КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Быў. Ёсць. Буду [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Уладзімір Караткевіч Быў. Ёсць. Буду

"Быў. Ёсць. Буду..."


Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,
Хто ў гарачым пекле металу,
За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,
За жывых і за тых, што сканалі.
За ўсіх, хто крывёю піша
Ў нязгодзе
З рабства подлай дарогай,
Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы
Паўстане нават на Бога.
За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,
Хто ратуе краіну ад краху,
За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы
З барыкады,
З пушчы
І з плахі.
Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,
З яе усмешкаю ветлай,
І ўсё ж узводзіць - нясцерпна далёкі -
Храм наш агульны і светлы.
А калі ён горда заззяе ў зеніце -
Непарушны - ўзнясецца ў неба,
Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.
Апошнюю.
Болей не трэба.
І няхай яна збоку, недзе на ганку,
Дагарае й дзяцей не страшыць
На граніце любові,
На граніце світанку,
На граніце велічы вашай.

Мой век


Было ў ім усякага жыта:
Тысячы добрых гадзін,
І сонца, і шчасце, і літасць,
І космас - на ўсіх адзін.
А ўсё ж такі мне ён сасніцца
Ў агні пякельных начэй
Не добрай васковай пшаніцай, -
Плевеламі хутчэй.
За дрот валакуцца строем...
З "ведзьмаў" высмоктваюць кроў...
Дзяцей, старых і герояў
Бульдозер зграбае ў роў.
Вулканы Мінска і Кіева...
Трэблінкі - вар'яцкі сон...
Вусны жанчын, у якія
Асвенцімскі рвецца "цыклон".
Забітых халодныя горы...
Котлішчаў вечны спакой...
Дык што ж вы з такім дакорам?
Чаму з пагардай такой?
Што? Рыдаю над даўнімі болькамі?
Што? Валюся ў азёрах крыві?
Падаў...
Плакаў...
Ды толькі
Ў той час, як не бачылі вы.
І які той цяжар ні будзе,
Ён веры маёй не сагне:
Мяне пахаваюць людзі,
Лепшыя за мяне.
І якіх не было гекатомбаў,
Ў ім не згаснула праўды свяча,
І я веру ў хрышчаны бомбамі
Мой крывавы, мой страшны час.
Ў ім цяжка раслося калоссям,
І на большым абшары зямлі
Раскашней паршыўцам жылося,
То адкуль жа Людзі былі?
Тыя, што за радзіму,
За людства, праўду і нас,
Тыя, што за адзіную
Паміралі літару "аз".
Ваявалі ўпарта са змеем,
Карчавалі ўпарта ляду, -
На іх у мяне надзея
Ў час апошні, калі адыду.
Няхай іх душа жывая
Пакуль што не знішчыла снег.
Яны мяне пахаваюць,
Лепшыя за мяне.

"На Беларусі бог жыве" 


 "На Беларусі бог жыве", -
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль,
І продкаў запавет,
І мовы залатая сталь,
І нашых дум сусвет.
Тую праўду сцвярджае
Ўсё зноў і зноў
Ўсім лёсам, -
Няхай спакваля, -
У хмарах дубоў,
У вясёлках агнёў
Купальская наша зямля.
І няхай давядзе мне
Іншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын, -
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край -
Твой дом і сабор...
Ў нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,
Адзінаццаць тысяч азёр.
Нам ёсць што піць,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
І ворага ўтапіць.
І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
"На Беларусі бог жыве..." -
І хай сабе жыве.
А калі ён шле на нас кару і гнеў, -
Ну што ж, - мы з ім свае:
Ў вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка з неба б'е.
У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў
Маланка ніколі не б'е.
І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
"На Беларусі бог жыве", -
І няхай давеку жыве.

Разведчык 


Загінеш - і ведаць не будуць
Пра цябе нічога сябры.
Загінеш - і ведаць не будуць
Маці, жонка, бацька стары.
Загінеш - і ведаць не будзе
На роднай мяжы лебяда...
Але вечна тваім застаецца
Толькі тое, што ты аддаў.
Вораг навіснуў над лёсам...
І, можа, не ўбачыць зор,
Над Убарцю пілы ўцёсаў,
Над Улай зубчасты бор.
...І слова па-беларуску
Перад смерцю не смей сказаць,
І нічога навокал роднага,
З чым лёгка так паміраць.
Побач выскалы, побач лычы.
А сябры - як джалам мяча -
Здалёку здраднікам клічуць
Або з пагардай маўчаць.
Атруту салодкую точаць
Схаваныя ўсімі нажы,
Але смела ўсміхайся ў вочы
Смяротнаму стану чужых.
Ты не з імі. Ты - за каханне.
І таму - у вякі вякоў
Ідзі за межы пазнання,
Пастыр сярод ваўкоў.
Вядзі іх манлівай сцяжынай
У нетры, змрок, глушыню,
Каб з-за той, з-за тваёй асіны
Раптам вылецеў слуп агню.
Калі горкім пацягне дымам
І ўвап'ецца ля сэрца набой -
Ты маліся адной радзіме,
Што цябе асудзіла на бой.
"Зямля, што мне суджана лёсам,
Адзіная ў свеце любоў,
На табе няма хмарачосаў,
Апроч вечных тваіх дубоў.
Асеннім усходам абмытая
Ў вечным ззянні расы ці ільда,
Устаюць твае піраміды, -
Дзюнаў палескіх града.
Дым вячэрні над родным парогам,
Россып літар у лемантары, -
Гэта ўсё мне суджана богам,
І за гэта - хоць тройчы памры...
За мятлушкаў песню жывую,
За паданняў бясконцы сувой, -
Ўсім жыццём за іх адваюю...
А, як трэба, - смерцю сваёй..."
Загінеш - і ведаць не будзе
На ўзмежку тваім лебяда...
Але вечна тваім застанецца
Толькі тое, што ты аддаў.
Але волі няма вышэйшай
За абраную ў гэтым жыцці,
Але долі няма вышэйшай, -
Аднаму на тысячы йсці!
Аднаму - без сотняў дывізій,
Без тысяч сконаў і мук.
Аднаму загінуць, зрабіўшы
Ўсё адзінаю парай рук.

"Радок бяззбройны і бясспрэчны..." 


Радок бяззбройны і бясспрэчны
Слабым - адзіна верны шчыт.
І не знікаць Паэтам вечна,
У вечнай Песні жывучы.
Калі пайду з юдолі гора,
Не скончыўшы найлепшы сказ,
То божы свет мяне паўторыць,
Як паўтараў ужо не раз.
Як моры, зоры і азёры,
Якія ў вечнасць забяру.
Свет шчодры.
Свет мяне паўторыць...
Ну, а не свет,
дык Беларусь. -
Мне - досыць...

Кнiгi 


Кнігі - сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё:
Яны цяжкія,
Як дзесяць вазоў з цэглай.
І калі над дарогамі
Равуць бамбавозы,
Чалавек нясе з сабою
Не цэглу,
А хіба насавік.
(А мо абыходзіцца без яго.)
Кнігі - сябры,
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але потым...
Коштам пайковага хлеба,
Калі знойдзеш на вуліцы пяцьсот рублёў
(Два боханы!),
Купляеш не боханы, якіх дома чакаюць,
Купляеш "Гісторыю чалавецтва" Гельмальта.
Чалавека,
Унук якога,
Магчыма, расстраляў
Або прымучыў
Твайго адзінага брата.
Кнігі - сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё...
І потым,
Галодныя,
Перш за ўсё зноў пачынаюць заводзіць.
Згарэлі бібліятэкі прадзеда,
Дзеда,
Бацькі,
Твая...
Але ты копіш,
Грамаздзіш адна на адну
"Віфліофікі" жонкі,
Сваю,
І дзяцей,
І ўнукаў.
Кнігі - сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё.
Каб навек зберагчы,
Як сяброў,
У сэрцы.
Чалавек прыходзіць
З-за далёкіх, чужых нам меж
І здзіўляецца:
"Што вы за нацыя,
Хай вас халера,
Што ні дом - сотні кніг!"
Гэта правільна, дружа,
Іначай бы мы не былі
Ні народам,
Ні нацыяй,
А дзярмом,
Гноем,
Хімерай.
Гэта ведамствы гебельсаў
Толькі хлусілі на нас:
"Дзікуны,
Швайзэланд!"
Але ў гэтым нялёгкім сусвеце
Мы чытаем,
Мыслім,
Мы дзейнічаем,
Мы.
Мы, што больш за ўсіх чытаюць на свеце.
Кнігі - сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але ўсё ж Чалавек
Выходзіць пад бомбы ў дарогу,
Захапіўшы з сабою
Акрым шчоткі зубной
Багдановіча, Танка, Купалу,
І Коласа, й Панчанку,
І Эклезіяста,
І - ў сэрцы - бога.
Калі здарыцца горшае,
Калі будуць паліць
(А папера палае лёгка і весела),
Мы на памяць завучым,
Каб прапраўнукам не забыць
Ўсё сваё,
Дарагое:
Наш свет -
Ад сонца да месяца.
Кнігі - сябры.
Іх кідаюць перш за ўсё.
Але ў сэрцы яны застаюцца,
Як памяць нятленная.
Бо яны - гэта мы,
Бо яны -
"Гэта рэкі суць,
Рэкі, што назаўжды
Пяюць вечную нашу ўсяленную".

"Абяцаюць нам новы раскошны дом..." 


Абяцаюць нам новы раскошны дом,
Але тут нам жыць і канаць,
Тут пад кожным навекі здабытым бугром
Нашы продкі забітыя спяць.
Яны аддалі нам меч і касу,
Слова з вуснаў, цяпер нямых...
І нам немагчыма пайсці адсюль
І пакінуць са смерцю іх.

Паэт 


Брусок спявае ціхую малітву,
Ды зрэдку іскру кіне над сабой -
Пакуль нажы не зазвіняць у бітве
І шаблі горда не ўзнясуцца ў бой.
Няма ў яго ні вастрыя, ні джала,
Патрэбен ён хіба сярпам крывым,
Пакуль у похвах спяць усе кінжалы,
Усе нажы, наточаныя ім.
І на папрок, чаму не йдзе ён біцца
Чаму ён не падобны да мяча,
Ён сціпла спіць у нейкай там брусніцы,
Пакуль тупіцца сталі прыйдзе час.
Але ж, узяты у баі няроўным,
Палонны нож - як спынены парыў -
Хіба сказаў даспехам у катоўні,
Які брусок і дзе яго вастрыў?
Маўчаў, як нож. Маўчаў, як крыж на полі,
Бо ведаў ён няпісаны закон:
Спявае нож у час вайны за волю,
Брусок - у рабства час спявае ён.
Калі ж залье крывёй радзімы пожні,
І пойдзе гнеў да эшафотных стром,
І зломіцца аб сталь кінжал апошні -
Ну што ж?
Тады ўжо можна і бруском.

Мова


Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, -
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны бог.
Пі. І ведай: гіне ў пракляццях
І з дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.
І на іншых вяршынях суровых
(Вера! Роўнасць! Свабода! Край!)
Ты струменьчык матчынай мовы,
 Быццам маці, не забывай.
Ты забыў? Ну што ж, на дасвецці
Ты без сонца будзеш канаць...
Шмат прыўкрасных грудзей на свеце,
Ды не ўспоіць цябе ні адна...
Сярод іншых святынь неаджыўшых
Даў яе нам на кожны парог,
Твар да нас, - усялякіх, - схіліўшы
З невымернаю літасцю бог.

Афiцэру Лiсаневiчу 

Яму прапанавалі выклікаць на дуэль Лермантава. Мы нічога болей не ведаем аб ім.


"Добра... Я ведаю, што да чаго...
Што такое дзярмо і кроў.
Але што вы?!
Узняць руку на яго?!
Ды лепей ужо... на цара свайго!
Ды лепей на ўсіх...
Так, на ўсіх... цароў.
Я яго не люблю... Вы сказалі: "Гадзёныш..."
Але вы, калі праўды тут трохі й ёсць,
Пашукайце іншых,
Ад моху зялёных,
Што ўздымуць руку на сваю маладосць.
Вы там можаце мне балбатаць аб годнасці,
Абяцаць... ( - вашу маць!.. - )... кайданы не куць...
Ды на Слова Народа, на Сэрца народа
Не ўздыму я ніколі сваю руку.
А вы там можаце... хай сабе плазам,
А мне пакіньце мой эскадрон..."
І гэтай ганьбай,
І гэтым адказам
Ў гісторыі Людства застаўся ён.
Зразумейце: ўсяго не ўзнялася рука.
Усяго - на сорам пайшоў.
А пасля?
Пасля ён смерці шукаў
І, можа, недзе знайшоў.

