КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Арэхападзенне [Віялета Пачкоўская] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Віялета Пачкоўская

Арэхападзенне



* * *
твае вусны — як комін над хатай маёй бабулі
толькі паліш часцей, чым яна ў печы
твае вусны — як слімак на старой слівіне
пяшчотныя і выкшталцоныя
валасы — як халодныя макароніны
звіваюцца долу, падаюць у міску
ты некалі будзеш з залысінай
як мой дзед, ты й зараз да яго падобны:
стары грыб — худыя ногі, цыгарэта ў зубах
і выключны ўнутраны свет
толькі што не храпеш, але гэта
прыйдзе з часам
прасую твае майкі
гладжу тваю скуру
латаю кішэні, прышываю гузікі
я кожны дзень шчаслівая
бо ты штораніцы просіш есці
а ноччу абдымаеш у сне
я думаю, нам не будзе сумна на пенсіі
пры ўмове, што я не памру
раней ад смеху
а ты кінеш паліць і пачнеш есці суп
бо шчасце — гэта ж як два пальцы


* * *
каб заплюшчыць вочы
не трэба нейкіх надзвычайных высілкаў
толькі стома, вялізная стома
калі ляжу ў цёплым ложку
(лепш за ўсё дома, але неабавязкова)
і фіранка здаецца ветразем
вялікага карабля
калі цені перастаюць пужаць
і ператвараюцца ў таніраванае шкло
ў незамкнёныя дзверы
паміж сёння і заўтра
ты яшчэ нешта мне расказваеш
нейкую надзвычай цікавую гісторыю
а я ўжо сама бяру ўдзел у іншай гісторыі
я ўжо гартаю вялізную кнігу сноў
у пошуках зместу
але па звычцы замаўляю два
з тваім удзелам
бо і ў сне хачу быць побач
ты крыўдуеш
ты надзімаеш вусны
бо не можаш са мной кантактаваць вербальна
але выключаеш лямпу
і сцеражэш маё дыханне
шкарпэткі на падлозе
і зубы на шафцы
а я працягваю праз пакой
свае народжаныя сном шчупальцы
і бараню цябе ад сябе
ад ценяў на сцяне
ад пірацкіх караблёў і сумненняў
мы з табой катаемся на санках
да самага-самага ранку


Віёла
спадар, зайграйце на віёле
дастаньце скрыпку з футарала
яна без вас засумавала
і вабіць вашых рук няволя
спадар, зайграйце на віёле
выправу, бранль у стылі рэгі
вы самі гэтага хацелі
струна і смык ўжо больш за ролі
спадар, зайграйце на віёле
і не заплюшчвайце вачэй
цалуе вас віяланчэль
каленьмі сціснуўшы да болю
спадар, зайграйце на віёле
спадар, зайграйце на віёле…


* * *
архітэктура тваіх касцей
нашмат складанейшая
за шкілет тваёй чарапахі
але, напэўна, прасцейшая
за формулу паху
дажджлівай восеньскай ночы
дзіўныя нейкія сны
спрасоння працягваю руку
і спрабую намацаць
тваю рабрыну
але ты не побач
да цябе пяць прыпынкаў
на падземным каўчэгу
і пяць навучальных дзён
ва ўніверсітэце
да цябе не было людзей
у цябе няма рабрыны
але ёсць выйсце
на правы бок
з яго крыштальным паветрам
гарбатай
цукеркамі
і саплівым носам наўзамен


* * *
пасялюся ў тваім заплечніку
а ты нават не заўважыш
буду кімсьці накшталт дамавіка
шамацець сшыткамі
надкусваць печыва
а неяк па неасцярожнасці
а мо й знарок
засну ўсяродку
і ты знойдзеш мяне на пары па лаціне
ці міфалогіі
возьмеш маленькую на рукі
і панясеш далёка-далёка
за самы далягляд
мы будзем есці хлеб з семкамі
і цалавацца
сярод канваліі і сон-травы
я падарую табе зялёны шарык
патрэбных памераў
і буду шторанку расчэсваць твае валасы
самшытавым грэбнем
а ты мае
сваімі пальцамі
заплятаючы ў іх траву і кавалкі смугі
будзе вецер і драўляная мэбля
ціхая музыка і раскінутыя рукі
я буду заўсёды маленькая
а ты будзеш заўсёды шчаслівы


