КулЛиб - Классная библиотека! Скачать книги бесплатно 

Аўтобус [Валерый Гапееў] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Валерый Гапееў

Аўтобус


Жанчыну бабулькай нельга было назваць, хоць відаць было, што ёй за 70 - высахлы маршчыністы твар, сівыя, аж белыя валасы. Але апранута яна была зграбна і годна. Так выглядаюць вясковыя настаўніцы-пенсіянеркі: з інтэлігентнасцю ў паставе, якая не знікла нават за гады іх няпростага вясковага жыцця, калі трэба было спалучаць у адным вечары і правяранне вучнёўскіх сшыткаў, і даенне каровы, і гатаванне вячэры для мужа-трактарыста. Так думаў Антось пра гэтую сухенькую жанчыну, падыходзячы да аўтобуса. Можа таму, што яна нагадвала яго першую настаўніцу - тая была такой жа невялікай, худой, сама выганяла на выган сваю карову, і Антосю, калі прыпадала іх чарга пасвіць, было нечага сорамна бачыць сваю настаўніцу басаногай, у выцвілай сукенцы, з пруцікам у руках. Карова была шкадлівая, ішла ляніва, настаўніца раз-пораз махала пруцікам. Антось ведаў (а хто ў вёсцы не ведаў), што муж яе добра выпівае, а калі напіваецца моцна, ганяе сваю жонку, а то і б'е...

Жанчына ля аўтобуса прытрымлівала адной рукой інвалідную каляску, у якой сядзеў хлопчык гадоў 10. "Зараз папросіць дапамагчы з каляскай", - падумаў Антось, і вырашыў, што чакаць гэтай просьбы не будзе - сам прапануе.

- Дзень добры, дапамагчы? - прыпыніўся ён ля жанчыны.

- І вам добры, - вінавацячыся, заспяшалася жанчына. - Калі вас не затурбуе, дапамажыце. Сяргейка не цяжкі, у нас 12 і 13 месцы... Давайце, я сумку Вашу патрымаю.

- Ну, хадзі да мяне, Сяргей, - Антось перадаў сваю невялікую сумку, дзе ляжалі дыскі з рукапісамі ды бутэлька мінералкі, жанчыне, працягнуў рукі.

Хлопчык, усміхаючыся адкрыта, падаўся з каляскі насустрач.

Ён і на самой справе быў зусім не цяжкі - худы, з тонкімі, амаль без мышцаў рукамі. Антось лёгка ўзяў яго на рукі. Салон быў амаль пусты: хлопец і дзяўчына гадоў па 18 сядзелі разам у самым канцы салона, мажная кабета са сваім спадарожнікам, мужчынам гадоў 45 - у самым пачатку. Тоўстая, няўклюдная, яна займала амаль ўсю прастору між двума крэсламі, і мужчына, які сядзеў з ёй побач, быў літаральна прыціснуты яе целам да акна.

Антось пасадзіў хлопчыка ў крэсла.

- Тут будзеш ці ля акна?

- Ля акна... я сам, - адказаў весела хлопчык і, не чакаючы нейкіх дзеянняў з боку Антося, сам пасунуў сваю цела на другое крэсла, потым падхапіў, перакінуў далей свае, быццам чужыя, ногі. Яшчэ рывок, яшчэ - і Антось, не паспеўшы дапамагчы, пабачыў, што хлопчык ужо добра ўладкаваўся, павярнуўся да Антося, усміхнуўся пераможна. - Вось, дзякуй!

- Ну, не сумуй, хутка паедзем.

Антось выйшаў з салона, узяў у жанчыну сваю сумку. Запаліў.

- То ўнучак мой, - нібыта апраўдваючыся за нейкі страшны грэх, ціха сказала жанчына. - Дачушкін. Радавая траўма. Хто там вінаваты і ў чым - Бог ім суддзя. Разумны расце, гэтак добра маляваць навучыўся... То во цяпер ў Мінску выстаўка яго карцін, у Духоўным цэнтры...

Антось прамаўчаў у адказ - а што тут было казаць. Жанчына таксама замаўчала.

Яшчэ некалькі пасажыраў зашлі ў аўтобус. Прыйшоў і вадзіцель.

Жанчына са складзенай інваліднай каляскай памкнулася яму насустрач, а ён ужо сам усё зразумеў, кіўнуў:

- Зараз, зараз...

Заскочыў у кабіну, пакінуў там скрутачак папер, адчыніў багажнік і ўладкаваў у яго складзеную каляску.

- Усё, паехалі, - сказаў ён, звяраючыся да Антося, які запаліў ужо другую цыгарэту і да маладога мужчыны гадоў 25 з вялікімі залысінамі, які ўбаку размаўляў па мабільніку.

У гэты час да аўтобуса імкліва падкаціла аўто, адчыніліся дзверцы і невысокі мужчына, з вялікім жыватом, апрануты ў строгі дзелавы касцюм, з гальштукам, вылез з пярэдняга пасажырскага сядзення.

- Пачакайце! - больш загадаў, чым папрасіў ён вадзіцеля і такім жа загадным голасам загаварыў унутр салона автамабіля: - Забярэш мяне ў 8 вечара, каб не спазняўся.

- Ну што Вы, Ігнат Вадзімавіч, я толькі цёшчу адвязу - і адразу ў Мінск.

- Глядзі мне...

Вадзіцель аўтобуса вачыма пералічыў пасажыраў, зірнуў у свае паперкі - усё супадала, ён спакойна усеўся ў сваё крэсла, і аўтобус крануўся з месца.

Антось вольна адкінуў крэсла назад - ззаду не было пасажыра, толькі жанчына сядзела на суседнім крэсле.

- Вам не будзе перашкаджаць? - папытаўся ў яе Антось.

- Што? - хутка перапытала жанчына, занятая сваімі думкамі так глыбока, што не толькі па вачах - па твары было відаць, што яна нечым вельмі заклапочаная: падціснутыя вусны, складкі на ілбе. - А, не, я тут буду сядзець, - адказала нечакана нервова, быццам Антось спрабаваў заляцацца да яе. Мажліва, жанчына і была прыгожай раней, але не цяпер - твар яе перакрывіла незразумелая туга, вочы хваравіта паблісквалі. Непрыгожы твар, высахлы. І нечым нават варожы.

