шафяруга выскачыў з машыны й пачаў сьвiстаць у мiлiцыянцкi сьвiсток. Тут мова й вярнулася. «Ідзi ты ў сраку, мудак! Сам пёрся на чырвонае сьвятло!» Можа мы б i пабiлiся са сьвiстуном, каб не ягоная жонка. Сардэчная трапiлася кабета. «Ён загаварыў (гэта пра мяне), ты чуеш (гэта да сьвiстуна), у яго ўсё нармальна, паехалi». І яны паехалi, а я пакацiў ровар у блiжэйшы двор, дзе сядзеў на лаўцы, можа, гадзiну. Рукi, ногi калацiлiся. Так заўсёды пасьля аварыi ў мяне рукi й ногi калоцяцца. І ў Маскве калацiлiся.

У аэрапорце «Шарамецьева» мяне з братам сустрэў пiсьменьнiк Воўка Сотнiк. Сьцiплы, выхаваны чалавек, а як нап’ецца, заводзiць кружэлку: «Я — вялiкi рускi пiсацель. Я — вялiкi...» Так i карцiць спытаць: «Дастаеўскi?» Толькi я не пытаюся. Воўка харошы чалавек, добры. У ягонай жонкi Танькi машына адрэзала дзьве нагi. Воўка даглядае, носiць на руках, любiць сваю Таньку. Кранальны выпадак. Танька з Воўкам пiшуць раманы па-расейску. А яшчэ пiшуць артыкулы ў часопiсы й газэты пра значнасьць сваiх раманаў. Такi ў iх сямейны лiтаратурны бiзнэс. Тое-сёе Воўка пiсаў i для майго выдавецтва.

Ён сустрэў нас ў аэрапорце. Мы пагрузiлiся ў «опэль» i выяжджалi на трасу. Я сядзеў ззаду, брат — сьпераду. Я зiрнуў праваруч i ўбачыў, як здаравенны «мэрсэдэс» павольна наплывае на нашу машынку. Ён не наплываў, а ляцеў. Але ў такiя моманты ў мяне расьцягваецца час, робiцца марудны-марудны. Мая душа выскачыла зь цела й павiсла побач з машынаю. Так што аварыю я пабачыў адразу ў двух варыянтах: знутры й звонку. У машыне мяне ўразiла, як тарганулiся галовы спадарожнiкаў. Як не адарвалiся?! Чалавек — iстота крэпка сканструяваная. На вулiцы бампэр уеўся ў дзьверку, за якой сядзеў брат. Душа баязьлiва вярнулася ў цела. Я ня стаў яе дакараць. Жыць без душы, хай сабе й баязьлiвай, не выпадае. Усё ж я — чалавек. Грузiн з «мэрсэдэса» прапанаваў ад’ехацца й разабрацца. Мы ад’ехалiся, але не разабралiся. Да нас падрулiлi мянты. О, гэтыя маскоўскiя мянты! На фотавыставе Нацыянальнай геаграфiчнай супольнасьцi зь дзесяцi тысячаў карцiнак толькi адна была пра Расею. За сто гадоў, зь дзесяцi тысячаў, адна — з маскоўскiм мянтом. І вось такi вяпрук нас залавiў. І пачалося... Уцяклi зь месца аварыi, хацелi схаваць злачынства. Грузiну ўцёкi каштавалi пяцьдзясят даляраў. Воўка сплацiў кабану ў фуражцы амэрыканскую дзясятку. Морда не захацела браць расейскiмi рублямi. Як там нi было, а грузiн адрамантаваў «опэль». Сам адрамантаваў. Ён быў яшчэ й аўтамэханiкам.

А я, калi трапляю ў iнцыдэнт, нiчога адрамантаваць не магу, даводзiцца сплочваць грошы. Часам набягаюць немалыя сумы. І як яны будуць малымi, калi за адзiн раз мая жонка пабiла чатыры легкавiкi? Бум! І «опэль», «жыгулi», «фальксваген» i «масквiч» пашкодзiлiся ў розных ступенях.

Ехалi мы з грыбоў. З грыбамi, ты заўважыў, у мяне непрыемнасьцi другi раз. Пачалася залева. Грыбнiкi пазалазiлi ў машыны й выпаўзьлi на дарогу. На гарачы асфальт лiло, як зь вядра. Дарога ператварылася ў каток. Пад Лагойскам жонка мне сказала: «Паглядзi, якi «мэрсэдэс»». І сапраўды, па сустрэчнай паласе да нас наблiжаўся выдатны экзэмпляр, вялiзны фургон. Калi нашы вочы зiрнулi наперад, было запозна нешта рабiць. Наш «опэль» таранiў багажнiк «жыгулёў». Мой лоб пацалаваў шкло й намаляваў на iм зорку з трэшчынаў. Калi я выкараскаўся з машыны, на мяне пайшоў дзядзька з кулакамi. «Ты што, гад, нарабiў? У мяне жонка на дзявятым месяцы!» Як якое здарэньне, усе думаюць на мяне чамусьцi. З усiх выбiраюць мяне за вiнаватага. Можа, твар зладзейскi? «Сам ты мудак! Не паказаў, што тармозiш». «А я, б.., i не тармазiў. Я ехаў. Цiха й нармальна ехаў. А ты, б.., даў мне ў сраку. А ў мяне жонка праз тыдзень родзiць». «А мая жонка за рулём сядзела. Стой i не п...». Вакол нас назьбiраўся натоўп аварыйнiкаў. Жонка плакала. Яе не чапалi. «Хай мянты разьбiраюцца!» Усе разышлiся й закурылi ў чаканьнi даiшнiкаў. «Трупы ёсьць?» — першае, што мы пачулi ад старшыны. «Няма!» «Ну i дзякуй Богу. На гэтым месцы ў нас кожны год нябожчык ёсьць». Пра трупы даiшнiк гаварыў так, як рыбак пра шчупакоў. Рыбнае месца ў iх там, пад Лагойскам. Топчучы парассыпаныя на дарозе грыбы, мянты мералi й малявалi карцiну здарэньня. Вiнаваты быў ясна хто. Ворагаў у нас хапала: два чараватыя начальнiкi ў зялёных гумовых ботах з «масквiча», два маладыя бiзнэсоўцы з «фальксвагена» i сем iдыётаў з «жыгулёў». Цяжарную з «жыгулёнка» звазiлi ў лякарню на «хуткай дапамозе», але пашкоджаньняў не знайшлi й прывезьлi назад. Мент адвёў мяне ў поле й сказаў, што патрымае пацярпелых хвiлiнаў пятнаццаць-дваццаць, каб мы пасьпелi адарвацца. Маўляў, боек на дарозе яму ня трэба. За месяцы тры я сплацiў грошы за «жыгулi» цалкам i за рамонты трох машын. Дарагiя грыбы былi тым летам. Але што наракаць. Жывы, здаровы, i дзякуй Усявышняму.

«Ты Богу, Богу дзякаваць мусiш! Сьвечку ў царкве, цi куды ты там ходзiш, пастаў. Каб так уплiшчыцца й жывым застацца. Гэта толькi Бог можа зрабiць!» — крычаў пракурор Сава з Ашмянаў на трасе Менск–Вiльня. У Савы калацiлiся рукi й трэслася галава. «У мяне язва адкрылася на нэрвовай глебе. Я ў Менск па лекi ехаў. З больнiцы ўцёк. І тут вы. Каб я руль ня вывернуў — усiм капец!» Сапраўды, каб пракурор... Але мадэляваць сваю сьмерць дазваляюць адно самазабойцы. А я з жонкаю ехаў зусiм не на ўласнае пахаваньне, а на прэзэнтацыю. Жонка ў мяне майстар рабiць дзяўчатам вечную прыгажосьць на фота. І ня дзiўна, што ў часопiсе «Харпэр базар» зь ёй зрабiлi iнтэрвiю. Пра яе зьнялi рэклямны ролiк на лiтоўскай тэлевiзii. На прэзэнтацыю часопiсу зь вiдэаролiкам мы й несьлiся. Надвор’е стаяла яшчэ тое: сьнег з дажджом i ветрам. Два разы мы спынялiся, каб лёд з лабавога шкла пазьдзiраць. Хуткасьць была недзе пад сотку. І яе хапiла, каб нас панесла на лёдзе. І панесла. І вынесла на сустрэчную паласу, дзе ехаў хворы пракурор.

І амаль пранесла мiма. Я думаў, пранесла, дык не. Наш «опэль» сракаю рэзнуўся ў лыч ягонай таратайкi. Рэзнуўся й паляцеў пад адхон. Бляха-апранаха, я не прышпiлены пасам сядзеў. За хвiлiну да аварыi адшпiлiўся. Шукаў запальнiчку па кiшэнях. Знайшоў, закурыў цыгарэту, як закурвае асуджаны на сьмерць перад пакараньнем. З цыгарэткаю ў зубах я й перакулiўся, спачатку на дах, потым зноў на колы. Абмацаў сябе. Здаецца, жывы. «Ты жывая?» «Жывая!» Вылецеў з машыны, каб адскочыць, бо рэзнулiся бэнзабакам. Нi дыму, нi агню. Ужо лягчэй. Іду сабе па сьнезе на дарогу. Паглядзець, цi не забiлi каго. А да мяне сiвы дзядзька ляцiць. «Ты, ты, ты што нарабiў?» «Стой i маўчы. Стой i маўчы. Пастаiм хвiлiнку. А потым пагаворым». «Правiльна». Пастаялi, пакурылi. Ён з кiшэнi пракурорскае пасьведчаньне дастаў, а я пашпарт — той, стары, запасны. «На пашпарт i супакойся». І ён крыху астыў. Далей ён назваў, колькi хоча за тарантайку. Я разгарнуў партманэтку, аддаў амаль усё, што меў i, канечне, застаўся вiнен. Пракурор — чалавек дасьведчаны, хто, як ня наш беларускi пракурор, ведае, што ў судах праўды нямашака.

У Вiльню мы даехалi аўтастопам, i ўсю дарогу лiтоўскi гандляр будматэрыяламi распавядаў, дзе й як на трасе Вiльня–Менск б’юцца машыны.

На прэзэнтацыi барадатымастацтвазнаўца да маёй гiсторыi вынайшаў рэзюмэ: «Вось так людзi й прыходзяць да Бога!» «А можа Бог так прыходзiць да людзей?» — падумаў я, i толькi тады стала страшна. Я пачаў шукаць запальнiчку. У кiшэнях было поўна шкла.

Вiльня–Менск. Люты 1999 году

Прымусь сябе жыць ў Лагойску


У Карлавых Варах iдзе сьнег. Утульны, цёплы, казачны, ён павольна сыплецца на цукерачную архiтэктуру часоў Аўстра-Вугорскай iмпэрыi. Над шапаткой вадою горнай рэчкi Цеплы на парапеце сядзяць два качары са смарагдавымi патылiцамi. На сьпiны, дзюбы й галоўкi нерухомых, нiбыта здранцьвелых у наркатычным трансе птушак нападаў сьнег. Навет птушкi ў абноўленай незалежнасьцю Чэхii — чароўныя, навагоднiя, лялечныя. Ёсьць бясспрэчная, паўночная, крышталёвая лiрычнасьць у матыве сьнегу, якi цярушыцца на рачныя вiры.

Празь вялiкiя сьняжынкi я ўбачыў сваё мастакоўскае юнацтва: дзень у халодным Лагойску. Панавала адлiга: дарогi парасплывалiся, пабруднелi, пачарнелi, галiны дрэў абрасьлi лёдам. Я стаяў на мосьце й назiраў за густым сьнегам, што падае на чорную, як смала ў пекле, ваду Гайны.

Я прыехаў у Богам непрывечанае мястэчка пiсаць эцюды. Мне было пятнаццаць. Я верыў у сваю зорку, як мiзантрапiчны герой з апавяданьня Альбэра Камю «Ёна, або жыцьцё мастака». Хацелася кiнуць усё чыста, пасялiцца на правiнцыi, ствараць генiяльныя карцiны, як Поль Сэзан. Я спакаваў эцюднiк, сеў на прыгарадны аўтобус i прыехаў зь Менску ў Лагойск.

Раскормленая кепскiмi прадуктамi загадчыца гатэлю на восем нумароў доўга не жадала мяне сялiць, не разумела мэты вiзыту. Давялося распакоўваць мастакоўскi рыштунак, каб пераканаць азызлатварую, змучаную iдыятычным жыцьцём кабету, што я ня злодзей, а прыстойны навучэнец з элiтнай вучэльнi, i буду толькi цiхенька маляваць. А яшчэ я даў стоадсоткавую гарантыю, што не замажу фарбамi нi бялiзну, нi падлогу, нi сьцены, нi столь. Каб жа ведаць: як i ў што зафэндаецца вузкi пакойчык з трыма ложкамi, я б, не задумваючыся, зьехаў у той жа дзень. Але чалавек любiць будаваць ружовыя пляны, пражэктаваць i верыць ва ўласныя праекты. Я самаахвярна верыў у свой талент. Гадзiнамi соваўся па абледзянелых вулiцах i рабiў нягнуткiмi пальцамi накiды будучых шэдэўраў. Маляваў стракатыя стужкi бясконцых дашчаных платоў, крытыя пярэстай гонтаю дахi домiкаў i хлявоў з пограбамi, фiксаваў на пакамечанай паперы сваё бачаньне культавых пабудоў, скалечанах тагачаснай расейска-камунiстычнай уладаю.

Я быў закаханы ў трагiчны лёс Ван Гога, меў блiзкiя да мiстыкi настроi, адпаведна на мяне зрабiла найярчэйшы ўплыў наведваньне царквы, пасярод якой стаяла труна зь неверагодна старым i шэрым, як мех з-пад цэмэнту, нябожчыкам. Жанчыны ў чорных хустках ня плакалi, пэўна, баялiся, што сьлёзы замерзнуць на шчоках i ў вачах. З рота мармытлiвага папа вярнула густая, як дым з цмока, пара, такi стаяў люты холад у саборы. Настрой мой упаў значна нiжэй за нулявую адзнаку.

Я зазьбiраўся дамоў, але мне не хапiла рашучасьцi, i я ўгаварыў сябе застацца начаваць у гатэльнай няўтулiцы. Ляжаў безь сьвятла, пад зялёнай салдацкай коўдраю — тоўстай, як валёнак, але ўсё адно халоднай. Я думаў пра вартасьцi гагенаўскага жывапiсу й вангогаўскiх малюнкаў. Спачатку здавалася, што Гаген лепшы мастак, што ён правiльна зрабiў, зьехаўшы на Таiцi, дзе цёпла й безьлiч сакаўных жанчын, чые целы вылеплены з пладоў манга. Потым я пярэчыў самому сабе, аддаючы перавагу Вiнцэнту Ван Гогу зь ягонымi трагiчнымi завiхрэньнямi колераў i абрысаў. Мае развагi чымсьцi нагадвалi гульню ў шахматы на адзiноце.

Падчас найбольшага запалу мастацтвазнаўчае гульнi ў нумар усунулiся два дзяды. Першым увайшоў высокi, крыху прыгорблены стары ў даўгаполым палiтоне з каракулевым каўнерыкам. За iм увалiўся нiзенькi, няголены, дзюбаносы дзядок з калматай лiсiнай шапкаю ў руцэ. Яны распранулiся да сподняга, выцягнулi тумбачку з-пад вакна, паставiлi яе памiж ложкамi, упрыгожылi пляшкай гарэлкi, шклянкамi, печывам i пачалi напiвацца. У часе ўрачыстай алькагольнай цырымонii нi адзiн, нi другi не прамовiлi нi паўслова.

Голас драбнейшага з п’янiцаў я пачуў сярод ночы. «Выпусьцiце мяне! — лямантаваў ён, ня могучы адчынiць прысунутыя на засаўку дзьверы. — Зараз абасцуся!» Я ўскочыў, выпусьцiў з нумару гiстэрычнага алькаголiка й вярнуўся пад колкую коўдру. Каб тое здарылася цяпер, я б не заснуў да ранiцы, а тады спакойна правалiўся ў шчыльны юначы сон. Прачнуўшыся, нiякiх пачварных дзядоў ня ўбачыў, i тумбачка стаяла на заўсёдным месцы, пад вакном, што глядзела на царкоўную гару.

Цiкаўная, як i ўсе гатэльныя наглядчыцы, мая гаспадыня не прамiнула папытацца, як прайшла ноч. Мне не хацелася разважаць пра тое, што мужчыны часьцей за жанчын наведваюць прыбiральню. Таму сам пачаў распытваць пра дзядоў. Са словаў гатэльнiцы: высокi — найсапраўднейшы рэвiзор. Штогод правярае лагойскiя базы. А меншы таксама рэвiзор, але на пэнсii. Рэвiзорам не выпадае п’янстваваць з тутэйшымi начальнiкамi, а тым больш падначаленымi, вось i валакуць у камандоўку сабутэльнiкаў.