* * *
Уцякаю ад цябе ў розныя гарады
пакідаючы лужыны 37 памеруй пах парфумы на брукаваных вуліцах
а яшчэ недапалкі й адбіткі пальцаў на поручнях трамваяў і метро
зіма замарожвае выдыхі
робіць коўзкімі ходнікі
і я валюся
раскідваючы ў радыусе аднаго метра
гарбузовыя семкі й рыбіну луску
што расце ад адзіноты
у далонях і кішэнях паліто
(можаш пашукаць, калі дворнік
не зблытаў
з меднай драбязой)
ты робіш тое самае ў гарадах
дзе я ніколі не з’яўлюся
таропка азіраешся на паваротах
і толькі засынаючы ў аўто
адчуваю
як прыціскаешся да мяне
рэменем бяспекі
і трымаеш за руку


* * *
я хацела б угнаць трамвай
ды махнуць да цябе ў Амерыку
па шашы Масачусэтс — tut.by
але я ад прыроды нясмелая
так што ты там пакуль трывай
без мяне
а трамваі
калі вырастаюць
збіраюцца ў зграі
і едуць у Стайкі
катацца на лыжах
гуляцца ў снежкі
паліць і піць піва
(і нат зачынаюць там
трамваянятак!)
стаю на прыпынку й чакаю
бо зараз лета
рыхтую напад
(але гэта табе па сакрэце)


* * *
я хачу цалаваць снег
на тваіх валасах
шкада, што яшчэ далёка да зімы
цёплыя рукі пазбаўленыя
права патрабаваць сагрэцца
і вушы трамваяў
не абрастаюць белым пухам
хутчэй бы згубіць дзе-небудзь
парасон
каб без згрызотаў сумлення
папрасіць восень
сабраць свае рэчы і сысці
каб без сораму
цалаваць снег на тваіх валасах
пакуль святлафор не ўсміхнецца зялёным
і машыны не пачнуць сігналіць
прыспешваючы нас перайсці дарогу
мы пяройдзем
а мо нават перабяжым
і спынімся ля пераходу
каб вярнуцца назад
каб зноў чакаць зялёнага
і цалаваць снег на валасах


Верш пра польскую візу
За спінай залева
Ізноў залівае пра сны
А я не ведаю
Куды мне схаваць
І з чым зрымаваць
Сваю шчаслівую рожу
Схаваю у метро
Хоць нягожа
Так усміхацца, хай сабе шчыра
На людзях
Я столькі б хацела
Усім пра цябе расказаць
Але выходжу
З сябе на «Плошчы Якуба Коласа»
І парушаю тваю
Памежную зону
А ў мяне толькі польская віза
І два талоны
На верхні транспарт
І ніякай страхоўкі


Напрадвосені
Не бойся, распранайся, мы ідзем
Выколваць вочы ночы. Жнівень. Твой
Салёны смак і водар палыновы
І я — метафара the best да слова восень
Нам хопіць органаў пачуццяў адшукаць
Чарговы ўсход і філасофскі камень
Нам хопіць перашкодаў, каб забыць
Свае імёны і чужыя хайку
Я расцякуся па тваёй крыві
Ты зацвярдзееш у маіх касцях
Ты быў
Я буду
А цяпер мы ёсць
І немагчыма зашпіліць маланку
На голай праўдзе й патаўсцелай ночы
Я затушу апошніх светлячкоў
Не бойся, распранайся, мой анёле
Не бойся, дай руку
Я твая восень


Маразы
акуляры надзелі лужыны
падабрэлі cям-там батарэі
напужаныя першай сцюжаю
пажаўцелі лісты, захварэлі
і гарбаты на вечар мала
і на пенсію парасон
уцякаю пад пакрывала
ад пакроўскіх маразоў


* * *
пасыплю свой голаў снегам
апошнім снегам, сабраным па горадзе
вось і вясна
а я не хачу, не маю права на яе
толькі перасоўвацца моўчкі па вуліцах
змяняць хранатоп сваіх думак
у межах мінулага тыдня
ты забудзешся? не
ты дакладна не забудзешся
ты проста станеш расчыненым акном
сумнай усмешкай у метро
пупышкай на каштане
што дачакаецца вясны
на якую я згубіла права
на якую мы згубілі ўсякае права