Усход 

Максіму Танку


Бы ў першыя дні стварэння,
Цемра, хаос і шал,
Прыбой і туман спадаюць
На труны змрочныя скал.
Плывеш між валоў і бачыш,
Як там, на грані імглы,
Над светам і над табою
Светаносна кружляюць арлы.
Нябачную ўбачыўшы радасць,
Лятуць пад нябесны шацёр,
І рыжае сонца праз падзі
Лавай спаўзае з гор.
За ім мільёны гайдукаў
Ідуць з цямноццем на бой
У зялёных ірваных адзеннях,
З дзідамі за спіной.
Над ашаломленым змрокам
Сведчаннем вечнай вясны
Шумяць пераможна пад брызам
Зялёныя лахманы.
Хлусня начной ліхаманкі,
Жах заімшэлых стром
Ў пячоры здыхаць запаўзае
З пераламаным хрыбтом.
І, кроплямі вечнай вясёлкі
Ажывіўшы мёртвы граніт,
Яр магутны з неба спускаецца
На сонечным прамяні.
Бэзавы спеў сірэнаў
У поўнай сонцам вадзе,
Гульні вясёлых дэльфінаў
Сярод вясёлых людзей...
І толькі яму, адзінаму,
Сэрца я падару,
Адзінаму богу ў свеце,
Адзінаму ў свеце цару.

Надпiс на каменi над крынiцай 


Ворагі хмарай смяротнай знішчыць ішлі. І тады
Наша зямля бараніла знямоглых сыноў:
Ў нетры яе адыходзілі храмы і гарады,
Білі крыніцы адтуль і даносіла водгук званоў.
Ў кожнай крапліне жыццё незгасальна звініць.
Душы забітых - аблокі - вітаюць зару.
Дзе мірыяды чужынцаў? - Спытай у слабенькіх
крыніц!
І ў акіяна, якому імя -
Беларусь.
З цемрай, са сталлю, з хлуснёй крывадушнаю йшлі,
Але Зямля, і Вада, і Дабро скаранялі той зброд...
Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі,
Будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ.

Шляхi Iгната Буйнiцкага


Па пясчаных дарогах, па гразкіх дарогах,
Па дарогах, якім канца не відаць...
Зверху хмараў чароды.
Знізу - хвалі разлогаў.
Зверху хвошча вада.
Знізу плешча вада.
На палях ялянцу гатычныя вежы.
Верх фургона дарэмна ловіць зару...
О, якая туга, якое бязмежжа,
О, які нязнаны твой шлях, Беларусь!
Пан каморнік! Куды?
Каму гэта трэба?
Што звычайным хлопам гэтых краёў,
Ім, якія жывуць без імя і неба, -
Тыя песні твае, тое слова тваё?!
Што ім тая забытая дзіўная вера?
Лепш бы ты, як раней, межаваў палі
І стараўся даць ім - судом і мерай -
Хоць валоку якую панскай зямлі.
Што ім іхні лёс,
Вялікі й суровы?
Што ім, - мо ўжо адкажаш нарэшце ты, -
Да загнанай, забітай, задушанай мовы,
Іх вялікасць першы вандроўны артыст?..
Але што гэта я?
Ёсць святло і цені.
Гэта вечна.
І вечны няроўны бой,
І таму сэрцам плачу, ўстаю на калені
Перад ранняй, святою магілай тваёй.
Яснай месячнай ноччу ці днём журботным
Свеціць дальнім нашчадкам яна, як маяк,
І таму, чым мужней, неразумней, самотней,
Тым ясней, тым велічней слава твая.
І гарэць той славе, нятленнай, шырокай
Да апошніх, бязведамных нашых вякоў
За адну тваю спробу замест валокі
Мову людзям вярнуць і зямлю бацькоў.
Слава Першых, якія сабой заплацілі
За айчыну і слова, племя і род
І душу аддалі, каб яна ажывіла
Мёртвы гліны камяк:
Свой родны народ.

Амаль хрысціянскі тост за ворагаў 

Адаму Мальдзісу


Гіене - баяцца, сабаку - вішчаць,
Свінні - рыцца ў гноі сваім,
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
П'ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў,
Бо мы - сапраўднай крыві.
І таму давайце за ворагаў піць
І за імі сатканую сець,
Бо ім не дадзена нам палюбіць
І не дадзена нас зразумець.
Бедалагі!
 Не ўцяміць іх бедным мазгам,
Пакуль не праб'е ім канец,
Як добра быць другам і братам нам,
І яму, і табе, і мне.
Божа, дай ім даўжэй пражыць,
Хай спаўна аттрубяць свой час,
Хай да самай апошняй нашай мяжы
Будуць яны у нас.
Божа, ты скінуў іх нам, як дары,
І мы славім мудрасць тваю,
Бо яны нас будзяць яшчэ на зары
І рана заснуць не даюць.
І ўстаем і арэм мы нашы палі,
Пакуль не апусціцца змрок,
І мы ўстаем, і зброю сталім,
Слова сталім і радок.
Ім няма з кім ісці плячо да пляча,
З кім любіць, з кім стаяць у баі,
З кім смяяцца, спрачацца і нават маўчаць.
А памруць - хто паплача па іх?
Даруй ім. Яны пакараныя й так
(Даруй хоць на гэты раз),
Бо розуму ў іх, як слёз у катa,
І не могуць пазычыць у нас.
І даруй нам, што сеем мы ў душы ім жах,
Як скачком бяром частакол,
Што даводзіцца ім дрыжаць у дамах,
Калі гойсае леў вакол.
Твой закон, што вазіць нявартыя гной
Чалавек такі і народ,
Калі вораг ад назвы іхняй адной
Не бялее, як снег і як лёд.

Балада пра архангелаў 


Днём і ўначы і ранкам
Пошчак падкоў пад зямлёй:
Гэта конныя скачуць архангелы
Па дарогах планеты маёй.
Бяздумныя, падшыя, светлыя,
Поўсць на німбах расце,
Замест сумлення - дубінка,
І замест сэрца - касцет.
Абыякава і бяздумна
Архангелы топчуць расу.
Невядома нікому на свеце,
Што яны людзям нясуць.
Невядома - турму або волю,
Невядома - дабро ці зло,
Але моўчкі чорныя птушкі
За імі ўстаюць на крыло.
Перад імі лунае гора,
За імі лунае жах,
Рудыменты крылаў, пагоны
Лунаюць на іхніх плячах.
Па дарогах зямнога шара
Крылатая скача раць,
І мёртвыя крылы не могуць
Да сонца ніводнага ўзняць -
Таму што на цяжкіх крылах,
Апушчаных змрочна ў імгле,
Ўссядае мана на правым
І здрада - на левым крыле.

Прысенне зiмы 


Наваградак. Золь. Прысенне зімы.
Рунь і дрэвы мараць аб цёплых снягах.
О, якая самота гатэльнай турмы!
Векавая якая туга!
Крыжацкай навалай з паўночных меж
Падпаўзае пад стромы зіма,
На схілах чыгунная чырвань веж
Прамерзла да сэрца амаль.
Вецер з цемры польнай, бы ўдар ляза,
Бадзякі зіхацяць, як шкло...
Як жа ім халодна, чарцячым князям,
У іхніх загонах было!
Паміраў жарынкамі зор карагод...
Мой апошні агеньчык жаўрэў нежывы,
І коні калматыя білі лёд
Да замерзлай жоўтай травы.
І скакаў да брамы начны ганец,
І крычаў, што безліч крыжацкіх зграй,
Што ад сцюжы чужынскай і сцюжы сардэц
Памірае ўлюбёны край.
Ноч... Гасцільня... Горад даўно апусцеў.
У вежах пяць стагоддзяў, як згаслі агні,
І вецер у вокны лісце мяце,
Прамерзлае - аж звініць.
Уначы ірвецца дрымоты ніць...
Як удар.
Бо прыпомніў у сне,
Што Свіцязь, у нетрах забытая, спіць
У дубовай сваёй труне.

Юнацтва маё


О юнацтва маё! Як забуду цябе?
Alma mater
І догмы, навука і тлум...
"Piramus et Thisbe...
Piramus et Thisbe...
Piramus et Thisbe...
іuvenum..."[1]
Як забуду?
Завея акацый мяла
Квецень па вулках крывых.
Ты была, мая Цізба, была, была
Пажаданая больш за ўсіх.
Радасны боль, нясцерпны, як шкло
Між сэрцам маім і тваім...
І ніколі такога ні з кім не было
І не будзе ніколі ні з кім.
І развёў нас не леў і не востры кінжал,
Не вакзалаў далёкіх агні,
А гады пакут і няшчырых пахвал,
Даносаў і брыдкай хлусні.
І ведаў наклёп, як сэрца крануць,
І нас аддзяліў сцяной,
І паверыла ты, і змяняла вясну
На шаўкі, што знасіла даўно.
Але сэрца не можа забыць пра замах,
Болем поўнае да краёў...
Будзь праклятым, юнацтва маё, ў вяках!
Будзь праклятым, юнацтва маё!
Будзь праклятым!..
Каштаны квітнелі вясной,
Хаваў нас бэзавы дым,
І былі мы з ёю - адно, адно
І ніколі не будзем адным.
Што ж, не плачу.
Паэзіі горды прыгон,
І радок, што сталлю звініць, -
Ўсё адкуў я на горне юнацтва майго,
На яго пакутным агні.
І праўды зніч, і подласці дым,
І сілу мужную жыць,
І тое, што веру ў сэрцы маім
Нават смерць не можа забіць.
І руку дагэтуль помніць рука.
Сэрца помніць шчасце баёў...
Блаславёна юнацтва маё ў вяках,
Блаславёна юнацтва маё.

"Страціў лес свой зімні чуб..."


Страціў лес свой зімні чуб,
Ліст растраціў да манеты...
І стаіць адзін адзеты
За акном іржавы дуб.
Дуб-мярзляк, скупеча-дуб
Шмоццем голле сагравае...
Вецер трэпле і матляе
Жоўты зімні дуб.
Вецер вые ў сотні труб,
Снег з дажджом у шкло шпурляе...
Стой са мною аж да мая,
Браце мой, іржавы дуб.

Балада пра развiтанне 


Над пушчаю вецер гудзе, бы ў бядзе,
І хмары імкнуцца рыссю.
- Бязлітасны, чорны вораг ідзе.
Бывай, о бывай, Марыся.
Тут нельга больш. У адказ на крык
Савіны рогат лунае.
І душаць мову, і рэжуць язык,
І шкаляроў разганяюць.
І нават апоўдні на гонях туман,
З адчаю хаця задавіся,
І сіл няма, і вояў няма,
І здрадзіла панства, Марыся.
- Куды ж вы ідзеце? З лязом па лязу.
Ноч. Месяц - і той змарыўся.
- Мы пойдзем у пушчу, ў густую лазу,
Ў разбойнікі пойдзем, Марыся.
- Якая ў вас сіла? Пад ветрам дым?
Князь першы - і той скарыўся.
- Здабудзем волю, пакажам ім
Ці косці складзем, Марыся.
- А што, калі ён не здыме нагі
З ніў, што зараз толькі чапае?
- Тады мы спалім свае ачагі,
Калыскі свае пашчапаем.
- О, муж мой мілы! Святы, залаты!
- О, бацька мой, праўдай абраны,
Куды ж мне ісці, як загінеш ты?
- У пушчу з сякераю, Яне.
- А што як абодва? І ўсё без змен,
Маліся ці не маліся?
- Ну што ж, браць табе тады цэп ці бязмен,
І ў пушчу ісці, Марыся.
І месяц між хмар, як адчаю знак,
І страшнае ў свеце світанне.
Крывавы ўсход.
І канчаецца так
Балада пра развітанне.

"Нават сцюжым зiмовым вечарам..."


Нават сцюжным зімовым вечарам
Або ўвосень, як зліва лье,
Як цябе я на вуліцы стрэчу -
Падгінаюцца ногі мае.
Што казаць пра майскае ранне,
Калі ў росах салоўка б'е?
Што скажу я табе, каханы?..
Падгінаюцца ногі мае.
Што скажу са сваёй гаротай?
Хаты побач, а...
кроч не кроч,
Будзе тое ж: салоўка, журбота,
Цыгарэтны агеньчык ля плота
І маўчанне ў цёплую ноч.
Будзе тое ж:
начныя лукі
Без світання.
Салоўка пяе.
Пакахай жа, вазьмі на рукі -
Падгінаюцца ногі мае.

