(Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік)
Нар. у 1942 г.
Сяргей Панізьнік (псеўданім Сяргей Папар) мае трыццацігадовы стаж супрацы з юнымі чытачамі. У выдавецтве «Юнацтва» ён падрыхтаваў да друку дзесяць зборнікаў гістарычнай літаратуры пад назвай «Бацькаўшчына» (1990-2002). Прымаў удзел у выданьні шматтомнай «Бібліятэкі дзіцячай літаратуры народаў СССР», у тым ліку i зборніка « Песня Даўгавы: Вершы, апавяданні, казкі латышскіх пісьменнікаў» (1986). У выдавецтве выходзіў i штогоднік дзіцячай літаратуры «Ветразь. Пісьменнікі народаў СССР i замежных краін — дзецям». Выпускі 1985, 1990 гадоў падрыхтаваў С. Папар. Там жа для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту выйшла «Падарожная кніжка Скарыны» (1990) — укладальнікі С. Панізьнік, В. Дышыневіч, а таксама зборнік вершаў Янкі Купалы «Явар i каліна: Паэзія кахання (2000) — укладальнік С. Панізьнік. 1999-м годам пазначаны выхад яго аўтарскай кніжкі «Золкая зёлка» (вершы для малодшага школьнага ўзросту).
Для серыі «Школьная бібліятэка» ім укладзены: «Максім Багдановіч: «Шыпшына» (1991) i «У бязмежную даль: Кніга пра Максіма Багдановіча» (1996), «Слаўны сын Беларусі: Кніга пра Скарыну» (1994), «Жыві ў свабодзе!: Кніга пра Каліноўскага» (1996), «Янка Купала. Якуб Колас: Родныя вобразы» (разам з Я. Хвалеем, 1997), «Свой пачэсны пасад: Кніга пра Янку Купалу» (1999).
Сяргей Панізьнік (Папар) у 1997г. Выдаў кнігу «Сустрэча роднасных сусветаў», дзе змешчаны пераклады яго вершаў на англійскую, балгарскую, латышскую, польскую, рускую, украінскую мовы. А ў яго зборніку «На ўсе вякі...» (Мінск. Выдавец В. Хурсік. 2011) ёсць пераклады на англійскую i французкую мовы.
Сяброўскія адведзіны - добрых кніг агледзіны
РАСІНКА I ЖУЧОК
Сеяў росы вясёлы стручок.
Падышоў да расінкі жучок.
Падзівіўся,
Знямеў на хвілінку.
Яшчэ раз паглядзеў
на расінку.
I знікае усмешка ca шчок,
Бо з расінкі
Глядзіць-пазірае
I ca страху амаль памірае
Гэткі ж самы маўклівы
жучок.
У расінкі — i вусы жучка,
Гэтаксама трасецца
шчака,
I як нітачкі — валасы,
I пушыначкі для красы
На карычневай галаве.
I нарэшце жучок
Ціха чокнуў:
— Чок-чок...
Даражэнькі стручок,
Ты люстэрка згубіў у траве?
Засмяяўся стручок,
A расінку
Строе жучку
На каляную спінку.
«Чок-чок-чок», — я пачуў.
I — маўчок...
Без люстэрка застаўся жучок
ВЕРАСЕНЬ
I ужо не месяц — верасы
Звіняць.
Нанэўна, ад расы.
Чутны світанку галасы:
— Дзінь-дзінь...
Бом-бом...
— Жывём?
— Жывём!
Мне Верасень
Руку падаў:
— Ты ў школу
Свой партфель
Сабраў?
— Сабраў партфель,
I сам сабраўся,
I з вольным летам развітаўся
— Куды ж цяпер
Твой дзень імчыцца?
— Вучыцца, Верасень,
Вучыцца.
З кнігі «Беларуская дзіцячая літаратура».Хрэстаматыя. Складальнікі М. Яфімава, В. Ляшук. Мінск. «Вышэйшая школа». 1996 г.
ЛЯ ВЕЖАЎ НАВАГРАДКА
Схавай ты, вежа, i мяне
за шэры загрудак:
пачуць бы, як ускалыхне
вякі Наваградак...
Маўчаць каменні i гара,
хоць i варушацца...
Няхай раскрыліцца зара
з чырвонай ружыцы, —
каб нашу памяць
кветка-звон
у шлях паклікала,
каб ведаў кожны маладзён:
зямля — вялікая;
зямля вялікая, у нас
зямля высокая,
i нашы вежы ў добры час
люлялі сокалаў.
Адкуль ідзём? Ад баразны,
з малога каліва...
Няма наваградскай сцяны,
i замак спалены?
Затое мы — саюз вякоў
жывучай спадчыны...
Наваградак — ты меч бацькоў,
ты песня матчына.
БЕЛАРУСЫ
Людзі ветлыя.
Мы не бедныя:
рэкі — з русламі .
Беларусы мы!
Неба — божае,
Сэрца гожае,
з перагрузкамі...
Беларусы мы!
