КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Падарожжа ў XIX стагоддзе [Адам Мальдзіс] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Адам Мальдзіс

Падарожжа ў XIX стагоддзе


З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры

Навукова-папулярныя нарысы



Падарожжа ў XIX стагоддзе

«Падарожжа ў XIX стагоддзе» з'яўляецца зборнікам нарысаў аб дзеячах беларускай літаратуры, мастацтва і культуры мінулага стагоддзя, чые імёны яшчэ недастаткова вядомы шырокаму чытачу. Гэта — пачынальнікі новай беларускай літаратуры Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Каратынскі, польска-беларускі паэт У. Сыракомля і іншыя. Асобныя нарысы прысвечаны кампазітарам М. Агінскаму, С. Манюшку і А. Абрамовічу, якія нарадзіліся або доўга жылі ў Беларусі, выкарыстоўвалі беларускія народныя мелодыі і таму адначасова належаць і польскай, і беларускай культуры. Чытач пазнаёміцца з вучонымі і падарожнікамі І. Дамейкам, А. Янушкевічам, Б. Дыбоўскім, К. Ельскім. У плане займальнага літаратуразнаўства ў асобных раздзелах расказваецца аб пошуках і знаходках архіўных дакументаў і рэдкіх кніг, звязаных з творчасцю В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Абуховіча. Аўтар уводзіць у літаратурны ўжытак некаторыя невядомыя або забытыя матэрыялы. У канцы кнігі змешчаны спіс літаратуры, якая цытуецца або ўскосна выкарыстана ў тэксце.

Кніга пашырае ўяўленне чытачоў, у першую чаргу вучняў, студэнтаў, настаўнікаў, аб беларускай літаратуры і культуры XIX стагоддзя.


ЯНЫ БЫЛІ ПЕРШЫМІ

Давайце, паважаны чытач, на некалькі гадзін адарвёмся ад паўсядзённых спраў і перанясёмся думкамі ў шматпакутнае і гераічнае XIX стагоддзе. Шматпакутнае, таму што невыносна жылося тады нашаму народу. Думаеш аб часах, калі «міласцю божай» панавалі розныя па ліку мікалаі ды аляксандры, і міжвольна на памяць прыходзяць трагічныя радкі з верша Уладзіміра Караткевіча «Паўлюк Багрым»:

А ў краіне так цяжка
(Асіны ад ганьбы палаюць),
І над ёй фанабэрыцца
П'яны, разбэшчаны гун,
Як пры князі Усяславе —
Дзень вялікі, а луста малая,
Як пры князі Ягайле —
На кожную спіну бізун.
Абжыраюць удоў,
П'юць з гарэлкай сірочыя слёзы,
Тлустым задам расселіся
На паднявольнай зямлі,
На шлагбаумы мёртвыя
Пассякалі жывыя бярозы,
На шпіцрутэны гнуткія
Запаветныя вербы звялі.

Верш У. Караткевіча прысвечаны сялянскаму паэту-самародку Паўлюку Багрыму, які мог стаць гордасцю нашага народа, беларускім Шаўчэнкам або Бёрнсам. Мог, але не стаў. Калі Паўлюку Багрыму было 14 год, у яго родным Крошыне, што ля Баранавіч, успыхнуў сялянскі бунт. Па панскаму загаду быў «кіямі забіты» адзін з завадатараў — бацька Паўлюка, а самога юнага паэта за свабодалюбівыя вершы здалі на 25 год у салдаты. Вярнуўся ён пастарэлы і знясілены. І ўжо, відаць, не наважваўся брацца за пяро. Працаваў кавалём у Крошыне, каваў сцізорыкі, кандэлябры. І хутчэй за ўсё, нават не ведаў, што ў далёкім Лондане ў 1854 годзе навагрудскі адвакат Яцкоўскі змясціў у кнізе сваіх мемуараў яго верш «Заграй, заграй, хлопча малы». Адзіны верш Паўлюка Багрыма, які вядомы нам сёння. Верш, поўны глыбокага смутку і трагізму. Прыгадаем хаця б радкі:

Дзе я пайду? мілы божа!
Пайду ў свет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
Слёзна на вас азірнуся.
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчаслівейша ты бы была!
І далей:
Ой, кажане, кажане!
Што ж не сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.

Лёс Паўлюка Багрыма — бясхлебнае дзяцінства, паншчына, рэкрутчына, адзінокая старасць — гэта тыповы лёс тысяч і тысяч яго сучаснікаў і суайчыннікаў. І сярод іх было многа самародных талентаў. Напэўна, было, бо да нас жа дайшлі дзесяткі ананімных гутарак. Такіх, як «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка пана з селянінам». Сёння нам невядомы імёны іх аўтараў, але па антыпрыгонніцкай накіраванасці, па нянавісці да прыгнятальнікаў бачна, што гэта былі людзі, кроўныя па духу Паўлюку Багрыму.

Скарга, выказаная ў вершы «Заграй, заграй, хлопча малы»,— гэта скарга ўсяго заняволенага беларускага сялянства. З аднаго боку, яго прыгнятала царскае самаўладства, розныя кручковы і пісулькіны, няшчадна высмеяныя ў камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»; з другога — гэтае ж сялянства гналі на паншчыну польскія магнаты. Нягледзячы на далучэнне Беларусі да Расіі, ім яшчэ доўга належалі і землі, і душы «тутэйшых хлопаў». У першай палавіне мінулага стагоддзя беларускі селянін працаваў на пана па пяць-шэсць дзён у тыдзень. Сабе ж заставаўся сёмы дзень — нядзеля. Вузенькага ўласнага загона хапала, бадай, толькі, каб сплаціць нядоімкі. Сям'я ж кармілася хлебам, адзін