"Блякла-сiняе неба i чырвань галiн..."


Блякла-сіняе неба і чырвань галін.
Уздыхае ветрык. Спадае ліст.
Асцярожнае сонца з голых асін
Выпаўзае на ціхі сінічы свіст.
Ледзь хістаюцца ў небе галіны бяроз.
Лёг спакой на іржышчы. Гумённы дым.
Ярам рушыць павольна з дрывамі воз,
І сарока няспынна стракоча над ім.
У разведку за возам ляціць яна,
Трэба край адшукаць, дзе пякуць бліны,
Дзе кайстра, дзе ў ёўні жыве цеплыня,
Дзе заснула сытасць да новай вясны.

Гляджу на тую, што спiць


Шапчу сабе ціха: "Ліліт".
Ў акно - мяккі горны вецер.
Няма прыгажэй на свеце
Дзяўчыны, якая спіць.
Ў міг гэты шкада мне ізноў
Сваёй маладосці мілай...
О, колькі па ёй пахадзіла
Чужых і сваіх кіёў!
І - хай не ўмірае любоў -
Павінны мы ціха й зажурана
Звыкацца з падношанай скурай
Сябровак сваіх і сяброў.
Вецер з гор і зялёны прыбой
На твар твой бягуць і веюць,
І ў сне дрыжаць твае веі...
Лёс, злітуйся над табой!

Новая Атлантыда


Каб плыў судоў уратавальных дым, -
А родны край знікаў навекі ў хвалях, -
Я б лепей згінуў з ім, з яго апошнім жалем,
Як жыў і мучыўся бязмерна - з ім.

Энкелад


Багі-забойцы за мужнасць маю
Мне пакаранне знайшлі:
Сіцылію ўсклалі на персць маю,
Этну - на галаву маю,
Морам - ногі мае залілі.
Падушка каменная душыць мне рот,
Я не ў змозе ні жыць ні сканаць.
Я ляжу. Я ляжу. Дзесяць тысяч год.
Я маўчу, нямы і сляпы, як крот,
Але семя мне даў тытанаў народ,
І калі пачынае рыкаць народ,
Бо ідзе за праўду вайна, -
Я ірвуся, ўздымаю скалаў прыгнёт,
І падае ў мора сцяна.
І ўстае да месяца край зямлі,
І пажар ліжа сонца змяёй,
І ў моры варацца караблі
Ад агню любові маёй.

Я іду

"Калі ты ведаеш, на што здатнае каханне,

і калі ты мужчына, пашкадуй мяне,

не кажы "не" і дай мне ўвайсці..."

Надпіс на муры ў Пампеях

Надпіс моліць. Журба скамянелая,
Быццам рана, гарыць на сцяне.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Даў ён шчасце, якога хацела?
Ці кахаў? Ці паспеў?.. Ці не?
Невядома. Ўсё сцерлі крыкі,
Знішчыў полымем судны час.
Засталася крыўда вялікая,
Крык аб літасці.
Гром у адказ.
Як на смерць гэты дзень вязу я:
Горад марыў і мрэла гара,
Калі рынуў з глоткі Везувія
Божы гнеў, божы гром, божы град.
Гэтым гневам абезгалоўлены,
Волат выплюнуў страшны салют, -
Серны грыб, крывавы, суровы, -
Як пергамент раздзершы зямлю.
Адбягала вада ад берага,
Ў бухце трушчачы караблі,
Злівы з попелу, гразі, серы
Проста з неба на горад плылі.
На герояў, ад жаху спешаных,
На раба, што жадаў забыцця,
На дзяцей аднадзённых, бязгрэшных,
І на ўсіх, нявартых жыцця.
Дэман чорны, крывавы, агністы
Прагна падаў з хмары, як крук,
На твае валасы залацістыя,
На клубы, на сцябліны рук.
О, няўжо гэты воін ці мытар
Не суцешыў цябе ў журбе?!
Я б цябе і з Везувія вытаргнуў,
Я б і з пекла вывеў цябе.
Позна. Ў зыркіх маланках над ліўнямі,
Ў гэтым д'ябальскім блісканні вей
Ў поўдзень дваццаць дзевятага жніўня
Ўпала ноч на зямлю Пампей.
Ну, схлусіў бы!.. Хаця б перад лютай
Гэтай смерцю, халодная кроў,
Перад ноччу на двое сутак,
А пасля на дваццаць вякоў.
Камні гэтыя сочацца болем
Горай страшнай пякельнай смалы...
Дык чаму ж твой прызыў непатолены
Больш за ўсё ў маім сэрцы баліць?
Вось агонь гуляе святынямі,
Гіне ў выбухах гор града...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Калі нешта і зараз загіне,
То адной любові шкада.
Спапялёны такімі ж мукамі
І патоплены ў той жа крыві,
Да цябе я працягваю рукі,
Твой двайнік па смерці й любві.
Праз мільёны ўдараў і ранаў,
Заступаючы шлях журбе,
Мая даўняя, мая жаданая,
Не крыўдуй, я іду да цябе.

"З вытокаў да вусця ракi, што няспынна бяжыць..."


З вытокаў да вусця ракі, што няспынна бяжыць,
Няўхільна адносячы юных і сталых ладдзі,
Вада, бы аконнае шкло, за якім без мяжы
Глыбокая цемра і ў ёй залаты маладзік.
Калі развітання апошняга прыйдзе пара,
Ляддзя на апошні, світанкавы выплыве плёс,
І прыйме мяне валавокая цемра Дняпра,
Як месячны серп з залацістых дняпроўскіх нябёс.

Старажытны беларус


Спічасты строй гатычных вежаў.
Ў дубах старэнькая царква...
"Як чалавеку жыць належыць,
Скажы мне, мудрасці сава?"
На хаты ў прывідах вішнёвых
Глядзіць, і іх не бачыць ён...
"Хоць ты адкрый мне тое Слова,
Святы Настаўніка закон!
Адкрый не верай ці бязвер'ем,
Не так, як Мойзасу калісь,
Як зведаць Словам, Весам, Мерай,
Што Ісціна на сей зямлі?
Ў чым чалавечнасці адзнакі,
За кім ісці, каго маліць,
Ці багахульстваваць, ці плакаць,
Ці кнігі на стагнaх паліць?"
Маўчанне. Кнігу ў скуры рудай
Закрыў, бо перад ім - сцяна.
І сэнс жыцця, і хто мы, людзі,
Па кнігах не спазнаць да дна.
І усплываюць за парогам
Краін далёкіх міражы.
Як сэрца цягнецца ў дарогу!
Як прагнуць ногі зем чужых!
Туды! Туды! З няпэўнай картай.
Туды, каб рассудзіць спаўна,
Чым дрэнны чалавек і варты,
І з родным краем параўнаць.
Нясцерпна думаць, што блукаюць
За вобрыем, далёка, там
І какадрыл, і цудзь марская,
І страшны звер сланапатам.
Ўсё выпытаць, не для прыправаў -
А ўрэшце, можа, і для іх -
Па чым там перац, вера, слава,
Грахоў смяротных сем людскіх?
Прайсці праз горы, моры, логі
Нязнанай сотняй пуцявін
І зведаць золата, і бога,
Й сем кліматаў чужых краін.
Калі ж абрыдне - божа мілы! -
Пад лаўрамі чужынскі рай,
Прыдумаць бронзавыя крылы,
Каб адляцець у праўды край
І сесці й піць красу зямліцы,
Якой ты гонар, моц і шчыт,
Красу вунь той, сваёй званіцы,
Дзе ў бронзу гучна б'юць хрушчы. 

Вулiцы


Дом, дзе першае стрэў світанне,
Быў на ўскраіне ля дубровы.
Вулка першая да паўстання
Мела назву Планоў Князёвых.
Назвы новыя не прыліплі
(Мураўёўская! Петраградская!) -
Да пчаліных дзедаўскіх ліпаў,
Што на Вуліцы Першай Радасці.
Неіснуючая, нечуваная
Засталася ты ў сэрцы шалёным
Вечнай Вуліцай Абдуванчыкаў
(Залатых-залатых на зялёным).
Вуліцай Мокрых Падтыннікаў,
Вулкай Звону з-за Весняй Дубровы,
Вуліцай - Яйка Качынага
Ў Нетрах Сонечна-лапуховых,
Вуліцай Вось ты і Дома,
Вуліцай Душ Сагрэтых...
Вуліцай трыццаць сёмага
(Але я не ведаў пра гэта).
Назву новую гнеўна вырыдаў
Рот Айчыны, крывёю заліты.
Ты ў вайну стала Вуліцай Ірада,
Тупіком немаўлятак забітых.
Стала Вулкай Руін і Змарлых,
Стала Вулкаю Год Праклятых,
Вулкаю Клятага Карліка,
Вулкай Сусветнага Ката.
Колькі год давялося мне класці
У муры вашы цэглу звычайную,
Вулка Вуснаў і Вулка Шчасця,
Вулка Здрады і Вулка Адчаю?
Вулка Першага Верша і Слова
(І Апошняга Верша Крывавага),
Вулка Бацькаўшчыны і Мовы,
Вулка іхняй Зіхоткай Славы.
Колькі год я сноўдаўся ценем,
Каб патрапіць на Вулку Радасці
Вулкай Мудрасці і Сумлення,
Вулкай Гневу і Барыкады.
Можа, здарыцца й так, што гора
І вайна зноў падуць на народы,
І мяне за любоў маю горкую
Да Вуліц Радзімы й Свабоды
Павязуць, каб і попел рассеяць.
На вянчанне з драўлянай жырафай
Па Вулцы Святых Фарысеяў,
На плошчы Анны з Кайяфай.
Хай!
Ніколі не помняць свінні,
Што з плошчы Няпраўды Дрымучай,
З Лобнай Плошчы - вядзе праз Краіны
Бясконцы Тракт Неўміручасці.

"Як Стажары ў небе заззялi..."


Як Стажары ў небе заззялі,
І ў сяле падаілі кароў,
І з палёгкай палі ўздыхалі, -
Я пад вокны твае прыйшоў.
Ты з хітрынкай сказала, мілая,
Прыкрываючы шыю касой:
"Маці спіць. Я таксама стамілася.
Дарагі, прыходзь раніцой".
Ты сказала так цёпла і ветліва,
Я кахаў цябе так даўно...
Я паверыў і раніцай светлай
Пад тваё прыцягнуўся акно.
Зноў з хітрынкаю ты сказала:
"Бач, каровы ідуць на лугі.
Бачыш, маці толькі што ўстала.
Ўдзень прыходзь да мяне, дарагі".
Я чакаў паўдзённай часіны.
З неба сонечны пёк агонь.
Я драмаў у хмызах тры гадзіны
На нагах, як стомлены конь.
Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты,
Калі зноў я прыйшоў да сяла
І... нікога не стрэў ля хаты,
Бо каханая ў полі была.
Ўсе сабакі на вёсцы яхкалі
На даўжэзную постаць маю,
Калі вечарам шэрым і мяккім
Я прыйшоў на сядзібу тваю.
Усміхнулася: "Нельга вечарам,
Нас заўважаць суседзі ў садках.
Любы мой, дарагі, недарэчны,
Ноч наперадзе. Зоры ў вачах".
Уначы я свіснуў ля хаты,
І з'явіўся цень у акне:
"Я заснула ад стомы праклятай.
Не шкадуеш, будзіш мяне.
Ну і д-добрым ты будзеш мужам...
Не. На вуліцы травы з расой...
Што ты, што ты! Маці нядужая...
Дарагі, прыходзь раніцой".
Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца?!

"О любоў мая, Беларусь!.."


О любоў мая, Беларусь!
Над туманным начным стаўком
Пралятае самотная гусь,
Разразаючы люстра крылом.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Разразаючы неба крылом.

"Можна ўсё: пусціць каханне дымам..."


Можна ўсё: пусціць каханне дымам,
Ўзяць і занядбаць мінулы шлях.
Але толькі - не любіць Радзімы
З чорнаю павязкай на вушах,
З чорнаю павязкаю на вуснах,
З чорнаю павязкай на вачах.
Толькі слухаць словы нездрадлівыя,
Толькі не тлуміць яе маной,
Бо адным мы вінны пакуль жывы
Перад нашаю вялікай нівай:
Праўдай абавязаны мы ёй.
Ісцінай.
Адзінаю.
Адной.