Антось уладкаваўся як мага лепей, заплюшчыў вочы. О, як ён чакаў гэтага моманту пасля цалкам бяссоннай ночы! Увесь час ад таго моманту, калі ён паставіў апошнюю кропку ў рукапісе, здавалася, што вось толькі заплюшчыць вочы - і засне, праваліцца ў цёмную, такую жаданую яміну забыцця. Але не атрымалася - перад вачыма ўзнікла клавіятура камп'ютара.

Аўтобус пакалыхваўся, прыпыняўся на святлафорах, торгаўся. Сон не ішоў да Антося - аж млосна рабілася ад скакаўшых у вачах літараў.

"Перапрацаваўся", - задаволена усміхнуўся Антось, падняў спінку, стаў глядзець у акно. Аўтобус выехаў з гарадка і паімчаў па трасе.

Шэсць гадзін, усяго шэсць гадзін - і справа будзе зроблена. Ды не адна, а дзве справы! Дзве - вялікіх і неабходных... Вось яны, тут - у сумцы на дзвюх дысках: яго аповесць "Руйнаванне непабудаваных храмаў" і дэтэктыў "Последняя ставка Серого". Дэтэктыў - гэта праца раба. А аповесць - гэта яго творчасць, яго галоўны твор на сённяшні дзень. Антось задумваў, выношваў сваю аповесць некалькі гадоў. Яна нараджалася пакутліва, у сумненнях і адчаі. І запісваў яе Антось толькі тады, калі быў настрой, калі быццам з боку нешта штурхала яго і падказвала: сядай, пішы. Былі сумненні - ці здолее, быў адчай - а хіба яна трэба некаму, акрамя яго самога ды рэдакцыі? Што ён адзін са сваёй, няхай самай высокамастацкай аповесцю, можа зрабіць, што можа парушыць, каго прымусіць задумацца? Тым, хто чытае па-беларуску, яго думкі наўрад ці скажуць нешта новае. А для тых, хто не чытае - аповесць застанецца незаўважанай... Але нельга не пісаць, калі ёсць такая здольнасць. Гэта Антось разумеў, як правіла, як закон. Нельга змяніць свет, разбураючы. Трэба толькі ствараць. Гэта таксама закон. Вышэйшы закон...

І аповесць атрымалася. І сам ён адчуваў, калі перачытваў старонкі, і ў рэдакцыі часопіса, куды аддаваў раней кавалак для азнаямлення, сказалі адразу: "Закончыш - вязі".

Толькі рэдактар ведаў пра аповесць. Алена ведала пра другое - пра дэтэктыў, які яе муж піша за грошы нейкаму невядомаму выдаўцу. Гэты дэтэктыў выйдзе зусім пад другім імем. Стане бестселерам - грошы спаўна атрымае нехта невядомы. Антось жа атрымае тое, на што разлічваў, на што згаджаўся ад самага пачатку: паўтара долара за старонку тэксту. Ён напісаў 300 старонак - атрымае 450 долараў. Антось ведаў, што гэта - мізэрная сума, ведаў, што ў Сеціве за звычайныя артыкулы для сайтаў можна зарабляць і 5 і 8 долараў за старонку. Але ж шанцавала некаму, а яму прапанавалі такую работу. І ён згадзіўся адразу, схапіўся за яе, бо гэта былі рэальныя грошы. Іх так не хапае... Колькі могуць зарабіць разам настаўнік літаратуры ды настаўніца пачатковых класаў у райцэнтраўскай школе, не маючы і пяці гадоў стажу?..

Плылі пералескі, палі, пагойдваўся аўтобус, рухаючыся роўна, без прыпынкаў. І мяккая млявасць авалодвала целам і розумам з так прыемна было ў яе паглыбляцца, аддавацца яе волі.

- Добры дзень! Аляксандр? Гэта Валянціна. Так, я буду праз пяць гадзін. Вядома, флэшку з ключамі я вязу з сабой. А, скажыце, курс застаўся ранейшым, так? Добра... Так-так, мне менавіта наяўныя долары трэба. Як мы і дамаўляліся. Я разумею, што 20 тысяч для вас - сума не маленькая... Вы ж ведаеце, колькі мне яшчэ трэба. Выдатна, як толькі буду ў Мінску, я Вам яшчэ раз пазваню...

Голас жанчыну ззаду быў узбуджаны, рэзкі, непрыемны. "Чорт, з-за гэтых камерсантаў не паспіш", - незадаволена падумаў Антось. От жа: ён зарабляў тыя 450 долараў два месяцы, пішучы начамі, недасыпаючы так, што кругі пад вачыма не сходзілі тыднямі, а гэтай і 20 тысяч долараў - дробязь... Млявасць знікла, як яе і не было. "Не, дарэмна я яшчэ той кубак кавы піў...", - без асаблівага шкадавання падумаў Антось. "Але ж глядзі ты, як маскіруюцца: такімі грашамі варочаць - і на аўтобусе ездзіць, ды і апранута як сціпла... Ат, ну іх к чорту..."

Першы прыпынак - ён памкнуўся да выхаду, калі аўтобус яшчэ не спыніўся, выйшаў, з задавальненнем запаліў. Яшчэ некалькі пасажыраў выйшлі.

- Пяць хвілін, не разбягайцеся, - папярэдзіў усіх вадзіцель, пайшоў да будынка аўтакасы - невялікай бетоннай каробкі шэра-жоўтага колеру.

Той самы дзелавы пузаты мужчына адышоўся ўбок, пачаў тэлефанаваць некаму, голасна пакрыкваючы. І толькі апошні тэлефонны званок, які ён зрабіў, быццам змяніў яго самога - нібыта той нумар, які ён набіраў, быў асаблівым кодам па пераўтварэнні людзей. Мужчына загаварыў не проста ветліва - лісліва, ціха:

- Мікалай Сцяпанавіч? Вітаю вас. Так-так, як дамовіліся... Не, ну што вы, якое аўто - еду на аўтобусе, я ж разумею...