Той ранiцаю ў мястэчку падаў надзiва змрочны сьнег. Маляваць на вулiцы не было анiякай магчымасьцi. Папера карабацiлася й раскiсала, дзюбка наймягчэйшага з алоўкаў не пакiдала рысак, а прадзiрала аркушы наскрозь. Гэта ў Карлавых Варах у самы найгусьцейшы сьнегапад можна схавацца ва ўтульнай рэстарацыi « Замкавы верх», сесьцi да вялiкага вакна, замовiць кубак булёну зь цялячымi фрыкадэлькамi й назiраць за спрытным жабраком, што зрабiў з лыжнага кiёчка вуду зь пятлёю й выцягвае зь зялёнага рэзэрвуару, падобнага да купалу мусульманскае мячэцi, пустыя бутэлькi з-пад вiна ды пiва. А пазьней, за кубачкам гарбаты з цытрынаю, маляваць архiтэктурнае ракако цi пiсаць вось гэтае апавяданьне. Адно кепска: недзе там, у юнацтве, засталося пачуцьцё ўласнай абранасьцi. А цяпер думаецца, што адчуваньне няздатнасьцi — i ёсьць прыкмета маленькага, а ўсё ж таленту. Кожнаму веку свае заняткi, свае радасьцi й спадзяваньнi.

Цэлы дзень я прасядзеў у нумары й прамаляваў акварэльнае пахаваньне лагойскага нябожчыка, чыю труну завалаклi канём на пакрытыя глыбокiмi сумётамi клады. Я так захапiўся карцiнкаю, што не пасьпеў прыбрацца да вяртаньня негаваркiх рэвiзораў. Толькi iм усё маё пэцканьне было да лямпачкi. Памiж ложкамi паставiлася тумбачка, i пацякла маўклiвая п’янка. Нi раней, нi пазьней я не сустракаў людзей, здатных напiвацца ў суцэльным маўчаньнi. Колькi разоў давялося браць чарку з глуханямымi, дык i яны нешта паказваюць на мiгi, усьмiхаюцца й весяляцца. А там было адно пабулькваньне вадкасьцi. Морак. Лагойская, лютаўская, пякельная безнадзейнасьць.

Начное выломваньне тым разам незачыненых дзьвярэй паўтарылася, але мела iншае завяршэньне. Я зноў выпусьцiў дзеда да ветру й намерваўся спаць да ранiцы, але дзе там... Пасьля выхаду старога маразматыка ў прыбiральню спаў ня больш за пяць хвiлiнаў. Ён вярнуўся праветраны й працьверазелы, абмацаў кiшэнi свайго авечага кажушка, дзе хавалася ад сабутэльнiка маленькая асабiстая пляшачка, i, нiчога не знайшоўшы, разьюшыўся, разьбiў парожнюю бутэльку аб радыятар i рыльцам успароў свайму сябруку горла. Звон раскрышанага аб чыгун шкла падкiнуў мяне з ложка. Уласна забойства запомнiлася як варухлiвая цемра, насычаная стогнамi й хрыпеньнем. А вось калi запалiлася сьвятло й на мае вочы прадстаў жывапiсна-крывавы труп з раскроеным горлам, дык гэтая карцiна да апошнiх дзён не сатрэцца з памяцi.

Каб хто толькi ведаў, як не люблю я апошнiм часам апавяданьняў пра п’янiцаў, але гэты аповед не пра iх, гэта ўспамiн пра юнацтва, дзе кожны з нас верыў у сваю зорку, пакуль не сутыкнуўся з рэчаiснасьцю, аб якую разьбiваюцца iлюзii, як шкло аб жалеза.

Карлавы Вары. Люты 1999 году

Мсьціслаўскія маньякі


Была спакуса напiсаць пра Нью-Ёрк — горад, дзе нiколi ня быў. Сесьцi, засяродзiцца, згадаць чытанае, бачанае ў кiно i ў тэлевiзii, чутае ад самых розных людзей i нашрайбаць падарожную прозу пра сталiцу ўсiх маньякаў i мастацтваў. І можна было пра горад, якi нiколi ня сьпiць, нешта навыдумляць. Тым больш, што Нью-Ёрк я любiў заўсёды. Кнiжкi пра амэрыканскае дзiва чытаў. Паехаць туды намерваўся й дагэтуль выпраўляюся, ды нiяк ня выберуся. А ў Новы Ёрк я пачаў зьбiрацца яшчэ ў семдзесят дзявятым годзе.

У раённай мсьцiслаўскай бiблiятэцы ўзяў пачытаць альбомчык пра горад даляравага д’ябла. Начытаўся, i заманулася ехаць у Амэрыку. Каму з нас не хацелася ў тую штатную, заможную, музычную краiну? Можа табе не жадалася? Сумняваюся. Не сустракаў я чалавека, якому б не карцела хоць раз пабываць у заакiянскiх злучаных штатах. Я — не выключэньне. Тым больш, мяне зь дзяцiнства некуды несла, кудысьцi клiкала, гнала, цягнула. Не сядзелася дома хлопчыку малому. А там — хмарачосы, падземка, Брадвэй, Манро, Райт, Уорхал, Раўшэнбэрг, Ленан, Прэсьлi, Бруклiн, Альпачына, Брандо... Дух захоплiвае. Ляжаў я ў касьцёле Дзевы Марыi на самаробным ложку й марыў-мроiў пра рок-н-рол i мiльёны агнёў.

У Мсьцiславе я сумаваў менавiта па лямпачках, па сьвятле, па рэкляме. Не хапала начнога жыцьця. На ўвесь Мсьцiслаў адно скрыжаваньне стаяла са сьвятлафорамi. Я ўночы пайду на тое скрыжаваньне, пастаю, i ня так маркотна. Зялёны, жоўты, чырвоны, жоўты... Хоць нешта, хоць нейкi ўрбанiзм. Хлусiць ня буду, работа ў касьцёле мне падабалася, вельмi. Капiяваў я залацiстыя фрэскi — займальны, ведаеш, занятак. Уяўляеш сябе майстрам культавага сьценапiсу, натхнёным вернiкам, манахам. Табе даручылi ўпрыгожыць сабор, i ты робiш эскiзы. Сабор прысьвечаны Мацi Божай i ўсiм, хто загiнуў ад зброi ўсходнiх барбараў у 1658 годзе, калi Мсьцiслаў быў спалены, а жыхары на загад вылюдка-маскавiта Трубяцкога вынiшчаны. З трыццацi шасьцi тысячаў засталася адна тысяча недасекаў. І сьведчаньнем таму паўсталi малюнкi: Трубяцкi палiць горад, i маскоўцы шаблямi адсякаюць галовы ксяндзам. Не скажу, што гэта найпрыгажэйшыя карцiны ў саборы. Яны патрэбныя, але я любiў анёлаў-музыкаў i вялiкi, на ўсю сьцяну залаты арган.

Зладзейства й крыважэрнасьцi ў мястэчку хапала. Бiлiся мясцовыя з зэкамi, рэзалiся пэтэвэшнiкi зь мясцовымi, а мсьцiслаўцы ў дадатак i самi сваiх душылi, i нi ў якiм не пераносным сэнсе, а ў найнатуральным. За горадам у лесе пачалi знаходзiцца згвалтаваныя й задушаныя жанчыны. Як вядзецца ў падобных выпадках, нiхто нiчога ня бачыў i ня чуў. Мясцовыя нагаворвалi на зэкаў, зэкi — на пэтэвэшнiкаў, тыя — на мясцовых i на iнтэрнацкiх глухiх дзяцей.

Колькi тыдняў давялося й мне пажыць сярод дзетак з кепскiм слыхам. Я не фашыст, о, крый мяне, Божа. Я спачуваю калекам, нябогам i асаблiва iхным сваякам i бацькам, толькi жыць з глухiмi дзецьмi досыць... досыць... складана. А часам — невыносна. Ранiцай у нядзелю ты вырашыў паспаць, а яго — дзесяцiгадовага iнвалiда — успаролi а сёмай, накармiлi грачанай кашай i выпусьцiлi ў двор. Ён зазiрнуў у тваё вакно, пабачыў, што ты адпачываеш, пайшоў па малаток, вярнуўся й пачаў бiць-лупiць па блясе падваконьня. Ён глухi. Ён ня чуе. Праз калецтва ён кепска засвойвае ўсе навукi й этыкет. Ён лязгае па блясе малатком i салодка лыбiцца. Ён радуецца, што ты ўстаеш. Злавiў бы — за... пабiў бы! Зьлiтуйся з нас усiх, Божа ўсемагутны. Бяжыш на вулiцу ў адных майтках, а глухога няма. Адно малаток валяецца пад вакном на кветнiку. І ня дзiва, што на гэтых глухiх наракалi й нагаворвалi. Бо ў дзесяць гадоў ён ляпае малатком па жалезе, а ў сямнаццаць... Што такi iнфантыл робiць у полавасьпелым веку? Можаш уявiць? Цела сасьпела, а мазгi засталiся сёмы раз у трэцяй клясе. Усе iнтэрнацкiя прыбiральнi ад падлогi да столi, не раўнуючы, як касьцёл, размалёваны й сьпiсаны крэмзалямi. І зьмест графiцi адпаведны — садысцка-мазахiсцкi, вычварэнскi й сэксапаталягiчны. Словы на «х», на «п», на «б» — найбольш часта сустракаюцца ў фэкальным сьценапiсу. Ня раз i ня два дзяўчаткi з iнтэрнату прапаноўвалi мне пазаймацца квазiпрыстойнымi гульнямi. Але схiльнасьцяў да пэдафiлii я ў сабе не знайшоў i ў блуд не абрынуўся. Але ж гэта я не абрынуўся. Я — чалавек iншага выхаваньня, зь iншымi каштоўнасьцямi й заняткамi.

Мяне ў Амсьцiславе нiхто пальцам не крануў. Гарадок маленькi, усе адзiн аднаго ведаюць у твар. А тут прыехаў невядома хто немаведама адкуль, засеў у паўразбураным будынку й займаецца Бог ведае чым. Невядомасьць спараджае страх i павагу. Нават зэкi, што адсядзелi ў турмах дзясяткi гадоў, ставiлiся да мяне зь пiетэтам.

Зэкi жылi ў iнтэрнатах, працавалi на будоўлi вялiзных сьвiнакомплексаў... Ранiцай i ўвечары яны адзначалiся ў мiлiцыянтаў, а потым сыходзiлi ў мястэчка пiць, гуляць, танцаваць i бiцца. З-за п’янак усчыналiся бясконцыя сваркi, гвалты, мардабоi. Каб ня трапiць назад у турму пасьля разборак, зэкi плацiлi мянтам, а тыя садзiлi iх за дробнае хулiганства на пятнаццаць сутак. Сутачнiкаў прыганялi ў мой сабор прыбiраць будаўнiчае сьмецьце.

Кiраваў прыборкаю вартаўнiк Сокал, такое ганарыстае прозьвiшча. І татуiроўку ён меў адпаведную: лупатая, дзюбатая, кiпцюрастая птушка сiнела на ўсе сiвавалосыя грудзi. Сын Сокала, Сокал-меншы, быў таўсьцейшы за кабанiстага бацьку й паскуднейшы ўдвая. Бацька краў у касьцёле ўсё, што мог зьнесьцi, а сын дапамагаў i гнюсна паскудзiў вакол сябе.

Вось прывядуць Сокалы зэкаў на работу, выберуць аўтарытэта, пакажуць, што трэба рабiць, i старэйшы Сокал сыходзiць, а малодшы сядае з аўтарытэтам п’янстваваць. І пiлi яны не вiно й гарэлку, а эсэнцыю зь лiманаднай фабрыкi. Ёсьць такi канцэнтрат, што дадаюць у лiманады: гадасьць несусьветная, але градус мае ўбойны. Калi дзюшэс — дык пад 80°, лiмон — 60—70°, бурацiна — 50°. Мазгi адбiвае ўмомант. І шклянкi пасьля яе — толькi выкiнуць: не адмыеш, не адшаруеш. Прыбiральня й тая сьмярдзiць цукеркамi. І ўсе пра тое ведаюць. І нiхто, акрамя Сокала-малодшага, ня стане ваду з-пад калёнкi хлястаць пасьля прыняцьця дзюшэсу, бо быдла, каровы ды сьвiньнi тую ваду пiць ня будуць. Ну й работа пасьля такiх кропель адпаведная — сон пад кустом. Такая разбэшчанасьць нi да чаго добрага прывесьцi не магла. П’яны на будоўлi страшнейшы за фашыстоўца на вайне.

На рэстаўрацыю архiтэктурна-жывапiснага помнiка я прыехаў, вядома, не адзiн. І ўсе мае калегi вырашылi абвясьцiць вайну мсьцiслаўскiм боўдзiлам, што абселi касьцёл. Першых пагналi зэкаў. Другой ахвяраю стаў харчгандаль, кiраўнiцтва якога ў касьцельных сутарэньнях салiла гуркi й квасiла капусту. Трэцiмi сыходзiлi рабочыя. Кiраваў iмi шурын вартаўнiка Сокала. Рабочыя — былыя зэкi, якiм не было куды ехаць пасьля тэрмiну, i яны пазаставалiся ў Амсьцiславе. Паводле дакумэнтаў яны ўжо разы два аднавiлi касьцёл, а насамрэч нарабiлi толькi шкоды. Зьнялi стары дах напярэдаднi зiмы. І сабор прастаяў да вясны бяз даху. Сьнег растаў, вада пазмывала частку росьпiсаў. Змыла яна й палову карцiны, дзе расейцы рэжуць ксяндзоў. Таму мы мелi ўсе падставы гнаць у шыю шкоднiкаў. І пагналi. І мястэчка нас запаважала. І можна было хадзiць уначы да сьвятлафора й нiкога не баяцца.

Можа дзеля самаўпэўненасьцi аповеды пра маньяка мяне ня ўражвалi. Зрэшты, душыў ён толькi жанчын. Дый наагул уся гiсторыя выглядала на дурную казку. У цёмным-цёмным лесе чорны-чорны чалавек падпiльноўвае самотных жанчынак, нападае, катуе, забiвае й хавае нябожчыц пад гольлем, мохам i лiстотаю. Што тут нечаканага? А вось калi мясцовы хулiган зарэзаў мясцовага п’янтоса ў нядзелю зранку на вачах у народу, тут i мянты занэрвавалiся.

Нядзеля ў Амсьцiславе — дзень сьвяты й кiрмашовы. Апранаешся чыста й iдзеш на кiрмаш. Сябе паказаць, на сьвiней паглядзець. Люблю я на сьвiнак глядзець. Дарма кажуць, што я жыд, каб быў габрэем — не любiў бы я сьвiнства. А вось люблю. Ходзiш сабе, дзюдзек разглядаеш. Потым накупляеш якiх гуркоў з памiдорамi — i ў кнiгарню, поркацца ва ўцэненых кнiжках i паштоўках. У кожнага свая нядзельная цiкавасьць. Хто з цукеркамi, хто зь пiвам, хто з марозiвам, а я з кнiжкамi. Сьвята, адным словам. А тут адзiн падшыванец усадзiў другому падшыванцу нож пад рэбры й дастаў да сэрца, насьмерць чалавека зарэзаў. Мужчыны забойцу схапiлi й мiлiцыянтам аддалi. Лепш бы яны схапiлi яго тады, калi ён яшчэ быў не забойцам. Каб хто ведаў...

Карацей, усе ў Амсьцiславе маглi быць маньякамi: i зэкi, i мясцовыя, i iнтэрнацкiя з пэтэвэшнiкамi.

Я табе яшчэ не расказаў жахаў пра пэтэвэшнiкаў. Зараз распавяду. Прафэсiйна-тэхнiчная вучэльня ў гарадку спэцыялiзавалася на будаўнiчых занятках. А каб словы не разыходзiлiся са справамi, навучэнцы будавалi васьмiкватэрныя двухпавярховыя дамкi. Такое няхiтрае жытло для местачкоўцаў. Каб не раскрадалiся будматэрыялы, даводзiлася пакiдаць вартаўнiка. Быў сярод навучэнцаў кульгавы, адна нага карацейшая, касавокi небарака. Яго ўвесь час i пакiдалi за вартаўнiка. А мсьцiслаўскiя малагодкi зьдзеквалiся зь нябогi: паказвалi яму, як ён крыва глядзiць, як ураскiрэчку ходзiць, матам на яго лаялiся. І давялi да таго, што схапiў кульгавы рыдлёўку й засёк шэсьць дзяцей адным разам. Яны ўшасьцёх так i ляжаць адным шэрагам, пры самай браме, на могiлках. Нажартавалiся, наблазнавалiся й цяперака адпачываюць.

Вось такi расклад крымiнальны меўся ў тамтэйшых сьледчых. Куды нi зiрнi — паўсюль падазроныя.

Быў i падазроны нумар адзiн, афiцыянт з рэстарацыi «Вiхра». Вiхра — назва крынiчнай рэчкi, што цячэ каля Мсьцiслава. За рэчкаю ў вёсачцы й жыў афiцыянт Гена. Толькi афiцыянтам i бутлегерам Гена зрабiўся не адразу. У першым сваiм жыцьцi працаваў ён школьным настаўнiкам нямецкай мовы. Таму зрэдзьчасу ў рэстарацыйным тлуме гучалi германскiя маналёгi з лаянкаю пра п’яных сьвiньняў. Вытурылi Гену са школы за нудызм. Штодня на золку ён галяком даваў нырца ў халодную Вiхру. Я вельмi паважаю тых, хто зранку акунаецца ў рэчку.