* * *
А лепшым быў той,
што кідаў манеты
жменямі ў стары аўтамат,
быццам залатыя зярняты.
І цэлыя вечары
расла, квітнела,
запаўняла сваім водарам
спачатку стромкія сходы,
пасля ўвесь старасвецкі шынок,
а ўрэшце наогул адчыняла дзверы
і выходзіла ў густы берлінскі дождж
музыка.
Я прыходзіла толькі дзеля яго.
Замаўляла каву й каньяк
і разбівалася аб прывідныя мелі
яго чарадзейства.
Прыходзілі адныя і тыя ж,
між сабой не знаёмыя,
вымешвалі лыжкай сваю адзіноту,
і ніводзін не асмельваўся
зрабіць хоць крок
у бок бога і ягонага
музычнага аўтамата.
Ноч расла
ракавай пухлінай,
напірала на дзверы,
а крэслы прырасталі да людзей,
як нагавіцы да наркамана,
і множыліся каменныя глыбы,
і дым падаў снегам,
і бог ставіў рэчы,
якіх не было.
А потым
А потым ён не памёр,
проста скончылася віза,
а лыжка сама залезла ў кішэню,
быццам палец святога.
Так, на памяць.


* * *
дождж за акном
абгрызае нечыя косткі
пускае слінкі да зямлі
а пасля шчанюком
ліжа рукі
цягне за ланцуг
тыркаецца мордай у кратавіны
разганяе мінакоў
і яшчэ добрую гадзіну
гуляецца з уласным адлюстраваннем
і бурбалкамі ў лужынах
кінуўшы мяне самотна стаяць
ля дзвярэй пад’езда
з грымасай здзіўлення
і змоклай торбай у руцэ


* * *
хаджу па вуліцах
і шукаю вясну
а знаходжу толькі
зялёных вусеняў трамваяў
што едуць у Вяснянку
усё так няшчыльна
а пасля скажуць:
харошая была пáра
проста начыталіся
аднолькавых кніжак
а сваёй не напісалі


* * *
Вільня-Вільня,
а ты такая,
што мае звіліны
самі ператвараюцца
ў твае тонкія вуліцы.


* * *
а ў Галандыі… а ў Галандыі харашо
там алычовае марозіва і дождж прайшоў
там можна гуляць басанож удваіх да ранку
або разгадваць пад ліхтаром крыжаванку
там можна карміць галубоў і паіць галубых
там можна смяяцца і біць гапату пад дых
а ў Галандыі… так, там так харашо!
колькі ўсяго ўбачыш, зайшоўшы ў кафэ-шоп!..


Верш пра камбайн
Я — машына
па вытворчасці метафар
Я — аматар
у справе тонкай лірыкі
калі крылатыя вампірыкі
п’юць маю бензінавую кроў
ну, будзь здароў!
і плясь па твары
Я напішу пад вашыя штандары
транспаранты
матам —
з багаццем мастацкіх сродкаў
у сваім зародку
і хай хто скажа
што я — камбайн для збору эпітэтаў


* * *
Ноч.
Святлафор на скрыжаванні
не ведае,
у які кабак падацца.


* * *
Вішня ў квецені
Скрала ў зімы эпітэт.
Постмадэрністка.


* * *
Зіма не золата і снег не павуцінне
А я гляджу ў акно, чакаю, раптам з неба
Танцуючы з імпэтам тарантэлу
Ўпадзе між белых кветак жоўты ліст
Няма. Зіма. Ізноў прыйшла зіма!
А я яшчэ не далюбіла восень
Не дапісала вершаў ёй на мокрым лісці
Не развітаўшыся, пайшла
Зіма не восень
І золата ніяк не стане срэбрам
А срэбра золатам
Як ні чакай таго, ніяк!
Зіма… Снег быў, злы, халодны, цвёрды
Мы ж з восенню ўдзвюх паплачам вадкім
Пардон, цяпер адна
Адна
Зіма

* * *
а крылы вы мне далі
акрылавымi фарбамі размалявалі
мае валасы
вы мелі рацыю
пры падрабязным разглядзе
рэштак вогнішча
вы — мая новая культурная сітуацыя
метафізічнасць расы
дранцвеюць пэндзлі
засынаюць бабры і яшчаркі ў прыску
аблазяць насы
дабранач
я ўратую вас ад вогнішча
бо вы прызямліліся там дзе патрэбна
дабранач
дабранач
спі