Было юнацтва


Так ружы надушыліся
Уласнаю парфумай,
Што іхнія галовы
Ад водару баляць.
А мне няма спакою,
І пра цябе я думаю,
Пакуль блакітны месяц
Не выпаўзе на гаць.
Калі няпэўным сяйвам
Залье ён кола млына,
Заблытае праменні
У тваннай барадзе,
Я зноўку засумую
Па дарагой дзяўчыне,
Халоднай, як лілея,
Што дрэмле на вадзе.
Блакітная і белая,
Жамчужная, ружовая,
Ўсю цеплыню хавае
У самай глыбіні.
Пакут маіх не бачыць,
Майго не чуе слова,
Каханне зневажае
І пра каханне сніць.
Якой адданай песняй
Развеяць мне бяду маю?
Глянь, любая, - вось месяц
Над грэбляю старой.
Што ж ты не заўважаеш,
Што пра цябе я думаю
І раніцай ружовай
І позняю парой?
У руж баляць галовы,
Ім сумна, ім нявесела,
А я да іх хілюся
Гарачай галавой:
"Вы, модніцы бяздушныя,
Што ж вы галовы звесілі?
Скажыце, што рабіць мне
З каханаю сваёй?"
Яна, як кветка, дрэмле
На холадзе празрыстым
І ад усплёскаў рыбы
Праз лёгкі сон дрыжыць.
Далёкая, маўклівая,
Халодная і чыстая -
Зусім яна не думае,
Што мне балюча жыць.

Начная песня


Змрок на кручы заспеў рабінзона бабовага...
У Дняпро ручаінай сплывае туман.
Ўсе паехалі качак страляць на Падкову,
Абяцалі вярнуцца, ды нешта няма.
Пільна слухаю ветрык з далёкіх затокаў:
Можа, недзе Дняпром затуркоча матор.
Але ціха...
Плаўка не відаць у сутонні.
А над светам - шалёнства зіхоткае зор.
Перакрэсліўшы вудай смугу агнявую,
Я гляджу у свінцовы і грыфельны змрок...
Вось, здаецца, кругі...
Падсякаю ўсляпую...
Зноў узмах...
Зноў знікае ў прадонні плавок.
Кабне спудзіць спакою
 з нядальных кшакаў,
З прыбярэжнай лазы, што цьмянее сцяной,
Ціха ўзносіцца пастка рыбацкага сака,
Ловіць зоры і іх апускае на дно.
Пэўна, лягу пад стог.
Хай з глыбіняў знямелых
У адвечным і самым бяскроўным з баёў
Вышніх знічак імгненна-агністыя стрэлы
Да світання спадаюць у сэрца маё.

Рэчка Папараць


Чорная, з адценнямі зялёнымі,
Быццам качкі цьмянае пяро,
Цягнецца яна праз нетры сонныя,
П'е балот настоеную кроў.
Ціша ззаду цягнецца да шыі:
Ў гэтым кінутым кутку зямлі
Волаты змагаліся лясныя,
Зрынулі, пасеклі, паляглі.
Ўсё змяшалася і спрахла з часам.
Курчыць зрынутыя дрэвы страх.
Мухаморы, як кавалкі мяса,
Кінутая, як шчыты, кара.
Бервяно праз рэчку аксамітнае.
Я зваліўся на спіну ў імхі
І не ўбачыў ні шматка блакіту
Праз ялін кашлаты малахіт.
Ўсё адно, калматыя ялінкі,
Што ўзрасце каля вачэй маіх,
Баравік, надрэзаны сцяблінкай,
Ці галоўка вострая змяі.
Хай мне будзе абаронай цвёрдай
Звонкае, як шчыт, найменне той,
Гожай, як язмін, няўмольнай, гордай,
Як світанне сэрцу, дарагой.
Будзьце сведкамі,
Лясныя сілы,
Да апошняга ў гаі ліста,
Што яна калісь сказала:
"Мілы".
Мімаходам.
Лёгка.
Проста так.
Што мне нетры?
Што мне цені смерці?
Што мне змеі?
Толькі ты любі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . 
Тых, хто носіць небасхіл у сэрцы,
Нельга ні уджаліць, ні забіць.

Тагасветнае


Сом вытрэшчвае глядзелкі сонныя:
Ў Верхнім Царстве Смерці, па Той Бок,
У чаўне пад ветразем чырвоным
Праплывае невядомы бог.
Сом, не спадзявайся ты на бога,
Хай сабе ў яго і пара ног.
Бог і сам не ведае нічога,
Бог і сам на ростанях дарог.

Сведка


І было, і быллём парасло,
Але сведкі гуляюць ракой...
Рыба брохнула,
Як вясло.
У жыцці не бачыў такой.

Дуб


Ён быў царом дубоў. Над пушчай дзікай
Ён узвыашўся, як над морам траў.
І кожны жолуд, як радок вялікі,
Для сонца новы парастак раджаў.
І вось цяпер, калі яго быліны
Жывуць у жылах кожнага, як кроў,
З яго драўніны цяжкай робяць клінні
Для пачынаючых мужнець дубоў.
А ён, калі пачнуць крахтаць нябогі,
Іх важна вучыць, - мудрасці нібы:
"Што ж, дошкі будуць, - гэта ўсё нічога,
Для гэтага ж існуюць дубы".
Забыў свае змаганні і быліны,
Забыў свае пакуты на зямлі, -
Таму, што першыя свае галіны
Не так, як ён, нашчадкі павялі.
І ён глядзіць на іх, бы з мёртвай вежы,
Не разумее іх святыя сны...
А будучыня парасткам належыць,
Бо на дубах былых растуць яны.
Бо іх галінам шырыцца ў свабодзе,
Бо іх карэнням глыб зямлі працяць,
Бо іншыя яны, бо сем стагоддзяў
Лес глебу рыхтаваў для іх жыцця...
...Стаіць над здзірванелай сцежкай згубы,
Нібыта ўсім, што з ім было ў жыцці,
Ўвасобіў да канца "ідэю дуба"
І больш дубам няма чаго расці.

"Вецер ужо i лiстотай не кружыць..."


Вецер ужо і лістотай не кружыць,
Золкі, начны вылізвае брук.
І лету на змену прыходзіць сцюжа,
І сон на змену пяшчоце рук.
І што абдымаць цябе ззаду за грудзі,
Лавіць нагою выгіб сцягна,
Калі замест песні вясенняй будзе
Зіма, забыццё і здрада сна?
І як мне не гладзіць цябе з трапятаннем,
І як мне не плакаць ад гора ў сне,
Калі ты кожным сваім дыханнем
Нібы адрываешся ад мяне.

"Вёслы мае разрываюць ноч..."


Вёслы мае разрываюць ноч
Чорнай азёрнай вады.
Іскра агню мне міргае: "Не збоч
І прыплыві сюды".
І ўяўляюцца ў з'явах асенняй тугі
Валасы, цеплыня грудзей...
А ў затоках дрыжаць і дрыжаць сітнягі
Ў бясконцай асенняй вадзе.
Ветравей, ты падзьмі над няўтульнай вадой,
Панясі над прадоннем начным,
Каб хутчэй у абдымках каханай маёй
Я прачнуўся ў ложку маім.

"І тады закахалася хмара..."


І тады закахалася хмара...
У паплавы, ад расы прамяністыя,
І ва ўсю Беларусь маю чыстую,
Ў мары бору, ў палёў абшары.
І заплакала ад кахання,
І слязою чыстай абмыла
Ўсе абшары зямлі маёй мілай,
Ўсе калыскі яе і магілы,
Ўсе змярканні яе і світанні.
І пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў, -
Плод кахання бору і хмары, -
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман.

Наследаванне Байрану


Ты апусціла стрэлы вей -
І гэта, як на снег вайны,
На саван бітвы ў снах завей
Бязгучна селі груганы.
На веі слёзы наплылі -
І гэта, быццам па вясне,
Як брама райскае зямлі,
Праз дождж вясёлка ззяе мне.
Па ўсёй каханай старане
З блакітных сноў спадае дождж -
І гэта, - здаючыся мне, -
Ты ўсмешку дорыш мне усё ж.
І адышла зіма трывог,
І ўстаў з нябёс герояў строй...
І зноў ёсць май, і зноў ёсць бой,
І зноў ёсць свет, і ў свеце бог.
І свет - не пустка мне з табой.
І бог - не пастка мне з табой.

"Закувала зязюля ў лесе празрыста-зялёным..."


Закувала зязюля у лесе празрыста-зялёным...
Божа мой! Колькі год яшчэ жыць нам з табою і жыць!
Ранак ціхай вясны! Ранак светлых пяшчотных палонаў!
Ранак вечных спатканняў на роснай і цёплай, пахучай мяжы!
І не будзе канца ні вясне, ні іскрыстай расе, ні каханню,
І спрадвеку, давеку, магутныя, будуць яны
Цараваць над вясенняй зямлёй, над гаямі у цёплым тумане,
Над гаямі, дзе...
Так нечакана прыгасла зязюлі куванне.
Дзе ля касак прабітых міргаюць калматымі веямі сны.

"Ў бездарожжа для тых, каму шчасцiць..."


Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць,
Дагарае ўначы маё сэрца...
Ты дала мне імгненнае шчасце,
Я табе даў за гэта - бяссмерце.
І калі ты падзякаю, болем
Азарыла мне прорвы сусвету,
Я сказаў:
"Больш, напэўна, ніколі
Мы на свеце не ўбачымся гэтым".
І табе - хай нас людзі рассудзяць -
Я зайздроснай аддзякую доляй:
Ты - ніколі - мяне не забудзеш,
Ты мяне не пабачыш - ніколі.
Ў ноч самоты, і ў цемры магілы
Будзе смага адна тваёй доляй:
Ты забыць мяне будзеш не ў сілах,
І са мною... ніколі.
Ніколі.

"Над полем месяц двухрогі..."


Над полем месяц двухрогі,
А мне ў цішыні палявой
Адна пралягла дарога:
Да вокан любай маёй.
Яна кахае другога,
І як ні падай да ног
Убранага кветкамі бога, -
Ён не ўратуе, бог.
Свяшчэннікі ўсёй паднябёснай
Кахання не вымаляць мне.
А суцешаць хіба што сосны
І роднага неба свінец.
Каб глядзеў я ў вочы іконе,
Як у вочы лепшай з дзяўчын, -
Узялі б мяне ў божае лона,
Ўзвялі ў апостальскі чын.
Каб бегаў я ў божую хату
Так, як пад хату тваю, -
Мяне б серафімы крылатыя
Жывым пасялілі ў раю. 

"Данеслi добрыя людзi..."


Данеслі добрыя людзі
(А я спакойны чамусь),
Што жыццё пачало паскудзіць
Былому Каханню майму.
Колькі ж годных яна абсмяяла!
Колькі чыстых на сметнік звяла!
Піравала яна, гуляла,
Ў божы рай па трупах ішла.
Гэта толькі пачатак гісторыі:
Будзе ёй яшчэ на зямлі
Безвыходней куды і горай...
Так, як мне праз яе калісь.
Сёння плачуць слязой яе вочы.
Заўтра - кроў яна з іх пралье...
Але гэта не я ёй адплочваю.
Гэта лёс ёй спаўна аддае.
Б'е за шчасце маё, і за мукі,
І за ўсё, што аддаў сатане...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Але, божа,
анёл ці гадзюка -
Ўсё ж была яна часткай мяне.
Твой закон, і права, і сіла,
І таму не малю за сябе...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Бог даруй, бог - цябе памілуй,
Хай сабе і ў смяротнай журбе.

Стары певень


Жабруюць хаты. Штук дваццаць даўно,
Сорак восем сляпых звіў бур'ян пятлёй,
І ўрэшце адзін павадыр: акно,
А за ім жывое святло.
Забітая кожная з хат, як труна,
Вёска вымерла. Ў ёй толькі хлюпам звярэць.
І жыве там бабулька адным-адна...
Котка. Певень. І пяць курэй.
Ноччу мулка. І шэпча яна ў невідно:
"Не паспее тройчы"... І вось у туман
Загарлае певень, што доўжыцца ноч.
І чакае. Адказу няма.
І сыноў, і суседзяў ёй трызніцца крок,
Як жывы, неадчэпны падман...
Загарлае певень, што чэзне змрок -
А хору ў адказ - няма.
Хто ў тайзе, хто ў стэпе. Свой гай парадзеў,
А калі ўрэшце прыйдзе драма,
Загарлае певень, што блізкі дзень -
І хоць бы хто падтрымаў.
Калі хвошча залева на ўвесь небакрай,
Калі спіць пад снягамі трава,
Гэты певень вартуе наш родны край.
А вы? Ці не ганьба вам?