І сам бегаў i плаваў. Бегаў да верасьня i ў верасьнi, калi з усiх рэстаўратараў у касьцёле засталiся двое — я й Мiкола Залатуха. Першым падхапiў хваробу Мiкола. Затэмпэратурыў i зьехаў. Адзiн я бегаць ленаваўся, дый баяўся застудзiцца. А Гена i ў першыя маразы боўтаўся ў бруiстай плынi. Казалi, што ён цэлую клясу сваiх вучняў падбухторыў купацца аголенымi. Я ня веру. Гена — вясковы дзiвак, а не вар’ят. У ягоным партфэле заўсёды хавалiся: чыстая кашуля, каньяк i лiмон. Любая дзеўка сама хацела перапiхнуцца з чыстацелым афiцыянтам. Калi ён за нешта й перажываў, дык толькi не за адсутнасьць полавай блiзкасьцi. Ён перажываў за лысiну. Зарана — у трыццаць — згубiў Гена кудзеры. Ён сам мне пра гэта расказваў, калi напiўся. А пiў Гена з шыкам. Шампанскае, чырвоная iкра ў талерцы, танцы на стале... А потым сьлёзы й расповед пра чортаву лысiну. Я нi хвiлiны не сумняваўся, што Гена нiкога ня гвалцiў i не душыў. А Мсьцiслаў на яго нагаворваў. І мужы замардаваных кабет хацелi таго Гену падлавiць, каб выбiць прызнаньне.

Выбiць прызнаньне можна зь любога. Такiх прыкладаў у крымiналазнаўстве колькi заўгодна. Але ж трэба нэўтралiзаваць маньяка, вось дзе загваздка. І мсьцiслаўцы гэта разумелi, за Генам сачылi, але катаваць не катавалi. А я адразу казаў: марны занятак сачыць за афiцыянтам, акрамя голай дупы на беразе рэчкi нiчога вартага ня высачыш. І нiхто нiчога ня высачыў. І мая праца ў Амсьцiславе падышла да канца. Працаваў я толькi ў цёплы сэзон — з траўня да кастрычнiка. У касьцёле i ў жнiўнi можна застудзiцца на скразьняках, а ў маразы проста здохнеш. Дый адному жыць у паўразбуранай будынiне — ня цукар з хлебам есьцi. Сабраў я пэндзлiкi й матануў у Менск.

Хацелася, вядома, у Нью-Ёрк, але ў Менску справы былi. Інстытут трэба было скончыць нарэшце. І квiток у Амэрыку здабыць... Жартую. Калi я зьяжджаў з Амсьцiслава, думаў — вярнуся абавязкова. А вось i не вярнуўся. Але не хвалюйся, пра маньяка я дакажу.

Яго злавiлi, судзiлi й расстралялi. А расказала мне канцоўку гэтай гiсторыi касiрка з кiнатэатру ў мястэчку Смалявiчы. Быў у мяне пэрыяд, калi думаў, што лепей рабiць свае росьпiсы, чым капiяваць i рэстаўраваць чужое. Дурань. Тых маiх росьпiсаў, дзякуй Богу, ужо няма. Такi сьценапiс жыве да першага рамонту, а ўжо гадоў дваццаць мiнула. А тады размалёўваў я фае ў кiнатэатры зь Мiшам Нацэўскiм, а ён вазьмi й захварэй, як той Мiкола Залатуха. Вось жа шанцавала мне з напарнiкамi. Можа праз гэта й кiнуў я манумэнтальнае мастацтва, дзе трэба брыгадаю, талакою, гуртам. А я адзiн пэцкаў сьцяну, адзiн рыштаваньнi перастаўляў, мучыўся. Падыходзiць да мяне касiрка й пытае: «А гэта ня Вы ў Амсьцiславе касьцёл рамантавалi?» «Я». «А я Вас памятаю. Вы выстаўку рабiлi, увесь горад прыйшоў паглядзець. Нiхто ж ня думаў, што у нашым разбураным касьцёле столькi карцiн на сьценах. А Вас я добра запомнiла, Вы ўсё на пошту прыходзiлi тэлефанаваць. А я на той пошце працавала. Канечне, Вы мяне ня памятаеце. А Вас у Мсьцiславе ўсе ведалi ў твар, ганарылiся, што ў нас такiя людзi працуюць, адукаваныя». Вось i маеш. Я ж думаць ня думаў, што ў Амсьцiславе мной ганарацца. Як Мсьцiслаў, мне давай Нью-Ёрк, а ня нейкi гарадок-мястэчка на беларуска-расейскiм узьбярэжжы. «Вы яшчэ на выстаўцы расказвалi пра жахлiвыя карцiны, пра тое, як расейцы спалiлi Мсьцiслаў i ксяндзоў пасяклi». «У нас i сваёй брыды людарэзнай хапае... А цi злавiлi Вашага маньяка, што цётак забiваў?» «А Вы ня ведаеце? Злавiлi! Мужчыны жонак-нябожчыц упалявалi зьвяругу. Ім падказалi. Ён, гад, яшчэ калi ў школу хадзiў, паспрабаваў адну жанчыну ў лесе згвалцiць. Яна не далася, адбiлася, уцякла. Дый нiкому нiчога не сказала. Ведаеце, брыдка неяк пра такое расказваць. Яна й змаўчала. Час мiнуў. Ён i ў горадзе павучыўся, i ў войску адслужыў, а потым вярнуўся, падушыў цётак i на Поўнач паехаў грошы зарабляць. Не было яго ў мястэчку. Дык нiхто на яго й ня думаў. А прыехаў ён на адпачынак да бацькоў. Жанчына недагвалтаваная ўбачыла вылюдка й згадала ўсю брыдоту. Расказала мужу, а той ужо сваякам пакутнiц падказаў. Мужчыны яго ў абарот, ён i прызнаўся». «Можа ня ён тое рабiў. Ведаеце, калi ў абарот, можна што заўгодна нагаварыць». «Не сумнявайцеся, бо знайшлi ня толькi першых чатырох, а яшчэ дзьве ня знойдзеныя ў лесе так i ляжалi. Ён iх закапаў. Дык калi сьледзтва вялi, ён тыя магiлы й паказаў». «А як гэта мужчыны не забiлi вылюдка, калi ён прызнаўся?» «А ён хiтра прызнаўся. Ён iм сказаў, што толькi адну старую згвалцiў i задушыў, а пра астатняе ў мiлiцыi загаварыў». «Ды хто ж у Мсьцiславе быў такi хiтры?» «А Вы яго добра ведаеце. Памятаеце, у Вас у касьцёле Сокал працаваў вартаўнiком. Ну той, якi, пакуль Вас не было, яшчэ зьняў з касьцёлу цынк i сабе лазьню накрыў. Вось яго сынок i мардаваў баб».

Тут i скончылася гiсторыя пра Сокала-маньяка. Хацеў расказаць пра Нью-Ёрк, а выйшла пра мястэчка на беразе Вiхры.

Карлавы Вары. Сакавiк 2000 году

Браслаўская стыгмата


Празрыстыя краявiды... Як iх не любiць?! Ранiцаю зайсьцi ў блакiтны сасоньнiк, спусьцiцца да возера й плаваць, плаваць, плаваць...

А на мастакоў, што ўладкавалiся на пагорках Браслаўшчыны, я не люблю глядзець. Тоўстыя, брудныя, сьмярдзючыя, баязьлiвыя тупiкi. Баязьлiвыя? Так! Яны баялiся вар’ятнi, такой вялiзнай, такой галоўнай у Вiцебскай вобласьцi лякарнi для душэўнахворых. Вар’ятня стаяла ў мястэчку Слабодка, за кiлямэтраў дзесяць ад Браслава. Дзiвоснае месца, дзе неба ўтрая большае, чым у якiм iншым кутку Беларусi. Невытлумачальная зьява: крышталёвыя азёры, горы й велiзарнае неба. Тупiкi з пэндзлiкамi спрабавалi ўцiснуць тое неба ў рамкi сваiх крывых палотнаў. Якое глупства! Якая марная марнасьць — i ловы ветру, i ловы неба. Божа, не карай неразумных. Даруй мне й майму сябру Алесю за ўсё, што адбылося з намi на Браслаўшчыне. Твой знак назаўсёды застанецца на правай Алесевай далонi, наскрозь працятай цьвiком.

На Браслаўшчыне я апынуўся з-за слоўца «невыязны». У Саюзе нiкому ня трэба было тлумачыць, што такое метка «невыязны», бо амаль усе былi гэтымi самымi «невыязнымi» — не маглi выбрацца за жалезную заслону, апушчаную па пэрымэтры СССР (сраных савецкiх спаралiзаваных рэспублiк). Адна шостая Зямлi iснавала асобна, а мне хацелася езьдзiць па сьвеце на цягнiках, караблях i самалётах. Я верыў у сваю зорку, у лёс падарожнiка й трэнiраваўся — запiсваўся ў розныя экспэдыцыi ня важна кiм. На Браслаўшчыну я паехаў землякопам у складзе археалягiчнай групы. У мае абавязкi ўваходзiла закопваньне раскопаў. Не раскопваньне, а закопваньне, каб помнiкi мелi той выгляд, якi сустракаў археолягаў. Здавалася, што складанага? Раскапаў, папрацаваў са знаходкамi й закапаў. Не... Разрыюць i кiнуць, як сьвiньнi. То iм часу не стае, то грошай на землякопаў замала... А вось Люда Дучыц — археоляг акуратны, яна й наняла нас з Алесем закопваць. Выключная праца. Засыплеш раскоп, закладзеш пажаўцелым дзёрнам, адыдзешся й залюбуешся пяшчана-жоўтым квадратам на глыбока-зялёнай сьпiне старажытнага, як славянскi сьвет, гарадзiшча. Мастацтва! Я табе кажу. Уражвае. Плацiлi, праўда, мала. З рыдлёўкаю шмат не заробiш. А таму мы яшчэ малявалi знаходкi: косткi з надпiсамi — руны, прасьлiцы, пацеркi, пярсьцёнкi... Усялякае рознае малявалi акуратна пёркам, тушшу на добрай паперы. Можна сказаць — мы выкрэсьлiвалi пракаветныя цацкi. Вымалёўвалi й насьмiхалiся зь Люды. Яна прыплочвала школьнiкам за кожную дробную знаходку — за манэту, за руну, за пярсьцёначак — капейкамi або цукеркамi. Школьнiкi скемiлi й пачалi самi рабiць надпiсы на костках i падкiдаць у раскоп. Можна зразумець, кожнаму хочацца зарабiць цукерачку. Разам з фальшрунамi ў раскопе зьявiлiся гузiкi зь дзедавых фрэнчаў, пацеркi бабуляў i ўсё такое падобнае. Дучыц перастала даваць цукеркi. І тут удакладню: гузiкi зь дзедавых фрэнчаў не зразалiся ў родным доме, яны зьбiралiся на закiнутых хутарах. У сямiдзясятых гадох мiнулага (вось так, ужо мiнулага!) стагодзьдзя пакiнутых хутароў на поўначы Беларусi стаяла безьлiч. Хутаране перабiралiся ў вёскi, мястэчкi й гарады. Цяжкое вiдовiшча — пакiнутае чалавечае гняздо. Праваленыя стрэхi, пазабiваныя дошкамi вокны, зьдзiчэлыя каты, трава на падворку ў пояс, кнiгi, сточаныя мышамi... Рай для этнографаў з марадзёрскай душою. Нi я, нi Алесь ня мелi такой душы. Калi што й забiралi з хутароў, дык выключна дзеля мастакоўскай працы. Я любiў старыя фотакарткi. Яны зазвычай вiселi ў рамцы пад шклом, i мышы iх не згрызалi. У мяне дагэтуль ёсьць каробка са здымкамi браслаўчан. Але зьбiралiся тыя картачкi не дзеля калекцыi. Я шукаў сьвяты твар. Вось чалавек рабiў у хаце свой асабiсты алтар з унукаў, сыноў, дзядоў, сваякоў... Замаўлялася рамка, выразалася шкло, ляпiлiся здымачкi, фотаалтарык вешаўся побач з абразом. Божая Мацi ў чырвоным кутку, а дзецi (мы ж усе яе дзецi!) — побач на сьцяне. І, пэўна, гаспадару раскiданага гнязда твары сваякоў былi сьвятымi. І я ўглядаўся ў старыя здымкi, iмкнуўся ўбачыць тое сьвятое зьзяньне. З тым жа намерам я наведваўся ў вар’ятню. Маляваў стрыжаных налыса жанчын i мужчын. Яны страцiлi розум i сталi iншымi ад нас. Іншымi, гэта iстотна. Бо сьвяты чалавек — iншы, не такi, як ты й я. Вечарамi я вёў гутаркi зь лекарамi. Пытаўся, цi многа ў iх мастакоў, пiсьменьнiкаў, фiлёзафаў?

І што зьдзiвiла: такiх амаль не трапляе ў лякарню. Большая частка вар’ятаў паходзiла з браслаўскiх сялян. Дактары сказалi, што й вар’ятню тут збудавалi, каб далёка не вазiць хворых. Чаму вар’яцеюць браслаўчане, дактары ня ведалi. А я мог толькi адчуваць непрапарцыйнасьць зямлi й неба.

Праз гадоў дванаццаць я сустрэну мастака-краявiднiка, якi спытаецца, цi захаваў я малюнкi вар’ятаў. Скажу: захаваў. Ён зьдзiвiцца й перапытае. Праўда, захаваў? І скажа, што трыццаць гадоў езьдзiць пiсаць дзiўныя краявiды й нi разу ня бачыў, каб хто iншы зацiкавiўся вар’ятамi. Ня стаў я тлумачыць пра неба, а табе скажу... Не вар’яты са сваiмi гiсторыямi хваробаў мяне цiкавiлi й цiкавяць, а сьвятло, што сыходзiла зь велiзарнага неба, сьвятло й сьвятасьць. Таму й апынулiся мы з Алесем у закiнутым касьцёле, у мястэчку Опса. Хутароў i касьцёлаў з цэрквамi мы абышлi безьлiч i ў Браславе, i ў Друi, i ў Краславе, i ў Мёрах, i ў Дзьвiнску. Сыбота й нядзеля былi ў нас вандроўнымi днямi. У Опсе стаяла жнiвеньскае пекла. Пот кацiўся ў вочы. У касьцёл мы ўлезьлi праз акно. Калi кiнуты хутар — трагедыя адной сям’i, дык кiнуты й разрабаваны сабор — трагедыя нацыi. Арганныя трубы валялiся на падлозе сярод папяровых мяхоў з-пад угнаеньняў. Нi абразоў, нi алтара не было. Толькi на адной арцы пад самай стольлю вiсела вялiкае ўкрыжаваньне. Трэба забраць! Не iстотна, хто з нас выказаў тую думку. Трэба было здымаць i зносiць укрыжаваньне. Але як? Хрыстос вiсеў мэтраў за пятнаццаць ад зямлi. Паразглядаўшы скляпеньнi, мы заўважылi ў iх круглыя дзiркi, празь якiя некалi апускалiся i ўздымалiся жырандолi. У такую дзiрку зь цяжкасьцю, але мог пралезьцi чалавек. І праз дваццаць пяць гадоў я не магу самому сабе патлумачыць, чаму мы рызыкнулi палезьцi ў тую дзiрку. Як i кожны нармальны чалавек, я пабойваюся вышынi. І забаўкi кшталту пастаяць на даху на самым краi, каб мыскi чаравiкаў вiселi над безданьню, не для мяне. А тут узьнялiся на гарышча, поўнае галубоў, прайшлi да адтулiны й па чарзе зазiрнулi ўнiз. Ад дзiркi да ўкрыжаваньня было мэтры з два, рукою не дацягнешся. А таму давялося спускацца, iсьцi ў гаспадарчую краму, набываць вяроўку, выразаць альховае вудзiльна й рабiць аркан. Падобным арканам паўночнаамэрыканскi каўбой лавiў каня. З арканам мы ўзьлезьлi на касьцельнае гарышча другi раз. Я пралез у дзiрку. Алесь трымаў мяне за ногi. Я вiсеў галавою ўнiз i спрабаваў заарканiць скульптуру. Крыж досыць плотна прылягаў да сьцяны, i ў мяне не атрымлiвалася накiнуць пятлю. Я зрабiў, можа, спробаў дваццаць, покуль не пацямнела ў вачах. Алесь зацягнуў мяне назад да галубоў. Мы перакурылi. Непрыстойны занятак — паленьне тытуню ў саборы. Каюся. Але каб супакоiцца, я мусiў выпалiць папяросу. Мы супакоiлiся, i ў дзiрку палез мой саўдзельнiк. Я ўпiнаўся нагамi ў драўляную бэльку i ўчэпiста трымаў Алесевы ногi. А ён целяпаўся над цэмэнтовай падлогаю галавою ўнiз. Ёсьць! Злавiў! Словы гучалi далёка, як зь iншага сьвету. І тут мяне наведала адна з самых мярзотных думак... А што калi адпусьцiць Алеся? Узяць i адпусьцiць. Ён заб’ецца! Мяне не асудзяць... Хто давядзе, што я знарок адпусьцiў яго? Выцягвай! Выцягвай! Крычаў мой мiлы таварыш. Я скамянеў, баючыся ўласных разваг. Дык што рабiць? А што рабiць зь нябожчыкам? Ён жа мяне выцягнуў! Я напружыўся й выцягнуў сябрука. Але гэта была толькi палова з заплянаванага. Цяпер мы мусiлi адарваць крыж ад сьцяны й спусьцiць на вяроўцы ўнiз. Пятля ўдала ахапiла ўкрыжаваньне ўпоперак. Вяроўка ляжала на Хрыстовых грудзях, iшла пад левую руку, за крыж, i выходзiла на правае плячо. Лепей i быць не магло. Тарганулi. Крыж трэснуў за Хрыстовай галавою. Вяроўка засталася ў нашых руках, а скульптура паляцела ўнiз. Я ўжо бачыў, як яна разьбiваецца на тысячы дробных кавалачкаў. Але... Я пабачыў дзiва на свае вочы. За мэтры два ад зямлi крыж зьмянiў траекторыю з вэртыкальнай на гарызантальную. Ён спланiраваў, як лёгкi папяровы самалёцiк, спланiраваў i лёг на пыльную гурбу ўгнаеньня. Каб хто iншы... А што мне да iншых? Я табе сьведчу: укрыжаваньне ўпала зь пятнаццацiмэтровай вышынi на каменную падлогу й не разьбiлася. Мы спусьцiлiся. Зацярушаны пылам Хрыстос чакаў унiзе. Пашкодзiлася толькi правая рука, што зачапiлася за стары папяровы мех. Раскрышылiся тры пальцы.