Між суседзямі
не мядзведзямі
заскарузлымі.
Беларусы мы!
Мы таланныя,
людзі знаныя,
свой Каруза быў...
Беларусы мы!
Слава — позняя.
Ніва — росная,
зерне грузнае.
Беларусы мы!
З кнігі «Пад сэрцам у Радзімы». Сучасная беларуская паэзія. Мінск. «Беларуская энцыклапедыя». 1997 г. Складальнік М. Скобла. Серыя «Школьная бібліятэка».
САГРЭТАЕ НА ВУСНАХ
Мяцеліца кружыць нанова.
I зноў настывае мой двор.
На вуснах сагрэтае слова ,
не бойся настуджаных зор.
Растануць сумёты настрою,
самотная хваля сплыве.
Абудзіцца сэрца вясною:
каханаю — мова — жыве!
Цябе крыгаходы не знеслі,
не стала чужой гарадам.
На вуснах сагрэтую песню
i новым вякам перадам.
РЭХА Ў РОДНАЙ СТАРАНЕ
Што на памяці у Сонца?
Светлы лік у цьме бясконцай.
Нараджаўся там Су свет:
свет людзей i свет планет.
Што на памяці ў Зямлі?
Каліва на араллі:
знізу — корань, зверху — кветкі.
Там, дзе кветкі, —
ёсць i дзеткі!
Помняць нашы курганы
кожнай — жвір i жар — вайны.
Што на памяці ў Айчыны?
Бляск паходні i лучыны,
плахі меч, Пагоні меч
i фатпыстаў чорны смерч.
Што на памяці у Песні?
Toe, што ўжо не закрэсляць
ні вякі, ні лайдакі,
ні алоўкі, ні штыкі.
Мова — з памяці-вязьма:
без яе мяне няма.
Для душы няма пажывы —
не жывы я, не служывы.
Ведаю, што дух народны
з роднай мовай несмяротны.
Што на памяці. ў мяне?
Рэха ў роднай старане.
Ля Дзвіны карэнні роду.
Веру: ім не будзе зводу!
Мой сынок, мая дачка —
два вяслы. Жыве рака:
вёслы крыламі ўзлятаюць,
нашы дні ў вякі плывуць,
i суседзі нас вітаюць.
Беларусамі завуць.
З кнігі «Сэрцам роднага слова краніся». Хрэстаматыя для вучняў старэйшых класаў. Miнск. «Народная асвета». 1998 г. Укладальнікі М. Воінаў, К. Усовіч.
ВОЖЫК I БЕЛЫ ГАРОШАК
Чамусьці Вожык
Не выцер ножак
I лёг у ложак.
Спаў дрэнна Вожык,
Бо многа крошак
Прынёс у ложак.
— Мой дружа Вожык,
Сказаў Гарошак, —
З усіх дарожак
У свой жа ложак
Прынёс ты крошак.
Нашто ж парожак,
Дзе можа з ножак
Не толькі Вожык
Патрэсці крошак, —
Каб легчы ў ложак
Як я, Гарошак?
ЧАРАДЗЕЙНЫЯ СЛОВЫ
Свеціць сонца.
Бачу цень.
Прывітаўся:
— Добры дзень!..
Цень стаіць
I не хістаецца.
Цень са мною
Не вітаецца.
Я пайшоў –
I цень скрануўся.
Цень за дрэва
Захінуўся.
З кроны
Нейкі чараўнік
«Чык-чырык!»
Сказаў —
I знік.
Цень знямелы
Дзіву даўся:
«Верабей,
A прывітаўся!»
Дабрадзеі
Тры харобрых:
Ранак, Дзень
I Вечар добры.
Хто вітае
Ix часцей,—
Той жыве
Як чарадзей.
Хто ж да ласкі
Найахвочы,
Яшчэ й зычыць:
— Добрай Ночы!
З кнігі «Вяснянка». Апавяданні, вершы, казкі. Мінск. «Юнацтва». 1999 г. Укладальнік М. Зарэмба
ЖЫВІЦА
Імгліцца ў бары.
Ігліца
Сыплецца восенню з хвой.
А на імху з жарствой —
Не журавінка — жывіца:
Кропля смалы жывой.
Жывіца — расы сястрыца.
Сёння слязой свіціцца.
Як залатая сініца,
Стыне.
Ёй праз вякі
Бурштынінкаю скаціцца
Ў далоньку
Чыёйсьці рукі.
Зорны каменьчык-памяць
Промнікі ў сэрцы запаліць.
Будзе наноў іскрыцца
Жывая мая жывіца!
ХВІЛІНКА
Мая хвілінка весела гуляла.
Расінку у світальны час люляла.
А пры цяпельцы кыіжкі мне чытала
I зёлкаю над вухам казытала.
Мая Хвілінка падрастала лёгка.
I салавейка для яе зацёхкаў.
А паднялася нада мной дзянніца, —
З Хвілінкаю з крыніцы мог напіцца.
Мая хвілінка наталіла смагу —
I я адчуў сівых вякоў адвагу.