Мужчына пайшоў далей ад аўтобуса, Антось сплюнуў - от жа, і тут нейкія камерцыйныя сакрэты. Вось жа лёс - жывеш сярод грошай і без грошай. І вось няўжо гэтаму пузатаму трэба будзе яго аповесць аб духоўным адраджэнні беларусаў? Ці той жанчыне, для якой 20 тысяч - не грошы?

...За акном стала нечакана цямнець - на неба напаўзала хмара, і аўтобус ехаў у гэтую хмару - Антось зірнуў наперад са свайго месца - было вельмі відовішчна: дарога ўзнімалася ў гару, а там сустракалася з цёмна-фіялетавым, насычаным небам.

Яшчэ не дасягнулі вяршыні той гары, а дождж не лінуў, а суцэльнай хваляй накрыў аўтобус. У салоне стала вусцішна. Вадзіцель збавіў хуткасць, а пасажыры уціскаліся ў крэслы пры кожнай бліскавіцы і ўдары грому. Толькі пад'ехалі пад высакавольтную лінію, што навісала над шашой, як стрэльнула так аглушальна, што вадзіцель спуджана націснуў на тармазы, а аўтобус завіхляў. Але вадзіцель хутка выраўняў аўтобус.

І адразу пасля гэтага аглушальнага стрэлу наступіла цішыня - дождж скончыўся. Неба, лічы, імгненна праяснілася. Хмара знікла недзе ззаду, быццам мела рэзка акрэслены край.

- Заікам стаць можна, - прагучаў голас маладой дзяўчыны. - Ды не трымай мяне так, сінякі застануцца, - вызвалілася яна з абдымкаў хлопца.

Павесялелі астатнія пасажыры. Хлопчык-інвалід стаў зноў глядзець у акно. Мажная кабета выцягнула з-пад ног сумку і пачала разварочваць розныя кулькі, соўваючы ў рукі свайго суседа хлеб, гурок, памідор і палову курынага азадка. Такі ж набор аказаўся і ў яе руках.

- Еж, не крывіся! ¬ - загадала яна мужчыне, як дзіцяці, а на твары таго не адбілася ніводнага пачуцця - толькі скаронасць у выцвілых вачах і гатоўнасць з усім згадзіцца ва ўсёй паставе. Ён і не крывіўся ад пачатку, але, магчыма, такі выраз твару і падказваў жанчыне, што яе муж (ну, відавочна ж - муж) не хацеў есці.

Пакутліва крывіўся твар толькі аднаго хлопца, што сядзеў амаль насупраць Антося, праз праход. Удар грому разбудзіў яго, ён з надзеяй было пацягнуўся да бутэлькі з півам, засунутай у сеткавую кішэню сядзення наперадзе, дастаў яе, адчуў пустую лёгкасць і злосна кінуў побач з сабой на сядзенне.

Агледзіўся па баках, сустрэўся позіркам з Антосем.

¬- Калі там спынімся? Гарыць ўсё...

- Хвілін праз 30, - падказаў Антось і дадаў, каб суцешыць хлопца: - Там станцыя вялікая, буфет ёсць.

- У-у-у, - прастагнаў хлопец і закрыў вочы, адкінуў галаву.

Мінула хвілін дваццаць.

- Нешта ніяк да Рудакоў не даедзем, - з лёгкім хваляваннем сама сабе сказала бабуля, што сядзела побач з хлопчыкам-інвалідам.

Той неадрыўна глядзеў у акно і нечакана гучна сказаў:

- Зараз нас абгоніць белы Мерседэс, а насустрач будзе рухацца сіні МАЗ з сіняй фурай!

Многія пасажыры ад нечага рабіць павярнулі галовы спачатку на хлопчыка, потым - да акон.

Міма аўтобуса бязгучна праплыў белы Мерседэс, потым з шумам мільгануў сіні МАЗ з вялікай фурай.

- Э-е-е, - павярнуўся да салона хударлявы і лысы малады чалавек, на каленях якога ляжаў уключаны ноўтбук. - Міма гэтага павароту мы праязджалі! Чорт... Зараз будзе бярозка са зламанай вяршыняй справа!

Бярозка з'явілася як здзек.

- Што такое? - раздаўся упэўнены асуджальны голас, якому хацелася падпарадкавацца і адказаць на пытанне, хоць ты нічога і не абавязаны адказваць. - Што за... выбрыкі ў нас на трасе?

Гэта той самы дзелавы мужчына ажно ўзняўся ў сваім крэсле. Ён звяртаўся да вадзіцеля, але, было бачна, гатовы быў шукаць вінаватага і сярод пасажыраў.

Яму ніхто не паспеў адказаць, бо адразу ж пачуўся перапужаны крык мажнай цёткі, якая нядаўна старанна абгрызала да чыстага курыныя косткі:

- А-а-а!

Адказам на яе крык стала запытальная, з улоўным страхам, цішыня салона. Не разгубіўся толькі упэўнены мужчына:

- Чаго вы крычыце? Што за прычына?

- Курыца...Во... - жанчына падняла высока уверх пакет са смажанай паловай курыцы.

- І што ў ёй страшнага? - грозна ўжо перапытаў мужчына. - Людзей палохаеце...

- Дык мы ж яе з'елі! А яна - во... Як і была...

- Што Вы верзяце? Калі з'елі, дык адкуль ёй быць? Мо вы па пяць курэй бераце з сабой...

- Я адну брала, - замармытала жанчына. - І мы яе з'елі пятнаццаць хвілін таму.

У салоне ужо ніхто не ўсміхаўся.

- Вадзіцель! - пузаты павярнуўся наперад. - Патлумачце, што тут адбываецца - па распарадку мы павінны праз тры хвіліны спыніцца ў Рудаках. Чаго мы ездзім туды-сюды!

- Ды пайшлі вы! - пачаў было вадзіцель, але мужчына рыкнуў:

- Не забывайцеся!

- А я адкуль ведаю? - раздражнёна адказаў вадзіцель. - Вы толькі заўважылі, а я ужо тройчы адзін адрэзак еду. Не зварочваю ж нікуды...