Пазьней мой брат-школьнiк выража тыя пальцы з дрэва й адрэстаўруе скульптуру. А тады ў нас дух заняло. Моўчкi мы разабралi крыж на дошкi. Аднялi рукi Ісуса, зьнялiся яны надзiва лёгка. Схавалi ўсё тое ў мяхi й панесьлi на аўтобусную станцыю. Адчуваньне, што за намi сочаць, не пакiнула нас i ў Слабодцы, куды мы вярнулiся позна ўвечары. Мы схавалi Хрыста за скрынi з археалягiчнымi знаходкамi й селi вячэраць. Там, у Слабодцы, працуючы землякопам, я палюбiў сала й навучыўся пiць сьпiрт. Сьвiное сала я проста ненавiдзеў, а тут раптам пачаў яго есьцi з апэтытам, са смакам, з асалодаю. Дый што на той Браслаўшчыне магло спатолiць пасьляпрацоўны голад, акрамя беларускага сала? Нiшто. Мы напiлiся вогненнай вадкасьцi, наелiся шкварак з хлебам ды цыбуляю й павалiлiся спаць. Была сыбота.

А ў нядзелю мы хадзiлi ў лазьню. Слабодка — зусiм маленькае мястэчка, i грамадзкая лазьня там адна, у вар’ятнi. Па нядзелях там мыюцца тыя, у каго няма прыватнага памывачнага комплексу. Мы з Алесем прыйшлi самыя першыя, папарылiся, паплавалi ў возеры й пачалi мыцца. Мыемся мы па-рознаму. Ён пачынае з ног, а я — з твару. Ён высокi, вышэйшы за мяне на галаву. Пэўна, таму я памыўся першы й сядзеў чакаў, а ён яшчэ толькi намыльваў свае доўгiя каштанавыя валасы. Ён абмываў галаву, а я зьбiраўся сыходзiць, калi выпадкова зiрнуў у ягоную шайку. У тазiку было поўна крывi. Паўнюткi таз крывi з мылам. Кроў! Стой! Зараз, я набяру чыстай вады! Алесь стаяў з заплюшчанымi вачыма над тазам. Я лiнуў на яго вядро вады. Ён i не зразумеў, што халоднай. Адкуль кроў? Гэта я ў цябе пытаюся? Паглядзi галаву. Ён схiлiўся. На галаве крывi не было. Яна цякла з правай прабiтай наскрозь Алесевай далонi. Чорт! Недзе тут цьвiк мусiць быў. Мы чамусьцi вырашылi знайсьцi той цьвiк. У паўзмроку лазьнi мы поўзалi пад лаўкамi й шукалi цьвiк, пакуль я не сказаў: хопiць. Уся лазьня была перапэцкана ў чалавечую кроў. Так-сяк Алесь апрануўся, i мы пабеглi ў псыхiятрычную лякарню, да доктара. Той апрацаваў рану ёдам i перавязаў. Верыць у гiсторыю зь мiстычным выратаваньнем крыжа ён адмовiўся, а мы й не настойвалi. У размовах з псыхiятрам нельга настойваць. Асаблiва на тэрыторыi яму падуладнай больнiцы. Зрэшты, я б яму й не распавёў пра крыж, каб ня сьпiрт. Доктару было сумна, а тут такое здарэньне: дзiрка ў руцэ, а пацыент ня чуе болю. Ён налiў нам i сабе па паўшклянкi мэдыцынскага. Языкi разьвязалiся. А ў кожным псыхiятру хаваецца духоўнiк. Вось i пачуў ён нашы споведзi. Добра, што псыхiятры, у адрозьненьне ад псыхапатаў, — матэрыялiсты. І мы, п’яныя спакойненька пакiнулi лякарню.

За брамаю нашы погляды на здарэньне зрабiлiся супрацьлеглымi. Алесь настойваў на вяртаньнi крыжа ў касьцёл, а я пярэчыў. Якi касьцёл? Дзе ты бачыў касьцёл? Склад угнаеньняў там, а не касьцёл! І калi я даведаюся, што ў Опсе аднавiлi касьцёл, вярну крыж ксяндзу. Чуеш, мы вернем укрыжаваньне ксяндзу!

Я вельмi сумняваўся, што касьцёл адновiцца. Дакладней, я быў упэўнены: ён не адновiцца нiколi. Невыязныя, жалезная заслона, ваяўнiчы атэiзм... Якi касьцёл? Аднавiўся.

Алесь прыйшоў да мяне й сказаў, што трэба вяртаць крыж. Памiж зьняцьцем i вяртаньнем мiнула пятнаццаць гадоў. Мы пагрузiлi ўкрыжаваньне на задняе сядзеньне Алесевага легкавiка й паехалi ў Опсу. Мы й зь Менску не пасьпелi выехаць, як легкавiк заглух. Ты можаш вяртацца, а я напраўлю машыну, сам завязу й аддам укрыжаваньне. Я вярнуўся. Алесь завёз драўлянага Ісуса на Браслаўшчыну, але я ня быў таму сьведкам, я проста веру яму.

Вiльня. Красавiк 2000 году

Мянты


Менск — горад мянтоў, адназначна. Яны ў сталiцы паўсюль. Плюнь угару й абавязкова патрапiш у мянта, i проста так з гэтай сытуацыi ня выкараскаешся, добра, калi прымуцца прабачэньнi, а можна й па галаве гумаю атрымаць.

Як iх толькi ў нас нi называюць: мiлiцыянэры, палiцыянты, праваахоўнiкi... Як iх толькi нi абзываюць: палiцаi, бобiкi, лягавыя, мянцяры паганыя, цэнтурыёны i, канечне, мянты. А сутнасьць iх была, ёсьць i будзе адна — не пушчаць нiкога нiкуды нiколi.

Я нарадзiўся ў год сабакi. І не выбiраў, у якi год зьявiцца. Каб далi магчымасьць выбраць, абраў бы год сьвiньнi, яна значна блiжэйшая да чалавека. А сабака, зь ягоным брэхам i ашчэрам — рыхтык мент. Ведаю, што кажу. Каб мянцяры хадзiлi на ланцугу, парадку стала б болей. А каб на iх мордах напысьнiкi драцяныя сядзелi, дык i спакой быў бы. Дарэчы, апошнiм часам яны завялi моду хаваць твары за маскамi. Можа й да ланцугоў справа дойдзе. Раней было яшчэ горай, бо не вялося на зямлi больш паскуднай iстоты, чым савецкi паганы мент.

Напрыканцы 80 х у Маскве каля помнiка Пушкiну праваабаронцы зладзiлi маленечкi акуратненькi мiтынг i патрабавалi свабоды слова. Такая дробязь — свабода выказаць уласныя думкi й меркаваньнi. А савецкiя мянты бiлi мiтынгоўцаў дубiнкамi па галовах i кiдалi ў фургоны. І ўсё на вачах у тысячы сьведак. Пераляканы, я прыбег у Саюз пiсьменьнiкаў, дзе ладзiўся фэстываль «Мастацтва моладзi сацыялiстычных краiнаў». Лётаў ад аднаго лiтначальнiка да другога й прасiў заступiцца за зьбiтых i арыштаваных. Начальнiкi глядзелi на мяне, як на iдыёта. А я не разумеў, чаму людзi адукаваныя й прыстойныя, людзi, якiя дапамагалi асудзiць дзеяньнi менскiх мянтоў, што бiлi дэманстрантаў на сьвята Дзяды каля Маскоўскiх могiлак, i пальцам не кiўнулi, каб асудзiць сваiх маскоўскiх мардаваротаў. І сапраўды я даўн, калi адразу не зразумеў: лёгка асудзiць чужога палiцыянта й небясьпечна — свайго.

І менавiта ў той вечар я канчаткова пераканаўся, што ў Маскве я чужы, што iмпэрыя валiцца, трашчыць i памiрае, што маскоўскiя мянты — гэта расейскiя лягавыя, а менскiя — беларускiя палiцаi.

У Барсэлёне, каля пляцу Каталюнii, у цянiстым дворыку я стаў сьведкам iншай расправы палiцыянтаў зь юнакамi. Трое наркаманаў, два юнакi й дзеўка зь зялёнымi валасамi, сядзелi на асфальце каля сьцяны й пыхкалi самакруткамi. Палiцыянты ўскочылi ў двор на матацыклах. Уварвалiся яны сынхронна з розных бакоў i адрэзалi шляхi адыходу. Наркаманы й не спрабавалi ўцякаць. Палiцаi заглушылi матацыклы, падышлi да маладых людзей i без усялякiх слоў пачалi бiць. Я выдатна бачыў, як важка-чорны чаравiк урэзаўся ў даўгавалосую галаву наркота. Зьбiўшы юнакоў, праваахоўнiкi павытрасалi зьмесьцiва iх валiзаў на зямлю й нешта там шукалi, мусiць, наркату — i пэўна, знайшлi. Праз паўхвiлiны ў двор зарулiла машына, куды й загналi аматараў кайфовага дыму. За падзеяю ад пачатку да канца назiраў толькi я. Астатнiя мiнакi, пабачыўшы iнцыдэнт, прысьпешвалi крок. На мяне нiхто не зьвяртаў анiякай увагi, я быў добра апрануты й выглядаў хутчэй на супрацоўнiка пракуратуры, чымсьцi на лiтаратара, якi ня любiць людзей у фуражках i пагонах.

Апрананьне й пераапрананьне — досыць важная рэч у дачыненьнях зь мянтамi, якiя ганарацца сваёй формаю. Вось i ў паўднёва-ўсходняй Азii з-за шмоткi былi ў мяне дробныя непрыемнасьцi. У Тайляндзе наведнiкам выдаюць паперку з правiламi паводзiнаў у краiне. Чорным па белым там напiсана, што нельга жартаваць з палiцыянтам, бо ён страляе на паражэньне без усялякага папярэджаньня. Зрэшты, жартаваць зь мянтом i ў Менску не выпадае. Застрэлiць не застрэлiць, а перацягнуць дручком па сьпiне можа. Дый як ты пажартуеш на тайскай мове? І я не жартаваў. Паводзiў сябе акуратна. Толькi аднойчы сутыкнуўся з праваахоўнiкам. Іду сабе з пляжу й думаю: трэба мокрыя плаўкi зьняць i сухiя шорты надзець. Зайшоў за куст i толькi... Адкуль ён узьнiк, ня ведаю, але ў гатэль я прыйшоў у плаўках. Ну яго к чорту. Бо ў той паперцы апiсвалiся тры асноўныя прысуды, што выносiць тайскi суд: пятнаццаць гадоў зьняволеньня, пажыцьцёвы тэрмiн i сьмяротнае пакараньне. Адмянiць прысуд можа толькi кароль, а зь iм я не знаёмы. Наагул, я нi разу не гаварыў нi з адным каралём i прэзыдэнтам. Ёсьць у iх нешта вайскова-мянтоўскае. Яны ж кiруюць мiнiстрамi. Такi iх лёс. А пачнеш кiраваць мянтамi — i сам станеш палiцаем. А быць галоўным палiцыянтам — справа няўдзячная й небясьпечная.

На менскiм пляцы Бангалор на дзень Незалежнасьцi я сутыкнуўся ў натоўпе з жонкаю былога мянцярскага мiнiстра Захаранкi. Таго, што выйшаў з дому й не вярнуўся. Чуткi ходзяць розныя... Экс-мiнiстра забiлi. Экс-мiнiстра скралi расейскiя спэцслужбы. Экс-мiнiстар схаваўся й чакае лепшых часоў. Але факт застаецца фактам: мiнiстра няма, а ягоная жонка стаiць на мiтынгу апазыцыi з фотапартрэтам мужа й просiць вярнуць ёй любiмага чалавека. Сэрца сьцiскаецца ад жалю да змучанай жанчыны, а вось за самога мянтоўскага галаву я нiколi не перажываў i перажываць не зьбiраюся. Не хвалююся я за мянтоў i табе ня раю. Марны гэта занятак.

Аматары апазыцыйных мiтынгаў i рок-н-ролу выпусьцiлi вiдэакасэту, дзе на музыку абы як намантавалi кадры палiтычных падзеяў найноўшай гiсторыi. Мянты б’юць бабулю. Дзецi шпурляюць камянi ў бобiкаў. Мiтынгi. Шэсьцi. Сутычкi. Звычайныя сучасныя клiпы. А вось адзiн сюжэт на касэце зусiм не рок-н-рольны. Малады мент расказвае, як калегi загадзя рыхтуюць камянi, якiмi потым падлеткi будуць у iх кiдаць. Маўляў, правакатар кiне першы, а падлеткi з натоўпу неабачлiва падтрымаюць дурную iнiцыятыву. І гэты касэтны мент болей ня хоча служыць у белмянтоўцы. Так я табе й паверыў, мой мiлы таварыш — мой мент. Калi ты гэта ведаў, дык чаму не распавёў загадзя й не папярэдзiў, чаму не перадухiлiў бойку? Га? А такая натура: не ратаваць iншых, а сабе выгоды шукаць, каб дабротаў паболей, а працы паменей. Часам мянты могуць i сьведак папраганяць, каб меней пратаколаў пiсаць.

На вулiцы Энгельса ў гнюсным бары «Элiта» я выпiваў са школьным настаўнiкам бiялёгii Казiмiравiчам. Цiхенька так гаварылi пра запаветныя расейскiя мясьцiны. Ён быў у Яснай Паляне, а я — у Ноўгарадзе. Да нас падышоў капiтан кацера, што на Менскiм моры дзяцей катае. П’яны ён быў моцна. Мы вырашылi пазьбегнуць скандалу й выйшлi з «Элiты». Капiтан вывалакся за намi. А скандал насьпяваў сапраўдны. Бармэн, былы вучань Казiмiравiча, прапанаваў капiтану пайсьцi на тры кiрылiчныя лiтары. Капiтан пакрыўдзiўся i, выйшаўшы на вулiцу iмя бацькi навуковага камунiзму, пабiў вiтрыннае шкло. Разагнаўся й бухнуў у яго плячом. І ўсе гэтыя надпiсы «калi ласка, запрашаем», «бар ЭЛІТА прапануе сьняданкi, абеды, вячэры» пасыпалiся на яго. Капiтан моцна парэзаўся й яшчэ бiўся з бармэнам, пакуль не прыехалi мянты. У пастарунку мы апынулiся ўчатырох. У нас з Казiмiравiчам спыталi, хто мы такiя. А потым лейтэнант сказаў: «Настаўнiк i пiсьменьнiк iдуць на х!.. Мне такiя сьведкi не патрэбныя». Вiтрыну пастарунку мы бiць ня сталi. Ня той стан ап’яненьня. І, у адрозьненьне ад капiтанаў, настаўнiкi бiялёгii й беллiтаратары не крыўдуюць на тры лiтары.

На рагу той жа вулiцы Энгельса й праспэкта Скарыны аднойчы стаяла купка высокачыноўных мянтоў. Яны пазiралi на Палац Рэспублiкi, дзе сабралiся прэзыдэнты Беларусi, Расеi, Казахстану, Кыргызстану й Арменii. Непадалёк ад мянтоў тоўкся алiгафрэн. Ён сьмяяўся й пацiраў далонi. Бяскрыўдна дастаў з носу «казла» й паспрабаваў зьесьцi. Нясмачна. Выплюнуў сабе на далонi й зноў пачаў iх пацiраць. Мянты бачылi забаўкi алiгафрэна, але не рэагавалi, покi той не падышоў да iх i не загарлаў: «Прэзыдэнты! Прэзыдэнты!» Тады самы бурачковаморды мент аддаў загад, i шараговец з ачапленьня, што вышнуравалася ўздоўж праспэкту, падляцеў да дурня й пагнаў аматара смаркачоў у двор, за пiцэрыю. Прыбiраць маргiналаў з розных сьвяточных мерапрыемстваў — сьвяты абавязак палiцаяў.