Расце былінка свечачкай на лузе —
Мая Хвілінка з вечнай Беларусі.
КРОПКА
Бегла кропка
нетаропка.
А за ёю
цэлы сказ
нетаропка
бег да вас.
А за сказам тым —
радкі.
За радкамі —
кніжка...
Бегла кропка
нетаропка.
Кропка ў нас
не лішняя.
Ставіць кропку
трэба ў час:
ратаваць i сказ
i вас.
Кропка — гэта сіла!
Пачыталі?
Пагуляць
вас яна
прасіла.
З кнігі «Жывіца». Вершы, апавяданні, казкі пра дзяцей i для дзяцей. Мінск. «Юнацтва». 1999 г. Укладальнік I. Гімпель
АНТЭНА
Бацька ўголас вырашае:
— Дзе б антэну мне дастаць,
Каб лавіла Рым, Варшаву
I Парыж магла б узяць?
Уявіў я: ў нашай новай
Той антэне над страхой
Як у сетцы павуковай
Бон трапечацца, Ханой,
Надрываецца Тырана,
А Нью-Йорк — як авадзень...
I антэны нашай рама
Накаляецца штодзень.
I тады сказаў я татку,
Каб суцішыўся мой страх:
— Голас Мінску напачатку
Ты пусці пад родны дах.
Будзем ведаць я i ты:
Дом наш — годны, не пусты!
САЛАЎІНЫЯ СЫНЫ
Зачараваныя гаі —
Купальскія — гудуць!
Ідуць сівыя салаўі,
Сваіх сыноў вядуць.
Ідуць азёрнай стараной
Па залатым куп'і.
I акрыляюцца зямной
Любоўю салаўі.
Хачу i я за салаўя
Быць у цябе, Краіна.
Табе — уся любоў мая
I салаўя i сына.
За намі цеплыня гаёў
I продкаў цішыня.
Мацнеюць крылы ў салаўёў,
Надзеяцца штодня.
На ўзлёце вераць у зямлю,
Дзе з песнямі растуць.
Сваё крылатае «Люблю!»
Да сонца данясуць.
Хачу i я за салаўя
Быць у цябе, Краіна.
Табе — уся любоў мая
I салаўя i сына.
З кнігі «Незабудкі». Вершы. Мінск. «Юнацтва». 2000 г. Укладальнікі У. Карызна, Я. Хвалей. Серыя «Бібліятэка беларускай дзіцячай літаратуры».
НА ЎЗЫХОДЗЕ СОНЦА
Лясныя прывіды — яліны —-
З начы вясенняй паўставалі.
Разлівы песняў салаўіных
Тушылі зоры,
Ранне звалі.
Па белых росах дзень каціўся.
Падрос — i сонейка напіўся:
Увесь у промнях...
Малайчына!
Сустрэла новы дзень Айчына.
ДАРОГІ I СУСТРЭЧЫ
Мне раніцу ліловую
Ускінуць бы на плечы!
Тады знайду я новыя
Дарогі i сустрэчы.
I на шляху з прываламі
Бацькоўскі дом узвесню,—
Каб гулкія, трывалыя
Укласці словы ў песню.
Дзе словы нараджаюцца?
Пра што яны вяшчуюць?
Па мураве качаюцца,
Размову продкаў чуюць.
I кожнаю былінкаю
Гучаць на Беларусі.
З Радзімаю-Крывінкаю
Я песняю зрастуся!
З кнігі «Вясёлы коўш». Вершы і казкі. Мінск. «Юнацтва». 2000 г. Укладальнікі А. Вольскі, I. Гімпель. Серыя «Школьная бібліятэка».
СВІСЛАЧ — МАЦІ НЯМІГІ
Зоркі з неба ападалі ў скрусе:
лёс Нямігі ўспомніла рака...
Адвяла ад гнеўнай Беларусі
меч варожы мужная рука.
Свіслач, Свіслач! Берагі ў граніце.
Прамаўляе Свіслач грамадзе:
— Зоркі па-над Мінскам
сцеражыце,
беражыце знічкі у вадзе!
Ты Мянеска мельніцу круціла.
Стронгу гадавала ты ў віры...
Да Купалы берагам гасцінным
тут ішлі вясёлыя сябры.
I не раз у веснім паўнаводдзі
крыгаломамі буяла ты.
Дваццаць першы век ужо наводзіць
над табою гонкія масты.
Да цябе вяду, як да сястрыцы,
з новымі падзеямі гады,—
каб Дзяржава помніла крыніцы
летапіснай, векавой вады.
Свіслач, Свіслач! Берагі ў граніце.
Прамаўляе Свіслач грамадзе:
— Зоркі па-над Мінскам беражыце,
сцеражыце знічкі у вадзе!
З кнігі «Бярозка». Вершы, апавяданні, эсэ. Мінск. «Мастацкая літаратура». 2003 г. Укладальнік У. Мароз.
Зверху - сонца. Знізу - зёлка. Паяднала ix Вясёлка.