Ворыва на валах


Я гэта бачыў сам, хоць адышло:
Ў апошні, можа, раз на белым свеце
Ішлі быкі і ворыва плыло,
А зверху - хмары, чырвань, сінь і вецер...
Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх,
За імі йльсняныя ў адвалах межы...
Як старажытныя князі, быкі
Маю радзіму на кавалкі рэжуць.
З нябачнае лагчыны йдуць яны
Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў,
На ўзгорак, велічны, як шар зямны,
Бы два паўмесяцы, ўсплываюць рогі.
Заплюшчу вочы - і перада мной
Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй,
І рэжуць свет нарожнаю бранёй,
І капыты -
бы край мой папіраюць.
Бялкі ў крыві, а капыты - ў гразі.
І ўсё здаецца мне: нарогам-зборояй
Быкі, як старажытныя князі,
Маю радзіму на кавалкі крояць.
Ў смяротны час - няхай прайшлі гады -
Ў маё апошняе сальюцца слова,
І сэрца раздзяруць на дзве паловы
Аблокаў барва, сінь, трывожны дым,
Радзімы твар, і горды, і суровы.

Домiк Багдановiча


Туі, Іудзіна дрэва і пілы агаваў.
Пала сцежка жыцця на апошні, смяротны парог
І разлілася ў тваю, як святло, неўміручую славу,
Сонцу якой пазайздросцяць і космас, і людзі, і бог.
Весняе неба не ведае, плакаць надалей ці годзе.
Голлямі ўніз пацягнуўся праз хмары сонечны куст,
Ў хатку, дзе згасла тваё беднае дваццацігоддзе,
Ў хатку, дзе ўспыхнула сонцам любові твая Беларусь.
Кажуць, разбураць цябе. Але хай сабе новая рана,
Хай справядлівасць яшчэ раз будзе стаптана ў жыцці, -
Гэты маленькі дамок праз акно тваёй ночы астанняй
Будзе да скону зямнога ў вечнасць нашчадкам свяціць.

Бекеш, або Ода Ерасі

Балада 1555 года

Ў змроку, калі спалыхнуць над Гародняй байніцы,
Еду размерана, повад аддаўшы каню,
Еду паўз лобныя месцы, катоўні, цямніцы,
Еду паўз ночы цямноцце насустрач далёкаму дню.
Ляпае меч па баку - ну-тка, варта, хто возьме рукамі?
Злосныя позіркі світак ядуць мае вочы, як дым.
Ведаў бы хто з іх, што б'ецца пад гэтымі сабалямі?
Ведаў бы хто, што палае пад гэтым берэтам маім?
Ерась, вялікая маці, агонь ступакі твае ліжа.
Хлопы не ведаюць, ярасці варачы страшны напой,
Што я за іх ненавіджу, знішчальней за іх ненавіджу,
Бо й аднавокая ярасць пакажа дарогу сляпой.
Ерась, вялікая маці ўсіх народаў вялікіх,
Выратуй сына свайго, што не будзе быдлець спакваля,
Не падтрымае ў натоўпе аб дыбе звярыныя крыкі,
І не падкіне нявінна ў вогнішча Гуса галля.
Ведаю я за табою, што як бы ні катавалі,
Як бы цябе ні прыдушвалі змрочных стагоддзяў валы -
Не апявала ты статуй і догмы заўжды адмаўляла,
Знаючы цвёрда, што смерць, што гніццё у патоках хвалы.
Цемры князі і хлусні, што і праўдай і сонцам праклятыя,
Лёд вашых зрэнак змяіных павольна паўзе за спіной.
Як вы мяне ненавідзіце, д'яблавы адвакаты!
Так, што... нянавісць клякоча ля лытак пагарды маёй.
Я праязджаю праз чорныя мантыі, справы і душы,
Нібы праз строй праязджаю, праз імі прыдушаны край,
Крыкі людзей у катоўнях казань хлуслівую глушаць,
Пекла штодзённае глушыць размовы пра баечны рай.
Блізкі, здаецца, ды толькі не верце, што вам абяцаюць.
Ён міражом адплывае, вясёлкаю перад гразой.
І не нагнаць таго раю, павек не нагнаць таго раю,
Як на найлепшым кані не дагоніць ніхто гарызонт.
Веры адкідамі, смеццем будуць зваць цябе людзі,
Пакуль у капішчах іхніх будзеш паўзці, нібы крот,
Пакуль ты слухаць іх будзеш, і пакуль ты верыць ім будзеш,
І пакуль будзеш скарацца ім, мой беларускі народ,
Вашага бога не ведаю з раем рабоў і гаротных,
Пекла яго не баюся, бо ўсё гэта ваша багно,
Не клапачуся аб целе, ані аб душы бессмяротнай,
Тым бессмяротнай, што зробіць, каб потым пагаснуць са мной.
Тут пабудуйце свой рай. Бо ён у руках вашых чорных,
Ў людзях на гэтай зямлі, людзях, што робяць свой лёс,
Ў праве на праўду і слова, на светлы агонь непакорны,
Ў праве на веру не браць, нават як скажа Хрыстос.
Я з баганоснага племя, якое у турмы спускалі,
Шылі ў дурацкі каўпак, рэзалі дзёрзкі язык.
Але забылі вы тое, што колькі б вы нас ні цкавалі,
Рацыю меў, праз стагоддзі, заўжды - ерэтык.
Ветрык свабоды далёкай пяро на берэце ўзвівае,
Вогнішчаў полымя злое ў вачах маіх дзёрзкіх гарыць.
І паўстаюць папярэджаннем, якім да канца пагарджаю,
Шыбеніц чорных "пакоі" на фоне далёкай зары.

Павешаным 1863 года


Калі ідуць на абардаж,
І поўніць полымя прасцяг
Да верху мачты - экіпаж
Цвікамі прыбівае сцяг.
Даўно здалася - нават сталь, -
І толькі зараз - мы памром
Пад сцягам, што ў прадонні хваль
Знікае разам з караблём.
Ў крыві краіны нашай бель,
Прыходзіць час смяротных сноў,
І нашай волі карабель, -
Няскораны, - ідзе на дно.
І сёння ў вечны наш працяг,
У неба на світанні дня
Уздымуць нас, як волі сцяг,
Якому й богу нельга зняць.

Смяротная страта

Ігнату Грынявіцкаму, які сваім выбухам адпомсціў Аляксандру ІІ за 1863 год

1 сакавіка 1881 г. 

Карэта цара выязджае.
(Гэткі на колах гадзючнік!)
У канале Кацьчыным воды
Да блізкага мора бягуць.
Вось бомба. Хай з падлы смярдзючай,
Хай з яго, ката народаў,
Ката маёй Беларусі
Зараз шматкі палятуць.
Выбух. Той здох. Але
І яго смерч асколкаў нізрынуў,
Вось нясуць... Вось колюць... Пытанні...
Гэта каб іншых гнаць.
Не, ён ім не скажа, хто ён,
"Ігнась Грынявіцкі" - не кіне,
Гонару многа ім, гноям,
Па імю, па бацьку, па прозвішчу,
Гонару многа ім, шлюхам,
Сыноў Беларусі знаць.
З апошніх згасаючых сілаў
(Пытанні... Пытанні... Пытанні...)
Ён лепш успомніць пра тое,
За што ён ішоў на замах.
Успомніць Бабруйшчыну мілую,
Майскую стужку Бярозы,
Дняпро на райскім світанні,
Белыя світкі ў лугах.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
І ў яго галаву адрэзалі,
І ў сасуд са спіртам паклалі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Спрэс трэслі усіх на допытах:
"Хто гэта?! Хто гэта?! Хто гэта?!"
Але галава маўчала...
І людзі, вядома ж, маўчалі...
Адзін толькі выдаў, паскуднік,
І з тым перайшоў у нішто.
І сяброў ягоных павесілі.
Быў ранак сонечна-чысты.
А ноччу, як развітанне,
Калі іх везлі хаваць -
У сінім небе начным,
Сінім, як спірт празрысты,
Ўсплыла чырвонага месяца
Адсечаная галава.

Цар-гармата


Ідзе аблога.
На зубцах каменных
Цвітуць клубкі парахавога дыму.
У сутарэннях Вадаўзводнай вежы
Дзяк мерае скупы прыток вады
(Глыток на дзень дзіцёнку і жанчыне,
Сем - воіну і кухаль - для баяр).
Над цёмнымі званіцамі сабораў,
Залітыя дрыжачым мяккім ззяннем,
Спалохана лунаюць галубы.
Ў прыказе душным нейкаму нябогу
Кавальскія пад нос падносяць клешчы,
І пальцамі ўчапляюцца у рэбры,
І тузаюць: "Кажы!
Кажы!
Кажы!"
А хаты,
што да моцных сцен прыбеглі
Ў адчаі,
бо не хочуць іх пусціць,
Ўзяліся полымем і паміраюць.
Рыхтуецца апошні штурм.
Надзея
Пакінула галодных і сасмяглых.
Драбіны валакуць.
На вежы лезуць,
Чапляючыся пальцамі за камень,
Як мухі па сцяне.
Вязуць таран.
На ланцугах, ад ворвані ільсняных,
Гайдаецца ляніва бервяно.
Вось трэскі паляцяць.
І раптам рып.
Чакаць нясцерпна.
Знову рып.
І вось,
Адкрыўшы браму, цяжка і павольна
Выкатваюць пачварную гармату.
Яна плыве,
плыве,
плыве,
 плыве.
Здаецца, хобату канца не будзе.
Чаканне навісае...
Зараз...
зараз.
У кожнага ёсць кроў і дом бацькоў,
Абдоймы жонкі раніцай замглёнай
І дзеці, што хістаюцца ў калысках,
Як мараходы на судах лядаштых.
І смокчуць пальцы, смачныя, як цукар.
І успамін аб гэтым, цёплым, блізкім,
Пранізвае людзей у страшны час.
Людская плоць пужаецца, крычыць,
І ў цёмнай паніцы перад страшыдлам
Ад брамы рынула.
Адкуль ім ведаць,
Што гэты леў бяспечны, як шчанюк,
Што ён на крок свайго ядра не кіне.
Ён страшны...
Ён жахлівы.
Бо нямы.
Бяспечная дурная недарэчнасць,
Бязглуздая, вялізная, цяжкая,
Як жудаснай цёмная улада
Над душамі людзей, як тыранія.
Забойства цяжка коціць на людзей,
Грукоча ў камень коламі цяжкімі,
І з чорнае разяўленае пашчы
Крыўляецца і пазяхае смерць.
Ўстае над светам бронзы цёмнай холад,
Пагрозны і няўмольны зеў вайны.
О чалавек,
як дрэнна ты жартуеш!
Вось ты набудаваў палацаў дзіўных,
Узносяцца над светам Парфеноны,
Ў садах квітучых музыка іграе,
Гамеры светлыя складаюць гімны
І моцарты над нотамі сядзяць.
І раптам... грубы і нясцерпны скрогат
Гармонію ў кавалкі разбівае.
Прарокаў мудрых ты паслаў на смерць,
Заступнікаў сваіх пабіў каменнем
І дойліду фалангі перабіў...
Адвечная гучыць над светам песня:
Б'юць дзікуны у гучныя тамтамы,
Калоны скіфы валяць на зямлю...
Лятуць, як смерч,
атручаныя стрэлы...
Куюць мячы і вынаходзяць порах...
Агнямі выбухаюць мінаносцы...
І, - завяршэнне, - устае над морам,
Над залатым каралавым пяском
Сляпучы і тупы атрутны грыб.
Цывілізацыя!
Вянец культуры!
Яны жывуць народаў цёмным жахам.
Яны прыдумалі на душу простых
Дзесяткі недарэчных цар-гармат.
О простыя зямлі,
падайце рукі
Адзін другому з братняю любоўю.
Не кашляйце крывёй ля ям ліцейных,
Дзе смерць братам спакойна адліваюць.
І шчасцем стане жыць.
І цар-гарматы
Тады ў належнае паставяць месца,
На вечны п'едэстал,
каб ранкам дзеці
Гулялі ў схованкі паміж лафетаў,
І вартаўнік, заспаны і бурклівы,
Хадзіў вакол з анучаю і цэбрам
І лаяўся, змываючы з жалеза
Памёт і пер'е.