9 траўня, на дзень Перамогi над фашыстоўскiмi захопнiкамi, я бачыў, як два вялiзных мянты вялi маленькую бамжыху. Тая румзала й размазвала сьлёзы кулачком па апухла-малiнавым твары. «Утаплюся! Утаплюся!» — крычала бамжыха-алькагалiца на ўсю вулiцу Маркса. «Ты лепей павесься, — прапанаваў старэйшы па званьнi мент, — нам меней работы».

Розных гiсторыяў пра мянтоў можна назьбiраць на раман. Толькi хай тое робяць самi мянцяры. Мне й гэтага хапiла, каб выказаць сваё да iх стаўленьне. А то сустрэў я маладзенькага пiсьменьнiка, пацякла гаворка. Ён i кажа: «А я мiлiцыю вельмi паважаю». «Паважай, любi... Твая справа. Проста ты не пацыфiст, не анархiст i не рок-н-рольшчык, як я».

Менск. Травень 2000 году

Алькаголь


Нiшто так не ачарняе вечаровую выпiўку, як думкi пра наступны дзень, што пры перадазiроўцы будзе зашыты ў шары мяшок апатыi.

Наранiцу пасьля гулянкi ўласнае сумленьне прыносiць неверагодную колькасьць непрыемнасьцяў, калi ты возьмеш i беспадстаўна нап’ешся да бяспамяцтва. Навучыцца браць чарку ня так i проста, як табе здаецца. Вось вырашыў: сто грамаў, i нi кроплi болей. А выпiў сотку, i само сабою ўзьнiкае жаданьне працягнуць пачатае. Цяжка стрымацца.Асаблiва цяжка стрымлiвацца ў добразычлiвай сяброўскай кампанii, i даходзiць да таго, што лiчыш выпiтае толькi ранiцаю.

Выкарыстаньне алькагольных напояў для шчырае й сур’ёзнае размовы — небясьпечная рэч. Асабiста я забаранiў сабе прыняцьце сур’ёзных рашэньняў у нецьвярозым стане. Грунтоўная размова можа адбывацца толькi памiж цьвярозымi суразмоўнiкамi. Алькаголь выдатна абуджае фантазiю, мроi, надзеi. Пад чаркаю добра гаворыцца пра адпачынак, пра вандроўкi, каханьне, пра цела, а не пра розум. Абяцаньнi й клятвы, дадзеныя з напоўненым келiхам у руцэ, нiчога не каштуюць, як пустая бутэлька з пабiтым рыльцам.

Гарэлка весялiць. Але можа зрабiць i зусiм адваротны эфэкт. Калi ты не ў гуморы й пачынаеш тапiць смутак у вiне, дык можаш апынуцца ў такой глыбокай дэпрэсii, што сам не заўважыш, як разьвiтаешся з жыцьцём.

Пiць варта толькi ў добрым настроi, i не абы з кiм, бо прапановаў выпiць процьма.

Вось на ўскрайку Менску да мяне падышоў п’яны мужчына, тоўсты-тоўсты, з расшпiленай кашуляю на чырвоным жываце. Чараваты прапанаваў астаграмiцца. Я адмовiўся. Ён не пакрыўдзiўся й расказаў гiсторыю ўласнага запою. На мяжы з Польшчаю беларускi мытнiк знайшоў у ягонай валiзе дзьве лiтровыя бутэлькi сьпiрту. Па норме ў Беларусь можна было везьцi толькi адну. Мытнiк прапанаваў вылiць сьпiрт у прыбiральнi. Чараваты спытаў, цi можна адзiн лiтар выпiць.

— Здохнеш!

— Ня здохну!

Дзядзька выжлукцiў цэлы лiтар да апошняй кропелькi. Давялося паверыць, бо чырвань чэрава, рук i носа былi вiдавочнымi доказамi цыкляпiчнага ўчынку. Во бывае: лепей сьмерць, чым цьвярозасьць.

Сваю першую, набытую ўласнаручна бутэльку вiна я выпiў у двары мастацкай вучэльнi. Выпiў з рыльца й без закускi. Падбiў мяне на той учынак Сяргей Шаўцоў. Настрой узьняўся. І я пайшоў у ЦУМ, дзе пачаў заляцацца да прадаўшчыц. Яны сьмяялiся. Але нi адна не пагадзiлася кiнуць працу й пайсьцi пагуляць. Дамоў я прыйшоў позна, бо паўночы швэндаўся па горадзе. А вось наранiцу было млосна.

Якiх толькi напояў я нi пакаштаваў за даволi доўгае жыцьцё аматара чаркi! Але ёсьць сярод iх запамiнальныя выключэньнi, калi выпiваеш адзiн раз i болей да iх не дакранаешся. У юнацтве я выпiў 200 грамаў хiннай вады, якая, на думку аптэкараў, дапамагала ад перхацi. У адэкалённай бутэлечцы было 97 % мэдыцынскага сьпiрту й 3 % кары хiннага дрэва. У мяне зь Сяргеем Паповым не хапала грошай на вiно, i мы набылi хiнную ваду. Гадасьць неверагодная. Я перажыў тую п’янку больш-менш нармальна. А Сяргей — кепска. Хiнiн са сьпiртам забралi ягоную сьвядомасьць пасярод вулiцы, i мой сахiнiньнiк бразнуўся тварам на асфальт. Незнаёмы мужчына дапамог зацягнуць Сяргея ў парк на лаўку, дзе я прасядзеў гадзiны з чатыры, пакуль той працьверазеў.

Вiна я не люблю, напэўна, дзеля таго, што ў Беларусi не высьпявае вiнаград, i ўсё вiно нясьвежае, прывезенае, чужое. А вiно безь вiнаграду я наагул за вiно не лiчу. Беларускую гарэлку ўжываю рэдка, бо ведаю, што на заводах могуць празь недахоп сродкаў паскорыць тэхналягiчны працэс. Ну няма валюты купiць фiльтры. І гарэлка разьлiваецца ў пляшкi нефiльтраваная. О, як балiць галава наранiцу пасьля такой гарэлкi. Жах! Таму я аддаю перавагу вiскi. Вядома, вiскi — напой ня танны. Але ўжо лепей выпiць меней добрага напою, чым набрацца нефiльтраванай атруты.

Ёсьць у мяне мара, зьнiтаваная з алькаголем: вынайсьцi рэцэпт беларускага вiскi. Бо ўсё, што цяпер робiцца, гонiцца, вырабляецца ў Беларусi з моцных напояў, — дрэнь. «Крышталi 100», «Зуброўкi», «Чарадзеi», «Белавескiя», «Маскоўскiя», «Менскiя», ня кажучы пра iншыя, — проста атруты. І градус у iх ня той, i смак нафтава-бэнзынава-парфумны, i пабочныя эфэкты ёсьць. А беларускае вiскi мусiбыць 43°, залатога колеру, ачышчанае й духмянае, як сенажаць пасьля дажджу.

Ведаю, ня я адзiны, хто задумаў увекавечыцца ў рэцэпце нашага вiскi. Найблiжэй за ўсiх у гэтым кiрунку прасунуўся Андрэй Плiсанаў. Ягонае самаробнае вiскi, зьмяшанае з розных гатункаў самагонкi, — найлепшае, што давялося пакаштаваць. А называе ён свой напой «Плiсанаўка» й больш за сто грамаў не налiвае.

Надыходзiць момант, i пачынаеш шукаць нагоды, каб ня пiць. Нагода выпiць ёсьць заўсёды, хоць бы й проста добры настрой. Цябе запрашаюць узяць чарку па тры разы на дзень, а ты адмаўляешся. Супрацьстаяць выпiўцы можа сэкс.

— Гвалцi ўсiх! — параiла мне знаёмая доктарка-прыгажуня, якой паскардзiўся, што даводзiцца шмат выпiваць.

Вядома, праца й творчасьць выдатна замiнаюць п’янству. Яшчэ дапамагае спорт, без прабежак у вечаровым сквэры над Сьвiслаччу мне сумна жыць. І яшчэ я пазьбягаю людзей, якiя на сур’ёзныя тэмы гавораць толькi ў хмельным стане.

За чаркаю лягчэй сумнявацца ў каштоўнасьцях, прынесеных грашыма, уладаю i культураю. За хмельным сталом часьцяком успыхваюць палкiя спрэчкi пра культуру, уладу й грошы. Вынiк падобных перапалак можа быць досыць драматычны. Давялося пабачыць, як адзiн п’яны мастак зьбiў другога служку музаў толькi за тое, што той не лiчыў Вiнцэнта Ван Гога лепшым за Поля Сэзана. А чуў i пра горшае... Захмялелы разьбяр адсек галаву лепшаму сябруку, бо той не пагадзiўся паставiць скульптуры Мiкелянджэла на адзiн узровень са статуямi майстроў старажытнага Эгiпту. Ёсьць, ёсьць неразгаданая таямнiца ва ўзьдзеяньнi алькаголю на розум чалавека й жывёлы.

У дакумэнтальнай кiнастужцы пра сакрэты жывёльнага сьвету я назiраў наступны экспэрымэнт... Сьвiней загналi ў загарадку. Празь якую гадзiну яны ўтварылi статак з важаком. Каб разбурыць статак, экспэрымэнтатары налiлi ў харч алькаголю. Статак разбурыўся ў адно iмгненьне. Самы слабы парсючок палез бiцца да важака. Той перамог двойчы: спачатку пагрыз i патоўк слабака, а на наступны дзень, калi зноўку падалi ежу з гарэлкаю, перавярнуў карыта й ня даў статку ап’янець. Рацыянальнасьць свiньнi ўражвала. Чалавек i блiзка ня можа так разумна будаваць калектыў. А тыя абмежаваньнi на алькаголь, што пэрыядычна ўводзяць розныя дзяржавы, сьмеху вартыя.

У часы, калi ў саюзе рэспублiк кiраўнiцтва было старым, цi, дакладней, супэрстарым, досыць вялiкiя сродкi iшлi на фiнансаваньне такой навукi, як геранталёгiя. Дасьледавалi старэньне арганiзмаў. Мая жонка працавала ў iнстытуце геранталёгii. Яе досьледы паказалi, што з усiх натуральных сродкаў толькi алькаголь здатны замарудзiць працэс старэньня. Вядома, прымаць алькаголь трэба рэгулярна й невялiкiмi дозамi, шклянку чырвонага вiна за вячэраю. Дысэртацыю жонка абаранiла. Інстытут зачынiлi, бо цяпер на прасторах былога эсэсэру кiруюць збольшага маладыя палiтыкi.

Самая старая жанчына ў Беларусi, якой споўнiлася 120, распавяла ў тэлекамэру й прадэманстравала сакрэт даўгалецьця. Яна выпiла чарку самаробнай гарэлкi. І так штодня. Нiякiх палiтыкаў яна ня ведае, працуе ў полi, а перад вячэраю п’е гарэлiцу.

Мой дзед Ладзiмер пiў вiно «паўтаракамi» — 750 грамаў у бутэльцы. У свае семдзесят гадоў мог выпiць шклянку вiна за абедам i пайсьцi капаць пограб. Я на такое ня здатны, працаваць у п’яным выглядзе зусiм не магу. Усё, што мной зроблена, стваралася выключна ў цьвярозым стане.

Пра талент лiтаратара й беспрабуднае п’янства можна паразважаць усмак. По — пiў. Вэрлен — не прасыхаў. Ляўрэат Нобэлеўскай прэмii ў лiтаратуры Ўiнстан Чэрчыль хадзiў у парлямэнт падшафэ. Ну, а мае браткi-беларусы, пачынаючы ад нашанiўцаў, пiлi ўсе. Хто колькi мог, столькi й выпiў. Галубовiч з Барадулiным свае дозы выпiлi ў маладосьцi й перайшлi ў цьвярозы алькагалiзм. А Купала пiў да апошняга. Караткевiч мог пiць з ранiцы да ночы па тры месяцы ўзапар, а потым пiсаць па васямнаццаць гадзiнаў у суткi месяцы са два. Сыс дзесяць гадоў п’е з ранiцы да ранiцы. Праўда, апошнiя гадоў восем ён ня пiша, але ж раней пiў i пiсаў генiяльна. Выключэньне складае Разанаў, ён, калi вып’е, страчвае паэтычны дар, таму п’е зусiм мала. «Паэт павiнен пiць!» — вынайшаў гэты лёзунг Крупенька. Праўдзiвы лёзунг, але цяжка назiраць, як гарэлка руйнуе таленты. Я бачыў, як гiнулi Караткевiч, Семашкевiч i Стральцоў. Бачу, як гiнуць Дышлевiч i Сыс. І, напэўна, гэтыя вiдовiшчы спыняюць мяне ад штодзённай чаркi.

Нядаўна ў паштовай скрынцы «Нашай Нiвы» зьявiлася показка пра Ўладзiмера Караткевiча...

Памiрае Караткевiч. Ляжыць непрытомны. Вакол сядзяць сябры-таварышы й чакаюць апошняга слова прарока. Усiм цiкава, якое яно, запаветнае слова.

— Беларусь! — кажа Мальдзiс.

— Бацькаўшчына! — запэўнiвае Кiсялёў.

— Чарка! — мармыча Невядомы.

— Радзiма! — выказвае вэрсiю Барадулiн.

— Айчына! — гаворыць Брыль.

Тут да Караткевiча вяртаецца сьвядомасьць. Усе схiляюцца, каб толькi не прапусьцiць СЛОВА.

— Адам Глёбус, — прашаптаў Караткевiч i памёр.

Пераказаў мне показку Сяргей Харэўскi й не прамiнуў спытацца, цi ня я сам склаў анэкдот.

— Не. Бо ведаю сапраўднае апошняе слова Караткевiча.

Дактары забаранiлi дзядзьку Ўладзiмеру пiць. Ён паабяцаў. А хто з нас не абяцаў кiнуць пiць! Паабяцаў i вырашыў паехаць у вандроўку ў Палесьсе. Вандраваў Караткевiч зазвычай з найлепшымi сябрамi: Валянцiнам Ждановiчам i Пятром Драчовым. У вандроўцы Караткевiч не стрымаўся й выпiў. Яму стала кепска, i сябры прывезьлi яго дамоў. А тут яму зрабiлася яшчэ горш. Сястра выклiкала хуткую дапамогу. А два санiтары папрасiлi мяне з братам, як найблiжэйшых суседзяў, дапамагчы iм зьнесьцi дзядзьку Ўладзiмера да машыны й з машыны выгрузiць на бальнiчную каталку. У Караткевiча адкрыўся крывацёк у страўнiку. Ён пакутаваў i паўтараў толькi адно слова «пячэ». Празь некалькi дзён дзядзька Ўладзiмер пакiнуў наш п’яны сьвет.

Сумна, гiдка, страшна глядзець на чалавека, у якога ў жыцьцi засталося толькi адно задавальненьне — гарэлка. Часам я прымушаю сябе назiраць за хворымi вакзальнымi алькаголiкамi, каб як мага далей трымацца ад такога жыцьця й не абрынуцца ў падобныя паводзiны. Але лёс ёсьць лёс, i ён можа пажартаваць зь цябе самым неверагодным чынам.

Ведаю двух людзей, што сыйшлi з кнiжна-лiтаратурнага бiзнэсу ў гарэлачны: пiсьменьнiка Леанiда Дайнэку й выдаўца Аляксандра Токарава. Абодва пабудавалi заводзiкi й гоняць пацiху горкую сьлязу. Дайнэка ў Беларусi, Токараў у Эстонii. І нi адзiн, нi другi ў кнiжную справу вяртацца не зьбiраюцца. А вось каб нейкi дырэктар лiкёра-гарэлачнай фабрыкi пачаў пiсаць вершы, ня чуў. Ня пiшацца на заводзе, як i ня п’ецца. Павер, кепска пiсаць i пiць на заводзе.

А яшчэ кепска пiць у кватэры п’янiцы. Сам не заўважыш, як набярэшся, як засьнеш, як наранiцу ўгавораць апахмялiцца. Як я не люблю апахмелкi! Колькi разоў спрабаваў, нiчога добрага не атрымлiвалася. Аднойчы ледзь не памёр пасьля ранiшняй чаркi. Вопытная жанчына, мiж iншым, дырэктар прадуктовае крамы, угаварыла выпiць зранку трыццаць грамаў каньячку. Выпiў, выйшаў на вулiцу, сеў на лаўку й чую — памiраю. З гадзiну прасядзеў пад кустом бэзу й вярнуўся з таго сьвету. Як для мяне, дык вельмi небясьпечна апахмяляцца ў чужых людзей, а дома я нiколi й не апахмяляўся.

Мой самы кепскi ўспамiн пра п’янку зьвязаны зь вёскаю Латыголь. Я, студэнт, маляваў хату, а гаспадары той хаты гулялi-балявалi й запрасiлi мяне за стол. Пiлi яны самагонку стограмовiкамi, заядалi цёплым салам з цыбуляю. Як зараз памятаю тры стограмовiкi, што заглынуў, i тры днi, якiя ня мог есьцi: усё, што праглыну, праз хвiлiну назад выскоквае.

Ёсьць людзi, зь якiмi нельга пiць нi ў якiм разе. Гэта тыя, хто ад алькаголю зьвярэе й лезе бiцца да мiлiцыянтаў. Ведаю я аднаго Гену — як вып’е, дык адразу пачынае шукаць мянта. У цьвярозым стане Гена выхаваны й асьцярожны чалавек, а п’яны робiцца звычайным аршанскiм жыганам-бандытам. Знаходзiць мiлiцыянэра й б’е, цi, хутчэй, спрабуе бiць i трапляе ў пастарунак. З такiмi хлопцамi выпiваць — сабе даражэй.