Павісла маўчанне.

- Ёсць! - раздаўся пераможны крык лысаватага з ноутбукам.

- Што ёсць? - імкліва павярнуўся дзелавы мужчына да яго.

- Гадзіннік на ноўтбуку назад пераскочыў. Зноў мы вярнуліся...

- Што пераскочыла і куды мы вярнуліся? - запатрабаваў тлумачэнняў мужчына.

Ноўтбушнік з гатоўнасцю стаў тлумачыць:

- Толькі што час на маніторы пераскочыў на 10 хвілін назад. Я зірнуў - мы едзем там, дзе і раней былі якраз 10 хвілін таму.

- Гэта як? - крыху разгубіўся мужчына.

- Я думаю, апошні ўдар перуна прыйшоўся на лінію перадач, узнікла моцнае электрамагнітнае поле і мы патрапілі ў кальцо прасторы-часу, якое якраз утварылася. І круцімся ў ім...

- Калі б мы у кольцы былі, то б ад пачатку пачалі размаўляць, - устрэў Антось, якому такое тлумачэнне здалося неверагодным. - Лухта нейкая...

- Не абавязкова, - заўпарціўся ноўтбушнік. - Поле дзейнічае на фізічную мёртвую матэрыю. Вось, час пераскочыў, курыца аднавілася... Калі Вы можаце патлумачыць па-іншаму, чаму мы ужо тройчы едзем адным адрэзкам - патлумачце. І зірніце на гадзіннікі...

- І бензін ужо колькі часу на месцы, - падтрымаў вадзіцель. - І спідометр пераскочыў...

- Так, спакойна, трэба разабрацца ва ўсім! -загадаў дзелавы мужчына, хоць ніхто і не збіраўся парушаць напружаную цішыню салона, і загад гэты ён аддаў, відавочна, ад асабістай разгубленасці, каб супакоіцца самому..

- Гэта суд Божы! Час наш прыйшоў! - раздаўся зычны, упэўнены голас аднекуль з сярэдзіны салона, а потым ўзнялася над усімі жанчына ў стракатай хустцы.

- Сядзьце, не палохайце людзей!

Голас належаў жанчыне гадоў 50, апранутай у адмысловы касцюм. Жанчына прыўзнялася з месца, і Антось унутрана абрадаваўся - уся постаць жанчыны, яе твар выпраменьвалі упэўненасць і спакой.

- Ад таго, што мы тут зараз будзем крычаць і палохаць адзін аднаго, лепш нікому не будзе, - строга загаварыла жанчына. - Кажу вам гэта, як урач. Малады чалавек, што Вы казалі пра тое закальцованае поле? - гэта было пытанне да лысаватага мужчыны з ноутбукам.

- Я ўжо казаў... Думаю, прастора-час вакол нас звярнуліся ў кольца. Гэта тлумачыць тое, што і час пераскоквае назад кожныя 10 хвілін, і мы вяртаемся нейкім чынам назад. І мабільнікі не працуюць, мой дакладна...

- І што будзе далей?

¬- Не ведаю... Нешта павінна быць... Некалі скончыцца...

Хваляванне і напружанасць у салоне трохі зменшыліся, быццам ад ведання таго, што здарылася, стала лягчэй. У большай меры падставай для супакаення была невядомасць: нясе пагрозу ім, пасажырам, іх часовае (а ўсе былі упэўнены - менавіта часовае) знаходжанне ў гэтым закальцованым часе ці не. Пакуль ніякай пагрозы не было. А кожная дарога рана ці позна заканчваецца - у гэтым быў упэўнены кожны пасажыр. За адным дзеяннем ці з'явай наступаюць другія, у наступстваў бываюць прычыны, а наступствы становяцца падставай для новых прычын. І ў тым, што ланцужок часова прыпыніўся, ніхто не бачыў асаблівай пагрозы.

Але прайшло паўгадзіны, і нязменлівасць сітуацыі за вокнамі аўтобуса, цыклічнасць карцінак пачала прыгнятаць.

- А мы не спознімся ў Мінск? Мы прыедзем у час? ¬- звярнулася да Антося тая нервовая жанчына ззаду. У яе голасе выразна адчуваўся страх.

"Бач, хвалюецца з-за грошай", - падумаў ён а ў голас адказаў:

- Спадзяюся, прыедзем. Мне таксама сёння спазняцца нельга. І абавязкова трэба прыехаць...

І раптоўна нейкая неверагодная думка закралася ў галаву: а раптам ім вось так ехаць і ехаць, доўга, бясконца - і ніколі не прыехаць? Антось уважліва глядзеў на пасажыраў і бачыў, што такія ж сумненні паступова авалодвалі многімі, бо твары хмурнелі, неспакой выразна праяўляўся на іх.

Трэба было паспрабаваць нешта рабіць... Хоць нешта...

- Усё нічога, аднак варта падумаць і пра нашу фізіялогію, - загаварыў дзелавы мужчына, і адчулася, што гэтага голасу чакаюць усе, што чакаюць проста любога упэўненага голасу, чакаюць добрых змен - салон імгненна ажывіўся.

- Вы пра "дзевачкі налева, хлопчыкі - направа", - асцярожна пажартаваў нехта.

- І пра гэта таксама, - сур'ёзна заўважыў мужчына. - Хто ўмее весці аўтобус? - і не пачуўшы сцвярджальнага адказу, закончыў: - Наш вадзіцель рана ці позна стоміцца.

- І што вы прапаноўваеце? - адгукнуўся з-за перагародкі вадзіцель.

Мужчына падняўся, прайшоў наперад салона, стаў побач з вадзіцелем.

- Я прапаную ўжо цяпер паспрабаваць спыніцца. Адчыніць дзверы, выйсці...

Нягледзячы на тое, што ў прапанове не было нічога незвычайнага, аднак насцярожанасць адбілася на тварах многіх пасажыраў. Бо тут, у салоне, усё было звычайным і простым, нічога знешне не змянілася, а час... ну, час увогуле можа быць незаўважным, калі не глядзець на гадзіннік. За акном жа - тое ж неба, і сонца тое ж... Але ці тое ж усё астатняе? Зямля ці цвёрдая? Паветрам ці можна дыхаць? І хоць сумненні былі проста смешнымі - але яны былі. Чаму б паветру не стаць шкляным і застылым, калі сам час закруціўся ў абаранак?