Раманс пра караля, што пакінуў трон


Так было і доўга так будзе:
Палілі вёскі й палі,
З гарадоў рабілі руіны і груды
Ўсёй зямлі - усе каралі.
Не, не ўсе. Ў даўніну забытую
Быў адзін - адзіны, і ён
Для простых кінуў эліту,
 Для кахання пакінуў свой трон.
Заблукаў ён на паляванні,
І з дачкой палясоўшчыка Рут
Прасядзеў ля агню да світання
І найлепшую стрэў зару.
І кінуў магнатаў без жалю,
Палюбіў курных хатаў дым,
І аддаў сваё сэрца не зaмкам і залям,
А халупам і бедным братам сваім.
Палюбіў іх песні і словы,
Бо казаў іх каханай рот,
І зляцелі ў многіх галовы
З тых, хто мучыў і нішчыў народ.
І аднойчы сказаў ён магнатам,
Сказаў словы дзіўныя ён:
"За каханне у простай хаце
Я пакіну бацькоўскі трон.
А паколькі мне вецер вее
З нейкай іншай, свабоднай зямлі,
То ў Ісландыю, край завеі,
Мы сплывем на сваім караблі".
...І ў той час, калі йшчэ не ўкрылі
Крылы ветразяў мачты ўзлёт,
На прычале конна з'явіліся
Сваякі тых, што нішчыў народ.
Гналі коннікі ў дзікім намёце.
Кожны меч свой цягнуў з нажон:
"Не каханнем - макітрай заплоціш
Ты, што, дурню, кінуў свой трон".
Нараджала маланкі зброя,
І пад вечар ад роднай зямлі
Ў край далёкі, край мёртвых герояў
Ён адплыў на сваім караблі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Раздзімаў яму ветразі вецер,
І адплыў у Нязнанае ён...
Той адзіны кароль на свеце,
Што аддаў за каханне свой трон.

Глухi генiй

Гойя 

Сон розуму пачвар раджае,
І панствуюць яны над ім,
Паветра крыкам запаўняюць,
Вішчаць і кідаюцца ў дым.
І вар'яцее мозг ад плачу
На самай праведнай з планет.
Чуць не магу!!! Ўглядаю. Бачу
І мацаю каравы свет.
Што з ім? Які смяшлівы д'ябал
Зямлёй гуляе, як мячом?
Чаму аднога ўладай вабіць?
Чаму другога б'е мячом?
У ведзьмы на грудзях звісае
Дух цемры, злосны і тупы.
Свет забівае і ўмірае.
Хто не асёл - той нетапыр.
І хто паверыць, нават з кроўных,
Што цяжка мне узнёсласць мар,
Дзіцячую сваю любоўнасць
Хаваць за жорсткасць і кашмар?
Іначай нельга, бо адразу
Раздражніш лютую змяю...
Іначай схопяць і абразяць,
І граззю ў душу наплююць.
У царстве смерці і трывогі
Ёсць для мяне адзін маяк,
Што асвятляе мне дарогі...
Іспанія, зямля мая!
Ахутаная ў сан-беніта
З дурацкім вострым каўпаком,
Равучым полымем абвіта,
Ў турме задушана шнурком.
Вайна!
Забілі маці ў полі.
Нясуць. А захад дагарэў.
Дзіцёнак сіры, бедны, кволы
Ідзе за ёй і вочы трэ.
Не бачылі бы лепей вочы
Вось гэта:
новай смерці цень,
Маленькую фігурку ноччу,
Кранаючую, як прамень.
Хто высушыць дзіцяці слёзы?
Хто ён, загублены ў хмызах?
Язміну кветка на марозе.
На веях мёртвая сляза.
"Матуля, бедная!
Як гэта вытрымаць?!
Якая мужнасць!"
Суцэльны крык ірвецца з горла,
Крык фарбы, крык іглы ў турме.
І ўрэшце: "Ісціна памёрла!"
Памёрла пад вясёлы смех.
Глухім жыву і паміраю,
Глухім крычу пад градам куль,
Глухім, бо слухаць не жадаю
Хлусню, што панствуе паўсюль.
Пакуль пад гукі новай песні,
Харалу, што залье палі,
Святая праўда не ўваскрэсне,
Ўсё ж уваскрэсне на зямлі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Тады - пачую.

"Не злабiся на ерэтыкаў..."


Не злабіся на ерэтыкоў,
Не цягні ў самае неба выю.
Свет без іх - чародка прасцякоў,
Свет жывы - пакуль яны жывыя.
Ты мудрэц - пакуль мудраць яны.
Ёсць яны - няма ў табе падману.
Не гані агнём іх, не кляні,
А малі аб іх уратаванні.

"Што такое ёсць справядлiвасць..."


Што такое ёсць справядлівасць,
Калі капнуць глыбока?
Яе няма, калі гнецца
Хоць адна ад крыўды спіна.
Як кулак - не кулак без пальца,
І "ў абодва не зрыць" аднавокі,
Так грамадства з адным нешчаслівым
Каштуе не болей лайна.

Беларускае мiнулае


Нязносны гонар тым, што робім сёння. Дулю!
Вазьмі у звычай, сын герояў і багоў,
Не пагарджаць святым сваім мінулым,
А заслужыць яшчэ,
і вартым быць яго.

"З амбона хтось крычаў пра шлях да раю..."


З амбона хтось крычаў пра шлях да раю.
Адзін маўчаў, паказваючы згоду.
Другі маўчаў - на знак сваёй нязгоды...
Маўчанне адназначным не бывае.

Былому другу


Ну й свінства ж ты зрабіў...
Ледзь дашукаўся кораня.
Глядзі,
ў наступны раз не зносіш галавы.
Давай
на антыбрудэршафт з табою дзёрнем.
Хачу ад сёння быць з табой на "вы".

Склероз


У яго быў склероз - ну чыстае гора!
Але ён быў мужны і не паддаваўся:
Кожны дзень забываў ён, ці піў учора,
І, на ўсякі выпадак, апахмяляўся.

Арарацкая далiна


Плантацыі перцу, кінзы і рыгана,
І сохне перац пад кожным "дымам".
І кожны дом у агні буяным
Згарае купінай неапалімай.
І скалы, як бруднаю вапнай пабелены,
Гразёй храпаватай залеплены спіны.
А там, дзе вада, - такая ўжо зелень,
Такая зялёная, ажна сіняя!
А ўдалечыні Арарат двухгаловы
У небе стаіць недасяжнаю марай,
Прысыпаўшы лысіны пудрай цукровай,
Захутаўшы ногі ў ліловыя хмары.

Армянскія ананімныя прытчы

Вольныя пераклады 

Стагоддзе V
Воўк авечкам сказаў: "Мір вам светлы й святы.
Нада мной і над вамі - адзіны бог".
І Баран сказаў: "О сёстры й браты! -
Ратуйся, хто як і хто змог!"
Калі часам пачую голас святы:
"Абавязкі!!!
Прагрэс!!!
Ідэі!!!
Правы!!!", -
Мне таксама хочацца крыкнуць: "Браты!
Ратуйся, - на на злом галавы!!!"
Стагоддзе ХХ
Ганарылася стронга перад печкуром:
"Рыбакі мной цароў частуюць! А ты?!
Галадранец кожны нясе цябе ў дом,
Купіўшы за шэлег сто тры хвасты".
І пячкур адказаў: "Ну і хай сабе голь,
Хай ламаны шэлег за сто тры хвасты.
Ты ж - бясплатна вандруеш на панскі стол.
Значыць, нават таго не вартая ты".

Пяць струкоў перцу


Як задумаў свіння - Асманскі султан
З Каўказам сілаю мерацца,
Ён - меру гароху прыслаў для армян,
А яны - пяць струкоў чырвонага перцу.
І кожны султанаў мудрэц, як баран,
Разглядаў іх і сэнсу не бачыў,
Але самы сівы сказаў: "О султан!
Мне нядоўга жыць. Растлумачу.
Ты гарох ім паслаў - безліч войска свайго.
Ну і звараць. З'ядуць. Хай без радасці.
Хаця цяжка пасля, - нат з падмогай багоў, -
Будзе вытрымаць іх кананаду.
Войска іхняе - паць пярчын - прад табой,
Праглыні, найвялікшы султане,
І згарыш ці да смерці уп'ешся вадой:
Ні Севана, ні рэчак не стане".

"Старайся..."


Старайся (але, вядома, не кaту)
Сказаць адзіна верныя словы:
Замест:
- О божа, ды будзьце вы клятыя!
Сказаць:
- О божа, ды ўстаньце здаровы!

Хан i табiб


Хан кліча лекара-табіба зрання:
- Баліць азадак. Маю барыша.
Лячы хутчэй, бо заўтра мне ў дыване
Дзяржаўныя пытанні вырашаць.
- Ды вылечым. Але прабач, мой хане,
Магчыма ў неразумнасці сваёй
Я нейк лічыў, што гэтыя пытанні
Рашаюць пераважна галавой. 

Прарок

Генадзю Кісялёву

Маналог Кастуся з ІІІ акта трагедыі "Кастусь Каліноўскі"

Далёкія-далёкія дарогі
Пад хмарнай лебядзінай чарадой...
Іду... Не веру ў д'ябла, ані ў бога.
Былі б - дык не паднеслі б чары той:
Пакутваць цяжка гневам і журбою,
Ў пустыні марна да пяскоў гукаць
За край, даўно адвучаны ад бою,
Ад мовы, гонару і языка.
І жыць, як тыя, што вось-вось сканалі,
Але яшчэ не ўпалі ў вечны смерч:
Мозг шле навокал клічы і сігналы,
А цела - ў мёртвы лёд закула Смерць.
Ў распадзе клетак мозгу, бы ў магіле,
Чуць, як лікуе крумкачоў імша,
Ўсе словы чуць у гневе і бяссіллі,
Пакуль не вернецца ў Нішто душа.
І з горыччу, бы ў сполаху зарніцы,
Убачыць раптам дальнія гады,
Калі нашчадкі узвядуць грабніцы
Ўсім тым, каго распялі іх дзяды,
Каго пабілі на стагнах каменнем,
Каго на плаху валаклі з турмы...
Вы, людзі ўсіх наступных пакаленняў,
Ці будзеце у роспачы, як мы,
З сваёй апошняй ледзяной калыскі
Чуць мозг, што марна растае ў агні?
Не трэба. Што нам славы абеліскі?!?
Што нам, памёрлым, знічы і граніт?!
Калі жадаем мы адной кароны:
Пачуць, як лёсу валяцца муры,
Пачуць, хаця і ў першы дзень па сконе,
Ў згасанні мозгу ярасны ваш крык.
І зразумець, што вы ўзламалі краты,
Апошняй думкай, цяжкай, як свінец,
Што блізкі ён, вялікі ваш пачатак,
Што блізкі ён, вялікі мой канец.
І ў водбліску згасальнае заранкі
Апошнім промнем, як лязом нажа,
Пайсці раллёю, мною узаранай
Для руні, невядомай і жаданай...
Пайсці да вас...
І да свайго крыжа. 

Дэман


Позняю ноччу з бяссілымі зорамі стылымі,
Калі ў глыбокіх дварах паміраюць вятры, -
Сеў на акно чалавек з кажановымі крыламі,
Месяц і зоры гусцеючым ценем закрыў.
Складваў і знову выпростваў ён крылы маўклівыя,
З іх вандраванняў міжзорных счышчаючы пыл.
Крылы як веер былі, як паніклыя косы алівы,
І як пагаслых ад стомы камет пацьмянелых снапы.
- Хто ты? - спытаў у яго.
- А нашто табе ведаць аб гэтым?
- Што ты?
- Я кветка і зорка. Пагоня і бег.
- Зараз адкуль?
- Я... забыўся на тыя планеты.
Дзе абпякаў мае крылы агонь, дзе завейваў іх снег.
- Што ты пабачыў?
- Тупых катаклізмаў раскаты,
Зло і пяшчоту, пажар і спакойны заліў. -
Ўсё гэта можна пабачыць на гэтай праклятай,
На блаславёнай, на сонечна-змрочнай зямлі.
- Што ты запомніў найбольш?
- Ледзяныя абшары свабоды,
Дзе сумнявацца даводзіцца ў сэнсе самога быцця,
І каля Альфы Цэнтаўры грыбы вадародныя,
А ў Магеланавай Хмары няпэўныя іскры жыцця.
Ёсць там планета, што Антызямлёй называюць,
Чорная прорва за ёю. І там, у здрадлівай імгле,
На двайніка твайго вораг з кінжалам чакае,
І з антыкуляй, што дрэмле у антыствале.
- Дэман мой, што ж не сабраў ты апошнія сілы,
Каб двайніку сніліся вершы, каханне, спакой?
- Але ж цябе на зямлі гэтай, дружа, таксама забілі
Слабай жаночай рукою, каханай рукой.
- Дух дасканалы занадта, ўсю горыч ты зведаў.
Што ж уратуе жыццё? Ратуй мяне, дружа, або
Вырві з мяне ледзяную самоту ўсяведання,
Дай мне няведанне простых і простых любоў.
Ўсё асляпленне кахання, эльбрусы яго і галгофы,
Люд, што гібее ў агні, сэрца, што гіне ў агні, -
На іх, вазьмі іх сабе разам з гэтымі строфамі,
Што разумеюць усё і нічога не могуць змяніць.
У чалавека ўначы ўсміхнуліся змрочныя вочы:
- Просіш аб чым? Пагасіць твой апошні маяк?
Хлусіш нашто? Ты ж не хочаш збавення, не хочаш.
Лепшаю песняй тваёй стала пакута твая.
Мужна ў цемру глядзі і трызні аб вечнай радзіме,
Трызні аб шары зямным і пакутвай далей і далей,
Пакуль не згасла зямля, пакуль чыстае неба ад дыму.
І пакуль гібель твая дрэмле ў нейчым ствале.