Кепска пiць у менскiх сквэрах, парках i дварах. Ты яшчэ толькi зрабiў першы глыток, а мянты ўжо стаяць побач. І пачынаецца: пастарунак, пратакол, чаканьне. Ня трэба пiць у Менску на вулiцы.

Зь людзьмi, што ня любяць цябе або зайздросьцяць тваiм посьпехам, выпiваць не садзiся. І, крый Бог, не запрашай такiх да сябе дадому. Бо нап’юцца ўвобмiльг, нагавораць абразаў, пачнуць бiць посуд, лаяцца й плакаць з-за ўласнай прынiжанасьцi. Радасьцi ад такога застольля нi кроплi, адна прыкрасьць.

Добра п’ецца ў бaры, дзе маеш знаёмага бармэна. Але ў бары ня варта выпiваць больш за сто грамаў. І задорага, i небясьпечна. Калi намерыўся выпiць болей, варта пайсьцi да сваякоў цi дахаты.

Добра пiць са сваякамi на сьвяты й з жонкаю, пад настрой. Калi й хопiш лiшку, пакладуць спаць.

Большасьць твораў, што апiсваюць алькаголь i паказваюць стан ап’яненьня, робяць гэта з адназначным знакам мiнус. Чытаць iх непрыемна. Адзiн час я адмовiўся ад гэтага занятку, як на пэўным складаным прамежку жыцьця адмовiўся ад ужываньня алькаголю й тытуню. Але пазьней я вярнуўся да пiцьця моцных напояў i чытаньня кнiжак пра п’янства. Як нi круцi, а выпiць чарку — нi з чым не параўнальнае задавальненьне. Галоўнае ў п’янстве — ведаць уласную мерку, яно, канечне, складана, але з двух станаў — быць цьвярозым алькаголiкам або быць алькаголiкам п’яным — я пакуль што абiраю другi, бо ведаю: надыдзе час, i выпiць ня зможаш.

У п’янстве ёсьць, безумоўна, адна цудоўная рыса. Нiхто, акрамя п’янтоса, ня можа ацанiць цуд цьвярозага жыцьця.

Менск. Чэрвень 2000 году

На роўным месцы


Курортная ранiца. Ідылiя. Замовiў каву й думаю: з цукрам пiць цi без. Ня выпiў. Разьлiў на белы стол i сабе на шорты, i на майку. І цукарнiцу разьвярнуў. А ўсё з-за восаў — iх процьма наляцела. Ну не зусiм процьма, а так, пара-тройка зунзонiла над маiмi каленьмi, над каваю, над цукрам. Я iх хацеў адагнаць, i гарачая кава апякла мне жывот. Каб не парэзаны сярэднi палец на правай руцэ, я б iх спрытна адагнаў i папiў бы кавы. Ну ды Бог зь ёй, з каваю. І з восамi я не люблю змагацца. Чым больш iх ганяеш, тым больш нахабна яны да цябе лезуць, а калi адганяць iх мяккiмi рухамi — адлятаюць. Восы разумныя й любяць кроў. І прыляцелi яны на пах маёй крывi. У мяне парэзаны палец, як ужо казаў, i чатыры драпiны на левай далонi. Іх мала й можна палiчыць. А вось драпiны на левым сьцягне я лiчыць не зьбiраюся, iх шмат. Усё сьцягно як падранае зьвярынымi кiпцямi. У доўгiх драпiнах i пiсягах. Страшна глядзець. І каленi ў драпiнах i ранах, нiбыта хто сякераю пацюкаў. Глыбакавата пасек. Каленi мне галяндкi плястырам заляпiлi. Спачатку мяне лекавалi галяндкi, а потым п’яныя лiтоўкi, бо галяндкi настойвалi, каб я пайшоў у лякарню. Я паслухаўся й пайшоў. Усё гэтае залеплiваньне, замазваньне зялёнкаю, прамываньне перакiсьсю каштавала 21 лiт, але калi я сказаў, што чэк мне без патрэбы, лiтоўкi здаволiлiся 20 лiтамi. Я спытаўся ў iх, цi можна мне купацца ў моры. Яны сказалi — можна. Гаварылi яны павольна-павольна. I не таму, што мовы славянскай ня ведалi, а таму, што былi ўшчэнт п’яныя. Ранiца, панядзелак, а доктаркi добра так прынялi, бо ў iх, ты разумееш, сьвята — дзень узьнясеньня Божай Мацi Марыi на неба. Сьветлы такi дзень, i можна пiць на працы, нiхто не асудзiць. І я не асуджаю. Хоча чалавек пiць — шклянку яму ў руку. І як можна кепскае думаць пра жанчын, а тым больш пра жанчын, якiя цябе лекуюць i якiя сказалi, што калена зашываць ня трэба. Зрасьцецца само. Яны доктаркi, iм лепш вiдаць. Праўда, i галяндка сказала, што доктарка. І выглядала яна на сапраўдную доктарку. Усе чатыры жанчыны выглядалi на доктарак i былi ў тым узросьце, калi так адразу й ня скажаш, займаюцца яны сэксам цi ўжо пакiнулi сябраваць з Эротам. А вось з мастацтвам яны ўсе сябруюць. Тая, што мазала зялёнкаю, так i сказала: зараз намалюю табе карцiну-татуiроўку, вельмi модна хадзiць па пляжы з татуiроўкамi. Выдатны твор у яе атрымаўся. Можаш мне адсекчы нагу да калена, калi памылюся. Але нi ў кога на ўсiм Балтыйскiм моры няма такiх мастацкiх драпiнаў, як у мяне. Галяндкi не малявалi, як лiтоўкi. Яны мылi раны антысэптыкам для вачэй, нейкi новы безалькагольны антысэптык. Мне нават i не пякло. І плястыр у iх быў выдатны, цялеснага колеру ў чорныя бубачкi. Наагул у iх быў вялiкi ручнiк з кiшэнямi, поўны розных лекаў. У мяне меўся просьценькi ручнiк, i я яго ўвесь перапэцкаў у сваю кроў. А галяндцы — багатыя людзi, прыехалi ў Нiду на вялiзным фургоне, сядзелi сабе, сьнедалi, а тут — я ўвесь у крывi. Сапсаваў iм сьняданак. А можа й не сапсаваў, бо дактары да крывi прывучаныя. А вось сваю ранiцу я сапсаваў адназначна, калi нырнуў зь пiрса. Я ж ня ведаў, што за трыццаць мэтраў ад берага вады будзе крышку вышэй за маё пабiтае калена. Да пiрсаў жа мусяць падплываць караблi, ну не караблi, дык чаўны. Добра, што не галавой скокнуў, а плазам. Каб галавою — капец. Дно — камянi ў ракаўках. Гэтыя паскудныя ракаўкi й падралi-парэзалi маё неразумнае цела. Галяндкi ўсё ўшчувалi... Тут жа нiхто не купаецца, тут такая брудная вада. На iх ушчуваньнi я пацiкавiўся, цi ня будзе ў мяне заражэньня крывi ад такой гнiлой вады. Запэўнiлi, што ня будзе. Але чаму Вы наважылiся нырнуць менавiта тут? А дзе ж мне было скакаць, калi менавiта ў гэтым месцы боўтнуўся ў ваду мой тэлефончык. Я яго так любiў, як роднага. Акуратненькi, хамэлеончык, i гук быў выдатны. Брат мне падарыў адмысловую зашчапку, каб тэлефон чапляўся на пас. Ну я й чапляў. Вельмi зручна, калi тэлефон на пасе, адно кепска — як нахiлiшся, ён зрэдку адчэплiваўся. Так i здарылася мiнулай ноччу. Прыехаў я ў Нiду ўвечары, пакуль засялiўся, распакаваўся, павячэраў — сьцямнела. Але ж хацелася на мора глянуць. Вось i трэба было глядзець. Дык не. Палез памацаць ваду. Цi цёплая, цi можна ўранку пакупацца. Пакупаўся. Цяпер трэба iсьцi калена прамываць i перавязваць. Зараз-зараз пайду. Толькi спачатку вазьму запаскуджаны крывёю ручнiк i заб’ю гэтую надакучлiвую асу.

Нiда. Жнiвень 2000 году

Спаць, спаць, спаць...


Мой мiлы таварыш, мой лё

Вазьмi ты з сабою мяне

Я, ведай, вялiкi ўжо хло

І ўмею ўжо лётаць у сьне

Янка Купала i Цiшын Ігар
Колькi сябе памятаю, лётаю ў сьне. Лётаю па-рознаму... Проста ўздымаюся й лячу над вулiцаю, над дрэвамi й мiнакамi. Нiхто не зьдзiўляецца. Мяне ня бачаць. І невядома чаму ня бачаць, бо я сам сябе цудоўна бачу й выдатна адчуваю. А яшчэ лётаю ў касьцёле. У саборы, што на пляцы Незалежнасьцi, я чамусьцi маленечкi, памерам з двухтыднёвае кацяня. Узьлятаю да вiтражнай ружы й сяджу на ёй, музыку слухаю. А бываю ў снах вялiкi-вялiкi, як воблака, такое празрыстае й ледзь бачнае. У форме воблака я завiсаю над Сьвiслаччу, ад мосту на праспэкце Скарыны аж да каменнай альтанкi каля вайсковага штабу. Нечакана пераўвасабляюся ў чорную кропачку й магу заляцець у любую шчылiну. Але найлюбiмай формаю для палётаў у снах была й застаецца срэбная стужачка з фальгi. Стужка лётае кепска, бязмэтна, але вельмi па-сьвяточнаму.

Лётаць я пачынаю, калi мне кепска сьпiцца.

І ёсьць шмат месцаў на сьвеце, дзе сны мае трывожныя. Вось у Каiры ўсе ночы спаў кепска. А калi пад ранiцу засынаў, дык муадзiны зь мiнарэтаў якраз тады й пачыналi свае сьпевы малiтоўныя. Кепска спаў i ў Тбiлiсi. Жыў на праспэкце Руставэлi. Была гарачыня. Вокны наросхрыст. Вулiца гула i ўдзень, i ўночы. І гэтая грузiнская манера крычаць на ўсё горла не давала выспацца. І ў Маскве сплю зусiм кепска. Масква сьпiць мала i другiм не дае паспаць. І дзе я толькi нi спаў у Маскве! І ў гатэлях, i ў iнтэрнатах, i ў мастакоўскiх майстэрнях, i ў сяброўскiх кватэрах — паўсюль не высыпаўся. Пра вакзалы й казаць няма чаго. Толькi заплюшчыш вочы на Беларускiм чыгуначным, мiлiцыянт ужо тут. «Спаць на вакзале забараняецца! Будзеш спаць, выганю на дождж!» І выганяў, гa@дзiна. Даводзiлася спускацца ў мэтро, сядаць у цягнiк, якi ходзiць па кальцавой, i спаць у вагоне седзячы. Дзе-дзе, а ў цягнiку я нiколi добра ня спаў. Наколькi я люблю вакзалы, настолькi не люблю цягнiкi. Нехта храпе. Нехта ходзiць. Нехта дух псуе. І абавязкова плача дзiця. Спаць немагчыма. Вiсiш, гойдаешся памiж сном i яваю ўсю дарогу. Пасьля прыезду я доўга-доўга мыюся й потым гадзiнку-другую ляжу ў сваiм ложку, адпачываю ад вагонных паўсноў. Ня спiцца мне i ў правiнцыйных гатэльчыках. Нi ў Амсьцiславе, нi ў Браславе, нi ў Лагойску выспацца я ня мог. Вельмi кепска спалася мне i ў мсьцiслаўскiм iнтэрнаце для дзяцей з кепскiм слыхам. Наагул у iнтэрнатах спаць кепска. І ў касьцёле, калi жыў там адзiн, спаў трывожна. Касьцёл — ня месца для сну. Мяркую, i ў манастырах такiм, як я, сьпiцца кепска.

Цiкава было б паспаць на 76 м паверсе Нью-Ёрскага хмарачосу. Як сьпяць у горадзе, якi нiколi ня сьпiць? Пад Парыскiм мостам таксама было б цiкава паглядзець сон. Але што казаць пра тое, чаго ня зьведаў. Пусты занятак.

Лепей раскажу пра свае асноўныя сны. Яны паўтараюцца з году ў год. Нiякай лёгiкi ў iх паўторах я не адсочваў. Можа яе й няма. Але ж сны гэтыя плывуць i плывуць разам са мною праз усё жыцьцё. Вось сяджу я на дне акопу й чакаю, калi скончыцца артпадрыхтоўка. На мне вайсковая форма без апазнавальных знакаў. Вiдавочна, што я салдат. У мяне карабiн. Ідзе дождж. У акопе сыра й халодна. Закончылi страляць гарматы. Пачалася атака. Трэба выбiрацца з акопу й бегчы на ўсход. А я сяджу, гляджу ў шэрае неба й думаю: iсьцi цi не iсьцi? Так i сяджу, так i прачынаюся. Сон гэты ўпершыню я пабачыў гадоў у 10—12. У сьне мой узрост быў i застаецца дагэтуль нязьменны, у акопе я вечна дваццацiгадовы салдат, стрыжаны пад нуль, з чырвонымi ад холаду рукамi. Я вельмi не хацеў, каб сон спраўджваўся, а таму i ў войска не пайшоў. Вядома, сон — толькi адна з сотнi прычынаў, каб не iсьцi ў чужынскае войска, але й такая акалiчнасьць мелася. Пра беларускае войска ў 10 гадоў яшчэ ўсур’ёз я ня дбаў. Думаў пра iншае, пра пераадоленьне страху вышынi. Ня так i проста ўзьлезьцi на дзесяцiмэтровую вышку й скокнуць у басэйн. Узлазiў i скакаў. А сон пра вышку мне сьнiцца такi. Лезу на высачэзную, мэтраў 50, вышку з дошак. Вышка стаiць на пустцы каля вiнзаводу, што насупраць Кальварыйскiх могiлак. Лезу на самую верхатуру, а там вецер. Вышка хiстаецца, нахiляецца, пачынае падаць, i я падаю-падаю й прахоплiваюся. Ня ведаю, колькi разоў я сядзеў у акопе й падаў з вышкi, як не змагу пералiчыць колькасьць iнтымных сустрэчаў з настаўнiцай гiсторыi. Была ў мяне такая вясёлая настаўнiца ў чырвонай спаднiцы й чырвоным пiнжаку. Валасы яна выбельвала, пазногцi й вусны фарбавала ў найчырванейшыя адценьнi, а яе чырвоныя чаравiчкi мелi высачэзныя абцасы. Я ня вельмi любiў сваю настаўнiцу ў рэальнасьцi, а ў сьне чамусьцi абагаўляў. Яна запрашала да сябе ў госьцi, распраналася, распранала мяне. Мы любiлiся. У яе была поўная, акруглая, рэмбрантаўска-рубэнсаўская пастава Данаi. Настаўнiца гiсторыi пераўвасаблялася ў настаўнiцу эротыкi. Вядомы ўсiм i нават прэсны сюжэт пра закаханасьць вучня ў настаўнiцу. Але гэта мой сон, i мне ён дарагi. Пэўна, кожны спрабуе закрычаць у сьне, а голасу няма, хоча пабегчы, а ногi не бягуць. І такога мне сьнiцца багата. Каго гэтымi снамi зьдзiвiш. А вось падзеньнем у рэчку можа i зьдзiўлю. Бываюць у жыцьцi моманты, калi лёс адбiваецца ў сьне дакладна, як у люстэрку. Ішоў я па кладачцы праз рэчку. Кладка — два бервяны, а замест парэнчаў — дрот, нацягнуты з аднаго боку. Стаяла позьняя восень з холадам i дажджом. Бярвеньнi былi сьлiзкiя, як гa@ды. І ногi паехалi. І ўчапiўся я ў дрот. А дрот выгнуўся. І я ў ботах i фуфайцы бухнуўся ў глыбокую й каламутную лiстападаўскую ваду. Выплыць выплыў i да дзедавай хаты бягом прыскакаў, i нават не захварэў, але з таго часу мне сьнiцца й сьнiцца гэтае лiстападаўскае падзеньне. Падобнае адбылося i з аўтакатастрофаю. Адзiн раз я перакулiўся на машыне, а ў снах зрабiў тое самае разоў сто.

Сны, сны, яны наплываюць i сплываюць. Я бачыў iх безьлiч. І дасьць Бог, яшчэ пабачу. Бывае, мне захочацца сасьнiць нешта страшнае, я кладуся на левы бок i бачу жахi, а на правым баку сьнiцца адно добрае. Таму ў дзiцячым садку мяне прывучылi спаць на правым баку. І большасьць жыцьця я спаў на правым баку. Выхавацелькi былi мудрыя кабеты.