- Але спыняцца пакрысе! Вельмі павольна, - папярэдзіў-прапанаваў мужчына з ноутбукам. - Мы не ведаем, якая там фізіка поля...

- А што можа быць? - нервова запытаўся нехта.

- Не ведаю, - шчыра прызнаўся малады чалавек. - Мы патрапілі ў кольца часу, рухаючыся, мы застаёмся ў ім і рухаемся... Можа, мы і застаёмся тут толькі таму, што самі рухаемся...

- Ну, дык і выдатна, - усміхнуўся напружана мужчына ў касцюме. - Ёсць шанс спыніцца - і вярнуцца ў свой час, ці не так?

Хлопец палыпаў вачыма, падумаў і адказаў:

- Мабыць, ёсць... Усё, што ведалі пра час раней - толькі тэорыя ды гіпотэзы...

- Ну, тады я буду прытарможваць па трохі, - прыняў рашэнне вадзіцель.

Аўтобус сцішаў ход вельмі павольна, амаль незаўважна. Пасажыры ўпіліся позіркамі за вокны. Усё павольней і павольней рухаліся міма аўтобуса прыдарожныя кусты.

- Свеціцца! Сценка празрыстая! - раздаўся адчайна-здзіўлены крык хлопчыка-інваліда.

У воклічах, якія імгненна запоўнілі салон пасля гэтага крыку, былі сабраныя разам і жах, і здзіўленне, і захапленне.

Было ад чаго: праз сценкі аўтобуса стала відаць шэрая лента бягучай дарогі.

- Газуй! Хуткасць давай! - закрычаў мужчына ў касцюме да вадзіцеля, а той ужо і сам націснуў на газ, і матор узвыў, ірвануў наперад аўтобус.

- Божачка, што ж будзе, Божачка, выратуй, спыні гэта, - мармытала ззаду Антося нервовая жанчына.

І сам Антось адчуў, як страх сціскае яго свядомасць - рабілася млосна ад думкі, што і на самай справе ніколі не спыніцца іх аўтобусу. Ён стаў глядзець у акно, быццам там магла быць падказка.

- Нешта мы хутчэй ехаць сталі, - заўважыў Антось уголас, бо за акном кусты і дрэвы мільгалі надта ж часта. - Напужалі вадзіцеля...

- Тут не напужаешся, - адгукнуўся вадзіцель са свайго месца, - Калі пад сабой дарогу пабачыш... Дарэчы, я дарогу бачыў праз самога сябе... Хто-небудзь яшчэ гэта заўважыў?

- Я таксама празрыстым пачаў быў рабіцца, - падаў голас хлопчык-інвалід. - У мяне нага забалела, гляджу - а праз яе відаць крэсла, а праз крэсла - дарогу...

- Як нага забалела, унучак? - спуджана выгукнула яго бабуля. - У цябе ж паралізаваныя ножкі, не могуць яны балець...

- Балела, - настойліва адказаў хлопчык. - І цяпер баліць...

Яго бабуля моўчкі прыкрыла рот рукой, глядзела на ногі ўнука, не адрываючыся.

- А на самай справе, чаму мы хутчэй едзем? - адарваўся ад акна мужчына ў строгім касцюме. - Такое адчуванне, больш за сто сорак...

- Ды не ж, - нервова адгукнуўся вадзіцель. - Тыя ж 90 на спідометры... Не разумею я...

Загаварыў малады чалавек з ноутбукам, пачаў хрыпата, пракашляўся, пасля стаў казаць, хвалюючыся, быццам сам быў вінаваты ў тым, што адбывалася:

- Час пераходу мяняецца... ну, раней праз кожныя 10 хвілін мы вярталіся ў ранейшую кропку. А вось цяпер... праз 7... І толькі што - ужо праз 6...

- І пры чым тут рух аўтобуса? - зацікавіўся нехта, не разумеючы.

- Ну, мы ж праязджаем пэўную адлегласць ад той кропкі... да мяжы кальца. За пэўны час. Цяпер час скараціўся, а адлегласць тая ж...

- Дык мы хутка пралятаць дарогу будзем, - роблена рагатнуў вадзіцель, тут жа спытаўся сур'ёзна: - Калі час вяртання скарачаецца пастаянна, што будзе, калі дасягне нуля?

- Не ведаю, - паціснуў плячыма малады чалавек. - Для нас час спыніцца. Але мы рухаемся... Значыць, для назіральніка збоку набудзем светлавую хуткасць...

- Нешта ты занадта па-вучонаму... З намі што будзе?

- Дык... Адкуль жа мне ведаць? Тэарэтычна фізічнае цела не можа мець такую хуткасць... Толькі поле...

- Станем полем? Што гэта значыць? Што з намі стане? - нервовая напорыстасць дзелавога мужчыны ў строгім касцюме была нечаканай для маладога чалавека, ён спалохана уціснуўся ў крэсла.

- Не ведаю...

- Мы што, не вернемся? - адчайна выгукнула нервовая жанчына за Антосем, і сам ён адчуў агідны халадок страху, што стаў запаўзаць у жывот.

- Чаму вас толькі вучаць!..

- Не крычыце на яго, - раптам устала з месца жанчына ў касцюме, якая назвалася ўрачом. - Мы ўжо прыехалі...

- Куды прыехалі? Што значыць - ужо прыехалі? - занерваваўся мужчына, які, гэта было відавочна, сам пачаў адчуваць прорву пад сабой і немагчымасць адыйсці ўбок ад гэтай прорвы.

- Вы хіба не зразумелі? - жанчына павярнулася да салона. - Ніхто не зразумеў ці не хоча зразумець?

- А што тут разумець? Час закручаны, поле нейкае... Дзе тут разбярэш, - буркнуў нехта.