Вiно дажджоў

Рыгору Барадуліну

Малая паэма

Хмары цягнуцца ляніва, дзень пры дні -
чацвёрты дзень,
Гарадок паныла мокне на адхоне над Дняпром.
Хочаш - паблукай па вулках,
толькі зведай - варта дзе?
Каб з зарослае канавы не чарпнуць чаравіком.
На адхонах ліпы мокнуць, за ракой дажджы вісяць,
Нібы гэта і не жнівень, а кастрычнік на палях.
Бурбалкі плывуць па плынях, ад мянёў віры кіпяць.
Што, зямелька дарагая, нарабіў Ілля гнілля?
Добра, калі пройдзе скора, калі сонца раніцой,
Ледзь прабіўшы выпарэнні на старыцах і тарпах,
Сотняй радасных вясёлак загуляе над зямлёй
І ў падобных на вясёлкі, зыркіх, радасных сярпах.
Наламаныя з праменняў,
стануць копы на палях,
Сотні ветразяў паставяць і абсушаць іх буслы,
І тады не толькі ў птушак будзе цвёрдае валлё,
І тады не толькі ў быдла будуць гладкія маслы.
Добры дух зямлі дняпроўскай, пасіні рачны свінец,
Каб сплылі за мора хмары і, - як можна нарыхлей,
Дрэнна стала паляўнічым, а, сярод усіх, і мне,
Добра стала ўсім астатнім, чый надзённы гіне хлеб.
Паглядзі, пад бізунамі ледзь стаіць у люстрах сад,
Яблыкі, як лёд вільготны,
агрэст змрочны, нібы гном,
Сотняй мокрых парасонаў правісае вінаград,
За заплаканым, як доля, за пакрэсленым акном.
Мокрыя стагоў шаломы, бітая, як я, рака,
Ломкая дажджоў салома не стамляецца звінець.
І ад любай сто стагоддзяў ні адзінага радка:
Пэўна, ногі паламалі на ухабах да мяне.
Будзем верыць:
заўтра сонца абагрэе свет ізноў,
Заўтра Янка ліст напіша, Грышка, Ладысь і яна.
Бог, урэшце, з ёю. Пэўна, зноўку недзе п'е віно.
То давай і мы адкажам яснай зліваю віна.
Што яшчэ рабіць іначай, калі плачуць берагі?
Чым яшчэ цяпер заняцца, калі ў гневе мокры бог?
Ну, - Сяргей, Юрась і дзядзька! -
заўтра пойдзем на лугі,
А сягоння досыць кіснуць. Выпіць хочацца, дальбог.
Будзем верыць:
сонца ўстане.
І ў чаканні на яго
Прабяжым дваром і ў спіны бізуноў палучым воз,
І адкрыем рот адрыны, і пасцелем ля стагоў
Пару посцілак суровых, як паэтаў добрых лёс.
Пяць "гармат" ля іх паставім пад высокі азярод.
Толькі ў гэтым ты прыдатны, золкі дождж,
праклён зямлі:
З-пад цябе яны - ў каралях,
з-пад цябе яны - як лёд.
Як, сцюдзёныя ў крыніцах, дуба чорнага камлі.
Ну, Сяргей, бяжы ў гародчык, памідораў набяры.
Патапчы бульбоўнік золкі - раз малодшы сярод нас.
Прыйдуць, будзем спадзявацца, і такія вечары,
Калі хлеб ты будзеш кроіць і з адрыны - ні на час.
Дзядзьку - баннік ад "гарматы", як зямны прагрэс,
крывы.
Аддамо яму пашану: больш як ўсіх ён пастраляў,
Хай кіруе ён паважна разліццём зямной крыві,
Каб ніхто не лёг пад стогам і ніхто не крыўдаваў.
Ты, Галіна, дай, тым часам, сала мяккага сябрам.
Што мы, ўрэшце, не славяне?
Што мы, зломкі на хаду?
І паколькі продкі нашы елі з травамі зубра, -
"Зверабою" і "Зуброўкі" для гуляк не пашкадуй.
Я - раздзелаю качыну на талерку для кагось,
І яна растане ў роце - што там нейкі ананас?!
Ты ж, Георгій, як далёкі, але вечна блізкі госць,
Пасядзі пакуль султанам і натхняй ідэйна нас.
Вось урэшце ўсё гатова.
Стол цвіце, як майскі луг.
Але што з пяццю жняцамі значыць жніўная пара?
Ёсць сусед у нас харошы, і паколькі ён наш друг,
І паколькі ён вясёлы - запрасі, Сяргей, Змітра...
Мы сядзім, і перад намі быццам восенню гарод,
Ўвесь спакойны і раскошны і аддадзены такі,
Быццам лепшы грэх смяротны, забаронены стакрот, -
Пахнуць кменам і парэчкай маласольныя гуркі.
Кроп, нібы галіны славы над бульбянай галавой,
Лаўр на ёй ляжыць, здабыты ў палымянай барацьбе,
І, як лёд, стаяць вяргіні, ўсе абвітыя ў павой, -
Нібы ты і ўсе дзяўчаты, што тужылі па табе.
Ад гусцёрак на патэльні -
да нябёсаў пах пайшоў,
Аж багоў на сёмым небе рэжуць зайздрасць і нудзьга,
Кучы ракаў вагнедышных, жоўтых паркіх кіяшоў, -
Патрабуюць вінных плыняў, каб пажар у глотцы згас.
Гэй вы, хлопцы-памідорцы, рэжуць вас, а вам - дарма!
І таму ў падзяцы палкай будзем з вас мы пачынаць,
З вас, жаўцюткіх, нібы сонца, сонечных, нібы хурма,
І чырвоных, нібы шчокі у вясковых дзеўчанят.
На, трымай, вось гэты зараз лопне, як чырвоны шар,
Ёю ўпушчаны ў вышыні ў той апошні, горкі дзень...
Д'ябал з ёю!..
Як палае баравінкавы пажар!
Гэта, брат, такое дзіва: як няма, то украдзеш.
Лі віно! Мы не з цвярозых ад калыскі карасёў.
Нічыёй высокай ласкі мы не маем на стале.
Самі ўсё мы тут злавілі, і ўзрасцілі самі ўсё,
І не ўдзячныя нікому да маленняў і кален.
Вып'ем, хлопцы, за нянасце, за ружовыя агні,
Што абудзяць немінуча заўтра новую зару.
За Балгарыю, за ружы, за баянскіх тэмпер зніч,
І за сінія валошкі, за Дняпро, за Беларусь.
Хай жывуць яны давеку сярод рэк, азёр і гор,
З іхняй боскай дабрынёю, з гонарам прыгожых вей,
З іхняй мовай першароднай, з песнямі, як райскі хор,
З ярым сонцам вечнай славы, што і ў хмарах пражыве.
За Рыгора і за Янку, за сяброў вясёлых - мех,
За пасеў, пачаты імі на святой сваёй раллі,
І яшчэ за Аляксандра, за яго знішчальны смех,
За працяг яго легенды аб раздзетым каралі.
Спусцім каралёў у прорву - і нядрэнных і благіх,
Разам з гвалтам і вайною кінем іх да сатаны,
І адзетых, і раздзетых, і ў каронах і без іх.
І за гэта, братка, вып'ем. Не кажы, што ты хмяльны.
Вось віно, як кроў дракона, вось з рабінаю каньяк,
А не хочаш - "беларускай" ад душы у глотку ўлі.
П'ецца ў дождж, дык пі, Георгій, пі, балгарскі ты лайдак,
Ні Кірыл і ні Мефодый гэтак, дурні, не жылі.
Што з таго, што гэтай песні літары далі яны, -
Мы далі для гэтай песні тое, чым звініць яна:
Азбуку любві да праўды, і агіды да хлусні,
Азбуку радзімы мілай, і кахання, і віна.
І закусвайце: ўсё роўна поўная грахоў карма.
Дык давай на ўцеху д'яблам мы пакінем гэты дом
Тлустыя, як карт калода ці апошні мой раман,
Гладкія, як друг мой, Мальдзіс, і лянотныя, як сом.
Закусі, каб нас мядзведзем Хмель Хмялевіч не задраў:
Вось кіпіць у масле рыба, вось кіёўкі, як ламы,
Качкі смажаныя мараць пра зялёны рай Дняпра,
Як калісьці будзем марыць аб Дняпры у пекле мы.
Мы не крыўдзілі суседзяў, але крыўдзілі багоў,
І з катлоў смалы ніякі нас не выведзе Арфей.
Пекла будзе.
І калісьці вып'ем мы і за яго...
А цяпер, на тост наступны,
выйдзі, брат, пад дождж, Сяргей.
За жанчын, што нас кахалі ў светлы дзень і ў ночы час,
Што сваёй пяшчотай рэдка нас міналі на зямлі, -
На каленях, хлопцы, вып'ем: і за тых, што грэлі нас,
І за тых, што нас калісьці, небаракі, абышлі.
Ім жа горш, што абмінулі, не прыйшлі ў наш цёплы кут,
Што навекі застануцца без сапраўднага святла...
А пакуты?.. Што пакуты?.. Без настройкі трох пакут
Песень сапраўды вялікіх наша ліра не дала б.
...Дождж лапоча па драніне, і праз завесі вады
У адрыну павявае ветрам волкім і прамым,
І ўстаюць у мокрых далях з хмар і зліваў гарады,
У якія не траплялі і павек не трапім мы.
І няхай пад бізунамі ледзь стаіць у люстрах сад,
І скрабецца у адрыну агрэст, змрочны, нібы гном, -
Мы жывём і п'ём за сонца, мы, сцюдзёная раса,
Што прарочыць дзень пагодны і знікае з гэтым днём. 