У снах тоiцца свая невычарпальная мудрасьць. Свая таямнiца сьмерцi й жыцьця. У мяне сны зьвязалiся са сьмерцю з самага маленства й самым непасрэдным чынам. Як i ўсе малыя дзецi, я мусiў спаць пасярод дня. А спаць удзень не любiў. Хто зь дзяцей любiць спаць удзень? А пазьбегнуць гэтага койданаўскае дзiця магло толькi пры пэўных акалiчнасьцях, калi некага хавалi, i труну несьлi паўз твой дом — спаць не дазвалялася. А таму, як толькi баба Ядзя казала: «Валодзя, iдзi спаць!», я ляцеў на двор, выбягаў на сярэдзiну вулiцы Другой Ленiнскай i глядзеў, цi не нясуць нябожчыка. Вулiца нашая роўная, i вiдаць ажно да паловы Койданава. І якая была радасьць убачыць далёка-далёка пахавальнае шэсьце! Калi шэсьця не было, я пачынаў услухоўвацца: можа дзе на бакавой вулiцы грае пахавальны марш? Цiшыня расчароўвала. Я iшоў, клаўся, але працягваў услухоўвацца й думаць пра сьмерць. Я баяўся заснуць летаргiчным сном, баяўся прачнуцца ў труне. Тым больш, што мой першы ўспамiн пра прачынаньне зьнiтоўваўся з падзеньнем.

Я прачнуўся ў сваiм дзiцячым жалезным ложку. Пакой стаяў пусты. Я паспрабаваў вылезьцi з ложка, пералез праз парэнчы, паляцеў унiз, зачапiўся нагою за тыя парэнчы й бразнуўся галавою аб жалезную раму ложка. Скуру на лобе моцна расьсек. Палiлася кроў. Я заплакаў, закрычаў. Аднекуль з варэльнi прыбегла мацi. Мяне супакоiла, галаву забiнтавала. Часам я думаю, што маё вечнае падзеньне з дашчанай вежы — гэта нiшто iншае, як своеасаблiвы адбiтак таго дзiцячага падзеньня з ложка. Але гэта толькi думкi — рацыянальныя, апавядальныя, яны вельмi плыткiя ў параўнаньнi з глыбiнямi сноў.

Галоўнае — добра выспацца й ня помнiць сноў. І ёсьць сытуацыi, калi сьпiцца добра. Пасьля доўгага падарожжа выдатна засынаю. Бывае, выкурваю дарагую цыгару й моцна сплю. Пасьля тактоўнай пагулянкi, калi безь перабораў, сьпiцца добра, але прачынаюся кепска. А вось пазаймаўшыся сэксам — i сплю класна, i прачынаюся з цудоўнымi настроямi. Яшчэ люблю прабегчыся ў парку ўздоўж Сьвiслачы, а калi не хапае сiлы, проста пашпацыраваць увечары сярод сонных клёнаў i дубоў. Прагулянкi стамляюць i супакойваюць. Авiцэна раiў тым, хто ня можа заснуць, пераплыць рэчку Тыгр два разы, а потым выпiць чырвонага вiна. Слушна раiў Абу Алi Ібн Сiна. Толькi вiна я ня п’ю, а вада ў Сьвiслачы i брудная, i халодная, так што пакуль стае сiлы, буду бегаць, каб крапчэй спалася.

Ёсьць месцы, дзе мне заўсёды добра спалася. У Вiльнi сплю, як сурок, цi як мядзьведзь, як локiс, карацей. У Тайляндзе, на беразе Сiямскага мора, у ценю ад пальмаў сьпiцца, як у раi. У белым крымскiм дамку ля сiняе бухты я выдатна засынаў. У дзяцiнстве любiў спаць на печы. Аднаго разу ўзiмку правалiўся пад лёд. Дамоў iсьцi баяўся, прывалокся да сваячкi, цёткi Камiлi. Яна загнала мяне на печ. Якi глыбокi быў сон на той цёплай печы! Дзiўна, але мне заўсёды хораша спалася ў аўтобусах «Менск–Мсьцiслаўе» i «Мсьцiслаўе–Менск». Так хораша сьпiцца i на нудысцкiм пляжы ў скалах пад Барсэлёнаю. Але яшчэ лепш ранiцаю пасьля сэксу заснуць у iнтэрнацкiм пакоi на вузкiм ложку з жанчынаю. Усе сыйшлi. Цiха. А ты сьпiш, i жанчына твая пахне сьвежым цёплым малаком. А як цудоўна было засынаць з мамiнай рукою на падушцы! Усе жахi-сполахi зьнiкалi, я трымаў мамiну руку каля шчакi й засынаў найсаладзейшым сном у жыцьцi. А цяпер люблю спаць у сваiм ложку з жонкаю. Нездарма ж мацi з бацькам падаравалi мне на вясельле канапу ды шафу. Простыя рэчы, але калi перабiраю ў памяцi падарункi, лепшага не згадаю. Перад сном люблю пачытаць. Хоць старонку, хоць тры радкi, але абавязкова чытаю. У маёй спачывальнi тысячы кнiг. Без чытанкi не магу заснуць.

Калi ўжо пайшла гутарка пра ложкi, дык на якiх толькi лежбiшчах не даводзiлася засынаць... Калi мы жылi на восьмым паверсе насупраць Кальварыйскiх могiлак, я любiў улетку пераначаваць на гаўбцы. А ў Койданаве ў цёплыя ночы мы ставiлi ў садзе палатку й спалi ў ёй з Толiкам Кiсялём. А вось з Жэнiкам Хвастовiчам мы пераначавалi ў лясным будане. Нашая пятая кляса пайшла ў паход. І мы пайшлi. Яны ў адзiн бок, а мы ў другi. Яны на возера Пцiч, а мы ў Трасьцянец. Пайшоў дождж. Яны вярнулiся, а мы засталiся, зрабiлi будан i пракалацiлiся ў iм цэлую ноч. Дома нас адлупiлi бацькi. Усё дзяцiнства я рабiў нейкiя штабы, капаў зямлянкi ў лесе, абсталёўваў схроны на гарышчах i ў сутарэньнях. Найлепшы схрон быў у койданаўскiм сараi. Я нацягаў туды снапоў лёну i, лежачы на iх, чытаў казкi «Тысяча i адна ноч». Чытаў-чытаў i засынаў, i сьнiлiся мне гарэмы. Дзiўна, але ў Каiры й на Чырвоным моры гарэмы мне ня сьнiлiся, хоць ложкi былi добрыя й штовечар у рэстарацыi жанчыны выплясвалi танец жывата. Канечне, у класных гатэлях класныя ложкi, i ў iх класна сьпiцца i ў Амстэрдаме, i ў Бангкоку. Асаблiва пасьля трохгадзiнных экскурсiяў па кварталах з чырвонымi й ружовымi лiхтарамi.

Перад тым, як заснуць, я люблю згадваць эратычныя экскурсii. А хто ня любiць? Ты? Ня веру. Як не паверу, што ёсьць людзi, якiя ня лётаюць у снах. Гэта не зусiм людзi, як для мяне. Палёт у сьне — лiрыка, пра лiрыку проста неабходна думаць перад сном, як i пра дзяцiнства. А вось пiсаць вершы ўночы ў ложку ня варта. Напiшаш нешта накшталт: «Калi я сплю, я — незалежны, безабаронны, калi сплю...» А далей не складаецца, i заснуць ня можаш. Разважаеш пра залежнасьць, пра сваё рабства i ўрэшце ўстаеш, каб выпiць вады й супакоiцца.

Шмат што ў гэтым жыцьцi не дае мне заснуць. Бывае, забудуся зачынiць у ванным пакоi свайго любiмага ката Чарлiка. Ён, гад, прыходзiць цiхенька й кладзецца на мае ногi. Такой мяккай гiраю навальваецца, i даводзiцца ўставаць i зачыняць яго, каб спаў на сваiм месцы. Кожны мусiць спаць на ўласным месцы, каб iншым не замiнаць. І што можа быць горш за тое, калi адна жывая iстота не дае спакойна спаць другой цеплакроўнай, i нават халаднакроўнай iстоце? Канечне, рацыянальнасьць нашага быцьця — у нейкай ступенi бяссоньне, а таму пра пакуты бяссоньня хай пiшуць iншыя. А я iду спаць.

Вiльня. Сьнежань 2000 году

Менскія вар'яты


Люблю Менск. Ведаю, шмат хто ня любiць майго гораду. Адным замала ў iм гiстарычных помнiкаў, другiм не стае генiяў, трэцiм нiяк не вымалёўваюцца пэрспэктывы нармальнага разьвiцьця. Шэрасьць, асфальтнасьць, прыпыленасьць i задымленая тумановасьць малююць аблiчча майго Менску. Архiтэктура стандартная, насельнiцтва бесхарактарнае, кiраўнiцтва прыблуднае, мова бiлiнгвiстычна-макаранiчная. Што ў Менску можна любiць? Вар’ятаў! Іх постацi, твары, паводзiны разбураюць завядзёнкi, парушаюць нормы й правiлы, ствараюць непаўторнасьць нашае сталiцы.

Вось табе Вова-Камандзiр. Ён стары. Я ведаю Вову гадоў трыццаць, i колькi памятаю — ён заўсёды быў стары, сiвавусы, стрыжаны пад «бобрык», у вайсковай форме. Можа, Вова й хадзiў некалi ў камандзiрах, але наўрад. Хутчэй за ўсё, ён, як большасьць хворых на галаву, проста любiць усё вайсковае: боты, фрэнчы, фуражкi з кукардамi. Такi бяскрыўдны вайсковец — Вова-Камандзiр. Нi дзе жыве, нi хто ягоныя сваякi, я ня ведаю. Але добра знаю, дзе й чым Вова харчуецца. Камандзiр любiць гастраномныя кафэтэрыi. Прадаўшчыцы налiваюць яму гарбаты. Вова сыпле, не шкадуючы, лыжачак зь пяць цукру, зьбiрае недаедзеныя канапкi, кавалкi батонаў, паперкi ад тварожных сыркоў i моўчкi падсiлкоўваецца ў кутку. Праўда, гарбату сёрбае вельмi гучна. Ад любовi да ўсяго перасалоджанага й зацукранага ў Камандзiра баляць зубы. Таму яго часьцяком можна пабачыць каля другой стаматалягiчнай клiнiкi, што месьцiцца насупраць кiнатэатру «Цэнтральны». Палiклiнiка працуе круглыя суткi. У ёй заўсёды сьветла й цёпла. Вова-Камандзiр любiць сядзець у чарзе й чакаць, калi ранiцай адчыняцца кафэтэрыi, дзе можна пасаладзiць душу перацукранай гарбатаю. А запляваны крывёю сьнег каля ганку палiклiнiкi, вiдавочна, нiколi не псаваў Вовiнага апэтыту.

Сам Вова-Камандзiр таксама нiколi не псаваў мне апэтыту, а вось ад пагляду на Жабрака-Прэзыдэнта заўсёды рабiлася млосна...

Ён стаяў на сходах станцыi мэтро «Акадэмiя навук» i прасiў грошы. Нават i не прасiў, а проста трымаў зiмовую шапку так, што кожны разумеў — дайце на хлеб. Кiдалi яму неахвотна. Агiду ён выклiкаў, бо не стары, а такi запушчаны, сьмярдзючы, неахайны. Брррр... І вось, у адно iмгненьне ён стаў самым знакамiтым жабраком у сталiцы, дый ня толькi ў Менску, а ва ўсёй Беларусi, бо быў страшэнна падобны да першага прэзыдэнта. Усе толькi й гаварылi пра яго, паказвалi адзiн адному. Ну й грошы сыпалiся ў шапку несканчоным дажджом. Жабрак-Прэзыдэнт неяк нават папрыгажэў, пакруглеў, паружавеў... Быў жа зялёны, як мярцьвяк, а тут i падстрыгаецца, i шчокi голiць, вусы падрэзаў акуратненька — рыхтык Лукашэнка. Вядомасьць Жабрака-Прэзыдэнта абярнулася для яго бядою. Цi са сваёй iнiцыятывы, цi на загад з гары, мянты пачалi ганяць жабрака. Толькi ён стане каля кiнатэатру «Кастрычнiк», а яны тут як тут. «Валi адсюль! Каб духу тут твайго не было!» Жабрак-Прэзыдэнт сунецца да Акадэмii Мастацтваў, але й там яго праганяюць праваахоўнiкi. Не такая й добрая рэч, як высьветлiлася, быць падобным да кiраўнiка краiны. Калi ты жабрак, дык лепей нагадваць апазыцыянэра: Васiля Быкава цi Зянона Пазьняка. Зь мянтамi жартаваць не выпадае. І ён прапаў. Колькi часу па Менску хадзiў жарт, маўляў, Лукашэнка запрасiў жабрака да сябе працаваць двайнiком. Цяпер таго смуродлiвага шызiка нiхто ня згадвае. Забылiся. Вось прападзе чалавек, усе пагавораць, паўспамiнаюць, прыдумаюць нейкую казку пра двайнiка й забываюцца на зьнiклага чалавека.

Ходзiць па Менску яшчэ адзiн двайнiк, толькi ён падобны не да прэзыдэнта, а да слыннага лiтаратара...

Адзiн час вар’ят Валера быў вельмi падобны да пiсьменьнiка Ўладзiмера Арлова. І ня дзiўна, бо Валодзю Арлова ў лiтаратурным асяродзьдзi шанавалi й любiлi, а Валера якраз i спэцыялiзаваўся на выпрошваньнi грошай у рэдакцыях i Саюзе пiсьменьнiкаў. Хворага так i называлi: Валера-Пiсьменьнiк. Ён, як самы сапраўдны пiсака, абыходзiў усе рэдакцыi, нават у бiблiятэкi завiтваў. Шмат яму нiхто не даваў, больш за тое, калi хто й ахвяраваў капейчыну, дык абавязкова казаў, каб Валера не купляў алькаголь. Пiць яму катэгарычна забаранялi дактары, бо як толькi Валера выпiваў бутэльку пiва, дык рабiўся агрэсiўны, кiдаўся на людзей, нiкога не пазнаваў i прачынаўся ў лякарнi, што ў Навiнках. Таму, даючы грошы, i Някляеў, i Разанаў па тры разы паўтаралi — пiць нельга. І Валера-Пiсьменьнiк амаль ня пiў. Хто ж хоча качацца на бальнiчных прасьцiнах ажно сорак дзён? Няма дурных. Апошнiм часам пiсьменьнiцкае асяродзьдзе моцна зьбяднела. Схуднеў, змарнеў, абнасiўся й Валера. Ён так зьмянiўся, што перастаў нагадваць Вову Арлова. Дый стаўленьне да Арлова ў лiтаратурным асяродку цяпер iншае: адны зайздросьцяць, другiя не падзяляюць ягоных яскрава-нацыяналiстычных перакананьняў, але засталiся трэцiя — патрыёты, яны чытаюць, шануюць i любяць Вову яшчэ больш, чым раней. Вось да iх надоечы й зьвярнуўся Валера. Прыйшоў на выступленьне копыльскага народнага тэатру, падышоў да мастацкага кiраўнiка й папрасiў грошы на бутэльку гарэлкi для гiстарычнага лiтаратара Ўладзiмера Арлова. Калектыў майстроў аматарскай сцэны сабраў рублi й перадаў iх самазванцу. Да сапраўднага Ўладзi Арлова тая пляшка, вядома, не патрапiла. А чутка пра здарэньне дайшла, чым жывы клясык гiстарычнага жанру й суцешыўся.

Калi Валера-Пiсьменьнiк круцiўся й круцiцца ў дэмакратычных колах, дык ягоны антыпод Заiка-Газэтнiк зьбiрае вакол сябе разнастайных артадоксаў...

Па дарозе з Камароўскага рынку да мэтро, каля палiграфкамбiнату iмя Якуба Коласа можна пабачыць гандляра расейскiмi шавiнiстычнымi газэтамi. Тоўсты, чырванатвары, з маленечкiмi парсючынымi вочкамi, запакаваны ў расейскi нацыянальны колер — хакi, ён вядзе дыскусii пра былую значнасьць расейскай iдэi, пра хiмэрычнае мiсiянства расейскага народу, нацыянал-патрыятызм экзальтаванага палiтпiсьменьнiка Эдуарда Мандарынава, пра сымболiку калаўротаў i процьму iншых цiкавостак для маргiнальных асобаў пэнсiйнага веку. Распаўсюднiк паўлегальнай прэсы крыху заiкаецца, як i большасьць носьбiтаў вялiкарасейскай iдэi, ён грэшны на iнародчаскi акцэнт, але прыродная дабрыня, дзiцячая шчырасьць i ўгодлiвасьць дробнага гандляра падкупляюць. Чаму не спынiцца? Чаму не набыць брыдкаслоўную газэтку? Чаму жартам не паспрачацца пра пэрспэктывы беларускай мовы? І раптам высьветлiць, што Заiка-Газэтнiк вельмi любiць i паважае беларускае слова. А белпрэсаю ён не гандлюе таму, што ў ёй замала экспрэсii. Пра «Слова нацыi» ён ня ведае, а ўсё астатняе сапраўды можна набыць у любым шапiку ад Навiнак да Камароўкi й ад Малiнаўкi да Чыжоўкi. У кожнага свая праўда, свае навiны й свае вар’яты.

Для адных вар’яцтва канцэнтруецца ў газэтных шапiках, а для другiх яно жыве на могiлках...