- Тое мы павінны зразумець... - Урач вытрымала паўзу, чакаючы большай увагі пасажыраў, хоць большай яна і не магла ўжо быць - усе погляды ад пачатку прагна скіроўваліся на таго, хто пачынаў нешта казаць.

- Што зразумець? - умольна выгукнула нервовая жанчына, таксама ўзнялася са свайго месца. - Мне сёння трэба патрапіць у Мінск. Трэба, разумееце? І я нічога больш не хачу разумець. Што я павінна яшчэ ведаць?

- Тое, што мы - там! - жанчына паказала рукой у зад салона. - Мы там, засталіся на дарозе, - сказала яна спакойна, але няўмольна, так, як можа казаць толькі ўрач. - Не ведаю, згарэў наш аўтобус, ці не. Але той удар маланкі забіў нас усіх. Мы - мёртвыя! Мы ўсе па той бок жыцця. І мы не можам туды вярнуцца, не можам спыніцца. Нас ужо няма.

- Што-што? - патрос галавой дзелавы мужчына.

- Тое! Вось вам і пекла і рай - вось такія яны. Вось такі той свет, пра які мы так імкнуліся даведацца. Мы - у гэтым свеце, у свеце мёртвых. І нам усім так ехаць. Бясконца ехаць. І везці бясконца свае мары, думкі, свой боль, свае расчараванні, свае надзеі. Вы не паспелі нешта ў тым жыцці - шкадуйце цяпер аб гэтым тут. Вы некага пакрыўдзілі там і не папрасілі прабачэння - шкадуйце тут. Бясконца шкадуйце. Мы не пастарэем, не памром ужо, двойчы не паміраюць. Мы тут - вечныя. І вечныя будуць тыя пачуцці, з якімі мы селі ў аўтобус. Некаму вечна любіць, некаму вечна ненавідзець...

- Лухта! - выгукнуў мужчына. - Мы - ёсць, якія ж мы мёртвыя?

- Існуем не мы, а наша свядомасць. Яна памятае вобразы і стварае іх, - спакойна адказала жанчына. - Ужо колькі часу едзем - нехта захацеў піць? Некаму стала мулка? Наша фізічная абалонка - прыдумка мозгу...

- Якая такая прыдумка?!

- Самая простая, - стомлена адмахнулася жанчына. - Памацайце ў сабе пульс, прыкладзіце руку да сэрца... там нічога не б'ецца...

Услед за гэтымі словамі наступіла бадай што самая страшная хвіліна. Кожны мог праверыць на сабе...

- Карацей, скліфасоўскія, там станцыя хутка? - раздражнена спытаў хлопец, у якога закончылася піва. - Мяне смага мучыць, а вы тут пра поле нейкае... Вадзіцель, прыпыніся, блін, мне да ветру трэба...

Нехта нервова хіхікнуў. І гэта было адзіным адказам на голас хлопца.

- Баб, а я на ногі стаць магу!

Гэты радасны вокліч хлопчыка-інваліда нібыта страсянуў салон. На яго азірнуліся - а хлопчык і праўда стаяў між крэслаў, трохі прыгнуўшыся, бабуля побач бязгучна плакала і гладзіла абедзвюма рукамі яго ногі.

І тыя, хто не верыў - паверылі. Зразумелі. Усвядомілі.

- Так нельга... так немагчыма... Не, я не магу памерці! Я не магу! Не магу!!!

Нервовая жанчына з непрыгожым худым тварам біла сваёй сумачкай сябе па каленях і крычала.

- Мы ўсе не можам памерці! - заўважыў Антось. - І я не магу. Не магу, таму што не зрабіў, не дарабіў, не здолеў, не паспеў, - адчай прарваўся ў яго голасе. - І жонка засталася...

Жанчына павярнулася да яго - вочы яе, глыбока запалыя, у цёмным паўкружжы ценяў блішчэлі слязьмі.

- У мяне... У мяне памірае дачушка. Нямецкая клініка згадзілася прааперыраваць. Два месяцы мы збіралі грошы. 25 тысяч долараў ляжыць у маім электронным кашальку. Я еду каб вывесці іх. І не змагла, я не змагла....

- Дык... нехта выведзе, - паспрабаваў супакоіць Антось жанчыну.

- Не зможа! Ніхто не зможа! - жанчына зноў біла сваёй сумачкай сябе па каленях. - Гэта ж мой кашалёк у Сеціве! Ніхто, акрамя мяне, не ведае пароля. Ключы ад кашалькоў вось, у сумачцы, на флэшцы... Божа, што ж ты так караеш маю донечку! Яна ж не вінаватая ні ў чым!..

- А... муж? - асцярожна спытала жанчына-ўрач.

- Збег... Збег наш татачка, як толькі дыягназ выставілі... Я не магу, мужчыны, ну прыдумайце ж што-небудзь! Нельга мне забіраць з сабой гэтыя грошы! Я ж забіваю дачку. Ёй жа толькі 7 гадочкаў, Божа! Ты чуеш, ці не? Што ж мне брахалі папы ў цэрквах? Дзе ты, Бог? Дзе той твой свет, дзе вароты і Пётр?

- Супакойцеся, - мякка, але настойліва сказала жанчына-ўрач.

- Не супакойвайце мяне! - істэрычна закрычала жанчына, ў роспачы падхапілася і апынулася ля мужчыны з ноўтбукам.

- Ну выйдзіце, выйдзіце ў Сеціва, напішам пісьмо, я скажу паролі, перадам ключы!

Мужчына уздрыгнуў, сцяўся, быццам чакаў удару, і адчуваючы нейкую толькі яму зразумелую віну ў тым, што адбывалася, адказаў:

- Я магу выйсці ў Сеціва... Але...там таксама спыніўся час... для нас спыніўся... І... мне нічога не ўдаецца перадаць. Я пішу... а даныя не перадаюцца... Як быццам нас няма...

- Нас і няма. Нас няма для свету жывых, - катэгарычна паўтарыла свой вывад жанчына-ўрач. - А свет мёртвых не можа стасавацца са светам жывых.