Гулянка ў дэкарацыях

Малая паэма 

Гародня над морам. Няўжо над морам?
Нешта, здаецца, вучыў, што над Нёманам...
Мабыць, з-забыў... Хвала рэжысёру,
Што прыцягнуў пад Гародню горы!
Волат!
Мог бы спрачацца з Сам-со-манам.
Што-то як двойка па геаграфіі...
Вось жа яно...
У стагоддзі шаснаццатым...
Латнікі п'яныя, войты, графы...
Тр-р-р... А нашто тут студыйны рафік?..
Часу машына?
А што разбірацца там?!.
Плюнь! Віно галоўнае,
Шашлыкі,
Сіні дым...
П'ём сваё, кроўнае,
На працы гарым.
Бач, апостал Павал цягне віно...
Кін-но!!!
Месяц ішачылі
Дзень у дзень...
Што вам тут, Ушачы?
Орша? Бытэнь?
Маеш рач-чыю
Д-дзень у дзень...
Мелі рацыю,
Што ў дэкарацыях,
Без людзей.
Што вам тут, Мёры, -
Пі ды глядзі.
Слава касцюмёрам,
Грымёрам, акторам,
А найбольшая таму, хто даў у крэдыт?
Полымя адбіткі на даўніх мурах,
Вілы, косы, світкі - проста жах!
На шампурах круцяцца, пахнуць шашлыкі,
Сінія агеньчыкі, іскаркі.
Досыць над такімі палілі нас.
Мы іх пусцім дымам...
Наш час!
Вогнішча іскрыцца. Дым. Дым.
Мы ім - інквізіцыю! Мы - ім...
Лі на абрусы,
Паны-беларусы!
Ў гэты апошні і слаўны час
Крымскія лаўры глядзяць на нас...
Мы беларусы даўніх часоў.
Ой, уп'юся!
Дык кінь ты ўсё!
Налівайце шклянкі -
П'янка дык п'янка.
Налівайце іх на святасць
Віном.
Акаянным, але не праклятым
Віном.
А яно нам паможа ўзвесці наш дом,
Радасць, ісціну й людскасць у рукі ўзяць.
Слаўся ў вышніх лаза!
Слаўся лаза.
Слаўся тая, што дорыць кахання сілу,
Слаўся тая, што гора паможа заліць,
Тая, гроны якой нас сёння паілі,
Тая, гроны якой яшчэ спяць у зямлі,
Што малодшым, іншым падораць радасць,
Іх шпурнуўшы ў кахання гарачы вір.
Эх, лаза ты мая, без лістоў,
непрыглядная!...
І сядзіць у вянку з лазы вінаграднай,
І смяецца праз слёзы
Аўтар - п'яны сатыр.
О якая туга!
 Па-над белымі вежамі сцелецца
Ў чорным небе Батыева Шляха алмазны аркан.
Калі даць камянём па аплеценай віннай бутэльцы, -
Атрымаецца ледзь не версальскі фантан:
 Сто каскадаў у шчыліны. Глеба з гора
 Смокча, сёрбае, цягне нагбом віно...
 Ой, кіно!!!
 О, як скачуць, якая фантасмагорыя,
Мора, скалы, касцёл беларускі, ноч!
Ноч святое Вальпургі: рук спляценне,
Вежы, мур і горад з сярэдніх вякоў,
На франтонах і статуях ломяцца цені
Пад рытмічны пошчак конскіх падкоў.
Конскіх?
 Чорта!
 Проста ў д'ябла капыта
 Рэквізітарам п'яным рупна падбітае,
Бо ў імгненне стопча сярод камянёў...
Ой, кіно!!!
Як на Лысай гары, як на Брокена скалах
Карагодам, віхураю ўецца навала.
Скачуць д'яблы з вядзьмаркамі, скачуць агні,
Ўсё здаецца вось-вось узаўецца ў зеніт
На мяцёлках і свіннях, з бляяннем і віскам,
На казлах і качэргах, як смерч, як вятрыска...
Звон падковаў і з белай званіцы звон,
А магчыма, ў мазгах утрапёных звон...
Звон.
Звон.
І віно, і ўзлёт, і водбліск пажараў,
І бляднеюць зоры ад нашай мары
Ў прадчуванні новага светлага дня.
Пеўня крык.
 Цішыня.
Разлілося святло.
 Цішыня.
Цішыня. Над туманным масляным морам
Узвышаюцца вежы снежным узорам.
Мёртвым сном войска мёртвае спіць
 на зямлі...
Мо манголы прайшлі?
Мо гуны прайшлі? 

Паэма пра явар i калiну


Трубяць трубы ў Гародні,
Прагнуць мячы крыві...
Збірае войска магутнае
Князь Гародні - Давід:
 - Абрыдлі зямлі нашай крыкі,
Крыжакаў расціснем у блін!
Хадзем, зямля Беларуская,
Хадзем вайною вялікай!
Хадзем,
Народ
беларускі,
На Мар'енбург і Берлін!!!
Досыць ім нашага раю!
Не дазволім нас болей крануць!!!
Конь басуе, іграе,
Зямлю капытамі крае,
Зоры вачыма лічыць,
Вушамі - чуе вайну.
Збіраюцца тысячы вояў.
І Яну трэба ісці...
Латы светлыя, добрая зброя -
Што яшчэ патрэбна ў жыцці?!
А нічога! Хіба што праклёны,
Ды яшчэ каб даўжэй пражыць.
Бязлітаснай чорнай варонай
На ганку маці стаіць:
 - Ян!
Запомні!
Немцы
І прусы...
(А як прыйдуць, то зноў заб'юць)...
У няроўным баі яны мову душылі,
У няроўным баі твайго бацьку забілі
І зямлю спалілі тваю.
І прусы -
Няхай пад прымусам
(Кляты, рабскі народ!)
Зрабілі табе,
беларусу,
Найгоршую з горшых шкод.
Яны спалілі Айчыну.
І ты з імі тое ж зрабі.
Дзіця...
Старога...
Жанчыну...
Дань не бяры...
Забі!!!
О вялікая, лютая сеча!
(Што каму да жаночых слёз?)
Над поплавам мокрым пад вечар
Пыл стаяў да нябёс.
Мужчыны забітыя...
Прусак
і нямкінь
у распетлях вялі...
Край загінуў.
І зaмкі іхнія,
І палацы дымам пайшлі.
Замкі - хай...
А нашто ж адрыны?..
Трубы вояў плачуць наўзрыд.
Паміж яварам і калінай
Сядзіць Вялікі Давід.
Вакол - вялізная світа
І ні лапічка свежай травы.
І латы яго пабітыя,
І на твары - дым баявы:
 - Яне! Прасі чаго можаш!
Ты ў ворага славу адняў,
Ты прабіўся праз строй варожы,
Ты - магістра зваліў з каня.
Ты -
Зламіў таму быдлу шыю,
То прасі хоць свет у мяне.
 - Княжа... Мне паланянку...
Марыю...
Яна... пакахала мяне.
 - Хочаш - золата колькі важыш?
Ці бурштынаў,
каб аж скамянець?
 - Княжа... Мне паланянку...
Марыю...
Яна... пакахала мяне.
 - Хлопча!!! Аб'еўся блёкату!?!
Немец з прусам кроў нашу п'е...
Яна пруска! Балтка! Рабыня!
 - Княжа, я кахаю яе.
 - Д-добра, бяры яе ў жонкі, -
Ўсё ж паправа для нашых ніў.
І адсек ён галіну явару,
І каліны цвет абламіў.
 - Бяры, калі так кахаеш...
Чагосьці я добры цяпер?
Толькі ведай: такое - навекі.
Кінеш - то лепей бы ўмер.
Кахай да апошняга ўздыху,
Кахай да ліхога канца.
Толькі вось што...
Хочаш не хочаш
А матцы дашлі ганца.
Бо яшчэ прыпасе табе вілы,
Бо яшчэ глядзіш - і канец!..
На апошніх канёвых жылах
У двор уварваўся ганец.
 - Пруска?!? Яны пад прымусам
(Кляты, рабскі народ!)
Зрабілі нам, беларусам,
Найгоршыя з горшых шкод.
І няхай яны знікнуць знічкаю...
І няхай...
І тады яна
Атруту, чорны дурнічнік
Распусціла ў чашы віна.
Ян вёз,
Асцярожна трымаючы
Пад грудзі магутнай рукой.
Конь ступаў, нібы нёс паміраючым
Чашу з крынічнай вадой.
Прыскакалі.
Вояў калона
Па шляху паўзе, як ніць...
На гульбішчы чорнай варонай
Няўмольная маці стаіць.
А яны - як светлая мара,
А яны - як вясны яснацвет.
На кальчузе - галінка явару,
На шнуроўцы - калінавы цвет.
 - Маці, я дужа кахаю.
Гэта вечная радасць мая.
Палюбі, як неба кахаеш,
Палюбі, як кахаю я.
У нянавісці неба згарае,
Пасвіць воўк чараду авец.
Конь басуе... іграе...
Зямлю капытамі крае,
Зоры вачыма лічыць,
Чуе вушамі -
канец.
 - Піце на хмель і на руту,
Піце, дзеці мае.
(Падае Марыі атруту,
Яну - віно падае.)
 - Тут твой дом, бузіна ля парога,
Тут прабабкі часалі руно...
Проста каню пад ногі
Сын вылівае віно.
 - Марыя! Віно, і світанне,
І апошні смяротны ўздых,
І шчасце адно, і каханне.
Пі палову майго кахання.
Астатняе я...
Каханне.
І сонца адно нам, Каханне,
І Зямля адна на дваіх.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
І... зямля... адна на дваіх.
Не паспелі схапіцца другі,
Маці вей не паспела ўзняць:
Ледзь паспелі схапіць яго слугі,
Калі ён
валіўся з каня.
Скамянела маці:
 - Што ж, людзі.
Гэта лёс.
Падрыхтуйце ім дом
Ля царквы.
Дзеля Яна -
пад правым.
Дзеля дзеўкі -
пад левым крылом.
Вінен сам.
Забыўся, ануча,
Пад чыёй рукою ляглі
Бацька,
друзі,
браты,
таварышы
На праклятай,
На спаленай гэтай зямлі.
І хай вам не будзе агульным
Ані жыта, ні сінь ільноў,
І ложак не будзе агульным,
І зямля вам не будзе адной.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На магіле Марыі каліна
Ў кроплях вясёлкавых слёз,
А на магіле сына
Явар магутны ўзрос.
Дні ішлі... А дрэвы віліся
Паміж тысячаў дрэў жывых,
І галінамі моцна спляліся
Над страхой заімшэлай царквы.
Данеслі.
І маці з'явілася,
І вочы ёй плач спапяліў:
 - Пэўна, дзесь мае дзеці
Ў вялікім каханні жылі.
Жылі, жылі, весяліліся,
Шумелі вясной маладой...
Цераз царкву сашчапіліся
Божа!!!
Божа ты мой!!!
Што казаць аб магіле трэцяй?!
Мала тых магіл на зямлі?!
Але разам - праз храмы,
Войны,
Дзяржавы,
Наветы,
Праз нянавісць -
Галіны яны сплялі.
І канец паэмы журботнай,
Так журботнай, што плача сусвет,
Пра магутны і горды явар.
Пра каліны ласкавы цвет.

Примечания

1

Пірам і Цізба юнакамі (прыўкраснымі былі) - Авідый.

(обратно)

Оглавление

  • Уладзімір Караткевіч Быў. Ёсць. Буду
  •   "Быў. Ёсць. Буду..."
  •   Мой век
  •   "На Беларусі бог жыве" 
  •   Разведчык 
  •   "Радок бяззбройны і бясспрэчны..." 
  •   Кнiгi 
  •   "Абяцаюць нам новы раскошны дом..." 
  •   Паэт 
  •   Мова
  •   Афiцэру Лiсаневiчу 
  •   Усход 
  •   Надпiс на каменi над крынiцай 
  •   Шляхi Iгната Буйнiцкага
  •   Амаль хрысціянскі тост за ворагаў 
  •   Балада пра архангелаў 
  •   Прысенне зiмы 
  •   Юнацтва маё
  •   "Страціў лес свой зімні чуб..."
  •   Балада пра развiтанне 
  •   "Нават сцюжым зiмовым вечарам..."
  •   "Блякла-сiняе неба i чырвань галiн..."
  •   Гляджу на тую, што спiць
  •   Новая Атлантыда
  •   Энкелад
  •   Я іду
  •   "З вытокаў да вусця ракi, што няспынна бяжыць..."
  •   Старажытны беларус
  •   Вулiцы
  •   "Як Стажары ў небе заззялi..."
  •   "О любоў мая, Беларусь!.."
  •   "Можна ўсё: пусціць каханне дымам..."
  •   Было юнацтва
  •   Начная песня
  •   Рэчка Папараць
  •   Тагасветнае
  •   Сведка
  •   Дуб
  •   "Вецер ужо i лiстотай не кружыць..."
  •   "Вёслы мае разрываюць ноч..."
  •   "І тады закахалася хмара..."
  •   Наследаванне Байрану
  •   "Закувала зязюля ў лесе празрыста-зялёным..."
  •   "Ў бездарожжа для тых, каму шчасцiць..."
  •   "Над полем месяц двухрогі..."
  •   "Данеслi добрыя людзi..."
  •   Стары певень
  •   Ворыва на валах
  •   Домiк Багдановiча
  •   Бекеш, або Ода Ерасі
  •   Павешаным 1863 года
  •   Смяротная страта
  •   Цар-гармата
  •   Раманс пра караля, што пакінуў трон
  •   Глухi генiй
  •   "Не злабiся на ерэтыкаў..."
  •   "Што такое ёсць справядлiвасць..."
  •   Беларускае мiнулае
  •   "З амбона хтось крычаў пра шлях да раю..."
  •   Былому другу
  •   Склероз
  •   Арарацкая далiна
  •   Армянскія ананімныя прытчы
  •   Пяць струкоў перцу
  •   "Старайся..."
  •   Хан i табiб
  •   Прарок
  •   Дэман
  •   Вiно дажджоў
  •   Гулянка ў дэкарацыях
  •   Паэма пра явар i калiну
  • *** Примечания ***