Могiлкавы Прыбiральнiк — цi ня самы калярытны вар’ят у Менску. Начуе ён на Вайсковых кладах. Як толькi сыходзiць сьнег, ён пачынае спаць на могiлкавых лаўках, непадалёк ад помнiкаў Коласу й Купалу. І так ажно да маразоў. А ўзiмку хаваецца на гарышчах i па сутарэньнях дамоў паблiзу ад тых жа кладоў. Харчуецца ў магазiнах «Садавiна-гароднiна». Цёткi-гандляркi частуюць яго салёнымi гуркамi й памiдорамi. «Дай-дай агурок!» — крычыць ён на ўсю краму. Шкадуюць, вылоўлiваюць з бочкi салёнага караля беларускiх гародаў, частуюць паўдурка. Першы агурок схрумстваецца каля прылаўка, а другi нясецца на могiлкi й нясьпешна зьядаецца ў бэзавай засенi. Але не паяданьне салёнае гароднiны — галоўная асаблiвасьць Могiлкавага Прыбiральнiка, а паталягiчная прага чысьцiнi. З ранiцы да ранiцы ён зьбiрае сьмецьце. Пасьпiць якую гадзiнку й зноўку носiць розныя паперкi, бутэлькi, кансароўкi на сьметнiк. Лаецца Прыбiральнiк магутна... «Пазасiралi, пазапаскудзiлi, пазасцалi...» Брэша й прыбiрае, прыбiрае й брэша, ажно пакуль не пачнецца прыпадак. Тады кантэйнэры са сьмецьцем пераварочваюцца, бруднае рызьзё разьлятаецца ў розныя бакi, шкуматаецца, рвецца, дзярэцца, падфутбольваецца, топчацца... Ажно пакуль сiлы не пакiнуць Могiлкавага Прыбiральнiка. Валiцца тады ён у бруд i плача-скавыча, як загнаны ў пастку i сьмяротна паранены зьвер. Выплачацца, высьпiцца — i зноў за Сызыфаву працу, за прыборку зь вечара да вечара, ад зiмы да зiмы.

Калi Могiлкавы Прыбiральнiк займаецца выключна матэрыяю, дык Зорык-Вынаходнiк жыве мроямi, марамi, iлюзiямi...

Звычайна цёплымi вечарамi Зорык-Вынаходнiк гуляе на Кастрычнiцкiм пляцы або шпацыруе ўздоўж «Цэнтральнага» ўнiвэрсаму. У Зорыкавым заплечнiку заўсёды знойдзецца бутэлечка сухога чырвонага, а калi няма, ён неадкладна прапануе пайсьцi набыць бутэлечку. Гарэлкi Зорык ня любiць. П’е, як налiваюць, але ён сталы й трывалы аматар сухога рубiна-кроўнага вiна. Папiваючы алькаголь на беразе вечаровай Сьвiслачы, Зорык любiць распавесьцi сябрам-сабутэльнiкам пра свае найноўшыя адкрыцьцi ў самых розных кiрунках чалавечай дзейнасьцi... Ну чаму сабакi ходзяць па вулiцах проста так? Трэба выпускаць вазкi для сабак, такiя ж, як i для коней, толькi меншага памеру. Сабакавод iдзе ў краму, а побач бяжыць гадаванец, запрэжаны ў вазок. Адпаведна на зваротным шляху сабака павязе пакупкi. Чым кепска? У Беларусi выдатная мiнэральная вада й зусiм няма мiнэралаў. Трэба арганiзаваць здабычу мiнэралаў зь мiнэральнай вады... Нашто ў кашулi каўнер? І наагул нашто каўнер патрэбны? Нiкому не патрэбная дэталь вопраткi — каўнер. Адрэж яго, i што зьменiцца? Нiчога. Але адразаць каўняры няварта. Лепш правесьцi тлумачальную работу пра непатрэбнасьць каўняроў i адмовiцца ад iх цалкам. Уяўляеш, якая эканомiя сродкаў? Колькi можна ўсяго ўсялякага патрэбнага пашыць з наэканомленай матэрыi! Ого!.. Гарады можна будаваць! Рабiць каркасы зь лёгкага мэталу й абшываць iх матэрыяй. Канечне, папярэдне тую матэрыю варта прапiтаць антывогненным растворам... Ня кожны сабутэльнiк можа вытрываць Зорыкавы размовы больш за пятнаццаць хвiлiнаў. Але Вынаходнiк не крыўдуе, бо чырвонае сухое хутка зморвае. Ён супакойваецца й засынае з шырока адкрытымi вачыма.

Наколькi абстрактныя пражэкты ў Зорыка-Вынаходнiка, настолькi заземленыя развагi ў Алеся-Аналiтыка...

Не сакрэт, што ў Менску процьма ўстановаў займалася й займаецца падрыхтоўкаю розных агентаў i спэцагентаў, ахоўнiкаў i праваахоўнiкаў. Беларус як чалавек, схiльны да асымiляцыi, найлепшы матэрыял для вырабленьня шпiёнаў, журналiстаў, якiя збольшага тыя ж шпiёны, выведнiкаў i найпростых кадэбiстаў зь мiлiцыянтамi. Гэтая акалiчнасьць не магла не адбiцца на шматаблiчным сьвеце менскiх вар’ятаў. Ёсьць сярод iх i Алесь-Аналiтык. Ну якi ж таемны агент ня марыць на старасьцi гадоў стаць палiтычным, а тым больш геапалiтычным аналiтыкам i пасьля бурапеннага жыцьця са стрэламi, трупамi, мiльёнамi даляраў, сэксу з манэкеньнiцамi засесьцi ў зацiшнай аднапакаёўцы й папiсваць артыкулы, якiя лягуць у аснову стратэгii й тактыкi разьвiцьця дзяржавы. Кожны апэратыўнiк марыць стаць аналiтыкам. Факт! Алесь не выключэньне. Праўда, нiякай шпiёнскай кар’еры ён не зрабiў. Ён наагул нiякай кар’еры не рабiў. Скончыў фiлязофскi факультэт i пайшоў працаваць на трактарны завод вартаўнiком. Грошай ня шмат, але як жыць адному — хапае. Затое ёсьць процьма вольнага часу, i можна ночы навылёт пiсаць аналiтычныя артыкулы. Алесь пiша, пiша й пiша. Аналiзуе, прагназуе й, што самае цiкавае, стварае iдэалёгiю новай белдзяржавы. За бутэлькай гарэлкi, па вялiкiм сакрэце, найлепшым сябрам Алесь-Аналiтык распавядае свой варыянт iдэалёгii, зробленай на аснове канфуцыянства, навуковага камунiзму й расейскага стараабраднага праваслаўя. Самае незвычайнае ў гэтай, так бы мовiць, iдэалёгii — тое, што ўласна беларускага ў ёй нямашака нi калiўца. Зрэшты, кожны вар’яцее, як умее, i на тым грунце, якi мае. Ну не чытаў Алесь Абдзiраловiча (Канчэўскага), што ты тут зробiш. Дый нiчога рабiць ня трэба. Хай пра тое дбаюць супрацоўнiкi жоўтага дому з бэльвэдэрам на вулiцы Камсамольскай, куды Алесь-Аналiтык рэгулярна заносiць свае творы. КДБ на тое й створаны, каб дзяржаву бясьпекай забясьпечваць. Хай пячэцца.

Хваляваньне за дзяржаву ахоплiвае ня толькi Алеся-Аналiтыка, яно й зразумела, але ёсьць i такiя, каму на тую дзяржаву напляваць i начхаць. Такiя пякуцца перш-наперш пра сябе, менавiта да iх належыць Хламаў-Халамаў...

У Хламава-Халамава была запаветная мара: навучыцца выпрошваць вялiкiя грошы. Ён з запалам распавядаў пра лёнданскую школу адукаваных жабракоў. Было ў тым аповедзе нешта сапраўды ангельскае, дыкенсаўскае... Можа, гэта й быў пераказ ангельскай клясыкi, але ў выкананьнi Хламава-Халамава гiпатэтычны праект набываў непаўторны менскi калярыт. Напэўна, дзеля абстаноўкi, у якой гучала апавяданьне. Хламаў меў невялiчкую майстэрню на мансардзе двухпавярховага дамка на вулiцы Інтэрнацыянальнай. Бруднае, непрыбранае, заваленае старымi запыленымi рэчамi, сьмярдзючае памяшканьне з маленькiмi вокнамi й нiзкай стольлю. На падваконьнi ляжалi пяць гнiлых яблыкаў, зь якiх Халамаў пiсаў нацюрморт пад назваю «Дэмагог». Дэмагогiя й мройная адрошанасьць былi асноўнымi рысамi характару самога Хламава-Халамава... Ты апранаеш бялюткую кашулю, чорны смокiнг, iдзеш на сьвецкi раўт i там з келiхам дарагога шампанскага ў руцэ просiш у якога-небудзь мiлiярдэра пазычыць на год мiльён фунтаў. І ён табе дае мiльён ангельскiх фунтаў. Вось чаму вучаць у лёнданскай школе жабракоў... Паверыць Хламаву-Халамаву мог толькi поўны iдыёт. І ён гэта цудоўна разумеў, але ня мог стрымацца, каб не расказаць у сто першы раз пра школу сваёй запаветнай мары. Свайго «Дэмагога» ён так i не дамаляваў, майстэрню прадаў за капейкi, набыў хатку ў вёсцы й адпаведна перастаў быць менскiм вар’ятам.

Менск горад вялiкi, вар’ятаў i бяз Хламава-Халамава хапае, ну хоць бы Габрэйскую Моднiцу згадайма...

Жанчыны вар’яцеюць з-за шмацьця — не навiна. Але ёсьць сярод слабога на апранахi полу такiя, што больш за ўсё на сьвеце прагнуць прыбiрацца. Але большасьць з такiх усё адно носiць гатовае адзеньне. А восьстаражытную габрэйку з пляцу Перамогi куплёнае, вiдавочна, не задавальняе. Яна мадэлюе й шые сама. І як шые! Пабачыш — не забудзеш. Яе стыль можна безь перабольшаньня ахрысьцiць шагалаўска-вiцебскiм. Салатны палiтончык з каўнерыкам лiсiнага футра. Фiялетавыя панчохi. Белыя боты на абцасах са срэбнымi спражкамi. Ружова-празрысты шалiк i такiя ж празрыста-ружовыя пальчаткi. Рыдыкюль, як i боты, бялютка-белы з масiўнай зашчапкаю. І макiяж у Моднiцы адметна-незабыўны. Твар алебастравы, вусны цёмна-малiнавыя, вочы падмалёваны ультрамарынавымi ценямi й тушшу, а бровы шырокiя й вугальныя, як крылы гругана. Завершанасьць i непадробнасьць усяму ансамблю надае брошка з галубовым шклом у карункавай аздобе зь белага мэталу. Яна iскрыстай кветкаю квiтнее над габрэйскiм сэрцам. Моднiца i ўлетку, i ўзiмку ходзiць у адным i тым жа строi. Ходзiць вакол пляцу Перамогi зь ягоным фалiчным абэлiскам i вечнай фаеркаю. Ходзiць амаль штодня, але мала хто зьвяртае на яе ўвагу. Горад бяжыць, ляцiць, сьпяшаецца... Справы, клопаты, заняткi... Каго хвалюе чужое шчасьце — быць модным i прыгожым. Тысячы разоў я праходзiў каля, паўз, пад i побач з пляцам Перамогi й бачыць ня бачыў Моднiцы, пакуль мастак-графiк Ігар — Ізя Лiбэрман — не паказаў мне на яе. І цяпер я бачу яе ледзь ня кожны раз, як трапляю на круглы пляц. Ёсьць такая акалiчнасьць — бачыць тое, што ведаеш. І менскiя дзiвакi не вынятак з гэтага правiла.

Правiлаў шмат, парушальнiкаў яшчэ больш. У адзiн бок iх парушае Габрэйская Моднiца, а ў другi — Сiротка.

Ёсьць вялiкая розьнiца памiж бамжом i вар’ятам. Бомж, бамжара, бiч — чалавек, якi сьвядома кiнуў дом i сям’ю, бадзяецца па сьвеце, п’е ўсё, што гарыць, i есьць усё, што знойдзе ўежнага. Бадзягi, бамжы — цэлы сацыяльны пласт у грамадзтве, цэлая кляса цi праслойка, складзеная з антысацыяльных элемэнтаў. І часам можна памылiцца, паблытаць гарадзкога вар’ята з бамжараю. Зьнешне яны бываюць вельмi падобныя. Абадраныя, абарваныя, нямытыя... Але бамжы — як нi дзiўна — людзi са сьвядомасьцю, з памяцьцю, з пэўным мэркантыльным iнтарэсам. Яны проста ўпадабалi сацыяльнае дно. Сьвядома абралi бадзяжнiцтва й п’янства. А таму мне малацiкавыя. На iх бурачковых тварах нямашака пячаткi Божай. У iх паводзiнах не выяўляецца Вышэйшая сiла. Яны лёгка пралiчваюцца й рэглямэнтуюцца. Іншая рэч — дзiвак-вар’ят. Ён адметны й непаўторны. Ты нiколi не здагадаешся, куды ён паверне, якi будзе наступны крок. А раптам гэта будзе гучнае, на ўсю вулiцу: «Ы-ы-ы-ы-ы!!!» Як вытлумачыць? Што сказаць? Ты бездапаможны супраць ягонае прыроды, як i супраць прыроды наагул. Застаецца адно назiраць, спачуваць i задумвацца над марнасьцю чалавечых намаганьняў. Але назiраць за вар’ятамi вельмi цiкава. Утрая цiкавей, чым за бамжамi. Таму за Сiроткам я не назiраў. Думаў, ён звычайны бомж, якi начуе на гарышчы ў маiм пад’езьдзе. Каб я быў больш уважлiвы, дык адразу б адзначыў: бамжы ня носяць акуляраў. Ну начорта бiчу акуляры? А ў Сiроткi на чорным ад гразi твары сядзелi, можна сказаць, тэлескопы. Лiнзы ў ягоных акулярах былi ў палец таўшчынёю. І калi мне сказалi, што Сiротку зьбiла машына, я падумаў пра акуляры. І ня толькi падумаў, а падняўся на гарышча правесьцi рэвiзiю ў ягоным гнязьдзе. Там я знайшоў процьму малюнкаў. Сiротка быў мастаком. Маляваў ён выключна галовы мутантаў. Лупавокiя, рэдказубыя, лабатыя, лысыя мутанты пазiралi на мяне зь мятых шматкоў абгортачнай паперы. Няўжо мы такiя? Такiя, такiя, i нiякiя ня iншыя. Творы нябожчыка я пакiнуў на гарышчы. Іх паступова пакрыў пыл i галубiны памёт, а можа, нехта й забраў iх сабе, уставiў пад шкло ў рамы, павесiў на сьцяну. Сумняваюся. Людзi ня любяць вар’ятаў, баяцца iх творчасьцi, пазьбягаюць сустрэцца зь iх паглядам, бо ў iм зеўрае абсалютна халодная вечнасьць.

Такiя, як Сiротка, сапраўды блiзкiя да вечнасьцi, а вось Зайчык-Папрашайка нагадвае матылька-аднадзёнку...

Дзе турысты, там i ён — даўгалыгi Зайчык-Папрашайка. Турыстаў у Менску кот наплакаў, таму Зайчыку ня надта каб шыкоўна жывецца. Бегай, гойсай, скачы з Траецкага прадмесьця да гатэлю «Беларусь», ад гатэлю да Чырвонага касьцёлу, ад касьцёлу да царквы... Зайчыку гадоў пад трыццаць, але паводзiць ён сябе, як дзiця, апранаецца ў школьны касьцюмчык, просiць значкi й цукеркi. Турысты нешта даюць, экскурсаводы злуюцца, лаюцца, праганяюць. Зайчык-Папрашайка ўцякае й вяртаецца зноў, каб атрымаць ад якога вясёлага араба прэзэрватыў. Раней па турыстычных маршрутах сноўдалi зграi дзятвы, раней гумовая жуйка была экзотыкаю, а замежная манэтка — вяршыняю мары. Час зьмянiўся. Каго зьдзiвiць жавальная гумка? Дзятва павырастала й паадчыняла свае шапiкi з тымi гумкамi. Толькi Зайчык-Папрашайка застаўся верны абранаму шляху. Бяжыць-бяжыць, скача, уцякае, даганяе з працягнутай да турыста лапкаю, шукае сваё прывiднае шчасьце, сваё дзяцiнства, якое нiколi ня скончыцца. Так што памылiўся, назваўшы Папрашайку матыльком аднадзёньным, ён вечны, як мiт.

Мы з табою — нармальныя, шэрыя, упарадкаваныя — сыйдзем у нiшто, а яны — вар’яты — застануцца ствараць непаўторны твар Менску.

Менск. Студзень 2001 году


Оглавление

  • Адам Глёбус БРАСЛАЎСКАЯ СТЫГМАТА
  • Раён
  • Акадэмічны адпачынак студэнта Дз.
  • Чырвоны сабака
  • Латвійскі дэтэктыў
  • Ёсьць кнігі, прачытаныя ў маленстве
  • Брудны посуд
  • Аўтапартрэт з разьбітым носам
  • Вяртаньне ў Ерусалім
  • Наша Ніва
  • Тутэйшыя габрэі
  • Дарожныя аварыі
  • Прымусь сябе жыць ў Лагойску
  • Мсьціслаўскія маньякі
  • Браслаўская стыгмата
  • Мянты
  • Алькаголь
  • На роўным месцы
  • Спаць, спаць, спаць...
  • Менскія вар'яты