- Ы-ы-ы-ы, - раптам завыла тоўстая жанчына, з нянавісцю павярнулася да свайго худога пасажыра, якога карміла нядаўна курыцай. - Праз цябе! Няўклюда! Бздыр! Ты нават машыну не здолеў купіць! Не змог навучыцца вадзіць! Праз цябе! Ўсё жыццё загубіла, што я бачыла? Тхор смярдзючы! 25 гадоў табе аддала, а што бачыла? У-у-у, смактун-крывасос!

- Праз мяне? - нечакана весела адрэагаваў мужчына. - Ты калі-небудзь лічыла мяне за чалавека, не кажучы ўжо пра мужчыну? Ты са сваёй мамай зрабіла з мяне свайго слугу - і ты хацела ад мяне нечага, вартага чалавека?

- От і пражыў пад спадніцай маёй! Хоць гэта мяне супакойвае!

- Ты ніколі не вызначалася сваім розумам, - з усмешкай працягваў мужчына. - Думаеш, калі ты не бачыш ува мне чалавека, то і ніхто не бачыў?

- Што-о-о? - разгублена акругліла вочы таўстуха.

- Тое. Усе гэтыя 25 гадоў у мяне была жанчына. Не проста жанчына - сям'я! Яна нарадзіла мне сына, і той ужо вырас. І прозвішча ён маё узяў. І мы былі шчаслівыя.

Таўстуха хапала ротам паветра, імкнулася нешта сказаць. Але мужчына не стаў чакаць, пакуль яна здолее выціснуць з сябе слова, устаў і загадаў ёй:

- Выпусці! Хоць памерлі мы разам, ды пасля смерці я з табой не буду!

І яна падхапілася мітусліва. Ён выйшаў і сеў на свабоднае месца ў заднім радзе.

- Эх, людзі... І мёртвым няма спакою, - ціха прагаварыла ўрач.

- А вы не занадта спакойныя? - з выклікам спытаў Антось.

- Усё нармальна, - ціха адказала жанчына. - Я ўдзячная Богу, што два дні таму мама памерла ў мяне на руках, і яе пахавала. Дачка замужам, сын заканчвае універсітэт. Муж - чалавек самастойны... Шкада, што яны будуць гараваць па мне. А так... я рабіла свае справы так, быццам была гатовая памерці ў любы дзень. За мной не засталося даўгоў, - горка ўсміхнулася жанчына.

- Ага, дзякаваць Богу... - скептычна пакрывіўся Антось. - Цяпер дакладна вядома пра мілыя казкі...

- У цябе не б'ецца сэрца, - павольна прагаварыла дзяўчына, што сядзела побач з хлопцам, паклаўшы яму галаву на грудзі.

Хлопец мякка пагладжваў яе па плячах, глядзеў за акно, дзе мільгацелі шэра-зялёныя плямы.

- Дык і выдатна, яно не забаліць, мне не стане блага, я не памру ад сардэчнага прыступу, - усміхнуўся хлопец. - У цябе ж вось таксама не б'ецца - а ты ж мяне кахаеш так, як і кахала, праўда?

- Праўда, - падняла галаву дзяўчына, усміхнулася. - Мы цяпер можам пачаць цалавацца - і будзем цалавацца вечна...

- Ага, - усміхнуўся і хлопец. - Пачнём?

Антось не вытрымаў - адчай стаў душыць яго. Гэта немагчыма! Яму трэба выжыць, яму трэба вярнуцца туды, хоць на хвілінку, хоць на імгненне! Ён павінен сказаць Алене, што ў яго кампутары у асобнай папцы пад назвай "Рознае" ляжыць яго аповесць - аповесць яго жыцця. Ён павінен перадаць дэтэктыў заказчыку, атрымаць грошы і аддаць іх жонцы. Яна ж у доўг ужо набрала у гандляроў, што разносяць розныя шмоткі прама па рабочых месцах, ён павінен папрасіць прабачэння за тое, што не здолеў зрабіць яе шчаслівай...

Антось устаў і накіраваўся да мужчыны з ноўтбукам. У яго не было ніякай асаблівай надзеі, не было нават думкі нейкай, але здавалася: падыдзе ён бліжэй да тэхнікі - і нешта народзіцца, нейкі выхад адшукаецца. Нечакана давялося зрабіць многа крокаў, а потым, прысеўшы побач з мужчынам, Антось пабачыў, што яго крэсла можа на цэлы метр аддалена ад крэсла хлопца.

- Не разумею... - пачаў Антось, паказваючы вачыма на крэсла. - Што адбылося?

- Нічога такога, я думаю, - ахвотна адказаў лысаваты. - Мы ўжо набылі дастаткова вялікую хуткасць адносна нерухомага назіральніка. Так што мы набываем для яго форму кропкі. А для нас унутры гэтая кропка азначае бясконцасць.

- А прасцей?

- Прасцей? Наш аўтобус з кожнай хвілінай будзе рабіцца усё большым і большым. І стане ўрэшце адным сусветам. Бясконцым.

Антось пракаўтнуў.

- Слухай... Можа, ёсць магчымасць нешта зрабіць? У мяне... рукапіс... Не магу я яго з сабой тут пакінуць. Ён там трэба...

- Не магу, - адмоўна пакруціў галавой хлопец. - Я праўду сказаў - адсюль мы нічога не перададзім. Зараз ужо час звярнуўся да 3 хвілін...

За шыбамі акон салона нічога амаль не было відаць - адзіная шэра-зялёная паласа.

Пачуліся крокі ззаду. Антось азірнуўся - да іх ішла жанчына з непрыгожым худым тварам. Яна ішла доўга - салон стаў падобным да паўпустога кіназала з чатырма радамі крэслаў.

- Я не магу тут застацца! - сказала жанчына і Антось зразумеў, што калі жанчыне адказаць нешта банальнае, то пачнецца істэрыка.

- Я таксама не магу, - адказаў ён шчыра.

Жанчына быццам чакала такога адказу менавіта ад Антося, зрабіла некалькі крокаў наперад (хоць раней гэта было адразу, побач), стала ля вадзіцеля.

- Спыніцеся і адчыніце дзверы. Я выйду!

У салоне павісла маўчанне. Жанчына-ўрач прайшла наперад.