Ілжэпрарок
Слухайце!
Я — ілжэпрарок.
Няхай частка «ілжэ» вас не турбуе —
Я заўсёды ілгу,
Дарма, што ўсё спраўджваецца.
Прадказваю лёс,
Бяру няшмат — ад «дзякуй» да…
Вашай душы —
У залежнасці ад таго,
Наколькі вы хочаце пачуць праўду.
Замовамі й прываротам не займаюся,
Дзяўчынка, ён так і будзе з табой —
Скажы мне дзякуй.
Вы не чакалі майго з’яўлення?
Думаеце, я чакала?
Слухайце ўсе!
Канца свету НЕ БУДЗЕ!
Ён яшчэ не пачаўся.
Будзе толькі…
Карацей, жуйце смела тушонку з бляшанак,
Грызіце мяшкі сухароў,
Што на гарышчы, але склепу не чапайце.
Дарэчы, смерці таксама не будзе.
Так што можна хадзіць без касак і драбантаў,
Можаце не карыстацца кантрацэптывамі,
Бо нараджэнне таксама адмяняецца.
Радуйцеся!
Заўтра, калі прачняцеся
І забудзеце пра мяне,
У вас вырасце белае й цвёрдае за спінай.
Радуйцеся,
Кладзіце свае душы ў гэтую торбу,
Верце мне!
Я — ілжэпрарок.


Смерць Дзеда Мароза

Дзед Мароз памёр.

Ф. Ніцшэ
Снег валіў за каўнер
хоць быў толькі пачатак зімы
Ён ішоў і нервова паліў
захінаючы вочы ссівелымі мокрымі патламі
«Што за трасца!»
Таксоўкі стабільна міналі старога
ў недарэчным чырвоным
паедзеным моллю плашчы
Дзед махаў ім кійком
Дзед кійком моцна грукаў у ходнік
праклінаючы снежань
і снег, і бязглузды ў такое надвор’е Парыж
і бясконца падпальваў
ужо мокры ўшчэнт недапалак
«Гэты горад мяне даканае
Гэты горад, халера, мяне ўсё ж даб’е»
У вітрынах — хваінкі
і бляск перламутравых зорак
і бялізна з карункамі
быццам з узораў на шкле
а стары ўхапіўся за слуп
і паволі спаўзае
у агідную мокрую вату
«усё. канец. хто цяпер павіншуе дзяцей?..»
Падарункі на бруку ў брудзе
хтось кліча паліцыю
нехта са скрынкай падпахай
дварамі ўцякае дамоў
Ні крыві, ні слязы
толькі снег і маўклівая Сена
учапілася за парапет і выходзіць з сваіх берагоў


* * *
…пашый мне, маці, новыя латы,
латы з тваіх сівых валасоў.
памый слязьмі, бо іншым салдатам
жыццё вярталі яны шмат разоў.
падкуй мне, маці, майго каняку,
пярсцёнкам сваім заручальным падкуй.
тады сабакі не знойдуць знаку,
дзе праскакаў я, жывы пакуль.
змайструй мне, маці, шалом ты новы,
з купальскіх зёлак, свянцоных вербаў,
каб не прымераў нашых галоваў
драўляны кол пад чужынскім гербам.
даруй мне, маці, што зблытаў стопы,
парушыў рытмы, прасіў замнога.
мне трэба воля вышэйшае спробы,
таму для сэрца адна дарога.
…пашый мне, маці, новае сэрца.


* * *
напішы дзіцячы вершык
пра вожыка з грыбком на спіне
пра белую аблачынку
цёплае малако з мёдам
і гарачыя бабуліны перапечкі
як вуджу на сажалцы печкуроў
боўтаючы нагамі ў каламутнай вадзе
напішы пра мяне верш
пра тую, якой не ведаеш
якой ужо амаль не стала


Арэхападзенне
у дзяцінстве
я без боязі караскалася на высокія дрэвы
рвала праз плот суседскія яблыкі
штовясну вымярала ўсе лужыны
прыносіла дадому вожыкаў
і паіла іх малаком
а цяпер
усе называюць мяне поўным іменем
а некаторыя нават выкаюць
цяпер я стала зусім вялікая
і ўсяго баюся
замачыць ногі
наламаць дроў параніць і параніцца
асабліва асцерагаюся яблыняў
табе гарбату з малаком?


* * *
гуляюся ў паэзію:
алоўкамі на аркушах
што трапляюць пад руку
пішу ў цемры вершы
а раніцай
якой так цярпліва чакала дзіўлюся:
няўжо гэта і ёсць тое
што ўначы было ТЫМ?