- Які сэнс? Вы што, не зразумелі, што прыпынак - гэта наша поўнае знікненне? Вы не бачылі хіба, як мы раствараемся?

- Дык чаго мне баяцца? Чаго? - закрычала жанчына з хударлявым тварам. - Я ж - мёртвая! І вы - мёртвыя! Як можна баяцца яшчэ адной смерці?! Спыніце! Вадзіцель! Спыняйцеся! Мне ўсё роўна. Але калі ёсць магчымасць зрабіць хоць крок некуды - я абавязана яго зрабіць. Я не магу паміраць проста так!

- Ён не будзе спыняцца! - катэгарычна запратэставала ўрач. - У нас усіх - аднолькавы лёс. І прыміце свой так, як і трэба - як свой крыж І нясіце яго. І думайце над тым, дзе і што зрабілі так, каб атрымаўся менавіта такі вынік. Вы намалявалі сябе бязгрэшнай, а хіба гэта так? Хіба не шчыміць сумленне? Хіба не шукалі Вы ў сваім жыцці адказу на пытанне: "Ці ж не я вінаватая ў хваробе дачкі?" Ну, што спалохаліся? Вы тут не перад амбонам - перад сабой. Нічога ўжо нельга змяніць, нічога! Дык самі сабе адкажыце - вінаватыя?

- Вінаватая... Мае грахі - толькі мае. Не Вам мяне судзіць, - раптоўна апала жанчына з хударлявым тварам. - Ведаю. Ведаю, што мяне трэба караць, але навошта такім чынам? Завошта ж дачушцы будзе такая смерць? Ёй, як мне, як нам усім, не ехаць у аўтобусе, ёй цэлую вечнасць, бясконца, пакутаваць ад болю, лежачы пад кропельніцай! Бог наш - міласэрны ці кат бессардэчны? Што вы яго малявалі чалавекалюбцам?.. Пусціце мяне! Вадзіцель! Адчыніце дзверы! Я скочу на хаду, калі вы так баіцеся! Я буду біць вокны! Спыніцеся!

- Разаб'ецеся! - данеслася папераджальнае аднекуль з салона і жанчына засмяялася з папярэджання:

- Мёртвы баіцца разбіцца! Вадзіцель! Спыняйцеся!

- Дурніца, чым ты можаш дапамагчы жывому, калі сама мёртвая! Што гэта дасць?

- Вадзіцель! Не спыняйцеся! Невядома што здарыцца можа, яна з глузду з'ехала, а нам потым разлічвайся з-за яе!

- Вадзіцель! Прытармазіце да таго часу, як і раней, калі пачнецца свяціцца абшыўка аўтобуса! - толькі па яму зразумелай прычыне ўладна загадаў нечакана для самога сябе Антось. - Потым зноў сабе паедзеце. Адчыніце дзверы. Мы скочым удваіх...

Вадзіцель нічога не адказаў, але толькі глянуў аднекуль зверху здалёк - ад свайго крэсла на Антося і жанчыну, пераключыў рычаг. Зялёнае месіва за акном стала разбівацца на асобныя плямы.

Антось уважліва сачыў за падлогай. Калі праз яе стала угадвацца шаша, ён сказаў:

- Адчыняйце дзверы...

- Мяне пачакайце! - пачуўся голас аднекуль ззаду. Антось азірнуўся - з глыбіні салона, ужо так далёка ад іх, з месца ўзняўся хлопчык-інвалід.

- Куды ж ты, унучак? - з болем спытала яго бабуля.

- Баб, тут жа я магу на сваіх нагах! - весела і пераканаўча загаварыў хлопчык. - Дык пусці мяне пабегаць - з я ж ніколі не бегаў...

- Бяжы, унучак любы, - бабуля ўзнялася з крэсла, выпусціла хлопчыка і перахрысціла яго ў спіну. - Бяжы, родненькі, - і ўпала ў крэсла, а слёзы пакаціліся з яе вачэй, хоць старая ўсміхалася.

Хлопчык дабег да Антося і жанчыны, якія стаялі ля ўжо адчыненых дзвярэй. Мабыць, час яшчэ скараціўся, бо нічога не было відаць, адно адчувалася толькі велізарная хуткасць аўтобуса. Адразу за парогам нібыта ўзнікала сцяна - цвёрдая, аб якую абавязкова разаб'ешся.

Жах сціснуў сэрца Антося.

- Спыніцеся, дурні! - аднекуль здалёк закрычаў дзелавы мужчына. - Яшчэ некалькі хвілін пацярпець - і мы дакладна будзем ведаць праўду! Там жа - немінучая пагібель! Вы проста знікніце, як знікаў аўтобус! Час вернецца ў нуль - і мы вернемся назад! Як Вам гэтага не зразумець? Спыніцеся!

Антось завагаўся. Тыя ж ваганні ён пабачыў на твары жанчыны. Але потым яго позірк спыніўся на хлопчыку - і Антось рашуча ўзяў яго за руку, працягнуў другую жанчыне:

- Давайце скочым разам. Мы і на самай справе мёртвыя. Двойчы не паміраюць... Ну, на лік тры: адзін, два тры!..

З паведамленняў у СМІ:

"Пярун патрапіў у аўтобус. Трагедыя адбылася на трасе ў 11:25. Магутны разрад маланкі патрапіў у пасажырскі аўтобус. Відавочцы бачылі, як той літаральна асвяціўся блакітным полымем, потым з'ехаў па поўнай хуткасці з трасы і тройчы перакуліўся. З 18 пасажыраў аўтобуса і яго вадзіцеля у жывых засталося толькі трое пасажыраў: малады мужчына, жанчына і хлопчык-інвалід, якіх невядомым чынам выкінула з аўтобуса - іх целы былі знойдзеныя у некалькіх метрах побач. Цяпер яны ў рэанімацыі. Медыкі кажуць аб іх цяжкім, але ўстойлівым стане. Пра іх далейшы лёс мы праінфармуем сваіх чытачоў. Цяпер відавочна, што вадзіцель парушыў правілы тэхнікі бяспекі, не спыніўшы рух аўтобуса ў час навальніцы".